Читать книгу Толькі не гавары маёй маме… (зборнік) - Адам Глобус - Страница 4

Сінема
(аповесць пра суперажыванне)

Оглавление

1 – Алкаголь

Сiнема лепш чым кiно, бо да слова «кiно» занадта многа рыфмаў – вiно, даўно… А Жуль Рэнар пiсаў, што рыфмы псуюць прозу, праўда, я з iм не згодны. Вось, напрыклад, «вiно – кiно», тут жа не толькi рыфма, тут ёсць i сэнсавая сувязь. Што рабiць увечары? Пiць? Большасць маiх суайчыннiкаў так i робiць. А калi не пiць? Тады iсцi ў кiно.

Толькi гэта не галоўнае. У слове «сiнема» чуецца нешта iтальянскае, можа, сiняе мора, можа, сiняя смуга, а можа яшчэ што-небудзь. А без Італii няма кiно. Але пра гэта пазней. Вернемся да алкаголю.

Была ў мяне дзяўчына. Нiшто сабе габрэйка з вельмi заможнай сям’i, яе бацька помнiкi на могiлках рабiў. Адносiны ў мяне з габрэйкаю былi абуральна-цнатлiвыя, вось мы i хадзiлi ў кiно. У той раз, пра якi буду гаварыць, я ўзяў квiткi ў кiнатэатр «Цэнтральны». Кiнатэатр неблагi, толькi стаiць занадта блiзка ад вакзала, i адпаведна публiка там, выбачайце, свiны мешань. На кiначасопiс мы спазнiлiся, i, як на гора, мне яшчэ захацелася ў прыбiральню. Праўда, я не з тых людзей, што саромеюцца сваiх жаданняў. Яшчэ ў дзiцячым садку мяне прывучылi паважаць арганiзм. «Пачакай, я хутка», – сказаў я габрэйцы i пайшоў. Іду праз курылку. І якi разумнiк прыдумаў буфет i курылку з прыбiральняй побач зрабiць?! Буфет быў зачынены, а ў курылцы на лаўцы пляшка гарэлкi стаяла. Ну стаiць i стаiць. Мне што? Паглядзеў я кафлю над пiсуарам, вяртаюся. Пляшка на месцы. Зiхцiць! Узяў яе ў рукi. Закаркаваная. «Чыя гарэлка?» – спытаў я ў буфетных i прыбiральных дзвярэй. Цiха! Адкаркаваў я пляшку i выпiў з рыльца больш за палову цёплай, ледзь пракаўтнуць, вадкасцi. Паставiў я пляшку на месца i пайшоў цешыцца з дасягненняў кiнематографа. Як iшоў, як па чужых нагах таптаўся, як сеў – помню. А што на экране было – не помню. Адныя плямiны чырвоныя i зялёныя i яшчэ жоўтыя засталiся ў памяцi. Дзiва, што хоць плямiны засталiся. Кепска мне зрабiлася. Заля поўная, цёмна, дыхаць няма чым. Выйшаў я разам з брыдкiмi словамi, што ў мяне гледачы запускалi. Добра, што не званiтаваў iм на плечы. Абышлося.

А вось у кiнатэатры «Партызан» не абышлося. У Алеся Ласевiча была хата, так выйшла, што кватэру яму далi, а хату не знеслi. Мы ў ёй майстэрню зрабiлi. Мальберты, карцiны на сценах, канапа i, вядома, натуршчыцы. Маладыя гады, маладыя жаданнi, як пiсаў класiк. Запрасiлi мы Касю Рогаву. У Касi пастава, я вам скажу, усе мужыкi азiралiся. Не фатографы i розныя там кiна-тэле-клiпа-рэжысёры, а звычайныя пралетарыi. Высокая васемнаццацiгадовая дзеўка, а важыла, пэўна, цэнтнер. Вось так. «Верх здыму, а нiз не!» – сказала, як адрэзала, наша натуршчыца. «Здымеш, гэта толькi пачатак. Сорам адолееш i здымеш свае майткi. Як i ўсе папярэднiцы здымалi», – падумаў я i пачаў фарбы на палiтру выцiскаць. «У цябе што, лажа?» – спытаў Алесь. Кася паружавела i сказала, што, калi б у яе была менструацыя, яна зусiм не прыйшла б, бо ў хаце нават гарачай вады няма. «Адвярнiцеся». Мы адвярнулiся. «Усё!» Я павярнуўся i… закусiў шчаку, каб не засмяяцца. Кася Рогава стаяла пасярод майстэрнi, шырока расставiўшы свае манументальныя ногi i высока ўзняўшы галаву, не раўнуючы Жанна д’Арк у парыжскiм натоўпе. Важкiмi кулакамi Рогава ўпiралася ў свае смятанныя клубы. У адным з кулакоў яна зацiснула станiк. Я глянуў на Алеся i мацней закусiў шчаку. Што зрабiў Алесь, каб не зарагатаць, не ведаю. А я пракусiў сам сабе левую шчаку. У роце зрабiлася салёна. Я схiлiўся i плюнуў на палiтру, каб запэўнiцца, што поўны рот крывi, а не слiны. Смех прапаў.

«Пакладзi станiк i стань нармальна». Голас у мяне быў нейкi вайсковы, i Кася паслухмяна паклала на канапу белы станiк, зняла майткi i стала спакойна i асуджана, як жанчыны становяцца ў доўгую чаргу. Я пiсаў толькi торс: плаўныя ключыцы, налiтыя грудзi з ружовымi, што мальвы, саскамi. «Мне холадна!» – Касiны блакiтныя i пустыя вочы глядзелi на мяне патрабавальна. «У мяне ёсць вiно», – з-за мальберта вынырнуў рабы Алесеў твар. Мы выпiлi дзве бутэлькi горка-салодкага «Агдаму» i не прыдумалi нiчога лепшага, як пайсцi ў кiнатэатр.

Заля была паўпустая, мы селi на першы рад i пачалi смяяцца, пэўна, выходзiў той «ржач», якi мы праглынулi ў майстэрнi. Кiначасопiс скончыўся, запалiлася святло, да нас прычыкiльдыгала наглядальнiца. Яе азызлы, што вараная цыбулiна, злосны тварык з выбеленымi вусiкамi i бурачковым ротам наблiзiўся да мяне: «Будзеш смяяцца, выведу з залi!» Смяяцца расхацелася, захацелася сыграць джаз. Пад экранам блiшчэла чорнае пiянiна. Алесь iграў, Рогава спявала, як жыхарка амазонскае сельвы цi як Іма Сумак, я iмiтаваў Армстронгаву трубу, заля свiстала, тупала, лаялася i крычала. Такi поспех здараецца адзiн раз на ўсё жыццё. На вулiцы было свежа пад буйнымi зялёнымi зоркамi. І я натхнiўся i, абняўшы Рогаву, сказаў, што самыя вялiкiя зоры адбiваюцца ў цёмнай вадзе Амазонкi.

А з вадою, толькi не з рачною, а басейнаваю, у мяне знiтаваны яшчэ адзiн выпадак. У кiнатэатры «Спартак», цяпер гэта Дом работнiкаў гандлю, быў шыкоўны буфет. Мясцiўся ён на антрэсолях, а не каля прыбiральнi ў сутарэннях, як у «Цэнтральным» i «Партызане», дарэчы. За стойкаю там усмiхалася круглатварая дзявуля, якую мы празвалi Рэпа. На верхняй палiцы ў Рэпы стаяла вiно. На iтальянскi фiльм «Мы так любiлi» у «Спартак» мы прыйшлi учацвярых – Я, Алесь, Жанна i Вовiк. Мы доўга разглядалi верхнюю палiцу з вiном. «Кабернэ», «Рыслiнг«, «Такайскае»… Мы скiнулiся i ўзялi партугальскi «Марцiнес». Мы сядзелi на першым радзе i пiлi чырвонае моцнае вiно i смяялiся i глядзелi трагiкамедыю.

«Тры маладыя i вясёлыя рымлянiны закахалiся ў адну дзяўчыну. Яна iх таксама любiла i нават пераспала з iмi па чарзе. Ну, вядома, рэўнасць, начны Рым, фантан, лiхтары, смех, паданне ў фантан… Буйны план – вочы i слёзы. Буйны план – усмешка. Яна – ён. Яна – ён (толькi ўжо другi ён)». Мы п’ём вiно, як дамовiлiся, маленькiмi глыткамi. «Сваркi. Героi махаюць рукамi. Так умеюць махаць толькi iтальянцы. За адно iмгненне пралятае дваццаць гадоў. Яна выпадкова сустракае аднаго з iх. Яны п’юць у бары вiно». Мы таксама п’ём пакрысе, каб расцягнуць кайф. «Яны знаходзяць яшчэ аднаго з старых знаёмых. Яны ўсе бедныя i вясёлыя. Праз даведку яны даведваюцца адрас чацвёртага. Ідуць да яго. Вялiкая вiла з басейнам. Ён у махровым халаце выходзiць з вiлы, iдзе праз разарый да блакiтнага, хутчэй, колеру марской хвалi, басейна, скiдае халат i ўзбягае на вышку, ён ляцiць у ваду. Стоп-кадр. Ён вiсiць над басейнам колеру марской хвалi. А жанчына i яе сябры пацiскаюць плячыма, смяюцца i сыходзяць. Канец». У Вовiка парожняя пляшка з-пад «Марцiнеса», i ён п’яны. Так заўсёды, нехта напiваецца першы, хай сабе i дамовiлiся пiць маленькiмi глыткамi. Усе смяюцца i кажуць, што гэта я нырну ў басейн, ажанюся з габрэйкай i пабудую вiлу. Я, вядома, не супраць вiлы з басейнам. Але кажу, што нырне Вовiк. Вовiк кажа, што Алесь.

Мы ўтрох не нырнулi ў басейн колеру марской хвалi. Вiла толькi ў Жанны. Яна выйшла замуж за нашчадка аўстра-венгерскага пана i пераехала з Мiнска ў Чарнаўцы. Жанна пiша вялiкiя карцiны на сюжэты накшталт «Уз’яднанне Букавiны з Украiнаю», някепска зарабляе i жыве з мужам i сынам i свякрухаю на хутары. Толькi хутар той – гэта не хата з хлявом пасярод лесу пад Налiбокамi, а сапраўдны маёнтак i басейн ёсць, вось вам. Гэта мне Жаннiн бацька расказаў, толькi паскардзiўся, што ўнук не гаворыць нi па-беларуску, нi па-расейску, а толькi па-ўкраiнску, i ён, дзед, не ўсё разумее.

2 – Дом кiно

Дом кiно я не люблю. А хто яго, зрэшты, любiць? Можа экзальтаваныя дурнiцы, што прыехалi ў сталiцу з райцэнтраў ды так i засталiся ў сваiм развiццi на ўзроўнi касiрак? Цi можа дападныя юнакi, якiя бачаць у снах рэжысёрскую кар’еру? Не. Нават яны не любяць мiнскi Дом кiно. А за што яго любiць? I сапраўды. Можа за тое, што там часам паказвалi галiвудскiя кiнастужкi з стрыптызам, лабок на ўвесь экран, дый садызмам, кроў капае з кулака? Цi за тое, што дзябёлая барменка налiвае разбаўлены каньяк? А мо за творчыя вечарыны?

На адной з такiх вечарын я выступаў у якасцi паэта. Вечарына называлася «Мова паэзii i мова кiно». Пракруцiлi два фрагменты, адзiн з «Мальбы» Абуладзе, другi з «Люстэрка» Таркоўскага. У даным выпадку пра якасць гэтых стужак гаварыць не выпадала. Я выйшаў да мiкрафона i панёс на Абуладзе, напэўна, дарма, але я абураўся, што ў расейскiм варыянце «Мальбы» ўсе вершы чыталiся з дзiкiм грузiнскiм акцэнтам. Нiбыта iх чытае не прафесiйны актор, а савецкi салдат грузiнскага паходжання, якi ледзь навучыўся разбiраць кiрылiцу. Культывацыя ўсялякiх акцэнтаў i iмiджаў – адна з самых брыдкiх з’яў савецкага мастацтва. І можна было б уявiць абурэнне расейцаў, каб вершы Пушкiна з «Люстэрка» пасля дубляжу на ангельскую мову загучалi б з акцэнтам. Але што вялiкiм народам да праблемаў малых?! Яны пануюць, яны гаспадары свету, яны ператвараюць мовы ў акцэнт, а нацыянальную самабытнасць i самакаштоўнасць у сувенiры, бутафорыю, iмiдж.

Толькі не гавары маёй маме… (зборнік)

Подняться наверх