Читать книгу Хвоі гавораць - Кузьма Чорны - Страница 3

II

Оглавление

Вечарамі на зямлю лажыцца шэрая ціш. Поле пахне аўсяным іржышчам і вялаю атаваю, а цесныя двары пры маўклівых хатах – коньмі і дзёгцем. Наша вуліца дрэмле ў цішы і ясным змроку.

Толькі не маўчыць стары папоўскі сад – у старым доме асвечаны там два адчыненыя акны, і некалькі камсамольцаў на ўсю вёску спрачаюцца над кніжкаю тэорый Дарвіна. Галасы іх сакаўныя, як недаспелы гарбуз, чутны за дзесяць хат і абуджваюць думкі: «Гэта прэлюдыі да будучай індустрыяльнай вайны з прыродаю».

Як бы гэта далікатна і ў меру выказаць дзядзьку Язэпу?

Ён сядзіць сабе ціха на прызбе і глядзіць на свае ногі. Я каля яго блізка, але ў змроку ён здаецца мне цёмнай грузнай постаццю з абы-як накіданымі абрысамі…

У садзе каля асвечаных вокан ходзяць, абняўшыся па двое, хлопцы і дзяўчаты. Дзяўчаты звіняць смехам, а хлопцы пробуюць спяваць:

Не хадзіла, не гуляла,

Рана спаць лажылася…


Першыя два радкі памагаюць падводзіць дзяўчаты, а пасля сціхаюць, – ёсць такое ўстанаўленне, што дзяўчыне шмат якіх слоў трэба саромецца…

Спяваюць моцна, бо ведаюць, што поп, выселены ў другую палавіну дома, любіць цішыню. Цяпер ён, пэўне, ходзіць недзе па двары і нюхае пах вялай травы. У садзе пільнуе познія яблыкі стары Гірш – за свае яблыкі ён смелы і спакойна спіць у будцы. І добра, што ён стары – хоць выспіцца сабе як мае быць. Бо, каб быў ён хоць трохі малодшы, не заснуў бы ён тут усё роўна… І толькі нямыя і да ўсяго абыякавыя кусты агрэсту і маліны з'яўляюцца сведкамі… Дзяўчаты заліваюцца слаўным срабрыстым смехам, бесклапотным і чыстым – нашто раней часу забіваць галаву думкамі аб аліментных правах.

Слаўна адчуваецца блізкая восень. Мякка абнімае зямлю празрыстая ноч. За дзве вярсты адсюль адчуваецца аеравай вастратою рэчка, пажаўцелыя крушыны і каржакаватыя хвоі над ёю. Над паплавамі лазіць туман густым малаком…

Дзве постаці відны ў змроку – ідуць, прыціснуўшыся адна да другой, і два галасы пераплятаюцца таксама, як і постаці ў абнімку, – падаюць яны нізкім шэптам. Я пазнаю дачку дзядзькі Язэпа – смуглявую маленькую Досю – і, пазнаўшы, адганяю ад сябе журботную трывогу, раптам скрабянуўшую мяне; заспакойваю сябе нават некаторымі філасафічнымі развагамі…

Яны ўдваіх садзяцца на суседнюю прызбу і шэпчуцца.

– З кім гэта яна? – ціха гаворыць мне дзядзька Язэп.

Я горды тым, што ён давярае мне свае думкі, але, ад малых дзён падказанай мне людзьмі неабходнасці браць усё пад кантроль, я раскідаю думкамі, хто ж такі дзядзька Язэп? Трохі падумаўшы аб гэтым, я не адганяю ад сябе гордасці нашай блізасцю і пачынаю пазнаваць, з кім сядзіць Дося. Цераз хвіліну я падсоўваюся бліжэй да дзядзькі Язэпа і паведамляю яго:

– Гэта студэнт-практыкант. Той, што прыехаў з каморнікам зямлю мераць.

– М-м-мгу…

І тут я не пазнаў дзядзькі Язэпа, першы раз за час сваёй блізасці з ім не пазнаў. Ніколі ён так безудзельна да ўсяго не адносіўся. Гаворачы аб студэнце і ведаючы дзядзьку Язэпа, я быў упэўнены, што ён зараз жа пачне выводзіць свае пераконанні – добра гэта ці кепска і як да гэтага трэба адносіцца. А цяпер ён аднёсся да гэтага так, як бы гэта Дося яму не дачка, а студэнт не малады хлапец, а якая-небудзь танная істужка, што выпадкова і без ніякіх слядоў пасля сябе абнімае Досіну шыю.

Цяпер, значыць, дзядзька Язэп думае толькі аб Міхале.

І мы так седзімо моўчкі. Дзядзька Язэп чухае калені, мабыць, пойдзе зараз спаць.

– Добры вечар!

Вырасла аднекуль са змроку шэрая постаць, прыткая і лёгкая.

«Чаго гэта поп ходзіць ноччу па вуліцы, няўжо яму мяшаюць спаць галасы ў саду?» – думаю я.

А ён углядаецца, каб пазнаць нас, пасля гаворыць дзядзьку Язэпу:

– Стары ты чалавек, табе ж паміраць хутка пара прыйдзе, а Бога забыўся, хоць бы адслужыў па Міхалу паніхіду…

Дзядзька Язэп маўчаў.

– Стрэў я ўчора Астапа Варывончыка – так і так, кажа, Язэпаў Міхал памёр, я аж умлеў.

Голас у папа танклявы і порсткі, і ўвесь ён, як на іголках, стаіць і гойдаецца, перабірае на жываце пальцы, гладзіць пальцам шчуплую бародку. Дзядзька Язэп, слухаючы яго, нагінаецца і кладзе рукі на калені.

Хвоі гавораць

Подняться наверх