Читать книгу Нацыянальныя і дзяржаўныя сімвалы Беларусі - Леанід Уладзіміравіч Спаткай - Страница 3

Герб

Оглавление

Першыя гербы, як гербы ў поўным сэнсе гэтага слова, з’явіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі прыкладна ў XIV ст. Яны, у адрозненне ад рыцарскіх заходнееўрапейскіх гербаў, мелі іншае паходжанне. З незапамятных часоў нашы продкі балты-лiцвіны і славяне-крывічы карысталіся рознымі сiмвалiчнымi знакамі, якія служылі ім не толькі знакамі маёмаснай прыналежнасці, але i знакамi-абярэгамi, якія павінны былі дапамагаць іх уладальнікам у паўсядзённым жыцці або абараніць іх падчас вайсковай справы. Выявы гэтых сімвалаў змяшчаліся як на прадметах бытавога ўжытку (упрыгожанні, жыллё, адзенне i г. д.), так i на прадметах вайсковага рыштунку (зброя, сцягі i г. д.).

Традыцыі гэтыя зарадзіліся яшчэ ў паганскія часы, а хрысціянства затым прынесла свае асаблівасці: так, напрыклад, у якасці абарончых сiмвалаў-абярэгаў воіны сталі выкарыстоўваць выявы анёлаў або святых, якіх лічылі сваімі нябеснымі заступнікамі. Вядома вялікая колькасць разнастайных геральдычных знакаў, якія таксама выкарыстоўваліся ў якасці вайсковых сiмвалаў-абярэгаў. У шматлікіх летапісах, на фрэсках i барэльефах сабораў i цэркваў, на іконах, у археалагічных крыніцах знаходзім звесткі аб гэтых знаках. Часцей за ўсё гэта геаметрычныя фігуры: прамыя або касыя («андрэеўскiя») крыжы, зоркі з чатырма, шасцю або васьмю канцамi-промнямi, радзей – рэальныя або міфічныя істоты.


Таму першыя ўласныя гербы таксама мелі просты выгляд. Часцей за ўсё гэта былі спалучэнні розных ліній, часта выкарыстоўваліся эмблемы, асновай якіх з’яўлялася выява стралы, мяча, крыжа, падковы або маладзіка.


Знакі Рурыкавічаў (В. С. Драчук «Дорогами тысячелетий»)


Напрыклад, уласным гербам Вялікага князя Альгерда (1345—1377) была выява крыжа з джаламі стрэл уверсе i ўнізе.


Пячатка и магчымы герб Вялікага князя Альгерда


Гербам Вялікага князя Вітаўта быў відазменены герб «Трызуб», які атрымаў назвы «Слупы Гедымiнавiчаў», або «Калоны»:


Сам жа «Трызуб» з’яўляецца стылізаванай выявай пікіруючага ўніз сокала – радавога знака-татэма даіндаеўрапейскага часу.


Ён адпавядае старадаўняму ўяўленню аб сонцы як аб сокалу, што захавалася да нашага часу ў загадцы-прымаўцы: «Прыйшоў воўк – народ змоўк, узляцеў ясны сакол – народ вясёл», дзе «воўк» – цёмная ноч, «ясны сакол» – сонца. Сокалападобным быў i старажытнаславянскi бог агню i свету Рарог, i ў некаторых славянскіх мовах гэта слова захавалася да нашага часу, напрыклад польскае «rarog» i чэшскае «raroh» у перакладзе – сокал. Стылізаваная выява пікіруючага сокала была радавым знакам i летапіснага князя Рурыка, або Рарога.

Гэтыя i іншыя радавыя гербы змяшчаліся на пячатках, грошах, вопратцы, надмагільных плітах, будынках i г. д. Прычым самымі характэрнымі колерамі гэтых ранніх гербаў былі белы i чырвоны: або белая (срэбная) фігура змяшчалася ў чырвоным полі шчыта, або наадварот – чырвоная ў срэбным полі. Гэтыя колеры шырока выкарыстоўваліся ў сімволіцы славян здаўна: яшчэ аўтар «Слова аб палку Iгаравым» упамінае чырвоныя і белыя харугвы i чырвоныя шчыты ваяроў.

Прагеральдычныя знакі нашых продкаў, як i згаданы «Трызуб», у большасці сваёй адпавядалі або мелі сувязь з паганскімі божаствамі. Так, галоўным бажаством нашых продкаў быў бог Святла i Сонца Дажбог, ці Купала. Яго колер – чырвоны, а сімвал яго – васьмiпрамянёвая зорка-кветка. Гэты сімвал i зараз добра вядомы i папулярны сярод нашага народа: ён сустракаецца ў вышываных i тканых нацыянальных узорах i арнаментах, у архітэктурным дэкоры пабудоў i інш.


Гэты сімвал атрымаў шырокае распаўсюджанне i пашану сярод продкаў беларусаў не выпадкова, бо згодна са старадаўнімі легендамі, свой радавод яны вялі ад самога Дажбога-Купалы, таму аўтар «Слова аб палку Iгаравым» і называе нашых продкаў Дажбожжымi ўнукамі.

Даволі часта на прадметах вайсковага ўжытку сустракаецца і эмблема бога вайны, грому i маланкі – Перуна: шасцiпрамянёвая зорка, або кола з шасцю спіцамі. Гэты Перуноў знак i сёння можна ўбачыць у многіх беларускіх вёсках – ён размяшчаецца на сценах хат i гаспадарчых пабудоў. Гэта выява, па павер’і, абараняе жыллё i пабудовы разам з iхнiмi насельнікамі ад гневу Перуна – удару маланкай. Выява знака Пяруна знака на шчытах i латах або кальчузе воіна таксама павінна была захаваць іх уладальніка ад гневу Перуна – ад паразы ў баі.


Задоўга да прыняцця хрысціянства нашым продкам была вядома i выява крыжа, ці чатырохпрамянёвай зоркі, прычым касы, ці «андрэеўскi», крыж таксама з’яўляўся знакам-абярэгам воіна. Гэты сімвал абароны i ачышчэння азначаў ачышчальнае ахвярнае славянскае вогнішча, малітву, што злучае чалавека з богам.

Прамы ж крыж, ці чатырохпрамянёвая зорка, – гэта сімвал росквіту i стварэння, сімвал усёабдымнай сілы Бога. Разыходзячыся ва ўсе бакі свету, яна ўяўляе сабой сімвал квітнеючага Сусвету.

Не менш за Дажбога шанавалі нашы продкі i бога Ярылу. Па іх уяўленнях, Ярыла – гэта сын Дажбога, юнак, які верхам на белым кані аб’язджае зямлю. Ён апрануты ў белую кашулю, басаногi, у руках трымае жытнія каласы, на галаве – вянок з палявых кветак. Па слову маці сваёй, жонкі Дажбога, багiнi Лады, Ярыла адчыняе вароты нябёсаў i з’язджае з неба на зямлю – у гэты час пачынаецца вясна.

Прыняцце хрысціянства Полаччынай было больш доўгім па часе i больш мірным па спосабе, чым гэта было ў Кіеўскай Русі, якую «Пуцята хрысціў мячом, а Дабрыня – агнём», таму ў свядомасці беларусаў хрысціянства да сённяшняга дня мірна ўжываецца з паганскімі вераваннямі i звычаямі. У немалой ступені гэтаму спрыяла i сама царква, служыцелі якой, стараючыся вынішчыць у паствы паганскія вераванні i абрады, прызначалі дні хрысціянскіх свят на дні паганскіх, а хрысціянскіх святых «прызначалі» замест паганскіх багоў быць нябеснымі патронамі спраў зямных. У выніку гэтага ўладаром маланкі i грому стаў святы Iлля, ён жа стаў заступнікам падарожнікаў i воінаў. Грамавы знак Перуна (шасцiпрамянёвая зорка, ці кола з шасцю спіцамі) пад уплывам хрысціянства пераўтварыўся ў шасцiканцовы роўны крыж (іншая назва – падвоены крыж), які таксама лічыўся знакам-абярэгам воіна на полі бітвы. Як i маланка на небасхіле, выява гэтага шасцiканцовага крыжа – срэбная (белая) ці, радзей, залатая (жоўтая) на блакітным ці цёмна-блакітным полі.


Гэты крыж мае падабенства са старажытным каталіцкім крыжам «Свечыц» (у яго пашыраюцца канцы), а таксама з праваслаўным патрыяршым крыжам i крыжам Святой Еўфрасінні Полацкай (іх верхняя перакладзіна карацей за ніжнюю).


Дарэчы, патрыяршыя крыжы прысутнічаюць у дзяржаўных гербах Венгрыi, Славакii, Лiтувы i некаторых іншых кран.

У еўрапейскай геральдыцы існуе некалькі назваў падвойнага крыжа: «патрыяршы», «ларанскі», «венгерскі», «архіепіскапскі», «бенедыктынцаў», а таксама «крыж Кірылы і Мяфодзія».

Але ўсе гэтыя назвы адпавядаюць толькі асобным перыядам гісторыі, а назва «патрыяршы крыж» сведчыць, што крыж такой формы выкарыстоўваецца ў якасці знака адрознення патрыярхаў царквы.

Калі гэты крыж быў абраны архіепіскапамі царквы ў якасці знака сана – невядома, але ў еўрапейскай геральдыцы падвойны крыж вядомы з XV ст. Прыкладна з гэтага часу вядомы і герб Ордэна Бенедыкта: падвойны крыж на трайным пагорку, маючым дэвіз.

У паўднёваславянскіх краінах падвойны крыж таксама вядомы як крыж Святых Кірыла і Мяфодзія і фактычна звязаны з духоўнай асветай славянскіх народаў. Назву ж «ларанскі» падвойны крыж атрымаў у сувязі з тым, што Рэне Анжу, герцаг Ларанскі (з 1431 г.), у 1435 г. стаў каралём Венгрыi, гербам якога быў падвойны крыж.


Несумненна, што падвойны крыж заходніх і паўднёвых славян паходзіць з Візантыі, дзе ён быў вядомы да IX ст. У Візантыі існавала некалькі розных тыпаў выяваў крыжа. Шматлікія іконы маюць як выявы простага (лацінскага) крыжа з распятым Хрыстом – Распяцце, так і выявы падвойнага крыжа, які ўваскрэсшы Хрыстос трымае ў сваёй руцэ. Ад гэтага падвойны крыж стаў сімвалам Уваскрэсення.

З IX ст. заходнеславацкае княства Нітра стала усходняй часткай Вялікамараўскай імперыі на якую імкнулася распаўсюдзіць свой уплыў Візантыйская імперыя праз распаўсюджанне хрысціянства. Менавіта таму сюды ў 863 г. візантыйскім імператарам Міхаілам III была накіравана місія на чале з манахамі-прапаведнікамі святым Кірылам (Канстанцінам) і яго братам, святым Мяфодзіем. Няма сумнення, што менавіта браты-асветнікі славян прынеслі ў Славакію выяву падвойнага крыжа і тлумачэнне яго сімволікі. У наш час у Еўропе падвойны крыж з’яўляецца сімвалам трох выдатных рэлігійных дзеячаў. якія аднесены да ліку святых. Гэта святы Бенедыкт – бацька заходнееўрапейскага манаства і святыя Кірыл і Мяфодзій – асветнікі славянскіх народаў. А чырвоны і срэбны колеры крыжа сімвалізуюць кроў і цела Хрыста.

У Х-ХІ ст. тэрыторыя Славакіі паступова ўвайшла ў склад Венгерскага каралеўства. што ўзнікла замест Вялікамараўскай імперыі. У складзе гэтага каралеўства тэрыторыя Славакіі складала Паўночнае княства. Гэта княства ў розныя часы мела розны палітычны статус, што залежала ад таго, хто быў уладаром княства. Так, князь Бэла (1048—1060), брат караля Эндру I, быў амаль самастойным манархам з уласнымі васаламі, войскам і незалежнай знешняй палітыкай, якая часам была скіраванай нават супраць яго брата-караля. Бэла чаканіў і ўласныя манеты, якія мелі большую каштоўнасць. чым манеты караля. На гэтых манетах і змяшчаліся першыя вядомыя ў Славакіі выявы падвойнага крыжа ў выглядзе вертыкальнай лініі, якая перасякае дзве паралельныя гарызантальныя. Такім чынам, ужо ў XI ст. у славакаў падвойны крыж з’яўляўся не толькі рэлігійным сімвалам, але і палітычным – сімвалам дзяржаўнага суверэнітэту.


Як вядома, узнікненне геральдыкі звязана з крыжовымі паходамі. Менавіта для таго. каб адрозніць у клубах пылу на полі бітвы закаваных у латы сваіх воінаў ад варожых. рыцары пачалі наносіць на свае шчыты якія-небудзь простыя выявы.

У якасці такога знака адрознення ў 1189 г. венгерскі кароль Бэла III, які збіраўся прыняць удзел у Трэцiм крыжовым паходзе. змясціў на свой шчыт выяву падвойнага крыжа – сімвала, быўшага к гэтаму часу ўжо добра вядомым у каралеўстве. Такім чынам, падвойны крыж стаў гербам венгерскага караля. а ў хуткім часе і першым гербам Венгрыi. У сучасным гербе Венгрыi ён змяшчаецца ў левай палове шчыта.


Вялікі князь Ягайла таксама меў уласны герб з выявай шасцiканцовага крыжа, з пашыраючыміся канцамі.


Менавіта такі крыж быў змешчаны на Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь, прынятым у 1991 г. Але ўсе названыя крыжы адрозніваюцца ад падвоенага тым, што або маюць перакладзіны рознай даўжыні, або гэтыя перакладзіны размяшчаюцца на рознай адлегласці ад вяршыні i падножжа; у падвойным жа крыжы ўсе канцы аднолькавай даўжыні i адлегласць паміж перакладзінамі аднолькавая з канцамі крыжа.

Нацыянальныя і дзяржаўныя сімвалы Беларусі

Подняться наверх