Читать книгу Цені Дзікага палявання - Алесь Кожедуб - Страница 4
Алесь Кажадуб
Лесавік
Аповесць
ОглавлениеНе было нас – быў лес,
і не будзе нас – будзе лес.
З народнага
У глыбінях лясоў, якія з-за павалаў векавых дрэў, што памерлі ад старасці, з-за неабсяжных веснавых разліваў, з-за часовых і ледзь прыкметных дарог – хіба здолееш тут прасячы, загаціць і захаваць добрыя? – якія з-за нявымераных адлегласцей яшчэ ёсць на нашай зямлі, у гушчэчы тых лясоў часта трапляюцца чорныя, застылыя, зацягнутыя цвіллю ямы-прорвы, амаль мёртвыя вокны гнілое вады. Іх шчыльна, цесна абступаюць таксама чорныя, абымшэлыя, непадобна, што і жывыя, галастволыя дрэвы, вартуюць мёртвую ваду, гатовыя, калі надыдзе хвіліна, хіснуцца і цяжка абсунуцца, павіснуць, абламаўшы найтанчэйшае сучча, на голлях-руках суседзяў і згнісці, рассыпацца спачатку на кавалкі, а потым спарахнець, увайсці ў зямлю, каб пасля вытыркнуцца з яе кволым парасткам-дубчыкам, які некалі зробіцца дрэвам, гэтым лесам. І стаяць дрэвы, сашчапіўшыся ў далёкай вышыні цяжкімі шатамі, маўкліва і пільна вартуюць зачараваныя ямы, чакаюць. А ў вокнах-болоцінах хаваецца, шапаціць, шорхае, клубіцца, языкамі-пасмамі ліжа святло, нават распаўзаецца, каб паглынуць яго і завалодаць светам, змрок. З кожнай хвілінаю ён большае і мацнее, і ў прысмеркі змрок ужо хцівым гаспадаром навальваецца на наваколле і душыць жывыя гукі дзённага святла, – змрок ладзіць сваю песню начы. Наранкі ён вяртаецца да ям-прорваў – і яны маўчаць, мала каму вядомыя, з іх тхне холадам нежывога. І іх пазбягаюць – ды і не знаходзяць – людзі, абмінаюць звер і птушка, нават не залятае ў іх павеў ветру. Прорвы стаяць маўклівыя, як смерць.
Лесавік ведаў гэтыя прорвы яшчэ тады, калі замест цяперашніх лясочкаў тут разлягалася пушча. Пушча была вялікая нават для яго, ён жыў у ёй, вандруючы, мяняючы прыдатныя мясціны не таму, што нехта ці нешта яго зганяла – якія ў ляснога гаспадара ворагі ў лесе? – а па патрэбе. Ён жыў таму, што быў ахоўнікам лесу, яго гаспадаром, яго бацькам, ён павінен быў клапаціцца, каб лесу не было шкоды, нават самай малой. Ён быў, зрэшты, лесам. Яму быў вядомы самы глухі, самы дальні куточак пушчы, ён ведаў, як дзе бярэцца падлесак, ён гоіў былое пажарышча, заварочваў на яго лясны ручаёк, каб вадзіца змыла чорны гар, ажывіла для пачатку траву і кустоўе, а ўжо за імі, праз колькі зім і вёснаў, над нізкімі кустамі – кусты на пажарышчах заўсёды растуць нізкімі, вузластымі і кашлатымі, быццам распаўзаючыся па зямлі, – толькі пазней над імі загайдаюцца вяршалінкі тонкіх дрэўцаў. Наогул, пажары заўсёды былі самай страшнай бядою лесу, яны загойваліся вельмі цяжка, ды і загойваліся не да канца – лес на былых пажарышчах рос рэдкі і крывы, танкастволы, трава пры карэнішчах выдзёўбвалася нейкая сухая і шорсткая, а ягады і грыбы амаль не высыпаліся зусім. А затое на ўзмежках былое раны ўсё расло лепей, як дзе: дрэвы стаялі моцныя, тоўстыя, кусты аблямоўвалі іх такія густыя, што нават рэдкая пташка асмельвалася ўпырхнуць у іх спляценне, адно вужы і гадзюкі з ахвотаю запаўзалі ў непралазны гушчар, звіваліся там з галінамі, расслаблялі кольцы сваіх мускулаў – ім на адкрытых мясцінах заўсёды было цяжка, заўсёды трэба было хавацца і ўцякаць. Так, лесавік ведаў усё ў пушчы; ён амаль не ўмешваўся ў яе жыццё – толькі ахоўваў.
Але пушчы з часам рабілася ўсё меней і меней, пакуль не засталіся адно асобныя лясы, потым ляскі і пералескі. Ды і што казаць – лесавік жыў у пушчы ўжо нямала…
Калі пачалося ўсё, калі пачаўся ён, лясны гаспадар, які ведаў усё ў лесе і які ўсё ж не быў лесам? І які не быў ні зверам, ні птушкай, ні раслінай – і ні чалавекам?.. Чалавек і ён увогуле былі падобнымі. Гэта і ёсць той самы пачатак, тое даўняе, што ўжо і забылася. Чалавек заўсёды жыў у лесе, разам з лесам, будаваў сабе з лесу хаты, карміўся лесам – мясам і грыбамі, сокам і ягадай, мёдам і арэхамі, лячыўся таксама лесам – яго травамі, смоламі і каранямі, – і чалавек ніколі не пакідаў ваяваць з лесам, сячы і карчаваць яго, адсоўваць, нават паліць. Чалавек, канешне, не быў і заклятым ворагам лесу, але ніколі яго не шанаваў, не лічыў да сябе родным.
Вось для гэтага і быў ён, лесавік. І ў гэтым была повязь лесавіка з людзьмі.
Ідзе чалавек па лесе. Весела ідзе, лёгка, каго яму баяцца, чаго? У яго зброя, сякера ёсць, навязаны да палкі нож, лук са стрэламі – ён самы моцны, бо разумнейшы і хітрэйшы. І ў лес яго загнала патрэба – мяса трэба, шмат мяса, бо колькі ні ёсць чаго – усё мала, усё хочацца, каб болей. Чалавек ідзе лёгка і асцярожна, пільна ўглядаецца, чытае сляды, амаль не заўважае зайчыных і барсучыных – ён шукае лася, дзіка, казулю. І ласіха, гарбаносая, худая, вушастая, як на тое, зусім побач, ні аб чым не здагадваецца, стаіць сярод блізкіх кустоў, скубе лісце, краем вока цікуючы за смешным, даўгалыгім, няўклюдным ласянём, што дурэе на палянцы: то падскочыць, кінецца, спатыкаючыся, немаведама куды і раптам знерухомее, утаропіўшыся ў купіну, быццам і не купіна гэта, а дзіва дзіўнае, неверагодны куст, смачны, як матчына малако. А потым абыякава адварочваецца ад купіны, гэтак жа раптоўна страціўшы да яе цікавасць, і ідзе да маці, быццам накульгваючы, спатыкаючыся на ўсе чатыры нагі – такая ўжо хада ў ласянят, нязграбная. Чалавек ідзе, зараз пакажацца з таго боку паляны – і ўбачыць ласіху. І знікне, растворыцца ў кустах, нячутна зойдзе з падветранага боку, раптоўна акажацца з ёй зусім побач, меладычна, ціха зыкне страла, ахвосце яе нябачанай кветкай расцвіце пад моцнай лапаткай ласіхі – і ўскінецца тая, хрыпне, праткне капытом паветра, грузнаю тушаю абсунецца пры кусце, паваліцца, прыціснуўшы чародку сініх званцоў, тарганецца некалькі разоў, задрыжыць скурай – і аціхне. І ласяня, растапырыўшы яшчэ слабыя ногі, у непаразуменні ўтаропіцца ў маці, спяшаючыся, падскочыць да яе, торкнецца пысаю ў жывот, потым крыху адбяжыцца – і зноў падскочыць, смешна і няўклюдна. А чалавек і не адразу перарэжа яму горла, бо ведае, што нікуды яно не дзенецца, нікуды не ўцячэ ад маці, будзе тут, за бліжэйшым кустом.
І тады лесавік, калі надарыцца побач, можа ўмяшацца. Абавязкова ўмяшаецца. Самае простае – гэта пужануць неасцярожную ласіху, кальнуць востраю рагацінаю, якая не заўсёды з лесавіком, але часта бывае, кальнуць і раз, і другі, каб тая стрымгалоў ірванула ў гушчар, з трэскам разарвала кусты і знікла; а таксама і ласяня сцебануць якім дубцом, каб не вельмі адстала, бегла, вырачыўшы вочы і высока падкідаючы заднімі нагамі. Аднак лепш, каб чалавек, паляўнічы, надалей унікаў гэтых мясцін зусім, стараўся абыходзіць іх, збочваць на якую іншую сцежку, што віецца ўсцяж краю лесу, не заварочвае ў яго глыбіню. Гэтага лесавікі хочуць заўсёды. І стараюцца, каб людзі такі баяліся лясных нетраў. Звычайна лесавік пачынае з малога. Раптам загуло нешта ў дупле бліжэйшага дуба, нечуваны, жудасны лямант вырваўся з яго, марозцам прайшоўся па скуры і ўзняў дыбкам валасы на галаве, нават на целе затрымцелі яны, натапырыліся, быццам дзіковая шчэць. Чалавек здрыгануўся, замёр на месцы, прысеў – аднак усё ж пераадолеў сябе, пайшоў далей. Тады нешта зачапіла яго за нагу, тарганула, падвярнулася яна, яшчэ крок – і зноў тое ж… Чалавек палахліва азіраецца, сціскае ў руцэ сякеру ці палку – чысты дзень наўкола, празрыстасць, у свежай зеляніне зіхацяць кроплі ранішняга дажджу. Не, далей ідзе чалавек, не разумее нічога, не хоча разумець, яшчэ раз даказвае, што ўпарцейшага за чалавека нікога няма. Нехта ляпае чалавека па плячы, па спіне, ляціць з галавы шапка. Чалавек стаіць напяты, пальцы, што сціскаюць сякеру, пабялелі, вочы круглыя, бы ў савы, калені дрыжаць і гнуцца, дзіўна, што ногі яшчэ трымаюць. І зусім нікога наўкол, нічога, ветрык і той аціх, адно сонечныя плямы пагладжваюць зямлю, усміхаюцца. І дзікі рогат ззаду, ад якога скочваецца ў пяты сэрца і талахціць у іх, бы птушка. Тут ужо і ўпарты не вытрымлівае, паварочваецца і бяжыць як можа, не зважае на канавы і ямы, сухое сучча збівае і нават пянькі струхлелыя, бяжыць і не бачыць нічога, аж пакуль не ўзбіваецца на знаёмую сцежку. Тады з’яўляюцца: калі балота – Чортава балота, калі лес – Лешукоў лес, калі якое прыкметнае дрэва – Ведзьмакоў дуб.
Найбольш лесавік не любіў, калі чалавек з’яўляўся каля ягонага цяперашняга жытла. Даўней такое здаралася надзвычай рэдка, цяпер было.
Пушчы, лесу, якога лесавік меўся ахоўваць, было ўжо зусім мала. І звяроў у лесе таксама было… не зусім. Лесавіку здавалася, што ў гэтай пушчы, у гэтых цяперашніх лясках ён быў, ён жыў столькі ж часу, колькі стаяла пушча. Былая пушча. І ён перабіраўся з імшараў да сухіх гаёў, са звонкіх сасоннікаў у глухія ельнікі, з асіннікаў на балоце ў маладыя, вясёлыя бярэзнікі – і заўсёды быў пры справе, не адчуваў часу, яго страшэнна імклівага і адразу незаўважнага бегу. Старыя дрэвы паміралі, але з-пад іх вырасталі новыя. Ваўчыныя зграі доўга гналі ласіныя статкі, адбівалі з іх слабейшых ласёў, абкружалі іх цесным колам, падступаліся ўсё бліжэй, потым усе адразу кідаліся – і ласі гінулі; але ў другім статку маладыя ласі ўжо мераліся лбамі, пхаліся, тапталіся на месцы, стараючыся зрушыць, скрануць, паваліць саперніка, перамагчы. Гулі мяцеліцамі зімы, звінелі празрыстымі рэчкамі леты, адляталі з восеньскіх балатоў журавы і апушваліся жаўтлявымі каташкамі маладыя вербы ўвесну – усё гэта лесавік бачыў незлічоныя разы і ў самых розных месцах. Бывалі пажары, людзі выкарчоўвалі ляды, ставілі на іх хаты і засявалі палі, мяняліся рэчышчы рэчак, але яму ніколі не здавалася, што ў ягонай пушчы адбываюцца надта вялікія змены. Так было вельмі доўга, пакуль аднойчы ён не заўважыў зубра-адзінца, які выбрыў з лесу да вялікае вёскі, і людзі, убачыўшы яго, спачатку ад здзіўлення анямелі, а потым кінуліся з коп’ямі і сякерамі, пачалі абкружаць яго, гаўкалі сабакі і далёка ляцелі крыкі, – людзі ішлі зубра забіваць. А зубр, здурнеўшы, мусіць, ад старасці, стаяў, чакаў, звесіўшы рэдкую бараду-ахвос-це, не бараду – закарэлыя касмыкі, і ў вачах яго гарэў агеньчык зайшоўшага сонца, у вачах была пустэча. Тады над пушчаю яшчэ толькі браліся першыя мяцеліцы, не мяцеліцы – подыхі ветру са снегавымі крупамі, аснежаных дрэў яшчэ не было, хіба што зацярушанаю выдавала воўна ядлоўцавых кустоў, – і лесавік, забыўшыся нават як мае быць павыць, павішчэць, пагусці, пачаў кідацца слабым снегам у чалавечыя вочы, пачаў дзьмуць проста ў ілбы, пад ногі кідаліся сабакі, заміналі ісці, а потым ужо і пясок з зямлёй ледзь не высцёбваў вочы, забіваў нос і рот, – і зубр усё стаяў. Нарэшце нейкі сабака ўсё ж падкаціўся да яго, заскакаў пад самаю пысаю, ледзь не за бараду хапаў, і тады толькі нешта мільганула ў вачах зубра, ён павярнуўся і пабрыў, хістаючыся, між дрэў. Людзі ў сваім шалёным запале дапялі ўсё ж да ўскрайку лесу – але тут ужо захісталіся дрэвы, затрашчала ламачча, пачалі гайдацца над галовамі незразумелыя цені, адусюль вухкала і гігатала, нехта лядзянымі далонямі кратаў за твары, сучча чаплялася за кажухі, і людзі, пакрычаўшы, памахаўшы рукамі, далей не сунуліся, адступіліся. А зубр, адышоўшыся не надта далёка, да дзіковых ям, зноў спыніўся, некаторы час пастаяў скамянелай камлыгаю, потым пярэднія ногі падламіліся, зубр лёг. І болей не ўстаў. Лесавік колькі разоў з’яўляўся побач, глядзеў. Што ён мог зрабіць? Ён ведаў, што зубр памірае. І гэта быў апошні зубр у ягонай пушчы. Лесавік многае ўмеў, гэтага – не. Смерць была яму непадуладная, хаця самога яго ўзяць і не магла. Смерць звычайная, тая, што недзе стаіць на шляху чалавека, звера, птушкі. Раней ён не думаў пра тое, што такое ёсць тая чалавечая і звярыная смерць, яму гэта было не трэба. Але зусім нядаўна, усяго якіх паўсотні восеней таму, ён адчуў, зразумеў, што ён знікне разам з пушчаю, разам з апошнім ляском гэтага краю. Менавіта з ляском, а не купкаю дрэў, ляском, у якім яшчэ ёсць не чапанае, не кранутае, не бачанае нікім месца, вось такое, як змрокавыя прорвы-ямы. Хаця іх лесавік не вельмі і любіў. Не любіў у іх жыць.
І апошнімі ж часамі – магчыма, гэта і здарылася таму, што набліжаўся ягоны скон, ягонае знікненне, – ён задумваўся: хто ён і што ён у гэтай пушчы, у гэтым сваім свеце. Зразумела, ён не быў зверам, ці птушкаю, ці жуком, ці рыбаю-стронгаю, ці яшчэ кім падобным. Звяроў ён разумеў, ведаў, чаго яны прагнуць вось зараз, прадчуваў, калі падпільноўвае іх небяспека, таму і стараўся ў тое імгненне апынуцца з імі побач, дапамагчы. Ён заўсёды папярэджваў пра пажары, таму што якраз іх звяры адчувалі часта запозна, уратоўваў ад чалавечых аблог, калі ланцуг паляўнічых абкружаў, сціскаў мядзведжы бярлог, – ён стараўся той бярлог закідаць снегам, кружыў паляўнічых, збіваў з тропу. Іншая справа – не заўсёды гэта ўдавалася. Але ён ніколі не ўмешваўся ў звярыныя справы, ведаючы, дзе што зараз адбываецца: дзе гіне ў ваўчыных зубах лось, дзе дзярэ казулю рысь, дзе апошнім енкам крычыць у савіных кіпцюрах заяц. У звяроў было звярынае жыццё, ён быў па-за ім, акрамя асобных здарэнняў – тых жа пажараў. Ён, лесавік, разумеў кожны звярыны рух, кожнае іх памкненне, бо гэта было проста. І ў яго, канешне, было нешта ад гэтых пушчанскіх дзяцей. Ва ўсякім выпадку, адчуванне пушчанскага жыцця ў яго было звярынае. І звяры, адчуваючы яго, ведаючы, што ён дзесьці побач, ніколькі не палохаліся яго, а прымалі за свайго, за таго ж звера. Ні ў якім разе не за чалавека. Праўда, калі лесавік гэтага хацеў – яны яго палохаліся.
Лесавік не быў зверам, і, канешне, ён не быў чалавекам. Хаця адзін пра аднаго яны ведалі. За многія зімы і леты лесавік і чалавек сустракаліся, яны не маглі не сустракацца, але было гэта ўсё ж даволі рэдка. Ва ўсякім разе, лесавік не шукаў гэтых сустрэч, унікаў іх, а людзі… На тое яны і былі людзьмі, што баяліся больш за ўсё сабе падобных, і каторы з іх, моцны, закаваны ў жалеза, узброены мячом і крыжам, раптам пачынаў насіцца па лясных гонях, гукаючы яго, лесавіка, смеючыся і лаючыся, шукаючы таго, каго ён не ведаў. Лесавік, зразумела, ніколі не з’яўляўся. Якая ў гэтым была патрэба? Лесавік ад чалавека быў далёкі. Лесавік мог перанесціся з аднаго месца ў другое імгненна, і гэтага чалавеку было не зразумець. Ён мог з’явіцца і знікнуць. Ён мог павіснуць у паветры і раптоўна спыніць, прыгнуць да зямлі галаву каня, учапіўшыся за аброць. Мог растварыцца ў дрэве. І паляцець птушкаю. Мог столькі, што чалавеку гэтага і не ўявіць, як бы ён ні стараўся. Чалавеку, як і яму, быў дадзены розум, – аднак і пасюль, і толькі. Адзіным, чым не валодаў лесавік з усяго таго, што мог чалавек, гэта моваю. Лесавік не гаварыў. Яму, пушчанскаму духу і пушчанскай плоці, прывіду і гаспадару, гаварыць па-чалавечы не было з кім. Лесавік амаль заўсёды маўчаў, хаця мог і смяяцца, і гукаць, і скардзіцца…
Зразумела, лесавік стараўся спыніць людское нашэсце, ён шкодзіў чалавеку як мог – ды не ўсемагутны ж ён. Ён толькі лесавік. Ну што з таго, што ён мог збэрсаць, скруціць, злямчыць жыта на якой дзялянцы, з жыта таго чалавеку ўжо не было ніякае карысці. Чалавек прыходзіў, чухаў патыліцу, гараваў, што зноў жыта кустом, – але нікуды ў большасці выпадкаў не сыходзіў. Чалавек быў зацінлівы, упарты.
І лесавіку заставалася толькі назіраць і задумвацца. Ён бачыў, што людзі ваявалі не толькі з пушчаю, а значыць і з ім, самае дзіўнае – людзі ваявалі і паміж сабой. І ваявалі так зацята і люта, што яму часам рабілася… не па сабе. Страхам гэта назваць нельга, страх яму невядомы, – проста яго ахоплівала незразумелая трывога. Людзі будавалі на прыдатных для гэтага месцах гарады – і старанна руйнавалі іх, нішчылі, забівалі сабе падобных, саміх сябе. Людзі ваявалі між сабой гэтак жа ахвотна, як і будавалі і сеялі. Бадай, гэта было галоўнае, у чым лесавік не разумеў людзей. Баяцца ён іх не баяўся – што яны маглі яму зрабіць? – але і з’яўляўся ён побач з імі толькі ў самых крайніх выпадках.
Ды ўсё часцей і часцей даводзілася глядзець на іх, назіраць – і ў непаразуменні заціскаць у жмені бараду і ўцякаць. Вось толькі імгненнем раней, за якіх пяць летаў ад гэтага, пры самым ягоным цяперашнім сховішчы не сховішчы, гняздзе не гняздзе, не пры берлагу – каля ягонага цяперашняга жытла аб’явіліся людзі. Дарэчы, хаця і заставалася ў ягоных лясках усё меней няходжаных палян, некранутых лапікаў зямлі, лесавік усё ж не сышоў у адну з ям-прорваў – а іх, не надта далёкіх, было тры, – не зліўся ў адно цэлае з начным змрокам, з холадам нежывога, а паранейшаму сядзеў на чыстым лясным азярцы. Гэта азярцо, як бы падсвечанае поўняю, аблямаванае густой шчэццю трыснягоў, засталося ад колішняй імшарыны, што незаўважна ўсмакталася ў зямлю, высахла, пакінуўшы па сабе невялічкае люстра. У нізіне застаўся адно густы і тоўсты белаваты мох – і гэта азярцо. З усіх бакоў, куды ні паткніся, ваду ахоўвалі густыя кусты – лесавік добра пастараўся, звязваючы іх у суцэльны жывы пляцень, а туды, дзе трапляліся прагалы, панакідаў карчоў, пазавальваў праходы сухастоінамі. Такія ціхія і чыстыя азерцы, як гэта, заўсёды былі прытулкам белых туманоў – тыя туманы, напаўзаючы на ўзмежкі лесу і паплавы, ахінаюць усё такім малаком, што жывую постаць не ўбачыць нікому і за дзесяць крокаў. Туманы гэтыя ўзнікаюць непрыкметна і нячутна, і няма ў іх жуды, якая ідзе ад смерці. Азярцо і спадабалася лесавіку чысцінёй і туманамі. Яму ніхто тут не замінаў – з жывога толькі пагойдваліся над зямлёй, парыпвалі кнігаўкі і залятаў зрэдку крумкач. Крумкача лесавік ведаў даўно, ён часта трапляўся яму на шляху, заўсёды адзінокі, нездаволены і нямы, лесавік лічыў яго за старажыла. Калі мераць па-чалавечы, крумкачу было за дзвесце гадоў. І крумкач ведаў пра лесавіка, аднойчы абудзіў яго – не тут, а калі жыў лесавік у яловым гушчары, якога ўжо і няма, жыў, большасцю дрэмлючы, зліўшыся з якою ялінаю, увайшоўшы ў яе, – крумкач прыляцеў і паклікаў. Тады загарэлася тарфяное балота, ніхто пра гэта яшчэ не ведаў, торф гарэў пад зямлёй, – крумкач неяк празнаў. Лесавік завярнуў на балота адзін з лясных раўчукоў, доўга сачыў, ці не выб’ецца з-пад зямлі агонь, не схопіць бліжэйшыя кусты і дрэвы, не кінецца далей. Тады агонь не выбіўся. А не так даўно тое колішняе балота – яно даўно ўжо не было балотам, зрабілася поплавам – усё ж загарэлася, напалохала людзей з недалёкай вёскі. Лесавік ведае, чаму загарэлася: высахла рачулка, той самы ручай, якога заварочваў некалі лесавік. Крумкач той і для крумкача быў ужо стары. І ён таксама пазбягаў людзей.
Дык вось, нечакана на азярцы з’явіліся людзі. У першы момант, ачуўшыся, лесавік памкнуўся быў уцячы, знікнуць, перанесціся ў якое цішэйшае месца – і застаўся. Людзі, шэсць чалавек, такі прадзерліся скрозь кусты, загарлалі, адразу пацягнула дымком вогнішча, палахліва ўскінуліся ўвышыню, таксама закрычалі кнігаўкі, але, у адрозненне ад людзей, разгублена і жаласна. А лесавік як анямеў. Яму, канешне, здаралася аказвацца зусім побач з людзьмі, нават дакранацца да іх, наводзячы марачэнне, задурваючы галаву і палохаючы, – тут жа ён быў побач і маўчаў. Людзі трашчалі суччам, ссякалі маладзенькія бярозкі, рагаталі, адразу зрабілі сабе два невялікія дамкі, як з-пад зямлі яны ўзніклі, дзве чырвоныя плямы на жывой зямлі, потым гэтак жа хутка з’явіліся дзве лёгенькія лодкі, такія лёгкія, што адзін чалавек цягаў адразу дзве. Пад вечар яны паселі ў лодкі і пачалі плаваць па возеры, стаўляючы сеткі і тут жа правяраючы іх, яны спяшаліся, і ў сеткі мала што траплялася. Лесавік бачыў, як рыба спуджана кідалася ў розныя бакі, асабліва мітусіліся маладзенькія шчупачкі, яны большасцю і заляталі ў сеткі, – людзям рыбы было мала, яны лаяліся. Лесавік чуў іхнюю гаворку, не ўсе чалавечыя словы разбіраў – разумеў галоўнае: людзям трэба было шмат рыбы, як мага болей, яны нават самі добра не ўяўлялі, колькі шмат. Ён думаў, што цяпер людзі дзень пры дні будуць пялёскацца ў возеры, ганяцца за рыбай, складваць яе ў мяхі, будуць лавіць, і яму тут, канешне, заставацца ніяк не выпадае, – ды тут паветра скаланулася, здрыгануліся тоўстыя дрэвы, у адным месцы вада з возера рванулася ў неба, ажно выкінуўся ў паветра прыдонны мул, азярцо быццам паспрабавала выплюхнуцца са сваіх нізкіх берагоў, знікнуць. Людзі, што ў гэты час усе як адзін хаваліся ў кустах, радасна кінуліся да лодак. І ўжо ўсплывалі з каламутнай глыбіні глушаныя ліні, мёртва бялеліся плоткі, буйныя шчупакі то таксама пераварочваліся дагары пузам, то стараліся схавацца ў глыбіню, пад навіслыя над берагамі лазнякі.
Лесавік неяк разгубіўся. Зараўсці, засвістаць, чорным ценем зашастаць у вяршалінах соснаў, залопаць лапамі па вадзе, каб кругі пайшлі і ўзялася хваля?.. Пасля таго, што людзі зрабілі з азярцом… лесавік нават зрабіўся маленькім, як тыя кнігаўкі, і на нейкі момант перастаў бачыць. Ды потым усё ж ажыў і заварушыўся. Ваду, што і казаць, лесавік ніколі не любіў. Вада-дождж – гэта, канешне, адна справа, дажджу ён амаль не заўважаў, вада-возера, вада-рака – гэта было не ягонае. Дыхаць у вадзе ён мог, але з цяжкасцю. І ў вады быў, зрэшты, свой гаспадар, і яго, вадзяніка, лесавік ніколі не бачыў. Як ёсць два царствы – жывых і мёртвых – і пераход з аднаго ў другое і назад людзям, напрыклад, не дадзены, амаль гэтак жа было і тут. Не зусім, канешне: лесавік ведаў, што і ў вадзе ён не знікне, аднак ніколі ён у ваду не патыкаўся. А тут не ўтрываў. Спачатку прапаролася адна лодка, за ёй другая, і адзін з людзей, самы гарласты, раптам пачаў ныраць у вадзе, як качка-нырок. «Рат!..» – лупіў ён вочы, крыху высунуўшыся з вады, – і знікаў. «Гырххы-ы…» – булькацела пад вадой, доўга булькацела – затым галава з’яўлялася. «Ы-ы-йі-і», – ціўкаў з рота струменьчык, з носа таксама лілося – і яшчэ пад ваду. А было тут не вельмі і глыбока. Сябры гарластага спачатку смяяліся, гледзячы на ягоныя нырцы, потым заспяшаліся на дапамогу, пацягнулі яго да берага. Хоць і неглыбока тут было, але вельмі гразка, яны ўсе выпаўзлі на сухое запэцканыя з ног да галавы, доўга пляваліся і кашлялі, адзін на аднаго лаяліся, сварыліся. Потым усе разам накінуліся на гарластага. «Тожа мне, майстар спорту па плаванні! – крычалі яны, перабіваючы адзін аднаго. – У лужыне тапіцца пачаў. Ды ў гэтым жа возеры з-за карчоў і не праплывеш на лодцы. Ты хіба не ведаў, што тут карчоў да халеры? А што цяпер рабіць будзем? Мала што лодкі патапіліся – у іх і рукзакі былі! Паслухалі цябе, ідыёта, пацягнуліся…» Гарласты таксама крычаў, адбіваўся, усё не мог выкрычаць ваду, якой наглытаўся, злаваў так, што ледзь біцца не кідаўся. А ўначы, зразумела, дамкі іхнія трэсліся, калкі з вяроўкамі выскоквалі з зямлі, здаравенныя сукі раптам абломліваліся і падалі на галовы тых, хто выскокваў, – і ноч глядзела на людзей маўклівая і пагрозлівая, як і неба ў сваёй недасяжнасці. У гэтай маўклівасці было яшчэ болей жуды, чым у якой навальніцы. А лесавік яшчэ і туману нагнаў – з гушчэчы дрэў раптам папаўзлі белыя пасмы, пачало засцілаць усё тоўстай коўдраю, і ў сцяне туману бязгучна загайдаліся незразумелыя цені, нехта мацаў за насы, за вочы, нават за каўнер залазіў. Людзі запальвалі ліхтары – і святло іх не магло прабіць белую гушчу, асвятляла толькі твары-маскі з вырачанымі вачыма. Лесавік здолеў зрабіць так, што кожны з гэтых шасці быў сам па сабе, кожны баяўся ў адзіночку, ніхто не шукаў блізкасці суседа, а калі і дакранаўся да яго – у сполаху ўздрыгваў і адсоўваўся. Гэта было самае цяжкае – зрабіць так, каб побач з іншымі чалавек быў напалоханы. Наранкі, вядома, людзі сабраліся як найхутчэй і пайшлі. Яны ішлі некаторы час усцяж возера, і гарласты ўсё азіраўся на роўную і абыякавую ваду, быццам стараўся нешта разгледзець у яе чарнаце, яму і бачылася штосьці ў глыбіні, ён бляднеў тварам, курчыўся і кашляў.
Пасля тае сустрэчы людзі на азярцы больш не стыкаліся. Але спакою лесавіку не было – ён тупаў, прыгнечаны, туд-сюд, глядзеў на ваду і неба, ведаў, што пойдзе адсюль назаўсёды. Ведаў – і ўсё не мог наважыцца, каторым разам быццам і сыходзіў, але вяртаўся. І не надта каб было куды падавацца, і… страціў лесавік спакой. Гэта было галоўнае – ён страціў спакой.
І лесавіку ўбачылася ягоная мяжа, за якой ужо нішто, пустэча. Яна, тая мяжа, была, праўда, неакрэсленая, невыразная, ён яшчэ не ведаў, калі дойдзе да яе, але яна была. І ён, які ў сваім жыцці жыў па-лясному, драмаў, увайшоўшы ў якое дрэва, ці аблятаў-абходзіў свае ўладанні, ці глядзеў за дружным абуджэннем зямлі, слухаў шолахі траў, што лезуць з зямлі, і піў разам з дрэвамі зямныя сокі, ці частаваўся гронкамі восеньскіх арабін, ці скрозь сон слухаў калыханкавы посвіст зімовых завеяў, – ён пачаў туляцца з месца на месца, пачаў пакідаць гушчары-сховішчы і выходзіць на прагалы, на ўзмежкі лесу, пачаў нават аказвацца пры людскіх паселішчах, хаця дагэтуль ён не рабіў гэта-га ніколі. Раз-пораз ён заміраў на якім дрэве каля вясковых агародаў – і прагна глядзеў на хаты, хлявы, вочапы студняў, на буслянкі на самых стрэхах, прынюхваўся да пахаў, што сплывалі з вёсак, незнаёмых і чужых пахаў – пахла дымам, ежаю, якой ён яшчэ не ведаў, жывёлай, што ўжо чужая лесу, сабакамі, якія таксама страцілі апошнюю драбнічку колішняга падабенства з ваўкамі, пахла людскім жытлом, у якім густа стаяла безліч едкіх і моцных чалавечых пахаў, па іх ён якраз і даведваўся, што чалавек завітаў у лес ці быў у ім, пахла тым, чаго ён ніколі не ведаў.
Ён, лесавік, з’явіўся на зямлі так даўно, што ўжо на вельмі многае з былога забыўся. Ён ужо слаба памятаў пра першыя свае крокі па пушчы, пра тое, якой яна тады яму бачылася, не памятаў і аб тым, як яго самога ўспрымала пушча. Але заўсёды ён памятаў, усведамляў, што нейкая сувязь паміж ім і чалавекам першапачаткова была. У агульным падабенстве паставаю, абліччам – гэта тады, вядома, калі ён паўставаў у сваім сапраўдным выглядзе і дазваляў убачыць сябе, – адным словам, у тым, што быў ён усё ж больш чалавекам, чым зверам? Можа быць. У тым, што мог падумаць – калі хацеў – як чалавек? І гэта было. У тым, што мог гараваць, радавацца, здзіўляцца, непакоіцца, злаваць, цешыцца?.. Многае з гэтага, праўда, з’явілася ў ім – незаўважна і незалежна ад яго – толькі апошнім часам. А можа быць, пачаўшы часцей сутыкацца з чалавекам, пачаўшы назіраць за ім і прыглядацца, ён адкрыў у чалавеку тое ж самае, што было і ў ім самім? Агульнае было, гэта несумненна, як і была вялікая розніца.
Што і казаць – за часы сваіх апошніх блуканняў па рэштках пушчы лесавік ужо ведаў, каго колькі ў ёй засталося. І ў гэтым яму таксама бачылася ягоная апошняя мяжа. Мядзведзяў – ніводнага, яны ўжо зрабіліся тым, чым былі зубры, туры, собалі, дзікія коні. Рысяў – тры сям’і, і падобна было на тое, што яны таксама знікнуць, бо ў рысяў заўсёды невялікія ўладанні, яны не любяць шукаць здабычу дзе далёка, прабегчы ім якія пяць дзясяткаў кіламетраў цяжка. А дзе ты зараз знойдзеш месца, каб на невялікай дзялянцы былі і зайцы, і казулі і лясная птушка вялася? Усяго паменела. Ваўкоў было больш – дзесяць сем’яў, логавы іхнія былі схаваныя адмыслова, дарослыя звяры па здабычу не ленаваліся прабегчы семдзесят, а то і болей кіламетраў, не баяліся яны людскіх селішчаў, маглі ўскочыць у самы крайні хляўчук і парэзаць там жывёлу, маглі нават сабаку злізаць з-пад самага ганка, пакінуць гаспадарам адно абрывак вяроўкі ці ланцуг. Ваўкі навучыліся абыходзіць паляўнічых са стрэльбамі, абмінаць атручаную прынаду, навучыліся не зважаць нават на чырвоная сцяжкі, калі наладжвалася аблога. Ваўкі ведалі, што паляваць трэба далёка ад логава, і імчаліся шэрымі зданямі многія кіламетры, упэўнена кіраваліся да патрэбных балот і ляскоў, дзе яшчэ трапляліся лёжкі дзікоў і дзе хадзілі невялікімі статкамі ласі. Ваўкі маглі яшчэ які час жыць. І ласі таксама тут вяліся, чалавек іх не чапаў, рэдка калі трашчала ад стрэлаў паветра і валіліся набок вялікія звяры, якіх потым абступалі людзі і пачыналі, спяшаючыся, рэзаць і дзяліць. Часта на гэтых людзей, у сваю чаргу, палявалі іншыя людзі, лавілі іх, адбіралі дзічыну і некуды вялі, такое лесавік заўважаў таксама. Бегалі і дзікі, нястомна паролі зямлю, узбіваліся нават на людскія палі, людзі іх тады ганялі, нават пастрэльвалі. А вось баброў, якіх па берагах тутэйшых рачулак даўней заўсёды траплялася шмат, амаль не засталося, хавалася на беразе ляснога возера ў атачэнні старых дубоў толькі адна жылая хатка, была яна тут апошняя. Лесавік калі-нікалі спыняўся каля яе – яшчэ валтузіліся недзе пад берагамі жывыя істоты, яшчэ трапляліся ўздоўж берагоў адмыслова паточаныя пянькі асін, яшчэ вытыркваліся з вады круглыя заклапочаныя морды. Апроч іх, рэдкімі былі і каршукі, і кані, і совы, і выдры, і лісіцы, і ці мала яшчэ хто.
Лесавіка, які глядзеў за рэдкім ужо ў ягоных уладаннях зверам, найбольш цягнула да тых, што засталіся, лічы, адны, што зрабіліся гэтым сваім адзіноцтвам падобнымі да яго самога. Яму проста карцела лішні раз убачыць іх, паназіраць за іхняю адзінотаю, за тым, як ганарліва глядзелі яны ўдалечыню – апошнія заўсёды глядзяць як бы з вышыні, як бы над усім астатнім, як бы ведаючы тое, чаго ніхто ўжо ведаць не будзе. Апошнія ўжо не плачуць і не скардзяцца, не мітусяцца, не б’юцца за лепшы кавалак, – апошнія ўжо глядзяць туды, за мяжу. Лесавіка цягнула да іх, як да крыніцы з хмяльным пітвом, каля іх яму было і тужліва, і высока, і лёгка, яны былі яму як бы і роднымі. Некалі ён доўга не мог адысці, адстаць ад зубра, што непрытульна бадзяўся па вялікай тады пушчы, чамусьці выбіраў большасцю ўзлескі, аж пакуль не выйшаў да людзей. Тады лесавік уратаваў яго, але зубр, растварыўшыся ў лесе, амаль адразу лёг і болей не ўстаў. А лесавік хадзіў кругамі вакол яго і ўсё не мог пайсці зусім, усё не мог кінуць яго, абыякавага да лесу, да ежы, да жыцця. Зараз адзіным у лесавіковых уладаннях застаўся ястраб, не такі яшчэ і стары, але ўжо надзвычай спакойны. Гняздо ястраба хавалася ў гушчары невысокіх крывых дрэў, што выраслі на былым пагарэлішчы. Пагарэлішча гэта густа аплялося дзікімі кустамі, чалавек праз іх прадзіраўся вельмі рэдка. Гняздо было недагледжанае, зеўрала велікаватымі дзіркамі, праз якія нават магло выкуліцца, калі б было, яйка, але яек у ім не ляжала ўжо шмат вёснаў. Пад ім валялася на зямлі некалькі костак, ды на тонкіх суччах бліжэйшых кустоў трымцелі на ветрыку рэдкія пёркі – рэшткі даўняй здабычы. На паляванне ястраб лятаў зрэдку – цэлымі днямі ён праседжваў на суку каля гнязда, сам здаваўся суком, бо амаль не варушыўся. Круглыя жоўтыя вочы пазіралі кудысьці далёка – і раптам зацягваліся плеўкаю. Але потым плеўка ўсё ж знікала. І голасу ястраба лесавік амаль не помніў. Ды што казаць – слаба помніўся ўжо свой. Ястраб сядзеў, лесавік умошчваўся дзесьці побач – ястраба гэта зусім не непакоіла, – абодва глядзелі ўдалеч, у сябе. Абодва чулі даўнейшае, далёкае, бачылі здабычу і сваіх ахвяр, адчувалі моц крылаў і моц духу, ад якіх гула пушча і ўцякалі людзі і звяры – і гэта іх амаль не хвалявала. Потым лесавік знікаў, ястраб жа часцей за ўсё заставаўся. І не таму, што быў слабы. Ён быў ужо вельмі спакойны. І гэты ягоны спакой лесавік разумеў, не хацеў, каб ён быў, ды зрабіць нічога не мог.
Адзіны ў пушчы быў і стары крумкач, які ўжо таксама зажыўся сярод гэтых лясоў і балот. Астатнія крумкачы, што яшчэ праляталі над людскімі паселішчамі, падыходзілі яму хіба што ў праўнукі, крумкач заўсёды трымаўся адасоблена ад іх, як і ад усяго жывога. Але крумкач, у адрозненне ад ястраба, не праседжваў суткі на адным і тым жа суку, не камянеў на ім, а ўвесь час кудысьці ляцеў. Ён раптоўна ўзнікаў там, дзе яго ніхто не чакаў, – каля зарэзанага ваўкамі лася, мяса ягонае дымела ў марозным паветры, вочы ўжо зашклянелі, вялікае тулава з адкінутымі нагамі паторгвалася, з ашчэраных ваўчыных пашчаў зрывалася сліна, змяшаная з крывёй, ваўкі рвалі, пагырквалі адзін на аднаго, похапкам глыталі, над ласём чутны былі хрыпы, шархацеў снег, патрэсквала раздзіранае мяса, глэмкалі, клацнуўшы зубамі, пашчы, – крумкач сядзеў на бліжэйшай яліне, некаторы час уважліва глядзеў, потым раптоўна зрываўся і ляцеў. Ці раўлі, захлынаючыся, бензапілы, людзі ў ватоўках і ботах павольна пахаджвалі між дрэў – і чарговае з іх, задрыжэўшы вяршалінай, спачатку марудна, вельмі марудна хілілася і па-над самай зямлёй ужо імкліва ляцела пад ногі сабратам; раўлі маторы, ірвалі драўніну, гонячы свежа-белае пілавінне, зубы піл, глуха бумкалі аб зямлю тоўстыя камлі, трашчала голле, разляталася ў бакі садраная кара, пахла смалой і сокам, – на свежым, яшчэ не замшэлым пні сядзеў крумкач, пакручваў галавой, вочы яго былі жывыя. Крумкач людзей унікаў, але ніколькі і не баяўся. Ці вось ужо сышла веснавая паводка, рэчка амаль увайшла ў берагі, пра паводку гаварылі ўжо толькі шматкі сухое травы і лісця на кустах, іх пачапіла там высокая каламутная вада, і ў рэчцы ўжо свяцілася, жаўцелася дно, а на перакатах дык і бачны былі дробныя каменьчыкі, галька, – па гэтай рэчцы ішла некуды супраць плыні ачмурэлая, атручаная аміячнымі і азотнымі сцёкамі стронга; яна была вялікая, моцная, але ішла няўпэўнена, віхляючы, завальваючыся то на адзін, то на другі бок, і каляровыя, вясёлкавыя плямы на яе баках пабляклі, не гарэлі з вады, не ўспыхвалі, стронга ўжо нават разы са два паказала сіне-белае пуза, поўнае ікры, і ішла яна з апошніх сіл. Крумкач дзе скакаў берагам, пакідаючы на гладзенькім пяску рысачкі слядоў, дзе проста ішоў, дзе падлятаў, касавурачыся на стронгу ў вадзе, ішоў, адным словам, следам; ён ведаў, што адкласці ікру стронга ўжо не здолее, была яна напаўжывая, і ўпарта чакаў, зараней адчуваючы смак буйных чырвоных ікрынак, акуратных круглых дробачак, з якіх павінны былі б вылупіцца моцныя і прыгожыя стронгі.
Лесавік няблага ведаў крумкача, і ён не мог надзівіцца яго здольнасці быць усюды, а найбольш там, дзе патрэбна была яго, лесавікова, дапамога. І часта крумкач апярэджваў яго, задуменна гледзячы на тое, што адбываецца, запамінаючы – але навошта, для чаго? Крумкач пра гэта не гаварыў, не мог сказаць, ён проста ў час прылятаў і глядзеў. Ён таксама быў па-свойму адзіны.
За доўгія сотні летаў і зім лесавік уведаў пра людзей столькі, колькі, мусіць, яны не ведалі пра сябе і самі. І тут нічога не было дзіўнага, бо часта вёскі абкружала не поле, а глухі лес. І разам з лесавіком шмат што ведалі людзі, якія жылі сярод балот і лесу, над галовамі якіх шугалі навальніцы, на якіх абрыньваліся залевы, якія ведалі, што такое лютаўскія завірухі і градзіны з курынае яйка пасярод лета. Ведалі: калі вясною бяроза распускаецца раней за вольху, трэба чакаць сухога лета; калі разам – мокрага, але ўрадлівага. Ведалі, што ранняе з’яўленне палявых і лугавых красак гаворыць пра ўраджай грыбоў летам і прадракае маразы зімой. А вялікі ўраджай на працягу ўсяго лета, у сваю чаргу, паказваў на працягласць наступнае зімы. І была яшчэ процьма драбніц, пра якія ведаў толькі лесавік і мала хто з людзей. Ластаўкі нізка лётаюць – дождж будзе. Зарадзіла мяцеліца – сцюжа на двор. Студзень мяце – ліпень залье. Люты халодны і сухі – жнівень гарачы. У сакавіку туман – у жніво дождж пан. Май халодны – не будзеш галодны. Калі камарна, то і хлебна. Восень – на дзень пагод восем. Пчала на любую кветку ляціць, але не на кожную сядзе… Канешне, гэтыя прыкметы з людзей ведаў далёка не кожны, бо далёка не кожны ўмее чуць і бачыць. Для лесавіка ўсё гэта было навідавоку, ён усё ведаў, ды і, зрэшты, гэта ягонае жыццё. Людзі ж часта не бачылі таго, што сляпіцаю лезла ім у вочы. І часта цярпелі з-за гэтага, гаравалі, часта падалі на роўным месцы.
А за апошнія часы многае змянілася так, што разгубіліся не толькі людзі – страціў спакой лесавік.
І ўсё часцей і часцей, спачатку міжволі, а потым і па сваёй ахвоце, ён з’яўляўся недзе побач з людзьмі – як той крумкач, ці што? – цікаваў з-за дрэў, потым раптоўна, як напалохаўшыся, знікаў.
Апошнюю вясну, праўда, ён усю прабыў у лесе. Вясна была наўздзіў дружная, пасля снежнае зімы з моцнымі маразамі і доўгімі завеямі, у якія яму добра драмалася на сваёй утульнай імшарыне, адразу павярнулася на цяпло. Падзьмулі палуднёва-заходнія вятры, якія амаль і з’елі пульхныя сумёты, выкацілася сонца, і ўсё жывое заварушылася, задыхала, заспяшала. Хутка набрынялі пупышкі, імкліва выдзеўбліся з іх стрэлкі маладога лісця, на прагалах, а асабліва на адкрытых сонцу ўзгорках, палезла трава. І хаця па нізінах стаяла вада, дрэвы ішлі па ёй і ўсё не маглі выбрысці да сухога, на вышэйшых месцах заквітнелі пралескі і воўчае лыка, адразу за імі ўзялася шчамяліца, загулі над іх пяшчотнымі ружова-сінімі званкамі яшчэ ачмурэлыя з зімы чмялі, былі скрозь запэцканыя жоўценькім пылком, і мурашкі прабівалі ў леташніх голках і лістах дарогі, па якіх хутка пацягнуць вусеняў, жукоў і лічынак, ва ўсіх напрамках паўзлі доўгія, круглыя, ледзь прыкметныя, вялікія жукі і павукі, пырхалі жоўта-чырвона-чорна-сінія матылькі, шархацелі яшчаркі, папісквалі мышы, ценькалі, свісталі, гугукалі, трашчалі, рыпелі птушкі ад малой пеначкі да лупатага пугача, трусіла аблезлая яшчэ лісіца, высока падскоквалі рудыя жабкі, лезлі з-пад палеглых бяроз і асін смаржкі і страчкі, – ішла вясна, ішла гэтак жа, як праходзілі сотні вёснаў да яе. Лесавік амаль усю вясну ўцякаў ад людзей, якія быццам шукалі яго, уцякаў ад рэха іхніх галасоў, нават не заблытваў тое рэха, кідаючы з аднаго боку ў другі, а проста ўцякаў. А потым яго неадольна пацягнула да лясных узмежкаў.
Адцвілі вербы і бярозы, асіны і вольхі, сышла халаднаватая пена чаромхаў, адколваліся густыя хвалі бэзавых колераў і пахаў – узялося лета з ягонымі безліччу кветак і густым разнатраўем, пісклявымі птушанятамі, камячкамі зайчанят, вывадкамі лісянят і ваўчанят, што яшчэ сядзяць па норах, валтузяцца, б’юцца, ваюючы за сасок з малаком, і ляскі, увайшоўшы ў моц, выдавалі ўжо не такімі рэдкімі і малымі, а купкі старых ялін дык нагадвалі нават пра колішнія гушчары. Лес рос, квітнеў, звінеў, радаваўся, быццам не ў тысячны раз, а ўпершыню ўступіў ён у лета і не думаў, не задумваўся над тым, што чакала яго наперадзе, у будучыні.
Набліжалася галоўнае свята лесу – Івана Купалы.
Некалі, даўнавата ўжо, свята гэта было, бадай, агульным святам людзей і лесу, а значыць – і святам лесавіка. З начных рэк сплывалі, клубіліся туманы, і ў чарнаце начы раптам успыхвала адно вогнішча, другое, трэцяе… Хутка гіганцкія каралі змяіліся, зіхацелі, блішчэлі на чорнай зямлі – быццам адбілася на ёй уся неабсяжнасць зорнага восеньскага неба. Тысячы вогнішчаў ішлі разам з рэкамі ў невядомую далячынь, і параўнаць гэта начное ўбранне зямлі, гэтыя вычварныя, дзівосныя карункі не было з чым. Вогнішчы палалі, патрэсквала сухое голле, мірыяды іскраў ляцелі да дробнай гушчыні зорак, згасалі, выбухвалі зноў, вакол вогнішчаў кружыліся ў карагодах людзі, іхнія песні – блізкія гэтай начы, блізкія лясам і рэкам – узляталі высока і далёка, і асобныя падгалоскі, неверагодныя ў сваёй вышыні, апякалі марозам скуру і паколвалі яе нябачнымі голкамі, найбольш смелыя з карагоднікаў скакалі праз полымя вогнішчаў, ажно трашчалі валасы і шэрхнулі вусны, скакалі ў самую яго сярэдзіну, але полымя ў гэтую ноч было літасцівае і мяккае, як мяккай і добрай была ўся зямля. Густа-чорныя, як дрэва эбен, воды рэк прымалі на сваю паверхню вянкі з кветак, асцярожна і пяшчотна пакалыхвалі іх, неслі ў ноч, у невядомае, і загадкавым, чароўным было ўсё: лугі з вогнішчамі на іх, цені людзей, працяглыя, як жыццё, песні, галасы маладых ваўкоў, што таксама віталі вялікае свята. На вянках, якія паціху плылі па рэках, мігцелі свечкі, у іх, гэтых свечках, маладзенькім дзяўчаткам, гаспадыням вянкоў, бачыўся іхні лёс, абавязкова шчаслівы, з мужам-асілкам і здаровымі дзецьмі, яны глядзелі чорнымі, як гэта ноч, вачыма ўслед вянкам, і слязінка шчасця блішчэла на густых вейках, паміргвала, як зорка ў бясконцай бездані. У гэтую ноч, і сапраўды, адхіналася крыху заслона перад невядомым, і таму, хто вельмі хацеў, можна было зазірнуць у свой лёс – і не заўсёды трэба было гэта рабіць. Плылі вянкі, луналі песні, усю ноч палалі вогнішчы, і дзесьці гарачая дзявочая рука аціхала ў вялікай хлапечай – і Купала бласлаўляў іх, браў за сваіх дзяцей. А ў самым сэрцы лесу, у атачэнні самых магутных дрэў, ззяла, цвіла, красавала, прыгаршчамі раскідвала вакол сябе россыпы самацветаў, і вабіла, клікала, прыцягвала людзей, тых якраз, для каго была яна недасяжная, папараць-кветка.
Здаралася, што ў гэтую купальскую ноч лесавік, разагнаўшыся па вяршалінах самых вялікіх дрэў, узлятаў высока-высока – і заміраў на колькі імгненняў над усёй сваёй пушчаю, ахопліваў яе ўсю цалкам, глядзеў – не мог наглядзецца, смяяўся, адчуваючы сваю моц і веліч. Зямля пад ім ляжала багатая, прыгожая, расквечаная агнямі – а колеры вогнішчаў былі самыя розныя, ад жоўта-чырвоных да зялёна-сініх, – і мякка-густое паветра трымала яго, гушкала, – гэта была ягоная хвіліна, вельмі рэдкая, аднак тым і найдаражэйшая, таму што якраз вось у гэтую хвіліну адкрывалася яму ягоная сутнасць. Ён жыў, пакуль жыла гэта зямля з лясамі і рэкамі, пакуль раз у год завалодваў светам Купала, пакуль нізка нахіляўся да зямлі месяц – і рабіў цуды. Так, якраз у гэтую ноч месяц запальваў чароўным агнём душы камянёў – і яны гарэлі не згаралі ўжо вечна, і людзі, адгадваючы ў тых камянях чароўную моц, падбіралі іх і трымалі каля сябе, аднекуль ведаючы, што камень, запалены месяцам, дапамагае і ахоўвае. Лесавік таксама любіў гэтыя камяні, ён ведаў, дзе які хаваецца, і ў асобныя хвіліны прыходзіў да іх, глядзеў. Ён умеў зрабіць так, што камень выходзіў, выціскаўся да сонечнага ці месячнага святла са свайго сховішча, і промні, сутыкнуўшыся з каменем, раптоўна рассыпаліся, успыхвалі, камень як бы адкрываўся – і адарвацца ад яго было ўжо цяжка. У халодным бляску дыямента бачылася купальская ноч, у якую ён быў запалены, бачыліся каралі надрэчных вогнішчаў, хісткія цені людзей вакол іх, вянкі на чорнай вадзе, бачыўся водбліск папараць-кветкі, слабенькі водбліск, які працінаў да глыбіні душы. Лесавік ведаў, што некаторыя людзі, аднойчы глянуўшы на купальскі камень, ужо ні на што іншае глядзець не хацелі – і хутка гінулі. Камяні выходзілі з зямлі, лесавік углядаўся ў іх – і святлеў, увесь святлеў, быў ён у тыя мінуты не такі, як заўсёды. Перад яго вачыма перабылі ўсе самыя галоўныя камяні: сарданікс, тапаз, карбункул; смарагд, сапфір, алмаз; лігур, агат, аметыст; берыл, онікс і яспіс. Ён ведаў іх, назвы гэтых камянёў ішлі з такой далёкай мінуўшчыны, пра якую і падумаць цяжка, не тое што ўявіць. Гэта першыя свяшчэнныя камяні. Сонечнае святло, трапіўшы ў алмаз, адразу рабілася фіялетавым, далей – сінім, зялёным, жоўтым, аранжавым і выходзіла ўжо чырвоным. Камень жыў колерамі, дыхаў імі, гуляў. Сапфіры былі празрыстай сінечаю, нагадвалі яны пра нябёсы і моры і клікалі ў сваю глыбіню, не адпускалі. У смарагдах хавалася ўся зеляніна лясоў, ад кволай веснавой да купальскай, можна было ўбачыць у іх лугавыя травы і паўтоны кустоў, камяні пераліваліся адценнямі лесу, зачароўвалі, і не было больш прывабных для вока камянёў. Чырвоныя рубіны, тапазы ад блякла-жоўтых да вішнёва-карычневых тонаў, гранаты, да якіх далучаліся чырвоныя піропы і малінавыя альмандзіны, ружовыя і індыгава-сінія турмаліны, пяшчотна-зялёныя хрызаліты, розна-блакітныя цырконы, няўлоўныя александрыты, дымчатыя кварцы – кашэчыя вочы… Ва ўсіх гэтых камянях лесавіку бачыўся невядомы свет – і ён глядзеў, стараўся ў яго зазірнуць. А купальскія камяні, нарадзіўшыся, адразу хаваліся ў зямлю, глыбока ў яе ўваходзілі, знайсці іх шанцавала вельмі рэдкаму чалавеку. Чалавеку з чыстай душой – пра гэта лесавік таксама ведаў. А камяні, прапусціўшы праз сябе ці дзённае, ці начное святло, яшчэ некаторы час мігцелі, праменілі ў сваіх сховішчах, іх лесавік мог таксама бачыць, вось як на далоні. Сваёй незвычайнасцю і адзінотаю – так, яны былі адзінымі, непадобнымі ні да якіх іншых – камяні былі блізкія лесавіку, бо ён таксама быў адзін, адзіны…
І тымі купальскімі начамі, здаралася яшчэ, лесавік прыходзіў да вогнішчаў, запаленых людзьмі, і нерухомеў каля іх, затойваўся. На Купалле яму можна было наблізіцца да людзей, і ён прагна сачыў за жывымі, асветленымі блікамі агню, тварамі, глядзеў на ўсмешкі хлопцаў – і дзіўнае, незразумелае пачуццё ахоплівала яго. Ён не мог – ды і не хацеў вось гэтак скакаць вакол вогнішча, закінуўшы ў неба твар, абдымаць за плечы… другую, яму роўную, – і ўсё ж яго цягнула да вогнішчаў, ён зліваўся з найбліжэйшым кустом, пазіраў. Глядзеў ён на людзей у купальскую ноч зусім не так, як на дзівосныя камяні, выкліканыя ім з зямлі, аднак жа і было нешта агульнае. У людзях гэтых яму таксама бачыўся незнаёмы і прываблівы свет, і яго, гэты свет, хацелася адчуць, хаця б трохі ўведаць. Але людзі былі чужыя. І ён, растрывожаны, знікаў у лесе да наступнае купальскае начы.
Але часы ішлі, купальскіх вогнішчаў менела, і зараз вось яны ўжо амаль зніклі. Купальскія ночы, ясныя, месячныя, урачыстыя, праходзілі па зямлі, па былой лесавіковай пушчы маўклівыя, ціхія. Адно месяц яшчэ ўглядаўся ў зямлю пад ім, шукаў рэдкага каменьчыка, у якім была душа і якога можна было запаліць. Са знікненнем пушчы забываўся і Купала. І людзі, якія нястомна шукалі папараць-кветку, таксама кінулі хадзіць па лясах, яны забыліся, што папараць-кветка ўсё ж ёсць.
Купалле набліжалася, але лесавік нічога не чакаў ад яго, ён проста адзначаў: хутка Купалле. Праўда, гэтым перадкупальскім часам яго непакоіла яшчэ адно: недалёка ад сваёй імшарыны ён зноў пачуў людзей. І сустрэчы з імі тут яму зусім не хацелася. Людскія галасы даляталі да яго звонкія, маладыя, і калі добра прыслухацца – не зусім яму прывычныя. Справа ў тым, што ён добра пазнаваў галасы тых, хто не-не ды сустрэнецца ў лесе: грыбнікоў, паляўнічых, ягаднікаў, рыбакоў. Гэтых людзей ён амаль ніколі не чапаў, яны яму не заміналі, не шкодзілі лесу. На поўдзень ад ягонай імшарыны быў яшчэ вялікі луг, на ім гэтаю парою таксама з’яўляліся людзі, касілі траву – галасы тых, хто завіхаўся на лузе, лесавік таксама ведаў. Маладыя і вясёлыя галасы, што даляталі зараз, былі мала падобныя да ўсіх яму вядомых.
Мусіў ісці, даведвацца.
Першы раз прыйшоў, зразумела, уначы. На лузе, недалёка ад рэчкі, што працякала паўз яго, стаялі два часовыя людскія буданы, каля іх паміргвала цяпельца, некалькі чалавек сядзелі вакол яго: хто драмаў у абдымках другога, хто гаварыў, стараўся для ўсіх, хаця на яго мала зварачалі ўвагі, папісквала, патрэсквала, шаптала радыё, адна з многіх людскіх прыдумак. Было відаць, што людзі асталяваліся тут на час касавіцы, на гэта паказвала ўсё: і пах свежаскошанай травы, і некалькі пастаўленых стагоў, і граблі з віламі, кінутыя ў кучу недалёка ад буданоў. Каб лесавік быў ранейшым лесавіком, ён бы прыдумаў, што зараз рабіць. Параскідаў бы па ўсім лузе вілы і граблі. Разварушыў бы стагі. Патрос бы свістам буданы, павухкаў бы, пагігікаў так, што заледзянела б кроў у жылах, анямелі б каля вогнішча і ў будане тыя, што прыйшлі куды не трэба… Але пра яго, лесавіка, ужо амаль ніхто з людзей не памятаў, не ведаў, што гэта якраз ён гаспадарыць уначы, папярэджвае, пагражае, што толькі ён умее ў ціхую ноч разгойдваць дрэвы і наводзіць марачэнне. Не памяталі і не ведалі. Ды і што гэтыя лесавіковы забаўкі і гульні ў параўнанні з тым, што маглі самі людзі… Лесавік колькі разоў бачыў, як палалі цэлыя вёскі – і ў іх гарэлі людзі. Як адзін выбух раскідваў на кавалкі хату. Як аднымі машынамі знішчаліся другія машыны разам з людзьмі. Як вытайвалі з-пад снягоў трупы людзей – у ягонай пушчы вытайвалі, – пазіралі ў неба пустымі вачніцамі, чакалі, пакуль знойдуць іх жывыя, і тады лесавік, шкадуючы, рассоўваў мерзлую зямлю, хаваў, ведаючы, што нежывому сярод жывога месца няма. Людзі часта не маглі падзяліць нечага свайго людскога, і тады гулі войны, з кожным разам усё страшнейшыя. Самога лесавіка пакуль што зачапіць яны не маглі – але ў іх лесавік адчуваў і сваю апошнюю мяжу.
І вось зараз побач з лесавіковым жытлом былі людзі – і рабіць што-небудзь з імі яму не хацелася. Другі раз лесавік прыйшоў таксама прысмеркамі. Зноў гарэла вогнішча – ужо большае, хадзілі вакол яго людзі, галасы іх разносіліся далёка. Лесавік яшчэ ў першы раз убачыў, што людзі гэтыя зусім не вяскоўцы, якія кожным годам прыязджалі на луг, спяшаючыся, працавалі, яны рабілі сваю работу – і ўсё. Гэтыя ж, у адрозненне ад тых знаёмых яму вяскоўцаў, працавалі і няўмела, і не вельмі ахвотна, ва ўсякім разе, стагі на лузе вырасталі марудна, і былі яны нязграбныя, а адзін з іх дык і зусім гатовы быў раскідацца, лёгенька дзьмухні – і не будзе стога. І крыку, мітусні ў гэтых людзях было столькі, што здзіўляўся нават лесавік. Быццам прыехалі святкаваць Купалле, нават пачалі ўжо гэта рабіць за два тыдні да вялікай ночы. Але ж ноч была і ёсць адна на ўвесь год. Праца гэтых людзей на працу, што і казаць, была мала падобнай. Маладыя ўсе, амаль пароўну дзяўчат і хлопцаў. Ну правільна, усё як на Купалле. Маладыя дзяўчаты і хлопцы. Лесавік прыглядаўся. І з выгляду гэтыя людзі былі непрывычныя яму: незнаёмае адзенне, нейкая іншая пастава, іншыя – рэзкія, паспешлівыя рухі. Зноў жа крык, гогат, піск – вяскоўца ў лесе ці ў полі і не пачуеш, адно толькі адчуць можна. У купальскую ноч, зразумела, таксама бываюць і крыкі, і песні, і дзявочы войк, аднак тут было не тое. Людзі былі чужыя ў гэтых мясцінах, лесавік гэта ведаў дакладна.
Ён адышоўся да бліжэйшага стога, сеў пад ім, задумаўся. Вось людзі – і вось ён, лесавік. Раней людзі не тое што ведалі пра лесавіка, яны яго баяліся, лічылі ледзь не сваім ворагам, ставілі ў адзін шэраг з нячысцікамі. Людзі, баючыся смерці і неадступна думаючы пра яе, выдумлялі сабе ворагаў, якія тую смерць набліжаюць, гаварылі пра кару, што чакае іх за грахі – а грашыць людзі ўмелі, часта гэта рабілася ледзь не галоўным у іхнім жыцці, – і караў не толькі адзін і ўсемагутны Бог, а і нячысцікі. Ніхто з людзей, ніхто з жывых звычайных людзей тых нячысцікаў не бачыў, аднак людзі пабудавалі ў сваіх уяўленнях цэлы вусцішны і жудасны свет, свет змроку і пакут. На чале яго, а гэта значыць у самым нізе, у пекле, быў Люцыпар у акружэнні гайні пякельнікаў, каснаў і шатанаў. У сляпой апраметнай начы, бачылася людзям у нейкія жахлівыя хвіліны, усё скрозь было запоўнена цмокамі, паралікамі, паветрыкамі, прахамі, шэшкамі, і чалавек, праклінаючы таго, хто перайшоў яму дарогу, ці пакрыўдзіў, ці зняславіў, ці падмануў, гаварыў: «Каб ты спрах, браце, каб цябе паралік узяў, каб цябе цмокі наведалі, як ты са мной абышоўся, брат мой дарагі, бліжні мой, які павінен любіць і быць, канешне, любімым». А побач з чалавекам, былі яны ўпэўнены, заўсёды, пакуль той чалавек глядзеў на свет і яму радаваўся, існавалі кадукі, дамавікі, хлеўнікі, гуменнікі, пуннікі, лазнікі. Яны былі, таму што будаваліся і стаялі хаты і хлявы, гумны і лазні, і тыя, не чалавекі, былі такімі ж гаспадарамі, як і людзі, толькі нябачнымі. Калі ты кепскі гаспадар, то і цені твае шкадлівыя, цягаюць з-пад носа твае рэчы, блытаюць іх, не даюць распаліцца агню ў печы і не вядуць у хату дастатак, наадварот, зводзяць яго дашчэнту, і калі ў галаве ў цябе яшчэ нешта ёсць – кідай усё, хату гэтую кідай, перабірайся ў іншае месца, заводзь сабе новых сужыцеляў. Так думалі людзі. З таго ж уяўнага, нерэальнага свету прыходзілі да іх і як бы паўнячысцікі, паўцені, слабыя, кволыя, здольныя змагчы хіба што соннага і хворага, – палуночнікі і ярэтнікі, мары і кікімары. У тым жа свеце людзі знаходзілі месца і такім, як лесавік. Яны не ведалі, хто такі лесавік, што ён такое ёсць, і выдумлялі. Наогул, людзі ўсё невядомае ім стараліся надзяліць самымі дзівоснымі, самымі вычварнымі якасцямі і ўласцівасцямі. Менавіта з-за гэтага ў памочнікі Люцыпара, у яго падручныя трапіў і лесавік, а яшчэ, акрамя яго, – палевікі, кладнікі, вадзянікі (сярод іх людзі распазнавалі вірнікаў і ціхоняў), балотнікі, багнікі, аржавенікі, лознікі. А як ёсць адны – ёсць і другія. У рэках і азёрах забаўляліся, спявалі салодкія песні, клікалі людзей да сябе ў чароўнае вадзяное княства русалкі. Людзям рабілася шмат лягчэй жыць, калі яны маглі сабе і іншым што-небудзь растлумачыць. Спакойна пасвіўся статак, пагладжвала зямлю сонца, каб не было зусім горача, пралятаў лёгкі ветрык, пакалыхваў траву – і раптам адна з кароў, зарыкаўшы, задраўшы старчма хвост, кінулася ў самы гушчар кустоў, з якога потым не так проста яе выцягнуць, і за ёй памчала другая, трэцяя… Заляскалі пугі, забрахаў сабака, замармыталі сабе пад нос пастухі: палевікі, яны, нячысцікі, іхняя работа, цэлымі днямі над кожнай каровай па некалькі дзясяткаў аваднёў са сляпнямі віецца – і нічога, не, толькі палевікі пачынаюць ганяць кароў, прымушаюць іх гізаваць, падбрыкваць нагамі і матляць галавой; ды на тое яны, палевікі, і ёсць. Ці брыдуць, зрэдку разгінаючыся, па балоце ягадніцы, збіраюць у кашалі журавіны, і вось выйшлі да чыстага, ціхага азярца, выпрасталіся, уздыхнулі з палёгкай, паселі, прыхінуўшыся да дрэў, тварам да возера, бо вочы на вадзе адпачываюць, на чым жа ім яшчэ адпачываць, як не на роўным і чыстым абсягу, – і раптам пайшлі па вадзе бурбалкі. Людзі падхапіліся, у трывозе глядзяць на ваду, бокам-бокам у лес, ногі самі нясуць падалей ад возера, а там, у вадзе, ужо нехта ляпае, раве, вішчыць. Вадзянік гуляе, пераглядаюцца між сабой людзі, хутчэй адсюль, яшчэ ўхопіць ды туды, хутчэй, барані божа…
Ну і, здаралася, хацелася людзям бачыць сярод сабе падобных нелюдзяў, тых, хто прадаўся нячыстай сіле, хто не здаволіўся дзённым, зямным, хто пайшоў у слугі падзямелля і ночы. У абліччы людзей хадзілі, пазіралі цяжкімі, бяздоннымі вачыма сугнеістыя ведзьмакі, ведзьмы і калдуны. Удзень яны проста хадзілі і пазіралі – а ўначы… Уначы яны маглі зрабіць самую розную шкоду, бо сіла іх была вялікая. Прапала малако ў каровы – чары, захварэла дзіця – зірнула на малога ведзьмава вока, няўрод у полі – таксама ведзьмакова старанне, трэба знайсці яго ці яе і знішчыць.
Той чорны ўяўны свет узнік, мусіць, з моманту з’яўлення ў лясах чалавека. Чалавек адразу зрабіў сабе ідала – столькі ж дзіўнага, незразумелага наўкола, столькі недасяжнага і магутнага, столькі жаданага, што якраз ідал і ўстаў у пячоры, і да ідала прыдумалася, прыдалося. А яны, лесавікі, і тады былі, і цяпер ёсць, ніколькі яны не памяняліся і не звяліся.
Ды, зрэшты, лесавік добра ведаў і іншае: людзі, якія жылі ў ягонай пушчы і вакол, якія пабудавалі на гэтай зямлі вялізныя гарады і думалі пра яшчэ большыя, якія, зусім не маючы намеру звесці пушчу, амаль звялі яе, хаця і засталося яшчэ некалькі ляскоў, гэтыя людзі ніколі не ўзводзілі нячыстую сілу – усіх гэтых шатанаў, кадукоў, кікімар і лесавіка разам з імі – у абсалют. Многіх яны нават лічылі як бы і за сваіх, спагадалі ім, паблажліва дазвалялі займацца сваімі «нячыстымі» справамі, пасміхаліся, расказваючы пра іхнія забаўкі, і папярэджвалі: «Вы ўжо не вельмі, як вас там… спакайней як-небудзь, усё мы разумеем, з усім згодны: і пасвістаць можна, і магерку з галавы скінуць, і з панталыку збіць… але не вельмі. Па-свойску давайце, спакайней». І абыходзілася ўсё часцяком якраз спакойна, па-свойску. Страх быў – але памяркоўны, іх пракліналі – але як вулічных суседзяў, з імі ваявалі – але не да смертазабойства. Калі яно ёсць – дык хай будзе.
Чалавек, канешне, надта любіў на ўсё незразумелае напусціць такога туману, што ў рэшце рэшт сам заблытваўся і губляўся. Вось і накруціў з нячысцікамі, вось і пасадзіў побач з імі лесавіка. А лесавік – ён лесавік. Не чалавек, канешне, не звер і не птушка – але і не нячыстая сіла. Проста яму было дадзена такое, чаго не мог чалавек. Усё проста. Вось людзі не задумваюцца ж, як яны дыхаюць. І лесавік не думаў, як ён жыве. Жыў лес, жылі звяры, жылі камяні з запаленай душой, жылі людзі – і ён. Жыла зямля, якая ўсіх іх нарадзіла.
І вядома яшчэ, што ўсё простае – складана, вельмі складана.
Лесавік добра ведаў яшчэ і тое, што ён, вельмі далёкі ад чалавека па сваёй сутнасці, тым не менш неаддзельна з ім звязаны, як звязана з ім усё, што ёсць на зямлі. І хаця шмат што чалавеку не даецца ў рукі, шмат чаго ён не разумее і не ведае – ён гаспадар. Ён быў тым гаспадаром, да якога чарадой ішлі і ішлі мільёны, мільярды, неслі яму ўсё лепшае, што ім удавалася зрабіць, і гаспадар прымаў даніну, складваў тыя дарункі, якія можна было складваць, і выслухоўваў, і лічыў, і чытаў, і глядзеў, але дарункі не канчаліся, яны былі бясконцымі, і гаспадар даўно ўжо не помніў, дзе ў яго што ляжыць, нешта далёка адсоўвалася, нешта забывалася, аднак гаспадар не бедаваў, бо канца чарадзе не было. Бясконцасць гэта давала яму адчуванне ўсёмагутнасці і ўсёдазволенасці. І калінебудзь ён мог забыцца, што ўсё і нічога – побач, што паміж імі амаль няма мяжы.
Але чалавеку – чалавечае, толькі яму выбіраць, ці ўсё, ці нічога, ягоная справа, ці памятаць пра тое, што вялікі ўраджай на працягу ўсяго лета паказвае на даўжыню наступнае зімы. І ягоная справа – размахваць зброяй ці яе знішчыць. Пакінуць пушчу ці пабудаваць на яе месцы гарады. Гэта і было для лесавіка галоўнае. Людзям амаль ніколі не было ўласціва пачуццё апошняга. Па-першае, сваю смерць яны ніколі не ўспрымалі канцом свету, бо яны пакідалі сябе ў сваіх дзецях і ў тым, што зрабілі. Менавіта з-за гэтага, зразумела, яны не глядзелі на сябе як на апошняга. І гэтак жа бачылі яны ўсё і наўкола сябе: зямлю, лясы, рэкі, горы, звяроў і рыб, – апошняга нічога не можа быць. Так яны прызвычаіліся. І вось лёг пад дрэвам у пушчы апошні зубр. Згінуў, знік у пячоры апошні леапард. Ценем мільгнуў у паветры апошні – ды ці быў ён? – сокал.
Ляскі ў лесавіка яшчэ былі, пушча ўжо скончылася. Так што ён таксама ўжо як бы і быў, і не быў. Ва ўсякім разе, лесавік добра ведаў, што людзі яго амаль не ўяўлялі. Вось з’явіся ён перад імі такім, каб яны здолелі яго ўбачыць, – зусім невядома, што б яны падумалі. Ды і то сказаць – выразна, добра разгледзець яго яны ўсё роўна не здолелі б. Не падыходзіць ён для іхніх вачэй. За сваё жыццё ён спрабаваў даведацца, як бачаць яго людзі, калі ён гэтага захоча, – але да канца так і не разабраўся. Нешта памерам з чалавека, можа, крыху менш ці болей, быццам з рукамі і нагамі, з галавой; пра твар ніхто з іх нічога пэўнага не мог сказаць, баяліся яны ягонага твару: вочы ёсць, з жахам крычалі, шапталі яны, але крый божа зірнуць у іх, не трэба, бо і не вочы гэта, а… яміны з падзямельным святлом – вось як зірнеш, так і прапаў; але, калі на тое, ягоных вачэй іхнія вочы і не бачылі, бо не маглі зазірнуць у іх, а святло… святло ім магло ўявіцца, магло; на ім, расказвалі яшчэ яны, адзенне не адзенне – валасы, мусіць, але не чалавечыя, нават не звярыная поўсць, а як бы лісце ці трава – і ён то ўзнікне, то прападзе, і кожны раз крыху іншы – то большы, то меншы, а то амаль і не ўбачыш яго, толькі абрысы: глядзіш, як ён каля дрэва пакалыхваецца, з месца сысці не можаш, валасы твае шорсткія патрэскваюць, а ён чэзне, чэзне – і растварыўся, адно толькі дрэвы трасуцца і зямля гудзе. Расказвалі шмат, але кожнага разу новае і сваё, часта супярэчлівае: ён і чалавек са звярынай поўсцю, і звер з чалавечым абліччам, і з пашчаю агнявой, і кіпцюры, і капыты, і іклы, як у дзіка, і хвост з рагамі, і раве, і стогне, і сыкае, што змей, і лётае, і ад хады ягонай зямля трасецца, а лес падае і трашчыць, – ды, праўда, даўно ўжо пра яго ніхто нічога не расказвае, было ўсё ў далёкім мінулым.
У тым жа мінулым была ў людзей і вера, перакананасць у тым, што, калі з’явіўся з табой побач лесавік, ты можаш яго пабачыць. Людзі верылі ў гэта, як верылі спачатку ў ідалаў і продкаў, потым у Айца, Сына і Святога Духа, а разам з Трыадзіным – у Іегову, Алаха, шасцірукага Буду, Магамета і яшчэ многіх, – і ні ў кога не верылі, акрамя сябе. З тых часоў прыйшла замова, пасля якой на людскія вочы павінен быў аказацца і лесавік. Людзі, надрыжэўшыся і паляскаўшы зубамі, сабраўшыся з моцаю, заплюшчыўшы вочы, гаварылі: «Кажыся не воўкам-зверам, не воранам-птахам, не дрэвам іглістым, а такім, як я сам!» – і з-за прымружаных павек цікавалі: дзе ж той, якога ніхто не бачыў, але які ёсць, дзе ён, гаспадар лясны, гаспадар, непадуладны самому Богу, Богу, які чакае пасля зямлі ўсіх іх? І былі ўпэўнены, што лесавік і паказваўся недзе побач, толькі не бачылі яго, бо і вочы баяліся расплюшчыць, і за спіну не глядзелі, ці ўгору, долу, па баках, адным словам, не глядзелі добра. А ён, паказаўшыся, знікаў зноў. Безумоўна, так і было – паказваўся і знікаў.
І людзі яшчэ верылі, што ў лесавіка можна было папрасіцца, калі прапала ў лесе карова ці захварэла яна. Людзі прыходзілі да таго месца, дзе павінен быў быць лесавік, і гаварылі: «Лес цесны, цар лясны, гаспадар вялікі, прашу я вас з хлебам, з соллю, з белай рубашкай, з чырвонай рубахай, з нізкім паклонам прасціці, благаславіці!» Пасля гэтых слоў трэба было пакласці пад кустом галаву кабана і яйка – і чакаць. Лесавік, верылі людзі, мог вярнуць тую карову ці вылечыць яе. Часцей за ўсё лесавік мог выйсці да людзей у Васілёў вечар, у Вялікі чацвер, на Юр’я і на Вялікдзень.
Седзячы пад стогам, лесавік думаў пра тое, як шмат змянілася тут з часоў пушчы, з часоў, калі на гэтым поплаве ніколі не бывалі людзі, калі вакол яго шапацеў, ціха перагаворваўся лес, і казулі, выскачыўшы з кустоў, у непаразуменні спыняліся перад незнаёмай прасторай, на якой няма дрэў, і пужліва падціскалі вушы, чорныя кропкі-насы нервова паторгваліся, уцягвалі, рассмакоўвалі паветра – пахла салодкімі травамі, вятрамі, сонцам – але не было дрэў, і казулі, жвава павярнуўшыся, скакалі назад, у гушчар. Праўда, трэба сказаць і пра іншае: колішнія балоты, цяпер ужо напаўвысахлыя, усё ж не далі далёка разбегчыся людскім дарогам, ды і тыя большасцю былі гразкія, таму і чалавек тут аб’яўляўся рэдка. Але аб’яўляўся пастаянна. Ды дзе ад чалавека гэтага дзенешся?
Лесавік пачуў гэтых дваіх людзей, канешне, здаля. Яны ішлі ціха, павольна, хлапечая рука трымала дзявочую, усё гэта лесавіку было знаёма. Двое шукалі схованкі, ім хацелася зараз адысціся як мага далей, каб нічые вочы іх не ўбачылі, нікога і нічога ім не трэба было, акрамя вось гэтага цёплага вечара ды іх саміх. Ішлі, зразумела, да стога, людзі любілі стагі, бачачы ў іх нешта падобнае да хаты – а без хаты чалавек не быў чалавекам, – і лесавіку хочаш не хочаш трэба было кіравацца да свайго лесу. Да аднаго з ляскоў, якія яшчэ засталіся. Але нешта яго стрымлівала. Не, не жаданне паказаць сваю лесавікову моц, магутнасць, уладу, лесавік ніколі не перашкаджаў у лесе такім, як гэтыя, навошта яму было іх палохаць? – лесавік проста перабраўся ў самую сярэдзіну стога. Патрэсквала, высыхаючы, трава, шамацелі, пароліся ў ёй мышы, пракладваючы хады-дарогі, быў тут і вуж, яшчэ драмаў, ленаваўся выпаўзаць на паляванне, стог быў поўны шолаху, шархацення і піску. Лесавіка, канешне, усё жывое адчула, але не спалохалася, адно толькі мышы з казуркамі насцярожыліся – усё жывое ведала, што лесавік іх чапаць не будзе. Лесавік плыў у сваёй звыклай паўдрымоце, ён любіў гэты стан – сон не сон і не трызненне, а проста вісіць ён у паветры, і гукі ды пахі абмінаюць, абцякаюць яго, не дакранаючыся, і ён усё чуе, але нічога ў сябе не прымае. Зараз ён таксама нерухома вісеў, ды чалавечая мова, якая была яму зразумелая, да яго ўсё ж даходзіла. У гэтых людзей не было ніякіх памкненняў, якія б тычыліся лесавіка і ягоных спраў, таму ён і не затрымліваў у сабе іхніх слоў і думак. Яны гаварылі і думалі зараз толькі пра сябе, усё астатняе было страшэнна далёка.
Побач з лесавіком былі зараз людзі, з якімі, увогуле, ён мог бы зрабіць усякае. Але гэта былі і людзі, ад якіх ён залежаў, ягоныя гаспадары. Ад такога раптоўнага, як удар маланкі, усведамлення ён нават абудзіўся. Сапраўды, людзі і, у прыватнасці, вось гэтыя двое – ягоныя гаспадары. Так, яны нічога, зусім нічога не маглі зрабіць з ім, не маглі дакрануцца да яго, ударыць, забіць, не маглі напалохаць і нават убачыць – і ён быў у іхняй уладзе. Чаму і калі так здарылася? Ніхто: ні яны і ні ён – гэтага не ведалі, але так было. Людзі, хлопец і дзяўчына, ляжалі ў абдымках, ён гаварыў тое, што заўсёды, як ведаў лесавік, гаварылі хлопцы сваім дзяўчатам, і яна верыла і не верыла ягонаму шэпту, вагалася, то прыціскалася да яго, то адштурхоўвала, ён жа спяшаўся і нават злаваў – усё гэта лесавіку было знаёма. Здаецца, ужо не было ў людзях таго, чаго б ён не ведаў. Не было.
Лесавік нячутным вялікім ценем мільгнуў у паветры, толькі на імгненне засланіў ён некалькі зорак-парушынак, што падміргвалі дзяўчыне з недасяжнасці, але яна здрыганулася, прыўзнялася: «Што гэта?!» – «Ды нічога, здалося табе, хто тут можа быць?» – «Не, было, нехта праляцеў!» – «Кінь выдумляць, гэта раней калі, гадоў сто назад, сава магла праляцець, а цяпер тут нават лесу няма». – «Бачыла!..»
Лесавік, ужо седзячы на сваім дрэве, усміхнуўся сам сабе – адчула. Увогуле, ён даўно ведаў, што жанчыны адчуваюць усё жывое. Яны адчуваюць нават яго, нябачнага. Зрэшты, жывы жывога і павінен пазнаваць. А пра жанчын ён ведае яшчэ і тое, што, калі маладзіца панесла, усе свойскія жывёлы – і лясныя таксама, толькі гэта здараецца многа радзей, – усе кошкі і сабакі да яе лашчацца. Ён гэта ведаў. Людзі… людзі ўжо маглі і забыцца.
Гэта было вельмі дзіўна, але і назаўтра лесавік наведаўся да людзей, і пазаўтра, і хадзіў раз за разам. Неадольная сіла проста штурхала яго да іх. Спачатку прыходзіў ён толькі прыцемкамі, потым захацелася ўбачыць іх – і ці толькі ўбачыць? – і ўдзень.
Гэтым разам недалёка ад людскіх буданоў лесавік заўважыў маладую лісіцу. Лісіца неспакойна шнырыла ў кустах каля лугу, прынюхвалася да пахаў, што наплывалі з буданоў, і па тым, як не ішла яна адсюль, як перабірала лапамі, як узіралася ў буданы жоўтымі вачыма, лесавік зразумеў, што яна прыбегла сюды не ўпершыню, што і пахі, і галасы людзей, і самыя іх постаці ёй знаёмыя. І ён ведаў, што лісіцу, як і яго, неадольна цягнула да людзей, яна ажно павісквала, уцягваючы ў сябе паветра, якое далятала адтуль, ёй надта карцела падбегчы да іх, – але навошта? Мусіць, яна паласавалася ўжо каля іх, падабрала аб’едкі з кухні, і лёгкая тая ежа надзвычай спадабалася, лісіца ўжо не хацела, не магла кінуць гэтыя кусты з лугам, людзей, не магла адсюль збегчы. Лісіца была маладая, худая, тонкія косці выпіралі з-пад скуры, не хавала іх нават поўсць, адно хвост быў бадзёры, цяжкаваты. Лесавік, убачыўшы маладую лісіцу, адразу вырашыў яе пужануць, адагнаць ад людзей, бо нельга зверу прывыкаць да чалавека, нельга жыць каля яго і падбіраць аб’едкі, у звера ёсць лес. Ён раптам узнік каля лісіцы, і тая ажно падскочыла, жаласна яўкнуўшы, і спалохалася, кулём кінулася ў кусты – калі звяры бачылі яго, калі ён рабіўся ім бачным, яны заўсёды палохаліся і рабілі тое, што ён хацеў, – уцякалі, ці ўціскаліся ў зямлю, ці зліваліся з дрэвам, крычалі ці нямелі, а то як бы і паміралі, а потым, аджыўшы, нічога не памяталі. Зараз лісіца пабегла, і яна павінна была б бегчы доўга, кіруючыся да нары пад парослым здзічэлай ажынай узлобкам, і толькі там спыніцца, і так было б, бо не слухацца ягонага загаду звяры не маглі. Але прабегла яна зусім няшмат, усяго якую сотню метраў. Ястраб-адзінец, той самы апошні, менавіта сёння сарваўся раптам са свайго сука, з якім ён ужо як бы і зросся, і паляцеў, імкліва набраўшы хуткасць. За першым разам ён праляцеў няшмат, узляцеў і хутка сеў, быццам спрабуючы свае крылы. Але за другім разам, ужо ўпэўніўшыся, адчуўшы сябе, ён прамчаў паўкругам далёка, як бы праткнуў паветра, і крылы ягоныя заспявалі, і тутэйшае птаства з жахам пачула, зразумела амаль забыты ўжо посвіст, ад якога спынялася дробная калатня сэрцаў і гушчэла, застываючы ў жылах, кроў. Ястраб сеў на самай вяршаліне высачэзнай чорнай вольхі, і круглыя яго вочы, у якіх ніколі не прачытаць было, хочацца яму ўдарыць, ці спачыць, ці паклікаць ястрабіху, цяпер успыхнулі, загарэліся чырвоным і пільна зірнулі. Вось тады і замільгаў руды хвост у рэдкіх кустах, лісіца спяшалася, ні на што не зварачала ўвагі, адно кіруючыся да нары ў ажынніку, і хвост то тухнуў у зеляніне голля, то расквечваўся на роўным, біў у вочы. Ястраб сарваўся з вяршаліны, як стрэліў, ён падаў, нават не набраўшы вышыні, менавіта падаў наўскос, з кожным імгненнем набіраючы хуткасць, і пры самай зямлі, зрабіўшыся ў сваім падзенні амаль нябачнай, нейкай адной суцэльнай палоскай, маланкай, пры самай зямлі ястраб ударыў у рудую пляму. Лісіца, адчуўшы смерць толькі ў самы апошні момант, нават не паспела падставіць ёй ашчэраную морду, адно крыху павярнулася бокам, і кіпцюры-корды лёгка прабілі поўсць і сціснулі. Ястраб некаторы час нерухома сядзеў на мёртвай лісіцы, нават не пакручваў галавой, адно круглыя вочы ўспыхвалі і згасалі, мігцелі, бы вугалі ў прагарэлым вогнішчы. Потым ён страпянуўся, ударыў крыллем, некалькі разоў цяжка падскочыў разам з лісіцаю, не могучы адразу ад яе адарвацца – і рынуў у паветра. Забітая лісіца ўжо не існавала для яго, забіўшы, ён адразу на яе забыўся і паляцеў далей.
Лесавік бачыў усё, што адбылося, але ўмяшацца, дапамагчы лісіцы, выратаваць яе ён не мог. Ён толькі глядзеў, як узнік ястраб і перастрэў лісіцу. Што ж, гэта было жыццё звяроў, да якога ён, лесавік, не меў ніякага дачынення. Лесавік бачыў небяспеку для лісіцы з боку людзей, лісіцу ж забіў ястраб – і гэта ўжо было зусім іншае. І тым не менш яму шкада было лісіцы – як і любога іншага звера, птушкі, рыбы ў былой ягонай пушчы, – бо ўсяго жывога побач з лесавіком засталося няшмат. Мала пушчы – мала пушчанскага.
Можа, і сам ён быў ужо апошні лесавік ва ўсёй гэтай зямлі, дзе спрадвеку шапталіся, гаварылі лясы, дзе магутна і густа цяклі рэкі, дзе свяціліся вачыма-зоркамі азёры, дзе грукацелі, перагаворваліся паміж сабой навальніцы і панавала над усім асцярожная, чуйная цішыня – быццам поўна, як толькі можна, быў наліты ёю вялізны празрысты кубак, і ўсё наўкола не варушылася і не дыхала, баючыся гэтую цішыню разліць. А зараз у лесавіка было такое адчуванне, быццам зайшоў ён у сваё жытло-сховішча – і спыніўся ў сумным здзіўленні, не пазнаючы яго, бо ўсё змянілася ў ім, нават не ягонае яно ўжо, а чужое, і гаспадарыць у ім хтосьці іншы, незнаёмы. Пушча, дакладней, тое, што ад яе засталося, даўно не была ягонаю пушчай. Зрэшты, за тыя сотні гадоў, якія пражыў тут лесавік, ён навучыўся мераць час па чалавечых мерках – і гэта было зусім не дзіўна, не так далёка яны адышліся адзін ад аднаго, чалавек і лесавік. Лесавік ведаў самую доўгую ноч года, яна была ў глухую зімовую пару, сам ён часта засынаў у яе, бо зіма – гэта зіма, зямля, а разам з ёю і лес, спіць, лесавік таксама драмаў, толькі зрэдку ўспрымаючы навакольныя гукі. А людзі пра гэтую пару гаварылі – Піліпаўка, яны дакладна ведалі, што самыя кароткія дні – дваццаць першага – дваццаць другога снежня, пазней Піліпаўкаю яны ўзяліся пачынаць шасцітыднёвы перадкалядны пост. Гэты пост якраз і быў іхнім зімовым сном, у яго яны менш рухаліся, менш елі, стараліся траціць як мага меней сіл. Потым лесавік абуджаўся, ішоў па нерухлівым лесе-палацы, дзівіўся на снегавое ўбранне. Лес стаяў велічны, прасторны, лесавік проста блукаў па ім без ніякае мэты, лічыў па слядах, колькі каго ў ім зімавала. Каляды людзі сабе таксама зрабілі святам, яны адпачывалі ад сваіх сялянскіх работ, якраз на Сцяпана, за тыдзень да Каляд, заканчваўся тэрмін службы парабкаў, а значыць, і работа. Быў Васілёў дзень – першага студзеня, было Вадохрышча – шостага, быў Ігнат – дваццаць дзявятага. І хаця пасля Вадохрышча ціснулі самыя моцныя маразы, людзі іх не баяліся, смяяліся, спявалі ў сваіх селішчах песні, цягалі ад хаты да хаты Каляду-зорку, самі апраналіся ў чарцей і казлоў, скакалі, шчадравалі, здымалі вароты, а то і коміны скідвалі, – яны святкавалі. А тут падыходзіла і Стрэчанне, калі сустракаліся зіма з летам. Людзі таксама ведалі пра гэты дзень – другога лютага па іхнім календары – і рыхтаваліся ўжо да вясны, да сустрэчы з полем. Лесавік проста назіраў, як сонца паварочвалася на вясну, чакаў яе, глядзеў, як пакрысе ажываў лес. А ў людзей па чарзе праходзілі Уласаў і Касьянаў дні, Аўдоха, Рыгор, Саракі, Ляксей, Мікіта з Андрэем. І ўжо дваццаць трэцяга красавіка па вёсках быў агульны выган скаціны, яго чакалі, бо мала ўжо заставалася пошару, корму для яе, і каровы рыкалі ў хлявах, просячыся да выпасаў, да рэдкай маладой травы і цёплага ветру. Вёскі амаль не спалі, у цёмных вокнах як не ўсю ноч паміргвала святло, і як толькі шарэла неба, як толькі пачынала святлецца – бразгалі дзверы і весніцы, рыпелі вароты, ужо нецярпліва пераступалі, нецярпліва ўздыхалі каровы і падбрыквалі цялушкі, чуліся галасы – і да крыжа, з якога пачыналася вёска, выходзіў пастух. І ляскала, страляла пуга, моцны, прарэзлівы голас рэзаў чуйную цішыню, ляцеў далёка, ажно ў поле і ў лес: «Выганя-я-яй!..» – і вёскі рабіліся падобнымі да мурашнікаў. У дварах уздымалася мітусня, гаспадыні, спяшаючыся, выпіхвалі з хлявоў марудных кароў і бесталковых цялушак, якія раптам застывалі ў дзвярах, бы спалохаўшыся чыстага паветра, пад нагамі скакалі, ваўчкамі круціліся сабакі, замінаючы людзям і быдлу, крыкі мяшаліся з брэхам, з розных канцоў вёсак ляцела працяглае рыканне, сакаталі ў хлеўчуках куры, гарлалі пеўні, вішчэлі парсюкі – і перакрывалі ўсё стрэлы пугі. «Вы-ы-га-аня-яй!..» І вёскі нагадвалі ўжо не мурашнік, а растрывожаны вулей, яны і самі як бы пачыналі рухацца разам са статкамі, якія барзджэй, чым заўсёды, каціліся да ваколіц. Гэты красавіцкі дзень таксама быў святам – святам першай травы, святам лесавіка і людзей. І вось такія святы падпіралі ўжо адно другое, ішлі хутка, гэтак жа хутка, як абуджалася, ажывала зямля, на якой жыў чалавек. Зямля, палі з загонамі, паплавы, поўныя траваў, лясы, – так, лясы, не надта чалавеку даступныя, – зямля была чалавечым домам, у якога ён прыходзіў і з якога ішоў. Гэта зямля давала яму свае святы, яна гаварыла, што менавіта вось у гэты дзень, цёплы і парны, трэба пачынаць сяўбу. У людзей гэты дзень называўся Правады, быў ён звычайна ў наступны дзень пасля Вялікадня, людзі выходзілі, выязджалі ў палі, разам з гаспадарамі, што ехалі коньмі, цягнулася як не ўся вёска са старымі і малымі, вёска ішла на свята. Гэтымі ж днямі людзі паміналі і сваіх продкаў. Памінанне мацавала іх, давала надзею на добрае, падтрымлівала, памерлыя як бы бласлаўлялі жывых на жывое. А дзявятага мая было днём, калі жыта родзіць. Бадай, гэта быў найгалоўнейшы веснавы дзень, бо ў нараджэнні жытоў былі дастатак і спакой чалавека, яго ўпэўненасць, ягоная думка пра будучыню. А ў будучыні – толькі лепшае, з гэтым прыйшоў на зямлю чалавек. І Зелянцом, Сёмухаю заканчвалася вясна сялянскага года, у гэты дзень таксама закружваліся карагоды, бо чалавек на свае вочы бачыў ужо зеляніну будучага хлеба.
Па гэтым прыходзіў Купала, дваццаць чацвёртага чэрвеня, у людзей сярэдзіна года, а ў лесавіка пачатак яго, бо купальская ноч – самая кароткая.
У лесавіка гэты дзень заўсёды быў найгалоўнейшым, яго адзінага ён чакаў і ніколі на яго не забываўся. І лесавіка, як гэта ні дзіўна, цешыла, што гэты дзень быў і вялікім людскім святам, святам, калі моладзь спрабавала ўгледзець сваё шчасце ці няшчасце, свой лёс. На Купалу, здавалася яму, людзі разумелі не толькі зямлю з яе лясамі і рэкамі, але разумелі і месяца ў ягоным блуканні сярод аблачын, разумелі зорак, што дрыжэлі-смяяліся, разумелі нават немарач, чарнату ночы, у якой хавалася апраметная таямніц. Магло быць, што людзі бачылі ў яе цемры і цені, постаці тых, хто быў на гэтай зямлі да іх, бачылі малюнкі будучыні свайго жыцця, бачылі дзівосны агонь папарацькветкі, нават бачылі такіх, як лесавік. Многае, вельмі многае магло быць на Купалу.
І ці не быў Купала той шпарай, шчылінай, у якую дазвалялася чалавеку зазірнуць, каб убачыць немагчымае? Пра гэта, увогуле, лесавік не надта задумваўся, а ягоны Купала, апрача ўсяго іншага, быў яшчэ і парою, калі ён уваходзіў у сярэдзіну дрэва, любога дрэва, якое ён выбіраў, і піў разам з ім зямны напой, што мацаваў яго ўвесь наступны год. У клёнаў напой быў салодкі, у бяроз – крышачку хмяльны, дубы адразу настойвалі яго траха гаркавым і дужа моцным, асінавы ж звычайна ўтвараўся проста горкім, хаця і прыемным. Купальскай ноччу лесавік стараўся пабываць адразу ў некалькіх абраных дрэвах, але не заўсёды ўдавалася гэта, бо кожнае дрэва мела свой характар, свой гонар, і яго не заўсёды можна было ўзяць сілаю, дрэва павінна было дазволіць увайсці ў яго. І не трэба забывацца, што купальская ноч самая кароткая, усяго некалькі імгненняў балюе купальскі месяц, а паспець за гэтыя імгненні трэба шмат.
Хутка, надзвычай хутка адлятаў роямі іскраў Купала, пакідаючы па сабе шкадаванне і ненатоленасць. Як ні спяшаеш, як ні п’еш нагбом – усё ж не паспяваеш напаіць сябе да краёў: толькі прыклаўся да вялізнага кубка, як зайграла заранка. Годзе. Канец Купалу, пачатак новаму.
Дваццаць дзявятага чэрвеня селянін пазначыў Пятровым днём і гаварыў, што рэдка ў каго на Пятра мелася леташняе жыта. Ён як бы нагадваў сабе, напамінаў, што па святах заўсёды чакае праца, якая будзе карміць. І толькі ўжо ўспамінаючы пра леташняе жыта, чалавек ведаў, што недалёка і новы хлеб. Дваццатага ліпеня, на Ілью, гаспадыні ўрачыста выпякалі з жыта сяголетняга. І пах таго новага хлеба лесавіку быў знаёмы, хаця сам ён ніколі лесу не пакідаў і ніколі не зазіраў у вокны людскіх хат. Проста жытні дух быў і ягоны, лесавікоў.
Па Ільі пачыналіся дажджы. Ільёй лета перакідвалася на другую палову, спёка памалу сыходзіла, і зямля, ужо зашэрхлая пад высокім сонцам, пачынала прасіць вады. Тады збіваліся ў гурт аблачынкі, памалу грувасціліся, ціснуліся адна да аднае хмаркі – і ўжо недзе далёка чуліся грамы. Гушчэў, цямнеў далягляд, з-за яго павольна і няўмольна, як ноч, выпаўзала хмара, лена пыталася пра нешта ў другое такое ж хмары на тым канцы свету, і словы іх перакочваліся цяжка і пагрозліва, ажно ападала, запынялася сэрца маленькага чалавека. Вуркат пакрысе мацнеў, хмары большалі, можна ўжо было разабраць, што яны згаварыліся між сабой, на нешта наважыліся, і дзень, зразумеўшы гэта, раптам адступаў, пакінуўшы толькі крышачку святла, – у цьмянай і вусцішнай цішы ўсчыналася гульня навальніцы. Па ўсім чорна-шызым небе раптам прабягалі зарніцы, падобныя да каляровых змей, успышкі іх мацнелі, рабіліся ўсё часцейшымі, неўзаметкі ўвесь небасхіл дрыжэў у мігценні пульсуючых бліскавіц, водбліскі прабягалі з усходу на захад і назад, і яшчэ вусцішней рабілася ад таго, што гульня гэта адбывалася ў злавесным маўчанні. Але вось нешта ў нябёсах разрывалася – і ўсё дазвання запаўняў моцны грукат. Сляпіла маланка. Чалавеку, які пазіраў з зямлі, магло здацца, што нехта магутны, з асілкаў асілак, страшным па сваёй моцы рыўком выдзіраў з самай сярэдзіны, з самай глыбіні неба вялізны корань, і корань гэты на імгненне рабіўся чалавеку бачным – неверагодна тоўсты, страшэнна доўгі, з мноствам жывых галінак-хвастоў – корань неба. І адразу ж пасля ўбачанага чалавек слепнуў і глухнуў, бо, зрэшты, убачанае было не для ягоных вачэй. Трэсліся ад удару зямля і паветра, і неба абрыналася на зямлю залевай, суцэльнай сцяной вады. І чалавек, здаралася, шчыра здзіўляўся, што пасля ўсяго гэтага ён яшчэ жыў…
Аднак адной навальніцай не абыходзілася. Не паспявала сціхнуць, ссунуцца за небакрай адна навальніца, як ішла другая, яшчэ большая і мацнейшая, і зямля зноў сціскалася, нерухомела, прадчуваючы ўдары і вадаспады. Рэкі, што цяклі між лясоў, імкліва ўзбухалі, перапаўняліся каламутнай і шалёнай вадой, якая раўла, імчала ў сляпым запале, і берагі гэтую ваду ўтрымаць не маглі: абсоўваліся цэлымі пластамі берагавыя стромы, павольна хіліліся, хіліліся – і падалі вяршалінамі ў самую быстрыню дубы і вольхі, чародамі брылі да берагоў, не маглі да іх выбіцца напаўзатопленыя лазнякі. Круціліся, мільгалі ў хуткай плыні вырваныя з каранямі дрэвы, кусты, паказваліся бёрны і дошкі з якога чалавечага жытла, праносіліся і дохлыя дзікі, што захлынуліся, не знайшлі моцы даплысці да сухога. І не кожны човен упэўнена трымаўся на гэтай вадзе, хіба што віціна плыла, не баючыся нічога. На тых віцінах спалохана курчыліся, глядзелі ў неба людзі, хрысціліся, думалі. Пра што? Вядома, пра тое, пра што спакон веку думалі яны на гэтай зямлі. Што такое навальніцы, ад якіх спыняецца сэрца і слепнуць вочы, ад якіх забірае страх і няма куды ад якіх схавацца? Хто зганяе ў адзін чорны згустак хмары і б’е перунамі ў зямлю, хто асвятляе бліскавіцамі небасхіл, хто калоціць і дзярэ ўсю прастору між зямлёй і небам? Яны глядзелі ў неба, прасілі літасці ў Перуна, чакалі. І каб пацвердзіць сваю моц, Пярун ці хто іншы на іхніх вачах паліў самае высокае з надрэчных дрэў – і супакойваўся. Людзі з палёгкай уздыхалі.
Лесавік ведаў, якое з дрэў будзе спалена гэтай ці іншаю навальніцай. Ён пазнаваў іх, як звяры пазнаюць хворых жывёл і абыходзяць іх. Дрэвы тыя, можа, і не былі хворымі, але яны былі абранымі, вылучанымі сярод усіх іншых, лесавік каля іх ніколі не спыняўся. Дзіўна, але ў пазначаных дрэвах заўсёды быў горкі, атручаны сок. Чаму? Гэтага не ведаў ніхто.
Але як бы ні шугалі летнія навальніцы, яны ўсё ж канчаліся. Людзі гэтую пару, тыдзень навальнічных дажджоў, называлі вераб’інымі начамі, хаця маланкі з трэскам раздзіралі неба не толькі ўначы, але і днямі, праўда, дзень, абкладзены, прыціснуты хмарамі, быў ужо мала падобны да дня, быў ужо як бы і ноччу. Наогул, на назвы, якія людзі давалі з’явам ці мясцінам, лесавік не пераставаў здзіўляцца. Чаму вераб’іныя ночы, а не кашэчыя, ці сабачыя, ці яшчэ якія, увогуле, натуральней было б назваць іх якраз чортавымі? Ды назвы, канешне, ніколі не мянялі сутнасці, лесавік, раз здзівіўшыся чалавечай недарэчнасці, стараўся больш не звяртаць на яе ўвагі. Ды мала што з гэтага атрымлівалася.
У адну з навальніц лесавік апынуўся недалёка ад вялікай ракі, што цякла праз ягоную пушчу, убачыў віціну з дзясяткам людзей, якія везлі на ёй вырабленыя скуры. Віціна павольна, неяк няўклюдна плыла, людзі трывожна перакрыкваліся, урэшце прысталі да берага якраз недалёка ад дуба, у якім быў лесавік. І зрабілі яны гэта ў час, бо адразу па гэтым засляпіла свет залева. Лесавік з дуба не пайшоў, ён як драмаў, так і застаўся драмаць, аднак чуў і бачыў, чым займаліся людзі пад дубам. Усе разам яны лічылі, найбольш звяртаючыся да стырнавога, галава якога была спрэс лысая. «Тодар, Базыль, Мікіта, Дзям’ян, – лічыў на пальцах чорны, як грак, чалавек, самы жвавы з усіх, самы няўрымслівы, – давай, Вінцусь, дапамагай, ты ж павінен ведаць усіх лысых з нашых мясцін. І ў іншых гарадах павінен ведаць. Злодзей злодзея, як той казаў, заўсёды ведае, давай. А цябе мы апошнім назавём. Як трыццаць дзевяць налічым, тады ўсе хорам і крыкнем – Вінцусь Валуёў! Згода? Усе ведаюць: назавеш сорак лысых – сціхне бура. І вы лічыце, што седзіцё як мышы пад венікам? Яшчэ Мікола Каваль, Трахім з Рудаўкі, Юры, стараста з Заброддзя… О, Яўхім Кажамяка, Даніла Плытнік, Генрык са Струмені… Хутчэй давайце, крый божа, малання нас тут і… Ну, варушыцеся!..» Людзі па чарзе ўспаміналі адно, а то і два імя, Пракопы з Ілюкамі прыляталі да чарнявага, кожны дзясятак імёнаў чарнявы адзначаў грошам, ужо тры грошы ляжалі перад ім, усё меней заставалася незагнутых пальцаў да чацвёртага дзясятка, і вось чарнявы махнуў сціснутымі кулакамі, хор, дзесяць здаровых мужчынскіх глотак, раўнуў: «Вінцусь Валуёў!..» Не, маланка ў дуб не ляснула. Яна, зрэшты, у дрэва б’е не так ужо і часта. Але лесавік якраз вось ад гэтага выгуку прачнуўся. Людзі не пабеглі – паляцелі да віціны, не зважалі на дождж, які, праўда, сцішыўся, на грукат перуноў. Людзі вобцас пакаціліся з-пад дуба, не разумеючы, чаму якраз пасля выгуку імя саракавога лысага затросся дуб і паляцела ім на галовы сучча, чаму заклала вушы ад якогасьці енку. Што і казаць – гэтых лесавік ад аднаго забабону вылечыў…
Час ішоў. У палях упраўляліся людзі, назапашваліся, рыхтаваліся да зімы, што ўжо не-не ды нагадвала пра сябе то халодным подыхам, то развітальным крыкам журавоў над полем. Нічога не заставалася нязменным і для лесавіка. Дзе тыя віціны, дзе людзі, што лічылі сваіх лысых знаёмцаў, дзе святы дажынкаў, дзе вясельныя песні ў восеньскія вечары, якія даляталі і да яго, лесавіковага, вуха?..
Гэтую дзяўчыну, адну з тых, хто часова пасяліўся непадалёк ад ягонай схованкі, лесавік адзначыў неяк адразу. Чаму? Пра гэта ён асабліва не думаў, адзначыў – і ўсё. Ён ведаў, што яна далекавата заходзіла ў лес, блукала, не баючыся, каля адной з ям-прорваў, спынялася пры ёй, гледзячы ў мёртвае акно, пра штосьці думала. У лесе яна пачувалася, адразу заўважыў лесавік, вельмі лёгка, натуральна, яна не мітусілася, як многія з людзей, і заўсёды ведала, у які бок ёй трэба ісці. Ужо мала хто з цяперашніх людзей добра ведаў лес, не баяўся яго, не блудзіў сярод трох асін. Гэтую ж дзяўчыну ніякі гушчар не палохаў, і яе не хвалявала, як трэба выбірацца з лесу, яна проста з яго выходзіла, ніколі не памыляючыся. Дзяўчына быццам нешта ў лесе шукала. І не грыбоў, не ягад – трапіўшы на іх, яна ці кідала ў рот ягадзіну-другую, ці асцярожна зразала найбольш вабны чырвонагаловік, але ніколі не брала шмат, – яна шукала штосьці іншае. Хадзіла яна ці самым ранкам, ці адвячоркам, калі чысціня гуку і паветра ў лесе бывалі асабівымі. Красак яна зрывала таксама мала, часцей за ўсё адну. Здаля цікуючы за ёй, лесавік усё больш пераконваўся: дзяўчына гэта, дачка чалавечая, мала падобная да большасці з людзей па паводзінах у лесавіковым княстве, а таму вельмі прыдатная лесу.
І калі наступным разам лесавік адчуў тую дзяўчыну ў лесе, ён падабраўся да яе зусім блізка.
Як на ягонае, лесавікова, вока, была яна звычайная, зрэшты, усе людзі здаваліся лесавіку на адзін твар. А што тут можа быць незвычайнага? Рукі, ногі, галава, трохі валасоў. Праўда, тыя ж рукі надзвычай далікатныя, тонкія, з празрыстай скурай, мала да чаго здатныя. У лесе гэтымі рукамі амаль нічога няможна было зрабіць. Увогуле, далікатнай выдавала ўся пастава, ад танклявай постаці да гладкага твару з ненатуральна вялікімі вачыма, якія пазіралі наўкола сябе здзіўлена і даверліва, быццам толькі-толькі адкрыліся. Але ішла яна ціха, ногі ступалі мякка, адно цененька патрэсквала тонкае сучча. Адзенне было на ёй лёгкае, амаль не закрывала яе і не заўважалася. Чалавечае адзенне было, бадай, адзіным, што лесавік пазычыў, узяў у чалавека. Яму ніколі не было холадна, нават у самыя лютыя маразы, ён проста не ведаў, што гэта такое, холад, але звярыную шкуру пачапіць на сябе лесавік любіў. Не заўсёды, а толькі ў тыя моманты, як уладкоўваўся падрамаць на дрэве ці ў якім берлагу. Са шкурай лесавіку было ўтульней. У вандроўках жа па лесе яна яму толькі замінала.