Читать книгу Дараванне - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 3

Алена Брава

Оглавление

НЕМАГЧЫМА КАРЫСТАЦЦА ЧУЖОЙ ПАМЯЦЦЮ!

У беларусаў была і застаецца выдатная літаратура пра Вялікую Айчынную вайну. Але гэта ў большай ступені літаратура франтавікоў, партызан (Васіль Быкаў, Іван Шамякін, Іван Навуменка, Тарас Хадкевіч, Алесь Савіцкі, Алесь Адамовіч, Янка Брыль), а яшчэ – дзяцей вайны (Іван Чыгрынаў, Барыс Сачанка, Мікалай Чаргінец). А што датычыць маладзейшых пісьменнікаў, якія адважыліся напісаць пра Вялікую Айчынную вайну ўжо ў XXІ стагоддзі, – іх не так і многа. Сярод іх – Алена Брава з аповесцю «Дараванне».

Упершыню аповесць была апублікавана ў часопісе «Маладосць» у 2011 годзе. Пераклад на рускую мову, які выйшаў у часопісе «Сибирские огни», трапіў у доўгі спіс агульнарасійскай літаратурнай прэміі «Ясная поляна» за 2011 год. А ў 2013 годзе ў выдавецкім доме «Звязда» пабачыла свет кніга на трох мовах (беларускай, рускай і нямецкай) тыражом 1418 экзэмпляраў (столькі дзён доўжылася Вялікая Айчынная вайна).

У аповесці даследуецца феномен памяці – гістарычнай, асабістай. У анатацыі да аднаго з выданняў «Даравання» гаворыцца наступнае: «Старажытнагрэчаскае слова “алетэйя” (“ісціна”) літаральна азначае “адсутнасць забыцця”. Страціўшы памяць, непазбежна губляеш ісціну». Сярод звычайных людзей: Ральфа, Лады, Светы, – якія думаюць пра што заўгодна, толькі не пра мінулую вайну, парадаксальным чынам толькі хворы Ганс застаецца чалавекам, якому ўласціва «ісціна як адсутнасць забыцця». У сваёй свядомасці ён упарта намагаецца выправіць падзеі 1944 года і адпомсціць за смерць беларускай дзяўчыны Зосі, якую не здолеў тады ўратаваць. Праз 70 гадоў пасля тых падзей у Ганса з’яўляецца сядзелка з Беларусі, і стары яшчэ глыбей занураецца ў мінулае. Блукаючы разам з Гансам па шляхах яго балючых успамінаў, Ларыса перажывае трагедыю спаленай фашыстамі вёскі і сваёй сям’і. Вакол віруе звычайнае жыццё, а Ганс і Ларыса штодня як бы пражываюць мінулае ва ўсёй яго трагічнай незавершанасці. Пытанні, якія ўвесь час задае сабе Ларыса: «Чаму калектыўны вопыт катастроф нічому не вучыць новыя пакаленні? Чаму немагчыма пакарыстацца чужой памяццю? Што гэта ўвогуле такое – чалавечая памяць: набор асабістых вопытаў ці штосьці большае?» Аповесць ставіць і іншыя пытанні. А яшчэ гэта твор пра каханне, мацнейшае за смерць, пра старасць, пра суперажыванне.

Алена Валер’еўна Брава – не толькі празаік, але і паэт. Нарадзілася ў 1966 годзе ў Барысаве, на Міншчыне. У 1989 годзе скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Жыла разам з мужам і дачкою на Кубе. Вярнуўшыся ў Беларусь, доўгі час працавала ў журналістыцы. Зараз – намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Алеся». Дэбютавала ў літаратуры зборнікам вершаў, потым звярнулася да прозы. Шырокі чытач фактычна адкрыў аўтара па аповесці «Каменданцкі час для ластавак». Яе апавяданні, аповесці, раманы публікаваліся ў беларускіх часопісах «Маладосць», «Полымя», «Нёман», а таксама ў расійскіх выданнях – «Сибирские огни», «Новый Берег» і інш., у шматлікіх анталогіях. Алена Брава – аўтар пяці кніг прозы, лаўрэат шэрагу літаратурных прэмій. Крытыкі адзначаюць нязменныя якасці прозы пісьменніцы – эмацыйную шчырасць, паэтызаванасць стылю, псіхалагізм, увагу да сімвалічнага і метафарычнага асэнсавання рэальнасці.

Дараванне

Подняться наверх