Читать книгу Казимир Лыщинский: 330 лет загадок - Л. Дроздов - Страница 3

Слова ад суаўтара

Оглавление

Человека, человека давайте мне!

Гончаров. «Обломов»

У сумнай гісторыі жыцця і смерці Казіміра Лышчынскага ўсё проста і зразумела толькі на першы погляд: жыў-быў шляхціч сярэдняе рукі, пазычыў грошы суседу, а той замест каб аддаць з падзякай, напісаў данос, абвінаваціўшы крэдытора ў атэізме. На двары канец XVII стагоддзя, абвінавачаны трапляе ў вязніцу, а пасля – на вогнішча разам са сваім атэістычным трактатам, ад якога толькі й засталося, што быў ён вельмі атэістычны.

Чытаючы шматлікія, чаго тут хаваць, артыкулы, кнігі і дакументы, датычныя Казіміра Лышчынскага, немагчыма адпрэчыць адчуванне, што гэта сцэнар вострасюжэтнага серыяла «Юрыст, спалены на вогнішчы» ў стылі unreliable narrator, бліскуча рэалізаваны Уілкі Колінзам у класічным «Месячным камені». Упэўненыя галасы ненадзейных або недасведчаных сведкаў ткуць супярэчлівую і шмат у чым непераканаўчую гісторыю. Што там казаць, гісторыю, у якую амаль немагчыма паверыць, калі б не надавала ёй незваротную сапраўднасць жудасная сцэна смяротнага пакарання: чалавеку адсякаюць галаву, цела спальваюць, а попелам страляюць з гарматы.

Глыбейшае знаёмства з гісторыяй Казіміра Лышчынскага здзіўляе, з аднаго боку, колькасцю пытанняў, якія дагэтуль застаюцца без адказу, а з другога – колькасцю дакументаў, якія патэнцыйна могуць гэтыя адказы прапанаваць, але дзесяцігоддзі ляжаць у архівах некранутымі. Тым больш, што дзякуючы сучасным тэхналогіям шмат якія рэдкія выданні і нават архіўныя матар’ялы можна атрымаць праз інтэрнэт малым коштам і не злазячы з канапы.

Уражваюць, не заўсёды прыемна, яскравыя характары. Вось інтэлектуал Лышчынскі, седзячы ў сваіх Лышчыцах, выпісвае ў таемны сшытак «чалавек есть творцам Бога». Вось Пётр Станіслаў Грэк адчайна шукае шляхоў заняць добрую пасаду ў берасцейскім ваяводстве. Вось Людвік Пацей бароніць на варшаўскім сойме свайго калегу і земляка Лышчынскага, але ў нейкі момант адыходзіць у цень – каб праз некалькі год зрабіць фантастычную кар’еру аж да найвышэйшай у Вялікім княстве пасады ваяводы віленскага. А вось Анжэй Хрызастом Залускі, біскуп, лацініст, палітык і садыст у адной асобе, нават пасля смерці Лышчынскага не можа супакоіцца і распісвае на паперы тыя пакуты і здзекі, якія, на шчасце, у самых варварскіх сваіх падрабязнасцях не адпавядаюць рэчаіснасці. Вось і папскі нунцый Якуб Кантэльмі, які шкадуе, што не атрымалася ўжыць да абвінавачанага «належныя» па стандартах інквізіцыі катаванні.

З расправы над брэсцкім падсудкам паўстала і паўстае дагэтуль шмат пытанняў. Часткаю – да ягоных сучаснікаў, але немалая доля – да даследчыкаў двух апошніх стагоддзяў. Можна зразумець, чаму савецкіх філосафаў (у большай ступені) і гісторыкаў (у значна меншай) надта ж цікавіў атэістычны трактат Лышчынскага, але падрабязнасці жыцця прадстаўніка паноўнага класу шляхты Рэчы Паспалітай былі забароненай тэмай. Нашмат цяжэй уцяміць, чаму асоба Лышчынскага, гісторыя яго роду, абставіны яго жыцця і дзейнасці на ніве асветы, палітыкі, правасуддзя, нарэшце, гісторыя яго міфа застаюцца ў значнай ступені па-за ўвагаю сучасных беларускіх гісторыкаў, нягледзячы на відавочную патрэбу ў пераасэнсаванні ранейшых ацэнак.

Прыкладам, даследчыкі дзесяцігоддзямі прастадушна пішуць пра пазыку ў сто тысяч талераў – грошы, ад якіх не тое што ў князя, але ў караля вочы загарэліся б. І гэта сярэдняе рукі шляхціч пазычае суседу? Адкуль такія капіталы і навошта яны Яну Казіміру Бжоску, які, мяркуючы па сціплых пра яго звестках, не будаваў над Мухаўцом другі Вэрсаль і не ладзіў экспедыцыю для захопу Стамбула?

А ягоны крэдытор Лышчынскі, гэты прыхаваны граф Монтэ Крыста зямлі берасцейскай? Спачатку іезуіт-навіцый, пасля соймавы палітык, паспяховы судовы чыноўнік і, урэшце рэшт, выкрыты блюзнер і «забойца Бога», ён сапраўды пісаў у вольны ад шматлікіх заняткаў час лацінскі трактат, які па смеласці пераўзыходзіў усё створанае на той час у хрысціянскім свеце? Хто ён – чалавек, які паводле абвінавачвання ні больш ні менш кінуў выклік Богу, або правінцыйны дзівак і ахвяра суседскае хцівасці?

Кніга, якая прапануецца вашай увазе, не адказвае на ўсе гэтыя пытанні і не прэтэндуе на статус навуковае працы. Яе задача – сабраць і выкласці перад чытачом як мага болей пра лёс чалавека з роду Лышчынскіх, ягоную асобу і атачэнне, у якім ён жыў, працаваў і загінуў, ды пра памяць, якую аб сабе пакінуў. На першым плане не філасофія, а факты біяграфіі праз погляд юрыста – бо ў працэсе Лышчынскага з выключнай яскравасцю адлюстраваліся асаблівасці дзяржавы Рэчы Паспалітай і яе грамадства ў эпоху Контррэфармацыі, сутыкненне ідэалаў хай сабе феадальнай, але прававой дзяржавы, шляхецкай вольнасці і рэлігійнага фанатызму, адвечныя канфлікты паміж асобай, прагнай ісціны, грамадствам, прагным стабільнасці, і ўладай, прагнай… абсалютнай улады.

Калі гісторыя, выкладзеная на гэтых старонках, падштурхне кагосьці працягнуць даследванні ў гэтым напрамку – цудоўна. Калі нехта з чытачоў вырашыць зрабіць тое ж сродкамі мастацтва – выдатна. Калі, нарэшце, нехта проста задумаецца над паралелямі паміж мінулым трохсотгадовай даўніны і нашай, не заўсёды прыўкраснай, рэчаіснасцю – таксама адна з мэтаў будзе дасягнутая.

* * *

У дадатак – некалькі заўваг асабістага характару. Мне было, мусіць, гадоў шаснаццаць, калі да нас у школу завітаў з лекцыяй па навуковым атэізме Я. Н. Мараш. Калі б хто мне тады сказаў, што я якім-небудзь чынам працягну ягоныя даследванні, я быў бы моцна здзіўлены: навуковы атэізм не выклікаў у мяне энтузіязму. Але сталася так, што знаходкі Якава Навумавіча занялі ў кнізе пачэснае месца. Таму на завяршэнне гэтае прадмовы дазволю сабе выказаць падзяку ўсім, хто ахвяраваў свае сілы і час разблытванню абставінаў трагедыі Казіміра Лышчынскага, вышукванню ацалелых фрагментаў ягонага трактату, а таксама Валянціну Пятровічу Грыцкевічу, які шчырымі натхнёнымі размовамі перадаў мне крыху свайго захаплення навукай і рамяством гісторыі.

Д. А. Жукоўскі

Казимир Лыщинский: 330 лет загадок

Подняться наверх