Читать книгу Мастак. Да 200-годдзя з дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі (зборнік) - Тарас Шаўчэнка - Страница 2

На вечным шляху да Шаўчэнкі

Оглавление

Для многіх пакаленняў украінцаў – і не толькі ўкраінцаў – Шаўчэнка азначае так шмат, што сама па сабе ствараецца ілюзія, быццам мы ўсё пра яго ведаем, усё ў ім разумеем і ён заўсёды з намі, у нас. Але гэта толькі ілюзія. Шаўчэнка як з’ява вялікая і вечная – невычэрпны і бясконцы. Воляй гісторыі ён атаясамлены з Украінай і разам з быццём роднай дзяржавы працягваецца ёю, убіраючы ў сябе новыя дні і новы вопыт народа, адгукаючыся на новыя болі і думы, далучаючыся да новых скрыжаляў лёсу. Ён расце і развіваецца ў часе, у гісторыі, і нам яшчэ ісці і ісці да яго спасціжэння. Мы на вечным шляху да Шаўчэнкі…

Для многіх пакаленняў украінцаў – і не толькі ўкраінцаў – Шаўчэнка азначае так шмат, што сама па сабе ствараецца ілюзія, быццам мы ўсё пра яго ведаем, усё ў ім разумеем і ён заўсёды з намі, у нас. Але гэта толькі ілюзія. Шаўчэнка як з’ява вялікая і вечная – невычэрпны і бясконцы. Воляй гісторыі ён атаясамлены з Украінай і разам з быццём роднай дзяржавы працягваецца ёю, убіраючы ў сябе новыя дні і новы вопыт народа, адгукаючыся на новыя болі і думы, далучаючыся да новых скрыжаляў лёсу. Ён расце і развіваецца ў часе, у гісторыі, і нам яшчэ ісці і ісці да яго спасціжэння. Мы на вечным шляху да Шаўчэнкі…

Тараса Шаўчэнку разумеем настолькі, наколькі разумеем сябе – свой час і Украіну ў ім. Але каб лепш зразумець яго як нашага сучасніка, трэба цалкам зразумець яго як сучасніка людзей, праблем, грамадства XІX стагоддзя. Ён сам прыходзіць у наш дзень. Але і мы павінны ісці ў яго час. Толькі так паміж намі і ім будзе глыбейшае паразуменне.

Мы шчыра захапляемся высокім вобразам Кабзара, яго грамадзянскай прынцыповасцю і маральнай чысцінёй, пачуццём сацыяльнай і нацыянальнай справядлівасці, адданасцю праўдзе і свабодзе. Але ці можам цалкам уявіць сабе, што за гэтым стаяла, колькі гэта патрабавала душэўных сіл і барацьбы, колькі гэта каштавала пакут і болю, колькі для гэтага трэба было прасвятлення думкі і вышыні духу?

Каб гэта ўявіць, трэба добра ведаць не толькі самога Шаўчэнку, але й яго эпоху, атмасферу жыцця грамадства, увесь шырокі спектр поглядаў, інтарэсаў і настрояў таго часу, што ў сваёй сукупнасці і стваралі тую гістарычную рэальнасць, у якой геніяльны паэт быў самім сабой.

Тарас Шаўчэнка нарадзіўся 9 сакавіка (па новым стылі) 1814 года ў сяле Морынцы Кіеўскай (цяпер Чаркаскай вобл.) у сям’і прыгоннага. Праз два гады сям’я перабралася ў сяло Кірылаўка, дзе спачатку памерла маці, а затым і бацька. Тарас, рана застаўшыся сіратою, спазнаў і гора, і знявагі, і пакуты, аднак яны не прытушылі прагі да ведаў і вялікага імкнення да волі.

Праходзячы навучанне ў дзякоў Паўла Рубана і Пятра Багорскага, хлопец авалодаў букваром, Псалтырам і Часасловам, пазнаёміўся з некаторымі творамі ўкраінскай літаратуры. З маленства адчуваючы непераадольную цягу да малявання, шукаў навукі ў мясцовых «мастакоў», збіраў лубачныя малюнкі, якія тады распаўсюджваліся сярод народа. Бываючы ў навакольных вёсках, слухаў вандроўных кабзароў і лірнікаў – жывых носьбітаў украінскай гістарычнай памяці. Уражлівая душа хлопца прагна ўбірала прыгажосць маляўнічай прыроды. Так складваўся той унутраны дзіцячы свет, у якім ужо была іскра Божага дару.

У 1828 годзе чатырнаццацігадовага юнака бярэ да сваёй абслугі – «казачком» – ягоны гаспадар Павел Энгельгарт. Роля хлопчыка на пабягушках цяжка прыгнятала Тараса, у якога ўжо фарміравалася пачуццё ўласнай годнасці і прызначэння, і, можа, менавіта тады выспявала тое непрыманне любых формаў падпарадкаванасці і рабства, якім будзе прасякнутая Шаўчэнкава паэзія.

У пачатку 1829 года Павел Энгельгарт з вялікім абозам адпраўляецца на службу ў Вільню. Тут Тарас мае магчымасць убачыць помнікі культуры, пазнаёміцца з творчасцю выдатнага літоўскага жывапісца Ёнаса Рустэмаса. Тут жа становіцца сведкам падзей паўстання 1830 года, што напэўна не засталіся без водгуку ў яго бунтарскай натуры.

Ад лютага 1831 года пачынаецца пецярбургскі перыяд у жыцці Тараса Шаўчэнкі. Энгельгарт, які хацеў мець свайго прыдворнага жывапісца, аддае яго ў навучанне да майстра Васіля Шыраева. Тарас упарта вучыцца, але марыць аб свабодзе. Нарэшце атрымлівае яе – дзякуючы ўкраінскім і расійскім сябрам, якія ацанілі яго талент і знайшлі высокіх апекуноў. Пісаць вершы Тарас пачаў яшчэ да выкупу з прыгону, які адбыўся 25 красавіка 1838 года, калі ў пецярбургскай майстэрні К. Брулова В. Жукоўскі ўручыў Шаўчэнку адпускную. Наступілі шчаслівыя дні творчасці і навучання ў Акадэміі мастацтваў, у коле выдатных майстроў, у атмасферы высокіх духоўных імкненняў.

Малады Шаўчэнка трапіў у культурнае асяроддзе Санкт-Пецярбурга, поўны вялікіх надзеяў на творчую самарэалізацыю як у выяўленчым мастацтве, так і ў мастацтве слова. Вядома, рэалізавацца ў славесным мастацтве можна было пры ўмове засваення літаратурнай рускай мовы, што і пасведчыў трыумф прэм’еры драмы Н. Кукальніка «Рука Всевышнего отечество спасла».

Можна было выбіраць свой шлях да славы. Можна было тварыць на рускай мове рамансы – іх, можа, паклаў бы на музыку М. Глінка, як гэта ён рабіў для свайго сябра – нежынца Н. Кукальніка. Можна было пісаць рускамоўныя гістарычныя драмы і атрымліваць, як той жа Н. Кукальнік, з манаршай міласці славу і каштоўныя пярсцёнкі.

Спакушэнне вялікае. Пасля ж – з іншых меркаванняў – Шаўчэнка паспрабуе раскрыць свой паэтычны дар на рускай мове – напіша паэму «Слепая», і ў лісце да Я. Кухарэнкі 30 верасня 1842 года прызнаецца з горыччу: «Перапісаў «Слепую» і плачу над ёй. Які мяне чорт напаткаў і за які грэх я вось спавядаюся кацапам чэрствым кацапскім словам! Бяда, браце атамане! Далібог, бяда! Такі праўда, што акрамя Бога і чорта ў душы нашай ёсць нешта такое страшнае, што нават холад ідзе па сэрцы, як хоць трохі яго раскрыеш…»

Гэтае «страшнае» – адступніцтва ад роднай мовы, ад радзімы, ад нацыянальнага абавязку ў ілюзорным чаканні творча «адбыцца», рэалізавацца ў мове, у культуры іншага народа. Шаўчэнка адважыўся на своеасаблівы творчы эксперымент і ў лісце да Рыгора Тарноўскага так патлумачыў напісанне паэмы «Тризна» на рускай мове: «Каб не казалі маскалі, што я іхняга языка не ведаю».

Што ж, пішы на мове чужой у чужым краі, дагаджай – і будзеш прыласканы, сагрэты славай…

Калі хочаш грошай,

Яшчэ й славы мора,

Спявай пра Матрошу,

Пра Парашу, радасць нашу,

Султан, паркет, шпоры, —

Вось табе і слава! —


з іроніяй пісаў Шаўчэнка ў паэме «Гайдамакі». Але такой славы ён не жадаў. Хоць і бачыў, што не адзін украінец зрабіў літаратурную кар’еру ў Пецярбургу дзякуючы рускай мове, служэнню рускай славеснасці. Украінская літаратурна-мастацкая эліта Санкт-Пецярбурга і Масквы без асаблівых ваганняў прыняла ідэалагічныя «правілы гульні», заснаваныя на вялікадзяржаўніцкай канцэпцыі «афіцыйнай народнасці», а да любых спробаў «сваіх», то-бок выхадцаў з Украіны, пісаць на ўкраінскай мове ставілася перадузята. Пісьменнікі ўкраінскага паходжання В. Капніст, А. Сомаў (псеўданім Парфірый Байскі), А. Пяроўскі (псеўданім Антоній Пагарэльскі), І. Кульжынскі апрацоўвалі ўкраінскія тэмы, але лічылі, што пісаць пра Украіну варта толькі на рускай мове. У імперскіх сталіцах – Санкт-Пецярбургу і Маскве – дамінавала адна думка: украінская мова – гэта дыялект, які мае ўзбагачваць рускую мову. М. Надзеждзін у часопісе «Телескоп» выказаў афіцыйную пазіцыю і расійскай літаратурнай эліты: «Нядаўна з’явіліся ў нас удалыя спробы літаратурнай апрацоўкі маларасійскага дыялекту. Некаторым гэтыя спробы здаюцца пустой, непатрэбнай цацкай. Але я думаю наадварот. Маларасійскі дыялект можа таксама паслужыць і ўзбагачэнню нашай мовы. Хай украінцы знаёмяць нас з ім у сваіх паэтычных думках, у сваіх лагодных «казках». Мы павінны быць ім удзячныя».[1]

Што ўжо казаць пра рускіх, калі знакаміты М. Максімовіч хоць і адстойваў незалежны статус украінскай мовы, аднак таксама падзяляў меркаванне аб яе функцыі нарошчвання лексічнага патэнцыялу рускай мовы і лічыў прыдатнай толькі для народнай паэзіі, а ўраджэнец Харкава М. Качаноўскі, рэдактар уплывовага часопіса «Вестник Европы», на старонках якога публікаваліся ўкраінскія творы П. Гулака-Артэмоўскага, Л. Баравікоўскага, А. Шпігоцкага, артыкулы таго ж М. Максімовіча, глядзеў на ўкраінскую мову як на своеасаблівы лінгвістычны феномен і пераконваў, што яна «ў цяперашнім сваім стане здольная толькі на «жартоўныя творы», як тая ж пераніцаваная «Энеіда», і ўзняцце яе да ўзроўню літаратурнай павязаны з непераадольнымі цяжкасцямі».[2]

Няма падставаў не верыць Г. Данілеўскаму, які ўспамінае размову В. Бадзянскага з М. Гогалем восенню 1851 года. На пытанне В. Бадзянскага, як Гогаль ацэньвае талент, паэзію Шаўчэнкі, той адказаў: «Нам, Восіп Максімавіч, трэба пісаць па-руску, трэба імкнуцца да падтрымкі і ўмацавання адной, пануючай мовы для ўсіх родных нам плямёнаў. Дамінантай для рускіх, чэхаў, украінцаў і сербаў павінна быць адзіная святыня – мова Пушкіна…».[3]

Выкупаны ў імперскай славе Н. Кукальнік заадно з вядомымі літаратарамі і дзяржаўнымі чыноўнікамі напаў у 1840 годзе на П. Мартаса за выданне «Кобзаря» Шаўчэнкі, таму што яго кірунак, маўляў, шкодны і небяспечны, і прапаноўваў забараніць «польскую, маларасійскую і ў остзейскіх губернях нямецкую»[4] мовы.

Галасоў у абарону ўкраінскай мовы як літаратурнай, прыдатнай для фарміравання нацыянальнай літаратуры, было амаль не чуваць. Ва ўніверсітэцкім Харкаве, дзе адрадзілася ўкраінская перыёдыка, часопісы «Украинский вестник» і «Харьковский Демокрит» публікавалі толькі асобныя творы на ўкраінскай мове, а «Украинский журнал» наогул не надрукаваў ні аднаго. Усё гэта сведчыла аб поўным непрыманні літаратурнага статусу ўкраінскай мовы і прымушала ўкраінскіх аўтараў шукаць сваю нішу ў рускай літаратуры, а значыць, губляць творчыя магчымасці для ўласнага нацыянальнага самавызначэння. Ігнараванне ўкраінцамі роднай мовы перашкаджала разгортванню найважнейшага працэсу стварэння ўкраінскага грамадства. Пасля, знаходзячыся ў 1847 годзе ў Седневе, Шаўчэнка піша прадмову да другога, на жаль, не ажыццёўленага выдання «Кобзаря», у якім выкладае свае думкі адносна сучаснага стану ўкраінскай літаратуры і перспектыў яе развіцця. Ён настойвае на ўзняцці ўзроўню нацыянальнай літаратуры шляхам глыбокага пазнання жыцця народа, валодання роднай мовай і дзякуючы незалежнай, нацыянальна свядомай пазіцыі літаратараў, абавязак якіх – забяспечыць самастойны шлях развіцця ўкраінскай літаратуры: «А на маскалёў не зважайце, хай яны сабе пішуць па-свойму, а мы па-свойму. У іх народ і слова, і ў нас народ і слова. А чыё лепш, хай судзяць людзі».[5]

Тых пісьменнікаў-украінцаў, якія адракліся ад роднай мовы, служылі чужой культуры, Шаўчэнка асуджае і супрацьпастаўляе ім сапраўдных патрыётаў Караджыча і Шафарыка: «Чаму У. С. Карадж[ыч], Шафар[ык] і іныя не пастрыгліся ў немцы (ім бы зручней было), а засталіся славянамі, шчырымі сынамі маці сваіх, і славу добрую здабылі?».[6]

Шаўчэнка адчуваў і духоўную, і матэрыяльную падтрымку ў сваіх памкненнях выказаць на роднай мове тое, што нябачна пульсавала ў сасудах нацыянальнага арганізма, з боку Я. Грэбінкі, які пісаў на ўкраінскай мове, украінскага землеўладальніка П. Мартаса, цэнзара П. Корсакава, які ўхваліў да друку «Кобзаря» і надрукаваў станоўчую рэцэнзію ў часопісе «Маяк», мастака І. Сашэнкі, канферэнц-сакратара Акадэміі мастацтваў, украінца па паходжанні, В. Грыгаровіча, кампазітара М. Віельгорскага, мастакоў К. Брулова і А. Венецыянава, паэтаў В. Жукоўскага, П. Вяземскага… І ўсё ж пецярбургская атмасфера нацыянальнага абязлічвання прыгнятала Шаўчэнку. Ён усведамляе, што адзінае выратаванне ад растварэння ў асяроддзі рускай культуры і літаратуры, у прыватнасці, заключаецца не проста ў звароце да мовы, але і ў стварэнні на ёй нацыянальнай літаратуры, якая б спрыяла фарміраванню ўкраінскай нацыі, вызначэнню гістарычнага сэнсу і перспектыў яго быцця, этнакультурнай унікальнасці ўкраінства. «Яго перапоўненасць Украінай была ўнікальнай з’явай у інтэлектуальнай гісторыі таго часу, – заўважае Ю. Луцкі, – і ў сваёй адзіноце і палкасці ён быў фігурай, якая амаль не ведала паўтонаў».[7]

Шаўчэнка ўсведамляе і сваю адзіноту, і сваю прароцкую місію ўваскрашэння Слова, месіянскую – прызначэнне Паэта як выразніка волі Госпада. Слова павінна набыць асаблівую духоўную сілу, інакш яно не адкрые рабскія вусны, не сагрэе астылых душ, не запаліць святым агнём творчасці, не стане духоўным пастырам роднага народа. Паэт адчувае ў сабе гэтае слова, яно нараджаецца ў ім, выспявае і просіцца ісці «паміж людзей». Ён ведае, што Слова, як духоўная эстэтычная сіла, здольнае выратаваць чалавека ад ганебнага абязлічвання. Слова для Шаўчэнка – духоўная і маральная аснова, крыніца энергіі дзеля самасцвярджэння.

А пакуль, на працягу першага года сваёй волі, ён суцяшаецца свабодай і сваю радасць выказвае ў лісце да брата Мікіты ад 15 лістапада 1839 года: «Дык вось, бачыш, жыву, вучуся, нікому не кланяюся і нікога не баюся, акрамя Бога, – вялікае шчасце быць вольным чалавекам, робіш, што хочаш, ніхто цябе не спыніць».[8]

Можна было ўліцца ў стыхію рускай літаратуры, апрацоўваць украінскую гісторыю, міфы, паданні, легенды, казкі і хоць бы такім чынам абуджаць цікавасць да Украіны. Але Шаўчэнка не прымае такога кампрамісу, не сумняваецца, якая ў яго душа, тады як Гогаль у лісце да А. Смірновай з сумневам прызнаў: «Сам не знаю, какая у меня душа, хохлацкая или русская…»[9]

Руская моўна-культурная атмасфера пагражальная яго творчаму «я». Шаўчэнка гэта ўсведамляе, абдумваючы перспектывы акадэмічнай кар’еры (ліст да Г. Квіткі-Аснаўяненкі ад 19 лютага 1841 года) і адначасова клапоцячыся адчуваннем неабходнага і непазбежнага адчужэння ад імперскай культуры. Заняткі толькі жывапісам, прадчуваў Шаўчэнка, утрымлівалі ў сабе пэўную небяспеку растварэння ў імперскай культуры, у той час як славесная творчасць на роднай мове пакідала яго са сваім народам у жывых дыялагічных зносінах. Турбавала Шаўчэнку і тое, што творчае самаздзяйсненне ўкраінца ва ўмовах дамінуючай рускай культуры прадугледжвала авалоданне пэўных рытуалаў сацыяльна-палітычнага прыстасавання, у прыватнасці дэманстрацыі падзякі цару за выкуп з прыгону, а гэта непазбежна прывядзе, усведамляў ён, да страты максімальна поўнага самавыяўлення, адмовы ад праўдзівага адраджэння нацыянальнай гісторыі і быцця роднага народа.

Шаўчэнка смела глядзеў у тую панадліва таямнічую бездань нацыянальнага абязлічвання, якой была імперская моўна-культурная атмасфера, выпрабоўваючы яе прыцягальную сілу і сваімі жывапіснымі творамі, і расійскамоўнымі аповесцямі, «Дневником», але адчуваў-усведамляў, што гэтая прорва яго не праглыне, што яму не пагражае распяцце на імперскім крыжы творчага і светапогляднага «дуалізму», раздваенне на «імперскую» і «маларасійскую» формы самавыяўлення. Зразумела, што трывога напаўняла яго душу, сумневы прыгняталі свядомасць, але гэта не былі сумневы адносна таго, на якой мове і для якога народа паэт павінен тварыць. Ён – нібы біблейскі Прарок – пасланы на зямлю Богам

Сваю любоў дабравясціць!

Святую праўду абвясціць!


Трывожыць Шаўчэнку іншае – сам шлях яго Слова да народа Украіны. Шлях перш за ўсё духоўны, бо прызначэнне Слова – трансцэндэнтнае і інтэгральнае, накіраванае ў будучыню, такім чынам, надзеленае місіяй нацыетварэння цераз разгортванне духоўнай гісторыі Украіны. Толькі ў нацыянальным слове, толькі ў духоўных рамках нацыянальнага свету Шаўчэнка імкнуўся самаздзейсніцца, рэалізаваць сваё высокае прызначэнне: духоўна кансалідаваць украінства.

Таму так прыцягвае Шаўчэнку магія паэтычнага слова, якая валодае здольнасцю абуджаць міфапаэтычнае мысленне, выклікаць з глыбіняў памяці пачуццёвыя асацыяцыі, бачныя ва ўяўленні вобразы, патухлыя галасы… Слова творыць сістэму духоўнага ўзаемадзеяння паміж паэтам і яго народам. Шаўчэнка адчувае эстэтычную неабходнасць абуджэння індывідуальнай духоўнай энергіі, якая ўлівалася б у працэс нацыянальнага самаўсведамлення народа. Таму ён пасылае свае думы ва Украіну, туды, дзе яшчэ жывая народная душа, сагрэтая родным словам, хай і не друкаваным, але моўленым, спяваным, малітоўным…

Сваё духоўнае «я» ён нібы аддзяляе ад сябе, асуджанага на фізічнае быццё ў халодным ненавісным Пецярбургу, і адсылае яго ва Украіну з прароцкай місіяй абуджаць нацыянальную свядомасць.

Шаўчэнка ведае, што ён абавязаны гэтым вышэйшым, боскім поклічам адбыцца ва Украіне, – вяртанне ў «нашу Украіну» непазбежнае. Успомнім «Запавет». Але для яго яшчэ больш важна вярнуць, паслаць ва Украіну сваё Слова.

Дні дваццаціпяцігадовага Шаўчэнкі, вучня Акадэміі мастацтваў, кіпяць прагай пазнання – ён вывучае французскую мову, наведвае тэатры, мноствам кніг пашырае межы свайго гістарычнага мыслення. Чытае пра мінулае Украіны ў працах Д. Бантыш-Каменскага («История Малой России…»), М. Маркевіча, творах Гогаля, вывучае «Історію Русів», захоплена перачытвае І. Катлярэўскага, Г. Квітку-Аснаўяненку, Я. Грэбінку… Яго трывожыць забыццё народам свайго слаўнага і свайго няшчаснага мінулага.

Дзе падзелася казацтва

Ў жупанах чырвоных?

Куды гетманы прапалі

Разам з доляй-воляй?


Дні пралятаюць віхурай у спешцы наведаць модны літаратурны салон, канцэрт, прэм’еру ў тэатры, мастацкую выставу… Але маладая душа пакутуе, думкі раздзіраюць спакой вячэрняй адзіноты і кладуцца «на паперы сумнымі радкамі»…

Паэту цяжка са сваімі думкамі, якія «ліха на свет на смех спарадзіла». Ён пытае ў сябе, у свайго лёсу: навошта любіў, навошта даглядаў іх – свае кветкі, сваіх дзяцей, навошта з імі плакаў? Ці знойдзецца ў свеце хоць адна душа, адно «дзявочае сэрца», «што аплача гэтыя думы»?

Адну слязу з вачэй карых —

І… пан над панамі!..


Шаўчэнка хваравіта перажывае, куды падзець свае думы, якія ён так любоўна гадаваў, даглядаў?

Ва Ўкраіну йдзіце, дзеці!

У нашу Ўкраіну,

Бы няшчасныя сіроткі,

А я тут загіну.


У пачатку 1840 года паэт прароча сведчыць: яго паэтычныя думы, яго песні, яго кветкі-дзеці пойдуць ва Украіну, а сам ён тут, у імперскай сталіцы, загіне.

Тады ж Шаўчэнка малюе алейнымі фарбамі першы аўтапартрэт. Рамантычны, пышнавалосы, з вострым позіркам вялікіх цёмных вачэй, рэзкія «хвалі» неспакойных броваў, моцна сціснутыя вусны – колькі душэўнага напружання, валявой рашучасці і творчай дзейнасці выпраменьвае гэты пластычна дасканалы вобраз мастака! Сіне-зялёныя тоны адценьваюцца чырвоным пробліскам гарачага дыхання неўміручасці.

У канцы 1839 года Я. Грэбінка пазнаёміў Шаўчэнку з украінскім памешчыкам П. Мартасам, якому захацелася мець свой акварэльны партрэт. Падчас сеансаў П. Мартас убачыў рукапіс вершаў маладога мастака і вырашыў аплаціць выданне твораў Шаўчэнкі.

18 красавіка 1840 года ў Пецярбургу з’яўляецца на свет першы зборнік паэта пад назвай «Кабзар», рукапіс якога да друку падрыхтаваў Я. Грэбінка. У кнігу ўвайшло восем твораў: «Думи мої, думи мої…», «Перебендя», «Катерина», «Тополя», «Думка» («Нащо мені чорні брови…»), «До Основ’яненка», «Іван Підкова», «Тарасова ніч». Нягледзячы на цэнзуру і выкрэсліванні ў «Катерині», у вершы «До Основ’яненка» і паэме «Тарасова ніч», гэта была вялікая духоўная перамога паэта над маўчаннем, якое неміласэрнай перашкодай стаяла на шляху да творчага самаздзяйснення. Шаўчэнка стварыў кнігу – духоўнага ваяра, якому даверыў барацьбу за чалавечыя душы, здранцвелыя ў бяздзейнай адзіноце. Адпраўляў малады Шаўчэнка свае думы – «кветкі мае, дзеці!» – ва Украіну ў вобразе народнай кнігі, напісанай на мове свайго народа. Адпраўляў у надзеі-перакананні:

Стрэнеце там шчырасць сэрца

Са словам ласкавым,

Стрэнеце там шчырасць-праўду,

Яшчэ, можа, й славу…


Унутрана самотны паэт уяўляў сябе кабзаром, старым Перабендзяй, які спявае ў стэпе на кургане, сумуючы, што вецер па полі развее яго словы.

Каб людзі не слухалі Боскае слова,

Што сэрцу пра волю ад Бога гучыць,

І сэрца шчабеча Гасподнюю славу,

А думка на хмары па свеце ляціць.


Няма ў Шаўчэнкі ўпэўненасці ў тым, што ягонае слова запаліць у сэрцах людзей іскру сумненняў і разважанняў аб сваім нявольніцкім лёсе. У снежні 1844 года ён піша вершаванае пасланне Гогалю, якога не аддзяляў ад украінскага этнакультурнага арэала:

Каму ж яе пакажу я,

І хто тую мову

Прывітае і пазнае

Вялікае слова?

Людзі зглухлі і паніклі:

У ярмах – не ў лаўрах…

Ты смяешся, а я плачу,

Вялікі мой сябра.


Каб, у надзеі на даверную размову, бліжэй прыхінуцца да чытача, малады Шаўчэнка перадавярае свае думы «бяздольнаму старому кабзару», якога прывыклі слухаць па вёсках, верылі яго кобзе, яго думе. І сёння гэты стэрэатып успрымання Шаўчэнкі – у вобразе старога кабзара ў смушкавай шапцы, у цяжкім кажусе, змрочнага і сярдзітага гайдамацкага мсціўца, пераважае. А паэту было ўсяго дваццаць чатыры гады, калі ён напісаў «Кацярыну», «Гайдамакі» былі завершаны на 26-м годзе жыцця.

Гайдамаччына – гэта апошняе парыванне ўкраінскага народа атрымаць свабоду, гэта трагедыя даведзенага да роспачы прыгнечанага народа, які ў шалёнай празе помсты за здзек губляе маральныя засцярогі і не зважае на Божыя запаведзі. Шаўчэнка хваравіта перажывае гэты немы крык заняволенага народа, што выбухнуў гневам «за святую праўду-волю» і асудзіў сябе на шматгадовыя бязмежныя пакуты:

У старых спытаю:

«Чаго, бацькі, сумуеце?»

«Нявесела, сыне!

Дняпро на нас раззлаваўся,

Плача Украіна…»


Слова, якое толькі плача, у смутку і тузе калыша ўспаміны, а не акрыляе дух, не напаўняе чалавека і нацыю энергіяй самаздзяйснення, – для паэта мёртвае.

Шаўчэнкавае слова ўваскрашае гістарычныя падзеі, факты такімі эстэтычнымі сродкамі, каб спачатку разбурыць стэрэатыпы іх успрымання, а затым гэтую падзею або факт падаць у новай інтэрпрэтацыі. Для гэтага паэт пашырае карціну першапрычын і развіцця з’явы. Вымярэнні гісторыі, іх свядомае сутыкненне ў Шаўчэнкі накіраваныя на тварэнне цэласнага ўяўлення аб той ці іншай падзеі, з’яве, фігуры (Хмяльніцкі, разбурэнне Сечы, Калііўшчына). Асэнсоўваныя Шаўчэнкам падзеі нібы ахутваюцца духоўнай энергіяй унутранага ўгадвання-спазнання ім сапраўдных глыбінь і зместу гістарычных з’яў і працэсаў. Так, у паэме «Гайдамакі» паэт «паварочвае» падзеі мінулага трагічным бокам і пераасэнсоўвае ўражанні і «сведчанні» ўдзельнікаў Калііўшчыны. Ён перарывае плынь гістарычнага аповеду, каб, уплятаючы ў яе тканіну глыбокія аналогіі, асацыяцыі і ўласны ацэначны погляд, стварыць рухомую сістэму мастацкіх сувязяў, якая нараджае новыя ўспрыманні і ацэнкі.

Гайдамацкі «чырвоны баль» па ўсёй Украіне – для Шаўчэнкі не толькі справядлівая помста за прыгнёт і здзекі, але і глыбокая рана ў душы і свядомасці ўкраінскага народа. Яго трагедыя заключалася таксама ў супрацьстаянні праваслаўнай і ўніяцкай веры, у рэлігійнай раз’яднанасці этнічных украінцаў, якую ўсяляк узмацняла і культывавала польская шляхта. З глыбокім болем піша паэт пра жорсткае ліхалецце:

Не спыніла завіруха

Пякельнае кары…

. . . .

Пекла мала!.. Людзі, людзі!

Калі ж досыць будзе

Таго дабра, што маеце?

Дзіўныя ж вы, людзі!

Не спыніла вясна крыві,

Ні злосці людское…


Шаўчэнка славіць правадыроў свайго народа за іх ахвярнасць, мужнасць і сілу духу, за веру ў незалежную Украіну і адначасова папракае за разлад і неапраўданыя кампрамісы, за паражэнні, якія прывялі да нацыянальнага бяссілля, палітычнай пасіўнасці:

Гетманы, гетманы, калі ж бы вы ўсталі,

Калі б паглядзелі на той Чыгірын,

Што вы будавалі і дзе панавалі!

Заплакалі б цяжка, бо вы б не пазналі

Казацкае славы нікчэмных руін.


Паэт рыдае, успамінаючы «справы незабытыя дзядоў нашых». Гэта «цяжкія справы», бо пралівалі яны кроў сваю, свайго народа «за Маскву і Варшаву» і перадалі сынам «свае кайданы, сваю славу!».

Вялікія творчыя намеры маладога Шаўчэнкі і Шаўчэнкі-старэйшага, бязлітасна прыгнечанага шматгадовай няволяй, жывуць таксама на старонках яго вядомых на сёння пяці альбомаў – нататнікаў – «штамбухаў» для малюнкаў, эскізаў і запісаў. «Я малюю цяпер Украіну, – піша Шаўчэнка 29 чэрвеня 1844 года Восіпу Бадзянскаму. – …Намалюю краявіды, што ёсць ва Украіне, ці то гісторыяй, ці прыгажосцю адметныя; у другі раз – як сённяшні народ жыве, у трэці – як ён калісьці жыў і што вырабляў».

Пакінуць Пецярбург Шаўчэнка змог толькі ў траўні 1843 года, хоць мара ўбачыць Украіну ўзбуджвала яго творчае ўяўленне і нецярпліва зазывала ўзнавіць вобраз роднага краю ў серыі афортаў «Живописна Україна».

Ён просіць грашавітых людзей, тых, хто мае «і сілу і славу» і любіць «тую краіну, што я цяпер узяўся маляваць», дапамагаць яму. Шаўчэнка верыць, што калі «добрыя людзі скінуцца і дапамогуць, тады ажыве наша краіна хоць на паперы».

Планы мастака Шаўчэнкі велічныя і патрыятычныя: «Калі б мне Бог дапамог закончыць тое, што я цяпер пачаў, ужо тады склаў бы рукі і ў труну. Было б з мяне: не забыла б Украіна мяне мізэрнага», – піша ён у лісце да Міколы Цэртэлева 23 верасня 1844 года.

Ён спадзяецца наведаць роднае сяло Кірылаўку, бліжэй пазнаёміцца з культурнымі людзьмі Украіны, пабываць у сяброў – нашчадкаў казацкай старшыны Чарнігаўскай і Палтаўскай губерняў, убачыць новаствораны ўніверсітэт у Кіеве.

На Чарнігаўшчыне паэта-мастака чакаў Г. Тарноўскі – гаспадар знакамітай Качанаўкі, дзе была сабраная вельмі каштоўная бібліятэка і вялікая карцінная галерэя.

Прайшло пятнаццаць гадоў з таго часу, як ён пакінуў Украіну. Вярнуўся вольным чалавекам, знакамітым паэтам і жывапісцам. Канец вясны, усё лета і ўсю восень 1843 года Шаўчэнка правёў ва Украіне.

На Палтаўшчыне Шаўчэнка пабываў у прыяцеля і сябра па Пецярбургу Я. Грэбінкі – уладальніка хутара Убежышча, які прывёз маладога мастака і паэта на імянінны баль памешчыцы Т. Валхоўскай, які яна давала штогод у сваім маёнтку ў вёсцы Мойсеўка. Там, на гэтай штопаўгадавой сустрэчы-свяце тагачаснай эліты Украіны, Шаўчэнку сустракалі з захапленнем як нацыянальнага паэта. Там Шаўчэнка пазнаёміўся з такімі дзеячамі ўкраінскай літаратуры, навукі і мастацтва, як А. Афанасьеў-Чужбінскі, А. Капніст, М. Маркевіч, Я. дэ Бальмен, М. Башылаў, В. Закрэўскі, П. Лукашэвіч. У Мосеўцы ён сустрэў Ганну Закрэўскую – можа, найбольшае каханне ў яго жыцці.

Ва Украіну Шаўчэнка прывёз альбом, заснаваны ў Акадэміі мастацтваў. У ім і маляваў эскізы афортаў для «Живописної України».

Ва Украіне паэт напіша яшчэ адну паэму – рускамоўную «Тризну», якую прысвяціў князёўне Варвары Рапніной.

Тады ж, у годзе 1843-м, 9 кастрычніка, Шаўчэнка ў маёнтку П. Лукашэвіча ў Беразані напісаў верш «Розрита могила» – твор вялікага нацыянальна-патрыятычнага болю і спадзявання.

Пабываў Шаўчэнка на знакамітых «кантрактавых кірмашах» у Кіеве, наведаў першага рэктара новага ўніверсітэта М. Максімовіча, пазнаёміўся з П. Куляшом. Далей яго шлях праслаўся да Мяжыгорскага Спаса, на востраў Хорціцу.

Перажыванні ад убачанага і пачутага ва Украіне былі эмацыйна глыбокімі і спарадзілі такія паэтычныя шэдэўры, як «Чигрине, Чигрине…», паэмы «Сон» («У кожного своя доля…») і «Сова». У разлуцы з Украінай, на чужыне, яна згадвалася яму ў настальгічнарамантычных фарбах. Цяпер жа, убачыўшы сумную рэальнасць, ён больш цвяроза асэнсоўвае яе сацыяльныя і нацыянальныя беды; у яго паэзіі мацнеюць выкрывальныя і сатырычныя матывы; антыпрыгонны, антыманархічны і антыкаланізатарскі пафас яго паэзіі дасягае вышынь вострых інвектыў, сатырычных экспрэсій і балесных перажыванняў.

Другі раз прыехаў Тарас Шаўчэнка ва Украіну ў красавіку 1845 года. Адправіўся ён у родны край як «вольны мастак» ад Акадэміі мастацтваў, падарожнічаў па Украіне з паўнамоцтвамі супрацоўніка Кіеўскай археаграфічнай камісіі, і яго дарогі праляглі ў Берасцечка, Астрог, Луцк, Крэмянец і Пачаеўскі манастыр, на Палтаўшчыну і на Падолле, у Нежын і ў Пераяслаў…

Якія гэта былі творча плённыя, натхнёныя месяцы і гады! Пэндзаль і аловак вабяць творчае ўяўленне Шаўчэнкі з не менш неміласэрным запалам, чым вобразнае слова.

Альбомы Шаўчэнкі маюць розны лёс – пра адны вядома больш, пра іншыя – менш, некаторыя патрапілі да прыватных асоб, іншыя – да паліцэйскіх архіваў. Апошнія былі вызваленыя з-пад арышту толькі ў 1906 годзе па хадайніцтве сенатара А. Маркевіча – сына гісторыка М. Маркевіча.

Шаўчэнкавы альбомы – суцэльныя мастацка-літаратурныя сведчанні творчага жыцця мастака, паэта, якія выяўляюць яго цікавасць да гісторыі, этнаграфіі, археалогіі, фальклору, краязнаўства. Гэта ўнікальная скарбніца, якая захоўвае невычэрпныя магчымасці для пазнання жыццёвага і творчага лёсу Шаўчэнкі, яго мастацкіх задумаў і прывабаў, захапленняў і інтарэсаў, надзей і жаданняў, яго нерэалізаваных імкненняў, якія былі так жорстка абарваныя і не адкрылі цалкам каласальных магчымасцяў духоўнай рэалізацыі нацыянальнага генія.

З асаблівай яркасцю паказалі гэтыя магчымасці кастрычнік— снежань 1845 года, калі былі напісаныя пятнаццаць надзвычай эмацыйных, палітычна вострых твораў.

19 снежня 1845 года ва Уюнішчы пад Пераяславам, гасцюючы ў прыяцеля Сцяпана Самойлава і раскашуючы сярод кніг яго багатай бібліятэкі, Шаўчэнка завяршыў паэтычны цыкл «Давидові псалми».

Вялікі сімвалічны сэнс тоіцца ў звароце Шаўчэнкі да гэтых песень, якія, па Бібліі, пастух Давід пачаў складаць і выконваць пад акампанемент псалтыры – струннага музычнага інструмента.

Аб чым думаў малады Шаўчэнка, перачытваючы ва Уюнішчы Псалтыр, які ён ведаў з дзяцінства, па якім вучыўся грамаце, які чытаў над памерлымі? Чаму менавіта гэтыя, а не іншыя (а іх у Бібліі 150, з іх 73 належаць Давіду) песні Шаўчэнка абраў для перакладу? Старажытны горад Ерусалім сімвалізуе ў Шаўчэнкі Украіну, якую ён ніколі не забудзе на чужыне. А сваю цярністую Галгофу ён прадчувае, прадугледжвае.

І калі цябе забуду,

О Ерусаліме,

Забыт буду, пакінуты

Ў рабстве на чужыне.

І язык мой анямее,

Высахне, рухавы,

Як забуду памянуць я

Цябе, наша слава.


Нацыянальная слава, веліч і хрысціянская вера хвалююць маладога паэта, і дзеля адраджэння гэтай славы і веры, дзеля адраджэння Украіны звяртае ён надзею да Бога.

Неяк Бог нам верне волю,

Разаб’е няволю,


– верыць Шаўчэнка, але калі? На каго спадзявацца? На аднаго толькі Бога? Духоўна знясілены, дэмаралізаваны народ чакае прарочага знака ад Бога, яго блаславення на вызваленне. І паэт, як і біблейскі Давід, літаральна патрабуе:

…Дзей, Божа,

Годзе Табе спаці,

Нашых горкіх слёз не бачыць,

Боль наш забываці!


Кангеніяльна ўзнаўляючы пафас Давідавых псалмоў, Шаўчэнка запытальна размаўляе з Усявышнім, заклікае яго звярнуць свой погляд на прыгнечаны народ, які не адчувае сіл, каб падняцца з каленяў і атрымаць свабоду.

Скарылася душа наша,

Ліха ў нашых хатах!

Устань, Божа, памажы нам

Зноў паўстаць на ката.


Завяршаецца цыкл псалмом 149-м – своеасаблівым гімнам радасці, выкліканай вызваленнем з Вавілонскага палону. Персідскі цар Кір у 538 г. да н. э., заваяваўшы Вавілон, дазволіў габрэям вярнуцца на родную зямлю. Яны вярнуліся, каб аднавіць уласную дзяржаву і адрадзіць сваю веру.

Псалом новы Ўсявышняму

І новую славу

Апяём святым саборам,

Сэрцам свята справім…


Пісаў Шаўчэнка «Давідавы псалмы» хворы. Творчае напружанне, эмацыйнае натхненне і страсць былі такімі моцнымі, так псіхалагічна вычарпалі маладога паэта, што ён за наступны, 1846 год напісаў толькі тры творы: «За що ми любимо Богдана?..», «Лілею» і «Русалку».

За чатыры дні да завяршэння «Давідавых псалмоў», а менавіта – 14 снежня, Шаўчэнка звернецца да ўсіх украінцаў з горкімі словаміперасцярогамі ў пасланні «І мертвим, і живим, і ненародженим…»:

Другой не знойдзеш Украіны,

Няма другога і Дняпра…


Дзе пачуццё нацыянальнага гонару і гордасці, пытаецца паэт, дзе павага і любоў да роднай культуры, мовы, звычаяў у тых землякоў, якія «кайданамі мяняюцца, Праўдаю гандлююць. І Госпадам пагарджаюць», «аруць ліха. Ліхам засяваюць», хлусні пакланяюцца?

І хіліцеся, як заўсёды!

І зноўку шкуру дзераце

З братоў-аратых, недарэкаў…


Абурэнне і гнеў Шаўчэнкі накіраваны супраць тых, хто здрадзіў Украіне, заразіўся «крывадушнасцю» для ўласнага ўзбагачэння. Паэт заклікае:

Спахапіцеся, вар’яты,

Юродзівых дзеці!

Паглядзіце на рай змяты,

На сваю краіну,

Палюбіце чыстым сэрцам

Збітую руіну,

Раскуйцеся, братайцеся…


21 снежня таго ж 1845 года Шаўчэнка піша верш «Маленькій Мар’яні» – журботна-пяшчотнае любаванне прыгажосцю, на якую глядзяць прагавітыя вочы. 22 снежня з’яўляюцца «Три літа» – паэзія вялікага болю і вялікага расчаравання ў людзях.

Вакол мяне, дзе ні гляну,

Не людзі – змяюкі…

І засохлі мае слёзы,

Слёзы маёй мукі.

Зараз я разбітае

Сэрца ядам мыю,

І не плачу, й не спяваю,

А савою выю.


Між тым паэта напаткала цяжкая хвароба, і яго перавозяць у Пераяслаў, пад апеку лекара і выкладчыка медыцыны ў мясцовай семінарыі А. Казачкоўскага. Адчуваючы пагрозу смерці, паэт запісвае на лісце паперы словы свайго «Запавета». Але ў шаснаццатым радку яго рука спыняецца на імгненне – напэўна, нялёгка было Шаўчэнку выказаць: «…а датуль я Не ведаю Бога».

Пакуль не з’явілася сям’я вялікая ўкраінская, сям’я вольная, новая, датуль паэт не бачыць Божай праўды і не гатовы паўстаць перад Богам, яго душа павінна заставацца на зямлі, быць сярод сваіх людзей, несці цяжкую эпітым’ю за зло і няволю.

Шаўчэнка то цярпліва, то дзёрзка гаворыць з Богам, то просячы, то патрабуючы адказу. Гэтыя адказы выспяваюць у яго свядомасці, і паэт адважваецца сказаць Госпаду ўсё. Усё, што вымучвае яго сумленне, што выпякае душу сорамам за пагарджаны ўкраінскі народ, што абуджае яго перажыванні, налівае гневам яго пачуцці, кліча яго на барацьбу з тым татальным злом, якое накрыла яго Украіну. Гэта – не богазнявага, не, гэта – шчырасць і пафас біблейскіх прарокаў.

На шчасце, паэт ачуняў. Шаўчэнка ў пачатку 1846 года канчаткова завяршае альбом сваіх твораў.

23 паэтычныя творы за тры гады – 1843, 1844, 1845 – заносіць ён у рукапісны зборнік і дае яму назву «Три літа». Адкрывае любоўна створаны альбом верш «Чигрине, Чигрине…», напісаны 19 лютага 1844 года, а завяршае «Заповіт» ад 25 снежня 1845 года.

«Розрита могила» пачынаецца пытальнай інвектывай:

Ціхі свеце, мілы краю,

Мая Украіна,

За што цябе разбурылі,

За што, маці, гінеш?

Ці аб шчасці да світання

Бога не маліла,

Ці ты дзетачак прыстойным

Звычкам не вучыла?


Цяжкая хвароба ў канцы 1845 года і велізарнае псіхаэмацыйнае ўзрушэнне, выкліканае прадчуваннем смерці, схілілі Шаўчэнку да канчатковага выбару свайго лёсу. Ён бачыў сябе нацыянальным паэтам, духоўным правадыром свайго народа. Пра гэта сведчыць і аўтапартрэт – шарж на адваротным баку малюнка Ераміі, а на старонцы трэцяй, пасля старонкі другой з загалоўкам, паэт падае эпіграф са Старога Запавету на царкоўнаславянскай мове пад назвай «Молитва Ієремії пророка».

Што сімвалізуе Ерамія і за што моліцца ён у Шаўчэнкі, над чым яго плач?

Пакліканне прарока – будзіць закалыханы няволяй дух свайго народа, абуджаць яго свядомасць і весці яго за сабою праз церні выпрабаванняў для набыцця свабоды і нацыянальнай годнасці. Ерамія плача над лёсам габрэяў, якія трапілі за грахі бацькоў у няволю да сваіх былых рабоў. Князёў іхніх пакаралі смерцю, старэйшыны не ў пашане, моладзь знемагае на рабскай працы, а паэты-прарокі нямеюць. Цалкам выразная аналогія з Украінай, відавочная праекцыя вобраза біблейскага Ераміі на сваё як паэта і духоўнага правадыра нацыі пакліканне.

Складаючы «Три літа» – гэты своеасаблівы дыялог з Богам пра Украіну, пра ўкраінскага чалавека, – Тарас Шаўчэнка бачыў свой лёс як нацыянальнага прарока, адказнага за вывад з «егіпецкага палону» роднага народа нават коштам уласнага фізічнага быцця.

Паэту трыццаць адзін год, а ён хваравіта перажывае няўмольны лёт часу і баіцца «заснуць навекі», не пакінуўшы за сабой следу. Але яго болей палохае сон на волі, чым кайданы і смерць у няволі, таму ён моліць у Бога хоць злога лёсу, калі не заслужыў лёсу добрага:

Як добрага шкада, Божа,

Дай хоць злога! злога!


Яго болі і перажыванні – ад крыўды, нанесенай Украіне, ад няшчасцяў свайго народа, нацыянальнай варожасці і заняпаду нацыянальнай душы.

Дазмагалася Ўкраіна

Да самога краю.

Горш за ляхаў свае дзеці

Яе распінаюць.


Малады Шаўчэнка перасцерагае ад братазабойчай варожасці, ад асляплення сумнеўнай славай, здабытай на полі крывавай помсты, бо кроў спараджае кроў, зайздрасць выклікае гвалт, гістарычнае забыццё прыводзіць да паўтарэння горкіх здрад і нацыянальных паражэнняў.

Перасцярога – важная для Шаўчэнкі місія. Місія яго слова, яго «агню святога». Паэт бязлітасна аспрэчвае размежаванне нацыянальных сіл пад спакуслівы бляск лёгкай нажывы, асуджае грэшнае забыццё мінулых і цяперашніх чалавечых пакут, выклікае Божую кару на галовы тых, хто далей гатовы хадзіць у ярме, хто і далей распінае малодшага брата, імкнецца аддаць свой народ «на здзек суседзям».

Хваравітае рэагаванне Шаўчэнкі на трагічныя гістарычныя падзеі мела жыватворную мэту: праз суперажыванне мінулага, праз драматычныя раны – да абуджэння нацыянальнай свядомасці, да маральнага ачышчэння, аздараўлення духу. Таму, лічыць ён, віну за рабства і спусташэнне варта бачыць перш за ўсё ва ўласных палітычных памылках, у перараджэнні ўкраінскай душы, у спрэчках, янычарстве, у здрадзе роднай нацыі, свайму народу.

Шаўчэнкавае слова вярталася ва Украіну для таго, каб абудзіць прыспаны нявольніцтвам дух, усяліць у свядомасць народа веру ў лепшы дзень, падняць нацыю на самаздзяйсненне, запаліць энергіяй тварэнне новага лёсу.

Ніколі і ні ў чым Шаўчэнка не ўзвышаў свой народ над іншымі, наогул не шукаў у ім рыс, уласцівых толькі яму і больш нікому. Ён быў не проста чалавекам, быў праўдзівым Чалавекам у прамым сэнсе гэтага слова, – пры тым, што быў сынам свайго часу і свайго народа, падзяляў іх недахопы ў дробным, але ў вялікім ішоў на шмат гадоў наперадзе, пра некаторыя рэчы мог сказаць так, як мы сёння не выказаліся б, – але гэта таму, што быў ён чалавекам праўды і не прыстасоўваўся да ідэальных уяўленняў, нават уласных. Не меў патрэбы ні цягнуцца да народа, ні нагінацца да яго, ні «дыялектычна» спалучаць адно з адным, як гэта даводзілася рабіць многім і многім людзям, выдатным, сумленным, але пастаўленым лёсам на вялікай і часта непераходнай адлегласці ад народа. Для яго народ не быў тэарэтычнай праблемай, ні нават шуканай кропкай апоры. Ён сам быў народ, таму што жыў яго жыццём і паняццямі.

Гэта быў менавіта лёс, гэта значыць болей, чым нават поўнае прысвячэнне сябе служэнню роднаму народу. Адсюль, з аднаго боку, гнеўнае бічаванне сацыяльнай несправядлівасці, жыццёвай няпраўды, з другога – гарачае слова пра гераічныя моманты нацыянальнай гісторыі, звязаныя з барацьбой за свабоду, пра пераможны дух народа, – але не для яго ідэалізацыі і самалюбавання і пыхі, а з мэтай абудзіць прыспаную нацыянальную свядомасць і дух народа. Адсюль – спалучэнне ідэі нацыянальнага вызвалення і развіцця з сацыяльным пераваротам і перабудовай, атаясамленне айчыны і яе лёсу з працоўным народам і яго лёсам; брацкія пачуцці да ўсіх іншых народаў, акрамя каланізатарскіх элементаў у іх; сумленны інтэрнацыяналізм, які ведае свой абавязак перад агульначалавечай сям’ёй народаў, аднак мае мужнасць і гэтай сям’і народаў нагадаць пра яе агульначалавечы абавязак перад сваёй пакрыўджанай нацыяй, без раўнапраўнага сцвярджэння якой свет будзе няпоўны і несправядлівы, такім чынам, не будзе мець апраўдання перад сумленнем і розумам.

Таму – пякельныя пакуты душы за крыўды сваёй айчыны, якія не спыняюцца ні на хвіліну, балючае перажыванне гістарычнай несправядлівасці і разнастайнай тупой пагодненасці з ёй, тытанізм уступання ў барацьбу з усімі варожымі сіламі, нават з самім Богам за свой родны народ, чэрпанне сілы ў бяздольным працоўным людзе і парыванне падняць яго да новага жыцця, да бою…

Вялікая любоў ускладае вялікія абавязкі і дае вялікія правы. І той, у каго цяжкія пакуты душы нарадзілі словы гарачай любові да сваёй шматпакутнай айчыны, той меў права казаць ёй і горкія словы болю, гневу і сораму. Бо адна толькі любоў, адны толькі словы любові – не былі бы праўдай і да праўды не давялі б. А ён быў прызваны сказаць «святую праўду на зямлі», тое новае слова, той «новы голас», пра які ён маліў «святую праведную маці»:

Пашлі Ты мне святое слова,

Святое праўды голас новы!

І слова розумам жывым

І прасвятлі, і ажыві!


Гэтае вогненнае слова Шаўчэнка явіў з Украіны, і яно было адначасова словам любові да Украіны, словам нянавісці да яе ворагаў, словам нецярпімасці і гневу супраць «злозачатых», недастойных сыноў самой Украіны. Гэтае вялікае трыадзінае слова Шаўчэнкі ва Украіне «свяцілася», жыло і памнажалася ў сэрцы народа, яно памнажалася і разрасталася ў словах спадчыннікаў Шаўчэнкавага духу – Івана Франко, Лесі Украінкі, Вольгі Кабылянскай і яшчэ шмат-шмат каго…

Тут – аб адным складніку гэтага «трыадзінага» слова. Шаўчэнка – творца ва ўкраінскай літаратуры, у духоўным жыцці Украіны таго магутнага і бязлітаснага духу нацыянальнай «самакрытыкі», што заўсёды быў патрэбай і ўмовай вялікага сацыяльнага і нацыянальнага руху, усякага вялікага нацыянальнага адраджэння і спаборніцтва, – і які з тых часоў ва ўкраінскай літаратуры гучаў пільна і востра, стаўшы адным з вядучых яе матываў (успомнім матывы нацыянальнай «ганьбы» ў Лесі Украінкі, «здрады» ў Вольгі Кабылянскай, успомнім знакамітае Франковае: «…ад сораму, які нашчадкаў позніх будзе паліць, заснуць я не магу»).

Такія матывы знаёмыя многім літаратурам свету, асабліва літаратурам народаў, якія падвергліся нацыянальнаму прыгнёту, катастрофе ці заняпаду і ўзяліся за вялікую гістарычную справу нацыянальнага адраджэння.

Выразныя аналогіі знойдзем у творчасці Беранжэ, Гюго, у Лесінга, Гейне, Зейме, іншых нямецкіх паэтаў-дэмакратаў першай паловы XІX ст.; у Герцэна, Чарнышэўскага, Салтыкова-Шчадрына, В. Курачкіна, а асабліва – у паэтаў нацыянальна-вызваленчай барацьбы: Міцкевіча, Пецёфі, Хрыста Боцева, Хасэ Марці… Можна спаслацца і на высокую хвалю нацыянальнай самакрытыкі ў французскай літаратуры канца XІX ст. (у прыватнасці, Рамэна Ралана) пад уплывам паразы ў франка-прускай вайне 1870 года і выкліканай ёю нацыянальнай дэпрэсіі (а наколькі цяжэйшай была гістарычная катастрофа Украіны!). Ва ўсіх гэтых пісьменнікаў знойдзем нямала амаль даслоўных пераклічак з нашымі Шаўчэнкам, Франко, Лесяй Украінкай. І гэта не выпадкова: супастаўляльныя абставіны даюць супастаўляльныя наступствы.

Але адначасова Шаўчэнка вельмі спецыфічны ў характары і амаль недасяжны ў энергіі бічавання «ўласнага» панства, псеўдапатрыятызму, рабства, лакейства, халуйства, заспанасці, ленасці, страты традыцый гераічнай барацьбы за свабоду. Тут у яго ёсць моманты глыбокай унутранай супольнасці з вялікімі паэтамі нацыянальных адраджэнняў шэрагу іншых народаў Расійскай імперыі.

Паэзія Шаўчэнкі спараджала нацыянальны сорам няўтольным бічаваннем перабежніцтва і маўклівага рабства, будзіла нацыянальны гонар слаўнымі гістарычнымі ўспамінамі і адкрыццямі любові, а гэты гонар, кожны раз падвяргаючыся смяротным крыўдам зневажальнай рэчаіснасці, зноў вярэдзіў сорам. Так пастаянна жывілі адно аднаго, адно ў іншае пералівалася і адно другое памнажалі – сорам і гонар, любоў і нянавісць, вера і безнадзейнасць. Гэтае цяжкае змаганне і пакутлівае ўзаемаапладатварэнне супярэчных пачуццяў, гэтыя жывыя згусткі болю і пакуты – з малавядомай у сусветнай паэзіі сілай выліваліся ў пасланні «І мертвим, і живим…», вершах «Чигрине, Чигрине…», «Юродивий», «Осія. Глава XІV. Подражаніє» і многіх іншых.

Паэт нібы свядома развярэджваў нацыянальны сорам: ім, як і нацыянальным гонарам, нацыянальнымі ўспамінамі, ён быццам бы хацеў перарадзіць цэлую нацыю, змяніць яе гістарычны лёс. Як вялікі падзвіжнік, ён прымае на самога сябе яе грахі і нягоднасці, заклікае сябе за іх да адказнасці, караецца за тое, у чым не вінаваты, кажа «мы» там, дзе мог і павінен быў бы сказаць «вы»!

Зразумела, па-рознаму гаварыў Шаўчэнка пра рабоў несвабодных, рабоў па слепаце, «рабоў рабоў» (яго вобраз) – і пра рабоў самаахвярных, рабоў шчырых, рабоў старанных і пільнуючых у сваім рабстве, рабоў па прывілеяванаму становішчу, рабоў па панству. Першым ён то спачуваў, то папракаў, а на другіх наклікаў лютыя пакаранні.

З непамернага сораму і болю за ўсіх нараджалася і «вялізнае» (Франко) слова за ўсіх. Яно было ў рост з той гістарычнай місіяй, якую Шаўчэнка свядома на яго ўсклаў: выкаваць да «старога плуга» «новы нарог і разец», «распароць дрэннае, гнілое сэрца, цяжкае» сваёй нацыі – «выцадзіць сукравіцу» і наліць «жывой казацкай той крыві, чыстае, святое!». Менавіта такі нацыянальна-ратаўнічы сэнс маюць бясконцыя бічаванні «няверных дзяцей» Украіны, іх «крывадушнасці і здрады», часта перарастаюць у апантаныя праклёны цэлай нацыі, «грахоўнай вантробы» Украіны.

У Шаўчэнкі было дзве Украіны: Украіна як вечны пачатак і Украіна як гістарычны момант. Украіна-маці і Украіна-прыблуда. Украіна бязгрэшная і Украіна «разбэшчаная». Украіна «рыцараў» і Украіна «рабоў, падножак». Гэтую другую, гістарычна знявечаную і гістарычна недаўгавечную Украіну яму даводзілася лаяць і праклінаць дзеля першай, Украіны гістарычна вечнай.

Ці мог Шаўчэнка дакараць акрамя ўкраінскага пана яшчэ й украінскага казака, ці мог пабіваць і праклінаць проста ўкраінца як рэпрэзентанта нацыі? Прачытайма містэрыю «Великий льох» ці верш «П. С.»:

…Людзі, людзі!

За скрыль гнілое каўбасы

У вас хоць маці папрасі,

Дык аддасце. Яно б нічога,

Калі – пра п’яніцу якога…

Балюча, крыўдна за людзей,

За тых юродзівых дзяцей!


Прачытайма яго палымяныя сатыры пра «цароў», цэлы цыкл высокага ідэйнага напружання твораў, галоўны матыў якіх: людзі самі сваім рабствам «заслужылі» сабе «цароў» і церпяць іх праз сваю подласць:

О людзі! Людзі-небаракі!

Нашто здаліся вам цары?

Нашто здаліся вам псары?

Усё ж вы людзі, не сабакі!


Тут ужо нацыянальная «самакрытыка» вырастае ў «крытыку» чалавецтва, а «нацыянальны сорам» уваходзіць у «агульначалавечы сорам».

Бязлітасны крытычны перагляд нацыянальнай гісторыі – адзін з галоўных матываў паэзіі Шаўчэнкі. Але адначасова Шаўчэнка падносіў сапраўды гераічныя старонкі ўкраінскай гісторыі і абараняў іх ад фальсіфікацыі, прэтэнзій і замахаў ворагаў, асабліва царызму, які спрадвечна ўкраінскае аб’яўляў сваім.

Любоў да айчыны ў Шаўчэнкі не сляпая і фанатычна дагодлівая, а відушчая і няўмольная; гэтая любоў не зацалоўвала раны і язвы, а выпальвала іх. Гэтая любоў была вольная ад часта ўласцівага рэпрэзентантам прыгнечаных, пакрыўджаных нацый кепскага тону прыліпчывасці, паддобрывання, клянчання і спецыфічнай занудлівасці беднага сваяка або «непрызнанага генія». Не, гэта была тая любоў, якая замацоўвала тон і пачуццё ўласнай годнасці. А чым вышэйшай і змястоўнейшай станавілася гэтая годнасць, тым больш драматычныя перажыванні адкрывала яна, бо ўсюды натыкалася на абразы і сустракала прыніжэнні; тым больш гнеўна абуралася яна сваімі супляменнікамі, бо бачыла іх неадчувальнасць да гонару, іх прыцярпеласць да знявагі; тым больш ненармальным і неверагодным, ганебна вар’яцкім выяўляўся агульнапрыняты «нармальны» парадак рэчаў, бо здаровы сэнс абывацеля-раба Шаўчэнка ўспрымаў як найподлую бязглуздзіцу, – і тым больш востра пякла яго туга па «вар’яцтву» высакароднасці, годнасці і гонару, «вар’яцтву» подзвігу, гэтая вечна надзённая туга («Юродивий»).

Вось чаму Шаўчэнка ў гісторыі свайго народа знаходзіў і ўслаўляў святое «вар’яцтва» подзвігу і сам ім быў. І сам увасабляў у сабе невыкараняльную творчую сілу свайго народа, само існаванне якога насуперак усім прароцтвам і прадпісанням і было тым «вар’яцтвам» гістарычнага подзвігу.

Вось чаму вера ва Украіну «аднаўлялася», як «аднаўлялася» ў простым людзе і сама не раз пахаваная, пакінутая панска-інтэлігенцкай «красою нацыі» Украіна.

Вось чаму, пры надзвычайнай драматычнай складанасці вобраза айчыны ў Шаўчэнкі, у якім супрацьборнічаюць такія палярныя і цяжкія эмоцыі і рэфлексіі, – гэты вобраз з’яўляецца адназначным, святым.

Пра Шаўчэнку не раз гаварылася, што ён адзін выратаваў цэлую нацыю. Тут трэба перасцерагчы ад занадта літаральнага і прамалінейнага разумення гэтай формулы. Шаўчэнка спарадзіў і высунуў для справы свайго вызвалення сам украінскі народ; такім чынам, ім ён сам сябе ратаваў, уласнымі сіламі, не за кошт чыёйсьці ласкі або збегу гістарычных абставін. Вядома ж, ва Украіне і да Шаўчэнкі была жывая палітычная думка, захоўвалася і заваёўвалася гістарычная традыцыя, тлеў, а часам і ўспыхваў ярка і грозна бунтарскі дух народа, адраджалася новая нацыянальная літаратура – усё гэта і стварыла самога Шаўчэнку; але менавіта ён скандэнсаваў у сабе гэтыя разрозненыя элементы гістарычнай самасвядомасці народа, праявы яго душы, шматразова памножыў іх моц і праметэеўскім факелам напісаў агнявыя скрыжалі свайму народу. Вялі ж яго не ганарыстасць і не фанабэрыстае месіянства, а справядлівасць і любоў:

Я Украіну так люблю,

Люблю я так яе, нябогу,

Што пракляну святога Бога,

Душу за родную згублю!


Вось што тут самае галоўнае, вось у чым разгадка і болю, і любові, і багаборніцтва: «люблю я так яе [Украіну], нябогу». Тут, наогул, грань паміж любоўю да народа і самаўзвялічаннем у народзе, паміж патрыятызмам і вялікадзяржаўніцкімі або баганоснымі прэтэнзіямі, для якіх народ з’яўляецца толькі прыладай, а не мэтай.

Гэтая любоў давала Шаўчэнку права не верыць панскай любові да народа, давала натхненне бязлітасна выкрываць панскую красамоўнасць. Адзін з найашаламляльных матываў усёй паэзіі Шаўчэнкі – пастаяннае і неадступнае выкрыццё фальшу панскага народалюбства, «браталюбнай» фразеалогіі вялікіх і малых паноў, не падмацаванай рэальнасцю іх жыцця, іхняй сацыяльнай практыкі:

Вы любіце на брату

Не душу, а шкуру!

Дый лупіце па законе…


Вельмі «недалікатныя», вельмі «грубыя» словы казаў Шаўчэнка лагодным красамоўцам браталюбства… Але, відаць жа, нездарма казаў. Відаць, вялікае пашырэнне атрымалі спробы падмануць народ той самай «любоўю», спробы схавацца за ёй ад сумленнага сацыяльнага разліку; відаць, па меры наспявання і абвастрэння крызісу прыгону многія з «высакародна думаючых» уладальнікаў жывых душ спадзяваліся патапіць у рыторыцы пытанне аб рэальным вызваленні сялян. І сапраўды, нават самы агульны погляд на сацыяльна-палітычную барацьбу вакол прыгонніцтва і яго адмены паказвае, наколькі празорліва бачыў Шаўчэнка вялікую небяспеку ў кручкатворстве і словаблудстве ліберальнага дваранства, у яго палітычных манеўрах, накіраваных на тое, каб сумясціць высакароднасць поглядаў з добрымі даходамі ад маёнткаў, а пазней – «вызваленне» сялян з захаванасцю даходаў і сваіх класавых пазіцый і прывілеяў…

Таму цалкам заканамерна, што прыгон, паншчына – адна з галоўных тэм паэзіі Шаўчэнкі. Таму што запрыгоньванне, як і звязаны з ім нацыянальны прыгнёт, – самая вялікая бяда яго народа.

У 40-я і 50-я гады XІX стагоддзя ва ўсёй Расіі не было другога паэта, які так бескампрамісна, паслядоўна і смела кляйміў бы прыгоннае права і прыгоннікаў, паказваў увесь жах панскіх здзекаў з сялянства, усю нялюдскасць сістэмы ўласнасці на людзей.

Для Шаўчэнкі свет падзяліўся напалову: па адзін бок тыя «сіраціны», з якіх «залапленую світку… са шкурай здымаюць», а па другі – паны… «У срэбры і злаце, Як кабаны тоўстыя, ды яшчэ пузацей». Страшная карціна панскіх зладзействаў паўставала перад яго вачамі, прасветленымі вялікай любоўю да народа, умудронымі прыналежнасцю да ніжэйшых нізоў гэтага народа, вывастранымі суровай навукай – асабістым прыгонніцкім вопытам.

З усёй панскай пароды найагідным Шаўчэнку быў той тып пана, што «вальнадумнічае ў карчме» з мужыкамі. Не таму, вядома, што вальнадумнічае, і не таму, што ў карчме, і не таму, што з мужыкамі. А таму, што разумее па-аднаму, а робіць па-другому. Таму што мала яму драць шкуру з «братоў-аратых, недарэкаў», а трэба яшчэ пры гэтым і падмануць іх сваім «браталюбствам», прытупіць, прыспаць іхні натуральны недавер і варожасць да пана.

Сам жа Шаўчэнка, у пачатку 40-х гадоў перажыўшы кароткі перыяд надзеі на тое, што гарачым словам ісціны пашанцуе пераканаць «землякоў» пэўнага роду «абняць малодшага брата» (дарэчы, заклік не выпадковы, вельмі характэрны для таго часу і, магчыма, навеяны ідэямі і фразеалогіяй славянафільства), – перажыўшы гэтыя кароткачасовыя ілюзіі, больш ніколі не вяртаўся да іх, не верыў у прымірэнне паноў і сялян, узаемную згоду паміж імі, цвёрда зыходзіў з таго, што шчаслівае жыццё сялянства магчыма было б толькі тады,

Калі б не засталося

І следу панскага ва Ўкрайне.


Шаўчэнка некалькі дзён не дажыў да апублікавання маніфесту аб вызваленні сялян. Але, вядома, чуў пра яго, чакаў яго. Мабыць, ён бы і парадаваў яго: усё ж такі воля, – і засмуціў: не тая воля! Зрэшты, не будзем гадаць. Ведаем толькі, што ён думаў так, як народ, – значыць, і паставіўся б па-народнаму.

Яшчэ ў сярэдзіне 40-х гадоў, у той час, калі значная частка, калі не большасць, свабодалюбных грамадзян Расійскай імперыі не магла яшчэ казаць пра «Гасудара», «Айца», «Правадыра Рускага народа» без вернападданага «ўздрыгу» і «глыбокай павагі», – Шаўчэнка зрабіў цара і царыцу аб’ектам камедыі («Сон») і сказаў у адрас рускіх цароў страшныя, неймаверныя тады словы: «Каты! каты! людаеды!». Сёння нам нават цяжка ўявіць усю меру бясстрашнасці такога меркавання, такіх слоў для таго часу. Як і тую палітычную мудрасць, якая была для гэтага патрэбна.

У той час, калі Пётр І і Кацярына ІІ былі амаль кананізаванымі святымі Расійскай імперыі, самымі вялікімі святынямі імперскага іканастаса («Паллада русская – бессмертная матерь отечества Екатерина… Отец отечества Петр…»[10]), – Шаўчэнка кінуў у вочы і іх духоўным нашчадкам, і расійска-ўкраінскім казённым патрыётам словы несмяротнай праўды:

Ён той первый, што распінаў

Нашу Украіну,

А вторая даканала

Ўдаву-сіраціну.


Каб зразумець іхнюю ашаламляльную смеласць і выкрывальную сілу, трэба ўлічваць гістарычны кантэкст, ідэалагічную атмасферу, славесна-стылістычны «этыкет» эпохі, нават яе моўныя стэрэатыпы. Даследнікі ўжо звярталі ўвагу на тое, як паслядоўна Шаўчэнка, парадзіруючы і «выварочваючы» прапагандысцкія штампы царызму, абвяргаў яго асноўныя ідэалагічныя формулы, а не толькі жаргон палітычнага побыту. Вось яшчэ адзін прыклад. Любімым вобразам, да якога абавязкова звярталіся пад найпатэтычную хвалю ўсе, хто хацеў прывабна ўславіць цара, быў вобраз бясконцасці яго ўладанняў і ўсёпранікальнасці яго нядрэмнага вока.

Праўдзівую цану патэтычнай рыторыцы вызначыў Шаўчэнкаў бязлітасны сарказм:

У нас жа й месца – ёсць дзе жыць —

Адна сібірская раўніна…

А турмаў! люду!.. Што й лічыць!

Ад малдаваніна да фіна

На мовах ўсіх усё маўчыць,

Бо працвітае ўсё!


З тых часоў Шаўчэнка не мінае, здаецца, ніводнай нагоды, каб выказаць свой гнеў да «каранаваных катаў», сваю пагарду і кпіны. Знаходзіць найзнішчальныя, найздзеклівыя словы для іх, і не задавальняецца, і шукае зноў і зноў. Уражвае шырачэнны, бяспрыкладны ва ўсёй сусветнай паэзіі (акрамя, хіба што, біблейскіх псалмоў і прароцтваў) ідэйна-эмацыйны дыяпазон негатывацыі – ад гневу («Бязбожны цару! творца зла! Прыгнётчык праўды несусветны! Што натварыў ты на зямлі!..», «Глядзіце ж, маці, што ўгары! Што робяць ірады цары!») да агіды («Ратуй ты нас… ад п’янага цара-уладара!»), ад здзеклівай знявагі («Плач вялікі заместа львінага рыкання пачуюць людзі. І той плач, Нікчэмны, доўгі і благі, Паміж людзьмі за прытчу стане, Самадзяржаўны гэты плач») – да пагардлівай прыкрасці («Аж вось шатан цара нясе») або гідлівага шкадавання нікчэмніка, для якога не існуе вечных радасцяў жыцця і фарбаў свету і які толькі й думае, «які б ланцуг яшчэ скаваць».

Што асабліва характэрна для Шаўчэнкі, дык гэта той непараўнальны грэблівы тон гаворкі пра цара, які сустрэнем яшчэ хіба ў Беранжэ і ў Пецёфі, – але тыя пісалі пра сваіх каралёў у рэвалюцыйны час, калі народ скідаў іх ці збіраўся гэта зрабіць, а Шаўчэнка – падчас глухой рэакцыі, калі да агульнанацыянальнага руху было яшчэ далёка, калі так далёка амаль нічые думкі не сягалі, а ў літаратуры іх тады адзін Шаўчэнка на ўсю Расію выказаў – гэта гістарычны факт. Мабыць, акрамя глыбіні палітычнай думкі і сталасці ацэнкі, тут пазначыліся яшчэ і «казацкі» тэмперамент, традыцыя дэмакратызму, адчуванне незалежнасці і годнасці, чыста народнае ўнутранае пачуццё перавагі над панамі і ўладай, якое знойдзем у народных казках, анекдотах, прыказках, песнях, ва ўсёй народнай паэзіі… І яшчэ: Шаўчэнкава агіда да цароў раз-пораз паварочваецца суровым здзіўленнем ці нават гневам на тых, хто іх церпіць і хто ім моліцца, – на людзей, на род чалавечы.

І калі Шаўчэнка кажа пра тое, якую кару наклікаюць на сябе людзі сваім неразуменнем, то горшае, чым панаванне цара, уявіць не можа:

І праведна Гасподзь вялікі…

. . . . . .

Замест рахманага прарока…

Цара вам загадаў наслаць!


Пры ўсёй сваёй сялянскай незласлівасці Шаўчэнка нязменна, без шкадавання і з горкай радасцю «скубе і кудлачыць» у сваіх вершах «святапамазаныя шавялюры».

Воля, воля і праўда – гэта тое, што з найбольшай святасцю зноў і зноў гучыць у паэзіі і з’яўляецца апошняй мэтай няспыннай чалавечай барацьбы.

Са становішча свайго заняволенага народа, прыведзенай да заняпаду Украіны Шаўчэнка звяртаўся да славянскай ідэі, у славянстве шукаў супольніка па лёсу і працы адраджэння, узмацнення ў веры і надзеі. Боль няволі ўкраінскай спарадзіў у Шаўчэнкі перажыванні і за іншыя заняволеныя славянскія народы, а думка аб вызваленні, адраджэнні Украіны – думку аб сумеснай барацьбе і братанні ўсіх славян. Адсюль і падобнае, і адрознае з выразнікамі «славянскай узаемнасці», з панславістамі і славянафіламі.

Падобнае – ва ўвязванні лёсу свайго народа з лёсам іншых славян, адрознае – у характары гэтага ўвязвання і ў самім ідэале славянскага сужыцця.

У XІX стагоддзі многія даследчыкі гаварылі пра славянафільства Шаўчэнкі. Так, І. Франко пісаў, што і праз паўстагоддзя «свядомыя ўкраінцы не перастаюць быць славянафіламі ў духу Калара і Шаўчэнкі».[11] То-бок адным і тым жа тэрмінам – «славянафільства» – у розных выпадках называюцца зусім розныя рэчы. У апошнім выпадку – ідэя раўнапраўнага сужыцця ўсіх славянскіх народаў у вольным саюзе.

Украінскі рамантызм, ад якога неаддзельны ранні Шаўчэнка, быў спецыфічнай складовай часткай славянскага адраджэння (якое адбывалася ў кантэксце еўрапейскіх нацыянальных рухаў – так званай «эпохі нацый» – пасля Вялікай французскай рэвалюцыі і напалеонаўскіх войнаў). Скажам, чэшскія і славацкія даследчыкі выразна падкрэсліваюць сувязь паміж імі, а некаторыя «Энеіду» Катлярэўскага адной з найбольш ранніх з’яў усяго славянскага адраджэння наогул. Асабліва шмат значыла тут дзейнасць П.-Й. Шафарыка, які глыбока сімпатызаваў Украіне і сваімі поглядамі ўплываў на стаўленне да яе ва ўсім славянскім, і не толькі славянскім, свеце. Наогул ён ці не найболей зрабіў для таго, каб славяне ўсвядомілі разнастайнасць сваёй сям’і і пазнавалі саміх сябе. Не выпадковая ж і тая сардэчная ўдзячнасць, што выказаў яму Шаўчэнка. На думку І. Франко, быў Шаўчэнка знаёмы і са славутай у сваім часе працай Я. Калара «Аб літаратурнай узаемнасці паміж рознымі плямёнамі і гаворкамі славянскай нацыі» (1836) – яе пераклад на рускую мову быў надрукаваны ў 1838 годзе ў «Московских ведомостях», а ў 1840 – у «Отечественных записках» (у перакладзе І. Сразнеўскага).

«З гэтага другога перакладу, – кажа І. Франко, – ведаў, відаць, гэтую працу і Шаўчэнка, у якога менавіта ў годзе 1840-м бачым першыя пробліскі думак аб славяншчыне».

Шаўчэнка ў 40-я гады падзяляў усеагульнае захапленне славяналюбцаў Каларам і Шафарыкам, шанаваў іх і пазней, але яго светапогляд развіваўся ў бок спалучэння нацыянальнага вызвалення з сацыяльным, і свае надзеі ён усё больш звязваў не столькі са славянствам самім па сабе, як з унутраным выбухам у самой Расійскай імперыі, з самім украінскім народам.

У гэтым – карэнная асаблівасць яго пазіцыі ў славянскай і ўкраінскай справе, што адрознівала яго і ад заходніх славянскіх абуджальнікаў і адраджэнцаў, і ад рускіх славянафілаў, і ад украінафілаў, і нават ад кірыла-мефодзіеўскіх братоў. А тэма славянства з’явілася ў яго творчасці яшчэ да знаёмства з будучымі арганізатарамі брацтва.

Як вядома, галоўны праграмны дакумент Кірыла-Мяфодзіеўскага брацтва – «Кніга быцця ўкраінскага народа». Нагадваючы «Кнігі народа польскага і пілігрымства польскага» А. Міцкевіча і пазначаная іхнім уплывам, яна ёсць, аднак, цалкам самастойным дакументам нацыянальна-палітычнай думкі. Некаторыя даследчыкі прыпісвалі яе аўтарства Т. Шаўчэнку, але большасць лічыць, што напісаў яе Кастамараў (як ён сам і казаў на следстве), магчыма, не без удзелу іншых братоў (адносна формы і меры гэтага ўдзелу існуюць розныя здагадкі) і не без уплыву Шаўчэнкі на асобныя моманты зместу.

Ва ўсякім выпадку, разам з думкамі, блізкімі да тыповых славянафільскіх клішэ (ідэалізацыя «славянскага племя», яго мінулага; апоры на хрысціянства, але, праўда, без узвышэння праваслаўя над каталіцызмам і пратэстанцтвам і з вяртаннем яму, маўляў, першапачатковага людскі-справядлівага зместу, перакручанага панамі і вышэйшым духавенствам, – гэта тое, чаго не было ў славянафілаў), тут былі і ідэі, зусім нечуваныя для «класічнага» славянафільства, ідэі дэмакратычныя і аб’ектыўна рэвалюцыйныя па тых часах – блізкія Шаўчэнку або ўласна «шаўчэнкаўскія». Гэта ідэі сацыяльнай роўнасці і палітычнай волі, вострае асуджэнне самадзяржаўя і дваранства, эксплуатацыі, запрыгоньвання Украіны, словы гневу ў адрас Пятра І і Кацярыны ІІ за заняволенне Украіны і наогул на адрас царызму; пахвальная згадка пра дзекабрыстаў; ідэя федэратыўнай рэспублікі. Праслаўленне казацкай традыцыі таксама мела аб’ектыўна дэмакратычны і прагрэсіўны сэнс (нягледзячы на некаторую ідэалізацыю і ігнараванне сацыяльных супярэчнасцяў), – паколькі ўтрымлівала антыпрыгонніцкую накіраванасць (у прыватнасці, упартую барацьбу царызму супраць казацтва і ліквідацыю Запарожскай Сечы слушна тлумачана страхам перад духам волі народнай і тым, што Сеч і казацтва сталі апошняй апорай сіл, якія супрацьстаялі запрыгоньванню). У «Кнізе быцця ўкраінскага народа» з вялікай сілай і пафасам гучыць ідэя нацыянальнай і палітычнай суверэннасці Украіны. А будучая славянская федэрацыя мыслілася як братэрскае сужыццё народаў «непадзельна і нязмешвальна», гэта значыць без раз’яднання, але і без зліцця, без страты незалежнасці: у саюзе славянскім рэчаў паспалітых (рэспублік), без гаспадара і без халопа.

Гэтая праграма была адной з самых радыкальных у тагачаснай Еўропе і не мела сабе роўных у славянскім свеце.

Многа выказвалася здагадак аб тым, пад чыім уплывам зарадзіліся ў Шаўчэнкі думкі пра славянства: кірыла-мефодзіеўцаў; дзекабрыстаў; Міцкевіча, Ганкі, Калара, Шафарыка; рускіх славянафілаў ды т. п. Аднак у цэлым справа, мабыць, прасцей. Хіба ў вялікага паэта ідэі нараджаюцца толькі з прачытанага або пачутага, пад уплывам чужых думак? Яны нараджаюцца з жыцця, з болю, з лёсу народнага, што прамаўляе яго геніем. З духоўнага патэнцыялу гэтага генія, элементам якога (патэнцыялу) – але не вырашальным, толькі дапаможным! – могуць быць і тыя «ўплывы». А потым і з усёй інтэлектуальнай атмасферы, у якой ён жыве, – і тут зноў непазбежныя «ўплывы», але, зноў жа, яны не крыніца ідэй вялікага паэта, яны хіба ствараюць рэльеф рэчышча, па якім гэтыя думкі цякуць. Або інакш: нараджае сам геній, а літаратурны ўплыў можа адыграць ролю «бабкі-павітухі» пры гэтым.

Ва ўсякім выпадку, калі гаворка ідзе пра падобныя або роднасныя паэтычныя ідэі, варта не толькі шукаць, хто на каго ўплываў, але і прымаць іх як суверэнныя зместам і, параўноўваючы гэтыя суверэнныя зместы, спрабаваць высветліць аб’ектыўныя жыццёвыя і суб’ектыўныя ідэалагічна-духоўныя прычыны падабенства і адрознення. Пры гэтым вельмі часта аказваецца, што падобнае ці блізкае звонку (тэматычна, фразеалагічна, паняццямі, што ўжываюцца) аказваецца аддаленым, ці нават процілеглым унутрана, свайму сапраўднаму зместу.

Менавіта так было з некаторымі матывамі, што вонкава быццам бы збліжалі Шаўчэнку (асабліва ранняга) са славянафіламі. Гэта – паэтызацыя мінулага, пошукі ў мінулым урока і папроку сучаснасці, вечных каштоўнасцяў; нацыянальны боль, пратэст супраць нацыянальнага прыніжэння і захавання нацыянальнага гонару; адмаўленне чужой мудрасці, бічаванне «куртатага немца» і інш.; тлумачэння прычын славянскага разладу; заклік да аб’яднання славян і іншыя… Шаўчэнка высока цаніў барацьбу за свабоду, смеласць і самаахвяраванне, веліч нораваў і лёсаў, якія нараджаліся ў абароне роднай зямлі, непакорлівасць і непрымірымасць – усё тое, чаго, на яго думку, не хапала сучаснікам. Гэта таксама быў урок мінулага сучаснасці, але з гэтага ўрока здабываліся зусім іншыя каштоўнасці… У Шаўчэнкі значна цверазейшы і, можна сказаць, больш глыбокі падыход да гісторыі, больш горкае і больш мужнае яе разуменне. Ён не суцяшае сябе ілюзіямі, ён разумее, што ўсё праходзіць не дзеля таго, каб вярнуцца. І народ ніколі не верне сабе страчанага ў тым жа выглядзе. Адчуванне непаўторнасці руху ад самага пачатку было ўласцівае паэтычнай філасофіі Шаўчэнкі. «Было калісь – мінулася, не вернецца ізноў». Шаўчэнка хоча новай Украіны, а ў мінулым шукае традыцыі свабоды і гераізму, каб здабыць надзею, прыклад, сілу для барацьбы за гэтую новую Украіну, нарэшце – гістарычнае права на яе.

Трэба нагадаць, што Шаўчэнка даволі хутка пераадолеў ідэалізацыю мінулага, казацтва, выпрацаваў аб’ектыўны і крытычны погляд (які, вядома, не адкідваў гераічных старонак украінскай гісторыі). А калі гэтая ідэалізацыя стала «моднай» (не ў апошнюю чаргу пад уплывам славянафільскіх і ўкраінафільскіх захапленняў), калі яна стала набіраць аб’ектыўна кансерватыўна-рэтраграднага характару ў «патрыятычных» панкоў і г. д., – Шаўчэнка рэзка выступіў супраць яе, паказаўшы яе фальш і яшчэ раз падкрэсліўшы, што менавіта ён шануе ў гісторыі свайго народа, якія ўрокі з яе выводзіць.

Характэрна, што Шаўчэнка ў пасланні «І мертвим, і живим…» сваё вострае выкрыццё фальшывай ідэалізацыі гісторыі Украіны, асабліва гетманства, разгортвае ў кантэксце агульнай саркастычнай характарыстыкі славянафільскай моды. Вельмі дакладна і справядліва вызначае ён яе панскую прыроду і кніжнае, тэарэтычнае паходжанне – у адрозненне ад свайго народнага пачуцця Украіны. Не хавае іроніі і датычна захаплення паноў-украінафілаў (або ўкраінскіх славянафілаў) праблемамі, кажучы па-сучаснаму, замежных славян. Сапраўды: так турбуюцца клопатамі далёкіх братоў… як быццам у сябе няма клопатаў; так ім спачуваюць, што і свайго рэальнага становішча не бачаць.

Менавіта пра гэта ён пісаў у прадмове да неажыццёўленага выдання «Кобзаря» яшчэ ў сакавіку 1847 года: «Вялікая туга асела маю душу. Чую, а часам і чытаю: ляхі друкуюць, чэхі, сербы, балгары, чарнагоры, маскалі – усе друкуюць, а ў нас ні гу-гу, быццам усе анямелі». І далей – у адрас маскоўскіх «журналістаў»: «Крычаць аб адзінай славянскай літаратуры, а не жадаюць і зазірнуць, што робіцца ў славян!»[12]

Але была і іншая разнавіднасць украінскага, уласна ўжо маларасійскага славянафільства. Вучонае і «вальнадумнае» панства шчодра дарыла сваю палкую любоў далёкім братам, а ўласнага народа наогул не хацела ведаць, абыходзілася напышлівай рыторыкай. Асабліва абурала Шаўчэнку тое, што гэтыя патрыёты славянства прымудраліся сумясціць свой высакародны патрыятызм і «шырокую адукаванасць» з пагардай да роднай, украінскай мовы:

І Калара чытаеце,

Колькі хопіць сілы,

І Шафарыка, і Ганка,

І ў славянафілы

Так і лезеце… І мовы

Славянскага люду —

Вам вядомы. Ды сваёй…

Далібог – калісьці ж будзем

За сваю і мы – гарой…


Шаўчэнка рана і празорліва заўважыў у славянафільстве гэтую тэндэнцыю выключаць украінскі народ з славянскай сям’і, гэта значыць, не прызнаваць за ўкраінскім народам права быць асобнай і раўнапраўнай з іншымі нацыянальнай адзінкай, раствараць яго ў «агульнарускасці», узурпіруючы на карысць апошняй яго гісторыю, культуру, зямлю:

Звеку, маўляў, усё тое

Іх было, не наша,

Што яны ўнаём давалі

Татарам на пашу

Ды палякам…


Гэта – саркастычны перыфраз версіі афіцыёзнай і наогул імперска-патрыятычнай гістарыяграфіі, для якой Украіна была ўсяго толькі «ўскраінай» царскай Расіі, часова саступленай татарам і палякам.

Многавяковае самабытнае гістарычнае і культурнае жыццё Украіны, яе барацьба за свабоду ігнараваліся. Пры гэтым звярталіся, у прыватнасці, да хітрага маніпулявання этнонімамі «Украіна» і «Маларосія». І «дзяржаўнікі», і славянафілы не прымалі слоў «украінец» і «Украіна» як саманазвы прадстаўніка народа і назвы краіны, таму адмаўлялі і народ, і тую краіну ва ўласнай якасці.

Гэта не былі нявінныя лінгвістычныя практыкаванні, лексічныя адрозненні – гэта было прынцыповае пытанне, асабліва для Шаўчэнкі, паколькі і яго намаганнямі слова «Украіна» аднаўлялася і канчаткова сцвярджалася як саманазва народа і зямлі (у той час як разнамасныя ўкраінафобы дружна высмейвалі гэтую саманазву ці скажалі яе значэнне). Па славянафільскай жа тэрміналогіі стаяла ўхілістасць і няшчырасць усёй іх пазіцыі адносна Украіны: велікадушна пахвальваючы «паўднёвае племя рускага народа», яны фактычна адмаўлялі яму ў праве на ўласнае нацыянальна-палітычнае і культурнае развіццё (і нават на ўласнае імя!), што асабліва выявілася ў канцы 50-х гадоў і стала адной з галоўных прычын канчатковага разрыву Шаўчэнкі са славянафіламі.

У мікалаеўскую эпоху, калі адным з найважнейшых догматаў унутранай палітыкі была абвешчана так званая «народнасць», нараджаецца, па сутнасці, ідэалогія, якая пазней аформілася ў дзяржаўна падтрымліваны рускі нацыяналізм. Для Украіны гэты «перыяд» абярнуўся ўзмацненнем нацыянальнага прыгнёту і русіфікацыі, паліцэйскай падазронасцю да «ўкраінафільства», новымі перашкодамі на шляху развіцця ўкраінскай літаратуры. Уласна, мікалаеўская палітыка «нацыянальнасці» была гістарычным звяном паміж палітыкай Кацярыны ІІ, якая ставіла сваёй мэтай «выкараніць» ва ўкраінцаў і іншых народаў імперыі «розніцу» і «развратное мнение, по коему почитают себя народом, от здешнего отличным» (а галоўнае – «легчайшими способами привести к тому, чтоб оне обрусели и перестали бы глядеть, как волки в лесу»[13]), – і палітыкай трох апошніх расійскіх манархаў з іх няспыннай барацьбой супраць партыкулярызму, месніцтва, сепаратызму і мазепінства, як называўся ўсялякі ўкраінскі рух.

У гісторыі падаўлення царызмам украінскіх рухаў выкрыццё і разгром Кірыла-Мяфодзіеўскага брацтва – адна з найважнейшых падзей, з найаддаленымі наступствамі. Была спынена хваля нацыянальнага адраджэння, што абяцала стаць высокай і магутнай. Была ў зародку прыдушана, пакарана і рассеяна маладая таленавітая нацыянальная інтэлігенцыя і на дзесяцігоддзі затрымана яе фарміраванне ў далейшым.

Шаўчэнка «сочинял стихи на малороссийском языке самого возмутительного содержания, – пісаў у сваіх вывадах Мікалаю І шэф жандармаў, начальнік ІІІ аддзялення граф А. Ф. Арлоў. – В них он выражал плач о мнимом порабощении и бедствиях Украины, то возглашал о славе гетманского правления и прежней вольнице козачества, то с невероятной дерзостью изливал клеветы и желчь на особ императорского дома (…) Шевченко приобрел между друзьями своими славу знаменитого малороссийского писателя, а потому стихи его вдвойне вредны и опасны. С любимыми стихами в Малороссии могли посеяться и впоследствии укорениться мысли о мнимом блаженстве времен гетьманщины, о счастии возвратить эти времена и о возможности Украйне существовать в виде отдельного государства».[14]

Як вядома, следства не даказала членства Шаўчэнкі ў КірылаМяфодзіеўскім брацтве. Але арэол яго паэзіі асвятляў і дзейнасць братоў, і само імя брацтва, а таксама павялічваў яго небяспечнасць у вачах урада.

5 красавіка 1847 года Шаўчэнка быў арыштаваны. Знаходзячыся ў каземаце ІІІ аддзялення, паміж допытамі, паэт напісаў 13 вершаў, якія пасля аб’яднаў назвай «В казематі». 30 мая кірыла-мефодзіеўцам абвясцілі прысуд. На рашэнні ІІІ аддзялення, якое тычылася Шаўчэнкі, Мікалай І уласнаручна вывеў: «Под строжайший надзор и с запрещением писать и рисовать». Паэт быў адпраўлены ў Арэнбург. Там і пачалася ссылка ўкраінскага генія. Гэта была не дзесяцігадовая палітычная эміграцыя, як, скажам, у Гюго, а салдацкая катарга.

Казарма, бязводная прыкаспійская пустыня, салдацкая муштра і эпізадычныя запісы алоўкам употай: паколькі ж – забарона пісаць і маляваць, адчуванне поўнай забытасці, цяжкія пакуты душы ад немагчымасці абудзіць заснулую, здавалася, радзіму. Не, не параўнаць Шаўчэнкавую катаргу ні з выгнанніцтвам Гюго, ні са ссылкай Авідзія, хоць і тое і другое таксама трагедыя. То-бок: іх не выпадае не параўноўваць, але з гэтага параўнання, нікому не ў папрок, відаць, наколькі цяжэй быў лёс украінскага паэта, і шмат у чым менавіта таму, што ён быў украінскі паэт і караўся не толькі за сябе, а і за свой народ, за «віну» свайго народа перад чужой імперыяй. Адсюль і большы драматызм яго выгнанніцкай, катаржанскай паэзіі, разчэйшы боль і глыбейшы адчай і нараканні на лёс, на няпамятлівасць грамадства, на няўдзячнасць Украіны, і сумнеў у ёй, і вера ў яе: немагчымасць не жыць ёю.

Нягледзячы ні на што, хаваючыся ад старонняга вока, Шаўчэнка піша паэмы «Княжна», «Москалева криниця», «Варнак» ды «Чернець», шэраг лірычных твораў, у прыватнасці, «N. N.» («Сонце заходить, гори чорніють…»), «N. N.» («Мені тринадцятий минало…»), «Не гріє сонце на чужині…», «Сон» («Гори мої високії…»). Падчас зімоўкі 1848–1849 гадоў на Косарале Шаўчэнка стварыў такія шэдэўры, як «Царі», «Марина»… Нявольніцкую паэзію запісваў у маленькіх самаробных сшытках (іх набралася 27), якія і склалі знакамітую «Малу книжку».

Самыя цяжкія часы для Шаўчэнкі надышлі, калі яго адправілі ў Новапятроўскае ўмацаванне, размешчанае на паўвостраве Мангышлак. За два першыя гады фактычна поўнай ізаляцыі ад свету паэт не напісаў ні радка. Толькі ў 1853 годзе дзякуючы дружалюбным адносінам з новым камендантам умацавання І. А. Усковым Шаўчэнка ўпотай аднавіў літаратурную творчасць – напісаў «дзясяткаў каля двух» (з ліста 1858 года) аповесцяў на рускай мове. Захаваліся дзевяць: «Наймичка», «Варнак», «Княгиня», «Музыкант», «Несчастный», «Капитанша», «Близнецы», «Художник» ды «Прогулка с удовольствием и не без морали» (другая частка была завершана ў 1858 годзе ў Ніжнім Ноўгарадзе).

Усе аповесці маюць вялікае сацыяльнае, пазнавальнае і мастацкае значэнне. Асаблівае месца сярод іх займае «Художник» – найбуйнейшы празаічны твор Шаўчэнкі. У гэтай аповесці-ўспаміне (першая яе частка выразна аўтабіяграфічная) раскрыліся невычэрпны духоўны свет Шаўчэнкі, яго інтэлект, эрудыцыя, глыбокая любоў да мастацтва, культуры.

Успамінаючы сваё жыццё, Шаўчэнка не мог не думаць аб кардынальных праблемах: быць або не быць яго народу. Гаворка ішла аб яго праве жыць, дыхаць паветрам сваёй зямлі і гаварыць на сваёй мове – аб праве быць сабой і развівацца нароўні з іншымі.

І місію сваю, свайго слова Шаўчэнка бачыў не ў тым, каб навесці на розум іншыя народы, звяртаць іх з «памылковага напрамку» і далучаць да праваслаўнай ісціны, – а ў тым, каб адрадзіць, перарадзіць уласны народ, паставіць яго да бою за волю, за самога сябе.

Здавалася б, пры такіх гістарычных абставінах, – калі гаворка ішла не пра пагрозу страты тых ці іншых элементаў самабытнасці, нарэшце мінучых, а пра пагрозу страты самога нацыянальнага быцця, – Шаўчэнка мусіў бы дакараць усякую «чужыну». На самай справе ўсё наадварот: у Шаўчэнкі толькі ў раннюю пару знойдзем вострыя выпады супраць «немцаў», ды і то ў зусім іншым кантэксце: так бы мовіць, у ахоўным, абаронным значэнні, а не ў наступальным, агрэсіўным. Ён зусім не збіраецца павучаць «немцаў», Захад, папракаць іх тым, што яны ідуць «памылковым» шляхам, або хваліцца перавагамі сваёй большай, праваслаўнай, жыватворнай крыніцы. Шаўчэнка толькі (верагодна, не без уплыву Шафарыка і наогул чэшскіх і славацкіх славістаў і панславістаў, а можа, і рускіх славянафілаў) у 40-я гады падкрэслівае прыкрую ролю германскай экспансіі ў гісторыі славянства, кажа пра яе з горыччу, часам атаясамліваючы «немца» з чужынцам наогул (у Расіі на працягу стагоддзяў «немцамі» называлі ўсякага замежніка і іншамоўца; збольшага такое словаўжыванне прыжылося і ва Украіне), далучаючы эмоцыі, звязаныя з антыславянскай дзейнасцю езуітаў, Ватыкан… З другога ж боку, Шаўчэнкаў сарказм супраць «дробнага немца», «мудрага немца» і інш. абумоўлены таксама прывілеяваным становішчам, якое аказвалася рускімі царамі нямецкаму элементу ў Расіі і Украіне («І на Сечы мудры немец ужо бульбу садзіць»), нямецкім – у значнай ступені – характарам расійскай бюракратыі, нарэшце, празмерным захапленнем «землякоў» нямецкай ідэалістычнай філасофіяй, схільнасцю трактаваць сваю гісторыю і свой народ на яе манер.

Дарэчы, у пасланні «І мертвим, і живим…» ён высмейвае рабскае капіраванне «нямецкага паказу» нашай гісторыі ў кантэксце мовы менавіта пра славянафілаў. Ці выпадкова гэта? Насмешкі з немца далі нагоду вінаваціць Шаўчэнку калі не ў ксенафобіі, дык у нечым блізкім да яе. У такім духу часам выказваўся Драгаманаў. Пэўна, гэта не так; можна казаць хіба што пра некаторую недакладнасць асобных Шаўчэнкавых выказванняў на гэты прадмет. І трэба нагадаць, што пасля 40-х гадоў філіпікі такога роду знікаюць з паэзіі Шаўчэнкі раз і назаўжды, саступаючы месца іншым матывам. А ў аповесці «Художник» чытаем: «Вы заўважаеце, што ўсе мае знаёмыя – немцы. Але якія выдатныя немцы! Я проста закаханы ў гэтых немцаў».[15]

Драгаманаў (а пад яго ўплывам часткова і Франко) іранізаваў з нагоды вядомых яго слоў пра «сваю мудрасць» («Калі б вучыліся, як трэба, і мудрасць бы была свая»). Уласна, больш за ўсё менавіта тут ён і бачыў адыходжанне, хоць і эпізадычнае, ад агульначалавечага ідэалу. Але самі па сабе словы Шаўчэнкі не даюць падставы для такога тлумачэння. Толькі ўспрымаючы іх не ва ўласным сэнсе, а ў агульным патоку славянафільскіх фраз супраць чужой навукі, змешваючы адно з іншым, можна зразумець іх як адмаўленне еўрапейскай адукацыі і апалогію дамаросласці. Паэт жа сцвярджаў неабходнасць самастойнага мыслення, падрыхтаванага сапраўдным навучаннем, – як альтэрнатыву верхаглядству і капіраванню, пустапарожняй модзе.

Гэтак жа як Шаўчэнкава «свая мудрасць», і яго ж «свая праўда» (геніяльная формула: «У сваім доме свая праўда, і сіла, і воля») таксама сустракала ў розныя часы неразуменне. Часам яе тлумачылі ў славянафільскім духу, часам успрымалі як… адмаўленне агульначалавечага грамадскага ідэалу і крытэрыю, ставячы ў віну Шаўчэнку адасобленасць. Але зусім не хутаранскую адасобленасць ад сусветнай цывілізацыі і агульначалавечых паняццяў меў на ўвазе Шаўчэнка! Наадварот, ён казаў аб раўнапраўным дачыненні кожнага народа да свету чалавецтва.

Няма сумневу: кажучы пра «сваю волю», Шаўчэнка меў на ўвазе традыцыі казацкай рэспублікі.

Нарэшце, Шаўчэнка вельмі выразна і вычарпальна сфармуляваў сваё стаўленне да гэтага пытання – пра «сваё» і «чужое» – у іншым сваім знакамітым паэтычным афарызме: «Не дурыце самі сябе. Вучыцеся, чытайце, Чужое спрымайце, Й свайго не губляйце».

Шаўчэнка зыходзіў з агульначалавечай меры і жыў агульначалавечым ідэалам ва ўсім. Таму й турбаваўся, каб і ўкраінцы, і іншыя славяне сталі ўпоравень з усімі перадавымі народамі.

Гэтае апошняе ён і мысліў мэтай адраджэння і вызвалення славянскіх народаў, іх добраахвотнага аб’яднання, – а зусім не нейкую гегемонію славянства, яго асаблівую місію ў свеце, тым больш пад кіраўніцтвам царызму. Славянская тэма ў яго паэзіі 40-х гадоў развіваецца ў трох асноўных матывах: перажыванне гістарычных пакут славянскіх народаў; прыкры боль за іх разлад; мара пра братэрскае супольнае жыццё ў свеце вольным і справядлівым. У чым ёсць некаторая сугучнасць са славянафільскімі матывамі, дык гэта ў тлумачэнні прычын славянскага разладу: пасеялі яго «ксяндзы, езуіты»… Але і тут ёсць істотная розніца: Шаўчэнка асуджае экспансію Ватыкана, таксама каварства і жорсткасць ягоных слуг, але яго зусім не цікавіць – у адрозненне ад славянафілаў, для якіх менавіта гэта было галоўным, – проціпастаўленне каталіцызму і праваслаўя з пункту гледжання, што першы не адпавядае славянскаму духу, а другое якраз адпавядае і з’яўляецца натуральнаю для славян і ва ўсіх адносінах больш годнай рэлігіяй. Але што характэрна для Шаўчэнкі: услед за «ксяндзамі, езуітамі» ў яго ідзе панства: гэта дзве варожыя народу сілы, звязаныя адною класавай цікавасцю. Пасля, у першыя гады ссылкі, ён у вершы «Палякам» выкажа гэтую думку з крайняй выразнасцю: «Нясытыя ксяндзы, магнаты Нас раз’ядналі, развялі».

Калі ж казаць пра славянскае пытанне ў больш шырокім плане, то пасланне «І мертвим, і живим…» паказала карэннае адрозненне Шаўчэнкавага разумення ад славянафільскага.

Калі Шаўчэнка казаў пра крывавыя звады паміж братамі-славянамі, ён меў на ўвазе гістарычныя канфлікты, выкліканыя захопніцкімі замахамі польскай шляхты на Украіне і звязаную з гэтым рэлігійную варожасць.

Разам з тым Шаўчэнка з глыбокай павагай ставіўся да польскага народа, а да палякаў-рэвалюцыянераў – з захапленнем. Вядома, што ў ссылцы ён сардэчна пасябраваў з многімі з іх, і з гэтым даследчыкі справядліва звязваюць і глыбокія змены ў гучанні «польскіх матываў» шаўчэнкаўскай паэзіі, у асэнсаванні польскай тэмы наогул: у цэнтры ўвагі аказваецца ўжо не мінулае, а агульнасць інтарэсаў сацыяльнага і нацыянальнага вызвалення, шуканні платформы для адзінства дзеянняў у будучыні. І гэта так. Але ёсць, здаецца, яшчэ адзін істотны момант. Бо заклік да згоды, тон браталюбнага прымірэння гучаў і ў ранніх творах Шаўчэнкі, у прыватнасці ў «Гайдамаках». Ці не адбілася ў гэтым таксама і народнае пачуццё? Бо ўкраінскі народ пры ўсёй непрыязнасці да лютай шляхты і ксяндзоў не меў гневу на паляка як такога, на паляка як чалавека; быў гістарычны вопыт мірнага суіснавання з палякамі, была і міралюбнасць і памяркоўнасць, была і звычайная чалавечая міласэрнасць і спагада да таго ж шляхціца, калі ён не выступаў у ролі пана-гвалтаўніка, сам трапляў у бяду.

Шаўчэнкавае славянскае пачуццё можна назваць народным – у адрозненне ад славянафільскага і панславісцкага, у якіх большменш прыкметны элемент кніжнасці, тэарэтычнай сканструяванасці, палітычнай наўмыснасці і перабольшанасці (і – часта – панскасці, панскай прыхамаці). Гэтая народнасць славянскага пачуцця і народны погляд на рэчы адгадваюцца і тады, калі Шаўчэнка кажа пра цяжкія старонкі мінулага:

Вось такое было бедства

Па ўсёй Украіне!

Горай пекла… А завошта,

За што людзі гінуць?

Таго ж бацькі, тыя ж дзеці —

Жыць бы ды братацца.

Не, не ўмелі, не хацелі,

Трэба раз’яднацца!

Дабра брата! Крыві брата!

Падзяліся, браце! —

У цябе ўсяго багата

І весела ў хаце…

. . . .

Баліць сэрца, як успомніш… —


(дарэчы, пазней, у «Прогулке с удовольствием и не без морали» Шаўчэнка назаве крывавыя падзеі мінулага «недостойными памяти человека»).

Угадваюцца яны і тады, калі марыць ён пра магчымае будучае ў згодзе і братэрстве: «А ўсё-ткі скажаш: «Дзякуй Богу, што прайшло», – асабліва калі ўспомніш, што мы адной маці дзеці, усе мы славяне. Сэрца баліць, а распавядаць трэба: няхай бачаць сыны і ўнукі, што бацькі іхнія памыляліся, хай братаюцца зноў са сваімі ворагамі. Няхай жытам-пшаніцай, як золатам, пакрытай, не размежаванай застанецца навекі ад мора і да мора – славянская зямля».

У Шаўчэнкі не раз сустрэнем папулярны і ў славянафілаў, і ў тагачаснай паэзіі наогул вобраз славянскіх рэк, якія зліваюцца ў адным моры, – але не ў рускім моры, а моры славянскім! І гэты вобраз гучыць па-іншаму: у ім дух свабоды і роўнасці, у ім няма пагрозы страты сябе:

І пацяклі ў адно мора

Славянскія рэкі!

Слава табе, любамудры

Чэшскі славяніне!

Што не даў ты захлынуцца

Ў нямецкім дрыгвінні

Нашай праўдзе. Тваім морам

Славянскім, шматмоўным,

Паплывём мы, збыўшы гора,

Сеўшы ў новым чоўне

З шырокімі ветразямі

І з добрым правілам,

Паплывём па вольным моры,

Паляцім на крылах.

Слава табе, Шафарыча,

Навекі-навекі!

Што з’яднаў ты ў адно мора

Славянскія рэкі!


Для Шаўчэнкі зліццё славянскіх рэк у славянскім моры – гэта паэтычны вобраз іх раўнапраўнага аб’яднання на глебе ўсведамлення этнічнай і культурнай, духоўнай супольнасці. Гэта сумеснае духоўнае развіццё ў будучыні пад знакам такога ўсведамлення.

Але цікава, што з часам у паэзіі Шаўчэнкі тэма славянскага яднання гучыць менш прыкметна, а пасля вяртання са ссылкі амаль не прасочваецца, хоць сама праблема славян цікавіла яго да апошніх гадоў жыцця, пра што сведчаць, у прыватнасці, і дзённікавыя запісы.

Адным з эпізодаў канчатковага разрыву Шаўчэнкі са славянафіламі была яго адмова друкавацца ў іх газеце «Парус», першы нумар якой выйшаў 3 студзеня 1859 года. У саркастычным (у адрас славянафілаў), поўным глыбокіх алюзій лісце-адказе М. Максімовічу (менавіта ён ад імя рэдакцыі славянафільскай «Русской беседы» звяртаўся з адпаведнай прапановай) Шаўчэнка 22 лістапада 1858 года паказаў на два галоўныя моманты, якія раздзялялі яго са славянафіламі. Першы: іх нежаданне прызнаць украінскі народ асобным, самастойным народам, як і мову і літаратуру гэтага народа, спробы растварыць іх у «общерусскости», што цалкам супадала і з афіцыйнай палітыкай «обрусения», хоць і падавалася ў некалькі іншым славесным адзенні. (Шаўчэнка быў вельмі талерантны да нацыянальных пачуццяў кожнага чалавека, нават «перабольшанае» выяўлення патрыятызму ён успрымаў з разуменнем, пра што сведчаць яго водгукі аб некаторых тагачасных вершах А. Хамякова і Ф. Цютчава, – але на любую нацыянальную несправядлівасць, непавагу да іншай нацыі, у тым ліку і сваёй, рэагаваў востра.) Другі: грамадскае рэтраградства, якое ў абстаноўцы актывізацыі грамадскага жыцця і наспявання рэвалюцыйных настрояў пачало выяўляцца ў многіх са славянафілаў больш рэзка, чым раней. Менавіта Шаўчэнка меў на ўвазе, як вядома, скандальную гісторыю з артыкулам князя В. А. Чаркаскага «Некоторые общие черты будущего сельского управления» (часопіс «Сельское благоустройство». 1858. Ч. 9), дзе абаранялася права сельскай адміністрацыі на цялесныя пакаранні сялян; артыкул выклікаў абурэнне перадавой грамадскасці; І. Аксакаў жа, выдавец «Паруса», стаў на абарону свайго аднадумца-славянафіла.

Яшчэ адно цікавае біяграфічнае супадзенне. У лістападзе 1858 года Шаўчэнка, Куліш, Кастамараў, Номіс і Марка Ваўчок паставілі свае подпісы пад вядомым пратэстам рускіх літаратараў супраць антысеміцкай выхадкі пецярбургскага часопіса «Иллюстрация». Акрамя таго, яны як прадстаўнікі літаратуры ўкраінскага народа ў адмысловым лісце выказалі свой погляд на гісторыю ўкраінска-габрэйскіх адносін і супрацьпаставілі прыкрым старонкам мінулага свой новы, гуманістычны погляд.

Заключным акордам шматгадовай прамой і ўскоснай, свядомай і міжвольнай палемікі Шаўчэнкі з ідэалогіяй і грамадскай практыкай расійскага славянафільства стаў яго верш-памфлет з нагоды смерці вядомага рэакцыянера, пецярбургскага мітрапаліта Грыгорыя:

Памёр муж рупны і свядомы.

Не плачце ўслых сіроты, ўдовы,

А ты, Аскочанскі, заплач,

Як плача зранку ў лузе драч.

І Хамякоў, Русі руплівец,

Масквы з правінцыяй дбайлівец,

Аб юбкаборцы горка плач.

І ўся, о Русская беседа,

Во глас единый исповедуй

Свае грахі.

І плач! і плач!


У кароткай сатыры-эпіграме Шаўчэнка лаканічна і дакладна, з дзіўнай праніклівасцю вызначыў некаторыя галоўныя рэакцыйныя рысы славянафільства наогул і Хамякова ў прыватнасці: арыентацыя на патрыярхальную, нарэшце, міфічную Русь; проціпастаўленне «праваслаўнай» Масквы як, маўляў, цэнтра «рускай думкі» сапсаванаму Пецярбургу як крыніцы рэвалюцыйных ідэй; квасны, перабраны звыш усякай меры патрыятызм, такая ж празмерная руплівасць аб праваслаўі (менавіта тады Хамякоў патрабаваў «неизбежного исполнения обряда»[16] ў навучальных установах) падмена грамадска-палітычнай крытыкі абстрактным маральна-рэлігійным пакаяннем…

У мінулым некаторыя даследчыкі, эксплуатуючы фальшывую тэму «атэізм Шаўчэнкі», аднабакова акцэнтавалі тыя месцы ў яго паэзіі, дзе ён звяртаўся да Бога ў гневе (пераважна за нядолю Украіны і за жорсткасць цароў і паноў), або версіі аб яго побытавым богазневажанні. Разам з тым не вельмі радасна звярталіся да той яго паэзіі, дзе праяўлялася глыбокае рэлігійнае пачуццё, і да тых сведчанняў, што паказвалі яго чалавекам прынамсі вельмі далікатным у справе веры. Вось хоць бы з успамінаў А. Казачкоўскага: «Веруй глыбокаразумна», – пісаў ён мне ў адным лісце з Новапятроўскага ўмацавання, суцяшаючы ў сямейным горы, якое напаткала мяне. Я быў сведкам, калі Шаўчэнка, слухаючы блюзнерства гаспадара, у якога ён жыў, сказаў: «Здзекавацца з тых маральна-рэлігійных перакананняў, якія асвечаныя стагоддзямі і мільёнамі людзей, неразумна і злачынна».[17]

Нагадаем і меркаванне Драгаманава: «…у першых сваіх пісаннях Шаўчэнка паказваецца такім жа набожным, як і Квітка», але «…далей стаў больш «евангельцам», чым набожным «візантыйцам», і ў Бібліі стаў шукаць духу народалюбнага прароцтва, пропаведзі суду Божага над няправеднымі. Мы не вельмі памылімся, калі параўнаем веру Шаўчэнкі ў сярэднім узросце яго з верай якога-небудзь пурытанца-індэпедэнта XVІІ ст., дадаўшы да таго, што Шаўчэнка як паэт, мастак і праваслаўны не мог выкінуць са сваёй думкі Божай Маці і нават набажэнства».[18]

Наогул, мяркуючы па ўсім, справу веры або няверы Шаўчэнка лічыў для кожнага чалавека асабістай, глыбока інтымнай. Рэлігійныя перакананні знаёмых самі па сабе яго не цікавілі, сярод яго прыяцеляў былі людзі розных веравызнанняў. І для свайго атачэння ён ніколі не ствараў і ценю нейкага бар’ера рэлігійна-сакральнага парадку. (А. Казачкоўскі, напрыклад, распавядае, як вольна і шчыра меў зносіны ён з габрэямі ці як немец-пратэстант у захапленні назваў яго «бацькам», і менавіта з яго вуснаў і атрымалася гэта найменне, што потым замацавалася за ім ва ўкраінскім народзе.[19]) Любое ўвязванне веры з нейкімі стратэгіямі, нацыянальна-палітычнымі прэтэнзіямі, сусветнымі місійнымі імкненнямі, з прымусам і стаднасцю яму чужое і непрымальнае. А афіцыйнае праваслаўе ў Расіі было казённай, абавязковай, гвалтоўнай рэлігіяй, паслухмянай служанкай улады. (Дарэчы, у тых жа ўспамінах А. Казачкоўскага, як паведамляў Драгаманаў, была выкрасленая цэнзурай згадка пра тое, што Шаўчэнка хваліў пратэстанцкую веру і асуджаў «праваславаў» за пакорлівасць перад начальствам і гаспадарамі.[20]) Шаўчэнка справядліва бачыў у праваслаўнай, казённай царкве духоўнага турэмшчыка ад царызму, сімвал ілжывасці рэжыму. Адсюль яго сарказм, грэбаванне, гнеў і смех, іронія:

…Дый далі гарачых

Недабіткам праваслаўным,

А тыя – у плачы;

Гудуць-вішчаць; ды як раўнуць:

«Гуляе бацюшка, пара!..

Ура!.. ура!.. ура!.. ура…»

…Пад світанне

Скрозь усё паснула,

Праваслаўныя пад стогны

На падлозе стылі

Ды за бацюшку праз сон

Госпада малілі.


На Шаўчэнкавае стаўленне да праваслаўя ўплывала і разуменне той вялікай ролі, якую царкве адводзіў царызм у сваёй палітыцы русіфікацыі Украіны і іншых народаў. Шаўчэнка не прымаў афіцыйнае праваслаўе і як ідэалагічны падмурак царскага дэспатызму, і як прыладу духоўнага прыгнёту не толькі рускага народа, але й «іншаверцаў», адзначаў ролю, якая яму была адведзена ў каланіяльнай палітыцы царызму. Так, праплываючы міма горада Чабаксары, ён запісвае ў дзённіку свае ўражанні (17 верасня 1857 года): «Если не больше, так по крайней мере наполовину будет в нем домов и церквей. И все старинной московской архитектуры. Для кого и для чего они построены? Для чувашей? Нет, для православия. Главный узел московской старой внутренней политики – православие. Неудобозабываемый Тормоз по глупости своей хотел затянуть этот ослабевший узел и перетянул. Он теперь на одном волосе держится».

Палітычнае, ідэалагічнае непрыманне афіцыйнай царквы ўзмацнялася ў Шаўчэнкі маральнай і эстэтычнай агідай – да безгустоўшчыны, фарысейства, крывадушнасці.

Шаўчэнка зыходзіў з маральных запаведзяў хрысціянства, паколькі ў іх адлюстраваны агульначалавечы маральны пачатак. Але і не абмяжоўваецца адным толькі ўказаннем на неадпаведнасць сацыяльнай і жыццёвай практыкі панства гэтым маральным пачаткам, ён ідзе далей і кажа пра тое, што хрысціянства стала гаспадарам усяго толькі зручным прыкрыццём для эксплуатацыі народа і здзекаў з яго:

…Грэх на сэрцы, грэх вялікі

Ў адукаваных хрысціян.

. . . . . .

І звер таго не ўтворыць дзікі,

Што вы, б’ючы паклоны,

З братамі дзееце… Законы

Пісалі каты дзеля вас,

І вы паважна ў добры час

У Кіеў ездзіце штогоду

Ды каецеся, як ізроду,

У схімніка!..


Выраз «адукаваныя хрысціяне» не выпадковы і не адзіны ў Шаўчэнкі.

Гэта было паслядоўнае сатырычнае абыгрыванне, парадзіраванне, палемічнае выкрыццё як афіцыйных урадавых формул, так і моднай фразеалогіі рознааблічнага ліберальнага дваранства, з вуснаў якога не сыходзіла гэтае высакародна сказанае: «Асвета!»

У чым жа тут справа?

Перш за ўсё ў тым, што царква глядзела на нехрысціянскія народы як на не прасветленыя святлом сапраўднай веры, такім чынам, неадукаваныя, цёмныя, прынамсі з пункту гледжання духоўнага.

Праваслаўныя цары, вядома, былі тут заадно з царквой, паколькі насаджэнне і распаўсюджванне хрысціянства разглядалі як сродак умацавання імперыі. У прыватнасці, царскі ўрад лічыў сваім святым абавязкам адукаваць заваяваныя народы Каўказа, Азіі, Сібіры і інш., адсюль цэлая сістэма гвалтоўнай «хрысціянскай адукацыі» і адпаведная «высакародная» фразеалогія. Як і што рабілася – вядома. Ведаем таксама, што Шаўчэнка адным з першых падняў голас у абарону народаў, якія сталі ахвярамі гэтай «асветы», і паказаў яе характар.

На час напісання «Кавказа» (1845) Шаўчэнка не толькі быў знаёмы з рэальным становішчам нацый, а ўжо і выпрацаваў цэласную і глыбокую сістэму поглядаў на Расійскую царскую імперыю як турму народаў, дзе «на мовах усіх усё маўчыць, бо працвітае ўсё», – такое разуменне ён праявіў тады першым у Расіі, але яно наспявала ў перадавых колах грамадскасці, нездарма гэтыя словы Шаўчэнкі адразу сталі крылатымі.

У ссылцы Шаўчэнка мае зносіны з казахамі, кіргізамі, туркменамі, таджыкамі, каракалпакамі, узбекамі (усе народы пераважна называліся тады «кіргізамі», а таму і ў Шаўчэнкавых запісах і вершах знойдзем пераважна вызначэнне «кіргіз», часам «казах»), а таксама татарамі і башкірамі, якіх нямала было ў Казахстане. У паэзіі Шаўчэнкі нявольніцкіх гадоў знойдзем глыбокае спачуванне да бяспраўнага і гаротнага становішча каланіяльных народаў і адначасова любоў да іх, павагу да іх самабытнага свету і побыту: ні ценю нейкай перавагі, паблажлівасці або сентыментальнага захаплення, а стаўленне гуманнае і брацкае. Адной чалавечай мерай мерае ліха сваё, украінскае, і іхняе, і часам яму нават здаецца, што, пры ўсёй сваёй прыніжанасці і бяспраўі перад царскай бюракратыяй, яны ўсё-ткі, дзякуючы свайму натуральнаму вандроўнаму побыту і «нецывілізаванасці», менш аблытаныя ланцугамі рабства і хлусні: «Нашто ўжо ліха за Уралам кіргізам гэтым, але й там, Бог сведка, лепей жыць, Чым нам ва Украйне. Мо таму – кіргізы Йшчэ не хрысціяне?..» І ёсць яшчэ нейкая асаблівая інтымнасць у Шаўчэнкавым звароце да гэтай тэмы, калі ён звязвае з ёй свой любімы матыў «дум»: «Думы мае, думы мае, Вы мой скарб адзіны… Прылятайце, птушаняты, Ў гэты край пустэльны, З-за Дняпра майго сівога Пагуляць у стэпе З кіргізамі гаротнымі. У іх так убога, Нават гола… Ды на волі Ўсё ж моляцца Богу».

Што Шаўчэнка не толькі назіраў жыццё «кіргізаў», але і глыбока заклапочаны побытам, фальклорам, лёсам, што яму зразумелай і роднай была душа гэтага народа, пацвярджаюць і такія вершы, як «У Бога за дверима лежала сокира», дзе казахская фальклорная легенда выкарыстана для метафарычнага адлюстравання гістарычнай трагедыі народа, што стаў ахвярай царскіх сатрапаў, і яго спадзяванняў на лепшы лёс, – і шматлікія жывапісныя творы, алоўкавыя малюнкі і інш. Цёплым і людскім стаўленнем да казахскай беднаты прасякнутыя карціны: «Казахскі хлопчык распальвае печку», «Казахскі хлопчык дрэмле ля печкі», «Казахі каля агню», «Казашка»; дзясяткі пейзажаў, жанравых сцэн, партрэтаў паказваюць вялікую зацікаўленасць гісторыяй, звычаямі, бытам, помнікамі матэрыяльнай культуры, этнаграфіяй насельніцтва Казахстана і Сярэдняй Азіі. Па сутнасці, Шаўчэнка першы з такой паўнатой і яркасцю адлюстраваў прыроду і жыццё гэтага краю моваю пэндзля, і ўдзячныя казахі называлі яго заснавальнікам свайго нацыянальнага жывапіснага мастацтва (якога ў іх раней не было).

Вяртаючыся з ссылкі, Шаўчэнка і ў Астрахані, і ў Чабаксарах, і ў Казані, і ў Ніжнім Ноўгарадзе сутыкаўся з жыццём народаў Паволжа. У яго «Дневнике» знойдзем адпаведныя назіранні і спачувальныя запісы, яркія характарыстыкі гаротнага становішча паволжскіх народаў і каланіяльнай палітыкі самадзяржаўя, у прыватнасці гвалтоўнага ўкаранення казённага праваслаўя. Уражанні і разважанні аб ссылцы ўмацавалі і паглыбілі Шаўчэнкавае ўяўленне аб царскай Расіі як турме народаў.

1

Цыт. па: Луцький Ю. Між Гоголем і Шевченком. – К., 1998. – С. 90.

2

Луцький Ю. Між Гоголем і Шевченком. – С. 89.

3

Данилевский Г. П. Сочинения. – СПб., 1901. – Т. 14. – С. 98–99.

4

Спогади про Тараса Шевченка. – К., 1982. – С. 72.

5

Шевченко Т. Повне зібрання творів: у 6 т. – К., 1964. – Т. 6. – С. 314.

6

Шевченко Т. Повне зібрання творів: у 6 т. – Т. 6. – С. 315.

7

Луцький Ю. Між Гоголем і Шевченком. – С. 178.

8

Шевченко Т. Повне зібрання творів: у 6 т. – Т. 6. – С. 9.

9

Гоголь Н.В. Полное собрание сочинений: в 14 т. – М., 1952. – Т. 12. – С. 419.

10

Письмо украинца из столицы // Украинский вестник. – 1818. – Ч. 9. – Январь. – С. 223

11

Франко І. Зібрання творів: у 50 т. – К., 1981. – Т. 29. – С. 50.

12

Шевченко Т. Г. Повне зібрання творів: у 6 т. – Т. 6. – С. 312.

13

Соловьев С. М. История России с древнейших времен / Изд. товарищества «Общественная польза». – СПб., 1895. – Кн. 6. – Т. 26. – С. 30.

14

Кирило-Мефодіївське товариство: у 3 т. – К., 1990. – Т. 1. – С. 67.

15

Шевченко Т. Г. Повне зібрання творів: у 6 т. – К., 1963. – Т. 4. – С. 190.

16

Хомяков А. С. Полное собрание сочинений. – 3-е изд., доп. – М., 1990. – Т. 1. – С. 356.

17

Спогади про Тараса Шевченка. – К., 1982. – С. 78.

18

Драгоманов М. П. Літературно-публіцистичні праці: в 2 т. – К., 1970. – Т. 2. – С. 47.

19

Спогади про Тараса Шевченка. – С. 77.

20

Драгоманов М. П. Літературно-публіцистичні праці. – Т. 2. – С. 47.

Мастак. Да 200-годдзя з дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі (зборнік)

Подняться наверх