Читать книгу Бітва пад Оршай 1514 года - Пётр Друждж - Страница 3
Міжнародная і ўнутраная сітуацыя Польшчы ў канцы XV – пачатку XVI ст
ОглавлениеПералом XV–XVI стст. быў досыць складаным часам як для Польшчы, так і для Літвы. На першы погляд магло здавацца, што перавага Ягелонаў у Цэнтральнай Еўропе з’яўляецца вельмі значнай. Гэтая дамінацыя стварала ілюзорнае пачуццё сілы і ўсведамленне моцнага трывалага становішча польска-літоўскай дзяржавы. Аднак рэчаіснасць паўставала ў менш светлых колерах. Прычыны такога стану рэчаў, як звычайна, мелі дваісты характар – унутраны і знешні.
Першачарговай прычынай з’яўлялася дынастычная палітыка Ягелонаў. Яшчэ пры жыцці Казіміра Ягайлавіча прадпрымаліся спробы па здабыцці зямель на поўдзень ад Карпат і Судэт, якія належалі Чэхіі і Венгрыі. Казімір абапіраў узаемаадносіны дынастыі і дзяржавы на зусім новых пачатках, а сваю дынастычную палітыку імкнуўся рэалізаваць не фармальным чынам, а праз фактычныя дасягненні – як у Польшчы, так і ў Літве. Наперад высоўваўся персанальны і дынастычны інтарэс, прытым як ва ўнутранай палітыцы, так і ў знешняй. Падчас свайго праўлення яму ўдалося пераадолець супраціў магнатэрыі, які асабліва даў сябе адчуць падчас Трынаццацігадовай вайны. Казімір прагнуў моцнай аднаасобнай улады, а не кіраваць з дапамогай уплывовых арыстакратаў, якія ў эпоху Уладзіслава-Ягайлы і Уладзіслава III прывыклі бачыць у дынастыі сродак ажыццяўлення дзяржаўнай палітыкі. Пазбавіўшыся перавагі магнатаў, Казімір мог з адданымі сабе людзьмі праводзіць у жыццё сваю дынастычную праграму. Пунктам выйсця для гэтых дынастычных планаў сталі спадчынныя правы ў дачыненні да Чэхіі і Венгрыі, якія паявіліся дзякуючы шлюбу Казіміра Ягайлавіча з Лізаветай Габсбург. Менавіта яна ў значнай меры прычынілася да пераймання польскім дваром вынесенага з габсбургскага асяроддзя трактавання дзяржаўных спраў праз уласныя дынастычныя інтарэсы. Але зацяжная Трынаццацігадовая вайна з крыжакамі прывяла да таго, што справы дынастыі трэба было адкласці на больш спрыяльны час. Прызнанне правоў Габсбургаў на Чэхію і Венгрыю павінна было выклікаць змену стаўлення Польшчы да гэтых краін. Да гэтых пор польская палітыка, абапертая на абавязковую норму элекцыі, аспрэчвала вынікаючыя са спадчынных правоў прэтэнзіі Габсбургаў. Як у чэшскай дзяржаве, так і ў каралеўстве Святога Стэфана Польшча падтрымлівала волю народа і прынцып выбарнасці караля. Спадчынная перадача ўлады прывяла б да канфлікту з нацыянальнымі сіламі ў абедзвюх краінах. Гэтага ўдалося пазбегчы ў Чэхіі дзякуючы кампрамісу з мясцовым уладаром. Такі падыход спрыяў поспеху польскай палітыкі. Затое ў Венгрыі спадчыннае права паспрабавалі ўвесці з усёй катэгарычнасцю, і гэта закончылася там выразнай няўдачай.
У абедзвюх дзяржавах уладу трымалі і перадавалі далей прадстаўнікі мясцовай магнатэрыі. У Чэхіі ім з’яўляўся ў гэты час Іржы Падэбрадскі, звязаны з гусіцкім рухам. Начале Венгрыі стаяў Мацьяш Корвін, сын Янаша Гуньядзі, героя барацьбы з туркамі, саюзніка Уладзіслава Варненскага. Становішча Іржы з Падэбрадаў было нязвыкла цяжкім. Як прыхільніка гусітаў яго паўсюдна не прызнавалі. У дадатак, мэтанакіраваную палітыку супраць яго пачаў рымскі папа Павел ІІ, які імкнуўся вярнуць каталіцкай царкве былыя пазіцыі. Папа пракляў Іржы і звольніў яго падданых ад паслушэнства. Асабліва моцна гэты крок адбіўся ў Сілезіі, дзе ў апазіцыі да караля знаходзіўся, у прыватнасці, Уроцлаў. Нялюбасць да Іржы была тут настолькі вялікай, што сілезцы ўсё часцей аглядаліся ў бок Польшчы, якая магла дапамагчы пазбавіцца ненавіснага манарха. Уроцлаўскія мяшчане з вялікай радасцю ўслухаліся ў весткі аб пераможным завяршэнні Трынаццацігадовай вайны і верагодным хуткім прыбыцці сына Казіміра Ягайлавіча. Ватыкан прапанаваў каралю Польшчы выступіць супраць Іржы і забраць чэшскую карону сабе альбо аддаць яе аднаму са сваіх сыноў. Папскі легат упэўніваў у поўнай падтрымцы каталіцкіх краін і прыхільнасці сілезскіх князёў. Казімір, аднак, не рашыўся на выступленне супраць Іржы. Замест гэтага пэўны час ён стараўся падтрымліваць раўнавагу ў стасунках з чэшскім каралём. Аднак такі стан рэчаў не мог працягвацца вечна. Рымскі папа адмовіўся ад зацвярджэння Торуньскай мірнай дамовы, пакуль Казімір не прыме чэшскай кароны. Польскі манарх доўгі час вагаўся, у рэшце рэшт вырашыўшы стаць пасрэднікам у грамадзянскай вайне, якая шырока разгарэлася ў Чэхіі за гэты час. Жаданне палюбоўнага судзейства было ўспрынята чэшскімі панамі, якія хацелі бачыць у Казіміры свайго караля, як адмова ад чэшскай кароны. З гэтай прычыны частка чэшскіх дыпламатаў накіравалася да венгерскага караля Мацьяша Корвіна з такой жа прапановай. На падставе ўзаемных пагадненняў Корвін абвясціў аб распачынанні барацьбы з каралём Іржы ў мэтах абароны каталікоў. У выніку далейшых дзеянняў ён быў абраны чэшскім каралём.
Становішча Іржы з Падэбрадаў значна пагоршылася. Змаганне ён вёў беспаспяхова, не здолеўшы арганізаваць адпаведнае войска і карыстаючыся толькі малаздатнымпаспалітым рушэннем. Да Корвіна адыйшлі Сілезія, Лужыца і Маравія. Каб захаваць трон да канца жыцця, Іржы вырашыў ажыццявіць выбар Ягелона на свайго пераемніка. Адначасова з прапановай адрачэння ад чэшскай кароны на карысць дынастыі Ягелонаў выйшаў Мацьяш Корвін. Польскі бок, аднак, не пайшоў з ім на пагадненне і вырашыў у рэшце рэшт прыняць прапанову Іржы. Скліканы ў Празе сойм абраў Уладзіслава Ягайлавіча спадкаемцам цяперашняга манарха.
Такі абарот падзей не спадабаўся Мацьяшу Корвіну, які марыў аб злучэнні Чэхіі і Венгрыі. Ён вырашыў здзейсніць гэта любой цаной. Спачатку здавалася, што стан рэчаў спрыяе яму. У 1471 г. памёр Іржы з Падэбрадаў. Становішча Польшчы ў каталіцкім свеце відочна палепшылася, бо знік аргумент праціўнікаў, што Ягелоны звязваюцца з ерэтыкамі. Аднак паявіліся складанасці ў самой Чэхіі. Там як у лагеры прыхільнікаў Корвіна, так і Іржы перамагла ідэя выбару манарха на супольным сойме. Такая пастаноўка пытання азначала адмову ад прызнання раней праведзеных выбараў. Аднак польскія паслы, адпраўленыя на новы элекцыйны сойм у Кутняй Гары, змаглі вырашыць праблему на карысць Польшчы. З праціўнікаў, якія пагражалі польскім і ягелонскім дынастычным планам, найбольш небяспечным, зразумела, з’яўляўся Мацьяш Корвін. Аднак ён не меў моцных пазіцый. Шанцы венгерскага караля змяншаліся з-за пагрозлівых чутак, якія зыходзілі з самой Венгрыі. Атрымаўшы іх сур’ёзныя пацвярджэнні, венгерскае пасольства выехала з Кутняй Гары, не дачакаўшыся элекцыі. У гэтых умовах чэшскім каралём быў абраны Уладзіслаў Ягайлавіч. Гэта адбылося 27 мая 1471 г. У жніўні Уладзіслаў каранаваўся ў Празе. У гэты ж час выбухнула вайна паміж Польшчай і Корвінам. Было прынята рашэнне ўдарыць па венгерскай тэрыторыі.
Ужо некалькі год, па меры развіцця супярэчнасцей паміж Корвінам і польскім кандыдатам на чэшскі трон, Казімір Ягайлавіч шукаў кантактаў з праціўнікамі венгерскага караля. Мэтай была падрыхтоўка грунту для ягелонскай кандыдатуры. Было вядома, што самаўладнае праўленне Мацьяша выклікае ў Венгрыі вострае незадавальненне, асабліва ў магнацкіх колах. Там не падабалася ўвязванне ў чэшскія справы і занядбанне барацьбы з туркамі. На пачатку 1471 г. склалася змова венгерскіх арыстакратаў, на чале якіх стаў даўні паплечнік Мацьяша прымас Янаш Вітэз. Змоўшчыкі планавалі скінуць Корвіна з венгерскага трона і паставіць на гэтае месца каралевіча Казіміра, аднаго з сыноў Казіміра Ягайлавіча. Яны паразумеліся ў гэтым пытанні з польскім дваром. Нягледзячы на вялікую сакрэтнасць, з якой прадпрымаліся ўсе дзеянні, Мацьяшу ўдалося даведацца аб інтрызе. Ён паспрабаваў перахіліць на свой бок частку незадаволеных магнатаў. Адначасова ў Кракаў было адпраўлена пасольства з прапановай перамір’я на адзін год. Венгерская дэлегацыя таксама прадставіла план усынаўлення Уладзіслава Корвінам. Кароль Венгрыі пад прысягай абяцаў перадаць чэшскую карону ўсыноўленаму Уладзіславу за кошт прызнання выбару яго на караля Чэхіі. Польскі двор у катэгарычнай форме адкінуў гэтую прапанову. Далейшы лёс чэшскага трону павінна была вырашыць вайна. У Венгрыю быў накіраваны каралевіч Казімір, якому венгерскае пасольства прапанавала карону Святога Стэфана.
2 кастрычніка 1471 г. Казімір вырушыў з Кракава на чале 12-тысячнага войска, якім камандаваў Пётр Дунін, герой Трынаццацігадовай вайны з крыжакамі. Выправе польскага войска папярэднічаў выданы ў верасні прывілей маладога Казіміра, у якім ён як сапраўдны манарх Венгрыі абвяшчаў вайну Мацьяшу Корвіну. Венграм ён абяцаў вяртанне правоў і абарону ад туркаў. У ваколіцах Пешта польскае войска паявілася 8 лістапада. У мясцовым замку ўладкаваўся Мацьяш Корвін. Ён не імкнуўся вырашыць справу на полі бою. Пакуль польскае войска прыйшло ўглыб Венгрыі, Корвіну ўдалося пакрысе авалодаць сітуацыяй і аб’яднаць вакол сябе значную частку ўплывовай арыстакратыі. Ён выкарыстаў таксама неспрыяльную для ваенных дзеянняў пару года і пэўныя памылкі польскага камандавання. Польская армія нават не спрабавала здабыць замак у Пешце, накіраваўшыся ў Нітру – рэзідэнцыю пасваранага з Корвінам эстэргомскага арцыбіскупа Янаша. Аднак пагроза ўдару войска Корвіна, якая вісела над палякамі, і аблога Нітры прывялі да адыходу арміі Казіміра на тэрыторыю Польшчы. На месцы застаўся толькі адзін невялікі атрад.
Няўдалая венгерская авантура абярнулася велічэзнымі грашовымі выдаткамі і спрычынілася да паважных людскіх страт. Рэсурсы скарбу былі практычна вычарпаныя, бо, апрача венгерскай выправы, значная сума грошай пайшла на накіраванне ў Чэхію разам з Уладзіславам амаль 10-тысячнага войска. Шляхта не выказвала ахвоты на ўхваленне новых падаткаў на войска. У краіне пачала праяўляцца абыякавасць да знешнепалітычных ініцыятыў караля. Шляхта не хацела несці ахвяры дзеля дынастычных амбіцый манарха. Кашмарам сталі найміты, якім не заплацілі за службу, – вяртаючыся з Венгрыі, яны чынілі гвалт і рабункі. Урэшце ўдалося ўхваліць неабходныя квоты на аплату жаўнераў, але аб далейшым вядзенні вайны не магло быць гаворкі.
У гэтых умовах было вырашана пайсці на перамовы з Корвінам. Трэба было, аднак, спачатку ўрэгуляваць адносіны Мацьяша з чэшскім каралём Уладзіславам. Перамовы з упэўненым у сваім становішчы каралём Венгрыі не ішлі надта гладка. Ролю пасрэдніка выконваў Ватыкан, які імкнуўся да кампрамісу паміж варожымі бакамі на падставе існуючага ўжо падзелу Чэшскага каралеўства. Гэта азначала, што Уладзіслаў панаваў бы толькі ў Чэхіі, а ў Маравіі і Сілезіі захоўвалася ўлада Мацьяша. Папскі легат Марка Барбо прыкладаў намаганні схіліць польскага караля да кампрамісу абяцанкай зацвердзіць Торуньскі мір (падрабязней аб гэтым гл. далей). Падчас правядзення перамоў, нягледзячы на часовае паразуменне, не спыняліся сутычкі на мяжы, напачатку правакаваныя беспакаральнымі польскімі наймітамі. Яны расклаліся ў некалькіх памежных замках і непакоілі адтуль землі горнай Венгрыі. Корвіну з цягам часу ўдалося ачысціць ад іх памежжа, і ў канцы 1473 г. ён сам распачаў чыніць набегі на паўднёвыя межы Польшчы.
Самым небяспечным з іх стаў напад у студзені 1474 г., калі венгерскія атрады спустошылі польскае Падкарпацце і дайшлі аж да Ясла, Пільзна і Бжостэка. Ім здолелі супрацьстаяць толькі Горліца і Кросна. Аднак і венгерскі бок ужо знясільвалі баі. Мірныя перамовы былі актывізаваны, у выніку чаго ў 1474 г. у Старой Весі быў падпісаны мір паміж Польшчай і Венгрыяй. Ён абапіраўся толькі на фактычны стан кантролю над землямі. Адначасова было заключана трохгадовае перамір’е паміж Уладзіславам з Чэхіі і каралём Венгрыі.
Стан спраў выдатна даваў зразумець, што канфлікт будзе мець свой працяг. У прадчуванні новага ваеннага сутыкнення Мацьяш паявіўся ў першых месяцах 1474 г. у Сілезіі. Ён рыхтаваў гэтыя землі да вайны. Польскія межы пачалі турбаваць адданыя Корвіну мясцовыя князі. Адна з такіх выпраў на чале з князем Янам ІІ Жаганьскім (Шалёным) дайшла ўглыб Вялікапольшчы. Мацьяш парушыў варункі перамір’я, а значыць, яму можна было адплаціць тым жа самым. Аднак польская падрыхтоўка да вайны не дацягвала па маштабах да патрэбнага ўзроўню. Шляхта адмовілася ўхваліць неабходныя падаткі на войска. Узамен яна прапанавала каралю выкарыстаць паспалітае рушэнне. Яно было немалым па колькасці, але збіралася вельмі павольна. Месца збору – Мстуў пад Чэнстаховай – было амаль цалкам спустошана і вынішчана. Апрача таго, шляхта гандлявалася з каралём наконт заплаты за выправу па-за межы краіны. Урэшце 26 верасня мяжа Сілезіі была пяройдзена на рэчцы Лісварта. Распачалася новая вайна.
Польскай арміяй колькасцю 35–40 тысяч чалавек камандаваў Ян Рытвяньскі, гарачы прыхільнік караля. Супраць гэтага шматлікага, але не надта спраўнага войска Мацьяш выставіў хоць і невялікую, але адборную найманую групоўку. Ён вырашыў сам яе ўзначаліць, выбраўшы стаўкай Уроцлаў. Корвін не заставаўся пасіўным назіральнікам дзеянняў палякаў. Каб ускладніць становішча шматлікага непрыяцельскага войска, ён загадаў знішчаць сабраны на палях ураджай ці пераносіць яго ў гарады. Гэта былі захады, якія ў поўнай меры задзейнічала Вялікая армія Напалеона падчас расійскай кампаніі 1812 г. Палякі першымі накіраваліся ў бок Алесны і здабылі яе. Затым у іх рукі трапілі Ключборк і Бычына. Павярнуўшы на поўдзень, польскае войска пераадолела пад Крапковіцамі Одру і дайшло да Аполя. Яно адмовілася здабываць гэты горад. На пачатку кастрычніка жаўнеры пераправіліся праз Нысу Клодзкую і накіраваліся маршам на Бжэг. 12 кастрычніка адбылася пераможная для палякаў сутычка з венгерскім войскам пад Свановіцамі. Праз два дні польскія рыцары дасягнулі Бжэга. Аднак і тут, як у выпадку з Аполем, яны адмовіліся ад аблогі, увесь час чакаючы падыходу чэшскіх атрадаў на чале з Уладзіславам Ягайлавічам.
У рэшце рэшт 23 кастрычніка пад Алавай польскія і чэшскія ўзброеныя сілы аб’ядналіся. Злучаная армія рушыла на Уроцлаў. Аднак яна не была належным чынам падрыхтаваная да аблогі такой магутнай крэпасці. Праявілася ўсё бяссілле паспалітага рушэння супраць уроцлаўскіх муроў і гарматаў. Сабраным на адным месцы агромністым масам людзей і коней праз некалькі дзён стала бракаваць харчавання. Мацьяш распусціў па ваколіцах невялічкія атрады, якія перашкаджалі падвозіць у вайсковы лагер правіянт. Яны таксама чынілі дробныя напады на польскім памежжы. Дадатковай праблемай стала распаўсюджанне ў польска-чэшскіх шэрагах хвароб. У вайсковым лагеры ўзмацнялася стомленасць і апатыя. Яны набралі да такой ступені гвалтоўнага характару, што на пачатку лістапада былі ініцыяваныя перамовы з абложаным горадам. У іх выніку пад Вялікім Мухаборам каля Уроцлава (сёння гэта вялікі жылы мікрараён) адбылася сустрэча Мацьяша Корвіна з Ягелонамі. Праведзеныя перамовы прывялі да спынення ваеннай барацьбы і вызначэння паўнамоцных прадстаўнікоў для абмеркавання дэталяў замірэння ва Уроцлаве. Гэта адбылося 15 лістапада, а ўжо праз чатыры дні чэхі пачалі вяртацца дахаты, а за імі гэта зрабілі і палякі. Кароль вярнуўся ў Польшчу на пачатку снежня. Яго выправа зноў скончылася беспаспяхова, у чым абвінавачвалі галоўнакамандуючага войскам Яна Рытвіньскага.
8 снежня прадстаўнікі трох уладароў падпісалі ва Уроцлаве акт аб перамір’і. Бакі абавязваліся спыніць баявыя дзеянні да свята Тройцы 1477 г. Таксама было ўхвалена, што прызнаецца стан валодання тэрыторыяй да выправы Мацьяша Корвіна. Такім чынам, гэты этап змагання за венгерскую карону польска-чэшскі бок прайграў, нягледзячы на выдаткаванне вялікіх фінансавых сродкаў. І зноў было відавочным, што ў недалёкай будучыні дойдзе да чарговага канфлікту.
Аднак так сталася, што нешчаслівая сілезская выправа была апошнім паважным высілкам Ягелонаў у барацьбе за Чэхію. Грамадства было змучанае і знясіленае сталым і безвыніковым напружаннем фінансава-мілітарных рэсурсаў. Падчас выправы ў Сілезію стала відавочным непрыязнае стаўленне шляхты да дынастычнай палітыкі караля. Пад харугвамі Мацьяша апынулася немалая частка польскай шляхты. Кароль спрабаваў прымяніць супраць яе рэпрэсіўныя меры, але гэта толькі павялічвала расчараванне паноў у манарху. Шляхта каторы раз адмовілася ад падаткаў на войска і не дазволіла сабраць паспалітае рушэнне. Гэта адбывалася ў той момант, калі Уладзіслаў заключыў мірнае пагадненне з германскім імператарам, які здзейсніў у дачыненні дачэшскага караляакт фармальнай інвестытуры на чэшскі лен. Як наступства, Уладзіслаў вырашыў узнавіць вайну з Мацьяшам. Казімір Ягайлавіч звярнуўся да шляхты з просьбай аб падрыхтоўцы да новай выправы. Але шляхта, як ужо гаварылася, адмовіла ў гэтым.
Стрыманасць шляхты ў пэўнай ступені можа быць растлумачана і апраўдана падзеямі ў Прусіі. Там вялікі магістр Генрых фон Рыхтэнберг заключыў дамову з Мацьяшам Корвінам. Венгерскі кароль прадбачыў, што пасля сканчэння перамірнага тэрміну з Польшчай і Чэхіяй вайна можа быць адноўлена. Заключаючы пагадненне з крыжакамі, адвечнымі ворагамі Польшчы, ён ствараў для яе пагрозу патэнцыяльнай вайны на два фронты. Аднак Корвін не выканаў абавязкаў перад сваім новымі саюзнікамі. Падчас вайны Польшчы з Ордэнам 1478–1479 гг. ён паабяцаў крыжакам толькі дыпламатычную падтрымку ў завяршальны перыяд ваенных дзеянняў.
Кароль Венгрыі павінен быў змагацца з Уладзіславам самастойна. Аднак на гэтым тэатры баявых дзеянняў ніводзін з бакоў не атрымаў перавагі. У выніку быў заключаны мірны трактат у Брно 28 сакавіка 1478 г. Паводле варункаў міру Уладзіславу пакідалася Чэхія, Мацьяш затрымліваў да сваёй смерці Маравію, Сілезію і Лужыцу. Корвін вырашыў таксама парваць з крыжакамі і замірыўся з Казімірам. Мірная дамова была заключана ў Будзе, а затым ратыфікавана ў Оламаўцу 21 ліпеня 1479 г.
З’езд у Оламаўцу завяршыў васьмігадовае ваеннае змаганне паміж Мацьяшам і Ягелонамі. Дзеля стварэння трывалага падмурку для сябе і сваіх сыноў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе кароль Казімір Ягайлавіч ахвяраваў велічэзнымі фінансавымі і мілітарнымі сродкамі. Вынікі не адпавядалі панесеным выдаткам. Інтрыга вакол венгерскай кароны скончылася няўдачай, справы ў Чэхіі мелі палавінчаты вынік. Уладзіслаў сеў на чэшскі трон, але правіў дзяржавай, з усіх бакоў абкружанай уладаннямі Мацьяша. Саслабелая і раздробленая, Чэхія не з’яўлялася сур’ёзным і моцным партнёрам. Яны хутчэй былі асуджаны шукаць дапамогі з боку Польшчы.
Зразумела, мір, заключаны ў Оламаўцу, не задавальняў ніводзін з бакоў. Аднак усе, хто быў зацікаўлены ў змяненні існуючага становішча, мусілі пачакаць да 1490 г. На той свет адыйшоў Мацьяш Корвін і адразу паявілася мноства прэтэндэнтаў на месца нябожчыка. Сярод іх, апрача Янаша Корвіна і Максіміліяна Габсбурга, былі таксама два браты з дынастыі Ягелонаў – Уладзіслаў і Ян Ольбрахт. Абодва сыны Казіміра Ягайлавіча не толькі дзейнічалі без паразумення між сабой, але адразу перайшлі ў супрацьстаянне. Кожны здабыў сабе падтрымку мясцовых палітычных сіл. За Уладзіславам стала магнатэрыя. На жаль, ён не апраўдаў надзеі бацькі, адкінуўшы дынастычныя планы. Здавалася, што ён вельмі хутка забыўся, што зрабіў польскі бок дзеля таго, каб ён мог панаваць у Чэхіі. Ян Ольбрахт, у сваю чаргу, атрымаў падтрымку шляхты, якая непрыязна ставілася да Габсбургаў. Адлікам намаганняў Ольбрахта здабыць карону Святога Стэфана стала самавольнае абвяшчэнне яго каралём жменькай венгерскіх паноў пад Пештам у чэрвені 1490 г. Прыхільнікі кандыдатуры Уладзіслава не жадалі бачыць на троне энергічнага і прыхільнага да шляхты Ольбрахта. Ім удалося адкласці тэрмін фармальнай элекцыі, што прывяло да разыходжання шляхты дадому. Адначасова яны з дапамогай зброі разбілі прыхільнікаў Яна Корвіна. У Габсбурга не было ніякіх асаблівых шанцаў. Усе гэтыя акалічнасці расчышчалі шлях да трону для Уладзіслава з Чэхіі. Ён уяўляўся слабым і бязвольным гаспадаром, пры якім магнатэрыя будзе карыстацца шырокімі ўладнымі паўнамоцтвамі. Зрэшты, Уладзіслаў атрымаў моцную падтрымку сярод арыстакратыі, заключыўшы з магутнымІштванам Запальяі патаемнае пагадненне, якое давала яму шмат прывілеяў пры авалоданні каронай Святога Стэфана.
Фармальная элекцыя адбылася 15 ліпеня 1490 г. і прынесла перамогу Уладзіславу. Польскі двор, аднак, не збіраўся прызнаваць сваю паразу. Адразу пасля чэрвеньскай элекцыі Ян Ольбрахт вырушыў на чале некалькіх тысяч жаўнераў на поўдзень. У гэты час адбылася элекцыя яго брата Уладзіслава. Ян Ольбрахт рушыў далей. Над ракой Горнад ён выдаў маніфест, у якім заявіў аб сваім абранні на венгерскі трон і заклікаў скласці прысягу на вернасць. Любой цаной ён імкнуўся адрэзаць дарогу на Пешт Уладзіславу, які падыходзіў з захаду. Аднак праблемы з пераправай праз Дунай не дазволілі Яну Ольбрахту апярэдзіць брата ў венгерскай сталіцы.
9 жніўня Уладзіслаў на чале свайго войска ўвайшоў у горад. За гэтым пасіўна назіраў Ян Ольбрахт, які прыбыў пад Пешт на дзень раней. Былі праведзены перамовы “з вока на вока”. Польскі каралевіч за адмову ад венгерскай кароны запатрабаваў сабе Трансільванію. Уладзіслаў адкінуў гэтыя прэтэнзіі, прапанаваўшы ўзамен Глагоўскае княства. Перамовы скончыліся нічым. Пасля пяці дзён побыту пад Пештам Ян Ольбрахт адступіў у напрамку Хатвану. Там чарговы раз была прадпрынята спроба перамоў. Яны скончыліся згодай Яна Ольбрахта на перамір’е. Бакі пагадзіліся таксама на пасрэдніцтва Казіміра Ягайлавіча. Пасля заключэння пагаднення Ян Ольбрахт адышоў на поўнач. Здавалася, што сітуацыя знайшла сваё вырашэнне. Аднак ужо праз два тыдні Ян Ольбрахт сарваў перамір’е і аб’явіў вайну Уладзіславу. Ён захапіў Прэшаў і Сабінаў. На пачатку кастрычніка войска Яна Ольбрахта распачало аблогу Кошыц.
Уладзіслаў не мог аказаць дапамогу гораду, таму што быў заняты барацьбой з Габсбургамі. Праз месяц нападаючы бок быў вымушаны адмовіцца ад аблогі. Але Ян Ольбрахт зусім не прызнаў свайго пройгрышу. Пад мурамі горада ён пакінуў частку вайсковых фарміраванняў. Да канца 1490 г. адбываліся баявыя сутычкі, якія не прыносілі вырашальнай перамогі. У новым годзе братазабойчыя баі разгарэліся з новай сілай. Нягледзячы на зімовы час, які звычайна не выкарыстоўваўся для ваенных дзеянняў, Уладзіслаў выправіў войска супраць Яна Ольбрахта, які пустошыў паўночныя раёны краіны. У сярэдзіне студзеня адбылася канцэнтрацыя венгерскіх вайсковых падраздзяленняў. Каралю Венгрыі ўдалося сабраць каля 16 тысяч жаўнераў, якія ў лютым авалодалі польскім лагерам пад Кошыцамі. Там пры пасрэдніцтве Казіміра Ягайлавіча і была заключана мірная дамова. Ян Ольбрахт прызнаваў Уладзіслава каралём Венгрыі, але атрымліваў правы на трон у выпадку яго бяздзетнай смерці. За адмову ад сваіх прэтэнзій пад яго ўладу перадавалася Глагоўскае княства, а ў недалёкай будучыні павінны былі перайсці Алясьніцкае і Апаўскае княствы, а таксама гарады Карнюў, Тошэк, Бытам, Козле і Глубчыцэ. Гэта азначала прызнанне за Янам Ольбрахтам значнай часткі Верхняй і Ніжняй Сілезіі (паводле сённяшняга разумення), і гэта – незалежна ад Чэшскага каралеўства, разам з тытулам вярхоўнага князя Сілезіі.
Каралевіч Ян Ольбрахт, аднак, быў асобай энергічнай і з досыць падступнайнатурай. Ён не трымаўся слепа прынцыпу, што pacta sunt servanda. Ён зусім не спяшаўся пакідаць венгерскую тэрыторыю і дзейнічаў так супраць волі бацькі, які адмовіў яму ў падтрымцы. Ян Ольбрахт тлумачыў сваё перабыванне, якое крыху зацягнулася, вясновымі разлівамі рэк. Спачатку ён абяцаў адысці да велікодных святаў. Гэтага абяцання ён не стрымаў. Наадварот, у давяршэнне ўсяго ён пачаў тытулавацца каралём Венгрыі. Да новага змагання за венгерскі трон Яна Ольбрахта схілілі звесткі аб цяжкай хваробе Уладзіслава. У Польшчы быў абвешчаны збор наймітаў, у выніку якога яму ўдалося сабраць пад сваімі сцягамі каля 7 тысяч жаўнераў. Зноў распачаліся ваенныя дзеянні.
З 30 ліпеня ў аблогу быў узяты Стропкаў. 8 верасня горад здаўся. Адначасова працягвалася блакада Кошыц, якія ўдалося вызваліць у сярэдзіне верасня. Часовыя праблемы Уладзіслава з Габсбургамі не дазвалялі яму ўзяцца адразу за вырашэнне справы з Янам Ольбрахтам. Толькі ў снежні Уладзіслаў змог прадпрыняць больш рашучыя дзеянні супраць свайго брата. У сярэдзіне гэтага месяца яму ўдалося сабраць пад Кошыцэ 18-тысячную венгерскую армію. Сілы Яна Ольбрахта былі ўжо моцна патрапаныя і налічвалі не больш за 4 тысячы чалавек. 1 студзеня пад Прэшавам, дзе размяшчалася стаўка Яна Ольбрахта, разыгралася вырашальная бітва. Польскае войска ў ёй пацярпела паразу. Загінула каля 500 палякаў, у той час калі страты венграў ацэньваліся толькі на 11 забітых. Пасля бою горад Сабінаў перайшоў на бок Венгрыі. Сам Ян Ольбрахт яшчэ спрабаваў бараніцца за мурамі Прэшава. Аднак ён хутказразумеў безнадзейнасць свайго становішча і здаўся на міласць Уладзіслава.
Капітуляцыя польскага каралевіча адбылася на варунках Кошыцкай дамовы. Пакорлівы лёсу Ян Ольбрахт быў суправаджаны венгерскім палкаводцам Іштванам Запольем да польскай мяжы. Яго амбітным планам надышоў канец. Былі перакрэслены таксама вялікія дынастычныя планы Казіміра Ягайлавіча. Ход барацьбы паміж Уладзіславам і Янам Ольбрахтам выразна адлюстроўваў, якой слабой знутры была сама дынастыя. Не ставала кансалідацыі, адзінства мэтаў, задач і дзеянняў. Падначаленне Венгрыі Уладзіславам цалкам марнавала тую выгаду, якую Польшча магла мець у выпадку, калі б на чале дзвюх суседніх дзяржаў знаходзіліся Ягелоны. Калі б, прыкладам, на чэшскім троне ўдалося пасадзіць Яна Ольбрахта, а на венгерскім пакінуць Уладзіслава, то абедзве краіны былі б вымушаны шукаць якой-кольвек падтрымкі Польшчы. Польскае каралеўства рабілася б кіроўнай сілай у сістэме ягелонскіх дзяржаў. З іншага боку, злучэнне Чэхіі і Венгрыі пад адным скіпетрам моцна звязвала гэтыя дзяржавы разам. Яны павінны былі ісці на супрацоўніцтва між сабой і слабей цікавіліся не так ужо ім неабходнай Польшчай. Не сталася так, як гэта сабе ўяўляў Казімір Ягайлавіч. Аднак, не зважаючы на ўсе акалічнасці, у руках ягелонскай дынастыі апынуліся, не лічачы Польшчы і Літвы, Чэхія з Сілезіяй і Лужыцай, а таксама Венгрыя ўключна з Харватыяй.
Гэты вялізны кангламерат на прасторах Цэнтральнай Еўропы, на жаль, не меў унутранай згуртаванасці. У яго склад уваходзілі народы з вельмі рознай культурай. Адрозным у шмат якіх выпадках быў уклад і ўзровень эканамічнага развіцця. Зразумела, існавалі супярэчнасці і паміж інтарэсамі арыстакратыі. Гэта ўсё змешвалася з сярэднявечным разуменнем дзяржавы. Манарх трактаваў яе як сваю ўласнасць і прастору для эксплуатацыі вузкім колам магнатэрыі. З гэтых прычын дынастычная палітыка ніяк не ўлічвала этнічных і культурных чыннікаў.
З тэрыторыі ягелонскіх манархій у Еўропу дастаўляліся шматлікія сыравінныя рэсурсы, таму яны адыгрывалі важную ролю ў тагачаснай гаспадарцы кантыненту. Маючы вялікі гаспадарчы патэнцыял, краіны патомкаў Ягайлы маглі быць палітычнай супрацьвагай імперыі Габсбургаў. Аднак у супрацьлегласць да яе, таксама разнастайнай з культурнага і эканамічнага гледзішча, ягелонскія дзяржавы амаль не праводзілі адзіную знешнюю палітыку. Гэта, спаміж іншага, адрознівала Ягелонаў ад Габсбургаў. Габсбургская дынастыя лічылася пакліканай да ўладарання як над германскімі народамі, так, з іншага боку, і над раманскімі і славянскімі, а таксама вугра-фінскімі. Прагматыкі ад улады, якія ведалі розныя мовы, яны не баяліся авалодваць новаадкрытымі для сябе землямі. У працэсе падпарадкавання разнастайных краін яны часцей карысталіся палітычнай зброяй, чым мячом. Да дасканаласці было даведзена мастацтва стварэння дынастычных повязяў. Віртуозна выкарыстоўваліся шлюбныя саюзы для набыцця правоў на манаршыя троны. У канцы XV – пачатку XVI ст. Габсбургі гаспадарылі ў Нідэрландах, Іспаніі, Новым Свеце. Яны сталі першай, самай магутнай дынастыяй у Еўропе, а іх улада была моцна цэнтралізаванай і абапіралася ў тым ліку і на багацейшыя фінансава-купецкія вярхі.
Аднак на дынастычнай палітыцы ўсё не скончвалася. Праблемай Польшчы з’яўлялася дэцэнтралізацыя ўлады. Даўно вядома, што з дзяржавай, якае мае моцную, а галоўнае – эфектыўную цэнтральную ўладу, лічацца ў свеце. Такая вярхоўная ўлада дае магчымасць імкліва рэагаваць на ўнутраныя патрасенні і цяжкасці. Цэнтралізаваная дзяржава – гэта, прынамсі ў тэорыі, больш спраўнае судаводства і рэалізацыя найважнейшых правоў і абавязкаў. У такой краіне, зноў разважаючы з тэарэтычнага боку, лягчэй збіраць падаткі і выконваць іншыя павіннасці. А калі казаць пра фінансы, то пры поўным скарбе будзе існаваць моцная армія і бяспечныя межы. Менавіта цэнтралізацыя ўлады, а таксама пераадоленне адрозненняў паміж рознымі рэгіёнамі сталі такімі ж важнымі задачамі, як два стагоддзі назад аб’яднанне краіны. Неабходна было так узмацніць цэнтральныя органы ўлады, каб яны былі здольныя запыніць буйных магнатаў і найвышэйшае духавенства, якія пачалі задзіраць галаву. Становішча тут было не найлепшым. У першую чаргу не было такой сацыяльнай групы, на якую можна было б абаперціся. Манарх у сваім палітычным манеўры абмяжоўваўся толькі класам феадалаў.
Можна запытацца – а што з мяшчанствам? На жаль, у Польшчы пазіцыя гэтага сацыяльнага слою была нашмат слабейшай, чым у заходніх краінах, дзе працэс цэнтралізацыі абапіраўся якраз на моцную мяшчанскуюсупольнасць. Польскаму мяшчанству было далёка да ўнутранай кансалідацыі. Да таго ж, пераважная частка патрыцыяту мела іншаземнае паходжанне. На мяжы XV–XVIстст. мяшчан досыць паспяхова пачалі ізаляваць як патэнцыяльную групу ўплыву на развіццё краіны. Гэта адбывалася як дзякуючы намаганням магнатэрыі і шляхты, так і паводзінам саміх мяшчан. Яны папросту праявілі дзіўную абыякавасць. Асабліва кепска выглядалі жыхары Кракава. Нягледзячы на блізкасць каралеўскага двара, яны не дабіліся для сябе такога становішча, якім карысталіся ўжо ў той час жыхары большасці еўрапейскіх сталіц.
Да цэнтралізацыі, а праз гэта да ўзмацнення дзяржавы (за выключэннем звязанай з каралеўскім дваром групы арыстакратаў) магла схіляцца сярэдняя шляхта. Яна ў гэты перыяд, што датычыцца сваіх палітычных мэтаў, яшчэ не з’яўлялася маналітным і свядомым класам. Яна, кажучы шчыра, удзельнічала ў барацьбе паміж манархам і арыстакратамі, аднак перахільвалася то на адзін, то на іншы бок, не становячыся для каралеўскай улады ні асабліва выгадным, ні дастаткова моцным саюзнікам. Шляхта не збіралася падтрымліваць абсалютысцкія памкненні манарха. Уладар, часта аддаючы перавагу фаварытам з ліку вяльможаў, без запалу падыходзіў да супрацоўніцтва са шляхтай. Шмат пры гэтым залежала ад асобы манарха. Калі б гэта быў энергічны і мэтанакіраваны чалавек, то спробы рэформ у дзяржаве маглі прайсці цалкам паспяхова. На жаль, на працягу 20 год, якія папярэднічалі Аршанскай бітве і падзеям, з ёй звязаным, такіх рысаў бракавала большасці нашых уладароў. Гэта датычыцца ў першую чаргу Жыгімонта Старога, падчас панавання якога адбыліся падзеі, якія нас цікавяць.
У справе цэнтралізацыі дзяржавы на першы план выйшаў сойм. Перш чым гэта адбылося, сярэдняя шляхта павінна была даспець да выканання кіроўных функцый у краіне. Становішча гэтай сацыяльнай групы паступова ўзмацнялася. Вялікую дапамогу ў гэтым зрабілі знакамітыя прывілеі, якія шляхта навучылася браць ад караля. Перыяд праўлення Казіміра Ягайлавіча замацаваў неабходнасць звароту караля да шляхецкай супольнасці, у прыватнасці, калі ішла справа пра ўхваленне падаткаў ці ваенныя выправы за межы краіны. Для такіх рашэнняў згоды каралеўскай Рады было замала. Яна магла толькі выказаць меркаванне наконт канчатковай мэтазгоднасці накладвання новых падаткаў, даць параду аб неабходнасці склікання паспалітага рушэння. Але згоду на ўсе падобныя ініцыятывы давала шляхта, і гэтае права было замацавана ў зацверджаных каралём прывілеях. Каралеўскай уладзе было цяжка знайсці паразуменне са шляхецкімі масамі падчас шматлюдных з’ездаў. Таму манарх кантактаваў з імі падчас мясцовых з’ездаў, якія называліся соймікамі. Яны склікаліся паводле гістарычна сфарміраваных падзелаў польскіх зямель. Перад кожным асобным соймікам пазіцыі караля адназначна выглядалі мацнейшымі, чым у выпадку сутыкнення са шматтысячным натоўпам шляхты.
Першыя соймікі паявіліся ў Вялікапольшчы як асобныя з’езды зямель, якія ўваходзілі ў склад гэтага рэгіёна. Неўзабаве ўсталяваўся звычай збору генеральнага сойміка для гэтых ваяводстваў. На ім зацвярджаліся канчатковыя рашэнні і пастановы. Троху іншая практыка існавала ў Малапольшчы. Тут адбываўся адзін асобны соймік для ўсяго рэгіёна, а другі – для “рускіх” зямель. З цягам часу, пад канец панавання Казіміра Ягайлавіча, і ў Малапольшчы паўсталі асобныя ваяводскія соймікі.
Невядома дакладна, з якіх прычын Казімір Ягайлавіч пазбягаў склікання агульнадзяржаўных соймаў. У часы Яна Ольбрахта ў гэтым плане наступілі карэнныя змены. Манарх спачатку ўдзельнічаў у сойміках, потым склікаў генеральныя соймікі і ў рэшце рэшт абвяшчаў збор вальнага сойма, у пасяджэннях якога бралі ўдзел прадстаўнікі генеральных соймікаў і каралеўская Рада. Яны збіраліся асобна. Такім чынам сфарміраваліся дзве палаты парламента. Адна з іх займела назву пасольскай ізбы, дзе засядалі прадстаўнікі шляхецкай супольнасці. У склад другой увайшла каралеўская Рада, якая ў хуткім часе стала называцца сенатам. У пасольскай ізбе бракавала прадстаўнікоў мяшчанства і духавенства. Выключэннем з’яўляўся Кракаў, але, як казалася вышэй, гэты горад не здабыў сабе такой пазіцыі, якую мелі вялікія гарады на Захадзе.
Пры такім унутраным раскладзе шмат залежала ад асобы караля. Важнымі чыннікамі былі яго актыўнасць, паслядоўнасць і вытрыманасць пры дасягненні пастаўленых мэтаў. Ян Ольбрахт быў уладаром энергічным і прадпрымальным. У яго палітычныя планы ўваходзіла паскарэнне працэсу фарміравання вальнага сойма. Заканадаўчая ўлада, праўда, фармальна належала соймікам, а сойм з’яўляўся толькі месцам, дзе ўзгадняліся іх ухвалы. Аднак у часы Яна Ольбрахта досыць відочна праявілася тэндэнцыя перавагі сойма над соймікамі. Гэта падкрэсліваў уступ да ўхвалаў Пётракаўскага сойма 1496 г. У ім гаварылася, што соймавыя паслы прадстаўляюць усё Польскае каралеўства і маюць паўнамоцтвы выступаць ад усіх шляхцічаў, непрысутных на сойме. Такая пастаноўка справы стварала магчымасць прадстаўнікам шляхты прымаць рашэнні ў дачыненні да іншых сацыяльных слаёў. Адначасова паслы былі дапушчаныя ў сферу ўладных паўнамоцтваў манарха, які з гэтых пор рабіўся рэпрезентантам дзяржавы. Можа здавацца, што гэта паслабляла становішча караля за кошт узвышэння арыстакратыі і шляхты. Аднак на практыцы стваралася магчымасць узмацнення каралеўскай улады, у прыватнасці ў адносінах да сената, дзе засядала магнатэрыя. Кароль разам з пасольскай ізбой прымаў рашэнні, звяртаючыся да меркаванняў сваіх радцаў, але не быў вымушаны ім падпарадкоўвацца. Уладару належала перадусім выканаўчая ўлада. У яго задачы ўваходзіла выкананне тых ухвалаў і пастаноў, якія прыняў сойм. А сойм цяпер вырашаў справы, якія датычылі скарбу, адміністрацыі, судовай сферы. Гэта азначала, што фактычна абшар каралеўскай улады значна пашырыўся. Відавочным было абмежаваннеўплываў урадніцкай іерархіі ў выглядзе каралеўскай Рады. Менавіта яна раней кантралявала і запавольвалаажыццяўленне каралеўскіх пачынанняў.
Іншыя ўхвалы Пётракаўскага сойма 1496 г. аказаліся не менш знамянальнымі для кансалідацыі шляхецкага саслоўя, чым згаданы ўступ да іх. Напачатку былі пацверджаны ранейшыя прывілеі шляхты. Надзвычай важнымі для агулу шляхты сталі рашэнні, прынятыя ў дачыненні да сялян. Перадусім хвалявала пытанне ўцёкаў сялян за мяжу. Было пастаноўлена, што з кожнай вёскі толькі адзін селянін зможа раз у год пакінуць месца жыхарства. На сойме таксама вырашылі, што толькі адзін з сялянскіх сыноў мог прысвяціць сябе рамяству ці навуцы. Гэтыя ўхвалы выразна мелі на мэце павелічэнне колькасці рук, здольных да працы ў сельскай гаспадарцы і, як наступства, садзейнічаць росту вытворчасці ў шляхецкіх фальварках. Шляхта была вызвалена ад выплаты мыта на Вісле. У значных маштабах былі абмежаваны правы мяшчан. Сойм рэкамендаваў, каб кошты на тавары на гарадскіх рынках вызначалі ваяводы. Вясковых жыхароў вызвалілі з-пад юрысдыкцыі гарадскіх судоў. Але найважнейшым новаўвядзеннем стала забарона мяшчанам набываць земскія землеўладанні. Шляхта ў такой жа ступені імкнулася абмежаваць правы духавенства. Аднак яна не была зацікаўлена ў яго аслабленні, важным было ўсталяванне кантролю над уплывамі і матэрыяльнымі рэсурсамі. Шляхта імкнулася стварыць умовы, каб у святарскі стан не былі дапушчаны прадстаўнікі іншых саслоўяў і, у прыватнасці, не даць ім магчымасці дасягнуць самых высокіх пасад у духоўнай іерархіі. Было ўхвалена правіла, паводле якога ў найважнейшых капітулах – Кракаве, Влацлаўку, Познані і Гнезна – маглі кіраваць толькі асобы шляхецкага паходжання. Існавала зусім малая колькасць месцаў, якія маглітрымаць асобы з доктарскай ступенню.
Дзяржаўныя рэформы, распачатыя ў Пётракаве, ажыццявіліся не адразу. Перашкодай стала кароткае па часе, але вельмі паказальнае па сваіх наступствах бескаралеўе пасля смерці Яна Ольбрахта ў 1501 г. Кіраўніцтва дзяржавай удалося перахапіць сенату. Гэта азначала перавагу ў краіне ўплываў феадальнай арыстакратыі. У гэты час быў выданы Мельніцкі прывілей, які санкцыянаваў такі стан рэчаў (аб гэтым больш падрабязна гл. далей). Сенацкае праўленне, аднак, доўга не пратрывала, і падчас барацьбы паміж старой і маладой, падтрыманай сярэдняй шляхтай арыстакратыяй (апошняй кіраваў канцлер Ян Ласкі) дайшло да надзвычай важных рашэнняў. Яны былі прыняты на сойме, які быў скліканы Аляксандрам Ягайлавічам у Пётракаве ў 1504 г. У якасці самага першага рашэння варта згадаць г. зв. incompatibilia. Гаворка ішла пра забарону злучэння ў адных руках некаторых найвышэйшых пасад, а менавіта – земскага суддзі, канцлера, найбольш значных біскупаў, а таксама ваяводы і кашталяна. Іншая важная ўхвала абмяжоўвала раздачу каралеўскіх уладанняў і абвяшчала экзекуцыю (вяртанне) зямель, раней самавольна прысвоеных. Пастанаўлялася, што з гэтых пор рашэнні, якія датычаць продажу, закладу альбо падаравання каралеўскіх уладанняў, могуць быць прыняты толькі на вальным сойме. На практыцы ўхвала аб забароне злучэння ўрадаў ніколі паслядоўна невыконвалася. Яна, аднак, з’яўлялася вельмі грознай зброяй у руках шляхты ў барацьбе з магнатэрыяй. Дакладна большае значэнне мела пастанова аб экзекуцыі землеўладанняў. Шматлікія каралеўскія землі ў выглядзе часовых альбо пажыццёвых трыманняў (“дзяржаў”) на працягу XV – пачаткуXVIст. прысвоілі сабе розныя магнацкія роды. На Пётракаўскім сойме былі таксама ўхвалены высокія стаўкі падаткаў і рэкамендавана збіраць назапашаныя запазычанасці, на тры гады назад перасоўваючы ўсе звальненні ад мытаў і падаткаў.
Пастановы сойма 1504 г. ставілі сваёй мэтай рэарганізацыю цэнтральнай улады ў Польшчы пасля няўдалага кіравання сената (аб гэтым гл. далей). У 1505 г. адбыўся сойм у Радоме, на якім рэформа дзяржаўнага кіравання была працягнута. Большасць ініцыятыў, якія атрымалі станоўчае рашэнне, зыходзілі ад шляхты. Праз актыўную працу на сойме яна імкнулася займець большы ўдзел у кіраванні дзяржавай, дзе раней у пераважнай меры вяла рэй арыстакратыя. На Радомскім сойме прысутнічалі і прадстаўнікі гарадоў. У дачыненні да іх былі прыняты спецыяльныя ўхвалы. Была скасавана, у прыватнасці, забарона набыцця мяшчанамі земскіх землеўладанняў.
Аднак найважнейшым вынікам Радомскага сойма з’яўлялася прыняцце славутай канстытуцыі nihilnovi (“нічога новага”). Яна стала надзвычай важным этапам у развіцці польскага парламентарызма. У залежнасць ад згоды караля, сената і пасольскай ізбы траплялі не толькі падатковыя рашэнні, але і заканадаўчыя ініцыятывы, якія датычыліся правоў і свабод шляхты. Гэты заканадаўчы акт канчаткова аформіў існаванне двухпалатнага парламента. Шляхецкія дэлегаты, сабраныя ў пасольскай ізбе, вярталіся да пазіцый, якія яны мелі падчас панавання Яна Ольбрахта. З іншага боку, сенат беззваротна губляў сваё становішча, занадта пахваляючыся той уладай, якую ён займеў дзякуючы Мельніцкаму прывілею (аб ім шырэй на старонках, прысвечаных праблеме ўніі Польшчы і Літвы). Зрэшты, акт, прыняты ў Мельніку, быў у Радоме адкінуты. Важнасць акту nihilnoviпалягала перадусім на тым, што заканадаўчая ўлада, якая раней фармальна знаходзілася ў кампетэнцыі соймікаў, цяпер пераходзіла да вальнага сойма. Што датычыць уладных паўнамоцтваў і прэрагатыў манарха, то яны абмяжоўваліся ў вобласці выдання новых законаў, а ў асаблівасці – накладанні новых падаткаў. Кароль, аднак, захоўваў усю паўнату выканаўчай улады з правам выдання распараджэнняў. Ён таксама мог рэгуляваць звычаёвае права асобных зямель і рэгіёнаў.
Вось у такім выглядзе скліканы ў Радоме сойм канчаткова вырашыў праблему захавання моцнай каралеўскай улады, з якой не маглі справіцца ўжо першыя Ягелоны. Як аказалася, захаваць яе было немагчыма і манарх быў павінен ісці на саступкі. У ходзе барацьбы паміж арыстакратыяй і каралём паявіўся трэці чыннік – шляхта. Менавіта ў ёй кароль пачаў усё больш выразна шукаць апоры ў сваіх дзеяннях па ўмацаванні ўлады. Каб палегчыць цэнтралізацыю і ўніфікацыю дзяржавы, быў даведзены да канца збор усіх законаў і прывілеяў у адзіны звод. Ён атрымаў назвуСтатутаў Ласкага і быў разасланы па судах ва ўсёй Польшчы. У далейшым гэты звод стаў прававым падмуркам для руху сярэдняй шляхты ў першай палове XVI ст., вядомага пад назвай “экзекуцыя правоў”.
Для таго каб перамены ў краіне маглі ажыццяўляцца згодна з рашэннямі Радомскага сойма і яго найважнейшага акта – канстытуцыі nihilnovi, быў патрэбны моцны і рашучы ўладар. Аднак тут прыхільнікам рэформ не пашанцавала. Кароль Аляксандр, атрымаўшы на сойме ў Радоме ўдар інсульту, усё больш знемагаў і ў рэшце рэшт памёр 20 жніўня 1506 г. Яго астатнія намаганні, асабліва пры адсутнасці дзяцей-спадкаемцаў, былі накіраваныя на тое, каб забяспечыць трон свайму брату Жыгімонту, які да гэтых пор знаходзіўся ў ценю. Новы гаспадар не рашыўся працягваць ранейшую палітыку. Ён хутчэй выступаў за саюз са старой арыстакратыяй. Пасля прызначэння Яна Ласкага на пасаду гнезненскага арцыбіскупа ён мог пасадзіць на вызваленае месца канцлера свайго чалавека, якім быў Крыштаф Шыдлавецкі. Так чынілася і з іншымі ўрадамі. Жыгімонт І быў манархам гаспадарлівым і высокаадукаваным, але малаэнергічным, лёгка трапляючым пад чужое ўздзеянне. На жаль, людзям вакол яго найчасцей былі цікавы толькі свае інтарэсы і карысці. У такіх варункахкожны праект новых пераўтварэнняў, прыкладам, рэформы скарбу і войска, сутыкаўся з супрацівам не толькі шляхецкай апазіцыі, але і магнацкага атачэнняманарха. Яно папросту адчувала пагрозу ад усялякіх спроб узмацнення пазіцый караля. Менавіта ў гэтым заключалася прычына няўдач унутранай палітыкі Жыгімонта І.
Звяртаючыся да ўнутраных працэсаў у Польскай дзяржаве, варта прысвяціць трохі ўвагі гаспадарчым аспектам. Гэта дазволіць нам убачыць, у якой эканамічнай сітуацыі Польшча падыходзіла да ваеннага змагання з Масквой у якасці саюзніка Літвы. Перыяд польска-літоўскай уніі – гэта час вялікіх сацыяльных і эканамічных перамен. Узмоцненая хаўрусам з Вялікім княствам Літоўскім, ягелонская Польшча мела магчымасці для больш шпаркага і шырэйшага развіцця. Асаблівы ўздым гэтага росту пачаўся з моманту скасавання дамінацыі магнатэрыі, што адкрыла дарогу павелічэнню ўплываў шляхты.
Гэтае ўзмацненне палітычнага значэння шляхецкага саслоўя ў структуры дзяржавы паляпшала для яе ўмовы для пашырэння землеўладанняў і набыцця таннай працоўнай сілы. Менавіта шляхта ўсё мацней дабівалася стварэння магчымасцей для больш эфектыўнага і прыбытковага гаспадарання на “ўласным двары”. Гэта асабліва добра было відаць у сельскай гаспадарцы. Доўгі час яна развівалася ў форме, прынятай у ранейшыя часы – асадніцтве на нямецкім праве. Пад канец XV ст. паявіліся выразныя тэндэнцыі павелічэння феадальных уладанняў. Адбылося падзенне вартасці грошай пры адначасовым росце жыццёвых патрэб рыцарскага саслоўя. Чыншавага падатку, які да гэтых пор плацілі сяляне сваім панам, перастала хапаць. Каб палепшыць фінансавае становішча, падымаліся стаўкі павіннасцей і пашыраліся абшары землеўладанняў. Якраз з канца XV ст. у гаспадарчым жыцці Польшчы зацвярджаецца фальваркава-паншчынная гаспадарка, якая тры наступныя стагоддзі з’яўлялася дамінуючым элементам у структуры сельскагаспадарчага жыцця краіны.
Падобныя працэсы ахапілі ў тыя часы і значную частку суседніх краін. Па вялікім рахунку, уся Цэнтральная і Усходняя Еўропа ўваходзіла ў перыяд развіцця паншчыннай гаспадаркі. Гэтыя перамены абышлі бокам Заходнюю Еўропу, дзе “першую скрыпку” грала мяшчанства. У выніку ў эканамічным развіцці еўрапейскага кантыненту паўстаў своеасаблівы дуалізм. Гэтыя два светы не супернічалі паміж сабою, а наладзілі супрацоўніцтва, давёўшы яго да пэўнай ступені ўзаемазалежнасці. Першапачаткова сельскагаспадарчыя краіны атрымлівалі з такога стану рэчаў больш непасрэдных выгодаў. Аднак з часам аказалася, што менавіта Захад развіваецца больш хутка ў эканамічным плане. Спецыялізацыя Польшчы як сельскагаспадарчай краіны паставіла яе ў залежнасць ад замежнага капіталу.
Паспяховае развіццё фальваркава-паншчыннай гаспадаркі было ўзаемазвязана з паступовым ростам прыгоннай залежнасці сялян ад шляхты. З цягам часу гэта прывяло да падзення ўзроўню жыцця сялянства і, як наступства, да абмежавання попыту на тавары, якія вырабляліся ў гарадах. Вытворчасць тут пачала губляць стымулы для развіцця. Вынікі сталі відочныя толькі ў пазнейшыя часы, калі выраб прадукцыі на месцах альбо ўпаў, альбо трапіў у залежнасць ад замоваў шляхты. Пагаршэнне становішча сялянства пацягнула засабой і іншыя наступствы, якія адыгралі грамадную ролю ў будучыні. Так, адпрацоўка паншчыны з’яўлялася адным з найменш эфектыўных відаў працы. Яна выконвалася пад прымусам, які не меў нічога агульнага з матэрыяльным стымуляваннем. Нягледзячы на тое, што вялізныя абшары, якія займалі шляхецкія і магнацкія фальваркі, гарантавалі адпаведна значныя прыбыткі, вядзенне экстэнсіўнай гаспадаркі ў іх давала меншыя зборы ўраджаю, чым у краінах, дзе паншчыны не было. Насуперак агульнапрынятым сцвярджэнням, сельская гаспадарка Польшчы не была ў першых шэрагах на міжнароднай арэне. Усё часцей адбываліся ўцёкі сялян з-за звышвысокага прыгнёту. Яны перасяляліся на неабжытыя тэрыторыі, ствараючы групы вольных людзей. Формай абароны ад панскага прыгнёту, акрамя ўцёкаў, таксама сталі выступаць сялянскія паўстанні. Фальваркава-паншчынная гаспадарка вяла да значнага маёмаснага расслаення. Гэта, у сваю чаргу, стварала вялікую прорву паміж рознымі групамі тагачаснага грамадства. Селянін усё менш цікавіўся палітычным жыццём краіны. Пад інтарэсамі народу разумеліся шляхецкія інтарэсы, таму для сялянства яны рабіліся чужымі і абыякавымі. Як моцна гэта паўплывала на развіццё Польшчы, мы ведаем з пазнейшай гісторыі.
XVI ст. амаль ва ўсёй Еўропе было часам вялікай кан’юнктуры на сельскагаспадарчую прадукцыю. Дынамічнае развіццё таварна-грашовай гаспадаркі і рост багацця мяшчан павялічвалі попыт на прадукты харчавання. Першапачаткова якраз такі ўнутраны гандаль, а не экспарт за мяжу, вызначаў дабрабыт шляхты. У інтарэсах феадалаў было як мага мацнейшае прывязванне селяніна да зямлі. Яму ўскладнялі свабоду перамяшчэння і павялічвалі павіннасці. Недахоп працоўных рук з’яўляўся адной з важнейшых праблем у працэсе стварэння фальваркаў. Цяжкасці ўзнікалі і з-за адсутнасці патрэбнай колькасці прылад працы для апрацоўкі зямлі і збору збожжа. Шляхта не валодала неабходнымі сродкамі для інвестыцый. Нават трымаючы вялізныя маёнткі, яна пакутавала ад недахопу грошай. З гэтых прычын у фальварках рэдка прымянялася найманая праца. Затое ў большых памерах, чым гэта было прадугледжана мясцовымі лакацыйнымі актамі, выкарыстоўвалася паншчына. Яна дапаўнялася толькі найманай працай чэлядзі і каморнікаў, а таксама загроднікаў.
Паншчына, прынамсі на некаторы час, вырашала праблему сродкаў вытворчасці, якія з’яўляліся ўласнасцю працуючых на палях сялян. У сваю чаргу, яны, выкарыстоўваючы спрыяльную сітуацыю на рынку, звязаную з вялікім попытам на збожжа, пачалі весці больш інтэнсіўную гаспадарку. Дзякуючы гэтаму лішкі прадукцыі яны маглі прадаваць купцам. Мацнейшае прывязванне да зямлі дасягалася шляхам урэзвання альбо пазбаўлення сялян іх правоў. Гэтаму спрыяў, як мы ўжо ведаем, і мэтанакіраваны пераход шляхты да ўмацавання сваіх палітычных пазіцый за кошт іншых саслоўяў.
Пад канец XV ст. значна ўзраслі даходы сацыяльных груп, якія бралі непасрэдны ўдзел у сельскагаспадарчай вытворчасці – мяшчанства і заможнага сялянства, у той час як прыбыткі самой шляхтыспынілі свой рост. Паявілася пагроза збяднення шляхты, і яна была вымушана прыняць меры для абароны свайго эканамічнага, сацыяльнага і палітычнага становішча. Таксама верагодна, што дынамічнае развіццё фальваркава-паншчыннай гаспадаркі было звязана з паступовай адмовай ад паспалітага рушэння на карысць найманага войска. Гэта давала шляхце магчымасць засяродзіцца на сельскагаспадарчай вытворчасці. Пад фальваркавыя ўгоддзі браліся ў першую чаргу неасвоеныя абшары зямель, якія знаходзіліся ў руках паноў яшчэ да часоў каланізацыі. Часам пазбаўлялі пасады солтыса і яго маёнткі далучалі да створанага фальварку. Калі-некалі адбіраліся землі, якія належалі сялянам. Яны абменьваліся на горшыя альбо меншыя кавалкі. Уплывовыя магнацкія роды дзеля павелічэння абшару сваіх землеўладанняў карысталіся наданнямі караля, а таксама карчавалі лясы, якія фармальна належалі да скарбу дзяржавы. Такая дзейнасць і, у прыватнасці, бяспраўнае прысваенне і перадача ў спадчыну маёнткаў, нададзеных толькі на акрэслены час (“да жывата”), да пачатку XVI ст. прыводзілі да выразнага змяншэння каралеўскага дамену. А ён, знаходзячыся ў карыстанні шляхты, з’яўляўся найвялікшым комплексам землеўладанняў у краіне.
Варта ў гэтым месцы адзначыць, што фальваркі атрымалі развіццё перш за ўсё ва ўладаннях шляхты, перадусім яе “сярэдняга класу”. Інакш выглядала справа ў каралеўскіх і духоўных маёнтках, а таксама на дварах заможнай шляхты. Там фальваркі выступалі адназначна радзей, што было звязана з цяжкасцямі непасрэднага надзору. Развіццё свецкай уласнасці адбывалася па-рознаму ў кожным з рэгіёнаў Польшчы. Тэрыторыя Вялікапольшчы была заселена ў большасці земскімі ўласнікамі, якія валодалі адной вёскай, хаця, натуральна, здараліся і выпадкі, калі адзін уладальнік меў некалькі, а то і не адзін дзясятак вёсак. У Мазовіі існавала дробная зямельная ўласнасць, дзе аднаму ўладальніку магла належаць толькі частка сяла. Найбольш вялікія ўладанні знаходзіліся ў Малапольшчы. Феадалы з гэтай правінцыі атрымлівалі велізарныя масівы зямель, якія налічвалі дзясяткі вёсак, у прыватнасці, на Украіне. Можна, аднак, прыняць, што ў асноўным на тэрыторыі ўсёй краіны пераважалі шляхецкія маёнткі, якія складаліся з адной вёскі. Такая шляхта нагадвала сваім ладам жыцця хутчэй разбагацелых сялян.
Нягледзячы на аднолькавае прававое становішча, канец XV – пачатак XVI ст. характарызаваўся сур’ёзнымі адрозненнямі ў маёмасным стане сельскага насельніцтва. Некаторыя гаспадары валодалі больш чым адным ланам зямлі. Солтысы гаспадарылі на яшчэ большых абшарах. Каля іх у той жа час усё часцей узнікалі групы малазямельных альбо беззямельных сялян – загроднікаў і каморнікаў. Яны часта зараблялі на жыццё некантраляваным сельскім рамяством, наймаліся на працу як у шляхецкія маёнткі, так і да заможных сялян, млынароў ці карчмароў. Вельмі распаўсюджанай стала з’ява выкарыстання пакінутых угоддзяў заможным сялянствам. Такія гаспадары распараджаліся вялізнымі масівамі апрацаваных зямель, пераўзыходзячы нярэдка сваім багаццем дробную шляхту.
Фарміраванне і ўмацаванне фальваркава-паншчыннай гаспадаркі, зразумела, паўплывала на эканамічныя адносіны ў гарадах. Скіраванне высілкаў значнай часткі насельніцтва на сельскагаспадарчую вытворчасць не спрыяла, аднак, паўнавартаснаму развіццю іншых галін. Мяшчане прадпрымалі ўласныя гаспадарчыя ініцыятывы ці працягвалі ісці далей па выбраным шляху. На гэта ўплываў агульны рост дабрабыту. У прынцыпе, без праблем развівалася рамесная вытворчасць. Шляхецкі кантроль над цэнамі на рамесныя тавары, які функцыянаваў на падставе ўхваленых у 1496 г. ваяводскіх ставак, асабліва не шкодзіў.
Адной з асноў багацця гарадоў заставаўся гандаль, як унутраны, так і знешні, асабліва калі на Захадзе з’явіўся вялікі попыт на збожжа. Разам з паяўленнем і развіццём фальваркавай гаспадаркі буйныя гарады, якія налічвалі больш за 5 тысяч жыхароў, сталі цэнтрамі рэгіянальных рынкаў. У межах гэтых рэгіёнаў развіваўся абмен, навязваліся шчыльныя кантакты з суседзямі. Вялікую ролю ва ўнутраным гандлі адыгрывалі Кракаў, Гнезна, Познань. У XVI ст. да іх далучылася Варшава і, у асаблівасці, Люблін. Паўсюдна былі вядомыя знакамітыя люблінскія кірмашы. Шырокую вядомасць мелі таксама кірмашы ў Гнезне, Ленчыцы, Яраславе. Пачаўшы ад другой паловы XV ст., сфарміравалася структура знешняга гандлю, характэрная для гаспадарчага развіцця Польшчы наступныя 200 год. Кошты тавараў, якія вывозіліся на Захад марскім ці сухапутным шляхам, з часам у шмат разоў перавысілі кошты імпартаванай прадукцыі. Разбагацеўшая шляхта і мяшчанства большасць прыбыткаў аддавалі на набыццё прадметаў раскошы. Пэўная іх частка ператваралася ў зберажэнні ў каштоўных металах, а часткова – ішла на прамысловыя інвестыцыі.
Агульны дабрабыт гарадоў, звязаны з выгаднай сітуацыяй на заходніх рынках, не вырашаў унутраных праблем, з якімі змагалася мяшчанская супольнасць. Ніжэйшыя слаі – паспольства – у пераважнай меры былі польскага паходжання. Патрыцыят, заможнае купецтва і багацейшыя рамеснікі – у асноўным іншаземцы. З гэтых прычын, спаміж іншага, час ад часу ўсчыналася барацьба за ўладу, падаграваная нацыянальнымі адрозненнямі. Аднак, нягледзячы на гэта, паланізацыя найвышэйшых слаёў гарадскога насельніцтва адбывалася досыць хутка, асабліва ў Малапольшчы.
Адной з найбольш вострых праблем у гарадскім асяроддзі з’яўляліся падаткі. Яна датычылася перадусім тых мяшчанскіх сем’яў, якія пачалі ўзбагачацца, але не былі прадстаўленыя ў структурах гарадской улады. Яны жорстка і бязлітасна збіралі падаткі, выкарыстоўваючы атрыманыя прыбыткі на ўласныя патрэбы. Прадстаўнікі новых родаў, якія падымаліся ўгару, прадпрымаючы якія-кольвек дзеянні супраць гарадской Рады, заўсёды маглі разлічваць на вечна незадаволенае паспольства. А для яго дадатковым чыннікам абвастрэння стасункаў з патрыцыятам з’яўляліся вялічэзныя адсоткі ад выдаваных крэдытаў.
Аднак агулам можна прыняць, што польскія гарады ў гэты час адносіліся да катэгорыі заможных. І гэтая заможнасць мела выраз не толькі ў багацці асобных людзей, але праяўлялася ў стане гарадскога бюджэту. Гарады стварылі ўласную скарбовую сістэму. Даходы здабываліся не толькі дзякуючы вядзенню гаспадаркі, але таксама браліся з манаполій, адміністрацыйных і гаспадарчых пошлін, гарадскіх падаткаў. Дзякуючы ўсім гэтым захадам у вялікіх гарадах канцэнтраваліся вельмі значныя сумы грошай. Гэта стварала магчымасці для крэдытавання. Гарады альбо найзаможнейшыя мяшчане пачалі забяспечваць наяўнымі грашыма не толькі прыватных асоб, але таксама дзяржаву і манарха. Найбольш вядома такой дзейнасцю фамілія Бонэраў. Менавіта яны стварылі ў Кракаве першы банк, які абарочваў сродкі, досыць значныя як на польскія варункі. На жаль, узбагачэнне ў дзяржаве слаба ўплывала на фінансавы стан каралеўства. Каралеўскі скарб быў вычарпаны і расстроены яшчэ ў часы Уладзіслава ІІІ Варненскага. Паляпшэннем яго стану паміж іншых спраў спрабаваў займацца Казімір Ягайлавіч. Але ён не адважыўся на фундаментальную рэформу скарбу і задавольваўся сродкамі, якія давалі толькі часовы эфект. Не лепей, па старых узорах, дзейнічалі Ягелоны, якія сядзелі на польскім і літоўскім троне пасля яго. У далейшым часе адзінымі сталымі крыніцамі фінансавання, якія меў кароль, з’яўляліся даходы з землеўладанняў, здабычы солі і волава, манетнага двара, мытаў і падатку на нерухомасць. Нягледзячы на тое, што гэтых крыніц было даволі шмат, даходы з іх былі нерэгулярныя і нізкія. Яны аддаваліся пад заклад (у заставу) па меры патрэбы. Мноства старостваў былі аддадзеныя альбо цалкам, альбо часткова абцяжараны на доўгія гады наперад. У заставу перадаваліся таксама мыты і падатак на нерухомасць. Распаўсюджанай з’явай з’яўлялася перадача даходаў, у асноўным з зямельных маёнткаў, у якасці ўзнагароды за заслугі – на вызначаны час альбо да канца жыцця. Гэта вяло ў рэшце рэшт да ўстанаўлення надзвычайных падаткаў. Яны сталі асабліва “папулярныя” ў гады Трынаццацігадовай вайны і з тых часоў шырока выкарыстоўваліся на практыцы.
Падаткі найчасцей ухваляліся ў выпадку пагрозы іншаземнага нападу. Надзвычайныя падаткі накладваліся таксама на духавенства. Гэта быў г. зв. subsidium charitativum, які ўхваляўся сінодам. Зразумела, нездавальняючы стан скарбу адмоўна ўплываў на ваенны патэнцыял дзяржавы. У Польшчы павінны былі адбыцца карэнныя перамены ў арганізацыі ўзброеных сіл і як вынік – адмова ад архаічнага паспалітага рушэння на карысць прафесійных падраздзяленняў найманых жаўнераў (аб саміх зменах і прынцыпах ваеннага мастацтва Новага часу гл. далей). У рэшце рэшт гэта прыводзіла да стварэння сталага войска, няхай невялікага па колькасці, але здольнага супрацьстаяць татарскім і турэцкім набегам, якія ўсё больш узмацняліся.
Сталае войска было немагчыма нават уявіць без рэформы скарбу. Праўду кажучы, раз-пораз паяўляліся галасы за ўхваленне пастаянных падаткаў на фарміраванне і ўтрыманне 5500 вершнікаў і 1000 пяхоты. Аднак на практыцы спробы хоць часткова рэалізаваць такую задуму не прадпрымаліся. Існавала боязь накладвання на сябе занадта моцнага фіскальнага цяжару, а таксама ўзмацнення каралеўскай улады ў выніку паяўлення сталага войска і ігнаравання інтарэсаў шляхты як у справах унутраных, так і знешніх. А гэта, у сваю чаргу, адкрыла б шлях стварэння абсалютнай манархіі. Здаецца, кароль Жыгімонт І і яго дарадцы імкнуліся менавіта такім чынам пазбавіцца ад патрэбы звяртацца ў пасольскую ізбу. Падобных прыкладаў было шмат амаль па ўсёй Еўропе. У выніку няўдач па стварэнні сталага войска прадпрымаліся спробы ў выпадку неадкладнай патрэбы ратаваць становішча вярбункам часовых аддзелаў альбо ўзмоцненым націскам на “несмяротны” абавязак паспалітага рушэння. Падобным прыкладам можа служыць ардынацыя Пётракаўскага сойма 1477 г. Згодна з ёй, неабходна было ўрэгуляваць забеспячэнне жаўнераў з вайсковым рыштункампраз гарады і духавенства, належным чынам спраўджваць выхад у войска убогай шляхты, а таксама вырваць з корнем злоўжыванні, звязаныя з кіроўнымі функцыямі ў войску. Але гэта былі толькі паўмеры, якія не апраўдвалі надзей на паляпшэнне сітуацыі. Разам з нарастаннем пагрозы на паўднёва-усходніх межах на соймах зноў паявіліся прапановы стварыць моцную найманую армію. Такія праекты вылучаліся некалькі разоў на соймах у 1517–1522 гг. Аднак яны адразу згортваліся, як толькі аказвалася, што спатрэбіцца правесці ўсеагульную рэвізію маёнткаў. Гэта выклікала супраціў і пратэсты малапольскай шляхты. Яе падтрымала арыстакратыя, якая найбольш магла пацярпець ад новых метадаў падаткаабкладання.
Правядзенне вайсковай рэформы было б лягчэйшай справай, калі б знайшліся сапраўдныя асобы, здольныя яе рэалізаваць на практыцы. У тагачаснай Польшчы бракавала такіх людзей, а маладзейшыя яшчэ не здабылі той павагі, якая б дапамагла ім у такой пачэснай справе. Сапраўды здольныя военачальнікі сустракаліся рэдка. Ваенныя таленты значнага маштабу, вялікіяпалкаводцы ў другой палове XV – пачатку XVIст. не паявіліся. Польскія ініцыятывы ў вайсковай справе з гэтых прычын у большасці выпадкаў ажыццяўляліся з цяжкасцямі, няўклюдна і нярэдка безвыніку.
Знешнімі прычынамінетрывалай моцы польска-літоўскай дзяржавы былі перамены, якія адбываліся ў суседзяў ягелонскіх манархій. На шляху паспяховага развіцця Рэчы Паспалітай стаяла мноства перашкод і супярэчнасцей. Адной з іх з’яўлялася ўсё больш небяспечная Турцыя са свамім васаламі. Пасля авалодання Канстанцінопалем і значных поспехаў на Балканах у 1475 г. туркі здабылі Кафу – калонію Генуі ў Крыме. У 1484 г. захапілі малдаўскія порты Белгарад-Днястроўскі і Кілію, якія гралі значную ролю ў гандлі Польшчы з Усходам. У Польшчы адразу заўважылі небяспеку на паўднёва-усходнім памежжы. Ацанілі таксама наступствы для гаспадаркі, якія адсюль вынікалі. Ужо ў наступным годзе Казімір Ягайлавіч арганізаваў выправу на Малдавію. Яму нават удалося сабраць паважныя сілы. Выправа не скончылася нейкім эфектным поспехам, войска не дабралася да Белгарада і Кіліі, не сустрэлася на полі бою з туркамі. Аднак была атрымана палітычная перамога ў выглядзе васальнага падпарадкавання Малдавіі Польшчы. Да гэтых пор Малдавія старалася ўтрымліваць прыязныя стасункі з Польшчай, але заўсёды пільнавала свой суверэнітэт. Толькі турэцкая пагроза прымусіла малдаўскага гаспадара канкрэтна вызначыцца з дачыненнямі з Польскім каралеўствам. У адваротным выпадку ён не мог разлічваць на дапамогу ягелонскага войска. З гэтых прычын гаспадар Стэфан склаў ленную прысягу каралю Казіміру Ягайлавічу, што адбылося ў Каламыі ў 1485 г. На падставе заключанага пагаднення Стэфан абавязваўся быць саюзнікам польскага караля і аказваць яму пры неабходнасці ваенную дапамогу. Ён абяцаў не распачынаць вайны і не заключаць міру без узгаднення з польскім манархам. Той са свайго боку павінен быў бараніць Малдавію перад любым ворагам. Кароль абавязваўся аказаць любую дапамогу ў выпадку, калі б гаспадара скінулі з трона. Як ужо згадвалася, да сутыкнення польскага войска з туркамі не дайшло. Дакладных прычын такога развіцця падзей мы не ведаем. Так ці інакш, Казімір даў Стэфану некалькі тысяч наймітаў пад камандаваннем Яна Карнкоўскага. Пры іх чынным удзеле гаспадару ўдалося разбіць туркаў у лістападзе 1485 г.
Тымчасам Турцыя пачала пагражаць польскай дзяржаве з іншага боку. Пасля захопу Кафы яна падпарадкавала сабе прычарнаморскіх татар, якія стварылі Крымскае ханства. Ужо ў 1482 г. татары здзейснілі балючы набег на ўсходняе памежжа Польшчы. 8 верасня 1487 г. супраць новага набегу татар выступіў Ян Ольбрахт, разбіўшы іх пад Копыстырынем на Падоллі. Аднак ён не мог забяспечыць сваёй дзяржаве трывалай бяспекі з гэтага боку. Да таго ж, крымскія татары сталі саюзнікамі Масквы ў змаганні з Літвой і Польшчай. Такая сітуацыя схіляла Казіміра Ягайлавіча да пошуку партнёраў сярод прыволжскіх татар. Новыя клопаты з’явіліся ў 1487 г., калі малдаўскі гаспадар Стэфан Вялікі заключыў мір з Турцыяй, абавязваючыся плаціць высокія штогадовыя “памінкі”. Падпарадкаванасць Малдавіі Польшчы была скасавана. З гэтага часу гаспадар імкнуўся лавіраваць паміж Польшчай, Турцыяй і Венгрыяй. У выніку Малдавія стала ў бліжэйшыя гады полем саперніцтва трох дзяржаў. Пад канец свайго жыцця, у 1489 г., Казімір Ягайлавіч забяспечыў Польшчу двухгадовым перамір’ем з Турцыяй. Яго дзеянне ў наступныя гады працягвалася.
Ваеннае рашэнне турэцкай праблемы прадпрыняў Ян Ольбрахт. Да гэтага яго штурхаў не толькі ўласны тэмперамент, але перш за ўсё добра ўсвядомленыя палітычныя і эканамічныя інтарэсы дзяржавы. Падрыхтоўчыя дзеянні – як дыпламатычныя, так і ваенныя – цягнуліся некалькі гадоў. Ян Ольбрахт імкнуўся падрыхтавацца да выправы належным чынам, таму патрабаваў адпаведнай падтрымкі ўнутры каралеўства. Яна чакалася ад шляхты, дзякуючы якой Ян Ольбрахт у вялікай ступені стаў каралём Польшчы. Уладар вырашыў падтрымаць памкненні шляхты, якія датычыліся ўнутрыпалітычнай сферы. Такі падыход азначаў змяншэнне ўплываў арыстакратыі і іншых саслоўяў. Як паслядоўны палітык, Ян Ольбрахт пацвердзіў каралеўскія прывілеі для шляхецтва. Гэта мела месца на з’ездзе ў Пётракаве ў 1493 г. На ім жа былі ўхвалены падаткі для выкупу каралеўскіх уладанняў і дадзена згода на вайну з туркамі і татарамі.
Каб выправа супраць Турцыі была паспяховай, неабходна было прывесці да ўзгодненага ўзаемадзеяння ўсе ягелонскія дзяржавы. У 1492 г. было заключана пагадненне з Уладзіславам. Згодна з ім, абодва манархі аб’ядноўвалі свае сілы супраць туркаў, а ў сакрэтным дадатку прысягалі аказваць узаемную дапамогу супраць непаслухмяных і збунтаваных падданых. Да малдаўска-турэцкай праблемы бакі вярнуліся на дынастычным з’ездзе Ягелонаў у Левочы ў 1494 г. У ім узялі ўдзел, акрамя Яна Ольбрахта і Уладзіслава, караля Чэхіі і Венгрыі, каралевічы Жыгімонт і Фрыдрых, а таксама іх швагер Фрыдрых Гогенцолерн. Тэмай перамоў з’яўляліся ўскладненні адносін Уладзіслава з Габсбургамі і ўнутраныя патрасенні ў каралеўстве Св. Стэфана. Зразумела, як ужо згадвалася, абмяркоўвалася і турэцкая праблема, а разам з ёй і стаўленне да Малдавіі. Ёсць падставы меркаваць, што ў гэты час паявіўся праект перадачы гаспадарскага трона Жыгімонту, чый лёс пасля смерці Казіміра Ягайлавіча не быў вызначаны. Такую прапанову, верагодна, вылучыў Уладзіслаў як старэйшы з роду. Падобная пастаноўка пытання яўна не магла спадабацца венгерскай арыстакратыі. Яна непакоілася за страту венгерскіх уплываў у Малдавіі і ўмяшальніцтва Венгрыі ў канфлікт з Турцыяй. Можна здагадвацца, што перамовы ўпёрліся ў сценку менавіта з-за турэцка-малдаўскай праблемы. Што датычыць Жыгімонта, то яму ў той час было прызначана прускае намесніцтва (аб гэтым – далей). Выправа з мэтай авалодання прычарнаморскімі портамі без канкрэтнага плана дзеянняў у дачыненні да Малдавіі была немагчымая. Неабходна было рашыцца альбо на падтрымку, альбо на адсоўванне з трону гаспадара Стэфана. Але ўсё засталося вісець у паветры. Адзіным вынікам з’езду стала пагадненне паміж Янам Ольбрахтам і Уладзіславам, у якім абодва манархі абяцалі падтрымаць адзін аднаго ў выпадку бунту падданых. Яны пагадзіліся таксама прытрымлівацца мірных стасункаў паміж Венгрыяй і Польшчай.
Як бачна, гэтыя пастановы разыходзіліся з дамовай 1492 г. Былі абыдзены маўчаннем узаемныя дзеянні супраць туркаў. Такім чынам, агульная акцыя ягелонскіх дзяржаў не бралася пад увагу. Акрамя таго, сабраныя падаткі на вайсковыя патрэбы аказаліся недастаковымі. З-за гэтых прыкрых няўдач Яну Ольбрахту нічога іншага не заставалася, як шукаць з туркамі па меншай меры перамір’я. Яно было заключана 28 чэрвеня 1494 г. Зрэшты, самі туркі прапаноўвалі падпісаць яго яшчэ годам раней.
Ян Ольбрахт, зразумела, не адмовіўся ад барацьбы з Асманскай імперыяй. Пачатак 1497 г. працякаў пад знакам ваенных і фінансавых прыгатаванняў да выправы. Планавалася здзейсніць яе адразу пасля сканчэння перамір’я. Кампанія распачалася ў жніўні 1497 г. З ваеннага пункту гледжання яна была значным мерапрыемствам. Дастаткова сказаць, што ў войска было сабрана 80 тысяч жаўнераў і 30 тысяч падвод. Апрача паспалітага рушэння, удалося сфарміраваць немалы найманы кантынгент, а таксама прыцягнуць дапаможныя сілы з Мазовіі і ад крыжакоў. На жаль, няўдачай адразу абярнуліся палітыка-дыпламатычныя дзеянні. Нягледзячы на шматразовыя захады, Яну Ольбрахту не ўдалося схіліць да ўдзелу ў выправе свайго брата Уладзіслава, караля Чэхіі і Венгрыі. У апошнюю хвіліну палякі зноў звярнуліся да Венгрыі і яе караля з просьбай аб падтрымцы. Кароль, аднак, у гэты час знаходзіўся ў Чэхіі, а ўладу ў Венгрыі пакінуў нядобразычліваму ў дачыненні да Польшчы, і ў асаблівасці – Яна Ольбрахта, Іштвану Запольяі. Адказ быў адмоўны. Венгерскі бок спасылаўся на існуючы мір з Турцыяй. У Польшы разлічвалі таксама на дапамогу іншага брата караля – Аляксандра. Вялікі князь літоўскі быў зацікаўлены ў наступе на туркаў. Гэта магло аслабіць крымскіх татар, саюзнікаў Масквы. Аляксандр вырушыў на чале войска, але да Малдавіі не дайшоў з-за адкрытага супраціву літоўскіх магнатаў. Гэтая выправа скончылася на Валыні.
Аднак галоўнай прычынай беспаспяховага сканчэння ваеннай кампаніі супраць Турцыі была пазіцыя ненадзейнага малдаўскага гаспадара. Стэфан не толькі не ўзаемадзейнічаў з войскам Яна Ольбрахта, але нават не захоўваў нейтральных паводзін. Спачатку ён пагадзіўся на пераход польскага войска праз малдаўскія землі. Ён пакінуў за сабой права злучыцца з польскай арміяй толькі над Дунаем. І слова свайго не стрымаў. Здаецца, што адной з прычын менавіта такіх паводзін гаспадара была боязь, што падчас выправы ў Турцыю кароль Польшчы захоча пазбавіць яго ўлады і на малдаўскі трон паставіць каралевіча Жыгімонта. Малдаўскі гаспадар непрыемна здзівіў польскае камандаванне. 17 жніўня перад польскім каралём сталі малдаўскія паслы і абвясцілі, што Стэфан ёсць падданым султана. Яны запатрабавалі вываду польскага войска з тэрыторыі Малдавіі. Такія паводзіны абурылі Яна Ольбрахта. Ён загадаў арыштаваць паслоў і адаслаць у Львоў. Гэта быў не самы годны караля і рыцарскага кодэкса ўчынак, але ніхто Яна Ольбрахта не асудзіў. Гаспадар тымчасам здзейсніў дыверсійную акцыю, накіраваўшыся на Пакуцце. Выправа Яна Ольбрахта мусіла абраць новы кірунак – замест Чорнага мора яна павярнула на Сучаву, сталіцу Малдавіі.
Ваеннае і палітычнае становішча польскага манарха з-за такога нечаканага абароту падзей стала даволі складаным. Але яно яшчэ не было безнадзейным, у асаблівасці калі б удалося давесці аблогу Сучавы да паспяховага завяршэння. Польская армія мела значную перавагу над малдаўскім войскам, якому дапамагалі малалікія турэцкія і трансільванскія атрады. Аднак Сучава мела славу непрыступнай крэпасці.
Гэта быў замак па форме, збліжанай да падковы, які стаяў на высокім узвышшы, абкружаны магутнымі мурамі з вежамі і ровам. Нягледзячы на ўсе намаганні, аблога горада была няўдалай. Абстрэл даў нязначныя вынікі. Насупраць найбольш моцных муроў з паўднёвага боку былі ўсталяваны цяжкія гарматы, з якіх фартыфікацыйныя ўмацаванні закідваліся вогненнымі ядрамі. Сапраўдная лавіна камянёў падала на сучаўскія сцены. Але ўзламаць іх не ўдалося. Драбнейшыя пашкоджанні гарнізон крэпасці выпраўляў уначы. Паявілася праблема недахопу харчавання, давозу якой перашкаджаў сам Стэфан, заўчасна адступіўшы на поўдзень. Польскае войска нібыта апынулася між двух агнёў. З аднаго боку знаходзіўся сучаўскі замак, які мужна бараніўся ад аблогі, з іншага непакоілі пастаяннымі ўдарамі атрады, якія стаялі на поўдні. Стала відавочнай поўная непрыдатнасць паспалітага рушэння – асновы польскіх узброеных сіл. Магчыма, аблога скончылася б поспехам, калі б не прыезд венгерскага пасольства, якое заявіла пратэст супраць нападзення на малдаўскага гаспадара, ленніка каралеўства Святога Стэфана. Адначасова пасольства выказала падазрэнні ў тым, што кароль пад прэтэкстам вайны з Турцыяй мае намер пасадзіць у Малдавіі Жыгімонта. З малдаўскім гаспадаром было заключана перамір’е, з-пад Сучавы трэба было вяртацца дахаты з абцятым хвастом.
На чале адваротнай выправы ішло паспалітае рушэнне з Вялікапольшчы. За ім цягнулася артылерыя і каралеўская гвардыя, а сярод яе ехаў хворы на ліхаманку манарх. Затым маршыравала паспалітае рушэнне з Малапольшчы. Тыльную ахову складала найманае войска і невялікі дапаможны атрад з крыжакоў. Паход адбываўся ў атмасферы разняволенасці. Войска згаладалася, людзей касілі хваробы. Не былі прыняты нават элементарныя меры асцярожнасці. Дарога назад не праходзіла ў спакоі. Быў абраны іншы шлях замест таго, які быў прапісаны ў перамірнай дамове. Для малдаван гэта паслужыла падставай для зрыву перамірных дамоўленасцей. 26 кастрычніка 1497 г. каралеўская армія апынулася ў букавінскіх лясах каля сяла Козьмін. Яна ішла па доўгім яры, і там тыльныя падраздзяленні польскага войска былі атакаваны малдаванамі, валахамі і татарамі. Гэты нечаканы ўдар у нязручным для абароны месцы прывёў да поўнага разгрому наймітаў і крыжакоў. Пасля гэтага непрыяцельская лёгкая конніца і пяхота ўдарылі па малапольскіх жаўнерах, якія таксама былі вымушаны скарыцца пераважваючым сілам ворага. У гэты момант надышла дасланая каралём для адпору надворная каралеўская харугва – гвардыя. Магутная атака цяжкай кавалерыі прывяла да панічных уцёкаў непрыяцеля з поля бітвы. Далейшы шлях адбываўся сярод пастаянных дробных удараў малдаўскага войска. Польская армія ад часу букавінскай засады ішла прыспешаным маршам.
Няўдача пад Козьмінам асабліва не паўплывала на ход выправы, а яе маштабы пазней былі моцна перавялічаны. Насуперак сцвярджэнню, што “ў часы караля Ольбрахта шляхтавынішчылася”, страты ў людзях былі нашмат меншыя, чым пазней уяўлялася. Сапраўды, было згублена каля 6 тысяч падвод, але затое выратавана амаль уся артылерыя. Так ці інакш, кароль вяртаўся на радзіму хворы і стомлены, са здэмаралізаваным войскам. Турэцкая выправа нават без спаткання з туркамі на полі бою скончылася фіяска.
Зразумела, Турцыя не магла не скарыстацца шанцам ударыць па аслабленай Польшчы. У 1498 г. адбыўся напад туркаў з удзелам татар. Увесну са згоды султана Баязэта дваццацітысячнае турэцкае войска прыбыло на Днестр і пад Хоцімам пераправілася на паўночны бераг ракі. Пасля кароткага адпачынку нападнікі рушылі ў свой знішчальны паход. На Падоллі былі здабытыя Чорткаў і Рагатын. 13 мая туркі з’явіліся пад Львовам. Тут яны, аднак, задаволіліся толькі спальваннем прадмесцяў. У гэты ж час два перадавыя турэцкія атрады дасягнулі Санока і Ланцута. Амаль нідзе туркі не сустракалі супраціву. Скліканае каралём паспалітае рушэнне сабралася толькі ўлетку. Выключэннем стала сутычка з палякамі пад Пшэмыслем. Пасля гэтага турэцкая армія спакойна, без перашкод адступіла з польскай тэрыторыі. Чарговы набег, які быў непасрэдным наступствам малдаўскай выправы, адбыўся восенню гэтага ж года. Заахвочаныя поспехам папярэдняй вылазкі, туркі паявіліся ў лістападзе ў складзе 20 тысяч лёгкай конніцы. Рэйд турэцкага войска на гэты раз ішоў праз Галіч, Жыдачаў, Драгобыч, Санок. Жыхары атакаваных зямель хаваліся ў гарах і ўмацаваных месцах. Зноў туркі паявіліся пад Львовам. На шчасце, надыходзячая хуткімі тэмпамі зіма прывяла да паспешлівага адступлення турэцкага войска. На гэты раз ім не ўдалося закончыць выправу паспяхова. Каля Днестра надышлі моцныя маразы, з-за якіх загінула значная частка жаўнераў. Тыя, хто ацалеў, падвергліся нападу малдаван падчас пераправы праз Прут. З усяго войска жывымі засталося не больш 400 чалавек. Гэты набег у рэшце рэшт схіліў караля і сойм да арганізацыі сталай абароны з ліку найманых жаўнераў. Аднак сродкі, здабытыя на гэтыя мэты, не дазволілі выставіць патрэбную колькасць вайскоўцаў для абароны польскіх межаў перад чарговымі турэцкімі нападамі ў 1499 і 1500 гг.
Таму неадкладна патрэбнымі былі захады па замірэнні з Турцыяй. У першую чаргу былі ўрэгуляваны стасункі з Венгрыяй, якая лічыла малдаўскага гаспадара сваім васалам і вайну з ім трактавала як парушэнне ўласнага нейтралітэту. Удалося залагодзіць канфлікт 1498–1499 гг., да якога прывяла такая пазіцыя. Быў адноўлены мір паміж Польшчай і Венгрыяй. Згодна з ім, з гэтага часу абедзве дзяржавы павінны былі весці вайну альбо заключаць мір з Турцыяй выключна на аснове двухбаковага пагаднення. Польшча была вымушана прыняць умову Венгрыі, што не будзе шукаць рэваншу з малдаўскім гаспадаром за яго здрадніцкія дзеянні ў 1497 г. і наладзіць з Малдавіяй мірныя адносіны. Амаль адразу былі прадпрыняты перамовы з туркамі. Улетку 1499 г. адбылася дыпламатычная місія Мікалая Фірлея ў Турцыю з прапановай замірэння. Пасольства было прынята добразычліва, і на пачатку 1500 г. Фірлей вярнуўся назад разам з турэцкімі пасламі, якія везлі прапановы ў справе перамір’я. Неабходнасць канчатковага паразумення з Венгрыяй у выніку заключэння нядаўняга пагаднення трохі замарудзіла вырашэнне спраў з Турцыяй. Пакуль выконваліся ўсе фармальнасці, адышоў на той свет Ян Ольбрахт. Яго пераемнік Аляксандр прадоўжыў перамовы і паспяхова іх завяршыў.
9 кастрычніка 1503 г. канчаткова было падпісана пяцігадовае перамір’е паміж Польшчай і Турцыяй. Перамірнае пагадненне пакідала прычарнаморскія порты, Белгарад і Кілію, у руках Турцыі. Нягледзячы на тое, што перамовы зацягнуліся, мірныя адносіны з Турцыяй фактычна існавалі ўжо некалькі год. Такі стан рэчаў захоўваўся на працягу доўгага часу. Пытанне ўмяшальніцтва Польшчы ў сферу турэцкіх інтарэсаў засталося закрытым. На адмову польскага боку паўплывалі як няўдачы ў бітвах, так і пазіцыя суседніх краін. Было вырашана пакінуць прычарнаморскія порты ў турэцкіх руках, таму што іх вяртанне патрабавала занадта вялікіх намаганняў. Гэта станавілася праблематычным асабліва з улікам тых пагроз і выклікаў, перад якімі сталі Польшча і Вялікае княства Літоўскае. Складанай справай аказалася каардынацыя польскай і венгерскай палітыкі ў дачыненні да Турцыі. Трэба таксама памятаць, што Стэфан Вялікі не адмовіўся ад прэтэнзій на Пакуцце. Гэта стала ў далейшым іскрай для разгарання новага канфлікту.
Менавіта Пакуцце, лясісты край, які ляжаў у паўднёвай частцы Рускага ваяводства паміж Днестрам, Быстрыцай, Карпатамі і малдаўскай мяжой, было каменем нязгоды ў польска-малдаўскіх дачыненнях. Калі Стэфан Вялікі даведаўся пра смерць Яна Ольбрахта, ён вырашыў паказаць яго пераемніку Аляксандру, што менавіта Малдавія, а не Польшча, мае поўныя правы на Пакуцце. Каб дэманстрацыя намераў была паўнавартаснай, ён здзейсніў рабаўнічы напад на спрэчную тэрыторыю. У гэты час на ўсходзе ішла літоўска-маскоўская вайна, з-за чаго кароль Аляксандр не меў магчымасці належным чынам зрэагаваць на падзеі. Ён не хацеў таксама праз хуткапальныя дзеянні сапсаваць стасункі з гаспадаром, імкнуўся паводзіць сябе ў дачыненні да Стэфана па-згодніцку. Малдаўскі гаспадар, набраўшыся смеласці ад такога стаўлення польскага караля, заняў Пакуцце восенню 1502 г. Малдаўскія атрады, пераправіўшыся праз Днестр, у сваіх дзеяннях нават падышлі да Камянца-Падольскага.
Становішча Польшчы крыху палепшылася пасля смерці Стэфана Вялікага ў 1504 г. На троне ў Сучаве сеў яго сын Багдан ІІІ Аднавокі. Польшча вырашыла ўмяшацца ў малдаўскія ўнутраныя справы і пры спрыяльных абставінах забраць сабе Пакуцце. Гаспадар Багдан не быў адзіным прэтэндэнтам на трон у Сучаве. На Падоллі, у замку Зінькаў жыў іншы кандыдат – Пётр, унук колішняга ўладара Малдавіі Пятра Арона. Каб пазбавіцца грознага канкурэнта, Багдан паспрабаваў злавіць яго ў свае рукі. З гэтай мэтай на Падолле быў высланы атрад, які налічваў некалькі соцень жаўнераў. У канцы снежня 1504 г. яны напалі на Зінькаў. Аблога замка, аднак, была няўдалай, бо на дапамогу прыбыло фарміраванне польскай паточнай абароны. Польскае войска перамагло малдаван у сутычцы пад сценамі зінькаўскага замка. Гэтая маленькая, але вельмі патрэбная перамога, аднак, не была выкарыстана да канца. Аляксандр замест таго, каб распаліць грамадзянскую вайну ў Малдавіі праз ваенную падтрымку Пятра, закрыў вочы на гвалт на польскай тэрыторыі. Ён задаволіўся прапановамі Багдана, які імкнуўся да збліжэння з польскай дзяржавай, знаходзячыся пад моцным ціскам шляхецкай апазіцыі і ўсведамляючы жаданне Турцыі поўнасцю падпарадкаваць сабе Малдавію. Каб зрабіць гэтае збліжэнне рэальным, ён прапанаваў за руку Лізаветы, сястры караля Аляксандра, вярнуць Польшчы Пакуцце. Польскі бок прапанову прыняў, але не збіраўся прытрымлівацца заключанага пагаднення. У Сучаву было накіравана польскае пасольства, якое папрасіла Багдана ў знак шчырасці сваіх намераў спачатку вярнуць Пакуцце. Паводле пасольскай прамовы, яно было б перададзена назад Малдавіі ў якасці шлюбнага пасагу каралеўны. Гаспадар прыняў такія ўмовы і пачаў рыхтавацца да вясельных урачыстасцей. Ён выслаў нават у Венецыю купцоў, каб тыя закупілі для каралеўны Лізаветы шлюбныя падарункі.
У Польшчы тымчасам памёр кароль Аляксандр. Гэта цалкам развязала рукі польскім сенатарам, якія яшчэ вагаліся, ці трымаць слова, дадзенае Багдану. Ідэяй шлюбу была таксама незадаволена Лізавета. Пасля смерці караля яна катэгарычна запярэчыла будучаму вяселлю. Багдан быў абражаны і на пачатку верасня стаў чыніць напады на тэрыторыю Падолля. Зразумела, малдаване не прамінулі авалодаць неабыякавым для іх Пакуццем.
У прадчуванні хуткай развязкі малдаўскага канфлікту вялікі каронны гетман Мікалай Камянецкі пачаў збіраць харугвы паточнай абароны. У планы ўваходзіла адпраўленне на спрэчную тэрыторыю Пакуцця каля 40 тысяч вайскоўцаў. Аднак, як звычайна, гэтага не дазволіў зрабіць недахоп сродкаў, якія меліся ў наяўнасці. Удалося сабраць толькі 2500 коннікаў, 400 чалавек пяхоты і некалькі гармат. Дадаткова быў створаны атрад вершнікаў колькасцю 60 чалавек, каб сачыць за сітуацыяй на мяжы з татарамі. Акрамя таго, у Камянцы-Падольскім размяшчаўся гарнізон у складзе 200 жаўнераў. Меней чым праз тры тыдні паслязаняцця малдаванамі Пакуцця польскае войска было гатовае да паходу. 29 верасня яно пераправілася праз Днестр і выціснула са спрэчнай тэрыторыі непрыяцельскія атрады. Малдаване зусім не аказалі супраціву. Выключэннем быў толькі гарнізон замка ў Чэсыбесах. Гетман Камянецкі пакінуў пад ім частку сваіх сіл, а з рэштай, у асноўным конніцай, увайшоў на тэрыторыю Малдавіі. Ён рухаўся імкліва, бо ў планах гэта была спусташальная акцыя ў адказ на памежных землях. Адборныя малдаўскія падраздзяленні чакалі польскае войска ў глыбіні краіны, а на мяжы стаялі паспешна набраныя аддзелы малдаўскага военачальніка Копача. Ён сфарміраваў паспалітае рушэнне, далучыўшы да барацьбы нават сялян. Маючы ў распараджэнні невялікія і даволі малаэфектыўныя сілы, ён вырашыў весці вайну раптоўнымі ўдарамі. З гэтай мэтай ён падрыхтаваў засаду для войска Камянецкага, якое рухалася ўглыб краіны. Непадалёку ад Чарнаўцоў Копач атакаваў авангард польскай арміі, які высунуўся занадта наперад. Дзякуючы колькаснай перавазе малдаван пярэдні атрад быў цалкам разгромлены. Натхнёны перамогай, малдаўскі военачальнік вырашыў дачакацца астатнюю частку польскай конніцы. Ён не чакаў, што польскі камандуючы не дасць сябе застрашыць лёсам авангарда. Ужо на наступны дзень Камянецкі прадпрыняў гвалтоўную атаку на войска Копача. Другая бітва пад Чарнаўцамі закончылася поўным разгромам малдаван, а сам Копач ледзьве выратаваўся. Разбіццё яго фарміраванняў дазволіла Камянецкаму без перашкод спустошыць ваколіцы. Польскія коннікі даходзілі на адлегласць каля 40 кіламетраў ад сталіцы Малдавіі Сучавы. Камянецкі вырашыў, што мэта выправы дасягнута і павярнуў назад, у Польшчу. Гэтая падзея, разам з няспраўджаным шлюбам Багдана і Лізаветы, носіць у польскай гістарыяграфіі найменне “крывавых зашлюбін”.