Кліч Ктулху (зборнік)
Реклама. ООО «ЛитРес», ИНН: 7719571260.
Отрывок из книги
Высока пад небам, вянчаючы затравелую вяршыню ганарлівай гары са схіламі, пакрытымі ўнізе перакрыўленымі дрэвамі першабытнага лесу, стаіць стары замак маіх продкаў. Яго велічныя байніцы стагоддзе за стагоддзем панура пазіралі з вышыні на дзікае і непрыязнае наваколле, служачы домам і прытулкам высокаму роду, слаўная гісторыя якога старэйшая нават за замшэлыя замкавыя муры. Гэтыя старажытныя вежы з плямамі ад штурмаў, якія паўтараліся ў кожным пакаленні, цяпер крышацца пад марудным, але магутным ціскам часу. У часы ж феадалізму гэта была адна з самых страшных і непрыступных крэпасцяў ва ўсёй Францыі. Ад яе парапетаў з байніцамі і высокіх амбразур цярпелі няўдачы бароны, графы і нават каралі, і ніколі яшчэ ў яе прасторных залах не адгукаліся рэхам крокі захопнікаў.
Але ўсё перамянілася з тых слаўных часоў. Беднасць мяжуе з крайняй галечай, бо пыха за сваё паходжанне не дазволіла зменшыць патрэбы дзеля эканоміі і не дала нашчадкам нашага роду захаваць двор у першапачатковай вялікапышнасці.
.....
У часе адной з найдаўжэйшых вылазак у закінутую частку замка, менш чым за тыдзень да фатальнай гадзіны, што мусіла пакласці канец майму знаходжанню на зямлі і пасля якой мне больш не давялося б дыхаць паветрам, адбыўся кульмінацыйны момант усяго майго жыцця. Я правёў большую частку раніцы, узбіраючыся і спаўзаючы напаўразваленай лесвіцай у адной з найбольш разбураных старажытных вежаў. За дзень я агледзеў ніжнія паверхі і спусціўся ці то ў сярэднявечную вязніцу, ці то ў выкапаны пазней склад для пораху. Калі я паволі ішоў пакрытым салетрай праходам ля падножжа апошняй лесвіцы, брук зрабіўся вельмі вогкім, і ў мігатлівым святле паходні я ўбачыў, што дарогу мне перагарадзіла пустая, набрынялая вадой сцяна. Я сабраўся вяртацца, і тут мой позірк упаў на маленькі люк з кольцам проста пад нагой. Я спыніўся і не без цяжкасці адчыніў яго. Вачам адкрылася чорная дзіра, з якой ішлі атрутныя газы. Паходня затрашчала, і ў яе няроўным святле я ўбачыў каменныя прыступкі, што спускаліся долу.
Я апусціў паходню ў агідную яміну і, як толькі агонь разгарэўся, пачаў спускацца. Прыступак было шмат і вялі яны да вузкага, выкладзенага каменнымі плітамі праходу, які, як я ведаў, мусіў знаходзіцца глыбока пад зямлёй. Праход аказаўся надзвычай доўгім і скончыўся масіўнымі дубовымі дзвярыма, пакрытымі вільгаццю. Усе мае спробы адчыніць іх плёну не далі. Я кінуў старацца і пайшоў назад да лесвіцы.
.....