Читать книгу Імя грушы - Сяргей Балахонаў - Страница 2

Імя грушы
Раман у трох мемуарах
Успаміны Наталлі Клыкоўскай

Оглавление

з расейскае

Не лепшая я ад іншых апавядальнікаў пра старыя падзеі, пагатоў так многа часу прамінула з тых зыркіх дзянькоў маёй маладосці. А перажыла я ўжо два вякі Хрыстовы і ніколі не ўзялася б за пяро, каб не ўнучкі мае, каторыя так умільна пытаюць, ці не прыходзілася мне зазнаваць у сваім жыцці рамантычныя або авантурныя прыгоды. Я подаўна збіралася расказаць пра тыя дзіўныя і незразумелыя аж дагэтуль здарэнні, якія адбыліся перад некалькімі гадамі да апошняга процірасейскага паўстання ў краі. Але ж паяднаць усе патрэбныя дэталі ў суцэльнасць было нялёгка. Між тым кожная драбязка мае тут сваю значнасць для разумення перажытага. Цяжка было ўзяцца за пяро яшчэ і таму, што як раз ад тых летаў не практыкавалася я ў рэчах літаратурных, чаго вымагае мая цяперашняя задума. Хацела б таксама папярэдзіць кожнага імавернага чытальніка гэтых прыпамінкаў, што ён рызыкуе трапіць у палон маіх асабістых перажыванняў, якія спрычыніліся да такога ўспрыняцця той эпохі, каторае размінаецца з поглядамі іншых людзей. У кожным разе, спадарове, мне хлусіць не выпадае. За гэтым рачце пачаць урэшце маю аповесць аб часах змінулых.

Маленства маё прайшло ў заштатным гарадочку Гомель, які толькі на мой чатырнаццаты год жыцця стаў павятовым цэнтрам. Апошняе па вялікім рахунку нічога ў маім жыцці не змяніла, бо яшчэ да гэтага найшчаслівейшага для Гомеля моманту, я мела фартуну навучацца не абы-дзе, а ў інтэр’ерах княскага палаца. Князь Іван Фёдаравіч Паскевіч надта спагадаў нашай сям’і. На чым палягалі прычыны гэтае спагады, тут меркаваць не бяруся. Але дзякуючы князю я атрымала выдатную, як для Гомеля, дамовую адукацыю. А найлепш мне давалася музыка, на якой урэшце больш грунтоўна я і спынілася. Па смерці дабрадзея нявестка ягоная Ірына Іванаўна дазволіла мне давучыцца і атрымаць належныя паперы, што адукацыю маю пацвярджалі. Далей я мусіла ісці на свой хлеб. Спачатку жадала выехаць у Магілёў, але мама мая Аляксандра Феафілаўна рачыла знайсці мне пратэкцыю і пасобіла, такім чынам, з работаю ў Менску.

І вось я вераснёўскім днём, адсвяткаваўшы наконадні з сям’ёй і дрýжкамі дзень майго анёла-заступніка і васемнаццаты год нараджэння, мусіла адвітацца з бацькоўскімі мясцінамі і выправілася ў той губернскі горад. Менск (а так горад зваўся ў даўніх летапісах, так яго мянуе просты люд, такую назову ўжываў і галоўны герой маіх прыпамінкаў) сустрэў мяне туманам і брыдкаю імжою. Не знаю ад чаго, але даймала такое адчуванне, што то былі не драбнюткія дажджынкі, а кропелькі мёду ці яшчэ чагось ліпкага. Гэтая ліпкасць якраз і тварыла ўражанне брыды. Да ўсяго дадавалася прыгадка пра чуты мной у восем годзікаў расказ аб выпадку выпачлівасці надвор’я ў далекаватай ад Гомеля Вільні. Там у часе красавіцкае навальніцы выпалі масы нейкага рэчыва шэрага колеру, якое складалася з камякоў памерам у гарэх. І было яно ці то смалістым, ці то сцюдзяністым. Нічым не пахла. Калі навучоныя дзядзечкі бралі гэта рэчыва паліць, яно распаўсюджвала саладжавы пах. А калі кідалі ў ваду яно разбухала, нібыта жэлацін, а пасля рабілася надта падобным на дрыжэль. Мо’ і нявартым было б гэтую гісторыю тут прыгадваць, але яна доўгі час пужала мяне. Дык не дзіва, што нават намёк на штось блізкае таму прычыняў мне дыскамфорт у значна сталейшым веку. Сапраўды, я баялася шэрага жэлаціну, а зусім не таго, што ў адрозненне ад браціка не маю Wiwimacher, як спрабуюць цяпер давесці некаторыя аўстрыйскія дактары. Вось жа ўявіце мой душэўны стан, калі мне «пашчасціла» трапіць у Менску пад клейкую імжу! Хоць можа яна зусім і не была клейкаю, а толькі маё хваляванне на парозе новага жыцця выдавала такога кшталту сімптомы. Да таго ж у горад я троху спазнілася. З-за сялянскіх хваляванняў паліцыя не прапусціла наш экіпаж звычайнаю дарогай, і давялося рабіць досыць вялікі крук, каб лучыць у Менск па Барысаўскім тракце. Не зважаючы ні на што, гэта было цудоўнае відовішча. Для вачэй разгарнулася прыгожая панарама колькіх гор, узгоркаў і стромкіх абрываў, высланых штучнымі і натуральнымі газонамі, аздобленыя вялікімі садамі, памаранчнямі, шыкоўнымі кветнікамі. Рака Свіслач звівалася, быццам чорная гадзюка, якіх я ладна на глядзелася сваім часам дома, асабліва за родным бацюхнам Сажом. Уражвала неаднастайнасць свіслацкае плыні: то яна тулілася да пабярэжніцы, троху марудзячы, то быццам бы адхіналася ад сваіх берагоў, занікала ў даліне, каб потым з шумам і каскадам прабіцца на прастор і лянотна церабіць свой адвечны шлях далей праз камяністае ўзвышша. На гарах і ўзгорках красавалі будынкі: то высокія і шырокія, то вузкія і даўгаватыя, крытыя чарапіцаю (успамін пра Вялікае княства), то нарэшце чысценькія, ахайныя зялёныя і жоўтыя дамкі з чырвонымі дахамі, узорыстымі стаўнямі і кратаванай агароджай. Далей былі гаі і алеі гарадскога саду, размаітыя нязнаныя мне свецкія будынкі і царкоўныя спаруды. Мы мінулі застаўны дом ды шлагбаум (так званую рагатку), і ўрэшце я магла сказаць сама сабе: «Вось ты, Наталечка, і ў Менску! Вітаю цябе, незнаёмае места!». Папраўдзе, што я там ведала пра Менск?! Так, безумоўна, я чытвала да таго нешта ў Карамзіна і памятала, што першы ўспамінак летапісцаў пра Менск быў успамінкам пра ягонае знішчэнне паўднёварускімі князямі. У дзяцінстве мяне гэта надта дзівіла, бо малароскіх дзядзечак, каторыя ў Гомелі на Траецкім кірмашы прадавалі соль, я ніяк не магла ўявіць у ваярскіх рыцарскіх строях. То і мроіліся мне фурманкі, наладаваныя соллю, вакол старажытнага града, і чумакі, якія без памяці сыпалі “сіль” на Менск. Але ў кніжках пісалі пра кроў ды пра косці сыноў рускіх, і мне рабілася да напружання цікава – а з дочкамі што? Maman et papa нічога казаць не хацелі, зацікаўлення тутэйшай гісторыяй не ўхвалялі і засаджвалі мяне за фартэпіяна. І я іграла, зноў а зноў катуючы сябе нуднымі спалучэннямі нотаў. Дык жа атрымалася – няблага іграла…

Выйшаўшы з экіпажа я была троху разгубленай, збянтэжанай. Ведала, што вуліца Койданаўская, дзе мяне павінны былі прыняць хросная з мужам ляжала недзе паблізу. Але я не магла акілзаць спакусы хоць адным вокам глянуць на менскія вуліцы, балазе паклажу я мела нецяжкую. Стаяла я гэтак між Петрапаўлаўскім саборам і бэрнардынскімі мурамі, ня знаючы куды падацца. Увагу маю прыцягнула трохпавярховая спаруда, як падалося цыкляпічных памераў. То мусіў быць гасцінны двор, пра які ўжо чула ад сваіх родзічаў. Я подаўга разглядала сёе-тое з галантарэйных ды парфумных тавараў, пра што даводзілася чытаць у пецярбургскіх magazines для дамаў. Ды яно ўсё мне было не па кішэні. Ля крамак з садавіною, аднак, не ўстрымалася і набыла колькі грушак. Менавіта грушак, бо яблыкі выклікалі непрыемныя асацыяцыі ды ўяўленне, што імі абавязкова трэба кагосьці частаваць. Я ж да вакольнага люду прыглядалася з насцярожанасцю і недаверам. Запрыкмеціўшы, што на другім паверсе гандлююць чаем, ядвабам, сукном ды наагул усякім красным таварам, скеміла, што рабіць там мне таксама няма чаго. Ішла я, як памятаю, раз-пораз чырванеючы, бо была пераканана, што гляджуся смешнай правінцыялкай у месце, якое некаторыя не збаяліся ахрысціць беларускай сталіцай.

Хросная Серафіма Паўлаўна і яе сужонак Міхаіл Фёдаравіч прынялі мяне прыветна, справодзілі ў адведзены мне ўтульны пакойчык з нейкім падобствам пісьмовага стала і сапраўднай пуховай пярынай на ложку. Было зусім някепска. Даўшы магчымасць прывесці сябе пасля паездкі да ладу, цётачка запрасіла да стала. На стале чакаў курыны булён, свежыя пшанічныя булкі і яшчэ штось дужа смачненькае. Есці хацелася, але я адчула раптоўную стому, якая прынучала заплюшчваць вочы і пазяхаць, хаця і тое, і другое было абсалютова непрыстойным. Серафіма Паўлаўна, аднак, усё цудоўна разумела і сама казала мне ісці да сну. Падзякаваўшы, я гэта і зрабіла, пагатоў наступным днём мяне чакала гутарка з маёй будучай гаспадыняй – утрымальніцай пансіёна, дзе я мелася працаваць, спадарыняй Шрэйдар.

Сніла ж я той ночкаю чыстую нісянеціцу. Ні Гомель, ні дарогу, ні Менск, ні нават будучую сустрэчу. Сніла я жанчыну, якая нараджала, а вакол яе завіхаліся дзеўкі, і толькі павітуха была спакойная і суцяшала парадзіху добрым словам: «Не хвалюйцеся, усё гэта вам толькі сніцца». Малюнак расплываўся ў агнях ці то свечак, ці то паходняў. З вуліцы ў той пакой несліся невыразныя спевы ці то пра ваўкоў, ці то пра валхвоў. Потым быў дзіцячы крык і словы павітухі, скіраваныя чамусьці мне: «А дзіцёнак жа ў сарочцы нарадзіўся…».

У ранні я не стала даваць рады для тлумачэння свайго сну і проста пайшла ў пансіён. Ніхто не ведаў, ці была спадарыня Шрэйдар насамрэч немкай, як імкнулася падацца. Гэтае імкненне выглядала дзіўным, бо ў размове яна ўжывала нейкую няподумную мешаніну еўрапейскіх моваў, каторую на беларускі манер можна было б назваць трасянкай,[1] як кажуць нашыя сяляне пра сумесь сена, саломы і яшчэ чагось для корму каровы (а не для ўласнае, спадзяюся, спажывы). Дык жа вялікім выпрабаваннем для мяне сталася не столькі музіцыраванне на фартэпіяна, колькі кавырсанне ў сэнсах фразаў утрымальніцы. Я добра ўмела па-французску. Нямецкую і ангельскую практычна не знала. То як можна было мне рэагаваць, прыкладам, на такую фразу: “During white night des Nichts der Angst be renewed sans faut annuncio vivace как таковое: it putting, lecz nie nic”.[2] Зрэшты, я надзіва добра спраўлялася з раптоўнымі шарадамі, зусім не крытыкуючы чыстага розуму спадарыні Шрэйдар. А зайграўшы «Райнскія хвалі», так яе злагодзіла, што пытанне быць альбо не быць мне настаўніцай у пансіёне па-просту ўзнікнуць не магло.

Вераемна, я занадта падрабязна спынілася на першых момантах майго пабыцця ў Менску, таму далей пастараюся спыняцца толькі на галоўным. Зрэшты, хто яго ведае, дзе там падзея больш галоўная, а дзе – менш, калі пэўны спамін для самае робіцца свайго кшталту новаадкрыццём, з якім ахвота падзяліцца. Аднак просты люд небеспадстаўна кажа: «На кождую хоцьку бываюць разахвоцькі».

Пансіянаркі сустрэлі маладую настаўніцу без лішніх варушэнняў, спакойна, чаго мне й было трэба. Я хутка асвойталася, пазнаёмілася з Менскам. Знайшоўся добры праваднік, ці як кажуць іншаземцы – гід (апошняе слаўцо мне не дужа падабаецца, бо добра ведаю значанні тутэйшых сугуччаў – гідкі, гідзіцца, агіда). Павадзіў мяне па месце мой калега па пансіёну выкладчык прыродазнаўства Павел Аляксандравіч Аляксандраў. Ён ці нее цалкам паказаў мне і Стары горад, і Высокі рынак, і нават Татарскі канец. Хаця можа мне хацелася іншага. Я неадразу гэта скеміла, бо была чыста недасведчанай у справах любосці. Павел жа недзе праз месяц у цяністых прысадах таполяў, што на бульвары ля ратушы, прызнаўся мне каханні. Я збянтэжылася, бо ніколі да тога ў жыцці не кахала, а па-сапраўднаму цалавалася толькі аднойчы, дый то з сяброўкай Марыяй, гуляючы ў Сапфо. Збянтэжанасць, што праўда, борздзенька прапала, і я змагла занатаваць у дзённік[3] шмат новых уражанняў, аб каторых тутака прымоўкну, стуліўшы вусны. Ясна, што, адказаўшы ўзаемнасцю, я не жадала каціцца ў бязодню разбэшчанасці. Дык жа неўзабаве пра Паўла ведала (без дадатковых падрабязнасцяў) хросная, а следам за ёй і мае бацькі. Не было ладных турботаў ды клопатаў з нашымі заручынамі, на што атрымалі ад усіх сваіх крэўных дазвол і блаславенне. А ўжо сам стан заручонасці даваў нам законную магчымасць для часцейшых спатканняў і супыніў ханжавітыя балаканні, якія пачаліся былі да таго. Можа даўней, як пісалі некаторыя, у Беларусі, з’яднанай уніяй з Польшчай, і была паўнюткая любоўная талеранцыя: усе ведалі, што якаясьці там парачка сустракаецца, але плявалі на мараль і зусім не асуджалі каханкаў, бо ж лічылі, што тыя не распуснічаюць, а romansujuć. У часе майго менскага побыту такіх узвычаенняў ані знаку не было. Таму суспешныя плёткі мы парвалі на самым уздыме.

Адразу варта адцеміць, што Паўлуша быў добрым прыхільнікам тагачаснага беларускага руху. Беларускі рух мае цяжкасцяў і сёння, трэба толькі глянуць у іхнюю газэту з рысункамі «Нашу Ніву». А што ўжо прамаўляць пра тыя часы, калі ні нашых, ні вашых ніваў не бывала?! Між тым Павел настолькі прыстойна ведаў беларускі дыялект, што іншым разам неўпрыкмет у гутарках пераходзіў на яго, чым дужа мяне здумляў. Мой мілы (так я звала яго тым часам, а ён мяне «мая мілая» клікаў) цікавіўся ўсякай простанароднаю творчасцю, перапісваў у зялёны Großbuch кожны новы верш у беларускай мове, што немавед скуль з’яўляліся ў Менску. Я сама, што праўда з ладнай доляй скепсісу, прасякнулася беларускім духам. Тады чэснікі беларушчыны гуртаваліся вакол пана Дуніна-Марцінкевіча – паэта і пісьменніка, які жыў дзесь пад Менскам, але быў заўсёдным госцем у горадзе. Гаварылі, што між сваіх продкаў ён меў якогась дацкага прынца, з той прычыны у прозвішчы ягоным і красаваў прыдомак Дунін, то бок Датчанін, калі перакладаць са старасветчыны. Мы з Паўлам наведвалі той круг вельмі рэдка, бо пачуваліся няёмка сярод тутэйшых знакамітасцяў. Вераемна з гэтае аказіі мой мілы заклаў свой уласны беларускі гурток, куды ўчашчалі аматары і цікаўнікі вылучна з ліку моладзі. Аднак, калі хтосьці з Вас, мае шаноўныя магчымыя чытачы, падумаў сабе, што галоўным героем гэтага мемуару будзе «мой Адам» Павел Аляксандраў, то ён жорстка абмыляецца.

Адной лістападаўскай пятніцай, калі наведнікаў у Паўла амаль што не было па прычыне нудотнага хлябістага надвор’я, што трымала мянчан у сваіх дамах, нібы ў бабілонскім палоне, да нас завітаў незнаёмы малады спадар. Спаслаўшыся на запросіны агульнага з Паўлам таварыша, госць адрэкамендаваўся як пісар апякунскае рады (попечительского совета) Вайніслаў Боўт. Па-беларуску ён гаварыў чысцей ды лепей ад Паўла, які нават не разумеў (!) некаторых момантаў і часцяком перапытваў у госця. Вайніслаў выявіўся чалавекам шырока адукаваным, чые зацікаўленні сягалі ў пытанні гісторыі і матэматыкі, археалогіі і літаратуры, багаслоўя і фізікі.

У той вечар гаворка ўзбілася на аднаго з легендарных песняроў – Баяна. Каб завязаць яе, Павел спытаўся ў Вайніслава:

– А ці чулі вы, спадару, пра такую домнеўку, што вешчы Баян, згаданы ў «Слове пра паход Ігараў», быў жыхаром старадаўняга Менску?

– Вядома, Паўле, я чуў гэта колькі разоў. Пацеха з меха. Ведаеце, як сяляне называюць шматковую цібо лапіковую коўдру?

– Здаецца, шкуцянка. Але ад чаго вы прыгадалі коўдру?

– Не так коўдру, як ейную шкуцянасць, сшытасць з паасобных шкутоў, фрагментаў. Дык «Слова пра паход Ігараў» і ёсць такою шкуцянкай.

– Але ж, спадару Вайніславе, гэта ж прыўкрасны мастацкі твор усходнеславянскага літаратурнага генія, – стаў пярэчыць мой мілы.

– Безумоўна генія, толькі не «ўсходнеславянскага літаратурнага», а «расейскага містыфікацыйнага», – прамовіў спадар Боўт з інтрыгоўнаю урачыстасцю ў голасе. – Уявіце сабе манастырскае кнігасховішча. Там, акром больш-менш ацалелых фаліянтаў колькісотгадовае даўніны, ёсць збор кніжных парэшткаў: дзе аркуш, дзе пару аркушоў, а дзе бяззвязныя шкуткі самых размаітых рукапісаў. І вось з’яўляецца абазнаны ў гісторыі і літаратуры чалавек, які пільна разбірае тыя пыльныя парэшткі, і адкрывае пару-другую ўрыўкаў, што выдаюць на невядомы мастацкі твор сама мала ХІІ стагоддзя. Але заміж таго, каб абнародаваць наяўнае, адкрывальнік спакушаецца стварыць сваё ўласнае Слова. Да выяўленых фрагментаў ён дадае сёе-тое з летапісаў, даўніх перакладных твораў, з народных песняў і былін. Пра твор дазнаюцца некаторыя арыстакраты – аматары памятак даўніны. Адзін такі вяльможны пан, усцешаны творам, просіць яго крыху скарэгаваць, каб Слова прамянілася ідэяй адзінства славян. Наш аўтар пагаджаецца з прапановай, скрашанай грашыма за старанні і далейшае маўчанне пра генеалогію твора. І пачынаюць у вялікасвецкай грамадзе хадзіць чуткі аб выдатнай старажытнарускай паэме, што апявае саюз непарушны народаў славянскіх. Згадзіцеся, вельмі своечасовае з’яўленне – Расея забірае сабе ладныя абсягі Рэчы Паспалітай. У 1800 годзе Слова друкуюць з наўмыснымі і выпадковымі сумбурамі ды недакладнасцямі. У выніку сэнс твору настолькі зацямняецца, што даследнікі надаюць яму ледзьве не сакральнае значэнне. Аднак шмат хто сумняецца ў сапраўднасці твора, патрабуючы прад’явіць арыгінал. Напалеон прыходзіць у слушны час. Адсутнасць арыгінала стала магчымым спакойна патлумачыць пагібеллю ў полымі маскоўскага пажару.

– Не можа быць! – здзіўлена зірнуў на мяне мой мілы, нібыта шукаў падтрымкі свайму здзіўленню.

Я сама добра ведала тую «Ігараву песню», але была ў захапленні толькі ад паасобных пасажаў, бо пры чытанні яе цалкам у мяне часценька ўзнікала мігрэнь. Пераклад пана Жукоўскага мала ў чым паўплываў на маё стаўленне да гэтага твора.

– Спадару Вайніславе, – пачала я, – а ці не будзеце так ласкавым сказаць нам, якія ж фрагменты на вашу думку ў Слове арыгінальныя, несфальшаваныя?

Ён узняў свае ясныя вочы і зірнуў на мяне з чароўнай усмешкай, годнай сапраўднага рыцара.

– Шаноўная спадарыня Наталля, – працягваў іскрыцца Вайніслаў, – магчыма гэта адно мая (і нічыя больш) праўда.

На Нямізе снапы сцелюць галавамі,

Малоцяць чэпі харалужнымі,

На тацэ жывот кладуць,

Веюць душу ад цела.

Нямізі крывавыя брэзі

Не болагам бяхуць пасеяны,

Пасеяны косцьмі крыўскіх сыноў…


– Прашу прабачэння, – азваўся Павел. – Не «крыўскіх», а «рускіх», як памятаецца.

– Мяркую, што ў арыгінале было ўсё-ткі «крыўскіх». Спалучэнне ў адным сказе прыметнікаў «крывавы» і «крыўскі» яўна ўзмацняе паэтычны эфект. Да таго ж у нямігскай бітве мянчан-крывічоў разбілі.

Падобныя адкрыцці мяне тады ўразілі, але не так багата, як майго мілага. Ён увогуле падаваўся зачараваным вандроўнікам па мысленаму дрэву, і гледзячы на госця, толькі паціскаў плячыма ды разводзіў рукамі.

– Дзіва, што ў караля жонка прыгожая, – адкаментваў сітуацыю Вайніслаў, і я сцяміла, што ён меў звычку почасту паслугоўвацца народнымі прыказкамі і прымаўкамі. Калі пазней, я сказала пра гэта Паўлу, ён параіў мне прачытаць «Ідылію» пана Марцінкевіча.

Размова з нашым госцем, inter alias, у той вечар гэтым не скончылася. Павел, ачуняўшы троху ад нязвыклага погляду на «Ігараву песню», вярнуўся зноўку да так і няўспомненага Вайніславам Баяна:

– А што тады ў святле вашых смелых думак застаецца з вешчым песняром? Ён таксама прыдуманы манастырскім містыфікатарам?

Вайніслаў у чарговы раз усміхнуўся, зрабіў заўвагу наконт асабліасцяў успрыняцця прамоўленага ды толькі тады адказаў на пастаўленыя запыты.

– Баян – мітычная істасць. Я не паўзяўся б казаць пра ягоную менскую аселасць, але з землямі крывічоў яго вобраз безумоўна знітаваны. Гэта толькі шляхецкія надуцькі з ХVІ стагоддзя свае радаводы сталі весці ад фараонаў ды палямонаў, а то нават і ад часоў усясветнае паводкі. Вось жа век дзевятнаццаты, і чорт рогі паламае – хто мы такія насамрэч ёсць? Палякі, ліцьвіны, беларусы, крывічы, рускія… Напрыклад нейкі пан тутэйшы заве сябе палякам. Хто тады яму ягоныя сяляне? Палякі? Не! Ён назаве іх як заўгодна, але ня гэтак, як мянуе сябе. Ён паранейшаму адасоблены. Ён усё яшчэ плёскаецца ў рымскіх хвалях ці коціцца сармацкай каляінай. Хаця зрэдку бывае запіша якую chłopsku piosenku дый носіцца з ёю, як Піліпка з пантоплямі: «Глядзіце, я ж таксама даследнік!».

– Вайніславе, але ці можна пра Баяна? – нецярпліва настойваў мой мілы.

– Ну дык вось, сяляне лічаць, што продкам усяго людства нашага краю быў чалавек па імені Бай або Бой. Пра яго аж дасюль ходзяць легенды. А гутарнікі, накшталт Піліпа Смурага, цэлае радаводнае дрэва ад Бая вымалёўваюць. Сугучча з Баянам відавочнае. У Слове Баян названы ўнукам Сварога, то можна яго залічыць у пантэон язычніцкіх багоў гэтага краю. Бог слова, спеваў, паэзіі. Мы яшчэ будзем дзве сотні год запісваць народныя творы, а потым яшчэ год трыста будзем іх асэнсоўваць. Калі, канечне, людцы не вынайдуць якіх-кольвек штучных мазгоў, якія будуць думаць і вырашаць у 366 і болей разоў хутчэй за нас нягеглых.

Калі мы развітваліся, Павел горача падзякаваў Вайніславу, запрашаючы не прамінаць наступных сустрэчаў. Той ізноўку чароўна ўсміхнуўся і паабяцаў прынесці узор сучаснага крыўскага верша. Зыходзячы, ён неўпрыцям прамовіў: «Я думаю, што, акром уяўленняў пра Бая існавалі ўяўленні і аб ягоным антыподзе, якога называлі Бабаем. Цяпер гэтым імем пужаюць малых». Гэтая рэмарка ўканец дабіла Паўлушу, і пасля зыходу госця, мой мілы прызнаўся, што даўно ў яго свядомасці не адбывалася столькі многа змен за такі кароткі час. Але гэта быў клопат майго нарачэнага. Мне ж не давалі спакою ўсмешка спадара Вайніслава і ягоны адметны позірк, перад якім я пачувалася яшчэ больш скаванаю, чым перад камерай Дагера. Толькі ж я гнала таковыя думкі ў самыя далёкія закуточкі майго розуму.

Мой менскі быт цягнуўся далей. Для сваіх пансіянарак я сталася сапраўднаю любімкаю, і не адна з іх прыходзіла да мяне за нейкай жыццёвай парадай, якую мне было даваць зусім няпроста. Я ж сама не так даўно была дзяўчынкай, бачыўшы свет ружовым і бесклапотным, хаця часамі чытала нештачкі не вельмі вясёлкавае. Дык жа даводзілася зазвычай прасіць у арупленых навучэнак часу на роздум, а самой гутарыць дома з Серафімай Паўлаўнай. Хросная, як ніхто, зналася ўва многіх нюансах жыццёвых сцежак-дарожак і выдавала такія рэцэпты, якія ўяўляліся бездакорнымі. Пансіянаркі былі ад тых парад у захапленні і дзячылі, як толькі ўмелі. Вось толькі спадарыня Шрэйдар, каторая ўчула пра мае кансультацыі, троху ўзвар’явалася. Я нават мусіла з’ясняцца з ёй крыху на гэты конт. На дзіва, мне пашчасціла пераканаць гаспадыню ў карыснасці сумоўяў з навучэнкамі. З хітраю ўсмешкаю яна пахітала галавою ды ў сваёй звыклай манеры спытала: «Когда już Fräulen hat свой свадьба?».

Шлюб мы вырашылі перанесці на лета. Бацька Паўла ўфундаваў пабудову дома для нас на Ляхаўскай Слабодцы. Дом наш меўся быць выгодным і прыгожым, але на status палаца не прэтэндаваў. Я кахала Паўлушу. Але ніяк не магла даўмецца, чаму ён такі таварыскі і вясёлы ў грамадзе, са мной сам-насам неаднакроць гуляў у маўчанку. Балазе, што хоць не піў багата. Алкаголю, апроч хіба champagne ці дабрэннага віна, я не цярпела. Зрэшты, які ж мужчына ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя стаў бы слухаць ушчуванні жанкі? Павел слухаў. Незаўсёды. А гэта «незаўсёды» было нярэдкім. Частым.

Анансаваўшы прыйсцё цікавага спадара, мой нарачэны назапрашаў на чарговую пятніцу плойму людзей, што калі-нікалі завітвалі на тыя сустрэчы. Ведаючы небяспеку даваць гэткім raendvous пэўную назву (можна было выклікаць такім чынам падозранні з боку ўладаў), Паўлуша толькі для сябе і мяне стаў зваць свой гурток «Дасканалы Крывіч». Я не была з ім згодная, бо ад назвы патыхала франмазоншчынай. Не скажу, што была ў тым адмыслоўкай. Проста мела нагоду прачытаць у Каніскага пра масонскае выхаванне – секлі правінных яловымі венікамі і прымаўлялі: «Любы мой браце, вазьмі наша пацалаванне». Але тое было яшчэ за часы Кацярыны Вялікай. Пра нашых жа сучаснікаў хадзілі цьмяныя чуткі і даляталі гучныя найменні – «Дасканалае Задзіночанне», «Гарлівы Ліцьвін», «Добры Пастыр» et cetera. Былі ў іх і свае літары. Выпадкам знаю, што такі вось нямудрагелісты надпіс азначае «люблю»:



Ці ж мой мілы збіраўся ўдаваць усё тое самае? Наўрад ці.

Аднак вернемся да нашых баранкаў. Павел запрасіў архіварыуса Людвіка Ляхоўскага і каморніка Вікента Скавыша, канцылярскага служку без чыну Чэслава Драбышэўскага, хатнюю настаўніцу польскае літаратуры Камілу Свентаржэцкую, актрысу і спявачку Ірэну Галавацкую, доктара медыцыны Мечыслава Акімовіча-Загорскага ды яшчэ колькіх чалавек, чые імёны сённейка дзеля спарахнеласці памяці я прыгадаць не здолею. Паўлуша не толькі хацеў уразіць гасціну, але і атрымаць магчымасць паспрабаваць хоць бы гуртам запярэчыць Вайніславу. Ён знемагаў ад чакання і нават мяне цалаваў зусім не так жарсна, як бывала раней.

Але сёмага лістапада выявілася страшэнная для Менска навіна: на адной з вулак Татарскага канца, мала не ля мячэта, было знойдзена бездыханнае цела дзяўчыны. Адразу панеслася пагалоска на ўсю вёску (хаця Менск усё ж вёскаю не быў, прынамсі – не зусім вёскаю). Адны гаварылі, што то была пакаёўка спадарства Д-скіх, якую мардэрца насамперш згвалціў, а потым задушыў. Іншыя цвердзілі, што забітая служыла чалядкай у паноў А-няў, якую злачынец задушыў спачатку, а гвалт цялесны ўчыніў пасля. Так ці не, але я была ў захвіцэнні, як і маса менскіх жанчынаў без увагі на іх сацыяльнае становішча. Паліцыя ж, каб суняць залішнія плёткі і пострах сярод гараджан, абвесціла аб затрыманні падазронага на тым паскудстве мужчыны… З усяго гэтага здавалася, што чарговая сустрэча «Дасканалага Крывіча» міжволі тэматычна прадвызначана, і новы чалавек не станецца сенсацыяй. Павел дужа засмуціўся, але мусіў змірыцца з той відавочнай акалічнасцю.

Сапраўды, размовы кожнага з гасцей пачыналіся з агучвання факта забойства пакаёўкі. Мала хто пільнаваўся няпісанага правіла гэтых сустрэчаў – гутарыць па-беларуску. Таму прамаўлялі сабе бальшынёй па-польску і па-расейску, а нехта станаўко ўхіляўся ў пінскія гаворкі. Завітаў урэшце і спадар Вайніслаў Боўт. З прытомнай публікі, як высветлілася, яго троху зналі пані Каміла і спадар Чэслаў. Пры чым мне не надта спадабалася, як у Камілы блішчэлі вочы ад пагляда на Вайніслава. Павел адразу ж узяў рэй у тым, каб расшаволькаць «сэнсацыйную персону» і натуральна зачапіў тэму менскага здарэння.

– Мяне бянтэжыць, – пачаў госць, – такая рэч, што труп ляжаў каля магаметанскае бажніцы. А прамоўленае намі тутака тыдзень таму слова без увагі на яўную нутраную сваю славянскасць, вонкава выдае на татаршчыну.

– Бабай?! – выгукнула я.

– Сказана, як звязана.

Я не зразумела гэтай послаўкі і крыху пакрыўдзілася, але потым дапяла, што крыўдавала дарэмна. Для ўсіх Павел пераказаў самую істу праблемы і з цікаўным позіркам папрасіў у спадара Вайніслава ўдакладненняў:

– І што?

– Нічога асаблівага. Проста гэта тхне містыкаю. Я вельмі хачу абмыліцца, але баюся, што небарачку тую забіў Бабай.

– Дазвольце, – падняў руку спадар Чэслаў Драбышэўскі. – Гэта мне падаецца якімсьці вар’яцтвам. Які Бабай? Пры чым тут Бабай? Нейкая містычная істасць прыходзіць, каб забіваць?

– Менавіта так, – адказаў Боўт. – Гістарычны цэнтар Менску незвычайнае месца. Асабліва Няміга. Падаецца там тысячагоддзямі таілася зло. Я не ведаю, што там дакладна: уваход у апраметную ці пачвара на ланцугу нашых дабрамыснасцяў…

– Не, – перабіў яго Вікент Скавыш, – уваход у апраметную ляжыць ля Чачэрску. Адназначна.

– Магчыма, – усміхнуўся прамоўца. – Не патраплю запярэчыць. Але зло і Няміга – браты-блізнюкі. Наплачуцца мянчане яшчэ з гэтай Нямігай.

– Але, спадару Вайніславе, – выгукнула спадарыня Галавацкая, – на чым грунтуюцца гэныя вашы праракаванні? І я магу сказаць, напрыклад, што праз 129 гадкоў тут усё палыном зарасце, а праз 143 гады які-небудзь Курск патоне ў ледзяной вадзе. Хто мне паверыць? Смешна.

Павел узрадаваўся распачатай спрэчцы. Усе таксама пасміхаліся, бо згадка пра затапленне Курску выглядала дужа пацешнай. Мне ж думалася, ці здолее госць даць прыстойны адказ.

– Шаноўная спадарыня, – працягнуў ён. – Я менш за ўсё хочу быць прарокам. Што занадта, знаеце, то нездарова. Я проста адчуваю злобнасць тае мясціны, як бы адчуваў боль у разбітым калене ці паламанай руцэ. Гэта не ёсць адчуваннем фізічным. Гэта штось інтуітыўнае. Дарэчы. Ніхто не можа гарантаваць, што названыя вамі толькі што падзеі сапраўды не адбудуцца. Разумееце?

Усе чамусьці змоўклі. Відавочна Вайніслаў гаварыў незусім гэткімі словамі, але сэнс іх быў прыблізна такі. Я зноўку набралася смеласці (мая тагачасная сарамяжнасць!) і запытала:

– Мінулым разам вы абяцалі прынесці нейкі верш, ці не так? – фраза відавочна была для мяне даўгаватай.

– Ці ж я мог падмануць такую чароўную спадарыню? – выразныя залёсткі мяне збянтэжылі і загналі ў чырвань. Павел скоса зірнуў на Вайніслава. Той жа дастаў з кішэні колькі аркушоў, спісаных дробнымі літарамі, у якіх не пазнаваліся ні кірыліца, ні лацінка. Хаця апошняе, магчыма, мая пазнейшая дадумка, бо насамрэч па блізарукасці я нічога там разгледзіць не магла. Чамусьці я тады захвалявалася, будучы пэўнай, што прагучыць нештачка зусім адметнае, а не якоесьці там «Вясна гола перапала…». Падмануцца з такім чалавекам было цяжка. Верш быў пра каханне. Я і цяпер, праўда небеспахібна, магу ўзгадаць пару-другую радкоў:

Як прасвятлелі мае вочы,

Даўно цябе я не відаў.

Чырвоны краскі – мак і рожа —

Да цёмнай ночкі пільнаваў…


Мне здалося, што дэклямаваў ён той верш не столькі на ўсю публіку, колькі мне асабіста. Зрэшты спадарыня Каміла працягвала пушчаць з вачэй сваіх іскрынкі-хітрынкі, пазіраючы на чытальніка. Што дзіўна, шчокі спадарыні Ірэны наліліся неспадзяваным румянцам. Я адчула штосьці накшталт гарлівасці. А мо’ і не. Можа я выдумляю, каб хоць неяк расцягнуць часіну свайго кахання да Вайніслава, да майго мілага Славачкі. Каханне, якое толкам і не распачаўшыся, так хутка мусіла скончыцца. Мне вельмі не ставала яго ў 1863-м і пазней. Ды мабыць і цяпер было б прыемна адчуваць яго плячо. З іншага боку: жыццё ж склалася, і дзетак я прыдбала з іншым чалавекам…

Як памятаю, усе тады ўзрушыліся вершам і пыталіся пра аўтарства. Славачка сказаў, што гэта дакладна невядома, але ён сам лічыць за аўтара Аляксандра Міцкевіча – роднага брата знакамітага паэта. Мне проста не стае эпітэтаў, каб уздатніцца перадаць ува ўсёй красе адценні здзіўленасці гасціны. Паўла майго дык нават перасмыкнула чагосьці. Чым скончыўся вечар я забылася. Але зусім хутка мне выпала сутыкнуцца з Вайніславам у горадзе на Нізкім рынку.

Бабця з кошыкам, седзячы на зэдліку, клікнула мяне, запрашаючы купіць ейных слаёных піражкоў. Я азірнулася і ўбачыла Славу, якога ўмалёгваў набыць свае масяндзовыя драбязкі аднаногі стары ў лахманах. Словамі «Свой час ягодзе, свой час прыгодзе» ён адмовіўся ад купляння, павярнуўся ды ўрэшце заўважыў мяне. Павітаўшыся, мы пакрочылі разам у бок Нямігскае вуліцы. Я ішла дадому, а яму акурат было па дарозе. Размаўлялі мы мала. Ці то была напружанасць, ці то тэмаў прыдатных не было. Мыслю, што кахалі мы ўжо тады адно аднаго, але баяліся прызнацца.

З таго часу Вайніслаў учашчаў на «сходкі» «Дасканалага Крывіча» з зайздроснай пастаяннасцю, заўсёды выклікаючы фурор спаміж гасцей. Аднойчы ён спытаў, чаму я так рэдка прамаўляю па-крывіцку (то бок па-беларуску). Мне чамусьці стала сорамна. Я цудоўна ведала пра дзяржаўнае status беларускае мовы за часы літоўскіх князёў. У нашыя ж часы пра гэты дыялект гукалі размаіта. І па-праўдзе ненавіднікаў, як здаецца, было значна болей, чымся шчырых прыхільнікаў кшталту паноў Марцінкевіча, Сыракомлі, Кабылінскага ды нават тыпу Славачкі і Паўлушы. На вуліцах у асноўным панавала паляччына, хаця і расейскую пачыналі ўжываць адмыслова часта. На беларускае слова зазвычай рэагавалі з выкшталцонаю зласлівасцю, заткнуць рот каторай спрамагаліся толькі адметныя спадары, як згаданы Юры Кабылінскі. Але ж яму было гадкоў! За Марцінкевіча старэйшы гадоў на дваццаць. А прыдзе такі сабе дзядзечка ў сялянскай вопратцы – не бруднай, а чысценькай, ахайнай – у якую-кольвек установу, для багацейчыкаў заложаную, дый пачне па-крывіцку ўсіх турбаваць. Каронным яго запытаннем у кавярнях было: «А ці прынясеш мне, донечка, два ладных корчыкі ўзвару?». А як хто рот насуперак раскрываў, ён таму рублём і кпінай хутка закрываў яго. У касцёле, апрануты тым жа парадкам, сядаў на першыя – «панскія» – месцы ды падлаўліваў сяго-таго са шляхецкіх паўдуркаў.

– Kto ty jesteś? – спытае такі ашавурак у Кабылінскага.

– Чалавек, – адказвае.

– A kto pan twój? – пакепліваюць.

– Бог.

– Hm, – злуюцца, – lecz wszystko ż, czy możno smykać dotąd, gdzie siedziać pany? Moguć prognać.

– Сядзі, дурню, каля мяне, і ніхто цябе не прагоніць.

Але гэткія прыклады былі, баржджэй, выняткам, бо агулам становішча беларускае мовы было не дужа прыглядным. І маё веданне яе нічога б не змяніла ў існай раскладцы рэчаў. Я гэта разумела, але, як адзначыла вышэй, дужа засаромілася пасля пытання Вайніслава. І каб хоць неяк загасіць тое адчуванне, сказала, як цяпер помню, па-беларуску: «Ведаеця, паночку Вайніславу, мой суджаны Паўлюк саўсём ня дбаець аб тоя. Можа б паночак паўчыў міне?». Я досыць глупа засмяялася. Слава ж пахітаў галавою і ціха абвясціў чароднае ўз’яўленне (откровение):

– Крывіцкая мова – мова Еўропы. А мы зараз у Азіі і, адчуваю, што надоўга. Гэта страшна. Зямля наша нікуды не зрушыла, але мы ў Азіі. Некалі татарскае ярмо абмінула нас. Цяпер мы яго маем на плячах[4] у больш дасканалым выглядзе. Мы ў Азіі. Азія змушае нас гуртавацца вакол магілы караля Ягайлы. Мы стаім разам і кажам пра Polsku od morza do morza, але нават памысліць баімося, што гэта Азія закралася ў нашую свядомасць ды кіруе нашымі паводзінамі і словамі.

Павел, што надзьмуўся, як мыш на крупы ад майго непрыхаванага какецтва з Вайніславам, быў агаломшаны і толькі прашаптаў:

– Вайніславе, гэта справы палітычныя. Лепш пра іх не прамаўляць. І тыя і другія раз’юшыцца могуць.

– Ніхто не адкажа, – улучыўся ў гаману Людвік Ляхоўскі, – ці няма шпегавання за намі. Філарэты гадоў трыццаць таму таксама збіраліся. Пра дабрачыннасць ды асвету для краю разважалі. Збіраліся. І дазбіраліся… За Уралам, канечне, людзі ё, але мне чамусьці іх не хочацца бачыць. Ссылка штука паганая.

– Філарэты пілі малако за Крывію, а гарэлку з мёдам за Польшчу, – нібыта між іншага выдаў Славачка.

– Вы толькі не сярдуйце, – звярнулася да яго Ірэна Галавацкая. – Мо’ чулі, што ў Полацкай акадэміі мэханічная гаваркая галава была? Дык вы, як бачу дужа да яе характарам прыпадабняецеся.

Майму гневу не было межаў. Што яна сабе дазволіла? Абразіла, зняважыла харашэнькага-разумненькага Славачку. Параўнала з якімісьці механізмусамі… Тады ў маіх думках такія словы скакаць сталі, што і прыпомніць сорамна. Ажно не верылася, што я іх трымала ў памяці сваёй. Але навочна я аніяк успратэставаць не магла.

Пасля ўсяго мой мілы ўзяўся-такі мяне ўшчуваць за празмерную сваволю ў словах пры звароце да Вайніслава. Я адсмейвалася і завірала яму вусны бусямі. Усё ж нам было добра. Але думка пра існаванне зусім блізка такога чалавека як Вайніслаў Боўт пачынала сушыць мяне і шторазу часцей а часцей. Заісце – нявызнаным ёсць тор кахання. І мне давялося баяцца. Баяцца і хавацца ад усяго на свеце, каб змаўчаць наяўнасць тут і цяпер чагосьці іншага, нестасоўнага з агульнымі ўяўленнямі. Было абсалютова неверагодна знаходзіцца ў пачуццёвай кругаверці. Адчуваць агонь жадання да аднаго мужчыны, але часіны бавіць з іншым. Сніць недазволенае цэнзураю і прачынацца з вільготным улоннем. Даруй, о чытачу, гэты міжвольны парнаграфізм! Я пакутвала. Я вельмі пакутвала, бо з Паўлушам у нас вобмаль спрэчак бывала. Мы і пасварыцца па-сапраўднаму не ўмелі. То ж і не зналі слодычы прымірэння. Ці мне яны да спадобы аднолькава двох сталі? Не ведаю. Шалі вагаліся. Толькі пра тое ні Паваел, ні Слава знаць былі не павінны. Але я не магла паручыцца за тое, ці не бачыў хто-колечы маіх уздыханняў.


Тым часам аб’явіўся труп яшчэ адной дзяўчыны. Казалі, што была то маладзенькая і вельмі пекная габрэйка. Ейнае аголенае растурзанае нелюдзем цела знайшлі недалёк ад упадзення Нямігі ў Свіслач. Згадаўшы праракаванні Вайніслава, я дужа пералякалася з той яскравай чартаўні, якім праменіла чароднае смяртэльнае здарэнне з асобай жаночага полу. Пэўна ніхто з ладнага ліку мяшчан не паспеў звязаць новае жахоцце з папярэднім, бо паліцыя спешліва назвала ахвяру прастытуткай, забітай сваім гаспадаром. Каго б захвалявала смерць прадстаўніцы гарадскога дна?! Спадарыня Шрэйдар, напрыклад, гідзілася гэтай гісторыі і сувора забараніла весці пра тое якія-заўгодна размовы з пансіянаркамі: «Kein word über tej мерзости». Хросная мая толькі ўздыхала і паўтарала: «Куды ж коціцца наша родная Беларусія? Наш мілы Севера-Западны край…». Было не па сабе. Паўлуша, як заўсёды маўчаў. «Ой, гора-бяда. Якая ўжо ж розніца ці блудніца то, ці цнатлівіца? Яе ж так жорстка замардавалі», – у такім сэнсе выказвалася Каміла Свентаржэцкая. Спадар Ляхоўскі наагул выказваў версію, што ніякіх забойстваў не было, а толькі паліцыя мяркуе спаралізаваць менскі люд страхам. Я не была з тым згодная. Вайніслаў жа, які троху спазніўся на чарговы «соймік» «Дасканалага Крывіча», меў поўныя вочы слёз, што мяне адначасова збянтэжыла, спужала і расчуліла. «Гандлярка з Нізкага рынку. Дзяўчо зусім», – прамовіў ён і ніхто не насмеліўся патрабаваць тлумачэнняў. Усё-ткі паліцыя хлусіла. Завінаваціць паліцыянтаў было зусім немагчыма. Такі быў век, час, эпоха, калі хочаце. Мікалай І пайшоў на піва да Абрагама, але шынель ягоны (а зусім не таго змаскаленага хохліка Гогаля) вісеў над імперыяй. Тады гэта ўсведамлялася мала. Я была маладою і дурною. Толькі ў шэсцьдзясят трэцім, калі расейскія салдаты забілі маю сяброўку – прыродную расейку, нібыта за сувязь з мяцежнікамі, мне пачало здавацца, што Расея вязніца. (Сяброўка, дарэчы, з паўстанцамі не кантактавала, а абдзяліла ўвагай аднаго афіцэрыка). Цяпер я стары чалавек і не пабаюся вывесці сваім почыркам на гэтай цудоўнай паперы словы – Карфаген павінен стаць руінай. Я пішу гэта па-расейску, але не маю ані каліўца спагады і шкадавання да расейшчыны. І нават стаўшы прахам, я засмяюся, калі ў Пецярбурзе і Маскве запануе лацінскі алфавіт ці арабскі аліф.

Але ж вярнуся да таго часу, да таго смярдзючага, прапахлага порахам шынеля. Імперыя, як дзіцёнак, прайграла вайну ў Крыме. Хадзілі чуткі пра магчымасць новага французскага «вызвалення» (усім карціць менавацца вызвольнікамі, але ў выніку атрымліваецца бардэль мадам Петуховай). Верыць у тое не ставала ні досведу, ні сілаў, ні жадання. Новы імператар, хоць і любіў чытваць «Ах не сні сіх страшных сноў, ты мая Святлана», пра перамены ў дзяржаве гаварыў так нясмела, што нават я ў раўнанні з ім магла падацца ўзорам мужнасці. Ён нешта хацеў, але здавалася, што бацька ягоны з труны працягваў наказваць сыну, як паводзіцца. У Пецярбурзе, ясная рэч, штосьці пражэктавалі, але надта ж нягегла, вынікі чаго мы агледзілі, пачынаючы з сялянскай рэформы. Смешна. У Расеі касуюць прыгон, а ў Брытаніі адкрываюць the underground. Бог ня роўна дзеле, але ж Ён не цяля, бачыць круцяля. Гэта можа ў Санкт-Пецярбурзе адчуваўся вецер перамен. У нашай Беларусі, у нашым, як казалі сяляне, Западлым краі дзьмула хіба мо’ з палескіх балотаў. А ўлады чатары разы перахрышчваліся, асцерагаючыся ўсялякай праявы вальнадумства. Калі ж хрэст не дапамагаў, кайданы ўдала дапаўнялі партрэты ў інтэр’ерах з балотным водарам. Зразумелася гэта зноў-ткі пазней. Тады ж мы крыўдавалі, што паліцыя хавала праўду пра менскія забойствы. Напісала «мы», але крыўду ў нашым коле адчувала мабыць толькі я – наагул крыўдлівая па натуры.

Не хацелася б, каб шаноўнаму чытачу здалося, што «Дасканалы Крывіч» быў нашым адзіным спосабам баўлення вольнага часу. Але менавіта ён даваў часта энергіі на цэлы наступны тыдзень. Хоць па праўдзе бывалі пятніцы поўныя пусцізны. От жа бывала скучна. Пагатоў, калі Паўлуша абсалютова не жадаў цалавацца ці выканаць якую-небудзь вельмі смелую маю прыхамаць. А ўсё з адгаворкаю: «Зараз нехта прыдзе». Ніхто не прыходзіў, і мае жаданні марнаваліся, ішлі ў поглум. Акром гэных сходак, мы з мілым наведвалі тэатр, які тады перабываў у нядужа спрыяльных умовах неадпаведнага будынка. Але ж даводзілася дзеля разнастайнасці трываць. Толькі надзвычай смешным было назіраць кволыя спробы паставіць «Гамлета», дзе галоўнага героя граў Новікаў, Гарацыё – Піражкоў, а Афэлію – спадарыня Мікуцкая. Іх раней мы зазвычай глядалі ў п’есках-дрындушках тутэйшых графаманаў пра кітайскіх пастухоў ці старагрэцкіх прасталытак. Раз-пораз на сцэне з’яўлялася і Ірэна Галавацкая: спявала штось звышсучаснае па-польску ці дэклямавала ўсякія вершы ў розных мовах, калі-нікалі і ў беларускай. Апошняе заўсягды выклікала неадназначную рэакцыю публікі, асабліва ў разе абвяшчэння таго перакладам з французскае, ангельскае ці нямецкае мовы. Як жа – па-беларуску толькі каровы ў хлеў заганяць! Памятаю колькі радкоў з нейкага перакладу. Як ні спрабавала даступіцца праўды, аж дасюль не змагла высветліць, з верша якога аўтара ён быў зроблены. Мабыць уся рэч у перакладзе.

Мы мовілі шчэра й сувора.

Мыслі вялі суздром ў галавах.

Гадкі чэзлі саўсём ў галавах.

Мы забылі – дзясятнік быў хворым…


Больш за ўсё тут мяне турбуе хворы дзясятнік. Пры чым тут ён – “старшыня над работнікамі, майстровымі, ніжэйшая ступень наглядчыка, загадчыка, нарадчыка” (зірні ў слоўнік Даля)?

Яшчэ мы хадзілі на так званыя касіны, то бок на танцавльныя зборы, што ладзіліся ў спадара Гайдукевіча на Высокім рынку, недалёк ад дому маёй цётачкі. Хораша ж бывала закружыцца ў вальсе і забыцца пра ўсё на свеце. Павел танчыў выдатна і на такіх зборах паводзіўся вельмі артыстычна. Тут я хачу адцеміць, што касіны часцей ладзіліся для важкіх шляхецкіх фігураў. А хто былі мы?! Паўлаў дзед і бацька не прайшлі разбору шляхты, бо не прадставілі дакументаў на пацверджанне сваёй знатнасці. Грошаў тады ў іх вялося няшмат, дык хабар якому Кручкову ўсунуць не выпадала. Добра, што хоць у горадзе жыхарылі, а то, глядзіш, і ў прыгон маглі б запраторыць. Неяк абышлося. Бацька Паўла яшчэ і перастрахаваўся, змяніўшы прозвішча. І заміж даўнейшага Александровічы выйшлі Аляксандравы. Маё ж прозвішча – Клыкоўская – хоць і выдавала на шляхецкае, але адпаведных папераў наша сям’я ніколі не мела. Мы былі патомнымі мяшчанамі. Вось жа на касінах даводзілася бываць па знаёмству і ціхенька, як і іншыя мянчане, удаваць з сябе дробную шляхту. Дарма што, гэта было не зусім прыемна…

На адных касінах я адышла ў дамскі пакой, бо пакаштаванага шампану было занадта, і далейшае трыванне магло спавадаваць бяду. Зрабіўшы пільнае, я рушыла назад у залю і літаральна натыркнулася на Вайніслава, каторы з’явіўся немавед скуль. Я няспрытна адхітнулася і, страціўшы раўнавагу, апынулася ў ягоных абдоймах. Нашы твары былі блізка-блізка. Я адчувала ягонае дыханне. Мы глядзелі адно адному проста ў вочы. І я дагэтуль не магу апісаць той сілы, з якой мае вусны паімкнуліся да ягоных. Мы пацалаваліся. Я ўсім целам адчула, што ён таксама хацеў гэтага, але ўсё ж неўзабаве адхіліўся і прашаптаў: «Не варта, Наташанька, надужываць тутака, бо люду ж многа, дый твой Паўлуша падыйсці можа». Я пагадзілася, і мы паасобку прайшлі ў залу. Нарачэны нядбала пацікавіўся маёй марудай. Я прыкрылася адказам пра жаночыя рэчы. Ён не зразумеў, сказаўшы, што яшчэ ж не час. Я засмяялася. Павел сцяміў недарэчнасць ушчатага дыялога і паведаміў пра тое, што на касінах прысутнічае спадар Боўт. Я «здзівілася» і прамовіла з зацікаўленай абыякавасцю: «Так? Насамрэч? Ну мабыць вы зараз зноўку пра Бабаяна баяць будзеце». Паўлуша расплыўся ўсмешкаю і прашаптаў нешта пра каханне да мяне. Тады мы павіталіся з Вайніславам, а мілы мой запрапанаваў, каб я і Слава патанчылі покуль сам адлучыцца трошку. Дурненькі. У танцы я ледзьве стрымлівала калачэнне і адчувала, што хочу не толькі цалаванняў-танцаванняў. Набралася мужнасці і назвала Славачку дзень і час, у каторы ён мог бы завітаць да мяне. Я ўжо знала, што хросная з мужам выяжджаюць на вёску з адгосткамі да прыяцеляў, а Павел у Койданава па справах, звязаных з будоўляй нашага дома. Хітрай я выявілася.

– Ля чужой жонкі адаб’юць пячонкі, – прашаптаў Вайніслаў.

– Даганяючы не нацалуешся, – настойліва сцвердзіла я і дадала, – але пастарайся быць непрыкметным.

Верагодна, Славу даймалі сумневы, ці не шампанам былі пакліканыя ўсе мае прамовы. На другі дзень я зусім не пашкадавала аб учарашнім, а спужалася толькі таго, што Славачка ў слушны час можна не прыйсці.

Але ён прыйшоў. Пацалаваў мне руку. Дастаў з сваёй торбачкі пляшку хатняга парэчкавага ліквору і пушку нечаканае раскошы – чакалядных цукерак, што прадаваў у нас ці то Эркерт, ці то Баброўскі. Я пачала балбатаць усялякую чаўпяжню, што зусім не станавіла зместу маіх сапраўдных мысляў. Слава ўсміхаўся і таксама казаў нешта бязмежна адцягненае. Выпіўшы па пары кілішкаў, мы перайшлі да фартэпіяна, бо мой любасны госць папрасіў пайграць што-кольвек. Я трошку раззлавалася, але села за інструмент і ўрэзала ўласны эцюд пад назовам «Майстра сваёй справы». Калі адгучалі апошнія акорды, я зірнула з-пад лоба на яго і пачырванела.

– Славачка, хадзі ка мне…

– Так, Наташачка, іду.

Тое, што адбылося пасля немагчыма напоўніцу перадаць чарніламі на паперы. Мы чынілі з ім выкшталцоныя рэчы, пра якія з Паўлам я і падумаць не смела, але марыла ў вольную часінку. Даруй, чытачу, але мне цяжка паўстрымацца ад апісання таго, што вельмі баялася зліяць на гэтыя старонкі раней.

Славачка падхапіў мяне на рукі, прыхінуўся вуснамі да маіх вуснаў і панёс мяне трапяткую ды знямоглую ад жадання ў мой пакойчык. Я, як умела тлумачыла яму дарогу. Выяўлялася, што і ён палаў невыцерпным жаданнем, бо нат сукенкі з мяне не зняў, а толькі апусціў зашпількі ды расшнураваў гарсэт. Нагія мае грудзі ўздымаліся, а смочкі нагадвалі мініяцюркі Камянецкай вежы. На іх і прыпала атака Славінага языка, аблога Славіных вуснаў. Я заходзілася ад невераемных пачуццяў, а рукі яго пяшчотна, але досыць хутка падымалі мае спадніцы-сарочкі ажно да галавы ды мкнуліся да маёй сярэдзіны, што гарэла невыносным пякельным агнём. У паўпрытомнасці я ледзьве разумела адбыванае. Мне мярэсціліся Баян і брат Адама Міцкевіча, манастырскі перапісчык і салонны фальсіфікатар, кароль Ягайла, што паліваў кветкі на сваёй магіле і магілёўскі генерал-губернатар, што размаўляў па-беларуску з імператарам пра тое, што будзе пасля сучаснасці… Апамятаўшыся ад гэтага наслання, я ўзнялася, дапамагла Славачку вызваліцца ад адзення і ў чародны раз паказала дарогу, толькі зусім іншую, чым кагадзе… Усё. Больш не магу. Няўжо гэта мая рука вывела такія стыдобныя радкі?! Божа, нават цяпер, адужаная праз зладзюжны climax, я дрыжу, як арабінавы куст. Многае аддала б, каб хоць на гадзінку вярнуцца ў той дзень і запазнаць усё наноў.

Вось так мы і сталіся з Славачкам паўлюбоўнікамі. Я з усіх моцаў старалася не выдаць яго і сябе перад Паўлам. Адно толькі неба знае, чаго мне тыя старанні каштавалі: не сказаць лішняга, не пачырванець, не быць халоднай з нарачэным, калі той палае, нібы масленічны блін. Зрэшты нялёгка было трываць, калі Слава – спадар Боўт гэты! – перамаўляў ды ўсміхаўся з іншымі асобамі жаночага полу. Мы былі проста палюбоўнікамі, не прызнаючыся адно адному ў каханні. Я ж не ведала, а даведацца баялася, ці не тыя ж самыя дачыненні ён меў з Камілай. А з Ірэнай? А ў каго мне было пытаць парады? У хроснай? У спадарыні Шрэйдар? Ці мо’ ў якой дасведчанай пансінаркі? Мала не кожную ноч перад Новым годам я плакала. То болей, то меней. Зненавідзела нават Пушкіна за ягоны Александрыйскі стоўп, за глузданутага Анегіна, за прыдуркаватую Ларыну ды за ўсё засталае. Міцкевіча палюбіла, хоць і зналася ў польскай не надта. А кнігі ж песняра Літвы траплялі да нас па-ранейшаму mimo carskich groźb, na złość strażnikom з-за кардону. Аднак і Адамава слова не магло суцішыць маёй няпэўнасці. Я ніяк не магла знайсці сябе. Гэта было страшна. Бяда вялікая была мне ў той час.

Перад самым Новым годам на «Дасканалым Крывічы» народу было покатам. Між іх аб’явілася і нехта Светаліна Яроцкая, каторая запрапанавала ўсёй прысутнай грамадзе маладых людзей зладзіць у ноч на сёмага студзеня народны абрад «Жаніцьба Цярэшкі». Мала хто быў абазнаны ў тых рэчах, і спадарыня мусіла хутка і спрытна паясняць істу дзеі: дзецюкі выбіраюць дзяўчат, а дзяўчаты – дзецюкоў. Сэрца ад прадчування такога парадку ў мяне пахаладзела і адразу задрыгацела, быццам сіні матылёк. Павел надта хутка пагадзіўся з прапановаю спадарыні Яроцкай, бо думка аб удзеле ў беларускім абрадзе захапіла яго цалком і поўніцай. «Немцы і сінэма!» – сказала б сёння з такой нагоды мая ўнучка Вераніка. Сапраўды ж Павел вельмі часта станавіўся апантаным ад нечых словаў ды ідэяў. І пярэчыць яму тады было чыста немагчымым і жалю вартым заняткам. Ён пачынаў глядзець такім спапяляльным позіркам, што я гатова была скрозь зямлю праваліцца ды разарваць нашыя заручыны. Але ісці на адкрытую glaring controdiction я не наважвалася, бо адступаць не мела куды. Я ж не ведала, што ў Славачкінай галаве тварылася. Дык быў шанец апынуцца з пустымі рукамі і ганьбай ганебнаю перад людзьмі. Здолеў жа ён узняць ува мне тыя сілы, што зрабілі мяне такой неразумнай! Куды там яшчэ мне было новыя гарады гарадзіць, калі ў старых бывала так кепска.

Другога студзеня нам паведамілі, дзе будзе праходзіць «Жаніцьба Цярэшкі». Спадарыня Яроцкая разам са спадаром Драбышэўскім ды яшчэ з кімсьці ўзяліся за ладжанне належнае хады абрадавай дзеі. Было дамоўлена з панам Прушынскім, што свята пройдзе ў ягоным маёнтку. Лошыца месціца зусім блізка ад Менску, і бальшыні меркаваных удзельнікаў гэта вельмі зручыла. Я не маю дастатковай information, каб сказаць каторым жа парадкам і на якіх умовах адбывалася тое дамаўленне. Але, як памысліць, дык справа мусіла неблагіх грошай каштаваць. Прынамсі сярэдні наклад якой-любя książki выпусціць льга было б. Абы цэнзуру прайшла. Зрэшты магло абысціся без грошай: пан Прушынскі не быў такім звычайным, як магло падацца. Але самі ўдзельнікі мусілі рабіць пэўны ўнёсак у скарбніцу свята, каб сталы не былі пустымі, каб на свяце іграў сапраўдны дудар. Акром таго ўсіх заставілі вывучыць сякія-такія вершыкі народныя, што адпавядалі выкананым у абрадзе ролям дзядулечкі і бабулечкі, то бок жаніха і нявесты. Мне было цікава, але крыху ўстыдна мовіць па-беларуску. Дура дурная была.


Шостага студзеня было не вельмі холадна – градусаў восем мароза паводле Цэльсіуса. Сáма што й трэ было. Ласкавы, нават прыемны, марозік румяніў мяне больш, чым Паўлавы размовы. Мы ехалі ў санях. Звінелі бомы. Я спазірала прыменскія краявіды, укрытыя снежнымі кілімамі і бухматай шэраню. На прасторы аднаго з палёў паўзбок дарогі высілася старое дрэва. Нібы аплікацыя чорным аксамітам па белай баваўнянай тканіне.

Маці, мая маці! Што то за прычына,

Што на нашым полі стаіць тапаліна?


Нехта заспяваў у пярэдніх санях. Павел пасміхнуўся і прамовіў да мяне:

– Якая ж гэта тапаліна? Гэта груша. Мабыць даўно ўжо цвіла ў апошні раз, але гаспадар для суладдзя трымае. Праўдзівая паэзія. Наташанька, тут жа праз аднаго паэты жывуць. Пішуць. Па-крыўску. Па-польску.

Відовішча мяне ўразіла, але на словах захаплення я выдаваць не стала:

– Не забудзь яшчэ французскую, расейскую, лаціну ўрэшце. Вось касцёлік стаіць, а арганіста там, што хутчэй, за славаю Гарацыя ўпадае.

Помнік я зладзіў сабе высачэйшы за грушу,

Якая стаіць на валоках васпана N.

Паэзія! Дзе тая паэзія? Дзе? Дзе брат Міцкевіча? Дзе Крышталевіч? Дзе новыя ўзоры бездакорных вершаў?

Я не смехам разышлася, ажно Аляксандраў на хвілю сумеўся ды зніякавеў, а потым весела сказаў:

– Як жа я цябе кахаю! – і прыгарнуў бліжэй да сябе.

Давялося рабіць выгляд быццам казурка сумневу не поўзае ў маіх думках, а кроў не віруе ад успамінаў ночы, калі я без вынятку ўся Славу належыла, а Слава – Вытанчаны Слава! Святарны Слава! – мною ўсёй валодаў. Што то было за насланнё!


Не ведаю для чаго пан Прушынскі паставіў той прасторны драўляны дом, бо там яўна ніхто не жыў. Прынамсі прыкметаў гэтага не траплялася на вочы. Сустракалі нас сяляне перашэптамі: «Дзіўныя паны якіесь: Цярэшку жаніць, як прастыя людзі сабіраюцца». У доме ўжо было нацеплена, заставалася толькі накрыць стол ды дачакацца засталых удзельнікаў свята. З мне знаёмых там ужо былі спадарства Ляхоўскі, Драбышэўскі, Скавыш, Чапулецкі, Яроцкая, Свентаржэцкая, Акімовіч-Загорскі з жонкай Марыяй, пан Кляшторны з нарачэнай Амаліяй Роткірх ды багата іншых. Спадар Боўт затрымліваўся. Не было і абяцанага дудара. Мы паскакалі пад скрыпачку і дудку прысутных музыкаў. Каб было фартэпіяна, я б зайграла што-небудзь з «Беларускага вяселля» Абрамовіча. Але інструменту пад рукой не было, дый выглядаў бы ён там увачавідкі недарэчна. Абы трохі аддыхацца пасля скокаў, пачалі гуляць у загадкі. Памятаю спадарыня Каміла такое загадала, што і цяпер не адгадаю: «Ляжыць Рыгор памеж гор, лапушком прыкрыты». Акурат, як прагучала гэная загадка ў дом увайшлі мой жаданы Славачка і незнаёмец з бародкаю і вусікамі выразна старэйшы ад бальшыні сабраных. Гэта быў дудар з Вітэбску Арцём Дарэўскі. Выявілася, што ў нашай грамадзе ён меў досыць знаёмцаў ды нат сяброў. Надта ж усе ажывіліся, кінуўшыся вітацца.


За сталом быў учынены так званы кіліх кола, калі ўсе па чарзе прамаўлялі размаітыя жычэнні ды прыгублялі піва з вялікага глінянага куфля. Пітво заядалі лыжкаю куцці, то бок адмыслова з гатаванай кашы з разынкамі, чарнаслівам і крышанымі салодкімі грушкамі. Смак выбітны, лепшы ад многіх заморскіх ласункаў. Нейкі час доўжылася застолле. Аж нехта проста пад вухам у мяне выгукнуў: «А ці ня час нам ужэ Цярэшку жаніць?». І сябрына загула на знак згоды: «Час ужэ, час!». Канечне прыпомніць таго тлуму маляўніча я не здолею. Неўзабаве выбралі татку і мамку, чыіх імён я не помню, але добра памятаю прозвішчы – Абуховіч ды Цюндзявіцкая адпаведна. Векам яны ніяк ад нас не адрозніваліся, а па-просту мелі такую ролю – дзетак жаніць. Пачаліся ўсялякія гульні, каб кожны глянуў на свайго імавернага абранніка in aktion, ацаніў кемлівасць і спрытнасць. Вайніслаў увесь час перамагаў, гуляючы ў «Зюзю». І нейкія тры спадарычы з ваярскім імпэтам вырашылі перайграць Славачку ў той гульні. Зрэшты, якое дачыненне да божышча зімы Зюзі мелі завязаныя вочы, біццё адно аднаго паясамі і мусовае трыманне левае рукі да нізу ножкі стоўчыка, я сказаць тут не магу. Славу перамаглі. Ён быў мабыць стомлены. Мяне агортвала злаба. Вакол Славачкі завіхалася спадарыня Ірэна, а сам ён выяўна ўдыгаў за Камілаю. Мой жа мілы распускаў хвост перада мною. Спяваў падчас скокаў наруглівыя прыпевачкі. Я нават спужалася, што нехта выдаў мае небяспечныя сувязі з іншым мужчынам:

Хадзіла котачка ў жыта,

Чорная сцежачка ўбіта…


Але вочы яго свяціліся замілаваннем і лагодаю. Я дакладна ведала, што мушу выбраць толькі яго і нікога іншага. Бо інакш усё скончылася б грандыёзным скандалам. А скандалу я страшылася, як чорт маскаля.

Сталі высвятлць пáры. Дайшла чарга да Паўла. Спадарыня Цюндзявіцкая запяяла:

Білася шаўчыха з шаўцом,

Выбіла тры зубы чапцом…

Павел паказаў на мяне і узяўся за пахвальбу:

Высока арол ляцеў,

Далі мне каго хацеў…


Паводле правілаў я павінна была ўцякаць, выяўляць нязгоду, кпіць з гэнага дзядулечкі. То і пабегла я наўздзіў жвавенька, не забываючыся цвердзіць:

За ракою сучка брэшыць,

Мой дзедзька пяхотай чэшыць…


Хацеў, дык спаймаў. А як жа ж? Ажаніліся. Павел да непрыстойнасці цалаваўся са мною, і я зусім праграчыла, як ля таткі з мамкай апынуўся Славачка. Быў ён абсалютова спакойны. Татка акурат даспяваў:

Цярэшку бяда стала,

З кім яго жана спала?


Я імгненна пачырванела, як бурак. Аляксандраў, калі і прыкмеціў гэта, дык уважыў баржджэй за хвалю майго жадання да яго. Улесціўся, адным словам. Слава ж вагаўся з выбарам, і мамка зарызыкавла звярнуцца да грамады: «А мо’ спытаемо ў дзяўчат?». І вомільгам ля майго каханка апынулася гэтая нахабніца Ірэна Галавацкая з выкшталцоным, што праўда, спевам:

У калодцы вады чэрпала,

Упусціла туды зеркала,

Упусціла скалыхнулася,

Палюбіла не абмыхнулася…


Вайніслаў збянтэжыўся з такога павароту, але не адмовіўся ад нявестухны, хаця і меў згодна з умовамі усе правы на падобны крок.

На небі зорачка ясна,

У суседа дзевачка красна.

Божа мой, галоўка баліць,

Як мне дзеўку тую злавіць…


Злавіць было вельмі проста, бо спадарыня Ірэна нікуды не ўцякала, а сама павісла дзядулечку на шыю і палезла цалавацца. Я ледзьве адгаварыла сябе ад крыку. «Глядзі, якая цудоўная пáра, – прашаптаў мне ў вушка Павел. – А думалася ж, што яны не трываюць адно аднаго». Што яшчэ яму тамака думалася?

Свята было ў самым розруху. Дудар наярваў вясёлыя мелодыі. Заставалася перажаніць яшчэ колькі параў, калі на дварэ ўсчаўся шум і нехта загрукаў у дзверы. У хату шчыльна-густа ўвайшлі паліцыянты, а старэйшы ў чыне, назваўшы сябе, запытаў пра спадара Вайніслава Баўта. Славачка адразу ж азваўся. Яго папрасілі апрануцца ды ісці следам за імі. Падначаленыя павялі майго палюбоўніка вонкі. Старэйшы забавіўся, аглядаючы ўбранне хаты. Яго, вераемна, цікавіла наява польскіх сцягоў, гербаў, спяванне польскіх гімнаў. Зразумела, што ні першага, ні другога ён не ўбачыў, а трэцяе на сценах вісець не магло. Выгляд прысутных быў надта стракатым, але нават забароненай польскай вопрпаткі ні ў каго не назіралася.

– Пра што спяваеце? – спытаў-такі паліцыянт.

– Пра святое нішто, – насмеліўся спадар Дарэўскі.

– Як стаіць справа з гэтым Нішто? Ці не ёсць ён уніяцкім святым? Унія, каб вы ведалі, скасаваная, – заплявузгаў жандар, бесцырымонна закурыў і дадаў яшчэ, звяртаючыся да дудара. – Калі вы таго не помніце, то слухайце і запішыце сабе ў альбом – уніі няма. Адлучаныя гвалтам, вярнуліся любоўю.

З тым злосным гонарам ён пакінуў хату.

Толькі тады ўсе ў вобміг вока сцямілі, што былі нібыта зачараваныя і ні на каліўца не запярэчылі затрыманню Вайніслава. Спадары Драбышэўскі, Ляхоўскі ды мой дзядулечка, апамятаўшыся, выбеглі на падворак, але нікога не засталі. Сяляне здзіўлена паціскалі плячыма і казалі, што наагул нікога тут не бачылі, а пагатоў паліцэйскіх саняў. Ірэна выскачыла на двор ды закрычала без асаблівага стрымлівання эмоцыяў. Рэха ейнага ляманту рэзала вуха, і слязой роспачы аздобіўся мой сумны твар. Хто забраў Славачку?

Доктар Акімовіч-Загорскі параіў збянтэжанай грамадзе ўсё ж зладзіць пагоню ды хоць бы спраўдзіць: а) ці быў сп. Боўт сапраўды затрыманы? б) ці быў сп. Боўт затрыманы сапраўды? в) ці быў сапраўды затрыманы сп. Боўт? Такі рэбус нашых мужчынаў раз’юшыў, але яны volens nolens паслухаліся парады. Драбышэўскі, Абуховіч ды небарака Аляксандраў рушылі на санях у бок Менску. У хаце заваладарыла трудлівае маўчанне. Нехта з жанчынак урэшце не вытрываў, зацягнуўшы тужлівую народную песню аб падзеях даўніх год. Песня проста вымала сэрца:

Ляжаць нашыя жаўнеры

По тры, по чэтыры.

Ляжыць, ляжыць пан Касцюшка

Аж пад белым стогам


Мне захацелася малака. Спадарыня Цюндзявіцкая, спаслаўшыся на багаты досвед сваёй маці, параіла мне мятавага ўзвару.

– Дзе ж я цяперака знайду таго ўзвару? – з усімі прыкметамі пачынання істэрыкі запытала я.

– Ну то хоць малітву ўчыніць, крыж пацалаваць… – перапараіла яна.

Я суцішылася і зрабіла тое моўчкі.

Спадар Дарэўскі, адклаўшы дуду ў бок, узяўся распавядаць чыста жахлівую гісторыю з багатае скарбніцы крывіцкага народа. Дык жа. У адным сяле жыў хлопец. Звычайна сабе хлопец Міхалка. З бацькамі на зямельцы роднай працаваў. А як што пан у іх добры і справядлівы быў, то мела сям’я сякі-такі прыбытак, што волю сынку купіць змаглі. То і вырашыў Міхалка ў свет выправіцца. Не проста глянуць на яго, а вывучыцца і стацца гэтым самым светам. І рушыў, дарма што зіма-завіруха і крывавы твар Каіна ў начным небе. Прыйшоў у горад ды ў карчму адразу (грашэй жа сіла за пазухай было). П’е, балюе. Люд гуляцкі слухае. Аж дзеўка да яго якаясь падсела. Папрасіла ў карчмара пранцускае патравы (з наскага, аднак, гароха) ды ціха спытала ў Міхалкі: «Можа, што пачуў ты ў завейнай цішы?». Ён маўчаў, слухаючы спевы красуні-мяцеліцы, што бушавала за вакном. Голас зачуў спаміж хваласпеваў снежных. Нехта казаў, што яна не жыве. Пра што вялося, Міхалка не ведаў. І хто казаў? Дзеўка ўсміхнулася і мовіла хлопцу: «Гэта твой грэх, твой найвялікшы грэх. Не катуй мяне». Міхалкавы рукі самі сабою памкнуліся да яе, яны скочылі разам у бок і ўзяліся танчыць нібы аўстрыякі. Толькі агонь палыхаў у сярэдзіне, і плаўная думка аб жарсці апаноўвала глузд. Піва. Нягож гэта піва так скалыхнула яго? І што ён тут робіць? Адкуль тыя рухі і слодыч ад іх? Міхалка не чуў анікога, толькі яе ды голас, каторы гучаў з-за снега. Дзеўка ўтрапёна пяяла пра княжацкі сад, пра салодкія грушы ды пра струны скураныя на гуслях. Голас шаптаў, што яна не жыве. І святло невыцерпна зыркае пераняло на хвілю зрок Міхалкі, а потым з’явіўся змрок… Ачомаўся хлопец у снежным сумёце, горнучы да сябе гурму чалавечых касцей – няйначай старых, быццам тыя, што пан іхны колісь з-пад валатоўкі дастаў. Паглянуў Міхалка навокал – чорна-белае поле, бо снег, хоць і моцны, не здолеў акрыць усёй чарнаты, і косткі паўсюль вытыркаюцца на паверхню. Мёртвы горад. Пералякаўся дзяцюк, утаропіўся перад сабою і каля блізкага чэрапа згледзіў медальён. Узяў яго асцярожна ды прачытаў ледзь прыкметныя словы: «Яна не жыве». Узножыў тады Міхалка і рушыў прэч з той мясціны. У сэрцы ляжала туга. Нячыста было на душы. Ні шэлега ў кішэні. У галаве толькі думка – трэба вяртацца дамоў… Хлапец закрычаў, што меў сілы, у несціханы снег: «Яна жыве!!!».

Ніхто не наважваўся перарваць цішыню, што лягла ў хаце пасля заканчэння гісторыі. Шум за шыбкамі прыбраў агульнае здраньцвенне, але не дадаў супакою. Я агледзіла, што пані Каміла крадком змахвала слязінкі. А выглядала ж на самую стойкую і стрыманую. Мужчыны вярнуліся без Вайніслава. Павел моўчкі прыгарнуў мяне. Чэслаў Драбышэўскі развёў рукамі і сказаў, што ані знаку ліхіх візітоўцаў і спадара Баўта не адшукалі. Абуховіч рэкнуў штось недарэчнае пра віленскіх ваўкалакаў і казаў наліць яму гарэлкі.

– Маю спадзеў, – звярнулася да яго Ірэна, – што гэты кілішак вы п’яце не за спакой душы Вайніслава?

– Я разумею: арда ёсць ардою. Але ж не стануць яны яго вось так проста без дай прычыны расстрэльваць. Дзевятнаццатае стагоддзе ўсё-ткі на дварэ! – не ў лад адказаў той.

– Страх займае нам мову, – падвёў рысу доктар Загорскі.

Сумныя і збянтэжаныя мы вярнуліся ў Менск. На Цярэшку бяда стала… Няўжо Славу кінулі ў вязніцу?


Чароўнай гарой маіх жаданняў па вяртанні ў Менск было жаданне хутчэй схавацца пад коўдру і заснуць, забыўшыся ўсіх бед. Сапраўды, сон прыйшоў надзвычай хутка і быў абсалютова бесклапотным, каб не высненыя пад канец рымскія прыручоныя каменыя шэршні. Менавіта так і прыснілася. Што мяне магло нітаваць з Рымам? Нічога. «Усе дарогі вядуць у Рым, – пракаментаваў маю начную відзежу Павел і дадаў, – але, на жаль, апошнім часам усё часцей у трэці…». Хаця той кляты Трэці Рым і не быў сталіцаю імперыі, маскалі ўпорыста лічылі яго сэрцам сваёй дзяржавы. Гэта яны імкнуліся і нам накінуць, дык я па наіўнасці лічыла сябе расейкай заходняй, або беларуска-крывіцкай, галіны. Гэта цяпер я – мякка гаворачы, паджылая дама без сабачкі, але з вялізным жыццёвым досведам – маю выразную перакананасць, што паходжу з даўняе беларускае мяшчанскае фаміліі, абмаскаленай да неймавернасці. Кепска, пане Грыгоры, што далей, то горай.

Спадар Драбышэўскі не прамінуў звярнуцца ў менскія паліцэйскія часткі, каб выясніць лёс Вайніслава. Бедны Чэслаў так нічагуські і не выхадзіў, бо ўсюдых яму адным знакам цвердзілі, што «ніякіх баўтоў» у ноч на сёмага не забіралі. Яны ж з Вайніславам напэўна былі някепскімі таварышамі. Міжсобку дзяліліся рознымі цікавінкамі. Я помню, што Чэслаў (а па-сяброўску – Чэсь) збіраў і апрацоўваў матар’ялы па народнай астраноміі, пісаў кнігу «Крывічанскае звяздарства». А мой Аляксандраў, праўда, нашэптваў мне свае неўразуменні з той нагоды: «Неяк дзіўна стасуецца яго крывіччына з ягонымі ж яцьвягскімі элементамі ў гаворцы». Я з такіх словаў дзіву давалася мала, бо вельмі захаплялася ўсімі гэтымі планідамі, зоркамі і сузор’ямі, якія ў вуснах Чэся ставаліся Чагірамі і Мілавіцамі, Сітніцамі і Вазáмі, Кічагамі і Вайсковымі Станамі. Калі б я не ўлялюшчылася ў Вайніслава, то верагодна ўтрэскалася б у Чэся. Але па-праўдзе я пытаю сябе: ці не знік бы тады Чэсь гэтак жа, як прапаў мой раскаханы Славачка? Я ўзнімала свой пракудны голаў ды тупа зерыла ў студзеньскае неба. Зорны Кол калоў вока. Ваўчынае Вока ледзьве ліпела. Маўчала Нявеста, чыя я нявеста. Знічкі ляцелі, нібы абрывалася сэрца. Дзесьці далёка хвасты распушчалі мётлы-каметы, каб праз соткі гадоў аб’явіцца тут – па-над намі. “Іншыя людзі. Ці ходзяць яны па планідах? Ці церпяць ад болю кахання. Як мы?” – пыталася я. Адказу не было.

Чамусьці мы ўсе тады забыліся пра Славачкіну кантору. Узгадаў пра яе наш шаноўны доктар Загорскі. Ён завітаў туды, дзе яму адразу ж з ласкавым раздраженнем паведамілі, што спадар Боўт сваім коштам узяў сабе вакацыі і з’ехаў у Маларосію. О, мілы, чытачу, каб жа ты бачыў нашыя вочы пасля таго, як нашыя вушы пачулі тую навіну! Мы борздзенька рвануліся на кватэру «прапалага героя» (адрас таксама доктар выцыганіў) у доме на Стара-Віленскай. Гаспадыня нас сустрэла абыякава. Гаварыла, здаецца, па-беларуску, але неяк дзіўна і да таго ж абрывіста, з паўзамі. Яна паясніла, што язык ня толькі да Вільні, але й да Кіева дапытаць здатны. Шырэй ад сусвету раскінулася нашае здзіўленне. Не паддавалася розуму, чаму Вайніслаў нічога нікому не сказаў, і што ўрэшце такое адбылося ў Лошыцы на Цярэшку? Спектакль? Але дзеля чаго? Гаспадыня перарвала нашыя тлумныя перагляды:

– А вашэцю, чы не Наталяю клічуць?

– Але, – ледзь чутно адказала я, адчуваючы нейкую ўтоеную небяспеку, што раптоўна паўставала сваёй явай.

– Клыкоўская?

– Так, – сказала я яшчэ цішэй, чакаючы самага горшага, бо позірк Паўла пляжыў літаральна кожную маю вузачку.

– То для вашэці маю ліста, – жанчына нават усміхнулася, наўмысля робячы мне такое вось паскудства. Я у момант узненавідзела гэтую саву і ейны няпэўны ўзрост, які мог не замінаць ёй быць з Вайніславам не проста гаспадыняй кватэры, але і сябрыхай дзён яго суворых у самым непрыстойным разуменні гэтых пушкінскіх радкоў. Совы заўжды ўдаюць нешта іншае. Зрэшты, хто ж не без бервяна ўваччу? Але ўсё адно…[5]


Павел Аляксандраў гатовы быў мяне з’есці без сыру і маянезу, аднак прысутнасць доктара Мечыслава не дазваляла гэта ўчыніць. Мы зайшлі ў шынок (можа «Красны»), дзе я нарэшце распячатала пасланне ад Вайніслава. Мне дужа не хацелася зачытваць яго ўголас, і мае кампаньёны, на дзіва, далі магчымасць прачытаць вестачку вачыма. Змест я памятаю дасканала да сёння, бо ліст захоўвала цягам чвэрці стагоддзя, пакуль яго не скраў якісь злодзей разам з куфэркам маіх каштоўнасцяў.

«Дарагая Наталюся!

Думка аб тоя, што я прынучыў Вашу перажываці за маю бядацкую парсуну, не астаўляе мучыці міне. Спяшу паведаміць Вашу, што я жыў-здароў, а скрыўся ад усіх воч таго для, каб пакусіцца распутаці клыбок праступленняў, каторыя чыняцца ў Менску. Два ўбіўствы жанок, я маракую, саўсём не апошнія. Хаця я буду сіліцца, што ё могі, каб новых смярцей не дапусціць. Пісьмо гэта, гаспадарыня Наталя, чытацьмеш тым урэмем, колі я ўжэ буду атпраўляцца з Кіява да Менску. Мне трэ было паглядзеці такі-сякі бумагі й кніжкі, каторыя ўспамогуць раскрыць тыя пачварныя праступленні.

Ня многа мінула ад часу залатое тайны двух, але здаецца так даўно была тая праўдзівая прыемнасць людскіх грахоў і палавіна неба ў адамантах праз неабмерзшую шыбку.

Але ж ня ішчыця міне ў Менску, бо я таіцца буду. Так трэба. Жычу Наталі здароўя й добрых думак. Няхай гаспадарыня будзе пракананая ў шчэрай прэданасці Вашага

Вайніслава Баўта

Пісана ў Менску-Крывіцкім,

року 7911 / 6 стычэня, у 4 гадзіны 14 часін».

Я досыць непрыстойна ўсміхнулася. Загадак не паменела. Павнл не вытрываў-ткі і пераняў у мяне аркуш. Акурат прынеслі каўку і я мерна піла, назіраючы метамарфозы твару майго нарачэнага.

– Ну знаеш, Наталечка, гэта ўжо занадта, – прасіпеў ён.

– Што-о? – паспяшалася я пашыцца ў дурніцы.

– Якая такая тайна з адмарожанай шыбкай? – абсалютова траціў раўнавагу Аляксандраў.

– Табе лепей відаць, – нахабна кінула я. – Ты ж з ім больш знаўся. А гэта выяўна нейкі рэбус: і золата, і вакно, і лічба года, і тое, што ліст адрасаваны менавіта мне, а не табе, спадару Мечыславу ці Ірэне Галавацкай.

Павел у момант асекся.

– Зірнеце вы, Мечыславе, – падаў ён пасланне доктару.

– О, без сумневу загадка! – усклікнуў ён.

Выходзіла, я падманвала іх абаіх, штурхала да фальшывых развагаў. Але год Боўт увачывідкі недарэмна такі няўцямны прытачыў.

Доктар памеркаваў бясслоўна хвіляў колькі, потым аглядзеўся па бакох і ціхутка прашаптаў:

– Усё ясна. Ён дае знаць, што забойствы маюць палітычны характар.

– Адкуль вы ўзялі? – сцепануўся Павел.

– Восьмы сказ! – урачыста прамовіў Загорскі.

– І што? – уздыхнуў мой бядотны нарачэны.

– «Залатая тайна двух» – унія, вобразна – шлюбнае таемства Літвы і Польшчы ў Рэчы Паспалітай Двух Народаў. Бязладныя, але залатыя часы. «Прыемнасць людскіх грахоў» і далей – шляхецкія вольнасці і сармацкія норвы шляхты. «Неабмерзшая шыбка» – незніштожаная гістарычная памяць. Аднак сувязь гэтых вобразаў са злачынствамі хутчэй за ўсё прыхаваная ў лічбах года. З імі якраз і давядзецца галавы надламаць.

Павел прыкметна распружыўся, але тым не менш спытаўся пра мяне:

– Аднак чаму ліст задрасаваны да Наталлі?

– Паспешлівасць, – самазадаволена ўсміхнуўся доктар.

Такія тлумачэнні задавальнялі і мяне. Так трэба.


Я бачыла, што нарачэны захапіўся новай забаўкай, і пансіянаркі, з ліку смялейшых, цікавіліся ў мяне пра цалкавітую задуменнасць Паўла Аляксандравіча. Спадарыня Шрэйдар зусім нечакана запыталася пра Вайніслава: «Говорят, że ваш friend jest verschwinden? Schweige heist złoto!». Усё клапацілася пра навучэнак. Мы патлумачылі, што ніякіх турботаў з нашым сябрам нямашака, што ён проста выехаў па справах прыватных у Юга-Западны край. Нашыя словы троху знялі ейную арупленасць. Праўда Павел з няведамай прычыны перад ёю стаў троху заікацца. «Што з ім? Не перад вечам жа ён слова дзержыць», – падумалася мне, і я схацела пацалаваць майго мілага небараку. Але ўчасна агоўталася, успомніўшы, дзе знаходжуся і каго больш за ўсіх на гэтай дзікай планідзе кахаю…

Мы падаліся да Людвіка Ляхоўскага бяз яснага разумення свайго візіту, але з некаторым роспачлівым спадзевам. Спадар Людвік цікавіўся даўняй гісторыяй грэка-рымскай ды нават егіпецкай у звязку з гісторыяй беларускай. Ён быў перакананы ды імкнуўся давесці іншым, што словы «Гамер» і «Гомель» аднакарэнныя, што «Іліяда» і «Адысэя» напісаныя на старажытных дрыгавіцка-радзіміцкіх дыялектах, а імя галоўнага героя апошняй – Οδιςευς – мусіла дакладней гучаць як Одычэюць, бо багі былі да яго за малым выняткам зусім одычэлымі. Зірнуўшы на нашую паперчыну, ён без адвалокаў спытаўся, з каторых часоў спадар Боўт стаў менаваць мяне на такі невымоўна ласкавы манер. Гэта ў Людвіка звычка была такая – маўчаць, назіраць, супастаўляць, каб потым выдаць нешта апрычоненькае, што і схавацца ад мыслі ягонай не было куды. Я глянула на яго, як Ксантыпа на Сакрата, і «дзеяпісец» увадначас забыўся пра свой запыт, угрызаючыся ў Славіны радкі. Затым ён узяў пяро і рабочую паперу ды пачаў на ёй штосьцекі крымзоліць, абярняся перакрэсліваючы з адчайлівым подыхам. Людвік быў адназначна не задаволены цяжкасцю раскрыцця сакрэтаў няўрымслівых лічбаў. Мы хвілін сорак бясслоўна назіралі за ягонымі ўпартымі высілкамі. Нарэшце яго вочы паяснелі, спадар Ляхоўскі ўсміхнуўся і прамовіў: «Гатова!» і ўзяўся тлумачыць нам някемным.

– Спачатку льга было падумаць, што год ад стварэння свету пазначаны, але ж 7911–5508=2403, што нам нічога не дае. Не буду вас стамляць астатнімі памылкамі, а перайду адразу да слушнага адказу. Зірнем яшчэ раз: року 7911 / 6 стычэня, у 4 гадзіны 14 часін, то бок дзель усіх гэтых лічбаў. Мяне збянтэжыла тут назва стычэнь, бо мне страчалася часцей народнае абазначэнне гэтага месяца студзень ці нават сцюдзень. Мабыць і спадар Вайніслаў ужываў мяноўна апошнія формы, бо ўнікаў…

– Прабачце, але чаму ў прошлым часе? – несцярпела такой граматыкі я.

– Даруйце. Спадар Боўт зазвычай унікае ў сваёй гаворцы ўсялякае намінкі на пальшчызну, а тут стычэнь! Дзіўна? Але ж не зусім. Шосты дзень і першы месяц – іх трэба злучыць, сплюсаваць, стыкнуць у адзіную лічбу. Атрымліваем любімую для беларусаў лічбу сем.

– Чаму любімую? – не сцярпеў гэтым разам Павел.

Халера, яму захацелася больш ведаць, чаму тая сёмка так упадабалася крывічам, а не ў чым палягае канчатковы адказ на той вычудны рэбус.

– Проста ў народнай паэзіі яна ўчастых ужываецца. Можа быць даўнейшая нашая матэматыка была не дзесятковай, а акурат сёмкавай.

– Вы думаеце, гэта таксама намёк? – не супыняўся Павел.

– Наўрад ці. Як бачым, пасля лічбы 7 (6 стычэня) стаіць коска, то значыць маем справу з дробамі: 7,414. Дык жа дзелім 7911 на 7,414 і атрымліваем 1067,03, калі акругліць да сотых.

– Бітва на Нямізе! Voilà qui est clair! – выгукнула я.

– Так, так, – хітнуў галавой спадар Людвік.

– Слухайце, вы ж геній! – дапяў да сэнсу разгадкі мой нарачэны.

– Парадоксаў плуг, – усміхнуўся той у адказ.

Калі эйфарыя прайшла, трэба было высветліць, якім жа бокам бітва на Нямізе датыкалася да сучасных нам забойстваў. Мы безумоўна памяталі Славіны развагі пра Нямігу, пра Бая ды Бабая. Падавалася, што ўжо тады ён мусіў штосьці ведаць ці, прынамсі, прадчуваць: «Там тысячагоддзямі таілася зло». Мы мусілі б узброіцца трываннем, ускочыць на коней светлых думак і адваяваць сэнс загадкі Нямігі. Але Павел, нібы спахапіўшыся, рэзка перацяў хаду маіх подумаў:

– А як жа Рэч Паспалітая Двух Народаў?!

Гэта быў сапраўдны ўдар, бо меркавала, што версія доктара Загорскага ўжо забытая. Недаўменнаму Людвіку мы хутка раз’яснілі сутнасць той домнеўкі. Ён, відаць, каб не злаваць мяне, наўмысля пры чытанні ніяк не адрэагаваў на «золататайныя» радкі.

– Ну ня праўда, – не згадзіўся «дзеяпісец» з расшфраванкаю доктара. Глядзіце: тут «тайна двух», што ў крывіцкім дыялекце адзначае альбо тайну аб’ектаў вылучна мужчынскага роду, альбо аб’ектаў і maskulina, і feminina адначасова. Літва і Польшча ў нас feminina, то мусіла б стаяць «тайна дзвюх». А па-другое, што гэта за шлюб такі паміж дзвюма кабетамі? Гэта ж Паўночная Сарматыя, а не абтока Лесбас! Сказ той будзе, баржджэй, нейкаю цытытаю. Во толькі скуль ён яе выцяг?

Здавалася, я проста павінна была кінуцца ў росшукі, каб зняць падозранні з сябе ненаглядкі.


Ледзьве мы падзяліліся разлікамі спадара Ляхоўскага з зацікаўленымі асобамі «Дасканалага Крывіча», а тыя збольшага пагадзіліся, па Менску ў неакрытай бессаромнасці прайшла чаговая почутка пра яшчэ два жорсткія, як высвятлялася, забойствы. Дзесь на рагу ці паблізу рога Глухой вуліцы і дарогі на Заслаўе знайшлі адну бядачку. А ля лукі Свіслачы поруч з Мала-Татарскай – другую. Дзеўчыны, як сказаў прыяцель спадарыні Яроцкай, што служыў паліцэйскім лекарам, былі абсалютова голыя. Забойца быў праўдаістым адлюдкам. Я моршчыла лоб і старалася не слухаць, каб лішні раз не ўражваць сябе. Не атрымлівалася, я слухала, адчувала, як апавядальнік пахне фармалінам, па-блюзнерску думала: «Як Светаліна з ім цалуецца?» і мяне мала не пачынала мліць. Pathologoanatom заўважыў гэта і прыгадаў показку пра пана Марцінкевіча, які кінуў у юнацтве медычныя студыі, бо не вытрываў першага ж наведання анатамічкі. Спадарыня Галавацкая, якая за Вайніславам яўныя таскноты мела, у каторы раз дала вольку эмоцыям. Сядзеўшы перад тым, нібы камень, збоку ад усіх, яна счавіла гронкі свайго гневу і журбы ды ўсклікнула:

– Якія могуць быць такой часінай жарты?! Дзяўчаты гінуць ні за гелер! Шлындае па горадзе ганебны вырадак, і ніхто яго не ловіць! А зніклыя людзі?!

– Чалавек, – паправіла Каміла Свентаржэцкая.

– Ды ён адзін дзесяцёх варты! – натужна працягвала Ірэна. – Які толк з таго ліста, што вам перадалі, калі чалавек так і не аб’явіўся? Дый баюся, паперчына ваша – фальшыўка. У Мінску па-свінску. Атрымалі цыдулку і супакоіліся. А ці знайшлі вы хоць след таго, што ён жывы?! Вы ж не шукалі. Дзяўчынкі каснічкі ў косы ўплялі… Ды не можа цяпер быць супакою! Не-мо-жа! Кепска ў Менску, пане Каранеўскі! Не трэба спачываць на дзядоўніку аблуды. Як хочаце сабе, а я бяруся за пошукі Вайніслава…

– Не хвалюйцеся, пані Ірэна, – паспрабаваў уклініцца ў ейны маналог мой нарачэны, – мы ўсе заклапочаны з прапа…

– Ён мой! І ніхто лепш ад мяне яго не будзе… – спадарыня Галавацкая пачала досыць горка плакаць, што зноў жа сталася іспытам для мяне: як самой не зарумзаць следам за ёй. Але тым часам Каміла, каб суцішыць агульную напругу заспявала сумную беларускую баляду:

Ляцелі дзікія лябедзі

Ой, да к Уле рацэ.

Змуцілі дзікія лябедзі

Воды ў Уле рацэ.


Гэта быў праўдзівы гімн беларускае стараны. І калі б зараз спадары Луцкевічы з грамадою абвясцілі Беларускую Дзяржаву, я адразу ж прапанавала б гэтую песню на месца самай галоўнай. Уяўляю твар Лук’яна Саланевіча вымушанага спяваць па-беларуску! Зрэшты сённяшні беларускі рух троху не тудою пайшоў, і блутанка іхная дасца ім яшчэ ў знакі. Не датрымліваюць aurum mediacritas, пра якую кажуць.

Потым супольным роздумам мы вырашылі знайсці месца, дзе 3 марца 1067 года адбылася лютая нямігская сеча. Супраць былі Галавацкая і Вінцэнт Скавыш. Спадар Вінцэнт патрапаў сваю густую бараду і сказаў: «А што вы там збіраецеся шукаць?». Ніхто не здолеў даць яснага аргументаванага адказа. Што магла даць нам тая мясціна? Можа па наіўнасці якой мы спадзяваліся адкрыць там мярлог забойцы? Ці нават самога Бабая? Запал ахалонеў. Мы трапілі ў тупік. Трэба было некуды ісці. Але куды, не ведалі.

1

Тут і далей словы вылучаныя курсівам ёсць беларускімі словамі ў тэксце арыгіналу (зацем С. Б.).

2

Фразы спадарыні Шрэйдар падаюцца ў арыгінале з сучаснай арфаграфічнай праўкай; сучасным правапісам таксама пададзеныя і іншыя замежныя словы, што сустракаюцца ў Клыкоўскай, Свентажэцкай і Галавацкай (зацемС. Б.).

3

Загарэў у 1863 годзе (зацем Наталлі Клыкоўскай).

4

Так у арыгінале (зацемС. Б.).

5

Прагал у тэксце (зацем С. Б.).

Імя грушы

Подняться наверх