Ліст, знойдзены на папялішчы (зборнік)
Реклама. ООО «ЛитРес», ИНН: 7719571260.
Отрывок из книги
Напрыканцы 2008 году ў мяне згарэў стары ноўтбук. У працэсе ратаваньня гард-дыску выявілася, што на ім, апрача раману й колькіх незакончаных тэкстаў, захаваўся з тузін апавяданьняў, якія я накрэмзаў (ці, хай сабе, нацюкаў) на працягу папярэдніх гадоў у вольны ад творчасьці й іншых мітрэнгаў час. Няспраўджаная пэрспэктыва іхнай нечаканай і канчатковай страты прымусіла мяне сяк-так «давесьці іх да ладу», каб урэшце пазбавіцца ўсялякага клопату пра іх, і апублікаваць усе разам (па-за кантэкстам і паасобку, баюся, яны былі б зразуметыя няслушна) – прапаную вашай увазе плён сваіх высілкаў.
Урачыста дэклярую, што ў гэтых аповедах я ня ставіў перад сабой ніякіх асабліва «мастацкіх» мэтаў (адсылаю тых, хто «ня верыць мне на слова», да перадапошняга абзацу). Гэта відаць у тым ліку паводле таго, што сюжэт у балыныні зь іх выконвае чыста ўздапаможную функцыю: ня варта ўспрымаць яго залішне «сур'ёзна». У некаторых ён падсьвядома ці нават сьвядома запазычаны ў кагосьці іншага (Борхэс, яшчэ да Джона Барта, меў рацыю, што асноўных сюжэтаў, як і мэтафараў, ня так шмат); у некаторых ён быў бы практычна непатрэбны, калі б ня мой інстынктыўны недавер да залежнага ад сюжэтнага «глютамату натрыя» сучаснага чытача. Раней, да «заўчаснага» й «небалючага» скону «вялікіх нарратываў», у сюжэце ўтрымлівалася прынамсі нейкая «мараль» – але ж, кажучы словамі Штырнэра, «для таго, каб цікавіцца маральным канфліктам у трагедыі нораваў, трэба маральна думаць і адчуваць», а постмадэрновы чытач, прызнаймася шчыра, у вялікай ступені гэтую здольнасьць страціў. Таму сёньня, калі не памыляюся, нават самы распрацаваны сюжэт (чым «вастрэйшы», тым лепшы) у бальшыні выпадкаў выконвае ролю згаданай харчовай, цэнавай, дзіцячай да- над- ці за- баўкі, патрэбнае падкрэсьліць. Я асабіста з задавальненьнем замяніў бы яго нейкай іншай, больш натуральнай структурай (з дазволу сказаць, прамяняў бы «мэлёдыю» на «сэрыйную тэхніку»), але не ўва ўсіх выпадках гэта было магчыма – дый якая карысьць была б мне асабіста ад падобнай «прынцыповай» пасьлядоўнасьці й самаабмежаваньня?
.....
– Можа, пачытаеш што, Бяляцкі? Дзеля знаёмства…
Бяляцкі завагаўся. Але паколькі, відаць, іншай нагоды пачытаць свае вершы суайчыньнікам уголас у яго не было й яшчэ доўга не прадбачылася, ён паддаўся гэтай спакусе.
.....