Читать книгу Песня пра Цімура. Carmen de statura feritate ac venatione Timuris - Андрэй Адамовіч - Страница 2
ОглавлениеКожны, хто пачынаў з варшавякамі, кракавякамі, люблінцамі, пулаўцамі ці, беражы божа, беластаччанамі спрэчку пра нацыянальную прыналежнасць Адама Міцкевіча, ведае, што правільныя аргументы пра абсурднасць панятка этнічнай ідэнтычнасці ў дваццаць першым стагоддзі – не галоўнае.
Галоўнае – не прапусціць момант і, прыгнуўшыся, даць нырца пад удар у сківіцу, правесці акуратную двоечку, уваліць з калена і бегчы, бегчы, бегчы. Ажно пакуль вам не давядзецца стагнаць «Jebać policję zero tolerancji», калі вас будуць вазіць тварам па падлозе камеры часовага ўтрымання.
Вось вам і прычына, з якой я выбраў для аповеда не падзеі з жыцця сусветна вядомага беларускага паэта дзевятнаццатага стагоддзя, аўтара паэм «Дзяды» і «Пан Тадэвуш», а лёс амаль забытага ў нашы дні паэта Цімура Хоміча.
Нездарма ж мудры беларускі народ склаў, а не такія мудрыя, затое з псеўданавуковымі тэмамі дысертацый, дацэнты Інстытута мовазнаўства запісалі за беларускім народам такія выслоўі, як «Хоміч – галава, а ты – срака конская» ці «Хоміч на Парнас ляціць, а ты – нах-й!». Зрэшты, вы і самі можаце знайсці прыказкі, прымаўкі, показкі і мацерныя вершыкі пра Хоміча ў слоўніках і зборніках навуковых канферэнцый. А калі ты чалавек таленавіты, Цімурам пацалаваны, то, можа, і сам штосьці такое напішаш, намазюкаеш. Але між намі, рыбаловамі-аматарамі, не веру я, што нешта выйдзе хоць у каго-небудзь з вас. Колькі ў часы Хоміча было паэтаў, а як хопішся, дык гэты графаман, той крывы, той кульгавы, гэты на фуршэце абасраўся, гэты – проста сабутэльнік выдаўца.
Дробныя таленты, хочаш у зубы даць – а няма каму. Не таленты нават, а так – трэба ж у часопісы штосьці ставіць. На часопіс грошы шведы далі, а бабкі ператварыліся ўжо ў футра, завушніцы і шэсць скрынь каніны, пяць з якіх выпілі. Разумець трэба: хоць у БРСМ уступі, а часопіс мусіць выйсці. Шведы не палюбяць за такое баляванне. То рэдактар схопіцца за гмэйл, а там вершы, напрыклад, Сямёна С., або нават калі і Паўла П. ці, як пашчасціць, Міхала Х. І што? І ўсё, не Хоміч!
Тады ўстане рэдактар, пратрэ лоб сурвэткай, якой учора на банкеце стол мялі, закрэкча, падыдзе да акна, паглядзіць на заводскі комін, які ўсім і кожнаму нармальнаму чалавеку нагадвае мужчынскі полавы х-й, а гэтаму рэдактару – міжзорны карабель. Пакрэкча гэты рэдактар, пакрэкча дый пацягнецца па тэлефон. Што рабіць, трэба патэлефанаваць Хомічу, можа, не верш, дык хоць радок які, можа, хоць камэнтар пакіне, можа, хоць зойдзе на сайт у гэтым месяцы. Ці, можа, мама яго што ўзгадае з жыцця, ці там першае школьнае сачыненне захавалася недзе ў бабкі на лецішчы, бо яна ў Цімура ніякая не калгасніца, а самая сапраўдная доктарка навук была, штосьці там па марксізме-ленінізме.
І толькі памарыць пра гэта рэдактар, крыху паружавеюць ягоныя шчочкі, толькі расправіць ён плечы, каб скінуць з сябе цяжар рэдагавання беларускага літаратурнага часопіса, толькі на секунду забудзе ён пра ўсіх гэтых графаманаў і сабутэльнікаў, і вось-вось пачуе ён ужо голас Цімура, як тут як тут, як верадовец на вока, прыходзіць канец мараў, крах чаканняў.
Нельга больш патэлефоніць Хомічу. Не з намі Цімур.
Дзе ж Хоміч? Дзе-дзе, хто ж яго ведае, дзе ён, той Хоміч, аднаму богу ведама. І мне, натуральна, і мне крышачку, бо ў сваім тэксце я і Вітаўт, і Міндоўг, і халера з каналізацыйнага калектара.
Згуляем з вамі ў гульню. Я вам падказку дам. Крывіцкая Мекка. Туды яшчэ на закупы ездзяць, хто пры грашах. І вы ўжо адразу: «У Вільні Цімур, так?» А вось вы, як баба Клава з восьмай кватэры, – глухія і ў палітоне, стаіцё, нічога не разумееце, у нямытае акно маёй прозы пазіраеце.
У Варшаве Цімур, у Варшаве. Думаеце, па карце паляка? І куды вы лезеце з такімі мазгамі? Ладна, пачну па парадку, з апісання месца падзей, хопіць вас дурнямі выстаўляць.
Быў травень. Вы ведаеце гэтае надвор’е на пачатку траўня, калі пупышкі на дрэвах покаюцца, паветра ўвечары цёплае, а лёгкі вецер так смачна пахне, што можна памерці. І яшчэ можна гуляць з дзеўкай усю ноч, а яна табе не дасць, а ты яшчэ і не пакрыўдзішся – гэта значыць, табе пятнаццаць, а калі будзеш мужыком, а не анучай, назавеш яе шаболдай за такую крыўду, – вынікае, ужо нюхнуў жыцця, значыць ужо сямнаццаць ёсць.
Але калі вы ведаеце гэтае надвор’е, то наўрад ці вы з Беларусі, у нас я такога штосьці і не прыгадаю, у нас то цэлюлозны камбінат дае копаці, то трамвайнае дэпо гарыць, то гной па палях раскіданы. А то едзеш на ровары – ды колам у яму і пысай у гліну. От вам крыж, такое беларус можа адчуць толькі за мяжой, пажадана, на Лазурным Беразе, але нічога я пра той бераг не ведаю, шчыра скажу, не буду хлусіць, хоць і магу, бо я тут галоўны ў гэтым тэксце, але шось шкада мне вас, вам жа цукерачку пакажы, скажы «бульба» – вы і паверыце.
Быў травень, і было па абедзе. Гадзіны, можа, дзве. Можа, другая пятнаццаць. «Crossfire» чорнага колеру прыпаркаваўся каля «Жабкі». «Ого, – толькі і падумаў дзядок, што ішоў па моркву, – ні халеры ж сабе ў Хоміча машына – “Crossfire” дзве тысячы васямнаццатага года, мадэль “C”, у поўнай камплектацыі. Скуль у яго грошыкі на “Crossfire”? Да таго ж, кожны ведае, што Цімур – камуністы. Ім не палаген на такіх машынах ездзіць».
Устаў дзед, дзе стаяў, толькі рот разявіў. Думае: «Усё жыццё я адрабіў у камунгасе, рабіў, рабіў, аж х-й скрывіў, а на “Crossfire” не зарабіў». Кінуў дзед рэклямуўку вобзем, развярнуўся і пайшоў па вудку, але праз дзесяць метраў згадаў, што вудка ўсё адно ў «Жабцы», вярнуўся, падабраў рэклямуўку і зайшоў у краму.
А скуль у Варшаве камунгас і як гэты дзед мог у ім рабіць, калі бліжэйшы камунгас у Ваўкавыску, вы не даведаецеся – як той дзед не даведаўся, што ў «Crossfire» быў ніякі не Цімур Хоміч. Сядзеў там Пшэмак Мятліцкі і баба ягоная. Ну, як баба – жонка. Зрэшты, калі ў цябе «Crossfire», не так і важна, жонка там ці баба.
Пшэмак не спяшаўся выходзіць з машыны, бо куды табе спяшацца, калі ў цябе «Crossfire»? Хіба што коксу панюхаць. Хаця, калі быць з вамі да канца шчырым, то і Пшэмак, і баба ягоная былі ўжо добра нанюханыя. Нанюхаліся так, што яшчэ невядома, ад чаго іх больш перла: ад блакітнага неба над імі або ад белага парашку ў іх. Хаця, каму я хлушу, вядома ж, ад парашку. Пакажы мне чалавека, якога прэ ад блакітнага неба, і я табе клянуся: ён пад кайфам. Можа, нават пад грыбамі. Згадзіцеся, малаверагодна, што перад намі Андрэй Балконскі. Ён жа прыдуманы персанаж мастацкага твора.
Я бачу, вы ўжо зразумелі, што Пшэмак Мятліцкі сядзеў у машыне, тамсама сядзела і ягоная баба, якую мы маглі б для прастаты назваць Пшэмакавай, але ў нас фемінізм на дварэ і раўнапраўе на вячэру, то назавём яе Касяй. Таксама Мятліцкай. Хаця магла б быць і Мятліцкай-Дубавец (пазней зразумееце, пра што я і да чаго я, і мае маральныя прынцыпы таксама зразумееце, і творчы метад, і пра маму маю, можа, што скажаце – такі ўжо я чалавек, вечна на потым адкладваю).
Апроч таго, што Мятліцкіх напрамілы бог перла, у іх была дылема. Яны рухаліся ў госці да Шымана, каб працягнуць на тэрасе яго кватэры літаратурна-мастацкі дыспут, але яны абсалютна забылі, што гэта за дылема.
Часам Пшэмакавай пачынала здавацца, што яна ўспомніла сутнасць дылемы, ды ледзь яна адкрывала рот, як разумела, што ўсё марна, дылема забытая, а банан не такі ўжо жоўты і не такі ўжо доўгі, – і Пшэмакава рот закрывала.
– Слухай, каханая! – нешта зразумеў сам Пшэмак. Казаў ён, натуральна, па-польску, бо быў палякам, а я вам для зручнасці перакладаю (раптам вы з Магілёва, а ў нас мусіць быць інклюзіўнае асяроддзе, з Гомеля ты, з Оршы – для цябе і з польскай перакладу, і з ангельскай). Але неістотна, важна што Пшэмак з любоўю паглядзеў на жонку і працягнуў фразу. Але вы ўжо мо і пачатак забылі, то я вам поўнасцю падам. Сказаў ён так:
– Слухай, каханая! Ты ўжо закрый рот або ўжо не закрывай! Калі ласка!
Я разумею, спадарства, што ў вас узнікла заканамернае пытанне, а як у такім стане яны ехалі па Варшаве і ці не спыніла іх паліцыя ці якая народная дружына. І вы ўжо зрабілі выснову, што занюхалі яны проста на паркінгу каля «Жабкі», але не, клянуся вам, спадарства, што столькі ўцягнуць у ноздры на паркінгу было немагчыма фізічна – не ў сэнсе, што Пшэмак і Кася не змаглі б, але выключна ў сэнсе фізічных абмежаванняў, накладзеных на саму рэальнасць праз тонкія касмалагічныя канстанты. Бо ў нос засмактала б і паркінг, і «Жабку», і сам «Crossfire». Да таго ж, каб вы ведалі, у Варшаве не бывае ні народных дружын, ні казачых раз’ездаў, а ў паліцыі ў той дзень быў страйк за права біць працоўных у пастарунках. Як так? Хто ж забраў такое права ў паліцыі? Чым ім цяпер заняцца ў вольны ад разгону мітынгаў час? Загадка гэта, не ведаю, як так выйшла.
Я і сам не паверыў бы, што ў такім стане Мятліцкія ехалі па сталіцы Польшчы, але тут ім у акенца пагрукалі. «Госпадзе! – я гэта кажу разам з вамі і за вас, спадарства, бо, можа, вам лянота. – Няўжо паліцыя! Але пра што аўтар думае, у іх жа забастоўка!» Але! Гэта была зусім не паліцыя. Гэта быў знаны ў мінулым беларускі паэт, а цяпер беларускі рэпер са сваім сябрам, таксама паэтам.
Яны церліся каля «Жабкі» ўжо дзесяць хвілін і ўсё чакалі, калі Мятліцкія вылезуць з машыны.
У Шымана пакуль не было нікога, апроч ягонага бультэр’ера, ягонай жонкі Таццяны і ягонай дачкі, якую мы можам назваць выпадковым імем – напрыклад, Зояй (у мяне так цешчу клічуць, хай ёй будзе прыемна, што адзіны светлы персанаж у кнізе названы ейным імем). «А як жа мама?» – пацікавіцеся вы. Заканамернае пытанне, але вы маю маму і так будзеце часта ўзгадваць, на халеру вам яшчэ і імя ейнае ведаць.
Пакрысе госці сабраліся і расселіся на тэрасе вакол вялікага стала з мармуровай стальніцай, якая знізу была ўмацаваная жалезнай арматурай: гаспадар хоць і быў паляк, але мог бачыць наперад, праз алкагольныя выпарэнні ў канец п’янкі, якая праз свой дызайн, праз быццё ў сабе і часе была спраектаваная так, каб скончыцца танцамі на стале.
Як бывае ў кампаніях, дзе ёсць палякі, героі перш-наперш вырашылі высветліць, хто ў таварыстве габрэй.
– Барыс, ты што, габрэй? – запытаў Віталь Рыжкоў, як толькі Барыс далучыўся да стала.
– Ніякі я не габрэй, – адказаў Барыс, які сапраўды не быў габрэем, але быў уладальнікам начнога клуба на ўзбярэжнай Віслы.
– Шыман, дык ты габрэй? – запытаў Віталь у гаспадара кватэры.
Выявілася, што і Шыман не габрэй, а паляк, дый усе астатнія спрэс беларусы. Як вы разумееце, Віталь быў за крок ад таго, каб атрымаць у твар.
– Не, Барыс, ты ўсё-ткі габрэй, – Віталь вырашыў пайсці all-in.
– Слухайце, а хто яго сюды паклікаў? – запытаў Шыман.
Паколькі Кася Мятліцкая, якая паклікала Віталя, у той момант спала і не магла ўзяць на сябе адказнасць, не раўнуючы Гітлер за стан беларускай ЖКГ, то Віталь вырашыў адкласці пытанне з габрэем на заўтра.
Вячоркі пайшлі па звычайным для такіх імпрэз сцэнары. Найперш мужчыны абмеркавалі справы:
– Барыс, зрабі мне канцэрт у сваім клубе, – папрасіў Віталь.
– Восем тысяч шэкеляў, – з ходу адказаў той.
Віталь уважліва паглядзеў на Барыса і неяк адразу яго запаважаў.
– Чатыры, – адказаў Віталь, які абсалютна не ўяўляў цяперашняга курсу шэкеля.
Барыс паглядзеў на Віталя таксама не без павагі, але прапанаваў для пачатку выпіць дзве бутэлькі віна. Чырвонага і такога густога, што само жыццё па ім рабілася поўным па макаўку, а не такім сухім і бессэнсоўным, быццам той фантан у яго берлінскім доме, помпа якога зламалася, калі ўсю ваду выдзьмула клятым нямецкім ветрам. А тады ўжо паслухаць Віталёвыя песні.
Так за келіхамі героі вялі прадушаныя тонкай іроніяй і адсылкамі да грэцкіх аўтараў размовы, якія могуць быць толькі між блізкімі сябрамі ці людзьмі, што бачаць адно аднаго ўпершыню.
Напрыклад, жонка Барыса, брунетка гадоў сарака, загорнутая ў шоўкавую чорную сукенку з моднай калекцыі, распавядала Пшэмаку Мятліцкаму, чаму яны не бяруць у каманду ўкраінцаў і малдаван.
– Разумееш, калі я наймаю хахла, увесь клуб робіцца нібыта змазаны салам, яно сцякае з жырандоляў на столікі, у кілішкі і кубкі, плавае пад піўной пенай, ліецца са столікаў на падлогу, працякае паміж дошкамі, тахкае па пяску, збіраецца ў ручаіны, коціцца да Віслы. Ляжыць у прыбіральнях на рукамыйніках, ажно госці думаюць, што гэта мыла. Усе робяцца бліскучымі ад гэтага сала, на танцполе каго-небудзь абняць немагчыма, ахова не можа нікога скруціць, усе выслізгваюць. І раптам хочацца танчыць гапак, разумееш? Гапак! Як можна танчыць гапак, калі ў нас рэгі-бар? Які гапак, якое сала? Зусім іншая канцэпцыя, разумееш?
– А малдаван чаму не наймаеш? – са спачуваннем да Жонкі Барыса запытаў Пшэмак.
– Я іх ад украінцаў не адрозніваю, навошта мне гэтая рызыка?
– Рызыкаваць не варта, – Пшэмак цалкам падтрымліваў такі мудры рэкрутынг.
У гэты час Шыман трымаў бультэр’ера за заднія лапы за агароджай тэрасы, якая месцілася на восьмым паверсе. Від адсюль адкрываўся, нібыта раман Сянкевіча пра веліч польскага народа, – эпічны, з прысмакам фантастыкі. Відно было Цэнтр Каперніка, музей сучаснага мастацтва і нават кавалачак Віслы. Пад тэрасай гулялі людзі.
– Бачыш вунь таго? – запытаў Шыман у бультэр’ера. Бультэр’ер кіўнуў галавой.
– Гэтага ў белай кепцы ці таго рудаватага з дзеўкай? – удакладніў Шыман.
У адказ сабака зрабіў амаль што цыркавы нумар: выгнуўся ўсім целам і ўважліва паглядзеў гаспадару ў вочы, маўляў, гаспадару, я толькі сабака, скуль я ведаю, каго ты меў на ўвазе?
– Твая праўда, – Шыман на хвіліну задумаўся. – Добра, як думаеш, той у кепцы – славак? – бультэр’ер адмоўна пакруціў пысай. – А той лысаваты – славак? – сабака зноў не прызнаў славака. – Ну, а можа, дзяўчына з ім, у гэтай сукенцы ў гарохі, можа, яна славачка? Прыгледзься, можа, гэта не гарохі, можа, гэта гербочкі Браціславы?
Сабака нейкі час прыглядаўся, але пасля яшчэ раз адмоўна пакруціў галавой. Шыман выцягнуў сабаку з-за агароджы і паставіў на паркет.
– Дзіўлюся я табе: другі тыдзень ніводнага славака.
Сабака вінавата віхляў хвастом і лашчыўся аб калені Шымана, быццам напраўду шкадаваў пра свой сапсаваны нос.
– Добра, праз гадзінку яшчэ славакаў пашукаем. А карміць сёння я цябе ўжо не буду, ты і так раз’еўся, ледзьве трымаю.
Шыман вярнуўся за стол і задумаўся. У жыцці было ўсяго дзве радасці: прадаць беларускаму калгасу трактар і калі сабака пазнае ў мінаку славака. З трактарамі ішло добра, а вось са славакамі – горш, нібыта чорная паласа пачалася. Шыман нават разважаў, ці не звадзіць сабаку да ветэрынара – праверыць зрок.
– Зноў ты славакаў шукаў? – запытала Таццяна, жонка Шымана. – Сабака кульгае.
Таццяна была асляпляльнай рудой прыгажуняй. Такой бліскучай, што Ліза Лянкевіч, беларуская мастачка, якая, як кожны беларускі мастак, што можа намаляваць каня або яшчэ лепш – упэўнена патлумачыць, што раздрукоўка допіса з фэйсбука – гэта і ёсць конь, – жыла ў Варшаве і ў гэты момант таксама была на тэрасе, балюча ўдарыла Пшэмака мыском чаравіка па назе. Гэта каб Мятлік не прапусціў яе аповед, бо Касі, якая ўтрымала б галаву мужа адвернутай ад грудзей Таццяны, усё яшчэ не было за сталом.
– Таня, каханая, – сказаў Шыман. – Ты ж ведаеш, нешта ўжо два тыдні ніводнага славака.
– Пашкадуй сабаку, – Таццяна села пры стале і агледзелася.
– Нас з вамі не прадставілі, здаецца, – звярнулася яна да маладога чалавека гадоў трыццаці.
– А гэты дзядзька, – сказаў Пшэмак, – гэта капітан Капейкін, вельмі вядомы ў Беларусі агент КДБ. Яго ў гэтым сезоне рэкамэндуюць да кожнага дома, ва ўсіх пабываў. Мы яго называем проста Чорны. Ён мне як брат.
– І што, Чорны, вы напраўду агент КДБ? – зацікаўлена спытала Таццяна.
– Так, – адказаў капітан Капейкін. – Напраўду.
Было бачна, што шпіён крыху сумеўся ад прыгажосці Таццяны і ад гэтых цёплых слоў Пшэмака. Шчыра кажучы, Чорны паўгода сядзеў у Варшаве і далей за тры-чатыры салоны пакуль не трапіў. Але знаёмства з Шыманам і Таццянай мусіла адкрыць яму мноства дзвярэй – ва ўсе знаныя дамы, за глухія дзверы мастацкіх залаў, у падвалы з оргіямі, на гарышчы з падвешваннямі на нацыянальных сцягах, у пісьменніцкія майстэрні з няскончанымі раманамі пра Радзіму і, чым чорт не жартуе, можа быць, яго звядуць і з кімсьці з кансерваторыі, кімсьці, хто піша гімн па замове ўрада БНР у выгнанні.
Таму ад сённяшняга вечара залежала вельмі шмат – ці ўдасца яму зрабіць добрае ўражанне? Ці скажуць гэтыя людзі, што ён насамрэч заяб-сты агент КДБ, ці рэкамэндуюць яго, ці прадставяць патрэбным людзям? Ці хаця б запросяць наступным разам? Чорны нават хацеў адказаць Віталю, што ён і ёсць габрэем у гэтай кампаніі, адно каб паказаць наколькі ён самаіранічны, маўляў, не думайце, што мы, кадэбэшнікі, на пафасе – зусім не, мы ўмеем пасмяяцца. Але ад самага пачатку ён казаў, што беларус, і таму падкрэслена размаўляў толькі па-руску, гэта мінчукі з дзедам-габрэем выдурняюцца або берасцейскія хлопцы могуць пагаманіць па-беларуску, маўляў, беларусы мы, беларусы, а ніякія не хахлы, ці яшчэ там можа гарадзенец штосьці матчынай мовай сказаць, а такому простаму хлопцу з-пад Ліды не трэба нікому даводзіць, што ён беларус, ён можа і па-расейску размаўляць усё жыццё.
– Вы, Капейкін, напраўду, капітан? А можа, вы, як Джэймс Бонд, – палкоўнік? – запытала Ліза Лянкевіч, якую таксама зацікавіў кадэбэшнік.
– Мушу прызнацца, – сарамліва пачаў Капейкін, – што мой лёс цяпер цалкам у вашых ласкавых руках, шаноўная пані і шаноўныя ўсе тут прысутныя, варшавяне і госці сталіцы.
– Ды што вы кажаце, капітане? – манерна сказала Ліза і прыклала далонь да твару.
– Не смейцеся з простага капітана беларускага КДБ. Каб вы ведалі, чаго мне каштавала трапіць у дом Шымана і Таццяны!
– Але, Чорны! Ты заяб-сты агент! Я бачыў справаздачы Капейкіна маёру! – улез Пшэмак. – О, сябры! Паверце, адны гэтыя справаздачы зробяць славу вашаму дому! Ён дакладна запіша ўсё, што вы казалі, і яшчэ ад сябе дадасць, чаго не казалі. Гэты чалавек – хадзячая пастка, вельмі небяспечны. Ён мне абяцаў, што, як толькі я прыеду ў Беларусь, мяне адразу арыштуюць і адправяць у «амерыканку». Адаб’юць ныркі і адправяць назад у Польшчу лекавацца, забараніўшы ўезд самае малое на восем гадоў! І гэта пры тым, што ён пра мяне нічога дрэннага не ведае. Вось які гэты чалавек! Скала, а не чалавек!
Пасля палкай прамовы Пшэмака капітан Капейкін увесь пачырванеў, як быў – ад кончыка носа да грудзей Таццяны, на якія не-не ды пазіраў.
– Што мы можам зрабіць для такога прыемнага маладога чалавека? – запытала гаспадыня дому.
– Але дазвольце мне расказаць маю гісторыю ад пачатку да самага канца, а тады ўжо вырашайце, ці варты я вашага сяброўства і вашай дапамогі. Абяцаю, што буду такім шчырым, якім толькі дазволіць мне прысяга, якую я склаў, паступіўшы на службу ў КДБ.
– То-бок будзеце хлусіць ад пачатку да канца? – запытала Агата Кокс, што была порназоркай з Беларусі і праз гэта вылучалася вытрымкай, якой мог бы пазайздросціць генерал Карбышаў, таму дагэтуль удзелу ў гутарцы не брала. Уласна, праз гэтую якасць яе і любілі запрашаць у гэты дом.
– Рацыя, пані, абсалютна так.
– Што я казаў? Што я казаў? – Пшэмак аж свяціўся. – Гэта золата, а не агент, за хвіліну абвядзе вас вакол сабачай будкі і скажа, што гэта былі Łazienki Królewskie.
– Пачынайце ўжо, васпане! – горача папрасіла Таццяна.
Усе прысутныя заківалі галовамі, маўляў, так-так, капітане, не какетнічайце, не прымушайце вас угаворваць, мы ж бачым, што вам і самому хочацца падзяліцца гісторыяй вашага жыцця.
І ён пачаў.
РАПАРТ КАПІТАНА КАПЕЙКІНА
Вы ўсе маладыя бліскучыя людзі, карэнныя мінчане і мінчанкі, жыхары Серабранкі, да бабулі ў вёску толькі на выходныя. А я нарадзіўся ў сям’і селяніна і сабакі. Так мой бацька называў маці.
Першыя восем гадоў жыцця я помню дрэнна – быць можа, праз тое, што мама паіла мяне самагонам, каб я крапчэй спаў, а можа, проста не помню, і чорт бы з ім, што там і ўзгадваць.
Тое, што помню далей, лепш і не пераказваць. Кожны лічыў за свой абавязак даць мне ў плечы, пад сраку і па лбе. Плюнуць у твар, насцаць у кеды – заўсёды калі ласка і дзяньдобры. Страшныя гэта былі гады. Бывалі такія дні, што не мог на лаву сесці, так балеў мой збіты азадак, прашу прабачэння ў паненак.
Але ўсё змянілася навыпрасткі, адным махам і дазвання ў пятым класе. Святкавалі дваццаць трэцяга лютага. Дзень Савецкай арміі і Ваеннмарскога флоту. І быў у нас конкурс «А ну-ка, хлопчыкі». І неяк так атрымалася, што на сцэну выклікалі мяне і, як цяпер помню, Надзю Петухову. Далі той Надзі бульбіну і нож і мне далі бульбіну і нож. І гэта быў не нажавы бой. Усяго толькі трэба было гэтую бульбіну абабраць і каб луска мая была даўжэйшая, чым у Надзі Петуховай.
Здавалася б, проста ўсё, але я бульбу ніколі ў жыцці не абіраў.
Тут і Віталь Рыжкоў, і Андрэй Адамовіч, і Ліза Лянкевіч, і Агата Кокс, і Барыс, і яго жонка, і яшчэ шэсць беларусаў пачалі гучна смяяцца і выказвацца ў тым духу, што гэта вельмі заяб-сты агент КДБ і гісторыя яго выдуманая ад пачатку да канца. Калі ўсе сціхлі, Капейкін працягнуў.
Так, бо бацькі мае лічылі гэта за балаўство і варылі бульбу проста так, не абіраючы. Бачыце, панове, а вам бы толькі пакпіць з беднага капітана КДБ. Стаю я з гэтым нажом, слухаю правілы і жарцікі, а ў скронях маіх тахкае кроў. Думаю, як яе абіраць, гэтую бульбу? Ніколі такога не было і вось – давай-давай, хутчэй-хутчэй і даўжэй-даўжэй.
Выдыхнуў я, а вядоўца і кажа: «Тры-чатыры, жопу шырэ, паехалі!» Я гляджу, Надзька абіраць пачала, і я пакрысе, раблю, як яна робіць, пальцы ўспатнелі, чорныя ад бульбы зрабіліся, трасуцца, рыхтык апазіцыянеры на мітынгу.
Я ўжо думаў, усё, зноў мяне абыдуць, яна ж выдатніца, гонар класа, а я хто? Я Пашка Капейкін, што з мяне ўзяць па-за дурасцю? І тая суседская.
І вось прагучаў трывожны сігнал. Скончыўся ваш час – прад’яўляйце луску. Вось прыклалі іх адну да адной. І што вы думаеце? Мая была даўжэйшая, хай усяго на паўсантыметра, але даўжэйшая!
Пачырванела ў мяне ўваччу. У той самы момант, пры дошцы, у класе, дзе я атрымліваў толькі двойкі (і тое калі пашчасціць), у той самы момант я зразумеў, што я не такі, як усе, што мне наканаваны незвычайны лёс, што сам бог кажа мне ў гэтае імгненне: «Глядзі, Пашка Капейкін, падаю табе знак. Не памыліся».
Два дні думаў, што цяпер з гэтым рабіць. Зразумеў нарэшце, што трэба заснаваць панк-рок-гурт і даць яму дзіўную назву кшталту «Жопу шырэ». І зафундаваў.
Для пачатку я скраў гітару ў клубе. І так далей гладка пайшло-паехала маё мастацкае жыццё, што нібыта з горкі ледзяной на срацы. Праз чатыры гады мы зайгралі перад дыскатэкаю ў вясковым клубе, а яшчэ праз паўгода распаліся ў выніку фатальнай несумяшчальнасці нашых поглядаў на прыроду панк-року.
Тады я задумаўся: а што цяпер рабіць? Які гэта знак? Што значыць распад нашага гурта? Думаць доўга не выпадала: вырашыў я паступаць на журфак. Напісаў дзве зацемкі ў раённую газету, вывучыў тры правілы і паехаў у сталіцу нашай Радзімы, горад-герой Мінск.
Там мне адразу далі інтэрнат і прыпісалі да трыццаць трэцяй студэнцкай паліклінікі. Вельмі мне спадабалася і ў інтэрнаце, і ў паліклініцы. А неўрапатолаг нават дала мне накіраванне ў Навінкі, там усе былі да мяне добрымі і нават выдалі мне паперку па форме 7Б.
Доўга ці коратка вучыўся я на тым журфаку, цяпер сказаць вам не магу, але ў мяне там былі два любімыя прадметы: «Ідэалогія беларускай дзяржавы» і «Фотасправа». На фотасправе мы замыкаліся ў цёмным пакоі і распушчалі едкія парашкі ў цёплай вадзе, апускалі ў той раствор паперкі, і на тых паперках з’яўляліся дзіўныя малюнкі – калі дом, калі дрэва, а калі-нікалі і птушка з прыгожым хвастом. На ідэалогіі нам распавядалі, што Беларусь – наш агульны дом і ў ім заўсёды для кожнага знойдзецца справа.
Праз пяць гадоў справа для мяне сапраўды знайшлася: мяне адправілі ахоўваць мяжу з Латвіяй. Там мне далі аўтамат, бінокль і восем нарадаў па-за чаргой. Але не магу сказаць нічога дрэннага пра камандзіраў, усе яны былі як адзін вялікія патрыёты і алкаголікі, таму ўначы пераносілі ў Латвію гарэлку і цыгарэты. Мне даручылі самае цяжкае: пераплываць раку, не замачыўшы тытуню. І так у мяне гэта добра выходзіла, што мяне прызначылі сяржантам і далі два тыдні адпачынку.
Калі я вярнуўся, усіх афіцэраў адправілі пад следства за выкрытыя факты кантрабанды. А да мяне падышоў палкоўнік у невядомай форме.
– Ці не хочаш ты паслужыць Радзіме, шчыглік?
– Служу Беларусі! – што моцы закрычаў я.
Праз некалькі тыдняў мяне перавялі ў спецшколу агентаў КДБ. Там мяне навучылі страляць з пісталета Макарава і вызначаць агентаў NATO па форме носа. Як скончыў я тую школу, то мне прысвоілі званне лейтэнанта Камітэта дзяржаўнай бяспекі і персанальнага апазіцыянера.
Хадзіў я за тым апазіцыянерам, хадзіў, слухаў яго тэлефонныя размовы, чытаў яго пошту на mail.ru і ліставанне ў «Аднакласніках». І, скажу я вам, спадарства, вельмі цікавым жыццём жыў гэты апазіцыянер. Ён працаваў прарабам у будаўнічай канторы і прызначаў дзяўчатам сустрэчы па ціндары – маўляў, дапаможа ім з рамонтам на кухні. Мне б яго спрыт! Я нават падумваў, ці не кінуць мне КДБ і ці не зрабіцца брыгадзірам муляроў, бо вельмі ж дзяўчаты любяць, калі ім рамонт на кухні робяць. А самы, я вам скажу, цымус – гэта падарыць ёй выцяжку. Слухаў я яго сустрэчы з дзяўчатамі праз выключаны тэлефон, слухаў-слухаў, як раптам выклікае мяне сам кіраўнік пятага аддзела генерал-маёр з засакрэчаным прозвішчам.
– Ты, – пытае ён мяне, – лейтэнант Капейкін?
– Так! – адказваю. – Я.
– Я прачытаў твае справаздачы, Капейкін, – і глядзіць на мяне так цяжка. – Давай разам іх прачытаем, Капейкін.
І пачынае чытаць: «О, так, Віталь! Вось тут пацалуй! Так! Так, Віталю! Увайдзі ўжо ў мяне, Віталю! Глыбей! Госпадзе! Давай перавернемся!»
– І так тры тысячы старонак, Капейкін!
– Мне маёр Папяровы, – адказваю, – даў строгі загад, занатоўваць усё самае цікавае з жыцця майго персанальнага апазіцыянера, не пісаць жа мне, як ён раствор на будаўніцтве замешвае.
– Я разумею, Капейкін, ты трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю. Я паперкі твае прачытаў, асабліва вось цікавая з Рэспубліканскага псіха-неўралагічнага дыспансэра, дзе ты праходзіў стацыянарнае лячэнне.
Кажа ён гэта, кажа, а ў мяне ажно мароз па скуры: няўжо я дзесьці штосьці не тое зрабіў, падвёў кіраўніцтва? Можа, апазіцыянер мой раствор рабіў па даведніку з бэнээфа або дзеўкі гэтыя сувязныя з-за мяжы. Нічога не магу ўцяміць.
– Ведаеш што, Капейкін, мы з кіраўніцтвам параіліся і вырашылі даць табе ўнікальную магчымасць паслужыць Радзіме.
Сказаў гэта генэрал і пачаў выкладваць на стол тоўстыя-тоўстыя тэчкі. Я толькі і думаю сабе: «Ого, з кім гэта генерал-маёр з засакрэчаным прозвішчам мог абмяркоўваць мой лёс, лёс простага лейтэнанта Капейкіна?» А генерал усё дастае і дастае гэтыя тэчкі. І вось ужо ўвесь стол імі завалены.
– Гэта, – кажа тады кіраўнік пятага ўпраўлення, – твая новая справа, Капейкін.
У мяне аж вочы засвяціліся: во гэта справа дык справа. На пяцьдзясят тэчак.
– Але гэта яшчэ не ўсё, – сказаў генерал. – За мной.
Мы пайшлі да ліфта і спусціліся ў сутарэнні, прайшлі праз чатыры пасты аховы і двух кулямётчыкаў, апошнія дзверы ахоўваў асабісты шалёны сабака генерала. Гаспадару сабака аблізаў боты, а на мяне паглядзеў строга: як што якое – клац – і развітаюся я са сваёю мужнасцю.
Генерал адчыніў сталёвыя дзверы і завёў мяне ў падземную анфіладу, само існаванне якой Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь ніяк не каментуе.
Усё было спрэс завалена тэчкамі. Іх былі сотні тысяч.
– Але, таварыш генерал-маёр, я гэта ніколі не змагу нават прачытаць.
– На шчасце, Капейкін, – кажа генерал, а сам мяне з анфілады выводзіць і дзверы зачыняе. – КДБ не страціў яшчэ рэшткі прафэсіяналізму, ніхто не дасць табе такі ўзровень допуску да сакрэтных матэрыялаў, каб ты мог з гэтай справай азнаёміцца. Я сам тут не да ўсяго маю допуск. Але для разведчыка найгоршае – гэта быць дэзінфармаваным, то цяпер ты ведаеш веліч справы, над якой будзеш працаваць.
– Мне забраць тэчкі з вашага кабінета?
– Ты што, Капейкін! Да іх ты таксама не маеш допуску, я ўжо і так пайшоў на службовы праступак, калі паказаў іх табе.
– З чаго мне тады пачаць?
– Правільнае пытанне, Капейкін! Па-першае, ты будзеш весці справу, – ён нахіліўся да мяне і сказаў вельмі ціха ў самае вуха. – Цімура Хоміча. Па-другое, зайдзі ў аддзел кадраў, мы табе званне капітана прысвоілі, атрымаеш там забеспячэнне і цывільную вопратку. Камандзіруем цябе ў Варшаву. Згодна з апошнімі сакрэтнымі дадзенымі, герой тваёй справы менавіта там.
На гэтым рапарт капітана Капейкіна быў скончаны і ён звярнуўся да гасцей дома Шымана і Таццяны:
– Вось і ўся мая гісторыя, спадарства. Што было далей, вам вядома. Дык вось, ці дапаможаце вы мне знайсці Цімура Хоміча? Увесь мой лёс цяпер у вашых руках.
Усе вельмі ажывіліся і пачалі перабіраць розныя варыянты, дзе можна было б знайсці таго Цімура і хто яго бачыў апошнім. Але хутка высветлілася, што ніхто нічога канкрэтнага сказаць не можа. Так, надоечы чуў пра Цімура, нібыта ён аформіў крэдыт, каб набыць духоўку, але дзе аформіў, у якой краме, праз які банк, на якую мадэль і скуль гэта вядома – ніхто паведаміць не мог.
– У нас жа сабралася сапраўдная беларуская багема, няўжо, спадарства вы не дасце рады і не дапаможаце беднаму капітану Капейкіну адшукаць Цімура Хоміча? – запытала Таццяна.
Усе дружна заківалі галовамі, асабліва гарачыя прапанавалі за гэта тут жа выпіць і выпілі, пасля выпілі яшчэ па адной. І Шыман сказаў, што спадары беларусы проста абавязаны дапамагчы агенту КДБ знайсці Цімура Хоміча і што цяпер яны будуць па чарзе хадзіць у госці да кожнага з прысутных, а той будзе прыводзіць сваіх знаёмых – і так яны пакрысе апытаюць мільён беларусаў, якія цяпер жывуць у Варшаве.
Першымі вырашылі адведаць Пшэмака і Касю, бо Кася ўсё яшчэ спала, а Пшэмак быў толькі «за». На гэтым п’янку вырашана было працягваць, а капітан Капейкін сядзеў рэшту вечара моўчкі і толькі ціха пасміхаўся сабе ў вусы, якіх не насіў.
На гэтым месцы вы можаце запытаць, а скуль столькі беларусаў у Варшаве? У нас жа на мяжы танкі ходзяць хмура, а візы выдаюць у польскім кансулаце, які яшчэ горшы за гэных памежнікаў.
Але Булгакаў пісаў, што кватэрнае пытанне масквічоў сапсавала, а беларусаў не тое каб палепшыла, але пераявіла не раўнуючы госпада нашага Суса Хрыста, перажагнаемся, брацця.
Але, але не проста так узгадаў я кватэрнае пытанне, а дакладней пытанне старшыняў жыллёвых таварыстваў. Што ён вярзе, якія жыллёвыя таварыствы? А такія таварыствы, у каторых захоўваюцца дамавыя кнігі. А ў тых кнігах што? Правільна, у тых кнігах пазначаецца нацыянальнасць жыхароў дома.
Напрыклад, быў Даніла з-пад Смургоняў. Зайшоў той Даніла да старшыні жыллёвага таварыства, нага ж нагу падпірае, рука руку абдымае. «Дык ты, Даніла, аказваецца, меў дзеда, а той дзед, бач ты, сінім па жоўтай паперы – паляк як ён ёсць». Ну, як паляк? Пакуль яшчэ не паляк, але вось ужо крывавыя натаўскія еўры ў кішэні старшыні – і быў Даніла Каспяровіч беларус да болю ў мазалях, гандляр коньмі, а стаў, як быў, Януш Корчак – вялікі польскі педагог, гуманіст, асветнік. Але ж Януш Корчак быў габрэем? І Даніла цяпер габрэй, выходзіць? Гэта вы ўжо хапілі цераз край зямлі, праз вяршыню Эльбруса і выйшлі на Галанскія высоты, бачыце вы ўжо даліну Эўфрата і падступных арабаў, ужо мроіцца вам шасцідзённая вайна і вайна суднага дня, і ўжо крычыце вы ў сэрцах сваіх: «Вядзі нас да перамогі, Мошэ Даян, леў ты пустыні. Спявай нам баявыя песні, Голда Мэер, каб цябе феміністкі на руках насілі ды песцілі!»
Не, у амбасадзе дзяржавы Ізраіль з такой паперкай паглядзяць на вас сувора і пагоняць у плечы, як тых арабаў з адвечных іх арабскіх зямель. Не спяваць вам песень пра перамогу габрэйскай зброі над усімі іншымі зброямі. Але нічога, у палякаў прасцей усё. Выпіску ім прынёс, што дзед твой быў Ян Амос Каменскі, яны нават і не ўцямяць, што Амоска быў зусім і не паляк, а чэх звычайны, хаця таксама гуманіст і асветнік.
Такія яны ўжо дзе даверлівыя, гэтыя палякі. Я помню, раз бадзяўся па Варшаве, а ў кішэні толькі ватман фармату А0 і маркер (самі бачыце, раздалі мне мечаныя карты). Што рабіць, трэба дзейнічаць. Напісаў я на тым ватмане, што я знаны польскі пісьменнік і аўтар Канстытуцыі трэцяга траўня. І ўстаў на пляцы Канстытуцыі. Палякі мне за тры гадзіны накідалі поўны капялюх злотых. Я пасля тры дні баляваў. Вось якія даверлівыя.
Дык і ты, Даніла, толькі прыехаў ты са Смургоняў у Менск і ўжо на інтэрв’ю стракочаш, што дзед твой Амоска даў табе тры запаветы, але кожны з запаветаў ён пісаў флякамі па журыку. Запавет першы: сам ён быў палякам, і бацька твой паляк, і ты, выходзіць, паляк, і ўсе твае дзеці цяпер палякі і, вынікае, могуць бясплатна вучыцца ў Польшчы. Запавет другі: Польшча – яна ад мора да мора, і праезд для цябе па ёй цяпер ільготны. І трэці запавет: не пакідаць культуры нашай польскай, каб не ўмёрлі.
– Якая першая сталіца Польшчы? – раптам пытае працаўнік кансулату.
Што, Даніла, не рыхтаваў цябе твой Амоска да такога павароту? Не расказалі на трохдзённых курсах пальшчызны і хадзьбы на мыліцах? Увесь ты халадзееш, Даніла, хрыбетнік твой робіцца нібы лом, які жаўнер будаўнічых войск убівае ў трамвайныя рэйкі, ідзе-гудзе па ім вібрацыя проста ў твае мазгі, і ўсё ў тваіх, Даніла, мазгах вібруе і гудзе, як у халадцы, ды сцякае па скронях ліпкі пот.
– Гміна! – раптам узгадваеш ты. Казала ж гістарычка Гражына Чаславаўна: «Вучыся, дэбіл», – ты і вывучыўся ёй на радасць.
– Гнезна! – папраўляе цябе працаўнік кансулату і падміргвае. – Бачу, што пан вучыў з дзедавых слоў, а дзед быў знаны асветнік з-пад Смургоняў.
Як той казаў, колькі ні красуйся, а ўсё туды рыхтуйся, то праміне, можа, год які ці два – і стаіць ужо Даніла перад афіцэрам памежнай службы з запаветнай карткай, укладзенай у пашпарт і хавае ў чорнай торбе малочныя і мясныя прадукты.
І такіх Данілаў нарабілася на Беларусі дзевяць мільёнаў дзевяцьсот тысяч палякаў. Ажно ў Польшчы ўзрадваліся. Кіраўнік ПіСа так і сказаў: «Ужо я вам стаміўся казаць, там і няма нікога апроч палякаў, толькі адмый іх ды журыкам накармі – і ад паляка не адрозніш». А Даніла такі сабе і думае: «Ага, шчас, бл-дзь, буду я твой бігас жэрці, пякотка мяне ад яго пячэ, флякамі тваімі мазацца і бабе сваёй цыцкі імі мазаць! Ты на сваю фрызуру паглядзі, халера ты пранцавая, мацеры б тваёй у Нямеччыну на аборт у свой час зганяць, польскае ты быдла, дрэсяж ты з Лодзі!»
А прэзас заходзіцца, нясе яго, не раўнуючы бабу Клаву (я пра яе вышэй пісаў, з восьмай яна кватэры). Гаворыць прэзас: «Мы з вамі нясём святло вялікай польскай культуры ва ўвесь свет». А Даніла толькі і думае сабе: «Ага-ага, святло ты нясеш. Можа, Шымборску ты нясеш? Мілаша, можа? Ты ж з Лодзі дрэсяж, ты іх ні радка не ведаеш, нясун ты яб-чы. Во ў мяне швагер быў на маторным заводзе, дык ён аднаго разу цэлы трактар вынес, хоць іх там не рабілі. Гэта нясун, я разумею, а ты – цьху, плюнуць і нават не расціраць, клоп ты вурзупельны. Ці, можа, Барбару Брыльску ты нясеш? Дык я бачыў тую Барбару, пацягала яе жыццё, яна цяпер па танным прайсе здымаецца ў тупых камедыях».
А прэзас, на радасць Данілу, не спыняецца. «Нічога, хутка далучым Беларусь да вялікай Польшчы і будзе Польшча ад мора і аж да самага Смаленска». «Ага-ага, – кажа Даніла, – далучыш ты гумовы вібратар да ўласнай дупы. Я два разы зганяю па льготных квітках, свіныя плечы з Кракава ў Гданьск адвязу, вывучуся бясплатна на сантэхніка-механізатара і вярнуся ў Смургоні, бо быць праграмістам у Кракаве прэстыжна, але, як ні круці, у конях больш стабільнасці».
Ладна, гэта лірыка – што там думае кіраўнік ПіСа і што там адказвае яму Даніла. Усё ж адукацыя ў Беларусі яшчэ не так дэградавала, як у Еўропе, і мы ведаем, што, калі ад дзесяці мільёнаў адняць усіх нашых Данілаў, дык атрымаецца раўнютка сто тысяч.
А гэтыя сто тысяч што? Без карты паляка? Дурныя вы ці з Вілейкі? Што ў іх, няма якога швагра з дамавой кнігай, што ўжо не могуць вывучыць «дзень добры», і «прошу пана», і першую сталіцу новай радзімы? Анягож. Пяцьдзясят тысяч з гэтых ста – сапраўдныя габрэі, ім ваша карта паляка без дай патрэбы. Ім і так – ганяй па Эўразвязе без візы напрамілы бог. Хочаш – можаш у ЗША паехаць або ў Канаду. А хочаш – і на Ямайку. Во гэта рэч – ізраільскі пашпарт, а не ваша картка занюханая.
І яшчэ без аднаго чалавека пяцьдзясят тысяч брытанцаў на Беларусі пражывае, падданых Яе Вялікасці каралевы Злучанага каралеўства Англіі, Шатландыі і Уэльса, ці неяк так, даруйце, я сам не ангелец. Гэта па афіцыйных дадзеных ангельскай амбасады. Тут бы вам і падавіцца тым, што вы там жуяце, смаркачы, хутчэй за ўсё.
Самыя кемлівыя ўжо зразумелі, што гэтыя людзі – гэта і ёсць старшыні жыллёвых таварыстваў, якія як хочаш могуць дамавую кнігу перапісваць: могуць з пачатку да канца, а могуць з канца да пачатку.
А консулам у амбасадзе ў Менску працаваў адзін індус, яму гэтыя белыя ўсе на адзін твар, можа, ён і сапраўды пляменнік каралевы, хто яго ведае. А старшыня таварыства так меле ўпэўнена. Падчас інтэрвенцыі, каб прымусіць бальшавіцкую Расію працягваць удзел у Першай сусветнай вайне, мой гераічны прадзядуля, стрыечны брат Яе Вялікасці каралевы Вікторыі на чале кавалерыйскага палка скакаў у атаку на клятых чырвоных. І быў ён цяжка паранены восем разоў, страціў памяць, зрок і сумленне. Застаўся проста ў Смургонях лекаваць раны, дзе і ўзяў шлюб з маёй гераічнай бабкай Адэляй Якаўлеўнай. Сэр сам бачыць, што ў чарзе на брытанскі пасад я трыста сорак чацверты і ніяк не магу без брытанскага пашпарта. І слязу пускае, маўляў, такая туга па гістарычнай радзіме мяне прабірае, што не магу выконваць прамыя свае абавязкі токара на рамонтнай базе.
А індуса гэтага хоць тыгру скармі, але толькі дай паглядзець, як сахіб плача. Плясь пячаткай па паперцы. Выдае токару-старшыні пашпарт з ільвамі, а той яму руку цалуе. Індуса ажно прабірае да самага лба яго мамы з чырвонай кропачкай, якая аж з Джамалунгмы назірае, як яе сыночку белыя людзі рукі цалуюць. Аддыхаецца індус і кажа: «Давайце, завадзіце трыста сорак пятага прэтэндэнта на пасад Яе Вялікасці, так я іх палюбляю, такія яны ўжо акторы, хоць ты іх на “Беларусьфільм”, хоць у Інстытут журналістыкі, хоць у тэатр імя Янкі Купалы – трупай загадваць».
Але нарэшце дабраліся мы да таго самага аднаго-адзінага чалавека на Беларусі, які не мае ані карткі паляка, ані габрэйскага, ані ангельскага пашпарта. «Дык гэта Лукашэнка!» – напэўна, ужо вы падскокваеце на месцы, радыя сваёй здагадцы. Не, зноў вы як пальцам гаўна памацалі. Так, я палюбляю вас падманваць, мне гэта – як таму консулу, калі белыя плачуць. Не, той адзіны і непаўторны – гэта Цімур Хоміч.
«Стой, стой! – закрычыце вы. – Але ж Хоміч у Варшаве, як жа ён у яе трапіў?» Такія вы ўжо дзе хуткія, прыйдзе час, даведаецеся як.
А нашы героі мусілі сабрацца наступнага дня ў Пшэмака і Касі, але, той казаў, пацеха, як на Святога Вайцеха, а на такую пацеху грэх было не завітаць да Андрэя Куцілы – рэжысёра-дакументаліста, які не ведаў абсалютна нічога пра планы шаноўнай грамады сабрацца ў ягонай кватэры.
Госці пачалі прыходзіць а пятай. Першым у дзверы Андрэя пазваніў капітан Капейкін, які не меў звычкі спазняцца на службовыя сустрэчы. Чорны доўга думаў, які б падарунак захапіць з сабой да рэжысёра і не прыдумаў нічога лепшага, як раздрукаваць свой фотаздымак у параднай форме з аксельбантамі і медалём «Выдатнік КДБ» у фармаце паўтара на два метры. Яму прыйшлося аддаць за гэтую працу ці не траціну месячнага забеспячэння. Праз гэта агент не браў таксоўку, але пайшоў да рэжысёра пешкі (добра, што той жыў пры пляцы Збавіцеля і дарога заняла ўсяго чатыры гадзіны – дый тое праз адчувальны вецер, які ператвараў партрэт у крыло планёра).
Дзверы капітану адчыніла пакаёўка, Капейкіна яна не ведала, але прапусціла яго ў кватэру, бо да гаспадара часцяком прыходзілі дзіўныя людзі, з якімі ён абмяркоўваў то творчасць ранняга Альмадовара, то прыёмы мантажа ў серыі фільмаў «Ёлкі». Самога рэжысёра пакуль не было.
Капейкін паставіў партрэт да сцяны і сеў пры стале, застаўленым бутэлькамі з-пад віна. Хутка прыйшлі Віталь Рыжкоў з Андрэем Адамовічам, яны не сталі чакаць гаспадара, а пачалі піць і размаўляць пра нешта сваё. Капейкіна сябры нібыта не заўважалі. Дапіўшы гаспадарскае віно, паэты ўзяліся за прынесенае з сабой. Калі некалькі бутэлек зніклі ў іх глотках, Андрэй пайшоў корпацца ў ноўтбуку гаспадара.
Пакуль ён штосьці там круціў, да кампаніі далучылася Агата Кокс.
– Спадарства, ці даведаліся вы што-небудзь пра Цімура? – запытаў Капейкін.
– Пакуль нічога новага, але мы дазналіся аб тым-сім з яго мінулага. Калі капітану Капейкіну цікава, я з задавальненнем раскажу. Толькі, магчыма, варта пачакаць іншых, каб бясконца не пачынаць гісторыю з пачатку? – адказаў Віталь.
– Хіба Цімур Хоміч можа зацікавіць кагосьці, апроч мяне?
– Васпане, паверце, гісторыя Цімура Хоміча зацікавіць кожнага.
– Што ж у ёй такога незвычайнага? – капітан Капейкін пачынаў ускіпаць, як курыны булён, ажно ў яго на лбе, там, дзе мусіў быць край фуражкі, з’явілася шэрая пена, якую хацелася зняць шумоўкай.
Але Адамовіч даў рады з ноўтбукам і запусціў на праектар першы і самы знаны фільм Андрэя Куцілы. Фільм быў дакументальны і, як гісторыя Цімура Хоміча, зацікавіў кожнага, нават Капейкіна, з тых, хто быў у пакоі, і кожнага з тых, хто да іх далучыўся падчас прагляду, нават самога Андрэя Куцілу і яго пакаёўку, якая раней ніколі не бачыла фільмаў гаспадара. Яна зайшла запытаць у Андрэя, ці што-небудзь патрэбна, але так і засталася стаяць з разяўленым ротам да канца прагляду.
Калі пачаліся фінальныя тытры, госці, якіх набраўся поўны пакой, усталі і пайшлі пляскаць так горача, што рэжысёр спачатку пачырванеў, пасля пабялеў ды на астачу пазелянеў. Пазелянеў ён, праўда, не праз апладысменты.
– Хто!? – зароў рэжысёр так, што пакаёўка падскочыла на месцы, нарэшце зразумеўшы, што фільм скончыўся. – Хто паставіў сюды фота гэтага ўрода!? – з дзікім крыкам Андрэй Куціла схапіў партрэт капітана Капейкіна і выкінуў яго ў французскае акно, якое адчынілі, бо ў пакоі было задушна.
Рэжысёр абвёў гасцей чырвонымі, як познія вершы Коласа, вачыма, яго трэсла. Не было сумневаў: калі ён толькі даведаецца, хто прынёс сюды гэты партрэт, а самае галоўнае – паставіў яго акурат пры той сцяне, на якой яны і глядзелі фільм, – ён кінецца на гэтага чалавека і паспрабуе разбіць яму галаву або выціснуць вочы пальцамі. Раззлаваўся ён не на жарт, бо зразумеў, што муляла яму вока цэлыя паўтары гадзіны. Больш за тое, у яго з’явілася падазрэнне, што гледачы былі ў захапленні, бо стужка наклалася на партрэт кадэбэшніка з медалём і аксельбантамі.
На шчаcце капітана Капейкіна, ён стаяў акурат плячо ў плячо з Андрэем Куцілам, апрануты быў у цывільнае, а валасы ў яго за паўгода адраслі так, што ён нічым не нагадваў таго маладога паголенага хлопчыка на фотаздымку. Пакаёўка ж разумела, што, калі яна пакажа на капітана Капейкіна, турэмнага тэрміну гаспадару ніяк не абмінуць.
Пакрысе госці пачалі супакойваць рэжысёра: маўляў, гэта нічога, давай вып’ем за твае новыя фільмы, клянёмся табе, пасля таго, што мы ўбачылі, мы ўжо ніколі не будзем ранейшымі, гэта перавярнула нас, як бы падчапіўшы крукам за ўспаміны, якія мы лічылі страчанымі, і перамяшаўшы з самым добрым з таго, што ёсць у нас, – і гэты сплаў забытых успамінаў і найлепшага – гэта цяпер і ёсць мы. Пакуль госці супакойвалі рэжысёра, Капейкін зрабіў выгляд, што ідзе ў прыбіральню, а сам выскачыў з кватэры, каб падабраць партрэт. Ён думаў, што, каб вярнуць грошы за друк, яго давядзецца здаць па вопісе на канспіратыўную кватэру.
Але я вас ведаю, як звараны бурак: пачнеш з вамі пра сур’ёзныя рэчы, а з вас скура злупіцца – і ўсё сваёй чырвонай цікаўнасцю павымазваеце. Што там такога ў тым фільме было, дый чаго рэжысёр так праз той партрэт раз’юшыўся? Чаго раз’юшыўся – то ясна, як напрамілы хлеб і на халодную рэйку шчакою прылегчы ў гарачы поўдзень, – проста не любіў, калі парушаецца аўтарская задума (а вы ж ведаеце, якое ў рэжысёраў жыццё: прыйдзе прадзюсар, улезе ў мантаж – і «давай-давай, хэпі энд мусіць быць, а драмы дадаць, а пакажы крытыка ўсяго ў белым, а тут трэба маю дачку ў галоўнай ролі»). Вось і раз’юшыўся рэжысёр, што брудным партрэтам лезуць да яго ў глыбіню рэзкасці.
А фільм вырашылі заўтра яшчэ раз пераглядзець. Але я на заўтра адкладваць не буду, зараз вам караценька перакажу, што ў тым фільме, як было і чым скончылася.
ЧОРНЫ РЫЦАР
Адразу ў кадры з’явіўся мужык. І давай плакаць: «Што мне рабіць, што рабіць? Так я ўжо змарнаваўся і замучыўся, як у гэтага класіка французскага». Глядзіць кудысьці ўверх, у столь, ці што? Камера столь паказвае – там нібыта нічога цікавага. Мужык зноў: «Як гэтага француза, га?» А сам плача. Раптам з-за кадра хтосьці кажа:
– Войтэк, ды не ўбівайся так праз гэтага француза, ну забыў, як зваць, з кім не бывае.
Мы як бы даведаліся, што ў кадры плача Войтэк. А ён толькі мацней румзае і галосіць, а сам сядзіць у гарнітуры-тройцы, не раўнуючы прэзас правай партыі, ці, можа, натарыус, ці, на благі канец, прадсядацель райспажыўчага саюза. У гледачоў не-не дый узнікне думка: «Вось бы гэтага Войтэка ды на хаўтуры да Нюркі Парасінай сына, калі таго газавым балонам забіла, во гэта быў бы нумар! Нюрцы ўсе бабкі зайздросцілі б – то праўда, такі ўжо дзе плакальшчык, не ўзгадаю нават, каб такія ў каго на пахаваннях былі. Галоўнае, апрануты так густоўна». Гледачы ўжо прыцэньваюцца: «Вось Адэлька хутка коні дзвіне, ужо яе выпісалі з больніцы – паміраць, напэўна. Дык як бы гэтага Войтэка ды і выпісаць бы нам на вёсачку пагаласіць, колькі ён возьме? Усё ж мужчына такі відны».
– Рабле! – падказвае хтосьці з-за кадра Войтэку.
Войтэк толькі галавой пакруціў: не, не Рабле. Гледачы ўжо думаюць: «Нічога сабе, які таленавіты, вось бы ён гэтак матнуў галавой – маўляў, на каго ж ты нас, Адэля, пакінула, што мы без цябе і як? Цьху з носу і падэшвай зацерці мы без цябе. І гэта адной мімікай!»
– Луі дэ Фюнэс! – ужо жаночым голасам падказваюць, і такім яшчэ паскудным, нібы на пахаванне суседчына ўнучка прыйшла гарадская і смешна ёй, як бабы надрываюцца-плачуць, а ім, можа, і самім не сумна, але грошы ўплочаны. Ты ж чакаеш, што iPhone працавацьме як мае быць, а не так сабе, бо грошы ўплочаны. Каб зняць дупу ў люстры і адразу шэсць мужыкоў у дырэкт напісалі, во і мы так – мы, можна сказаць, iPhone ад свету плакальшчыкаў, Instagram пахавання – гарантыя два гады па ўсім тагасвецці.
Пачуў Войтэк пра Луі дэ Фюнэса, і на секунду ў яго на твары як цень прайшоў, – але стрымаўся, пахітаў галавою і далей плача. Адразу бачна, прафесіянал: дзе на яго залезеш – там з яго і злезеш.
А за кадрам у некага ажно нервы здаюць, быццам у алкаголікаў на хаўтурах: маўляў, калі ўжо выпіваць будзем, затрахалі вы галасіць.
– Дык пра што пісаў твой француз? – крычыць нехта. – Пра каханне ці пра што?
Войтэк замаўчаў і проста ў камеру паглядзеў.
І адразу тытры, то-бок пачаўся фільм. Рэжысёр – Андрэй Куціла, мантаж – Андрэй Куціла, і далей яшчэ дваццаць тры разы ўсё «Андрэй Куціла» і «Андрэй Куціла», і толькі пазней – назва фільма вялікімі літарамі: «ЧОРНЫ РЫЦАР».
Скончыліся тытры – і паляцелі буслы, але не сапраўдныя, а маляваныя такія, нават крышачку, але захацелася прылегчы і паспаць, як калыханку паглядзеўшы. Ляцелі-ляцелі гэтыя буслы, разляцеліся – а мы ў хаце вясковай. Бабка сядзіць. Гледачы аж падскочылі на месцах. «Ого, – думаюць, – то во гэтая бабка зараз да Абрама на піва, а сваякі – да Войтэка: “А за сто еўра паплачаш?” А Войтэк такі: “Вы што, хочаце сказаць, што так нізка цанілі нябожчыцу? У мяне адзін гарнітур тры тысячы еўра і дзесяць гадоў практыкі, з такімі прапазыцыямі папрошу да дупы”». І толькі нам усім прымроілася гэтая драма паміж попытам і прапановай, як пачала бабка казаць:
– О, Марэк! Марэк заўсёды быў такі сур’ёзны дзіцёнак. З самага малалецтва.
А гледачы такія: «Ого, новыя часы – новыя героі. Марэк нейкі… Што за Марэк?» А бабка фотаздымкі паказвае на тэлефоне, але яны як бы не ў рэзкасці. Кшталту, вось ён Марэк. Мы задуму рэжысёра хутка раскусілі – сутыкнуў ён традыцыі і сучаснасць: бусла з ультрагукам, мікрахвалёўку з калодзежам, – такое штосьці.
– Як было яму сем гадоў, прыйшоў на паседжанне райсавета і ўсіх кайлом разагнаў! Бо не хацелі нам грэйдарам дарогу параўняць! Яго тады паставілі на ўлік у дзіцячы пакой міліцыі. Мне Адка з Гэлькай: «Хуліган-хуліган!» А я: «Не, кажу, ніякі не хуліган – пацярпеў за перакананні. Самі вы, – кажу, – не пагналі б іх кайлом, калі б сілы былі?» Што яны адкажуць – канешне, яны пагналі б кожнага гэнага дэпутата кайлом, на халеру яны патрэбныя, гэныя дэпутаты, як не могуць каня нам даць і нават грэйдарам дарогу параўняць? Гарадскія ездзяць – скрывілі дарогу, а Марэка праз гэта ў пакой міліцыі на ўлік? Дзе справядлівасць, га?
І гледачы (мы то-бок): «Ага, намячаецца класічны канфлікт героя з грамадствам, рост і буянне змагара. Бач ты, малы-малы, а ўжо райсавет кайлом разагнаў. І такі ўжо як бы гонар бярэ за гэтага Марэка: пакуль мы пясок жэрлі і ў дупе калупаліся, чалавек быў заняты рэальнай справай – да яго гэты райсавет толькі дывізія СС разагнала, як на Менск ішла, а ён ад гаршка метр, а даў рады. Нават думаеш, можа, гэта Зянона ўнук які?»
Тут давай нейкіх дзевак паказваць: ідуць баб шэсць па вуліцы, вазочкі вязуць. І мы ўжо: такі во кабяліна, шэсць дзевак – і ўсе вазочкі вязуць. Проста Рока Сіфрэдзі з-пад Глыбокага. Ну і дзеўкі не расчаравалі. Сапраўды, не даваў нам праходу, не даваў, як быў малады, то толькі хаваліся ад яго пасля дыскатэкі, ледзьве паспявалі ўрассыпную разбягацца.
Зноў хата з бабкай, яна далей распісвае, які ўжо гэты Марэк яе добры. І райсавет разагнаў, і вучыўся на адны пяцёркі, і па фізкультуры заўсёды бегаў на лыжах, нават выйграў гонку пераследу. Але кадр змянілі. Шэры двухпавярховы будынак (як турма, толькі аўтаматчыкаў не хапае), адразу бачна – школа. Раз – баба з тытрам «Ядвіга Браніславаўна, першая настаўніца». І яна бабку падтрымлівае: «Не тое, што вучыўся, яшчэ і мяне павучаў. А што я зраблю? Ён жа спартсмен, баксёр-разраднік. А на камянях як рабіў, як рабіў! Толькі прыйдзе разнарадка клас на камяні адправіць – ён першы ў разоры, яго і прасіць не трэба і ўпрошваць, возьме толькі каша – і парачкаваў-парачкаваў – трактары за ім не паспяваюць.
А як звязуць тое каменне да кароўніка, ён туды ўночы яшчэ прыйдзе і з тых камянёў вежу збудуе. Так да адзінаццатага класа цэлы замак зрабіў – гэта жарт вам, ці што? Можа, той замак і цяпер стаяў бы, але прадсядацель загадаў разабраць і яшчэ адзін кароўнік змураваць».
Гледачы ажно зажмурыліся і вочы рукамі прыкрылі, а хто быў жаночага полу, крыху і войкнуў, бо псіхатып Марэка нам усім быў ясны: дурань кручаны. Мы ўжо думалі, усё, прадсядацелю таму кішкі выпусціўшы быў і цяпер матае першы тэрмін разам з хлопцам, які ў Менску людзей бензапілой парэзаў.
Не, аказалася, прадсядацель таго Марэка ацаніў (абы-каго ўсё ж прадсядацелем калгаса не паставяць, крыху ў псіхалогіі разбіраецца той прадсядацель). Во і яго самога паказваюць. Такі дзядзька самавіты. Худы, праўда. Вылез з «Рэндж Ровера» і пайшоў у кароўнік. Аператар за ім бяжыць. А дзядзька спыніўся, паглядзеў на захад сонца, на боты свае лакавыя і кажа грозна:
– Вы ж самі ўсё разумееце.
І мы, гледачы то-бок, як бы ў разгубе: «А як жа абвёў той прадсядацель Марэка вакол пальца?» Тут і разгадка – шыльда казённая буйным планам. Мы спачатку падумалі: «Ясна, пасадзілі змагара прэвентыўна», – але чытаем шыльду, а там напісана: «Гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта». Мы ад задавальнення аж кракнулі, як тая качка, бо гэта было псіхалагічна даставерна і гіперрэалістычна: такому псіхапату адна дарога – на гістфак.
І ўжо інтэрв’ю з выкладчыкамі. Кажуць, так, на археалагічнай практыцы не было роўных і ў бібліятэчнай справе. Выдатнік, чырвоны дыплом – гонар факультэта, за БДУ ў шахматы і шашкі гуляў – першае месца ва ўсім. Дык ясна, што такі дужы – ты паспрабуй усюды пахадзі ў латах, у шаломе і з мячом на поясе. Тут мы нічога не зразумелі спачатку, але пасля пачалі фотаздымкі паказваць і раз-пораз відэаролікі.
Во практыка археалагічная, мужыкі ў майтках, бабы – у купальніках, толькі Марэк у латах і з рыдлёўкай, у зямлю сышоў па плечы, хутка да скарбаў ВКЛ дакапаецца. А во бібліятэка: усе ў акулярах, Марэк з вядром на галаве, ну не з вядром, а ў шаломе, але лепш бы з вядром, клянуся. І тут мы як бы ўжо да канца зразумелі, што адна яму была дарога на гэтым свеце – у аспірантуру, а пасля – у выкладчыкі, бо ў школу да дзяцей такога не пусціш. Можа, трыста нам фотаздымкаў паказалі, можа, чатырыста, яны яшчэ выязджалі ў кадр так прыгожа – то злева, то справа. І ўсё герой у цэнтры, а калі не ў цэнтры – чырвоным фламастарам абведзены. І ўсюды ў латах сваіх і з вядром на галаве, нават піў у вядро гэтае і еў туды ж. Не сагнуць такога чалавека – крывіцкая Пагоня, а не чалавек.
І вось даюць дыпломы, дэкан у акулярах шырокіх цісне жалезную пальчатку. Выдалі корачку. Выселілі яго з інтэрната. Музыка пачалася трывожная (можа, знаеце, – такая арганная), пераломны момант фільма прыйшоў, як гадавіна вяселля, пра якую муж ізноў забыўся. І што вы думаеце? Ніколі не паверыце, атрымаў Марэк карту паляка! Ды ладна, не бывае такіх супадзенняў! Не можа быць! Можаце не верыць, але і карта сама ў кадры, а на ёй – фотапартрэт Марэка: вось вядро, вось меч, вось кальчуга, – ні з кім не зблытаць. Фотадоказ, як ён ёсць.
І адразу кадры архіўныя са сталіцы Польшчы. Вось Марэк выходзіць з аўтобуса, вось ідзе кудысьці ў далячынь, толькі плашч яго разлятаецца ад ветру, толькі меч па асфальце шкрабае, агідны гук такі – ажно перасмыкае. Пасля – зноў інтэрв’ю дзядзькі нейкага.
– Так, добра помню той дзень, як Марэк да нас прыйшоў. Я да дзясятай толькі падцягнуўся, а ён ужо сядзіць на сходах – чакае. Так і так, кажа, хачу, кажа, проста з аўтобуса ўступіць у партыю «Права і справядлівасць», бо дужа паважаю права і не магу, калі штосьці несправядліва.
Зноў мантаж – і ўжо Марэк на мітынгу, выцягнуў меч, махае ім і крычыць: «Польшча будзе польскай», «Польшча ад мора да мора», – і далей у гэтым духу. А пасля падпальвае паходню і сыходзіць у ноч, як трыста спартанцаў. Ажно ў нас мурашы па скуры калонамі пайшлі, як рымскія легіянеры ў Галію.
Тут зноў гэты дзядзька з партыйнай ячэйкі, выбары на носе, трэба дэлегата ад ваяводства на цэнтральны сход адправіць. А каго ад ваяводства можна адправіць, як не Марэка ў ягоных латах? Закруцілася, выбралі яго ў цэнтральны камітэт партыі. Ты паспрабуй яго не выбраць, калі ён так голасна крычыць «Польшча ад мора да мора» і сыходзіць з паходняй у ноч, толькі сабакі брэшуць і ў іхнім брэху ясна чутно «Deus vult!». Аж кусок каніны ў горла не лезе, такі страх і дысцыпліна.
Мы ўжо думаем: «І што ж далей? Стаў ён прэзідэнтам Польшчы? Ці, можа, ва ўрадзе засядае?» А тут зноў той Войтэк. І ўсё плача-заліваецца. Паглядзелі мы яго хвіліны з тры, ужо я сам у экран кажу: «Войтачак, ты мой родненькі, ты мне па-простаму патлумач, што за гора ў цябе, што там за француз, памёр, можа, хто?» На мяне зацыкалі, нават хтосьці па рэбрах уваліў, але паслухаў мяне Войтэк.
– Успомніў, – кажа. – Толькі не француз. Невядомы гішпанскі аўтар – «Песня пра майго Сіда», канфлікт паміж пачуццямі і доўгам, – працягнуў хтосьці Войтэку шклянку вады. Ён адпіў крыху, аддаў. – Пачалося ў нас з Марэкам.
А хтосьці Войтэка з-за кадра пытае: «Што пачалося? Ты кажы проста, не юлі». А Войтэк так як бы адной рукой бочку паказвае, а другой па ёй пляскае. Мы ажно падскочылі на месцах. Во гэта паварот, во гэта нічога сабе, ні богу качарга, ні чорту свечка, гэта ж Войтэк, атрымліваецца галубец! Як такога галасіць клікаць? Засмяюць жа. А праз секунду разумны чалавек голас падаў, кажа: «Не, не засмяюць, ты сам падумай, дзе ты такога яшчэ знойдзеш: і ў гарнітуры-тройцы, запінкі – чыстая плаціна, і галосіць так жаласліва, ды паляк з правай партыі? Дый ён абдзярэ як ліпку – такі кошт заломіць за галашэнні».
А Войтэк усё выпрастанай даланёй па кулаку пляскае – спадабалася.
– Дык канфлікт у чым, Войтэк? – гэта ўжо з-за кадра нехта пытае ў галасільшчыка. – Пасля ты свае найлепшыя моманты ўзгадаеш, ты нам караценька па справе, а то і без гэтага агульны хранаметраж два дваццаць.
– А вы самі гляньце, – кажа Войтэк і выцягвае тэлефон.
І відэа з тэлефона: нумар гатэля, стаіць пасярод пакоя Марэк увесь з сябе ў латах, а Войтэк яго здымае. Ідзе Марэк у душ – Войтэк за ім. Зайшоў рыцар у душ, абліўся ледзяной вадой і выходзіць. У пакоі распранацца пачынае.
Як распрануўся ён – то бачым мы ў кадры: як ёсць мурын двух метраў ростам. Яшчэ Войтэка з заплаканым тварам паказалі на хвільку – і ўсё, пайшлі фінальныя тытры. Вось такі быў выбар паміж пачуццямі і абавязкам у Войтэка: расказаць таварышам па партыі, што Марэк мурын або пакінуць у сакрэце? І што? І, вядома ж, нікому ён таго сакрэту не выдаў – пачуцці перамаглі.
Божухна, як мы пляскалі гэтаму тонкаму раскрыццю характараў і перапляценню лёсаў!
Але пакуль Капейкін выцягваў партрэт з клумбы, вячоркі ў Андрэя Куцілы працягваліся. Крыху адышоўшы ад скажэння рэзкасці, якую прыўнёс у фільм нечаканы госць, рэжысёр вырашыў даведацца, чым абавязаны надзвычайнай цікавасцю багемы да сваёй асобы.
– Васпане, мы сёння сабраліся, каб абмяняцца навінамі пра Цімура Хоміча і запытацца, ці не ведаеце вы што-небудзь пра яго? – сказала Агата Кокс. Яна адкінулася на канапе так, каб рэжысёру сталі бачныя яе грудзі, нічым пад сукенкай не прыкрытыя, аднак той толькі дэманстратыўна адвёў позірк.
– Хоміч, Хоміч… – Куціла як бы пакруціў гэтае прозвішча на языку. – Ці не той гэта стрыптызёр, у каторага яшчэ дзед у Савеце ветэранаў працуе?
– Не, Цімур – геніяльны паэт. Кажуць, цяпер ён жыве ў Варшаве, але, на жаль, невядома, дзе канкрэтна.
– Тады абсалютна не ўяўляю, хто гэта такі і дзе яго шукаць, – адказаў рэжысёр, засмучаны тым, што людзі сабраліся не на прагляд.
– Але, можа быць, хтосьці з вашых сяброў ведае? – пачала настойваць Агата.
І тут прапанавалі тост за наступны фільм Андрэя Куцілы. Але і Агата не хацела так проста адступаць. Калі ўсе выпілі, яна голасна сказала:
– Вы, натуральна, геній, але дазвольце Віталю расказаць, што ён даведаўся пра Цімура, – і ваш новы фільм будзе пра Хоміча, бо праўду кажу вам: гэта геніяльны паэт.
– Калі вы так хочаце, каб Віталь распавёў пра Хоміча, хай распавядае, я ўжо стаміўся слухаць пра свае мінулыя і будучыя фільмы.
– Спадарства, – пачаў Віталь Рыжкоў. – Я сказаў у прысутнасці Агаты, што даведаўся тое-сёе з мінулага Цімура Хоміча, і гэта праўда, хаця прызнаюся, што не магу прадставіць вам нешта ўнікальнае, здаецца, кожны ў Менску ведае гэтыя акалічнасці жыцця Цімура.
– Я так даўно не была ў Беларусі, – какетліва перабіла яго Агата і закаціла вочы. У выкананні порназоркі гэтая пошласць выглядала нават мілай.
– Пачну з таго, што Цімур нарадзіўся не ў сталіцы, але ў Салігорску – горадзе, дзе людзі ўгрызаюцца ў зямлю, уздымаючы на дол угнаенні, каб трава ў Індыі і Кітаі расла лепш. У дзяцінстве ён не раз спускаўся ў забой і мусіў бы стаць шахцёрам, але замест гэтага вырас камуністым.
Спадарства, кожны, хто спусціцца там пад зямлю, пачуе штосьці вельмі спецыяльнае, там людзі не метафарычна, але абсалютна рэальна сядзяць у пекле для таго, каб капітал рос. Аднаго разу ў Хоміча атрымалася застацца ў забоі аднаму – пад зямлю яго спусціў стрыечны брат-маркшайдар і пакінуў на тры гадзіны. Цімур ішоў у поўнай цемры забоем, трымаючыся рукою за гіганцкія сухія крышталі – соль здавалася касмічным артэфактам, які ўбірае не толькі вільгаць, але і само жыццё з тых, хто спускаецца ў забой.
Цімур уяўляў, як выглядае радовішча цалкам: гіганцкія лінзы на месцы старажытных азёр, падобныя да лятучых талерак або да каравякоў, схаваныя глыбока пад глінай, пяском і вапняком.
Шмат хто адчувае вусціш майскім вечарам у палётах хрушчоў або жнівеньскай ноччу пад зорамі, але Цімур спазнаў увесь жах быцця там – на трыста метраў глыбей за паверхню, у паветры сухім, як подых Багдановіча, думаючы пра людзей, якія вырылі гэтыя калідоры, якія рызыкавалі жыццём незразумела дзеля чаго і навошта, ён адчуў на далонях іх мазалі, ён узіраўся ў цемру іх збалелымі вачыма.
Паверце, спадарства, Цімур не баяўся там, пад зямлёю, у яго сэрцы не было ні каліва страху, толькі ўсмешка на вуснах, хаця ніхто б не здолеў яе разглядзець у поўнай цемры.
Прайшоўшы метраў з пяцьдзясят, ён спыніўся (ходу далей не было або Цімур проста не хацеў рухацца наперад – не важна), ён сеў пры сцяне і запаліў. Будучы паэт адкінуў галаву да сцяны і адчуў, як дзесьці далёка іншыя людзі, якіх ён не ведаў, але ж, напэўна, сустракаў на вуліцах роднага горада, ламалі пароду. Ён прасядзеў так, косткамі слухаючы, што робіцца дзесьці далёка, у іншым рудніку, усе тры гадзіны. Хоміч чуў выбухі, дробную вібрацыю ад адбойных малаткоў, раўнамерную хаду ваганетак, нават крокі працоўных – яны былі далёка, у іншай шахце, але гукі пад зямлёй распаўсюджваюцца зусім не так, як на паверхні.
Ён сядзеў пад зямлёй і думаў пра гэтых людзей, пра тое, што яны робяць са сваім жыццём, пра тое, што яны нарадзіліся для любові і творчасці, але кожны дзень спускаюцца пад зямлю, каб… Ён сам не ведаў, каб што. Праз нейкі час яго пачало трэсці, але не ад холаду, бо на такой глыбіні ніколі не бывае холадна, проста ён суперажываў ім – цэламу гораду, які вырас вакол шахтаў.
Цімур не раз і не два ўздымаўся на тэрыконы – такая малечая забава. Калі табе дванаццаць і ты хочаш давесці, што ты ўжо дарослы, ты збягаеш на чатыры гадзіны з дому і забіраешся на тэрыкон. Там было прыгожа, бачна ўсю Беларусь. Не Беларусь, натуральна, але так здаецца, так кажа Уладзька з чацвёртага дома. Ён кажа: «Вось яна – уся Беларусь», – і ты яму верыш. А калі зваліцца, пакаціцца, зламаць руку – ад болю ты ўжо дакладна ўсю яе ўбачыш. Цімур не падаў, але падаў яго сябар. Самому Цімуру проста надраў азадак чарговы сябар ягонай мамы. Але Хоміч не шкадаваў, што залазіў на гэтыя верхавіны: там захоплівала дух. Калі табе дванаццаць і ты бязбацькавіч з Салігорска, нічога настолькі ж захапляльнага ўбачыць ты ў любым разе не зможаш.
На тэрыконах было прыгожа, а пад зямлёю ён адчуў сваё прызначэнне, адчуў, што існуе для таго, каб дапамагчы людзям узняцца з-пад зямлі. Там ён сціснуў кулакі да болю і паабяцаў сабе: нішто і ніколі не спыніць яго. Аднойчы ён зробіць так, каб людзі ўзняліся на паверхню. Калі сам ён не дажыве да гэтага дня, прынамсі, ён пакладзе жыццё на тое, каб гэты дзень наблізіць.
Цімур слухаў. Перад тым, як па яго прыйшоў брат, яму пачало здавацца, што ён чуе, як падземная рака коціцца між камянёў па рэчышчы, якое яна праклала сабе ў пародзе. Рака заліла руднік праз некалькі месяцаў.
Хутка Хоміч паступіў у кулінарнае вучылішча, але замест кніг пра здаровую і смачную ежу ён чытаў Маркса: даўно памерлы мысляр разумеў жыццё лепш, чым выкладчыкі па запяканні бульбы ў чыгунках. Ён ніколі іх не слухаў, не запісваў за імі, рабіў не так, як казалі яны, а так, як было напісана ў Маркса, – выкладчыкі ставілі двойкі, але аднагрупніцы глядзелі на стравы Хоміча з зайздрасцю: кожная разумела, што Хоміч робіць з бульбай штосьці тагасветнае, у іх цякла сліна ад таго лёсу, які быў наканаваны аднагрупніку. Іх фарбаваныя ў руды галовы з буйна намаляванымі стрэлкамі разумелі: Хоміч не запякае бульбу і не варыць яе – ён змяняе жыцьцё, асвятляючы іх аўдыторыі дагэтуль невядомымі смакамі.
Хоміч браў бульбіну, расціскаў яе на паверхні стала магутнымі рукамі, дадаваў цыбулю, соль, перац, змешваў усё і смажыў дранік – калі з алеем, а калі і без алею. Выкладчыкі лаяліся апошнімі словамі, абяцаючы, што ён выйдзе з вучэльні з дванаццатым разрадам, а ён толькі пасміхаўся ім у вочы – адзін Цімур ва ўсім Салігорску ўмеў кухарыць.
Атрымаўшы дыплом і сёмы разрад, Цімур устаў на трасе, прагаласаваў і паехаў у Менск. Выйшаўшы на вакзале, ён пакіраваў проста ў сталоўку, у якой абедалі пасажыры і чыгуначнікі. Перад дзвярыма ў цэх Цімур надзеў белы халат, які прывёз з сабой, закруціў валасы белай банданай, адсунуў загародку з надпісам «Толькі для персаналу» і пачаў шчыраваць.
– Ты ідыёт, – сказаў яму напрыканцы змены шэф-кухар. – Яно толькі так здаецца, што мы кормім людзей, насамрэч мая галоўная задача – скрасці семдзесят адсоткаў інгрэдыентаў. Вучылі цябе гэтаму?
Чаму там вучылі ў вучэльні, Цімур помніў слаба, але добра помніў, што дзеля прыбытку ў трыста адсоткаў капітал ідзе на любое злачынства. «Не пашчасціла», – падумаў Хоміч і вырашыў заўтра ўладкавацца ў шыкоўную рэстарацыю, калі ўжо са сталоўкай не атрымалася. Ён заначаваў пад мостам у скрыні з-пад лядоўні «Атлант», паклаўшы галаву на каробку ад ботаў «Белвест», а зранку пайшоў бадзяцца па сталіцы нашай Радзімы, шукаючы рэстарацыю, у якой бы ацанілі яго здольнасці.
– Пастойце, – сказаў Андрэй Куціла. – Гэта ўсё вельмі цікава, але ці васпан упэўнены, што ўсе прысутныя гатовы даслухаць гісторыю Цімура да канца ў такім павольным тэмпе?
Віталю Рыжкову не заставалася нічога іншага, як пагадзіцца з гаспадаром вечара: госці сапраўды пачыналі пазяхаць і піць кожны сам па сабе. Дамовіліся, што Віталь дараскажа гісторыю Цімура іншым разам, а можа, нават, запіша пра гэта трэк. Госці сядзелі яшчэ доўга і разышліся, толькі калі ўжо ўзыходзіла сонца. Увесь гэты час капітан Капейкін стаяў пад вокнамі кватэры і прыслухоўваўся, ці не размаўляюць госці пра яго альбо Цімура, але чуўся яму толькі раўнамерны гул.
Калі Агата Кокс выходзіла з кватэры, пакаёўка, якая падавала ёй плашч, зрабіўшы кніксен, нахілілася і штосьці сказала на вуха. Порнаакторка вельмі здзівілася. Напэўна ж, пакаёўка ведала нешта пра Цімура, чаго не хацела казаць пры ўсіх.
Наступнага дня Агата Кокс чакала Віталя Рыжкова і сваю былую аднакласніцу Марыю Пушкіну, якая скончыла філфак БаранДУ і цяпер працавала ў Варшаве майстрам па манікюры, у нейкім богам забытым раёне Варшавы – напрыклад, у Жалібожы.
Агата чакала, бо вырашыла завязаць з відэа для дарослых. Па-першае, плацілі ўсё меней, па-другое, хаця дактарат па Хайдэгеры адвучвае мысліць пра штосьці апроч дазайну, яна ўсё ж пачала ўсур’ёз задумвацца, ці не выйсці замуж, каб нарадзіць маленькіх порназорачак. Праз гэта ўсё Агата ўладкавалася на тэлестудыю весці праграму «Першае спатканне». З героямі была праблема, таму яна і запрасіла Віталя і Пушкіну.
Шоу здымалі для «ТВ Культура», і трэба было не проста паказаць прыдуркаватага мужчыну і жанчыну з доўгімі нагамі ў кадры, але і дадаць інтэлектуальнай праблематыкі. Таму замест павільёна выкарыстоўвалі кебабную. Агаце дагэтуль здавалася, што ўласнік – худы араб, які ўвесь час бурчаў штосьці ў гарнітуру, – так і не зразумеў, хто яны такія і чаго штотыдзень мікрафонамі кебабы акалочваюць.
Уласніка папрасілі працерці стол, знялі некалькі планаў з кавалкамі лаваша на падлозе, а пасля пасадзілі араба на высокае крэсла, на якім ён працягваў бурчаць нешта па блютузе ў вуху. Кадры былі патрэбныя, каб нарабіць урэзак з іранічнымі тытрамі. Пра што гаспадар гаворыць, здымачная група не ведала.
Пасля знялі сцэну, як Марыя Пушкіна ў сукенцы з прынтом марозіва уваходзіць у кебабную. Асабліва рэжысёру спадабалася, як дзяўчына мыском чаравіка адкідае з падлогі пад стол паперку з надпісам «Queen кебаб».
– От гэта шавуха-рэалізм, – сказаў аператар. – Мы як бы паказваем антысанітарыю ў душы самотнага чалавека. А ён ужо замаўляе кебаб.
– Што ж ты нясеш? – сказаў асвятляльнік. – Ты ж проста прывёў дзяўчыну ў нейкую сральню.
– Гэта праўда, – сказаў аператар. – Але не была б яна галодная, яна сюды не прыйшла б.
Марыя, якая добра чула ўсю гэтую размову, захацела збегчы, але Агата трымала яе за руку.
– Давай, замаўляй, – сказала Агата сяброўцы.
Марыя злосна паглядзела і на порназорку, і на здымачную брыгаду, і на араба за стойкай.
– Мне на тоўстым цесце… – пачала яна.
– Любіш тоўстыя? – запытала порназорка.
Марыя збянтэжылася.
– Тады на тонкім…
– Любіш калі шаўрма доўгая і круглая?
Марыя не вытрымала і, хоць сяброўка трымала яе за руку, вырвалася, выбегла вонкі, грымнуўшы дзвярыма. Агата пайшла за ёй.
– І чаму яны заўсёды так збягаюць? – запытаў рэжысёр у прадаўца.
– Нэ знаць, брат. Нэ знаць. – адказаў араб.
Хвілін праз дзесяць Агата вярнулася з Марыяй.
– Мне на тоўстым цесце з баранінай, – сказала Марыя арабу, але аператар быў не гатовы і давялося перазняць.
Марыя села за стол, да яе далучылася Агата.
– Марыя, чаго ты чакаеш ад гэтага спаткання? – запытала порназорка ў сяброўкі.
– Чакаю ўжо, калі можна будзе адсюль сысці.
– Гэта таму што кебабні глыбока чужыя польскай культуры?
На шчасце, дзверы зазвінелі – у памяшканне зайшоў Віталь Рыжкоў, і Агата пераключылася на яго.
– Віталь, сёння ў вас спатканне ўсляпую. Хто вам больш падабаецца: нейкая манікюрка або я?
Рэпер ужо адкрыў быў рот, каб адказаць, але заўважыў, што яго здымаюць, і задумаўся, ці варта наогул у гэтым удзельнічаць.
– Брат, ты замаўляй, – сказаў яму араб. – Бо іначай яны паесці не дадуць.
Выбраўшы ежу, Віталь агледзеўся: столік быў адзін. І ён прысеў да Марыі.
– Нарэшце, – скзала Агата. – Нашы героі ўз’ядналіся. Выцягвай, – звярнулася яна да асвятляльніка.
Мужчына ўзяў з торбы два келіхі, паставіў іх на стол.
– Марыя, чаго б вы хацелі выпіць?
– Белага паўсухога, лепш італьянскага, – адказала дзяўчына.
– У нас толькі сапліца, але яна ружовая, – асвятляльнік пачаў напаўняць кубкі.
– Віталь, скажыце, вам падабаецца Марыя?
– Так, – адказаў Віталь, паглядзеўшы на порназорку як на хворую.
Агата паглядзела на Віталя, на Марыю, зноў на Віталя.
– Ладна, – сказала порназорка. – Давайце абмяркуем актуальныя пытанні культуры. Марыя, скажыце, ці можна было размясціць на самай высокай скульптуры Хрыста вай-фай перадатчыкі?
– Я не ведаю. Я пра гэта ніколі не думала, – адказала дзяўчына. – Я думала, што тут першае спатканне.
– Віталь, а што вы думаеце пра вырубку Белавежскай пушчы?
– Можна я шаўрму забяру?
Кухар сапраўды акурат прынёс шаўрму і падаў яе Віталю і Марыі. Госці ўзялі ежу, а аператар пачаў здымаць то яго, то яе, падносячы камеру да самых твараў.
– Марыя, а ты магла б зрабіць агучку да таго, як Віталь есць?
– Не, я ж не порна-зорка.
– Чым ты займаешся?
– Увогуле я кандыдат філалагічных навук, але займаюся манікюрам.
– Зразумела. Вы, Віталь, таксама няздара, гістфак, сацыялогія? Працуеце ў «Макдональдсе»?
– Не, я рэпер. У мяне нядаўна альбом выйшаў.
– Ясна, па-мойму, вы ідэальная пара эмігрантаў. Вы не хочаце пацалавацца? – Агата не здавалася.
Марыя адчувала сябе нібы ў казцы Кэрала, але не ведала, што рабіць, Віталь таксама сумеўся, агаломшаны ідыятызмам сітуацыі. Але на хвіліну ад іх адчапіліся, бо ў кебабню ўвайшоў мужык у спартыўным касцюме. Аператар пачаў здымаць яго.
– Ідзі ты нах-й, – сказаў наведнік і пайшоў з кебабнай.
– Вось, сябры, вось узровень польскай культуры на сёння. Манікюрша, рэпер і мацяршчыннік.
– І араб, – дадаў араб.
– Не, араб – не, – сказала Агата. – Араб ёсць уладальнікам, а не актарам.
– Па-польску «акторам», – сказаў араб.
– Ты мяне не вучы, я дактарат па Хайдэгеры абараніла і ўзяла порна-оскар за найлепшую сцэну групавога сэксу, пакуль ты сваю моркву заварочваў, – зрэзаўшы араба, Агата звярнулася да героя перадачы: – Віталь, чым ты сёння збіраешся здзівіць дзяўчыну? Зачытаеш рэп або станчыш на стале?
Калі рэжысёр нарэшце вырашыў, што знялі дастаткова матэрыялу, Агата ўзяла кебаб, які Марыя нават не надкусіла, і ўчапілася ў яго зубамі. Пакуль порназорка ела, Віталь з дзяўчынай сышлі.
У гэты самы час Андрэй Якушаў – беларускі кампазітар, які пісаў дактарат ва Унівэрсітэце Шапэна, зайшоў у бар і замовіў шот.
– Такая ўжо дзе тупая, – сказаў ён пра афіцыянтку, калі яна адлічвала рэшту. Працаўніца ведала беларускую, а Андрэй ведаў, што яна ведае.
За сцяной бара знаходзілася мастацкая галерэя Касі Мятліцкай. Дзяўчына скончыла філфак, але, як нам вядома з трэцяга пастулата Шварцшыльда і яшчэ аднаго мужыка з габрэйскім прозвішчам, які, як кожны прыстойны мужык з габрэйскім прозвішчам, меў продкаў у Дзятлаве Гарадзенскай вобласці, слова канвертуецца ў бабкі дрэнна, слова з далучанай да яго карцінкай – лепш, а карцінка без слоў канвертуецца ў бабкі, як функцыя ад вышыні медыя-хвалі, на якую мастака прапіхнуў куратар. Пры гэтым з чацвёртага пастулата нам вядома, што хваля не квантуецца і ўяўляе сабой струну, адзін бок якой замацаваны ў дыскурс, а другі знаходзіцца ў руках мастацкага крытыка, якія трасуцца пасля ўчарашняга.
Шосты ж пастулат нам гаворыць, што няма такой карцінкі, якую нельга выставіць у Луўры. Дзявяты – што пры выбары прадмета мастацтва пажадана ўлічваць не толькі суму, якую аўтар атрымаў за ўсе прададзеныя пры жыцці працы, але і чысціню какаіну, якім ён частуе гасцей.
Усяго гэтага Кася не ведала, бо на філфаку гэтаму не вучаць, затое там прымушаюць чытаць класічныя раманы, у якіх апісана шыкоўнае жыццё спекулянтаў ад антычнасці да нашых дзён, з чаго кожны, хто ведае пра рэгрэсію да сярэдняга, можа зрабіць простую выснову, што яму хопіць раманаў, каб пражыць жыццё ў запыленым куце з кнігамі. На шчасце Мятліцкай, яна была злоснай прагульшчыцай і, аднойчы завітаўшы ў галерэю «Ў», каб дагнацца, вырашыла, што адкрыць такую ж – цяпер яе запаветная мара і мужык, які ёй такую не падорыць, зусім і не мужык.