Читать книгу Marginalis - Кiрыл Стаселька - Страница 3
II
ОглавлениеБедныя раёны Фларэнцыі ніколі не адрозніваліся асаблівай цішынёй, а ў гэты дзень да агульнага гулу галасоў, крыкаў і віскаў далучыўся яшчэ адзін. У сям’і Марка Мальябекі і Гіневры Бальдарыетта з’явіўся сын, якога назвалі Антоніа. Адбылася гэта падзея, знамянальная не толькі для сям’і Мальябекі, у XVII стагоддзі, за год да 1634 і на наступны дзень пасля 19 кастрычніка. Будзе справядлівым сказаць, што менавіта з Антоніа Мальябекі пачынаецца гісторыя кнігі, аб якой у далейшым пойдзе гаворка, але цяпер 20 кастрычніка 1633 года, і да яе з’яўлення яшчэ далёка.
Бесклапотныя гады хлопчыка доўжыліся нядоўга. Як гэта нярэдка бывала ў бедных сем’ях, Антоніа ўжо з дзяцінства ўладкавалі працаваць. Магчыма, менавіта з лавы бакалейшчыка пачалося знаёмства хлопчыка з кнігай. Яго штодзённыя абавязкі не адрозніваліся разнастайнасцю, любому іншаму яны маглі падацца самым сумным заняткам на свеце, але толькі не яму. Кожны дзень, працуючы ў краме, ён беражліва запакоўваў тавар для чарговага кліента. Для гэтай мэты Антоніа звычайна браў ліст, старонку з кнігі ці нават рэшткі старых бухгалтарскіх запісаў, якія ляжалі стосам недалёка ад прылаўка. Старанна разгладзіўшы старонку, хлопчык браў пучок кропу і ўкладваў яго па цэнтры. Затым плаўна здзяйсняў некалькі няхітрых рухаў, і тавар быў гатовы выправіцца ў рукі чарговага пакупніка або пасыльнага. Для хлопчыка гэта было чымсьці накшталт рытуалу, сакральнасць якога заключалася не ў саміх рухах і нават не ў тым, што трэба было спакаваць. Сакральнасць заключалася ў самой абгортцы.
Маленькі памочнік бакалейшчыка не ўмеў ні чытаць, ні пісаць, і наўрад ці яму – сыну небагатых бацькоў – пашчасціла б гэтаму калі-небудзь навучыцца. Але няведанне пісьма не перашкаджала хлопчыку атрымліваць задавальненне ад чарнільных завіткоў. А можа, нават наадварот, загадкавасць незразумелых знакаў яшчэ больш прыцягвала ўвагу дапытлівага хлопца. Кожную новую старонку ён быццам смакаваў усім сваім нутром, на імгненне зліваючыся з ёй у адно цэлае. Вочы прагна беглі па радках, нос удыхаў блажэнны водар паперы і чарнілаў, а маленькія ручкі дрыгатліва абмацвалі лісток, адчуваючы кожны выгін або шурпатасць. Нешта адначасова мілае і інтымнае было ў гэтым рытуале. Быццам юнак упершыню смакуе цуд першай сустрэчы з жаночым целам. Але пачуццё захаплення і задавальнення мяшалася з нейкай горыччу. Хлопчыку так не хацелася расставацца з лапікам паперы, так не хацелася аддаваць яго ў чужыя рукі. Страх, што аб’ект яго сакрамэнту можа быць кім-небудзь апаганены, прыводзіў у адчай. Для Антоніо ён здаваўся жывым, і сумна было нават уявіць, што яго могуць выкінуць ці, што яшчэ горш, кінуць у комін, каб развесці агонь. Калі б яго воля, Антоніа забіраў бы кожную старонку сабе і беражліва аберагаў ад любой пагрозы: няхай то вада, агонь ці грубыя рукі, здольныя апаганіць крохкую рэліквію.
Магчыма, яго мог чакаць лёс старога гандляра, непісьменнага вар’ята, што нюхае і мацае старыя паперкі з незразумелымі крамзолямі, калі б аднойчы хлопчыка не заўважыў кнігагандляр, які працаваў непадалёк. Той быў гэтак уражаны трапяткім стаўленнем юнага памочніка бакалейшчыка да рознага кшталту паперак, якія цяпер выкарыстоўваліся ў якасці пакавальнага матэрыялу, што неўзабаве ўзяў хлопчыка да сябе ў вучні. Рыжабароды гандляр даўно адчуў у бязграматным Антоніа нешта дзіўнае, нейкую здольнасць, нейкую таямніцу, што родніць яго з кнігамі. І пацвярджэнне гэтага пачуцця не прымусіла сябе доўга чакаць.
Хлопчык упітваў як губка ўсё, чаму вучыў яго гандляр і ўжо зусім хутка навучыўся чытаць, разумець сімвалы, якія яшчэ нядаўна здаваліся чымсьці загадкавым. Аднойчы гандляр узяўся паказваць Антоніа літары і тлумачыць іх значэнне, і той адразу ж здолеў усё паўтарыць, як быццам вучыўся грамаце ўжо даўно. Здзіўлены і ўзрушаны, ён кінуўся да адной з паліц і дастаў Біблію. Вялікую важкую кнігу ён паклаў перад хлопчыкам і той пачаў бегла чытаць тэкст, пераскокваючы ад радка да радка. З кожным днём здзіўленне і захапленне хлопчыкам расло. Хутка высветлілася, што ён памятае ўсё, што прачытаў. Антоніа мог маментальна ўспомніць дакладнае размяшчэнне любой з тысяч кніг з дакладнасцю да пазіцыі на канкрэтнай паліцы. Амаль за месяц ён вывучыў не толькі ўсе назвы кніг, але і назвы раздзелаў кожнай з іх. Для кнігагандляра гэты юны памочнік бакалейшчыка аказаўся не толькі каштоўным набыткам для кніжнай крамы, але, у першую чаргу, асабістай радасцю.
Гандляра зацікавіла, як доўга і як шмат з прачытанага можа захоўвацца ў гэтай маленькай галаве, і праз некаторы час ён вырашыў праверыць хлопчыка, спытаўшы яго пра першы прачытаны ўрывак з Бібліі, і той у дакладнасці ўсё аднавіў. Настаўнік хлопчыка не мог стрымаць захапленне, і кожнаму распавядаў пра незвычайныя здольнасці свайго вучня. Многія пачалі прыходзіць у краму выключна для таго, каб асабіста пераканацца ў тым, што здавалася такім незвычайным, нават цудоўным. Прыходзілі як звычайныя прафаны, так і вучоныя мужы горада. Не было чалавека, якога б Антоніа пакінуў абыякавым. Асабліва дзіўна выглядала гульня, калі хлопчыку задавалі тое ці іншае пытанне, а ён імгненна даваў на яго адказ і нават называў кнігу, нумар старонкі і абзац, дзе знаходзіўся ўрывак з патрэбнай інфармацыяй. З павелічэннем патоку наведвальнікаў павялічвалася і кліентура самой крамы. Справы ішлі ўсё лепш і лепш. Гандляр не мог і чакаць такога эфекту, калі рабіў прапанову гэтаму юнаму дараванню.
Немалую ролю ў развіцці Антоніа адыграла знаёмства з выбітным бібліятэкарам Мучыа Эрміні. Той бясплатна навучаў яго мовам: латыні, грэцкай, старажытнаяўрэйскай. Акрамя таго, Мучыа шчодра дзяліўся з Мальябекі асаблівасцямі і таямніцамі свайго рамяства, даючы яму мноства парадаў па працы з кнігамі. А той, як і раней, усё так жа старанна і трапятліва ўбіраў у сябе новыя веды і навыкі. І ўжо праз некалькі гадоў, дзякуючы незвычайным здольнасцям у спалучэнні са спрыяльнымі ўмовамі іх развіцця, Антоніа Мальябекі можна было смела назваць адным з самых адукаваных людзей Фларэнцыі.
Слава пра Антоніа распаўсюджвалася так хутка і так далёка, што неўзабаве дайшла да Казіма ІІІ – герцага Тасканскага з роду Медычы – які прызначыў яго сваім бібліятэкарам, а з часам і захавальнікам Лаўрэнцыяны, найбагацейшай фларэнтыйскай бібліятэкі. Яго жалаванне складала восемсот ліўраў на год, але Антоніа быў гатовы працаваць і бясплатна, бо для яго адкрылася самая сапраўдная скарбніца, у якой ён праводзіў увесь час і не мог насыціцца, чытаючы з раніцы да вечара. Не выязджаючы за межы горада, Антоніа здабываў каталогі найбуйнейшых бібліятэк свету, сістэматызуючы іх згодна з распрацаванай ім сістэмай. Праз некаторы час для яго ўжо не засталося невядомых кніг ці аўтараў. Ён мог нават на памяць назваць уладальніка той ці іншай рэдкай кнігі.
Але для Антоніа Мальябекі і гэтага рабілася мала. У сваім доме ён збіраў асабістую бібліятэку з кніг ды рукапісаў. Кніг было так шмат, што яны займалі ўсю прастору, у якой неўзабаве стала досыць складана перасоўвацца нават худому чалавеку. Здавалася, дом мог існаваць без сцен, бо стосы кніг цалкам паўтаралі ўсе ягоныя контуры ды распасціраліся да самай столі. Яны знаходзіліся на першым і другім паверсе, на падлозе і на ложку, яны былі паўсюль. Праз некаторы час іх было так шмат, што нават гаспадару дома даводзілася дзяліць ложа з кнігамі. Фігура незвычайнага бібліятэкара не магла застацца незаўважанай, слава пра яго хутка распаўсюджвалася далёка за межы Фларэнцыі. Да Антоніа прыязджалі з усіх частак Еўропы: хто пагутарыць з вялікім бібліятэкарам, а хто проста паглядзець на дзівоснага кніжніка. Многіх абстаноўка дома і ўклад жыцця яго гаспадара прыводзілі ў жах. Тут было цесна і душна, здавалася, гаспадар тут не чалавек, а кнігі. Не ў меншай ступені наведвальнікаў дзівіў неахайны, у запэцканых вопратках уладальнік бібліятэкі.
Гэта і нядзіўна, бо чытанне было галоўным заняткам Мальябекі. Ён падоўгу не мыўся, не пераапранаўся, не стрыгся, вельмі сціпла і амаль мімаходзь перакусваў што-небудзь накшталт хлеба з яйкам, ды зусім не спаў. Рукавы кашуль, якія ён заношваў да лахманоў, былі запэцканыя тытунём. Валасы хаатычна разыходзіліся ў розныя бакі. Калі б гэта было магчыма, ён ніколі б не еў, не піў, не мыўся, не апаражняўся і нікуды не выходзіў бы, каб нішто не адцягвала яго ўвагі ад любімага занятка. Антоніа гняла неабходнасць адкласці кнігу, як гэта бывае, калі на некаторы час даводзіцца расстацца з родным дзіцём. Таму нават есці і мыцца ён прызвычаіўся з кнігай у руках.
Жыві ён хоць дзвесце гадоў, распарадак Антоніа зусім не змяніўся б. Мабыць, справа была не ў часе – кнігі ён не чытаў, але літаральна праглынаў – чым больш ён аддаваў ім часу, тым больш яны яго паглыналі. Ён быў падобны да азартнага гульца, які ўвесь час прайграе і бярэ ў пазыку. Кнігі сталі яго заганнай жарсцю, а час – грашыма. Як гэта бывае ў падобных выпадках, то цяжка было разабраць, ці з’яўляліся аб’ектам гэтай прагі самі кнігі ці ўсё ж веды, якія яны змяшчалі.
Хутчэй за ўсё – апошняе, інакш складана патлумачыць далейшыя падзеі, якія прывялі да стварэння таямнічай кнігі.
Аднойчы позна ноччу ў дзверы яго сакральнага сховішчы пагрукалі. Антоніа быў гэтак паглынуты чарговым рукапісам, што покліч з вонкавага свету, магчыма, так і застаўся без адказу, калі б зусім выпадкова яго ўвага не была адцягнутая на долі секунд. Пераканаўшыся, што яму не здалося, ён спусціўся ўніз ды адчыніў дзверы. На парозе стаяў хлопчык гадоў трынаццаці, яго звалі Сімоне. Антоніа Мальябекі мінула ўжо шэсцьдзясят шэсць. Бойкі хлопчык, не чакаючы, выпаліў даўно падрыхтаваны тэкст пра тое, хто ён і чаго хоча. Сімоне прасіў Антоніа прыняць яго ў вучні. Старога бібліятэкара беспардонна заспелі знянацку, але, нягледзячы на гэта, ён паспрабаваў добразычліва растлумачыць усю немагчымасць задавальнення падобнай просьбы: юны ўзрост першага ды старэчы другога, скрайняя занятасць, адсутнасць навыку настаўніка ды многае іншае. Акрамя гэтага, Антоніа, які і без таго не жадаў марнаваць час на такія дробязі як сон і ўжыванне ежы, баяўся абцяжарваць сябе яшчэ чым-небудзь, што магло адцягнуць яго ад важнага і любімага занятку. Але Сімоне быў непахісны і ўсё ж такі здолеў пераканаць бібліятэкара ахвяраваць яму хаця б па гадзіне на месяц.
Так Сімоне пачаў наведваць дом Антоніа Мальябекі кожную другую суботу месяца.
Як і ён, хлопчык паходзіў з небагатай сям’і, і яму ўжо з дзяцінства давялося працаваць пасыльным. Таму іх сустрэчы праходзілі не раней за дзесяць гадзін вечара. Сімоне быў не такім здольным, як Антоніа ў яго гады, але браў хутчэй упартасцю. Ён з’яўляўся поўнай супрацьлегласцю вялікага бібліятэкара: амбітны, часам дзёрзкі, настойлівы да непрыстойнасці. Мальябекі бачыў: вучоба давалася хлопчыку вельмі складана, але, нягледзячы на гэта, ён не адступаў, што выклікала яшчэ большую павагу ў старога настаўніка. Часам ён разважаў пра сваё дзяцінства, пра Сімоне і аб іх сустрэчах. Антоніа схіляўся да меркавання, што малады вучань, мусіць, заслугоўвае большай павагі, чым ён сам. У юнацтве, калі ён яшчэ працаваў у краме кнігагандляра, многія ім захапляліся. Але яму ўсё давалася значна лягчэй, бо ў яго былі нейкія прыроджаныя здольнасці, якімі яго надзяліў Бог. Сімоне ж даводзілася прыкладаць у тры, ці нават у дзясяткі разоў больш намаганняў, чым яму самому. Калі б гэты хлопчык валодаў тым жа дарам, што і ён, Сімоне абавязкова стаў бы самым адукаваным з усіх людзей, што жылі калі-небудзь.
Сімоне стаў прыходзіць усё часцей. Праз некаторы час Антоніа ўсвядоміў, што іх заняткі праходзяць ужо па два, а то і тры разы на тыдзень, ды часам доўжыліся ўсю ноч. Але раскусіўшы маленькую хітрасць, Антоніа толькі ўсміхнуўся, ды нічога не сказаў хлопчыку. Ён стаў яму амаль як сын, якога той пяшчотна і клапатліва вучыў усяму, што ведае сам. Навучыўшыся чытаць, Сімоне падзяліўся з настаўнікам марай сабраць уласную бібліятэку. Маленькі пасыльны, нават калі б адкладваў усё заробленае, і за год не здолеў бы назапасіць хаця б на адну кнігу. І Мальябекі стаў час ад часу дарыць вучню кнігі, за якія той быў шчыра ўдзячны. А крыху пазней, калі той пасталеў, уладкаваў на службу ў бібліятэку, каб нішто не адцягвала Сімоне ад вучобы.
Параўнацца памяццю з настаўнікам Сімоне не мог, але дзякуючы стараннай працы ўжо да дзевятнаццаці гадоў вывучыўся чытаць і пісаць на некалькіх мовах. Акрамя таго, ён мог пацягацца ў начытанасці і эрудыцыі з многімі вучонымі мужамі горада. Здольнасці настаўніка і ўседлівасць вучня прыносілі дзіўныя плады. Часам Сімоне станавіўся цалкам нелюдзімым і закрытым, паглыбляючыся на некалькі дзён, а то і тыдняў, ва ўласныя разважанні, старанна нешта запісваючы. У гэтыя перыяды ён не наведваў нават свайго любімага настаўніка, які настолькі прывык да зносін з Сімоне, што ўсё цяжэй пераносіў доўгую разлуку з ім.
Амбітны фантазёр Сімоне гадамі выношваў планы, марыў пра штосьці большае, чым простае паглынанне кнігі за кнігай. Ён не жадаў, як Антоніа, які меў выдатныя здольнасці, гібець кніжным чарвяком да старасці, маючы магчымасць дасягнуць большага. Яму хацелася чагосьці больш маштабнага, усеабдымнага, вялікага. Так, калі ў думках і на паперы сфармаваліся больш ці менш выразныя планы, ён вырашыў падзяліцца імі са сваім сябрам і настаўнікам. Нягледзячы на даўняе сяброўства і блізкую сувязь, яму доўгі час было боязна, як успрыме яго адкрыццё Антоніа. Але ўсё ж сабраўшыся з духам, ён наважыўся ў адзін з дзён раскрыць плён уласных спадзяванняў і памкненняў.
Малады Сімоне прапанаваў сабраць ды сістэматызаваць усе існуючыя веды на зямлі. Але ў адзіночку і нават удваіх гэтая задача выглядала недасяжнай і нават абсурднай. Падобная ідэя пацешыла Антоніа Мальябекі. Хто, як не ён, мог у поўнай меры разумець усю фантастычнасць падобнай задумы. Ён яшчэ мог бы зразумець, калі б падобнае прапанаваў нейкі дурань, які прэтэндуе на ўсёведанне, але ён – ягоны вучань, якога Антоніа лічыў адным з самых разважных і разумных сярод гараджан. Аднак малады бібліятэкар, даўно выношваючы грандыёзны план, супрацьпаставіў пярэчанням і сумневам старога настаўніка выразны алгарытм.
Сімоне мроіў пра штосьці накшталт ордэна кніжнікаў, якія б сталі скрыптарамі ды захавальнікамі ўсіх ведаў чалавецтва, у тым ліку і самых таемных. Ён марыў пра магутны ордэн, улада якога была б заснавана на ведах. Сябе ж ён бачыў у якасці аднаго з яго правадыроў, гэтакага егіпецкага жраца. Але пра гэта ў размовах са сціплым і цнатлівым Антоніа ён, вядома, не ўзгадваў. Па задумцы першымі рэкрутамі ордэна мусілі стаць найталенавіцейшыя і разумнейшыя сярод маладых фларэнційцаў, якія ў далейшым меліся б выправіцца ў доўгае падарожжа ва ўсе канцы зямлі, каб знайсці ды запомніць усе магчымыя тэксты, перш за ўсё старажытныя. У Мальябекі падобная ідэя, нягледзячы на довады і падрабязныя планы, усё яшчэ не без падставаў выклікала сумневы. Было ў ёй нешта юнацкае, бязгрэшнае, і гэткае недасяжнае. Ён не верыў, што з гэтага што-небудзь магло атрымацца, ды і ўзрост быў ужо не той, але, не жадаючы засмучаць палкую душу, што ўжо паспела ўзнесціся на крылах натхнення, пагадзіўся ўдзельнічаць у гэтым мерапрыемстве.
Заручыўшыся згодаю настаўніка, Сімоне адразу ж разгарнуў актыўную дзейнасць, натхнёна займаючыся адборам магчымых членаў будучага ордэна. Задача была не з простых. У адзіночку яму давялося праэкзаменаваць сотні маладых людзей. У першую чаргу ён адбіраў тых, хто валодаў найлепшай памяццю. Ужо праз месяц перад Антоніа паўстаў тузін юнакоў, да якіх Сімоне, ужо даўно і грунтоўна прыглядаўся. Але не ўсім з іх у далейшым выпадала стаць часткай яго амбітнага плану. Сістэма адбору юнакоў праходзіла ў некалькі этапаў. Сімоне надзвычай грунтоўна падыходзіў да працэсу стварэння ордэна і адбору яго членаў. Таму праз два гады навучання з ім з трынаццаці навабранцаў засталося толькі восем, якія здолелі дасягнуць найбольш значных вынікаў. Паводле задумы Сімоне цяпер іх чакалі яшчы тры гады навучання яшчэ тры гады навучання з Антоніа, пасля чаго былі адсеяныя чарговыя чатыры юнакі.
Рафаэль, Бенісіа, Умберта і Сільвіа апынуліся ў ліку тых, на каго ўскладаліся асноўныя надзеі. Кожны з іх быў па-свойму ўнікальны. Так, Рафаэль адразу ж запамінаў усё прачытанае, убачанае і пачутае. Бенісіа дасягнуў такой хуткасці чытання, што ўжо неўзабаве здолеў бы пацягацца з самім Антоніа Мальябекі. Умберта чытаў крыху павольней, чым Бенісіа і запамінаў трошкі горш, чым Рафаэль, але адрозніваўся асабліва гнуткім розумам і кемлівасцю. Сільвіа ж мог пахваліцца ўсімі пералічанымі вартасцямі. Ён, як ніхто, больш за ўсіх быў падобны на Мальябекі, не толькі ў здольнасцях, але таксама ў звычках і манерах.
За пяць гадоў, якія яны правялі разам, вучні і настаўнікі так зрадніліся, што ўжо лічылі адзін аднаго не проста сябрамі, але сям’ёй. Для Сімоне гэтыя юнакі сталі братамі, для Антоніа – дзецьмі, нароўні з першым вучнем. Як і ў любой сям’і, тут таксама не абыходзілася без сварак і крыўдаў. Іх характары моцна адрозніваліся. Адзін быў надзвычай запальчывым, часам агрэсіўным, другі – спакойным і нават меланхалічным, трэці – хітрым і ашчадным, чацвёрты – баязлівым і нерашучым, але, нягледзячы на ўсю непадобнасць, яны любілі адзін аднаго. Здаралася, што і Сімоне – старэйшы з іх – як маленькі дзіцёнак раўнаваў старога сябра да маладых падапечных. Але падобнае доўжылася нядоўга, бо ён быў досыць адходлівы і велікадушны.
Канчатковая мэта навучання не з’яўлялася сакрэтам для Рафаэля, Бенісіа, Умберта і Сільвіа. Сімоне, аднойчы распавёўшы ім пра ідэі ордэна, паступова ўводзіў будучых яго членаў у далейшыя планы. За апошнія гады ён здолеў распрацаваць статут ордэна, яго знакі і атрыбуты.
Маладыя члены ордэна мусілі выправіцца ў падарожжа так далёка, як толькі было магчыма, каб, абышоўшы ўсю зямлю, адшукаць і запомніць усе магчымыя тэксты, напісаныя калі-небудзь чалавекам. Кожнаму на гэта адводзілася каля пяці гадоў. Па вяртанні сабраныя тэксты трэба было ўзнавіць па памяці, адначасова сістэматызуючы і запісваючы іх згодна спецыяльна распрацаванай сістэме, якая б дазволіла цэлыя кнігі змяшчаць у некалькіх абзацах. Праца па распрацоўцы падобнай сістэмы была ўскладзеная на найстарэйшага і найразумнейшага з членаў новаяўленага ордэна. Калі б задумка ўдалася, стала б магчымым зашыфраваць усе тэксты чалавецтва ў адну кнігу. У такім выпадку ордэн здолеў бы, з аднаго боку, сабраць разам усе веды чалавецтва, пазбягаючы пры гэтым простага перапісвання тэкстаў, але што яшчэ больш важна, засцерагчы таемныя веды ад старонніх.
Ці меліся дзе-небудзь гэтыя самыя “таемныя веды”, пра якія мроілі стваральнікі ордэна, ці ўдасца распрацаваць унікальную тэхніку шыфравання і ці скончыцца наогул у канчатковым выніку поспехам іх задума, ніхто не мог сказаць дакладна. Было ў гэтай ідэі досыць недаказанасці, абсурднасці ды глупства, што калісьці ўлавіў Мальябекі, і што з гадамі перастала заўважацца, пакінуўшы толькі на паверхні амбіцыі, заснаваныя на надзеях і летуценнях. Але ў той перыяд перспектывы ордэна здаваліся досыць вясёлкавымі, а яго члены адчувалі сябе першапраходнікамі і нават у пэўным сэнсе героямі.
Праз год, праведзены ў практычных зборах, Сімоне склікаў усіх членаў ордэна ў доме Мальябекі, які ўжо даўно ператварыўся для юнакоў у нешта кшталту святыні. Некалькі свечак, здольных у імгненне знішчыць гэтае месца і працу ўсяго жыцця яго ўладальніка, асвятлялі сход, надаючы яму належную загадкавасць. Ужо заўтра яны меліся адправіцца ў дарогу. Гэта была іх апошняя сустрэча ў бліжэйшыя гады.
Найперш Сімоне зачытаў статут ордэна. Затым зноў агучыў план далейшых дзеянняў яго членаў. Рафаэлю выпала адправіцца на поўдзень, Бенісіа на паўднёвы ўсход, Умберта на паўночны ўсход, Сільвіё на поўнач, Сімоне на захад. Так, прасоўваючыся ўсё далей і далей, ордэну, нібыта імперыі, што заваёўвае новыя тэрыторыі, трэба было захопліваць усё больш шырокія тэрыторыі чалавечых ведаў. Мальябекі ж належала за гэтыя гады завяршыць распрацоўку сістэмы пісьменства будучай кнігі.
Як і ў кожнага ордэна, у іх былі і свае атрыбуты. Сімоне падрыхтаваў і ўрачыста ўручыў кожнаму члену ордэна, у тым ліку Антоніа, залатыя пярсцёнкі з гравіроўкай імя яго ўладальніка і сімвала ордэна: кнігі, апраўленай цярновым вянком. Атрымаўшы знак адрознення, кожны прамаўляў клятву вернасці агульнай справе. Па завяршэнні ўрачыстай часткі сходу ўсе шасцёра перайшлі да больш ці менш нязмушаных гутарак, што суправаджаліся паглынаннем сціплай трапезы і двух бутэлек віна. Чым бліжэй адчуваўся канчатак вечара, тым мацней нарастала ў кожнага з іх пачуццё трывогі. Нават віно не было здольнае расслабіць. Здавалася, выпі яны хоць па бутэльцы, ап’яненне так і не наступіла б.
Яны ўсклалі на сябе адказную місію. Хваляванне і страх няпэўнасці з кожнай секундай усё глыбей пускалі карані. Ніхто, нават іх усёведны настаўнік Мальябекі, не мог дакладна ведаць, што будзе там, у самым канцы, ніхто не мог сказаць, што будзе з кожным з іх праз два гады, год і нават месяц. Не было тут сэрца, у якім бы асцярога няўдалага зыходу не пусціла парасткі, але ніхто не адважваўся агучыць хвалюючыя пачуцці. Справа была не ў тым, што яны кагосьці баяліся, але хутчэй разумелі, што нават адно неасцярожнае слова здольнае разбурыць веру кожнага ў агульную місію, што зблізіла іх. Бо менавіта яна зрабіла іх не проста ордэнам, але сям’ёй. Разбурыць веру, хай і хісткую, значыла страціць сям’ю, сяброў, страціць гэтых людзей, што сталі адзін для аднаго самым дарагім у жыцці. У любым выпадку ім трэба было расстацца. Але гэта было найменшым з дзвюх бед. Бо пасля вяртання яны стануць яшчэ бліжэй. Толькі прадчуванне будучай сустрэчы здольна было іх крыху падбадзёрыць.
Больш за іншых трывога раздзірала Сімоне. Ён спрабаваў удзельнічаць у абмеркаваннях, паводзіць сябе нязмушана, але падоўгу, захоплены думкамі, нібыта застываў, гледзячы ў адну кропку. Магчыма, думаў ён, некаторыя не вернуцца, згінуўшы ў чужых краях. Некаторыя ж, расчараваўшыся альбо паддаўшыся спакусам, пакінуць ордэн. Зыход задуманага, як яму здавалася, цалкам ляжаў на яго плячах. Ён, можа, быў бы і рады адмовіцца ад задуманага прадпрыемства, але адступаць было ўжо занадта позна. Ніхто, вядома, яго не асудзіў бы. Члены ордэна хутчэй з удзячнасцю і палёгкай прынялі б яго рашэнне застацца дома, у Фларэнцыі. Але Сімоне нёс адказнасць перш за ўсё перад самім сабой, перад сваім рашэннем. Ён ведаў дакладна: зрабі ён так – больш не здолеў бы жыць у ладзе з самім сабой. Няўдалы вынік быў бы ў любым выпадку лепш, чым адмова пад ціскам уласнай няўпэўненасці і нерашучасці.
Гэтай ноччу ніхто не мог пахваліцца моцным сном. А Антоніа Мальябекі і зусім прасядзеў да раніцы, не заплюшчваючы вачэй. Ён не быў, як звычайна, паглынуты чытаннем або роздумамі пра кнігі, яго душу паглынулі настальгія і горыч у прадчуванні будучага расстання. Магчыма, яго вучні не хацелі заўважаць, што ён занадта стары для падобных задумак, але Антоніа быў упэўнены, што больш ніколі не ўбачыць сваіх хлопчыкаў. Таму ён трапятліва смакаваў апошнія імгненні, пакуль яны знаходзяцца побач з ім.
Зранку, калі яшчэ толькі пачынала днець, а цела ахутвала лёгкая прахалода, усе шасцёра выйшлі на двор. Ледзь стрымліваючы пачуцці, без лішніх слоў, развітаўшыся з Антоніа і адзін з адным, маладыя місіянеры разышліся кожны ў сваім кірунку. Сімоне, перамагаючы сябе, спрабаваў прайсці як мага далей. Слёзы набягалі аднекуль з глыбіні, захрасаючы камяком у горле. Ён пачаў бегчы з усёй моцы. Так і не здолеўшы стрымацца, Сімоне расплакаўся. Затым спыніўся каля дрэва, прысеў на траву і, ужо не спрабуючы сябе суняць, зарыдаў. Ён адчуваў, як надыходзіць палягчэнне. Пакрысе ён супакоiўся, абцёр рукавом слёзы. Цяпер яму стала лягчэй, і Сімоне перапоўніўся натхненнем. Толькі адпусціўшы ўсю горыч і страхі, ён быў гатовы кінуцца ў бой, нібы леў.
Яго браты па ордэне, магчыма, ужо хутка прымуцца за працу. Іх стратэгія палягала ў тым, каб, прасоўваючыся ўсё далей і далей, знаходзіць новыя веды на сваім шляху, а дасягнуўшы мяжы, вярнуцца дадому. Але было цалкам невядома, як далёка яны прасунуцца і колькі часу на гэта спатрэбіцца. У адрозненне ад іх, Сімоне планаваў адразу забрацца як мага далей. Ён хацеў перш дасягнуць апошняй магчымай кропкі падарожжа, толькі там ён прымецца за працу, і затым будзе рухацца ў напрамку Фларэнцыі. Так псіхалагічна здавалася прасцей, ён здолеў бы скласці план будучай працы, хоць бы прыкладна ўяўляючы часовыя рамкі, што было важна для натуры з такімі рацыянальнымі і ўладнымі рысамі. Акрамя таго, ведаючы, што ўжо вяртаешся дадому, рухацца было б нашмат прасцей, чым тады, калі знаходзішся ў няведанні, кожны дзень думаючы пра радзіму і не ўяўляючы, калі зможаш зноў пабачыць дарагія сэрцу мясціны.
Праз некалькі месяцаў Сімоне здолеў дабрацца да Іспаніі, адкуль збіраўся адплыць затым у Новую Іспанію. Да гэтага часу сціплыя сродкі, якія ён меў і якія Антоніа здолеў здабыць для іх ордэна, амаль скончыліся. Наяўнай сумы не хапала не толькі на далейшае падарожжа, але нават на тыднёвае пражыванне. Таму Сімоне прыняў рашэнне ненадоўга тут затрымацца і трохі падпрацаваць, каб назапасіць сродкі для далейшага шляху. Доўга шукаць настолькі адукаванаму і эрудзіраванаму чалавеку не давялося, але і заробак быў не вельмі высокі. Маладому чалавеку ўдалося ўладкавацца памочнікам у адну з кніжных крамаў Мадрыда.
Нягледзячы на сітуацыю, што склалася, Сімоне не губляў час марна, і ўжо ў Мадрыдзе ён узяўся за выкананне місіі. У вольны ад працы час працаваў у Каралеўскай бібліятэцы Эскарыола. Бывала, праседжваў па пятнаццаць гадзін, паглынаючы кнігу за кнігай, як у ранейшыя часы. Ён праводзіў бы тут і цэлыя суткі, калі б не клопаты аб хлебе надзённым.
Ужо за некалькі першых месяцаў Сімоне прачытаў і запомніў амаль усе кнігі і рукапісы бібліятэкі. Дзіўны малады чалавек не мог не звярнуць на сябе ўвагу. Чуткі пра яго неўзабаве дасягнулі каралеўскага духоўніка Пэдра Робіна. Аднойчы ён нават асабіста прыбыў у бібліятэку, каб паназіраць і пазнаёміцца з эрудытам, чыя персона спарадзіла за такі кароткі перыяд мноства загадак і падазрэнняў. Перад позіркам высокай асобы паўстаў маленькі скурчаны сілуэт, акружаны высокімі стосамі кніг. Малады чалавек хутка гартаў старонкі. Скончыўшы гартаць адну кнігу, ён адразу пераходзіў да наступнай. Пэдра падобнае гледзішча не захапіла, але толькі раззлавала: навошта яго адарвалі ад важных спраў, ці не для таго, каб палюбавацца на непісьменнага вар’ята, што апаганьвае каштоўныя фаліянты сваімі бязглуздымі дзеяннямі. Ён быў намерыўся аддаць загад выкінуць таго і больш не пускаць, але перш вырашыў прыстрашыць яго асабіста, такім велізарным было абурэнне каралеўскага духоўніка.
Але абурэнне адразу змяніла такое ж велізарнае здзіўленне, калі Сімоне спакойна, ні на момант не збянтэжыўшыся, прапанаваў на памяць працытаваць урывак з любой кнігі бібліятэкі. Пераадолеўшы секундную збянтэжанасць, Пэдра Робін накіраваўся да самай далёкай шафы, адкуль, падняўшыся на драбінкі, дастаў з апошняй паліцы кнігу ў зялёнай вокладцы. Затым, асцярожна спусціўшыся, ён назваў старонку і абзац. Яго голас рэхам раскаціўся па ўсёй зале. Пачакаўшы, пакуль стане ціха, Сімоне ў сваю чаргу, як і абяцаў, агучыў зададзены ўрывак, ні разу не запнуўшыся. Тады духоўнік узяўся за другую, потым трэцюю кнігу. Агаломшаны, ён бегаў з боку ў бок, ад адной шафы вялізнай залы бібліятэкі да другой, па чарзе выцягваючы кнігі. Праверка доўжылася амаль гадзіну, пакуль задыханы і стомлены ад летаніны Пэдра не прысеў побач. Нядоўга думаючы, ён прапанаваў маладому унікуму працу ў Каралеўскай бібліятэцы, план якой належыў яму і быў зацверджаны за два гады да гэтага каралём Філіпам IV. Сімоне таксама, доўга не разважаючы, адказаў згодай. Магчымасць паскорыць збор неабходных для далейшага падарожжа сродкаў без адрыву ад ажыццяўлення місіі па зборы і запамінанні ўсё новых ведаў была вельмі дарэчы. На наступны ж дзень Сімоне прыступіў да працы на новым месцы.
У Іспаніі ён планаваў затрымацца не больш чым на пару месяцаў, але прайшоў амаль год. За гэты час Сімоне прачытаў не толькі ўсе кнігі Каралеўскай бібліятэкі, але і ўсіх даступных прыватных збораў Іспаніі. Яго фінансавае становішча таксама кардынальна змянілася. Цяпер ён валодаў буйнымі грашовымі сродкамі, якіх, мабыць, хапіла б на некалькі гадоў падарожжаў па рэалізацыі місіі ордэна. Нягледзячы на гэта, Сімоне не спяшаўся адпраўляцца ў плаванне на іншы кантынент, знаходзячы ўсё новыя нагоды затрымацца. Так доўжылася некалькі гадоў, пакуль не мінула больш паловы адведзенага на місію тэрміну. Тады Сімоне вырашыў прабыць у Мадрыдзе яшчэ некалькі месяцаў і ўсё ж выправіцца ў плаванне. Пакідаючы Фларэнцыю, члены ордэна разумелі, што час, адведзены на місію, дастаткова ўмоўны і мог расцягвацца на некалькі гадоў. Таму спазніся Сімоне на два-тры гады пасля прызначанага тэрміну, нічога б істотна не змянілася. Магчыма, ён будзе нават не самым апошнім.
Прайшло паўгады, тры гады, дзесяць гадоў, але Сімоне, як і раней, працягваў працаваць у Каралеўскай бібліятэцы. Калі ён упершыню з’явіўся ў гэтым горадзе, то нават уявіць не мог, што сталіцу Іспаніі будзе так складана пакінуць. У самім Мадрыдзе не было нічога асаблівага. Яго хутчэй прываблівала новае палажэнне, якім ён не мог пахваліцца ў родным горадзе. Дома яму – выхадцу з беднай сям’і – даводзілася ўвесь час эканоміць, нават пасля таго, як Антоніа ўладкаваў яго працаваць у бібліятэку. На яго глядзелі не столькі з павагай, колькі са здзіўленнем, з якім глядзяць на дзіўнага заморскага звярка. Дома ў яго не было ні становішча ў грамадстве, ні грошай, ні славы, ні павагі. Тут жа Сімоне меў магчымасць ні ў чым сабе не адмаўляць, есці і піць, колькі і што пажадае, жыць у раскошных апартаментах. У Мадрыдзе ў яго з’явілася мноства прыяцеляў і знаёмых, якія адносяцца да яго са шчырай цікавасцю і павагай.
Але прызнацца сабе ў сапраўднай прычыне затрымкі ён не адважваўся, перабіраючы апраўданні адно за адным. Сімоне спрабаваў пераканаць сябе, што задума з ордэнам, як лічыў некалі Антоніа, пустая і дурная, што ні адзін з місіянераў, хутчэй за ўсё, так і не вернецца. Часам яго асільвалі сумневы і пачуццё віны: а што, калі яны ўсё ж вярнуліся, што, калі ён быў адзіным, хто падвёў ордэн. У любым выпадку, незалежна ад зыходу, яму не варта было здраджваць сябрам і старому настаўніку, ён мусіў быў вярнуцца ў прызначаны тэрмін. Чым хутчэй бег час, тым мацней яго асільвалі пакуты. Душэўныя пакуты апынуліся настолькі моцнымі, што Сімоне схіліўся да рашэння вярнуцца дадому, да сваіх бацькоў, якіх пакінуў у няведанні, сяброў і настаўніка, якія так і не дачакаліся яго.
Мінула шаснаццаць гадоў, як малады Сімоне пакінуў радзіму. Ён адчуваў сябе тут ужо чужым. Шмат што змянілася. Вялікіх намаганняў каштавала рашэнне вярнуцца, але яшчэ большых высілкаў патрабавала сустрэча з бацькамі, Антоніа і іншымі членамі ордэна. Па прыездзе ён арандаваў сціплыя, але годныя апартаменты. Хваляванне суправаджала яго бесперапынна, што б ён ні рабіў, куды б ні пайшоў. Таму, не зацягваючы надоўга, на заўтрашні дзень Сімоне выправіўся, каб паўстаць перад сваімі блізкімі. Магчыма, ён і не адважыўся, калі б ведаў, што яго чакае.
Перш, на яго абрынулася вестка пра смерць бацькоў. Бацька спачыў праз тры гады пасля таго, як Сімоне, нічога не паведаміўшы і не развітаўшыся з бацькамі, пакінуў Фларэнцыю. Маці да апошняга спадзявалася на вяртанне сына, але, так і не дачакаўшыся яго, памерла пяць гадоў таму назад. Затым высветлілася, што яго настаўнік Антоніа памёр усяго праз год пасля таго, як маладыя члены ордэна выправіліся ў падарожжа ў розныя канцы свету. Сімоне спрабаваў выведаць хоць што-небудзь аб вяртанні Рафаэля, Бенісіа, Умберта і Сільвіа, але ніхто з тых, каго ён распытваў, так нічога і не здолелў прыгадаць.
Засмучаны і паглыблены ва ўласныя думкі, ён доўга блукаў па горадзе непадалёк ад месца, дзе раней жыў Мальябекі. Сыходзячы ўсё далей ад дома настаўніка, Сімоне натрапіў на дрэва, пад якім плакаў шмат гадоў таму, пакідаючы радзіму, развітваючыся з усім, што было яму гэтак дорага. Перад вачыма пранесліся карціны ранейшага жыцця: знаёмства з Антоніа, праца ў бібліятэцы, апошні вечар з сябрамі. Успаміналася толькі лепшае, самыя цёплыя моманты. Ён зноў, як у тую раніцу, прысеў пад дрэвам. Саракагадовы мужчына плакаў наўзрыд як маленькі хлопчык. За ўсё жыццё ён плакаў тры-чатыры разы. Сімоне было горка і сорамна. Сорамна за здраду бацькам, за тое, што пакінуў іх ды збег, за тое, што так і не сказаў, як любіць іх, за тое, што ў апошні момант жыцця яны засталіся зусім адны. Сорамна за здраду не толькі сябрам, але і Антоніа. Ён ведаў, што ўжо ніколі не здолее загладзіць віну, таму адмовіўся ад задумы шукаць астатніх членаў неіснуючага ордэна. Яму было страшна ўявіць, што аднойчы лёс зноў звядзе яго з кім-небудзь з чатырох і яму давядзецца паглядзець сваёй здрадзе і ганьбе наўпрост у вочы.
Увесь астатні дзень ён правёў у апартаментах, нерухома седзячы за сталом. Сімоне, не адводзячы вачэй, глядзеў у акно. На вуліцы і ў пакоі станавілася цямней, але ён нават не запаліў камін, працягваючы глядзець у цемру. У поўным змроку ён прасядзеў да самай раніцы, пакуль першыя промні ранішняга сонца зноўку не асвятлілі пакой. Усё вакол знікла, усё адышло для яго ў нябыт, у той час як унутры адбываліся найглыбейшыя змены, пасля якіх ранейшаму Сімоне мелася памерці і адрадзіцца зноў, нібы Феніксу. З ім былым загінулі ранейшая цікавасць да жыцця, амбіцыі, азарт. Усю ягоную сутнасць паглынула суцэльная беспрасветная меланхолія.
Сімоне больш нічога не трымала ў гэтым горадзе, і ён прыняў рашэнне вярнуцца ў Іспанію. Перад ад’ездам яму хацелася ў апошні раз убачыць бібліятэку, кожную кнігу якой ён ведаў бадай на памяць. Усе кнігі сваёй багатай бібліятэкі – амаль пяцьдзясят тысяч кніг і рукапісаў – Антоніа завяшчаў гораду. Цяпер яны захоўваліся ў фларэнтыйскай Лаўрэнцыяне. Як і дваццаць сем гадоў таму, дрыготкія рукі перабіралі старонкі. Сімоне прынюхваўся да паху кніг, адчуваючы сябе трынаццацігадовым хлопчыкам. Унутры станавілася цёпла і лёгка.
На адной з паліц яго ўвагу прыцягнуў вялікі рукапіс у чорным пераплёце, якога раней не было ў доме Антоніа. Магчыма, ён набыў яго незадоўга перад смерцю. Тэкст быў напісаны лацінскімі літарамі, але не на латыні. Штосьці ў ім здавалася незвычайным, але Сімоне ніяк не мог зразумець, што менавіта. Ён хутка гартаў кнігу, спрабуючы зразумець хаця б слова. У некаторых месцах трапляліся ўрыўкі, напісаныя не толькі лацінскім пісьмом, але і нейкімі невядомымі яму значкамі. Толькі цяпер у яго паўстала здагадка, што ўрыўкі або закадаваныя, ці пісаліся з выкарыстаннем некалькіх моў. Няўжо Антоніа ўсё ж такі здолеў распрацаваць новую пісьменнасць? Але што гэта ў такім выпадку? Калі апісанне сістэмы пісьма, то чаму яно было такім аб’ёмным? Калі ў руках у яго была тая самая кніга, дзеля якой быў створаны ордэн, то чаму яго таварышы вярнуліся так рана, і чаму яна апынулася тут? Сімоне задаваўся дзясяткамі пытанняў, забыўшыся на некаторы час аб нядаўняй меланхоліі. Рукі мужчыны адолела дрыготка, быццам яны валодалі найвялікшай таямніцай на зямлі.
Наступную ноч Сімоне зноў не спаў, няспынна думаючы пра сваю знаходку. На наступны дзень ён цвёрда намерыўся займець дзівосны тэкст. У бібліятэцы, як і ўсюды, не абыходзілася без людзей, нячыстых на руку. Таму Сімоне было нескладана, падкупіўшы аднаго з наглядчыкаў, вынесці схаваны пад вопраткай рукапіс. У той жа дзень ён пакінуў Фларэнцыю назаўсёды і адправіўся ў Іспанію, на сваю новую радзіму. Кнігу, як гэта нярэдка робяць з каштоўнасцямі, Сімоне схаваў як мага глыбей сярод рэчаў. Зноў прыняцца за яе вывучэнне ён рызыкнуў толькі па прыездзе.
Сімоне закінуў працу ў бібліятэцы, марнуючы ўвесь час на спробы разгадаць рукапіс. Праходзілі дні і месяцы, а ён, з усёй сваёй эрудыцыяй і начытанасцю, так і не здолеў прасунуцца. Меланхолія, некалі заглушаная знаходкай, цяпер ізноў адраджалася, усё мацней паглынаючы Сімоне. Толькі віно было здольна трохі яго разварушыць, надаць смак новаму жыццю. Неўзабаве ён ужо піў на працягу амаль усяго дня. Перш цнатлівы і аскетычны бібліятэкар прыняўся, апоены віном, шукаць суцяшэнне ў картах і жанчынах.
Ён прачынаўся ўжо не на світанні, а бліжэй да поўдня, праводзячы яшчэ некаторы час у ложку, зрэдку прыпадымаючыся, каб запіць брыдкі прысмак выпітага напярэдадні. Затым Сімоне падымаўся, спусташаў бутэльку віна і адпраўляўся гуляць або наведваў адну са сваіх любімых блудніц. Часам і іх яму станавілася мала. У такія перыяды ён бадзяўся па самых бедных раёнах у пошуках бацькоў, гатовых за вялікую плату аддаць чужынцу сваю дачку на апаганьванне. Тыя ў сваю чаргу, знаходзячыся на мяжы існавання, нярэдка згаджаліся, хапаючыся за апошнюю магчымасць выжыць, і прыводзілі ўласных дачок у апартаменты Сімоне, дзе той сілай авалодваў як дзяўчатамі, так і дзяўчынкамі. Самай малодшай з яго ахвяр было каля васьмі гадоў, а самай старэйшай пятнаццаць.
У няспынных гулянках грошы, некалі заробленыя цяжкай працай у Каралеўскай бібліятэцы, раставалі, нібы снег у летні сонечны дзень. Калі сродкі ўсё ж скончыліся, а ўсе каштоўныя рэчы былі распрададзеныя, Сімоне навучыўся жыць пазыкамі. З некалі элегантнага і станістага маладога чалавека ён паціху ператварыўся ў нахабнага агіднага п’яніцу. Яго адзенне было пакрытае ліпкім брудам, ад строгай акуратнай прычоскі не засталося і следу, а смурод быў адзіным, што паўсюль суправаджала Сімоне. Нават прыяцелі, якіх ён цяпер толькі зрэдку сустракаў дзе-небудзь на вуліцы, не пазналі яго.
Аднойчы позна ўначы Сімоне быў заспеты каля дома адным з бацькоў яго чарговай маленькай ахвяры, з якім ён так і не здолеў разлічыцца. Не знайшоўшы чым пажывіцца, раз’юшаны мужчына перарэзаў Сімоне горла. Так нерамантычна і бясслаўна перапынілася жыццё некалі жыццярадаснага і амбітнага хлопчыка, які шмат гадоў таму пагрукаў у дзверы вялікага бібліятэкара, ды які апаганіў уласнаручна сваё жыццё. Астатнюю маёмасць, якая засталася, арэндадаўца апартаментаў Сімоне ўсё ж здолеў прадаць у кошт доўгу. Была прададзеная і загадкавая кніга з бібліятэкі Антоніа, якой было наканавана ў бліжэйшы час змяніць яшчэ мноства ўладальнікаў.
Перш яна трапіла ў рукі да кнігагандляра, якога звалі Хорхе, ён неўзабаве перапрадаў яе ідальга па імені Альварэс. Той прайграў яе свайму прыяцелю Джону – ангельцу па паходжанні, які падараваў кнігу сыну Герберту. Праз восем гадоў, падчас знаходжання Герберта ў англійскім горадзе Эксэтар, кнігу скраў зладзюжка, якога звалі Том. Ён, у сваю чаргу, прадаў яе калекцыянеру па імені Джордж. Калі ж надышлі цяжкія часы, Джордж заклаў кнігу Бенедыкту – знаёмаму сябра траюраднага брата жонкі Элізабэт, так і не здолеўшы выкупіць яе назад. Бенедыкт, у сваю чаргу, умудрыўся яе згубіць, праязджаючы праз горад Сан-Мало, дзе кнігу падабраў афіцэр Альфрэд.
Менш чым за дзвесце гадоў кніга змяніла больш за дваццаць уладальнікаў, пабываўшы ў мностве еўрапейскіх гарадоў. У адны часы яна доўга ляжала на паліцах з іншымі кнігамі, забытая ўладальнікам, нібы дзіця, няздольнае дамагчыся бацькоўскай увагі і любові. Бывалі і такія ўладальнікі, што пяшчотна перакладалі яе старонкі з дня ў дзень, спрабуючы хаця б наблізіцца да таямніцы рукапіса. Для адных яна не адрознівалася ад хламу, для іншых жа служыла рэліквіяй. Толькі некаторыя здзяйснялі нясмелыя спробы разгадаць, што на самой справе было схавана пад вокладкай, але ўсе як адзін цярпелі паразу за паразай. Пасля доўгіх падарожжаў кніга трапіла да швейцарскага гандляра, у якога яе выкупіў і прывёз у Нясвіж Антоній Альбрэхт з роду Радзівілаў.
Уплывовы палітык і дыпламат, прадстаўнік аднаго з найвялікшых беларускіх родаў, ён наведваў у 1918 годзе еўрапейскія дзяржавы, у тым ліку і Швейцарыю, для забеспячэння дыпламатычнай падтрымкі нядаўна створанай Беларускай Народнай Рэспублікі. Новы набытак мусіў заняць годнае месца ў Нясвіжскай бібліятэцы. У момант пакупкі Антоній Альбрэхт не мог ацаніць каштоўнасці кнігі, не ведаў яе паходжанне і ўзрост, але ўсё ж выклаў за яе вялікую суму. Варта было ўзяць рукапіс у рукі, як Антоній адчуваў цеплыню, што разлівалася па целе, нішто вакол у гэтыя імгненні не было здольна парушыць яго спакой і прымірэнне. Нешта таямнічае і зачаравальнае суправаджала знаходку Антонія Альбрэхта.
Пасля яго смерці ў 1935 годзе вялікую спадчыну перадапошняга ардыната Нясвіжа ўспадкаваў малодшы брат Леон Радзівіл, які і стаў новым уладальнікам кнігі. Ён славіўся лагоднасцю і адкрытасцю. Як і многія прадстаўнікі свайго роду, ён не толькі цікавіўся, але і займаўся мастацтвам. Мабыць, варта адзначыць, што па дзіўным збегу абставінаў рукапіс, знойдзены ў Швейцарыі, усё яшчэ не быў занесены ў бібліятэчныя каталогі Нясвіжскага палаца. Пра існаванне кнігі Леон даведаўся ад аднаго служачага, што працаваў у брата. Той не толькі займаўся працай у бібліятэцы Радзівілаў, але быў таксама кімсьці накшталт захавальніка кнігі. Пры жыцці Антонія Альбрэхта пра яе ведалі толькі яны двое. Леона падобныя акалічнасці здзівілі, і ён вырашыў падысці да вывучэння старажытнага рукапісу як мага больш грунтоўна, перш чым уносіць яго ў каталогі. З гэтай мэтай ён нават звязаўся з некаторымі еўрапейскімі даследчыкамі. Але і ў Леона рукапіс затрымаўся ненадоўга – усяго толькі на чатыры гады. Даследаванню так і не наканавана было адбыцца. Пасля пачатку Другой сусветнай вайны, 17 верасня 1939 года Нясвіж быў заняты салдатамі Чырвонай арміі. Леон быў арыштаваны, і яго з сям’ёй вывезлі ў Маскву, а палац, што некалі быў адным з самых багатых і пышных у Еўропе, чарговы раз за ягоную гісторыю падверглі варварскаму рабаванню.
На кароткі час кніга трапіла ў рукі камкора Чырвонай арміі Аляксандра Міхайлавіча, які падараваў яе ў знак удзячнасці маскоўскаму навукоўцу Віктару Сямёнавічу, пад чыім кіраўніцтвам працаваў ягоны сын Юрый. Неўзабаве камкор быў прызнаны ворагам народа і расстраляны. Аляксандр стаў адным з многіх, хто памёр у хуткім часе пасля таго, як стаў уладальнікам старажытнай кнігі, таямніцу якой так ніхто яшчэ і не здолеў разгадаць. Ці была ў гэтым нейкая містыка або проста выпадковасць – вызначыць дакладна немагчыма.