Читать книгу Барсум атакує - Генадзь Аўласенка - Страница 2
Глава 2
ОглавлениеАд гімназіі да дому, дзе Свенсан здымаў кватэру, было каля чатырох мясцовых міляў, і звычайна Свенсан эканоміў час, даязжаючы туды на адным з тых вялізных электракараў-аўтаматаў, якія амаль бесперапынна курсіравалі па вуліцах Калізея. Аднак сёння ён вырашыў прайсці пехатой увесь чатырохмільны маршрут, прычым, вырашыў гэта ў самы апошні момант, калі ўжо падыходзіў да бліжэйшага прыпынку грамадскага транспарту. Чаму ён так вырашыў – засталося загадкай нават для самога Свенсана.
Можа таму, што сёння вечарам да яго павінна была прыйсці Глорыя?
Урэшце рэшт, менавіта з гэтай нагоды Свенсану трэба было б патрапіць сёння дамоў як мага хутчэй, бо часу да візіту Глорыі Мерыдыт заставалася не так і шмат. А ў ягонай халасцяцкай кватэры сёння, як і заўсёды, дарэчы, панаваў самы поўны развал і кавардак… а трэба ж яшчэ і заказаць па лініі ўнутранай дастаўкі тое сёе для сумеснай вячэры.
І, галоўнае, пра віно не забыцца!
І, тым не менш, Свенсан нетаропка крочыў на шырокім тратуары, амаль бязлюдным, бо жыхары Калізея не асабліва паважалі прагулкі пехатой. Такім ж пустымі выглядалі і ўсе крамы… у іх рэдка хто заходзіў, аддаючы перавагу лініям унутранай дастаўкі.
Але Свенсан, зноў такі, нечакана нават для сябе самога, вырашыў зрабіць усе неабходныя на сёння куплі самому. А калі і не ўсе, ды хоць частку з іх. І для пачатку выбраў невялікую вінную краму на самым перакрыжаванні двух вуліц.
Пакупнікоў у краме не аказалася наогул, нікога не назіралася і за прылаўкам… але, не паспеў толькі Свенсан зачыніць за сабой дзверы, як прадавец (а, магчыма, і сам гаспадар крамы) узнік там немаведама адкуль.
– Добры вечар! – павітаў ён Свенсана, хоць да сапраўднага вечара было яшчэ далекавата. – Што жадаеце выбраць?
Выбар спіртных напояў у краме і сапраўды быў даволі багаты і разнастайны, і Свенсан, які ў гэтай далікатнай справе з’яўляўся поўным прафанам, толькі абвёў разгубленым позіркам усё гэтае бутэлечнае багацце.
– Ведаеце, – сказаў ён некалькі збянтэжана, – справа ў тым, што да мяне сёння павінна прыйсці…
Ён змоўк, не дагаварыўшы.
– Жанчына? – прадавец па-змоўніцкі ўсміхнуўся Свенсану. – Разумею! І, калі вы не супраць, магу вам параіць узяць вось гэтае віно! Прыемнае на смак і даволі моцнае… І кошт падыходзячы…
– Кошт мяне цікавіць у самую апошнюю чаргу, – сказаў Свенсан, разглядваючы стракатую этыкетку бутэлькі. – Скажыце, а гэтае віно, яно мясцовае? Я маю на ўвазе, з Медэі? Нешта ніяк не магу разабраць на этыкетцы…
Мясцовыя віны не вельмі цаніліся гурманамі, хоць сам Свенсан не бачыў аніякай розніцы паміж вінамі той ці іншай планеты. Магчыма таму, што ў яго быў зусім невялікі вопыт у гэтай справе.
– Ну, што вы! – аж пакрыўдзіўся прадавец. – Мясцовыя віны ў мяне на самай ніжняй палічцы. Хоць і яны, скажу вам шчыра, доволі неблагія.
– Ахвотна вам веру! – Свенсан усё яшчэ трымаў у руцэ бутэльку са стракатай наклейкай. – Ну, а гэта, усё ж, адкуль?
– З Барсума.
– Што?!
Ад нечаканасці Свенсан ледзь не выпусціў з рук бутэльку.
– Гэтае віно з Барсума?!
Адчуўшы ў голасе патэнцыяльнага пакупніка яўны недавер, прадавец вырашыў унесці неабходныя ўдакладненні.
– Калі шчыра, – сказаў ён, крыху панізіўшы голас, – то гэтае віно з Барсума-2. З былога Аграполіса, дакладней. Чулі пра такую планету?
Свенсан нічога не адказаў, але ягоны адказ прадаўцу і не патрабаваўся.
– Вядома ж, чулі! Бо гэта ж галоўная навіна апошняга часу. Менавіта з-за Аграполіса ФІРМА і пачала вайну з Барсумам…
– Наколькі мне вядома, – павольна сказаў Свенсан, думаючы аб нечым сваім, – ніякай вайны паміж ФІРМАЙ і «дзікімі кошкамі» пакуль што няма. Хіба толькі яе аб’явілі сёння, бо ва ўчарашніх навінах…
– Ну так, згодна з афіцыйнымі звесткамі, вайна пакуль не вядзецца, – перабіў Свенсана прадавец з паблажлівым выглядам вялікага знаўцы ў гэтай справе. – Але ж хто ў наш час верыць афіцыйным звесткам! Неафіцыйна ж, адразу ж пасля захопу «кошкамі» Аграполіса ФІРМА пачала супраць Барсума варожыя дзеянні. Няўжо вы аб гэтым не ведалі?
– Першы раз чую!
Медэя-2 не адносілася да той катэгорыі планет, якія цалком альбо часткова залежылі ад ФІРМЫ. Але гэта зусім не азначала, што ФІРМА ніяк не ўплывала на палітыку планеты Медэя, асабліва на яе знешнюю палітыку, хоць гэта ніяк не афішыравалася цяперашнім урадам апошняй.
Але Свенсан ведаў і аб даволі цесных кантактах Медэі-2 з Барсумам. Да прыкладу, менавіта сюды «дзікія кошкі» часцей за ўсё адпраўлялі яшчэ немаўлятамі сваіх дзяцей мужскога полу…
Паставіўшы бутэльку на прылавак, Свенсан палез у кішэню за грашыма.
– Вы будзеце плаціць наяўнымі? – здзіўлена запытаў прадавец.
Свенсан кіўнуў, пералічваючы грошы.
– Гэтае віно каштуе дзесяць медэек, – паспешліва дадаў прадавец, – але калі вы возьмеце дзве бутэлькі, то кожная абыйдзецца вам у дзевяць.
– Вось і цудоўна! – сказаў Свенсан, адлічваюшы некалькі купюр. – Бяру тры! Дастаўце па ўнутранай лініі па вось гэтаму адрасу. І тэрмінова!
– Ну, вядома ж! Зараз жа адпраўлю!
Прадавец хацеў дадаць яшчэ штосьці, але не паспеў. З трэскам расчыніліся дзверы і ў памяшканне крамы ўварваліся двое ў масках з плазмерамі ў руках.
– Не рухацца! – няўстойлівым юнацкім барытончыкам выкрыкнуў адзін з іх. – Гэта абрабаванне! Рукі!
Прадавец адразу ж паслухмяна ўскінуў над галавой абедзьве рукі. Задаволены гэтым, уладальнік барытончыка павярнуўся да Свенсана, наставіўшы на яго плазмер.
– А табе што, асобнае запрашэнене патрэбна?!
Плазмер у юнака быў састарэлай канструкцыі, малазарадны, з невялікай прабіўной здольнасцю. Праўда, для чалавека і яе было больш чым дастаткова…
– Рукі, я каму сказаў!
Павольна, не спяшаючыся. Свенсан узняў рукі. У правай з іх усё яшчэ былі заціснуты грошы, якія засталіся пасля таго, як ён адлічыў прадаўцу кошт трох бутэлек. І рабаўнікі, вядома ж, не маглі не заўважыць гэтыя грошы…
– У яго ў руцэ грошы, Цім! – адазваўся ад дзвярэй другі з рабаўнікоў звонкім дзявочым голасам. – Забяры іх у яго!
– Колькі раз казаў табе: не называй майго імя! – узлавана крыкнуў той, каго дзяўчына назвала Цімам. – А ты… – гэта ўжо датычылася Свенсана, – давай сюды грошы! Толькі без глупстваў!
– Трымай!
Апусціўшы правую руку, Свенсан паслухмяна працягнуў грошы юнаку ў масцы. І калі той, не чакаючы ўжо аніякага падвоху, пацягнуўся за імі, правёз хуткі прыём, у выніку якога плазмер апынуўся ўжо ў руцэ Свенсана, як і сам ягоны ўладальнік.
– Цім! – адчайна крыкнула дзяўчына ў масцы, нерашуча ўскідваючы свой плазмер. – Адпусціце яго, бо я… я буду страляць!
– Страляй, Рэці! – паўзадушана прахрыпеў Цім, адчайна звіваючыся ў сталёвай хватцы былога космадэсантніка. – А ты… адпусці зараз жа, гад!
– Я буду страляць! – паўторна крыкнула Рэці, на гэты раз ужо са слязьмі ў голасе. – Буду страляць, не верыце?!
– Не веру! – сказаў Свенсан з усмешкай. – Тым больш, што плазмер у цябе несапраўдны! Цацка! Адзінае, што ён можа – гэта апячы мне руку. Ды і тое – не моцна…
– Плазмер сапраўдны! – усхліпваючы выкрыкнула дзяўчына. – Ён страляе!
– Да што ты кажаш!
Тут нервы дзяўчыны не вытрымалі і, расплакаўшыся ўжо ў поўны голас, яна выбегла з крамы, пакінуўшы свайго паплечніка на волю лёсу.
– Стой! – запознена выкрыкнуў прадавец, кідаючыся следам за ёй, але Свенсан свабоднай левай рукой паспеў яго затрымаць.
– Няхай бяжыць, – сказаў ён. – А мы лепш з гэтым пагутарым… А спярша здымем маску.
Сарваўшы з юнака маску, Свенсан адпусціў яго. Але лягчэй ад гэтага юнаку не стала, бо на яго адразу ж каршуком наляцеў прадавец і для пачатку закаціў няўдачліваму рабаўніку добрую аплявуху.
– Ах ты, паскуднік!
– Не біце, дзядзечка! – са слязьмі ў голасе выкрыкнуў юнак і адразу ж атрымаў другую аплявуху. – Я больш не буду!
– Не будзеш, не будзеш! – падцвердзіў прадавец, аж задыхаючыся ад злосці. – Я ўжо аб гэтым паклапачуся!
Ён заляпіў юнаку трэцюю па ліку аплявуху, потым, схапіўшы яго за шкірку, падвалок небараку да нейкіх амаль непрыкметных дзверцаў у бакавой сцяне. Расчыніўшы іх, шпульнуў юнака ў цёмны дзвярны праём.
– Пасядзі пакуль тут!
– А потым куды? – крыху запознена пацікавіўся Свенсан. – У паліцыю?
– Вось яшчэ! – прадавец хмыкнуў. – У паліцыю… сказалі таксама! Я лепш аддам яго Рыку!
– Рыку? – не зразумеў Свенсан. – А хто гэта, Рык?
– Вы не ведаеце Рыка?
Нейкі час прадавец недаўменна і нават з нейкі недаверам глядзеў на Свенсана.
– Банда Рыка курыруе гэты раён, – панізіўшы голас, патлумачыў ён. – За што тады я яму адсцёгваю кожны месяц кругленькую суму, калі кожны малакасос…
Нічога на гэта не адказваючы, Свенсан задуменна паглядзеў на ледзь прыкметныя гэтыя дзверцы. Задуменна і, адначасова, з трывогай, бо крымінальныя норавы Медэі былі яму добра вядомыя.
– І што Рык зробіць з ім?
– Што зробіць?
Прадавец паціснуў плячамі.
– Што хоча, няхай тое і робіць! Мне якая розніца!
І, як бы паказваючы, што размова скончана, зноўку зайшоў за прылавак.
– Гэты ягоны плазмер… што вы з ім збіраецеся рабіць?
Не адказваючы, Свенсан паглядзеў на плазмер у сваёй руцэ. Ну, і старэча! Сапраўдны музейны экспанат!
– Хочаце, падару яго вам? – прапанаваў ён прадаўцу, але той толькі спалохана замахаў рукамі.
– Ну, вось яшчэ! Мала мне непрыемнасцяў! І вам не раю яго ў сябе пакідаць!
– А я і не збіраўся, – сказаў Свенсан, усё яшчэ разглядваючы плазмер. Потым яму ў галаву прыйшла адна думка, і ён, асцярожна зняўшы верхнюю частку корпуса плазмера, крыху пакапаўся ў ягонай начынцы. Зусім крыху, а пасля зноў прывёў зброю ў ранейшы выгляд. Ну, ці амаль у ранейшы…
– Спадзяюся, вы не збіраецеся несці яго ў паліцыю? – занепакоіўся прадавец. – А то як бы…
– Я яшчэ не настолькі з’ехаў з глузду, каб звязвацца з мясцовай паліцыяй, – сказаў Свенсан і пайшоў, было, да выхаду, але каля самых дзвярэй зноўку спыніўся, паглядзеў на прадаўца амаль умольна. – А можа… можа, вы ўсё ж яго адпусціце?
– Каго? – не адразу зразумеў прадавец.
– Ну, хлопца гэтага…
– Яшчэ чаго! – аж пачырванеў той. – Каб ён заўтра зноў…
– Ён не будзе зноў, – заверыў прадаўца Свенсан, не зусім упэўнена, праўда. – Яму і так добра перапала…
Нейкі час прадавец толькі моўчкі глядзеў на Свенсана.
– Ну, толькі дзеля вас! – згадзіўся ён, падыходзячы зноў да дзверак у сцяне. Адсунуў убок засоўку, расчыніў дзверцы. – А ну, выходзь, паскуднік!
– Не трэба! – заскуголіў знутры спалоханы, дрыжачы голас. – Не біце больш, дзядзечка!
– Цябе не біць – забіць мала!
Схапіўшы няўдалага рабаўніка за вуха, прадавец давёў яго такім чынам да ўваходных дзвярэй і, адпусціўшы вуха, даў юнаку добрага выспятка ніжэй спіны.
– І каб духу твайго тут больш не было!
Выйшаўшы з крамы амаль адразу ж услед за юнаком, Свенсан так нідзе яго і не ўбачыў. Дакладней, убачыў далёка наперадзе нейкі неясны цень, які ўжо знікаў за паваротам. Усміхнуўшыся, Свенсан нетаропка рушыў следам, успамінаючы, куды яшчэ планаваў зайсці і што купіць для вечара…