Читать книгу З дазволу караля і вялікага князя - Леў Казлоў - Страница 3

Усмешкі між летапісных радкоў

Оглавление

Быў час, пра які мелі магчымасць апавядаць толькі летапісцы. Бо з адукацыяй тады справы былі горш, чым зараз. Нават уладарныя асобы не ўсе ўмелі чытаць і пісаць, маглі толькі лічыць. Таму і ганаровае гэта званне – летапісец. Хаця адразу ўзнікае пытанне: а што лепш, быць героем нейкіх падзей ці тым, хто пра гэта піша? Імёны большасці герояў нам вядомыя, а вось хто іх данёс да нас? Ох, сціплыя, занадта сціплыя былі тыя творцы летапісаў! Не раўня сучасным аўтарам. Але калі хто і захаваў сціпласць аж да ўзроўню поўнай невядомасці, дык гэта выдумшчыкі анекдотаў. А дарэчы, ці можна нешта такое знайсці, як кажуць, паміж радкоў у тых нятленных і сур’ёзных опусах? Паверце: можна! Ёсць, ёсць у той сівой, альбо замшэлай, хто як хоча, даўніне штосьці з добрага гумару. Бо, дальбог, так жа немагчыма! Чытаеш старыя кнігі і здаецца, што тады людзі рабілі ўсё, каб выглядаць сур’ёзнымі. Не, не можа такога быць, каб смех быў вынайдзены толькі ў бліжэйшыя да нас стагоддзі. Рызыкнём нават сцвярджаць, што ўпершыню рогат страсянуў дзявочую прыроду, калі нашы малпападобныя продкі, седзячы на дрэвах, упершыню ўбачылі сваю радню, што рабіла першыя няпэўныя крокі па зямлі.

Далей – болей. Чалавек не толькі перамяшчаўся, але і нешта такое рабіў, і размаўляў, і меў нейкія своеасаблівыя пачуцці да іншых. Тут ужо можна доўжыць бясконца, але і так зразумела, што разам з гэтым не маглі не памножыцца прычыны і магчымасці для здаровага смеху. Таму, пакінуўшы ўбаку добра нам знаёмых старажытных грэкаў і рымлян, паспрабуем надаць самую пільную ўвагу нашай гісторыі.

…Ну вось, толькі пачалі выбівацца на сваю дарогу, як зноў давядзецца вяртацца да Рыма. I не таму, што туды здаўна вядуць усе шляхі, а па іншай прычыне. Бо адтуль выйшла, а дакладней, збегла, ратуючыся ад імператара-шаленца Нерона, нейкая частка яго падданых. Рымляне пад кіраўніцтвам патрыцыя Палямона дабраліся аж на берагі Нёмана і Дубісы. Ад гэтай грамады, калі верыць аўтару «Хронікі літоўскай і жамойцкай», і ўтварыўся народ літоўскі. Але для паўнаты карціны не хапае іншых дзеючых асоб, а менавіта славян, якія прыкладна тады ж канчаткова асталяваліся ў гэтай частцы Еўропы. Такім чынам, абодва бакі падрыхтаваліся да гістарычнага ўзаемадзеяння.

А зараз давайце прыгледзімся больш уважліва да нашых герояў. Заглянем спачатку ў найстаражытнейшую «Аповесць мінулых гадоў» і адшукаем старонку, дзе князь Уладзімір, выбіраючы веру, адмаўляецца ад Магаметава закона. Прычына? Даволі простая. Не кажучы пра некаторыя далікатныя моманты, князь ні за што не хоча пазбавіць свой народ ужывання свініны, а галоўнае: «Русі адно вяселле – піці, без таго не можам быці». I першае, і другое, як вядома, супярэчыць канонам ісламу. Гэта той самы князь Уладзімір, што некалі заваяваў Полацк, каб узяць Рагнеду. Падзея даволі вядомая і ад гумару далёкая, сутнасць жа ў тым, што тут, на сумежжы, Русь энергічна памахвае мячом. А тым часам…

Літва пакуль што ўладкоўвалася, блукаючы па неабсяжных некранутых лясах. Аўтар памянёнай «Хронікі» са справядлівай сціпласцю прадстаўляе гэтыя падзеі: «Народ жа той літоўскі доўгі час ад пачатку свайго панавання нязначным быў». I дадае, што Русь трымала над ім верх і брала даніну ў выглядзе… венікаў і лыка на вяроўкі. Так, з узроўнем гаспадарчага развіцця тут было пакуль не вельмі ладна, далекавата да сярэдніх феадальных паказчыкаў. Няўжо ж здрабнелі нашчадкі рымскіх патрыцыяў? Не, хутчэй за ўсё іх зачаравала мясцовая прырода. А ваяўнічымі яны засталіся і надалей, што даволі хутка будзе пацверджана. Праўда, «даволі хутка» – гэта для нас, сучаснікаў, каму нейкая там сотня-другая гадоў – проста невялікі прамежак гістарычнага часу.

Дык вось, прайшло стагоддзе-другое. Русь хрысцілася, Літва па-ранейшаму пакланялася сваім ідалам. У першых – доўгі спіс гарадоў, там – Ноўгарад, Полацк і Кіеў са сваімі знакамітымі Сафійскімі саборамі. Пра гарады другіх – штосьці не чуваць, тут – немаведама па якой модзе пашытыя футры і скураныя «шаты». Але раптам з’явіліся татары і пайшлі ад аднаго рускага горада да другога. У краіне, дзе многа населеных пунктаў, цяжка было заблудзіць усходнім заваёўнікам: толькі ўзялі Разань, а на гарызонце Уладзімір, побач – Суздаль, далей – Цвер, а потым і Кіеў, і яшчэ Уладзімір, праўда, Валынскі. Каб у Літвы існавала на той час хаця б пару такіх гарадоў, то, напэўна, арда кінулася б туды, але, на шчасце, нічога падобнага там не аказалася. Таму жыхары літоўскіх пушчаў, яшчэ не сутыкнуўшыся з татарамі, ужо адчувалі сябе пераможцамі.

Вось у такое трывожнае і не вельмі спрыяльнае для гумару стагоддзе па нейкай загадкавай, яшчэ не высветленай прычыне ў княжацкіх сем’ях на землях, што пазней назвалі Белай Руссю, сталі нараджацца на свет выключна асобы жаночага полу. А Літве толькі падавай нявест! Дзе ж, дарэчы, славянам жаніхоў было знайсці сярод сваіх, калі столькі палягло ад татараў… Адным словам, дашлюбаваліся да таго, што нарадзілася незвычайна прыгожае дзіця. Як толькі яно падрасло, надалі яму імя: Вялікае Княства Літоўскае.

Усё гэта дзеецца ў летапісны час, з іншымі крыніцамі гумару пакуль цяжка. Можна паразважаць, як літоўскі князь Міндоўг трапіў у прымы ў Новагародак, за што і быў пазбаўлены жыцця сваімі раўнівымі сародзічамі. Але звернем лепш увагу на мільгануўшае ў «Хроніцы літоўскай і жамойцкай» імя – Радзівіл. Што ні кажыце, а ў нашай гісторыі без яго не абысціся. Таму паназіраем, як, паводле «Хронікі», першы з Радзівілаў з’явіўся на Беларусі.

Накіраваў яго сюды бацька, Манцівіл, адзін з жамойцкіх князёў, які, відаць, ясна ўяўляў сабе сітуацыю і вырашыў не ўпусціць шанц: калі ў тутэйшых мясцінах шмат сіл было затрачана на барацьбу з Батыем, то можна паспытаць ваеннага шчасця. Вось як выглядала жамойцкае войска: харугвы ваенныя і трубачы, абоз з рыпучымі калёсамі, а само войска без зброі. Не здзіўляйцеся, бо менавіта пра гэта і пісаў стваральнік «Хронікі»: «Без зброі і панцыраў, бо яшчэ тады яны таго не ведалі, толькі зубрыныя, ласіныя, мядзведжыя ды воўчыя скуры насілі, а зброя – лук просты з дуба ці з ляшчыны сагнёны, а да таго – торба з каменнем на плячах поўная, ды супаротак (прашча – Л. К.), каб іх кідаць, а да таго ж – рагаціна, кій, засмолены з канца, а шабля – толькі ў гетмана і была, збруя на кані з лыка, а за поясам – пастромкі для вязання нявольніка». Такое грознае воінства, нягледзячы ні на што, прайшлося па новых землях з трыумфам. Яго прыхільна сустракалі мясцовыя жыхары. Неўзабаве яно тут і асела, «пакумаваўшыся і пабратаўшыся з Руссю». Так ці не зусім так было, але ад ардынцаў адбіліся.

Каб неяк выбрацца з гэтых летапісных лабірынтаў, прыспешым наша апавяданне. Бо ў адваротным выпадку з такім сутыкнёмся, што будзе не да смеху! З цягам часу ўсё прыходзіць да ладу, і вось мы маем ужо першага вялікага князя, Гедыміна. «Панаваў Гедымін лет многа на княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім, і многа меў войн, якія заўжды выйграваў фартунна. Спладзіў сем сыноў, восьмую дачку Ганну…» Панаваў доўга, пакуль у Прусах нейкі немец-крыжак не падстрэліў. З нашчадкаў жа яго найбольшую цікавасць прадстаўляе Альгерд, які па бацькоўскім завяшчанні атрымаў у валоданне замак Крэва з аколіцамі. Але паступова ён прыбраў да рук і больш адлеглыя землі. У якасці пасагу атрымаў, напрыклад, Віцебскае княства, ажаніўшыся з тутэйшаю князёўнай.

Быў у Альгерда сярод братоў найбольш блізкі і любімы – Кейстут, што сядзеў у Старых Троках і валодаў Жамойцкай зямлёю. Змовіліся яны і ўзялі разам у свае рукі верхавенства, назваўшыся адначасова вялікімі князямі і падзяліўшы па-братэрску ўладу. Рэдкі выпадак, каб на такім дзяржаўным узроўні маглі гэтак сябраваць і давяраць адзін аднаму. Хаця Альгерд і быў больш удалы – і намнога! – у справе пашырэння сваіх уладанняў, бо дабраўся аж да самае Масквы. Вось тут нарэшце і здарылася такое, што вельмі падобна на анекдот.

У тыя феадальныя часы кожны хапаў тое, што дрэнна ляжала. Літва не была выключэннем, як, між іншым, і суседняе Маскоўскае княства. Тут яно прадэманстравала надзвычайны спрыт. Дзіўна, чаму на гербе апошняга не намалявалі граблі? «Няма такіх грабляў, што грабуць ад сябе». Праўда, народ са сваёй зямлёю – не сена, і не кожны хацеў трапіць у гэты маскоўскі стажок. Але што было, тое было. Дзякуючы Богу і проста шчасліваму збегу акалічнасцей, мы маем такую гісторыю, якую маем. Адным словам, пра той самы нібыта анекдот.

Замысліў Дзмітрый Іванавіч, вялікі князь маскоўскі, адабраць у Літвы землі рускія і паслаў у Вільню паслоў бучных (альбо, як зараз кажуць, паўнамоцных) адпаведна тагачаснаму звычаю. Прыбыўшы да Альгерда, паклалі яны перад ім голы меч і агонь і абвясцілі: «Чакай, княжа, Дзмітрыя на Вялікдзень, прыедзе прывітаць цябе чырвонымі яйкамі!» Выслухаўшы такую дзёрзкасць, Альгерд затрымаў на ўсялякі выпадак маскоўскіх паслоў і загадаў сабраць войска. А падчас Вялікага посту рушыў патаемна з Віцебска на ўсход.

Акурат на самае велікоднае свята войска Альгердава апынулася пад Масквой. Стаўшы на Паклоннай гары, загадаў вялікі князь літоўскі прывесці затрыманых паслоў, уручыў ім паходню льняную з агнём і адправіў да князя маскоўскага. Яны сустрэлі Дзмітрыя Іванавіча па дарозе да царквы, калі той накіроўваўся на ранішнюю малітву. І не паспеў ён прыйсці ў сябе ад нечаканасці, як з атрадам вояў паказаўся сам Альгерд.

– Бачыш, княжа, – звярнуўся госць з зычлівай усмешкай, працягваючы гаспадару чырвонае яйка, – я рашыў выручыць цябе, пазбавіўшы ад цяжкага і небяспечнага падарожжа, да якога ты, як бачу, яшчэ і не падрыхтаваўся. Дык давай святкаваць, не чакаючы другога прышэсця!

Гады складваліся ў дзесяцігоддзі, дзесяцігоддзі – у стагоддзі, і ўсё больш цікавыя і забаўныя падрабязнасці сталі сустракацца ў летапісах і хроніках. Іх стваральнікі асмялелі і нават усё часцей асабістымі подпісамі сведчылі сваё аўтарства. Некаторыя дайшлі да таго, што побач з сур’ёзнымі і гістарычна велічнымі дзеямі каралёў ды магнатаў пачалі шчодра сыпаць рознымі «бытавымі кавалачкамі». Падабалася гэта каму ці не, але выглядала вельмі падобна на жыццёвую праўду. Вось, напрыклад, быў такі Ян Длугаш, кракаўскі канонік, што паставіў крыж на суровасцях летапіснага стылю, калі з’явілася яго знакамітая «Гісторыя Польшчы». Нешта мы зараз з яе выцягнем, але спачатку давайце зарыентуемся ў часе і падзеях.

Пасля Альгерда вялікім князем літоўскім стаў Ягайла, яго першы сын ад другога шлюбу з Ульянай Цвярской. Кейстут ахвотна спрыяў пляменніку пры ўзвядзенні ў велікакняжацкі сан. Тым не менш Ягайла ставіўся да дзядзькі надта ўжо падазрона, пакуль не пазбавіў нават жыцця падчас знаходжання таго ў Крэўскім замку. Наўздагон у лепшы свет ледзь не трапіў і старэйшы сын Кейстута – Вітаўт. Нягледзячы на тое, што з дзяцінства проста ідэальна сябраваў па прыкладзе бацькоў з Ягайлам Альгердавічам. Вітаўта выратавала тое, што ён не меў барады і вусоў. Гэтую акалічнасць выкарыстала яго жонка, якая з Ягайлавага дазволу з дзвюма служанкамі наведала няшчаснага Кейстутавіча, ужо гатовага да пакарання. Доблесны муж хуценька пераапрануўся ў служанчына адзенне і спакойна пакінуў даволі няўтульнае месца. Вітаўтава спрытнасць настолькі расчуліла Ягайлу, што ён згадзіўся аддаць яму трон вялікага князя літоўскага з ўсёй падуладнай тэрыторыяй. Праўда, сам Ягайла, заключыўшы Крэўскую унію, стаў польскім каралём, а да таго ж хрысціў Літву паводле каталіцкага абраду, як некалі Уладзімір Святаслававіч Русь – паводле праваслаўнага.

Дагэтуль гісторыкі разважаюць, чаму Ян Длугаш недалюбліваў Ягайлу. Канешне, нескладана выказваць прэтэнзіі і гаварыць не зусім прыемныя рэчы ўжо пасля таго, як дадзеная асоба перайшла ў разрад адсутных сярод жывых. Справа ў тым, што кар’ера будучага гістарыёграфа толькі пачыналася, калі жыццёвы шлях караля ўжо заканчваўся. Але ж гэта была вялікая асоба! Многа пра яе гаварылася, і Длугаш збіраў усё, што чуў, і, зразумела, усё, што было напісана.

З надзвычайнай цікавасцю чакалі ў польскай сталіцы Кракаве прыезду «дзікага літвіна». Сюды ўжо дайшлі чуткі пра падпісанне уніі ў Крэве. Але больш за ўсіх хвалявалася каралева на выданні, трынаццацігадовая Ядвіга, бо да яе набліжаўся жаніх з кавалерскім стажам у трыццаць пяць гадоў, свежаспечаны хрысціянін з краю апошніх нехрысцяў Еўропы. Дзве праблемы непакоілі юную асобу. Адна – што рабіць з папярэднікам Ягайлы, аўстрыйскім прынцам Вільгельмам, які ўжо амаль трымаў руку каханай каралевы, але… I зараз у адчаі, спадзеючыся, што абвешчаны шлюб з літвінам па нейкай прычыне не адбудзецца, ён патаемна пражываў у каралеўскага падкаморага Гневаша. Другая прычына тычылася самога Ягайлы.

Пакуль будучы заснавальнік дынастыі Ягайлавічаў паволі набліжаўся да Кракава, злыя языкі нашапталі Ядвізе, якое страшнае, усё пасечанае ў баях цела ён мае. Мала таго, у яе жаніха не хапае адной вельмі патрэбнай дэталі, калі да гэтай пары ён яшчэ не ажаніўся. Каб мець поўную яснасць у такім далікатным пытанні, каралева загадала свайму даверанаму шляхціцу па імені Завіша, каб той як мага хутчэй ехаў да Ягайлы і патаемна падрабязна ўсё агледзеў, што ён за такі. Але будучы кароль, відаць, быў дастаткова праніклівы і зразумеў мэту прыезду пасланца. Таму неўзабаве, прыхапіўшы яго, Ягайла накіраваўся ў лазню, дзе «разведчык» змог «…дакладна зрэестраваць прысутнасць і будову асобных частак цела», як з веданнем справы адзначыў у сваёй хроніцы Ян Длугаш. Адразу ж пасля такога шматзначнага мыцця шляхціц Завіша паімчаў у Кракаў, дзе аб усім падрабязна далажыў. Каралева зрабіла вывад:

«Усё ў парадку».

Калі падкаморы Гневаш канчаткова зразумеў, што паставіў не на таго каня, дык вырашыў хоць маральна кампенсаваць свае страты. Падабраўшы адпаведны момант, расказаў каралю, што прытуліў на пэўны час прынца з Габсбургаў, які ўсяго на чатыры гады старэйшы за каралеву і на шаснаццаць маладзейшы за яго вялікасць, ды яшчэ, што і заручаныя яны, Ядвіга і Вільгельм, некалі былі і сустракаліся як да Ягайлавага прыезду ў Кракаў, так і ўсе наступныя гады ў Гневашавым доме…

Можна ўявіць каралеўскі гнеў! Але, хаця тэмпература адносін у аўгусцейшай сям’і значна панізілася, Ягайла зразумеў, што галоўнае ў такой сітуацыі – абарона гонару. Ды і сама каралева загадала паставіць Гневаша за абразу перад судом. I, канешне, прысуд мог быць толькі адзін: адказчык – ілгун і падманшчык. Суддзі не толькі добра ведалі рымскае права, але і рымскую гісторыю, дзе, як вядома, існаваў неаспрэчны пастулат: «Жонка Цэзара па-за падазрэннем». Што да пакарання, то яго прызначылі надзвычай справядлівае і суровае: Гневаш павінен быў залезці пад лаву і заявіць, што збрахаў як сабака, і па-сабачаму яшчэ некаторы час пабрахаць.

У сям’і нібыта ўсё прыйшло ў парадак. Але каралева Ядвіга так і не ашчаслівіла Ягайлу. Праз трынаццаць гадоў ён аўдавеў. Кароль ажэніцца яшчэ тройчы. I толькі ў апошнім шлюбе – з маладой і прыгожай князёўнай з нашых беларускіх краёў, Сафіяй Гальшанскай, нарэшце займее дынастычных інфантаў. А сасватаў яму гэтую прыгажосць вялікі князь літоўскі Вітаўт, з якім кароль не раз калаціўся.

Прайшло ўжо нямала гадоў панавання Ягайлы, калі ён у суправаджэнні Вітаўта накіраваўся на Жмудзь, каб нарэшце ахрысціць мясцовых жыхароў. Кароль стаў, разважаючы пра сэнс веры, павучаць жмудзінаў, якія з’явіліся па яго загадзе. Адзін з іх на прамову адазваўся: «Міласцівы кароль, я асабіста згодзен з тым, што ўсе мы ўваскрэснем, але ўбачыш: толку з гэтага аніякага не будзе».

Вітаўта, аднаго з герояў Грунвальда, Длугаш характарызуе наступным чынам: «Росту ён быў малога і цела меў хударлявае, відаць, прырода ўстрымалася ад таго, каб адарыць яго дастойнай знешнасцю і прыгажосцю ўжо пасля таго, як надала многа іншых добрых якасцей. Быў надзвычай шчодры, часцей даваў больш, чым адбіраў, таму, кажуць, правую руку меў даўжэйшую за левую. І яшчэ многія сведчаць, што да спраў кахання быў вельмі прыхільны і такі палкі, што неаднаразова проста з поля бітвы, пакінуўшы войска на варожай зямлі, імчаў на спецыяльна расстаўленых конях да жонкі альбо да сваіх наложніц». Дык вось, пра надзвычайную Вітаўтаву шчодрасць да нас дайшла адна з такіх гісторый.

Сярод блізкіх да вялікага князя людзей быў шляхціц Мікалай Малдрык, які выконваў ролю асабістага сакратара і даручэнца па розных далікатных справах. Прыйшоў час, калі гэта давераная асоба папрасілася дамоў да жонкі і дзяцей, адным словам, на заслужаны адпачынак. Вітаўт не затрымліваў яго, ды яшчэ вырашыў як след узнагародзіць. Скарбнік атрымаў загад выдаць Мікалаю Малдрыку добрыя футры, коней і іншыя патрэбныя рэчы, а да таго – сто коп грошаў. Пачуўшы пра ўсё, князева жонка Ульяна пачала горача даказваць, што гэта – разбазарванне казны. Тады Вітаўт, нічога не кажучы, дабавіў да той сотні яшчэ адну. Ульяна з новай энергіяй стала папракаць князя, які ў выніку патроіў узнагароду. Княгіня выбухнула гневам, але чым больш пратэставала, тым больш паслядоўную вытрымку дэманстраваў Вітаўт. Дайшло да таго, што ён ужо восьмы раз дабавіў свайму вернаму сакратару чарговыя сто коп і невядома, ці хапіла б усёй дзяржаўнай казны ў гэтым спаборніцтве вялікага князя са жміндай-жонкай, калі б тая не пераканалася ў адваротным выніку свайго красамоўства. Можна ўявіць, якіх нечалавечых намаганняў ёй гэта каштавала!

Згробшы хуценька грошы, Малдрык неўзабаве адправіўся ў родныя мясціны. I доўга яшчэ апавядаў, што маёнтак свой ён здабыў дзякуючы не шчодрасці вялікага князя, а скупасці яго жонкі. «У каго капа ляжыць, да таго яшчэ бяжыць».

Пад канец свайго жыцця Вітаўт надумаў стаць каралём, а сваю Ульяну зрабіць каралевай. Дамовіўся ён з рымскім цэсарам, каб той закінуў слова папу рымскаму. Папа даў згоду, блаславіў і паслаў у Вільню дзве кароны. Але Ягайлу такі ход гісторыі зусім не спадабаўся, бо ў яго падрасталі сыны. А гэта ўжо дынастыя, калі як след паўплываць на акалічнасці. Таму кароль загадаў Яну Чарнкоўскаму, падкамораму пазнанскаму, каб на дарогах, па якіх, магчыма, паедуць папскія паслы з каронамі і пацвярджальнымі граматамі, парасстаўляць засады.

А Вітаўт ужо рыхтаваў вялікае свята каранацыі, для чаго запрасіў гаспадароў найвышэйшага рангу з суседніх дзяржаў. У маляўнічыя Трокі – рэзідэнцыю вялікага князя, прыехалі кароль польскі Ягайла, вялікі князь маскоўскі Васіль Васілевіч, вялікі князь цвярскі Барыс Аляксандравіч, а таксама магістры з Прусіі і Лівоніі, паслы з Царграда, Рыма і Разані, ад валашскага ваяводы, ад Ноўгарада і Пскова, нават ад ардынскага хана, як і ад іншых краін. «I былі тыя каралі і вялікія князі з пасламі ў вялікага князя Вітаўта сем тыдняў на яго страве, а на адзін дзень ішло аброку па трыста бочак мёду, а ялавіц трыста, а бараноў і вепраў трыста». Так удакладняе меню «Супрасльскі летапіс».

Высокія госці, і Вітаўт Кейстутавіч у першую чаргу, з дня на дзень чакалі з’яўлення пасланцоў ад папы, але тых усё не было. Адзін Ягайла ведаў прычыну. Пазней яму стануць вядомыя падрабязнасці. Падзеі развіваліся і закончыліся даволі проста: нунцый Батыста, які ўзначальваў пасольства, не рызыкнуў працягваць свой шлях, калі яму нехта данёс пра засаду, і вярнуўся назад у Рым.

Да Трок дайшлі нарэшце гэтыя драматычныя весткі. Вітаўт не вытрымаў, «учуўшы тое, зваліўся, падкошаны хваробай, і памёр…». Вось так адышоў у небыццё, а адначасова і ў гісторыю вялікі князь літоўскі, які з-за шэрагу прычын, а мо і з-за сваёй шчодрасці не стаў каралём.

Многа пасля гэтага было ўсялякіх падзей, усё больш звязаных са змаганнем за велікакняжацкі тытул і панаванне на Літве, Русі і Жамойціі. Развярнулася нават сапраўдная грамадзянская вайна, за ўладу біліся адначасова два вялікія князі – Свідрыгайла, сын Альгерда, і Жыгімонт, сын Кейстута. Але гэта ўсё вельмі сур’ёзна, таму, прагарнуўшы некалькі старонак гісторыі і апусціўшы з дзясятак розных прэтэндэнтаў на велікакняжацкую мітру, нагадаем мімаходзь пра Ягайлавага сына Казіміра.

Прайшоўшы апрабацыю ў якасці вялікага князя літоўскага, Казімір быў запрошаны на польскі трон. Традыцыя працягвалася і будзе далей працягвацца за часы панавання Ягайлавічаў. Але, зрабіўшыся каралём, Казімір не парываў з зямлёю сваіх продкаў. Чаму? Пра гэта ў «Хроніцы літоўскай і жамойцкай» гаворыцца наступнае: «За часам таго караля польскага і вялікага князя літоўскага і рускага Казіміра мала што змянілася, толькі ўсе панове каронныя з-за сваёй надзьмутасці і пыхі з-за Валыні і Падоліі сеймавалі (спрабуючы адабраць іх у Вялікага Княства. – Л. К.), але княжата літоўскія гэта ад іх моцна баранілі як уласнага свайго дзедзічнага панства і не дапушчалі, таму, што кароль Казімір Літве быў прыхільны і з-за таго ляшскага непаслушэнства больш у Літве, чым у Польшчы, пражываў, паляваннем бавячыся».

Пра каралеўскія і велікакняжацкія паляванні яшчэ будзе гутарка, а зараз пра адно здарэнне з жыцця Казіміра Ягайлавіча. Справа адбывалася падчас трынаццацігадовай вайны, гэтым разам апошняй з крыжакамі. Вынікам яе стаў вялікі трыумф з нагоды капітуляцыі Тэўтонскага ордэна і прызнання Прусіяй васальнай залежнасці ад Кароны польскай. Але перад гэтым…

У адной з сутычак з ордэнскім войскам, якім камандаваў магістр Людвік, польска-літоўскія харугвы не вытрымалі і паказалі тыл. Вымушаны быў ратавацца і кароль Казімір, даўшы нагам поўную волю. Сярод уцекачоў крыжакі вышуквалі найперш яго. На шчасце, манарх меў адзенне і ўзбраенне аднолькавае са сваёй асабістай аховай, якая адцягнула ўвагу рыцараў. Побач з Казімірам застаўся адзіны шляхціц па імені Вол. Жаўнерская фартуна паспрыяла абодвум, і яны шчасліва апынуліся ў нейкім балоце, дзе шанцаў выратавацца было значна болей. Але тут іх падпільнавала другая бяда: яго каралеўская вялікасць ніколі не перамяшчааўся багнай.

– Эх, каб каня! Аддаў бы каралеўства за каня! – апераджаючы Рычарда III гадоў на дваццаць і Шэкспіра на добрую сотню гадоў, усклікнуў Ягайлавіч.

– А мо Вол прыдасца? – спытаў спадарожнік уладара, усцягваючы яго сабе на спіну.

Многа добрых і слаўных спраў засталося за каралём і вялікім князем Казімірам Ягайлавічам. З такім аўтарытэтам яго сынам няцяжка было апынуцца на першых пазіцыях сярод кандыдатаў на каралеўскую і велікакняжацкую пасады. Магчыма, нейкую ролю адыграла тое, што, паміраючы ў Гародні, Казімір шчодра раздаваў направа і налева свае даволі вялікія зберажэнні, каму больш, каму менш. «Хто мае грошы, той мае і розум», як гаварылі ў сярэднявеччы. А мо кароль меў на ўвазе іншае выслоўе: «Сёння за грошы, а заўтра задарма». Адным словам, старэйшы, Альбрэхт, стаў каралём, а вялікім князем – Аляксандр, наступны па старшынстве. I ўсё ў іх прайшло гладка, без асаблівых клопатаў. Клопаты будуць потым.

Акурат у той час вельмі ўзмацнела Маскоўская дзяржава і пачала адбіраць у Вялікага Княства Літоўскага землі і гарады. Таму Аляксандр паспрабаваў адразу ж памірыцца з гаспадаром маскоўскім Іванам Васільевічам. Мала таго, папрасіў аб сваім усынаўленні і адначасова пасватаўся да яго дачкі Алены. З такой просьбай і прыехалі ў Маскву віленскія паслы.

Агледзіны нявесты і прэзентацыя жаніха дакладна пададзены ў памянёнай «Хроніцы».

«Выйшла панна да бацькі свайго і стала, пакланіўшыся. А калі ўбачылі яе паслы, падумалі, што гэта анёл у чалавечым абліччы, і, разгубіўшыся ад такое пекнаты, сталі як укапаныя. А потым упалі да яе ног, просячы, каб князя і гаспадара іх у ласцы сваёй захавала, а яна заплакала. Тут вялікі князь маскоўскі спытаў іх, ці маюць яго маляваную выяву з сабою, за якою зараз жа паслалі і прынеслі. А быў той вялікі князь літоўскі вельмі пекны, твару белага, шчок румяных, вока чорнага, а вус толькі-толькі яшчэ засеяўся». Партрэт Івану Васільевічу спадабаўся, хаця напісаны быў даўнавата. Што ж зробіш, кожны хоча выглядаць у падобных выпадках маладзейшым. Рэзалюцыя маскоўскага гаспадара прыводзіцца ў той жа «Хроніцы»:

«Мне няхай застаецца гэты партрэт, а дачку маю Алену хай жывы князь літоўскі бярэ на ўсё жыццё».

Не прайшло і некалькі гадоў, як цесць і зяць, забыўшыся пра сыноўне-бацькоўскі дагавор, пасварыліся і сталі ваяваць. Ці тут разважаць аб звычайных сямейных адносінах! Розніца ў тым, што сваяцкія спрэчкі на дзяржаўным узроўні выходзяць бокам простым людзям: «Паны б’юцца, мужыкам ілбы трашчаць».

А з польскага боку хутка прыйшло традыцыйнае запрашэнне вялікаму князю літоўскаму на трон. Справа ў тым, што Альбрэхт памёр, а попыт на Ягайлавічаў трымаўся. Хаця і ў самога Аляксандра са здароўем было не вельмі, усё ж каралём ён стаў.

Ёсць старажытная ўсходняя прымаўка: «Сустракаюцца стогадовыя сяляне, не сустрэнеш стогадовага чыноўніка». Такое, відаць, траплялася і ў нас.

Кароль і вялікі князь Аляксандр Ягайлавіч паехаў на паляванне ў Налібоцкую пушчу і сустрэў там лесніка, якому, як казалі, было ўжо даўно за сто, але выглядаў ён даволі маладжава.

– Ці наведвала цябе калі хвароба? – спытаў старога Аляксандр.

– Не, найяснейшы пане. Хвароба не гасціла ў мяне, бо я не меў чым яе частаваць, – адказаў ляснік.

Пражыў Аляксандр усяго сорак пяць гадоў. Але дынастыя Ягайлавічаў на ім яшчэ не канчалася. Справы ў Кароны і Літвы ішлі больш-менш нармальна, і гэта ставілася ў заслугу чарговаму іх прадстаўніку. А нястомны Час цягнуў за сабою даўжэзны абоз перамен. Сярэднявечча паступова размывалася Рэнесансам. Людзі станавіліся больш дасціпнымі, што не абмінула і каранаваных асоб.

З дазволу караля і вялікага князя

Подняться наверх