Читать книгу Карлік Нос (зборнік) - Вільгельм Гаўф - Страница 2

Карлік Нос
(Der Zwerg Nase)

Оглавление

У адным даволі буйным горадзе Германіі шмат гадоў таму сціпла і мірна жыў-пажываў шавец са сваёй жонкай. Ён днём сядзеў на рагу вуліцы і латаў туфлі ды чаравікі, а, даводзілася, шыў і новыя, калі хтосьці давяраў яму такую справу; але тады яму трэба было спачатку купляць скуру, таму што ён быў бедны і ніякіх запасаў не меў. Яго жонка прадавала гародніну і садавіну з маленькага гародчыка перад варотамі, і людзі ахвотна куплялі ў яе, таму што яна была чыста і акуратна апранутая, да таго ж умела прыгожа раскласці і прапанаваць сваю гародніну.

У гэтых людцаў рос прыгожы хлопчык, прыемны з твару, зграбны і ўжо ладны ростам для сваіх дванаццаці гадоў. Ён звычайна сядзеў каля маці на гароднінным рынку, часам дапамагаў служанкам ці кухарам, якія купілі штось у шаўчыхі, данесці частку купленага дадому, і рэдка ён вяртаўся з такога паходу без прыгожай кветкі, нейкай дробязі альбо пірага; гаспадарам кухараў падабалася, калі тыя прыводзілі дадому гэтага прыгожага хлопчыка, і яны заўсёды шчодра аб дорвалі яго.

Аднойчы шаўчыха, як звычайна, сядзела на рынку; перад ёй стаяла некалькі кашоў з капустай і іншай гароднінай, усялякімі травамі і насеннем, а ў маленькім кошыку месціліся раннія грушы, яблыкі і абрыкосы. Малы Якаб (так звалі хлопчыка) сядзеў каля яе і звонкім голасам хваліў тавары: “Сюды, панове, паглядзіце, якая цудоўная капуста, які прыемны водар у гэтых траў; раннія грушы, раннія яблыкі і абрыкосы, купляйце, цётачкі! Мая маці аддасць нядорага!” Так выкрыкваў хлопчык.

У гэты час праз рынак ішла старая кабета; яна мела выгляд недагледжанай абадранкі; у яе быў маленькі, востранькі, па-старэчы зморшчаны тварык, чырвоныя вочы, востры кручкаваты нос, які амаль даходзіў да падбароддзя; яна абапіралася на доўгую кульбу,[1] і ўсё ж нельга было сказаць, як яна ідзе, бо яна кульгала, і спатыкалася, і хісталася. Здавалася, яе ногі былі на шарнірах, і яна ў любы момант магла перакуліцца і бразнуцца вострым носам аб брук.[2]

Шаўчыха ўважліва прыгледзелася да гэтай жанчыны. Ужо добрых шаснаццаць гадоў яна штодня сядзела на рынку і ніколі раней не бачыла гэтую дзіўную асобу. Яна міжволі спалохалася, калі старая закульгала да яе і спынілася каля яе кашоў.

– Вы гандлярка гароднінай Ганна? – спытала старая непрыемным каркаючым голасам, бесперапынна матляючы галавой туды-сюды.

– Так, гэта я, – адказала шаўчыха. – Жадаеце нешта?

– Паглядзім-паглядзім! На травы зірнем, на травы зірнем, ці ёсць у цябе тое, што мне трэба, – адказала старая, нахілілася да кошыкаў і запусціла агідныя рудыя рукі ў кошык з травамі, схапіла некалькі травінак, якія так прыгожа і фацэтна[3] былі ўкладзеныя, сваімі павучынымі пальцамі, потым адну за адной пачала падносіць іх да доўгага носа і абнюхваць з усіх бакоў. У шаўчыхі як не зайшлося сэрца, калі яна ўбачыла, як абыходзіцца старая з яе рэдкімі травамі; але яна не адважвалася сказаць што-небудзь, бо пакупнік меў права праверыць тавар, а акрамя таго, яна адчула незвычайны жах перад жанчынай. Тая ж, абследаваўшы ўвесь кошык, прабурчэла: “Дрэнь, дрэнная трава, нічога з таго, што я хачу, пяцьдзясят гадоў таму было куды лепш. Дрэнь, дрэнь!”

Такія словы раззлавалі малога Якаба.

– Паслухай, ты, старая бессаромніца, – крыкнуў ён незадаволена, – спачатку ты запускаеш свае паскудныя рудыя пальцы ў цудоўныя травы, камячыш іх, потым падносіш да свайго доўгага носа. Іх жа ніхто, хто гэта бачыў, не захоча купляць, а цяпер ты яшчэ называеш наш тавар дрэнню, а ў нас жа ўсё купляе нават кухар герцага!

Старая з-пад ілба зірнула на мужнага хлопчыка, агідна засмяялася і хрыпатым голасам сказала:

– Сынок, сынок! Табе не падабаецца мой нос, мой цудоўны доўгі нос? Будзе і ў цябе такі, пасярэдзіне твару будзе звісаць аж да падбароддзя.

Тут яна падкаўзнула да другога кошыка, у якім была капуста. Яна брала ў рукі найпрыгажэйшыя белыя качаны, сціскала іх так, што яны аж рыпелі, шпурляла іх нядбайна ў кошык, а потым прамовіла: “Дрэнны тавар, дрэнная капуста!”

– Не матляй так агідна туды-сюды галавой! – са страхам закрычаў малы. – Твая шыя тонкая, як капусная храпка,[4] якая лёгка ламаецца, так і твая галава можа лёгка ўпасці ў кош – хто тады захоча тут купляць?

– Табе не падабаюцца тонкія шыі? – прамармытала старая, усміхаючыся. – Няхай жа ў цябе ніякай не будзе, няхай галава расце з плячэй, каб не ўпасці з маленькага тулава!

– Не балбачыце абы-што малому, – нарэшце сказала шаўчыха, незадаволеная працяглымі мацаннем, аглядам і абнюхваннем. – Калі вы штосьці хочаце купіць, то рабіце гэта хутчэй, вы ж распужаеце мне ўсіх пакупнікоў.

– Добра, няхай будзе, як ты кажаш, – усклікнула старая, злосна зірнуўшы. – Я куплю ў цябе гэтыя шэсць качаноў; але ў мяне кій, я не магу нічога несці. Дазволь свайму сынку данесці мае тавары дадому, я аддзячу.

Хлопчык не хацеў ісці з ёй і плакаў, бо агідная жанчына выклікала ў яго жах, але маці строга загадала яму, бо яна лічыла за грэх узваліць на слабую жанчыну ўвесь гэты цяжар; амаль у слязах ён выканаў, што было загадана, сабраў качаны і пайшоў за старой жанчынай праз рынак.

Яна рухалася марудна – амаль тры чвэрці гадзіны прайшло, пакуль яна дайшла да аддаленай часткі горада і нарэшце спынілася перад маленькай пахіленай хацінкай. Яна выцягнула з кішэні стары заржавелы кручок, спрытна ўставіла яго ў маленькую адтулінку ў дзвярах, і раптам тыя з шумам расчыніліся. Як жа здзівіўся малы Якаб, калі ўвайшоў! Усярэдзіне хата была шыкоўна абстаўленая. Столь і сцены былі мармуровыя, мэбля – з найцудоўнейшага эбенавага дрэва,[5] інкруставанага золатам і адшліфаванымі камянямі, а падлога была са шкла і такая гладкая, што хлопчык некалькі разоў паслізнуўся і ўпаў. А старая дастала з кішэні срэбную дудачку і засвістала на ёй мелодыю, якая разнеслася па ўсім доме. Тады адразу па лесвіцы спусціліся некалькі марскіх свінак; Якабу ж здалося вельмі дзіўным, што яны ішлі на задніх лапках, на якіх замест абутку былі арэхавыя шкарлупіны, самі ж яны былі апранутыя ў чалавечую вопратку, нават у капелюшах самай новай моды.

– Куды вы падзелі мае пантофлі,[6] паганы зброд? – закрычала старая і пачала біць па іх палкай, так, што яны з віскатам падскоквалі. – Колькі мне яшчэ стаяць так?

Яны хутка з падскокам пабеглі ўверх па лесвіцы і вярнуліся з парай шкарлупін какосавага арэха, падбітых скурай, якія яны спрытна абулі ёй на ногі.

Цяпер яна не кульгала і не спатыкалася. Яна адкінула кульбу і з вялікай хуткасцю каўзанулася па шкляной падлозе, пацягнуўшы за руку малога Якаба. Нарэшце яна спынілася ў адным пакоі, які, упрыгожаны ўсялякімі аздобамі, быў вельмі падобны да кухні, хаця сталы з чырвонага дрэва і канапы, абвешаныя багатымі дыванамі, больш пасавалі да шыкоўнай гасцёўні.

– Сядай, сынок, – сказала старая даволі прыязна, усаджваючы яго ў кут канапы і паставіўшы перад ім стол так, каб ён не мог выкараскацца. – Сядай, цяжка табе было, чалавечыя галовы не такія лёгкія, не такія лёгкія.

– Спадарыня, што за дзівосы вы кажаце? – усклікнуў хлапчук. – Я і праўда замарыўся, але ж нёс качаны: вы купілі іх у маёй маці.

– Памыляешся, – засмяялася жанчына, падняла накрыўку кошыка і выцягнула чалавечую галаву, ухапіўшы яе за чупрыну. Малы ад страху ледзь не страціў прытомнасць. Ён не мог зразумець, як гэта здарылася, і ўвесь час думаў пра сваю маці: калі хто-небудзь даведаецца пра гэтыя чалавечыя галовы, думаў ён сам сабе, то напэўна ж абвінавацяць маці.

– Трэба ж табе аддзячыць як-небудзь за тое, што ты такі паслухмяны, – прабурчэла старая. – Пачакай хвілінку, я прыгатую табе супчык, які ты запомніш на ўсё жыццё.

Пасля гэтых слоў яна зноў свіснула. Спачатку з’явілася шмат марскіх свінак у чалавечай вопратцы. На іх былі павязаныя кухарскія фартухі, а за паясамі былі апалонікі і вялікія кухонныя нажы. Потым прыскакала мноства вавёрак; на іх былі шырокія турэцкія шаравары, яны ішлі на задніх лапках, а на галовах мелі зялёныя шапачкі з аксаміту. Гэта, відаць, былі кухцікі,[7] таму што яны з вялікай хуткасцю лазілі ўверх і ўніз па сценах, прыносілі зверху патэльні і міскі, яйкі і масла, прыправы і муку і падавалі гэта ўсё да пліты, за якой там старая ў сваім абутку ўвесь час каталася туды-сюды, і хлопчык зразумеў, што ёй вельмі хацелася прыгатаваць яму што-небудзь смачнае. Цяпер агонь, патрэскваючы, шугануў вышэй, цяпер на патэльні закурылася і закіпела, па пакоі паплыў прыемны пах, старая ж бегала туды-сюды, а вавёрачкі і марскія свінкі – за ёй. І калі яна прабягала міма пліты, яна, даўганосая, зазірала ў гаршчок. Нарэшце ўсё забулькатала і зашыпела, з гаршка ўзнялася пара, пена выбегла на агонь. Тады яна зняла гаршчок, наліла адтуль у срэбны спод і паставіла перад Якабам.

– Вось, сынок, вось, – гаварыла яна, – толькі з’еш гэты супчык, тады ў цябе будзе ўсё, што табе спадабалася ўва мне. Табе варта яшчэ стаць добрым кухарам, каб ты штосьці значыў, але траўка… не, траўкі табе ніколі не знайсці; чаму ў тваёй маці ў кошыку яе не было?

Хлопчык не зусім разумеў, што яна казала, і тым большую ўвагу надаваў супу, які яму вельмі падабаўся. Яго маці гатавала яму часам даволі смачныя стравы, але такой смакаты ён яшчэ не каштаваў. Водар пахучых траў і вострых прыпраў падымаўся з супу, які быў адначасова салодкі і кіславаты і вельмі моцны. Калі ён дапіваў апошнія кроплі непараўнальна смачнага супу, марскія свінкі запалілі арабскі фіміям,[8] дым якога расплыўся па пакоях, клубы рабіліся ўсё гусцейшымі і гусцейшымі і асядалі ўніз, пах фіміяму дзейнічаў на малога, дурманячы яму розум, ён крычаў і крычаў, што павінен вярнуцца да маці, а калі знемагаўся, то зноў і зноў упадаў у дрымоту, пакуль нарэшце не заснуў на канапе старой жанчыны.

Ён убачыў дзіўныя сны. Яму саснілася, быццам старая сцягвае з яго вопратку і ўхутвае ў скурку вавёркі. Цяпер ён мог скакаць і лазіць, як вавёрка: ён бавіў час з астатнімі вавёркамі і марскімі свінкамі – вельмі прыстойным, выхаваным народам, ён разам з імі служыў старой даме. Спачатку яму давяралі толькі чысціць абутак – ён павінен быў націраць алеем і шараваць да бляску какосавыя шкарлупіны, якія жанчына насіла замест пантофляў. Гэта давалася яму лёгка, бо і ў бацькоўскім доме ён часта такое рабіў. Яму снілася, што прыкладна праз год яму даручылі больш тонкі занятак: ён разам з яшчэ некалькімі вавёркамі павінен быў лавіць пылінкі з сонечных промняў і, калі іх набіралася дастаткова, прасяваць праз вельмі густое валасяное сіта. Старая лічыла сонечныя пылінкі самай вытанчанай ежай, і, ад таго, што яна не мела ўжо ніводнага зуба, ёй пяклі з іх хлеб. А яшчэ праз год ён быў пераведзены да слуг, якія збіралі пітную ваду для старой. Для гэтага не трэба было ўкопваць цыстэрну ці ставіць у дварэ бочку, каб збіраць туды дажджавую ваду – усё рабілася куды танчэй: вавёркі, а з імі і Якаб, мусілі шкарлупінамі лясных арэхаў чэрпаць расу з руж, і гэтую ваду старая піла. Піла яна шмат, і праца ваданосаў была вельмі цяжкою.

Праз год яго прызначылі на службу ў самім доме. Яго абавязкам было трымаць у чысціні падлогі; але ад таго, што яны былі са шкла, на якім быў бачны нават след ад дыхання, гэта была нялёгкая праца. Служкі мусілі падмятаць шчоткай і прымацоўваць да падэшваў старыя анучкі і на іх адмыслова рухацца па пакоі.

На чацвёрты год ён нарэшце быў пераведзены ў кухню. Гэта была ганаровая пасада, на якую можна было трапіць толькі пасля працяглых выпрабаванняў. Якаб там узняўся па службовай лесвіцы ад кухціка да майстра па паштэтах і дасягнуў такога адмысловага ўмельства і досведу ў справе гатавання, што сам дзівіўся. Самыя складаныя стравы, паштэты з двухсот розных складнікаў, супы з зеляніны, прыгатаваныя з усімі траўкамі зямлі, – ён усяму навучыўся, усё ён умеў рабіць хутка і ўпэўнена.

Так прайшло сем гадоў на службе ў старой жанчыны, і тут аднойчы яна, зняўшы з ног арэхавыя шкарлупіны і ўзяўшы ў рукі кошык і кульбу, каб кудысьці пайсці, загадала яму абскубці кураня, нафаршыраваць яго травамі і, пакуль яна вернецца, прыгожа яго засмажыць, да рудавата-жоўтага колеру.

Ён выканаў усё па правілах кухарскага мастацтва: скруціў кураняці шыю, акуратненька абскуб з яго пер’е, абварыў яго, вышараваў скуру, каб яна зрабілася гладкай і прыгожай, і выпатрашыў. Пасля гэтага ён пачаў збіраць травы, каб фаршыраваць кураня. У кладоўцы для траваў ён заўважыў насценную шафку, якой ён дагэтуль ніколі не бачыў. Дзверкі яе былі прачыненыя. Ён з цікаўнасцю падышоў бліжэй, каб паглядзець, што там, і – о, дзіва! – там стаяла шмат кошычкаў, ад якіх плыў моцны прыемны пах. Ён адкрыў адзін з гэтых кошычкаў і знайшоў там траўкі асаблівай формы і колеру. Сцяблінкі і лісточкі былі светла-зялёныя, а наверсе сядзела маленькая кветачка, апушаная палаючай залацістай чырванню; у задуменні ён пачаў разглядаць яе, панюхаў, і ад яе пайшоў такі ж моцны пах, як калісьці ад супу, які яму прыгатавала старая. Але пах быў такі моцны, што ён пачаў чхаць, і чхаў усё мацней, мацней і… нарэшце прачнуўся.

Ён ляжаў на канапе старой жанчыны і здзіўлена азіраўся. “Як можна бачыць такія жывыя сны? – гаварыў ён сам сабе. – Я магу паклясціся, што насамрэч стаў вартай жалю вавёркай, таварышам марскіх свінак і іншай малечы, а яшчэ і вялікім кухарам. Як будзе смяяцца маці, калі я ўсё гэта ёй раскажу! Але ж яна можа насварыцца, што я заснуў у чужым доме, замест таго каб дапамагаць ёй на рынку!”

З гэтымі думкамі ён падхапіўся, каб пайсці адсюль. Усё яго цела знямела ад сну, асабліва патыліца, і ён не мог як след паварочваць галаву туды-сюды. Ён нават заўсміхаўся з самога сябе, што ён такі заспаны, бо ўвесь час, не паспяваючы і азірнуцца, стукаўся носам аб шафу, сцяну ці шкло.

Вавёркі і марскія свінкі з віскатам бегалі вакол яго, быццам хацелі праводзіць. Ён сапраўды запрасіў іх, ужо ступіўшы на парог, пайсці разам, бо гэта былі сімпатычныя звяркі, але яны каўзануліся на сваіх арэхавых шкарлупінах назад у дом, і ён толькі здалёк чуў, як яны скавыталі.

Гэта была даволі аддаленая частка горада, і яму было вельмі цяжка выблытацца з вузкіх завулкаў, ды яшчэ там была вялікая штурханіна. Там, як яму здалося, паблізу з’явіўся нейкі карлік; паўсюль можна было пачуць воклічы: “Гэй, зірніце на агіднага карліка! Адкуль тут з’явіўся карлік? Ай, які ў яго доўгі нос, і як прырасла яго галава да плячэй, а рудыя агідныя рукі!” Іншым часам ён таксама, магчыма, пабег бы за карлікам, бо больш за ўсё ў жыцці любіў глядзець на волатаў ці карлікаў, ці на дзіўнае незнаёмае адзенне, але трэба было спяшацца да маці.

Калі ён прыйшоў на рынак, яго апанаваў вялікі страх. Маці яшчэ сядзела на сваім месцы, і ў яе кошыках было яшчэ даволі шмат гародніны (ён, відаць, спаў нядоўга), але ўжо здалёку яму здалося, што яна вельмі сумная, бо не заклікала пакупнікоў, а сядзела, абапершыся галавой на рукі, і калі ён падышоў бліжэй, яму здалося, што яна цяпер больш бледная, чым звычайна. Ён памарудзіў, не ведаючы, што рабіць. Нарэшце набраўся мужнасці, ціха падышоў да яе ззаду, пяшчотна паклаў далонь на яе руку і прамовіў:

– Мамачка, што з табой? Ты злуешся на мяне?

Жанчына павярнулася да яго, але з крыкам адхіснулася, жахнуўшыся:

– Што табе трэба ад мяне, агідны карлік? – закрычала яна. – Прэч, прэч! Я не трываю такія жарты!

– Што ты, мама, што з табой? – пытаўся спалоханы Якаб. – Табе, відаць, нездаровіцца; чаму ты адганяеш ад сябе свайго сына?

– Я ўжо табе сказала: ідзі куды ішоў! – злосна адказала фрау Ганна. – У мяне ты нічога не заробіш сваім фіглярствам, агідны вырадак.

“Дапраўды, Бог замуціў ёй розум! – заклапочана падумаў малы. – Што ж мне цяпер рабіць, як завесці яе дадому?”

– Любая мамачка, апамятайся, – сказаў ён. – Паглядзі на мяне як след: я ж твой сын, твой Якаб.

– Не, гэта ўжо занадта бессаромны жарт! – крыкнула Ганна сваёй суседцы. – Толькі паглядзіце на гэтага агіднага карліка, вось ён стаіць тут, разганяе ўсіх пакупнікоў ды яшчэ адважваецца смяяцца з майго няшчасця. Кажа мне: я ж твой сын, твой Якаб. Нягоднік!

Тут суседкі паўставалі са сваіх месцаў і пачалі сварыцца, злосна, як толькі маглі, – а рыначныя гандляркі гэта добра ўмеюць – і лаялі яго, што ён насміхаецца з няшчасця беднай Ганны, у якой сем гадоў таму скралі прыгожага хлопчыка. Жанчыны прыгразілі яму разам накінуцца і падрапаць яго, калі ён зараз жа не пойдзе прэч.

Бедны Якаб не ведаў, што яму думаць. Ён жа, як яму ўяўлялася, сёння раніцай, як звычайна, пайшоў з маці на рынак, дапамог ёй раскласці тавар, пасля гэтага прыйшоў са старой кабетай у яе дом, з’еў смачны супчык, крышку паспаў, а цяпер зноў вярнуўся. А маці і суседкі чамусьці гаварылі пра сем гадоў! І яны называлі яго агідным карлікам! Дык што ж з ім адбылося?

Калі ён убачыў, што маці нічога не хоча слухаць, у яго на вачах выступілі слёзы, і ён у засмучэнні пайшоў уніз па вуліцы да будкі, дзе яго бацька займаўся шавецкай справай. “Цікава, – думаў ён, – бацька таксама не захоча прызнаць мяне? Я стану пад дзвярыма і паразмаўляю з ім”.

Падышоўшы да будкі шаўца, ён стаў каля дзвярэй і зазірнуў. Майстра так быў заняты сваёй працай, што не ўбачыў яго. Калі ж ён выпадкова кінуў позірк на дзверы, туфлі, дратва і шыла вываліся ў яго з рук на зямлю, і ён крыкнуў у адчаі:

– Божа мой, што гэта, што гэта?!

– Добры вечар, майстра, – загаварыў малы, зайшоўшы нарэшце ў будку, – як вашыя справы?

– Дрэнна, дрэнна, малады пане! – адказаў бацька на вялікае здзіўленне Якаба, бо, здавалася, таксама яго не пазнаў. – Мая справа зусім не ідзе на лад. Цяпер я адзін і ўжо старэю, а трымаць падручнага мне не па кішэні.

– А ці няма ў вас сынка, які мог бы дапамагаць вам у працы? – працягваў дапытвацца малы.

– Быў у мяне сынок, звалі яго Якаб, і цяпер ён быў бы стройным, спрытным дзевятнаццацігадовым хлапцом, які мог бы спраўна дапамагаць мне. Ха! Вось было б жыццё! Яшчэ калі яму было дванаццаць, ён быў кемлівым і спрытным і ўжо тое-сёе разумеў у рамястве, акрамя таго, ён быў сімпатычны і прыемны. Ён бы прывабліваў мне кліентаў, так што я неўзабаве больш не латаў бы, а шыў бы толькі новае! Але так ужо ўладкаваны свет!..

– А дзе ж ваш сын? – спытаў дрыготкім голасам Якаб.

– Бог ведае, – адказаў бацька. – Сем гадоў таму, так, сем гадоў ужо, як яго скралі ў нас на рынку.

– Сем гадоў? – з жахам усклікнуў Якаб.

– Так, панок, сем гадоў. Я памятаю яшчэ як сёння, як мая жонка прыйшла дадому, з плачам і крыкам, што дзень прайшоў, а дзіця не вярнулася, яна ўсюды распытвала і шукала і не знайшла яго. Я заўсёды думаў і казаў, што так атрымаецца: Якаб быў прыгожы хлопчык, гэта трэба падкрэсліць, таму мая жонка заўсёды ганарылася ім, і ёй падабалася, калі людзі хвалілі яго, і пасылала яго часта з гароднінай ці чым яшчэ ў знатныя дамы. І гэта было правільна: яго заўсёды шчодра абдорвалі. Але я казаў: “Прыглядай за Якабам! Горад вялікі, у ім жыве шмат кепскіх людзей, прыглядай жа за Якабам!” Так і здарылася, як я казаў. Прыходзіць аднойчы на рынак старая, агідная баба, купляе садавіну і гародніну і нарэшце бярэ столькі, колькі сама данесці не можа. Мая жонка, добрая душа, пасылае з ёй хлочыка і… з таго часу мы больш яго не бачылі.

– Вы кажаце, прайшло ўжо сем гадоў?

– Сем гадоў будзе вясной. Мы клікалі яго, мы хадзілі ад дома да дома і пыталіся; некаторыя людзі ведалі і любілі Якаба і шукалі яго разам з намі, але дарэмна. Ніхто і не бачыў ніколі жанчыны, што купляла тады гародніну. Але адна старэнькая бабуля, якая пражыла ўжо дзевяноста гадоў, сказала, што гэта можа быць злая фея Кройтэрвайс, якая адзін раз у пяцьдзясят гадоў выходзіць у горад, каб накупіць сабе ўсяго.

Так гаварыў бацька Якаба і пры гэтым біў па абутку малатком і дзвюма рукамі працягваў дратву. Малому ж паступова рабілася зразумела, што з ім здарылася: значыць, ён не трызніў, а сапраўды сем гадоў быў вавёркай-служкам у старой феі. Злосць і сум так напоўнілі яго сэрца, што яно ледзь не разарвалася. Старая скрала ў яго сем маладых гадоў, а што ён атрымаў наўзамен? Магчымасць націраць да бляску пантофлі з какосавых арэхаў, даглядаць за тым, каб пакой са шкляной падлогай заўсёды быў чысты? Навучыўся ў марскіх свінак усім таямніцам кухні?

Нейкі час ён проста стаяў і раздумваў пра свой лёс. Нарэшце бацька спытаў:

– Магчыма, вам нешта падабаецца з маіх вырабаў, юны пан? Напрыклад, пара новых пантофляў ці, – дадаў ён усміхаючыся, – можа, футарал для вашага носа?

– Што вы прычапіліся да майго носа? – сказаў Якаб. – Навошта яму футарал?

– Ну, – адказаў шавец, – каму што падабаецца. Але вось што я павінен вам сказаць: калі б у мяне быў такі жудасны нос, я заказаў бы на яго футарал з ружовай лакіраванай скуры. Гляньце, у мяне пад рукой якраз ёсць цудоўная скура; праўда, для гэтага спатрэбіцца не менш за паўметра. Але як цудоўна вы былі б забяспечаны, панок. А то ж натыкаецеся на кожную агароджу, на кожную падводу, ад якой хочаце ўхіліцца.

Малы стаяў анямелы ад жаху. Ён абмацаў свой нос, які быў тоўсты і даўжынёй ці не ў дзве далані! Значыць, старая змяніла і яго выгляд! Вось чаму яго не пазнавала маці, вось чаму яго абзывалі агідным карлікам!

– Майстра, – звярнуўся ён ледзь не са слязьмі да шаўца, – ці няма ў вас пад рукой люстэрка, каб мне паглядзецца?

– Панок, – сур’ёзна адказаў бацька, – Бог вам не даў такога выгляду, якім можна было б фарсіць, і ў вас няма прычыны кожную гадзіну пазіраць у люстэрка. Кіньце гэтую звычку, для вас яна – асабліва смешная.

1

Кульба – палка, на якую абапіраецца чалавек, якому цяжка хадзіць.

2

Брук – дарога, укладзеная каменнем.

3

Фацэтна – пацешна.

4

Храпка – сцябло капусты.

5

Эбенавае дрэва – дрэвы пэўнай пароды, якія маюць цёмна-зялёны альбо чорны колер.

6

Пантофлі – хатнія туфлі.

7

Кухцік – хлопчык, які дапамагае кухару на кухні.

8

Фіміям – араматычная смала, якая пры спальванні прыемна пахне.

Карлік Нос (зборнік)

Подняться наверх