Читать книгу Cіні карабель у блакітным моры плыве - Сяргей Дубавец - Страница 2
Шукальнікі вечнасьці
ОглавлениеЗь першае ноты валторна гучыць як паніхіда. Гэта хаўтуры па табе. У пачатку заўсёды зашыфраваны канец. Але табе не канец, значыць, гэта толькі гульня, толькі шыфр, і ўсё толькі пачынаецца. Вось валторна саскочыла на другую ноту, крыху замарудзіла, каб ты яшчэ раз засумняваўся. І вось ужо трэцяя і чацьвертая ноты. Не канец! Што, безумоўна, дадае ўпэўненасьці. А тут яшчэ расчулася раптам трымценьне струнных – пачалася артпадрыхтоўка да чагосьці большага. Гэта пагрозьлівае нізкае трымценьне, але ў той пагрозе, што раз-пораз нарастае і ўздымаецца ўгору, ужо прамалёўваецца прадчуваньне шчасьця. Яшчэ крыху, і ўступяць габоі.
Ты кажаш, што твор пасрэдны. Я і сам здагадваюся. Але што з таго, калі мне гэта падабаецца слухаць? У дзяцінстве я валторны з габоямі не разумеў, а трубу дык і проста ненавідзеў. Так яна страшна выла, калі пад вокнамі праходзіла жалобная працэсія, і даводзілася зашывацца ў самы далёкі і цёмны кут. Але яна даставала і там. Не было ратунку.
А цяпер – вось яны, габоі! І на іх проста зьверху – нібы коньніца-лётніца – скрыпкі – навальваюцца ўсёй сваёй мітусьнёй… Ведаеш, у дзяцінстве мы не ўспрымаем гукі, што напоўненыя сакральным зьместам. Часта ў чалавека гэтае неразуменьне застаецца на ўсё жыцьцё. Здавалася б, ён дарос ужо да таямніцаў сакрамэнту, і валторны з габоямі раптам сталі сэнсоўнымі і важнымі. Але толькі не для яго. Ён папросту ня вырас.
А ты ці вырас? Калі спалохаўся паніхіды, гэта яшчэ нічога ня значыць. Сапраўды, пахавальныя працэсіі ў дзяцінстве млосныя і страшныя. Пакуль ты не зразумеў, што ў кожным канцы зашыфраваны пачатак. Гэта калі ты на вуліцы раптам сустрэўся з гукамі жалобнага маршу. А ў мастацтве ўсё наадварот. Цябе проста зьбілі з тропу. Ты думаў, што ўлавіў гукі канца. Складальнікі музыкі любяць такія штукі. У іх гэта называецца – катарсіс. Памятаеш, як Дастаеўскага вялі на сьмерць, а потым сказалі, што стоп! усё адмяняецца. Ты стаіш бяздумна і раптам чуеш – птушкі пяюць.
Нашы валторны паўтараюць гэты выпадак з твору ў твор. Каб ты перажыў катарсіс. І пакуль ніхто ня ведае, як гэта ўсё растлумачыць, яно дзейнічае. Бо няма лепшага спосабу захапіць увагу, падрыхтаваць тваю істоту да апавяданьня, якое разгорнецца зусім хутка. Важна, што ты ўжо тут, ты ўжо ня толькі чакаеш, але ты наструнены ўвесь. І гэта добра. Гэта значыць, што гісторыя пачынаецца.