Читать книгу Як красназорцы зямлі сцураліся - Бабарэка Адам - Страница 1
Адам Бабарэка
ЯК КРАСНАЗОРЦЫ ЗЯМЛІ СЦУРАЛІСЯ
Оглавление– Чакайце бо, вось мне набегла на памяць! Вы ўсё жаліцеся на долю: «Мусіць доля наша такая. І цяпер праўды няма. Казалі: зямлі будзе ўсім удосталь. Казалі: усе будуць роўнымі, а дзе ж яно ўсё гэта? Палёгкі ніякай няма. Ліхая наша доля…» А вы?.. Але, пэўна, вы не ведалі Міхаля Старога з Красназорак, што за балотам, за галамі. Памёр і не дачакаўся таго часу, пра які ён, бывала, любіў часта казаць: «Эх, прыйдзе час, – але я ўжо, мусіць, не прычакаю, – прыйдзе і ўсіх параўнае. Усе будуць роўна гараваць, будуць роўна і панаваць. І мужыкі самі сцураюцца сваёй зямлі, сваёй уласнасці. От успомніце некалі маё слова. Сабакам назавеце, калі будзе няпраўда». Дык але ж, на ліха яму, і праўда. Гэтак сталася ў тых жа Красназорках. Я сам на свае вочы бачыў, на свае вушы чуў. Каб хто казаў – не паверыў бы, а то сам. Дык ось слухайце, раскажу вам, як гэта сталася, дык мо і нам льга будзе што пераняць.
Неяк гэтым летам жонка прыстала: паедзь і паедзь у Прыдолле. «Аднак ухадзіліся з сенам, а там мо паможаш нашым, ды што і дастанеш». Падумаў я, падумаў – і хлеб выходзіць, а дзе яго так скора варвеш, і адзетку няма, – запрог каня і паехаў. А ехаць у Прыдолле трэба праз Красназоркі.
Даўно я ўжо праз іх не ехаў. А была гэта звычайная вёсачка, ну двароў мо з сорак.
Будынкі, быццам апенькі, каля пня-цэркаўкі паскучваліся-паскручваліся. Пасярэдзіне – вуліца. Сям-там, як тыя тычкі ці пужалы на агародах, тарчалі старэнькія бярэзіны ды кляны. Як буслы на адной назе, гуськом, пазіраючы ўніз вочапамі, папрытульваліся «бабы» з «жураўлямі» і нудна скрыгіталі, п'ючы раніцою ваду са студняў. Абгароджвалі вёску вузкія стужкі палеткаў і сенажацяў. З аднаго боку, ушчапіўшы на шыю пацеркі-праслы, пластом разлягаўся выган – міска з паўбіватаю, перамешанаю травою-кашкаю. Штодзень тут таўклося – збіралася – гаўяда. Дык я кажу, звычайныя былі Красназоркі, як і наша вёска.
Я гэта еду сабе, напоркваю свайго цюхцяя гнядога ды паглядаю наабапал дарогі – любуюся на збажынку людскую. А дзень быў лагодны.
От як цяпер памятаю, сонейка сабе песціцца, палыскаецца ў белых, пухленькіх аладках-воблачках. Паветра над палеткамі калышацца, гойдаецца, і здаецца, быццам за вушы падцягвае жытнія калосікі на шнурочках, што звязваюць сіне-смуглыя наміткі лясоў і краскі – рассыпаныя каралі лугоў. Еду і сам сабе думаю: «Добрае жытца, а і ярына паказвае на ўраджай. Добра, у каго многа зямелькі, а вот мне і прырэзку далі, і то не ведаю – ці стане на той год свайго. Жытцо маё нешта хібіла. Але і як яму не хібіць – без гною. А яго ж і не збярэш шмат з гэтага вось цюхцяя ды з аднае кароўкі. Ды які і ёсць, дык хаця б на сваё, а прыдатак… ці будзе шчэ мой…» Так сабе раздумліваю, не ўгледзеў, калі і ў Красназоркі прыехаў, а гэта ж такі ў аб'езд балота, дык мусіць вёрст з пятнаццаць будзе.