Читать книгу Мае дзевяностыя - Альгерд Бахаревич, Ольгерд Бахаревич - Страница 1

2018
Найлепшы час для памылак

Оглавление

Цяпер мне сорак тры.

Зь дзесяці галоўных хрысьціянскіх запаветаў я парушыў роўна палову. Думаю, на гэтым пакуль што варта спыніцца. Ня буду ўдакладняць, якімі менавіта божымі законамі я пагрэбаваў, – важна тое, што ўсе пяць былі парушаныя яшчэ ў 90-я.

Менавіта на гэтыя гады і прыпала мая маладосьць.

Маладосьць існуе, каб рабіць памылкі. Каб экспэрымэнтаваць над сабой і іншымі, рызыкаваць, бунтаваць і… І, што зробіш: неўпрыкмет прыцірацца да сьвету. У маладосьці падаецца, што ў цябе ў запасе ёсьць яшчэ адно жыцьцё – і калі яно раптам не складзецца, такой бяды: яго пражыве за цябе нехта іншы. Пражыве, пакуль ты, як дурань, будзеш бегаць басанож па расе, ап’янелы ад улады над дадзенымі табе часам і целам, над цемрай будучыні: no future for you. Гэтая ўлада здаецца вечнай. У маладосьці ты не задумваешся над тым, што ўжо пачаў пісаць сваю гісторыю – якая, на жаль, не падлягае рэдагаваньню. І правільна. Толькі камсамольскія кар’ерысты і мэнэджэры сярэдняга зьвяна ад пачатку пішуць сябе начыста.

Эпоха 90-х была ідэальным часам для памылак і экспэрымэнтаў – межы свабоды пашырыліся настолькі, што ты ня ведаў, за што хапацца, што яшчэ кінуць на пажыву ненаеднаму ўласнаму «я». 90-я – бясконцая чарада спакусаў на выбар, гэта адпушчаныя на свабоду рэцэптары, нэрвы, думкі, жаданьні, гэта амаль «дастаеўскае» адчуваньне, што бога няма і можна ўсё – і трэба пакаштаваць як мага болей, бо заўтра гэты рай могуць прыкрыць. Старэйшаму пакаленьню дзевяностыя бачацца як панылы, цяжкі, шэры час – але мая генэрацыя ведае: гэта быў час самага вар’яцкага драйву і найвялікшай свабоды, калі лёгка дыхалася, думалася, сьпявалася і пілося, а дзяржава толькі зьбіралася зь сіламі, каб зрабіць ашалелым ад свабоды людзям ін’екцыю свайго снатворнага.

Наступнаму пакаленьню будзе ўжо значна цяжэй. Памылкі і экспэрымэнты каштавацьмуць яму даражэй, а выхад з ачмурэньня акажацца балючым і цяжкім. Парушаць, экспэрымэнтаваць, кідаць выклік і выходзіць за межы зробіцца ў гэтай краіне злачынствам «па змоўчаньні» – і з такімі людзьмі я сустрэнуся, калі генэрацыйны разрыў паміж намі зробіцца непазьбежным.

Я жахнуся іхнай несвабодзе.

Я раззлуюся на іхнае няведаньне.

Я пашкадую іх за іхную сьлепату.

І пазайздрошчу іх мэтанакіраванасьці і здольнасьці ня браць нічога блізка да сэрца.

І захачу напісаць гэтую кнігу.

Мае дзевяностыя

Подняться наверх