Читать книгу 1813 (зборнік) - Уладзімір Садоўскі - Страница 2

1813

Оглавление

Янка любіў зімовы лес.

Хлопцу падабалася шапаценне галінак над галавой. Падабалася назіраць, як ад раптоўнага парыву ветру белымі аблачынкамі сыплецца з дрэваў снег. Падабалася тое пачуццё спакою і адзінства з прыродай, якое абуджаў лес у хлапечай душы.

Але сёння ўсё было не так. Чым бліжэй Янка падыходзіў да ўзлеску, тым мацней у ягоным нутры распальвалася трывога. Хлопцу здавалася, што за сцяной цёмных, пакрытых шэранню ствалоў стаілася нешта небяспечнае. Гасцінны і шчодры лес падаваўся чужым і незнаёмым.

Яшчэ раніцой, атрымаўшы загад збірацца на паляванне, Янка ўзрадаваўся выправе за муры замка. Кашталян даў яму стрэльбу, з тузін набояў са шротам і паўжартам прыстрашыў без дзічыны не вяртацца. Учора ў госці да графа прыехаў пляменнік з Пецярбурга, і кашталян паабяцаў гаспадару разнастаіць стравы да вячэры. Янка апрануў кажух, нацягнуў аблавушку, пачапіў шырокі паляўнічы пас і выйшаў на двор. Там ён напаткаў пакаёўку Паліну, якая несла праз замкавы дворык ваду са студні. Янка зрабіў сур’ёзную міну, выпрастаўся, па-заліхвацку ўскінуў ружжо і, нібы жаўнер на муштры, прайшоў міма дзяўчыны, высока ўздымаючы ногі. Паліна пырснула са смеху. Юнак зірнуў у ейны бок і падміргнуў. Прыемны ўспамін ускалыхнуў ягонае сэрца. На дарогу да лесу Янка выйшаў з усмешкай на вуснах.

На бязвоблачным блакітным небе на ўсю моц прамянілася сонца. Не зважаючы на гэта, над наваколлем панаваў мароз. Але Янка не адчуваў холаду. Начная завіруха замяла ўсе дарогі, і хлопцу давялося самастойна пракладаць сабе дарогу праз снежныя гурбы. Кожны крок даваўся цяжка. Месцамі юнак правальваўся ў рыхлы снег па грудзі. Янка ўвесь сапрэў, пакуль дайшоў да ўзлеску, дзе нарэшце прыпыніўся адпачыць. Абапёршыся на стрэльбу, ён агледзеўся. Непадалёк ён заўважыў цёмныя плямы прыціснутага снегу. Свежы зайцаў след вёў у лясны гушчар.

– Вось і першая здабыча, – падумаў Янка, узняў зброю і зрабіў крок да лесу.

У гэты момант з галінаў бліжэйшых дрэваў з крыкам і гоманам узнялася ўгору чорная чарада варон. Янка замёр на месцы. Ад спуду ў яго перахапіла дых і шалёна закалацілася сэрца. Вылаяўшыся, юнак зняў з паса шротніцу і выцягнуў шомпал. Набіўшы стрэльбу, ён зірнуў на цёмную сцяну дрэваў, што грувасцілася за некалькі крокаў. Яго ахапіла няясная трывога.

Янка ўзняў стрэльбу і ўвайшоў у гушчар там, дзе перарываліся зайцавы сляды. У лесе панаваў паўзмрок. Зыркае сонца знікла за дрэвамі, і здавалася, што надышоў вечар. Янка з цяжкасцю прадзіраўся скрозь зарасці і паваленыя ствалы, але не губляў следу. Месцы, куды скакала жывёліна, на снезе былі добра бачныя. Хлопец ускінуў стрэльбу і стараўся ісці як мага цішэй. Неўзабаве пачалася прагаліна з паваленых ураганам дрэваў. Тут след зайца згубіўся. Янка доўга ўзіраўся ў зямлю, пакуль не заўважыў цёмную пляму на белым покрыве. Ён падышоў бліжэй і ўбачыў, што на снезе ў лужы крыві ляжала адарваная заечая лапа. Страх зноў закраўся ў душу. Янка стаў азірацца і вадзіць стрэльбаю з боку ў бок. Сярод змрочных ялін прамільгнуў цень. Хлопец адступіў на крок. Яго ўсё больш не адпускала трывога. Янку захацелася як мага хутчэй пакінуць гэты негасцінны лес. Ён яшчэ раз азірнуўся і накіраваўся да таго месца, адкуль выйшаў на прагаліну. Страх падганяў. Янка не стаў болей цішыцца. Да ягонага слыху, апроч трэскату сухіх галін пад нагамі і грукату уласнага сэрца, з-за спіны даносіўся яшчэ адзін гук. Сухі працяглы стогн. Янка паднаціснуў і выбег з лесу. Па інерцыі ён прабег яшчэ колькі крокаў, пакуль не спыніўся і не азірнуўся. Узлесак быў пусты, за хлопцам ніхто не гнаўся. Сэрца яшчэ шалёна калацілася, а дыханне не сцішылася. Янка павярнуў да замка. Шаноўны госць застанецца без дзічыны.

* * *

Міхал падняўся рана, за вокнамі толькі ўздымалася сонца. Бясконцыя заснежаныя палі зіхацелі ў ранішнім праменні. Граф памыўся вадой, што стаяла ў пакоі з вечара. Халодныя кроплі канчаткова прагналі рэшткі сну. Агінскі вырашыў пакуль не спускацца на сняданак і на свежую галаву выкласці на паперу перажыванні ўчорашняга дня. Балазе, паходны набор для пісьма быў у графа заўжды пад рукой.

Праз пэўны час Міхал Клеафас Агінскі адклаў пяро і прысыпаў аркушы паперы дробным пяском, каб атрамант хутчэй высах і не пакідаў слядоў на іншых рэчах. Гэта быў ліст да жонкі, першы ліст, напісаны ім пасля доўгай дарогі да дзядзькавага замка. Міхал строс пясок з аркушаў і ўзяўся перачытваць напісанае: «…Мяне чакала расчараванне. Мне дагэтуль горка пра гэта думаць.

Тое, чым прывітала мяне родная старонка, уразіла самым непрыемным чынам. Усё, што мы з табою ведалі пра вайну са сталічных газет, не адпавядае і дзясятай долі праўды аб тым, што адбылося тут.

Спачатку шлях па рускіх губернях засмучаў мяне. Здавалася, мы будзем ехаць бясконца. Але як толькі мы перасеклі межы Краю, у душы маёй пасвятлела. Я адчуў, як бадзёрасць забруілася ў маіх жылах, нібыта паветра Радзімы вярнула мяне ў гады маладосці. Апошнія вёрсты ад Полацка я загадаў фурману ехаць без перапынкаў. Мы ляцелі цэлы дзень і ўвечары дабраліся да Будслава, дзе змянілі коней. Уночы мы праскочылі Вялейку, і на світанні я быў у замку. Там мяне ніхто не чакаў. Усе былі здзіўленыя, хоць і вельмі радыя майму прыезду. Напэўна, той ліст, што я даслаў дзядзьку перад ад’ездам, затрымаўся ў дарозе, і я апярэдзіў яго. Прыняўшы мяне, стомленага і змерзлага, дзядзька загадаў слугам распаліць лазню і накрыць на стол. І няхай мая душа імкнулася хутчэй павітацца з роднымі мясцінамі, я з радасцю прыняў дзядзькава запрашэнне.

Каб прывітаць мяне, дзядзька запрасіў на сняданак усіх насельнікаў замка, у тым ліку пакаёвых і дваровых слуг. Але гэта не так шмат людзей, як можа здавацца. Я сядзеў побач з гаспадаром і старым замкавым кашталянам Юзафам Шыдлоўскім, які дзядзьку служыў спрадвек.

Дзядзька быў у гуморы, ён не раз падымаў поўны кубак, і зычнае «Віват, Міхале!» узносілася да высокай столі замкавай гасцёўні. Сам сабе я адзначыў, што дзядзька прыкметна пастарэў. Я памятаў яго поўным сілы мужчынам, а цяпер пабачыў змарнелага і сівога старога. Разам з дзядзькам пастарэў і замак. У гасцёўні паўсюль былі відаць сляды заняпаду. Ад свечкавага чаду закурэла столь і шыбы ў вокнах. На сценах праступілі шчыліны, а ў некаторых месцах адваліўся тынк. Скасабочаная нашараваная мэбля патрабуе тэрміновага рамонту.

Пад’еўшы і сагрэўшыся, я выказаў дзядзьку сваё жаданне праехацца конна па палях юнацтва. Дзядзька адказаў, што гэта не самая лепшая ідэя, тым больш з улікам майго цяперашняга ўзросту. Ён узяўся адгаворваць мяне ад блазнаватай задумы. Да яго далучыўся кашталян Шыдлоўскі. Але я быў непахісны. Сядлай найлепшага каня, Юзік, – сказаў я. Так па-свойску я называў кашталяна з дзяцінства. Дзядзька і Юзаф разам змоўклі. Тады мяне напаткала першае глыбокае расчараванне гэтага цяжкага дня.

Памятаеш, любая, колькі я расказваў табе пра знакамітую дзядзькаву стайню? Пра зграбных, хуткіх, прыгожых конікаў, якіх дзядзька збіраў па ўсім свеце. Памятаеш тую гісторыю, як я хлапчуком прабраўся туды, скраў найлепшага варанца і цэлы дзень лётаў па сенажацях, ловячы рукамі вецер? А потым атрымаў такіх бізуноў, што тыдзень хадзіць не мог.

Дык вось, стайні больш не было. Дзядзька расказаў, што спачатку французскія войскі, што ішлі праз Маладэчна на Маскву, рэквізавалі, а па-простаму адабралі на патрэбы арміі самых лепшых дзядзькавых коней. А потым імперскія войскі, што гналі Напалеона на захад, рэквізавалі рэшту. Застаўся толькі стары конь па мянушцы Бакас, якому было добра за дзесяць гадоў і таму ён нікому не спатрэбіўся.

Юзаф правеў мяне да апусцелых стойлаў, дзе загадаў маладому конюху Ерамею рыхтаваць Бакаса да выезду. Старое выпацканае сядло доўга не хацела трымацца на правіслай спіне каня. Кашталян спытаў, ці не перадумаў я, і, пачуўшы адмоўны адказ, перажагнаў мяне. Праз некалькі хвілін я ўжо быў за межамі замка і скіроўваўся ў бок Маладэчна.

Мястэчка сустрэла мяне цішынёй і горкім пахам пажару. Гэта было жахліва. Месца маёй маладосці ператварылася ў суцэльнае папялішча. Паўтузіна каменных будаў сярод руінаў – вось і ўсё Маладэчна.

Я ехаў па спустошаных вуліцах і аглядаўся навокал. Там-сям сярод занесеных снегам спаленых хат курэў дымок. Я бачыў уваходы ў зямлянкі, бачыў буданы з абпаленага бярвення, намёты. Нехта працягваў жыць у мёртвым мястэчку. Колькі разоў мне трапляліся мінакі, якіх цяжка было прыняць за людзей. Проста нейкія камякаватыя гурбы рыззя, што бадзяліся па вуліцы без справы і без кірунку. Мне запомніліся вострыя халодныя вочы дзіцяці, якое спынілася ля ўзбочыны і доўга праводзіла позіркам мяне і майго каня. Я не мог нічым ім дапамагчы.

Вайна прайшлася па мястэчку агнём і мячом. Як пазней расказваў дзядзька, ля Маладэчна і ў самім мястэчку адбылася адна з апошніх бітваў Вялікай вайны. Не менш жорсткая, чымся іншыя. Імперскія бамбардзіры дзень абстрэльвалі пазіцыі французаў, спаліўшы такім чынам вялікую колькасць хат. Добра, што дзядзькаў замак знаходзіцца наводдаль ад паселішча, ад артабстрэлу ён не пацярпеў. А потым была сеча. Змучаныя бясконцым адступленнем напалеонаўскія войскі далі бой на полі ля Вушы. Дзядзька казаў, што там і цяпер пад снегам ляжаць сотні непахаваных салдат Вялікай арміі Напалеона.

Я ехаў па мястэчку, і вочы мае напаўняліся слязьмі. Ты ведаеш, родная, што падчас душэўных узрушэнняў я больш здольны да стварэння музыкі. Але тая мелодыя, што нараджалася ў маім сэрцы, калі я глядзеў на разбурэнні, – не для старонніх слухачоў. Яна назаўжды застанецца са мною, разам з маім смуткам і болем.

Ля паскубанага гарматамі кляшторнага будынка я пабачыў натоўп. Манахі-трынітарыі, якія заставаліся ў мястэчку на працягу ўсёй вайны, зладзілі там раздачу гарачай поліўкі. Нешматлікія выжылыя местачкоўцы ціснуліся бліжэй да цеплыні вогнішчаў. Гэта быў адзіны светлы прамень сярод цемры расчараванняў. Я рашыў выказаць падзяку манахам за іх самаадданасць ад свайго імя і ад імя імператарскай улады, якую я, па вялікім рахунку, тут прадстаўляў. Зрэшты, у той момант турбаваць манахаў я не захацеў і пастанавіў здзейсніць сваё рашэнне ў больш афіцыйнай абстаноўцы.

Я вярнуўся ў замак засмучаны. Шыдлоўскі дапамог мне выбрацца з сядла і завесці Бакаса ў стойла. Я сказаў кашталяну, што не буду абедаць, і яшчэ папрасіў не турбаваць мяне некалькі гадзін. Потым падняўся ў свой пакой і доўга праляжаў на ложку без сну сам-насам са сваімі пачуццямі. Спусціўся ў гасцёўню я толькі пад вечар, тады, калі там ужо рыхтавалі стол да вячэры. За ежай я падзяліўся сваімі ўражаннямі з дзядзькам і нарэшце змог падрабязна распытаць яго пра жыццё падчас вайны…»

Міхал у задуменні паглядзеў у акно. Хвіліну ўзіраўся ў далягляды, а затым абмакнуў пяро і прыпісаў яшчэ колькі словаў на аркуш. Потым акуратна склаў аркушыкі ў каперту. Разагрэў над полымем свечкі кавалак сургучу і запячатаў ліст, пакінуўшы пярсцёнкам адбітак. Пакуль сургуч застываў, Агінскі зноў пракруціў у галаве падзеі ўчорашняга дня. Была адна рэч, пра якую Міхал вырашыў пакуль не казаць жонцы ў лісце, каб не засмучаць яе яшчэ больш.

Учора пасля вячэры Міхал разам з дзядзькам прайшлі ў бібліятэку. Вялікае памяшканне было застаўлена шафамі з кнігамі. Ля супрацьлеглай да ўваходу сцяны было абсталявана месца для чытання і прыватных размоваў. Два глыбокія фатэлі і столік месціліся побач з галандскаю печкай, аздобленай кафляй. У каміне ўжо разгараліся паленцы, а на століку быў пакінуты падсвечнік з запаленымі вогнікамі. Дзядзька жэстам паказаў Міхалу на стары пашарпаны фатэль, які ў цьмяным святле свечак выглядаў яшчэ больш-менш прыстойна. Міхал пазнаў гэты гарнітур – за масіўным столікам з граніту яны з дзядзькам калісьці адгулялі не адну партыю ў шахматы.

– Міхале, я бачу, што ты ўжо трохі ачуняў ад пабачанага, – пачаў дзядзька. – Сапраўды, наш край зведаў шмат гора.

– Так, гэта было жахлівае відовішча.

– Але гэта далёка не ўсе разбурэнні, што… – дзядзька на імгненне задумаўся. – Ведаеш, Міхале, не хацелася б сёння яшчэ больш вярэдзіць табе душу, але скажу як ёсць: наша сядзіба ў Залессі згарэла.

– Як? – у Міхала заняло дых ад такой навіны. Сядзібы, дзе граф пражыў з сям’ёй амаль дзесяць гадоў, дзе нарадзіліся ягоныя тры дачкі і дзе ён напісаў свае найлепшыя музычныя творы, больш не існуе?

– У пачатку зімы. Падпал, ці праз чыюсьці нядбайнасць, я не ведаю. У Залессі ад моманту, як вы з’ехалі ў Пецярбург, стаялі французскія войскі. Магчыма, пры адступленні хтосьці дадумаўся спаліць сядзібу.

Ці гэта была гульня ценяў у паўзмроку, ці напраўду так было, але Міхалу падалося, што на словах пра сталіцу Расійскай імперыі твар дзядзькі сказіўся ў грэблівай грымасе.

– Але чаму вы не паведамілі мне раней! – пасля наведання дзядзькі ў Маладэчне Міхал планаваў заехаць і ў Залессе, але цяпер яму трэба было перагледзець свой маршрут.

– Я сам пабываў там толькі месяц таму і пабачыў усё на ўласныя вочы. Цэлы застаўся хіба мураваны млын.

– Калі б я ведаў пра гэта, я б папрасіў кампенсацыі з дзяржаўнай скарбніцы на аднаўленне сенатарскай маёмасці. Я б прыехаў сюды з калежскім рэгістратарам царскай канцылярыі, і мы б разам падлічылі суму стратаў… – Міхал, які ўжо жвава прыкідваў у галаве план дзеля аднаўлення сядзібы, раптам запнуўся, пабачыўшы выраз твару дзядзькі.

– Не, Міхале, мне ад твайго цара дапамогі не трэба, – стары граф падняўся з фатэля і рушыў да выхаду. – Позна ўжо, пайду спаць, – кінуў ён праз плячо не азіраючыся.

Міхал застыў агаломшаны. З аднаго боку, яму было сорамна за тое, што ён прапанаваў старому інсургенту дапамогу ад тых, з кім дзядзька ў свой час змагаўся. З другога боку, ён сам свядома абраў гэты шлях супрацоўніцтва з імперскімі ўладамі, бо лічыў, што так ён будзе мець значна больш магчымасцяў для дапамогі Радзіме.

Міхал узяў са століка падсвечнік і ў змрочных пачуццях накіраваўся ў свой пакой.

* * *

Раніцой, нягледзячы на засмучанасць і заняпад сіл, выкліканы ўчорашнімі падзеямі, Міхал задумаў зладзіць яшчэ адну конную выправу. Гэтым разам у бок лесу. Сонечнае надвор’е якраз спрыяла такому баўленню часу, і граф адчуваў сябе бадзёра і ўзнёсла. Дарогай праз двор да стайні Міхал пабачыў, як кашталян распякае хлопца, які панура стаяў са стрэльбай у руках. Агінскі на хаду падміргнуў хлопцу і ўсміхнуўся. Конюх Ерамей зноў падрыхтаваў каня да выезду верхам. Міхал без старонняе дапамогі забраўся ў сядло і выехаў з замка.

Калі ўчора стары Бакас быў узорам паслухмянасці, то сёння жывёліну нібы падмянілі. Усю дарогу ад замка да ўзлеску Бакас марудзіў і запінаўся, ледзь-ледзь перастаўляў капыты. Вялейскі гасцінец, якім Агінскі выправіўся ад замка, быў не надта засыпаны снегам, таму граф не мог зразумець, што непакоіць каня. Ля лесу Міхал збочыў з дарогі ў поле. Бакас павольна прайшоў колькі крокаў па глыбокім снезе і стаў як прыкуты. Зрушыць яго не маглі ні словы, ні прышпорванне. Выглядала на тое, што і гэтая прагулка была сапсаваная. Узнёслы настрой, што з раніцы ахапіў Міхала, выпарыўся без следу.

– А бадай цябе, – Агінскі вылаяўся і саскочыў з каня. Бакас працягваў стаяць і не мігаючы глядзець на дрэвы. – Сам прайдуся.

Міхал прайшоў усяго пару крокаў і забурыўся тварам у рыпучы снег. Падымаючыся, граф Агінскі гучна прыгадаў некалькі асабліва яскравых выразаў з тых, што чуў ад сталічных рамізнікаў. Затым атрос кажух і азірнуўся. У тым месцы, дзе ягоная нага напаткала перашкоду, з-пад снегу вытыркалася штось даўгаватае. Міхал прыгледзеўся – гэта была чалавечая рука. На імгненне яму падалося, што скручаныя бялявыя пальцы цягнуцца да яго, каб схапіць за калашыну. Міхал мімаволі адступіўся. Рука была нерухомая.


Агінскі спатыкнуўся аб скарчанелы труп аднаго з соцень забітых жаўнераў, пра якіх расказваў дзядзька. Пры падзенні граф вызваліў з-пад снегу не толькі руку, але і частку цела нябожчыка. Міхал схіліўся над жаўнерам, каб уважлівей яго разгледзець. Французскі грэнадзёр, – граф вызначыў гэта паводле колеру абмундзіравання. Сіні мундзір быў у двух месцах прадзіраўлены і абрынданы нечым чорным. Так абазначыліся месцы, дзе кулі ўвайшлі ў цела. Міхал не раз бачыў такое падчас паўстання. Твар нябожчыка, знявечаны грымасай болю, пакрыўся шэранню. Расплюшчаныя вочы ператварыліся на марозе ў два ледзяшы. На руцэ салдата бракавала безыменнага пальца і мезенца. Спачатку Міхал падумаў, што гэта марадзёры адсеклі іх разам з пярсцёнкамі, але ўгледзеўшыся, зразумеў, што пальцы былі проста вырваныя з рукі разам з добрым кавалкам мяса. Графу зрабілася млосна. Ён адвярнуўся ад нябожчыка і паглядзеў у бок лесу.

Дрэннае прадчуванне пачало зараджацца ў Міхалавай душы. Яму падавалася, што лес, да якога ён так імкнуўся зранку, хавае ў цёмных глыбінях нешта злое і небяспечнае. Здавалася, што з-за завесы галін на поле да самотнага падарожніка ў любы момант можа выскачыць… Агінскі не мог да канца абазначыць свае страхі, але адно ён ведаў дакладна – яму хацелася як мага хутчэй пакінуць гэтае месца.

* * *

Назад Бакас пайшоў спрытней. Міхал падумаў, што прычынай маруднасці каня стаўся той жа незразумелы жах, які адчуў ён сам на ўскрайку лесу. Неўзабаве граф наблізіўся да замка. Некалі трывалая абарончая пабудова, што здаўна належала роду Агінскіх, цяпер уяўляла з сябе сумнае відовішча. Сцены без догляду пачалі абсыпацца, закінутыя вежы, адкрытыя для непагоды, пакрыліся трэшчынамі і заімшэлі, роў абмялеў. Больш-менш дагледжанымі заставаліся толькі замкавы палац, дзе атабарыўся дзядзька з прыслугай, ды ўязная брама, на якой красаваўся родавы герб – святы Юры і агінец на чырвона-сінім шчыце.

Калісьці замак хацелі перабудаваць у сядзібу і разбіць побач парк. У свой час дзядзька нават паспеў узвесці аранжарэю і адрамантаваць стайні, але праз беды, што абрынуліся затым на дзяржаву, дый проста праз нястачу сродкаў, далейшае будаўніцтва давялося спыніць.

Міхал праехаў праз адчыненыя вароты ва ўнутраны дворык і гучна паклікаў конюха. Адказу не было. Агінскі моцна змерз за час паездкі, таму не стаў доўга чакаць і самастойна злез з каня. Граф узяў Бакаса за аброць і павёў у стойла. Дзверы стайні былі прыадчыненыя, і з глыбіні памяшкання даносіўся гучны дзядзькаў голас. Міхал правёў каня ўнутр і прыслухаўся. Стары граф сварыўся на конюха.

– Я цябе прасіў асцярожна перанесці ўсё ўніз, а ты, цямцюр гэткі, палову тут вывернуў, – лаяўся дзядзька. Конюх нешта мямліў у адказ, але Міхал яго не чуў. – Вот жа, рукі крывыя, – не сунімаўся гаспадар, – лепей пакінь усё як ёсць, толькі прыкрый больш ад марозу.

– Можа мне хто дапамагчы? – гучна прамовіў Агінскі. Дзядзька, які стаяў да яго спінай, страпянуўся і рэзка развярнуўся. Міхал паспеў заўважыць цень страху ў дзядзькавых вачах, які праз імгненне змяніўся радасцю пазнавання. Гаспадар махнуў рукой у бок Ерамея і з непрыхаванай злосцю ў голасе прагаварыў: – Гэты недарэка, Ярома, развярнуў бонду з зернем. А ў мяне яго не так шмат, каб раскідвацца! – Дзядзька павярнуўся да конюха: – Давай, дурыла, памажы Міхалу, што стаіш?

Хлопец падхапіўся, прыняў лейцы з рук графа і павёў каня ў стойла. Міхал заўважыў, што далоні Ерамея былі запэцканыя нечым чорным.

– Як прагулка, Міхале? – стары граф рашыў змяніць тэму.

– Добра, – схлусіў Міхал. Разам з дзядзькам яны накіраваліся да выхаду са стайні.

– У мяне для цябе цудоўная навіна, – усміхнуўся дзядзька, – Памятаеш, ты мне расказваў пра манахаў-трынітарыяў, што памагалі пагарэльцам у Маладэчне? Наколькі я памятаю, ты хацеў выказаць ім падзяку, ад імя… – былы інсургент запнуўся і апусціў вочы долу, – імператарскай улады.

Абодва Агінскія сталі на ганку замкавага палаца.

– Дык вось, Міхале, – працягнуў дзядзька, – плябан маладэчанскага кляштара брат Крыштоф прыняў маё запрашэнне на сённяшнюю вячэру.

– Выдатна. Такія людзі, як брат Крыштоф, вартыя бязмежнай павагі. Я падзякую яму як асабіста, так і ў афіцыйнай форме, – Міхал зрабіў асаблівы націск на апошніх двух словах.

Стары граф некалькі секунд стаяў моўчкі. Ён вагаўся, ці варта працягваць непрыемную тэму.

– Добра, Міхале, пайду я на кухню ўзгадняць стравы да вячэры, – няўпэўнена махнуўшы рукой, дзядзька адчыніў дзверы і зайшоў унутр палаца. Міхал пачакаў, пакуль дзядзькавы крокі сціхнуць у далечы калідора, і ўвайшоў следам.

* * *

Брат Крыштоф з’явіўся ў замку ў суправаджэнні двух манахаў. Служка, пастаўлены сачыць за прыходам гасцей, здалёк заўважыў тры фігуры ў чорных плашчах, яны марудна сунуліся занесеным снегам маладэчанскім трактам. Пакуль манахі адолелі рэшту дарогі, у замкавым палацы было ўсё гатова да іх сустрэчы. Слугі дапамаглі манахам распрануцца і правялі тых у гасцёўню. Ля дзвярэй іх прывітаў гаспадар. Міхал Клеафас і кашталян Юзаф стаялі воддаль, пры сервіраваным стале.

– Шаноўны браце, я рады бачыць вас у сценах майго сціплага жытла, – дзядзька схіліўся, каб пацалаваць руку святара.

– Вітаю паважаных гаспадароў, – плябан – ладны мужчына арыстакратычнага выгляду – апусціў галаву ў паклоне. – Жадаю, каб не абмінула вас ласка Божая. – Брат Крыштоф азірнуўся на сваё суправаджэнне. – Спадзяюся, прысутнасць брата Валянціна і брата Мікалая не прынясе вам дадатковага клопату. Часы ў нас цяпер неспакойныя, і кожная выправа за межы кляштара можа быць небяспечнай для адзінокага падарожніка.

– Ні ў якім разе. Нам вельмі прыемна прымаць вас усіх у нашым доме. Прашу, сядайце, – дзядзька жэстам паказаў манахам на месцы ў галаве стала.

Усе расселіся. Слугі прынеслі першую змену страваў і напоўнілі келіхі віном. Міхал, які сядзеў праваруч ад брата Крыштофа, падняў свой келіх і прамовіў: – Я хачу выпіць за самаадданасць вашага ордэна, што нават у самыя цяжкія часы не перастае рупіцца пра вернікаў. Днямі я наведаў мястэчка і пабачыў, як браты-трынітарыі дапамагалі маладэчанцам. Дазвольце мне выказаць вам словы падзякі ад мяне як жыхара тутэйшых мясцінаў, і ад мяне як сенатара – прадстаўніка імператарскай улады. Хай мне часцей даводзіцца бываць далёка адсюль, але сэрцам я адданы нашай зямлі, і мне вельмі прыемна ведаць, што яна знаходзіцца пад надзейнай абаронай. Віват, трынітарыі!

– Віват! – падхапілі дзядзька і кашталян.

– Гэта наш святы абавязак, – Крыштоф сціпла апусціў вочы.

Талеркі едакоў хутка апусцелі, і слугі прынеслі гарачае.

– На жаль, нашая сённяшняя вячэра не можа пахваліцца разнастайнасцю страваў, – паскардзіўся дзядзька, – у нашых лясах зусім не засталося дзічыны, гэтая праклятая вайна абабрала не толькі нас, але і прыроду.

– Што праўда, то праўда, – плябан паківаў галавой, – але я чуў ад людзей, што звяры пазнікалі з вакольных лясоў і праз нейкую іншую навалу. У мястэчку ходзяць плёткі пра прывідаў.

– Гэта так, – далучыўся да размовы Шыдлоўскі, – я нядаўна пасылаў Янку на паляванне, бо падыходзіў запас сушанага мяса. Дык гэты паскуднік адмовіўся ісці ўглыб лесу. Сказаў, што яму было страшна, бо ён убачыў нейкія цені, што блукалі ў глыбіні сярод дрэваў і нібыта пагражалі ягонаму жыццю.

Па спіне Міхала прабег халадок. Ён прыгадаў ранішнюю прагулку і тое пачуццё небяспекі, якое апанавала яго на ўзлеску.

– Прывіды! Чаго толькі ні прыдумаюць людзі, каб не працаваць, – усміхнуўся дзядзька. – Я ні ў якіх прывідаў не веру. Па нашых лясах, пэўна, французскія дэзерціры ды марадзёры рознага гатунку бадзяюцца. Вось гэтая свалата можа ўяўляць пэўную небяспеку. Але ж такім марозам наўрад ці хто доўга на дварэ працягне.

– А ведаеце, панове, прывіды не такая ўжо смешная тэма, – узяў слова брат Крыштоф. – На гэты конт у мяне ёсць адна цікавая гісторыя, якой я хачу з вамі падзяліцца. – Усе, хто быў за сталом, скіравалі сваю ўвагу на плябана. – Вядома, што для касцёла няма паняткаў «свой» ці «чужы» – усе людзі роўныя перад Богам. Таму ордэн падчас вайны даваў прытулак усім, хто прасіў нашай дапамогі. Не зразумейце мяне няправільна, пане сенатару, – брат Крыштоф лёгка нахіліў галаву ў бок Міхала, – але былі сярод такіх і жаўнеры Напалеона.

– Ні ў якім разе. Вашая міласэрнасць робіць вам гонар, – Міхал пакланіўся ў адказ.

– Я хачу расказаць вам пра адзін дзіўны выпадак, што адбыўся падчас нядаўняга адступлення.

Плябан адклаў прыборы, зрабіў глыток віна з келіха і працягнуў: – За некалькі дзён да бамбардавання ў наш кляштар прынеслі параненых салдат. Мы размясцілі іх у нашым шпіталі, пад які давялося прыстасаваць яшчэ і некалькі манаскіх келляў. Сярод параненых быў афіцэр у цяжкім стане. Выбухам яму адарвала руку, і да таго ж ён пакутаваў ад ліхаманкі. Паранены быў неспакойны і трызніў. Браты па чарзе дзяжурылі пры ягоным ложку. Але час ад часу стан афіцэра паляпшаўся, і ён мог гаварыць. Дык вось, аднойчы, калі падышла мая чарга глядзець за параненым, афіцэр быў у прытомнасці і паміж намі адбылася гутарка. Ён сказаў, што яго завуць Мартэн Кале і родам ён з Валоніі. Даведаўшыся, што і я таксама ўраджэнец тых земляў, афіцэр вельмі ўзрадваўся. Не ведаю, ці таму віной ліхаманка, ці проста радасць ад сустрэчы з земляком, але тады Мартэн прызнаў мяне за свайго далёкага суродзіча. Я не стаў яму пярэчыць, бо разумеў, што гэта мо апошняя радасць у ягоным жыцці. Мартэн доўга расказваў пра свой дом, сям’ю і пра тое, як я нібыта прыязджаў да яго ў госці. Я сядзеў пры ложку і праціраў вільготнай анучай ягоны гарачы лоб. Праз некаторы час афіцэр змоўк, і я падумаў, што ён хоча адпачыць. Я ўжо збіраўся адысці, але Мартэн раптам схапіў мяне за руку і пацягнуў да сябе. Ён прашаптаў мне: «Крыштоф, паслухай мяне. Ты павінен паверыць мне. Гэта ўсё прывід. Прывід пракляў мяне, і цяпер я паміраю. Я… мы былі ў Маскве. Пад Масквой. Мы знайшлі там… Я раскажу…» Тое, што ён апавёў мне тады, было надзвычай цікавым і… – Крыштоф на імгненне задумаўся, – …і страшным.

Усе, хто сядзеў за сталом, даўно перасталі есці і ўважліва слухалі плябана. Ні стукату прыбораў, ні шоргату і рухаў, поўная цішыня. Калі плябан змоўк, каб зрабіць яшчэ адзін глыток віна, у пакоі можна было пачуць, як патрэскваюць агеньчыкі на свечках у насценных свяцільнях.

– Мартэн расказаў мне пра сакрэтны атрад, які складаўся з адных толькі афіцэраў і ў якім быў ён сам. Кіраваў атрадам Жазэ дэ Венон – археолаг з Парыжа, якому на вайне надалі капітанскае званне. Наколькі я зразумеў, мэтай гэтага атрада быў пошук скарбаў расійскіх цароў у захопленай Маскве. У тым ліку яны шукалі знакамітую бібліятэку Івана Жахлівага. Атрад быў раскватараваны на тэрыторыі маскоўскага крамля. Штодзень Мартэн займаўся тым, што разам з іншымі афіцэрамі лазіў па крамлёўскіх падзямеллях, перабіраў каменне, пераварочваў горы смецця ды струхлелага ламачча. Гаворачы гэта мне, Кале з вымучанай усмешкай заўважыў, што іх кіраўнік – капітан дэ Венон – сур’ёзна называў усю гэтую брудную працу археалагічным вышукам. Мартэн расказаў, што аднойчы, на загад дэ Венона, афіцэры пачалі разбіраць кавалак сцяны ў склепе аднаго з сабораў. Як толькі мураванне было парушана, стала зразумела, што за замшэлымі цаглінамі схаваны сакрэтны ход у сутарэнні. Капітан быў узрадаваны гэтай навіной і загадаў адразу ж па заканчэнні работ спускацца ў лабірынт. Мартэн спускаўся апошнім. У адной руцэ ён трымаў паходню, а другой трымаўся за сцяну. Ход выявіўся досыць высокім, таму можна было ісці не прыгінаючыся. Некалькі разоў тунэль разгаліноўваўся. Тады дэ Венон, паводле толькі яму вядомай методыкі, вызначаў патрэбны кірунак. Атрад доўга блукаў па сутарэннях, і Мартэн пачаў думаць, што ўжо ніколі не выберацца адтуль вонкі. Ён расказаў, як адчуваў на сабе чужыя позіркі, хоць у лабірынце атрад не сустрэў ніводнай жывой істоты. Не было там нават пацукоў, што напаўнялі іншыя крамлёўскія сутарэнні. Мартэн пачаў пастаянна азірацца і ўглядацца ў цемру. Адзін раз яму нават падалося, што ён бачыць фігуру за паваротам тунэля. Мартэна апанаваў страх. Ён зразумеў, што значна адстаў ад сваіх, і паспяшаўся нагнаць атрад. Як толькі ён параўняўся з апошнім афіцэрам, наперадзе пачуўся голас. «Знайшлі!» – пракрычаў Жазэ дэ Венон, калі першым увайшоў у падземную крыпту. Хутка следам за ім у памяшканне прабраліся астатнія чальцы атрада. Мартэн казаў, што ўнутранае ўбранне крыпты было ўкрай сціплым. Неапрацаваныя каменныя сцены, масіўная гранітная скрыня – вось і ўсё, што было ўнутры падземнага сховішча. Дэ Венон неадкладна загадаў самым дужым мужчынам з атрада зрушыць цяжкое вечка. Як толькі каменная пліта трохі адсунулася, са скрыні пачаў вырывацца задушлівы газ. Крыпта была досыць цеснай і хутка напоўнілася брыдкімі выпарэннямі. Афіцэры закашляліся, але не спынілі работы. Вечка было скінута. Пад ім, на жаль, знайшліся не гурбы золата і не старажытныя фаліянты, а спарахнелы мужчынскі труп. Капітан быў абураны гэтым фактам. Ён загадаў ператрэсці ўсю крыпту ў пошуках каштоўнасцяў, але дадатковыя высілкі плёну не далі. Брудныя і стомленыя афіцэры пачалі збірацца да выхаду. Дэ Венон ніяк не мог супакоіцца і працягваў капацца ў саркафагу. «Трэба ісці», – агучыў тады Мартэн думкі ўсяго атрада. Мужчыны выбіраліся з сутарэнняў той жа дарогай. Афіцэр зноў ішоў апошнім. У тунэлі ён азірнуўся і заўважыў цьмянае святло, што напаўняла пакінутую крыпту. Спачатку Мартэн падумаў, што гэта нехта забыў унутры запаленую паходню, але святло, што лілося з прахону, мела мала агульнага з водбліскамі агню. Афіцэр бачыў, як з няяснага святла фармуецца, нібы з цеста, празрыстая фігура – чалавечая постаць. Мартэн развярнуўся і ўжо больш не азіраўся. Ён прызнаўся мне, што баяўся тады нават дыхнуць. Ён быў упэўнены, што пабачыў прывід. «Гэта быў нябожчык з каменнай скрыні… Дакладна ён…» – сказаў мне афіцэр і скруціўся ад моцнага прыступу кашлю. Я падаў яму вады і змяніў кампрэс на ілбе. Праз хвіліну Мартэн зноў мог гаварыць. Ён расказаў, што пасля выхаду на паверхню капітан дэ Венон надоўга пакінуў іх атрад. Археолаг выправіўся ў стаўку імператара з дакладам. Таму цэлы тыдзень афіцэры маглі спакойна адпачываць. Неўзабаве французскія войскі пачалі рыхтавацца да адыходу з Масквы. Атрад дэ Венона далучыўся да асноўных сілаў. Спачатку мужчыны трымаліся разам. Але потым прыйшоў загад камандавання, і атрад расфармавалі. Усіх афіцэраў прызначылі на камандныя пасады ў нейкім з палкоў. Калі захварэў адзін з іх – малады віконт Мішэль Пірэ, – Мартэн даведаўся пра гэта першым. Афіцэр разам з іншымі чальцамі пошукавага атрада часта наведваў маладога чалавека ў перасоўным шпіталі і з жахам назіраў за тымі зменамі, што адбываліся з Мішэлем падчас хваробы. Хлопец хутка губляў вагу, ягоныя некалі ружовыя шчокі ўваліліся і збялелі. Афіцэр разказваў мне, якімі чырвонымі і сухімі зрабіліся вочы маладога чалавека. Такія самыя вочы я сам мог назіраць у Мартэна падчас нашай з ім размовы. Малады афіцэр страціў магчымасць гаварыць, увесь час мычэў і калыхаў рукамі. Чым далей заходзіла хвароба, тым больш буяным і неўтаймаваным рабіўся Пірэ. Ён пачаў кідацца на наведнікаў і аднойчы ўкусіў за руку лекара, які спрабаваў яго пакарміць. Мішэль не змог сачыць за далейшым лёсам маладога афіцэра, бо іх полк увязаўся ў сутычку з нерэгулярнымі сіламі праціўніка. Афіцэру давялося прыняць камандаванне невялікім атрадам уланаў. Пазней ён чуў ад знаёмых, што дэ Пірэ сканаў недзе пад Смаленскам. Адступленне было неймаверна цяжкім. Штодзень войскі зазнавалі напады партызанаў або хуткаконных казацкіх атрадаў. Але якім бы стомленым афіцэр ні быў, ён пачаў заўважаць у сябе прыкметы той хваробы, што загубіла маладога Мішэля. Ён з цяжкасцю мог хадзіць, страціў рэакцыю, пакутаваў ад мігрэняў. Да яго даходзілі весткі, што шмат хто з былога пошукавага атрада гэтаксама злёг ад невядомай заразы. Да таго ж, некаторыя салдаты з ягонага палка звярталіся да лекара з падобнымі скаргамі. У адной з бітваў Мартэн трапіў пад абстрэл і быў моцна паранены ў руку. Палкавы лекар, нядоўга думаючы, адсек знявечаную канечнасць і праз адсутнасць магчымасці выхадзіць параненага ў палявых умовах, загадаў салдатам пакінуць афіцэра на ўтрыманне літасцівых манахаў. Так Мартэн апынуўся ў нашым кляштары. Скончыўшы свой аповед, афіцэр расплакаўся. Я ўзяў яго за руку і паспрабаваў супакоіць. Ён стагнаў і енчыў, што не хоча паміраць. Мартэн сцвярджаў, што смяротная хвароба, ад якой сканаў малады Пірэ і ад якой пакутуе ён, насланая на іх атрад маскоўскім прывідам. Што гэта праклён за тое, што афіцэры пасмелі патрывожыць ягоны спакой у закінутай крыпце пад крамлём. Мартэн аддаў размове шмат сіл і неўзабаве заснуў. Я ціха памаліўся над ім і пакінуў ляжаць на ложку. Праз некалькі дзён пакутлівай ліхаманкі афіцэр памёр. Следам за ім з жыцця пайшлі і два жаўнеры, якіх прывялі разам з Мартэнам. Браты аднеслі ўсе целы на кляшторныя могілкі. Зямля не паддавалася заступам, бо прамерзла на добрыя чатыры футы ўглыб, таму нябожчыкаў проста паклалі за агароджай і прысыпалі снегам, каб пахаваць пасля, калі пацяплее. На наступны дзень пачалося бамбардаванне. Мы хаваліся за моцнымі мурамі кляштара і маліліся, каб боская абарона выратавала нас ад бязлітасных гарматных ядраў. Бог паслухаў нас. На наступны дзень мы выбраліся з будынка. Браты, якія наведвалі могілкі, расказалі мне, што целы афіцэра і французскіх жаўнераў зніклі. – Плябан на імгненне задумаўся. – Хутчэй за усё нябожчыкаў разарвала на шматкі пры адным з мноства выбухаў таго страшнага дня.

Брат Крыштоф змоўк. Ён узяў келіх з віном і напалову асушыў яго. Некалькі хвілін у гасцёўні замкавага палаца панавала мёртвая цішыня.

– Прывід маскоўскага цара! Я ў гэтыя казкі не веру, – парушыў маўчанне бадзёры дзядзькаў голас. – Сёлета такая сцюдзёная зіма, што ніякіх праклёнаў не трэба. Перамарозіліся гэтыя французы, адступаючы, вось і сканалі.

– Пэўна, так яно і было, – прамовіў плябан.

Далей гаворка пайшла пра больш паўсядзённыя рэчы. Дзядзька скардзіўся на суровае надвор’е і турбаваўся, ці стане яму запасаў да канца маразоў. Брат Крыштоф распавядаў пра асаблівасці кляшторнай гаспадаркі. Міхал расказваў байкі са сталічнага жыцця. Так незаўважна для ўсіх надышла ноч. Госці пачалі пазяхаць, і гаспадар загадаў Шыдлоўскаму правесці манахаў у пакоі, дзе яны змогуць пераначаваць. Міхал таксама падняўся з-за стала, развітаўся і пайшоў у свой кабінет.

Ідучы калідорам, Міхал спаткаў кашталяна, які размаўляў з манахам – братам Валянцінам. Усёй гутаркі Агінскі не заспеў, але краем вуха пачуў, што адказваў Шыдлоўскаму брат-трынітарый: – Я не знайшоў там ніводнага кавалка цела. Пуста. Яны зніклі без следу.

* * *

Зіма імкліва губляла пазіцыі. Халады змяніліся доўгачаканай адлігай. Штодня станавілася цяплей, і сонца, што раней толькі свяціла, цяпер добра прыпякала. З палёў паступова пачаў сыходзіць снег, ад чаго ўсе навакольныя дарогі ператварыліся ў брудныя ручаі. Лясы, вызваліўшыся ад марознай скаванасці, сустракалі першыя павевы цёплых заходніх вятроў ветлівым шапаценнем галінак. У паветры лунаў дух вясновага адраджэння.

Міхал Клеафас Агінскі гасцяваў у дзядзькі трэці тыдзень. У хуткім часе граф збіраўся пакінуць замак і выправіцца дадому. Пра гэта ён напісаў у Санкт-Пецярбург жонцы. Міхал не губляў сувязі са сталіцай – амаль штодзень ён пісаў лісты і адсылаў іх з пасыльным на найбліжэйшую паштовую станцыю ў Будслаў. Конюх на старым Бакасе спраўляўся з гэтай задачай за светлавы дзень, і да заходу сонца ў руках графа з’яўлялася новая карэспандэнцыя з Пецярбурга.

Міхал сядзеў за бюро ў сваім пакоі і завяршаў чарговае пасланне да жонкі. Граф любаваўся заходам сонца праз вузкае акно, калі пачуў гоман, што даносіўся з унутранага дворыка замка. «Пэўне, Ерамей са станцыі вярнуўся», – падумаў Агінскі. Ён падняўся, накінуў на плечы жупан і спусціўся ўніз. На двары Міхал убачыў вершніка на кані, якога шчыльна абступілі людзі. Агінскі пазнаў старога Бакаса. Конь быў неспакойны, ён гучна чмыхаў і часта пераступаў нагамі. Мужчыны з дваровых дапамагалі конніку спусціцца, а жанчыны жаласліва галасілі. Граф падышоў бліжэй.

– Нясіце яго ў палац! – загадаў Шыдлоўскі.

Двое з Ерамеем на руках прайшлі міма Міхала. Конюх быў цяжка паранены. Ягоная правая калашына ўся набрыняла крывёй. Чырвоная вадкасць вялікімі кроплямі падала на дваровы брук. Хлопец стагнаў і нешта мармытаў сабе пад нос.

– Ён цапнуў мяне. Цапнуў. За нагу. Цапнуў, – данеслася да графа.

– Ды хто ён? Адкажы ты, – гучна спытаў кашталян.

– Француз! Цапнуў мяне. Шалёны француз, – енчыў Ерамей.

– Які такі француз? Сабака французскі?

– Француз! Ён мяне цапнуў! – працягваў лапатаць конюх.

Ерамея прыцягнулі на кухню, дзе паклалі на лаву каля цэбара з вадой. Шыдлоўскі, які ўзяў на сабе абавязкі лекара, загадаў слугам набраць кіпню, падаць медавухі і прынесці які-колечы чысты інструмент. Загад быў выкананы адразу ж. Спачатку кашталян уліў чарку ў перасохлыя вусны Ерамея, потым узяў нажніцы і адрэзаў набрынялую крывёй калашыну, каб агледзець рану. На сцягне конюха барвавеў глыбокі след ад укусу. Нечыя зубы пракусілі скуру і адарвалі шматок мяса. Уся нага конюха была чорнай ад крыві, і крывацёк яшчэ не прыпыніўся. Шыдлоўскі вяроўкай туга перацягнуў сцягно над ранай, узяў змочаную анучу і пачаў абмываць месца ўкусу.

– Гэта не сабачая хватка, – здзіўлена прагаварыў кашталян. Конюх усхліпваў і якатаў.

Калі ўдалося спыніць кроў, рану перавязалі, а пацярпелага перанеслі на ложак. Ерамею стала лепш, ён супакоіўся і змог нарэшце расказаць, што здарылася: – Французскі салдат. Ён выйшаў з лесу. Адзін. У драным мундзіры, без шапкі. Я не паспеў ачомацца, як ён кінуўся да мяне і ўхапіўся за нагу. Ён цапнуў мяне зубамі. Проста як сабака. Зусім ашалеў. Я закрычаў. Бакас спудзіўся і даў драпака. Француз застаўся там на дарозе. Я не глядзеў, можа, ён зноў у лесе схаваўся, – голас хлопца зрываўся і дрыжаў.

Конюха пакінулі адпачываць аднаго. Неўзабаве стан хлопца пагоршыўся. Пакаёўка, якая прыносіла яму вады, паведаміла, што ў таго гарачка. Бліжэй да ночы Ерамея пачало ліхаманіць. Ён увесь час пакутліва варочаўся і трызніў. Гаспадар, які не адыходзіў ад ложка конюха, вырашыў з раніцы паслаць некага да манахаў-трынітарыяў па дапамогу. Міхал, якому таксама было не абыякава здароўе Ерамея, выклікаўся паехаць у мястэчка.

З першымі промнямі сонца Агінскі пакінуў замак. Раскіслая дарога не дазваляла пусціць каня поўным ходам, таму калі Міхал уехаў у Маладэчна, сонца стаяла высока. Ад таго, што снег сышоў, мястэчка здавалася яшчэ больш знявечаным. Рэзалі вока чорныя драбы спаленых хат і плямы вырванай зямлі на месцах выбухаў бомбаў. Усё гэта раней было ўтоена ад вачэй пад белым покрывам. Дзіўная цішыня панавала навокал. Парушала яе толькі хлюпанне капытоў Бакаса па дарожным брудзе.

Каля каменнага будынка таксама было пуста, а сам кляштар быў зачынены на ўсе засаўкі. Граф пад’ехаў да канавязі, прывязаў Бакаса і рушыў да ўваходу. Ён пагрукаў у дзверы і гучна назваў сябе. Доўгі час ніхто не адказваў. Агінскі стаў нервова азірацца па баках. Яму не падабалася падазроная ціша і спустошанасць навакольных вуліц. Раптам пачуўся скрыгат засаўкі і палавінка кляшторнай брамы павольна адчынілася. Скрозь невялікі прахон прасунуў галаву невядомы Міхалу манах і пільна паглядзеў на графа.

– Праходзьце. Хутка, – манах працягнуў Агінскаму руку і ледзь не сілком зацягнуў таго ўнутр. Калі дзверы з лязгатам зачыніліся, Міхал апынуўся ў поўнай цемры. Не ведаючы, да каго звяртацца, ён прамовіў: – Я прыйшоў па дапамогу.

– Вы не першы, – пачуўся голас трынітарыя. Той адчыніў іншыя дзверы. Невялікі пакой напоўніўся цьмяным святлом. – Увесь кляштар запоўнены пацярпелымі, – манах стаў у дзвярным прахоне і жэстам паклікаў графа за сабой.

– Што здарылася? – пераступіўшы парог, Агінскі спыніўся. У калідоры, куды вялі дзверы, панаваў паўзмрок. Усе вокны ў памяшканні былі забраныя аканіцамі. Але і пры такім дрэнным асвятленні Міхал змог пабачыць, што ў калідоры поўна людзей. Малыя, старыя, сярэдняга веку, яны купкамі і па адным сядзелі ці ляжалі на падлозе ля сценаў. Праз адчыненыя дзверы келляў бачыліся ложкі з пацярпелымі. Побач з хворымі стала знаходзіўся хтосьці з манахаў. Белыя плашчы з крыжамі вылучаліся сярод шэрай масы зноскаў, у якія была апранута большасць выжылых жыхароў мястэчка. Нягледзячы на вялікую колькасць людзей, у памяшканні было ціха. Толькі час ад часу з келляў даносіўся стогн, а ў калідоры можна было пачуць прыглушаны шэпт – гэта бацькі супакойвалі сваіх дзетак. Здавалася, што ўсе, хто быў у Маладэчне, перамясціліся сюды.

– Французы напалі зноў, – манах шпаркім крокам пайшоў да лесвічнага пралёту, спрытна абмінаючы людзей. Міхал паспяшаўся за ім.

– Як? Адкуль тут могуць быць французы? Яны ж даўно адышлі за межы? – Агінскі незаўважна для сябе перайшоў на гучны шэпт.

– Гэтыя – з тых, хто застаўся, – шматзначна адказаў манах.

– Не разумею.

– Я таксама, – манах падняўся па прыступках да першай пляцоўкі і паглядзеў уніз на Агінскага, – Але з усяго выходзіць, што гэта памерлыя французы.

– Як памерлыя? – Міхал аслупянеў.

– Памятаеце, я расказваў пра Мартэна Кале? – данёсся з вышыні голас плябана. Брат Крыштоф спускаўся з другога паверха.

– Вітаю вас, браце, – Агінскі схіліўся ў паклоне.

– Адзін з местачкоўцаў бачыў афіцэра ўчора ў Маладэчне, – працягнуў плябан, не адказаўшы на прывітанне. Выглядаў ён украй стомленым.

– Вы ж сказалі, што ён памёр, – не зразумеў Міхал.

– Я сам так думаў. Але ўчора французскі жаўнер без рукі разбурыў адзін з намётаў і моцна параніў тых, хто быў унутры.

– Якім чынам?

– Ён пакусаў іх, – плябан змоўк.

– Вось і наш конюх, – прыгадаў Агінскі, – таксама казаў, што ў лесе яго пакусаў шалёны француз.

Плябан са шкадаваннем у голасе прамовіў: – І цяпер ваш конюх ляжыць з ліхаманкай.

– Так, адкуль вы ведаеце? – здзівіўся Міхал.

– Ва ўсіх пацярпелых такія ж сімптомы, – брат Крыштоф паказаў рукой у бок келляў. – Мы збіраліся ўчора накіраваць у ваш замак пасыльнага з папярэджаннем, але праз наплыў людзей не змаглі гэтага зрабіць. На ўліку былі ўсе працаздольныя людзі.

– Але як такое магло здарыцца? – бедаваў Агінскі. – Я не разумею.

– Пацяплела, – нібы сам сабе прамовіў плябан.

– Што? Я вас не чую, – Міхал падвысіў голас.

– Поле за Вушою было завалена трупамі, пасля бойкі ніхто не парупіўся іх прыбраць, – брат Крыштоф павярнуўся да Агінскага. Пачырванелыя, напоўненыя смуткам і болем вочы плябана, здавалася, глядзелі скрозь Міхала. – Сёння брат Валянцін быў там. Яно пустое. Усе нябожчыкі зніклі. Цяпер яны блукаюць па наваколлі.

– Вы нейкую лухту плецяце, брат. Вы доўга не спалі. Вам трэба адпачыць, – цвердзіў Міхал гучным шэптам. – Мерцвякі не могуць хадзіць.

– Я не спаў, гэта так, – голас плябана быў спакойны, ён нібыта размаўляў сам з сабою. – Але я бачыў усё тое на ўласныя вочы. Гэта так.

– Вы хочаце сказаць, што надыходзіць Апошні Суд? Ці вы проста наслухаліся страшных гісторый ад сваіх французскіх сяброў? – Міхал дазволіў сабе грубасць. Роспачны стан плябана пачаў выклікаць у яго раздражненне. Брат Крыштоф прамаўчаў.

– Добра, – граф вырашыў змяніць тэму. – Скажыце, вы можаце мне дапамагчы і паслаць да нас чалавека, які разбіраецца ў медыцыне?

– На жаль, не, пане сенатару, – не адразу адказаў плябан, – усе занятыя. Брат Крыштоф адвярнуўся да акна і скрозь шчыліну ў аканіцы паглядзеў на двор. – Але я хачу даць вам параду, – плябан усё яшчэ стаяў спінай да графа. – Вам трэба як мага хутчэй вярнуцца ў замак, зачыніць усе дзверы, усе вокны і нікога не ўпускаць. Дакладней, упускаць толькі тых, хто можа назваць сябе. Упускаць жывых, якія могуць гаварыць, бо мерцвякі не здольныя да словаў, – манах рэзка павярнуўся, сухія вочы ўтаропіліся ў Міхала. – Яны здольныя толькі забіваць, – прашаптаў плябан.

Міхал адступіў. Ён нічога не адказаў, моўчкі развітаўся і шпарка пашыбаваў да выхаду. Манах, які сустракаў Агінскага ў кляштары, кінуўся следам, каб зачыніць дзверы.

Выйшаўшы з будынка, граф вылаяўся. «Гэты Крыштоф, мусіць, непрытомны. Дарэмна толькі з’ездзіў», – думаў Міхал. На дварэ было ўсё гэтак жа ціха і пустынна, але Бакас, які ўвесь час прастаяў на прывязі, моцна расхваляваўся. Конь узбуджана біў капытом, круціў вачыма ў розныя бакі і ржаў.

– Спакойна, Бакас. Усё добра, – Агінскі пагладзіў каня па шыі.

Забіраючыся ў сядло, Міхал думаў над словамі плябана: «Мерцвякі ходзяць, што ён выдумаў? Быць гэтага не можа». Агінскі накіраваўся да замка. Ён разважаў, як сказаць дзядзьку пра тое, што дапамогі ад трынітарыяў чакаць не варта. Краем вока граф заўважыў рух каля адной з разбураных хат. Там быў чалавек. Стоячы на каленях спінаю да Міхала, ён апусціў галаву і нешта рабіў рукамі перад сабой. «Пэўна, вогнішча раскладае», – мімаходзь падумаў Агінскі. На мужчыне быў брудны шынэль вайсковага крою. Ён быў настолькі захоплены справай, што не звяртаў на конніка ўвагі. Міхал не стаў яго аклікаць і проста паехаў далей.

1813 (зборнік)

Подняться наверх