Читать книгу Мінск назаўжды (зборнік) - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 6

Адам Глобус

Оглавление

Асмалоўскія казкі

Піва, віно, гарэлка…

Калі тваё хлапчуковае дзяцінства прайшло ў двухпавярховым раёне мінскай Асмалоўкі, калі ты скончыў сярэднюю школу, адслужыў у войску і вярнуўся ў бацькоўскую кватэру, ніхто не здзівіцца твайму працаўладкаванню на піўзавод. Так тры таварышы Віця Грыб, Шура Шрот і Вадзік Перацяцька і апынуліся на заводзе, дзе сталі грузчыкамі. Грузілі, кралі, выпівалі. Грыб піў гарэлку, якую выменьваў у рабочых з завода «Крышталь». За два літры піва давалі паўлітроўку гарэлкі. Шрот піў віно. Рабочыя з вінзавода за літр піва выносілі паўлітровую бутэльку мацаванага віна. Перацяцька не займаўся абменамі, жлукціў крадзенае піва.

Самым слабым быў Віця Грыб. Ён хутка спіўся і ад гарэлкі памёр. Смерць таварыша так напалохала Шуру і Вадзіка, што яны дамовіліся кінуць піць. Каб спакусы выпіць было меней, мужчыны нават звольніліся з піўзавода і паўладкоўваліся грузчыкамі ў гастраном, які народ называе «Пад шпілем». Там сябры працавалі ажно да пенсіі. Яны расказвалі, што раз ці два на год да іх у краму заходзіў нябожчык Віця Грыб і прапаноўваў разам выпіць выменянай на «Крышталі» гарэлкі. Шура і Вадзік спужаліся толькі першы раз, а потым вельмі спакойна сустракалі прывід і тактоўна адмаўляліся ад яго прапаноў…

Даўно няма ў Асмалоўцы ні Шуры Шрота, ні Вадзіка Перацяцькі, а цень Віці Грыба ўсё яшчэ з’яўляецца на вузенькіх сцежках каля жаўтасценных двухпавярховых дамкоў і ўсё яшчэ прапаноўвае прахожым выпіць разам з ім бутэльку выменянай за піва гарэлкі.

Лес, папараць-кветка, золата

Жыла ў Асмалоўцы доўгі час бяздзетная пара – Яўген і Рыта Дзічкі. Гадоў дзесяць пражылі, пакуль не нарадзілася ў іх дачка. Назвалі Златай. Звычайная сям’я, звычайнае дзіцятка ў звычайным горадзе… Пра што далей казаць? Пра дзівоснае.

Кожны год на Купалле Рыта і Яўген ездзілі ў лес, каб у зарасніку папараці знайсці чароўную кветку. Той, хто трымае ў руцэ папараць-кветку, бачыць месцы, дзе ў зямлю пазакопвана золата! Пасля нараджэння дачкі Яўген адзін паехаў шукаць папараць-кветку. Шукаў, блукаў і знайшоў. Загарнуў яе ў чырвоную хустачку і прывёз у Асмалоўку.

Зайшоў у кватэру. У дзвярах яго сустрэла жонка. Мужчына перадаў ёй знаходку і пайшоў прымаць душ. Ён страшэнна стаміўся ад начной вандроўкі. Думаў: памыецца, пап’е гарачай гарбаты з малінавым варэннем і разам з Рытай палюбуецца кветкай. Выйшаў мужчына з ванны, а ў кватэры ціха-ціха і зусім цёмна. Пайшоў у спальню. Дачка спіць і жонка спіць. Пабудзіў Яўген сваю Рыту, а тая і ведаць нічога не ведае пра дзівосную кветку. Чорт даў Яўгену пагуляцца з папараць-кветкай, а потым ператварыўся ў жонку і забраў забаўку.

Так усе ў Асмалоўцы думалі і казалі: «Чорт даў – і забраў чорт». Я не спрачаюся. Ёсць у сям’і Дзічак дзяўчынка, гэта не горш за падземныя скарбы з золатам. Нават лепш за іх. Цяпер Купалле Дзічкі святкуюць толькі ў горадзе, у лес па кветку не ездзяць, гадуюць Злату.

Вулічнік, бутэлька, Хатнік

У кожнай мясціне свае адметныя здані, духі і пачвары. Ёсць і ў Асмалоўцы цікавыя постаці, што прыходзяць у наш свет са свету іншага. Адну такую пачвару асмалоўцы клічуць Вулічнік. Ён носіць доўгі, ніжэй за калена, плашчык, на галаве ў яго шэры капялюш. На твары – нос-бульбіна і песняроўскія сіваватыя вусы. Вочы ў Вулічніка – чысцюткі блакіт і круглыя, як у Мулявіна. Сустрэнеш такога і падумаеш: пэўна, гэта артыст з опернага тэатра, балазе тэатр той побач стаіць. Лепей Вулічніка не сустракаць, бо зловіць твой позірк на сабе, зазірне ў вочы, падыдзе і прапануе разам выпіць. Вулічнік выцягне з рукава пляшку з гарэлкай і скажа, што трэба прайсці два крокі, там у яго ўтульная кватэрка, у якой можна будзе спакойна пасядзець, выпіць і пагаварыць пра жыццё-быццё. Па дарозе да кватэркі Вулічнік звычайна расказвае будучаму сабутэльніку смешныя показкі. Чалавек ідзе і ідзе за Вулічнікам, ідзе і не заўважае, што прайшоў не два крокі, а чорт ведае колькі. Можна так цэлую ноч прабадзяцца па горадзе. Адно добра, што показак наслухаешся і насмяешся на тры гады наперад.

Толік Бараноўскі з трыццатага дома прахадзіў за Вулічнікам ажно пяць гадзін. Алесь Лосік з дваццаць восьмага толькі а шостай раніцы дамоў вярнуўся, а Вулічніка ён сустрэў а восьмай вечара, калі з крамы «Суседзі» выходзіў. Васілю Казловічу з трыццаць другога пашанцавала, бо каля вайсковага вучылішча іх спыніў Хатнік. Ён прагнаў Вулічніка і завёў п’янага Казловіча дамоў. Трэба сказаць, што ўсе мужчыны былі на моцным падпітку. Да цвярозых людзей Вулічнік не чапляецца. Каб ён вадзіў па Мінску жанчыну ці падлетка, пра такое ў Асмалоўцы ніхто не казаў. Вулічнік гуляе выключна ў мужчынскія гульні, мусіць, ён яшчэ не чуў пра гендарны баланс. Але гэты пачуе: такія пачвары маюць добры слых і хутка прыстасоўваюцца да новых варункаў у новым часе. І яшчэ… Пазнаць Вулічніка прасцей простага, бо ў яго на руках не па пяць пальцаў, як у людзей, а па тры.

Аловак, майстэрня, возера…

Кастусь Шаранговіч маляваць не любіў, але мастаком стаў. Трэба сказаць, што ў мастакі Кастусь пайшоў невыпадкова. Старэйшы брат хадзіў у мастаках, бацькі ўгаворвалі ісці за старэйшым братам, і самае галоўнае – вадзяны чорт падараваў хлопцу чароўны аловак.

Здарылася тое на беразе Свіслачы. Кастусь сядзеў у парку каля самай вады і старанна маляваў. Рэчку і старыя вербы над вадою. Маляваў, бо старэйшы брат загадаў. Свіслач плыла павольна, над плынню ціха пагойдваліся тонкія срэбралістыя галінкі. Хлопца пацягнула на сон. Ён заплюшчыў вочы і схіліў галаву. Аловак выслізнуў з вялых пальцаў і боўтнуўся ў ваду. Гэта быў дарагі цяжкі металічны аловак з устаўным стрыжнем, таму ён імгненна пайшоў на дно. Кастусь пачуў, як боўтнуўся аловак, і прахапіўся. Каб Шаранговіч сядзеў над плыткім месцам, ён мог бы палезці ў Свіслач і пашукаць згубленую рэч, але таго разу Кастусь выбраў месца над глыбокай ямінай. Знайсці аловак шанцаў не было.

Хлопец ужо збіраўся пайсці дахаты, калі вада ў рачной яміне закалыхалася і з яе ўзняўся зялёнабароды Вадзянік. Ён паказаў Кастусю залаты аловак і запытаў: «Твой?» Шаранговічу страшэнна спадабаўся вялікі важкі залаты аловак з устаўным стрыжнем. Ён ледзь не сказаў, што гэта ягоны аловак, але стрымаўся і не схлусіў. Вадзяны чорт схаваўся ў Свіслачы, але праз імгненне ўсплыў і працягнуў Кастусю яго звычайны аловак: «Трымай свой аловак. А за тое, што не хлусіў, я падарую табе залатую рэч. Усё, што ты намалюеш залатым алоўкам, будзе ацэньвацца на выдатна і выдатна прадавацца…»

Так і адбылося. Усё, што Кастусь Шаранговіч маляваў залатым алоўкам, падораным Вадзяніком, выдатна прадавалася і ацэньвалася на выдатна. Добра, што хлопец быў нясквапным чалавекам, маляваў і прадаваў роўна столькі, каб хапала на сціплае жыццё. Кастусь рабіў малюнкі да дзіцячых кніжак і за такім заняткам дажыў да пяцідзесяці гадоў. У пяцьдзясят дактары знайшлі ў Шаранговіча рак. Гэтую кепскую навіну Кастусь панёс на бераг Свіслачы. Там ён сеў над глыбокай ямінай і расказаў пра сваю хваробу рачной вадзе. З-пад вады ўзняўся доўгабароды чорт і папрасіў Кастуся вярнуць залаты аловак. Шаранговіч вярнуў Вадзяніку яго аловак і пайшоў у майстэрню, дзе ўсё акуратна ўпарадкаваў і прыбраў. З прыбранай майстэрні мастак Шаранговіч патэлефанаваў усім сябрам і знаёмым, каб развітацца. Казаў, што з’язджае з мінскай Асмалоўкі, едзе жыць на возера Балатон. Але на Балатон Кастусь не паехаў. Ён паехаў на возера Нарач, дзе ў цішыні і спакоі пражыў свой апошні год.

Мурашкі, мышы, змеі…

Пасярод Асмалоўкі стаіць дзіцячы садок. Шэры цагляны будынак не вельмі добра ўпісваецца ў пасляваенны стыль гэтага раёна. Не ўпісваецца, бо збудавалі садок значна пазней. А раней на яго месцы стаяў прыватны дамок Расціслава Кіпцюра-Лусты. Гад быў несусветны той стары Расціслаў. Каб Кіпцюр-Луста быў звычайным гадам, дык мужчыны не палілі б яго складзены з сасновых бярвенняў крываваты дамок. Расціслаў меў вялікія схільнасці да чорнага вядзьмарства. Ён чараваў і ліхадзейнічаў.

Пачалося з таго, што вядзьмак нагнаў у Асмалоўку процьму дробных рудых мурашак. Яны панабіваліся ў цукар, у печыва, у цукеркі. Мурашкі папсавалі ўсё салодкае. Людзям давялося павыкідаць не толькі печыва ды цукар, нават слоікі з варэннем давялося павывозіць на сметнік. За мурашкамі ў Асмалоўку прыйшлі мышы. Яны згрызлі і папсавалі тое, што мурашкі абыходзілі. Мышы грызлі сала і мяса, макароны і крупы, кардон і паперу. Двойчы ў Асмалоўку наведваліся брыгады з санэпідэмстанцыі. Мужчыны ў зялёных камбінезонах залівалі Асмалоўку атрутай. Першы раз супраць мурашак, другі – супраць мышэй. Атрута дапамагла. Мурашкі і мышы пазнікалі. Шкоды яны нарабілі шмат, але ў Асмалоўцы іх павыводзілі.

Цяжэй за ўсё было са змеямі. Гадзюкі пачалі з’яўляцца ў самых неверагодных месцах… У ложку, пад прасцінамі. У каструлях. У кішэнях кажухоў і палітонаў. Людзі палохаліся да страты прытомнасці. Жудасць ахапіла ўсіх жыхароў Асмалоўкі. Усіх, акрамя ведзьмака Расціслава Кіпцюра-Лусты. Гад радаваўся. Хадзіў па Мінску падвяселены самагонам і выхваляўся, што трымае ў страху ўвесь свой раён.

Асмалоўскія мужчыны пачулі выхвалянні ведзьмака. Уночы на таемным сходзе мужчыны вырашылі спаліць жыўцом Кіпцюра-Лусту. Яны падпёрлі дзверы яго дома бервяном, каб вядзьмак не змог уцячы. Аблілі сцены газаю і падпалілі. На вокнах у дамку былі жалезныя краты. Так што вядзьмак мусіў загінуць у полымі. Павінен быў, але не загінуў, бо ператварыўся ў вялізнага гругана. Калі ахоплены агнём дах праваліўся, людзі пабачылі, як у слупе дыму падымаецца ў неба вялікі птах. Ён зрабіў кола над Асмалоўкай і паляцеў у бок плошчы Перамогі… Недзе праз год на папялішчы збудаваўся самы звычайны мінскі дзіцячы садок.

Мінск назаўжды (зборнік)

Подняться наверх