Читать книгу Вершы - Кляшторны Тодар - Страница 1

Тодар Кляшторны
ВЕРШЫ

Оглавление

«Белыя паляны, белыя гаі…»

Белыя паляны, белыя гаі…

Пчолы ледзяныя кружацца ў галлі,

Кружацца раямі, сыплюцца на дол,

Апушылі хвоек срэбраны прыпол.

А з-за лесу-гаю скача па лугах

Хтосьці незнаёмы ў ледзяных санях.

З сіняватых даляў, з сіняватай цьмы

Хтосьці напявае залатыя сны.

Хай галосяць ветры ў цемені начной,

Сядзем, дарагая, пасядзім з табой.

Раскажы мне шчыра, праўду раскажы, —

Хто ў чароўных вочах зоры патушыў?!

Хто замёў снягамі у душы вясну?

Сэрца хто параніў – вымеў цеплыню?!

Хто распяў з каханнем сэрца на крыжы,

Раскажы мне праўду, любая, скажы?!

І маўчаць пацёмкі… любая маўчыць....

Ледзянеюць словы, і душа баліць…

Белыя паляны, белыя гаі,

Пчолы ледзяныя кружацца ў галлі.

І мярцвеюць змрокі між сівых завей,

Прытуліся бліжай, сэрца абагрэй…


[1926]

Восень

I

Слаўны вечар… Пагода ліпнёвая,

А у садзе красуецца верасень…

Колькі яблыкаў восень ружовая,

Залацістая восень развесіла.



II

Блудзяць хмаркі – вандроўнікі дальнія,

Месяц косіць абмежкі ліловыя,

Загарэлі затоны крыштальныя,

Засмуцілася сінь вераснёвая.



III

Плачуць гусі – асеннія здраднікі,

Плачуць гусі, як сэрца дзяўчыны…

Заглядзеліся ў даль канаплянікі

Над бялявым вянком павучыння.



IV

Эх вы, сцежкі, – дарожанькі вузкія,

Эх ты, просінь, тыняная просінь…

Хоць прыгожа вясна беларуская, —

Прыгажэй беларуская восень.



V

Як прыгожы сады вераснёвыя…

Закахаўся я ў казачны верасень…

Колькі яблыкаў восень ружовая,

Беларуская восень развесіла.


[1928]

«Завечарылася бярозавая просінь…»

Завечарылася бярозавая просінь,

У далях вечар дым пераліваў.

А Млечны Шлях

На сіняватых плёсах

Заранкамі дарогу вышываў.

Мне марыцца:

Нібыта той дарогай

З адвечнасці вярнуліся гады…

Я не паэт,

А хлопчык басаногі, —

За рубяжамі свет і гарады.

Нібы з туманаў выплыла паданне

Пра гэта возера,

Як сведку дзіва-дзей;

Я ўспамінаю першае каханне

І першы хмель разбураных надзей.

З тае пары я шмат перамяніўся

(Цвітуць да часу ў жыце васількі),

О вечар, вечар,

Што завечарыўся,

Куды сплылі ружовыя вянкі?!


[1927]

«Задыміўся імжою сыр-бор…»

Задыміўся імжою сыр-бор,

Дробны дожджык – туман заімжыўся…

Мне прысніўся квяцісты прастор,

Мне наш край беларускі прысніўся.

Бачу сон:

Дзе у цемры вякоў

Смуткавалі рачныя затоны,

Зняты палкія душы з крыжоў,

І няма ні жальбы, ні праклёнаў.

І вось тут прыдняпроўскую Русь

Прадавала панам Кацярына,

Прамяняў селянін-беларус

Сашнікі і саху на машыну.

У вячэрнюю цемру і стынь

Не палае лучына у хаце,

Прамяняў беларус-селянін

Сінявую страху на палацы.

І пад новай жалезнай страхой,

Дзе спляліся світальныя цені,

Нарадзіўся Шэкспір і Талстой,

Заспяваў беларускі Ясенін…

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Мы ідзём не плятні апяваць,

Мы складаем паэмы машынам…

О краіна – азёрная гладзь,

О мая дарагая краіна…


1927

Зазімак

Мёрзлы месяц з-за гор васількамі

Перасыпаў азёрную сінь.

Стыне ўсё…

Ледзянымі сярпамі

Выйшла восень рабіну касіць.

Тоўпы зор снегавым пералівам

Разматалі ў палях павады.

Быццам коні з намыленай грывай,

У пацёмках застылі сады.

Хтосьці там, у шырокім прыволлі,

Дзе узмежкі гараць серабром,

Заспяваў пра шырокае поле,

Засвістаў ледзяным салаўём…

Эх, як рвецца душа у прасторы,

Штосьці хочацца вечна кахаць

І дзіцячае радасці зоры

Ў ледзяных перазвонах збіраць.

Мёрзлы месяц з-за гор васількамі

Перасыпаў азёрную сінь.

Стыне ўсё…

Ледзянымі сярпамі

Выйшла восень рабіну касіць.


[1927]

«За кроснамі часу не прыкмеціш…»

За кроснамі часу не прыкмеціш,

Дзень прабег так хутка, хоць не вер…

Што-та робіцца цяпер на свеце,

Што на свеце робіцца цяпер?

Вечар гасіць сонечныя плёсы.

Усплываюць зоры ў сіняве.

Нудна звон надломлены галосіць

У заседжанай варонамі царкве.

А у клубе чуюцца цымбалы, —

Многа чутак, радасці, надзей…

Дзень папоўз за сонныя абвалы,

Лёг туман на дрэмлючай вадзе…

У душы дзяўчыны парыванні

Сэрца паляць радасцю надзей.

Нат пастылае зблудзілася ў тумане,

Нат нялюбае зрабілася мілей.

Смуту дзён кудысьці ветры гоняць,

Гоняць марныя нязбыўчывыя сны…

Сёння ўсё на свеце камсамоліць

Ціхаструнным водгуллем вясны.

І цяпер,

Калі ў нябесных плёсах

Усплываюць зоры ў сіняве,

Нудна звон надломлены галосіць

У заседжанай варонамі царкве.

Стары поп гнусавіць ад сівухі

За прагорклы ладанам прастол…

Дзве ці тры бяздомныя старухі

Галавой схіляліся на дол.

За амбонам свечкі дагараюць.

На мурах, як лапы мерцвякоў,

Пахавальнай дрожжу паміраюць

Светацені пройдзеных вякоў.

А у клубе чуюцца цымбалы, —

Многа чутак, радасці, надзей…

Дзень папоўз за сонныя абвалы,

Лёг туман на дрэмлючай вадзе.

Што-та робіцца цяпер на свеце, —

Што на свеце робіцца цяпер…

За кроснамі часу не прыкмеціш,

Дзень прабег так хутка, хоць не вер…


1927

«Зацвілі сярэбраныя росы…»

Зацвілі сярэбраныя росы

У кілішках выцвілых лістоў,

Запалілі зоры папяросы

Над буланай грывай туманоў.

Залатой мякінай лістападу

Сыпле клён над скронямі акон,

А ў галлі абветранага саду

Месяц сплёў паўтысячы карон.

Ледзянее ў шэрані рабіна

Па адцвіўшай сонечнай вясне.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Уміраюць палкія гадзіны,

І зямля бялее пакрысе.


Вершы

Подняться наверх