Читать книгу Забойца анёла (зборнік) - Вінцэсь Мудроў - Страница 4
Кава апоўначы
ОглавлениеРыгор Мікалаевіч – малады, збольшага непітушчы кандыдат навук – выбег з ваннага пакоя і, пакідаючы на падлозе сляды мокрых ног, падбег да шафы. Высунуўшы шуфляду, дзе ляжала ніжняя бялізна, ён выцягнуў адтуль трыкатажныя трусы фірмы «Pumа», нацягнуў на жылістыя клубы і заклапочана спахмурнеў: жоўтая пляма на трусах так і не адмылася. Памацаўшы пляму дрыготкім пальцам, кандыдат скрывіўся і ўжо без ранейшага імпэту стаў насоўваць праз галаву выхадную кашулю. У галаве тым часам віравалі лічбы: сорак тысяч трэба будзе аддаць за шампан, пяцьдзясят тысяч за ружы, яшчэ дванаццаць тысяч «пацягнуць» новыя шкарпэткі: старыя ўсе скрозь прадзерліся. Агулам – сто дзве тысячы.
Як для яго – вялікія грошы.
– У-ф-ф! – выдыхнуў Рыгор і тут жа застыў, зачараваны. Яму ўявіліся важкія дзявочыя грудзі, прымроіліся гладкія, шырока рассунутыя калені, вуха крануў гарачы Зінчын шэпт, і кандыдат, забыўшыся на грошы, захоплена пацёр спацелыя далоні.
Рыгор быў старым кавалерам і ўжо не першы год марыў аб жаніцьбе. Знайсці ў сталым веку годную жонку наогул цяжка, а тут яшчэ прыродная сціпласць, няўпэўненасць у сабе, малыя заробкі… Карацей, злядашчаў Рыгор без жонкі. І вось, акурат сёння, з халасцяцкай слязінай у сэрцы, сустракаў кандыдат сваё трыццацігоддзе. Адранку – была такая інстытуцкая завядзёнка – прынёс на кафедру пару пляшак віна, кіло памаранчаў, яшчэ нейкя закусь і, у час сяброўскай бяседы, пачуў ад калег шмат добрых слоў на свой адрас. «Адно кепска, Рыгор Мікалаевіч, – выгукнула пры канцы застолля загадчыца кафедры Еўдакея Ферапонтаўна, – не маеш ты спадарожніцы жыцця». Распалавініўшы памаранчу, загадчыца выцерла рукі аб насоўку і жартам прамовіла: «А вунь, Зіначка Якуніна… чым не пара? Маладая, энергічная… кандыдацкую піша…»
Пасля такіх словаў Зіначка Якуніна густа пачырванела і абдарыла Рыгора Мікалаевіча шматабяцальнай усмешкай.
Гэтая самая Зіначка працавала на суседняй кафедры і патрапіла на застолле выпадкова – прынесла нейкія паперы і, вядома ж, мусіла выпіць за здароўе юбіляра. Дагэтуль Рыгор не звяртаў на Зіначку аніякай увагі: была яна на пяць гадоў старэйшай, на два пальцы вышэйшай і нос мела кірпаты. Але тут штосьці зварухнулася пад сэрцам, і юбіляр, паправіўшы скасабочаны гальштук, убачыў, што Зіначка Якуніна прывабная жанчына і да таго ж – пра гэта яму гучным шэптам паведаміла Еўдакея Ферапонтаўна – мае ўласную двухпакаёвую кватэру.
Пасля бяседы Рыгор праводзіў Зіначку дахаты. Яны ішлі па шумных вуліцах, бязладна гаманілі, і з кожным крокам у душы Рыгоравай расло, убіралася ў сілу пачуццё хмельнай радасці з дамешкам восеньскага суму. Сум навявала бязважкая павучынка, што трымцела ў валасах спадарожніцы. Павучынка спрабавала зляцець у свой недалёкі вырай, але здолела гэта зрабіць толькі на парозе Зінчынага дом. Рыгор зняў яе, пусціў па ветры, і Зіначка, ачараваная такім абыходжаннем, ледзь чутна пралепятала: «Дык, можа, зойдзем да мяне? Пачастую вас кавай…»
Прапанова прагучала знянацку, і ў Рыгора ад нечаканасці нават закружылася галава. «Трусы падзертыя… памыцца трэба… кветку якую ўзяць…» – завіравалі ў галаве бязладныя думкі, і кандыдат, пералічыўшы квадраты вокнаў у Зінчыным пад’ездзе, у сваю чаргу шапялява прамармытаў: «А можна… увечары?»
Жанчына з радасцю кіўнула, і яны развіталіся на доўгія дзве гадзіны.
А дзявятай вечара, пад гукі музычнай застаўкі тэлепраграмы «Панарама» – у адной з кватэраў тэлевізар працаваў на поўную гучнасць, – кандыдат увайшоў у прыцемны пад’езд, падняўся на другі паверх і застыў перад браніраванымі дзвярыма. Перакінуўшы з левай рукі ў правую букет жоўтых ружаў (хацеў узяць чырвоных, ды не было ў продажы), Рыгор з шумам перавёў дых, памкнуўся націснуць гузік званка, ды дзверы з рыпам адчыніліся і на парозе паўстала гаспадыня кватэры. Была яна ў белай празрыстай сукенцы і з чырвоным бантам у валасах.
– А вось і мы! – гукнуў кандыдат, злавіўшы вокам смочкі грудзей, што прабіваліся праз сукенку, і элегантным рухам – дзвюма рукамі – перадаў даме кветкі.
– Ой, Рыгор Мікалаевіч… ну навошта такія выдаткі? – з інтанацыяй лёгкай панікі прамовіла жанчына, прыціснула да твару бутоны і, увабраўшы носам паветра, прашаптала: – Божухна, які пах!
Рыгор Мікалаевіч пераступіў парог, другім разам перавёў дых і толькі тады згадаў, што прыйшоў на спатканне ў туфлях на босую нагу. Шкарпэткі ён набыў па дарозе, ды забыўся нацягнуць, і цяпер застыў ля дзвярэй, чакаючы, калі гаспадыня сыдзе з калідора. Тая, аднак, не сыходзіла.
– Ну што ж вы, Рыгор Мікалаевіч, не саромейцеся. Будзьце як дома. Вось вам тапкі, – гаспадыня кватэры нагнулася, яшчэ раз прашаптала: – Які пах! – падсунула да Рыгоравых ног мяккія жаночыя тэпці.
Госць муляўся ля ўвахода, і гаспадыня, па-свойму зразумеўшы сітуацыю, адчыніла прыбіральню…
«Лажануўся», – падумаў Рыгор, нацягваючы шкарпэткі і, каб пераканаць гаспадыню, што яго прыперла ўсяго толькі па малой патрэбе, спусціў ваду і выслізнуў з прыбіральні.
– Калі б вы ведалі – як я люблю жоўтыя ружы! – Зіначка завіхалася недзе ў кухні, і Рыгор, дастаўшы з поліэтыленавай торбы бутэльку шампану, агледзеўся. Пасярод пакоя стаяў сервіраваны на дзве персоны стол. На стале гарэлі васкоўкі, і палахлівыя вогнікі цьмяна бліскалі на металёвым цэптэраўскім посудзе, на ножках высокіх фужэраў, на баку пузатай бутэлькі. «Cаmus» – мільганулі ўваччу залацістыя літары, і Рыгор, уздыхнуўшы, прысуседзіў да пляшкі дарагога французскага каньяку бутэльку таннага айчыннага шампану.
Наступнай хвілінай госць з юрлівай асалодай назіраў, як гаспадыня ўкараноўвала стол букетам апырсканых вадою ружаў. Пад сукенкай Зінчынай былі толькі ажурныя трусікі, і Рыгор, пабачыўшы гэта, няўлоўным рухам правёў рукой па тым месцы, дзе паўставаў з небыцця апрэлы дручок.
Ад выпітага кружылася галава і злёгку зыбалася падлога.
– Еўдакея Ферапонтаўна шмат пра вас казала, – гаспадыня кватэры каторым ужо разам наблізіла твар да ружаў.
– А што канкрэтна? – госць у сваю чаргу паднёс да носа фужэр, удыхнуў шакаладны пах каньяку.
Замест адказу жанчына апусціла вочы, прыкусіла ніжнюю губу, і Рыгор зразумеў, што Зіначка забегла сёння на кафедру не выпадкова.
Госць, з адчуваннем лёгкай перавагі (сам ён абараніўся яшчэ пазалетась), змяніў тэму гаворкі:
– Ну, а як кандыдацкая?
– Засталося стылістыку паправіць… – адказала Зіначка, і Рыгор падскочыў у крэсле.
– Стылістыку? Ды я яе ўжо траім правіў! – кандыдат памкнуўся зараз жа ўзяцца за справу, але гаспадыня яго спыніла.
– Ну што вы, Рыгор Мікалаевіч… у нас яшчэ будзе час… – жанчына папоўніла ягоны келіх, – ці не так?
Полымя ўсіх трох свечак гайданулася, твар гаспадыні дзіўным чынам засвяціўся знутры, і душу Рыгораву працяў нервовы халадок.
– Зіначка… у нас наперадзе цэлае… – ён не дагаварыў: захлынуўся ад хмельнага шчасця, якое аж па край напоўніла грудзіну.
Рухавыя вогнікі свечак мільганулі ў жаночых вачах, і Зіначка падхапілася на ногі. Яна відавочна хацела адцягнуць, затрымаць хвіліну галавакружных прызнанняў.
– А вы памятаеце, Рыгор Мікалаевіч, дзеля чаго я вас запрасіла?
Рыгор Мікалаевіч п’янавата таргануў плячыма.
– Хацела пачаставаць каваю. Ды не паспела змалоць, – гаспадыня выйшла на кухню і ўжо адтуль казала госцю, – так што закасвайце рукавы. Цэлы пачак сёння купіла.
Госць кульнуў дзеля смеласці фужэр каньяку, кінуў у рот скрылёк цытрыны і таксама падаўся на кухню.
Зіначка сядзела на кукішках і поркалася ў кухонным буфеце.
– Кавамолка, праўда, дапатопная. Яшчэ ад прадзеда засталася, – Зінчын задок напята пукаціўся, і Рыгор, аблашчыўшы вачыма спакуслівую лагчынку, што падзяляла яго на дзве палавіны, аж застагнаў ад юрлівай змогі. – Каб пачак змалоць, трэба круціць цэлыя суткі.
Кавамолка была і сапраўды дапатопная. Шэрая, з рэшткамі лаку, яна нагадвала мініяцюрную катрынку, і, здавалася, крутні выгінастую корбу – і кавамолка абзавецца зыкамі. Рыгор агледзеў млынок з усіх бакоў і на прыбітай спадыспаду блямбе разабраў зацёрты надпіс: «Заводъ “Везувій”. 1904 годъ».
Гаспадыня засыпала ў кавамолку жменю пахкіх зярнят, і госць з шалёным імпэтам крутнуў корбу.
– Не так шпарка, Рыгор Мікалаевіч. Круціць трэба паволі, каб зерне паспявала патрапіць у жорны.
Рыгор запаволіў хуткасць, і першыя зярняты з лёгкім храбусценнем перацёрліся на мліва. Гукі гэтыя лагодзілі слых. І наогул, малоць каву на старажытным млынку было надзвычай прыемным заняткам, і калі хвілін праз пяць гаспадыня зайшла ў кухню, госць адказаў ёй белазубай, па-дзіцячы наіўнай усмешкай.
У гэтым была нейкая зачараванасць, нейкае насланнё. Рыгор круціў корбу, і разам з корбай круціліся кухонныя сцены, газавая пліта, насценны гадзіннік, двухкамерная лядоўня «Ака», і ўвесь свет раскручваўся навокал, і кружэнне гэтае спынілася толькі тады, калі за спінай бразнулі дзверы і хтосьці голасна вымавіў ягонае імя.
Гэта была Зіначка: яна з нецярплівасцю ляпала па далоні донцам меднай туркі.
– Зіначка… яшчэ крыху, – малітоўна прашаптаў Рыгор і, звёўшы вочы да пераносся, са здзіўленнем адзначыў, што паспеў змалоць толькі жменьку кававага зерня.
Каб не разагнаць, не расплюхаць неасцярожным рухам зачаравання, Рыгор заплюшчыў вочы і шчасна ўсміхнуўся. Ён вырашыў змалоць увесь пачак.
– Рыгор Мікалаевіч… вы паўтары гадзіны круціце… мне заўтра на працу, – пачулася над вухам, але гэтым разам Рыгор нават не азірнуўся. Прыкусіўшы губу, ён малоў каву, і выгінастая корба ў той момант рабіла 1560-ы абарот.
Потым гаспадыня яшчэ пару разоў заходзіла ў кухню. Змучаным голасам казала, што ў яе хворае сэрца, што ёй трэба класціся спаць, тэлефанавала – Рыгор чуў краем вуха – Еўдакеі Ферапонтаўне, нарэшце сунялася, і ў Рыгора застракатала ўваччу. Зярняты ператварыліся ў прусакоў, заварушыліся перад носам; госць страсянуў галавой, і ў гэты момант млынок вырваўся з рук і важка абрынуўся на галаву. Адзінае, што госць паспеў заўважыць, гэта металёвую корбу, якая, мільгануўшы перад носам, гучна ляснулася ў насценны гадзіннік.
Стрэлкі гадзінніка застылі на лічбе «12», кухонныя сцены спынілі кругабег, пагрозліва атачыўшы Рыгора з усіх чатырох бакоў. Сусвет перастаў круціцца вакол Палярнай зоркі, замёр на імгненне, і за каршэнь Рыгораў струменьчыкам пасыпалася кававае мліва.
Хвіліну ён сядзеў, утуліўшы галаву ў плечы, потым асцярожна, з утуленай у плечы галавой, устаў і, як той самнамбул – выставіўшы наперад рукі – рушыў да дзвярэй.
У суседнім пакоі здушана плакала Зіначка.
– Вар’ятка, – вырвалася з Рыгоравай душы, калі ён выходзіў з кватэры.
Дыхнуўшы прахалоды, кандыдат памацаў пабітую макаўку, выцягнуў са штаноў край кашулі, спрабуючы вытрусіць кававае мліва, але яно прыстала да потнага карка і раздражняла нервы. Раздражнялі і туфлі, якія раптам пачалі ціснуць. Кандыдат памкнуўся зняць іх і закінуць у прыдарожныя кусты, ды ўгледзеў, што насунуў не на тую нагу. Ён сагнуўся, тузануў непадатны шнурок, і на мысок стаптанай туфлі адна за адной упалі дзве скупыя халасцяцкія слязіны.