Читать книгу Мінакі - Аляксей Талстоў - Страница 2

1

Оглавление

Уся гэтая сытуацыя ўжо пачынае напружваць.


Сёньня ўва сьне быў на нейкім сквоце. Ва ўсялякім выпадку, іншых асацыяцый такое памяшканьне не выклікала. Усё як мае быць: ноч, абшарпаныя размаляваныя сьцены. Жанчына, што там жыла – відаць, старая знаёмая – распавядае пра тое, як яны зрабілі рамонт. Паказвае другі паверх. Мяккае сьвятло. Крыху зялёнага колеру ў паветры, відаць пафарбаваныя дошкі. Пасьля мы спускаемся ўніз, і ў пакойчыку каля лесьвіцы чыста і прыбрана. Старыя фатэлі і канапа накрытыя коўдрамі і разнастайнымі посьцілкамі. Усё пахатняму. Сапраўды, цяпер усё куды прыемней за мінулы раз. Толькі вось калі ён быў?..

Але жанчына стамілася, пажадала добрай ночы і пайшла класьціся… Прыемных сноў… Ноч. Надпісы ды карцінкі. Жывыя сьцены. Ніжняя палова будынка, відаць, так і заставалася незанятай. Адна бітая цэгла ды бруд. Пад лесьвіцаю быў нізкі праход, але там – іржавыя краты…

А крыху пазьней – можа, некалькі хвілінаў прайшло – я стаяў ды назіраў, як яшчэ адзін нібыта мой стары знаёмы палівае са шланга сабаку. Сьвятла амаль не было, толькі бляклая лямпачка над дзьвярыма пад стольлю. Сабака стаяў у паўзмроку, нечакана спакойны ды нават у некаторай ступені абыякавы. Але яго даўно трэба было памыць. Хтосьці пафарбаваў чатырохлапага ярка-блакітным аэразолем. Толькі сабака… сабака выглядаў настолькі спакойным, што, падаецца, аніякая фарба, аніякая вада – нічога ў гэтым сьвеце ня здолела б яго патурбаваць.

Я памятаю, што разьвітаўся. Відаць, сказаў: “Дабранач, таварышы”, – і таксама пайшоў спаць. Але ці так мне сьнілася, ці па-іншаму?.. Часам яшчэ ў гэтыя шэрагі карцінак трапляла лецішча, ці, можа, гэта ўжо з іншых кінахронік? А калі надышла раніца, я выйшаў праз зачыненую на замок браму. Трэба было знайсьці гародніны. Відаць, рушыў на рынак, але цалкам верагодна, што гэта быў гіпэр. Ніколі дагэтуль па гіпэрах не хадзіў, таму дакладна не скажу. Памятаю, як сьціскаў у далоні бульбіну, глядзеў на яе ды зьдзіўляўся ейнай роўнасьці і бездакорнасьці.

Сынтэтыка.

А пасьля позірк выхапіў твар эскімоса, які выбіраў сабе дыню. Зморшчыны, усьмешка.

Добрыя вочы глядзелі на мяне…


Што гэта і адкуль гэта? Неяк усё дзіўна і незразумела. Чаму пачаў менавіта з гэтага – ня ведаю, папросту прыгадаў ды ўсё. На самой справе ня надта гэта і сымбалічна, проста, як ёсьць. Але не пра гэта. Пра тое, што пазьней я расказаў гэты сон людзям і знайшоў куды больш цікавай самую іх рэакцыю на мой расказ. Маўляў, “ня трэба ўжываць столькі псыхадэлікаў”; спроба сканструяваць, ці ўзгадаць, цытату з Кун-цзы; Arizona dream Кустурыцы; Гроф (а ён тут да чаго?)… усё жыцьцесьцьвярджальна ды з усьмешкай. Размовы дзеля размоваў, жарцікі. Ну добра, можа, усё так і ёсьць, але што тычыцца мяне, то ўсё ж такі сабака круты быў. Самы круты! І дзед з дыняю добры такі. А што да самога тлумачэньня – беспэрспэктыўная гэта справа, плюсіка не атрымалася. Ды і што тут, шчыра кажучы, можна было высьветліць пры дапамозе словаў, пры дапамозе цытатаў і прозьвішчаў? Здаецца, таварышы, што чагосьці мне так і не зразумець.

А значыцца гэтак і трэба!!!

Чалавек за кадрам сьмяецца, але ўсе глядзяць на галоўных герояў, маладых, энэргічных, тых, што так самааддана згараюць у полымі жарсьці ды каханьня… ну і ўсялякай іншай фігні, канечне.

Але чалавек за кадрам іх нават не заўважае, усьміхаецца таму, што за сьценкаю сьпявае маленькая суседзкая дачка. Адразу на ўспамін прыходзіць “Лысая сьпявачка” Іянэскі, але чаму – ізноўку незразумела. Там зусім не пра гэта, ці пра не… Мазгі больш ня хочуць слухаць гэтага ідыятызму. Яны саскокваюць ды папускаюцца, быццам увогуле ні пры чым.

– Памяць?

– Што памяць?!

– Лайно – твая памяць! Блакітны барбос усіх нас пераможа!


Але яшчэ тут, здаецца, Васілёк быў. Толькі дзе ж гэта ён падзеўся?..


– Бяжы, бяжы, Васілёк! Пагуляй з сябрамі! – казала маці і пачынала думаць пра вячэру, але пакуль толькі думаць, час яшчэ быў. Жанчыне давялося навучыцца плянаваць і эканоміць, самой вырашаць усе пытаньні. Мужа больш не было, і, хоць яна і не хацела гэтага прызнаваць, праблемаў паменела. Застаўся толькі сын, ейны ўлюбёны хлопчык, адзіны сэнс і адзіная надзея ў жыцьці.

І дворыкі вось усе гэтыя засаджаныя крывымі дрэўцамі. Яблынькі? Так, відаць, што яны. А яшчэ Ісусікі на іх укрыжаваныя, быццам экспанаты ў музэі. А ўзімку тэтрапакі на галінах. Чалавек клапоціцца пра птушак. Так. Вось які чалавек добры! І па пад’ездах, калі на вуліцы халадно, а так на лавачках ці каля школы на стадыёне. Выглядае натуральна, што тут скажаш. І паўскрываць чарапкі хлопчыкам з чужога раёна – сьвяты абавязак сына чалавечага. Пераламаць усё, што магчыма, а пасьля пад пільным позіркам участковага прасіць прабачэньня ды плакаць. Такое жыцьцё ў гэтых дворыках. Сябручкі-кумпячкі…

Толькі вось сяброў у пацанёнка, лічы, што ўвогуле і не было. Калі суседзкія хлапчукі разьвязвалі ў двары вайнушку, то яго заўжды забівалі першым. Каб не замінаў. А пасьля, канечне, пачынаюцца іншыя гульні, у якія з Васькам гуляць было зусім не цікава. Ды і што за справа нармальнаму хлопцу да такога чма?

– Ды лох ты тупарылы! Зразумеў, сука?! Гэта ты, падла, пра нас зашасьцярыў, што мы на перапынку паліць ходзім! Што, не, мля?! Шо ты некаеш, сука?! Зубы ціснуць?!

А так усё нармалёва. Усё папросту выдатна. Жыцьцё ішло так, як мае ісьці, ды зрэдку знойдзецца ў ім хіба які-небудзь адносна роўны прамежак. Яры, поўныя крыві, сьлёз ды ванітаў… Няма чаго казаць, можа, такое стаўленьне сапраўды ёсьць перабольшаньнем. Мы ж людзі. Такія мы ёсьць, не заўжды схільныя ўдумвацца ды лішні раз прыглядацца… Ну, не сваім быў Вася, не сваім! Ня тым, пра каго можна сказаць “…Э, мля, Васёк, братуха, ёлы-палы…” Ды і наўрад ці было б цікава пра гэта расказваць, калі б усё было ў парадку, бязь нейкіх там адметнасьцяў. Нам усім патрэбнае гэткае адчуваньне выключнасьці. Нейкая своеасаблівасьць, нават вычварнасьць, бо бяз гэтага ніяк, не чапляе. Але абавязкова мусіць чапляць ды перці, ды папросту “ах” ды “ваў”.

Толькі вось нах! Пра ўсё гэта можа быць трошкі пазьней, калі да слова прыйдзецца. Калі іншых справаў ня будзе…

А цяперака папросту неабходна стаяць, прыхіліўшыся да сьцяны. Абапірацца плячом аб жоўтую тынкоўку. Хавацца ў арцы ад верасьнёўскага дажджу, даставаць з кішэні памяты пачак, шукаць запальнічку. Думаць пра штосьці такое, пра што думаюць на працягу вечнасьцяў. Тысячаў неспакойных вечнасьцяў, мільёнаў неардынарных ды часам вельмі амбітных маладзёнаў. Гэта такая натуральная патрэба, што цалкам адпавядае сытуацыі. Гармонія. Аўм. Час – вецер, лёгкі ды ненавязьлівы, ледзьве кранае галіны. Але дождж… Ён, так бы мовіць, нейкі своеасаблівы адбітак кволай ды неразьвітай, ледзьве здольнай трымацца на нагах, маладой Васілёвай душы.

“Ды і на самой справе, што такое душа? Што людзі маюць на ўвазе, калі вымаўляюць гэтае слова? Душа. Падаецца, што гэта толькі нейкая абстракцыя, але разам з тым ёсьць жа штосьці ў гэтым тулаве такое, што немагчыма памацаць, што немагчыма папросту выдаліць ці замяніць. Але і ня скажаш з упэўненасьцю, што гэта ёсьць такое насамрэч”, – такія сполахі мазгавой актыўнасьці, безумоўна, уласьцівыя кожнаму індывіду. Справа ў тым, што ў адных яны працякаюць з меншай інтэнсыўнасьцю (што сустракаецца куды часьцей), а ў іншых, улічваючы асаблівасьці разьвіцьця псыхікі, здольныя нават выклікаць паталёгію. Апошняе, зрэшты, калі браць статыстыку, сустракаецца даволі рэдка. Як мы бачым, усё можна вытлумачыць, усё можна зрабіць зразумелым, разабраць па частках, вывучыць і г.д., але Васілёк… Васілёк.

Ён вельмі любіў гэтую арку. Нічога такога незвычайнага ў ёй, канечне, не было, але калі на вуліцы пачынаўся дождж, яму было прыемней перачакаць тут. Тыповая арка тыповай сталінкі ў цэнтры. Толькі гэта, і ўсё. Але карані ўжо чапляюцца за сьвежую глебу і дзіўнае дрэва неабгрунтаваных каштоўнасьцяў расьце сабе і расьце. Насамрэч Васю ўсё зразумела. Для яго пытаньняў няма, ну, хіба толькі тады, калі ён сам іх ставіць. І канечне, адразу можа знайсьці адказ ці аднесьці да шэрагу рытарычных. Усё ў хлопца пад кантролем.

А маці сваю ён забіў бы, нават не задумваючыся. Калі б толькі магчымасьць такая прадставілася. Яна ж у яго сука яшчэ тая, карова тупарылая з абліччам гэтым сваім адвечнапакутніцкім. І бацьку менавіта яна ў магілу зьвяла. Тупасьцю сваёй бабскаю ды недарэчнай клапатлівасьцю. Сука!..

Юнак падносіў цыгарэту да вуснаў і характэрна зводзіў бровы. Напэўна, стары ягоны рабіў так жа, але ў Васілёвым жыцьці яго ніколі не было, і думаць пра гэта цяпер… Ну, можа і трэба было часам узгадаць, але зусім нецікава. А навошта займацца тым, што табе нецікава? Простыя пытаньні – простыя адказы. Унутраны дыялёг, як сьціплая кампэнсацыя недахопу ў зьнешніх зносінах. Усё вельмі проста.

У гэтым двары ўжо зь месяц мянялі трубы. Камунальныя службоўцы панагналі тэхнікі ды перарылі ўсё навокал. Дзіцячай пляцоўкі як не было. А крыху далей на дзьвюх лаўках, што стаялі адна насупраць другой, па-ранейшаму зьбіраліся жанчыны і мужчыны сумнеўнай зьнешнасьці. Імі маладыя матулі заўжды палохаюць дзяцей… і сябе.

Толькі Васю было зусім ня страшна і ня брыдка. Ён зацікаўлена глядзеў, як будаўнікі лаяцца з сінякамі і наадварот. Ды ўсе навакол настолькі перакананыя ў сваёй праваце, што папросту немагчыма!.. Не крычы… Але зараз усё ж такі трэба было стаяць тут, трэба было падпіраць сьцяну, і па шчырасьці, сёньня яго гэтыя крыкі напружвалі. Не да таго. Няўжо надышоў канец стрытовай рамантыкі? Можа быць, нешта ў ім нарэшце пачало зьмяняцца? Хто можа адказаць, хто можа ведаць…

(“лысая сьпявачка” за сьценкай)


Ніхто ніколі ў жыцьці нікога ні да чаго. Сытуацыя такая, што даводзіцца секчы ад пляча. Няма часу на разважаньні ды высьвятленьні падрабязнасьцяў. Схапіўся за нешта, выцягнуў ды перажыў. А пасьля выкінуў ды рушыў далей. І зусім ня думаеш. Ні пра што ня думаеш, бо часу няма. Бо ўсё адно.


А ўвогуле сьцены – гэта найпрыгажэйшае ва ўсёй архітэктуры. Ідыёцкая думка? Не?! Ну, папросту для Васіля так яно і было насамрэч. Хлопец папросту захапляўся сьценамі. Яшчэ яму падабаліся такія тыповыя заводзкія, напрыклад, сьцены вялізных прадпрыемстваў, якія было відаць здалёк. А таксама бліскучыя плястыкавыя сьцены гіпэрмаркетаў. І яшчэ жалезабэтонныя пліты платоў. Менавіта такія, як на будоўлях новых станцый мэтрапалітэну. Гэткая маналітнасьць хвалявала. Васілёк заўжды адчуваў нейкую ўзьнёслую энэргію, што зыходзіла ад іх. Нейкі сымбаль непераможнасьці чалавечага духу. Вядома, што адным з улюбёных фільмаў быў The Wall, але гэта, зрэшты, тыпова. А нетыповасьць? Нетыповасьць была менавіта ў гэтым паэтычным успрыманьні сусьвету. (вельмі сьмешна). Можа, часам нават занадта паэтычным. Але галоўнае – усё для хлопца адразу набывала сэнс, нават нягледзячы на тое, што часам пазбаўлялася рэальных якасьцяў. Такая прага ірацыянальнага мусіла б выклікаць хваляваньне, але не было ў каго, ды менавіта таму не было і праблемы. Хлопец з празьмерна багатым унутраным сьветам пэрыядычна занырваў у яго з галавою і не сьпяшаўся паказвацца на паверхні.


Высокакваліфікаваныя дзеці роднай плянэты…

Белыя кветкі на паламаных галінах. Атрута.

Словы. Словы. Мэгатоны словаў. Бэмц!

Ты мне вось што скажы, даражэнькі ты мой…

Панна Марыя на сцэне…

Зьбянтэжаныя вожыкі ды іх сябры пад коламі хуткай дапамогі. Пад коламі з аптэчкі хуткай дапамогі… дажджамі…

Родненькія вы мае!

Шкляначка звышсакрэтнай чыстай неразьведзенай вады.


А сінякі знаходзілі дзесьці яшчэ на адну, ды не саромеючыся сваіх адвечных пакутніцкіх твараў, цягнуліся за шчасьцем. Васілёк стаяў ды паліў, ды глядзеў на дождж. Глядзеў на самаходы ды парасоны, што праплывалі па вуліцы, на сьцены ды вокны, на рэклямныя плякаты, на захапленьне і радасьць, на фарбы і вялікія прыгожыя літары, разглядаў дзіўную бурлівую паверхню лужыны. Гарачае летняе сонца папаліла ўсё лісьце, пакінуўшы ветру ды ападкам палёгку ў працы. Арка была вялікай, ды месца ставала ўсім. Сьпінжакі размаўлялі па тэлефонах, абяцалі ды ўсьміхаліся. Твары бабулек маўчалі. Аранжавыя строі дворнікаў, хусткі жанчын ды жоўта-сівыя вусы мужычкоў, людзі размаўлялі пра людзей, болей ім было і ня трэба.

Але нарэшце вада скончылася, нехта перакрыў кранік… і ўсё пачалося ізноў.


– Нават ня думай да мяне дакранацца!

– …што?! То бок, дакранацца?

– Не рабі выгляд, што не разумееш! Вылюдак!!! Я ўсё бачу! Усім вам трэба адно. Усе вы, сукі, хочаце забраць маю душу! Што, ня так?!!

– П-пра што вы кажаце?.. Я нічога не разуммею. Мы нават не знаёмыя.

– А ты што, яшчэ і знаёміцца зьбіраесься?! Я даўно заўважыла, як ты тут, казьляціна, шыесься! А ні гуя, сука! Не атрымалася!!! Ну што, не чакаў?!! А?! Не чакаў, гаўнюк?!! Толькі варухніся, вылюдак, толькі паспрабуй!!!

– Не крычыце! Не крычы!.. Што вы ад мяне хочаце?!! Пакіньце мяне ў спакоі! Не крычыце!!! Не!..

Халоднае лязо вельмі доўга гуляла ў паветры. Занадта доўга для таго, каб яе супакоіць. Зусім маленькі кавалачак сталі ды прыгожыя даўгія пальцы, што нэрвова сьціскалі штампаванага кітайскага цмока.


“Я віншую Вас! Вы выйгралі супэргульню!”


І ўсе разышліся. Усе вярнуліся да сваіх справаў. Ізноўку ўчапіліся ў свае жыцьці, нібы баючыся іх выпусьціць. Але ўсё гэта нармалёва. Васілёк таксама адарваўся ад сьценкі, мацюкнуўся пра сябе, абцер пабелку з курткі ды рушыў, рушыў, рушыў. Усё ж такі навокал адразу неяк пасьвяжэла. Добра, што пакуль яшчэ ня так халодна. Можна нават было падумаць, што на вуліцы ўсё яшчэ жнівень, ускраек лета, што зачапіўся вузкім абцасам за сталёвыя краткі на падлозе ля ўваходу ў падземку. Невядома што… Канечне, восень не магла пакінуць Васіля абыякавым. Яна сама па сабе давала куды больш задавальненьня, чым гэты ідыёцкі інстытут. Туды хлопец хадзіў толькі таму, што так хацела маці, ды і так – папісаць чаго на парах, а збольшага падпіць півалды з аднагрупнікамі. Так бы мовіць, падтрымаць кампанію. І тое не асабліва рэгулярна. А як жа яшчэ можна, калі на вуліцы палаюць дрэвы, а пад скураю раскаленай лаваю кіпіць усё тая ж маладая кроў. Па-іншаму і немагчыма.

Насамрэч хлопец даволі хрэнова прыжываўся ў кампаніях ды праз гэта часта плакаў і дэпрэсаваў, толькі, можа, менавіта так ён і хацеў жыць. Можа, вось гэты стан і быў для яго натуральным? Скрайні рамантык-радыкал, што з задавальненьнем навешвае сабе на твар маску і з асалодаю назірае за тым, як пакрысе ўсё менш заўважнымі робяцца швы, як з цягам часу разгладжваецца скура. І калі ня ведаеш, дык ужо і не адрозьніш, дзе яна ёсьць, гэтая сапраўднасьць. Толькі ўсе гэтыя сьцены насамрэч існавалі толькі дзеля таго, каб іх руйнаваць. І ў гэтым была галоўная тэма Васілёвай “сутнасьці”. Падавалася, што чым большая плошча, тым глабальней усё можна зьмяніць, тым далей скокнуць. Прастора ўяўляла сабой патэнцыйную магчымасьць для стварэньня, для творчасьці ды самавыяўленьня. Пустэча, якую трэба запоўніць. Неадкладна трансфармаваць у што-небудзь сьцьвярджальнае, штосьці са знакам “+”. Хацелася. Вельмі хацелася быць чалавекам, быць значным і… сапраўдным. Непасрэдна браць удзел ува ўсім гэтым, у такім розным і неадназначным. Хацелася перажываць, разрывацца на кавалкі, перапаўняцца пачуцьцямі, гарэць агнём у вачах, ды нарэшце пакінуць гэтую хворую звычку турбавацца пра тое, чаго яшчэ не было, пра цьмяную і ненадзейную будучыню!.. А навокал жа… Навокал штосэкунду адбывалася столькі ўсяго рознага, столькі цікавага, столькі, як падавалася, вартага ўвагі, што ў хлопца ледзьве ставала моцы стрымлівацца.

Стрымлівацца – асноўнае патрабаваньне, закладзенае падчас выхаваньня нашчадкаў. Абавязкова ўдзячных нашчадкаў. Стрыманасьць – як найлепшая якасьць чалавека. Канечне, гэтыя патрабаваньні пасьля выходзілі бокам, але штосьці зьмяняць у такім выпадку звычайна ўжо позна. Заўжды позна.

Угу. Угу… кропелька… Маленькая кропелька сарвалася з хмаркі ці аднекуль яшчэ і ўпала ў лужынку. У ёй лісьцейкі, піўныя корачкі, фігня ўсялякая, недапалкі. Чаго толькі там не сустрэнеш!.. А кропелька як была вадою, так і засталася. Была маленькаю ды самотнаю, а апынулася разам з усімі… лужынкаю сталася… Дожджык жа прайшоў – вось адкуль кропелька!


Васілёк крочыў па вуліцы і кранаў позіркам гзымсы і вадасьцёкі, адпраўляў у апошнія палёты жоўтае лісьце. Слухаў песьні самаходаў і выпадковых людзей. Тэлефонныя размовы заляталі ў вуха і пакідалі своеасаблівы фон у думках. Кавалкі фразаў, бязьзьвязная мазаіка горада, пад завязку набітага інфармацыяй. Запоўненага эмоцыямі і фактамі, рэакцыямі і пяшчотаю апошніх цёплых праменьчыкаў. Усе былі на сваіх месцах, але як можа быць інакш, калі заўжды ўсё на сваіх месцах. Кожная дэталь шчыльна падагнаная ды адладжаная, нішто ня можа парушыць нармальную плынь жыцьця, бо гэтая плынь ні ад чаго не залежыць, не падпарадкоўваецца аніякім законам. Увогуле якая розьніца мэханізму, што за ўнутраныя працэсы адбываюцца ў адным зь ягоных кампанэнтаў. Калі штосьці перастане працаваць, то адразу ж знойдзецца замена. У чароўнай скрынцы супэрмэханіка ўсе запасныя дэталі заўжды ў наяўнасьці.

Але што да перакананьня ў наяўнасьці гэтага самага чароўнага пэрсанажа, то Васілёк усё ж ня мог адказваць адназначна. Зашмат літаратуры было перачытана і зашмат схаваных амбіцый зьмяшчалася ў ім для таго, каб аддаваць сваё жыцьцё ў рукі чагосьці няпэўнага і, што яшчэ больш важна, увогуле дапускаць кагосьці да кіраваньня сваім лёсам. Толькі ён сам быў усім. Але, натуральна, гэткая брыдота ня мела нічога агульнага з сапраўдным становішчам. Нясьціплыя думкі маладога чалавека, пазбаўленага адчуваньня зямлі пад нагамі. Ды што тут казаць, усе дзеці перабольшваюць, ды асабліва тыя, каго з маленства вучылі трымацца падалей ад кепскіх кампаній і хто верыў ва ўсю гэтую лухту, у тое, што старасьць усоўвае ў маладыя галовы з марнай надзеяй вярнуць лепшыя гады свайго юнацтва. Толькі ім усім не стае сілаў прызнаць, што нічога на самой справе ня вернеш, што кіно назад не пракручваецца і іншага сэансу ня будзе. За тытрамі адразу надыдзе сьмерць рэжысэра і выканаўцы ўсіх галоўных роляў. Усе атрымліваюць толькі тое, што могуць атрымаць, нічога больш нікому ня сьвеціць.

Пра гэта Вася зараз ня думаў, яго цалкам захапляла восень, сьвежасьць мокрых вуліц, сонца.

Ды яшчэ нейкая лёгкасьць і неабавязанасьць, дурное, шалёнае адчуваньне свабоды, што мяжуе з пакінутасьцю. Вочы беглі па зямлі, ахайна схаванай пад роўнай пліткай. Усё дзеля камфорту чалавека, найвышэйшай каштоўнасьці гэтага дзіўнага сьвету.


Дыгітальнасьць.

Раззлаваны натоўп гнаў іх прэч ад цэнтральных пляцаў. Акрываўленая разьдзертая вопратка, зьбітыя ногі. Наўздагон несьліся праклёны, брудная лаянка ды атручаныя дроцікі.

Іх заганялі ў глухія завулкі ды білі нажамі. Мужчынаў гвалцілі ды білі нагамі ў твар, пакуль ад яго не заставалася адно крывавае месіва.

Жанчын прымушалі нараджаць…

Тых, хто падаў, заколвалі віламі ці перабівалі ім сякерамі шыі…

Аналагавыя недарэчнасьці, сэпэршоў, бі-бі. Іх гналі прэч з наседжаных месцаў, гналі, як шкодных ды небясьпечных плюшавых сябручкоў…

Залаты век талерантнасьці…

У імя.

Але цалкам верагодна, што такое апісаньне не адпавядала рэчаіснасьці. Канечне, хутчэй за ўсё гэта толькі сухая трактоўка першага ўражаньня, пазбаўленая якіх бы там ні было спробаў пакорпацца ў сапраўднай сутнасьці чалавека, зазірнуць у глыбіню сэрца, якое не заўжды бывае такім непаўнаводным. Але правілы ёсьць правілы. Ды і часу ж няма. Ні часу, ні жаданьня асаблівага. Зазвычай усё менавіта так, і аб’ектыўнасьць у чарговы раз перамагае. А насамрэч пацан жа быў зусім не такі. Нават поўная супрацьлегласьць. Зусім іншыя характарыстыкі ў галаве… некага яшчэ. Каму судзіць? Каму верыць? Канечне…


Адчыненая фортка напаўняла пакой сьвежасьцю. Ахайна прыбраны ложак, чыстыя шпалеры і лёгкая пара над кубкам ранішняй гарбаты. А можа і вечаровай. Адно, чаго не ставала, – гэта разабрацца з часам і пачаць нарэшце фільтраваць думкі… думкі… думкі. А так пакою патрэбна толькі сьвежае паветра, ну, і яшчэ, можа, некалькі гукаў. Падумала – і падышла, і націснула пімпачку на калёнцы, і закінула ў плэйліст тэчку. “Менавіта тое, што сёньня мне найбольш адпавядае”, – так і ёсьць, галоўнае – граматна адзначыць пункт старту. І, спакойна набіраючы хуткасьць, не панікаваць і слухаць дынамік. І яшчэ не забываць трымаць у полі зроку зямлю, бо рызыкаваць вяртаньнем – ніколі не было праяваю добрага густу. Але ўсё гэта – толькі развагі пра абстракцыі. Пра ўлюбёную вытанчанасьць ды ўзьнёсласьць. Яна выдатна разумела, што грунтуе сваё жыцьцё на дэталях, на маленькіх фрагмэнтах, на чымсьці канкрэтным, што само па сабе толькі частка агульнай карцінкі. Імгненьне фотакарткі, дзе дзяўчына, якая так імкнецца нарэшце адбыцца, стаць сабою, стаць чымсьці цэлым, створаным з самых лепшых, самых прыгожых аскепкаў разьбітага люстра сусьвету. Сьцьвярджэньне. Часам дастаткова любі-май мэлёдыі ці нават паху для таго, каб адчуць упэўненасьць, каб надаць розуму яснасьці. Зрабіць пачуцьці больш яркімі ды ператварыць усю гэтую бясформенасьць у каралеўства якіх-ніякіх, але хіба троху сыстэматызаваных вобразаў. Калаж? Толькі ня трэба падсоўваць ёй гэтую танную фігню. Трэба адрозьніваць мастацтва ад рэальнасьці, выявы ад аб’ектаў. Словы… Словы ад словаў.

Можа, ранак і быў трохі сумны, але няма ніякіх прычынаў для хваляваньня. Усё тлумачыцца вельмі проста. Не заўжды хочацца рабіць тое, што хочацца рабіць. Напрыклад, так. І абавязкова дадаць, што ўсё гэта часова і што плітка чакаляды з лёгкасьцю ўсё паправіць. Ці папросту ўтыкаць у кліпы, у прыгажосьць твараў і ўпэўненасьць позіркаў і самой зрабіцца прыгожай і ўпэўненай.

То бок, зрабіць выгляд што сумняваесься, а пасьля ўсё ж такі знайсьці доказы адваротнага і такім чынам – перамагчы ды атрымаць усе бонусы. Але ў любым выпадку ўсё будзе нармалёва. Ледзьве заўважная ўнутраная ўсьмешка ўжо рыхтавалася паказацца на паверхні, нягледзячы на тое, што ў галаве шэрае сьвятло размазанай восені ўсё яшчэ працягвала сваё ціхае мармытаньне.


“…толькі трэба яшчэ крышачку размыць. Угу. Ня так упэўнена… трошкі blur-у. Вось так”.


Але на самой справе… Хоць штосьці можа быць на самой справе, калі ўся гэтая халерына зьмяняецца кожнае імгненьне, калі пра ніякую ўпэўненасьць і гаворкі няма, і мы ўсе толькі робім выгляд, што спрабуем “не губляць зямлю з поля зроку”. Для большасьці гэта адзінае, што можна бачыць і асэнсоўваць хіба з нейкай выразнасьцю, а астатняе, верагодна, толькі тая поза, разлічаная нават не на кагосьці, а на самога сябе.

Тшш…

Толькі заўжды мець гэта на ўвазе нязручна. Спрашчаць прасьцей.

Канечне, усё гэта адна непрыкрытая наіўняціна… ды ўнутраная ўсьмешка неўзабаве перамагае шэрае сьвятло і адразу робіцца лягчэй і прыемней. І гадзіньнік у ніжнім куточку экрана не выклікае насьцярожанасьці ды спакойна гоніць свае маленькія адрэзачкі далей у адвечнае “усё будзе крута!” Іншыя варыянты і не прымаюцца. Вусны варухнуліся і – ура. Яна адпіла гарбаты. Зраніцы гарбата заўжды мусіць быць сьвежай і крыху мацнейшай, чым звычайна. Гэта была адна з умоваў таго, што дзень будзе добрым, канечне, разам з сотнямі іншых умоваў ды ўмовачак, якія таксама займаюць свае, няхай часам і зусім нязначныя месцы ў жыцьці сапраўднага чалавека.

САПРАЎДНАГА!!!

Яна падняла напалову пусты кубак, босыя ногі крануліся дывана і зрабілі некалькі крокаў. Хо пасунула фіранку і зрабіла яшчэ адзін глыток. Паглядзела ў акно. “Так, сапраўды. Вось і восень”, – зь лёгкім, разбаўленым усьмешкаю сумам адзначыла сама сабе. Але восень яна таксама любіла. Любіла лісьце і адлюстраваньне дрэваў у лужынах. Котак, лёгкі шалік і мяккасьць жоўтых паркаў пад падэшвамі кедаў. Канечне, больш за ўсё гэта нагадвала гульню, але часам Хо выдатна гэта бачыла і добраахвотна згаджалася з расстаноўкай сілаў на шахматнай дошцы. Спрашчаць насамрэч было куды прасьцей. Ды аніякай адказнасьці, аніякіх прэтэнзіяў да сябе, акрамя тых, зь якімі зусім няцяжка змагацца, нават карысна для падтрыманьня жыцьцёвага тонусу ды лёгкага напружаньня. У рэшце рэшт, усе любяць, каб было цікавей. Як мага больш цікавей!! Слушныя думкі – гэта галоўнае. Вельмі важна своечасова падкінуць іх у гэтую грубку. Падумала пра тое, што нявызначанасьць паступова зьнікае, зусім як тая гарбата. І розум зноўку ў форме, гатовы для нармальнай працы і новых подзьвігаў…

…НАРОДА!

Ну вось і добра. Так куды лепей. Было б з-за чаго напружвацца. Фіранка ізноўку вярнулася на сваё месца, ды пальцы пацягнуліся, каб у чарговы раз паставіць трэк спачатку. Вось так.

А можна яшчэ паднапружыцца трошку, каб ня так ужо безгустоўна было. Напружыцца ды зламіць нагу. Галоўнае, каб усё прыгожа атрымалася, каб пасьля фоткі ўдалыя і ўсё такое. Лепей у двух месцах. Ды па краёх перчыкам чорненькім пасыпаць. Але ня есьці! Ні ў якім разе! Гэта ўсё ж такі мастацтва. Жыцьцё як адзін вялізны мастацкі твор, шкада толькі, наскрозь сьмяротны.

Усё ж файна. Так? Як ты? Нармальна?.. Ну й добра. Для хваляваньняў няма ніводнай прычыны. Хо часам падабалася крыху падзагнацца, ды пазмагацца з загонамі. Нічога ж дрэннага ў гэтым няма. Натуральна, што яна не ўзіралася ў гэтыя свае звычкі, сама была толькі чалавекам, аб’ектам, створаным уласнымі ж рукамі. Такое вось незаўважнае для сябе, ціхае ды крыху дзіцячае падваеньне асобы. Але гэтак у кожнага. Што тут такога незвычайнага? Што кепскага? Усе глядзяць на сябе ў люстэрка ды знаходзяць там некага яшчэ. Можна ж сабе дазволіць яшчэ нешта прыемнае, акрамя самой сябе? Натуральна, заўжды ёсьць штосьці звонку, тое, што неяк адрозьніваецца ад таго, што ўнутры. Але навошта Хо разважаць над усім гэтым? Канечне, у адказ можна было толькі хмыкнуць ды “оойооойоооойо”… ці штосьці такога кшталту. А на скрайні выпадак – паказаць язык і ўсьміхнуцца свайму адлюстраваньню. Усе прыстасаваньні дзейнічаюць безадказна. Усе мэтодыкі распрацаваныя і пастаўленыя на службу чалавеку.


Сонца. Зашмат сонца для восені. Але на самой справе так толькі падаецца. Жоўтыя дрэвы не падмануць, і можна намаляваць колькі заўгодна выяваў, але заўжды зразумела, чым усё гэта скончыцца. Паступовае паніжэньне тэмпэратуры, няроўная сьцежка, што вядзе наўпрост у абветраны сьнежань. Толькі зь цягам часу яна вытоптваецца і ператвараецца ў паўнавартасную шашу, на якой няма за што воку зачапіцца. Усё роўна і аднолькава. Ды ўсё менш падазрэньняў на гэты конт. Быццам бы ўсё так і мае быць. Час выраўняе ўсё ды ўсіх. І кожны, хто пра гэта думае, рана ці позна забываецца, перастае на гэта зважаць, і неўзабаве ўсё прыходзіць да нормы. Няма чаго казаць, быццам бы для верасьня ў горадзе зашмат сьвятла, няма чаго разводзіць рукамі ды штучна ствараць падзеі. Васілёк ведаў гэта і таму больш назіраў. Ён, як і ўсе, любіў запаўняць сэнсамі на першы погляд зусім бессэнсоўныя рэчы. Толькі ў яго атрымлівалася не настолькі тупа і безгустоўна, як у іншых. Ва ўсялякім разе вельмі хацелася ў гэта верыць. Можа, таму, што гэта і быў асноўны род яго заняткаў. Жыць паўнавартасным унутраным жыцьцём замест пакоцанага вонкавага, якое, зрэшты, і не магло быць нармальным у Васілёвай сытуацыі.

Юнак сядзеў на лаве ды назіраў за птушкамі. Вельмі любіў назіраць за імі. Настолькі яны ўжо падобныя да людзей, што немагчыма. Адвечнае зьдзіўленьне. Лічы, што такія ж самыя, толькі без усёй гэтай чалавечнасьці, бяз гэтых выбрыкаў. Так жа глядзяць адзін на аднога, так жа змагаюцца за кавалак хлеба, выпадкова падкінуты шчасьлівым дзіцёнкам, якога матуля вывела ў парк раз на тыдзень; такім жа чынам імкнуцца захапіць увагу магчымага партнэру. Ды Васілёк неяк асабліва і не стамляўся ўвесь час гэта адзначаць. Наадварот, у такіх рэчах яму бачылася пэўная заканамернасьць, нейкая сыстэмнасьць у параднай вопратцы цуду, да якога хлопец быў у нейкай ступені прыналежны. Больш за ўсё містыкі і неверагоднасьці хлопец знаходзіў у “галубіным танцы”, гэта нагадвала яму нейкі чароўны рытуал. Калі самец круціцца вакол сябе, распушвае шыю ды, распускаючы хвост, з шумам праводзіць ім па зямлі.

Містыка?!

Яшчэ якая!.. Ды і ў хайло можна сунуць, а пасьля цалаваць гэтыя цнатлівыя вусны, пакуль сілы ня скончацца. Плакаць, складаць з плястмасавых кубікаў канструктару арбітальныя станцыі ды засяляць іх кацянятамі, што з жаласьлівым мяўканьнем штовесну вылазяць з-пад брамы закінутага сто гадоў таму гаража. Можна абжэрціся кіслаты ды пайсьці пагуляць па дахах, паразмаўляць з ветрам сапсаванайпратэрмінаванай роднай сталіцы. Казкі на сьценах пісаць, а пасьля заўважыць якую-небудзь бабульку, зарадзіць ёй з размаху, абняць ды вершыкі дзіцячыя на вушка нашэптваць… нашэптваць…

Канечне, ўсё гэта толькі забаўкі, але глыбей капаць было небясьпечна. Ня ўсё ўнутры было такім прыгожым, як падавалася па той усьмешцы, зь якой Васілёк назіраў за рэзкімі рухамі вераб’я, што вокамгненна саскочыў зь літой чорнай агароджы на плітку ходнікаў і корпаўся ў шалупіньні семачак, якое пакінулі па сабе разьвясёлыя маладзёны з тэчкамі ды партфэлямі. Верабей скокаў зь месца на месца, але так анічога і ня мог знайсьці. Зрэшты, халера з ёй, з гэтай птушкай. Часам Васіль сапраўды падвісаў. Паглыбляўся ў тое, што на сьвежую галаву падавалася зусім нязначным. Часам забываў пра ўсе гэтыя каштоўнасьці ды, падавалася, пачынаў верыць у нешта іншае, зусім не характэрнае для чалавека. Натуральна, хлопец перабольшваў. Як жа тут абысьціся без максымалізму, калі гэта такі значны, нават неабходны сродак для самастанаўленьня асобы.

Ультрарамантыка!

“Годна ўздымай да неба вышэй

Сьцяг перамогі над сьветам!”


Асадка бегала па паперы. Вочы блішчэлі. Уз’юшанасьць ды захапленьне. Але праз два імгненьні – невыразны цень марнасьці, ды зноўку тысячы самаходавых колаў, і яшчэ ўвесь гэты фон: рухавікі, людзі, вецер, птушкі ды лёгенькі халадок за каўнер. Дзеці восені малююць карцінкі ды ствараюць настроі. Мокрыя пасьля дажджу лавы. Калі прыгледзецца, то можна пабачыць, як у кропельках вады адлюстроўваюцца верхнія паверхі будынкаў, дроты, неба, афарбаванае ў колеры лакіраванага дрэва. Калі ўзірацца, то можна пабачыць куды больш, чым аб’ектыўную рэальнасьць, але ўсё ж такі ёсьць нейкая небясьпечнасьць зайсьці настолькі далёка, што ейныя віры зацягнуць з галавою, …а людзі прызначаць пэнсію па інваліднасьці.

Але… Ізноўку падвіс…


А тым часам на суседняй лавачцы зьявіліся Бусьлік ды Воўк Вова.

– Добры вечар, шаноўныя хлопчыкі і дзяўчынкі!

– Прывітаньне, сябры!

– Ведаеш, Вова, калі я ўчора віў сабе гняздо на даху галоўнага будынка, то выпадкова пабачыў, як галоўны чалавек, што жыве ў галоўным пакоі…

– Паслухай, Бусьлік, давай кажы адразу, а то мы з рабятамі ўжо хутка стомімся ад усіх гэтых тваіх бясконцых, мля, адвечных гэтых тваіх прадмоваў, мля… хопіць нам галоўных!

– Добра, добра, Вовачка не хвалюйся, я больш ня буду, ня буду, ня буду!

– Ну дык не цягні ж, Бусьлік! Кажы хутчэй, нам насамрэч вельмі цікава!

– Ну дык вось, кажу. Сядзеў я сабе спакойна ды віў гняздо на даху галоўнага будынка. А гэты галоўны чалавек раптам адчыніў акно і пачаў крычаць што было моцы: “Дайце мне дажджу! Я больш так не магу! Дапамажыце ж мне хто-небудзь! Дайце дажджу!!! Божа! Божа, калі ты мяне чуеш, дай мне дажджу!” – ён уздымаў рукі да неба і плакаў. Я бачыў, як з вачэй яго ліліся аграмадныя сьлёзы, як ён енчыў, бы маленькі хлопчык. “Божа, зьлітуйся нада мною, толькі да цябе ўзношу я свае малітвы! Ніспашлі мне дажджу, і тады я пастаўлю табе помнік на галоўнай плошчы самага галоўнага горада!”

– Бусьлік, а Бусьлік? А што гэта ты сьвісьціш?! А ты не сьвісьці!

– А я й не сьвішчу, гэта мы, бусьлікі, так размаўляем.

– Дакладна не сьвісьціш?

– Не.

– Ну добра, тады мы з рабятамі табе паверым і папросім вас працягваць свой даклад.

– Ну Вовачка, які ж гэта даклад. Гэта толькі казка на ноч. Каб нашыя хлопчыкі і дзяўчынкі добра спалі і не варочаліся ў ложках. Ы.

– А гэта ты да чаго? Вось гэтае “Ы”.

– Ай, лядзь, адчапіся!.. Дык вось… І ўзьняў ён рукі да нябёсаў. Ды прыслухаўся госпад да ягоных малітваў. Ды запоўнілі неба хмары чорных крумкачоў, ды засьпявалі анёлы, ды затрубіў у рог…

– І паліло!

– Так, менавіта! Гэта была яшчэ адна праява міласьці госпада нашага! Устанем жа на калені, таварышы, ды праславім імя божае, бо сказаў ён:

ТОЛЬКІ З ЧЫСТАГА ЗОЛАТА

Ды ў тое ж імгненьне пайшоў дождж. Ды накрыў усю зямлю.

– А што было з гэтым чалавекам?

– У тое ж імгненьне ён памёр ад шчасьця!

– Ну што, шаноўныя хлопчыкі і дзяўчынкі, вось якую цікавую гісторыю распавёў нам сёньня Бусьлік.

– Але Вова, гэта ж зусім не галоўнае! Галоўнае ж ня гэта!!!

– Так, насамрэч. А зараз – мультфільм!

– Давайце, давайце ж хутчэй глядзець!


Бдыжжж!!!

Мульцікі! Мульцікі! Мульцікі!

Усё прамалявана вельмі прыгожа, нават подых перахапіла. Фарбы, лініі, усьмешкі ды чароўныя гісторыі пра вялікія помнікі маленькага шчасьця. Можа, сэнс толькі ў гэтым стаўленьні. Можа, толькі ў гэтым адзіны варты наследаваньня прыклад, найзручнейшы ўзор думак ды паводзінаў. Так і ёсьць.

Васілёк усхапіўся.


– А зараз час класьціся спаць!!!

– Дабранач, шаноўныя хлопчыкі і дзяўчынкі!!!


Васілёк усхапіўся. Паглядзеў на гадзіньнік на старой вежы ды зразумеў, што часу зусім няма. Часу ўвогуле не было. Ніколі. Кола круцілася, а прыпынкі ды адмеціны прыдумалі людзі ды пачалі злоўжываць. Хлопец ускочыў ды шпаркай хадою пайшоў прэч у бок чыгуначнага вакзала. Падняўся моцны вецер, але сьнегу яшчэ не было. Ды ў бліжэйшы час і не чакалася. Толькі вось хто дакладна ведае?..

Перабег дарогу на чырвонае сьвятло, прымусіўшы рэзка затармазіць бліскучую іншамарку. Так ім, сьвіньням, і трэба. Але вось менавіта з усіх гэтых гукаў і створаны сусьвет. Гукі ды карцінкі, павевы ветру, пахі бэнзіну і жаночай парфумы. Зь цягам часу ўсе гэтыя адчуваньні натуральна вытруцца, але пакуль што… ярка-аранжавыя курткі дворнікаў паступова ператвараюцца ў іржавыя. Кампазытары пішуць нікому на бак непатрэбныя творы, каб загнаць іх Міністэрству культуры за мізэрныя бабкі. Усё добра, толькі вось да вакзала ў той дзень Вася так і не дайшоў.

Увесь час штосьці замінала. Позіркі? Можа, і позіркі, хто іх ведае. Але магу сказаць, што хлопчык, канечне, празьмерна няўпэўнены. Ані ў чым. Ні ў сабе, ні ў астатніх. Гэта можа выклікаць непажаданыя наступствы. І тады шляху назад ужо ня будзе, і пляваць на тое, што ўсе мы выдатна ведаем, што яго і так няма, ды што ўсё гэта толькі спробы сябе супакоіць. Варта прызнаць, што часам яны аказваюць свой уплыў на псыхіку, нават у большасьці выпадкаў, калі ўжо па шчырасьці. Трэба мець на ўвазе, што ўсе сродкі самаабароны, самаабароны ад сябе, ужо даўно ў крыві, ды нават зьяўляюцца часткаю даволі пасьпяховага бізнэсу.

ПРАДАЙ СЯБЕ, ВАСІЛЁК!!! ЗАДОРАГА! ЯК МАГА ДАРАЖЭЙ!

Ня чуе, ён ізноўку ў сабе і адышоў ужо вельмі далёка. Далёка наперад, туды, дзе сонца рудымі промнямі залівае новыя фасады старых будынкаў і сынтэтычныя кветкі, што так ярка квітнеюць на сталёвых апорах ліхтарных слупоў. Туды, дзе будучыня ўсьміхаецца загадкавымі вачыма фотавыявы на крыле аўтобуса. Без прычыны, без аніякага ўяўленьня пра наступствы, якія пацягне за сабой гэтае спазьненьне на электрычку і ўсе гэтыя нікому не патрэбныя стосы перапэцканай нотнай паперы. Радасьць залатых багоў. Танцы на цэнтральнай плошчы – найяскравейшая праява любові да галоўнага горада і яго галоўнага чалавека, пра якіх ніхто ніколі нічога ня чуў.

Ах, якія вы прыгожыя, дарагія майму сэрцу, любімыя мае адлюстраваньні сухіх галінаў у мяккай вадзе асфальта! Падаюць кропелькі і ўзьнікаюць колы. Асацыяцыі…


Усё было цудоўна. Нават і не магла прыгадаць, калі яшчэ было гэтак вясёла. Усё было проста ды спакойна. Усьмешка не пакідала яе твару. Галоўнае, што ў паветры зьявіўся ледзьве чутны, амаль што незаўважны, але ўсё ж натуральны водар надзеі, быццам бы лёгкае воблачка, што пакідае на сэрцы пяшчоту. А ў галаве заставалася чысьціня ды выразнасьць. Канечне, Хо было пляваць на сусьветную рэвалюцыю ды на галодных дзяцей чорнага кантынента. Сёньня яна была лёгкай ды вясёлай. Шчасьлівай, калі ня страшна так казаць.

Цукеркі, віно, жарты ды сьмех. Бясконцы шпацыр па начных вуліцах і парках. І ўвесь вечар небеспасьпяховыя спробы адагнаць думку аб тым, што рана ці позна гэта ўсё скончыцца. Але гэта сэкунды, толькі маленькія пылінкі ў параўнаньні зь цёплымі позіркамі, што столькі абяцаюць. Зялёнае лісьце падавалася ўдвая зелянейшым у сьвятле ліхтароў. Два цені на бліскучай плітцы алеі ды словы, па сутнасьці, ні пра што, але разам з тым іх бы хапіла, каб апісаць усё жыцьцё. Хо п’янела ды лавіла на сваіх вуснах тую рэдкую для яе ўсьмешку. На імгненьне дзеўчына выхапіла гэтую думку і раптам заўважыла, што сапраўды на яе твары апошнім часам было куды больш іроніі ды сарказму, куды больш бессэнсоўнага колкага зьдзеку, чым такой цеплыні. Ды і было гэта ўсё зусім ня ейным. Быццам бы штосьці чужое паклалі ў рукі ды сказалі: “Вось, трымай, з гэтага моманту ты – вось гэта”. І быццам бы яна пачала ўзірацца ў гэтае штосьці ды настолькі захапілася, што так і не змагла вярнуцца да той сапраўднай сябе. Хо заўжды шмат непакоілася пра сябе, пра сваю адэкватнасьць. Гэтае чароўнае слова – “адэкватнасьць”… Шмат сумнявалася ў сваіх думках, у пачуцьцях, таму, каб кампэнсаваць гэта, навучылася секчы наводмаш, не зважаючы на наступствы. Не было ні часу, ні жаданьня, ні цярпеньня. Толькі калі штосьці паглынала яе з галавой. Менавіта так, як гэтыя чароўныя імгненьні вясновага вечара, нечакана цёплага ва ўсіх сэнсах. Можа, і ад сябе Хо такога не чакала, зьдзіўленая, занепакоеная.

А ён быў на самой справе вельмі сьмешны. Далёка неадназначны тыпаж зь бясконцымі трусамі ў капелюшы. Такі чараўнік, мужны ды разам з тым крыху сарамлівы. А на гэтым, напэўна, словы і сканчаліся. Больш дадаць не было чаго. Невядомае спрацоўвала, як загадкавае. Асабліва ў атмасфэры электрычнага асьвятленьня ды недахопу яркіх фарбаў ды ўражаньняў. Усе гэтыя словы на самой справе былі выдуманыя пасьля, калі ейная галава нарэшце пачала працаваць, калі фантазія вырвалася наперад ды перахапіла кантроль. А дагэтуль – толькі сьвежасьць ветру ды рэшткі чыстага паху зямлі, што застаўся ад канца сакавіка ды першай зялёнай травы. Змытыя дажджамі, перабітыя пахам кветак, але ўсё ж ткі такія ж існыя, як і яго парэзаныя на дробныя кавалачкі вочы, што сьцякалі крывёю. Такія ўважлівыя ды пяшчотныя.

Яна магла паклясьціся на апошнім альбоме каго заўгодна, што заўважыла гэта ня больш, чым два імгненьні таму. Хо толькі была хацела дакрануцца да парэзаных веек, але ізноўку ж, своечасова стрымалася.

– Што з тваімі вачыма, любы? – ейны голас ледзь заўважна задрыжаў.

– З вачыма?.. – ён не адразу зразумеў. – Нічога. Не хвалюйся, сонейка, яны ў мяне такія ад нараджэньня.

– Табе балюча?! – бровы паплылі ўгору, і яму, канечне, была прыемнай такая ўвага.

– Не, не балюча, нэрвы даўно ўжо атрафіраваліся. Балець там няма чаму. Ня трэба хвалявацца, са мною ўсё файна.

Хо раптам зразумела, што ня можа вымавіць ані слова, што яна ўжо вельмі доўга вось так стаіць, маўчыць ды ўзіраецца сваім пранізьліва пяшчотным позіркам у ягоны твар, быццам бы гэта штосьці зьмяняе. Нібыта яна зрошчвае такім чынам шмацьцё скуры, выцірае крывавыя кроплі. Дзеўчына выдатна адчула, як цёплы красавіцкі вецер згубіў усе свае чароўныя здольнасьці, як ЛІХТАРЫ ізноўку сталі ліхтарамі, як навакол пахаладзела. Састылае паветра. Ноч была ўжо не такой цёплай…

…а батарэі ў іх яшчэ не ўключылі. Хо хавала ногі пад коўдру ды піла гарбату. Як ні хацела, як ні імкнулася, усё ніяк не магла пасьпець да таго, як тая састыне.


Ружовыя соплі, размазаныя па непатынкаванай бэтоннай сьцяне.


Гэта доўжылася толькі адно імгненьне. Імгненьне, расьцягнутае памяцьцю на тысячы гадзінаў. Хо скруцілася на канапе, моцна абняўшы сябе рукамі. Яна ня ведала, чаму галава захоўвае такія ўспаміны. Хутчэй за ўсё гэта адбывалася без уліку ейных жаданьняў. Але кім тады была яна, Хо, у гэтым тулаве, якую ролю адыгравала ў ейным жыцьці гэтая самасьць, ды і што гэта ўвогуле такое? Дзе сканчаецца яе ўлада над сабою ды пачынаецца нешта невядомае, тое, што ад яе ўжо не залежыць? Дзе гэтая мяжа? Часам дзеўчына думала, што гэта мяжа між ёй ды ейным лёсам, але фармулёўка так і ня здолела зачапіць яе настолькі, каб… даводзілася кожнага разу выдумваць яе наноў. Кожную трэцюю сэкунду.

“Усё ж дзіўная сытуацыя ўвесь гэты сьвет…” – Хо некаторы час трымала ў галаве гэтую фразу, а пасьля адпускала і працягвала назіраць за тым, як клубіцца воблачка пары над кубкам. Ёй не было балюча, можа, хіба толькі няўтульна, неспакойна. За сьценкаю працаваў тэлевізар ды хадзілі людзі.

– Раскажы мне казку, чароўная фея…


“…ды злосных сабакаў, што прыйдуць з-за гор”.


Але неўзабаве пасьміхнулася ды папусьцілася. Падумала, што, можа быць, варта выйсьці на вуліцу.

Электрычка расказала пасажырам усе свае правілы, хлопнула дзьвярыма ды зваліла прэч, пакінуўшы Васіля на пэроне.

Усіх іх, лядзь, трэба на пэрон, лядзь, каб сукі ня езьдзілі тут! Ды зубы на гуй свалаце павыносіць!

Але якая, зрэшты, розьніца. Ды і куды гэта ты, Васілёк, увогуле сабраўся? Ты нам тут яшчэ нічога, па сутнасьці, і не расказаў… Але наўрад ці ён бы сьпяшаўся. Канечне, лепш было б у такой сытуацыі прамаўчаць. А калі па шчырасьці, то і сытуацыя гэтая наперадзе. Усё ў цябе яшчэ наперадзе. І жыцьцё будзе папросту цудоўнае! Канечне. Толькі так, а як можа быць яшчэ? Ды ён анікуды і не зьбіраўся. Так, думаў, можа, выехаць на некалькі гадзінак у лес, у поле, падалей? Пасядзець ды пагнаць дзе ў спакоі. Але, відаць, лёс зусім іншы… Толькі ня трэба тут думаць, што калі не атрымалася, то зараз адразу штосьці здарыцца. Хлопец увогуле вёў не асабліва багатае на здарэньні жыцьцё. Часам ён прыходзіў на вакзал без аніякае мэты. Глядзеў на цягнікі ды піў сваю плястыкавую гарбату. Увесь час сярод людзей. Усе яны такія розныя, але калі паспрабаваць прыгадаць каго – з незнаёмцаў, вядома ж, якіх штодня сустракаеш на вуліцы, на каго выпадкова падае позірк, – то не адразу атрымліваецца ўзнавіць у памяці хаця б некалькі твараў.

Яшчэ хлопец любіў анёлаў. Ня тое, што ён у іх верыў. Ці ў іх, ці ў некага пад назваю “бог”. А анёлы… Дастаткова было ўявіць іх, ды вось яны ўжо і рэальныя. Усе яны такія ж адвечныя ўдзельнікі чалавечага фальклёру, як і героі, як багі ды супэрзоркі. Не кажучы ўжо пра ўсялякіх суседзяў з загадкавым імем Саня. Пра гэтых і казаць не было чаго. Толькі вось суседа Саньку пасьля школы бацькі адразу адправілі ў войска. У эканамічных інтарэсах. А можа, было ня так?..

Васілёк вісеў вельмі часта. Знаходзіў сябе ў гэтай прасторы паміж двума сусьветамі. Ды ўвесь час даводзілася разьбірацца, што насамрэч, а што крыху больш, чым насамрэч. Калі ён штосьці забываў, то папросту адмоўчваўся, а калі пыталі, то спрабаваў як-небудзь пазьбегнуць неабходнасьці адказу.

Нельга было сказаць, што сусед Санька быў такі ўважлівы і добры карышок. Хутчэй наадварот… Сука апошняя, ён біў дзяцей бітаю, праломліваў ім галовы толькі дзеля таго, каб трапіць у вечаровыя навіны. Але ніяк не атрымлівалася. Яго заўжды нехта абыходзіў. Нехта заўжды выкідваў штонебудзь увогуле ўлётнае, што нікому і ня сьнілася. І Санька, не губляючы энтузыязму, вынаходзіў усё новыя ды новыя сродкі катаваньняў – трэба ж неяк зьдзівіць абывацеля… Толькі ўсё ж такі добры, да пэўнай ступені, канечне… Гуйня ўсё гэта! А Васілёк заўжды быў неяк у сабе, ды не цікавіўся ані футболам, ані дыскатэкамі, ані гарэлкай у суседнім дворыку. Усё кніжкі ды кніжкі… Але, можа, толькі дзякуючы Саньку яго на раёне не чмурылі. А зараз тым больш нікому да яго справы не было. Калі казаць, што час пакідае толькі неабходнае, то можна яшчэ і паспрачацца наконт таго, ці пакідае штосьці ўвогуле. Руйнуе ўсе гэтыя барыкады, вымятае сьмецьце ды ўсё астатняе.

– На, малы, хлебані! – брудная рука працягнула.

Васілёк узяў ды хлебануў. Смак, знаёмы зь дзяцінства. Яны зноўку пераклалі палыну. Калі гэтыя падлы кладуць зашмат палыну, то лепш піць што-небудзь іншае. Толькі хіба вядома гэта адразу? А Пятро Ільіч, падавалася, увогуле гэтага не заўважаў. Ды й ня дзіўна, столькі год у сядле. Сьмярдзела ад яго, канечне, так… ну, кварталы за два напэўна, але вецер дзьмуў з Васілёвага боку. Ён перахопліваў пах бруднага тулава і зносіў прэч у восеньскія вуліцы. Хлопца гэта не засмучала. Ды і што яго магло засмуціць, усё нармалёва, што тут такога. Канечне, гэтаму сьвету наканавана памерці зусім не праз якую-небудзь тэхнагенную катастрофу, ці там ядзерную вайну і ўсялякую падобную шлаяноціну. Апошні чалавек памрэ ад недагледжанасьці ды адсутнасьці ўвагі. Ды няма розьніцы дзе – у рэспэктабельных апартамэнтах, бліжэйшых кустах, ці пад балконам панэльнай дзевяціпавярхоўкі. Куды больш важкім будзе тое, што сьмерць надыдзе ад вострага алкагольнага атручаньня ці ад перадазіроўкі, што натуральна ня проста так, а вынік зацягнутай дэпрэсіі. Менавіта той, што была выкліканая пагардаю ды безуважнасьцю. Але калі будзе паміраць апошні чалавек, ня будзе каму паспачуваць, хіба толькі тым цьмяным, няпэўным зданям, што праступаюць у падсьвядомасьці, ды калі іх не спыніць, з лёгкасьцю могуць выклікаць шызафрэнію. Вось тады ўжо дакладна нікому да гэтага справаў ня будзе.

– Ну дык гэтага, значыцца. Ляжу ў акопе… ды толькі вось так галаву павярнуў, каб паглядзець, што там у небе. А там, ведаеш, там варожыя самалёты лятуць ды кідаюць на нас бомбы. Ды крычаць усе так, што тыя дзікія зьвяры ў лесе. Ды выбухі з усіх бакоў. Во так во…

Ён прыхлябнуў яшчэ ды перадаў пляшку.

– Але не здавацца ж, на самой справе. Нельга, сорамна. Ну тут камандзір мне і кажа: “Давай, Пеця, валі гаўнюкоў! За горад наш, за чарнавокага сабаку з блакітнаю поўсьцю!” Ды ведаеш, малы, ён вось умеў гэта. Умеў камандзір у нас дух падняць.

Ведаеш, вось такі мужык быў! Мы пасьля яго з саслужыўцамі яшчэ доўга, суку, штыкамі коцалі, але мужык быў, дай бог кожнаму.

Толькі вось адзінае што: Пятро Ільіч пэрыядычна губляў думку, асабліва пасьля чарговага шоту, ці калі яго клікаў хтосьці са знаёмых, але што характэрна, лезьці ў іх з Васем “пэрсанальную гутарку” ён ім не дазваляў. Звонку гэта магло б выглядаць, быццам бы стары настаўнік тлумачыць свайму вучню вышэйшыя ісьціны. Канечне, усё магло быць, але не заўжды мела месца. Калі без перабольшаньняў, то гэта толькі сіняк ды дзяўбануты студэнцік-батан, настолькі наіўны, што вядзецца на ўсялякія нізкаякасныя казкі такога кшталту.

– Дык схапіў я, значыцца, сваю вінтоўку, перазарадзіў ды давай мачыць вылюдкаў. Пэўна, дзясяткаў зь пяць ужо заваліў, ды чую голас такі пяшчотны, мілагучны нешта сьпявае, азірнуўся – а ў акопе ўсе мёртвыя, ды толькі анёлы ў джынсавых куртках стаяць купкаю, машуць сваімі мячамі ды сьпяваюць. Інтэрнацыянал. Ды вось што, малы, я табе скажу. Зразумеў я тады, што ёсьць бог на сьвеце, ды быццам бы ўдвая больш у мяне сілы зьявілася. Ды стаў я страляць так трапна, што нават сам зьдзівіўся. Як ні стрэл – дык у галаву, і вораг непрытомны падае з крывавым месівам замест вачэй. Страляю. Ды разумею, што з вуснаў маіх тая ж песьня ліецца. І такая ўпэўненасьць мяне ў той момант ахапіла… што ня ведаю, як і апісаць. Адное – цуд!

Ён зрабіў яшчэ колькі глыткоў ды стрымана хмыкнуў.

– А пасьля, калі скончыліся патроны, выскачыў я з акопу ды валіў іх прыкладам. Адзін удар, ды насьмерць. Калі ж прыклад трэснуў ды зламаўся, дастаў я з нагруднае кішэні плякат Джымі Хэндрыкса, скруціў у трубачку, ды ім яшчэ тысячаў зь пяць насьмерць забіў… Вось такія вось цуды!

Што ёсьць праўда, а што ёсьць фантазія? Разьбірацца з пытаньнямі ў адпаведнасьці зь іх паступленьнем. Вырашаць ды разумець. Мільёны людзей выходзяць штодня на вуліцы гэтага горада, і паспрабуй вырашы, хто зь іх фантазія, а хто не. Ды і што ўвогуле азначае гэты крытэр. Няўжо гэта паказьнік вартасьці? Маўляў, гэта – станоўча, а гэта – ніяк, лухта. Толькі так, ці не, ды анічога пасярэдзіне. А калі фантазія падаецца больш натуральнай за адбітак падэшвы ў брудзе, больш бясспрэчнай, чым тысячы прамоваў, зьвернутых да цябе з адной толькі мэтай – даказаць, што гэты чалавек сапраўды існуе, сапраўды варты, калі не прыхільнасьці, то папросту ўвагі? Горад зданяў, ды паспрабуй вызначыць, хто ёсьць ты сярод усяго гэтага ліхалецьця. Дзе тваё месца ў гэтых календарах ды графіках, ва ўсіх гэтых маршрутах ды сэрыйных нумарох трамвайных квіткоў? Канечне, Васілёк, канечне… ты цалкам упэўнены ў тым, што хочаш сказаць, цалкам упэўнены ў сваіх перакананьнях, у сваіх спісаных нуднымі вершамі сшытках, поўных шматкроп’яў ды нявыказанага каханьня да таго, каго стоадсоткава няма сярод гэтых твараў. Можна пазнаваць іх штодня, але так аніколі і не перайсьці мяжы паміж ідэнтыфікацыяй і перамогай над бязьлікасьцю. Глыбіннай нявызначанасьцю самога сябе.

Ды тут на гэтай алеі, ад піўняку да самога пуцеправоду напрыканцы вуліцы, колькі іх тут кожны дзень. Ледзь жывыя, кульгавыя, са скурай, пакрытай незразумелай хваробаю, з вачыма – часам сарамлівымі, а часам настолькі нахабнымі, што пагардлівыя грамадзяне пачынаюць баяцца. Але ім, зрэшты, што не скажы, заўжды страшна. А тут на гэтых гнілых, брудных лавачках, спрабуючы не званітаваць тое, што толькі трапіла ў страўнік, зьмяшаныя з выпадковымі пасажырамі, яны ўсе, як адзін, верылі ў бога ды ў наканаванае ім царства нябёснае. За шматлікія пакуты ў зямным, суччым жыцьці. Але верыць імкнуцца ўсе. Ня так шмат ужо ў чалавека сілаў, каб быць настолькі адказным. Можна быць тысячу разоў упэўненым у сваёй рацыі, і разам з тым адчуваць поўную бязьзьвязнасьць усіх сваіх сэнсаў. Упэўненасьць – справа цалкам асабістая. У кожнага свая. А ў гэтых людзей?..

Пятро Ільіч зрабіў глыток, сумна паглядзеў на пустую пляшку ды растварыўся ў этэры… дзясяткаў радыёстанцыяў горада-героя. Сабраўшы сваё тулава ў жменю, юнак асьцярожна падняў яго ды пагрузіў у грамадзкі транспарт. Па дарозе трапляліся думкі пра літары, пра лічбы, лёсы ды зьвесткі пра месца разьліву. Рака цякла, роўная ды шырокая. Без аніякага намёку на хуткае абледзяненьне. Ніякіх прыкмет наступленьня халадоў. Хіба толькі выпарэньні на халодным шкле. Можа быць, верасень ужо сканчаўся, можа, сканчаўся і год, ды разам зь ім – і ўсе тыя намаганьні чалавека нарэшце адбыцца. Дзіўныя знакі выводзілі п’яныя пальцы ў мятым сшытку. Канечне, будзе няпроста іх зразумець, трэба паспрабаваць пісаць акуратней.


“ня трэба тут думаць, што мы адно жыцьцё на ўсіх жывем. Кожны сам сабе гаспадар…”


Жанчына з торбай, поўнай прадуктаў, заходзіць у сярэднія дзьверы ды неяк крыху вінавата, на першы погляд, азіраецца ў пошуках месца. Сёньня дзясятага ці дваццаць пятага? Васілёк заўважаў ды праводзіў паралелі, але ўсё больш праводзіў ды ўсё менш заўважаў. Усё гэта толькі часова. Усё часова.


Усім прыкладна зразумела, наколькі рэгулярна даводзіцца задавацца такімі пытаньнямі. Гэта наконт існаваньня сэнсу ўва ўсім гэтым усім. Дурныя пытаньні, бясспрэчна. Але хіба нам трэба праз гэта сумаваць? Толькі вось адно, што так часам хочацца. Як казаў адзін выдатны грузінскі хлопец: “Чэшыцца – дык пачашы!” Галоўнае, каб да крыві не разадраў. Натуральна, лухта. Сьмела, таварышы, наперад, ды ігнаруйма контру! Гэта так, адступленьне ні пра што. Проста вырвалася. Прабачце.

Неўзабаве надвор’е пачало псавацца. Яны ж казалі, што ўсё часова, і можна было нават не спадзявацца на памылковасьць прагнозаў. Максымум +5, але хіба гэта зьмяняе што-небудзь, акрамя дэкарацыяў? Усё за вялікімі, завешанымі белымі вэртыкальнымі жалюзі, вокнамі. Звонку ўжо сьцямнела, таму вуліцы бачна і не было.

Хо схілілася, каб прачытаць подпіс пад карцінай. Нечакана дробныя літары. Нечакана вялікія літары. Усё нечакана. Людзі стаялі ды тупілі, усьміхаліся палотнішчам. Ва ўсялякім разе выглядалі ўзрадавана, па-сьвяточнаму. Белы сьпінжак саксафаніста ў куце ля калёны так натхнёна выводзіў бясконцую Night In Tunisia, што на вочы старой бабулькі, супрацоўніцы галерэі, нагарнуліся сьлёзы. Такія пачуцьці!.. Хо спадабалася гэтая мэлёдыя, прыйшлася да настрою, можна было сказаць, што “ў тэму, як у вену”. Але яна такога ня скажа. Калі яшчэ зрабіць выяву троху ярчэйшай, то бліскучая медзь зарэфлексуе, а бабулька цэлы тыдзень будзе напяваць пад нос. Менавіта так.

Яна так і не зразумела аніводнай літары. Можа, канечне, шрыфт быў няўдалы, але, узгадваючы цяпер, Хо была на ўсе сто адсоткаў упэўненая, што менавіта не зразумела, а не не пабачыла. А пасьля адразу адчула характэрны травяны пах, ціха скрывіла нос ды сама сабе ўсьміхнулася. Прыемныя пустыя позіркі запаўняліся ўвагай ды апантанасьцю, крыжаваліся ў паветры ды зрэдчас крыху касілі ўбок. Так хацелася закахацца ў белае сьвятло! Чыстае ды ледзьве заўважнае… Ці ва ўсе адценьні блакітнага. Навокал толькі чорна-белае фота, і гэта, можа, нават і лепш ы ы ы ы ы ы ы ы ы ы ы ы ы ы ы ы ы ы ы ы.

Варыянт?..

Плястыкавыя кубачкі, напалову напоўненыя шампанскім, ледзьве чутна сустракаліся ў паветры. Заставаліся бурбалкамі ў руках чалавека. Высокі мужчына ў чорным трыко ды голых пятках, абвешаны плястыкавымі яблыкамі быў ужо моцна падгазаваны, але публіцы ўсё адно вельмі спадабалася. Мужчына пэрыядычна надзяваў на сябе вялізны саламяны капялюш ды скокаў, як сапраўдны казёл. Жартаваў і падаўся Хо празьмерна нахабным ды дурнаватым. Яна ўвогуле не любіла п’яных мужчынаў. Цьвярозымі яны выглядалі куды лепей, нягледзячы на тое, што толькі выглядалі. Паспрабавала разабраць яшчэ адзін надпіс – ізноўку безвынікова. Ленка разьюшана тлумачыла нешта сваім аднагрупніцам. Час ад часу з усіх бакоў залі даносіліся прывітаньні, камплімэнты, падзякі, шматзначныя “ведаеце…” ды “сапраўды?..”

– Лен, а ты ўпэўненая, што, калі зараз выключыцца сьвятло, мы адзін аднаго не пазабіваем?

– Што, прабач? Ты гэта пра тых цётачак, ці пра каго? – Ленка глядзела на яе з усёй сваёй прастатою ды наіўнасьцю, што часам падавалася нават празьмернай, каб быць сарпраўднай. Хо не знайшла, чым адказаць, ды папросту ўсьміхнулася, зрабіла выгляд, што пажартавала, ды гэтак далей. Усё ж было вельмі проста, нават дзіцёнак бы здолеў гуляць у гэтую цікавую ды займальную гульню. Нічога складанага, нават косьці кідаць ня трэба, і думаць, і варушыць пальцамі. Галоўнае – своечасова прыўздымаць брыво ды пабольш усьміхацца.

Электрычнае сьвятло рабіла твары рэзкімі ды неспакойнымі.

Адключыць. Што адключыць? Сьвятло? Размовы ды саксафаніст стварылі фон, фотаздымкі стварылі поле бітвы. Але біцца бессэнсоўна, ды з кім тут насамрэч, усе ж такія ветлівыя ды ўважлівыя. Шчасьце гарэла ў галагенавых вачох, радасьць невычэрпнымі струмянямі пралівалася з ратоў. Хо глядзела на фотаздымкі, часам нешта сама сабе адзначала. Урэшце вырашыла, што ня ўсё так блага. Толькі, напэўна, яна крыху стамілася. Шмат была на людзях на гэтым тыдні. Дапіла свой сок ды выйшла, усьміхаючыся без разбору ўсім знаёмым ды незнаёмым сваёй чароўнай усьмешкаю.

На ганку стаялі ды палілі. Трое мужчынаў рознага ўзросту ды дзьве маладыя дзеўчыны, хутчэй за ўсё студэнткі. Адзін зь іх чытаў празь нячэсаную вялізную бараду вершы пра зялёнага Леніна. Яго слухалі толькі двое. Яна паліла, а хлопец год дзесяці з выглядам дасьведчанага, нават троху стомленага спадара перыядычна адпіваў з мэталічнае пляшкі, ды ўсё прапаноўваў дзеўчыне на знак увагі. Тая часам згаджалася, але збольшага казала сваё алюміневае “не”. Крыху наводдаль спрачаліся: ён ліў у вушы, яна праз недасьведчанасьць ды маладую амбітнасьць, не саромеючыся, несла лухту… ды ведалі, што ў гэтым няма нічога страшнага.

І сэрца тваё

Ў вакуўмнай упакоўцы

Б’ецца

Ледзь-ледзь


Хо сапраўды трошкі стамілася. Але не пашкадавала, што зайшла. Так і не разьвіталася зь Ленкаю, але і фіг зь ёй. Галоўнае, што ўвесь горад быў засьцелены аднатыпнаю брукаванкаю, па якой так зручна хадзіць. Галоўнае, што ўвесь час прыдумваюць новыя назвы для вуліцаў, але самая круць – у сьвятлафорах, у тым, як паважна яны схіляюць свае трохвокія галовы, калі, стомленая, пераходзіш вуліцу. Чырвоныя, жоўтыя, зялёныя… водбліскі на мокрым асфальце. Колькі цікавага заўважала Хо ў навакольлі ды ў людзях! Часам нават усё цалкам адпавядала рэчаіснасьці і падавалася зусім рэальным, а ня нейкімі там фантазіямі абвостранага дзявоцкага сьветаўспрыманьня. Бляск трамвайных рэек у электрычным сьвятле сотняў лямпачак. Розныя адценьні жоўтага, а яшчэ і восень. Канечне, вясна лепей, але толькі тады, калі Хо не была б такой стомленаю.

Станцыя гарадзкога мэтрапалітэну. Зь перахода чуліся галасы ды глухі гук пралетарскай гітары. Хо невядома чаму, але пабойвалася такіх тыпажоў. Вулічная дрэнь. Нахабныя п’яныя падлеткі, бяз густу, без пачуцьця прыгажосьці. Ідыёты ў позе прыгнечаных змагароў з сыстэмай. Яна не любіла, калі якая-небудзь маленькая, расфарбаваная сучка, ад якой так непрыемна пахне алкаголем, чаплялася да яе з ідыёцкай дзяжурнай усьмешкаю і сваім кожны час аднолькавым “дапамажыце на азеляненьне марсу” ці ўсялякай іншай сьмешнай лухтою. І гэтыя вылюдкі са сваімі адвечнымі гастраномнымі ідэаламі свабоды ды ржавым трупам дваровага року. Брыдка.

Апусьціўшы вочы долу, Хо прайшла міма, і ніхто яе нават не крануў. Валасаты дзядзька гадоў пад трыццаць сьпяваў папулярныя песьні савецкіх кампазытараў. Канцэрт для граніту без анічога. Шкляныя дзьверы мэтрапалітэну, падрыхтаваны праязны. І далей усё па старым пляне: аўтобусны прыпынак, некалькі пасажыраў, пяць хвілінаў думаць, што глядзіш у акно, двор, пад’езд, кухня, комп, ложак. Але ад гэтага ў галаве аніяк, толькі, можа, часам, калі ўжо зусім моцна падкатвала, Хо сапраўды пачынала нэрвавацца, але так… Ды і ўвогуле яна была вельмі спакойнай, але разам з тым імпульсыўнай. І тое, і гэтае. Можна як хочаш, усе будуць толькі радыя заўважыць лёгкую вычварнасьць. Але ня ў той вечар. Ды невядома чаму. Праскоквалі і думкі, нічога зь імі не паробіш. Цікава ўсё гэта ўзгадваць. Але на вуснах Хо цяпер панавала ўсьмешка. Сумная ўсьмешка тысячагодзьдзя восені. Аматарка выкручваць словы, яна ляжала на ложку, быццам бездапаможная палатняная лялька. Сон не ішоў, нягледзячы на тое, што хутка ўжо раніца. Дзеўчына сьціскала сябе ў абдымках, бы старую добрую сяброўку, якую ня бачыла дзесяць год, быццам цацачнага мядзьведзіка, адвечнага спадарожніка дзіцячых прыгодаў, выпадкова знойдзенага сярод старых рэчаў у бабульчынай шафе. Шкадавала сябе, бедную ды разьбітую, ды сьліні з соплямі, ды розная жорсткая жаночая праўда.

“Хо… Што з табою, Хо? Што гэта ўсё такое? Быццам бы скура высыхае ды пачынае распаўзацца па швах, а ўсё, што ёсьць табою, пачынае вылазіць наверх ды выпарацца ў сьвятле няпоўнага, абрэзанага месяца, што ўжо з гадзіну глядзіць у акно”.


Слупкі дзевяціпавярховікаў патаналі ў пяску. Вецер ізноўку дзьмуў з пустэльні. Невядома, адкуль толькі яна там узялася, бо так усё падавалася цалкам нармальным. Усе мясцовыя ўжо прызвычаіліся. Насамрэч пустэльняй жыхары гэтай ускраіны называлі вялізнае поле, перарытае кар’ерамі. Цалкам пустое, без аніякіх сьведчаньняў жыцьця. Часам з таго боку задзьмуваў вецер, ды тады ў мікрараёне пачыналася сапраўдная жвіровая катастрофа: пыл прасочваўся літаральна ва ўсе шчыліны. Засыпала пад’езды, кватэры. Часам нават псаваліся ліфты. Усе імкнуліся пакінуць гэты раён, але, натуральна, ня ў кожнага атрымлівалася. Ды ня ўсё, зрэшты, так кепска. “Прырода – рэч дзіўная ды незразумелая”, – бурчэлі старыя ды, зьмятаючы далонямі пыл з лавачак, прымаліся за свае бясконцыя абмеркаваньні надзённага. Тут любілі зіму ды дажджы.

Кіроўца нарэшце вырашыў падысьці ды разбудзіць хлопца. Відаць, ужо ня першае кола накручвае малы. Напіўся, дурненькі.

– Гэй, сьвісь! Давай прачынайся, ты, відаць, пацан, троху праехаў.

– … а дзе я? што гэта за…

– Давай выходзь! Канцавы, тваю таго. Уся жыцьцёвая мудрасьць вялікага народа ўвасобілася ў гэтым мужным голасе!

Васілёк, Васілёк… Як ня сорамна! Трэба наступнага разу не перавышаць дазіроўку… Ды ён, зрэшты, і сам усё гэта выдатна ведаў. Тое, што было трэба ды як няварта. Але што да таго? Што тады, можа, і ўвогуле ня жыць? Канечне, было пагана, як жа. Але што паробіш. “Адзіны сапраўдны цуд” працягваецца.

Сабраў сваё цела ды выкінуў на вуліцу, прэч ад поручняў ды запацелага шкла. Трэба было стаяць ды пакрыху прыходзіць у сябе. Трэба было змагацца з арганізмам ды позіркамі мінакоў, якія, можа, зусім і не былі такімі злымі ды зьдзеклівымі, як заўжды падаецца ў такой сытуацыі. Тут Васілёк бываў зусім рэдка. Ды і наўрад ці хтосьці з тых, каму не давялося тут жыць, часта сюды езьдзіў. Раён лічыўся неспрыяльным ня толькі ў пляне кліматычных асаблівасьцяў. Барабанныя палачкі. Сацыяльна небясьпечныя тэрыторыі.


Два п’яныя вылюдкі, якія настолькі захапіліся сьвятам, што, апынуўшыся ў выграбной яміне, годна трымаюць сябе, не заўважаючы, што стаяць па пояс у лайне… Гэта было так, між іншым… Часам што-небудзь выскоквае на аўтамаце. Вы, шаноўныя таварышы, лепей ігнаруйце такую хрэнь.

Раён сапраўды быў яшчэ той. Тлумачылася ўсё, ізноўку ж, гэтай экакатастрофай. Палова жыхароў, калі ўсё гэта пачалося, папросту пазвальвала. Нехта спрабаваў прадаць кватэру, але куды там было. Ня тое надвор’е на вуліцы. Да таго ж, журналісты ўжо ўсім паведамілі пра магчымыя наступствы, пра праблемы для здароўя ды іншую лабуду. Самымі пустымі, сталіся, канечне, ускрайнія будынкі, за якімі, як за сьценамі, хавалася ўсё парадзелае насельніцтва. Быццам дрэвы паабапал шашы, што абараняюць палі ад ветру. Зь цягам часу, калі камунальшчыкі ўжо хацелі былі выселіць жыхароў ды правесьці рэканструкцыю, пераўтварыўшы, як меркавалася, былое жыльлё ў своеасаблівы абаронны мур, у старыя кватэры пачалі засяляцца новыя людзі. Няцяжка было здагадацца, што асаблівых сродкаў у іх не было. Галота, што перабівалася выпадковымі падпрацоўкамі ды бавіла вольны час за шклянкамі ды дозамі. Невядома якім чынам, але неўзабаве яны ўсё ж такі здолелі тут абжыцца ды нават завесьці нашчадкаў. З таго часу па вуліцах увечары хадзіць стала небясьпечна. Выпадковаму чужынцу гэта адразу кідалася ў вочы. Дзіўна толькі, што Васілёк нічога так і ня мог заўважыць. Канечне, хлопчык быў дурнаваты, ды, можа, трошкі празьмерна самаўпэўнены, але тут было ўсё ж ня толькі гэтае. “Пакінуты сярод пакінутых”, – думаў ён. Ды так думаць было куды прыемней. Ідыёт, што зь ім зробіш.

Канечне, да яго адразу даяпаліся. Тут і думаць не было чаго. Дождж прайшоў, ды над мокраю зямлёю чырванела трохі ўжо пахаладзелае сонца. Засыпанае мокрым пяском, навакольле магло б нагадваць пляж. Але дзе яшчэ можна знайсьці такі пляж. Дэкарацыі для кібэрпанкавага спэктаклю… Абжытыя фанэрныя скрыні назіралі за ім зьлёгку падведзенымі паўпустымі вокнамі. Ні сьмерці, ні жыцьця, адна вялізная дзірка ў часе. Імгненьне зацягнулася. Небясьпечнасьці? Гледзячы, што разумець пад бясьпекаю. Як разумець ды ці рабіць гэта ўвогуле. Зь дзясятак мужчынаў рознага ўзросту абступілі хлопца колам ледзьве толькі той адышоў ад прыпынка. Пасыпаліся пытаньні. Пытаньні, як заўжды, ідыёцкія, вельмі хуткія ды зьняважлівыя.

– Хто ты такі?!

– Адкуль ты прыйшоў ды што ты нясеш у сабе?

– Ці верыш ты галоўнаму герою ды пасланцам ягоным?

– Колькі чалавечых лёсаў сапраўды важкія для цябе?

– Ці падманваеш?

– Ці забіваеш?

– Ці помніш пра сьмерць сваю ды ці верыш у вечнасьць духа свайго?

– Ці сапраўды чалавекам быў ты ўвесь гэты час?

– Што такое чалавек ды й дзе сэрца яго?

– З чаго ды чыімі рукамі створаныя косткі твае?

– Ці чуеш ты голас ягоны?

– Ты шо, сука, агуеў, мля?!

Пытаньні, на якія непатрэбна даваць адказаў. Канец веку рэзкіх рытмаў ды выкрыкаў. Самы выдатны час для самагубцаў ды рабаўнікоў. Найлепшы час для масавых публічных катаваньняў ды падмены паняцьцяў. Эпоха бліскучых тэлевізійных прапаведнікаў ды хатніх гаспадынь. Век ідалаў, ідэалаў, ідыліяў. Сонца, што ўжо ня здольнае высушыць усе раны зямлі, павольна хавалася ў пагорках ды насыпах. Ды тыя людзі, якія бездапаможна чыталі на вуліцах пад гукі рыпучых касэтнікаў, можа, толькі яны і маглі б прэтэндаваць на тытулы галоўных герояў, калі б, канечне… не былі людзьмі, не тырчалі ды не кахалі так моцна. Калі б ня зьмешавалі сусьветную любоў з клясавай нянавісьцю, ды не нажыраліся ў адчаі. Бэтонныя ночы, электрычныя лямпачкі, дым. А пасьля – сполахі раніцы, гукі першага аўтобуса, “зноў” ды тысяча дзьвесьце шаснаццаць стрэсавых сытуацый на гадзіну даволі ўмоўнага жыцьця.

Але ў Васенькі нічога не было, пустыя кішэнькі, пустое маленькае, зусім неразьвітае сэрцайка. Такога было шкада. Такога перапойнага лашкабатаніка, зь якога можна было хіба што пасьмяяцца ды за адно тады ўжо і зь сябе, заўжды гатовага паламаць храбціну, не зважаючы ні на якія там акалічнасьці. Хлопчык сеў у свой транспарт ды з сумам глядзеў праз акно ў невыразныя прыцемкі. Людзі глядзелі на яго, і падавалася, што крыху расчараваныя позіркі нешта згубілі. Быццам бы нарэшце зразумелі, што навокал татальная срака, у якой яны маюць шчасьце застацца да самае сьмерці, а можа, і далей, у залежнасьці ад умоваў абранага веравызнаньня, асабістых амбіцыяў ды інтарэсаў.

Транспарт ехаў, у галаве ныла. Падавалася, што ўсё навокал толькі нейкае адлюстраваньне таго, што адбываецца насамрэч. Быццам бы ўсё другаснае, прапушчанае праз ксэракс. А як яшчэ ён мог прыгожа патлумачыць усю недасканаласьць гэтага горада, гэтых людзей, гэтай восені? Маленькі дурань, няздольны адказаць нават за сябе, куды там яму было думаць пра сусьвет. Толькі вось заўжды атрымлівалася менавіта так. Адны пераболшаньні. Неразьлічаныя магчымасьці ды жаданьні выплыць на паверхню, ня ведаючы, што там усё куды больш жорстка, чым у гэтых стэрыльных падводных пакоях.

– Ты што, Бусьлік, хацеў штосьці дадаць?

– Ды не, Вова, што ты!

– Ну і добра!..


Пад акном на прыпынку спыніўся аўтобус. На гадзіньніку 18:07. З усіх дзьвярэй – стомленыя з хлебам ды сасіскамі ў аднолькавых пакунках. У прадчуваньні вечаровага ток-шоў, футболу ды сэрыялаў з супэргероямі, моцнымі ды шчасьлівымі, амаль што такімі ж, як і ўсе. Аніякай опэры! На гуй! Радасная мяккасьць тапачак ды канапы. Паўфабрыкаты – лепшае, што здолеў прыдумаць чалавек. Паўфабрыкаты, алкаголь ды тэлевізія. Усё супэр, таварышы! Нічога, што мы стаміліся, нічога, што з кожным днём усё менш і менш нагадваем людзей. Затое мы перакананыя ў прагрэсе, медыцыне, касмэталёгіі ды якасных станках для галеньня. Клас! Клас! У гэтым нашая канчатковая перамога. Народ-пераможца! Чалавек-пераможца! І мы ўсе, таварышы, бясконца шчасьлівыя з той нагоды, што, як паведамілі ў вечаровых навінах, нашым унукам ужо зусім ня трэба будзе думаць. Ніколі. Ні пра што.

“…прабачце, але як вы можаце гэта чытаць?! Гэта ж поўная лухта! Гэтага вылюдка трэба ізаляваць! Гэта правакуе нэўрозы ды дэпрэсію, а гэта першыя прыкметы псыхічнай неўраўнаважанасьці. Я не хачу, каб мае дзеці мелі магчымасьць чытаць…”

“Вараву!”


Але няўжо такія ідыёцкія думкі могуць патурбаваць гэтую сьветлую дзявочую галоўку? Канечне, не! Яна ж папросту цуд!

Заплюшчыла вочы ды зразумела, што вось яны і надышлі, гэтыя неспакойныя дні, калі мусіш застацца сама з сабою. І пазьбегнуць яснасьці не атрымаецца. Менавіта той час, калі ўсе твае ўсьмешкі ды хітраватыя позіркі ня зробяць нічога. Ня змогуць падказаць, параіць.

Ліхтары сталі запальваць раней. Хутка, напэўна, перавядуць гадзіньнік. Яна ізноўку глядзела ў акно. Часам ёй падавалася, што неўзабаве яна таксама прырасьце да падваконьня ды стане такой жа празрыстай, як шкло. Дэпрэсьнякі заўжды прыходзілі з пахаладаньнем. А напрыканцы лютага ўсё падавалася зусім небясьпечным. Хо пераступала празь сябе ды пускалася ў бясконцыя паходы па імпрэзах. Наўмысна. Каб час цягнуўся хутчэй, каб вясна нарэшце звалілася зь нябёсаў ды грудзі ўздыхнулі з палёгкаю. Чаканьне збаўленьня ад сябе. Разумныя людзі напісалі дзесьці, што чалавек па імені Хо адчувае сябе на мяжы таму, што ў гэты пэрыяд года ёй не стае сонечнага сьвятла. Шкада, што прычына толькі ў гэтым. Хо вельмі любіла, калі над ракою зранку навісаў туман, і яшчэ пасумаваць. Толькі не на людзях, зразумела. Яна ж моцная, на сто адсоткаў упэўненая ў сабе і ва ўсім, прыгожая маладая жанчына. Менавіта так і ёсьць. І мусіць быць заўжды.

“Незалежнасьць!” – маўчала Хо. – “Незалежнасьць ад усяго ды ад усіх!” – ды ейнае маўчаньне раставала ў цішыні ўтульнага пакоя, незаўважна зьбягала кудысьці пад ложак ці за шафу. Куды яно ўсё зьбягае? Куды сыходзяць усе гэтыя людзі? Яны быццам бы сапраўды раствараюцца ў прасторы. Робіцца неяк няёмка ім тэлефанаваць, на мэйлы яны адказваюць вельмі рэдка. Напэўна, справа ўсё ж такі ў ёй.


Разьбітыя твары прыгожых кавалераў.

Апэльсіны.

Сьляпыя кацяняткі ў ахайна сплеценым інвэнтарным кошыку.

Што да таго?

Якая розьніца?

Перашкоды, пераадоленыя ў імкненьні да спакою. Але наперадзе сумна.

Пальцы…

А ўчора ў парку аркестр граў Шапэна. Хо вельмі яго любіла. Бадай што, адзінае з клясыкі, што яна слухала зь цікаўнасьцю ды без пазяханьняў. Яна ведала загадзя ды наўмысна нікому не сказала, каб паслухаць музыку, а не падтрымліваць паўшэптам недарэчныя размовы. З дрэваў сыпала лістоту. Мамачкі зь дзецьмі. Хлопчык са сваім крыкам-сьмехам-віскам перабірае неакрэплымі ножкамі, разганяючы галубоў. Але Хо не сказала б, што ўчора на паркавых алеях усё было зразумелым ды празрыстым. Сапраўды, гэтыя адвечныя ідыёцкія пытаньні заўжды дзесьці былі… але зараз нечакана павылазілі на паверхню. Толькі праблема… але і праблемы гэтай не было зусім. Гэтым разам сапраўды не ставала словаў. Быццам бы штосьці стала на дарозе ды замінала думкам ісьці сваім шляхам, фармулявацца ды абазначацца. Нявыказанасьць пачуцьцяў пазбаўляла спакою. Ані любові, ані нянавісьці; усё было добра. Вельмі спакойна. Празьмерна, лядзь, спакойна! Канечне, стаяла на адным месцы, баючыся зрабіць крок ды адарвацца ад старых звычак, ці чаго там яшчэ ёй было трэба. Зрушыцца зь месца. Адарвацца.

Маладыя пары прагульваліся па алеях. Усе яны выглядалі прыгожа ды нават узьнёсла. Ёй самой хацелася вось так, каб без усялякай гэтай фігні ды жорсткасьці, што непазьбежна зьяўляецца на даляглядзе. Падвышаюцца патрабаваньні, абстаноўка напружваецца ды ў рэшце рэшт робіцца незразумелым, як такое ўвогуле магло здарыцца. Ды і хто гэта ўвогуле? Няўжо гэта я? Не, усё, баста. Ды чароўнае (як звычайна кажуць у кінафільмах (толькі трэба з адпаведным выразам твару) “так больш ня можа працягвацца”. Але што ў выніку возьмеш з усяго гэтага, калі столькі расчараваньняў. Вызначыцца? Безумоўна! Зараз яна ўсё як сьлед узважыць ды як вызначыцца! Так, каб ужо адзін раз ды назаўсёды! Ды жыцьцёвы плян у дадатак. Угу. Але ж часам так хочацца!.. хопіць…

Людзі.

Падвышаная эмацыйнасьць.

Паштоўкі зь нічыйнай зямлі. Той, хто дапамагае… той, хто.

Імкненьне схапіць рукою сьвежы бездакорны яблык, ды як у дзяцінстве… Позіркі, чалавечнасьць, маўчаньне. Аніводнага гуку на ўсёй гэтай заасфальтаванай раўніне.

Ведаеш імя?!!

Людзі.

Тшш…

Ведаеш імя?! Назвы словаў…

Зь цягам часу існаваньне ўвайшло ў звычку і на гэтай плянэце…


Крыху паводдаль, забраўшыся з нагамі на лавачку, студэнты пілі піва. Хо цярпець не магла падпітых мужчынаў, але яшчэ больш не любіла піва. Танная гідота. Маладзёны гучна сьмяяліся ды расказвалі, відаць, усяму парку, ня вельмі прыгожыя гісторыі. На выгляд, зусім не гуманітарыі. Нават нешта на мяжы з пэтэвэшнікамі. Усе гісторыі толькі пра бухло, інтэрнат, сыстэмныя патрабаваньні ды “як бы файна было б зь ёй…” Казлы! Вылюдкі! Будучыня плянэты ў вашых руках!

Але гэта ўжо зашмат. Хо выдатна разумела сваю імпульсыўнасьць, толькі вось з гэткімі тэмпамі можна і сарвацца. Усьміхнулася сабе, каб трошкі разрадзіць абстаноўку, ды ізноўку вярнулася да мэлёдыі. Як прыгожа тая гучала сярод усёй гэтай жаўцізны ды чырвані! Шапэн у апалым лісьці. Неактуальнасьць мастацтва ды неактуальнасьць прыроды. Паралелі, якія дзеўчына так любіла. Паралелі ды абгрунтаваньні, на якія можна абаперціся ды паверыць у свае сілы, пацьвердзіць самой сабе, што ўсё выдатна ведаеш ды што заўгодна можаш патлумачыць. Але зараз падавалася, такая тэма не праканае. Ня ўсё так лёгка. Можна выдумаць сто тысячаў фармулёвак, але супроць сумленьня ня пойдзеш, сябе не падманеш, максымум, што адцягнеш на некаторы час увагу. Але не. Вось напрыклад, можна сьпісаць усё на восень ды на благое надвор’е. Ці выдумаць аграмадную гісторыю, пабудаваць вялізны ланцужок падзеяў, што прывёў да пастаноўкі гэтых так і не пастаўленых пытаньняў. Чаму так? Якога?.. І гэта ўсё? Навошта? Якім чынам? Што ёй рабіць?


“Што ты хочаш?! Скажы мне, што ты хочаш?! Можаш сказаць?!”


А навокал – нікога. Ды ў апошні час гэта настолькі ж нармалёва, як дзевяцігадзінныя навіны за сьценкаю.

На лавачку плюхнуўся вясёлы малы з аграмаднымі вачыма. Якія ж цудоўныя людзі гэтыя дзеці! Хо была дастала з кішэні цукерку, але пільная бабуля адразу на яе накрычала. Злосна бліснуўшы вачыма: “Яму нельга!” Так-так, усе ведаюць: “будуць свае дзеці – будзеш іх цукеркамі частаваць”. Канечне, выхаваньне. Усе чужынцы, усе ворагі. “Сапсавала настрой, старая дура! Усё празь цябе!”

А на раніцу пасыпаў першы ды мокры. Ды верасень са сваімі рэшткамі лета схаваўся ў нябыт. Рэалізм перамог?!


“…яркая ўспышка па дарозе зь нябыту ў нябыт”.


Мокрым сьнегам пазабівала вочы. Пазалівала вены. Быццам бы ўсё тулава зрабілася мокрай непагадзьдзю. Менавіта так выглядае вечнасьць, калі ўзірацца ў яе з-пад мокрых броваў дзіцёнка з вуліцы сьненьняў. Божа, ты ведаеш усе адказы. Дапамажы! Сабакі на ўсіх рагох па-жабрацку зазіраюць у вочы, ды няўжо гэта ўсё толькі неспрыяльнае надвор’е? Вочы ўсіх вулічных дзяцей запоўненыя халоднай вадою, да твараў прымерзьлі ўсьмешкі. У прамоклых красоўках, яны таўкуцца каля ўваходу ў супэрмаркет, практыкуюцца ў спусташэньні кішэняў сумленных грамадзянаў. Празьмерна сумленных, каб камусьці падабацца. Ды ўсім погуй, што там казаць. Але дзеці даўно навучыліся ў небясьпечныя моманты ператварацца ў анёлаў ды казаць людзям: “Паглядзіце на нас! Мы ж такія сьвятыя! Мы жывем тут ды ня маем анічога, харчуемся нерэгулярна, хварэем, выходзім на няроўныя сьцежкі. Ды ўсё праз вас!

Вы ж выдатна разумееце, што менавіта вы ў гэтым і вінаватыя! Гэта вы пакінулі нас тут!” Ды няпэўнае шкадаваньне прарастае ў перапоўненым міласэрнасьцю паганым сэрцы якой састарэлай кабеціны. Ды ўсё нарэшце вырашана. Клей – супэрмульты! Маленькія сьвятыя ваўчаняты заўжды былі такімі прыгожымі, ды вочы іх былі настолькі пяшчотнымі, што ўсе цукеркі ўсіх кішэняў усіх маладых жанчын сьвету прызначаліся толькі для іх. Але зубы часам забываліся ды адкусвалі пальцы разам з лакіраванымі пазногцямі.

Божа, імем тваім вымашчаныя ўсе вуліцы ўсіх старувак гэтага сьвету, але цябе няма там. Канечне, ты быў вельмі заняты, каб быць на рагу разам з сабакам два імгненьні таму, калі жывадзёры выконвалі свае службовыя абавязкі, і канечне, цябе там ня будзе яшчэ праз два імгненьні, калі гэта здарыцца з усімі намі. Дзесьці тут Васілёк узгадаў летнюю сьпёку, а невядомы Божанька – што трэба яшчэ набыць-набыць-набыць-… прымяраў новую сукенку. Ну, можа, хлопчык перабольшваў. Ну зуссі-і-ім крыху! У яго ўзросьце гэта нармалёва, здаровы максымалізм як падрыхтоўка да актыўнай грамадзянскай пазыцыі, амбіцыйнасьці ды шчасьлівай будучыні. ТАК І МУСІЦЬ БЫЦЬ!

“Чаму ён маўчыць?” – пытаў Васенька ды поўнымі сьнегу вачыма глядзеў у неба, дурань. Ён шаптаў свае малітвы ўсім сьценам ад зьнешняга праспэкта да станцыі мэтрапалітэна Ножка Леніна. Ды ўсе сьцены казалі яму: “Так, чалавек, Мы слухаем цябе!.. але што ён там мармыча?” Сьцены, напэўна, думалі, што хлопчык крыху дурнаваты. У сэнсе, хворы. Ва ўсялякім разе на цалкам здаровага пацанчык аніяк не цягнуў. Колькі прыгодаў чакалі яго на гэтых вуліцах, колькі твараў, рэальных, паўрэальных ды на сто адсоткаў выдуманых, сустракаліся яму штодня. Сьцены былі не такімі ідыёцкімі ды халоднымі, як падавалася звонку. У кватэрах іх абагравалі жыхары ды часам цеплавыя сістэмы камунальных службаў. Яны ўсе спрабавалі крыкнуць яму: “Гэй, пацан, можа, калі што трэба, дык ты кажы, не саромся. Усе расклады. Мы з братвою тут усё разумеем, калі якія пытаньні, разрулім за пяць хвілінаў, не хвалюйся. Толькі скажы”. Яшчэ адная міфалагічная істота, што насамрэч існуе ў гэтым вымярэньні. Васілёк любіў іх усіх. Усіх тых, хто быў ды каго не было. Апошніх, можа, крыху больш.

Усе вочы поўніліся сьнегам. З гэтага моманту ўсе добрыя і паслухмяныя дзеці хорам пачыналі чакаць Новага года.

“Якога, мля, нагуй, Новага года! Ідыёцкая лухта, яшчэ адна нагода набухацца ды патрахацца.

Поўны каляндарны ідыятызм. Сьвята дзеля сьвята. Бессэнсоўнае ды наскрозь умоўнае…”


Канечне, куды такога дурня запросяць, каму ён такі нахрэн патрэбны. Яшчэ нап’ецца, ды ўсе кайфы абломіць. А позірк у яго які! Вы ж толькі паглядзіце, бы заб’е зараз. Глядзіць, як той воўк зь лесу.


– Вова! А скажы, Вова, што ты хочаш, каб Дзед Мароз паклаў табе на Новы год пад ёлку?

– Ня ведаю, Бусьлік, я яшчэ ня думаў пра гэта.

– Дык чаму ж ты ня думаў? Ужо і час прысьпеў, бачыш, сьнег на вуліцы ідзе. Зіма.

– …на. Ну дык што, што зіма, няўжо я пра ўсё павінен думаць?

– А як жа ты хацеў, Вова? Канечне. Пра ўсё трэба думаць. Як гэта – жыць ды ня думаць?! Так не бывае.

– А я кажу, бывае!

– Падманваеш ты сябе, Вовачка, калі б усё было так, як ты кажаш, мы аніколі б не дасягнулі сьветлай будучыні ды не вынайшлі б пэніцыліну.

– Больш за ўсё на сьвеце я хацеў бы, каб божанька забіў бы ўсіх дзяцей і каб новыя больш не нараджаліся, каб чалавек нарэшце пакінуў Зямлюууу!

– Вовачка, ты што, злуесься?! Як табе ня сорамна! Хлопчыкі і дзяўчынкі ж глядзяць. Яны ж з табой сябраваць ня будуць. Айайайайай! А можа, ты захварэў?!

– Прабач мне, Бусьлік, і вы мне прабачце, шаноўныя тэлегледачы. Гэта я на выхадох злосны такі, а так я добры. Курэй ня ем, толькі малачко п’ю.

– Малачко!!!

– Так-так, толькі малачкооо!!!

Малачко – нішцяк!


Васілёк такі ж аматар танных кайфаў, як і ўсе. Ён любіў рок-н-рол, блюз, Каліфорнію ды французскіх экзыстэнцыялістаў, заўжды быў рады пасумаваць. Піў, што налівалі, ды блага разьбіраўся ў буржуйскім бухле. Просты чалавек сярод простых людзей, ён ненавідзеў усіх гэтых добраапранутых офісных службоўцаў, усіх гэтых нафарбаваных дзяўчынак з “пачуцьцём прэкраснага”, да якога простаму чалавеку з вуліцы ніколі не дацягнуцца. Ёсьць рэчы, якія гэтым вылюдкам так і не давядзецца зразумець. Акрамя ўсёй гэтай стэрыльнасьці, у сьвеце ёсьць і ісьціна. Але ім, канечне, пляваць на ісьціну. І гэта натуральна.

Вылюдкі! Сукі! Гэта вы забілі Ісуса!!!

Тысячы вачэй зьвярнулі ўвагу на п’янага бруднага падлетка ды вырашылі праігнараваць. Тысячы вачэй паглядзелі ў іншы бок, ды прыдуманы, добраўпарадкаваны сусьвет пацягнуў сваю гісторыю далей. Наперад! Да лепшага!

Менавіта ўсе гэтыя сукі і зьдзейсьнілі гэта. Такія ж, як і яны. Васілёк усё ведаў дакладна. Ён пачуў гэтыя словы ў нейкім кінафільме. Яму вельмі спадабаўся актор. Мужны твар, зьлёгку няголены, сапраўдны мужчына. Свабодны, як самы моцны ў сьвеце вецер увесну шэсьцьдзясят восьмага. Адкуль ён браў усю гэтую ўпэўненасьць? Ды папросту ведаў, што ён, Васілёк, – вялікі паэт. Малады непрызнаны геній, якому наканавана правесьці ўсё жыцьцё ў муках ды пакутах, быць бітым ды непажаданым, пазбаўленым павагі ды любові. Ды памерці так рамантычна, як Джэк Керуак, ды пасьля сьмерці сваімі творамі выратаваць сьвет, пазбавіць чалавецтва катастрофы ды ўказаць слушны шлях, вядомы толькі яму адному. Але выглядаць там усё будзе зусім па-іншаму, зусім ня так, як выглядае цяпер. Сьвет зьменіцца, людзі зьменяцца. Ды маладыя, прыгожыя дзяўчаты будуць праліваць сьлёзы над зборнікамі ягоных вершаў. Гэта было ўсё, чаго ён спадзяваўся дасягнуць, але, канечне, жыцьцё аддаў бы, маленькі засранец, каб пабачыць гэта ўсё сваімі засыпанымі сьнегам вачыма.

Ня так і шмат колераў на гэтых вуліцах. Яркія чырвоны, жоўты ды блакітны, замеценыя белым ды брудна-шэрым. Чорным. Крокі падэшваў зімовага абутку. Сымфонія сьнегу ды вады. Царства чалавека, царства таго, каму так далёка да царства божага, містычнага месца, дзе ўся гэтая муць нарэшце скончыцца, дзе галіны ўжо ня будуць так злосна рэзаць неба ды крыкі крумкачоў не пакінуць пранізьлівага неспакою ў стомленым сэрцы. Тулавы несьлі надзеі. Тулавы цягнулі ў сваіх поліэтыленавых пакунках свае веры ды страхі, тысячы мар ды ілюзій. Курткі ды паліто, абалонкі чысьціні ды прыгажосьці, абгорткі чалавекаў, няўлоўных, неспасьцігнутых дзяцей Зямлі. Колькі б усе мы ні сьцьвярджалі асаблівасьць кожнага з нас, індывідуальнасьць ды самакаштоўнасьць асобнага чалавечага жыцьця, але зірнуўшы на горад з пятага паверха офіснага будынка ў цэнты а палове на шостую вечара, можна толькі праглынуць усю гэтую ўзрушанасьць ды сплюнуць убок увесь гэты танны гуманізм. Запаліць цыгарэту. Не запаліць.

Мінакі

Подняться наверх