Читать книгу Сівая легенда - Уладзімір Караткевіч - Страница 2

І

Оглавление

Светлейший отец, подавай нам деньгу,

Иль скарб твой достанется в руки врагу.


К. Меер

На пачатку мая ў Быхаў прымчаў на ўзмыленым кані ганец.

Конь зваліўся ля самай брамы замкавай вежы, а коннік пераляцеў цераз яго галаву і, як мёртвы, расцягнуўся ў пыле.

Гэты ледзь жывы чалавек прывёз мне загад майго гаспадара, пана Аляхно Кізгайлы. Я, Канрад Цхакен, павінен быў не марудзячы пакінуць Быхаў і на чале сваіх трох соцень швейцарцаў спяшацца ў замак Кізгайлы. Разам з граматай прыбылі грошы на куплю новых коней і вусны загад аб тым, што жывёлы не трэба шкадаваць.

На пытанне, што прымусіла пана быць такім паспешлівым і марнатраўным, ганец ледзь здолеў прахрыпець: – Воўк вырваўся з логава…

Яму ўжо сядлалі другога каня, і праз хвіліну ён памчаў у трэці замак Кізгайлы, у Збароў.

Я не ведаў, хто быў гэты воўк. Але швейцарац, калі яму добра плацяць, не патрабуе паўторнага загаду.

Кізгайлу было пажадана, каб мы загналі коней, – мы загналі іх і роўна праз суткі прыскакалі ў Кісцяні, дзе нас гэтак нецярпліва чакалі і дзе чагосьці так моцна баяліся. Баяліся, аднак мост, на наша здзіўленне, быў апушчаны.

Коней мы загналі бязлітасна, да дыхавіцы. Кізгайла страціў на гэтым не менш за сотню залатых. Але гэта была не мая справа. Я, Канрад Цхакен, ураджэнец кантона Швіц, вядома, не так раскідаўся б, але я ўжо дзевяць год бачыў гэтых людзей і ведаў, што ад іх заўсёды можна чакаць самых вар’яцкіх учынкаў, за іх ніколі нельга паручыцца, таму што ў іх вецер свішча ў галаве.

Я жыў сярод іх дзевяць год, часам пачынаў нават думаць па-беларусінску, а ўсё ж ведаў іх ненашмат лепей, чым у першы дзень.

Яны будуць крычаць: «Воўк вырваўся з логава» і ніколі не зробяць ласкі толкам растлумачыць, што здарылася, каб добры хрысціянін зразумеў іх. Як быццам гэта наш абавязак – разумець іхнія тропы і іншасказы? Крый божа, калі сярод іх з’явіцца першы паэт – яны затопяць вершамі ўвесь свет і нікому не дадуць спакою.

Яны трацяць шалёныя грошы на цэлы табун загадзя асуджаных коней – і пакідаюць пад’ёмны мост апушчаным.

Іхнія старыя крэпасці, як Смаляны, Ворша, Магілёў, – страшныя. Я не згадзіўся б абараняць іх нават пад пагрозай пазбаўлення раю (я ўсё адно, бадай што, туды не траплю), нават калі б мне плацілі не пяцьдзясят талераў, а сто. Сапраўды, каб выстаяць за такім плотам, патрэбна вялікая мужнасць і вялікая легкадумнасць. А яны не толькі выстойваюць, але і наносяць страты ворагу.

Яны ўмудрыліся, седзячы ў гэтых быдлячых загонах, адбіцца ад татар і сто год, абяскроўленыя, супраціўляліся Літве – гэтага досыць.

Я кажу вам, ніхто не назваў бы такія загарадкі крэпасцямі.

Аднак гэта не датычыцца замка Кізгайлы. Хто панюхае паветра каталіцкага храма, той ніколі не будзе такі, як раней. А новая знаць нюхнула яго ў ахвоту. Яна будуе такія замкі, быццам у кожны з іх вось-вось могуць прынесці крыж Пана Бога, які давядзецца абараняць ад усіх язычнікаў зямлі. Ёсць славуты горад Кёльн. І ў гэтым славутым горадзе ёсць помнік дурасці і непасільнаму пачынанню – недабудаваны сабор. І ёсць паэт Газельберг, які хоць і размаўляе са мною на адной мове, а даволі-такі немалы дурань.

Дык вось, ён напісаў, гэты дурань, аб тым саборы:

Dem Wunder kann ich аuch nachlаufen.

Sah nie kein größeren Steinhaufen!


Паглядзеў бы ён на замак майго гаспадара ў наваколлі Кісцянёў!

Над шырокім лянівым Дняпром узвышаецца ўзгорак. Пяць тысяч тутэйшых мужыкоў нацягалі на яго зямлі, узвысілі і ўмацавалі. Цяпер рэчка ўпадае ў Дняпро двума рукавамі. Пасярэдзіне іх – груд-капец. Ён абведзены падвойным валам. А на яго верхавіне шэры каменны гмах.

Часам мне здаецца, што Сатана менавіта тут абараняўся ад Усявышняга і што менавіта гэты пагорак бамбардавалі каменнямі яго анёлы. Чалавеку цяжка ўзвесці такое.

Пад’ёмны мост, брама з падвойнымі кратамі, муры вышынёю ў сорак пяць локцяў. А над імі, яшчэ вышэй, тры вежы.

Імя ім: Саляная, Стралецкая і Жабіна.

Унутры хапае месца для жылля, стайняў, палаца, дзвюх цэркваў і іншага, чаго і не злічыць. І гэта звачайны замак двараніна, нават не першага па багацці і знатнасці. Бог няроўна дзеліць: ён дае порткі менавіта таму, у каго яны будуць спадаць з мізэрнага азадка.

У гэты вечар над вежамі свяціў месяц – такі пяшчотны, аліўкавы, ружовы, – так бы і з’еў яго. А ў байніцах таксама сям-там гарэлі агеньчыкі. І на сэрцы было лёгка, таму што ў нас, ваякаў, ад нараджэння заўсёды лёгка на сэрцы, калі мы жывыя.

У адказ на трохкратны гук нашага рога з вежы над брамай тройчы праспявала дуда, і гукі яе ў майскім вячэрнім паветры таксама былі асабліва сумнымі і празрыстымі. Гэта было такое паветра, што яго хацелася піць. Хрушч ударыўся аб маю кірасу і ўпаў на грыву каня, бездапаможна перабіраючы лапкамі.

Хрушчы на гэтай вар’яцкай зямлі зусім такія, як на маёй радзіме, – гэта трохі прымірае.

На майго каня ўпаў прамень святла са спадзорнага акна.

– Хто ідзе?

– Святы Юры і Русь, – сказаў я звычайны кліч воінаў гэтай зямлі.

– Дзякуй богу, – стаў жагнацца вартаўнік брамы. – Чакалі вас.

Пачалі круціць калаўрот, разышліся акаваныя жалезам дубовыя форткі, павольна папаўзла ўгору рашотка.

Нас сустрэў сам гаспадар – рэч небывалая. Я недарэмна намякаў на людзей, у якіх спадаюць порткі. Кізгайла якраз такі. Яму трыццаць чатыры гады, і ён худы, як бядняцкая каза. Але моцны і жылісты. Ён паспрабаваў узяць майго каня за повад – здорава яму прыперла, калі ён аказвае наёмніку такую павагу, – але я спешыўся і сам павёў каня.

Кізгайлу мне давялося бачыць не больш як тры разы, я быў толькі яго кулаком у Быхаўскай акрузе. Нядаўна ён ажаніўся, я яшчэ не бачыў яго жонкі.

Але нават я здзівіўся той змене, што адбылася з ім. Спіна сагнулася, твар жоўты не па-чалавечаму, вочы, як у вар’ята. А быў жа ладны і станісты. І пастава высакародная. – Ты добра зрабіў, што паспяшаўся, Канрад, – сказаў ён, – у мяне вялікая бяда.

І змоўк. І маўчаў, пакуль хлопцам не адвялі жылля, пакуль не выкацілі ім бочку віна і не накармілі тлуста і смачна.

Я глядзеў на яго высокі вузкі лоб, на валасы, ледзь падвітыя на канцах, але без бляску, бы ў сухотніка якога-небудзь, на вузкія карыя вочы і думаў: «Вось і зразумей цябе, чорта, што ў цябе ў галаве».

Гэтых людзей нельга зразумець. То яны маўчаць, то загадваюць без дай прычыны загнаць добрых коней.

Калі ўсіх напаілі і накармілі, ён падаў мне знак ісці за ім. Мы ішлі бясконцымі пераходамі і вісячымі галерэямі, ён ціха, як кот, я грукочучы, як вядро на цыганскім возе.

На вісячай пляцоўцы, вельмі прыдатнай для агляду, ён раптам спыніўся.

– Як ты думаеш, Цхакен, ці доўга можна абараняць такі замак?

Я паглядзеў на гмах, заліты месячным святлом, на кучы каменняў, што абцяжарвалі забрала, на вежы, што лёгка і трывала стаялі на зямлі.

Я ведаў, што на гэтых мурах устаноўлены два дзясяткі гармат і пры іх, як сцвярджае роспіс, ёсць дзесяць custodes arcis et bombardarum magistros.

А каб жэрці і піць, дык гэтага ў склепах хопіць на ўсіх – хоць год сядзі.

І ўсё ж я спытаў, якія сілы ёсць у замку акрамя маіх малайцоў. Ён адказаў, што на другім замкавым двары стаіць сотня конных кірасіраў.

– Нядрэнна, – сказаў я, – але ж гэта для вылазак, гаспадар. А нашто нам іхнія коні? Хіба што жэрці, калі будзем галадаваць? Вядома, гэта ежа для басурмана, але голад не цётка.

– Ёсць яшчэ каля дзвюх соцень дваран.

– Адчайныя і кончаныя душы, – сказаў я, – але зноў-ткі для бою ў шырокім полі.

Словам, я зразумеў, што муры павінны абараняць мае хлопцы.

– Не нам жа каменне цягаць, пан Кізгайла? Дайце нам на гэтую работу з паўсотні мужыкоў.

– Нельга мужыкоў, – амаль ускіпеў ён. – Іх зусім не будзе.

Я паціснуў плячыма.

– У чым усё ж справа, гаспадар?

– Пытаць будзеш потым. Кажы, колькі тут можна пратрымацца?

– Год, – суха сказаў я, – год я пратрымаюся тут нават супраць Сатанііла. Два гады я пратрымаўся б тут з гаспадаром, які мне давярае. І я не паручуся нават за тыдзень абароны, калі гаспадар не давярае сам сабе.

– Цхакен, прыяцель, – сказаў ён трохі мякчэй, – я проста не хацеў пасяляць у тваёй галаве скажоных меркаванняў наконт лёгкасці і цяжкасці гэтай аблогі.

– Дык хто ўсё ж ткі ідзе?

– Хамы ідуць.

Мне не спадабаліся гэтыя словы. Швейцарцы ўсе былі мужыкамі яшчэ сто год назад. Але ён пакрыўдзіў не маіх землякоў. Акрамя таго, ён плаціў грошы. Таму я змоўчаў.

– Хамы ідуць, – паўтарыў ён.

– Гэта не вельмі страшна, – сказаў я, злёгку пакрывіўшы душою.

– Ты не бачыў іх у Віцебску, – сказаў ён, – калі там была смута. А я дагэтуль памятаю набат.

– Але ж трыццаць год у гэтым краі быў спакой.

– А цяпер яны ўзялі замак. У Рагачыку.

– Сорак міль па рацэ адсюль, – усміхнуўся я. – Хто паручыцца, што яны пойдуць у гэты бок?

– Яны пойдуць. Я гэта ведаю. Ім няма іншага шляху, акрамя таго, што вядзе праз Кісцяні. Праз мяне.

– І ўсё адно мы адседзімся. Вашы мужыкі, вядома, не зусім прыемная рэч. Але гэта не рэгулярная армія.

– Гэта горш, – ён пачынаў злаваць. – Чаму?

– Таму што сёння ў іх ёсць галава.

Па маіх вантробах прабег мароз: гэта сапраўды горш. Але я ведаў, што гэтага чалавека яшчэ ў раннім юнацтве да смерці напужалі зверскія морды, сякеры, паходні, труп епіскапа, які валачылі за ногі па вуліцах, вынішчэнне яго гвардыі. Неразумна было б палохаць яго. Таму я адмахнуўся ад яго слоў.

– Глупства, – сказаў я, – галава ў час вайны рызыкуе не менш, чым ногі. На што ўжо быў хітры шведскі кароль, а і той не мінуў кулі.

– О, Канрад, вы ж біліся з ім, – раптам загарэўся ён. – Што гэта быў за чалавек?

Я ўсміхнуўся сам сабе. Клянуся касой Маці Божай, на гэтай зямлі кожны марыць аб славе. Нідзе не чытаюць і не распытваюць так прагна пра Аляксандра, Цэзара і іншых разбойнікаў. Нават гэты, якому сядзець бы дома і пладзіць дзяцей, чалавек хутчэй люты, чым мужны, загарэўся, ледзь патыхнула дымам вайны.

Я паціснуў плячыма з прытворнай абыякавасцю: – Гэты галандскі мазіла Ван Дэйк напісаў партрэт шведа, але ён не падобны. Ён на ім чысценькі, як хлопчык, якога мама вядзе ў царкву. А гэта быў здаровы мужалап, які лаяўся мужыцкімі словамі, як залатар з Вюрцбурга.

Яго зноў перасмыкнула пры слове «мужыцкі», але я супакоіў яго: – Нават такая галава нічога не магла зрабіць з мужнасцю праціўніка. Будзем біцца.

Мы спусціліся ў другі ўнутраны двор. Тут, пад павеццю, віселі на сцяне кірасы, пырхалі коні і ля агнёў сядзелі кірасіры. На каменных плітах двара сям-там дыміўся гной. Худы мужычок у світцы падмятаў ляніва і непаваротліва.

Гаспадар, відаць, знайшоў, на кім спагнаць гнеў. – Дамінік, – сказаў ён, – калі двор будзе запаскуджаны раніцай, я пастаўлю цябе вышэй за сябе.

Я ведаў гэты брыдкі выраз. І мімаволі паглядзеў на верхні двор, дзе вялізным «пакоем» вымалёўвалася на сінявата-зялёным месячным небе шыбеніца.

– Зробім, паночак, – сказаў Дамінік, і я ўбачыў у цемры яго светлыя, трохі прытушаныя вейкамі вочы. Яны былі незвычайныя, гэтыя вочы.

У Еўропе я толькі аднойчы бачыў такія вочы, у мужыка пад Вольмірштэтам, калі нямецкія сабраты ў кірасах забіралі ў яго сена. Праз хвіліну ён торкнуў віламі ў бок сяржанту. Калі я ўпершыню з’явіўся тут, то штохвіліны асцерагаўся такога ўдару: у іх ва ўсіх былі такія вочы. Але потым супакоіўся. Гэта ціхманы і вельмі цярплівы народ.

І толькі цяпер зноў штосьці непрыемнае варухнулася ў мяне ўнутры.

– Я б адправіў гэтага мужыка ў роднае сяло, – сказаў я.

– Зусім застацца без іх нельга, – раздражнёна сказаў Кізгайла, – а гэты яшчэ і католік. Я павінен яму верыць.

Я ўсміхнуўся сам сабе і падумаў, што чалавек, які аднойчы здрадзіў веры, можа здрадзіць і другі раз. Але я спахапіўся і не сказаў гэтага ўголас, з боязі абразіць гаспадара.

Сам гаспадар таксама быў свежы католік, а жонка яго, Любка, заставалася праваслаўнай. Жонак няма чаго прымушаць. Ды і сам Кізгайла – я ўпэўнены ў гэтым – адчувае сябе ў новым храме, як п’яны ландскнехт сярод святош.

І ўсё ж у замку ёсць невялічкі касцёл, патрон якога святы Антоній, і царква Пакрова Маці Божай. Іх падзяляе палац, і з яго вядуць у храмы дзве галерэі, кожная ў свой бок. Калі палац спаляць – храмы ўбычаць адзін аднаго і вельмі здзівяцца. Зрэшты, гэта не перашкаджае абедзвюм рэлігіям спаць на адной падушцы…

Ад гэтых гуллівых і, прызнаюся, не вельмі пачцівых думак мне стала весела. Ну які з гэтага чалавека католік?! Ён не ведае па-латыні ні inibus, ні atibus. І добра, бо я таксама ведаю ненашмат больш.

Ды і адкуль мне ведаць? Я не поп, я салдат. Я Канрад Цхакен, і я трыццаць год крывёю плачу за свой хлеб.

Шырокімі драўлянымі сходамі мы прайшлі ў малую залу замка. У гэтай малой зале маглі б учыніць папойку ўсе мае малайцы, ды яшчэ з дзеўкамі. І нікому не было б цесна.

Шэсць вялікіх, бы ў царкве, акон. У іх, акрамя звычайных зашклёных пераплётаў, уштукаваны яшчэ і вітражы. Зрэшты, іх пачалі ўжо вымаць, відаць, для таго, каб перанесці ў бяспечнае месца. Таму палова залы ў чырвоных, сініх і карычневых плямах, а другая заліта месячным святлом.

Каменная гладкая падлога, сцены, абабітыя цяжкай тканінай, фіялетавай з золатам. Каля сценак цяжкія і доўгія, як труны, разьблёныя скрыні, яны ж услоны. Паміж імі шафы, знарок адчыненыя, каб быў відаць залаты і срэбны посуд.

Як хутка яны пераймаюць ад фальшывых нямецкіх і італьянскіх купцоў, ад хлуслівых тамтэйшых дваран! Навучыліся і іншаму, зусім недарэчнаму: у пярэдняй сцяне – камін. Гэта пры тутэйшых страшных маразах! Ды я ні на што ў свеце не змяняю мясцовай печы!

У часе італьянскага паходу – а зіма была надта суровая для Ламбардыі – мне аднойчы давялося ўсю ноч праляскаць зубамі ля такога каміна. Я напалову засмажыўся і напалову змёрз, як пекар.

Затое я з асаблівай прыемнасцю ўбачыў ужо накрыты стол, крэслы без спінак каля яго, полымя свечак у шасцёх пяцісвечніках.

І яшчэ жанчыну ў крэсле, у баку ад стала.

Яны былі зусім непадобныя адно на аднаго, муж і жонка. У яго сухі жоўты твар, які пачынаў друзнуць, вочы фанатыка, шалёныя і вартыя жалю, валасы да плячэй. А яна – з яе анёла можна было б маляваць. Толькі, ведаеце, не дужа добрага анёла. Каса доўгая, залацістая, вочы цёмна-блакітныя і таксама трошкі шалёныя, як ва ўсіх тутэйшых. Рот ружовы і вельмі прыемны для пацалункаў, вясёлы і прынадны.

А сама як літая: усё на месцы, што павінна быць у жанчыны, па думцы ўсякага добрага швейцарца. Я, праўда, не ведаў, якая ў яе хада. У мясцовых жанчын вельмі зграбная хада. І яшчэ рукі, такія, як у гэтай: белыя, не худыя, з тонкімі пальцамі, якія звужаюцца пад канец.

Але што іх асабліва рабіла непадобнымі, дык гэта вопратка.

Да вопраткі трэба прывучваць не адно пакаленне. І, можа, толькі ўнукі пана прызвычаяцца да адзення, якое насіў ён сам. Шырокая і вельмі кароткая аксамітная безрукаўка на куніцах. Ярка-чырвоная сарочка, якая гладка прыставала да цела. Карункавы каўнер і з-пад яго, на жывот, залаты ланцужок. На поясе цацачны кінжальчык. (Божа, ды гэтым людзям толькі доўбня і з рукі.) І куды яму, да д’ябла, з яго худымі нагамі і таўставатымі каленнымі суставамі, насіць гладкія, у абцяжку, залацістыя панчохі і мяккія боцікі з доўгімі наскамі?

Дражняць нас бусланогімі, а самі вучацца.

А на пані Любцы ўсё дарэчы. Шырокая ў падоле блакітная з золатам сукня. Пояс, што завязваецца па клубах і падае спераду двума канцамі, быццам падзяляючы ногі. Тонкая ў поясе казнатка, таксама блакітная.

І што лепей за ўсё – на галаве іхні «караблік», быццам ляжачы маладзік, быццам рожкі над вушамі. Рожкі тыя залацяцца, а на іх зверху накінуты рантух, зусім празрыстае блакітнае пакрывала ніжэй каленяў.

Сядзіць, бы ў воблаку.

І на каленях скруціўся свойскі белы гарнастай.

Яна ўстала мне насустрач, усміхнулася злёгку жарсткаватай і прыемнай усмешкай. Гарнастай паспрабаваў быў учапіцца за сукню, але не ўтрымаўся і скаціўся ўніз.

У мяне сівізна ў галаве, і тут я ўпершыню пашкадаваў аб гэтым. А сам сабе падумаў, што мужа як мужа, а гэту буду бараніць да самага скону. У мяне ж, каб я не валачыўся па свеце, а жаніўся, як усе добрыя людзі, магла б быць вось такая дачка. І я абавязкова назваў бы яе Гертрудай.

Я падышоў да яе і схіліўся, каб пацалаваць руку. Не дала рукі.

– Гэта ўжо, бацька, па нашых звычаях зусім без патрэбы.

– У іх свой звычай, – сказаў пан Кізгайла, але я пабачыў, што ён узрадаваўся.

А потым я пераканаўся, што ён яе і наогул неяк безнадзейна раўнуе. Я злавіў сябе на думцы, што стаў думаць на іхняй варварскай гаворцы, і крыху раззлаваўся. Я ўсё ж з кантона Швіц, чорт мяне пабірай!

Праўда, тут усе, акрамя палякаў, вельмі памяркоўныя да любога народа і любой веры, так што мне тут добра.

– А вы сядайце за стол, пан Кандрат, – сказала яна, і я не раззлаваўся за перакручанае імя, – зараз усе прыйдуць.

– Ваенную раду ўчынім, – сказаў муж.

Я падзівіўся толькі, якія дзіўныя тут норавы. Я не перастаю здзіўляцца дзевяць год. За ежаю – і ваенная рада.

Я, грукочучы, падышоў да стала і сеў з імі. Першым прыйшоў пан Фелікс, капуцын, – і надзіва чысты для свайго ордэна. Зрэшты, я ўсё адно лепей сядзеў бы з дзесяццю смярдзючымі капуцынамі, чым з адным езуітам. Душэўны смурод горшы.

Гэты, выяўляецца, мыўся, і нават дужа старанна, бо прыстаўлены быў, акрамя выканання службы, яшчэ да варкі мёду. Капуцыны разумеюць у выпіўцы.

Потым з’явіўся попік, айцец Іякінф (язык зломіш на гэтых імёнах!), ускудлачаны, сухі і хітранькі.

Кожны сеў з боку «свайго» гаспадара, у канцы стала, і, на маё здзіўленне, надта мірна прывітаўся з законным ворагам.

– Прыгразілі, што іначай выганім, – шапнула пані Любка.

– А зараз іх наогул вадою не разальеш, – буркнуў Кізгайла, – п’юць разам і зневажаюць Бога. Такія блюзнеры. Нядаўна пан Фелікс, напіўшыся, крычаў, што з беларускай зямлі трэба павыганяць і папоў, і ксяндзоў, а богам прасіць на цараванне Бахуса. А разумны ж і бывалы чалавек: у Венецыйскай зямлі быў і яшчэ недзе.

– Нічога, Бог за легкадумнасць даруе, – сказала гаспадыня.

– Яшчэ манахі ёсць? – спытаў я.

– Цяпер ужо другі тыдзень служаць запрошаныя. Уратаванне каралевы на вадзе. Тры тыдні будуць выць, – скрывіла яна губку.

– Якія?

– У шэрых расах.

Я ўвесь пахаладзеў. З гэтай кампаніяй я зусім не хачу мець спраў. І я вырашыў паспрабаваць заўтра справадзіць «сыноў Ісуса», указаўшы ім на небяспеку.

З-за мяркуемай рады запрошаных да стала было мала. Прыйшлі яшчэ толькі два: капітан конных кірасіраў, сапраўдны разбойнік з закручанымі вусамі і ў ботах, падобных на вёдры, а сам – ні даць ні ўзяць картачны ніжнік.

І яшчэ выбраны камандзір шляхты ў чузе з буркацелі – таннай парчы, і ў шэрым футры паўзверх яе, нягледзячы на вясновы час. У гэтага былі маленькія вочкі і маленькія крывыя далонькі. Хай мяне Бог шасне, калі я не ўспомніў крата.

Калі мы сунялі першы голад – а на гэта пайшоў немалы час, – я спытаў, калі чакаецца прыход ворага да муроў і ці не абяцаў канцлер Сапега ўзброенай дапамогі. – Яны ўзялі Рагачык з налёту, – хрыпла сказаў капітан. – А цяпер кудысьці зніклі.

– Рыхтуюцца, – з прыкметным хваляваннем сказаў Кізгайла, – разумеюць, што тут нечаканасцю нічога не зробіш, і нешта рыхтуюць. Сядзяць недзе ў пушчы… як павукі.

– Сапега ж абяцаў падмогу, – з адценнем пагарды сказала гаспадыня.

– Кату ён пад хвост вырас, твой Сапега, – ускіпеў пан, – ці можна яму верыць? Сама памятаеш, як ён за народ беларускі распінаўся. А цяпер надта ўжо скора па-польску пачаў балбатаць. Пярэварацень.

– Дый ты ж, – усё з той самай лёгкай і жорсткай усмешкай сказала яна.

Твар Кізгайлы так па-пакутніцку скрывіўся, што я пашкадаваў яго.

– Ён першы перабег, – скрыпнуў пан зубамі, – а за ім іншыя разышліся на ўсе застаўкі. Як пацукі з карабля. А астатнім чыняць уціск.

– Нобілі не бягуць, – сказала яна.

– Таму і галеюць. Ды і гэтых, верных, тры чалавекі засталося. І тых бы для спакою – на плаху.

– Сапега прышле дапамогу. Сапега вораг яму.

– Не веру, – сказаў пан, – я і на сябе не спадзяюся пасля «схілення». І хто ведае, ці не пакарае мяне за гэта Пан Бог.

– Што такое, – не зразумеў я, – каму вораг Сапега?

– Галаве мужыкоў, – ваўкавата гледзячы ў падлогу, сказаў Кізгайла. – А ён хто?

– Нобіль. Раман Грынка з Ракутовічаў, – адказаў пан.

Прызнаюся, што я даволі непачціва свіснуў.

Справа паварочвалася зусім дрэнна. Нобілі – самыя знатныя і самыя паважаныя народам людзі на гэтай зямлі. Яны не проста маюць дрэва продкаў, яны вядуць яго ад якога-небудзь слаўнага чалавека.

Іхні закон гонару: кожнае пакаленне павінна прымножыць славу гэтага продка сваімі дзеяннямі. Таму большасць з іх вызначаецца справядлівасцю, шчырым норавам і неўтаймаванай адвагай у баі.

Гэтыя тры добрыя якасці – я заўсёды казаў гэта – зусім не садзейнічаюць працвітанню. Таму гэта парода належыць да ліку выміраючах. Зніклі нашчадкі князя Вячкі, няма прамых нашчадкаў Андрэя Полацкага, нястомнага ворага Крэўскай уніі. Іх забылі. І па заслузе – няма чаго дарэмна геройстваваць. Чалавек створаны на тое, каб пладзіцца, а не на тое, каб знішчаць сябе. Які толк у тым, што іх імёны занесены ў які-небудзь Гарадзельскі прывілей або першы Статут, калі носьбітаў гэтых імён не засталося на зямлі.

Але я заўсёды казаў, што ў гэтага народа галава змайстравана не так. Я не ведаю, мякіна ў іхняй галаве ці інакшыя мазгі (калі здарыцца выпадак, трэба будзе паглядзець), але яны абкружаюць гэтую пароду ўвагай і пяшчотай. Мужыкі асабліва любяць іх, бо тыя амаль заўсёды небагатыя і лічаць празмернае багацце за ганьбу.

Аднойчы, пасля разгрому татар пад Крутагор’ем, трэцюю частку здабычы прапанавалі аднаму з Ракутовічаў (не памятаю ўжо, што ён зрабіў, здаецца, закалоў ці ўзяў у палон хана Койдана), і ён аддаў яе мужыкам, якія прыйшлі пад яго сцяг. Тыя потым маліліся на яго, як на Бога, і калі іхні бажок паклікаў іх з сабою ў паход на яцвягаў – кінулі ўзбагацелыя гаспадаркі і пайшлі за ім. Вядома, гэта ўсё скончылася дрэнна – з правадыра-завадатая знялі скуру, узяўшы яго ў палон.

І даніну з гэтых яцвягаў можна было ўзяць толькі венікамі для лазні і лыкам. Неразумная рызыка!

Я ведаў усё гэта ад аднаго быхаўскага манаха. Ён пратрубіў нам усе вушы гэтай мінулай славай.

І ўсё ж я ўстрывожыўся. Кіраўнікі яны нядрэнныя, і, калі чуткі спраўдзяцца, значыць, у мужыцкага цела вырасла някепская галава.

Гаспадар з гаспадыняй між тым сварыліся. Ён крычаў на жонку: – А ўсё ты! Патрэбна мне была тая халопка. Вось зараз і расхлёбвайце кашу, пані Любка.

Тая ласкава гладзіла гарнастая, які ляжаў у яе на плячы, ляніва выгнуўшыся, і лашчыўся галоўкай. Потым сказала холадна: – Не бойся, ён цябе адсюль не дастане. Ён не мацнейшы за цябе.

І спытала ў капітана: – Тую дзеўку адправілі ў Магілёў?

Капітан ледзь не ўдавіўся кавалкам і пачырванеў.

– Праз гадзіну адправяць. Разам з астатнімі. – Загадайце берагчы яе. Калі з ёй што-небудзь здарыцца ў дарозе і той даведаецца – ён не пакіне ад Кісцянёў каменя на камені.

– Слухаю вас, – буркнуў капітан.

Я не пытаў ні аб чым. Занадта многа таямніц на адзін вечар.

Потым мы спехам вырашылі, каму які мур абараняць, а Кізгайла даў загад трымаць напагатове смалу і дровы і змазаць пад’ёмнік другой рашоткі.

Загадзя ведаючы, што гэта бескарысна, вырашылі ўзняць на супраціўленне мужыкоў з замкавых вёсак Кізгайлы.

Потым Кізгайла прачытаў загад збароўскім мяшчанам, на якіх таксама маглі напасці. Ім належала: «Стрэльбу ўсякую, то бок гакаўніцы, ручніцы і сагадайкі, і іншую абарону, то бок шыбні і што іного да той абароны належыць, у дамех сваіх маці; а хто не можа больш, іно хаця адну ручніцу і рацішча няхай маець, а без абароны такавое ў даму няхай не мешкае».

– Не атрымаецца і гэта, – усміхнуцся Крот. – Гэта чаму? – узвіўся Кізгайла.

Крот выцер ільсняныя губы.

– Яны ў нас пра падатак прасілі?

– Ну, прасілі.

– А ты не зняў?

– Не зняў… – Таму і не атрымаецца. Скажуць, як п’юць ды ядуць, дык нас не завуць, а як с….. і д……., дык нас ішчуць.

– Не лайся, Іван, – скрывіўся гаспадар, – баба за сталом.

– Калі яна баба, – нахабна адказаў той, – няма чаго ёй за нашым сталом сядзець. А калі села, няхай слухае. Воінам без лаянкі нельга. Прыцерпіцца.

І тут пані Любка мяне здзівіла. Глянула на Крата цёмна-блакітнымі вачыма і сказала цвёрда: – Калі пан хоча лаяцца, няхай пакіне замак і за мурамі лаецца з тым, хто ідзе.

Крот наліўся крывёй.

– А ці не хоча пані, каб дваране і яе адправілі за муры сустракаць гэтага чалавека?

– Добра, – усміхнулася яна, – пагроза за пагрозу.

І раптам устала.

– Пан Цхакен, клікніце сваіх людзей. Я загадваю вам выкінуць гэты зброд за браму. Няхай абараняюцца ў чыстым полі.

– Любка, – уступіўся муж, – гэта ж кожны трэці абаронца.

Спалоханы сваркай гарнастай шмыгнуў пад рантух і хутка ўжо высоўваў сваю трохкутную мордачку з рукава гаспадыні.

– Нам не патрэбен такі трэці, – сказала яна, – здрада крочыць цераз самыя высокія вежы. Пан Цхакен…

Я ўстаў і бразнуў шпорамі. Гарнастай зашыпеў на мяне з рукава, як васіліск.

Але Крот ужо звяў. Ён раптам усміхнуўся гаспадыні.

– Добра, пані. Даруйце мне. Добрыя мы будзем, распачаўшы бойку, калі справа зайшла аб скуры. Паасобку будзе дрэнна і вам і нам.

Воблака рассеялася. Вячэра цягнулася далей. Вырашылі паспрабаваць заўтра выслаць Дамініка лазутчыкам, каб даведацца, дзе вораг.

Усё астатняе для абароны было падрыхтавана. Мы толькі не ведалі колькасці ворага. Мяцеж, выяўляецца, узгарэўся ў наваколлі Зверына. Адтуль не ўцёк ніводзін дваранін. Было гэта за тры тыдні, а першая чутка аб бунце прыйшла тыдзень назад, калі паўстанцы ўзялі Рагачык. І тады ўжо на чале іх быў гэты Раман.

Дрэнна, вельмі дрэнна. Я ніколі не верыў людзям, якія занадта доўга церпяць. Калі іх нянавісць загарыцца, яна гарыць, пакуль не спапяліць праціўніка або самога сябе.

І толькі цяпер я даведаўся нарэшце, у чым рэч, і сам сабе падзівіўся неразумнасці Кізгайлы.

А расказаў мне гэта попік з цяжкавымоўным імем.

Аказваецца, паўтара года таму назад Раман прапанаваў пану Аляхну пяцьдзясят бітых талераў за тое, каб ён адпусціў на волю сваю халопку Ірыну.

Яны сядзелі і пілі разам, і Аляхно спытаў Рамана, нашто яму гэта. Той адказаў, што паспрабуе пасля гэтага завалодаць яе сэрцам і ажаніцца з ёй. – Сэрца, як я мяркую, табе без патрэбы, ласкавы пане, – легкадумна адказаў нежанаты тады пан Аляхно.

– Аднак ты ж прынёс сваё да ног панны Любкі.

– Гэта зусім іншая рэч. Яна высокага роду. А нобілю сорамна браць за сябе халопку.

– Ажаніўся ж з дачкою смерда мурамскі Пётр, – сказаў Ракутовіч.

– Рабы татар могуць рабіць, што ім хочацца.

– Не папікай, сусед. Падобна на тое, што прыйшла чарга нам трапіць у рабства. Варшава задушыць нас, мы згубілі памяць. І невядома, чыё рабства будзе даўжэйшае.

– І ўсё ж гэта ганьба для нобіля – мяшаць сваю кроў з халопскай. – Ты дазволь мне самому меркаваць пра гэта.

– Слухай, Раман, – усміхнуўся Аляхно, – можна пакінуць сытымі ваўкоў і цэлымі авечак. Бяры яе, на колькі спатрэбіцца. Ты ведаеш, я пряцель твой і сусед і ніколі не запатрабую яе назад. Мне вельмі не хочацца, каб ты ажаніўся з ёю.

– Не, – сказаў Раман.

– Сур’ёзна, вазьмі яе, калі ўжо так захацеў. Зрабі ёй дзіця – і супакоішся.

– А калі яна мяне ненавідзіць?

– А хто пытае пра гэта ў быдла?

– Не да ладу кажаш, сусед, – сказаў Раман, – дзяўчат гэтага «быдла» таксама нядобра псаваць, як і ўсякіх другіх. Гэтае быдла адкінула і збіла татарскую конніцу, седзячы на конях, узятых ад сахі. Ды і Ірына паважаная дзеўка.

– Ну і вазьмі яе сабе, – засмяяўся Кізгайла.

– Браць сілком, браць у ланцугах – гэта трэба не паважаць сябе.

– Ды хто ж табе кажа сілком? Ты ўлашчы яе падарункамі.

– І ўсё адно яна зняволеная. Не хачу. Брыдка. Трэба каб па любові, іначай якая ж тут радасць?

– Гм… Дык ты ж яе ў другую няволю цягнеш. Бо калі дазнаюцца, што ты яе адкупіў, дык зноў звязанай будзе. І сабака хвастом віляе, калі кінеш яму кавалак.

– Вось я і хачу цябе прасіць, каб ты адпусціў і маўчаў. Быццам сам адпусціў.

Кізгайла падумаў крыху.

– Не, не адпушчу, – сказаў ён. – Хочаш – бяры, не хочаш – не бяры. Нобілю нельга быць жанатым з халопкай.

Ён занатурыўся, і Раман паехаў пакрыўджаны. Яшчэ раз ён паспрабаваў завесці размову аб гэтым і ледзь не маліў Кізгайлу, але той стаяў на сваім.

Пасля гэтага Раман пакінуў ездзіць да Кізгайлы. Той перапалохаўся – суседзі сталі коса глядзець на яго. Яму зусім не хацелася варагаваць з Ракутовічамі, і ён вырашыў адпусціць Ірыну на волю. Але вяселле яго з паннай Любкай, што неяк раптоўна згадзілася пайсці за яго, вось-вось павінна было загрымець на ўсё ваяводства званамі і шамкамі коней. І ён, як варты павагі жаніх, спытаў у нявесты, ці трэба даваць Ірыне вольную.

Любка ж была ўжо амаль гаспадыняй. А тая раптам уся страпянулася і холадна сказала: – Не.

Ён паглядзеў на яе халодны твар, на прыжмураныя вочы, што глядзелі ўбок.

– Не, – паўтарыла яна. – Нобіль і халопка? Калі ты гэта зробіш, пра мяне можаш не думаць. І Аляхно не паехаў да Ракутовіча.

А неўзабаве пасля вяселля Кізгайлы з Любкай да яго прымчаў на кані стрыечны брат Рамана, Якуб.

– Аляхно, – маліў ён Кізгайлу, – зрабі гэта, дзеля пакут Хрыстовых, калі не хочаш, каб Раман памёр. Ён зусім звар’яцеў, мы вынеслі з яго пакояў усю зброю. Ён раве, як грэшная душа ў пекле, і лае караля, Літву і палякаў. Ён пагражае разнесці ўсё. Ты ведаеш, ён і раней ненавідзеў уціск, на які нас прыракаюць. Цяпер ён ненавідзіць яго стакротна. І гэта твая дзеўка штурхнула яго на гэта. Адпусці яе. Разумееш, я яшчэ не бачыў, каб чалавек так кахаў і шкадаваў.

Сівая легенда

Подняться наверх