Читать книгу Зборная РБ па негалоўных відах спорту (зборнік) - Павал Касцюкевіч - Страница 6
Дзень дэсантніка
Оглавление1 .Сонечнае прыцьменне
Яны злятаюцца з недасяжных вышыняў, з тых сляпучых узвышшаў, якіх не сягаюць арлы і снягі. Мама, мама, глядзі: яны лятуць, асланяючы сонца на 10, 20, 30 адсоткаў! Нецвярозымі анёламі імкнуць да нас, неспасцігальныя, як прыбамбасы Бэтмэна, і, прызямліўшыся на пакрытыя керамінаўскай кафляй ганкі дамарослых супермаркетаў, дзіравяць грэшнае паветра гарадоў пяццю нябеснымі зыкамі:
Сла-Ва-Вэ-Дэ-Вэ!
Іх не было тут цэлую вечнасць, адзін зямны год, яны шмат чаго не ведаюць пра нас, пра ўтомную зіму і стагнацыю. Яны, нетутэйшыя, па-ранейшаму песцяць аблудную надзею, што зямныя дочкі будуць біцца галавой у гістэрыцы і рваць валасы на галовах, як толькі змецяць у сваім полі зроку вузкую палоску бірузовага берэту. Яны яшчэ ў вочы не бачылі новага дызайну бутэлькі «Аліварыя-Айс». Таму і купілі пяць скрыняў. Нетрывала ступаюць неакрэплымі анёльскімі нагамі па зямлі. Зрэнкамі блакітнага – аж выліваецца! – колеру зазіраюць мінакам у вочы са спіны. Трохі смешныя. Спажываюць гарэлку як ваду, а чарніла як паветра. Хісткай хеўрай ловяць замест таксоўкі аўтобус. Ставяць акардэонныя акорды на гітарным грыфе. Перакананыя на ўсе сто, што чалавек – найлепшы сябар дэсантніка.
Дзень ВДВ – свята сямейнае, таму ў гэты дзень трэба сядзець дома і нікуды не выходзіць. А ноччу будзь ласкавы пастаў свечку і літровы слоік «ёршыка» на падваконне. Гэта для заблукалых берэтаў. І не важна, што ў цябе сёмы паверх. Стропы ў іх доўгія – дацягнуцца.
А ты служыў у войску? І ў нас усё неяк не атрымлівалася – знаеш, сям’я, саўна штопятніцу, аўстрыйскія партнёры, праблемы на фірме і пад уласнай чарапной каробкай. У нашым класе з пятнаццаці здаравіл адслужыў толькі адзін хлопец. Хоць і не ў дэсантуры.
2. Аднакласнік
Перастрэць на вуліцы аднакласніка і, пачуўшы пра ягонае жыццё, пераканацца, што не такі ўжо кепскі для цябе расклад на гэтым свеце. Тэорыя адноснасці ў дзеянні. Пасля першай радасці, калі ўсё яшчэ цешышся, што ты па-ранейшаму маеш сякія-такія шанцы падмяць усё пад сябе, пачынаеш звяртаць увагу і на самога аднакласніка. Змячаеш, што разам з ягонымі такімі чужымі няўдачамі і злыбедамі і ўсё астатняе ягонае жыццё таксама іншае, усё не так, як у цябе. Не так і не так, а вось гэтак. І паралельна з трыумфальна вернутымі ў галаву думкамі парваць гэты свет на андрэеўскі сцяг, душу ахінае якісь няўцямны сплін. Позіркам абглодваеш суразмоўцу – і табе трошачкі хочацца ягонага, нармальнага: паслужыць у войску, спусціцца ў салігорскую шахту, паслухаць апошні unplugged «Славянскага базару». Каб стаць як усе, спадзеючыся, што так ты, можа быць, пазбудзешся гэтага пачуцця – калі часам здаецца, што твае мазгі, як выпушчаны галактычны дэсант, раскідала па ўсім Сусвеце.
Мой аднакласнік, Слава Вэдэвэ.
3. Антаніна, я твой мужчына
І да таго ж гэтыя іх цяльняшкі. Няйначай вышэйшая, нечалавечая, фантазія прыдумала іх. У беспрасветнай імгле колеру хакі і сярод плямістага хаосу стылю «мілітары», пэўна, вярхоўнае вэдэвэшнае божышча выпрадукавала, выламаўшы з уласнага калена, гэтае блакітна-белае чаргаванне, двухколерныя промнікі святла ў цёмным царстве.
Божышча было абкуранае, з’едліва скажа маладое крыло. Можа быць. Хаця, думаю, нешта-нейкае ўсё ж ёсць у гэтым дні. Штосьці ад моцы і немачы бразільскага карнавалу-аднадзёнкі. Штосьці ад бесшабашнай пагулянкі казакоў у «запарожцы». Штосьці ад колішняга неспадзяванага прыезду шатландскіх футбольных заўзятараў у кілтах у Менск. І яшчэ трошкі – ад зборнай Харватыі.
Зборнай Харватыі? Ну, гэтая іх адметная клятчастая форма. Рэч у тым, што калі Харватыя атрымала незалежнасць, то на кірмашы фарбаў астатнія краіны збольшага ўжо разабралі ўсе каляровыя камбінацыі. Да таго ж дзяды падкінулі харватам у спадчыну чырвона-бела-сіні сцяг. Банальную палітру, якой трымаецца ці не ўвесь славянскі свет з прымкнулымі да яго французамі і галандцамі. І тады, у гэтыя змрочныя часы сумневаў і цяжкіх роздумаў, камусьці з харвацкіх дызайнераў прыйшоў да галавы ход канём: форма ў чырвоныя і белыя краткі. І, значыць, звоніць мне неяк летнім дзяньком адна Антаніна: «Паша, прыязджай, у мяне зноў праблемы ў асабістым жыцці, трэба параіцца, любоўная дылема: футбаліст або таксіст. І абодва харошыя хлопцы». І я імчуся да Антаніны. Першай справай здзіраю сваю недарэчную кашулю, што замінае і асланяе футбольную маечку ў краткі, і потым, як след прадэманстраваўшы свае нацельныя шашачкі, крычу на ўсе застаўкі: «Антаніна! Не яны, а я, Я – твой мужчына! Два ў адным… не – тры ў адным. Ты можаш разлічваць на мяне, нават калі табе раптам удумаецца ўзбуйніць гэты твой любоўны, футбольна-таксісцкі, трохкутнік яшчэ і шахматыстам».
Пакрыўдзілася Антаніна. Але каму спадабаецца, калі цябе, мужчыну, перарабляюць на жанчыну з правам дарадчага голасу.
Дарэчы, яшчэ адна дата праляцела над намі, як фанера над Парыжам, – Дзень шахматаў, дваццатага ліпеня! У наступным годзе абавязкова святкуйце – і так, каб чэрці вылі. Уяўляю орды крыважэрных людзей у прыталеным гарнітуры і клятчастым, а-ля клоўн Папоў, капялюшы, якія чэпяцца на вуліцы да вартых жалю хлопчыкаў у бірузовых шапачках: «Чаму, е-два-е-чатыры тваю за нагу, без акуляраў?», «Чаму цельнік не ў клетачку?»