Читать книгу Бювар (зборнік) - Уладзімір Сіўчыкаў - Страница 2

Загадка Вінцэнта
Эсэ

Оглавление

«Калісь глядзеў на сонца я…»

Максім Багдановіч «Добрай раніцы, дня або вечара!

Калі Вы не памыліліся нумарам і Вам ёсьць што сказаць, дык пасьля доўгага сігналу мецьмеце адну мінуту! Мы Вам абавязкова ператэлефануем. Дзякуй!»

Менавіта так адгукаецца, калі Ты помніш, хатні аўтаадказчык у Вінцэся. Ня ведаю, Браце, у які час чытацьмеш гэтыя радкі, але спадзяюся дый ведаю, што абмежаваньня па часе на гэта няма. Але і сам Ты прасіў пісаць пра ўсё падрабязьней.

Дык вось, акурат на каталіцкія Каляды быў я на юбілеі. Здаецца, ужо казаў, што ня надта шаную «дацкія» мерапрыемствы, але звыкаюся (або звыкся ўжо) прымаць іх як дадзенасьць. Гэтым разам сьвяткаваньне праходзіла ў Музычным тэатры, што называўся раней Тэатрам музычнай камедыі. Але настрой меў ня дужа вясёлы. Можа, праз тое, што апошнім разам быў у гэтым будынку (зноў жа на юбілеі!) на Каласавінах і выходзіў не ў гуморы.

Тады сьвята ўяўляла з сябе практычна бенефіс міністра культуры Гулякі (пашанцавала ж міністэрству – ці міністру? – з такім прозьвішчам!) складаўся з даклада і «раздачы сланоў» фактычна ягоным жа падначаленым – чыноўнікам ад культуры. Былі, праўда, яшчэ два-тры выступоўцы, але ўсё ж не тыя асобы, якія маглі б як сьлед ушанаваць песьняра. Ну, а са сьвежасьпечанай інсцэніроўкі віцебскага тэатра імя Якуба Коласа паводле твораў класіка ўвогуле сышоў – настолькі яна аказалася няўдалаю. Парадавала ж тое, што пабачыў у глядзельнай зале і ў фае некалькі мілых майму сэрцу людзей, з задавальненьнем перамовіўся зь імі.

Некалькі прыемных сустрэч надарылася і на саракагоддзі навучальнай установы, якая пасьпела зьмяніць некалькі назоваў і завецца цяпер нуднавата-доўга і няўклюдна – Беларускі рэспубліканскі вучэбны комплекс гімназія-каледж мастацтваў. Але большасьць выпускнікоў і цяперашніх вучняў Каледжа, сярод якіх і мая Хрысьціна, завуць яе па-ранейшаму каротка дый выразна – Парнат. Чаму так, ніхто зь іх, можа, і не возьмецца патлумачыць напэўна. Нават Алесь Пушкін, які зрабіў выдатную размалёўку ў фае перад тамтэйшаю канцэртнай залаю. Мне дык чуюцца ў гэтай назве як мінімум два складнікі – Парнас дый інтэрнат.

Выхоўваюць у Каледжы і музыкаў, але хораша гутарылася найперш з былымі парнатаўцамі-мастакамі – Феліксам Янушкевічам, Косьцям Шаранговічам, зь цяперашняй выкладчыцай – Галінай Хінка-Янушкевіч, а таксама з Рыгорам Сітніцам, які спалучае ў сваёй асобе выпускніка і выкладчыка. Перастрэў і Генадзя Хлобыстава, які мае ў Каледжы гучную афіцыйную пасаду кіраўніка ДзЮТА – Дзіцяча-юнацкай творчай акадэміі. Займаецца ён пераважна мастацкімі праектамі, прэзентацыямі, выставамі, а таксама Public Relations, сувязямі, як кажуць, з грамадскасьцю. Разгаварыліся – у тым ліку і пра нядаўняе ўшанаваньне Леанарда да Вінчы. Чамусь расшчодрыўся Генадзь і спрэзентаваў мне дзьве паштоўкі з рэдкімі ў тыражаваньні малюнкамі Леанарда, анатамічнымі штудыямі чалавечага цела. Рэдкія яны таму, што захоўваюцца ў каралеўскай калекцыі Лізаветы ІІ у Віндзоры, а манархіня дужа неахвотна публікуе і распаўсюджвае свае рарытэты.

Ведаеш, Браце, даўно ўжо заўважыў, як моцна ўражваюць тыя творы, на якія вока не «замыленае». Як правіла, гэта рэчы з замежных музейных экспазіцый, а таксама рэпрадукцыі з палотнаў, малюнкаў, іншых твораў з невялікіх музеяў, з прыватных калекцый або якія нанова знойдзеныя ці адкрытыя. Згадваю, што на той час, калі я паступіў у Менскую мастацкую вучэльню, азнаёміцца з шэдэўрамі сусьветнага мастацтва можна было толькі ў савецкіх музеях, найперш у Маскве і Піцеры (тагачасным Ленінградзе), а таксама ў бібліятэках. Добра, што бібліятэчныя фонды ў вучэльні былі нябедныя, бо патрапіць у рэспубліканскую Ленінскую (цяпер Нацыянальную) бібліятэку зь ліку студэнтаў маглі толькі старшакурсьнікі з ВНУ. Ну, а пра замежныя музеі можна было адно толькі марыць: выязджалі за кардон партфункцыянеры, дыпламаты, зрэдку прафсаюзныя дзеячы і журналісты, а таксама… Спартоўцаў, маракоў гандлёвага флоту дый тых, хто праходзіў вайсковую службу на тэрыторыі так званых сацыялістычных краін, можна не лічыць – музейныя залы, трэба думаць, іх вабілі мала.

Альбом па мастацтву можна было «дастаць» (тым часам не набывалі, а «даставалі» амаль што ўсё!) у кнігарні. Сьпецыялізаванай у Менску была кнігарня «Дружба», якая мясьцілася тады на Ленінскім прасьпекце непадалёк ад перакрыжаваньня з вуліцаю Казлова. Мой першы ў мастацкай вучэльні выкладчык жывапісу і кампазіцыі Юры Міхайлавіч Выхадцаў лаяўся і страшэнна абураўся той завядзёнцы – каб набыць альбом, выдадзены хаця б у Вугоршчыне ці Чэхаславакіі, трэба было мець знаёмства з гандляркаю і нават ёй пераплочваць удвая, хаця кнігі па мастацтву аніколі не былі таннымі.

Сёньня можна купіць калі не ўсё, дык вельмі многае. А Хлобыставу ўдаецца здабываць шыкоўныя альбомы і ў якасьці ахвяраваньняў Каледжу ад розных фондаў ды замежных дыпламатаў, акрэдытаваных у Менску. Сьпісваецца ён з Каралеўскай бібліятэкаю ў Лондане, з амерыканскай Вайсковай акадэміяй у форце Вест-Пойнт, які, дарэчы, пабудаваў наш зямляк Тадэвуш Касьцюшка. Удалося яму, як высьветлілася падчас гаворкі, завязаць кантакты і з нашчадкамі аднаго з найславуцейшых мастакоў сьвету Вінцэнта Ван Гога, дазнацца пра ўрачыстасьці, якія пройдуць сёлета з нагоды 150-гадовага юбілею мастака як на ягонай радзіме, так і па ўсім сьвеце.

Вось табе і маеш – зноў урачыстасьці, зноў юбілей! Калі памятаеш, я неяк быў наракаў на юбілеі дый даты, пісаў Табе, што недалюбліваю іх. А цяпер яны, нібыта знарок, пачынаюць перасьледваць мяне. Ці заўважаў, што гэтак бывае?

У мяне, да прыкладу, аднаго разу гэта вельмі выразна высьвецілася. Калі вучыўся на філфаку, дык на адным з агульных сходаў курса, дзе разглядаліся розныя пытаньні, досыць горача выступіў супраць спазьненьняў на першую гадзіну лекцый. Уяўляеш, чытае шаноўны прафесар Алег Антонавіч Лойка лекцыю па літаратуры, сягае ў сваіх развагах ад Гільгамеша да скарынаўскай Бібліі, а потым ажно да сучаснасьці, а тым часам то адна, то другая дзявуля з’яўляюцца ў дзьвярах, перапыняюць яго сваімі выбачэньнямі і просьбамі дазволіць прысутнічаць на занятках?! Ну і, натуральна, наступнае раніцы, паводле закону подласьці, або як пакараньне за ганарыстасьць, спазьняюся сам і мушу прайсьці на сваё мейсца пад зласьлівы шэпт і асуджальныя позіркі тых самых дзявуль!

Але вярнуся да вангогаўскага юбілею. Здаецца, на першы погляд, ну, якая нам, беларусам, да яго справа?! Але, калі задумацца, дык у жыцьці шмат што перанітавана часам амаль незаўважнай, а часам і вельмі нечаканай повязьзю. І доказаў гэтаму можна знайсьці процьму. Варта толькі напружыць памяць, не паленавацца пагартаць старыя запісы, зазірнуць на кніжныя паліцы…

Калі я сказаў, што мог бы напісаць разгорнутае эсэ пра Ван Гога, дык адзін знаёмы літаратар зьдзіўлена ўскінуў бровы: «А як ты прывяжаш яго да Беларусі?!»

У нашых музеях, і праўда, няма аніводнага палатна або хаця б малюнка вялікага галандца, а ў важкім пяцітомніку «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі» няма артыкула пра Ван Гога. Затое ў 18-томнай «Беларускай энцыклапедыі» абазначыўся прагрэс – зьмешчаны тры чорнабелыя рэпрадукцыі з палотнаў, з’явіўся артыкул, але, на вялікі жаль, ананімны і з прыкрымі недакладнасьцямі. Пакіну без каментарыяў факталагічныя памылкі. Але вось з такімі словамі, як «…маляваў партрэты і пранізаныя стрыманым жыцьцялюбствам пейзажы», аніяк не магу пагадзіцца. Якая стрыманасьць?! Ці не галоўнай адметнасьцю вангогаўскай творчасьці з’яўляецца якраз лішак – лішак у націску і нярвовасьці, у сіле і выразнасьці!

Аксіёмаю, на маю думку, ёсьць сцьверджаньне, што спадчына вялікага галандца належыць усяму сьвету, а значыць, і нам, беларусам, гэтаксама. Таму калегава пытаньне выдавала мне на правінцыялізм, на местачковасьць, на пачуваньне еўрапейцам другога гатунку. У адказ прывёў я некалькі пераканаўчых, на мой погляд, аргументаў, хаця аднаго таго факта, што пра галандскага і французскага мастака пішацца па-беларуску, лічу, хапіла б, каб абвергнуць любыя сумневы.

Пагадзіся, хіба не аргумент, што ў апошнія гады адно з беларускіх выдавецтваў выпусьціла ў сьвет у сваёй серыі «Майстры культуры» салідны том выдатнай прозы творцы – славутыя «Лісты да брата». Павер, я не памыліўся, бо менавіта так ацэньваю эпісталярную спадчыну мастака. І ў гэтай ацэнцы я не самотны. Ведаю напэўна, што вельмі высока ацэньваў пісьменьніцкі геній мастака такі выдатны майстра прозы, як Вячаслаў Адамчык, якому я шмат чым абавязаны. Ён нават сваю аўтабіяграфію распачынаў словамі: «Калі б я меў балюча шчыры талент Ван Гога, я б намаляваў сваю вёску не ў жоўта-сініх, а ў шарых танах». І праўда, «Лісты…» – гэта тая кніга, па якой можна і трэба вучыцца жыць, пісаць, маляваць і любіць братоў. (Заўважу тут, што, на жаль, сёньня нават само сьвятое слова «брат» набыло крымінальнае адценьне, у пэўнай ступені дзякуючы недарэчным фільмам з Сяргеем Бадровым-малодшым. А колісь гэтым словам дражнілі беларусаў за тое, што ў размове часта скарыстоўвалі зварот «брат», «братка».) І нездарма ж «Белфакс» грымнуў, праўда, па-заходняму не пазначыўшы на тытуле год выданьня, грунтоўным ліцэнзійным альбомам Герхарда Грутроя «Ван Гог. Творчы шлях мастака»? Хіба не сьведчыць гэта, што беларусам больш чым цікавая спадчына вялікага галандца, вялікага французскага мастака?

Не дзівіся, у апошняй дэфініцыі няма аніякай супярэчнасьці. Так, Ван Гог – галандзец паводле нацыянальнасьці і месца нараджэньня. І гэта мяне цешыць, бо Каралеўства Нідэрландаў, якое неафіцыйна часта называюць Галандыя, гэтаксама як і нашая Беларусь, – адносна невялікая і досыць паўночная еўрапейская краіна. Але Вінцэнт Ван Гог для мяне найперш французскі мастак. Несумненна, што менавіта Парыж у апошняй чвэрці дзевятнаццатага стагоддзя быў сусьветнай сталіцай выяўленчага мастацтва, несумненна, што менавіта ён зрабіў з галандскага паўдылетанта мастака з вялікай літары, сфарміраваў адметнага творцу. Несумненна, што ў тыгелі паўднёвага Арля загартаваўся талент мэтра жывапісу, менавіта на французскай зямлі і пад французскім небам былі створаныя найбольш значныя творы, палотны, што занялі сваю нішу ў гісторыі сусьветнага мастацтва і культуры.

Яшчэ з гадоў навучаньня ў мастацкай вучэльні пачэснае месца паміж кніг па выяўленчаму мастацтву маёй асабістай бібліятэкі займае досыць сьціплы альбом «Van Gogh» з серыі «Masters of World Painting» на той час ленінградскага выдавецтва «Аўрора». Сьціплы найперш таму, што ў Эрмітажы і ў Музеі выяўленчага мастацтва імя Пушкіна захоўваюцца ўсяго толькі дзесяць твораў мастака – адзін малюнак і дзевяць палотнаў. Нават публікацыя ў ім фрагментаў палотнаў не надта адратоўвае ў сэнсе аб’ёму. З другога боку, можна сказаць, што захоўваюцца ў Расіі ажно дзесяць твораў. Ажно дзесяць таму, што ўсе яны належаць да позьняга, а значыць сталага, самага плённага перыяду ў творчасьці жывапісца.

Але нават на той час зьвярнула на сябе маю ўвагу такая акалічнасьць – загалоўныя, англамоўныя тэксты ў тым альбоме куды больш поўныя і дакладныя ў параўнаньні з рускамоўнымі. Што гэта – элементарная непавага да суайчыньнікаў? Маўляў, куды ж яны падзенуцца з падлодкі (чытай – не пераскочаць жа праз так званую «жалезную заслону»?)?! Або, маўляў, абыйдуцца і гэтым, хай скажуць дзякуй і за тое, што атрымоўваюць? Гэта нагадала мне колішнюю сітуацыю з савецкімі аўтамабілямі «Жыгулі». Не мае значэньня, што большасьць мадэляў «спірацілі» ў італьянцаў, не мае значэньня, што якасьць і надзейнасьць іх не вытрымлівалі аніякай крытыкі. Усё роўна, калі хочаш мець уласнае аўто, дык шукай той самы блат або сваяка-ветэрана, які адстояў у чарзе не адзін год і гатовы саступіць табе гэты «цуд тэхнікі». На Захадзе ўсё наадварот. Скажам, у Нямеччыне найлепшая якасьць прызначаецца сабе, свайму ўнутранаму спажывецкаму рынку. Другі гатунак прызначаецца краінам аб’яднанай Еўропы. А трэці сыходзіць адпаведна ў краіны трэцяга сьвету…

Дарэчы, ці ведаеш ты, як частка «Жыгулёў» паператваралася ў «Лады»? Гэта ж ледзь не анекдатычны выпадак! Паспрабавалі былі тальяцінскія аўтамабілебудаўнікі выйсьці на еўрапейскі рынак гандлю аўтамабілямі, але ж які француз або італьянец набудзе легкавік маркі, якая гучыць амаль гэтак жа, як «жыгала» – мужчына, які жыве за кошт палюбоўніцы?! Давялося не толькі падвышаць якасьць зборкі экспартных паасобнікаў, але і прыдумляць новы брэнд.

Але вярнуся да альбома. Мяркуй і сам пра адвольнасьць перакладаў хаця б па некаторых назвах твораў Ван Гога.

Малюнак з франка-ангельскай назваю «La Mousmé sitting in an arm-chair» («Мусьме, якая сядзіць у крэсьле») атрымаў па-руску лапідарнае найменьне «Мусме». (Дарэчы, прызнаюся, што намерваюся зрабіць своеасаблівую мастацкую парафразу і намаляваць дачку Хрысьціну ў выглядзе Мусьме, бо зьнешняе падабенства ў іх відавочнае, а я люблю розныя мастакоўскія гульні.) «Seascape at Saintes-Maries» – літаральна гэтая чыстая марына завецца ў перакладзе «Рыбацкія лодкі ў Сен-Мары». А ў рускамоўным варыянце яна чамусьці атрымала непісьменны назоў «Море в Сент-Мари».

«Memory of the garden at Etten» («Успамін пра Этанскі сад»). Чамусьці ягоны рускі варыянт або адпаведнік гучыць як «Арльские дамы»!

«The red vineyard: Montmajour» («Чырвоны вінаграднік: Монмажур») – «Красные виноградники в Арле»! Хаця ў ангельскім варыянце Арлем і не пахне, а Монмажур – гэта абацтва ў навакольлях горада!

«Portrait of doctor Felix Rey» – «Портрет доктора Рея». Хопіць з французішкі адно толькі прозьвішча, замнога гонару падаваць яшчэ і імя?!

«Bushes» – «Куст». Вынікае, што еўрапейцам і ўсім англамоўным Ван Гог напісаў кусты бэзу, а рускамоўным еўразійцам ці азіёпцам – адзін (!) куст?!

«The prison court-yard» («Турэмны двор») – «Прогулка заключенных». Мабыць, ёсьць нейкая злавесная заканамернасьць у тым, што адно з самых змрочных палотнаў мастака захоўваецца ў краіне крыміналу, зон і астрогаў.

«Cottages with thatched roofs» («Хаціны з саламянымі дахамі») чамусьці зрабіліся проста «Хижинами»!

Зразумела, што палотны часам маюць варыянты назваў, але што папярэдняя, што наступная («Landscape with carriage and train» – «Краявід з кібіткай і цягніком» – «Пейзаж в Овере после дождя»!) – як кажуць, no comment! без каментарыяў!

І ўсё ж, нягледзячы на тагачасныя ідэалагічныя штампы, прыкрыя хібы ў рускамоўным тэксьце і жаданьне аўтаркі ўступнага артыкула штучна драматызаваць лёс мастака, альбом у зжаўцелай ад часу супервокладцы, набыты колісь са стыпендыі, вельмі дарагі мне. А адзін з маіх даўніх, студэнцкіх нацюрмортаў так і называецца – «Нацюрморт з альбомам Ван Гога». І яшчэ адно. Альбом гэты нагадвае пра тое, што на свае вочы бачыў у музейных залах рэпрадуцыраваныя ў ім творы, і калі сустракаю рэпрадукцыі з гэтых палотнаў у іншых выданьнях, дык мімаволі прыязна пасьміхаюся, вітаю іх як даўніх знаёмцаў.

Тым самым часам набыў я і польскае выданьне «Krajobraz z tęczą. Sylwetki artystów od Fidiasza do Picassa» – «Краявід з вясёлкаю. Вобразы мастакоў ад Фідзія да Пікаса». Як вынікае з назвы, пададзены ў тым альбоме шэраг нарысаў Анны Клубуўны пра найславутых мастакоў сьвету. Адным з іх стаўся матэрыял пра Ван Гога «Сейбіты і жнеяры». Дзівіла, праўда, і тое, што асноўны акцэнт аўтарка зрабіла на галандскім перыядзе творчасьці мастака.

Чорна-белыя рэпрадукцыі з жывапісных палотнаў выклікалі ў тым альбоме пэўную непаразумеласьць. Затое малюнкі былі здрукаваныя надзіва выразна: польскія паліграфісты навучыліся на той час друкаваць найскладанейшую фарбу – так званую глыбокую чорную. Гэта значыць, што ў іх – як на плакатах, так і ў перыдычных выданьнях, у кнігах, у выданьнях па мастацтву – чорны тон уражваў, бо быў не больш-меньш насычаным шэрым, а папраўдзе чорным. Чорным, нібыта касьмічныя чорныя дзіркі!

Куды больш грунтоўным – у цьвёрдай вокладцы, на дзьве сотні старонак шчытнай афсетнай паперы – ёсьць важкі ва ўсіх сэнсах альбом чэшкі Мілаславы Неўманавай «Vincent van Gogh. Kresby» («Вінцэнт Ван Гог. Малюнкі»), выдадзены ў 1987 годзе ў Празе. Зразумела, што Ван Гог быў перадусім жывапісцам, аднак малюнкі ягоныя – гэта і акадэмічныя штудыі, і своеасаблівая справаздачнасьць у лістах, і падрыхтоўчыя шкіцы, і варыяцыі на тэмы ягоных палотнаў, і самакаштоўныя скончаныя творы. Графіка мастака, можна сказаць, прадстаўлена вычарпальна: 27 малюнкаў разьмешчаны па аўтарскім тэксьце, а ў выяўленчай частцы рэпрадуцыраваныя восем каляровых і яшчэ шэсцьдзесят чорна-белых прац. Досыць поўнае ўяўленьне можна скласьці, калі ўзяць пад увагу аналітычны артыкул, а таксама грунтоўны навуковы апарат альбома. Гартаю яго цяпер, і найболей уражваюць малюнкі «Тэадор Ван Гог» – нясьмелы, а ў нечым і вучнёўскі, хоць і выкананы ў традыцыях старых майстроў, «Парк насупраць жоўтага дома» – празрысты, ураўнаважаны, спакойлівы, нібыта райскі сад і неверагодна дынамічныя, напружаныя «Кіпарысы ў зорнай начы».

А колісь, зноў жа ў кнігарні «Дружба», якая мясьцілася ў канцы васьмідзесятых гадоў усё на тым самым галоўным менскім прасьпекце, але ўжо насупраць парка Чалюскінцаў, набыў гэтае выданьне мастак Пятро Драчоў. І дастаўся мне той альбом у падарунак да трыццацігоддзя, на дзень нараджэньня ад імя ўсіх «бярозкаўцаў», супрацоўнікаў рэдакцыі часопіса для падлеткаў, дзе працаваў я тады адказным сакратаром…

Ведаеш, злавіў сябе на думцы, што кожны з гараджанаў, тых жа менчукоў, мае ў горадзе свае арэалы або рэгіёны, прыдатныя яму не толькі на пражываньне, вучобу і працу, але і ўвогуле – на камфортнае існаваньне. Нездарма ж у пэўных раёнах ведаеш кожны квартал, кожны двор, кожную сьцяжынку, а ў некаторых, калі і патрапіш гады ў рады, дык пачувацьмешся як ў чужым горадзе. Некім жа прадвызначана, што жыву цяпер непадалёк ад колішняга будынка мастацкай вучэльні і старога корпуса Дома друку, на прасьпекце, што носіць сёньня слыннае імя Францішка Скарыны, па-над кнігарняю «Акадэмкніга».

Зразумела, што часта завітваю ў яе залы, падоўгу прастойваю пры паліцах і праглядаю навінкі. Някепскі там аддзел выяўленчага мастацтва, і адным з апошніх маіх набыткаў стаўся невялічкі па фармаце, але досыць адметны томік французскага мастацтвазнаўцы і пісьменьніка Паскаля Банафу. Ягоная кніжка – «Ван Гог. Асьлеплены сонцам» – ціхамірна далучылася да маіх ранейшых, славянскіх, традыцыйных.

Мы ўжо звыкліся да таго, што кнігі па мастацтву найчасьцей выбудоўваюцца паводле наступнай траічнай схемы: уступны артыкул аўтара-мастацтвазнаўцы – ілюстрацыйная частка з подпісамі – навукова-даведачны апарат. А кніга Паскаля Банафу нязвыклая дызайнам і вёрсткаю. Нязвыклая ўжо адным тым, што распачынаецца васьмю(!) жывапіснымі аўтапартрэтамі Ван Гога, напісанымі ім у розныя гады. Праўда, гэтыя розныя гады – чатыры з апошніх у ягоным жыцьці. На іх Вінцэнт нібыта імкнецца пераканацца ў сваёй рэальнасьці, у тым, што істота з плоці і крыві яшчэ мысьліць, яшчэ не зьнікла пад націскам пачуцьцяў і адчуваньняў. Што вочы яшчэ не выпалены ні сонцам, ні ўнутраным пякельным сьвятлом. Ван Гог-мастак утрапёна пісаў Ван Гога-чалавека. Па-за гэтымі аўтапартрэтамі – творчыя тычкі трагічнага шляху і пошукаў свайго прызначэньня ў сьвеце. І гэтыя аўтапартрэты тым болей каштоўныя і неацэнныя, што фотапартрэтаў самога мастака захавалася ці не… два!

На адным зь іх Вінцэнт – вучань пансіяната Жана Правілі ў Зевенберзане ў трынаццацігадовым узросьце. У позірку падлетка, што застыгнуў перад фотакамерай, выразна прачытваюцца разгубленасьць і самота. Другі фотапартрэт Ван Гога быў зроблены праз пяць гадоў. Але і на ім, зробленым у Гаазе напачатку 1870-х, васемнаццацігадовы гандляр творамі мастацтва і рэпрадукцыямі з іх, выглядае безаабаронным і няўпэўненым. Можа, якраз з таго часу Вінцэнт перастаў давяраць і давярацца аб’ектыву фотаапарата, каб праз паўтары дзесяткі гадоў звярнуцца да суперсуб’ектыўнасьці графічных, а потым і жывапісных аўтапартрэтаў?!

У парадку лірычнага адступленьня заўважу яшчэ, што на ўсіх выявах Ван Гог – зацяты, сур’ёзны, засяроджаны. Выключэньне ведаю толькі адно. Даўні знаёмца, мастак Алег Карповіч, які актыўна займаецца і газетнай журналістыкаю, намаляваў падчас адной з нашых з ім гутарак пра вялікага галандца і апублікаваў у сваім выданьні партрэт усьмешлівага Ван Гога, ці не адзіны ў гісторыі мастацтва…

Што тычыць самога тэксту Банафу, дык прываблівае ён чытэльным стылем і тым, што ўнікае псеўданавуковай сухасьці ў дасьледваньні і ў падачы матэрыялу. Акрым таго, нямала ў ім сьмелых версій, творчых адкрыцьцяў-саторы, калі пакарыстацца тэрміналогіяй з японскай паэтыкі. Не пазьбягае аўтар і так званых вострых вуглоў у асьвятленьні жыцьцёвага шляху мастака, праўдзіва і мужна, без усялякіх залішніх эўфемізмаў называе рэчы іхнімі сапраўднымі імёнамі…

Але, што гэта я ўсё пра альбомы ды пра кнігі! Давай лепей раскажу Табе пра жыцьцё і творчасьць самога мастака. Раскажу ў традыцыйнай, храналагічнай пасьлядоўнасьці.

Ну, дык вось, нарадзіўся будучы мастак 30 сакавіка 1853 года ў галандскай вёсцы Грот Зюндэрт, што непадалёк ад горада Брэда, у сям’і пратэстанцкага прапаведніка-кальвініста Тэадора Ван Гога. Ягонай маці была Ганна Карнэлівус Карбентус, дачка прыдворнага пераплётчыка. Так склалася, што яшчэ з канца сёмага (!) стагоддзя ў радзіне Ван Гогаў хтосьці насіў імя Вінцэнт. Паставіў клічнік у папярэднім сказе таму, што нярэдка мы або нашыя знаёмцы не ведаюць, як звалі прадзедаў і чым тыя займаліся. А што тычыць напісаньня і вымаўленьня імені Vincent, дык не гучыць мне, аніяк не прамаўляецца прамая калька з мяккім «с». А можа, віною таму накладка беларускай традыцыі, звычка прамаўляць каталіцкія імёны кшталту Вінцэнтага Дуніна-Марцінкевіча. Але нават калі памыляюся, дык гэта невялікі грэх – не энцыклапедычны артыкул пішу і не мастацтвазнаўчае дасьледваньне.

Мяркую, што частка сямейнага прозьвішча Ван азначае ў галандскай мове прыналежнасьць да сьвятарскага занятку. Так гэта або не, аднак менавіта Вінцэнтам звалі дзядулю будучага мастака. Трое з шасьці ягоных дзядзькоў гандлявалі творамі мастацтва. Гэта былі бацькавы браты. Вінцэнт (дзядзька Сент) гандляваў жывапіснымі творамі, і быў пастаўшчыком двара іх Вялікасьцяў караля і каралевы, і за некалькі гадоў працы ў Гаазе разгарнуў справы да еўрапейскага маштабу. Хендрык Вінцэнт (дзядзька Хэм, што, пагадзіся, больш звыкла нам у ласкава-паблажлівым азначэньні амерыканскага літаратара Эрнеста Хэмінгуэя) вёў гандаль у Бруселі, а Карнэлівус Марынус (дзядзька Кор) заснаваў у Амстардаме фірму «C. M. van Gogh».

І толькі адзін з братоў, Тэадор насьледваў бацькоўскую справу, стаўся пастарам і ў 27-гадовым узросьце атрымаў прыход непадалёк ад мяжы з Бельгіяй.

Упартасьць у насьледваньні сямейнай традыцыі зьдзіўляе і нават бянтэжыць мяне. Маю на ўвазе тое, што за год да будучага мастака, дзень у дзень, на сьвет з’явіўся быў маленькі Вінцэнт Вілем, які неўзабаве памёр.

Аднак пастараў дом поўніўся дзецьмі. Дачушку Ганну назвалі ў гонар маці, а наступнага сына, маладзейшага за Вінцэнта Вілема на чатыры гады, у гонар бацькі – Тэадорам. Прыйшоў ён на сьвет 1 траўня, а гэта значыць быў, як і я, Цялец паводле гараскопу. Акцэнтую тут асобу Тэа, бо адыграў ён незаменную ролю ў лёсе брата-мастака.

Потым у Ван Гогаў нарадзіліся яшчэ Элізабет Хюберта, Вінгельміна Якоба і Карнэлівус Вінцент!

У кастрычніку 1864 года бацька выправіў старэйшага сына, Вінцэнта Вілема ў пансіён Правілі, дзе той вывучаў ангельскую, нямецкую ды французскую мовы і дзе першы раз зазнаў пакуты адзіноты. Мабыць, тая самая самота прымусіла адзінаццацігадовага хлопчыка зноўку ўзяцца за аловак. Раньнія вучнёўскія Вінцэнтавы малюнкі (адзін з дакладна датаваных – ад 11 студзеня 1862 года!) абвяргаюць папулярны колісь тэзіс мастацтвазнаўцаў пра тое, што маляваньнем Вінцэнт заняўся толькі ў сталым узросьце.

Пазьней падлетка перавялі ва ўстанову Ханіка ў Тылбургу, а калі матэрыяльнае становішча пастара пагоршылася, Вінцэнт Вілем вымушаны быў вярнуцца дахаты.

Тым часам і дзядзька Сент з прычыны слабога здароўя мусіў зрабіцца пайшчыкам, а фактычна – прадаць сваю краму французскай кампаніі «Гупіль». Якраз у былую сваю кампанію ён і рэкамендаваў у 1869 годзе пляменьніка. Вінцэнт пачаў гандляваць палотнамі і рэпрадукцыямі ў гаагскім аддзяленьні фірмы, дзе засьведчыў сябе як працавітага і акуратнага работніка. Юнак вёў замкнёны лад жыцьця і акрамя асноўнай працы займаўся самаадукацыяй – шмат чытаў, ахвотна наведваў музеі.

Улетку 1872 года ён наведаў радзіну ў Хелфоўрце, куды перавялі бацьку. Там ён сустрэўся з братам Тэадорам, які быў вымушаны пакінуць вучобу, а неўзабаве таксама паступіць у фірму «Гупіль», але ў яе брусельскі філіял. Паміж братамі завязалася ліставаньне, якое доўжылася семнаццаць гадоў! Забягаючы тут наперад, скажу, што са жніўня гэтага года па ліпень 1890 года 668, уяўляеш – 668(!) і добра, што не 666(!) лістоў Ван Гога на галандскай, ангельскай, французскай мовах пачыналіся словамі «Дарагі Тэа!» або «Дарагі брат!».

Напачатку 1873 года Вінцэнта павысілі па службе і неўзабаве перавялі у Лонданскі філіял. Па дарозе ў Англію ён спыніўся на некалькі дзён у Парыжы, наведваў Луўр, Салон і Люксембургскі музей. З чэрвеня Вінцэнт працаваў у ангельскае сталіцы, дзе захапіўся паэзіяй Кітса, а таксама жывапісам Гейнсбара, Канстэбля, Рэйнальдса і Цёрнера.

Зімою 1874–1875 гадоў Вінцэнт перажыў цяжкую дэпрэсію. Ён закахаўся ва Урсулу, дзевятнаццацігадовую дачку гаспадыні пансіёна мадам Луайе, папрасіў яе рукі, але яму катэгарычна адмовілі. Паводле адной версіі, Урсула нібыта ўжо была заручаная. Але мне больш верагоднай падаецца іншая версія – Вінцэнтаў бацька меў цяжкі характар і не захацеў, каб сын пабраўся шлюбам з каталічкаю. Хутчэй за ўсё паміж імі адбылася цяжкая размова падчас прыезду сына ў Хелфоўрт. Нават ліставаньне з братам Тэа перапынілася ў Вінцэнта на некалькі месяцаў.

У траўні яго перавялі ўжо ў парыжскае аддзяленьне «Гупіль». Ён здымаў пакой на Манмартры, у вольны час наведваў музеі, захапляўся жывапісам Каміля Каро і… паступова паглыбляўся ў рэлігію, якая дапамагала яму перажыць горыч няспраўджанага каханьня.

Рэлігійны містыцызм настолькі авалодаў юнаком, што на Каляды ён кінуў працу і з’ехаў з Парыжа ў Этан, галандскую вёсачку, дзе на той час бацька атрымаў прыход. Была, праўда, потым спроба аднавіцца на службе ў французскае сталіцы, але ж абсалютна безвыніковая, і 1 красавіка Вінцэнт атрымаў разьлік. Нішто сабе першакрасавіцкі жарцік!

У тым самым красавіку 1876 года Вінцэнт прыехаў у ангельскі Рамсгейт, дзе знайшоў месца памочніка настаўніка. А ў нашых цяперашніх настаўнікаў няма аніякіх памочнікаў! Добра ведаю гэта па сабе, бо пасьпеў папрацаваць і ў школе. У адной асобе ён і настаўнік-прадметнік, і класны кіраўнік, і пазакласнай працаю займаецца, і дадому прыхоплівае стос вучнёўскіх сшыткаў на праверку, і цягне яшчэ немаведама якія грамадскія абавязкі.

Праўда, і Ван Гогу было не соладка – адно толькі за харчаваньне і жытло выкладаў у школе Стоўкса асновы французскай і нямецкай моў, а таксама арыфметыку і даглядаў за вучнямі-хлопчыкамі пасьля заняткаў, а ў вольны час даваў яшчэ і прыватныя ўрокі. У сярэдзіне года школа тая пераехала ў прыгарад Лондана Айлворт, дзе Вінцэнта запрасіў працаваць у сваю школу пастар Джонс. Тым часам Ван Гог вельмі ўпадабаў творы Рэмбрандта на біблейскія сюжэты, чытаў і перачытваў Новы Запавет, задаваўся пытаньнем з «Пасланьня да рымлянаў сьвятога апостала Паўла»: «Няшчасны я чалавек! хто вызваліць мяне ад гэтага цела сьмерці?» Ці не мроілася яму тады адна з пліт на могілках у родным Грот Зюндзерце, на якой было накрэсьлена ягонае імя?!

Неўзабаве пастар Джонс агледзеў у маладым чалавеку прапаведніцкі талент, вызваліў ад некаторых абавязкаў у школе і ў лістападаўскую нядзелю Вінцэнт прамовіў сваю першую казань. Заканчваў ён яе вобразамі сонца і сьвятла, і гэтае памкненьне да сьвятла суправаджацьме Ван Гога ўсё астатняе жыцьцё.

Тым часам ён так шмат і апантана працаваў у школе і ў царкве, што сваякі спалохаліся, калі ўбачылі яго на Каляды ў бацькоўскім доме. Яны здолелі ўгаварыць Вінцэнта не вяртацца ў Англію, а дзядзька Сэнт падшукаў яму месца гандляра ў кнігарні Дортрэхта. Вінцэнт пэўны час папрацаваў там, але напярэдадні свайго дваццацічатырохгоддзя высьпеліў рашэньне стацца сьвятаром.

У 24 гады, зьведаўшы не адзін занятак, чалавек нарэшце вырашыў, кім хоча быць насамрэч! І, заўважым, памыліўся. А ў нас такое лёсаноснае рашэньне мусяць прымаць падлеткі. Пасьля заканчэньня 8—9-ці класаў або атрымаўшы пасьведчаньне аб сканчэньні сярэдняй школы, а гэта значыць – у 14–15 або ў 16–17 гадоў. Фактычна яшчэ дзеці без аніякага жыцьцёвага вопыту павінны ўзяць на сябе цяжкую адказнасьць – вырашыць, куды паступацьмуць вучыцца далей, а значыць, і выбіраць прафесію, далейшы шлях па жыцьці…

Але вернемся ў Галандыю. Цягніком даехаў Вінцэнт да Уданбаха, а потым дайшоў пехатою да вёскі, у якой нарадзіўся, абыйшоў там усе памятныя мясьціны. Завітаў і на кладзішча, дзе ўбачыў на магіле брата пліту з іх агульным іменем: «Вінцэнт Вілем Ван Гог, 30 сакавіка 1852 г.» У Ван Гога мог бы быць старэйшы брат! Уяўляеш сабе тагачасны Вінцэнтаў стан?! Пагадзіся, бывае, што пачуваешся ніякавата, – нібыта і сам крыху вінаваты, – калі дазнаешся, што нехта адыйшоў у раньнім узросьце або пражыў значна меньш за цябе. Хаця ніякай віны нібыта і не павінна быць…

У Дортрэхт Вінцэнт вярнуўся з цьвёрдым намерам несьці людзям слова Божае. Але каб зрабіцца пастарам, трэба было паступіць на тэалагічны факультэт Амстардамскага універсітэта, а бацька не мог аплаціць падрыхтоўчыя заняткі. На дапамогу зноўку прыйшлі дзядзькі як з бацькоўскага, так і матчынага боку.

Вінцэнт спыніўся ў Амстардаме ў вялікім доме дзядзькі Ёхана, які меў адміральскі чын і займаў значны пост на верфях! А адмірал, дазволю сабе перафразіраваць знакамітае ў апошнія гады выслоўе, ён і ў Галандыі адмірал! Другі дзядзька, пастар Стрыкер, дапамагаў слушнымі парадамі.

Вінцэнт упарта вывучаў лаціну і старагрэцкую мову, алгебру і геаметрыю, а таксама гісторыю і геаграфію. Аднак вучоба давалася цяжка, і Ван Гог засумняваўся, ці хоча займацца на тэалагічным факультэце, і ўсё больш часу стаў прысьвячаць маляваньню. У кастрычніку 1878 года ён адмовіўся здаваць экзамены, да якіх рыхтаваўся цэлых пятнаццаць месяцаў, але не пакінуў надзеі стаць сьвятаром.

Вінцэнт вярнуўся ў Этан, зноў пачаў займацца, напісаў некалькі сачыненьняў на багаслоўскую тэматыку паводле твораў Рэмбрандта і ўрэшце пачаў вучобу ў школе па падрыхтоўцы місіянераў у Лакене, што пад Бруселем. Але і там праявіўся ягоны занадта ўспыхлівы і незалежны характар.

Тады Вінцэнт паехаў прапаведваць у Барынаж, у панылую шахцёрскую мясцовасьць на поўначы Бельгіі, і жыў там як звычайны вугальшчык. Ведаеш, калі згадваю данецкія або салігорскія тэрыконы, дык робіцца ніякавата, а самі шахцёры падаюцца мне людзьмі, якія штодня апускаюцца ў апраметную. Вінцэнт, з ягонай чуйнаю душою ўсяляк стараўся несьці ім палёгку. Аднак Евангелічнае таварыства ў Бруселі не ўпадабала занадта апантанае служэньне і забараніла Ван Гогу займацца місіянерскай дзейнасьцю, але той не зважаў на забарону. Нават бацька і брат Тэа не ўхвалялі Вінцэнтаву апантанасьць рэлігіяй і паўгалодны лад існаваньня. Зноў перапынілася ліставаньне з братам, гэтым разам на дзевяць месяцаў. Але Вінцэнт пакутліва працягваў шукаць сваё месца ў жыцьці.

Выратаваньне прынесла мастацтва. Менавіта штодзённыя заняткі маляваньнем дапамаглі Вінцэнту разабрацца ў думках і пачуцьцях, перадолець крызісную палосу. Шмат маляваў ён як з эстампаў, якія прысылаў з Парыжа Тэа, так і з натуры. За мадэлі служылі яму шахцёры і ткачы, сярод якіх ён жыў, а такія выявы з’явіліся ў гісторыі жывапісу першы раз.

Гэтым разам, у дваццаць сем гадоў Вінцэнт Вілем Ван Гог прыняў правільнае рашэньне – цалкам прысьвяціць сябе мастацтву. Рана гэта ці позна? Ухілюся ад простага адказу – у гэткім самым узросьце ягоны бацька толькі атрымаў свой першы прыход.

У кастрычніку 1880 года Вінцэнт пакінуў шахцёрскі гарадок Кем і прыехаў у Брусель, але адмовіўся паступаць у Акадэмію жывапісу, хаця і не валодаў тэхнікай малюнка, не ведаў персьпектывы і пластычнай анатоміі. Ён меў намер вучыцца непасрэдна ў якога-небудзь мастака, і такім настаўнікам, а неўзабаве і сябрам, стаўся Антон Ван Рапард, хоць і быў маладзейшы на пяць гадоў.

Аднак Ван Рапард быў багацеем, а Ван Гог жыў на 60 франкаў, якія штомесяц прысылаў брат. Больш за тое, вясною Рапард пакінуў Брусель, а самотнага Вінцэнта некаторыя сваякі і знаёмыя прадаўжалі лічыць нахлебнікам і ўтрыманцам. Але ў Этане змэнчанага Вінцэнта прынялі нечакана ветліва, дазволілі жыць і маляваць у доме, колькі ён сам захоча. Да таго ж у Этан завітаў на два тыдні Ван Рапард, і сябры зноў працавалі разам.

Вінцэнт выпрабоўваў сябе ў новых тэхніках і матэрыялах – акварэлі, вугалі, сепіі, чорным алоўку. Мастак і далёкі сваяк Антон (зноў Антон!) Маўве падтрымаў яго, параіў не пакідаць заняткаў, і пасьля некалькіх гадоў сумненьняў, пошукаў і няўдач Вінцэнт упэўніўся ў сваім прызначэньні.

У жніўні 1881 года ў Этан прыехала пагасьціць Кее ФосСтрыкер, дачка пастара Стрыкера, Вінцэнтавага дзядзькі з матчынага боку. Яна нядаўна аўдавела і засталася з дзіцем на руках, але гэта не зашкодзіла Вінцэнту закахацца. І зноў ягоныя пачуцьці засталіся без адказу – маладая ўдава засталася вернай памяці нябожчыка, не ўхвалілі Вінцэнтавых пачуцьцяў і сваякі.

Малады чалавек спрабаваў дабіцца спатканьня і ў Амстардаме. Ён прасіў дзядзьку Стрыкера даць яму магчымасьць бачыць Кее столькі часу, колькі ён пратрымае руку па-над полымем газоўкі. Але нават абпаленая рука не зьмякчыла пастарскі нораў.

Ад другога расчараваньня ў каханьні Вінцэнта выратаваў жывапіс. Малады чалавек паехаў у Гаагу да кузена Маўве, і той пагадзіўся займацца зь ім. На некалькі дзён Вінцэнт паехаў у Этан – забраць свае рэчы і малюнкі. Але гэтых дзён хапіла, каб ушчэнт пасварыцца з бацькам. Каляднай ноччу ён адмовіўся ісьці ў храм і заявіў, што рэлігія – фатальная памылка ў ягоным жыцьці. У адказ бацька выгнаў сына з дому.

У адчаі Вінцэнт вярнуўся ў Гаагу.

Неяк ён бадзяўся па вуліцах і пазнаёміўся з прастытуткаю па імені Класіна Марыя Хорнік, якую стаў зваць проста Сін. Некаторыя дасьледчыкі творчасьці жывапісца сарамліва абыходзілі пікантныя падрабязнасці, падавалі ўзаемаадносіны мастака зь ёю як узьнёслыя і рамантычныя. На самой справе васпаватая і непрыгожая Сін была старэйшая за Вінцэнта, піла гарэлку, паліла цыгары, хварэла на пранцы, а да ўсяго на той час яшчэ была й цяжарная. Якая ж тут узьнёсласьць?!

Аднак прысутнасьць у Вінцэнтавым жыцьці жанчыны, «істоты няшчаснай, пакінутай і самотнай», а таксама дабразычлівыя парады кузена Маўве падтрымалі маладога чалавека ў ягоным намеры стаць прафесійным мастаком.

Церсцерх, які ўзначальваў у Гаазе галерэю, усё той жа «Гупіль», купіў за 10 флорынаў адзін з малюнкаў Ван Гога. Заказ дзядзькі Карнэлівуса на дванаццаць краявідаў з відамі Гаагі, хай сабе і за невялікія грошы, таксама абвяргае сцьверджаньне некаторых крытыкаў, што Ван Гог не прадаў аніводнага свайго твора.

Але цяжкі характар перашкаджаў Вінцэнту ў адносінах з калегамі і сябрамі. З Церсцерхам ён не сустракаўся некалькі тыдняў, з Маўве – два месяцы. Вінцэнтаў душэўны стан пагоршыўся і з-за рэзка адмоўнага стаўленьня радзіны да ягонай сувязі з прастытуткаю. Венерычна хворы і змэнчаны нярвова, на пачатку чэрвеня патрапіў ён у лякарню, дзе правёў больш за тры тыдні. Але як толькі крыху ачуняў, паехаў у Лейдан, дзе Сін нарадзіла чацьвертае дзіця, хлопчыка Вілема, а неўзабаве вярнуўся з ёю і дзецьмі ў Гаагу.

Малады мастак зазнаў сапраўдную радасьць, калі адзін з гандляроў графічнымі творамі замовіў яму некалькі паасобнікаў літаграфіі «Скруха». Але напружаная праца ўсё больш падрывала ягонае здароўе, а жыцьцё з Сін зрабілася невыносным. Ван Гог стаміўся трываць яе алкагалізм, ляноту і марнатраўства. Ён зрабіў выбар паміж сурагатам сямейнага жыцьця і жывапісам на карысьць апошняга і з’ехаў у гарадок Хохефен, што ў правінцыі Дрэнтэ. Але той панылы край узмацняў тугу, і мастак наведаўся да бацькоў, якія пераехалі ў Нюэнен. Яму зноў далі прытулак і пакойчык пад майстэрню. Там Ван Гог атрымаў невялікі заказ ад эйндховенскага ювеліра Германса і выканаў шэсьць кампазіцый на тэмы сялянскай працы, бо лічыў сябе «сялянскім мастаком». Больш за тое – ён, фактычна самавук, пачаў даваць урокі жывапісу тром тамтэйшым жыхарам – сыну гравёра, паштару і гарбару.

У сакавіку 1885 года ад апаплексічнага ўдару памёр Вінцэнтаў бацька, чалавек з цяжкім, калі не сказаць тыранічным, характарам. Адносіны ў іх былі складаныя, аднак сын балюча перажываў бацькаў адыход. Напэўна ж, «Нацюрморт з раскрытай Бібліяй» быў данінаю павагі да бацькі. Згаслая сьвечка на ім сімвалізавала адыход у іншы сьвет, а кніга «Радасьць жыцьця» Эміля Заля на пярэднім плане азначала супрацьпастаўленьне новага жыцьця сьмерці.

І, тым не менш, бацькава сьмерць, як мяркуюць некаторыя дасьледчыкі, вызваліла сына, разьняволіла яго.

У хуткім часе трыццацідвухгадовы мастак стварыў свой першы значны твор. Я назваў бы працу над ім класічнаю – перш, чым напісаць палатно, Ван Гог зрабіў нямала шкіцоў, эцюдаў і падрыхтоўчых малюнкаў. Ну, а нам, бульбашам, «Едакі бульбы», гэтаксама як і шматлікія нацюрморты з бульбаю, павінны быць вельмі блізкія і зразумелыя. Хіба што можа насьцярожваць і бянтэжыць напой, якім запівацьмуць вараную бульбу сяляне ў дзевятнаццатым стагоддзі. Гэта… чорная кава! Але зьдзіўленьне мінае, як толькі згадаеш, што яна – так званы каланіяльны тавар, а маленькая Галандыя была ў свой час магутнай марскою дзяржаваю і валодала немалымі заморскімі калоніямі, адкуль і вывозіла кававае зерне.

У лістападзе Ван Гог выправіўся ў Антверпен. Там ён шмат маляваў і нават прадаваў турыстам свае архітэктурныя накіды. Па даўняй звычцы наведваў музеі, дзе быў у захапленьні ад твораў Рубенса. Захапленьне гэтае прывяло да важнага рашэньня.

Можа, Цябе ўжо стамілі даты з пазамінулага стагоддзя, але ж без іх аніяк не абыйсьціся, калі адсочваць біяграфію!

Напачатку 1886 года Ван Гог запісаўся ў Акадэмію выяўленчага мастацтва, дзе праходзіў удзень курсы малюнка, а ўвечары яшчэ і жывапісу. З-за моцных нагрузак здароўе зноў пагоршылася, і мастак вырашыў перабрацца да брата ў Парыж. Вырашыў па дзьвюх прычынах. Па-першае, лічыў, што жыць разам будзе больш эканомна, а па-другое, хацеў вучыцца ў майстэрні знакамітага на той час мастака Кармона.

Тэа працаваў на фірме Бусо-Валадон (былой «Гупіль») і здымаў кватэру на Манмартры. Вінцэнт не быў у Парыжы дзесяць гадоў і з першых тыдняў адкрыў жывапіс імпрэсіяністаў, ідэалам якіх была праца на пленэры, памкненьне перадаць амаль што няўлоўныя ўражаньні.

У красавіку Ван Гог прыйшоў вучыцца да Кармона. Кожнае раніцы разам з сябрамі Эмілем Бярнарам, Анры Тулуз-Латрэкам, Джонам Раселам і іншымі вучнямі ён пісаў аголеную натуру, а па абедзе прыходзіў сам, каб маляваць гіпсавыя зьлепкі з антычных статуй. Аднак, нягледзячы на тое, што праз колькі месяцаў Ван Гог перасварыўся з мэтрам, горад Парыж з ягоным мастацкім кантэкстам пераствараў яго нанова. Вінцэнт захапіўся ягонымі краявідамі – дахамі Манмартра, Булонскім лесам, садам Цюільры, напісаў некалькі нацюрмортаў. Сярод апошніх вылучаліся «Нацюрморт з чатырма сланечнікамі», а таксама «Нацюрморт з садавінаю», прысьвечаны брату Тэа.

Паслужыў Ван Гог мадэльлю Бернару, Раселу, Люс’ену Пісара, Тулуз-Латрэку, творы якіх, напэўна ж, аналізаваў. А пра ўдумлівы самааналіз у Парыжы сьведчылі 25(!) аўтапартрэтаў, напісаных ім з сакавіка 1886-га па люты 1888 года.

Цалкам, кардынальна зьмянілася, стала яркай і сонечнай жывапісная палітра мастака. Паміж сяброў-мастакоў бурапенілася жыцьцё, поўнае творчасьці, спрэчак і… абсэнту.

Дазволю тут сабе адхіліцца ад тэмы, бо калі прамаўляю або прачытваю гэтае слова, дык пачынае гучаць увушшу «Абсэнт» – ці не самая сьпеўная кампазіцыя, ці не самы хітовы тэкст з застольнага альбома «Крамбамбуля. Паўлітра добрага настрою».

Pardon, je ne parle pas français. Кавярня, прыцемкі, абсэнт… Мігціць наперадзе расстаньне, І сьвечка на стале згасае…


Рэфрэн:

Учора ці сёньня, Яшчэ ці ўжо… Растуць парасоны

Пад цёплым дажджом. Усё летуценна, І веры няма сабе. Усё нерэальна, Нібыта ў сьне: Начная кавярня, Агні ў вакне, І водар расстаньня, Палынны напой – абсэнт.


Усё ў жыцьці не назаўжды. Праходзяць летнія дажджы. Усё мінае, ўсё зьнікае, Тугою зьменіцца каханьне.


Рэфрэн.


Французы кажуць: c’est la vie. Я буду жыць, і ты жыві. Запомнім мы кавярню гэту І пах расстаньня і абсэнту.


Рэфрэн.

Ня ведаю, наколькі даспадобы горкая настойка аўтару працытаваных словаў Лявону Вольскаму – дарэчы, таксама выпускніку Менскай мастацкай вучэльні, – але мне мімаволі згадваецца яшчэ і пікасава «Аматарка абсэнту», уся сіне-зялёная, як той самы напой. Але напраўду бывае ён і чырвонага колеру, а дакладней – таіндзіга ружовага.

Сам я першы раз замаўляў абсэнт у маскоўскім прывакзальным павільёне сьпіртных напояў. Разгаварыўся з гаспадаром, армянінам паводле нацыянальнасьці, будаўніком паводле адукацыі, і зьдзівіўся, як ажывіўся ён пры маёй згадцы пра Ван Гога. Вось, уразіўся я, – гандляр, а ведае еўрапейскі жывапіс! На самой справе ажывіўся ён, бо адгадаў у маёй асобе патэнцыйнага пакупніка дарагога элітнага напою з аднайменнай назваю! Аказалася, што і сёньня вырабляюць абсэнт на аснове экстракта палыну горкага (Artemisia absinthium) па ўсёй Еўропе, а найперш у Нідэрландах, Францыі, Чэхіі. У Расіі на ім сьпецыялізуецца цэлая фірма, ні больш ні меньш – ТАА «Абсэнт Вінцэнт Ван Гог»! (Чорны гумар, пазьней зразумееш, чаму – хай бы дадавалі да пляшкі брытву-галяк для абразаньня вушэй!) Кажуць яшчэ, што абсэнт робіцца ў нас модным, як была моднаю тэкіла – мексіканская самагонка з кактусаў, на той час, як у некаторых краінах забаронена вырабляць і прадаваць яго, бо спажываньне нібыта вельмі хутка вядзе да прывыканьня і амаль наркатычнай залежнасьці. У склад напою ўваходзяць настоі з каранёў і лістоты анісу, бадзяну, дзягелю, душыцы, мяты, палыну, чабору і іншых траў, а таксама ванілін, цукар, эфірныя алеі. Але ці не найпершая прычына забароны ягоная моц – ад 60 да 72 градусаў, а дакладней – працэнтаў этылавага сьпірту?

Чуў, што досыць хутка абсэнт выклікае алкагольную залежнасьць, але ў ХІХ—ХХ стагоддзях ён быў вельмі папулярны ў асяродку творчай багемы. Аднак мяркую, што Шарль Бадлер, Пабла Пікаса, Эрых Марыя Рэмарк, Эрнест Хэмінгуэй і іншыя спажывалі яго ў разнастайных кактэйлях, а не ў чыстым выглядзе. І ўсё ж, пагадзіся, каб спажываць такі кактэйль, як «Абсэнтнае вока» – траціна мятнага лікёру на дзве траціны абсэнту з дадаткам лёду, – таксама патрабуецца моц, калі не мужнасьць.

Як там ні было, але «Рэстаранны інтэр’ер», а таксама «Рэстаран “Сірэны”», дзе, мабыць, за «вогненнай вадой» заседжваўся з сябрамі наш вогненны Авен, – адны з самых спакойлівых, на мой погляд, палотнаў парыжскага перыяду. І хаця не магу ўявіць Ван Гога завадатарам застольных песьняў або прамоўцам тостаў, думаю, што парыжскі перыяд творчасьці быў ці не самы шчасьлівы ў мастака. Там быў поруч брат Тэа, былі сябры, была акрыленасьць, вера ў свае сілы, новыя адкрыцьці ў тэхніцы жывапісу. Там ён старанна і прагна засвойваў тэхніку пуантылізму Сёра, перадачу формы з дапамогаю графічна акрэсьленых плямаў колеру і сінтэтызм Гагена.

Фактычна першы раз удзельнічаў Ван Гог і ў выставах прафесіяналаў. У фае Свабоднага тэатра поруч з палотнамі Сёра і Сіньяка выставіў ён некалькі сваіх твораў. Выстаўляўся Ван Гог разам з Эмілем Бернарам, а потым і з Полем Гагенам. Адна зь іх выстаў экспанавалася ў кабарэ «Тамбурын», з гаспадыняй якога ў мастака адбыўся шалёны раман з «самымі неверагоднымі і даволі непрыстойнымі амурнымі прыгодамі». Італьянка, чымсьці няўлоўным падобная да японкі, былая натуршчыца Агасьціна Сегаторы, калі яшчэ раз пакарыстацца тэрмінам з японскай паэтыкі, стала ягоным саторы – духоўным абуджэньнем, прасьветленасьцю, азарэньнем… На той час захапіўся Ван Гог і японскай ксілаграфіяй, а найболей прываблівалі яго такія майстры, як Кацусіка Хакусай, Кітагава Утамара і Анда Хіросігэ. Вельмі арганічна ўпісваюцца ў тыя ксілаграфіі іерагліфічныя подпісы або нават цэлыя паэтычныя радкі. Таму не магу тут не згадаць, што вельмі захапляўся з сябрамі такімі японскімі формамі вершаскладаньня, як танка і хоку. Напэўна ж, падпісаў і Табе кніжку «Круглы год. Хоку беларускіх паэтаў»?

Ван Гог правёў у французскае сталіцы паўтары гады. Ён выразна ўсьведамляў, што займеў з гэтага шмат карысьці, але са сваёй натураю справіцца не змог. Людзі, што былі навокал, усё больш раздражнялі яго, а паводзіны самога мастака часам рабіліся неадэкватнымі. Ван Гог быў чалавекам чульлівым, успрымальным, але ж і характар меў, як кажуць, не падарунак: няўжыўчывы, зацяты, а часам быў зьвяглівы, няўдзячны, не цярпеў крытыкі і неразуменьня. Ван Гог сапсаваў адносіны з сямействам Тангі, дзе меў крэдыт, з каханкаю Агасьцінай, з сябрамі-мастакамі… Ён лічыў немагчымым заставацца ў сталіцы, быў упэўнены, што яму патрэбна перадышка, каб разабрацца ў сабе, зноў займець спакой і ўпэўненасьць.

Шчыра кажучы, не разумею я гэтай стомленасьці Парыжам і, мабыць, не зразумею, покуль не пабываю ў ім сам. А сёньня схіляюся давяраць Хэмінгуэю, дзякуючы якому французская сталіца – гэта «Сьвята, якое заўсёды з табою».

А Ван Гог з’ехаў, можа, таму, што так і не стаўся гараджанінам? Нездарма ж ў яго адносна мала ўрбаністычных краявідаў? Можа, не ставала яму паветра на мітусьлівых бульварах? Можа, ён вельмі цяжка пераносіў халодныя зімы, хаця яны наўрад ці халаднейшыя за нашыя менскія? А можа, проста абрыдлі яму крытыкі і дарадчыкі? Як там ні было, але мастак палічыў, што ягоным Эдэмам, ягонай чароўнай Японіяй павінен стаць поўдзень.

Забягаючы тут наперад, скажу, што мастакоўская інтуіцыя не падвяла. Калі перавесьці на мову літаратуры, дык часам бачыш, што таму-сяму апублікаванаму твору не стае дабразычлівага рэдактара-аднадумцы, ад парадаў і заўваг якога ён мог бы выйграць, узмацніцца. А абсалютная большасьць постпарыжскіх вангогаўскіх твораў створана (выбачай за таўталогію) без усялякіх крытыкаў, дарадчыкаў, рэдактараў і карэктараў. І плённасьць арльскага перыяду проста фантастычная! Яна дзівосная ў параўнаньні з творчасьцю любога іншага мастака ХІХ стагоддзя. Мяркуй сам – за чатырнаццаць месяцаў былі створаныя каля 200 палотнаў, больш за 100 малюнкаў і акварэляў, напісаныя больш за 100 лістоў!

Бювар (зборнік)

Подняться наверх