Таямніцы полацкай гісторыі
Реклама. ООО «ЛитРес», ИНН: 7719571260.
Оглавление
Уладзімір Арлоў. Таямніцы полацкай гісторыі
Прызнанне ў любові
Унукі Белабога
Ад Рагвалода да Брачыслава
Час Чарадзея
Асветніца з роду Усяслава
Смерць князя Валодшы
Новая дзяржава
У гасподзе Падуанскай
Полацкая вайна
Крывавае стагоддзе
Муж дабраверны, царкве i дзяржаве патрэбны
Каранаваны забойца
За Дзвіною – іншая краіна
Дзень нараджэння Напалеона
Alma Mater Polocensis[16]
Кадэцкі корпус
Старонкі правінцыйнага рамана
Травень, 1910
Сто датаў полацкай мінуўшчыны
Примечания
Отрывок из книги
Любоў да горада нагадвае каханне да жанчыны.
Гэта вялікае шчасце, калі недзе ёсць горад, які чакае цябе, каб затуліць крылом спакою і зрабіць мацнейшым. Горад, чыё імя ты часта паўтараеш у думках, як імя блізкага чалавека, шукаючы і заўсёды знаходзячы нейкі патаемны сэнс з усё новымі і новымі адценнямі: чуеш у ім то ціхамірнае цурчанне Палаты з яе расчасанымі плынню зялёнымі «русалчынымі косамі», то ваяўнічы поступ полацкіх палкоў, то вусцішны гуд полымя над абложанымі ворагам замкамі…
.....
Увесну хадзілі на магілы з ежаю і пітвом, каб падзяліцца з дзядамі радасцю сонечнае цеплыні і зямнога абуджэння. Замагільных гасцей звалі па імёнах, запрашаючы папіць-паесці разам з жывымі. Увосень дзядоў чакалі на гасціны дома: адчынялі вокны і дзверы і сядалі за стол з багатай пачосткаю. «Святыя дзяды, ляціце сюды!» – клікаў гаспадар, і ўсе чуйна прыслухоўваліся, каб не прапусціць прыходу невідочных гасцей. Пра іх з’яўленне паведамлялі павеў ветрыку, ціхае рыпенне дзвярэй, восеньская жамярыца, заляцелая ў вакно срэбная павуцінка.
Продкі верылі, што дзядоў можна ўбачыць, але дзеля гэтага трэба цэлы дзень не есці. Найсмялейшую ў доме дзяўчыну ці жанчыну з завязанымі вачыма саджалі на ўкапаны каля печы слуп. Адтуль яна намагалася «ўгледзець» гасцей і пазнаць іх у сваім уяўленні. Рызыкантка часта палохалася і ў непрытомнасці падала долу. Існаваў і іншы спосаб. Той, хто хацеў пабачыць душы продкаў мог выйсці ў сенцы і зірнуць у хату праз вакенца, прарэзанае над дзвярыма. Ахвочых знаходзілася няшмат, бо лічылася, што такога смельчака дзяды ў той самы год забяруць да сябе.
.....