Читать книгу Парыж, Эйфелева вежа і… - Виктор Правдин - Страница 2
Частка другая. НА ШЛЯХУ У ПАРЫЖ
Оглавление9
Гурскі быў з тых вадзіцеляў, для каго машына не проста каштоўная рэч, а прыяцель, нават сябра, ад якога не хаваеш настрою, з якім раішся, давяраеш патаемнае… І гэты металічны сябрук не перапыняе, не раіць і, галоўнае, не вучыць жыццю… Ён моўчкі слухае…
Якраз сягоння і быў той самы выпадак, калі змораная спусцелая душа жадала аднаго – выгаварыцца.
Яшчэ прыцемкамі Алесь выруліў з ціхіх вулачак на шырокую аўтастраду. Каб не мець непрыемнасцяў з ДАІ, устанавіў «круіз-кантроль – 90», уключыў дыск з сорак сёмым опусам Бетховена. Не звяртаючы аніякай увагі на ранішнія краявіды, на шэрае неба, якое няспешна прачыналася і як бы нехаця ссоўвала з сябе начны пухавік, сатканы з празрыстых аблачынак, амаль дзвесце кіламетраў выплюхваў з сябе надрыўны боль, даўкую нуду, едкую рэўнасць, карыў сябе за бязмерную сентыментальнасць да Люсі і братэрскі, гарачы давер да Андрэя…
Імклівая аўтастрада жыве па строгіх правілах і нікому не даруе абыякавых да сябе адносін. Перажыванні Алеся нечакана перапыніў роў сігналячых машын. Побач з яго «мерседэсам» прыпынілася «аўдзі», апусцілася шкло, і вадзіцель нешта закрычаў, пакруціў пальцам ля скроні. У Гурскага з вачэй быццам заслона ўпала. Ён, нечакана для сябе, убачыў, што едзе пасярэдзіне дарогі, па двайной раздзяляльнай паласе і паспешліва ўключыў аварыйны сігнал, выруліў на ўзбочыну і спыніўся. Разумеў, што, каб супакоіцца, трэба адпачыць, трэба з’ехаць з задымленай аўтастрады і знайсці ціхі куточак. Пажадана ў лесе ці на беразе ракі, яшчэ лепш каля возера, каб нейкі час пабыць на прыродзе. Так і зрабіў. На першым жа скрыжаванні з’ехаў на невядомую, даўно не рамантаваную трасучую дарогу. Доўга не мог выбраць месца для адпачынку, пакуль дарога не выпаўзла на пагорак і ён не убачыў вялікае возера, што тулілася зводдаль ад вёскі. Машына пабегла весялей, але шлях нечакана перапыніў статак кароў.
Жывёлы выбіраліся на асфальт з кустоў арэшніку, і здавалася, няма ім канца. Праз некалі мінут чырвоны «мерседэс» ператварыўся ў попельны. Некаторыя каровы спраўлялі патрэбу і хвастамі, быццам веерамі, размазвалі па машыне пырскі і іншае… Хтосьці цёрся бокам аб крыло, больш цікаўныя лізалі фары, шкло… Рабая жывёліна часала бок аб люстэрка, пакуль не зламала яго. Гурскі сігналіў, але ад гэтага мітусні не менела.
Нечакана перад машынай, як укапаная, стала вялізная бурая з адным надламаным рогам. Гурскі засігналіў, але карову гэта не напалохала, наадварот, у яе вачах бліснуў дзікі агонь. Бурая насупілася, злосна мыкнула, ажно пена пырснула з ляпы, лёгка прыўзнялася і ў наступнае імгненне пярэднія капыты ўперліся ў капот. Тонкае жалеза тут жа выгнулася, а карова, быццам выпрабоўваючы машыну на трываласць, некалькі разоў спружыніста пераступіла з нагі на нагу…
Гурскі разгубіўся, скамянелымі вачамі глядзеў на жывёлу і не ведаў, што рабіць. А бурая раўла, таўклася капытамі па машыне і чамусьці спрабавала дацягнуцца мордай да лабавога шкла, па ўсім, бачыла свой адбітак. Нечакана шкло гучна трэснула, як стрэліла, карова спуджана адхіснулася і ўжо мелася злезці на зямлю, як другая бурая з уздыбленым хвастом скокнула на яе ззаду, і цяпер ужо дзве каровы трэслі машыну, быццам недаспелы яблык на дрэве.
Алесь ўспомніў пра газавы пісталет, які трымаў дзеля аховы ў бардачку. Рука адразу намацала халодную рукаятку… Ён рашуча апусціў бакавое шкло, наставіў рулю на крыўдзіцеляў, але выстраліць не паспеў. У гэты момант тоўсты бізун са свістам упіўся ў спіны кароў, і праз мінуту парадак на дарозе быў адноўлены.
Калі Алесь агледзеў «мерседэс», сэрца сціснулася ад жалю. Некранутым застаўся толькі дах і цяпер, зусім не да месца, задзірліва блішчэў на сонцы чырвоным пералівістым перламутрам. А вінаватых не было… Яны, вінаватыя, ціха мэкаючы паважна сунуліся да кароўнікаў. Басаногі пастух, апрануты ў доўгі зялёны плашч з камплекту хімічнай абароны, быццам нічога не здарылася, цягнуўся за статкам і раз-пораз рассякаў паветра доўгай пугай. Гурскі яшчэ раз зірнуў на перапэцканую машыну і гнеўна крыкнуў услед статку, абыякаваму да ягоных праблем:
– Не, даражэнькія, гэтае дзярмо вы самі будзеце злізваць!.. Ён патэлефанаваў у ДАІ і доўга, блытана распавядаў аб сваёй бядзе, а дзяжурны ніяк не мог уцяміць дачынення міліцыі да скасавання шлюбу… Парыжа… выпацканай машыны…
10
Алесь, не зважаючы на чаргу ў прыёмнай, уварваўся ў кабінет Дабрынкіна, кіраўніка калгаса «Новы шлях». І назву калгаса, і прозвішча старшыні Гурскі прачытаў на шыльдзе за тыя некалькі крокаў, што зрабіў да начальніцкага кабінету. І сакратарку, і людзей ў чарзе Гурскі не здзівіў, яго быццам тут ведалі і нават чакалі. Ніхто не запярэчыў ягонай нахабнай бесцырымоннасці, толькі жанчыны зашапталі ў спіну, але так, каб пачулі ўсе:
– Шапка не зваліцца, калі чалавек павітаецца…
– І карова не бык… Які гаспадар недаглядзіць, той яна і на чырвонае скокне…
У кабінеце Гурскі і слова не паспеў сказаць, як лысы невысокі таўстун, гадоў сарака, у зялёным гарнітуры з дэпутацкім значком раённага савету на лацкане, выкуліўся з-за стала, заспяшаўся насустрач:
– Ведаем, ведаем Вашу бяду… – ён ухапіў руку Гурскага, моцна сціснуў. – Машына застрахаваная?.. Але што пытацца, гэткая тэхніка павінна ад усяго быць застрахаванай!.. А Вы сядайце, у нагах, як кажуць…
Ён амаль сілай усадзіў Гурскага ў праседжанае крэсла каля часопіснага століка, сам уладкаваўся насупраць і, не азіраючыся на дзверы, уладарна загадаў:
– Манька, гарбаткі падай! Сваёй, фірменнай!
Старшыня выцягнуў з кішэні насоўку, выцер спатнелы твар, шыю і памякчэлым голасам дадаў:
– І дзверы зачыні!.. У баб вушы цалейшыя будуць…
Пачуўшы пра вушы, Алесь машынальна зірнуўся. І сапраўды: усе, хто быў у прыёмнай, цяпер стаялі ў дзвярным праёме і, не хаваючы цікаўнасці, разглядвалі госця, перашэптваліся. За спінамі высілася вусатая галава мужчыны з патухлай цыгаркай ў роце. Паперадзе – высокая хударлявая сакратарка з тоўстай русай касой на ледзь прыкметных вострых грудзях. Моцна сціснутыя кулачкі і асабліва вочы, непакорныя і жорсткія, не прадказвалі нічога добрага. Жанчына надрыўна ўздыхнула і скорагаворкай выпаліла:
– Колькі разоў казаць: дома – Манька, на рабоце – Марыя Сцяпанаўна!..
Наведвальнікаў, што таўкліся за яе спінай, быццам ветрам здзьмула. І своечасова. Сакратарка крутнулася, відавочна, ёй заўсёды было на кім спагнаць злосць, але, не ўбачыўшы сялян, выйшла, моцна грукнуўшы дзвярмі.
Старшыня шчыра рассмяяўся, вялікі жывот неяк ненатуральна затузаўся, курносы твар запунсавеўся, і ён стаў падобны да добрага смяшлівага клоуна.
«Вось і разгадка прозвішча старшыні», – падумаў Гурскі і выцягнуў з кішэні складзены міліцыяй пратакол дарожнага здарэння. Але гаспадар не хацеў выпускаць з рук ініцыятыву. Ён імгненна пасур’ёзнеў, устаў, тузануў крыссе пінжака і па-ваеннаму прадставіўся:
– Дабрынкін Дзмітрый Дзмітрыевіч… Можна проста – Дзім Дзімыч… Старшыня сельскагаспадарчага унітарнага прадпрыемства «Новы Шлях» і… – Дабрынкін трошкі сумеўся, кашлянуў у кулак, дадаў: – Па сумяшчальніцтве, так сказаць, – муж… жанчыны з касой… І, думаю, гарбаткі фірменнай не будзе…
– Гурскі Алесь Пятровіч, – задаволены тым, што гаворка прымае дзелавы кірунак, прадставіўся Алесь. – А я, так сказаць, пацярпелы… Вось акт дарожна-транспартнага здарэння… Праўда, вінаватага не знайшлі, але ён Ваш…
– Ведаю, усё ведаю… Пастухом парушаны дваццаць першы артыкул Правілаў дарожнага руху, – твар старшыні расплыўся ў шырокай мядовай усмешцы. – Такога ўзроўню бізнесмен, а нашыя каровы зблыталі ўсе планы. Толькі раптам гэта знак з неба?!
– Пакінем знакі ў спакоі, іх месца ў правілах дарожнага руху, а я вымушаны падаць на вас у суд, – перапыніў шматслоўнага старшыню Гурскі; гэтая непрыхаваная радасць была незразумелай і пачынала трывожыць. – Правілы дарожнага руху я не парушыў, але пацярпеў… І матэрыяльна, і маральна…
У гэты момант рыпучыя дзверы расчыніліся, і на парозе з’явілася сакратарка з бліскучым падносам у руках. Дабрынкін падхапіўся насустрач:
– Марыя Сцяпанаўна!.. Вось малайца, уважыла дык уважыла… І гарбатка фірменная, і піражкі, і мядок…
– Госця частуй… це, – ставячы частаванне на столік, холадна сказала жанчына і, прыхільна зірнуўшы на Гурскага, меладычным галаском дадала: – Калі ласка – піражкі… І з мясам, і з капустай, і з цукатамі… Усё свежанькае, хатняга гатунку…
– А з тваражком?.. Мае любімыя?.. – па-дзіцячы шчыра запытаўся Дабрынкін.
– Дома пра любімае пагаворым, – строга адказала сакратарка, рэзкім рухам адкінула касу на спіну, расправіла плечы і з высока ўзнятай галавой пайшла на выхад; каля мужа прыпынілася, ціха прашаптала: – За Ціханам паслала…
Пачуўшы пра нейкага Ціхана, Гурскі зразумеў, што сямейнікі наўмысна цягнуць час, таму і арганізавалі перад ім нейкі спектакль, забаўку. Але дзеля чаго?
Ужо двойчы за дзень ён перасіліў сябе і не выклікаў адваката. Першы раз – калі складалі паперы аб здарэнні, другі – цяпер…
Стрымлівала тое, што ён папярэдзіў, не, загадаў падначаленым, каб у адпачынку не шукалі, і заблакіраваў тэлефоны. Адступіцца ад свайго слова – значыць, паказаць машыну і зняславіць сябе, стаць «героем» для перасмешнікаў… Яму рабілася блага ад адной толькі думкі, што Люся і Андрэй могуць даведацца пра выпадак на дарозе, пра загаджаную нечыстотамі машыну і, што яшчэ горш, здымкі трапяць у інтэрнэт…
«Што ж, згуляю па правілах Дабрынкіна, – вырашыў Алесь, – паездка ў Парыж трошкі пачакае. Зрэшты, шэнгенская віза ёсць, а ў Еўропу трапіць магу без прыгод і клопатаў аўтобусам праз Прыбалтыку. А там да Парыжа хоць цягніком, хоць самалётам. А каб не парушаць задуманае, вазьму машыну напракат – і сам сабе гаспадар».
– Алесь Пятровіч, – парушыў неспакойныя думкі Дабрынкін, – можа, да піражкоў медавухі асабістага гатавання?
– Не-не, – запярэчыў Алесь. – Спярша справа, астатняе потым, канешне, калі ў Вас жаданне не прападзе…
Спахмурнелы Дабрынкін, не звяртаючы ўвагі на пярэчанні Гурскага, дастаў з сейфа дзве чаркі і пузаты графін з доўгім рыльцам і шкляным чырвоным коркам:
– Пужаць, Алесь Пятровіч, не трэба. Праблему вырашым хутка і па законе, а стрэс усё ж зняць трэба, што мы, нелюдзі нейкія?
Нечакана Алесь дапетрыў, зразумеў прычыну празмернага прымусу на выпіўку і вырашыў падыграць хітруну.
– Ну, і яно сабе, – Гурскі весела падміргнуў Дабрынкіну, – зрэшты, сягонняшні дзень дадаў праблем… Можна і выпіць, як Вы кажаце, стрэс зняць… А Парыж пачакае, не апошні дзень жывём…
– Вось гэта па-нашаму, – імгненна павесялеў старшыня і, напаўняючы чаркі, з насцярожлівай усмешкай дадаў: – Нам трэба паразумецца… А потым мясціны ў нас не горшыя за той Парыж… І сустракаць умеем, як ніхто, і весяліцца…
– Што-што, а сустракаць і сапраўды умееце, – рассмяяўся Алесь.
– Думаю, гэты канфуз – яшчэ не канфуз, – уздымаючы чарку, ціха сказаў Дабрынкін, – вып’ем за сустрэчу… І не хвалюйцеся, вінаватага знойдзем, хто часнок еў, той смярдзець будзе…
Алесь зрабіў невялікі глыток цёмнага бурштынавага напою і, здзіўлена зірнуўшы на гаспадара, вынес вердыкт:
– Моцная, смачная, пахучая, адным словам, фірма.
Пачуўшы пахвальбу, Дабрыкін шчасліва рассмяяўся:
– Бабуля траўніца была, ад яе рэцэпт застаўся… Яшчэ па адной?..
– Налівайце, – пагадзіўся Гурскі і, каб надалей не было непаразумення, дадаў: – Смярдзець часнаком не буду…
– У настойцы няма часнаку, – насцярожыўся Дабрынкін і праз імгненне, зразумеўшы насмешку Гурскага, ускрыкнуў: – Дрэнна Вы, Алесь Пятровіч, пра нас думаеце!
– Слоў няма, настойка смачная і, відаць, калі не злоўжываць, для здароўя карысная, – Гурскі перапыніў суразмоўцу і катэгарычна заявіў: – За рулём быў цвярозы, і абвінаваціць мяне ў дарожна-транспартным здарэнні не атрымаецца: тэст на алкаголь здаў адразу, і ён адмоўны…
Дабрынкін паставіў чарку на стол, выцягнуў з шуфляды некалькі паперак, холадна сказаў:
– Што ж, як кажуць, закончым баль і дудкі ў торбу… Чытайце, пан Гурскі, гэта копіі дакументаў… Ёсць і акт, пра які гамоніце…
Гурскі адчуў сябе па меншай меры ніякавата. Перад ім і сапраўды ляжалі паперы з дарожнага здарэння.
– Адкуль гэта?.. Чаму адразу не сказалі? Я звычайны бізнесмен і не разумею вашай мясцовай мітусні…
– Вы, Алесь Пятровіч, не крыўдуйце. Звычайныя бізнесмены – гэта пра нас, – Дабрынкін устаў, падышоў да вакна і, нешта выглядваючы на вуліцы, ужо спакойным голасам працягваў: – У вёсцы ўсе трошкі бізнесмены… У выхадныя нясём хто на кірмаш, хто да дарогі і яйкі, і бульбу, і сала, і мядок… Карацей, нясём, што расце ў лесе і агародзе, што квохча, рохкае, пішчыць, мычыць у хлявах. Купляюць… Праўда, ёсць Юрка-жабнік. Чалавек, як кажуць, што ступіў, то і награшыў… І раптам камерцыяй заняўся. Калісьці тут маёнтак быў, пан з французамі бізнес ладзіў… Развёў жаб, якраз тых, што да іхняга стала. Пана даўно няма, а жабы распладзіліся. Дзятва іх збірае і Юрку цягне за капейкі, а ён жывы тавар аддае ў Мінск у рэстараны, дзе французская кухня ёсць. Спярша сяляне смяяліся з гэткага бізнесу, а жабнік дом трохпавярховы пабудаваў, машыну купіў, балота і былыя торфараспрацоўкі арэндаваў. І выйшаў разлад. Як у той прымаўцы: «Аднаго Юрку ўпусцілі, дык уся хата заюрылася». Шмат хто кінуўся тых жаб лавіць…
– Маладзец жабнік! – губляючы цярпенне, выпаліў Гурскі. – Сапраўдны бізнесмен з паветра капейку выцягне. Але што Юрка? Маёй справай займіцеся!..
– Мы, – Дабрынкін зірнуў на гадзіннік, – амаль тры гадзіны займаемся вашай праблемай, і можаце не хвалявацца, машына будзе як новенькая, не пазнаеце. А вось мяне цікавяць сягонняшнія алігархі… Ці думаеце вы аб хлебаробе, аб дзецях нашых, якіх жыццю вучыць спекулянцкая філасофія?..
– Чорт ведае што! – ускрыкнуў Гурскі. – Развялі дэмагогію, зубы загаворваеце, а тым часам нехта «мерседэс» рамантуе?
У вокны зазірнула аслабелае за дзень абыякавае сонца, і ў гэты момант надрыўна рыпнулі дзверы, у кабінеце неяк адразу пацямнела. Аграмаднага росту мядзведзяваты барадаты чалавек гадоў шасьцідзесяці пяці у зялёным плашчы да самых пят уваліўся ў пакой. Ён зрабіў некалькі цяжкіх крокаў, правёў далонню па кучаравай сіваватай барадзе і з трывогай у голасе праракатаў:
– Дзімка, у дарожным здарэнні сто працэнтаў мая віна… «Мерседэс» аднаўлю… Трэба новае лабавое шкло і правае люстэрка. Мо Юрку папросіш у Мінск зганяць?
– Не Дзімка, а…
– Вы мяне што, за дурня трымаеце? – ускіпеў Алесь. – На месцы здарэння гэтага чалавека не было… Плашч той самы, а пастух быў удвая меншы.
Ён больш не хацеў слухаць дабрынкінскае словаблудства і, падышоўшы да барадатага, трошкі цішэй дадаў:
– І не толькі пастух вінаваты! Так, Дзмітрый Дзмітрыевіч? Прачытайце шаноўнаму, што ў акце напісана…
– Ты, Сцяпан Іванавіч, ідзі і не хвалюйся… Усё будзе о’кей, – хаваючы ў сейф графін з настойкай, паспрабаваў супакоіць пастуха Дабрынкін.
– Што значыць «ідзі»? – набатам пад самай столлю прагучаў сярдзіты голас пастуха; ён зрабіў нервовы крок наперад, у глыбока запалых насцярожаных вачах мільгануў рашучы нядобры агеньчык. – Сказаў зраблю, значыць, зраблю!..
Пастух нічога больш сказаць не паспеў. Сакратарка хуценька забегла ў пакой, учапілася ў плашч і пацягнула волата да дзвярэй.
– Тата, пойдзем. Дзіма ўсё зробіць. Зробіць, як ты хочаш… І з Юркам пагаворыць…
Убачыўшы жанчыну, пастух імгненна ўнурыў галаву ў плечы і ціха паплёўся на выхад. Старшыня з палёгкай ўздыхнуў, выцер насоўкай твар, шыю і выцягнуў з кішэні мабільны тэлефон.
– Нікому тэлефанаваць не трэба, я выклічу эвакуатар з Мінска, з сервіснага цэнтра, – катэгарычна заявіў Гурскі.
– Позна эвакуіраваць… – данёсся з калідору грамавы голас.
– Два мядзведзі ў адной бярлозе не месцяцца, – горка прамовіў Дабрынкін і нечакана прапанаваў: – Алесь Пятровіч, пойдзем на мехдвор, там і вырашым, што рабіць: выклікаць эвакуатар, рамантаваць машыну ці судзіцца… А мо грошамі возьмеце?.. Дасталі… Я на ўсё згодны…
– Што значыць «дасталі»?.. І як гэта, позна эвакуіраваць? – гнеўна абурыўся Гурскі. – Знявагу цярпець не буду. І я Вам не мядзведзь!..
– Вы ні пры чым, – паспрабаваў усміхнуцца старшыня. – Доля прымацкая – доля сабачая… Пастух – цесць… Мядзведзі, бярлога – гэта пра мяне і яго… А статак кароў мая дачка пераганяла, дзеда падмяняла… Хоць круць-верць, хоць верць-круць, а перад Вамі мая віна… І як бацькі, і як старшыні…
– Занадта ўсё заблытана і незразумела, – насцярожана сказаў Алесь. – Старшыня ды ў прымаках?.. Не верыцца… А цесць на самай справе хто?.. Сцяпан або Ціхан?..
– Што тут незразумелага? – прымірэнчым тонам буркнуў Дабрынкін. – Сцяпан – імя, Ціхан – прозвішча… У вочы – Сцяпан Іванавіч, за вочы – Ціхан. Я ў калгасе трэці год і пакуль сваёй хаты не маю, жыву ў жончыных бацькоў. Адным словам, прымак. Што цесць зрабіў з машынай – дай Бог чутае бачыць… А шкло і люстэрка мы новыя купім…
Гурскі нечакана адчуў сябе падманутым, загнаным у кут. Само склалася ці Дабрынкін наўмысна склаў абставіны так, што цяпер Алесь вымушаны прытрымлівацца правіл з выгляду добранькага, часам празмерна ўслужлівага старшыні? А яшчэ гэты мядзведзяваты цесць… Няўжо ён насамрэч задумаў адрамантаваць «мерседэс»?.. Але выбару ўжо не было.
– І сапраўды, – заспяшаўся Гурскі, – хачу паглядзець на сваю машыну і, зрэшты, скончыць гэты маскарад…
11
Спякотны летні дзень паціху саступаў месца мяккаму цёпламу вечару, і лёгкі ласкавы вятрыска ўжо навейваў з блізкага возера ледзь улоўную прахалоду. Пасля душнага кабінета Гурскаму нечакана захацелася кінуцца, нырнуць у серабрыстую азёрную прахалоду і плыць пад вадой да стомы, плыць, на колькі хопіць дыхання.
– Эх, добра было б пакупацца, – быццам адчуўшы настрой Алеся, ажывіўся Дабрынкін, – вадзічка што трэба… І стому знімае, і настрой паляпшае.
– Спярша ў майстэрню, а потым відаць будзе, – рэзка адмовіўся Гурскі.
Пры іншых абставінах ён першы прапанаваў бы пайсці на возера, але цяпер нават у дробязях не хацеў пагаджацца з Дабрынкіным.
– Калі так, мой конь напагатове, – з напускной бравадай сказаў старшыня і накіраваўся ў двор канторы, дзе ў цяньку пад разгалістым дубам чорнай маціцай задзірліва пабліскваў новенькі «крайслер».
– Ого! – не стрымаў захаплення Гурскі. – Аказваецца, у гаспадарцы не так усё і кепска… Толькі чаму хаваеце?
– З песні слоў не выкінеш, – імгненна спахмурнеў Дабрынін. – «Крайслер» – aспадчына папярэдніка… Каб яму добра было ў тых дэпутатах! Спадчыну пакінуў, як свінню падлажыў. Перад людзьмі сорамна… Гаспадарка на ладан дыхала, а ён толькі каб сябе паказаць… Вось і хаваю.
– Не трэба – прадайце, – з падножкі зазіраючы ў салон, прапанаваў Алесь, – машына павінна ездзіць… А ў дэпутаты, наколькі мне вядома, лепшых выбіраюць.
– А Вы купіце? – узрадавана ўскрыкнуў Дабрынкін.
– Не-е, – адмахнуўся Гурскі, – у маім выпадку машына не раскоша, а паўнапраўны сябра фірмы, яна павінна прыносіць грошы… Вашу прадстаўнічай не назавеш, а трымаць дзеля выезду на рыбалку ці паляванне і сапраўды вялікая раскоша.
– Вы не першы, хто ў захапленні ад «крайслера», а каб купіць – не. Што ж, буду чакаць і шукаць пакупніка, – Дабрынкін перакінуў з рукі на руку ключы ад машыны і асцярожна, хітра ціхім голасам зазначыў: – Калі ехаць у аб’езд, тры кіламетры, калі пешкі нацянькі – метраў трыста…
– Наўпрост хутчэй, значыць, лепш, – імгненна пагадзіўся Алесь.
Сказаў і здзівіўся: яго больш не раздражнялі непрыхаваныя вясковыя хітрыкі Дабрынкіна. Канешне, дабрынкінскія трыста метраў, па меншай меры, расцягнуліся на кіламетр, але Гурскі быў задаволены. Напэўна, упершыню ў жыцці ён уздыхнуў на поўныя грудзі, дыхаў і не мог надыхацца чыстым вольным паветрам, набрынялым водарам лугавых траў. З лесу побач патыхала прахалодай, чаборам, хвояй, і гэты водар скалануў сэрца, жывіцай напоўніў спусцелую душу. Алесь не стрымаўся, скінуў абутак і няспешна басанож пасунуўся па цёплай, казытлівай траве. Нечакана амаль з-пад самых ног выпырхнуў жаўрук, і праз імгненне над галавой не ў пару разлілася звонкая пераліўчатая трэль. І штосьці ў душы Алеся як надламалася, здалося, што ўжо некалі быў на гэткім лузе, бегаў пад дажджом і сонцам, ляжаў у пахучай траве з заплюшчанымі вачыма, абласканы сонцам і ветрам… Калісьці ён быў вольны, як гэтыя жаўрукі, і шчаслівы…
Алесь не заўважыў, як разам адступілі праблемы. Не, яны не адступілі, яны здаліся мізэрнымі, амаль нікчэмнымі ў параўнанні з пачуццём поўнай душэўнай свабоды. Нечакана ён зразумеў, што ўсё перажытае – і здрадніца-жонка, і хлуслівы брат, і нават бізнес – былі дарогай да гэтага поля, лесу, возера… Быццам жыў не сваім жыццём, і нудны тупы боль, што пастаянна мучыў, апекаваў душу, як каштоўны крышталёвы сасуд, раптам пякучымі міжвольнымі слязамі радасці вырваўся на волю. Алесь стаяў сярод поля і бязгучна плакаў. Плакаў і дзякаваў Богу, што з усіх дарог выбраў дарогу са статкам кароў. У гэтую хвіліну ён быў гатовы расцалаваць прыцісклівага таўстуна Дабрынкіна толькі за тое, што старшыня пашкадаваў машыну і павёў пешкі.
Дабрынкін не прыспешваў госця. Ён прысеў каля вялікага валуна на ўскрайку поля і моўчкі чакаў, калі капрызны багацей нацешыцца. Сонца за дзень нагрэла камень, і Дзмітрый Дзмітрыевіч з асалодай прытуліўся спінай да цёплай шурпатай паверхні.
«Не, не зразумець мне гарадскіх багацеяў, – прыплюснуўшы вейкі, думаў старшыня. – Гурскі гаворыць, а напэўна, і думае, што ў дэпутатах лепшыя гаспадарнікі… Ды там іх, лепшых гаспадарнікаў, зусім не павінна быць… Лепшыя абавязаны на зямлі працаваць, народ карміць… Зрэшты, калі ты падняў гаспадарку да такой вышыні, што зарплата ў сялян вышэй сталічнай і моладзь не бяжыць у горад за лепшай доляй, калі ў аддзеле кадраў чэргі на месца даярак і механізатараў, калі адчуваеш, што больш для людзей нічога не зробіш, ідзі ў дэпутаты, пішы правільныя законы. Канешне, пры ўмове, што талковую змену падрыхтаваў, выхаваў і ўпэўнены, што наступнікі не кінуцца набіваць кішэні свае і ўсёй радні, што не спусцяць справу ў трубу. Бач, аргумент знайшоў, людзі галасуюць!.. Разумны чалавек, а не можа дапетрыць, што часцяком галасуюць ад бязвыхаднасці, абы пазбавіцца… А потым, хто і як тыя галасы лічыць?.. Дый сам яшчэ той гусак!.. Уварваўся ў кантору, быццам канец свету ўбачыў… Паперкі торкае, пагражае… Губы ад злосці трасуцца… А цяпер во басанож кружыць па полі – і нічога не трэба. Але хіба яму галава баліць пра надоі малака?.. Жніво?.. Хіба думае пра афрыканскую чуму свіней, што ўжо гаспадарыць ў суседнім раёне, а заўтра і мая ферма ў дваццаць тысяч галоў можа згарэць сінім полымем? А мо думае пра кармы, сілас на зіму для каровак?.. Бач, машыну запаскудзілі!.. Сам вінаваты!.. Чаго пёрся ў статак?.. Стань, прапусці… Папрывыкалі, каб усе дарогу саступалі! Пыхі да неба… Хочуць скрозь быць першымі… Я з ім, быццам з немаўляці, цэлы дзень гушкаюся… Што, работы іншай няма?.. Але чаму гарадскіх?.. Наш мясцовы Юрка-жабнік як дзве кроплі вады падобны да гэтага Гурскага. Гаворкі няма, толькі крык, быццам людзі паглухлі… Раней чалавека зусім не чуваць было, а цяпер у адным канцы вёскі рэй вядзе, а ў другім – бабы вокны ў хатах прачыняюць, каб паслухаць ды пасмяяцца з розных глупстваў. Гэта ж трэба дадумацца, каб запрашаць экстрасэнсаў на балота, ў засуху дождж выклікаць… Папуляцыя «французскіх» жаб зменшылася, дык пагода вінаватая?.. Не, шаноўны, гэта зайздрасць, яна, прайдоха, запаланіла душу і гімн пяе загане… Мне і вяскоўцам вушы прагудзеў, што нехта з хаўруснікаў па бізнесе дом купіў на Балі. Загарэўся, маўляў, ён не горшы, жаб пачаў выграбаць падчыстую. Але ж бяздоннай бочкі не напоўніш… На Балі, канешне, не хапіла, а папуляцыю амаль звёў. Эколагі ўмяшаліся, аштрафавалі, прымусілі папуляцыю аднавіць, а гэта, лічы, прагарэў бізнес, бо не прывык у нешта укладвацца».
Дабрынкін схамянуўся, агледзеў поле і, не ўбачыўшы Гурскага, падхапіўся на ногі.
– Ну што за дзень такі? – горка прамовіў старшыня. – Чалавека вочы водзяць, а гэтага алігарха – нячыстая… На хвіліну прыснуў, а яго і след прастыў…
Ён подбегам вярнуўся да таго месца, дзе кружыў Алесь, спадзяваўся знайсці Гурскага ляжачым у траве, але яго не было.
– Э-эй, Алесь Пятровіч, дзе Вы? – гукнуў Дабрынкін, але ў адказ толькі сабачы брэх з вёскі.
Алесь даволі хутка ачуняў ад нечакана нахлынуўшага ці то раскаяння, ці то шкадобы да сябе. Будзіць разамлелага на сонцы Дабрынкіна не стаў, прайшоў міма валуна, па ледзь прыкметнай сцежцы ўскараскаўся на вялікі пагорак і адразу ўбачыў майстэрні. Тры вялікія незавершаныя пабудовы без дзвярэй і акон, абнесеныя драцяным іржавым плотам, месціліся, і сапраўды, далекавата ад вёскі і блізка да лесу. Каля іх гарбаціліся кучы пяску і рознага будаўнічага друзу. Праз некалькі мінут Гурскі падышоў да варот, скінутых з завесаў, і раптам з перакошанай, наспех збітай драўлянай будкі, махаючы рукамі, выбег чарнявы невысокі чалавек у стракатай квяцістай цюбецейцы на галаве.
– Таварыш, сюдой не хады, дырка в забор хады, – з азіяцкім акцэнтам выпаліў чарнявы і, раскінуўшы рукі ўшыркі, амаль закрычаў: – Сюда апасна… – ён ускінуў рукі ўгору і паказаў на высачэзны шлагбаум. – Ветер дует – палка падает… Ой, савсем плохо будзет голова… Дырка в забор не апасна… Туда хады…
Алесь, з асцярогай пазіраючы больш на азіята, чым на шлагбаум, прайшоў на мехдвор праз «дырка», на якую паказваў вартаўнік.
Пустыя пабудовы, гэткі ж пусты панадворак, толькі тры старыя камбайны сіратліва туліліся каля аднаго з ангараў. Каля тэхнікі некалькі чалавек у зашмальцаваных камбінезонах і адзін у белай караткаватай тэнісцы, якая не магла схаваць вялікага жывата, аб нечым спрачаліся. Чалавек у тэнісцы нешта даказваў, махаў рукамі, торкаў пальцам угору, маўляў, пагода вінаватая ці начальству лепш відаць, але, убачыўшы незнаёмца, усе сціхлі.
За спінай пачуліся крокі, Алесь азірнуўся.
– Інжынер ваюе, – шырокай шчаслівай усмешкай расплыўся Дабрынкін і, трошкі аддыхаўшыся, дадаў: – Алесь Пятровіч, вырашылі без мяне майстэрню наведаць?
– Вы гэтак салодка спалі… Напэўна, і сапраўды прымацкае жыццё не мёд… – не вытрымаў, падкузьміў старшыню Гурскі.
– Салодкага, канешне, мала, але ж і ў прымакі не кожнага прымаюць, – з хітрынкай у вачах парыраваў насмешку Дабрынкін.
– Тры камбайны?.. І гэта ўсё, што мае гаспадарка? – паспешліва змяніў тэму гаворкі Гурскі і імгненна пашкадаваў: шматслоўны Дабрынкін быццам чакаў гэтага пытання.
– Што-нішто з тэхнікі ў старой майстэрні… Сюды ж пераганяем толькі новае ці адрамантаванае, – цяжка ўздыхнуў старшыня і заклапочана дадаў: – Камбайны падрыхтавалі, а да канца жніва хоць бы адзін дацягнуў. Ураджай плануем сабраць неблагі, канешне, калі пагода не падпаскудзіць… Толькі наш канёк – малако, мяса і…
– Дзім Дзімыч!
Надрыўна гукнуў інжынер, і дабрынкіскае «і» быццам завісла ў паветры. Расчырванелыя трактарысты рашуча падыходзілі да старшыні, следам сунуўся пахмурны інжынер.
– Дзім Дзімыч, хоць Вы растлумачце сітуацыю з новай тэхнікай, – умольна крыкнуў інжынер. – Нічога слухаць не хочуць… Вынь да палож… Аргументаў не хапае…
– Аргументаў у яго не хапае! – незадаволена шэптам перадражніў інжынера Дабрынкін. – Дэмагог! Людзі працаваць прыйшлі, а не аргументы слухаць, – ён зірнуў на Гурскага: – Алесь Пятровіч, пару хвілін пачакаеце?
– Пачакаю, – згодна кіўнуў Алесь і міжвольна зірнуў на сонца, якое няўмольна кацілася да гарызонту.
Старшыня заўважыў гэты нецярплівы позірк і ўжо на хаду, думаючы пра нешта сваё, машынальна абнадзеіў:
– За машыну не хвалюйцеся: Ціхан паабяцаў – Ціхан зробіць! – Дабрынкін зрабіў некалькі крокаў насустрач трактарыстам, рэзка крутнуўся і, спрабуючы суцешыць Гурскага, амаль па-сяброўску сказаў: – Алесь Пятровіч, наконт начлегу… Да сябе па вядомай прычыне не запрашаю, а ў Лявоніхі хата каля самага возера, Вам спадабаецца… Гаспадыня пра Вас ведае і чакае.
Алесь некалькі хвілін вагаўся. Яму і грознага Ціхана карцела знайсці, і гаворку Дабрынкіна з трактарыстамі паслухаць. Другое перасіліла. Ён з нуля падымаў сваю фірму, і адносіны з людзьмі, асабліва падначаленымі, не заўсёды складваліся спрыяльна. Хацелася паглядзець на Дабрынкіна ў атачэнні працоўнага люду. Але больш за ўсё хацелася як мага даўжэй захаваць душэўную раўнавагу, што гэтак нечакана ахінула душу. Ён не хацеў больш перажываць аніякіх стрэсавых сітуацый, а што наперадзе чакае менавіта чарговае ўзрушэнне, ні кропелькі не сумняваўся. Таму і застаўся чакаць Дабрынкіна.
Цяпер Дабрынкін не выглядаў гэткім прастачком, здавалася, нават ростам пабольшаў, гаварыў гучна, упэўнена:
– На апошнім агульным сходзе мы, а дакладней вы, прагаласавалі за тое, каб выціснуць з тэхнікі ўсё магчымае і не магчымае, а толькі потым, аднавіўшы пагалоўе жывёлы, дабудаваўшы фермы, майстэрні і аграгарадок, думаць пра новыя трактары і камбайны.
– На гэтых, – адзін з трактарыстаў махнуў рукой на старыя камбайны, – і на чай не заробіш… Як сям’ю карміць?..
– Мы газеты чытаем і ведаем, што ў Лацянкова з Бялыніцкага раёна механізатары атрымоўваюць міністэрскую зарплату, – няўпэўнена пераступіўшы з нагі на нагу, выпаліў трактарыст з чырвоным тварам і чорнымі акулярамі на носе.
– А яшчэ ў іх масла хлебам мажуць! – ва ўнісон пачутаму паблажліва пакпіў з трактарыста старшыня і сурова дадаў: – У чужой кішэні лёгка грошыкі лічыць, ад зайздрасці багатым не станеш… А калі хочаш міністэрскі заробак, ідзі ў міністры…
– Ха-ха-ха, – дружна зарагаталі трактарысты, – наш Федзька ў міністэрскім крэсле…
Перасільваючы смех, хтосьці перадражніў дыктара радыё:
– Увага, увага, гаворыць беларускае радыё, перадаём апошнія звесткі з палёў… Сягоння Фёдар Дустаў паддаў, падсыпаў дусту Дабрынкіну, старшыні сельскагаспадарчага прадпрыемства «Новы шлях»…
– Ха-ха-ха…
З высокіх бяроз, што раслі непадалёк, узнялася чарада перапужаных крыклівых варон. Гэта зрабіла гаворку зусім жартаўлівай.
– А вось і электарат новаспечанага міністра, – прабасіў трактарыст, які гаварыў пра сям’ю.
– Электарат крыклівы, бесцырымонны і развязны, як і будучы міністр, – дадаў інжынер.
Трактарысты за словам у кішэнь не лезлі, жарты, кпіны сыпаліся з усіх бакоў. Рагаталі доўга да слёз, і нават Федзя, зняўшы акуляры, далонню цёр вочы. Калі смех пачаў аціхаць, Дабрынкін нечакана для ўсіх запытаўся:
– А што, мужыкі? Мо сапраўды пусцім фермы пад нож і будзем катацца на новай тэхніцы?
Трактарысты імгненна прыціхлі, нехта заклапочана запытаўся:
– Праесці нядоўга, а потым што? Недзе людзі працуюць і добра зарабляюць, а мы?.. Хіба з іншага цеста?.. Лайдакі і абібокі?..
– Як кажуць, не ў брыво, а ў вока… На гэта з наскоку і не адкажаш… Дый адна ластаўка вясны не робіць… Як жыць і працаваць далей, талакой вырашаць будзем… Праз два дні на сходзе, – стрымана ўсміхнуўся старшыня і, хітравата зірнуўшы на суразмоўцаў, ажывіўся: – А я згодны, што без новай тэхнікі на ногі не станем. Толькі каму на ёй працаваць? Вось ты, Фёдар Дустаў, – Дабрынкін тыцнуў пальцам трактарыста ў грудзі, – табе можна даверыць магутны John Deere апошняй мадыфікацыі, а можа, нават GLASS?
– А што?.. І паеду!.. – трактарыст зняў акуляры, расправіў плечы, фанабэрліва зірнуў на прысутных і дадаў: – Кніжкі пачытаю і паеду.
– Што-што, а ездзіць ты зух, штомесяц тармазныя калодкі мяняем, – загарачыўся інжынер. – Болт не знойдзеш і не закруціш, пакуль механік не паднясе.
– Кожны жыве сваім мазалём, не трэба валіць з хворай галавы на здаровую, – загарачыўся трактарыст. – Дарма і каза не скача… Няхай механік даплачвае, калі не спраўляецца… А што тычыцца тэхнікі, то і наш «Беларус» той самай апошняй мадыфікацыі – не горшы, а «Палессе» пры правільнай эксплуатацыі пераплюне замежныя… Гэта ж трэба так трактар назваць: «Вызвалі звера»?.. Наш «Беларус» і ў Афрыцы з космасу разгледзець можна, зразумела, адкуль ён…
Гурскі кашлянуў у кулак, нагадаў аб сабе, і старшыня імгненна прыпыніў гаворку. Спрачацца і высвятляць адносіны не было жадання, наперад ведаў, у чым абвінавацяць і механіка, і яго, увогуле ўсё начальства, без выключэння…
– Вы, мужыкі, не мітынгуйце, паберажыце сілы, – Дабрынкін, як прыяцель, паляпаў па плячы ўзбуджанага трактарыста. – Пагаворым на агульным сходзе не толькі пра набалелае…
12
– Насця, будзем дзядулю карміць, – выцягваючы з печы чыгункі з супам і кашай гукнула Сцяпаніха ўнучку і, не дачакаўшыся адказу, гукнула мацней: – Насцёна, рыхтуй тэрмас…
Жанчына паставіла чыгункі на прыпечак, прытуліла вілкі з драўляным дзяржальнам да печы, рукі выцерла фартухам і прайшла ў чыстую палову хаты, дзе жыла сям’я дачкі. Невялікі куткавы пакойчык унучкі, яшчэ студэнткі, быў чыста прыбраны, ложак запраўлены, на пісьмовым стале кампутар, канспекты і кнігі. Слабы вятрыска ледзь-ледзь напінаў цюлевыя занавескі, сілячыся прарвацца ў пакой праз расчыненае вакно.
– Ох, донька-донька, уцякла, праз вакно ўцякла, – ласкава ўсміхнулася Сцяпаніха. – І ў каго гэткая гарэза?.. Пэўна, і скутар з гаража цішком звяла?
Валянціна Пятроўна Ціхан, па-вясковаму Сцяпаніха, была як дзве кроплі вады падобная на дачку Марыю, толькі трошкі болей зморшчынак каля вачэй, а замест касы – мадэльная стрыжка, якую раз у тры месяцы рабіла ў раённым цэнтры. Яшчэ і цяпер у свае шэсцьдзясят два гады Валянціна Пятроўна працавала ў школе на палову стаўкі настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Муж Сцяпан больш за сорак гадоў адпрацаваў механікам у гаспадарцы. Калі ж Дабрынкін стаў старшынёй, абавязкі склаў, прынцыпова пакінуў пасаду. Ціхан не хацеў, ды і не мог у зяця-прымака быць падначаленым. Не дапамаглі і ўгаворы раённага начальства, больш таго, іх бяседы падлілі масла ў агонь. Па гадах мог на пенсію выйсці, нават пачаў афармляць дакументы і нечакана перадумаў, напісаў заяву, каб яго перавялі працаваць на ферму пастухом.
Даўно чорная котка прабегла між цесцем і зяцем, а іх і сёння не ўдаецца прымірыць. Прычына разладу самая што ні на ёсць бытавая і да смеху банальная, але гэта толькі на першы пагляд.
З ранняга маленства ўнучка ўсё лета жыла ў дзядулі з бабуляй. Любіла Насця казкі слухаць, а дзядуля Сцяпан іх расказваць. Даволі хутка Сцяпан Іванавіч перачытаў усё, што было ў калгаснай бібліятэцы, а другі раз, вось бяда, унучка слухаць не захацела, з характарам дзяўчынка. Думаў-думаў дзядуля і прыняў рашэнне: сам буду складаць. На свой лад пераказаў казку пра сябе і бабулю, унучцы спадабалася. Не абмінуў маму, тату і ўсю хатнюю жыўнасць: трое парасят, дзве казы, курэй, індыкоў… Ад коткі, сабакі і трусоў Насця была ў захапленні, але больш за ўсё смяялася ўнучка з любімага таткі, які па начах ператвараўся ў надакучлівага камарыка. «Калі падабаецца ўнучцы, спадабаецца іншым дзецям», – падумаў Ціхан і некалькі прыдумак даслаў у раённую газету. І якая ж радасць – казку пра камарыка надрукавалі!.. Праўда, Сцяпан Іванавіч і слоўца свайго не знайшоў, гэтак рэдактар перапісаў тэкст, але яму дастаткова было бачыць назву твора (не бяда, што камарык ператварыўся ў крывасмока), галоўнае – прозвішча, тлустым шрыфтам надрукаванае.
Пасля гэтага Сцяпан Іванавіч запусціў бараду «пад Хемінгуэя», пісчую машынку набыў і люльку, хоць курцом не быў. Прыдумкі перадрукаваў і бандэроллю адправіў у вядомае мінскае выдавецтва.
Час імкліва бег, адказу не было, але маўчанне «калег па пяры» не засмучала, наадварот, у чаканні прызнання Ціхан адчуваў шчымлівую асалоду і ў нейкі момант зразумеў, што для яго зусім не важныя, не маюць значэння высновы прафесіяналаў.
Галоўнае тое, што ён сам думае пра сваю творчасць. А пра сябе, калі казаць праўду, мроілася гэткае, што ў нейкі момант Сцяпан Іванавіч пачаў падумваць пра змену прафесіі.
Хутка выявілася, што сюжэтаў катастрафічна не хапае, і новаспечаны казачнік вырашыў героямі выдумак зрабіць аднасяльчан. І зарыпела пяро… Ведзьмары і вядзьмаркі, дамавікі і цмокі, лесуны, каракаціцы, русалкі, вадзянікі і ўсялякая іншая нечысць сталі галоўнымі героямі выдумак Сцяпана Ціхана і, канешне, дзяўчынка Наста, якая змагаецца і перамагае суседзяў-нячысцікаў. Аднаго не ўлічыў аўтар: не ведаў дзядуля, што ўнучка па вялікім сакрэце пачутае шэпча сябрам, а дзятва гэтыя «сакрэтныя» байкі пераказвае бацькам.
Расшавяліў Сцяпан Іванавіч Навасёлкі, загула вёска, быццам рой пчаліны. Па-іншаму і быць не магло. Які гаспадар пагодзіцца з вобразам трохгаловага цмока, ў якога штодзень дзве галавы гарэлку п’юць, трэцяя пахмяляецца, а гаспадыня на мятле па хаце лётае?..
Давялося Сцяпану Іванавічу прыпыніць літаратурную дзейнасць. А што зробіш, калі вяскоўцы калектыўную паперу ў газету напісалі і судом пагражаюць?.. І ўсё ж Ціхану ўдалося змякчыць сітуацыю. З кім гарэлкі выпіў, каму тэхніку адрамантаваў, а каму і грошы пазычыў без аддачы. Карацей, ўмасліў суседзяў. Дый «ганарар» героі атрымалі неблагі, нават цяпер хто-ніхто ўспомніць тыя выдумкі, калі трэба машыну да ладу давесці ці грошы пазычыць. А вось з зяцем атрымалася нявыкрутка. Жартаўнік Дабрынкін нечакана не тое што пакрыўдзіўся, ён раззлаваўся і на доўгія гады крыўду затаіў. Што ні кажы, а Дзмітрый Дзмітрыевіч быў адзіны, каго ў газеце абазвалі камарыкам-крывасмокам… А вяскоўцы імгненна прыляпілі мянушку «зяць-крывасмок». Хто ж гэткае спусціць?
Праўда, і Дабрынкін ў даўгу не застаўся. Неяк Насця казу з хлеўчука выпусціла, а тая ў грады, у капусту. Каза шкадлівая была, але трымалі, бо ўнучка толькі ад яе малачко піла. Ціхан у гэты час бараду сваю шкіперскую падстрыгаў. У вакно ўбачыў, на вуліцу выбег і давай ганяць шкадлівую. Каза не паддаецца: у хлеў не хоча, уцякае, бляе, барадой трасе. Гаспадар спатыкнуўся і торкнуўся тварам у зямлю, толькі што курыным памётам угноеную.
А зяць насміхаецца: «Даўней людзі казалі, што мужыку вусы чэсць, а барада і ў казла ёсць… Ты, Сцяпан Іванавіч, бародку далонькай прыкрый… Не пазнае Манька, баіцца… Пэўна, за казла прыняла…»
Ціхан не вытрымаў здзеку, кінуўся на зяцька з кулакамі, пакаціліся мужыкі па зямельцы. Цесць-здаравяк ухопіць крыўдзіцеля і сіліцца зяця таксама торкнуць тварам у тое самае курынае месіва, а зяць-уюн лоўкі, не паддаецца, праз секунду выслізне з жалезных абдымкаў – і ўжо на шырачэзнай цесцевай спіне…
Капусту, моркву, буракі, гуркі, парнік з памідорамі і перцамі – усё здратавалі, загубілі ўраджай… Ужо і плот захістаўся, затрашчаў пад напорам перапэцканых цел, і толькі некалькі вёдзер халоднай вады астудзілі забіяк.
Валянціна Пятроўна з дачкой Марыяй вадой разлілі задзір, а потым іхнія рэчы склалі і выставілі чамаданы на вуліцу. Жанчыны апраўданняў не слухалі, вінаватага не шукалі, яны былі катэгарычныя ў прынятым рашэнні: «Пакуль міру між вамі не будзе – у хату не прыходзьце…»
Розныя целаскладам і выглядам, не падобныя характарамі Дабрынкін і Ціхан пры якіх іншых абставінах ніколі не пайшлі б на міравую, але іх яднала пачуццё любові, шчырае, да болю кранальнае, нават ахвярнае каханне да жонак. Яны ўсю ноч моўчкі прасядзелі на чамаданах на беразе возера, а пад раніцу прысунуліся ў панадворак і гэтак жа моўчкі пастукалі ў дзверы. Калі дзверы расчыніліся і жанчыны ў чаканні сцішыліся, мужчыны, не гледзячы адно аднаму ў вочы, паціснулі рукі і разам выдыхнулі: «Мір».
Іх чакалі. На стале, засланым белым настольнікам, пузацілася пляшка каньяку, падобная на вінаградную гронку. Марыя, хаваючы шчаслівую ўсмешку, паспешліва выставіла з печы гусятніцу з тушаным індыком, маці прынесла вэнджаныя мяса і каўбасу, салату, хлеб…
Мір быў скрэплены і замацаваны, але засталася непрыязнасць, якая з гадамі ператварылася ў прыхаваную варожасць. Калі стала пытанне, дзе жыць сям’і новаспечанага старшыні Дабрынкіна, пакуль не пабудуе сваёй хаты, зноў вырашалі жанчыны, праўда, цяпер унучка Насця была галоўным завадатарам у прымірэнні бацькі і дзядулі. Дзмітрый Дзмітрыевіч дачцэ не пярэчыў, ды і як запярэчыш, калі Насця катэгарычна заявіла, што будзе жыць толькі ў бабулі.
Сітуацыя выходзіла за сямейныя рамкі: што скажуць людзі, як ацэняць старшыню, які ў сваёй сям’і ладу не мае? Вёска не горад, тут кожны на відавоку. Калі ў градах пустазелле – гультайка гаспадыня, дроў на зіму не назапашана, агарод на Пакровы не абараны – гаспадар гультай і п’яніца. А калі сваёй гаспадаркі не мець, імгненна пойдзе пагалоска, што чалавек нячысты на руку, будзе цягнуць з калгаса, няважна, якую пасаду займае, хоць старшыні, ветэрынара, даяркі, трактарыста ці пастуха.
Ціхану таксама не вельмі спадабалася зяцева суседства, але супраць жанчын і слова не сказаў, толькі кінуў сваё любімае «А няхай…»
Валянціна Пятроўна ўбачыла пад ложкам унучкі гаршчочак з фіялкамі і незадаволена зморшчылася:
– Ну, Анастасія Дзмітрыеўна, золатца ты маё дарагое, вырашыла загубіць кветачку?.. Толькі з’явіся!..
Жанчына дастала з кішэні фартуха мабільны тэлефон, але тэлефанаваць перадумала, вырашыла трошкі прыбрацца. Мабільны паклала на стол, зачыніла вакно, кашпо з кветкамі паставіла на падаконнік і, памацаўшы сухую зямлю, яшчэ больш спахмурнела. Тэлефон нечакана ажыў і пад модны блюз пачаў слізгаць, затанцаваў на стале. На блакітным экране шчаслівай усмешкай высвеціўся Насцін твар. Валянціна Пятроўна прыклала тэлефон да вуха.
– Бабулечка, накрывай на стол, дзядуля зараз прыедзе на скутары… За яго я на пасце…
Валянціна Пятроўна і слоўца не паспела ўставіць, а ў слухаўцы пікалі ўжо кароткія гудкі.
– Можа, гэтак і лепей… Толькі б мапед не зламаў, – услых сказала жанчына і заспяшалася на кухню.
Насця часта дапамагала дзеду, ведала нюансы пастухоўства, нават навучылася звонка страляць доўгай пугай і даволі хутка ўгаварыла дзеда паехаць дадому. Ціхан агледзеў статак, праверыў «электрычнага пастуха», наказаў унучцы быць увесь час на пагорку, каб самой бачыць жывёлу і, галоўнае, каб яе бачылі каровы, завёў мапед, асядлаў і тут жа паспешліва злез, заглушыў рухавік. Ён быццам адчуў жончына хваляванне, узгадаў не раз чутае: «Твае сто дваццаць кілаграмаў не для гэтай далікатнай тэхнікі…»
– Гэты гора-матацыкл не для мне, разваліцца праз сто метраў… Ды і калені вышэй за руль, – незадаволена буркнуў Ціхан. – Лепш пешкі, напрасткі…
– Дзядуля, я папярэдзіла бабулю, што прыедзеш на скутары.
– Не, – махнуў рукой Ціхан, – я на сваіх дваіх… Паберагу бабулі нервы.
Жывёла пажадліва скубла траву, і Насця цалкам даверылася «электрычнаму пастуху». Седзячы на дзедавым плашчы, яна нейкі час чытала канспект па эканоміцы, але запомніць нічога не магла: шкодзіла ранішняе маладое прамяністае сонца, якое спакусліва купалася ў празрыстым зыбкім возеры. Ад цёплага свяціла, яшчэ заспанага і разамлелага ў лёгкім тумане, патыхала ціхамірнасцю і спакоем, яно расслабляла, падбухторвала і правакавала, настойліва зазывала да сябе ў трапяткую гуллівую ваду. І дзяўчына паддалася спакусе, скінула з сябе апратку і скокнула з велікаватага берага ў іскрыстую прахалоду.
Насця была добрым плыўцом і даволі хутка заплыла на сярэ-дзіну возера. Лежачы на спіне, рукі раскінуўшы ўшыркі, яна з асалодай гойдалася на ціхіх хвалях. Высока ў небе, ловячы вецер, кружыў адзінокі бусел. Насця загадала, што паплыве да берага, як толькі птушка ўзмахне крыламі. Але бусел, быццам пачуўшы дзяўчыну, нечакана прыняў гэтую гульню. З патокамі ветру ён то апускаўся ледзь не да вершалін блізкіх таполяў, то ўзлятаў угору, гэтак высока, што бачыўся не больш за голуба. Час для Насці спыніўся. Яна зачаравана сачыла за птушкай, і ў гэтыя хвіліны ёй таксама хацелася мець крылы і, як гэты бусел, вольна кружыць над возерам, вёскай, лесам…
Нечакана бусел схамянуўся, спуджана замахаў крыламі і з траскучым рэзкім клёкатам паляцеў у бок вёскі. Насця адразу ўспомніла пра абавязкі пастушкі, хутка даплыла да берага і праз некалькі мінут узбегла на пагорак… Кароў на пашы не было, толькі далекаватая шаша клубілася пылам, чуўся трывожны роў жывёл. Яна паспешліва накінула на мокрае цела сукенку, падхапіла плашч, пугу і басанож кінулася ўслед за статкам.
Самае кепскае не здарылася, статак у трыста пяцьдзясят галоў вёску абмінуў і цяпер порстка шыбаваў у накірунку кароўнікаў. Насця супакоілася – бяда міма прайшла. Цэлымі непашкоджанымі засталіся і людскія агароды, і кветнікі каля хат, і платы паўз дарогу…
На шашы каля чырвонай машыны некалькі разоў свіснула пугай, ад «мерседэса» адагнала кароў. Сітуацыя звычайная, вадзіцелі заўсёды прапускаюць статак.
13
Нечакана Гурскі адчуў сябе чужым, лішнім пры размове Дабрынкіна з трактарыстамі і няспешна па цвёрда накатанай дарозе пасунуўся ў глыбіню мехдвара. Праз некалькі дзясяткаў крокаў апынуўся ў дальнім кутку, дзе каля самай агароджы, унікаючы чужога вока, тулілася яшчэ адна невялікая пабудова. З шырока расчыненых дзвярэй даносіліся галасы і грукат, рытмічна гула піла. Убачыў прытуленыя да сцяны чырвоныя дзверцы, капот, трэснутае шкло, ёкнула сэрца:
– Гэта ж мая машына!.. – ускрыкнуў Алесь і подбегам кінуўся да майстэрні.
Чалавек у зашмальцаваным, некалі ружовым камбінезоне выносіў яшчэ адны дзверцы, убачыў Гурскага і прыпыніўся, нешта крыкнуў у прыцемненую майстэрню. Праз хвіліну за яго спінай узнікла мядзведжая постаць барадатага Ціхана. Здаравенны бамбіза стаў паперадзе памочніка, відавочна, сілячыся бараніць яго ад няпрошанага госця, і, няспешна выціраючы рукі анучкай, сцішыўся.
– Што вы зрабілі з маім «мерседэсам»?.. – задыхаючыся ад гневу, прасіпеў Алесь.
– Рамантуем… Як дамаўляліся…
– Я з Вамі ні пра што не дамаўляўся!.. – істэрычна крыкнуў Гурскі і, мінаючы самазваных умельцаў, шуснуў у майстэрню.
Калі ўбачыў свайго ўлюбёнца, аслупянеў… Відовішча было не для чуллівага чалавека. Пасярод майстэрні на драўляных калодах стаяў толькі касцяк машыны. Усё, што можна зняць, было скручана і пазнімана. У дадатак неймавернае: паперадзе разабранай машыны высіўся рухавік. Некранутым застаўся толькі бліскучы люстэркавы дах, у якім асірацела і цяпер зусім недарэчна пабліскваў цьмяны ліхтар.
Ахутаны адчаем Гурскі прысеў на нейкую скрыню, зірнуў на бамбізу:
– А рухавік… Ён у чым правініўся?.. Навошта знялі?.. І як?… Як змаглі?.. Ды я вас…
– Не трэба пагражаць… Лепш дзякуй скажыце, што дзядуля ўбачыў расколіну ў блоку матора… – звонкім прарэзлівым голасам выпаліў памочнік Ціхана.
– Я не прасіў рамантаваць, тым больш вышукваць непаладкі, – адмахнуўся Гурскі. – Перад паездкай у аўтамабільным сервісе зрабілі тэхнічны агляд, а тут нейкі захалусны ўмелец мясцовага разліву дашчэнту разабраў машыну.
– Вашы майстры не роўня дзядулю…
– Памаўчы, Насця, – перапыніў унучку Ціхан, – бачыш, не ў сабе чалавек. А Вы, міл чалавек, зрабіце ласку, ідзіце…
– Што?! – як уджалены, ускрыкнуў Гурскі; у гэтую хвіліну ён зноў не мог стрымаць гнеў: – Гэта тое самае непаўналетняе дзяўчо, па чыёй віне цярплю нястачу? Бач, схавалася за дзеда!.. Спярша напаскудзіла, статак праспала, машыну знявечыла… А каб павінаваціцца, дык не, спрачаецца… Жыць вучыць, быццам я ў нечым вінаваты… Замухрышка!..
– А Вы… Вы – цецярук надзьмуты, п’яўка гідкая, масляк абмакнуты! – адным духам выпаліла Насця і аж задыхнулася ад абурэння.
Рашучая, гатовая не толькі словамі адстаяць свой гонар, дзяўчына, сціснуўшы кулачкі, коткай скокнула з-за спіны Ціхана, але ўбачыла збянтэжанага Гурскага, спынілася, прыкрыла далонню рот. Было немагчыма зразумець, ці то смяецца дзяўчына з разгубленага бізнесмена, ці то спужалася свайго блазенства.
Здзеклівая насмешлівая тырада імгненна збіла з Гурскага ваяўнічы пыл. Мянушка «цецярук» была ў лексіконе былой жонкі, вуха не разанула, хоць і зляцела з языка гэтай напорыстай дзяўчыны, але каб яго назвалі п’яўкай і масляком, ды яшчэ абмакнутым, гэта было занадта. Алесь шукаў словы, каб упікнуць нахабніцу, і не знаходзіў. Словы скончыліся, выслізнулі з галавы, гледзячы ў дзявочыя прамяністыя сінія вочы ён раптам адчуў сябе брыдка ад асабістага хамства.
«Што са мной здарылася? Адкуль ваяўнічая непрыязнасць да жанчын?.. – са скрухай падумаў Гурскі. – Няўжо развод з Люсяй гэтак падзейнічаў?..»
У майстэрні запанавала нацятая цішыня.
– Ты, Насця, трымай язык на прывязі, – крактануў у кулак Ціхан. – Пан Гурскі мае права быць незадаволеным… А Вы, міл чалавек, не свавольце, не да твару Вам з дзяўчынай…
– Што за шум, а бойкі няма? – па-гаспадарску разняволена ўваліўся ў майстэрню Дабрынкін.
Убачыў машыну, і з загарэлага твару паволі спаўзла белазубая фальшывая ўсмешка.
– Ну і ну! – вырвалася міжвольнае, але старшыня імгненна спахапіўся, узяў Гурскага пад руку, пацягнуў да выхаду і, як даўняму знаёмаму, з напускной бравадай засакатаў: – Ну і хай сабе… Сцяпан Іванавіч ведае што робіць!.. Выгляд у яго не сяброўскі?.. Дык ўвагі не звяртайце… Ён вялікі і целам, і дзелам… А потым, на лобе ні ў каго не напісана, які ён… Па рабоце майстра відаць… Калі «мерседэс» разабраў, значыцца, гэтак трэба… Хто не ўмее, той заўсёды памыляецца… А мой цесць ніколі не памыляецца… Ён тэхнік ад Бога… Не верыце мне, дык у людзей запытайцеся… Людзі скажуць!..
Алесь слухаў Дабрынкіна і не чуў. Лёгкім далёкім фонам гулі словы, быццам з сапсаванага радыёпрыёмніка, трошкі кружылася галава, а ў скронях бухала адно: «Масляк абмакнуты…»
– Так што за машыну не хвалюйцеся, – вёў рэй старшыня, – Ціхан – чалавек дзіўнаваты, але адказны, добры. Жонку любіць, дачку песціць, ва ўнучцы зусім душы не чуе… А таму, што бачылі і чулі ў маім кабінеце, не верце… І ён, і я ведаем, на чым свет стаіць… Канешне, лепш сказаць – на кім. А трымаецца свет на нас з Вамі…
– На нас?.. – перапытаў Алесь і раптам прасвятлеў тварам. – А не маглі б Вы, Дзмітрый Дзмітрыевіч, даць ключы ад «крайслера»?
– Свет на людзях трымаецца… На гаротных і грэшных, баявых і баязліўцах, – быццам не чуючы Гурскага, запінаючыся, прашаптаў Дабрынкін і ліпкім недаверлівым позіркам абмацаў госця: ён цягнуў час, сіліўся разгадаць намер «сталічнай штучкі».
– Вы загубілі маю машыну, дык я паеду у Парыж на Вашай, – рашуча заявіў Алесь.
– А-а-а, Вы пра Парыж!.. – ускрыкнуў павесялелы Дабрынкін. – І чаму мне гэтая думка адразу не прыйшла ў галаву?.. Падтрымліваю… Чэсны і справядлівы абмен… Канешне, часовы, пакуль «мерседэс» у рамонце… І не хвалюйцеся, раніцай справім дакументы, а цяпер, калі ласка, да нас на вячэру… Марыя Сцяпанаўна зачакалася… Прыспела, так сказаць, гаспадыні ўзяцца за талерачкі, а гаспадару паднесці госцю гарэлачкі…
Ужо на вуліцы Дабрынкін азірнуўся на цесця, крыкнуў:
– І Вы, Сцяпан Іванавіч, паспяшайце, нашы жанчыны чакаць не любяць…
– Я пазней буду… Работы шмат… – адгукнулася з майстэрні Насця, уключыла пілу, і заскрыгатала жалеза, веерам пасыпаліся на падлогу залацістыя іскрынкі.
– Не-не, аніякай гарэлкі, – Гурскі з цяжкасцю вызваліўся з цэпкіх старшынскіх рук. – Зараз ідзём у офіс, аддайце паперы, і я з вялікай радасцю пакіну Вас… – ён шматзначна зірнуў на Насцю і мякка, з яхіднасцю дадаў: – І Вашу гасцінную сямейку…
У гэты момант на ўездзе на мехдвор засігналіла машына, пачуліся крыклівыя надарваныя галасы, праз хвіліну на розныя лады заскуголілі мабільныя тэлефоны Гурскага і Дабрынкіна. Яны моўчкі паслухалі суразмоўцаў.
– Ваш эвакуатар прыбыў, – незадаволена буркнуў старшыня і заспяшаўся на кантрольны пункт; праз некалькі крокаў прыпыніўся, строга паглядзеў на Гурскага, сказаў як адрэзаў: – Ведайце, пан Гурскі, «крайслер» аддам толькі «баш на баш» і толькі пад заклад «мерседэса».
– Няхай Ваш вартаўнік прапусціць машыну, – спакойна адказаў Гурскі і праз хвіліну з напускной бравадай дадаў: – А сваю – ці лепш сказаць цесцеву? – гарэлачку Вы, Дзім Дзімыч, піце з пастухом і… пастушкай.
Дабрынкін быў раззлаваны. Вырашыць канфлікт мірна не ўдалося. Багаты піжон машыну забіраў, а значыць, і рамонт у гарадскіх майстэрнях выліваўся ў добрую капеечку. Ён разумеў, што гэтая «капеечка» выслізне з яго кішэні, таму будоўлю дома трэба было прыпыняць і жыць у прымах далей.
Убачыў вартаўніка, які мітусіўся каля апушчанага шлагбаума, крыкнуў і махнуў рукой, каб Алі прапусціў эвакуатар. Пачакаў, пакуль машына прапыліць да майстэрні, і паціху пасунуўся ўслед. У майстэрню заходзіць не стаў, прысеў на шырокую лаву, выцягнуў стомленыя ногі, прытуліўся спінай да цёплай сцяны, падумаў: «Няма чаго бісер сыпаць перад гэтым Гурскім, што мог, зрабіў, а далей будзе што будзе… Жыў прымаком, яшчэ пажыву… Зрэшты, дзве гаспадыні ў хаце – не так і блага, а што цвіка без згоды цесця ў сцяну не заб’ю, не бяда. Ціхан – гаспадар, і сямейнікі часцей на ім і нуду, і крыўду спаганяюць… Бывае, і я траплю пад гарачую руку Валянціны Пятроўны, цешчы даражэнькай, але ж цесць заўсёды першым удар трымае…»
Развагі перапыніў вадзіцель эвакуатара. Ён шпарка выйшаў з майстэрні і, махаючы рукой, быццам адпіхваючы некага ад сябе, ледзь не крычаў:
– Прыехаў за машынай, а тут адны запчасткі… Гэтак не пойдзе… Плаціце грошы за выклік, і разбяжымся…
Пануры Гурскі, спрабуючы змякчыць канфлікт і настаяць на сваім, строга сказаў:
– За выклік заплачу, але спачатку хачу з тваім шэфам перагаварыць…
– Я і ёсць шэф… Мой эвакуатар не служба дастаўкі! Даеду да першага «гаёвага» і застануся без правоў…
Дабрынкін у гэтай сітуацыі не мог, не хацеў заставацца староннім назіральнікам. У яго з’явіўся шанец выкруціць справу на свой капыл.
– Алесь Пятровіч, дазвольце я заплачу…
Ён подбегам кінуўся да шафёра, выцягнуў партманет, разгарнуў, умольна зірнуў на вадзіцеля эвакуатара:
– Колькі?..
– Яшчэ не хапала, каб за мяне плацілі!.. – абурана ўскрыкнуў Гурскі, але было позна.
Вадзіцель убачыў грошы і вокамгненна запусціў тоўстыя пальцы ў партманет старшыні, выхапіў некалькі паперак… Калі ўбачыў, што гэта даляры, яго твар прасвятлеў:
– Дзякуй, міл чалавек… Гэтага на салярку хопіць… Ён спрытна шмыгнуў у машыну, крута развярнуўся, падміргнуў ашаломленаму Гурскаму і, па-блазенску рагатнуўшы, крыкнуў Дабрынкіну:
– Пакедава, селянін… Калі зразумееш, што ссохне тая рука, што сабе не спрыяе, будзеш жыць яшчэ лепш… Ха-ха-ха…
Дзмітрый Дзмітрыевіч стаяў прыніжаны і прысаромлены. Да яго падышоў Ціхан, забраў кашалёк і, зірнуўшы ў сярэдзіну, цяжка ўздыхнуў:
– Пуста! Эх, зяцёк, зяцёк! Разумны наперад не прэцца, а ты і сваё, і людскае гатовы прафінціць…
– Мае грошы, што хачу…
– Канешне ж, твае!.. – спакойны дасюль, ускіпеў Ціхан. – Гэта ж з табой разлічыўся Юрка-жабнік за рамонт «лексуса»?… Гэта ж ты па начах…
– Дзядуля, – гукнула Насця, і Ціхан, як спатыкнуўся, праглынуў набалелае, што даўно ірвалася з душы.
Ён торкнуў зяцю ў рукі пусты партманет, нахіліўся і шэптам прасіпеў у вуха:
– Паперкі заакіянскія мной заробленыя… Яны ўнучцы прызначаліся на вучобу, і Марыя павінна была іх прыхаваць… А вось як даляры аказаліся ў тваім дзіравым кашальку?..
Ціхан хацеў яшчэ нешта сказаць, але ўбачыў унучку і заспяшаўся ў майстэрню. З-за ангара выехала машына, і твар Дабрынкіна расплыўся задаволенай ўсмешкай. Ён расправіў плечы і шматзначна зірнуў на Гурскага, маўляў, глядзі, што зараз будзе, эмацыянальна і з пафасам, быццам з трыбуны, прадэкламаваў:
– Злодзей замка не баіцца – ён баіцца дысцыпліны!.. Ціхан махнуў рукой, буркнуў: «Аж вушы баляць слухаючы», – але пачуў машыну і прыпыніўся.
Цяпер эвакуатар спыніўся далекавата, абачлівы вадзіцель рухавік не глушыў (ведала котка, чыё масла з’ела). Ён прачыніў акенца і з напускной бравадай крыкнуў:
– Азіят не выпускае, патрабуе загад нейкага Дабрыні…
– Па-першае, не азіят, а начальнік аховы таварыш Карым… Па-другое, працоўную дысцыпліну ніхто не адмяняў, – скалячы зубы, весела пацяшаўся старшыня. – А ты, міл чалавек, парушыў фінансавую дысцыпліну… Грошы ўхапіў, а распіску не даў, нават не спытаў, у чый кашалёк руку запусціў… Але так і быць, дапамагу… Ты прыходзь заўтра ў кантору гэтак часам к дзесяці… Там пропуск на выезд з мехдвара і выпішу… Заадно бухгалтар пралічыць кошт тваёй звыштэрміновай паездкі… І ведай, Дабрыня – для сваіх, а для цябе – Дабрынкін Дзмітрый Дзмітрыевіч!
– Вы на прынцып, і я на прынцып… – загарачыўся вадзіцель.
Ён скокнуў з машыны на зямлю, падбег да старшыні і торкнуў яму у нагрудны кішэнь тэніскі скамечаныя паперкі.
– Пры сведках грошы вяртаю!.. А са мной Гурскі разлічыцца… Ён выклікаў эвакуатар, няхай і плаціць, цанавацца не буду… А «мерседэс» у гэткім стане не павязу ні сёння, ні заўтра, ні паслязаўтра… Не выпусціце – біцца не буду… У вёсцы пажыву, на прыродзе… А Ваша бухгалтэрыя няхай налічвае мне сутачныя, а фірме – прастой эвакуатара… Калі ёсць праца, і тут параблю, канешне, па сталічных расцэнках…
Гурскі падышоў да вадзіцеля, нешта сказаў, і той быццам пракаўтнуў сваю абуральную тыраду.
– Эх, зяцёк! – прыгладзіў ускудлачаную бараду Ціхан. – Ты ў сваім амплуа: забіў зайца, не забіў, а шуму многа нарабіў…
Дабрынкін не звяртаў увагі на цесцевы кпіны, яго больш цікавіла размова Гурскага з шафёрам. Яны гаманілі шэптам, але і пачутых слоўцаў было дастаткова, каб зразумець, што вадзіцель ад свайго не адступіцца. Ён не памыліўся: Гурскі праз некалькі хвілін папрасіў выпусціць эвакуатар, і Дабрынкін, калі аддаваў загад вартаўніку, з цяжкасцю стрымліваў пераможную хітрую ўсмешку. Потым ён зноў запрасіў Гурскага на вячэру, але той, нядобра зірнуўшы, сказаў як адрэзаў:
– Дзе мая начлежка?
– Што Вы, якая начлежка! – ускрыкнуў Дабрынкін. – Будзеце жыць у хаце, спаць на пуховых падушках, есці свежанькае, натуральнае… Я сам правяду да Лявоніхі і пракантралюю…
– Не маленькі, без праважатых абыдуся, – адмахнуўся Алесь. – І ніякіх жыць!.. Толькі адна ноч!
– А гаспадыня – чыста ангел, – як і не чуў Гурскага старшыня, – маладая, прыгожая і… – ён блазнавата падміргнуў Алесю, – незамужняя…
– Вы мяне сватаеце?
– Ажаніцца – не ўпіцца, – яшчэ больш ажывіўся Дабрынкін. – Ідэя класная, і заўважце, пра сватаўство Вы сказалі…
Алесь уявіў гаваркога Дабрынкіна ў ролі свата, усміхнуўся:
– Думаю, Дзмітрый Дзмітрыевіч, сватаўство – Ваш канёк…
– Не ў брыво, а ў вока, – задаволена крактануў у кулак старшыня. – Людзі кажуць: у каго Дабрынкін сватам – там любоў мацней за атам. І глядзіце, ніводная сям’я не распалася…
– У мае планы жаніхоўства не ўваходзіць, – імгненна спахмурнеў Гурскі. – У майстэрні заначую на сядзеннях разабранага «мерседэса»…
– Не падобны пан Гурскі на пужлівага чалавека, – развесяліўся старшыня, – але ж за пагляд не б’юць…
– Не шлюбу баюся, а разводу…
– Калі так, пярэчыць не стану, але ж і жарты разумець трэба, – Дабрынкін капрызна надзьмуў губы і дэманстратыўна сунуў рукі ў кішэні, паказаў, што развітваецца і рукі не падасць.
Старшыня хітрыў. На самай справе жаданне Гурскага застацца ў майстэрні было на руку, яму вельмі хацелася, каб людзі пабачылі жмінду-бізнесмена, які і ноччу прыглядвае, трасецца над сваім жалеззем. Ён крутнуўся, зрабіў некалькі крокаў, і раптам бліснула думка: «А што, калі гарадскі піжон у майстэрні не застанецца і, шукаючы прытулак, пойдзе па хатах? Што тады пра мне вяскоўцы скажуць?» Ён зірнуў на Гурскага і, хаваючы вочы, з абыякавай мінай на твары ўпарта прамовіў:
– Надумаеце начаваць у Лявоніхі, ідзіце ад канторы ў бок возера. Яе хата паміж вялікіх ліп, леваруч апошняя…
Дабрынкін прымоўк і з падкрэсленым сарказмам у голасе дадаў:
– З гаспадыняй дамоўлена поўнае ўтрыманне… Вашай, Алесь Пятровіч, светласці…
Сказаў і шпарка пайшоў з высока ўзнятай галавой і пачуццём выкананага абавязку.
Гурскі панура паглядзеў услед каратканогаму Дабрынкіну і каторы раз злавіў сябе на думцы, што з ім сталася нешта не тое. Жыў па раскладзе, цаніў кожную хвіліну, як раптам – вёска, каровы, мудрагелісты старшыня са сваім сямействам умельцаў… Навошта ўся гэтая калатнеча?.. Як сталася, што здарэнне на дарозе раззлавала, зблытала, перакруціла думкі, што цяпер ён гатовы ўсяму свету даказваць сваю правату? Гэтую сітуацыю павінны ўладжваць адвакаты, але чамусьці сам уцягнуўся… Ужо і Парыж не ўспамінаецца, і нядаўні сямейны разлад… Цяпер яму хочацца аднаго: прыструніць Дабрынкіна, даказаць вясковаму хітруну, што местачковае «княжанне» – нялюдская справа… Але чаму нялюдская? Ён жа ў сваёй фірме таксама і цар, і бог, і вайсковы начальнік… Дысцыпліна рубель родзіць…
– Я чуў, што Вы хочаце застацца ў майстэрні, – стоячы зводдаль за спінай Гурскага, крактануў, абазначыў сябе Ціхан. – Мы з Насцяй, канешне, не супроць, толькі хачу параіць…
– Што?! – Алесь рэзка крутнуўся да майстра і, ледзь стрымліваючы прыступ нейкай тупой атрутнай злосці, адным дыханнем ва ўпор выпаліў: – Чаму я павінен слухаць вашы парады?.. Чаму раней не раіліся, калі задумалі ўпотайкі разабраць машыну? А-а-а, тады зяцёк цягнуў час, разглагольстваваў і даваў парады!.. І што змянілася?.. Цяпер трэба слухаць парады цесця, а зяць тым часам схавае «крайслер»?! А можа, ён пайшоў мяне сватаць, а я, лох, пра гэта не ведаю?
Каля Гурскага прагрукацеў матацыкл, рэзка раскруціўся, чхнуў і заціх.
– А вось і Лявоніха… – з палёгкай, амаль радасна ўздыхнуў Ціхан. – Думаю, яна за Вамі…
Матацыклістка разам торкнула доўгія загарэлыя ногі ў зямлю, крыкнула:
– Дзе пастаялец?..
– Вунь каля дзядулі, – з майстэрні азвалася Насця і, трохі памаўчаўшы, дадала: – Злы, звяглівы, скупы…
Сказала ціха, але у вечаровай цішы дзяўчыну пачулі ўсе.
Жанчына схілілася над матацыклам, сцягнула шлем, какетлівым рухам страсянула галавой. Чорныя хвалістыя валасы густым веерам рассыпаліся на плячах, тонкія пасмачкі далікатна упалі на шчокі, выгадна прыкрылі лоб. Яна няспешна расшпіліла на грудзях некалькі гузікаў скураной чорнай курткі, як у рокераў, абрамленай мноствам бліскучых заклёпак, толькі пасля гэтага ўзняла на Алеся паўнаваты твар. На яе шыі золатам іскрыўся ланцужок з адмысловым кулонам, які ўтульна уладкаваўся між пышных грудзей. Насцярожаныя раскосыя вочы абмацалі Гурскага з галавы да пят і нечакана засвяціліся вясёлымі смяшлівымі агеньчыкамі:
– Гэткі відны мужчына прымушае маладзіцу чакаць… А можа, Дзім Дзімыч нагаварыў пра мяне чаго нядобрага і малады чалавек баіцца Лявоніхі?.. А мо старшыня ў сваты набіваўся?.. Гаварыў пра жаніхоўства?.. Ведаю, што разглагольстваваў… Ён заўсёды халасцяка зачэпіць… Толькі не бярыце да галавы, у Дабрынкіна фішка – жаніхоў шукаць, гэтак ён спецыялістаў у гаспадарку заманьвае. У ягоным спісе я – прынада на галоўнага агранома, выходзіць, не Вашага поля ягада…
– Галоўнае, што ты ў нас ягадка! – блазнавата рагатнуў Ціхан.
– Я тут не ягады збіраю, – незадаволена сказаў Гурскі, які адчуў, што гэтая спакуслівая экстравагантная Лявоніха з’явілася не проста так.
Жанчына імгненна спахмурнела і строга, быццам настаўніца адчытвае неслуха-школьніка, адным дыхам выпаліла:
– Вам, малады чалавек, не прыходзіць у галаву, што ў мяне скаціна галодная, гаспадарка не спраўлена, карову даіць трэба, а я Вас шукаю, гойсаю на матацыкле па пылішчы? – яна перавяла дыханне і ўжо цішэй дадала: – Згодна з Насцяй… Не кожны пан, у каго штаны навыпуск…
– Зноў Насця!.. – ажно ўзвіўся Гурскі. – Які пан?! Пры чым тут штаны?!
Ён рашуча падышоў да матацыкла, спрытна асядлаў пасажырскае месца і, аберуч абхапіўшы матацыклістку за талію, уладна загадаў:
– Завадзі драндулет і паехалі…
– Вось гэта па-нашаму, – зашпільваючы куртку, весела гукнула жанчына. – У надзейныя рукі трапіла… Адразу на «ты» і без усялякай цырымоніі…
Дабрынкін не падмануў. Алеся і сапраўды смачна накармілі дранікамі, выдзелілі асобны пакой, пасярод якога высіўся стары металічны ложак з бліскучымі булавешкамі на спінках. Лёг, і адразу мяккі пухавік з незлічонай колькасцю падушак аблашчыў, прыгалубіў, прыняў за свайго. Хоць і быў стомлены, але заснуў не адразу, хутчэй упаў у нейкае чуйнае забыццё. Калі кукарэкнулі першыя пеўні, падхапіўся, падышоў да расчыненага вакна, адхінуў цюлевую занавеску і праз маскітную сетку нейкі час любаваўся яркім месячыкам на небе. Прыгадаў гаспадыню з дзіўнаватым, як танец, прозвішчам Лявоніха і адчуў ніякаватасць, нават сорам за нястрыманасць у паводзінах, за невясёлыя думкі, месцамі абразлівыя. Толькі цяпер, з асалодай удыхаючы цёплы водар ночы, прыгадваючы гасціннасць гаспадыні, змог убачыць сябе зводдаль. Жудасна зрабілася і сорамна за сябе, за неразумную фамільярнасць да харошага і сціплага чалавека. Падчас вячэры жанчына, апусціўшы вочы, моўчкі слухала, ківала галавой, падкладвала ў яго талерку блінцоў, тактоўна не заўважала пыхлівую фанабэрыстасць госця. Калі стала халаднавата, вярнуўся ў ложак і з галавою зашыўся ў цёплую коўдру. У думках яшчэ доўга падбіраў словы, якія скажа гаспадыні раніцай, вінаваціўся і не заўважыў, як неяк спакваля агарнула дрымота.
Пасля таго як надламаным голасам прахрыпеў малады пеўнік, Алесь больш не заснуў, ды і не хацелася. Паціху сабраўся, выйшаў на ганак, у ранішнім прыцемку ўбачыў па-летняму лёгкі нясмелы туман над возерам і, не раздумваючы, шустра пашыбаваў да вады, наўпрост, праз чыста праполатыя грады гародніны, міма парніка, у якім чырванню красаваліся памідоры, каля кустоў маліны і чорнай парэчкі. Напрыканцы агарода шмыгнуў у велікаватую дзірку ў плоце і з асалодай пабег басанож па роснай траве. Каля вады скінуў мокрыя да кален штаны, праз галаву сцягнуў кашулю і кінуўся ў янтарную трапяткую ваду.
Нырнуў і адразу зразумеў, што з ім нешта не тое. Спярша рукі, а праз некалькі хвілін і ногі пачало абвалакваць і як бы заблытваць. Каб вызваліцца, зрабіў рывок, потым другі, трэці, і рукі пазбавіліся цягучай павуціны. Ён вырваўся на паверхню, але ногі засталіся ў пастцы, іх хтосьці нябачны моцна стрыножыў, не шавяльнуць. Алесь набраў поўныя грудзі паветра і паднырнуў, паспрабаваў убачыць, памацаць рукамі тую жорсткую павуціну, а калі ўдасца, і разарваць. Вада трохі закаламуцілася, і ўсё ж Гурскі паспеў разгледзець каля ног некалькі шырокіх белых плах. Адразу здагадаўся, што гэта рыба, і ён таксама, як гэтыя бедакі-карпы, шчупакі ці ліні, трапіў у сетку. Моцна затахкала сэрца, зрабілася холадна, імгненна пацяжэлыя ногі пацягнулі на дно. Сілячыся прыглушыць нарастаючую гнятучую трывогу, Алесь сам сабе сказаў: