Праведная галеча
Реклама. ООО «ЛитРес», ИНН: 7719571260.
Оглавление
Франс Эмиль Силланпяя. Праведная галеча
Раздзел І. Нараджэнне і дзяцінства
Раздзел ІI. На ўтрыманні ў родзічаў
Раздзел ІІІ. У дарослае жыццё
Раздзел IV. Жыцця спякотны поўдзень
Раздзел V. Смерць стараецца як можа
Раздзел VІ. Бунтаўнік
Отрывок из книги
Тойвала Юсі, Юха, Янэ, а паводле царкоўных кніг – Ёхан Абрахам, сын Беньямінаў, быў старым, страхалюдным чалавечкам. У апошнія гады ягоную галаву ўпрыгожвала вялізная лысіна, вакол якой з-пад шапкі кучаравіліся ніколі не стрыжаныя кудлы. На твары, падобным да морды дваровага цюцькі, праз густое шчацінне выдзяляўся толькі востры, нібы птушыная дзюба, нос. Густая поўсць вілася і вакол вачэй, зацененых краямі капелюша, і адтуль свяціліся толькі дзве вострыя кропачкі, у якія прыстойныя людзі не надта імкнуліcя заглядваць. Пэўным людзям не хочацца заглядваць у вочы, але зусім па іншых прычынах, чым у вочы Юсі Тойвалы. У ягоных вачах не было нічога пагрозлівага і змрочнага, наадварот – у яго позірку праглядвалася лёгкая добразычлівая ўсмешка. Аднак было ў ягоных вачах нешта вар’яцкае, а што можа больш гнясці чалавечую душу, чым усмешка вар’ята, бо гэтая ўсмешка спачувальна гаворыць аб усёведанні таго, у чым чалавек нізашто не хоча прызнавацца нават самому сабе. Во тады і чакай, што гэты прыдурак возьме ды прылюдна выкажа што-небудзь такое. Але Юха Тойвала не быў вар’ятам, і, хоць меў чэзлы розум, душа ягоная была ў поўным парадку і раўнавазе. Мясцовыя заможнікі лічылі яго вялікім прайдзісветам і заўзятым баламутам-завадатарам. А калі празналі, што ў час паўстання ён удзельнічаў у жорсткім забойстве, нядоўга думаючы, вынеслі яму заслужаны вырак. І егер, якому даручылі правесці ачышчальную работу, аднойчы вясновай ноччу абарваў ягонае бязладнае жыццё, а разам з ім прыкончыў яшчэ восем такіх жа гаротнікаў.
Смяротныя прысуды агаломшылі ўражаных вяскоўцаў, якім раней нічога падобнага і ў галаву не прыходзіла. Першымі днямі пра іх гаварылі прыцішана і толькі дрыготкімі галасамі. Што ж да Юсі Тойвалы, дык ягоны канец вызначыўся адной маленькаю акалічнасцю, успамінаючы якую, міжволі ўсміхнешся – так гэта было характэрна для Юсі. Паўстанцаў расстрэльвалі на могілках, паставіўшы каля загадзя выкапанай магілы. І сталася так, што Юсі быў апошні. А калі надышла ягоная чарга, дык Юсі не стаў ля магілы, а ўлёгся, выцягнуўшыся ва ўвесь рост, на трупах забітых перад ім – маўляў, ну во, я гатовы. У тым і быў увесь Юсі. Аднак яму загадалі падняцца, паставілі каля ямы і толькі пасля таго расстралялі.
.....
Пасярод вёскі ўзвышаецца зрыты неглыбокімі равамі пагорак. Там пасвяцца свінні з усёй вёскі, таму ён і называецца Свіная горка. Вясковыя дзеці таксама любяць ладзіць там свае гульні. На схіле, у атачэнні яблынь і рабін, стаіць старая хацінка. У хаціне шмат дзяцей, з гэтых братоў і сясцёр са Свіной горкі пазней выраслі славутыя на ўсю акругу задзіракі, валацугі ды бяспутныя дзеўкі. Дзяцей у вёсцы тады было не надта многа: у Хусары і Пелтары, двое ў павітухі Ловелы і Юсі ў Нікілі.
У той час усе дзеці апраналіся аднолькава – што хлопчыкі, што дзяўчынкі. Хлопчыкі да дзесяцігадовага ўзросту насілі прасторныя дзявочыя сукенкі без апаяскі. А тыя, каму не было нават пяці, даношвалі старыя кашулі і бегалі, матляючы доўгімі нястрыжанымі валасамі. Хлопчыкаў пастрыгалі пад гаршчок, таму здалёку здавалася, што на галовах у іх надзетыя вялікія круглыя кубкі. Калі яны караскаліся на рабіны і звешваліся з галля, кубкі ператвараліся ў заблытаныя грывы. Светлым восеньскім вечарам можна ўбачыць, як з дрэў звісаюць цёмныя постаці, як па завулку паспешліва бяжыць дамоў з хутара Нікіля павітуха Ловіса ці паважна крочыць тата Оліла, выпрастаўшы нягнуткую спіну.
.....