Читать книгу Ночы на Плябанскіх млынах (зборнік) - Людміла Рублеўская - Страница 7
Ночы на Плябанскіх Млынах
Містычная аповесць
Гісторыя пра залатагорскую нявесту
ОглавлениеАднойчы да маці прыйшла заказчыца. Здарылася гэта цёмным восеньскім вечарам, калі голае голле дрэў адчайна цягнецца да шыбаў, і апошнія мокрыя лісты, сарваныя ветрам, стукаюцца ў шкло, нібыта самагубцы. Заказчыца была сухой і паважнай немкай нявызначанага ўзросту, у пляскатым капелюшы с маленечкім вэлюмам, нечакана задзірыста адкінутым набок – відаць, вецер пастараўся. Немка агледзела нашу кватэру, якая служыла адначасна і майстэрняй, але немагчыма было анічога прачытаць на ейным трохі мужыкаватым твары: ці яна пагарджала нашай беднасцю, ці нічога асаблівага ў змушанай сціпласці кватэры не бачыла? Заказ быў нечаканы: вясельная сукенка! Не, не для яе самой – наведніца нават пакрывіла вусны ў іранічнай усмешцы, – а для дачкі яе гаспадароў, шаснаццацігадовай дзяўчыны. Вось і меркі ўсе ўжо знятыя – на аркушыку запісаныя…
Маці мая разгубілася – дагэтуль ёй не даводзілася шыць вясельныя сукенкі. Процьма швачак, аднак, менавіта гэтым і займаюцца… Тым болей за грошы, якія госця прапанавала, можна было замовіць строй у самым шыкоўным атэлье на Губернатарскай!
– Разумееце, фрау, мы не хацелі б звяртацца ў вядомае атэлье! – крыху няёмкім голасам адказала немка. – Нам патрэбна, каб убор быў пашыты за двое сутак, фасон, упрыгожванні – усё на вашае ўгледжанне. І… каб пра гэта вы асабліва нікому не распавядалі.
Аванс быў літаральна ўсунуты ў матчыны рукі…
– А дзе адбудзецца вянчанне? – паспела толькі спытацца матуля. Немка трохі прамарудзіла з адказам: – У касцёле на Залатой Горцы, фрау. Я прыйду па заказ у суботу раніцай.
Ці трэба казаць, што маці паставілася да замовы з пэўнай насцярогай, і лічыла, што ўвязалася ў нейкі грэх, а я – наадварот – з захапленнем. Вядома, я ўсё ўявіла да драбніцаў. Верная прыслуга заказала вясельную сукенку для сваёй маладой гаспадыні, якая наважылася на забаронены бацькамі шлюб… Гэта будзе таемнае вянчанне. Жаніх, вядома, немаёмасны. Але страшэнна прыгожы, таленавіты і адважны. І сама паненка не менш прыгожая і адважная… Як мне хацелася, каб сукенка атрымалася як мага лепей! Але маці і так завіхалася напоўніцу – яна была сапраўды выдатнай швачкай… Каб менш старалася дагадзіць заказчыкам – дык, можа, не ўбіліся б пасля тыя сухоты. Бялюткі шоўк з вытанчаным узорам з лілеяў, карункі, ружачкі з атласу… А мне ўсё здавалася, што, каб яшчэ пару дзён – якую прыгажосць можна было б стварыць! Я абмётвала швы ўсю ноч – я ж гадоў з пяці, як толькі навучылася трымаць у руках іголку, дапамагала маці, таму цяпер ненавіджу ўсялякае шытво і вышыванне. Прыўносіла ў фасон свае фантазіі – дзе дадам перлінак, дзе прызбяру карункі, так, як бачыла ў краме на Ратушнай плошчы… Напрыканцы, калі ўжо ўсё было гатова, я падышла да белай прывіднай постаці – у святле свечкі здавалася, што сукенка на кагосьці апранута, і белая постаць вось-вось зрушыцца з месца… Я яшчэ раз ва ўсіх драбніцах уявіла, як заўтра апране гэты ўбор, хаваючыся ад свету, прыгожая бледная дзяўчына, як выйдзе з чорнага ходу да экіпажа, дзе ўжо чакае жаніх – можа быць, гусар, нашчадак збяднелага роду, можа, малады паэт… У касцёле – нікога, акрым сведкаў, ніякага пышнага вяселля… І мне захацелася яшчэ чым-небудзь дадаць бляску таемнаму вянчанню. Я зняла з шафы матчын куфар для ўсялякіх бліскучых драбніцаў, сапраўдную скарбніцу Аладына, з брошкамі, кветкамі, барсэткамі, дастала лілею са штучных перлін – у дзяцінстве я любіла ёю гуляцца, і прышпіліла яе на карсет сукенкі, там, дзе сэрца.
Але калі я нараніцу прачнулася, аказалася, што сукенку ўжо забралі – я прапусціла самы цікавы момант, калі можна было паназіраць, параспытвацца… Маці толькі сказала, што прыйшла тая самая немка – ні свет, ні зара, заплаціла – і знікла…
І трэба ж было такому стацца, што назаўтра маці дастала з шафы свой зялёны куфар і пачала перабіраць бліскучыя цацкі – спатрэбілася нейкая пацерка для чарговай кофтачкі… Чамусьці ў матчыным голасе, калі яна спытала пра лілею, была сапраўдная трывога… Я, вядома, не стала нічога хаваць – бо не бачыла нічога кепскага ў сваім учынку. Але… Аказваецца, брошку падарыў маёй бабулі мой дзед, яна была на вясельнай сукенцы маёй маці… Карацей, я спляжыла сваю спадчыну (цана якой пяць капеек, як я пракаментавала ў думках), і яе належала вярнуць разам з дарагімі ўспамінамі.
Маці па-сапраўднаму ўзрушылася, спрачацца было бескарысна…
Урэшце мне дзесьці ў душы і самой было цікава зноў дакрануцца да гісторыі з таемным вяселлем. Варта ўявіць сябе Натам Пінкертанам – не смейцеся, я тады старанна збірала ўсе гэтыя брашуркі народнай бібліятэкі з прыгодамі вялікага сышчыка – і таямніца раскрыецца. Немка сказала, што вянчанне мусіла адбыцца ў Залатагорскім касцёле ў суботу. Значыць, я даведаюся імёны жаніха і нявесты.
Але ў касцёле сухенькі служка з вострым, як дзюба, носам гэтак жа суха і востра паведаміў мне, што ніякага вянчання ў суботу ў касцёле не было. Я разгубілася, а потым западазравала востраноса ў няшчырасці: вядома ж, вянчанне таемнае… Але асцярожныя роспыты прыкасцёльных бабулек таксама анічога не далі…
– Ну якое ж вянчанне, дзетухна! – ледзь не са спачуваннем прамовіла сухенькая бабулька ў чорнай хустцы, падобная да манашкі.– Адпявалі ўчора… Такую ж маладзенькую дзяўчынку. Як ты…
Другая бабулька, у старасвецкім каптуры, з падслепаватымі, але ўсё яшчэ сінімі вачыма, мітуслівая, як лясная птушка, умяшалася:
– Так, так, прыгожанькая такая дзяўчынка… Анёльчык… Часта сюды хадзіла… У вясельнай сукенцы хавалі, дык яна, як каралеўна, ляжала. Уся ў кветках, у карунках. Пальчатачкі белыя-белыя. Сукеначка з фальбонамі, тканіна ўся ў лілеі… Бедная дзяўчыначка… Паслізнулася на мосце, што праз Лошыцу, упала – а там калы ў дно панатыкалі… Гэта няйначай Лядашцік акруціў, злы дух.
– Не Лядашцік, а русалкі! У Лошыцы русалкі водзяцца! – заспрачалася другая бабулька.
– Якія русалкі ўвосень? Лядашцік! Шэўрадзь гэты аднавокі асабліва жанчын ненавідзіць і дзяўчатак, паглядзіць вокам сваім – і розум скручвае… Чаго б дзяўчаці з мосту падаць?
Тым часам другая старая пачала доўгае, нібы восеньскі вечар, разважанне пра тое, каго Гасподзь паклікае да сябе першым, але я амаль ужо гэтага не чула. Усе мае фантазіі разляцеліся, як пялёсткі штучнай ружы, з якой няўмелая рука сарвала нітку… Шчаслівая нявеста, жаніх прыгажун… А насамрэч казачная шаўковакарункавая гожасць і матчына брошка – тут, побач, пад слоем зямлі, вільготнай і цяжкой, як сама незваротнасць. Цяпер зразумела чаму звярнуліся да беднай швачкі, а не ў моднае атэлье – ніхто не хоча азмрачаць настрой заказчыц, якія могуць даведацца, што побач з іхнім сымболем шчасця шылі ўбор для нябожчыцы. Чуткі ў мястэчку разносяцца хутка…
Я павольна пайшла на могілкі. Апошняе залатое лісце сыпалася на магілы… Сапраўды, Залатая Горка… Я ўспомніла пра іншы залаты дождж, які тут сыпаўся, калі сто гадоў таму тут балявала халера і збірала ахвяры не меней, чым чума. А як па мне, дык лепей чума, або, як у гэтай няшчаснай дзяўчыны, недарэчны выпадак, чым паміраць ад, прабачце, разладу страўніка. Людзі адчаяліся і не ведалі, як спыніць пошасць. Набіваліся аж па дах у стары драўляны храм на Залатой Горцы… Пасля, вядома, нехта сказаў, што калі храм, Божы дом, такі бедны і цесны, гэта вялікі грэх… І ці не таму Гасподзь прагневаўся і папусціў пошасць? Нейкі доктар – а іншыя кажуць, ксёндз, – выйшаўшы з касцёлу, разаслаў на зямлі свой плашч і кінуў на яго першыя залатыя манеты… Другія прыхаджане паспяшаліся таксама ўнесці ахвяру – і хутка на плашчы вырасла залатая горка… Як па мне, збудавалі б на тыя грошы шпіталь, закупілі добрых лекаў, зладзілі водаправод, каб менчукі не бралі ваду з гэтай памыйнай ямы – Нямігі… Што ж, цяпер я магла лічыць, што і наша сям’я зрабіла свой унёсак у Боскае месца ў выглядзе фамільнай брошкі…
Я блукала між магілаў і, мусіць, сама нагадвала прывід у цьмяным лістападаўскім свеце. Ага, вось узгорак, спрэс завалены кветкамі… Партрэт пад шклом, у драўлянай рамцы: гэткая наіўная гімназістачка, са здзіўлена прыўзнятымі бровамі, кірпатым носікам і прыадкрытым ратком, які, відаць, любіў смяцца, і коскі ўкладзеныя на галаве гэткімі бублікамі… Праставатае, наіўнае, вельмі звычайнае аблічча. Не маёй кампаніі паненка, ясна. Караліна-Марыя Шыманская-Рэпка. Бедную, напэўна, з-за гэтай «рэпкі» дражнілі ў гімназіі… Я ўявіла, як Караліна-Марыя ляжыць зараз вось тут, у зямлі, у сшытай намі сукенцы, з брошкай у выглядзе лілеі на грудзях… Прылучаная да тых глыбіняў – ці высотаў – спазнання, ад якіх я, эмансіпэ і натуралістка, аддзеленая кожнай клетачкай свайго фізічнага цела… Але заплаціць за гэтае спазнанне тым, што легчы ў гэтую сырую зямлю… Ведаеце, я не сентыментальная істота, але раптам мне зрабілася так шкада гэтай – няхай не вельмі інтэлектуальнай пры жыцці – дзяўчынкі, што я горка расплакалася – па ёй, па сабе… Па сваёй гаротніцы-маці – не так шмат у той у жыцці радасцяў і добрых успамінаў, каб пазбаўляць дарагіх сэрцу дробязяў. Што я ёй патлумачу наконт брошкі-лілеі? Падумаць толькі – тая ляжыць у нейкім метры ад мяне! Але недасяжней, чым была б на месяцы. І я ў адчаі пачала ў думках звяртацца да незнаёмай мне нябожчыцы… Уявіце сабе – прасіла яе вярнуць мне тую брошку, тлумачыла, як будзе перажываць мая маці. Угаворвала асцярожліва, як угаворваюць маленькае дзіця, што схапіла вельмі дарагую і дужа крохкую рэч… Я нават апусцілася на калені… Не ведаю, колькі часу прамінула – я схамянулася, калі буйны кляновы ліст, мокры і халодны, нібыта даланя тапельца, ударыў мяне па шчацэ. Я знаходзілася ў такім знерваваным стане, што гатовая была прыняць гэта за нейкі знак. Ліст апусціўся проста на букет дарагіх аранжарэйных фіялак, якія мерзлі ў беларускім лістападзе, як усходнія прыгажуні, і я пацягнулася адкінуць ад іх жоўтага нахабу. На земляным насыпу між кветак нешта збліснула… Я адсунула стракатыя пялёсткі… І ўбачыла брошку ў выглядзе лілеі.
Сказаць, што я была агаломшаная – не сказаць нічога. Мяне быццам абдало ільдзяной вадой, сэрца абарвалася, нібы я скочыла з адхону. Ну а вы, што б вы падумалі на маім месцы? Ніякіх рацыянальных тлумачэнняў у мяне не мелася. Проста нябожчыца пачула маю шчырую просьбу і вярнула памятны знак. Я дрыжачымі пальцамі ўзяла брошку – так, гэта была яна, голка, вядома, расшпіленая… Радасць ад нечаканай знаходкі патанала ў містычным жаху. А калі тая, што вярнула брошку, зараз тут, побач са мной? Я ж так яе клікала… Я непаслухмянымі вуснамі прамовіла «дзякуй», паднялася і рушыла, змушаючы сябе не бегчы – яна ж можа пакрыўдзіцца… Маліцца… Выратуе адно – шчыра маліцца… Замоўлю за Караліну-Марыю імшу… Чым бліжэй я падыходзіла да брамы, да пазбаўленага містычнасці мітуслівага местачковага жыцця, тым больш ува мне выспявала ўдзячнасць і яшчэ нешта незвычайна ўзнёслае, быццам крылы раслі… Не ведаю, як далей павярнуўся б мой лёс – здараюцца імгненні, якія фармуюць чалавека, як рукі майстрыхі цеста, – калі б не выпадак… Які прыняў аблічча дурня Генуся. Генуся ведала ўсё мястэчка. Худы і прыгорблены, быццам вечна нёс на сабе мех з мукой – Генуся часам, калі ён быў не вельмі шалёны, бралі на працу на млын. Рот прыадкрыты, зубы – наперад, у вачах светлая каламуць, на носе вечная кропля… Ну, што я апісваю – вы самі мусіце ведаць, як выглядае класічны местачковы дурнячок… І вось гэты Генусь падслепаватым каршуком кінуўся на мяне… Дакладней, на брошку-лілею, што я несла перад сабой у руках, як прыгаршчу святой вады.
– Не тваё! Не тваё! Аддай! Злодзейка! Злодзейка! – верашчаў Генусь, спрабуючы выхапіць у мяне з’яўленае са свежай магілы ўпрыгожванне. Я ўварочвалася, як ад гарэзлівага шчанючка, але… містычны жах мой яшчэ пабольшаў. Адразу палезлі ў галаву легенды пра юрадаў ды блажэнных, надзеленых дарам прароцтва… Каб адкінуць насланнё, закрычала першае, што прыйшло ў галаву:
– Сам злодзей!
Генусь нечакана змоўк, нібыта яго выцялі, перагнуўся напалам і жаласна заенчыў… У ягоных няўцямных, як далёкая травеньская бліскавіца, словах я нарэшце ўгледзела сэнс, як у віры ўгледжваюць апошняе выйсце. Брошку забраў з труны Караліны-Марыі Генусь, паколькі небарака быў закаханы, як толькі можа быць закаханым немаёмасны дурнячок у паненку з добрага сямейства. А паклаў на магілу ці таму, што паненка стала яму з’яўляцца ў снах, ці нехта сказаў, што забіраць нешта з труны вялікі грэх, а Генусь быў надта пабожны – гэтага я ўжо не разабрала дакладна… Я ледзь здушыла істэрычны смех. Падумайце толькі – калі б я выпадкова не напаткала небараку, у мяне б жыццё па-іншаму склалася! І сёння, магчыма, была б я якой-небудзь сястрой Ганорыяй, і перабірала б ружанец замест жывых кветак… Я пакінула брошку на могілках. Яна ўжо была мёртвай – нават рэчы робяцца мёртвымі, дакранаючыся смерці… І маці дасюль думае, што яе каштоўнасць дасталася шчаслівай нявесце… Не збіраюся яе разупэўніваць. Але… ведаеце…Часам я шкадую, што больш ніколі не давядзецца перажыць тое незвычайнае адчуванне, нібыта таямніца сусвету ляжыць у маіх далонях.
Зося скончыла расповед і задумліва глядзела на свае рукі, быццам уяўляла ў іх брошку ў выглядзе лілеі.
Улад паціснуў плячыма:
– Думаю, Серапіёнавыя браты збэсцілі б тваю гісторыю. Мала таго, што ніякай містыкі, дык яшчэ і гумару бракуе. І не страшна, і не смешна.
Зося бліснула зялёнымі вачыма – халодная маланка.
– Страшаць баязліўцы, смешаць няцвёрдыя ў сабе… У маіх акулярах няма ні ружовых шкельцаў, ані чорных, дый увогуле акуляраў не маю. Прымаю жыццё, якім ёсць. Калі вам не хапае тэатральнага рэквізіту, пашукайце ў каго іншага.
Улад сумеўся.
– І ўсё-ткі так нельга… Памятаеш, у «Беларускай хатцы» паказвалі батлейку? Апошняга, можа, батлейшчыка ў Менску знайшлі… Лялькі аднавілі… Дык «ідэйна правідловая» частка гледачоў пачала гарлаць, што гэта перажыткі і рэлігійная прапаганда, засмуцілі беднага дзядка-батлейшчыка, якога ў свой час жандары ганялі… Што ж гэта будзе, калі мы адмовімся ад прыгожага, ад гульні, ад карнавалу? Ад гісторый пра прывідаў і цмокаў? Чалавека робіць адрозным ад жывёлы не тое, што неабходна, а тое, што залішняе… Тое, што не прыносіць відочнай карысці. Музыка, спеў, паэзія, вытанчаныя краты на балконе палаца, разныя ліштвы на сялянскім доме, вышыўка на рушніку…
– Сустрэчны вецер эпохі садзьме гэта, бы карункавы капялюшык з паненкі, што ўселася на пляцоўцы імперыялу, – жорстка запярэчыў Ной, які ўвесь гэты час ляпіў з наплаканага пахавальнымі свечкамі воску маленькіх яшчарак. – Малевіч намаляваў свой чорны квадрат – і гэта дзверы, за якімі пачынаецца невядомы, але адзіна магчымы шлях наперад. Нішто не паўтараецца… Фараонаў малявалі толькі ў профіль, у трагедыях не маглі ў якасці галоўных герояў выступаць слугі, жанчыны не мелі права з’яўляцца на сцэне… Хто цяпер запатрабуе таго ж?
Улад спахмурнеў, звычайная іронія пакінула яго.
– Ты кажаш пра прагрэс у мастацтве, але мне свет, дзе пануе чорны квадрат, уяўляецца застрашлівым. Будынкі ў выглядзе вялізных шэрых скрынак з квадратамі вокнаў, песні ўсе з адной бязглуздай фразы і прымітыўнага рытму, і адна газета на ўсіх, дзе тлумачыцца, якія ўсе шчаслівыя… Ведаеш, калі Платон прыдумляў сваю ідэальную дзяржаву, то хацеў прыблізна такога… Усе мусілі танчыць і спяваць, якія яны шчаслівыя, а паэтаў належала забіць.
– Ведаеце, калі гэтая адзіная газета і адзіная песня будзе на беларускай мове, я згодны і з такой сумнай прышласцю, – задумліва прамовіў пан Беларэцкі.– Але нешта мне падказвае, што спрошчаны да простакутнікаў свет не змесціць нашую цудоўную, неспазнаную беларускую Атлантыду – яна толькі пачынае ўздымацца з мутных хваляў забыцця, з-пад усялякай набрыдзі… А тут не самабытнасць вымагаецца, а ўніверсальнасць… Кіёк замест галінкі…
– Вы проста… стары, – кінуў Ной. – Вы не разумееце, што чалавецтва ідзе да ўзаемаразумення – да аднае мовы.
– А прырода – да аднае кветкі, аднога дрэва і аднога куста, – насмешна вымавіў Беларэцкі.– Альбо з’явіцца ўвогуле на ўвесь свет расліна: белы кветка-дрэва-куст…
– А чаму белы? – разгублена папыталася Дарота.
– Таму што ўсе колеры, змяшаўшыся, утвараюць ідэальную бель… Але ў жыцці рэдка здараюцца чыстыя колеры. Без дамешка… Таму, я думаю, патэнцыйная ідэальная прырода будзе шэрай.
Улад, відаць, уявіў гэтую прышласць, не вытрымаў і рассмяяўся. Ад гэтага аблічча ягонае на хвілю страціла заўсёдны насмешна паблажлівы выраз – вызірнуў цікаўны і дурасліва-наіўны падлетак… Дарота нават таксама нясмела ўсміхнулася, гледзячы на маладога артыста, як на асветленыя сонцам неверагодна лёгкія аблачынкі, на якіх уяўляецца прыўкрасны замак вечнага святла і спакою… Пан Беларэцкі задумліва глядзеў на дзяўчыну, на яе ўсмешку, і ў шкельцах ягоных акуляраў скакала полымя свечкі.
– Старыя майстры лічылі, што ў аснове прыгажосці – звілістая лінія… Любы просты шлях – няпраўда і штучнасць. І не заўсёды тое, што наўпрост прыцягвае – прадвызначана табе… Мы – усяго толькі маленькія ліхтарыкі, якія вісяць на нябачным дроце праз цемру. Кожны бачыць толькі праз уласнае святло. І ніхто не бачыць дрота, на якім мы вісім… І толькі мудры можа вылічыць – дзе заканчваецца дрот… І толькі наіўны адчуе – хто яго навязаў… Ведаеце гісторыю з ліхтарамі на свяце ў графа Любанскага?
– Не, пан Андрэй, – ажывілася Дарота. – Раскажыце – а то кінуліся ў філасофію, нібы шкаляры ў вазачку з цукатамі.
Чучала цмока зірнула на расказчыка чорным гузікам з жоўтай іскрай у цэнтры, і пан Беларэцкі пачаў расповед.