Читать книгу Эксгумацыя - Виктор Правдин - Страница 1

1

Оглавление

Лета было ў самым разгары. Дзённая лiпеньская спёка цяжкiм, даўкiм смогам ахiнула, сцiснула, быццам абцугамі, двухмiльённы горад i вось ужо месяц трымае яго ў напружаным чаканнi – чаканнi дажджу. Здаецца, што асфальт на вулiцах плавiцца, ператвараецца ў пластылiн, i ад яго ўвачавiдкi, паволi цягнецца ўгору цяжкае, гарачае, прыкра-горкае паветра, якое завiсае над гмахамi дамоў, ствараючы вялiзны яйкападобны панцыр. I нават ноч не прыносiць прахалоды, а слабенькi начны вятрыска, як нi стараецца, не можа прабiцца да гарадскiх вулiц. Жыццё, здаецца, замарудзiлася. Трава ўздоўж тратуараў i ў невялiкiх скверах ды парках звяла, а найбольш сонечнымi месцамi заўчасна жоўкне i сохне. Дрэвы таксама ўмомант знiякавелi, лiстота звiсае скручанымi ледзяшамi i немагчыма каля iх знайсцi i лапiка ценю, каб перадыхнуць, схавацца ад прамянiстага, бязлiтасна-гарачага сонца. Разамлелыя людскiя чэргi толькi i ўбачыш каля кiёскаў, дзе прадаюць марожанае. А вось заўсёды крыклiва-гаманкiя аматары пенiстага пiва не здрадзiлi любiмаму пiтву, а толькi пакiнулi абгароджаную каля кiёска пляцоўку з трыма круглымi бруднымi сталамi i сцiшана месцяцца ўздоўж сцяны жылога дома, дзе яшчэ крыху ёсць цень.

У адзiнае вакно кабiнета старшага следчага пракуратуры Васiля Мiкалаевiча Смаляка сонца зазiрае ўранку ўсяго на якую гадзiну, i следчаму заўсёды яго не хапае. Нават гэтымi спякотнымi днямi, калi чырвоны слупок на тэрмометры перакулiў за дваццаць пяць градусаў i настойлiва падкрадаўся да адзнакi трыццаць, следчы, не задумваючыся, змянiў бы свой пакой на той, дзе многа сонца i цяпла. Смаляк быў невысокi, але, як кажуць, чалавек шырокай косцi, рухавы, а выразныя шэра-сiнiя вочы пазiраюць з-пад чорных вузкiх броваў спагадлiва i шчыра. Яму было трыццаць пяць гадоў, хоць выглядаў ён на ўсе сорак. Заўчасная сiвiзна, глыбокiя, не па гадах, зморшчыны каля вачэй, па ўсiм, ад таго, што саромеўся насiць акуляры, на лбе i ў куточках рота старылi, асаблiва калi следчы быў нечым заклапочаны. У гэтыя хвiлiны ён меў хваравiты, пакутнiцкi выгляд. I наадварот, калi ўсмiхаўся, ад хваравiтасцi не заставалася i знаку, твар свяцiўся непадробнай шчырасцю, нейкiм унутраным святлом, i Смаляк маладзеў на добры дзесятак гадоў. Характар меў лагодны, спагадлiвы, не ачарсцвеў за час работы ў пракуратуры, але, калi трэба было, мог пастаяць, i не толькi за сябе. Мо якраз праз гэта i цягнулiся да яго людзi, давяралi асабiстае, самае iнтымнае, пра што нават на споведзi не кожны прызнаецца.

Смаляк, блiзарука прыжмурыўшыся, хуткiм размашыстым почыркам пiсаў чарнавы варыянт ліста, адказваў на скаргу, па якой праводзiў праверку. У гэты момант у дзверы рэзка пастукалi, i не паспеў следчы ўзняць галаву, як у кабiнет уварвалася Люся, сакратарка пракуратуры.

– Васiль Мiкалаевiч, Вас на «кавёр» да шэфа! – адным духам выпалiла дзяўчына, бы стрэлiла з кулямёта, i гэтак жа iмклiва знiкла, пакiнуўшы пасля сябе пах прыемных французскiх духоў.

«Вось гарэза!» – усмiхнуўся следчы i, няспешна перачытаўшы напiсанае, затушыў недакурак у адмысловай важкай попельнiцы, зробленай у выглядзе змяiнай галавы. Хаваючы паперы ў стол, Смаляк усё ж зажурыўся, бо на выхадныя планаваў паехаць з жонкай i сынам на возера. А што, калi Кучкун памяняў графiк дзяжурства? Такое часцяком здараецца, падчас летнiх адпачынкаў людзей не хапае.

Калi Смаляк увайшоў у кабiнет да пракурора, Сяргей Сяргеевiч Кучкун нешта iмпэтна даводзiў па тэлефоне нябачнаму субяседнiку: «…Не, так будзе няправiльна, прынятае рашэнне супярэчыць закону…» Убачыўшы следчага, ён кiўнуў галавой на крэсла, запрашаючы прысесцi, i, падпiхнуўшы яму шэрую папку, завязаную чорнымi матузкамi, прыкрыў далонню тэлефонную трубку:

– Васiль, пакуль я пагавару, прачытай скаргу, якая ляжыць у папцы.

Кучкун быў высокi, хударлявы, крыху сутулы пяцiдзесяцiгадовы мужчына. Шэрыя вочкi-калючкi, сiвыя, кароткiя, стрыжаныя пад вожыка валасы, якiя пагрозлiва тырчалi ў розныя бакi, i асаблiва строгi пракурорскi мундзiр, з якiм Кучкун не расставаўся нават у сёлетнюю трыццацiградусную спёку, надавалi яму выгляд жорсткага, непахiснага чалавека, прынцыповага законнiка. Але гэта было толькi першае ўражанне, якое ён даволi артыстычна ствараў аб сабе ў людзей, з якiмi сустракаўся ўпершыню. На самай справе Кучкун быў чалавекам настрою з падначаленымi i пракурорам-аднадумцам з вышэйшым начальствам.

Зразумеўшы, што ў выхадныя ён будзе вудзiць рыбу на Вячы, Смаляк паспакайнеў, усмiхнуўся.

– Ты што смяешся? – зноў паклаўшы далонь на трубку, узвысiў голас пракурор. – Ты перш прачытай, а ўжо смяяцца будзем потым… Прабачце, Iван Пятровiч, гэта я не Вам, – спахапiўся Кучкун i, апраўдваючыся, удакладнiў: – Тут у мяне са следчым праблемы… Кажаце, Федарэнка Вас падтрымлiвае? Калi так, то i я не супроць, толькi трэба ўсё дэталёва абмазгаваць…

Смаляк, не зважаючы на парады Кучкуна, узяў у рукi папку i адразу пазнаў справу Альховiка, па якой ён два месяцы таму праводзiў праверку. Следчы спрабаваў успомнiць хоць якую-небудзь дробязь, з-за якой начальства магло б засумнявацца ў правiльнасцi пастановы, што адмаўляла ўзбуджэнне крымiнальнай справы, i не знаходзiў: юрыдычна ўсё было правiльна. Прычынай праверкi было ананiмнае пiсьмо, у якiм сцвярджалася, што Альховiк памёр не сваёй смерцю, i прыводзiлiся даволi пераканаўчыя доказы. Ананiмшчык абвiнавачваў Вярбiцкую Таццяну Фёдараўну, якая даглядала старога, сцвярджаў, што толькi ў яе была прычына адправiць Альховiка на той свет. Далей узгадвалася завяшчанне, якое пацярпелы за тыдзень да смерцi змянiў на карысць Вярбiцкай, i менавiта гэтым падпiсаў сабе смяротны прысуд. Азнаёмiўшыся з першым завяшчаннем i дапытаўшы двух братоў Шчэрбаў, якiя павiнны былi ўнаследаваць усю маёмасць нябожчыка, Смаляк ужо дакладна ведаў, што ананiмка напiсана iмi, хоць яны катэгарычна гэта адмаўлялi. Сваiх дзяцей ў Альховiка не было, усёй раднi – толькi Шчэрбы, пляменнiкi жонкі, памерлай пяць гадоў таму назад. Пасля смерцi цёткi пэўны час Шчэрбы клапацiлiся пра дзядзьку, дапамагалi яму, але, калi стары склаў завяшчанне i адпiсаў пляменнiкам дом у прыватным сектары, машыну, дачу i астатнюю маёмасць, на яго забылiся, быццам ужо i не жыў. Вось у гэты час i з’явiлася Вярбiцкая, якая ўвесь хатнi клопат узвалiла на свае плечы.

Смаляк перагарнуў дробна спiсаныя, як яму падалося, дрыжачай рукой старонкi скаргi i зноў падумаў пра Шчэрбаў. Ён быў перакананы, што скардзiлiся яны, але, каб праверыць сябе, зiрнуў на подпiсы i задаволена ўсмiхнуўся: так яно i было.

Кучкун скончыў телефонную размову i, засяроджана думаючы пра нешта сваё, прыжмурыўшы вочы, смалiў чорную, адпалiраваную да бляску курыцельную люльку. На ягоны жаўтаваты, жорсткi твар лёг цень заклапочанасцi, усхваляванай нервознасцi. На стале натужлiва гудзеў вялiзны, магутны, дваццацiгадовай даўнасцi вентылятар, прапелер якога паволi паварочваўся то ўправа, то ўлева, быццам вяртлявая маладзiца перад люстэркам. Фiранкi на вокнах матлялiся i хлопалi, бы ветразi, штучны, але прыемны вятрыска халадзiў твар, i гарачыня сапраўды адступала.

Смаляк дачытаў скаргу, яшчэ раз перагарнуў старонкi i прагледзеў месцы, пазначаныя чырвоным алоўкам. Следчы зiрнуў на пракурора, iх вочы сустрэлiся.

– Што скажаш? – нецярплiва спытаў Кучкун, у вачах яго мiльгануў нядобры агеньчык.

Смаляк моўчкi, няспешна паклаў скаргу ў папку. Ён разумеў Кучкуна i не мог пагадзiцца з ягонай усхваляванасцю.

– Вы хоць разумееце, што, калi скарга пацвердзiцца, да нас прымуць меры!.. – пракурор устаў з-за стала, некалькi разоў запар смактануў люльку i, зразумеўшы, што яна патухла, кiнуў на стол. – Васiль Мiкалаевiч, чаму Вы, атрымаўшы першую скаргу, не правялi экспертызу? Чаму адхiлiлi версiю забойства? Вось i вынiк: пракуратура горада адмянiла вынесеную Вамi пастанову.

Смаляк маўчаў, бо добра ведаў свайго непасрэднага начальнiка: Кучкун спярша можа сарвацца нават на крык, распальваецца больш за ўсё сам, пыхкае, як самавар, а калi выгаварыцца, як кажуць, выпусцiць пару, вось тады i пачнецца сур’ёзная гаворка. Так яно адбылося i на гэты раз. Не прайшло i хвiлiны, а Кучкун ужо гаварыў пра iншыя справы, якiх Смаляк нават i не расследаваў, крычаў, што яго ўвесь час наўмысна падстаўляюць, абы не даць дарабiць да пенсii. Але, калi размова пайшла пра рамонт будынка пракуратуры, пра камп’ютары, паперу, ручкi, ён раптам на паўслове змоўк, неяк вiнавата паглядзеў на Смаляка. У пакоi ўсталявалася цiшыня, i толькi стары вентылятар натужлiва i бесперапынна рабiў сваю справу. Кучкун падхапiў са стала сваю люльку, чыркануў запалкай i, прысмальваючы, хуценька запыхкаў.

Пасля iмпэтнага маналога пракурор колькi часу маўчаў, вiдавочна, чакаючы ад Смаляка апраўданняў, але следчы быў упэўнены ў сваёй праваце i не лiчыў патрэбным даказваць ужо даказанае. Першы парушыў маўчанне Кучкун:

– Гэтая скарга сама па сабе нiчога не значыць, але ў мяне ўжо тры разы цікавіліся, як iдзе расследаванне.

Смаляк адарваўся ад папер i зацiкаўлена паглядзеў на пракурора. Кучкун шматзначна тыцнуў пальцам угору.

– I не толькi з гарадской пракуратуры, – стомлена зазначыў ён. – А справа звычайная, выедзенага яйка не вартая. Родзiчы нябожчыка ўчапiлiся ў спадчыну i не могуць падзялiць. Магла б i мiлiцыя разабрацца… – пракурор цяжка ўздыхнуў i, унiкаючы глядзець Смаляку ў вочы, дадаў: – З табой згодзен, пастанова вынесена правiльна, але трэба дапрацаваць. Гэта загад.

Смаляк зразумеў, што размова скончана, узяў са стала папку са справай Альховiка i, так, не сказаўшы нiводнага слова падчас размовы, пакiнуў кабiнет начальнiка.

Эксгумацыя

Подняться наверх