Читать книгу Раство для Элізы - - Страница 1
ОглавлениеКажу вам, што большая радасць у небе будзе з аднаго грэшніка, які навяртаецца, чым з дзевяноста дзевяці праведнікаў, якія не маюць патрэбы ў навяртанні.
Евангелле ад Лукі:15-7
– Мамачка, я ўжо выходжу.
Дзверы кватэры зачыніліся, пакідаючы за сабой ўтульную цёплую атмасферу шматдзетнай сям’і Мурашовых. Два малодшыя брацікі і дзве сястрычкі, а таксама мама з прастудай засталіся дома. Самая старэйшая дачка, трынаццацігадовая Эліза, вырашыла гэтым перадкалядным вечарам пайсці пагуляць. Ёй было трохі маркотна на душы, ды яшчэ дзяўчынка вельмі сумавала па тату, якога не бачыла амаль шэсць месяцаў (ён працаваў за мяжой, дальнабойшчыкам).
Тата Элізы, Арцём Раманавіч, рамантык, творчы чалавек, мастак у душы і па прафесіі, мусіў перакваліфікавацца на кіроўцу, каб пракарміць сваю вялікую сям’ю. На жаль, на радзіме зарабіць добрых грошай з творчасці было амаль немагчыма, таму трэба цярпець вымушанае раставанне з сям’ёй, каб аплачваць крэдыты і мець годны ўзровень жыцця. Ён вельмі любіў сваю жонку, дзетак і таму шмат працаваў, каб на ўлюбёнае свята сям’і – Раство – вярнуцца дахаты з падарункамі. Аднак у гэтым годзе нешта пайшло не так. Наконадні святочнымі выходнымі Мурашова выклікала кіраўніцтва і паведаміла, што неабходна паехаць у яшчэ адну няпланавую камандзіроўку. І прычым звыштэрмінова. Важны хуткапсавальны груз трэба завесці ў адзін з гарадоў Германіі – Дзюсельдорф. Што тут зробіш, як адмовіш, калі гэта так важна. Тым больш плацілі яму вельмі добра ў гэтай фірме, нават больш, чым мужчына мог сабе ўявіць, і таму псаваць адносіны з начальствам яму зусім не хацелася – дзе ты такую добрую працу знойдзеш. Прыйшлося адкласці вяртанне дадому яшчэ на тыдзень-другі. Добра Арцём зрабіў ці дрэнна – ён не мог зразумець, але згрызоты сумлення чамусьці пасяліліся ў ягонай душы, нягледзячы на тое, што жонка падтрымала яго. Як кажуць, унутры скрэблі кошкі, хоць, здаецца, ён зрабіў усё правільна, разлічыў, расклаў па палічках. “Можа, трэба было адмовіць? Няўжо нікога не знайшлі б? Вунь Янэк Савіцкі, нежанаты, свабодны як вецер, мог бы замест мяне паехаць. Чаму я згадзіўся? Я згаджаюся заўсёды. Які я мяккацелы… Але мне цяпер зусім не да твару адмаўляцца, таму трэба збірацца ў рэйс, вось і ўсё”.
Нарэшце ўсё ж такі Арцём усвядоміў прычыны сваіх пакут сумлення: ён жа абяцаў Элізе абавязкова вярнуцца дадому на Раство. “Калі ты абяцаў, ты павінен быў выканаць сваё абяцанне і не згаджацца ні на якія прапановы начальства, – казаў яму ўнутраны голас. – Тое, што ты даў абяцанне дзіцяці, не азначае, што яго можна не выконваць”. ”Але не ўсё ад мяне залежыць у гэтым жыцці", – спрабаваў апраўдвацца перад сваім сумленнем бацька. “Ага, ты проста мог сказаць «не» – і ўсё. Ніхто б цябе не звольніў. Яны павінны разумець – у цябе сям’я.”
І вось пакуль дальнабойшчык у цэнтры Еўропы мучыўся са сваім сумленнем, збіраючыся ў чарговы рэйс, яго дачка Эліза, знаходзячыся ў родным Гродне, выйшла з пад’езда і пакрочыла па замеценай снегам дарожцы, якая вяла яе ў цэнтр горада.
– Дачушка, мілая, будзь асцярожнай… – гэтыя словы не дасягнулі слыху Элізы, бо былі сцішаныя ахрыплым голасам мамы і таму засталіся ў межах кватэры. Мама дзяўчынкі, Вераніка, хатняя гаспадыня, хоць спачатку і сказала дачцэ, што трэба застацца дома, каб дапамагчы з меншымі дзеткамі ды ў прыгатаванні святочнай вячэры, усё роўна потым саступіла настойлівай просьбе падлетка пайсці пагуляць. Мо таму, што была вельмі знясіленая хваробай, каб сказаць цвёрдае “не”, ці праз сваю стомленасць бясконцымі хатнімі клопатамі. Як бы там ні было, але Вераніка ўжо шкадавала аб тым, што зрабіла. Яна ніяк не магла суняць трывогу, якая ўсё нарастала і нарастала ў сэрцы. Неспакой за дачку, прадчуванне, што з ёй можа здарыцца нешта благое, не пакідалі яе. І яна не ведала, што рабіць. Спачатку прамільгнула думка пазваніць мужу, але жанчына адразу адкінула яе – там яму і так няпроста, навошта лішняга клопату дадаваць. Потым пачала званіць дачцэ на тэлефон, але Эліза яго пакінула дома: яна не вельмі любіла сучасныя сродкі сувязі, брала с сабой тэлефон вельмі рэдка. І сёння ён ёй, як відаць, таксама не быў патрэбны.
І так жанчына засталася ў трывожным пошуку: хто можа дапамагчы ў гэтай сітуацыі і як захаваць дачку ад небяспекі?
Тым часам Эліза праходзіла праз упрыгожаны навагодняй ілюмінацыяй гарадскі парк. Дзяўчынка з захапленнем разглядала дзівосныя бліскучыя фігуры і думала пра сябе: "Чаму так рэдка ў жыцці здараюцца цуды?" Адна з навагодніх кампазіцый у парку была па матывах любімай казкі дзяўчынкі: "Сем лебедзяў". Майстар выразаў з дрэва сем фігур прыгожых лебедзяў і адну драўляную дзяўчынку. "Гэта ж мой тата рабіў і размалёўваў іх! А дзяўчынка так прыгожа атрымалася ў яго, што тата назваў мяне ў гонар галоўнай гераіні казкі – Элізы! – успомніла ўзрушаная дзяўчынка. – Колькі гадоў прайшло, даўно гэтыя фігуры не выстаўлялі. Але сёлета чамусьці вырашылі зрабіць з іх кампазіцыю". Эліза яшчэ некаторы час пастаяла, разглядаючы татаву працу. Яна падумала, што, можа, лепш пайсці дадому ўсё ж такі. Але потым трохі з крыўдай успомніла, што таты не будзе, хоць ён ёй і абяцаў прыехаць, і таму вырашыла рушыць далей.
Пайшоў невялічкі снег. Эліза, трошкі адчуваючы згрызоты сумлення за пакінутую дома хворую маму і малодшых брацікаў і сястрычак, набліжалася да месца, дзе збіралася яе кампанія. Там ужо былі дзве яе новыя сяброўкі – Маша і Вераніка. Яны пазнаёміліся выпадкова, у адзін з такіх сумных дзён, калі Эліза, не знаходзячы сабе месца дома, бязмэтна блукала па вуліцах горада.
Убачыўшы Элізу, дзяўчаты прывіталіся і запрасілі прысесці. Сустракаліся яны на сходах закінутага старога будынка ў цэнтры горада. Даволі змрочнае месца для звычайнага жыхара, але такое прыцягальнае для моладзі. Тут яны маглі быць такімі, якімі хацелі, і дарослыя ім не перашкаджалі.
– Як справы? Якія планы на свята? – запыталіся дзяўчаты Элізу. Яны былі на пару гадоў старэйшыя за яе, больш кемлівыя і прадуманыя. Свабодна паводзілі сябе з хлопцамі, курылі цыгарэты, маглі выпіць алкаголь. Але Эліза ўвесь час толькі аднеквалася ад іх прапанаваў выпіць ды пакурыць і псавала гэтым атмасферу: такая правільная і недатыкальная, ды яшчэ і вонкава была прыгожая.
– Сёння мы хочам зрабіць святочны тусач, нас хлопцы запрасілі да сябе на кватэру, пойдзеш з намі?
– Толькі не кажы не, – не дала ўставіць слова Элізе Вераніка, – бо мы з табой увогуле не будзем сябраваць, калі ты сёння не падтрымаеш нашу тусу.
– Ага, – сцвердзіла Маша.
Эліза была не з баязлівак, яна магла за сябе пастаяць і мела сілы не ісці за натоўпам. Але сёння ёй хацелася неяк цікава правесці час, і яна падумала, што нічога благога не здарыцца, калі проста схадзіць з дзяўчатамі ў госці: яна ж будзе не адна, ды і піць там яе не прымусяць.
– Я магу схадзіць, калі вам так прынцыпова, але піць усё роўна не буду.
Дзяўчынкі пераглянуліся паміж сабой: абы толькі прыйшла, а там мы яе зробім адной з нас, ды і хлопцы дапамогуць. Яны закурылі па цыгарэце і пачалі размаўляць, хто яшчэ прыйдзе на тусу, задаволеныя згодай Элізы.
Між тым, нічога не прыдумаўшы, як дапамагчы дачцэ, мама Элізы паклікала малодшых дзяцей – дзесяцігадовых блізнятак Лізу і Кацю, сямігадовага Яна і пяцігадовага Кастуся, і папрасіла іх памаліцца разам з ёй за Элізу, а таксама за тату ды за тое, каб Госпад даў маме сілы, аздаравіў і каб яны добра, усёй сям’ёй сустрэлі Раство.
Хлопчыкі і дзяўчынкі абступілі хворую матулю і пачалі шчыра маліцца спачатку, як казала мама, за Элізу, потым за тату, потым за маму, а потым і за добрае святкаванне Раства. І так яны некаторы час маліліся сваімі словамі, шчыра, прасілі Бога, потым спявалі Яму песні хвалы, потым славілі Яго за нараджэнне Хрыста. І раптам ім стала так добра, так хораша, усім разам, а мама нават заплакала, расчуліўшыся ад Божай прысутнасці. Неспакой у сэрцы пачаў адступаць, хваляванне за дачку змянілася на ўпэўненасць, што ўсё з ёй будзе добра. І Вераніка падзякавала Госпаду і дзецям. Потым яна дала кожнаму з дзетак невялічкія заданні, і ўсе пайшлі рыхтавацца сустракаць Раство. Нават самы маленькі Кастусь дапамагаў упрыгожваць ялінку цацкамі і гірляндай.