Читать книгу Блюмэнштрасэ - Аксана Данільчык - Страница 2

I

Оглавление

«як заціхае перад бурай свет навакольны а пасля…»

як заціхае перад бурай свет навакольны а пасля

зямлі напружанай дыханне напятыя адчуюць душы

калі спыняюцца ўсе рэкі

а рыбы дасягаюць дна

і птушкі стрымліваюць голас

каб гэтай цішы не парушыць


па ўсіх вятрах і кантынентах па ўсёй бязмежнасці зямной

вібруе чуйнае паветра блакітнай хваляю трывогі

і нашых душаў абалонкі

руйнуе гэты неспакой

і высыпаюцца пачуцці

на непралазную дарогу


на вежах круцяцца радары і пачынаецца адлік

зваротны да крытычнай кропкі

дзе ў перспектыве толькі мінус

а шыхт напружаных вайскоўцаў ад нечаканасці прыціх

і нахіляючы галовы

калашнікавы прэч адкінуў


апладысментаў мерным гукам скануецца жывы прасцяг

адзначаны адсутным словам

і ўпартай стрыманасцю жэстаў

хто самазванец хто сапраўдны хто гаспадар а хто ў гасцях

самасцвярджаецца прастора

маўклівай акцыяй пратэста


«хачу забыцца што ёсць страх хачу забыцца…»

хачу забыцца што ёсць страх хачу забыцца што нам даводзіцца за ворагаў маліцца

што вераб’і хаваюцца пад дах злавесны лёд навіс на абразах што нейкі ціхі голас шэпча

за ворагаў трэба не проста маліцца у ворагаў трэба яшчэ і вучыцца

адкінуць пустыя размовы вучыцца перамагаць паступова вучыцца перамагаць раптоўна са стараннем падвойным

і сіні снег цячэ прадоннем рэк і адгукаецца далёкі смех

я стаўлю свечку і – наперад

step by step


«цішыня што нас выпрабоўвае…»

цішыня што нас выпрабоўвае

падкрадаецца ззаду на дыбачках

закрывае нашыя вочы сваімі цёплымі пальцамі

цішыня што нас размяркоўвае

раскладае быццам па скрыначках

раздзяляе нас па адлегласцях


быццам мы вінаватыя


быццам мы вінаватыя

што таксама праклятыя

што і мы дакрануліся

у свой час не прачнуліся


а я прызвычайваюся да цішыні

шукаю яе ў схованках за шклянымі дзвярыма

у разрэжаным паветры чужой тэрыторыі

дзе мы як калісьці мурыны ў далёкай прэторыі


я раблюся сама цішынёй

прарастаю яе ліянамі

разліваюся акіянамі

выцясняючы гукавыя хвалі

цішыня нібыта каралі

сціскае шыю маю нерухома

і знясільвае

быццам стома

________________________________________

я свой голас схаваю ў шуфляду

і забудуся замкнуць на замок

і пакіну яго без нагляду

каб у сінюю далеч уцёк


і звінеў сярод роднага гаю

быццам звон што на свята склікае


blow-up

ёсць коміны падобныя да вежаў

яны глядзяць у ростаняў бязмежжа

другія сны з іх вышыні відаць

якія паглынулі назаўсёды

гісторыю краіны і народа

яны затоена і стрымана маўчаць


там круціць флюгер лічбу пакрыёма

год перад-рэпрэсійны дваццаць сёмы

зусім нябачны ў тлуме гарадскім

і толькі сілаю павелічэння

вяртаюцца далёкія імгненні

як лёгкі пах як воблака як дым


і можна ўбачыць зноў на вулках гэтых

драўляны Менск і маладых паэтаў

ні высылак ні страчаных гадоў

на некранутых дворыках Нямігі

ляжаць іх недапісаныя кнігі

да лепшых дзён да самых лепшых сноў


дзень памяці

а чаму ж сёння ніхто не аплаквае вас беларусы

хіба вашыя дзеці не ўздымаліся дымам

над неўзаранымі палеткамі

хіба вашыя вочы не былі сухімі

бо не маглі болей плакаць

хіба вы не баяліся ўдзень немцаў

уночы партызанаў

раніцай венграў

увечары латышоў

а кожны сябар у любую хвіліну мог стаць ворагам


чаму ніхто не аплаквае гэты суцэльны страх

хто прыйшоў хто сышоў

хто застаўся хто згінуў

не ведаю


ведаю што

дзве знаёмыя мне жанчыны сустракалі вайну

з немаўлятамі на руках


дзеля каго ўсе гэтыя парады

хіба гэта вашыя танкі

хіба гэта вашая зброя

хіба гэта вашыя сцягі

хіба гэта вашыя перадавыя


у маіх бабуляў была іншая перамога —

немаўляты засталіся жывыя


чаму ж сёння ніхто не аплаквае вас беларусы


«калі Вы стаіце насупраць мяне такі рэальны…»

калі Вы стаіце насупраць мяне такі рэальны такі сапраўдны і даверліва гаворыце пра наступныя цяжкія але ўдарныя пяць гадоў хіба я магу Вас пакрыўдзіць

хіба я магу сказаць што я не старшыня ніякай камісіі і нават ніколі не кідала за Вас белы шар

але маё маленькае змаганне за родныя літары мае куды большы сэнс чым усё Вашае змаганне за ўладу

бо ў гісторыі якая не мае ўмоўнага ладу але якую імкнуцца перапісаць зноў і зноў нішто не апраўдвае прабітых галоў


а сумленне пакуль яшчэ ніхто не адмяняў


«Жанчыны без вачэй і без голасу…»

Жанчыны без вачэй і без голасу

разыходзяцца па інстанцыях

запаўняюць праўладныя калідоры

і прылеглыя тэрыторыі

забываюцца на ўласныя думкі

і не маюць уласнай гісторыі…


Нашто яна ім?


Кожную раніцу па-над плошчамі

уздымаецца шэры дымок

прэзідэнты бягуць на працу

варыцца кава


Колькі вас

без вачэй і без голасу

ўціснутых у шэрыя сцены?


Пакаленне змяняецца пакаленнем.


Таму што сістэма шукае людзей сістэмы

таму што сістэма стварае людзей сістэмы


___________________________________________

Жанчыны без вачэй і без голасу

разыходзяцца па інстанцыях

запаўняюць праўладныя калідоры

і прылеглыя тэрыторыі

забываюцца на ўласныя думкі

адмаўляюцца ад уласнай гісторыі…


«нешта зламалася…»

нешта зламалася

такі bello y malo como Satán добра пастаўленым голасам спрабуе выказаць чужую волю наконт таго што робіць каштоўнасці адноснымі кампрамісы апраўданымі а ўсмешкі шчырымі а таксама пра перавагу таварна грашовых падыходаў да ўсякага роду стасункаў але гэтая воля ўжо непадуладная ніякім рацыянальным катэгорыям

не думай што ты толькі назіральнік твае вочы злучаюцца з гэтай прасторай у мностве атамаў губляецца тваё цела і хтосьці спяшаецца туды дзе можна яшчэ паспець засведчыць момант твайго распаду

нешта зламалася

на плошчу дзе енчаць валацужкі далятае пах гуакамоле

астурыяс адпачывае


развітанне з Еўропай

мост над Нямігай

між адной амбасадай і другой

на якім мінакоў амаль не бывае

дыханне паўночнага ветру гайдае

і то падымае то апускае

на спіны тралейбусаў


магчыма некалькі стагоддзяў таму

я б апынулася сярод плыні

і размахваючы рукамі

маліла аб ратаванні


а цяпер тут няма вады


толькі падае снег

толькі мост дрыжыць

па-над плынню машын

і змагаецца

з бесперапынным хістаннем


я імкнуся на ім утрымацца

не зваліцца і не разбіць галаву

бо тут і цяпер

я на гэтым уздыбленым мосце

жыву


а жоўтыя зорачкі

сплываюць у бок Раманаўскай Слабады

за невядома які далягляд


сіні фон вечаровага неба ізноў пусты

і невядома

ці будзе нехта чакаць іх назад


«Подых вясны над шашой, над абуджаным лесам…»

Подых вясны над шашой, над абуджаным лесам,

Таюць снягі, безупынна ад ранку імжыць,

Неверагодны Шцірліц кіруе сваім Мерседэсам

І дасягае нарэшце сапраўднай швейцарскай мяжы.


Істы арыец, ён знешне зусім не хвалюецца,

Хоць небарака прафесар, стары ідыёт,

Не заўважае трыклятых вазонаў на Кветкавай вуліцы,

Не заўважае – і вось ён, апошні палёт.


Здзекліва птушкі спяваюць у краі багатым,

Тут без вайны ідылічна швейцарцы жывуць.

Ён засынае і сніць беларускія хаты,

Родныя нівы, залітую сонцам траву.


Потым купляе ў дарогу швейцарскіх дэлікатэсаў,

І – на галодны Берлін, сцяўшы волю ў магутны кулак.

Неверагодны Шцірліц кіруе сваім Мерсэдэсам,

Толькі імгненні, як кулі, ляцяць у шырокі прасцяг.


«Мне хацелася б напісаць індустрыяльны верш…»

Мне хацелася б напісаць індустрыяльны верш,

увесь з простых ліній, як супрэматычны малюнак.

Раскласці іх як рэйкі і шпалы па гарызанталі і па вертыкалі,

а некалькі наўскасяк, быццам бы выпадкова ўпалі.


І радавацца такому дызайну, бо з яго, як з поля дубы,

вытыркацца будзе комін фабрычнай трубы,

а па хрыбеціне пабягуць цягнікі,

пераскокваючы русла вычарпанай даастатку ракі.


Вось ён, зусім не прыроды дар, а натхнення ўвасоблены ўзор,

якому пара на прастор, на шырокі прастор!

Ён сам націскае на газ, ён рвецца ў празрысты блакіт,

ён перашкоды руйнуе нібы дынаміт.


глядзі на дарогу

ты не бачыш нічога ні лісця ні дрэваў толькі напрамак руху

здаецца што дарога сама цябе нясе і гэтае вільготнае бетоннае пакрыццё свабоднае ад перашкодаў робіцца найлепшым краявідам а здаровае муркатанне матора – найлепшай музыкай

раней цябе вучылі глядзі пад ногі а цяпер ты спыняеш усе непатрэбныя думкі і загадваеш глядзі на дарогу

а ў люстэрка задняга пагляда пазірае восень і туманная раніца прасякнутая сонечным бляскам што ўздымаецца з зямлі

раніца якую хочацца запомніць занатаваць але не

не азірайся Эўрыдыка

глядзі на дарогу


твой Арфей едзе на чорным джыпе па трэцяй паласе


«лабавое шкло зацярушана першым снегам…»

лабавое шкло зацярушана першым снегам


спрабую адхукаць пальцы і гляджу

як холад паступова завалодвае горадам

дзе пахавана шчасце

рассыпанае рысавымі зярнятамі па яго лесвіцах

знітаванае з водарам кавы і пахам бензіну

сасланае ў закінутыя будынкі

без права перапіскі


горадам дзе пахавана гісторыя

у яго вокнах я бачу адбіткі знаёмых твараў


яны накладаюцца адзін на адзін

празрыстымі малюнкамі

і расплываюцца па шкле

як кроплі бензіна ў калюжыне

яны спрабуюць зацягнуць мяне ў свае віры

але я не паддамся

і застануся ў халоднай машыне

чакаць сямнаццаць імгненняў вясны


мая місія працягваецца


«спачатку я думала што мара…»

спачатку я думала што мара

гэта паўлін

такі прыгожы

так хвост пераліваецца

зялёным блакітным залатым

проста вочы хочацца заплюшчыць ад асалоды


потым мне здалося што мара

напэўна лебедзь

так і мкнецца ляцець у разбэрсаныя хмары

не сядзіцца ёй на месцы

дрыгаецца то туды то сюды і дражніцца

схапі мяне хутчэй


цяпер я бачу што мара

гэта дзяцел

дзяўбе і дзяўбе

раніцай удзень вечарам уночы

тук-тук тук-тук тук-тук


можа ўсё ж такі скруціць ёй шыю?


разгубленасць

калі ўнутраныя ваганні

дасягаюць амплітуды ў сто восемдзесят градусаў

а яснасці так і не дадаецца


калі жыццё ператвараецца ў стужку навінаў

ніводная з якіх у свядомасці

так і не застаецца


і сонца не сонца

і вецер не вецер

і проста да рамы ваконнай звужаецца свет


тады нападаюць сумненні

быццам піранні

і пакідаюць толькі хрыбет


і хто ты пасля

пераконвай цяпер

што шукаеш спакою і міра


і перамога твая

нагадвае нечым

рэшткі арміі Піра


ты – шхуна якая гайдаецца ў моры

між крэйсераў чорных

і белых фрэгатаў


ты – неба ў чаканні маланкі

якая на хвалі ўпадзе

і асвеціць дарогу дахаты


«завяжы на памяць вузел…»

завяжы на памяць вузел

толькі не зацягвай


каб нечакана не сціснула горла

пятля


«пераменная хмарнасць не пакідае дрэвам…»

пераменная хмарнасць не пакідае дрэвам

ніякіх магчымасцяў аднаўлення

зеляніна каштанаў робіцца цёмнай

каб потым наблізіцца да стадыі поўнага вынішчэння


сонца быццам загнаная мыш

шукае шчыліну праз якую магчыма выйсці

але зрок ужо болей не той

як на пачатку лета ў далёкім забытым калісьці


першакрокі ў нязнаную бытнасць магчыма спыніць

пакуль нічога яшчэ не разбіта

чужыя сусветы спачатку захопліваюць мяне

пасля выштурхваюць са сваіх арбітаў


я – на вуліцы Ракаўскай дзе па сто раз на дні

мне то вецер то сонечны бляск

то густыя туманы то хмары апусцяцца нізка

мае вены паколатыя голкамі

праз якія ў мяне ўліваюць жыццё

дастатковае толькі

каб забяспечыць асноўныя функцыі арганізма


я не ведаю болей куды я іду

і нашто ў рэшце рэшт мне здалося ўсё гэта

мяне відавочна так шмат што іншым разам

я апынаюся ў паралельных светах


я гляджу на самую сябе як праз шкло

як праз покрыва мройнага ранку

мне на плечы злятаюцца ў чорнай смузе

птушаняты-падранкі


я не бачу святла не таму

што заплюшчыла вочы

а таму што злуюся бы тысяча восаў ці проста

як адзін скарпіён перад тым як на ворага скочыць


птушкі

І

чорных варонаў шэрагі чорныя

чаіцаў белых крылы прасторныя


іх нечаканая колькасць палохае

быццам знікае гармонія крохкая


гэта не прыклад выразнай экспрэсіі

гэта выява схаванай агрэсіі


быццам прыйшла іншаземная нацыя

і накрыла нас акупацыя


ІІ

дом насупраць

спрабуе пазбавіцца

ад надакучлівых птушак

напружваецца і

падкідае іх угору

яны падлятаюць як мячыкі

потым зноў сыплюцца яму на спіну

дом іх страсае

а птушкі пікіруюць на дуб

і лупяць па ім сваімі жалезнымі дзюбамі

жалуды пралятаюць са свістам

як свінцовае каліва

людзі спалохана нацягваюць шлемы

і абыходзяць дрэва

а на дрэве ці то гоман ці то лямант

ці то крыкі ці то енкі


Блюмэнштрасэ

Подняться наверх