Читать книгу Libido - Ільля Сін - Страница 1
І. Дэманы мінулага
ОглавлениеAll those who worship
The broken demons of the past Are in love with the dead
Death in June. Lifebooks
Усе тыя хто пакланяецца Зламаным дэманам мінулага Кахаюцца з мерцвякамі
Death in June. Кнігі жыцця
Некалі вузкакалейка матляла паміж раскіданымі ў ваколіцах горада шахтамі і заводамі, але цяпер адзіны яе ацалелы ўчастак выкарыстоўваецца толькі для забавы ў парку адпачынку.
Марыя папраўляе сваю кандуктарскую фуражку і пасміхаецца, скасоўваючы квіткі, працягнутыя вусатым айцом сямейства. Ужо восень, гэта адзін з апошніх рэйсаў, і вагончыкі напаўпустыя.
Нечакана яркія промні кастрычніцкага сонца трапляюць ёй у вочы, і даводзіцца прымружвацца.
Рабаціністы хлопчык злізвае кроплі лёдава з вуснаў. Цяпер яны сталі не толькі пульхнымі, але і клейкімі.
Пасажыры расселіся па сваіх месцах. Марыя дзьме ў свісток, і праз колькі імгненняў амаль цацачны паравозік кранаецца з месца, пыхкаючы прыемным саладжавым дымам.
Колы кратаюцца паволі, нібы неахвотна, але неўзабаве ўваходзяць у роўны спакойны рытм – бы кардыя грама задаволенага жыццём пенсіянера. Марыя на нейкі час паддаецца гіпнатычнаму эфекту, ад чаго яе твар набывае яшчэ большую ўрачыстасць – цалкам адпаведную ролі.
Праз нязлоснае, амаль жывое чухканне даносіцца смех. Нехта ўголас чытае на пакунку чыпсаў склад прадукту па-казахску.
Вагончыкі прамінаюць масток панад невялічкім каналам і неўзабаве губляюцца паміж паўпразрыстых сцен непралазнага гаю (гэтая частка парку паспела зарасці ўшчэнт). Потым сонца з’яўляецца зноў: паравозік ускараскаўся на схіл.
Марыя пэўны час не адчувае нічога, і гэта прыемна. Неўзабаве кола скончыцца, цягнічок прыбудзе да цацачнага перону, Марыя пачакае, пакуль задаволеныя пасажыры выгрузяцца на платформу, пасміхнецца на развітанне кожнаму з іх, скажа кожнаму “да пабачэння”, пераапране свой шыкоўны мундыр на звычайныя джынсы ды швэдар і будзе паўгадзіны трэсціся ў перапоўненай маршрутцы.
Гэта, напэўна, апошні сёлета сонечны дзень і апошні дзень яе працы. На зіму давядзецца ўладкоўвацца прадавачкай альбо прыбіральшчыцай.
Па дарозе дадому Марыя зойдзе ў краму, каб набыць недарагіх сасісак і пачак цыгарэт. Дома яе, вядома, ніхто не чакае. Будзе да ночы сядзець ля вакна, узгрувасціўшы ногі на батарэю, піць гарбату і паліць адну за адной.
У гэтым горадзе яе ніхто не ведае, і гэта добра.
Чыгуначную каляіну перабягае ці то палёўка, ці то пацук, і дзятва ледзь не выкідваецца з вагонаў ад захаплення.
Ідэальна круглая пройма ў асфальце. Шахта люка ўжо паспела напоўніцца розным лайном.
Што і нядзіўна, бо чыгунную накрыўку здалі на металалом не адзін год таму.
У асноўным гэта абгорткі і пластыкавыя бутэлькі. Але не толькі, ёсць і нешта куды цікавейшае.
Дванаццаць гадоў таму шкаляры Жэка і Вака скінулі ў люк знойдзены непадалёк на сметніцы гіпсавы бюсцік Леніна – выключна з пазнаваўчых мэтаў.
Цяпер Жэка працуе наглядчыкам у мясцовай калоніі. Ён трохі распаўнеў пасля таго, як ажаніўся, але б’е паранейшаму з левай.
Шахта выявілася неглыбокай, гіпс з плюханнем акунуўся ў застаялую ваду. Праз пэўны час дыфузія зрабіла сваё: цвёрдае цела пераўтварылася ў аморфнае і пастападобнае. Яно ўсмактала ў сябе набраклую тушку мёртвага ката (на наступны год кінутую ў люк хлопчыкамі з паралельнага класа), і ў выніку дзве абсалютна розныя рэчы сталі нечым адным.
Усе гэтыя цікавыя хімічныя працэсы адбываліся ў поўнай цемрадзі, бо нейкі руплівец закрыў адтуліну самаробным шчытом з негабляваных дошак. Праз пэўны час шчыт прагніў ды абрынуўся, і смецце стала ізноў трапляць у люк – з розных прычынаў і з розных крыніцаў.
Марыя праходзіць міма люка, гледзячы некуды наўзбоч, у вышыню. Галінкі чахлых таполяў паабапал дарогі ўжо амаль пазбаўлены лісця, іх чорная павута выразна прамалёўваецца на тле шэрага вечаровага неба.
На пліце закіпае вада для макароны. На кухонным стале ляжаць іншыя кампаненты будучай сціплай вячэры – плаўлены сырок і самотная сардэлька. Ёсць яшчэ палова ўчорашняй цыбуліны ды счарсцвелы хлебны акраец.
Усе элементы гэтага нацюрморту нібы ўвасабляюць марнасць і вырачанасць любога руху. Як, зрэшты, і краявід за вакном: такія самыя падрапаныя панэльныя дамы, як і той, дзе жыве Марыя. Кожны з іх мае ўласны нумар, выведзены чырвонай фарбай, бы лічбы на сэрцы.
Марыі часта здаецца, быццам з вышыні птушынага палёту гэтыя дамы выглядаюць як забытыя ў пясочніцы цацкі: дзеці даўно ўжо выраслі, сталі піць піва і нюхаць клей, скончылі ПТВ, ажаніліся і развяліся, а цацкі ўсё яшчэ ляжаць у пясочніцы, падуладныя розным стыхіям. Нібы самае ўпартае і недарэчнае з усіх магчымых увасабленняў стабільнасці.
Па іроніі лёсу, гэтыя пяціпавярхоўкі з’явіліся тут некалі менавіта як прыкмета руху, імклівага і бяздумнага ў сваёй жывёльнай вітальнасці. Горад вырас амаль што ў біблійных тэмпах. У панядзелак узніклі рыдваны пад новыя заводы, у аўторак з зямлі павылазілі жылыя мікрараёны, у сераду – крамы і дамы культуры, а ў суботу міліцыянеры ўжо запхнулі ў кутузку першага мясцовага алкаша, які акрапіў мачой тыльны бок свежапафарбаванай дошкі гонару – на яе акурат у нядзелю планавалі павесіць першыя партрэты перадавікоў.
Але натварыўшы тут справаў, рух вырушыў некуды далей, пакінуўшы за сваёй патыліцай незваротна сапсаваны ім прыродны ландшафт і пару соцень тысяч ягоных ачумелых насельнікаў, што і пасюль марна сіляцца зразумець, як і навошта яны тут апынуліся.
Марыя тут не нараджалася. Пяць гадоў таму яна выбрала гэты горад наўгад, тыцнуўшы пальцам у тэлефонны даведнік. Бо трэба было кудысьці ехаць і дзесьці жыць.
Горад сустрэў яе абыякава. Была непераканаўчая ранняя вясна, вецер разносіў па прывакзальным пляцы пажухлае лісце, свежую прэсу ды іншае дробнагабарытнае смецце. На адным з шапікаў красаваў надпіс пра распродаж гумовых ботаў. Бетонны пашчэрблены правадыр з вышыні свайго пастамента кпліва назіраў за мітуснёй гандляроў рыззём, якія бавілі час у млявых сварках.
Свінцовыя аблокі раптам перарэзаў след ад рэактыўнага самалёта, і гэтыя падзеі ў вышніх сферах выглядалі на сапраўдны здзек з тых, хто апынуўся пад непераадольнай уладай зямнога прыцягнення.
Асфальт пакрыты тонкай сеткай капіляраў. Дзяўчына фарбуе вусны, углядаючыся ў свой адбітак на пыльным футарале з “переходящим знаменем”. Дошка гонару з белымі прагаламі замест партрэтаў. На паржаўленай будцы аўтобуснага прыпынку красуе распалавінены рэкламны слоган “І ўсё”.
Кожная з дэталяў існавала нібы аўтаномна, нібы вылучаная з агульнага плану светабудовы. Рухалася ў нейкім сваім адасобленым рытме, хіба чыста механічна сінхранізуючыся з усім астатнім – альбо гэтаксама адасоблена захоўвала гордую непарушнасць.
Марыя адразу адчула сябе адной з такіх дэталяў, і гэта было акурат тое, чаго яна хацела.
З таго часу тут мала што змянілася. Адное, кожная дэталь дарэшты страціла для яе вастрыню ўспрыняцця, пакрылася наростам успамінаў – як аскепкі шкла, што ладны час праляжалі ў рацэ, – а затым і наогул перастала быць заўважнай і хоць неяк адзначацца вокам. Абыходзячы запоўненую вадой выбоіну ў асфальце на шляху да яе пад’езду, Марыя нават не глядзела ў той бок, беспахібна абіраючы на аўтапілоце правільную траекторыю руху.
Болей за тое, гэткую самую рэакцыю пачалі выклікаць у яе і новыя, пакуль незнаёмыя дэталі. Напрыклад, купкі нехайна апранутых людзей, якія ледзь не штодня збіраліся на заўсёды пустэльнай раней цэнтральнай плошчы горада, крычалі нейкія лозунгі, палілі вогнішчы, доўга і нервова спявалі забытыя Марыяй яшчэ ў дзяцінстве песні.
Нягледзячы на свой тлумны выгляд, яны выдатна ўпісаліся ва ўжо існы ландшафт. Як быццам масоўка з бутафорскімі шаблямі і на драўляных конях, што даўно чакала выхаду на сцэну за кулісамі камернай побытавай драмы.
…Між тым у алюмініевым рондалі нарэшце з’явіліся бурбалкі. Хоць нейкая падзея! Марыя засыпае туды соль і макарону, змяншае агонь, доўга памешвае пашчэрбленай драўлянай лыжкай, апускае накрыўку і вяртаецца на сваё месца каля вакна. Цяпер трэба зноў чакаць.
Яна так і не змагла прызвычаіцца да чакання.
Паверхам вышэй, у такой самай аднапакаёўцы, Толік разгладжвае пальцамі зморшчыны на сваім твары. Сёння ўвечары ён чамусьці наўздзіў задуменны – тормаз, як сказаў бы ягоны малодшы сын. Ды і праца нешта не спорыцца.
Пакрыты газетамі стол асветлены настольнай лямпай. На ім – паяльнік, кавалкі дроту рознай даўжыні, пласкагубцы, малаток, піўныя коркі.
На сцяне насупраць – рэпрадукцыя акварэлі, дзе выяўленыя птушкі розных відаў, колераў і памераў. Там снегіры, сініцы, глушэц, кнігаўка і разам з імі чамусьці канарэйка. Жанравы характар сцэнкі, у якой яны ўсе ўдзельнічаюць, можа вызначыць хіба спрактыкаваны арнітолаг.
Толік упэўнены, што аўтарам твору з’яўляецца Шышкін, хаця і не мае дакументальных таму пацвярджэнняў. Ягоны сябра Паша Штыр кажа: дурань ты, Шышкін маляваў толькі мішак. А гэта Васняцоў. Аднойчы яны ледзь не пабіліся.
Задача Толіка – перавесці плоскасную выяву ў аб’ём, выкарыстоўваючы ў якасці матэрыялу для сваёй скульптуры выключна бляшаныя коркі ад піўных пляшак. Над гэтай кампазіцыяй ён працуе ўжо шосты год, і яна дасюль яшчэ далёкая да завяршэння.
Ён просіць коркі ў калег, з якімі п’е піва ў скверы ля прахадной, і вельмі крыўдуе, калі нехта забываецца ды выкідае кругляшы ў сметніцу. Пасля працы заходзіць у танныя піўнухі, дзе піва прадаюць у пляшках. Часам нават падымае коркі з асфальту ды ўпотайкі кладзе ў кішэню.
Потым трэба сагнуць кожны з іх пласкагубцамі, а затым пафарбаваць у чорны колер.
Чамусьці Толік вырашыў, што ягоны твор будзе мець толькі адзін колер – чорны. Хаця на акварэлі птушкі блакітнаватыя, белыя, памаранчавыя, светлаліловыя, жоўта-брунатныя…
Два снегіры, канарэйка і сініца ў яго ўжо гатовыя – яны размясціліся на сваіх галінках, зробленых з дроту. Другая сініца – якая, паводле сюжэта, відавочна мае пэўныя непаразуменні з першай, – адразу не атрымалася, і давялося яе перарабляць.
Толік бярэ корак пласкагубцамі, згінае яго роўна напалам, акунае ў міску з чорнай фарбай і, калі ён высыхае, ахайна прыладжвае да галавы сініцы. Гэта будзе аснова яе дзюбы. Трэба ўпаяць яшчэ пару коркаў упоперак, каб яна стала дастаткова трывалай.
Рукі трохі дрыжаць, але стараннасць прыносіць свой плён.
Новая тэхніка была засвоеная ім самастойна. На зоне адзін з сукамернікаў падахвоціў яго да творчасці, і скульптуркі з хлебнай мякіны ў Толіка атрымліваліся лепей, чым у каго яшчэ. Але такі падатлівы матэрыял хутка яму надакучыў, і аднойчы ён выкарыстаў усю калекцыю сваіх твораў у якасці закусі.
Толік прымружвае вочы і прыдзірліва ацэньвае той прагал, што месцамі ўтварыўся паміж двума коркамі. Затым бярэ лупу, уважліва ўглядаецца. Павагаўшыся, усё ж вырашае не перарабляць.
У дзірцы паміж зубамі захраснуў нейкі кавалак вячэры. Толік бярэ запалку, адкусвае кончык, калупаецца ў роце. Рука праходзіцца па шурпатай, даўно няголенай шчацэ.
Толік сам разумее, што ён дрэнна пахне. Але нічога не застаецца, як з гэтым змірыцца.
Потым згінае пласкагубцамі яшчэ адзін корак, аднак прыкладзеная ім сіла аказваецца празмернай і бляха трушчыцца.
Цішыня, што даўно панавала ў кватэры, раптам парушаецца голасам Толіка. Ён не любіць музыкі і ніколі не ўключае радыё. А калі свядомасць патрабуе нейкіх гукаў, пачынае гаварыць сам з сабою.
Зазвычай ён дае парады сваёй жонцы, якая сышла ад яго яшчэ сямнаццаць гадоў таму. Большменш спакойна, але даволі грозна тлумачыць ёй прынцыпы добрага гаспадарання. Кажа пра тое, што абіраць бульбу вялікім нажом – неаканомна. На шалупінні застаецца шмат карыснага прадукту.
Кожную сваю навуку – якой бы строгай яна ні была – Толік абавязкова завяршае пяшчотным кампліментам. Сёння ён называе жонку “сінявокай сінічкай і балбатлівай…”.
Гаварыць яму раптам надакучвае, ён абрывае камплімент на паўслове ды працягвае сваю працу моўчкі. На гадзінніку яшчэ толькі дзевяць, раней за дванаццаць ён не засне. Трэба нешта зрабіць з гэтым часам.
Бярэ пласкагубцы і чарговы корак, пачынае яго згінаць. Акунае ў фарбу, чакае, пакуль падсохне, прыладжвае да дзюбы. Вялікія шурпатыя пальцы няўклюдна спраўляюцца з такой далікатнай працай. Корак доўга не хоча замацоўвацца на адведзеным яму месцы. Некалькі разоў адвальваецца, падае на падлогу. Але ўпартасць усё ж бярэ сваё.
Праз пэўны час Толік чуе на кухні нейкі шум. Як быццам нехта імкнецца пранікнуць туды праз вакно. Альбо грукае ў шыбу, просячы дазволу ўвайсці.
Толік адрываецца ад працы ды ўслухоўваецца. Сэрца пачынае біцца трохі часцей у прадчуванні падзеі. Але, вядома ж, яно не спраўджваецца: нічога не адбылося. Проста грымнула прыадчыненая фортка.
На кухні неспадзеўкі сцямнела. Марыя пстрыкае запальнічкай. Полымя на імгненне асляпляе яе, угрызаючыся ў сятчатку вока.
Потым эфект знікае. Марыя пстрыкае запальнічкай у другі раз. Цяпер светлавы шок ужо не такі моцны – сятчатка паспела трохі адаптавацца.
Марыя думае пра Іншага, з’яўленне якога здатнае зрабіць няважнымі брудны посуд у мыйніцы, парыжэлы лінолеум на кухні і шызае святло, што сочыцца цераз проймы паміж планкамі жалюзі.
Іншы паўстае ў яе ўяўленні не як канкрэтны вобраз, але як нейкае прадчуванне, эмацыйная хваля. Як, напрыклад, дом. У Марыі ўжо даўно няма дома, і таму ён таксама з’яўляецца для яе недатыкальнай эмацыйнай хваляй. Адзінота стала ейным выбарам і адначасова выпрабаваннем. Але Марыі хочацца выкарыстоўваць яе як інструмент – своеасаблівы разец скульптара, здатны надаць эмацыйнай хвалі выразныя абрысы. Спакваля адсякаць лішняе, каб з бясформеннай масы сталі вымалёўвацца ручкі, ножкі, галоўка. Каб урэшце гэтая маса набыла аблічча чалавека – іншага чалавека, які будзе заўсёды побач. Але яна ўжо ведае, што адзінота – гэта дрэнны сродак для пераўтварэння сусвету. Такі інструмент абсалютна нефункцыянальны.
Марыя ненадоўга замірае, услухоўваючыся ў мернае пагрукванне накрыўкі рондаля на пліце, што раз-пораз уздрыгвае ад пары.
Адзінота здатная адно зрабіць гэты свет яшчэ больш аморфным – нават тыя яго праявы, якія маюць пэўныя абрысы і могуць быць памацаныя рукамі.
Схамянуўшыся, Марыя ўстае, разгублена топчацца на месцы. Затым ідзе ў пакой. Звычайна шлях туды яна пераадольвае за восем крокаў, але гэтым разам атрымалася адзінаццаць.
Па тэлевізары паказваюць канцэрт нейкага гурта. Марыя, як заўсёды, адключыла гук, і таму імпульсіўныя артыстычныя жэсты выглядаюць яшчэ больш смешна. Гітарыст рухаецца па сцэне з такім сур’ёзным выглядам, быццам кожны крок набліжае яго да жыццёвай мэты. Вакаліст выцягнуў уперад правую руку са скурчанымі пальцамі – нібы тапелец, які ў адчаі кліча на дапамогу. “Што яны ўсім гэтым хочуць сказаць?” – недаўмявае Марыя.
Зрэшты, такім самым адчужаным цяпер падаецца ёй усё, што яна здатная бачыць, прымройваць, успамінаць. Прычынна-выніковыя повязі некуды зніклі, пакінуўшы розныя з’явы нягегла церціся адна аб адну ў бессэнсоўным броўнаўскім руху. Без усялякай надзеі на стыкоўку. Адзінота ніяк не здатная аднавіць гэтыя повязі, колькі ні намагайся. Гэта амаль тое самае, што склеіць раструшчаную елачную цацку.
Вобраз Іншага ў яе ўяўленні чэзне, расплываецца, знікае.
Макарона тым часам ужо зварылася. Марыя вяртаецца на кухню, выплёсквае на друшляк клейкае месіва, дадае туды сардэльку і сырок. Ідзе ў пакой. Цяпер атрымалася роўна восем крокаў. Есць, не адчуваючы смаку.
Раптам без дай прычыны ёй становіцца смешна. Сардэлька выклікае ў яе непрыстойныя дзіцячыя асацыяцыі, і Марыя тут жа спяшаецца апавесці іх Іншаму, якога хаця б ненадоўга зноў адчувае побач.
Смех праходзіць сам сабою, саступаючы месца пустэчы. Вакаліст заканчвае спяваць і застывае ў гераічнай позе. Муха, якая паўзе па тэлевізары, захоплена і палюбоўна абмацвае твар куміра сваімі лапкамі.
Гэтай ноччу Марыя прачынаецца ад пранізлівага холаду. Сцюдзёны вецер падступна пранікае праз шчылінкі ў старых аконных рамах, пракрадаецца пад коўдру, пакрывае скуру дробнымі пупырышкамі.
Марыя сціскаецца ў камячок, сілячыся сагрэцца. Устае, апранае на сябе швэдар і цёплыя калготкі. Кладзецца зноў. Стала значна цяплей.
Нерухома ляжыць, стараючыся ні пра што не думаць. Услухоўваецца ў буркаценне ў жываце, адчувае ледзь прыкметны трэмар у мускулах пляча. Ёй прыемна ўсведамляць сябе выключна як сукупнасць розных фізіялагічных працэсаў.
Марыі цяпер вельмі хочацца, каб гэты стан працягваўся і каб далейшае яе перабыванне ў гэтым свеце было недзе на самым памежжы жывой і нежывой прыроды. Біялагічная рэдукцыя ўяўляецца ёй сапраўдным паратункам. Лішайнікі, імхі, на крайні выпадак, амёбы…
Але яна ведае, што ўзяць ды пазбыцца чалавечай сутнасці наўрад ці ўдасца. Хоцькі-няхоцькі гэтае ярмо давядзецца трываць.
Пашчэрблены месяц абыякава паўзе па халодным фіялетавым небе. Дыханне Марыі цяжкае і перарывістае. Пакуль пустэча і непарушнасць, але яна прадчувае: нешта неўзабаве будзе дзеяцца.
Яна ведае, гэта акурат такая ноч, калі мёртвыя ўстаюць са сваіх магілаў. І гэта яе мерцвякі. Кожны з іх мае твар. І кожны з гэтых твараў Марыі знаёмы. Пры сустрэчы яна не здолее проста прайсці міма, адвёўшы позірк убок.
Дзевачка-дзевачка, дэманы мінулага знайшлі твой горад…
Успаміны, як заўсёды, прыходзяць без запрашэння. Віно мякка дакранаецца да нёба, а пальцы адчуваюць вострыя канты келіха. Вусны зліваюцца з вуснамі. Па шыферным даху барабаніць дождж – па даху таго дамка з негабляваных дошак, з ганку якога відаць мора.
Рукі абхопліваюць мускулістае каржакаватае цела, шчокі казыча колкае шчэцце…
У гэтую пару, апанаваную бессанню, Марыя можа пераскокваць праз гады і неспадзеўкі апынацца ў іншым месцы, іншым часе і зусім іншых жыццёвых варунках. Перажываць іх бы наяве, губляючы арыентацыю, хто яна і дзе.
Успаміны спараджаюць пякотку ў роце. Кожны з тых момантаў, якія ніколі не вернуцца, упінаецца ў яе цела малюткай іголачкай. Але яна ведае, што боль незваротнага – гэта толькі прэлюдыя.
Дзевачка-дзевачка, дэманы мінулага знайшлі тваю вуліцу…
Здаецца, праз шчылінкі паміж шыбай і рамай разам з ветрам пранікае і іх дыханне. А шоргат дажджу па асфальце прызначаны адно на тое, каб заглушыць і без таго амаль нячутны поступ іхніх ног.
Дзевачка-дзевачка, дэманы мінулага знайшлі твой дом…
Калісьці гэтыя людзі былі Марыі вельмі блізкімі, нейкі час яны нават былі адным з ёю целам.
Але гэта было даўно. Іх целы ўжо канчаткова і незваротна набылі аўтаномнасць. У дадзены момант кожнае з іх, напэўна, бесклапотна спіць, і сніцца гэтым людзям, вядома ж, зусім не Марыя.
У той самы час, калі іх фантомы няўмольна набліжаюцца да яе – бы зомбі ў галівудскіх фільмах.
Дзевачка-дзевачка, дэманы мінулага знайшлі тваю кватэру…
Марыя з жахам углядаецца ў цьмяныя абрысы рэчаў і мэблі, у ноч, у дождж. Яна пачуваецца абсалютна безабароннай.
Ёй карціць залезці пад канапу, скруціцца камячком, запхнуцца ў шафу, павуком павіснуць пад столлю на жырандолі.
А можа, лепей проста прыкінуцца мёртвай?
Але яна разумее, што ад іх не схавацца. Дэманы мінулага ведаюць усе яе хітрыкі, усе слабыя месцы ў яе фартыфікацыйнай сістэме. Марыя адчувае іх няспешны ўпэўнены поступ – ужо зусім блізка.
Дзевачка-дзевачка, дэманы мінулага знайшлі цябе, гатовую ўсікацца ад страху…
Яны апынаюцца побач з ёю неспадзеўкі, разам і адначасова. Упэўненыя рукі сцягваюць калготкі, рассоўваюць яе сцёгны, трымаюць за рукі… Зніякаявелая і здранцвелая, Марыя не можа нават паварушыцца. Яна не крычыць і не супраціўляецца, адно ціха енчыць сабе пад нос, бы смяротна паранены дэльфін.
Дэманы мінулага могуць рабіць з ёю ўсё, што пажадаюць. І робяць.
Неўзабаве ейнае цела скаланаецца, курчыцца ў канвульсіях, амаль не зрушваючыся з месца. Няголеныя падмышкі ад поту пераўтвараюцца ў балота.
Перад ёю – твары, твары і твары. Яны змяняюцца, часам наслойваючыся адзін на адзін. Вусатыя, цемнаватыя, спярэшчаныя зморшчынамі… Выраз кожнага з іх удае жарсць, але Марыю гэтым не падмануць.
Яно трывае, здаецца, бясконца. Кожнае імгненне становіцца надзіва пругкім ды эластычным і завісае ў паветры замест таго, каб мякка адысці ў небыццё.
Твары становяцца ўсё больш невыразнымі. Гэта значыць, што прыйшла пара дублёраў. Але сваю справу яны выконваюць таксама старанна.
Марыя, бы лялька, ляжыць на спіне, стараючыся ні пра што не думаць і нічога не ўспрымаць.
– Калі я вынесу ўсіх нябожчыкаў са сваёй памяці? Калі я вынесу ўсіх нябожчыкаў са сваёй памяці? Калі я вынесу ўсіх нябожчыкаў са сваёй памяці? – бясконца шэпча яна, ажно пакуль – нібы паратунак звыш – не прыходзіць крохкі нервовы сон.
Брат Зосіма вяртаецца з начной змены ў сваю маленькую кватэрку на ўскраіне горада. Яшчэ толькі пачынае віднець. Ідзе па пустэльнай незаасфальтаванай вуліцы, насустрач яму трапляюцца толькі двое заблытаных у порах сутак выпівохаў. “Барада, б…я, пайшла”, – чуе ён за спінай.
Знаёмыя людзі называюць яго святошам ці попікам. Незнаёмыя – барадой, мужыком, братэлам.
Позірк выхоплівае смецце, раскіданае паабапал дарогі, карункі, пакінутыя рыфленымі шынамі цяжкіх машын, шчарбіны ў парканах, паўабдзёртыя аб’явы на слупах. Брат Зосіма спыняецца, каб на поўныя грудзі ўдыхнуць ранішнюю свежасць.
Золкавае святло пяшчотна дакранаецца да паверхні вады ў калюжынах, спараджаючы ледзь прыкметнае свячэнне.
Рукі паранейшаму пахнуць мазутам, і яму гэта падаецца нават прыемным. У галаве ўсё яшчэ водгулле мернага рокату станкоў.
Калісьці ўзімку пустку на месцы знесенага дома перабягаў заяц.
Прыемны пах гарэння фруктовых дрэваў. Нехта тут дасюль топіць грубку.
Брат Зосіма спыняецца і слухае, як вецер прымушае пакрыўлены дарожны знак бэмцаць аб слуп, да якога ён прымацаваны. Рытмічны малюнак просты, але пры гэтым выкшталцоны і непрадказальны, ніводзін чалавек не здолеў бы яго стварыць наўмысна. Кампазіцыя настолькі ідэальная, што карціць запляскаць у ладкі.
Брат Зосіма калісьці працаваў дыджэем, і ягоным улюбёным стылем быў тэхна. Ён і дасюль не страціў любові да рытму, але – Божай ласкай – навучыўся адчуваць яго значна танчэй. Яму ўжо не трэба гучнасці і насычанасці. Болей за тое, яму ўжо не трэба нават музыкі. У вокнах двухпавярховага барака запальваецца святло. Матор старэнькага “форда” заводзіцца для прагрэву. “Выходзіць чалавек да справаў сваіх і да работы сваёй да вечара”.
Панад усім гэтым птушкі. Іх чарада перасякае пасвятлелае неба ды знікае паза межамі бачнай часткі свету, далікатна сведчачы гэтым пра яго неабмежаванасць.
Дома брат Зосіма ставіць на пліту імбрык, снедае заўчорашняй кашай, ненадоўга застывае перад іконай, жагнаецца, кладзецца ў ложак і працягвае слухаць тэхна. Цяпер гэта налітыя сокам яблыкі, што адзін за адным падаюць у пустэльным садзе.
Калі сэт сканчаецца, ён расплюшчвае вочы. Недзе па той бок шыбы чыркаюць галубы і дзеці. Гэта новы дзень і ўжо зусім новыя гукі.
Па сканчэнні малітвы брат Зосіма яшчэ пэўны час пагружаны ва ўнутранае маўчанне. Сядзіць на сваім ложку і ні пра што не думае. Навакольны свет, поўны вітальнага руху, уваходзіць у яго бы адкрыццё – паступова і сам сабою, пранікаючы ў вушы, у свядомасць, у сітавіны скуры.
Сёння ў яго шмат вольнага часу, на завод ізноў у начную. Брат Зосіма сядае на старэнькі ровар. Шматпавярхоўкі і гаражы хутка застаюцца ззаду, цяпер навокал – бязлюдны пакручасты ландшафт, сфармаваны, аднак, праз умяшальніцтва чалавека.
Выгіны, траншэі, насыпы парожняй пароды, закінутыя рыдваны будоўляў… Палімпсест розных уцямных некалі фразаў, крамзаніна паверх напісанага, якая зацярушвае трывіяльны ў свой час змест.
Ровар манеўруе сярод усёй гэтай разнастайнасці, то патанаючы ў складках, то ўскараскваючыся на ўзгоркі. Брат Зосіма адчувае ў пастаянных перападах вышыняў пэўны рытм і на бліжэйшыя паўгадзіны засяроджваецца толькі на ім.
У нейкі момант ён адпускае стырно. Даўгія валасы кудлацяцца, пробліскі сонца раптоўна трапляюць у вочы, на твары вымалёўваецца амаль дзіцячы азарт.
Калі ён даязджае да бліжэйшай вёскі, ветрык даноcіць пах гарэлага лісця. Бабуля, у якой брат Зосіма папрасіў набраць вады, настойліва частуе яблычкам. Упэўнены націск зубоў прымушае спелы плод пырснуць сокам. Валасінкі на барадзе зліпаюцца, і брата Зосіму гэта смешыць.
На зваротным шляху ён збочвае да ракі, зножваецца і нейкі час нерухома ляжыць на зямлі, углядаючыся ў расплывістыя абрысы аблокаў.
Па вяртанні дахаты брат Зосіма пачынае рыхтавацца да вячэрні. Святара ў горадзе даўно ўжо няма, як, зрэшты, і прыхаджанаў, і таму ён будзе выкарыстоўваць скарочаны варыянт.
Апрануўшы падраснік і клабук, выходзіць на вуліцу. У дзятвы гэты дзіўны дзядзька выклікае сапраўднае захапленне, хай часам і жорсткае – вядома ж, падзіцячаму. У царкве, як заўсёды, шматлюдна. Брат Зосіма праціскаецца ў алтарную частку, запальвае свечку і раскрывае малітоўнік.
Пульхная кабеціна ў скуранцы вылупіла на яго вочы, запіхваючы ў торбу палку сыравяленай кілбасы.
Пару разоў ахоўнікі здавалі яго ў міліцыю, але потым ім надакучыла. Яны зразумелі, што іх гісторыі ніяк не перасякаюцца з ягонай.
На словах “Хай малітва мая ўзыдзе да Цябе, быццам кадзіла” скрозь прабоіну ў вітражы пад самым купалам у царкву ўляцела шэрая галубка.
10.15. Недзе за вакном з цяжкім уздыхам спыняецца смеццявоз. Ягоны кодаб чапляе галінкі дрэваў у палісадніку ля пад’езда. Марыі падаецца, нібы гэта яе драцяныя валасы шкрабуцца аб гіпсавы чэрап.
Марыя з цяжкасцю расплюшчвае вочы. Дзень пачынаецца з прыемнага: яна згадвае, што не праспала працу. На працу ёй сёння не трэба – як, зрэшты, і заўтра, і наогул у асягальнай будучыні.
Тэлевізар шыбы дэманструе звычайны краявід, але гэтым разам ён мае нязначныя аптычныя скажэнні. Кроплі, што завіслі на шкле (напэўна, з самай раніцы быў дождж), дадаюць карцінцы трохі расплывістасці. Туман пераўтварыў пашарпаны паркан занядбанага хімзавода ў непрыступныя муры замка Іф.
Марыя павольна апускае ногі з ложка, намацвае тапкі. Здымае прапахлы вадкасцямі цела халацік. Твар чырвоны і азызлы, у роце затхлы водар гнілой гародніны. Аднак у гэты час няпэўнасць яе існавання яшчэ падаецца ёй шматабяцальнай.
12 градусаў цяпла, але вільготны паўночны вецер. У прынцыпе, вось і ўсе навіны на сёння.
Адчуваецца паслясмак начных сноў – як заўсёды, куды менш цікавых, ніж сны дзённыя.
10.22. Марыя зноў завальваецца на канапу і хвілінаў дзесяць моўчкі глядзіць на шчыліну ў пашчэрбленай пабелцы столі. Услухоўваецца ў гукі, якія даносяцца паверхам вышэй. Неўзабаве ёй падаецца, нібы расколіна пакрысе более. Як быццам нейкая фантастычная пачвара рыхтуе шлях для нападу на яе, маскіруючыся пад электрыка Толю.
Толя зноў вучыць сваю жонку абіраць бульбу. Гэтым разам куды больш раздражнёна.
11.03. Позірк адзін за адным выхоплівае прадметы, што стаяць на палічках кніжнай шафы альбо бязладна раскіданыя па пакоі. Гэта парожні паўлітровы слоік, рэкламная газетка, пігулкі, скамечаны цыгарэтны пачак, парцалянавая фігурка шахцёра, якая дасталася ў спадчыну ад былога гаспадара кватэры разам са старым сервантам… Марыя імкнецца ўбудаваць іх у нейкую схему, знайсці паміж імі дбайна зашыфраваныя сэнсавыя повязі, як гэта часта здараецца ў дэтэктыўных раманах, але не дае рады.
Марыя выпальвае цыгарэту і адчувае, што далей не можа знаходзіцца там, дзе цяпер ёсць. Спехам апранаецца, і неўзабаве яна ўжо на вуліцы. Павольна ідзе ўздоўж дома, міма паржавелай кваснай бочкі, што знайшла вечны прытулак у яе двары, міма парэшткаў арэляў, міма выбоіны ў асфальце.
Часу ў яе сёння нязвыкла шмат, гэта выклікае вобраз з дзяцінства – гара марозіва, настолькі вялікая, што нават палохае.
Марыя даўно прызвычаілася да абмежаванняў, гэта яе стымулюе.
Насустрач трапляецца дзятва, якая вяртаецца са школы. Яе гарэзлівы гоман іншым разам мог бы прымусіць Марыю заплакаць, але цяпер яна надзіва спакойная.
11.16. Лапік перад універсамам пусты, як і цэнтральная ў гэтым мікрараёне вуліца. Толькі самотная бабулька прыснула ля кулькоў семак ды нейкі маладзён покрадкам ціскае сваю сняжану на лаўцы, з трох бакоў аброслай пажухлым хмыззём.
Марыя на нейкі час застывае на месцы, каб ацаніць усю карціну ў сукупнасці. Дзяўчына з плаката новага тарыфу мабільнай сувязі, здаецца, хоча яе ўкусіць. Па вуліцы праязджае амаль пустая маршрутка. На гаўбцы насупраць пагойдваецца вялізная ружовая камбінацыя з рушавымі ўстаўкамі.
Марыя адчувае сябе акторкай, якая недарэчна заблукала сярод дэкарацыяў у глыбіні сцэны. Усе магчымыя сюжэты гэтай пастаноўкі падаюцца ёй настолькі глупымі, што зусім і не хочацца шукаць пакручасты шлях да святла рампы.
12.01. Наперадзе першы прыкметны аб’ект на яе маршруце – Палац культуры. Размаляваны ад рукі шчыт запрашае на дыскатэку для тых, каму за. Чарговы бетонны правадыр, размешчаны на фоне порціка, указвае сваёй пяцярнёй на шапік з кумачовым надпісам “чабурэкі хот-догі”.
Паабапал яго – бязрукі ўдарнік з надзіва паэтычным выразам твару і пашчэрбленая даярка з расфарбаванымі памадай вуснамі ды схематычна намаляванымі паверх сукенкі цыцкамі.
У папэцканых галубамі вачах статуй адбіваецца ўласцівы сапраўдным стоікам скепсіс адносна летуценных радасцяў гэтага хуткаплыннага жыцця.
– Гісторыя, – кажа Марыя. – Гэта тое, што робіць з намі гісторыя.
Яна ні каліва не сумняецца, што пад крохкім бетонам статуй – варта трохі болей яго адкалупаць – адшукаюцца сапраўдныя целы іх прататыпаў, застылыя ў вечнай коме. А затым уяўляе калгасніцу і ўдарніка зусім у іншым агрэгатным стане – калі яны маглі пасмейвацца, скручваць губы трубачкай альбо сплёўваць праз даўно нячышчаныя зубы.
Урэшце, Марыя прыдумляе і сваю статую – у смешнаватай пафаснай паставе, якая не мае ніякага дачынення да роду яе мінулай дзейнасці. Хай у правай яе руцэ будзе меч, а левая хай трымае вырачаную на смерць курыцу.
Ад няма чаго рабіць Марыя падыходзіць бліжэй. На ганку Палаца нікога. З прыадчыненых дзвярэй чамусьці пахне пракіслым баршчом. Боршч увогуле вельмі любяць насельнікі горада, гэта яна ўжо заўважыла.
Тынкоўка на класіцыстычных калонах ладна аблупілася. Прытуліўшыся да адной з іх, Марыя ўважліва вывучае няроўныя пісягі, пакінутыя ўсімі дажджамі апошніх дзесяцігоддзяў. На падваконні з таго боку стаіць пакаёвая кветка ў гаршчочку – ці то герань, ці то фікус. Марыя ў іх зусім не разбіраецца.
12.34 Яна паціскае ўдарніку ацалелую руку, натыркаючыся замест аднаго з пальцаў на шурпатасць арматуры, няспешна праходзіць паўз правадыра, сядае на лавачку ля зарослай пустазеллем клумбы. Галубы дзяўбуць расколіны ў асфальце, марна сілячыся выкалупаць адтуль хоць якія калорыі.
Нягледзячы на восеньскую свежасць, яна адчувае задушлівасць. Сядзіць і ні пра што не думае.
На прыпынку спыняецца аўтобус, выходзячы з яго, жанчына трымае за руку дзяўчынку з чырвоным заплечнікам. Яны перасякаюць пляц па дыяганалі (малая раз-пораз падскоквае пры хадзе) і неўзабаве знікаюць у прагале між дамоў.
Праз нейкі час міма Марыі праходзіць групка людзей у памаранчавых апранахах і з мётламі. У ноздры трапляе пах тытуню, у вушы – кавалкі словаў, прамоўленых сіпатымі галасамі.
У пэўны момант яна выразна разумее, што Іншага няма побач. І гэта даволі балюча.
13.05 Калі ў шчылінку між аблокамі раптам праслізгвае праменьчык сонца, Марыя ўстае і рушыць уздоўж вуліцы. Аглядае сціплы дэкор на сталінскіх двухпавярхоўках: віньеткі, зорачкі, каласкі… Такая ўвага да дробных дэталяў яе супакойвае.
Яна ўяўляе сябе навукоўцам, які толькі што натыкнуўся на невядомы раней горад, прыналежны даўно страчанай цывілізацыі.
Неўзабаве Марыя адчувае сябе надзіва лёгка і абыякава ды не хоча нічога мяняць. Вецер вынаходліва гуляецца з рэкламнай улёткай, прымушаючы яе рухацца па неверагоднай траекторыі. Няцяжка паверыць, што яна жывая – асабліва па кантрасце з наваколлем.
Раптам Марыя заўважае, што ўжо каторую хвіліну яе трымае за руку каржакаватая бабулька ў выцвілым чырвоным паліто. Яна няспынна і няўцямна нешта гаворыць, нешта далёкае ад разумення Марыі. Розум выхоплівае пераважна службовыя часціны мовы і асобныя словы кшталту “сказаць” і “расстраляць”, якія наўрад ці праясняюць сэнс прамоўленага.
Лішні час, кажа Марыя. Гэта лішні час.
– Штошто? – перапытвае бабуля. Марыя не адказвае.
Моўчкі ківае, бярэ ўлётку. Не развітваючыся, паволі рушыць далей куды вочы глядзяць. Бабулька ў яе за спінай працягвае сваю прамову.
Выходзіць на праспект, шырокі, просты і надзіва чысты. Іншых мінакоў амаль няма. За дзесяць хвілін яна сустрэла хіба некалькі чалавек.
У такім выглядзе горад зноў падаецца ёй месцам, падрыхтаваным да нейкай маштабнай дзеі – літаральна наконадні яе пачатку. Пакуль усё прыціхла, нібы перад навальніцай, але зараз прагучыць умоўны сігнал – і орды ўдзельнікаў, якія даўно ўжо напагатове ў сваіх схованках, сінхронна ўступяць, выконваючы загадзя вывучаныя ролі.
Аднак час ідзе і сцішанае чаканне не выбухае падзея мі.
13.29. На цэнтральнай плошчы, як выявілася, зноў нейкі мітынг. Пахне чамусьці дымам.
Групка людзей знаходзіцца на ладнай адлегласці, што дазваляе Марыі адчуць сябе старонняй назіральніцай. Побач з ёю зусім нікога.
Марыя ўглядаецца ў суплёты правадоў панад плошчай. Чорныя лініі выразна прамалёўваюцца на тле бруднашэрага неба. Правады скіраваныя ў розныя бакі, і, гледзячы знізу, падаецца, нібы яны паміж сабою перакрыжоўваюцца. Марыя думае пра тое, што кожны з іх мае сваё прызначэнне і, без сумневу, кудысьці вядзе. Падобныя трывалыя повязі падаюцца ёй проста неверагоднымі.
Амаль ужо прамінуўшы плошчу, Марыя прыпыняецца, каб паназіраць за тым, як камяні і кавалкі асфальту ляцяць у шыбы мэрыі. Звон бітага шкла перакрываюць лозунгі, падхопленыя сотнямі галасоў – вісклявых, сіпатых, бадзёрых.
13.44. У якім квартале ад плошчы ўсё, як звычайна, ціха. Марыя падыходзіць да цэнтральнага ўнівермага. Бетонныя скульптуры ўсталяваныя і каля яго, яны выглядаюць значна менш аптымістычна за манекены ў вітрынах.
Да новага году яшчэ шмат часу, але ў горадзе ўжо пачалі прадаваць елачныя цацкі і румяных дзядоў марозаў. Камусьці вельмі хочацца святаў, а Марыі ад гэтага цяперашні год здаецца яшчэ больш старым. Невымоўна састарэлым.
Марыя ўглядаецца ў шрубы, якімі прыкручаныя завесы дзвярэй. У другім зверху плешка вытыркаецца на добры міліметр, у трэцім яна пагнутая. Менавіта такія амаль не заўважныя воку дэталі найлепей дапамагаюць ёй усвядоміць чалавечую прысутнасць у гэтым свеце. Вось тут рука рабочага неспадзеўкі задрыжэла, а вось тут ён ціха і нязлосна вылаяўся, сутыкнуўшыся з нечаканым супрацівам матэрыялу. Здаецца, нават можна адчуць пах, які сыходзіў у той момант з яго рота – бо акурат надоечы ён паабедаў шчодра прыпраўленым часныком баршчом.
14.04. Раптоўны павеў ветру здзірае з дрэваў апошняе лісце. Разам з тым ён агаляе і даўно прыцярушаныя друзам успаміны. “Вітрику, тихше, вітрику, цить”, – спявае пра сябе Марыя. Нічога не спыняецца. Але яна ўжо гатовая да гэтага прыступу болю. І сапраўды, неўзабаве ён сціхае.
Марыя ведае прыблізны час новай атакі: недзе пасля сёмай вечара. Да гэтага часу трэба вярнуцца дахаты, не забыўшыся па дарозе набыць той ці іншы кшталт лекаў.
Але яшчэ засталося пару гадзін. Можна працягнуць шпацыр.
14.17. Марыя спыняецца ля вітрыны і з лёгкім недаўменнем глядзіць на паўпразрыстую прывідную фігуру, якая праяўляецца на тле рознакаляровых рондаляў, тазікаў, гантэляў і пральных дошак. Прыходзіць да высновы, што за апошні час яна істотна схуднела. Старыя джынсы цяпер недарэчна вісяць на сцёгнах. Некалі яе пухнатасць лічылася адмысловай фішкай: многім падабаліся дзяўчаты “ў целе”.
Апрача яе, у вітрыне таксама адлюстроўваецца дабіты “ікарус”, што спыніўся на святлафоры, парасончыкі піўнухі насупраць, пара геяў, якія дзеляцца паміж сабою пяшчотай, стоячы на прыпынку.
14.29. Марыя няспешна падыходзіць да суседняга з універмагам дома. Гэта нейкая ўстанова, выведзеную на шыльдзе назву якой Марыя чытаць заўсёды лянуецца. Прытуляецца спінай да калоны ўваходнага порціка. Яна ўжо не першы раз назірае за тым, што адбываецца ўнутры.
У старых вокнах з прагнілымі рамамі гарыць святло. Мужчына ў строгім касцюме сядзіць за сталом, утаропіўшыся вачыма ў раскрытую тэчку з паперамі. Часам нешта пазначае асадкай.
Дзверы ў кабінет адчыняюцца. Другі мужчына ненадоўга адрывае яго ад працы, каб зрабіць заўвагу альбо давесці да ведама важную інструкцыю. Ён гаворыць узважана і безэмацыйна, робячы акцэнт літаральна на кожным слове.
Той, хто сядзіць за сталом, ледзь прыкметна ківае. Выгляд у абодвух настолькі сур’ёзны, нібы яны знаходзяцца за пультам кіравання гэтым светам.
Марыя амаль перакананая ў тым, што іх службовы абавязак – пісаць і рэдагаваць чыесьці гісторыі. У тым ліку і такіх, як яна. Магчыма, гэта менавіта яе прозвішча выведзена асадкай на тэчцы з буйнымі літарамі “Дело”.
Болей за тое, не выключана, што чыноўнік хвіліну таму атрымаў указанні неяк адкарэктаваць сюжэт – альбо, наадварот, адмяніць запланаваныя ім папраўкі як неадпаведныя тым ці іншым нарматыўным актам. Марыя разумее, што за матэрыял можа быць назапашаны ў гэтай тэчцы. Без сумневу, там ёсць усе падрабязнасці – асабліва тыя, якія яна хацела б цяпер назаўсёды выцерці з памяці.
Вобраз апаганенага храма ўжо каторы раз з’яўляецца ў яе свядомасці.
Пасля таго як начальнік пакідае кабінет, мужчына за сталом адрываецца ад папер, дастае з дыпламата слоік з баршчом ды пачынае з апетытам яго высёрбваць, заядаючы хлебам. Крышынкі трапляюць на літары, якія могуць быць для кагосьці лёсавызначальнымі.
Далонь размашыстым рухам страсае крышынкі на падлогу. А калі на адным з аркушаў праявілася тлустая пляма, мужчына камечыць гэтую паперчыну ды выкідае ў сметніцу.
Але Марыя ставіцца да гэтага з разуменнем. Якніяк, у кожнага ж павінны быць свае чалавечыя слабасці і хібы. Не выключэнне й тыя, хто стварае гісторыю.
14.53. Марыя адыходзіць на сотню метраў, затым ізноў спыняецца. Глядзіць угару, затым апускае вочы долу, затым выроўнівае спазор. Нахіляе галаву. Людзі вакол яе рухаюцца па сваіх траекторыях, часта даволі няроўных. Іх маторыка падаецца зусім ненатуральнай: як быццам яна зададзеная звонку нейкім мудрагелістым алгарытмам. Як быццам сваімі рухамі яны павінны нешта камусьці паведамляць.
Зусім побач пралятае хлопец на ровары, ледзь не шаргануўшы па плячы Марыі. І гэта таксама ўяўляецца ёй невыпадковым.
Падобна, сваімі рухамі ўсе яны ствараюць нейкі артыкуляваны сюжэт. Магчыма, гледзячы на ўсё гэта з вышыні птушынага палёту – альбо хаця б з вежачкі, што вянчае дом на рагу, – абазнаны чалавек здолее лёгка прачытваць зразумелыя і сутнасныя мэсэджы. Але Марыя ў гэтым тэксце пачуваецца лішняй літарай. Яна забрыла ў яго выпадкова, ёй трохі няёмка. На пачатку бульвара гармонік грае “Развітанне славянкі”. Падлеткі, якія на лаве ля крамы абмяркоўваюць сваіх сняжанаў, праводзяць Марыю абыякавымі поглядамі. Яна ўжо даўно зразумела, што стала анахранізмам, і нават трошачкі здолела з гэтым звыкнуцца.
Марыя доўга назірае за тым, як пяцігадовая дзяўчынка есць бульбуфры. Малюткія пальчыкі адна за адной вымаюць з папяровага пакунка роўныя лустачкі і няспешна падносяць да рота. Кожны рух дакладны, сур’ёзны і трапны. Вусны сталі трохі вільготнымі ад тлушчу.
Сэрца Марыі неспадзеўкі асвятляе любоў да людзей, але гэта зусім ненадоўга.
15.00 Марыя раптам прыгадвае, што трэба нешта есці. Яна амаль не адчувае голаду – хутчэй, гэта чыста рацыянальнае разуменне. Недзе зусім паблізу павінен быць гандлёвы цэнтр “Царская брама”, а ўнутры яго – ятка са смачнымі чабурэкамі.
Неўзабаве яна на месцы. Ля дзвярэй пашыхтаваліся сумнеўнага віду немаладыя кабеты, на пластмасавых скрынях раскладзеныя шкарпэткі, сала, венікі для лазні, парасоны… Марыя з цяжкасцю адбіваецца ад цыганкі, якая прапануе прываражыць ёй масквіча з кватэрай.
Апрача плошчы, гэта ці не адзінае месца ў горадзе, дзе віруе жыццё. Гандлёвы цэнтр размясціўся ў былой царкве, пабудаванай у 90я – падчас імклівага ўздыму цікавасці да рэлігіі, якая неўзабаве гэтак жа імкліва ўпала да нуля.
Вялізны храм у старажытнарускім стылі не сталі перарабляць у адпаведнасці з новай функцыяй: яго проста здалі ў арэнду і падзялілі на соты. На фасадзе цяпер красуе з паўсотні шыльдачак: “Абутак”, “Рэчы з Еўропы”, “Аксесуары для сняжанаў любых мадэляў, перапрашыўка, рамонт”…
Калі шкляныя дзверы адчыняюццазачыняюцца, спружыны дзіка рыпяць, нібы адпраўляючы ў космас шыфраваныя радыёсігналы. Мужчына ля ўваходу сплёўвае проста на падлогу, затым адкусвае кавалак хотдога. Недзе непадалёк мажная кабета сварыцца на прадавачку курыных грудак. Па руцэ Марыі шоргае другая скура чыёйсьці курткі.
Унутры даволі шмат людзей, уключаных у тыя ці іншыя працэсы, але Марыя адразу разумее, што нічога агульнага іх не лучыць. Асобіны часам аб’ядноўваюцца ў тактычныя саюзы – такія як, напрыклад, “пакупнікпрадавец”, – аднак узніклыя паміж імі повязі вельмі хутка разрываюцца. Кожны сам па сабе.
Сцены паранейшаму распісаныя фрэскамі. Месцамі яны трохі аблупіліся, а некаторыя фрагменты спрэс завешаныя таварам і яго рэкламай – асабліва вылучаецца слова “МЯСА”. На клірасе абсталяваны стаматалагічны кабінет.
У гармідары розных гукаў, што зліваюцца пад высокімі скляпеннямі, патанае голас чалавека ў дзіўнай чорнай апранасе, які трымае свечку ў руцэ. Тым не меней яго вусны ўпарта прамаўляюць нейкія словы.
Марыя адчувае, што гэты чалавек такі самы адчужаны ад наваколля, як і яна. Таму падыходзіць бліжэй, праціскаючыся праз шчыльнае і несупынна рухомае месіва целаў.
Потым яны доўга размаўляюць. Дакладней, пераважна гаворыць ён. Павольна, простымі словамі. Часам нават не чакаючы на адказ.
Марыя даўно ні з кім пасапраўднаму не размаўляла, ёй ёсць што сказаць. Але цяпер яна чамусьці збольшага маўчыць альбо і наогул абмяжоўваецца жэстамі. Не гаворыць, не слухае, але проста маўчыць.