Читать книгу Беларускі раман - Мікола Адам - Страница 1

І

Оглавление

Снег хрумсцеў пад нагамі, як выпадкова рассыпаны цукар. Вецер слабы, але даволі адчувальны, нахабна лез у твар, як спартсмен на баксёрскім рынгу.

Прайшоўшы міма Цэнтральнага гастранома, у якім за доўгай стойкай ля вокнаў стомлены за дзень народ паядаў адзін за адным гамбургеры, хот-догі, сандвічы і запіваў ці гарачай гарбатай, ці халодным кефірам альбо сокам, гледзячы які ў каго густ; пазіраючы сабе пад ногі і толькі цудам абмінаючы выпадковых прахожых, трымаючы рукі ў кішэнях курткі, Вадзім Корбут спусціўся ў падземны пераход. Выцягнуўшы з унутранай кішэні пляшку «Льва», ён адкаркаваў яе запальнічкай і паставіў піва на карніз зачыненага кіёска, побач з якім спыніўся. Шпурнуўшы ў сметніцу пусты пачак «Форту», Вадзім закурыў апошнюю цыгарэту. Як і заўсёды, ці то сметніца была далёка, ці ён не разлічыў траекторыі палёту, пачак не даляцеў да сметніцы і шмякнуўся ў лужыну, дзе тут жа быў расціснуты цяжкай нагой панурага таўстуна. Вадзім зрабіў адзін вялікі глыток, зацягнуўся цыгарэтай. І клаў ён на ўсіх з прыборам, і на восьмы тэлеканал, і на свае абавязкі рэкламнага агента. Ён не для таго народжаны, каб бегаць ці, хутчэй, мыкацца, па розных агентствах, прапаноўваючы і агітуючы глядзець адзіны восьмы канал толькі таму, што ён, Вадзім, з’яўляецца яго рэкламным агентам. Затое з сённяшняга дня ён вольны, як вецер. Куды хачу, туды лячу. Пра брата, з якім жыў разам, Вадзім яшчэ не ўспамінаў і нават думаць не хацеў, што той скажа. Іх падабенства пачыналася і заканчвалася аднолькавым вялікім ростам. Вадзім быў бландзінам з блакітна-вадзяністымі халоднымі вачыма. Каротка стрыжаны, ён ніколі не насіў шапкі дый куртку не зашпільваў ніколі. Зімой і летам – душа наросхрыст. «Да пары да часу», – папярэджваў брат, старэйшы на дваццаць гадоў, і акрамя брата, у Вадзіма нікога больш не было. Ён, што называецца, фарсіў у нязменнай чорнай скуранцы, джынсах-«трубах», ботах-«казаках», без пальчатак, без шаліка. На працу Вадзім апранаў строгі касцюм і гальштук, чаго трываць не мог, адчуваючы сябе сардзінкай у кансервавай бляшанцы. Але пакуты скончыліся.

…Вадзім папіваў піва, невідушчым позіркам праводзячы прахожых у метро, як пачуў сваё імя даволі знаёмым голасам.

– Вадзім, кораш! – Хлопнуў Корбута па плячы п’янаваты, аднаго з ім росту, хіпаваты хлопец, закаваны, як у бронежылет, у чорную скуру, з прыбамбасамі ў выглядзе брэлокаў-шкілетаў-тэрмінатараў-бэтменаў. Саламяныя валасы спускаліся на яго плечы домікам, у даволі густой барадзе заблыталіся, як мухі ў павуціне, крупінкі батона, з левага вуха звісала завушніца – мініяцюрны распяты Хрыстос. – Якім лёсам тут?

– Руслан?! – з цяжкасцю пазнаў Вадзім аднакласніка. У школе той насіў прычоску пад Элвіса, а зараз і валасы адпусціў, і пафарбаваў іх пад Кабэйна. Ці не стары ён для фаната «Нірваны»? Звычайна, падлеткі захапляюцца такой музыкай…

– Ну, нарэшце! – шчыра ўсміхнуўся Руслан, узрадаваны, што Вадзім пазнаў яго.

– Што гэта з табой? – разглядваючы колішняга аднакласніка, дзівіўся Вадзім.

– Нічога, – смяяўся Руслан. – Ты ў сваіх Печах за паўтары гады адстаў ад жыцця.

– Я ў Віцебску служыў, – пакрыўдзіўся Корбут і падумаў: «А ці не ўмазаць гэтаму Руслану пару разоў між вачэй. Хаця, можа, і не трэба».

– А, дэсантура, значыць? – працягваў радавацца Руслан. – Тады прабач, калі што. Я ж ведаю, усе дэсантнікі крыўдлівыя і задзірлівыя.

– Эй, Русла! – пачуўся з-за спіны Вадзіма сімпатычны дзявочы голас. – У твайго кораша грошы ёсць?

– На самай справе, – падхапіў Руслан ідэю, спыняючы Вадзіма рукой за плячо, калі той хацеў павярнуцца на сімпатычны голас, – можа, ты багаты на «бабкі»? Па старой дружбе…

«Нешта не памятаю, каб мы з табой вельмі ўжо і сябравалі, – падумаў Вадзім. – Так, „прывітанне“ ды „пакуль“, яшчэ паштовымі маркамі абменьваліся, разам у гурток філатэлістаў хадзілі».

– Ды чаго ты ўсё верцішся! – смяяўся Руслан, плячо Вадзімава, аднак, не выпускаючы.

Корбут не адказаў і паволі ўсё ж павярнуўся назад, у той бок, адкуль пачуў прыгожы голас.

За яго спінай, за метраў пяць, сценкай стаяла купка нефармалаў, пярэстая, як па ўзросце, так і па вопратцы. Сімпатычны голас, ён быў упэўнены, належаў невысокай, але прыгожай, на яго погляд, брунетцы з некалькімі зялёнымі пасмамі, у байцы з Куртам Кабэйнам на грудзях, у чорных вузкіх джынсах і ў высокіх красоўках. Нечым яна нагадвала спявачку Яну.

Дзяўчына, не звяртаючы ўвагі на нефармалаў, пільна пазірала ў Вадзімавы вочы, паволі падносячы цыгарэту да сваіх вуснаў, паволі зацягваючыся і выдыхаючы дым, паволі апускаючы руку з цыгарэтай…

– Дык ёсць у цябе грошы? – Падышла да Вадзіма, прапанавала цыгарэту.

Вадзім моўчкі згадзіўся, зачараваны вачыма дзяўчыны – вялікімі, бяздоннымі, цёмнымі і густымі, як гушча кавы на донцы філіжанкі, зацягнуўся.

– А што будзе… калі ёсць? – хрыпла прагучаў яго голас.

– Нічога не будзе, – паціснула плячыма дзяўчына. – Як табе? – пацікавілася наконт цыгарэты.

– Што гэта? – яшчэ раз зацягнуўся Вадзім.

– Анаша, – проста адказала дзяўчына, нібыта гэта была цукерка.

– Н-да, – пацягнуў шыю Вадзім.

– А чаго ты здзіўляешся? – прамовіла дзяўчына. – Ці табе апошнія мазгі ў войску адбілі?

– Не апошнія.

– Тады не цягні гуму, а скажы, згодны ты з намі тусавацца ці не?

– За свае грошы?

– Цябе ніхто не прымушае. Аднак, што табе важней: чарговая серыя «Санта-Барбары» ці добрая кампанія? Толькі кажы праўду…

– Тэлевізар мне няма часу глядзець, – адрэзаў Вадзім, – а вось вы, спадарыня, даволі добра дасведчаная пра серыялы па тэлебачанні…

– Яшчэ б, – згадзілася дзяўчына, – калі бабуля з мамуляй памяшаліся на серыялах, да таго ж, пачалі па чарзе параўноўваць гераінь са мной.

– Гэта сумна.

– Няўжо весела? Але ты не адказаў.

– Згаджайся, кораш, – шапнуў яму на вуха Руслан, які ўвесь час моўчкі стаяў за спінай Вадзіма і ў размову не ўмешваўся. – Па-мойму, Пума на цябе паклала вока.

– Пума? – уголас паўтарыў Вадзім.

– Гэта мая клікуха, – растлумачыла дзяўчына. – Сапраўднае маё імя Леся.

– Вадзім, – з ходу ляпнуў Корбут.

– Ну вось і пазнаёміліся, – адзначыла Леся і ўзяла яго за руку. – Спадзяюся, супраціўлення не будзе?

Аб якім супраціўленні магла весціся гаворка? Калі побач з табой прыгожая дзяўчына, няважна з якой нагоды! Вадзім стараўся не думаць, што, хутчэй за ўсё, калі б грошай у яго не аказалася, Леся нават не зірнула б у яго бок. А ў яго грошы ёсць, і моладзь жадае выпіць. Чаму б і не дапамагчы?

Яны купілі дзве бутэлькі «Пшанічнай», чатыры – «Міража», чатыры – «Холстэна», два боханы чорнага хлеба, батон, пакет кефіру, палку каўбасы і пару гамбургераў для Лесі, якая вельмі хацела есці. Потым пачакалі, пакуль Руслан злётае за таннымі цыгарэтамі, бо на «L M» ужо не хапала грошай. Калі вярнуўся Руслан, паўстала, як адзінка ў школьным дзённіку, пытанне: куды пайсці? Па-першае, час позні; па-другое, холадна і ні аб ніякім парку можна нават і не заікацца, а ў пераходзе не застанешся, бо менты і так ужо скоса пазіраюць і ходзяць вакол зігзагамі; сунуцца да каго-небудзь на хату таксама адпадала, бо правільныя бацькі паднімуць вэрхал і выклічуць міліцыю, пажарных і «хуткую дапамогу» разам. Думаць трэба было хутчэй, бо набліжаўся час спынення грамадскага транспарту. Твары кампаніі пахмурнелі ў цяжкіх думках, быццам кожны з іх сядзеў за сталом на экзамене па вышэйшай матэматыцы і рашаў задачу для акадэмікаў.

– А з якой нагоды фуршэт? – весела пацікавіўся Вадзім.

– Цябе сустрэлі, – прамовіла Леся, – вось і трэба адзначыць.

– Тады паехалі да мяне, – усміхнуўся, падміргваючы Лесі, Вадзім.

– Чаго ж ты раней маўчаў! – усе разам накінуліся на Корбута з папрокамі. Адна Леся моўчкі дакурыла цыгарэту і пстрыкнула недакуркам у бок ад сябе.

– Куды ехаць? – спыталася.

– На Пушкінскую.

– У метро! – дружна крыкнула кампанія і адзіным цэлым кінулася да шкляных дзвярэй, вядучых у метро.

Яны ледзь не спазніліся на апошнюю электрычку, Вадзім паспеў учапіцца за дзверы вагона і стаць паміж імі, утрымліваючы, каб не зачыніліся, пакуль усе не апынуліся ў вагоне.

– Ты адзін жывеш? – пасля пацікавілася Леся.

– Не, з братам. А што?

– Ён нас пусціць?

– Ён пісьменнік, – адказаў Вадзім, закрыўшы гэтай фразай тэму, нібы яна была адзіным адказам на пытанне.

Аўтобусы ўжо не хадзілі, давялося ісці пешшу. Але было недалёка. Да дзевяціпавярховіка, у якім жыў Вадзім, што насупраць будаўнічага тэхнікума па вуліцы Матусевіча, – усяго дзесяць хвілін хады.

…Як назло, брата не было дома. А ў Вадзіма не было ключоў ад кватэры. Засталіся ў касцюме.

– І тут не шанцуе, – заўважыў нехта з кампаніі.

– Мой брат – пісьменнік! – са значэннем павысіў голас Вадзім. – Калі яго няма, пойдзем уніз. Не «люкс», але цярпіма.

– Галоўнае, што не холадна.

– Гарэлкі мала.

– Не праблема. Па дарозе «начнік» бачыў?

– А грошы дзе браць?

– Знойдуцца.

Калі ўсе паселі на пляцоўцы першага паверха, пад лесвіцай, насупраць ліфта, каму як было зручна, Вадзім адкаркаваў першую бутэльку. На дзіва, дзяўчаты, якіх было чацвёра, не лічачы Лесі, ад гарэлкі адмовіліся, акрамя Лесі. Адна з іх, рыжая, вяртлявая, падобная на ваверчаня, палезла ў свой рукзак і дастала сапраўднае «Кліко». Растлумачыла тым, што рэквізавала з дня нараджэння старэйшай сястры.

Калі пітво разлілі, Руслан падняўся з лесвічнай прыступкі, на якой сядзеў адзін, і проста сказаў: «За нас!»

Гарэлку хутка выпілі, «чарніла» таксама не затрымалася. Душы патрабавалі працягу. Руслан згадзіўся збегаць. Вадзім адлічыў грошы, тое, што засталося.

Разбіліся па парах, зашыліся, як мышы ў норах, па кутах. Пачуліся чмокі пацалункаў, гарачыя шэпты, гук расшпільваемых куртак з аднаго боку і прыглушанае пастагванне, з другога – звон аплявухі, нібы разбітага посуду; ціхае, але абуранае «…куды палез, ёлупень?!», зноў аплявуха, тузаніна, хуткія крокі…

Побач села тая, рыжая, Надзя, прычэсвала адной рукой валасы, другой зашпільвала куртку. У глыбіні душы Леся аблаяла Надзю і паслала падалей, бо ёй хацелася застацца з Вадзімам побач адной. Вадзіму, у сваю чаргу, таксама замінала Надзя, але ж не прагоніш яе.

З’явіўся задыханы румяны Руслан, з ледзяшамі на барадзе, з трыма пляшкамі «Двух буслоў».

Беларускі раман

Подняться наверх