Авантуры студыёзуса Вырвіча
Реклама. ООО «ЛитРес», ИНН: 7719571260.
Отрывок из книги
Калі праўдзівы студыёзус ідзе на лекцыю, сама меней ён думае пра лекцыю і вучобу, пра святарны свой абавязак перад бацькамі, што выправілі дзіцятка, можа, за апошнія сямейныя грошы ў абдоймы багіні мудрасці Мінервы… Не, пра абдоймы ён думае – але ж не пра халодна-мармуровыя.
Студэнты цягнуліся да акадэміі праз халодную восеньскую раніцу і апошні сон, як цені па тваністым беразе Леты, намагаючыся зрабіць твары поснымі, як незасквараная капуста, бо найперш усіх чакала імша. Вырвіч, схізматык, мог асабліва не шчыраваць, але прысутнічаць таксама быў абавязаны – айцы езуіты строга за гэтым наглядалі. Каб яшчэ можна было навучыцца спаць з адплюшчанымі вачыма…
.....
– Давай адчынім! – Пранціш аж падскокваў ад нецярпення і прадчування чагосьці незвычайнага, і, магчыма, небяспечнага. Прафесар, чые цёмныя вочы таксама падазрона разгараліся, няўпэўненым голасам загаварыў, што яму зараз абавязкова трэба ісці браць удзел у жалобных цырымоніях па сваім дабрадзеі, і часу няма, і асцярожней трэба быць з невядомымі падарункамі, і… а, гары яно ўсё гарам!
У чатыры рукі, выкарыстоўваючы кінжал, хірургічныя абцугі, малаток для трэпанацыі чэрапа ды іншыя прыдатныя і не дужа інструменты доктар і студыёзус справіліся са скрынкай за чвэрць гадзіны. Дошкі ўпалі, як пасечаныя крыжакі, па пакоі разляцеліся аблокі бавоўны, якой для бяспекі была абкладзеная невядомая рэч у шчыльнай белай тканіне. Пад пакрыкванні Лёдніка “Асцярожна! Не рукі, а цапы!” тканіну сцягнулі… І Вырвічу ледзь не сталася млосна. Там сядзела мярцвячка. Авальны тварык з ружова-белай скурай, яркія маленькія вусны, высокі белы парык, перавіты ніткамі перлінаў… А вочы! Так, самае жахлівае – вочы, мёртвыя, бліскучыя, вялізныя, ледзь не па дукаце, прамяніста-шэрыя, з белым з сінізною бялком, з даўжэзнымі вейкамі… Твар, які можна цалкам уявіць спалучаным з тулавам пачвары, напрыклад, як у Феі Мелюзіны, напалову змяі, ці ў птушкі Алканост, што прарокуе няшчасці, ці ў Сірэны з рыбіным хвастом, якая заманьвае неабачлівых мараходаў дзівоснымі спевамі, быццам пузатага віленскага каморніка – пахам літоўскага піва… Хаця хіба могуць параўнацца спевы, нават самыя ўзвышаныя і руладныя, з пахам свежага бурштынавага піва, зваранага ў слаўным месце Вільні?
.....