Читать книгу У чым яго крыўда? - Гарэцкі Максім, Максім Гарэцкі - Страница 4
Максім Гарэцкі
У ЧЫМ ЯГО КРЫЎДА?
IV. У Цёмналессі дзве лазні: адна старая – усіхная…
ОглавлениеАд зямлі адарваўся і неба не дастаў…
Народная прыказка
У Цёмналессі дзве лазні: адна старая – усіхная, а другую, новую, паставіў сабе гаспадар, які робіць сані, каткі, гне дугі, і свая лазня патрэбна яму скрозь усю зіму сушыць дрэва. Мыюцца цёмналесцы зазвычай у сваёй старой супольнай лазні.
Хто не толькі ніколі не мыўся ў старой цёмналескай лазні, але нават ні разу нічога такога і не бачыў, хто наогул думае, што ў Цёмналессі – гэта яму і як у Вільні або ў Менску: калі заманулася, тады і пайшоў у лазню, – дык той, пэўна ж, не зразумее, чаму Лявон цэлы дзень не мог надумацца – пайсці яму ў лазню ці не пайсці?
Было гэта ўжо ў самым канцы калядных святак, калі дзядзька яго, Якуб, дамяў сваю пяньку і выпаліў лазню так, што ўсе, хто толькі быў там на дамінках ці так хадзіў у лазню, мімаходам даведацца, ці ўжо гатова, усе казалі:
– Ну, братцы, сяння-ткі лазня з духам!
Увечары бацька, падаваўшы нанач скату і напаіўшы коні, прыйшоў у хату, дастаў з-пад лаўкі свае карэлыя апорачкі ад старых ботаў і сеў на калодачцы, каля полу, разуваць лапці.
– Ну, я ўправіўся, – сказаў ён. – А дзе ж гэта Лаўрынька? – трэба ж на вышкі па венікі ўзлезці… А Лявон чаго гэта сядзіць? Ай ты не пойдзеш сяння ў лазню? – спытаўся ён у сына. – Ідзі, лазня з духам, дзядзька дроў не пашкадаваў.
Лявон устаў з лаўкі, паклаў на паліцу кніжку, нечага задумаўся, трохі памаўчаўшы, адказаў:
– Я і сам не ведаю: ісці мне ў гэтую лазню ці то ўжо не пачынаць. Паеду ж, дык памыюся ў горадзе. Але не вадзіла б і сяння схадзіць: цела пачынае свярбець.
– Што ты гэта, Лявонічка, – умяшалася матка, – чаму ж табе не схадзіць у сваю лазню, пакуліцька там той горад? Праўда што, гразнява троху яна, вады цёплае няма, але ж у канаўцы на канаве ё сцюдзёная вада і не дужа мутная, ды ўсё ж ткі папарышся, костачкі пагрэеш свае, і на душы табе палягчэець… Ідзі, сынок, ідзі!
Стары цёмналесец, ласун парыцца, прачнуўся на момант у свярбячым Лявонавым целе і пасобіў хлопцу вынесці пастанову на карысць цёмналескае лазні.
Бацька тым часам напрануў старэнькую дублёнку, уздзеў на голыя ногі апорачкі – і мусіў пастаяць, пакуль Лявон вымаў з кішэні ключык, ножык, партманецік і ўсякую дробязь, каб не згубіць у лазні.
– Барзджэй! – крыкнуў яму Лаўрынька, паспеўшы злазіць па венік і стаўшы з гэтым венікам у руках, як салдат на варце, і босы, нягледзячы на жаночыя матчыны ўпросы, каб не бег у лазню па снезе галаногі.
– Паспееш з козамі на торг, – жартаўліва адказаў яму Лявон, уздзяваючы старыя валенкі, пададзеныя маткаю, каб ён, адзвычаены ад цёмналескай простасці, не прастудзіўся ў лазні з сваімі маруднымі на ўздзяванне ботамі.
– Паслухаў бы во мамы ды абуўся, цёмналескі дзікун, – нібы ізноў жартам, але з асадкам цывілізованай горычы дадаў Лявон.
– Лазня блізюхтанька, буду я абувацца! Што я – пан? – пакрыўдзіўся за сваю ўдачу Лаўрынька, бо вядома, што кожны цёмналесец такога веку ходзіць у лазню, хоць пры якім надвор'і, канешне, босы.
– Калі не абуешся, я не пайду ў лазню, – цвёрда сказаў Лявон і падаў яму свае боты: – Абувайся!
Бедны Лаўрынька, з слязьмі на вочах, мусіў улезці ў іх, бо дужа любіў брата, хоць ужо і заўважаў у ім некаторыя непатрэбныя прыхамаці.
Урэшце Лявон адчапіў свой кішэнны гадзіннік, адзяг матчын кажух, каб не запэцкаць у лазні свайго пальта, – і пайшлі ў лазню.
Лазня была за гоні ад хат, каля заплыўшае канавы, што была некалі, пакуль яшчэ паны лясоў не прадавалі, даволі добрай рэчкаю. Чорная ўся прост на вугалле, – бо шмат разоў на сваім вяку гарэла, але заўсёды шчасціла ўратаваць яе ад агнёвай навалы, – ліпела сабе тая лазня на ўзгорачку. І пакуль Лявон узглабаўся на гэты ўзгорачак, паваліўся, бедны, два разы і абскробаў правую руку аб мёрзлы снег. Лаўрынька павесялеў, чуючы цяпер у сваім спрыце перавагу, падбег к яму, крыкнуў: