Читать книгу Дзікія кошкі Барсума - Генадзь Аўласенка - Страница 5
Глава 4
ОглавлениеНевялікі рамонтны катэр з блакітнай эмблемай ФІРМЫ на фезюляжы вылецеў з-за пагорка і, паступова зніжаючыся, зрабіў над домам шырокі паўкруг, выбіраючы найлепшае месца для пасадкі. Нарэшце ўвагу Карантышкі Джона прыцягнуў ярка-аранжавы электракар і ён мякка пасадзіў катэр побач з ім.
– Усё, прыехалі! – павярнуўшыся, абвясціў Карантышка Джон. Затым ён адключыў рухавік і, націснуўшы клавішу, якая адчыняла задні люк, дадаў з надзеяй: – Спадзяюся, без мяне абыйдзецеся?
– Не спадзявайся! – Лэслі хуценька выбраўся з душнаватых вантробаў катэра на свежае паветра, з асалодай яго ўдыхнуў. – Нічога не здарыцца, калі ты дапаможаш нам зацягнуць усе гэтыя жалязякі ў дом!
– Нічога не здарыцца, калі ты двойчы прагуляешся ад катэра да дому! – імгненна парыраваў пілот.
Ён з надзеяй зірнуў на Свенсана, але брыгадзір ужо падцягваў да люка апаратуру, якую Лэслі адразу ж прымаў і стаўляў пакуль вакол сябе на газон. Скончыўшы з гэтай справай, Свенсан павярнуўся і паглядзеў на Джона.
– Трэба дапамагчы! – ён усміхнуўся сябру амаль вінавата і развёў рукамі. – Утрох хутчэй будзе.
– Хутчэй не будзе! – буркнуў Карантышка Джон, але ўсё ж вылез.
Ён быў амаль на цэлую галаву вышэйшы за далёка не маленькага Свенсана, не кажучы ўжо пра невысокага Лэслі. За гэты свой рост і велізарную фізічную сілу Джон і атрымаў мянушку Карантышка.
– Ну, і дзе ж гаспадар? – ляніва прагаварыў Лэслі, з цікаўнасцю азіраючыся па баках. – Слухайце, альбо ён заўзяты лайдак, альбо… Няўжо ён без жонкі такі бездапаможна?
– Падобна на тое! – пагадзіўся Свенсан. – Ці, можа, ён п’яны?
– Можа, і п’яны. Давесці гаспадарку да такога стану…
У гаспадарцы фермера і сапраўды панаваў самы поўны развал і гармідар. Галодныя каровы, не спадзяючыся ўжо атрымаць так неабходны ім корм з рук гаспадароў, рабілі гэта цяпер самастойна. Разбіўшы ўшчэнт стойлы, усе сорак з лішнім кароў вырваліся на свабоду і цяпер актыўна насычаліся, пакідаючы пасля сябе толькі голую бураватую зямлю, месцамі палітую, праўда, белымі струменьчыкамі малака. Пераважная большасць жывёлін, праламіўшы масіўнымі тушамі ажурную металічную агароджу, спусташалі цяпер ягадныя кусты і грады з ранняй гароднінай. Некалькі кароў, якім чамусьці прыйшліся не да спадобы гэтыя дэлікатэсы, абглодвалі пладовыя дрэвы каля дому, згрызаючы іх ажно да самых каранёў. Адна карова, займаючыся гэтай справай, якраз і перагароджвала зараз рамонтнікам шлях да ўваходу.
– Слухайце, а яны, часам, мяса не ядуць? – прамармытаў Карантышка Джон, акідваючы недаверлівым позіркам цёмна-бурую грамадзіну. – А то, як бы…
– Яны ўсё ядуць! – змрочна канстатаваў Лэслі. – Асадліва з галадухі! Спадзяюся толькі, што ты падасіся ёй куды больш апетытным, чым я!
– Гэта, як сказаць… – Джон узмахнуў рукой. – Гэй, як цябе там! Пайшла адсюль! Што, не разумееш?! Прэч пайшла!
– Гэй, гаспадар! – крыкнуў Свенсан. – Дзе ты там? Прымай гасцей!
Магчыма, карове надакучылі іхнія крыкі, а, можа, ёй раптам захацелася пакаштаваць чаго-небудзь больш прывабнага, чым цвёрдая горкая драўніна. Так ці інакш, але чорна-бурая грамадзіна перад імі раптам глуха рохнула і, цяжка ступаючы, рушыла ў бок гароду. Шлях быў свабодны.
– Не падабаецца мне ўсё гэта! – заклапочана прагаварыў Свенсан, не рухаючыся з месца. – Мо трэба звязацца з дзяжурным?
– І што мы яму скажам? – Леслі засмяяўся. – Што каровы нарабілі шкоды па віне п’янага гаспадара?
– З чаго ты вырашыў, што ён п’яны? – спытаў Джон. – Можа, ён яшчэ не вярнуўся дадому!
– А электракар?
Джон паглядзеў на элетракар. Было бачна, што машыну нядаўна выкарыстоўвалі…
– Тут штосьці здарылася! – прамармытаў ён. – Штосьці такое… толькі мы пакуль не ведаем, што менавіта…
– Вось зараз і даведаемся! – Лэслі ўжо старанна загружаў Карантышку апаратурай. – Вось… і гэта таксама! А гэта ты возьмеш у левую руку…
– Ды хопіць ужо! – узмаліўся, нарэшце, Карантышка Джон. – Пакінь і для сябе хоць штосьці!
* * *
Інстынкт спрацаваў ці яшчэ штосьці падсвядомае, але Скрайф усё ж паспеў ухапіць бутэльку і сунуць яе некуды пад стол у той самы момант, калі Холін, ледзь прыадчыніўшы дзверы кабінета, усунуў туды сваю сіваватую галаву разам з доўгім цікаўным носам.
– Я не вельмі перашкодзіў? – спытаў ён, уваходзячы, і ў голасе свайго намесніка Скрайфу падалася ледзь прыхаваная ўсмешка. Урэшце… магчыма гэта яму толькі падалося…
– Ды не, я нічым асаблівым тут… – Скрайф прымусіў сябе нават усміхнуцца, крыху нацягнута, праўда. – Заходзь!
Запрашэнне крыху спазнілася, бо Холін ужо быў у кабінеце, а Скрайф, вылаяўшыся ў думках, прыйшоў да высновы, што новага сакратара трэба ўсё ж звальняць. Ці, яшчэ лепш, перавесці яго на нейкі час у вахцёры, хай павучыцца там, як і каго трэба пускаць да начальства!
– Я наконт той жанчыны, якая пачала ўспамінаць… – вочы Холіна літаральна ўпіліся ў пачырванелы твар Скіна. – Я прагледзіў усю дакументацыю на яе, як вы і прасілі..
Ён не сказаў «загадалі», ён ніколі не гаварыў так… Скрайф і з гэтым даўно ўжо змірыўся. Але тое, што Холін назваў яго на «вы» неяк насцярожыла Скрайфа. Няўжо гэты абшарпаны жыццём ліс штосьці западозрыў?!
Гэта было б кепска! Яшчэ горшым было тое, што ён, Скін, здаецца, значна перавысіў сёння звычайную сваю дзённую норму!
– Ты што, дрэнна сябе адчуваеш? – спытаў Холін, зноў пераходзячы на «ты»… і зноў у ягоным голасе пачулася Скіну амаль не прыхаваная ўсмешка.
– Хвіліначку!
Узняўшыся з-за стала, Скрайф падыйшоў да акна, расчыніў яго насцеж. Адначасова з гэтым ён паспеў непрыкметна кінуць у рот два маленькіх блакітных шарыкі.
Лопнуўшы адразу ж, шарыкі ўраз напоўнілі ўсю ротавую поласць прыемным водарам мяты і прахалоды. І, амаль адразу ж – пранізліва-ледзяная хваля, якая дабегла, літаральна, да самага мозга Дабегла, абвалакла яго на імгненне і гэтак жа хутка адкацілася назад…
Калі Скрайф зноўку павярнуўся да свайго намесніка, ён быў ужо цвярозым, як шкельца…
– Дык што з той жанчынай? – спытаў ён, вяртаючыся да стала і зноў апускаючыся ў крэсла. – Прабач!
Ён націснуў адну са шматлікіх кнопак і адразу ж аднекуль знізу з’явілася крэсла для наведвальнікаў. Не такое зручнае, як у Холіна, але ўсё ж…
– Дык што з жанчынай? – паўтарыў Скрайф, дачакаўшыся, калі Холін апусціцца ўсё ж ў крэсла для наведвальнікаў. – Што канкрэтна ты высветліў?
Сказаць па праўдзе, нічога з таго, што б там не высветліў ягоны намеснік, Скрайфа зараз не асабліва і цікавіла. Куды больш яго цікавіла пытанне: раскусіў ці не Холін ягоныя хітрыкі ля вакна?
– Я высветліў, хто яна такая! – голас Холіна выдаваў зараз вышэйшую ступень занепакоеннасці, таму Скрайф, адкінуўшыся ў крэсле, з цікаўнасцю і нават са здзіўленнем паглядзеў на свайго намесніка… упершыню бачыў ён Холіна такім устрывожаным. – Яна з «дзікіх кошак», уяўляеш!
– Не ўяўляю! – Скін недаўменна паціснуў плячамі. – З якіх кошак?
Цяпер ужо Холін паглядзеў на яго з недаўменнем.
– Дзікія кошкі Барсума! Ты што, ніколі не чуў пра іх?
Скрайф задумаўся. Дзікія кошкі Барсума… штосьці знаёмае… Дзесьці ён усё ж чуў пра іх, здаецца… толькі вось дзе і ад каго?
– Барсум… – ён пацёр кончыкамі пальцаў скроні, – Барсум… Гэта назва нейкай планеты, так? Незвычайнай нейкай планеты…
– Так! – Холін чамусьці ўздыхнуў. – Звычайнай яе назваць цяжка! – Ён адкінуўся ў крэсле наколькі гэта было магчыма, зноў уздыхнуў. – Справа ў тым, што пра гэтую планету амаль нічога не вядома… так, на ўзроўні чутак. ФІРМА з ёй не кантактуе… а калі ўсё ж і кантактуе, то ніяк гэтага не афішыруе…
– Пачакай, я, здаецца, штосьці ўспомніў! – прагаварыў Скрайф павольна. – Дзікія кошкі Барсума… ну, вядома ж, я пра іх чуў! Жанчыны-амазонкі?
Холін сцвярджальна кіўнуў.
– Амазонкі, ніндзя, суперагенты… як іх толькі не называюць… Самі ж яны называюць сябе – «дзікімі кошкамі».
– Яны што, любяць драпацца? – пажартаваў Скрайф, але Холін, не прымаючы жарту, адмоўна матлянуў галавой.
– Не ведаю, як драпацца… але ў баявых адзінаборствах ім няма роўных ва ўсёй нашай Федэрацыі!
– Так ужо і няма! – Скрайф недаверліва ўсміхнуўся.
– Няма! – упарта паўтарыў Холін. – Яны з самага ранняга дзяцінства пачынаюць авалодваць гэтым майстэрствам. Адзіны іх занятак – сакрэтныя аперацыі найвышэйшай складанасці. За вялікія грошы іх наймаюць дзеля гэтага ўрады асобных планет альбо тыя ці іншыя карпарацыі. І заўсёды – стопрацэнтны вынік! Праколаў у іх практычна не бывае!
– І што ж гэта за аперацыі? – з цікавасцю спытаў Скін. – Забойствы?
– Не толькі… – Холін крыху памаўчаў. – Яны могуць, да прыкладу, выкрасці кіраўніка карпарацыі… Удвух, утрох… нягледзячы на сотню целаахоўнікаў! А могуць, наадварот, вызваліць яго з палону. Зняць копіі сакрэтнай дакументацыі… ды ці мала падобных сітуацый можа ўзнікнуць у жыцці. І заўсёды стопрацэнтны вынік, уяўляеш!
– Сур’ёзныя дамачкі! – Скоайф памаўчаў крыху, асэнсоўваючы толькі што пачутае. – І што, гэтая жанчына…
– Яна з «дзікіх кошак»!
Нейкі час абодвы маўчалі.
– Гэта сур’ёзна, Скін! – ціха прагаварыў Холін, упершыню ён назваў Скрайфа не па прозвішчу. – Трэба штосьці рабіць!
– Трэба! – згадзіўся Скрайф. – Дарэчы, дзякуй, што напомніў!
Ён націснуў сярэднюю з клавішаў і правы экран засвяціўся, на ім з’явіўся твар аднаго з дзяжурных.
– Хто-небудзь з рамонтнікаў ужо вярнуўся? – спытаў Скрайф і дзяжурны згодна кіўнуў. – Пашліце іх да таго фермера, які быў у мяне сёння. Пашліце зараз жа!
– Яны ўжо вылецелі, містэр Скрайф! – паведаміў дзяжурны. – Яны ўжо павінны быць там!
– Вось бачыш! – Скрайф паглядзеў на Холіна. – Рамонтнікі ўжо там… сітуацыя пад кантролем! Якая гэта брыгада? – зноў звярнуўся ён да дзяжурнага.
Дзяжурны на імгненне задумаўся.
– Пятая, містэр Скрайф! – Пятая? – Скрайф усміхнуўся. – Гэта тая, дзе пілотам Карантышка Джон?
– Яна самая! – дзяжурны таксама дазволіў сабе нясмелую ўсмешку. – Брыгадзір – Алаф Свенсан, аператар – Лэслі…
– Вельмі добра!
Скрайф зноў націснуў клавішу і твар дзяжурнага знік.
– Вось бачыш – усё ў парадку! – Скрайф пазяхнуў, потым устаў, як бы паказваючы гэтым, што размова закончана. – Хутка яна зноў забудзе, што калісьці жыла ў палацы. Хутка яна зноў стане ранейшай паслухмянай рабочай жонкай…
«Напіцца б зараз! – тужліва падумалася яму. – Не так, як заўсёды, а па-сапраўднаму! Да парасячага віскату… да адключкі! Каб толькі ні аб чым гэтым не думаць… каб ні аб чым, наогул, не думаць! Ну, чаму ты яшчэ тут сядзіш, Холін?! Ідзі! Уставай і ідзі!»
Але Холін працягваў сядзець, і Скрайфу нічога іншага не заставалася, як толькі зноў апусціцца на ранейшае сваё месца.
– Што яшчэ? – суха спытаў ён.
– Ды ўсё тое ж! – Холін уздыхнуў. – А што, калі яна ўспомніла не толькі той факт, што калісьці жыла ў палацы?
– Ды што б яна там не ўспомніла – хутка яна ўсё зноў забудзе! Магчыма, гэта ўжо адбылося… – Скрайф замаўчаў, у раздражненні барабанячы пальцамі па адпаліраванай паверхні стала. – Ведаеш, Максіміліян, у мяне шмат спраў, так што…
Але Холін нават не паварушыўся.
– Гэта «дзікая кошка», Скін! – Зноў ён назваў Скрайфа Скінам, гэта хоць штосьці ды значыла. – Ты што, не разумееш, што гэта «дзікая кошка»?! І калі яна ўспомніла хоць невялікую частку свайго былога «я»…
– Тры рамонтнікі плюс муж… – пачаў было Скрайф, але Холін толькі адмоўна трасянуў галавой.
– Рамонтнікі не справяцца з ёй, Скін!
Злосць прайшла. Скрайфу раптам стала смешна.
– Там – Алаф Свенсан, былы космадэсантнік! – сказаў ён. – Там – Карантышка Джон, урэшце рэшт! Ты ніколі не бачыў, як ён завязвае вузлы на сталёвай арматуры? А як ён робіць ланцужкі з цвікоў на хуткасць? Не бачыў?
– Бачыў! – адазваўся Холін. – Але я бачыў і другое! – у голасе Холіна зноў загучала трывога і яна, трывога гэтая, міжволі перадалася і Скрайфу. – Я бачыў «дзікую кошку» ў справе! Хочаш паслухаць?
Больш за ўсё Скрайфу хацелася выпіць. Але, разумеючы, што ад Холіна так проста не адвязацца, ён нейк неакрэслена кіўнуў галавой. Няхай расказвае і вымятаецца, колькі ўжо можна!
– Гэта было некалькі гадоў таму, – пачаў Холін. – Я вяртаўся тады… а ў рэшце рэшт, якая розніца, адкуль я вяртаўся тады і куды накіроўваўся! На адной з планет у мяне была перасадка. Лайнер спазняўся, часу ў мяне было зашмат, і я зайшоў у бар мясцовага космапорта перакусіць… ну і перакуліць пару кілішкаў. Вось там я яе і ўбачыў…
Холін змоўк і нейкі час проста сядзеў моўчкі. Нарэшце Скрайф не вытрымаў.
– І ты што, адразу зразумеў, што перад табой «дзікая кошка»? – з сарказмам спытаў ён. – А можа, вы пазнаёміліся, і яна сама паведаміла табе аб гэтым?
– Нічога я не зразумеў! – Холін ці то не заўважыў сарказму, ці то проста не звярнуў на яго аніякай увагі. – Я, наогул, не заўважаў яе спачатку… у бары было даволі шмат народу… тым больш, што яна сядзела адна, збоку, каля самай сцяны. І ў гэты час у бар увалілася нейкая кампанія падвыпітых грамілаў…
– Космадэсантнікі? – спытаў Скрайф.
Холін паціснуў плячамі.
– Магчыма! Але, хутчэй за ўсё, гэта былі піраты…
– Піраты? – здзівіўся Скрайф. – Але ж піраты… яны па-за законам! Усюды… у любой часткі Федэрацыі!
– Толькі не там, дзе гаспадарыць ФІРМА! – Холін крыва ўсміхнуўся. – На гэтых планетах піраты адчуваюць сябе ў поўнай бяспецы. У адрозненні ад мясцовых жыхароў, якія, на сваё няшчасце, з імі там вымушаны кантактаваць…
Ён змоўк. Скрайф таксама маўчаў, паглажваючы пад сталом левай рукой халоднае шкло бутэлькі. Ну, давай жа… расказвай хутчэй і вымятайся!
– І што было потым? – спытаў ён, калі агульнае маўчанне зноў пачало пагрозліва зацягвацца.
– Потым? – Холін усміхнуўся. – Потым было, як звычайна. Іх было чалавек шэсць, і яны адразу ж пачалі дэбашырыць. Зневажалі мужчын… заляцаліся да жанчыны… калі хто з мужчын ўзаступаўся за іх – адразу ж атрымліваў па фізіяноміі…
– Уяўляю! – Скін са шкадаваннем паклаў левую руку на стол. – Табе таксама перапала?
– Ды не! – Холін, чамусьці, па-ранейшаму поўнасцю ігнараваў саркастычныя падначкі свайго субяседніка. – Дакладней, магчыма б, і перапала… але, на маё шчасце, яны заўважылі гэтую дзяўчыну – нельга было не заўважыць такую прыгажуню – і ўсім кагалам рушылі да яе століка…
– Ну і… – Скрайфу раптам стала цікава, ён нават пра бутэльку забыўся. – Што было далей?
Холін устаў, павольна падыйшоў да адчыненага акна, нейкі час глядзеў кудысьці ўніз, потым зноў павярнуўся да Скрайфа.
– Разумееш, я таксама заўважыў яе ў гэты час… ну, можа, крыху раней… Пакуль гэтыя мардавароты здзекваліся з астатніх, дзяўчына не звяртала на ўсё, што адбывалася ў бары аніякай увагі. Яна нават не паглядзела ў той бок ані разу… проста сядзела, пацягвала праз саломіну свой кактэль… аж да таго часу, пакуль гэтыя прыдуркі не акружылі яе з усіх бакоў. Яна нават дазволіла схапіць сябе за рукі… і толькі потым пачала іх мяцеліць! Разумееш, усё адбылося вельмі хутка, амаль імгненна… здаецца, на кожнага з нападаўшых, яна не патраціла больш двух-трох удараў, і гэтыя ўдары цяжка было нават разглядзець – усё злілося ў адну суцэльную віхуру. Карацей, хвіліны не прайшло, як усе шасцёра валяліся беспрытомнымі вакол століка… а гэтая дзяўчына, яна нават не паглядзела на іх! Зноў села за свой столік і пачала, як і раней, смакаваць кактэль…
– І ўсё ж, як ты даведаўся, што гэта была менавіта «дзікая кошка»? – перабіў Холіна Скрайф. – Яна што, аб’явіла аб гэтым усяму бару?
– Мне па сакрэту расказаў сам бармэн… – Холін змоўк на імгненне, неяк крыва усміхнуўшыся пры гэтым. – Потым… калі ўсё ўжо скончылася. А спачатку з’явілася паліцыя… нарэшце, з’явілася. Медыкі таксама пад’ехалі. Яны, дарэчы, аказваючы пацярпелым бандытам першую дапамогу, канстатавалі, што ўсе яны, хоць, без сумнення, выжывуць і нават, з цягам часу, змогуць рухацца, наўрад ужо калі ў будучым змогуць зацікавіцца жанчынамі…
– Вось нават як!
– Менавіта так! Разумееш, яна магла зрабіць з гэтымі мярзотнікамі ўсё, што пажадае! Магла проста забіць іх усіх… але вырашыла, што так больш павучальна…
Холін замаўчаў.
– А што паліцыя? – спытаў Скрайф.
– Паліцыя?! – Холін хмыкнуў. – Паліцыі гэтая дзяўчына паказала нейкае сваё пасведчанне і ўсе паліцэйскія літаральна выцягнуліся перад ёй па стойцы «смірна». Бармэн сказаў мне потым: ў пасведчанні ўказывалася, што гэтая дзяўчына запрошана на планету для выканання нейкай звышсакрэтнай місіі, і што ўся паліцыя і, наогул, усе ўзброенныя сілы планеты павінны былі аказваць ёй у гэтым максімальнае садзейнічанне і выконваць любы яе загад альбо патрабаванне на ўвесь час аперацыі…
Экран справа раптам засвяціўся і на ім з’явіўся ўстрывожаны твар дзяжурнага знізу.
– Містэр Скрайф, я наконт пятай брыгады… – запінаючыся, прагаварыў ён. – Здаецца, у іх нейкія праблемы…
– Праблемы?! – здзівіўся Скрайф. – І што гэта за праблемы?
У гэты час Холін ірвануўся да стала і, ледзь не збіўшы Скрайфа з ног, літаральна ўпіўся ў экран вачыма.
– Звяжы мяне з пятай брыгадай! – выкрыкнуў ён у мікрафон. – Неадкладна!
На Скрайфа Холін не звяртаў аніякай увагі, быццам таго і ў кабінеце не было! Гэта было яўным парушэннем субардынацыі, і Скрайф хацеў ужо нават абурыцца і выказаць свайму намесніку ўсё, што ён аб гэтым думае. Але ў самы апошні момант ён чамусьці стрымаў сябе, прамаўчаў. Вельмі ўжо трывожна прагучаў голас Холіна.
– Доўга мне чакаць?! – зноў выгукнуў Холін у мікрафон. – Я, здаецца. аддаў загад: звязаць мяне з пятай брыгадай!
– Я зразумеў, сэр! – перапалоханы дзяжурны вінавата лыпаў вачыма. – Мы спрабавалі, але…
– Што, але?! – зароў Холін, ды так, што нават Скрайф уздрыгнуў ад нечаканасці. – Што з імі здарылася?!
– З імі няма сувязі! – праляпятаў дзяжурны. – Не магу зразумець, чаму…
– Гэта і ўся праблема? – з уяўнай палёгкай Скрайф адкінуўся на спінку крэсла, з насмешкай паглядзеў на чырвоны ад хвалявання твар Холіна. – Магчыма, зараз у іх ідзе сеанс гіпнатэрапіі… У гэты час, як ты ведаеш, уся сувязь адключаецца…
Нейкі час Холін моўчкі глядзеў на свайго непасрэднага начальніка цяжкім немігаючым позіркам. Аб чым ён думаў – невядома, але нічога прыемнага для Скрайфа у гэтых думках, пэўна ж, не было.
– Ты думаеш? – спытаў, нарэшце, Холін не зусім упэўненым голасам.
Замест адказу Скрайф толькі паціснуў плячамі.
– А пілот? Чаму ён не адказвае?
Скрайф зноў паціснуў плячамі. – Не ведаю! Магчыма, пілот таксама пайшоў з астатнімі… – ён змоўк, скоса глянуў у бок Холіна, той, здаецца, аб чымсьці напружана раздумваў. – Ты ж ведаеш Лэслі… ён заўсёды хоча запрагчы Карантышку хоць у якую работу!
Не адказваючы, Холін толькі няўважліва кіўнуў галавой.
– Мне адключыцца? – спытаў нясмела дзяжурны.
Скрайф даў дазвол і экран зноў патух.
– Трэба выслаць туды ахоўнікаў! – сказаў раптам Холін. – Не менш дзесяці!
– Што?! – Скрайф нават прыўстаў у крэсле. – Колькі?
– Не менш дзесяці! – паўтарыў Холін. – І яны справяцца ўдзесяцярох? – з’едліва спытаў Скрайф, зноў апускаючыся ў крэсла. – Як лічыш?
Але Холін зноў не прыняў іроніі. А, можа, ён яе проста не разумеў?
– Не ведаю! – сказаў ён суха. – Магчыма, і не! Таму яны павінны быць са зброяй і, наогул, у поўнай баявой экіпіроўцы!
– Вось нават як?!
Скрайфу вельмі хацелася ляпнуць зараз кулаком па стале… з усяе сілы ляпнуць, а затым паказаць гэтаму нахабніку на дзверы! Няхай займаецца сваімі канцэлярскімі справамі і не лезе ў ягоную, Скрайфа, кампетэнцыю! Скрайф ужо нават узняў кулак над сталом, але штосьці ўсё ж стрымала яго. Магчыма, нічым не прыхаваная трывога Холіна нейкім чынам перадалася і самому Скрайфу, бо, зусім нечакана нават для сябе самога, ён толькі згаджальна кіўнуў галавой.
– Рабі, як лічыш патрэбным! – прагаварыў ён стомлена і, калі Холін, павярнуўшыся, накіраваўся ўжо да дзвярэй, дадаў: – Ведаеш… калі ў іх па нейкай прычыне проста не спрацавала сувязь – нас падымуць на смех!
– Нічога! – адказаў Холін, нават не павярнуўшыся. – Як-небудзь паспрабую гэта перажыць!
Ён выйшаў і падкрэслена-шчыльна зачыніў за сабой дзверы. А Скін, вылаяўшыся ў думках, выцягнуў, нарэшце, з-пад стала прыхаваную там бутэльку і прагна да яе прыпаў…