Читать книгу Трэцяе пакаленне - Кузьма Чорны - Страница 5
Частка першая
IV
ОглавлениеВыдалася такая шчаслівая часіна! Ён першы раз у сваім дзіцячым жыцці адчуў, што значыць у моманты вялікіх трывог і ўтрапенняў быць не аднаму, а з другам!
Скуратовіча ў той дзень дома не было: апошнімі днямі ён нават часам і не начаваў дома. Міхалка і не стараўся дазнацца, дзе бывае яго гаспадар. Яму пра гэта не думалася. Ён быў адзеты і накормлены, можа, якога з паўгода, і сям’я яго магла быць не галодная. Так што гэты клопат адпаў. Астаўся смутак па бацьку і вельмі выразныя карціны ранейшых бацькавых сустрэч з Скуратовічам. У такіх выпадках яны заўсёды хітрылі адзін перад адным, і Міхалка заўважыў, што бацька гатоў быў пайсці на самую апошнюю сваю прыніжанасць, абы накарміць сваіх дзяцей. 3 такой прыніжанасцю бацька і памёр.
Раніца была туманная. Сонца ўзыходзіла ціха, туман разыходзіўся паволі. Жоўты лісток упаў уначы з клёна і ляжаў на вытаптанай траве. Міхалка ўстаў позна, ніхто яго не турбаваў.
Ён стаяў каля кляноў і глядзеў на кляновы лісток – блізка восень! I туман стаіць доўга!
Ён ляснуў пугай і выгнаў каровы. На дарожцы пры лесе стаяў Скуратовіч з сякерай у руках. Ён пачакаў, пакуль наблізіцца з каровамі Міхалка.
– Нешта мы з табой заспалі сёння, – сказаў Скуратовіч. – Мусіць, нездароў я, што праспаў пару. Думаў устаць зацямна, жэрдак на плот спусціць некалькі. Аж ужо і сонца ўзышло. Раздумаўся. Вярнуся хіба дадому, a то яшчэ ляснік убачыць.
«Ты ж не начаваў дома, толькі дадому варочаешся, – думаў Міхалка. – Хлусі сабе колькі хочаш, што мне да таго».
Скуратовіч павалокся дадому, Міхалка астаўся адзін. Ён сеў на мяжы і сядзеў так доўга, нікуды не гледзячы. Ён устрапянуўся тады, калі ўбачыў перад сабою Зосю. 3 першага ж моманту яго ахапіла радасць. Ён аж кінуўся ёй насустрач:
– Як ты мяне знайшла тут адразу? (Як быццам бы толькі яго аднаго магла шукаць Зося!)
– Я ведаю, што ты павінен быць ужо тут з каровамі.
Туман быў яшчэ густы, і крокаў за дваццаць мала што відаць было.
– Я і прыйшла к табе, – адразу загаварыла Зося.
– Мне вельмі нудна тут аднаму ў гэты час.
– Я ведаю.
– Як жа ты ведаеш?
– У цябе ж бацька памёр… А майго бацьку і брата забілі бандыты.
– Ну, я ведаю. Я рад, што ты прыйшла.
– Рад? To ты павінен гаварыць мне праўду. Табе цяпер у Скуратовіча добра?
– Лепш як было. Адно, што па бацьку нуджу.
– А за што табе Скуратовіч дае ўсяго? Мусіць, ты нешта ведаеш пра яго і маўчыш?
– Адкуль ты ведаеш, што ён мне дае ўсяго?
– Усе гавораць, што ў вашых цяпер і сала ёсць і хлеба. Бачылі суседзі, як Скуратовіч раз увечары на ваш двор быў уз’ехаў, а пасля з воза мех у сенцы цягнуў. А ты памятаеш, як ты казаў мне тады, раней, што калі Скуратовіч дасць табе жыта, то ты і не скажаш нікому, дзе збожжа ў яго закопана.
– Тое ж збожжа былі знайшлі, ты ж сказала.
– А цяпер, мусіць, пра нешта яшчэ ведаеш і маўчыш?
Міхалка збялеў і анямеў. Губы яго дрыжалі. I не таму ён так збянтэжыўся, што ўсвядомліваў сабе, у якую страшную справу ён уцягнён Скуратовічам. Ён яшчэ гэтага не мог ацаніць. Ён проста ў гэты момант быў падлоўлен Зосяй у хлусні, у патаемнай змове са Скуратовічам. Памаўчаўшы, ён пачаў гаварыць:
– Я ведаю пра Скуратовіча. Ты думаеш, што быў пажар, то гэта ўжо і ўсё ў яго згарэла? Ён, можа, больш як палавіну ўсяго з поля склаў у лесніка Сцепуржынскага.
Зося раптам змоўкла і пачала думаць. Міхалка нават заўважыў, што яна як бы нечага ўзрадавалася. От яна кінулася да яго і пачала трэсці яго за плечы.
– To, значыцца, ты падумай добра, Міхалка, Скуратовічу пажар гэты не страшны?
– Ну, ён багаты, ён можа нават забудавацца, і палавіна ўраджаю ў Сцепуржынскага зложана.
– To, можа, гэта ён сам спаліў?
– Сам? Свае? Хто гэтак робіць?
– А каб развёрсткі не даваць.
– Дык хіба не ўсё адно яму, – ці аддаць на развёрстку, ці ў агні згарыць? Калі згарыць, то нават горш, бо і гумна ж і хлявоў няма. А развёрстку аддаў – і ўсё яму астанецца. – Міхалка разважаў з выглядам сталага чалавека, але праз гэтую сталасць так і свяцілася дзіцячае наіўнае здзіўленне. Зося стаяла перад ім уся ўсхваляваная; гаворачы, яна нават пачала заікацца. Міхалка пасмялеў сам у сабе, але не перад Зосяй: ён адчуў, што яна перад ім ужо сталы чалавек.
– А дзе Толік?
– Ты адно маўчы. Усе думаюць, што ён у арміі.
– А некаторыя і не думаюць.
– А Скуратовіч жа людзям ад яго лісты чытае.
– Мала, што ён чытае!
– To і ты ведаеш? Толік гэтыя лісты сам яму прыносіць і ў лесе хаваецца.
– А што ты яшчэ ведаеш?
– Больш нічога.
– Хлусіш!
– Чаму гэта я табе буду хлусіць?
– Бо хлусіш! Ты хітруеш перада мной! Можа, ты сам нават бачыў, як Скуратовіч сваё гумно падпальваў!
– Нашто яму сваё гумно падпальваць? Гэта, мусіць, бандыты нейкія.
– А можа, гэта ён сам гэты бандыт з сваім Толікам разам. Можа, гэта яны па вёсках робяць пажары і нават нашу хату спалілі, і каб на іх ніхто не падумаў, то яны і сваё спалілі, а снапы ж іх у Сцепуржынскага!
Грымаса хітрай радасці прайшла па Міхалкавым твары. Зося заўважыла гэта і штосьці хацела сказаць, але ён сам загаварыў:
– Ну, калі гэта так, то я ж яго, гада, патрымаю ў сваіх руках. Заўсёды мы з табой яго баяліся, а гэта няхай ён нас баіцца. Захачу – дык скажу і пра гэта. Тады ён мяне пазнае. Бач, які далікатны са мной зрабіўся! Дагаджае мне. Я з яго яшчэ налуплю скуры! Ён яшчэ больш будзе даваць мне ўсяго.
I ў гэтых Міхалкавых словах, і ў хітрай грымасе на яго твары была першая ўжо адзнака пачатку фармавання натуры. I грымасай, і словамі ён як бы зняважыў Зосю, як абліў яе холадам. 3 злосцю і варожасцю яна глянула на яго:
– Нашто ты яму памагаеш, гэтаму бандыту! Гэта, напэўна, ён майго бацьку і брата забіў?
– Хіба я яму памагаю?
– Мяне ўчора следчы дапытваў – шукаюць тых бандытаў, што вёскі паляць і што камісара і майго брата з бацькам забілі. Следчы ў мяне пытаў, ці не ведаю я, хто на мяне вялікую злосць мае. Я падумала і сказала, што Скуратовіч. Я нагаварыла на Скуратовіча, хто ён такі… ну сам ведаеш, які ён з намі быў… Дык я і сама не ведаю, можа, гэта Толік майго бацьку забіў! Хто ж на мяне і майго бацьку злосць большую меў, як не ён! А тым часам, ты ж сам гаворыш, што ён у лесе хаваецца! Я хацела запытацца ў цябе, ці праўда, што ён у лесе. («Я шукаю, каб даведацца, хто забіў майго бацьку і брата» – такая фраза магла быць сказана ёю.) А калі ты гаворыш, што сам бачыў Толіка, што ён не ў арміі, а ў лесе, то гэта напэўна ён! А ты яму памагаеш, ты не гаворыш нікому, ты маўчыш! Яны людзей рэжуць і майго тату і… (Твар яе рвануўся ўсімі сваімі рысамі, яна аж заенчыла з плачу.) Ён стаў у позу. Гэта была смешная поза. Нейк адным плячом вышэй, няроўна, няспрытна, як птушанё. Напэўна, ён не ўсё слухаў, што нядаўна гаварыла Зося. Самага важнага ён, здаецца, не выслухаў.
– Як гэта памагаю ім? – запытаў ён.
– Яму трэба, каб ніхто пра гэта не ведаў, то ты і стараешся, каб ніхто не ведаў.
Цяпер яму шмат што пачало рабіцца ясным. Ён абмяк.
– Ідзі, куды трэба, і раскажы ўсё, што ведаеш пра Скуратовічаў.
Ён як бы не слухаў. Сапраўды, ён не чуў гэтага. Ён маўчаў з паўхвіліны, аддаючыся вострай рабоце думкі.
Пасля ён запытаў, бездапаможна, зусім па-дзіцячаму:
– To што ж мне рабіць цяпер?
– Я ж табе кажу, пайдзі, раскажы, што ведаеш.
– А куды гэта ісці? Хіба ты са мной пойдзеш?!
Ёй стала шкода яго. У гэтыя хвіліны яна была перад ім, як маці. Гэтае пачуццё ішло праз пачуццё іншае, праз варожасць і злосць на яго.
– Ты ж Скуратовіча ненавідзіш… Добра, я з табой пайду.
– Добра, ты мяне не пакідай аднаго… Ты тут пачакай, я заганю каровы на двор, і пойдзем.
– Ты баішся пакінуць тут Скуратовічавых кароў?
– Ну, то чорт іх бяры, няхай валочацца.
У тую ж секунду яны рушылі ісці. Яны пайшлі полем, баючыся лесу. Ім абаім ужо здавалася, што Толік Скуратовіч глядзіць на іх з-за кожнага дрэва. «Чорт яго бяры, так яму і трэба», – думаў Міхалка пра Скуратовіча. I яму ўжо не цярпелася, каб хутчэй зайсці і расказаць. Такія думкі ён і выказваў усю дарогу, і Зосіна варожасць да яго скончылася.
Вярнуўся на хутар Міхалка пад самы вечар. Скуратовіч трывожыўся і сам пазнаходзіў свае каровы па ўсялякіх прылясных закутках. Ён чакаў Міхалку і разам з тым баяўся яго прыходу, як бы чуючы, куды пайшоў Міхалка. На ўсялякі выпадак ён быў не дома, а ў лесе; схаваўшыся ў дрэвах, ён паглядаў на дарогу, па якой напэўна павінен будзе варочацца Міхалка. Калі Міхалка будзе варочацца не адзін, ён тут у лесе астанецца. Але ўбачыў ён Міхалку аднаго – той ішоў палявою дарогаю, і здалёк было відаць, як ён вельмі спяшае. Скуратовіч пайшоў яму насустрач.