Читать книгу Вяртанне з апраметнай - Виктор Правдин - Страница 3

3

Оглавление

Апошнiм часам Ядзю Купрэйчык па начах мучылi кашмары. Сон заўсёды пачынаўся добра, але ў нейкi момант яе волю, цела паралiзоўваў страх. Яна кожны раз заўчасна адчувала яго прыблiжэнне, ён нейкi час быў побач, цiкаваў за сваёй ахвярай, выбiраў момант, каб знянацку накiнуцца, запаланiць адразу i думкi, i цела. Пачатак заўсёды адзiн: Ядзя спiць i бачыць сябе сярод кветак у полi, маладой i прыгожай, у лёгкай чырвонай сукенцы. Вецер ласкава перабiрае прыгожыя чорныя валасы, здаецца, запрашае танцаваць. На сэрцы робiцца лёгка i радасна, сапраўды хочацца бегчы, кружыцца ў вальсе, хочацца ўзмахнуць рукамi, як крыламi, i паляцець. I Ядзя бяжыць, вольная, вясёлая, i ў нейкi момант адчувае, як гэтая вольнасць шчасцем распiрае грудзi, i ўжо сапраўды рукi ператварылiся ў крылы. Яна, не задумваючыся, узмахвае iмi раз, другi, трэцi i больш не адчувае пад нагамi зямлi. Моцны парыў ветру падхоплiвае i нясе ўвышыню, у сiнi блакiт бясконцага неба, залiтага залатымi сонечнымi промнямi. Ёй добра i ўцешна, мабыць, занадта добра, каб думаць пра нешта iншае. Толькi радасць жыцця, вечнасцi перапаўняе душу i сэрца. Яна птушкай планiруе над лесам, возерам, бачыць, як удалечынi хаваюцца ў аблоках строгiя манументы гор, снежныя вяршынi вабяць, прыцягваюць, i няма ўва ўсiм свеце сiлы, здольнай перасiлiць гэтае шалёнае прыцягненне. А Ядзя i не супрацiўляецца, яна павольна плануе на самую высокую гару, i, калi складае рукi-крылы, каб прызямлiцца, стаць там, дзе яшчэ не ступала нага чалавека, гара раптам знiкае, быццам i не было…

На праклятым месцы чарнее, курыцца злавесным дымам глыбокая бездань. Вецер iмгненна робiцца лютым i халодным, пранiзвае да касцей, круцiць i зацягвае ў чорную халодную пашчу безданi. Ядзя не хоча туды, яна прыгадвае, што можа лётаць, узмахвае рукамi-крыламi i з жахам бачыць, што лёгкiх крылаў больш няма… Пякельны боль працiнае цела, Ядзя iстэрычна крычыць у сваёй бездапаможнасцi, клiча на дапамогу… Але вакол нiводнай жывой душы, толькi чорнае вока безданi глуха i зласлiва рагоча ў адказ, i адразу невядомая сiла крышыць, ламае чалавечае супрацiўленне. Ядзя не ўпарцiцца, бо няма сiлы, разумее, што гэта канец, безвыходнасць паралiзуе. Яна рыхтуецца да найгоршага, пакорлiва складае на грудзях рукi, заплюшчвае вочы i… прачынаецца ад асабiстага крыку…

Ядзя падхапiлася, села ў ложку i некалькi хвiлiн адлучаным, бессэнсоўным позiркам аглядае пакой, быццам упершыню бачыць яго. Пачуццё рэальнасцi вяртаецца павольна, у вачах мiльгае радасны агеньчык – жывая! Ядзя далонню змахвае пот з iлба, па звычцы, не гледзячы, працягнула руку да столiка, на якiм звечара заўсёды пакiдала шклянку апельсiнавага соку. Зрабiла некалькi глыткоў i зноў адкiнулася на падушку, заплюшчыла вочы.

Праз пэўны час сэрца супакоiлася, хваляванне i страх, якiя мучылi ў сне, пачалi саступаць месца спрактыкаванай штодзённай разважлiвасцi. Зноў папiла соку, у думках падзякавала Богу, што ўсё гэта адбылося з ёй у сне, i з сумам падумала: «Гэтыя жахi давядуць да вар’яцтва. Трэба ўсё ж iсцi да дактароў. Толькi цi дапамогуць яны? Вось каб плюнуць на ўсё ды паехаць туды, дзе цябе нiхто не ведае, забыцца на турботы, выкiнуць з галавы гэтых князёў, кузаўковых ды буслоў… Анiякага жыцця не стала, родную дачку начнымi крыкамi перапужала так, што прыйшлося адвезцi ў вёску да бацькоў. Але ж чаму не звонiць будзiльнiк?»

Успамiн пра работу ветрам здзьмуў Ядзю з ложка. Яна мiтуслiва адчынiла шафу i на хвiлiну разгубiлася, не ведаючы, як сёння апрануцца. Жанчына выцягнула некалькi сукенак, выбiраючы, учэпiстым позiркам агледзела iх, кiнула на ложак i ў гэтую хвiлiну раптам узгадала, што сёння нядзеля, выхадны. Нервовай паспешлiвасцi i ранiшняй напругi як i не было, жанчына млява, лянотна пацягнулася, амаль шчаслiва ўсмiхнулася i павесiла сукенкi на месца. Ад адной толькi думкi, што не трэба нiкуды iсцi i цэлы дзень можна займацца хатнiмi справамi, настрой адразу палепшыўся. Нават кашмарны сон здаўся не такiм жудасным, ён сцiшыўся дзесьцi глыбока ўсярэдзiне, каля самага сэрца, i непрыемным, шчымлiвым халадком нагадваў аб сабе, чакаў свайго часу.

Ядзя накiнула на плечы ружовы халат, падышла да трумо, паспешлiва агледзела сябе ў люстэрку. Яна з непрыхаваным задавальненнем i нават радасцю адзначыла, што i без макiяжу выглядае значна маладзей сваiх трыццацi шасцi гадоў. Вытанчана-прыгожы, без адзiнай зморшчынкi твар з невялiкiм, крыху кiрпатым носам рабiў яе вабнай i непасрэднай. Чорныя, як крыло грака, валасы, нечакана вялiкiя, блакiтныя з зеленаватым адценнем вочы i асаблiва па-дзiцячы капрызныя, пульхныя вусны надавалi ёй крыху наiўны, безабаронна-разгублены выгляд. Праўда, на шыi ўжо з’явiлiся здраднiцкiя зморшчыны, не дапамагаюць нi масаж, нi крэмы, але ж выйсце знайшла, пачала насiць сукенкi з высакаватым каўняром цi чапляць на шыю дарагiя каралi. Ядзя ўсмiхнулася, правяла далонню па шыi, твары, высокiх грудзях, паставiла рукi ў бокi i какетлiва крутнулася ўправа, улева. Задаволеная аглядам, уключыла японскi магнiтафон, што месцiўся тут жа, сярод усялякiх памераў касметычак, i ў добрым, прыўзнятым настроi пайшла на кухню гатаваць сняданак.

Калi на плiце закiпеў чайнiк, а на стале сквiрчэла яечня, у дзверы пазванiлi. Ядзя страпянулася, выключыла плiту i з нядобрым прадчуваннем, на дыбачках, асцярожна перастаўляючы ногi, накiравалася ў цёмны калiдор. Не запальваючы святла, прытулiлася да вочка, якое свяцiлася ў дзвярах жаўтаватай кропкай. На лесвiчнай пляцоўцы стаяў Калеснiк.

«Вось i сон у руку», – непрыязна падумала жанчына i сцiшана, ледзь дыхаючы, крутнулася назад, на кухню. У яе не было анiякага жадання сустракацца з гэтым чалавекам, але Калеснiк настойлiва загрукаў у дзверы.

– Ядзя, адчынi! – пачуўся раздражнёны голас. – Я ведаю, ты дома!

Таiцца i хавацца надалей не мела сэнсу.

– Хто там? – санлiва азвалася яна, шчоўкнула выключальнiкам i наблiзiлася да дзвярэй.

– Адчынi, гэта я.

Ядзя адамкнула замок, скiнула з дзвярэй ланцужок i саступiла месца на ўваходзе:

– А я так успалася, што ледзь пачула.

– Не ганi туфту! – Калеснiк рэзка адштурхнуў жанчыну, крутнуўся ў спальню, на кухню, зазiрнуў у ванную.

Ядзя не пайшла за iм, ведала, каго можа шукаць былы каханак.

– Ты адна? – нарэшце вынырнуў у калiдор Калеснiк i з недаверам паглядзеў на гаспадыню.

– Я не павiнна адчытвацца! – гнеўна зiрнула Ядзя на няпрошанага госця i з абыякавым i пагардлiвым выглядам прайшла на кухню.

– Не можа такая пекная кабета спаць адна, – рагатнуў у спiну Калеснiк i, не распранаючыся, пасунуўся ўслед. – От, i сняданак гатовы, а кажаш, што спала, – ён па-блазенску зiрнуў на Ядзю i, не чакаючы запрашэння, па-гаспадарску ўсеўся за стол. – Частуй госця, сёння свята, хачу выпiць.

– Кажы, што трэба! – склала на грудзях рукi Ядзя i з выклiкам зiрнула Калеснiку ў вочы. – Ты ж не яечню есцi прыйшоў?

– Частуй каньяком, – робячы выгляд, што не заўважае Ядзiнай злосцi, скалiўся Калеснiк. – Цi ты чакала каго iншага?

– Так, не цябе…

Ядзя не паспела дагаварыць. Калеснiк рыўком ухапiў яе за валасы i балюча тузануў унiз. Жанчына не ўтрымалася на нагах, бразнулася на каленi.

– Не зарывайся, ведай сваё месца, – у твар прасiпеў Калеснiк i правёў вострым вiдэльцам па адной шчацэ, потым па другой. – Можа, крышку папсаваць твой глянец? Не мне – дык нiкому…

Ядзя заплюшчыла вочы, страх працяў цела, бо ведала, што ад гэтага чалавека можна чакаць усяго, ён слоў на вецер не кiдае. Яна заплюшчыла вочы i, стрымлiваючыся, цiха заплакала.

– Не скуголь! – злосна рыкнуў Калеснiк i адштурхнуў Ядзю ад сябе. – Гарэлку давай!

Ядзя таропка падхапiлася на ногi, дастала з шафкi пачатую бутэльку каньяку, паслужлiва, са згаслымi вачыма, налiла ў шклянку, падала Калеснiку i нясмела прагаварыла:

– Ты ж, мабыць, за рулём.

– Не бяда, – рагатнуў Калеснiк i, каўтануўшы каньяк, працягнуў пустую шклянку гаспадынi. – Нох айн маль!

Ядзя зноў налiла i паставiла бутэльку на стол.

– Ты снедай, а я прыбяруся.

– Дзвярэй не зачыняй, – закусваючы, загадаў Калеснiк, – я па справе, трэба пагаварыць.

Ён увайшоў у спальню амаль услед за Ядзяй i адразу абняў за плечы, прытулiўся, балюча сцiснуў грудзi.

– Не трэба, я не магу вось так… – усхлiпнула жанчына, нясцерпны смутак агарнуў душу.

– Затое я магу, – пажадлiва зашаптаў Калеснiк i бесцырымонна пiхнуў Ядзю на ложак…

Пасля яны доўга моўчкi ляжалi. Ядзя была прынiжана, адчувала неўтаймавальную злосць на Калеснiка, i ўсё ж у гэтую хвiлiну яе турбавала прычына ягонага вiзiту.

– Гэта ўсё цi чаго яшчэ захоча ваша мiласць? – здзеклiва спытала яна.

Калеснiк прыўзняўся i ўважлiва зiрнуў ёй у вочы. Ядзя нiколi не магла вытрымаць гэтага пранізлівага погляду яго чорных вачэй. Яна патупiлася, адкiнула коўдру, хацела ўстаць, але Калеснiк паклаў руку на плячо.

– Сёння ў мяне сустрэча з вельмi патрэбным чалавекам, хачу, каб ты была са мной.

– Сёння не магу, еду да бацькоў, дачка там…

– А я кажу, што ты мне патрэбна! – зласлiва прасiпеў Калеснiк i балюча сцiснуў яе плячо.

– Серж, мне балiць, – умольна ўздыхнула Ядзя.

– Вось бачыш, – Калеснiк нахiлiўся, пацалаваў у шчаку i памякчэлым голасам сумна дадаў: – Ты нагадала iмя, якiм калiсьцi мяне ахрысцiла, значыць, памятаеш i ўсё наша! – ён рэзка падхапiўся, апрануўся i зашпацыраваў па пакоi. – Мне патрэбна не толькi прыгожая жанчына, але i надзейная памочнiца.

Ядзя вельмi добра ведала гэтага чалавека i разумела, што, калi ён нешта задумаў, нiякiя адгаворкi не дапамогуць. Толькi яна не дзяўчынка, за» дзякуй» нiчога рабiць не будзе, няхай раскашэльваецца… Ядзя выцягнула цыгарку, прыпалiла.

– Што маўчыш? – спынiўся Калеснiк. – I кiнь курыць, трываць не магу цыгарэтнага дыму.

– Затое я магу, – здзеклiва ўсмiхнулася Ядзя; цяпер быў той момант, калi яна магла хоць нечым адпомсцiць. – Я думаю не толькi пра работу, але i колькi яна будзе табе каштаваць.

Ядзя чакала, што Калеснiк абурыцца, пачуўшы пра грошы, але выйшла наадварот: ён задаволена пацёр рукi, вочы засвяцiлiся хцiвымi агеньчыкамi.

– За што я цябе люблю, дык за практычнасць, – шчыра засмяяўся Калеснiк. – Работа так сабе, дробязь, аднаго казла трэба прыручыць, а плата… – ён iмгненна замаўчаў i ўжо сур’ёзна, быццам да нечага прыцэньваючыся, дадаў: – Калi пашэнцiць, будзем мець столькi, колькi i не снiлася…

– Значыць, ты – многа, я – мала. А што азначае – «прыручыць»?

– Прыручыць – значыць пераспаць, – жорстка адказаў Калеснiк.

Гэтага Ядзя не чакала. Яна збялелымi вуснамi ледзь прашаптала:

– Калi сам карыстаешся, то не думай, што можаш рабiць з мяне падсцiлку!

– Успомнi студэнцкiя гады, – не зважаючы на палюбоўнiцу, гаварыў далей Калеснiк. – Чым займалася, як зарабляла на жыццё?

– Гэта ты на мне зарабляў, – бездапаможна апусцiлася на пасцель Ядзя, цыгарэта выслiзнула з пальцаў на падлогу, дзе быў дыван. – Ты ўва ўсiм вiнаваты…

– Правiльна! Я вiнаваты! – злосна, трацячы над сабой кантроль, ускрыкнуў Калеснiк. – Аказваецца, гэта я спёр грошы ў спячага, гэта мне хацелася купацца ў золаце, малочных рэках…

– Хопiць! – Ядзя абхапiла галаву рукамi. – Хопiць!

– Не… Ты ўсё ж паслухай, бо сядзець давялося мне, а цяпер сiтуацыя змянiлася. Прыгадай мiлiцыянера, прыдурка-шафёра… Так што без iстэрык, дарагуша, мне патрэбна надзейная жанчына, у iншым выпадку «казлу» хапiла б i прастытуткi. Будзеш у долi, больш нiчога сказаць i абяцаць не магу, – Калеснiк расцёр падэшвай недакурак. – Спалiш калi-небудзь кватэру…

Ядзя не адказала, яна моўчкi ўзнялася, пайшла на кухню, налiла ў шклянку каньяку, выпiла. Праз хвiлiну следам прысунуўся Калеснiк i, не гледзячы на палюбоўнiцу, кiнуў на стол канверт:

– Тут адрас, ключ ад кватэры i аванс. Мае людзi адвязуць i прывязуць.

– Даляры? – раптам праявiла цiкаўнасць Ядзя; каньяк хутка i мякка закружыў галаву, i прапанова Калеснiка ўжо не здавалася брыдкай i абсурднай.

– Яны.

Калi за Калеснiкам зачынiлiся дзверы, Ядзя пералiчыла грошы, пайшла ў залу, адчынiла секцыю, дастала бялiзну i намацала патаемны замок у схованцы. Адамкнула, выцягнула важкую скарбонку, беражлiва паклала грошы, потым склала ўсё, як было, i вярнулася ў спальню. Трэба было папярэдзiць бацькоў, што не прыедзе, як абяцала. Слухаўку тэлефона ўзяла мацi, потым пагаварыла з дачкой.

Пасля тэлефоннай размовы настрой яшчэ больш сапсаваўся. Прыгадала Шаўцова, былога мужа. «Мабыць, Калеснiк стрымаў слова, – разважала Ядзя, – пэўна, пагаварыў з iм, бо Шаўцоў даўнавата не тэлефануе, не вiнавацiць, не пагражае. Апошнiм часам жыцця не даваў, п’яны прылiпала. Вунь Калеснiк таксама не з курорта вярнуўся, а i цяпер варочае такiмi грашыма, што мне i сапраўды не снiлiся, а гэты… Адным словам, слiзняк, нi ўкрасцi не змог, нi аўтарытэту ў турме набыць. Шкада дачку, яна любiць бацьку. Вось i цяпер адразу ж спыталася пра яго».

У Ядзiнай душы не было спакою. Калеснiк растрывожыў, думкi мiжвольна вярталi ў часы, якiя не хацелася нават успамiнаць. У вушах усё яшчэ гучалi словы: «…Чым ты займалася, як зарабляла грошы?..»

Першае знаёмства з Калеснiкам адбылося на Новы год. Ядзя вучылася на другiм курсе народнагаспадарчага iнстытута, i Вiталiк Шаўцоў, яе кавалер, студэнт чацвёртага курса гэтага ж iнстытута, запрасiў у кампанiю школьных сяброў. Святкавалi ў рэстаране, было ўтульна i весела. Шаўцоў знаёмiў Ядзю з сябрамi, i, калi чарга дайшла да высокага смуглявага хлопца з невялiчкiмi чорнымi вусiкамi, цёмнымi, крыху нахабнымi вачыма, дзяўчына ў першы момант разгубiлася, раптам адчула гарачую хвалю любасцi да чалавека, якога бачыла ўпершыню. Нязведанае дагэтуль пачуцце млявай радасцю запаланiла душу i думкi. Шукаючы паратунку ад пранiзлiвых чорных вачэй, расчырванелая Ядзя патупiла позiрк, мацней прытулiлася да Шаўцова.

– Сяргей Калеснiк, – адрэкамендаваўся прыгажун i мякка пацiснуў Ядзiну гарачую руку.

– Ядзя, – не сваiм голасам адказала дзяўчына i яшчэ больш запунсавелася.

– А ты, Вiталiк, хiтрун, – не зводзячы вачэй з дзяўчыны, усмiхнуўся Калеснiк. – Схаваў такую прыгажуню, мог бы i раней пазнаёмiць…

– Не было выпадку, – чамусьцi вiнавацячыся, адказаў Шаўцоў, – ты ж толькi вярнуўся з войска.

Ядзя зiрнула на Шаўцова i не пазнала хлопца. Ён стаяў збялелы, надзьмуты, вялiкiя адтапыраныя вушы палалi чырванню. Шаўцоў спадылба разгублена глядзеў на Калеснiка, вусны крывiлiся штучнай усмешкай, здавалася, ён вось-вось заплача. Чырвоныя вушы i гэтая плаксiвая ўсмешка быццам токам працялi дзяўчыну, яна рашуча вышмаргнула руку з цёплай, мяккай Калеснiкавай далонi i ўсцешна, па-мацярынску пагладзiла Шаўцова па плячы:

– Серж жартуе, сябрам у такой справе дарогу не пераходзяць, – і, спахапiўшыся, зiрнула на Калеснiка: – Прабачце, што назвала Вас Сержам, неяк само зляцела з языка.

– З гэтай хвiлiны iмя Серж мне больш падабаецца, – уздыхнуў Калеснiк, i Ядзя раптам зразумела, што яны будуць разам.

Вечар амаль удаўся. Ядзя яшчэ нiколi не адчувала сябе так добра i ўцешна. Ад выпiтага шампанскага злёгку кружылася галава, сябры Шаўцова здавалiся добрымi i ўслужлiвымi, асаблiва прыкметны ў кампанii быў Калеснiк. Ёй iмпанавала шчырая весялосць, жарты, прастата ў адносiнах. А як ён танцаваў! У вальсе кружыў лёгка i грацыёзна, танга вёў з нейкiм асаблiвым, уласцiвым толькi яму шыкам. Ядзi было прыемна, упершыню ў жыццi хацелася, каб музыка доўжылася вечна. Дзяўчына ў гэтыя хвiлiны забывалася пра ўсё на свеце, нават пра Шаўцова, якi, вiдавочна, яе раўнаваў i ўсё часцей i часцей браў чарку. Калеснiк нi на крок не адыходзiў, не пакiдаў нi на хвiлiну, быццам ён, а не Шаўцоў быў яе кавалерам.

Развязка адбылася напрыканцы вечара. П’яны Шаўцоў падышоў да Ядзi i валадарна загадаў:

– Не танцуй з iм!

– Пойдзем з табой, – перапоўненая пачуццямi, прыпала да хлопцавай грудзiны Ядзя.

– Я не ўмею, – хiстаючыся, ускрыкнуў Шаўцоў i, зласнавата, абыякавы да таго, што на iх пачалi звяртаць увагу, ужо цiшэй дадаў: – Ён правы, не трэба было вас знаёмiць.

– Мы ж толькi танчылi, – няўпэўнена прашаптала Ядзя, – памiж намi…

Яна не дагаварыла, Калеснiк быццам вырас за яе спiнай i жартаўлiва спытаў:

– Атэла раўнуе? I хто ж той шчаслiўчык?

Шаўцоў злосна, з выклiкам зiрнуў на Калеснiка, пагардлiва адвярнуўся i, глыбока засунуўшы рукi ў кiшэнi, хiстаючыся, пашкандыбаў да выхаду.

Ядзя памкнулася за iм, але Серж прытрымаў. Ён далiкатна ўзяў яе руку вышэй локця i, гледзячы ў вочы, спытаў:

– Ты ўпэўнена, што ён патрэбен табе?

Ядзя спынiлася, а праз некалькi хвiлiн п’яны Шаўцоў вярнуўся i, убачыўшы iх побач, нядобра зыркнуў i кплiва ўскрыкнуў:

– Дай, нявеста, мой нумарок, паеду дадому.

Ядзя знiякавела, залiлася чырванню. Яна, здавалася, цэлую вечнасць корпалася ў сумачцы, шукаючы злашчасны нумарок. Ёй таксама хацелася пайсцi з рэстарана, але чамусьцi пабойвалася п’янага, раўнiвага Шаўцова.

– Школьны сябра хапiў лiшку, i мой абавязак – завезцi яго дадому, – прыйшоў на дапамогу Калеснiк i з выклiкам падтрымаў Шаўцова, якi ледзь трымаўся на нагах i ў любы момант мог павалiцца.

– Не чапай! – раптам пачаў вырывацца Шаўцоў, але Калеснiк толькi ўсмiхнуўся, ён моцна трымаў школьнага сябра.

– Я з вамi, – прыняла рашэнне Ядзя i з палёгкай уздыхнула.

Калеснiк прывёў Шаўцова ў фае, усадзiў у крэсла i толькi на хвiлiну пакiнуў, каб дапамагчы Ядзi апрануцца, як пачулася бразгатанне бiтага шкла, п’яныя крыкi, валтузня. Шаўцоў кiнуў важкую попельнiцу, што стаяла на столiку, у вялiзнае люстэрка i, мацюкаючыся, стаў пагражаць некаму нябачнаму кулаком.

Адразу прыбеглi швейцар i адмiнiстратар. Яны схапiлi Шаўцова, як небяспечнага злачынца, але перасцярога была лiшняй. Ён штосьцi п’янае, абразлiвае прамармытаў i захроп, адкiнуўшы галаву на высокую спiнку крэсла. Адмiнiстратар, высокая бялявая жанчына са стомленым, прыгожым тварам, хацела выклiкаць мiлiцыю, але Калеснiк не дазволiў. Ён заплацiў грошы i за люстэрка, i, як сказаў, за маральныя выдаткi. Калi выходзiлi, а дакладней, калi Калеснiк амаль выносiў п’янага Шаўцова, Ядзя бачыла, як ён усунуў у кiшэнь швейцару грошы i, па-змоўнiцку падмiргнуўшы, прагаварыў:

– I абы цiха…

Швейцар расплыўся ў лiслiвай усмешцы:

– Канечне, цiха. Заходзьце, мы Вам заўсёды рады…

Ядзя на ўсё жыццё запомнiла гэтага яшчэ не старога, грубаватага чалавека. Праз некалькi месяцаў, калi яна наведвала рэстаран ужо «па справе», швейцар неяк ухапiў за руку на ўваходзе i, дыхнуўшы перагарам, сцiшана прасiпеў, выскалiўшы жоўтыя зубы:

– Вось што, дзеўка, ты, бачу, тут капейку зарабляеш, а дзялiцца не хочаш… У мяне гонару i пыхi меней, магу i шапнуць каму трэба…

Ядзя пагардлiва зiрнула на маленькi, выцягнуты тварык, падобны да пацуковай морды, i з сiлай вырвала руку з лiпкай далонi. Яна зразумела, што дзяжурнай траячкi швейцару мала, i працягнула яшчэ некалькi.

– Грошы, канечне, вазьму, – з бояззю, што нехта ўбачыць, азiрнуўся швейцар, – але я не пра тое…

– А пра што? – здзiўлена адхiснулася ад яго Ядзя.

– Прыглянулася ты мне, будзеш разлiчвацца тым, чым з клiентамi.

Ядзя не ўтрымалася i з усёй сiлы заляпiла нахабнiку аплявуху, але швейцар толькi рассмяяўся:

– Натурай, дзеўка, разлiчышся, натурай!

Прыйшлося пра ўсё расказаць Калеснiку, i, калi праз некалькi дзён Ядзя прыйшла з Сержам у рэстаран, швейцара было не пазнаць. Куды падзелiся блазнота i пажадлiвыя крыўляннi! Ён, услужлiва прагнуўшыся, адчынiў дзверы, твар свяцiўся такой трывожнай радасцю, быццам ён выйграў у латарэю не меней як машыну, але яе могуць аддаць камусьцi iншаму.

– Сяргей Мiкалаевiч, нашае Вам шанаванне, – прашапялявiў швейцар, i бяззубы рот скрывiла нешна падобнае на ўсмешку. – Рады Вас бачыць з нявестай.

– А без зубоў табе нават лепей, – сур’ёзна зазначыў Калеснiк, паблажлiва ляпнуў швейцара па плячы i шматзначна паглядзеў на Ядзю.

Усё гэта было потым, праз некалькi месяцаў, а ў тую навагоднюю ноч, у iх першую сустрэчу Ядзя не знайшла ў сабе цвёрдасцi i, калi Калеснiк пасля таго, як адвезлi Шаўцова дахаты, прапанаваў зазiрнуць да яго «на кубачак кавы», пагадзiлася.

У Ядзi пачалося новае, нязведанае жыццё. Некалькi тыдняў праляцелi, як адзiн дзень. Яна нават, здаўшы сесiю, не паехала на канiкулы да бацькоў, засталася ў Мiнску. Гэтымi днямi яна адчувала сябе на сёмым небе, цяпер i гадзiны не магла пражыць без свайго Сержа. Калеснiк, вярнуўшыся з войска, узнавiў вучобу на юрыдычным факультэце ўнiверсiтэта, i адразу ў Ядзi з’явiлiся новыя сябры i знаёмыя. Яны часцяком, а дакладней, амаль кожны вечар, бавiлi час у рэстаранах, у нейкiх напаўлегальных начных клубах. Iншым разам Ядзя здзiўлялася: адкуль у студэнта грошы, каб так шыкаваць? Неяк нават наважылася запытацца ў Сержа, але штосьцi стрымала, у душы з’явiлася незразумелая боязь пакрыўдзiць каханка. Ядзя паспрабавала выкiнуць з галавы розныя сумненнi, i праз пэўны час гэта ўдалося, яна поўнасцю даверылася Калеснiку. Грошы i сапраўды перасталi яе турбаваць, усё ўспрымалася як належнае.

Калеснiк, вiдавочна, быў закаханы, але, у адрозненне ад Ядзi, розуму не трацiў, паводзiў сябе разважлiва i памяркоўна. Увесь хатнi клопат ляжаў на ягоных плячах, да каханкi ставiўся ласкава, стараўся ўва ўсiм дагадзiць, улагодзiць, але ў многiм быў цвёрды, нават жорсткi, праяўляў характар. Ядзя да сустрэчы з iм часцяком прагульвала заняткi ў iнстытуце, асаблiва першую пару, а Калеснiк не дазваляў. Нават калi вярталiся дадому апоўначы, да вучобы ставiўся не па-студэнцку сур’ёзна. Гэта спярша трывожыла, Ядзя нават шукала нейкiя тлумачэннi, але адразу супакойвалася, пачуўшы: «Мацi маiх дзяцей будзе i прыгожая, i разумная…»

Потым Калеснiк настаяў, каб Ядзя з iнтэрната пераехала да яго, у трохпакаёвую бацькоўскую кватэру. Сержавы бацькi працавалi за мяжой, iх камандзiроўка заканчвалася праз тры гады, а iншай раднi ў Калеснiка не было. Ядзя хутка ачомалася, ужылася ў новую для сябе ролю – незамужняй жонкi, i, як нi дзiўна, гэта ёй спадабалася. Яна хацела быць вольнай ад людскiх забабонаў i абгавораў, ёй прыносiла неймавернае задавальненне самой, без аглядкi на кагосьцi прымаць рашэннi i быць незалежнай. Ядзя даўно ўпотайкi марыла аб бесклапотным жыццi, якое стварыў для яе Калеснiк.

На пачатку вясны Ядзя адчула сябе нiякавата. Усё пачалося са студэнцкай сталоўкi, дзе падчас абеду ўпершыню закружылася галава i яе званiтавала. Спярша падумала, што гэта ад непрапечаных катлет, але на другi дзень такое паўтарылася, цяпер у таксi, калi ехалi з Калеснiкам да ягонага сябра на дзень нараджэння. На вечарыне Калеснiк з адчаем i трывогай назiраў за каханкай, якая з’ядала ў неймавернай колькасцi селядцы разам з салёнымi гуркамi i запiвала ўсё салодкiм морсам. А потым яе зноў званiтавала…

Дыягназ доктара ашаламiў. Ядзi нiколi i ў галаву не прыходзiла, што ад таго, чым яны займаюцца з Калеснiкам, могуць быць дзецi… Адразу прыгадала гаротную мацi, якая нарадзiла акрамя яе яшчэ двух сыноў i дачку, i сэрца зайшлося жалем да сябе. «Няўжо i мне наканаваны гэткi ж лёс? – трывожна i роспачна тахкала ў грудзях. – Няўжо загублю маладосць у пялёнках ды штохвiлiннай калатнечы?.. Калi ж жыць для сябе? Я маладая, я не хачу дзяцей!..»

Ядзя сама прыняла рашэнне i праз тыдзень вярнулася з бальнiцы схуднелая, з бледным тварам, з сiнiмi кругамi пад вачыма. Яна хутка папраўлялася, але ўвесь час здавалася, што нечага не хапае, у душы не было ранейшага спакою i бесклапотнасцi. Нешта з ёй сталася за праведзены ў бальнiцы тыдзень, яна сама сабе здавалася пасталелай, нават пастарэлай. Калеснiк быў як нiколi ўважлiвы i ласкавы, толькi Ядзя адразу заўважыла, адчула сэрцам, што нешта ў iм перамянiлася.

Праз тыдзень здагадка пацвердзiлася. Была нядзеля, ласкавае майскае сонейка пяшчотна дакранулася цяплом да Ядзiнага твару, напоўнiла спальню святлом, а Ядзю – прадчуваннем нечага добрага. Упершыню пасля бальнiцы ёй было хораша i бестурботна, знiкла злосць на Калеснiка, якога яна вiнавацiла ўва ўсiм. Вярталася страчанае, як здавалася, назаўсёды, каханне. Яна прачнулася раней i доўга ўглядалася ў спячага Сержа. Каханак нечаму ўсмiхаўся ў сне, i гэтая дзiцячая ўсмешка кранула, мiжвольны парыў любасцi перапоўнiў душу. Ядзя адкiнула з iлба хлопца пасму валасоў i ласкава дакранулася вуснамi да няголенай шчакi. Серж расплюшчыў вочы, летуценна паглядзеў на яе, прыцягнуў да сябе i моцна пацалаваў. Трапяткая дрыготка працяла жанчыну, сэрца затахкала, Ядзя падалася насустрач, прыцiснулася да Сержа, i з вачэй палiлiся слёзы радасцi. Ён цалаваў яе i шаптаў прыемнае i ласкавае. У нейкi момант завiруха пачуццяў падхапiла Ядзю i панесла ў казачны свет кахання. Ёй здавалася, што можна нават памерцi ад перапаўняючага душу пачуцця, i зусiм не было страшна. Нейкi час слоў каханага не ўспрымала, нават не разумела, але раптам, быццам здалёк, дайшоў сэнс Калеснiкавага шэпту: «…Сёння пераначуй у iнтэрнаце». Ёй здалося, што на яе перакулiлi вядро з кiпенем.

– Што ты сказаў? – вырвалася з абдымкаў Ядзя.

Калеснiк, вiдавочна, даўно быў падрыхтаваны да размовы. Ён як мага спакайней перакулiўся на спiну, нацягнуў на сябе прасцiну i ўпершыню ўладарна прагаварыў, быццам загадаў:

– Я сказаў, што ў мяне сёння дзелавая сустрэча, ты павiнна пераначаваць у iнтэрнаце.

Ядзю быццам ветрам змяло з ложка, яна куляй выскачыла са спальнi i зачынiлася ў ваннай. На душы было прыкра i тлумна, стала брыдка за самую сябе. Даўкi салёны камяк падкацiў у самае горла, але Ядзя стрымалася, не заплакала. Яна чакала, што Калеснiк вось-вось пастукае ў дзверы, пачне вiнавацiцца, а ёй не хацелася, каб ён бачыў яе слёзы. Але прайшло даволi часу, а Серж да дзвярэй не падышоў, быццам i не было яго ў кватэры.

– Раз так, – гнеўна прашаптала Ядзя, – то я пайду назаўсёды… Думае, на iм свет сышоўся. Пляваць я хацела, знайду лепшага, вунь Шаўцоў праходу не дае. Гэты на руках будзе насiць… – яна пачала рашуча скiдаць у цэлафанавы пакет свае прычындалы. – Нiколi сюды не вярнуся, будзе малiць, на каленях поўзаць… Такiя, як я, на дарозе не валяюцца…

Калеснiк нават не ўстаў з ложка, не выйшаў правесцi. Ён чытаў нейкую кнiжку цi рабiў выгляд, што чытае, i здавалася, каханка яго зусiм не цiкавiла.

Гэта больш за ўсё кранула Ядзiна самалюбства, з’явiлася непераадольнае жаданне абразiць, прынiзiць Калеснiка, але яна не магла вымавiць нiводнага слова. Толькi пасля таго, як моцна бразнула дзвярыма, ужо ў пад’ездзе, з вачэй двума струменьчыкамi пацяклi гарачыя слёзы.

Некалькi дзён Ядзя трымалася, як заўсёды, весела шчабятала з сяброўкамi, пускала вострыя слоўцы на хлопцаў. Асаблiва даставалася Шаўцову, якi зноў пачаў хадзiць за ёй па пятах. Нейкi час яна з гонарам узгадвала, як не заплакала пры Калеснiку, як бразнула дзвярыма, быццам спалiла ўсё тое, што звязвала з iм. Гэтыя днi помста кiравала Ядзяй, яна нават прымала заляцаннi Шаўцова, некалькi разоў схадзiла з iм у кiно, на выставу жывапiсу. Але цяпер яна не магла не параўноўваць. Што б Шаўцоў нi рабiў, што б нi гаварыў, перад вачыма мiжволi ўзнiкаў Калеснiк. Шаўцоў хацеў быць мужчынам-апекуном у Ядзiным жыццi, а яна ўспрымала яго як нязграбнае, разгубленае дзiця. Раней, да Калеснiка, ён i сапраўды здаваўся ёй вабным i адукаваным, шчырым i надзейным, але цяпер усё перамянiлася. Сарамлiвая ўсмешка Шаўцова злавала, сутуласць рабiла яго гарбатым, а што зусiм выбiвала з каляiны, дык гэта паходка. Ён хадзiў, шморгаючы абцасамi па асфальце, а гэтага Ядзя зусiм трываць не магла. Яна разумела, што справа не ў Шаўцове, а ў ёй самой: яна кахала Калеснiка, але i адштурхнуць Вiталiка не магла, трымала каля сябе – так было лягчэй i спакайней.

Неяк угаварыла Шаўцова схадзiць у рэстаран, у той самы, дзе святкавалi Новы год. У глыбiнi душы Ядзя спадзявалася на выпадковую сустрэчу з Калеснiкам, няхай бы паглядзеў, прыраўнаваў. Але сустрэчы не адбылося, а вось Шаўцоў каторы раз трапiў у непрыемнае становiшча. I заказ быў недарагi, але ў яго не хапiла грошай, каб разлiчыцца. Ядзя пагардлiва зiрнула на свайго прынiжанага кавалера, выцягнула з сумачкi некалькi паперак, падала афiцыянтцы i шпарка, не азiраючыся, пайшла на выхад.

Шаўцоў прапаў на тры днi, i Ядзя нават занепакоiлася: цi не здарылася што кепскае? Ён аб’явiўся ў суботу надвячоркам, стомлены, схуднелы, але з усмешкай да самых вушэй, вочы прамянiлiся гонарам. Ён нясмела пастукаў у дзверы i, убачыўшы Ядзю, адным духам выпалiў:

– Я запрашаю цябе ў рэстаран…

Ядзя была не ў гуморы, i Шаўцоў трапiў ёй пад гарачую руку:

– А ты ведаеш, колькi каштуе мой любiмы каньяк?

– Я разлiчваў на шампанскае, – наiўна прашапталi вусны Шаўцова, – можа, абыдземся…

Ён не паспеў дагаварыць. Ядзя дзiкай коткай кiнулася да хлопца, яе трэсла ад злосцi:

– А я не жадаю абыходзiцца, нi ў чым не хачу сабе адмаўляць! Ты можаш гэта зразумець?!

Шаўцоў разгубiўся. Ён цяжка ўздыхнуў, панура крутнуўся i, быццам пабiты сабака, пайшоў прэч.

– Раней ты такой не была, – гэтыя словы даляцелi да Ядзiных вушэй ужо з гаманлiвага iнтэрнацкага калiдора.

– Усе мы калiсьцi кiмсьцi былi, – адчайна ўскрыкнула Ядзя i, абхапiўшы галаву рукамi, зайшлася ў роспачным плачы.

Так жыць яна не магла. Душны iнтэрнацкi пакой выклiкаў гiдлiвасць i пагарду, ужо смешнымi, нават iдыёцкiмi здалiся паводзiны ў звадзе з Калеснiкам.

«У Сержа i сапраўды магла быць важная сустрэча, – апраўдваючы каханка, думала Ядзя; неаднойчы чутыя тэлефонныя размовы тычылiся грашовых спраў i цяпер зусiм па-iншаму тлумачылi паводзiны Калеснiка. – Ён не бегаў, як Шаўцоў, па таварных станцыях, не разгружаў вагоны, але ж за нешта трэба было шыкаваць. Значыць, i сапраўды Серж зарабляў грошы i, канечне, у кватэры сустракаўся з дзелавымi людзьмi. Ён аберагаў мяне ад лiшняга клопату, а я, дурнiца, звычайную сiтуацыю ператварыла ў жудасны сон… Усё, хопiць, к чорту гонар, к чорту Шаўцова, я хачу быць з Сержам i толькi з iм!»

Праз гадзiну Ядзя паспешлiва ўвайшла ў пад’езд. Яна хвалявалася, нават памылкова заехала ў лiфце паверхам вышэй кватэры Калеснiка. Прыдзiрлiва агледзеўшы сябе ў маленькiм люстэрку, Ядзя падмалявала вусны, прыпудрыла шчокi, нос i, крыху супакоiўшыся, пачала спускацца па лесвiцы ўнiз. І раптам каля Калеснiкавых дзвярэй убачыла высокую русявую дзяўчыну гадоў дваццацi пяцi, апранутую ў строгi, зеленаватага колеру касцюм. Дзяўчына, вiдавочна, спяшалася. Раз-пораз паглядаючы на гадзiннiк, яна бесперапынку званiла ў дзверы. Ядзя адчула сябе нядобра, на адразу ацяжэлых ватных нагах паднялася вышэй, каб яе не было бачна, i стомлена села на прыступку. Ад думкi, што там, ля дзвярэй, новая Сержава каханка, зрабiлася млосна, гарачая хваля рэўнасцi ўскалыхнула пачуццi, болем апякла душу.

Нарэшце дзверы рыпнулi, i да слыху даляцеў да болю знаёмы голас.

– Iра? – здзiвiўся Калеснiк. – Што здарылася?

– Прабачце, Сяргей Мiкалаевiч, але я па разлiк, – адным духам умольна выпалiла дзяўчына.

«Яна назвала яго Сяргеем Мiкалаевiчам, – адразу адзначыла Ядзя, – значыць, яны не каханкi… Якое шчасце! Ён мой!..»

– Мо зойдзеш у кватэру? – з трывогай у голасе прапанаваў Калеснiк.

– Мяне чакае таксi, – ужо больш спакойна прагаварыла дзяўчына, – i я выходжу замуж.

– Ты парушаеш угавор, – сярдзiта прабурчаў Калеснiк. – Хто цябе заменiць?

– Сяргей Мiкалаевiч, мой будучы муж – вайсковец, i мы ўсё вырашылi: сёння вечарам ляцiм у Маскву, а заўтра – у Петрапаўлаўск-Камчацкi. Я спадзяюся на Вашу сумленнасць: жанiх не павiнен нiчога ведаць.

– Я не вораг нi табе, нi сабе, – усмiхнуўся Калеснiк. – Мы добра папрацавалi, толькi на ўсю долю не разлiчвай.

– Нам так патрэбны грошы, – умольна ўздыхнула дзяўчына.

– Пошук замены будзе каштаваць дваццаць працэнтаў, – рэзка перапынiў яе Калеснiк. – Зараз прынясу, што вiнен.

Калi Iрына пайшла, Ядзя яшчэ з паўгадзiны тулiлася ля сцяны на лесвiчнай пляцоўцы, разважала, спрабуючы зразумець, пра якую работу яны гаварылi, але так i не змагла ўцямiць, асэнсаваць пачутае. Больш марудзiць не магла, наважылася i з замiраннем сэрца нацiснула на кнопачку званка. Дзверы адчынiлiся нечакана хутка. Убачыўшы Ядзю, Калеснiк у першы момант разгубiўся. Было вiдавочна, што ён кагосьцi чакаў, толькi не яе. Канфуз доўжыўся нейкую хвiлiну, у наступны момант ён шчыра ўсмiхнуўся, твар засвяцiўся радасцю, Калеснiк саступiў месца на ўваходзе, запрашаючы Ядзю ў кватэру. У дзяўчыны трывожна тахкала сэрца, хацелася кiнуцца ў абдымкi да каханага, але яна стрымала гэты парыў, не наважылася. Нешта перашкаджала першай пайсцi на прымiрэнне.

– Вось ключы прынесла, – няўпэўнена працягнула яна ключы ад кватэры.

Iх вочы сустрэлiся. Калеснiк, не зважаючы на працягнутую руку, на расчыненыя дзверы, таропка хiстануўся да Ядзi, аберуч абхапiў i моцна прыцiснуў да сябе.

– Я думаў, ты нiколi не вернешся, – цалуючы Ядзю ў вусны, вочы, выдыхнуў ён, – я больш нiкуды цябе не адпушчу.

Напачатку яна вяла сябе стрымана, што нi кажы, а яна жанчына i вымушана выканаць ролю беспадстаўна пакрыўджанай. Але ж як утрымаешся, калi думкi, душа, цела даўно чакалi гэтага моманту, i дзяўчына прагна адказала на Калеснiкавы пацалункi.

Цэлы дзень яны прабылi ўдваiх. Серж, як нi дзiўна, нават не адказваў на тэлефонныя званкi. Хтосьцi званiў у дзверы, нават грукаў, але Калеснiк толькi мацней абдымаў каханку i шаптаў: «Сёння наш дзень i мы нiкога больш не хочам бачыць i чуць…» I ўсё ж Ядзя адчувала, што Сержа нешта турбуе, яна заўважала на сабе ягоныя прыдзiрлiвыя позiркi.

– Я хачу з табой пагаварыць, – наважыўся Калеснiк пасля некалькiх чарак каньяку.

– Пра Iру? – не сцярпела, здзеклiва спытала Ядзя.

– Ты яе ведаеш? – нечакана здзiвiўся Серж i весела зарагатаў. – Калi так, то гэта ўсё мяняе… Баба з воза – кабыле лягчэй.

– Я выпадкова пачула вашу сённяшнюю размову, толькi не зразумела, пра што гаварылi, – Ядзя ўстрывожана паглядзела на Калеснiка. – Ясна толькi, што ў цябе дзелавая сустрэча i, пэўна, ты захочаш, каб я начавала ў iнтэрнаце. Так?

– Наадварот, я хачу, каб ты засталася, – Калеснiк каўтануў поўную чарку каньяку i сур’ёзна дадаў: – Мы з Iрынай рабiлi важную справу, цяпер яе няма, i я хачу, каб ты замянiла яе.

– У чым? – сцiшылася Ядзя; яна адчула, як у душы варухнулася злосць на Iрыну, якая ўвесь гэты час была побач з Сержам.

– Работа не зусiм звычайная, але капейку зараблялi добрую, – п’янавата ўздыхнуў Калеснiк. – Мы працавалi ўтраiх: я, Iрына i Iван. Iрыну ты бачыла, Iван вучыцца на адным факультэце са мной. Цяпер Iрына паехала, а без прыгожай жанчыны наш бiзнес лопне.

– Я згодна дапамагчы, толькi што трэба рабiць?

– Дай слова, што наша размова застанецца памiж намi, – ўзяўшы Ядзю за рукi, сцiшана прагаварыў Калеснiк i ласкава пагладзiў далонi, пацалаваў.

– Канечне, любы, – пагадзiлася заiнтрыгаваная Ядзя.

Серж яшчэ выпiў каньяку, закусiў тонка парэзаным i густа пасыпаным цукрам лiмонам.

– Ты, пэўна, заўважала, што я жыву не па сродках?

Ядзя згодна кiўнула i таксама надкусiла скрылёк лiмона.

– Бацькоўскiх грошай хапае на тыдзень, а дзе браць астатнiя? – зноў спытаўся ў дзяўчыны Калеснiк.

Ядзя з цiкаўнасцю глядзела на Сержа i моўчкi чакала тлумачэнняў.

– Неяк я пажартаваў, – прыплюшчыўшы вочы, засяроджана працягваў Калеснiк, – выпадкова сфатаграфаваў знаёмага студэнта i дзяўчыну, што была з iм. Яны не зачынiлiся ў iнтэрнацкiм пакоi i спалi ў абдымках. Не ўцярпеў, зрабiў некалькi здымкаў i паказаў хлопцу. Пасля гэтага доўга хадзiў з падбiтым вокам. Жарт не ўдаўся, каханка аказалася замужняй, i сустракалiся яны тайна. Разумееш, пра што хачу сказаць? Сiняк прайшоў, а iдэя засталася, яна не давала спакою, стрэмкай упiлася ў мазгi. Прыйшоў такi дзень, калi я наважыўся рэалiзаваць свой план. Iрына з Iванам больш за ўсё падыходзiлi, бо былi вiнны мне грошы, i, канечне, пагадзiлiся. Мая задача заключалася ў тым, каб знайсцi клiента i пазнаёмiць увечары з Iрынай.

– Ты прымушаў яе?.. – Ядзя адхiснулася ад Калеснiка. – Ты займаешся сутэнёрствам?

– Май цярпенне выслухаць, – абурыўся Серж. – Я прыдумаў iншы i больш надзейны спосаб, як прымусiць чалавека, заўваж – самому, аддаць нам грошы. Знаёмiлiся мы звычайна ў рэстаране, потым Iрына вяла клiента на кватэру, пiлi шампанскае. Якi мужчына адмовiцца ад глытка шыпучага напiтку перад тым, як легчы ў пасцель з прыгожай дзяўчынай? Iрына ўпотайкi падсыпала ў шклянку снатворнае, i праз дзесяць – дваццаць хвiлiн клiент засынаў. Я i Iван чакалi сiгналу: даволi толькi мiргнуць святлом, i мы тут як тут. Спячага клiента распраналi, укладвалi ў ложак. Голая Iрына побач з iм. Фатаграфавалi, а ранiцай Iван выконваў ролю раз’ятранага мужа, якi нечакана вяртаўся з камандзiроўкi цi яшчэ адкуль-небудзь. Я – сябра сям’i, i таксама з’яўляюся ранiцай. Клiенту нiчога не застаецца, як прасiць мяне выручыць. Канечне ж, я ўладкоўваю справу так, што Iван з Iрынай быццам бы вырашаюць скасаваць шлюб, але клiента ў судзе не ўспомняць: у яго ж таксама ёсць жонка i дзецi… Звычайна ў такiх сiтуацыях мужчыны не таргуюцца, плацяць столькi, колькi скажам.

– А колькi? – загарэлася Ядзя.

– Значыць, ты згодна? – шчыра ўсмiхнуўся Калеснiк i, цалуючы каханку ў шчокi, вусны, лагодна дадаў: – Мы больш нiколi не будзем разлучацца.

Ядзя сумелася, бо зразумела, што гэтым пытаннем выдала сябе: яна не павiнна была адразу пагаджацца.

– А раптам нас падловяць? – спалохана спыталася Ядзя. – Што за гэта будзе?

– Выключана, – рэзкавата i па-дзелавому запярэчыў Калеснiк. – Я старанна выбiраю клiента, на гэтую ролю абы-хто, першы з вулiцы не падыходзiць. I потым, мы пракручваем аперацыю не кожны дзень, а два, ад сiлы тры разы на месяц. Гэтага хапае, жывём прыпяваючы. Цi табе больш даспадобы кампанiя iнфантыльнага Шаўцова? Падабаецца назiраць, як ён потнымi пальцамi лiчыць драбязу?

– Ты ведаеш, што я сустракалася з Вiталiкам? – пачырванела Ядзя.

– Я пра цябе ведаю больш, чым ты пра сябе, – задаволена ўсмiхнуўся Калеснiк i працягнуў Ядзi шырокую далонь. – Ну што, па руках?

– Страшна, – сумелася Ядзя, яна, вiдавочна, какетнiчала. – А цi можна так, каб не фатаграфавацца? Мне брыдка, а што будзе, як пазнаюць?

– Галоўнае, каб на фотцы добра атрымаўся клiент, а твае толькi асобныя часткi цела. Без фотаздымкаў абысцiся можна, але непажадана, бо гэта доказ, i таму адразу ўзрастае цана.

– Выходзiць, шантаж?! – не то пытаючыся, не то сцвярджаючы, прагаварыла Ядзя.

– Называй як хочаш, толькi клiент сам прапаноўвае грошы, а значыць, i скардзiцца не будзе.

Ядзя надзiва хутка ўцягнулася ў «работу». Яна пачала нават атрымоўваць асалоду, назiраючы за п’янаватымi клiентамi, якiя, убачыўшы яе, кiдка-прыгожую, вабную, падцягвалiся, iх твары расплывалiся дурнаватымi ўсмешкамi, вочы быццам прылiпалi да яе гнуткага стану, да высокiх грудзей… У гэтыя хвiлiны Ядзя адчувала сваю перавагу, была казачнай феяй, ёй iмпанавала i цешыла яе самалюбства мужчынская пажадлiвасць. Яна артыстычна выконвала ролю разбэшчанай, капрызнай кабеты, якая не супраць пацешыцца, прыняць заляцаннi стомленага камандзiраванага.

Калеснiк i сапраўды прыдзiрлiва выбiраў будучага клiента. Ён некалькi дзён ацiраўся ў калiдорах якой-небудзь высокай дзяржаўнай установы, бо будучая ахвяра, «клiент», павiнен быць начальнiкам, хай сабе i невялiкiм, але абавязкова каб пры пасадзе. Калеснiк лёгка сыходзiўся з чалавекам, завязваў размову, а там i планы на вечар. Ён не навязваўся, а, быццам мiж iншым, узгадваў добрую знаёмую, якая пакутуе ад адзiноты. Клiент згаджаўся павячэраць у добрай кампанii, а далей, пасля некалькiх кiлiшкаў гарэлкi, усё iшло як па масле…

Потым Калеснiк заўсёды зласлiва кпiў з гэтых чыноўнiкаў, напачатку ганарлiва-пыхлiвых, а потым прынiжаных i плаксiвых, гатовых заплацiць любыя грошы, абы толькi ўсё засталося шыта-крыта.

З пэўнага часу Ядзя пачала адчуваць крыўду, лiчачы, што саўдзельнiкi робяць менш, а атрымоўваюць усе роўна. Асноўную работу выконвала яна, таму мець павiнна больш. Праўда, выказаць нязгоду Калеснiку пабойвалася, але выйсце знайшла: з пэўнага часу, перш чым мiргануць святлом, падаць знак Сержу i Iвану, употайкi шастала па кiшэнях спячых клiентаў i забiрала частку грошай.

Аднойчы Ядзя паспяшалася, не дачакалася, пакуль клiент засне. Толькi яе рука слiзганула ў кiшэню пiнжака, што вiсеў на спiнцы крэсла, як клiент узбычыў галаву i вылупiў чырвоныя вочы, куды толькi i сон падзеўся.

– Значыць, краля, чысцiш кiшэнi? – ухапiў ён Ядзю за рукi. – Я ў мiлiцыю зараз пазваню.

Ядзя перапужалася толькi на нейкую хвiлiну. Напамiн пра мiлiцыю надаў рашучасцi, яна з усёй сiлы штурханула клiента, кiнулася да дзвярэй, але чалавек, хоць i быў на добрым падпiтку, аказаўся спрытнейшы за яе.

– Не-е, краля, – перахапiўшы Ядзю ў дзвярах, зарагатаў ён, – мiлiцыю выклiкаць не буду, разлiчышся iншым…

Ядзя супрацiўлялася моўчкi, крычаць баялася, каб i сапраўды хто з суседзяў не выклiкаў мiлiцыю. Клiент павалiў яе ў ложак, iрвануў на грудзях сукенку. Матэрыя неяк жаласлiва заскавытала, Ядзя ўскрыкнула i раз’ятрана ўчапiлася кiпцюрамi ў твар гвалтаўнiка. Ён дзiка рыкнуў i бесцырымонна, наводмаш стукнуў кулаком Ядзi ў лоб… На нейкi момант Ядзя страцiла прытомнасць, а калi ачомалася, зразумела ўсю безвыходнасць свайго становiшча. Яна ляжала ў ложку, а клiент, дамогшыся свайго, цяжка соп. Цяпер ён быў уладаром яе паралiзаванага непрытомнасцю i страхам цела. Нязведаны дагэтуль пякучы боль з кожным рухам гвалтаўнiка ўладарна ўрываўся ў яе, а нiз жывата, здавалася, палыхаў агнём. Ёй стала прыкра i гiдка, з вачэй пырснулi слёзы горычы. Крыўда i боль iрвалi душу. Ядзя ў гэты момант жадала толькi аднаго: каб гэты вялiкi, цяжкi чалавек з лысай галавой хутчэй задаволiўся i пакiнуў яе ў спакоi. Ёй не хапала паветра, Ядзя задыхалася, але зрабiць нiчога не магла, рукi з апошнiх сiл, больш па iнерцыi, адштурхоўвалi таўстуна, пакуль раптам пальцы выпадкова не зачапiлiся за шнур вiсячага над ложкам бра.

Рашэнне прыйшло адразу. Яна намацала выключальнiк, замiргала святлом. Лысы не звярнуў на мiрганне анiякай увагi, а Ядзi было ўсё роўна, што станецца з ёй, што зробiць Калеснiк, калi ўбачыць яе ў гэткiм стане, толькi аднаго нясцерпна жадала – скiнуць гэтую брыдкую, потную тушу i вызвалiцца ад пякучага болю ў жываце…

Ядзя не чула, як Калеснiк адмыкаў дзверы, не бачыла, як хаўруснiкi ўвайшлi, толькi ў нейкi момант усiм целам адчула, як гвалтаўнiк раптам сутаргава затузаўся, ва ўсе бакi пырснула кроў, лысая галава безжыццёва звалiлася на яе плячо. Першы спахапiўся Iван. Ён перакулiў лысага i, не зважаючы на расхрыстаную, голую Ядзю, iстэрычна закалацiў яго далонямi па шчоках. Галава клiента безжыццёва хiсталася з боку ў бок, застылыя абыякавыя вочы глядзелi ў столь, па твары, шыi, грудзях ручайкамi сцякала кроў.

– Ён не дыхае! – роспачна крыкнуў Iван i адвярнуўся, яго званiтавала.

Калеснiк агледзеў усiх злым, нерухомым позiркам, кiнуў на падлогу бутэльку з-пад шампанскага, з якой Ядзя колькi часу таму частавала лысага, сеў у крэсла, цяжка ўздыхнуў:

– Што тут здарылася, чаму ён не спаў?

Ядзя, яшчэ не асэнсаваўшы ўсяго, надрыўна галасiла i таропка, дрыготкiмi рукамi спрабавала нацягнуць на сябе разарваную сукенку, але гэта ёй нiяк не ўдавалася.

– Выкiнь гэтую анучу! – нервова крыкнуў Калеснiк i працягнуў жанчыне прасцiну. – Прыкрыйся i расказвай. А ты, – кiнуў ён Iвану, – пакiнь у спакоi мерцвяка, аплявухамi не падымеш.

– Ён узяў мяне сiлай, я нiчога не магла зрабiць, – наўзрыд галасiла Ядзя.

– Не скуголь! – узвiўся Калеснiк. – Навошта цябе гвалцiць, калi ён ведаў, дзеля чаго сюды iшоў? Клiент не сумняваўся, што атрымае сваё. Кажы праўду: ён мёртвы i я павiнен ведаць сапраўдную прычыну.

Ядзя закрыла далонямi твар, галасiла:

– Я думала, ён спiць, i хацела забраць з кiшэнi грошы…

Ядзя не дагаварыла. Калеснiк моцна ўдарыў кулаком у твар, i яна другi раз за апошнiя паўгадзiны страцiла прытомнасць. Калi расплюшчыла вочы, Серж пырскаў на яе вадой, Iвана не было, мярцвяк ляжаў побач папярок ложка i ўсё глядзеў у столь нежывымi, мутнымi вачыма. Яна падхапiлася, замiтусiлася, шукаючы сваё адзенне, i толькi адна думка нясцерпным болем разломвала скронi: «… Хутчэй уцякаць з гэтай жудаснай кватэры, каб не бачыць нi Калеснiка, нi мерцвяка, нi запэцканых крывёй прасцiн i падушак».

– Не тузайся, – паклаў Калеснiк руку на плячо, прымусiў сесцi, – i слухай уважлiва, – ён на хвiлiну прымоўк, задумаўся. – Я выклiкаў мiлiцыю, раскажам усё, як было, акрамя сапраўднай прычыны, па якой ён тут апынуўся, – Калеснiк паглядзеў на мерцвяка i гiдлiва зморшчыўся. – Памятай: ты, я i ён былi ў рэстаране, там i пазнаёмiлiся. Прыйшлi ў кватэру, выпiлi шампанскага i, як часцяком бывае, не хапiла. Цяпер галоўнае: я, твой жанiх, пайшоў купiць яшчэ гарэлкi, а лысы, скарыстаўшы маю адсутнасць, згвалцiў цябе. Ты не чула, калi я вярнуўся, i астатняе, як было. Пра Iвана не ўзгадвай. Мы былi з лысым у рэстаране, нас бачылi, так што ўсё будзе выглядаць праўдзiва i натуральна. Галоўнае, стаяць на сваiм: ён гвалтаўнiк. Думаю, доказаў хопiць, i памятай: плявузгнеш лiшняе – сядзем утраiх, i не менш як па дзясятцы нам забяспечана. А так мне дадуць па нашых законах два, ад сiлы тры гады. Пэўна, не знойдзеш такога жанiха, якi, убачыўшы, як гвалцяць нявесту, будзе круцiць тэлефон i зваць на дапамогу мiлiцыю. Я паводзiў сябе натуральна, i гэта нi ў каго не выклiча сумненняў. Канечне, мяне прыцягнуць да адказнасцi, але тэрмiн атрымаю мiнiмальны.

Калеснiк казаў праўду. Калi прыехала мiлiцыя, усё выглядала натуральна i праўдзiва. Ядзю бiла дрыготка, нервовая ўбуджанасць саступiла месца страху, якi ўсё болей агортваў дзяўчыну. Яна нiчога не магла сказаць следчаму, толькi плакала i паўтарала, што лысы яе згвалцiў. Калеснiка адразу забралi, i Ядзя сустрэлася з iм толькi праз некалькi тыдняў, на вочнай стаўцы. Яна была ўдзячна лёсу, што Калеснiка гэтымi днямi не было побач. У яе быў час супакоiцца, вызначыцца ў паводзiнах i, галоўнае, прывыкнуць да ўгатаванай ролi згвалчанай нявесты. Да сустрэчы з Калеснiкам Ядзя дакладна ведала, што каханак падпадае пад дзеянне артыкула, па якiм яго могуць асудзiць не болей як на пяць гадоў. Лiчылася, што Калеснiк забiў лысага ў стане душэўнай нераўнавагi, i гэтая акалiчнасць значна змяншала вiну.

Потым быў суд. Калеснiк добра выканаў ролю зняважанага жанiха i атрымаў тры гады агульнага рэжыму. Ядзя была ўдзячная яму, што не цягнуў яе i Iвана за сабой, а ўсю вiну ўзяў на сябе. Менавiта апошняе больш за ўсё хвалявала, у гэтым учынку быў увесь Калеснiк. Толькi Ядзя трошкi пачала разбiрацца ў ягоных учынках i ведала, што Серж за проста так, задарма нiчога нiкому не зробiць…

Па сваёй наiўнасцi яна, калi iшла на суд, спадзявалася, што ў iх яшчэ можа ўсё наладзiцца, тры гады – не такi вялiкi тэрмiн, яна пачакае. Толькi iлюзii адразу знiклi, разбiлiся аб халодны, калючы позiрк Калеснiкавых вачэй, аб зласлiвую, пагардлiвую ўсмешку, якой ён сустрэў каханку. Хто-хто, а Ядзя ведала цану гэтый нядобрай ухмылцы i адразу зразумела, што прабачэння ёй нiколi не будзе.

Нейкi час пасля суду яна лiчыла, што ўсё добрае ў яе жыццi ўжо прайшло, шчасце скончылася, але праўду кажуць, што час – лепшы лекар. Яшчэ i года не прайшло пасля той жудаснай ночы, калi Калеснiк забiў лысага клiента, а Ядзя ўжо клалася ў ложак з мужам – Вiталiкам Шаўцовым, i толькi зрэдку, як недарэчнасць, узгадвала той выпадак.

Пасля iнстытута яе па размеркаваннi накiравалi на панчошную фабрыку, у аддзел збыту гатовай прадукцыi. Парабiла яна мала, усяго тры месяцы, i пайшла ў дэкрэтны водпуск. Роды былi цяжкiя. На свет з’явiўся хлопчык, але такi кволы, што пражыў усяго некалькi гадзiн. Ядзя яго нават не бачыла. Праз год нарадзiлася дачка, i цяпер у Ядзi была сапраўдная сям’я. Толькi яна не адчувала радасцi, хацелася нечага большага. Яе стомленая душа, прагнае да кахання цела добра памяталi тое радаснае, узнёслае пачуццё любасцi, што шчымiла сэрца, калi была з Калеснiкам. Яна прагна жадала знайсцi ў адносiнах з мужам паўтор гэтым пачуццям i не знаходзiла, хацела пакахаць мужа – i не магла.

За гэты час Шаўцоў зрабiў неблагую кар’еру i цяпер быў дырэктарам вялiкага ўнiверсама. Калi дачцэ споўнiўся год, Ядзя настаяла, каб муж узяў яе да сябе на работу i прызначыў загадчыцай аддзела садавiны i гароднiны. Але спадзяванне на тое, што праца дасць душэўны спакой, не спраўдзiлася. Незадаволенасць не знiкла, наадварот, сум i адчай часцей i часцей агортвалi душу. Цяпер Ядзю непакоiла i тое, што мiма яе праплывалi вялiкiя грошы, трэба толькi крышачку смеласцi. Хто, напрыклад, заўважыць, калi яна ў накладных прыпiша нулiк цi два?.. А калi адзiнку справiць на чатыры цi, наадварот, з чацвёркi зробiць адзiнку? А за гэтымi маленькiмi адзiнкамi i нулiкамi – сапраўднае жыццё, якiм яна ўжо некалi жыла… Толькi Ядзя, а дакладней, цяпер Ядвiга Станiславаўна, ведала iншае: без надзейных памочнiкаў яна не зможа зрабiць тое, што задумала.

…Юля Лапцёнак прыглянулася адразу. Танклявая, даўганогая весялуха з зеленаватымi вачыма, рухавая i вострая на слова, яна была больш падобна на задзiрыстага хлопца-падлетка, чым на прадаўшчыцу. Ядзя выпадкова заўважыла, што Юля абувае ў лапцi пакупнiкоў, дурыць i вокам не мiргне. Яно i не дзiва, гэтым займалiся многiя прадаўшчыцы, толькi дзяўчына, у адрозненне ад iншых, рабiла ўсё з такой вiртуознай лёгкасцю i спрытам, што Ядзя нават пазайздросцiла. Смех, жарты, анекдоцiкi так i сыпалiся з яе нястомнага языка. А казырным было тое, што яна, быццам незнарок, расшпiльвала два нiжнiя i два верхнiя гузiкi ў надзiва чыстым халацiку. Каля Юлi роем таўклiся мужчыны розных узростаў, нешта куплялi, мянялi, пыталiся, некаторыя па два, а то i тры разы адстойвалi ў чарзе. А Юля, патупiўшы вочы, быццам не заўважаючы, што занадта аголеныя патаемныя часткi цела, бессаромна аблiчвала аслепленых мужчын.

Ядзя пэўны час прыглядалася, вагалася, выбiрала зручны момант, каб пагаварыць з дзяўчынай, але першы крок зрабiла сама Юля. Неяк, калi Ядзя засталася ў кабiнеце адна, прадаўшчыца нячутна прачынiла дзверы, хутка агледзела пакой i, упэўнiўшыся, што, акрамя начальнiцы, нiкога няма, хуценька прашмыгнула i накiнула на дзверы засоўку.

– Ядвiга Станiславаўна, – Юля па-дзiцячы нявiнна схiлiла галаву на правае плячо i паклала на стол канверт, – гэта Вам…

– Што тут? – здзiўлена спыталася Ядзя, хоць адразу здагадалася, што можа быць у канверце.

– Там палова маёй выручкi, – у дзяўчынiных вачах блiснуў хiтры агеньчык, – дакладней, у канверце Ваша доля.

– Не разумею, – напусцiла на сябе строгасць Ядзя, – ты ж дзесяць хвiлiн таму здала грошы.

– Я здала дзяржаўныя, а гэта…

– А калi я паклiчу мiлiцыю? – перапынiла прадаўшчыцу Ядзя.

– Мiлiцыя нам не памочнiца, – без боязi ўсмiхнулася Юля i, сеўшы ў крэсла насупраць Ядзi, сур’ёзна дадала: – Але калi Вам мая прапанова не па душы, я хоць зараз напiшу заяву i звольнюся. Толькi ўсё ж разумна было б грошы ўзяць, Вы даўно за мной назiраеце i ведаеце, як яны зароблены. Калi не заявiлi ў мiлiцыю раней, то ў гэтым няма патрэбы i цяпер. Удзвюх мы заробiм намнога больш, грошы валяюцца пад нагамi, застаецца толькi нахiлiцца i падняць.

Ядзя на хвiлiну задумалася, а Юлi ўжо i след прастыў. На наступны дзень прадаўшчыца зноў затрымалася ў кабiнеце начальнiцы i зноў блакiтны канверт апынуўся ў стале загадчыцы.

На трэцi дзень, як толькi за Юляй зачынiлiся дзверы i яны засталiся адны, Ядзя ўзбуджана прагаварыла:

– Тут, на месцы, мы не зможам раскруцiцца. Нам патрэбны гандлёвыя кропкi ў горадзе.

– Правiльна, Ядзечка Станiславаўна, – ажно засвяцiлася радасцю Юля, – правiльна, толькi як пераканаць дырэктара?

– Дырэктар – мой клопат, – ставячы на стол бутэльку шампанскага, усмiхнулася Ядзя, якая прыняла рашэнне. – Адзначым наш сумесны поспех!

Праз некалькi месяцаў Ядзя зразумела, што яны з Юляй не спраўляюцца. Патрэбныя яшчэ людзi i дадатковыя гандлёвыя кропкi, дый муж пачаў падазрона пазiраць. Кааператыўная кватэра за паўгода, новенькiя «жыгулi», гараж. Акрамя гэтага, Ядзя задумала будаваць дачу… Шаўцоў некалькi разоў наважваўся пагаварыць з жонкай, але тая толькi адмахвалася, маўляў, усё для дачушкi.

Ядзя разумела, што ў сваю задуму трэба ўцягваць мужа. Восень – самая пара складаць дамовы на закупку цытрусавых, а гэта ж залатое дно. Чарнявыя каўказцы навязуць чаго хочаш, толькi круцiся. Але ж як схiлiць на свой бок Шаўцова? Ён, праведнiк, i слухаць не захоча, а даведаецца пра Юлю – як пiць даць звольнiць дзяўчыну. Ядзя доўга шукала выйсця i нарэшце наважылася. У гэтай справе яна вырашыла, як кажуць, забiць двух зайцоў. Калi падзялiлася сваiмi разважаннямi з Юляй, у прадаўшчыцы ажно мову адняло, язык быццам прысох да нёба. Яна не паверыла сваiм вушам, была так уражана i здзiўлена, што доўга нiчога не магла сказаць. Маўчала i Ядзя, чакаючы, калi, зрэшты, дзяўчына прыме рашэнне, бо ў сваiм плане галоўную ролю яна адводзiла менавiта Юлi. Дзяўчына яна прыгожая, кiдкая, без комплексаў. Трэба толькi, каб Шаўцоў яе заўважыў, як кажуць, паклаў вока.

– Ты хочаш укласцi свайго мужа ў ложак з сяброўкай? – нарэшце ачомалася Юля, яе твар расплыўся ў здзiўлена летуценнай усмешцы, вочы пазiралi з недаверам.

– I што з таго? – сур’ёзна, не зважаючы на разгубленасць сяброўкi, зазначыла Ядзя. – Замуж я выйшла, бо не было куды дзецца, не на вёску ж ехаць пасля iнстытута! Мяне з мужам нiчога не звязвае, толькi што жывём разам. Ёсць дачка, але гэта зусiм iншае… Мы з iм партнёры ў сексе, а кахання няма. Тое самае, што i ў цябе: сёння з адным, заўтра з другiм, паслязаўтра…

– Ты лiчыш мяне прастытуткай? – зласлiва перапынiла начальнiцу Юля.

– Ну што ты, – прыхiльна ўсмiхнулася Ядзя, – я i сама не супраць жыць, як ты, толькi звязана па руках i нагах. Але спадзяюся, што хамут, якi навесiў на мяне Шаўцоў, не на ўсё жыццё. Хачу быць вольнай, рабiць, што прыйдзе ў галаву, але ж, сама разумееш, для гэтага патрэбны грошы. Дык ты згодна?

– Не зусiм, – не пагадзiлася Юля: ад яе злосцi не засталося i следу, дзяўчыне iмпанавала Ядзiна зайздрасць; прыпалiўшы цыгарэту, яна цынiчна дадала: – Трэба мець не проста грошы, а вялiкiя грошы, i пажадана ў валюце… А ў цябе, сяброўка, галава варыць, не кожны дадумаецца да такога. Значыць, цяпер Шаўцоў мой?

– Твой, – з палёгкай уздыхнула Ядзя, – i чым хутчэй ты яго спакусiш i прыбярэш да рук, тым лепш для нашай справы.

Пасля згаданай размовы мiнуў тыдзень, але змен нiякiх не адбылося. Пры сустрэчы Юля толькi роспачна пацiскала плячыма, даючы зразумець, што справа з месца не скранулася. У душы Ядзя была задаволена, што нi Юлiна спакуслiвая прыгажосць i вабнасць, нi яе жаданне не дзейнiчаюць на Шаўцова. Першая не вытрымала Юля:

– Прабач, сяброўка, але твайго Шаўцова, акрамя цябе, нiхто ў жыццi не цалаваў, не дзейнiчаюць на яго мае чары. Учора сказаў, што, калi я не выкiну дурноцце з галавы, звольнiць з работы.

– Так i сказаў? – не стрымалася, зайшлася радасным смехам Ядзя.

Юлiн твар iмгненна пабiла чырвонымi плямамi. Яна нервова сцiснула кулачкi i злосна паглядзела на Ядзю:

– Мы павiнны нешта прыдумаць. Можа, знайсцi другую?

– Выкiнь з галавы, – пасур’ёзнела Ядзя i, каб улагодзiць сяброўку, дадала: – Лепшую за цябе знайсцi немагчыма, не iснуе ў прыродзе.

Юля ўдзячным, пацяплелым позiркам паглядзела на Ядзю i жартаўлiва прагаварыла:

– Каб не было лепшай, я б тут з табой лясы не тачыла.

– Добра, сяброўка, не падлiзвайся, – адмахнулася Ядзя. – Будзь больш лiпучай, i ў нас атрымаецца.

– У нас? – здзiўлена перапынiла Юля.

– Так, у нас. Я вырашыла табе дапамагчы…

У той жа вечар Ядзя наўмысна справакавала зваду, абвiнавацiла мужа ў тым, што ён мала займаецца дачкой, вышуквае розныя прычыны, абы толькi не ехаць з ёй на вёску да бацькоў, беспадстаўна назвала Шаўцова слiмаком i, дэманстратыўна грукнуўшы дзвярыма, пайшла спаць у пакой дачкi. На наступны дзень Шаўцоў прыйшоў дадому з вялiзным букетам чырвоных руж, але Ядзя i брывом не павяла, а кветкi паляцелi ў сметнiк. Яна бачыла, як закалацiла мужа, як спалатнеў ягоны твар, але ён стрымаў парыў гневу, нават нiчога не сказаў. Толькi цяжка ўздыхнуў i, трымаючыся за грудзiну, пасунуўся ў спальню.

Ядзя не спала ноччу. Яна чула, як Шаўцоў шпацыраваў па кватэры, як пiў гарэлку, як выходзiў на балкон i доўга курыў. У нейкi момант у яе душы варухнулася пачуццё жалю: «А што, калi п’яны Шаўцоў скокне з балкона?» Ад адной толькi думкi паралiзоўваў страх, яна ўжо была гатова бегчы да мужа i пра ўсё расказаць, кiнуцца ў ногi, папрасiць прабачэння… Ён добры… Але ж тады трэба кiнуць махлярства! Не, няхай будзе так, як спланавана. Шаўцоў павiнен зрабiць тое, што трэба, яны зломяць яго, Юля стане палюбоўнiцай.

Шаўцоў мяняўся на вачах. Схуднелы, нервовы, з хваравiтымi агеньчыкамi ў вачах, ён мала нагадваў начальнiка, якога прывыклi бачыць людзi, лагоднага i зычлiвага. Ён хадзiў цяжка, няўпэўнена, часцяком адказваў на пытаннi неўпапад. Шаўцоў нагадваў цяжкахворага, але Ядзя ведала сапраўдную прычыну хваробы i няўмольна вяла сваю лiнiю. Яна адмаўляла мужу ўва ўсiм i ведала, што доўга ён не вытрымае, хутка дойдзе да такога стану, калi спакусiцца не толькi на прыгожую Юлю.

Напрыканцы тыдня, у пятнiцу, Шаўцоў прыйшоў з працы пазней звычайнага. Ядзя ведала, што начальства з торга гэтымi днямi часцяком арганiзоўвала выезды на прыроду. Мелiся аблюбаваныя куточкi на беразе ракi цi возера, дзе цеплiлася лазня, гатавалi двайную, а то i трайную юшку, смажылiся шашлыкi, лiлася ракой гарэлка, а заадно абмяркоўвалi справы. Шаўцоў таксама запрашаўся на гэтыя вечарынкi. Тут можна было сустрэць важных чыноўнiкаў з мiнiстэрства, з гарвыканкама, пракурора i начальнiка мiлiцыi. Але па тым, як муж хуценька крутнуўся з ваннага пакоя ў спальню, не цадзiў каньяк на балконе, а адразу завалiўся спаць i ўжо праз дзесяць хвiлiн пацiху соп, па-дзiцячы падсунуўшы далонь пад шчаку, Ядзя зразумела: Шаўцоў здрадзiў. Яна ўспрыняла гэта як нешта звычайнае, без трывогi i хвалявання. Наадварот, быццам камень звалiўся з душы: цяпер рукi былi развязаныя. У гэтую хвiлiну Ядзя падзякавала лёсу, што выйшла замуж па разлiку. З каханым зрабiць такое, што вытварыла з Шаўцовым, i ў галаву б не прыйшло. I адразу перад вачыма ўзнiк вобраз Калеснiка.

Ядзя баялася прызнацца нават сабе, што патаемна чакала сустрэчы з Сержам, у душы песцiла надзею, што прыйдзе час i яны зноў будуць разам.

Тыдзень цярплiвага чакання, назiранняў за Шаўцовым, якi цяпер дадому прыходзiў далёка за поўнач, поўнасцю пераканалi, што план удаўся. Ядзя вырашыла неадкладна дзейнiчаць. Яна наважылася паўтарыць тое, што рабiлi разам з Калеснiкам, толькi цяпер яе ролю выконвала Юля. Ядзя нячутна адамкнула Юлiну кватэру, увайшла, прыслухалася. У калiдорчыку над галавой цiкаў нябачны гадзiннiк. Ядзя прачынiла дзверы ў спальню, начная лямпа блакiтным святлом слаба асвятляла пакой. На вялiкiм двухспальным ложку ў абдымку спалi Шаўцоў з Юляй. Ядзя выцягнула з сумачкi фотаапарат, прымацавала ўспышку i рыўком скiнула са спячых коўдру. Пакуль Шаўцоў уцямiў, што да чаго, справа была зроблена, i Ядзя, выходзячы з кватэры, наўмысна грэблiва кiнула:

– Заўтра фоткi лягуць на стол каму трэба…

…А праз два гады Шаўцова судзiлi. Ядзя праходзiла па справе сведкай. Муж усе махлярствы ўзяў на сябе, ды iнакш i быць не магло: ён, дырэктар, кiраваў гандлем, падпiсваў паперы, яму i адказваць. Калi шчыра, то Ядзя апошнiя паўгода чакала, калi Шаўцовым зацiкавяцца следчыя органы. Жыццё для яе ператварылася ў пакуту. Шаўцоў зусiм спiўся, i Ядзя не пярэчыла, слова супраць не сказала, нават садзейнiчала, трымала ў халадзiльнiку некалькi пляшак гарэлкi, каб Шаўцоў мог напiцца, не выходзячы з кватэры. Яна раўнадушна пiхала мужа да той мяжы, пераступiўшы якую, ён падаў на дно. Ёй было выгадна, каб Шаўцоў дэградзiраваў, але перад тым, як зрабiць гэты апошнi крок, ён павiнен узяць на сябе ўсе яе злачынствы. Дзiўна, але Ядзi нават падабалася назiраць за падзеннем Шаўцова, у гэтым яна чэрпала сiлу, веру ў свае жыццёвыя прынцыпы.

«Вось у што ператвараецца iнтэлiгентны чыстаплюй: толькi крышачку нацiснi на яго, i ён сам сябе згубiць…» – часцяком думала Ядзя, калi ў чарговы раз пераступала ў калiдоры цераз п’янага мужа.

У Шаўцова не было нi моцы, нi жадання супрацiўляцца жонцы. Неаднойчы ён наважваўся пайсцi ў пракуратуру, але стрымлiвала любоў да дачкi, смылела душа за далейшы лёс дзяўчынкi. Ён падпiсваў усё, што патрабавала Ядзя, моўчкi прыцiскаў пячатку на злашчасныя лiпавыя накладныя i дзiвiўся: чаму такi вiдавочны крадзеж не бачыць мiлiцыя? Шаўцоў перажыў страх выкрыцця, якi турбаваў спачатку, i калi яго арыштоўвалi, успрыняў усё як непазбежнае, звычайнае, нават адчуў незразумелую палёгку, якая нарэшце выслабанiла ад душэўных пакут. Але быць шчырым, прызнацца ўва ўсiх грахах не мог. Ён не мог расказаць пра д’ябалiцу-жонку, якая залавiла яго з прадаўшчыцай i пад страхам выкрыцця прымусiла красцi. Шаўцоў вельмi любiў дачку i для сябе даўно вырашыў, што, калi арыштуюць, за ўсё будзе адказваць адзiн.

I ўсё ж Ядзi прыйшлося пахвалявацца. Падчас вобыску ў кватэры, калi з секцыi пачалi выкладаць бялiзну, ад адной думкi, што могуць знайсцi схованку, нешта быццам абарвалася ўсярэдзiне, цела iмгненна зрабiлася непаслухмяным, у вачах замiтусiлiся, паплылi ценi мiлiцыянтаў. Але бяда абмiнула. I на гэты раз Ядзя засталася чыстай перад законам, ёй нават спачувалi, што муж гэтулькi накраў i ўсё прагуляў i прапiў. Шаўцоў атрымаў сем гадоў зняволення з канфiскацыяй маёмасцi. Толькi канфiскоўваць на той момант не было чаго, Ядзя ўвесь прыбытак ад злачыннай дзейнасцi ператварыла ў каштоўнасцi i надзейна схавала. Праўда, забралi машыну, але для яе гэта было дробяззю, такiх «жыгулёнкаў» пры жаданнi яна магла купiць не адзiн i не два…

Нарэшце Ядзя была вольная! Цяпер трэба толькi крышачку пачакаць, пакуль усе забудуцца на суд, i яна пачне жыць як хоча! Праз паўгода Ядзя скасавала шлюб з Шаўцовым, выпiсала яго з кватэры i адразу прыдбала пуцёўку на поўдзень, да мора, каб адпачыць i забыцца на ўсе нягоды. Яна зноў стала Ядзяй Купрэйчык! У дзень ад’езду нечакана, быццам снег на галаву, аб’явiўся Калеснiк. Ядзю ахапiла панiка: восем гадоў мiнула з iх апошняй сустрэчы, i вiзiт былога каханка нiчога добрага не абяцаў.

«Колькi Калеснiк спагонiць з мяне? – адразу падумала Ядзя пра грошы. – Пэўна, нямала… А раптам захоча забраць усё? Ён не зялёны лейтэнанцiк з мiлiцыi, якi падчас вобыску не заўважыў схованку ў секцыi. Гэты знойдзе i вытрасе ўсё да апошняга рублiка…»

Але Ядзя памылялася, Калеснiк нават не заiкнуўся пра грошы i наогул у першую сустрэчу паводзiў сябе падкрэслена суха, нават афiцыйна, быццам нiчога агульнага iх не звязвала. Гэтая сухасць нават ранiла Ядзiна самалюбства, але як толькi яна даведалася пра прычыну нечаканага вiзiту, забылася на ўсё i ледзь не кiнулася да былога каханка з пацалункамi. Ён прапанаваў ёй працаваць на гарадскiм кiрмашы. Ядзя адразу зразумела перавагi новай работы, тым больш на пасадзе намеснiка дырэктара, i не хавала радасцi. Яна нават пачала какетнiчаць з Калеснiкам, некалькi разоў узгадала пра ранейшае сумеснае жыццё, але былы каханак зрабiў выгляд, што не разумее яе даволi шчырых намёкаў. Ён пакiнуў Ядзi вiзiтоўку дырэктара кiрмаша Валасевiча i хуценька, унiкаючы Ядзiных позiркаў, развiтаўся.

Цяпер Ядзi было не да адпачынку. Яна здала бiлет на самалёт у касу i на другi дзень пасля сустрэчы з Калеснiкам была ў Валасевiча. Дырэктар выглядаў гадоў на пяцьдзясят, быў невысокi, шыракатвары, з тоўстым, як дуля, носам i маленькiмi шэрымi вочкамi, што хiтра пазiралi з-пад густых чорных броваў.

– Пiшыце заяву, – пачуўшы, хто раiць Ядзю, сказаў ён, пранiзлiва агледзеў будучага намеснiка з ног да галавы i задаволена кашлянуў у кулак: вiдавочна, яна яму падабалася.

– Адразу заяву? – не паверыла вушам Ядзя.

– Вы прыйшлi працаваць цi задаваць пытаннi? Калi ставiць пытаннi, то трэба ўладкоўвацца ў мiлiцыю, – твар дырэктара расплыўся ва ўсмешцы, ён быў задаволены сваiм жартам. – Мне рэкамендавалi Вас, Ядвiга Станiславаўна, як адукаванага, а галоўнае, надзейнага работнiка. Спадзяюся, мы паладзiм…

Вяртанне з апраметнай

Подняться наверх