Читать книгу Чужая бацькаўшчына - Вячаслаў Адамчык - Страница 10
IX
ОглавлениеЗ гумна, з прычыненых на адну палавiну дзвярэй, бухнуў рогат, спудзiў каля парога, на мокрай, зацярушанай саломаю сцежцы, баязлiвых вераб’ёў. Яны косаю грумадкай пырхнулi на стракатую ад снегу, замшэлую страху. Задзiралi галоўкi, пацеркамi вочкаў зiркалi сюды, на зямлю, i, не ўчуўшы нiякай бяды, па адным спускалiся зноў.
Мондрыя падсявалi авёс. Усе тры бабы – сiвыя ад пылу, толькi зубы свяцiлiся, калi яны пачыналi рагатаць, – трымаючы ў руках па рэшаце з аўсом, траслi iх, кружылi, каб высыпаўся з зярнят пясок, ляпалi далонямi па гладкiм жоўтым абечку, нiбы забаўлялiся. Згробшы зверху скружыны, сыпалi чысты авёс у шаснастку – неглыбокi, на два пуды, цабэрак з доўгаю ручкаю, – мералi, колькi ўсяго намалочана.
У гумне вiсеў i круцiўся ў дзверы рэдзенькi пыл.
Iмполь у аб’еханай на патылiцу кепцы, у адной рубашцы з палапленымi локцямi насiў у стопку мяшкi – там былi пароблены з расколатых дзеравiн шчыльныя засекi, на спрат збожжа, – i, вярнуўшыся ў гумно, слухаў, што расказваў не вельмi падкi да работы стары малацьбiт.
– Чуеце, што са мною было, – варушачы навiслымi бровамi, стары падсоўваў далей на лоб сваю зрудзелую авечую шапку з начаплянымi саломiнкамi i аўсянаю лускою.
– Сколька вы, дзядзька, расказваеце, i ўсё было з вамi, – Алеся трасла рэшатам, прыпёршы яго да жывата. У рэшаце шастаў авёс, пухкаючы пылам i аўсянаю лускою.
– Каб я з гэтага месца не сышоў!
Алесiна губа, з сiвымi ад пылу вусiкамi, крывiлася ад смеху, i яна адварочвалася, каб не смяяцца.
– Дальбог, праўда! – у малацьбiтовых зеленаватых вочках таксама тлеў хiтранькi смех. – Iду, гэта, я раз каля магiлак. Год пятнаццаць мне было. Каня шукаю. Пуcцiў яго вечарам на балотца, прыйшоў глянуць, а яго няма. Падняўся на грудок, ужо добра прыцямнела, а там у нас на грудку магiлкi. А каля iх, нябось, сцiшна. Iдзеш i слухаеш: цi не крадзецца хто за табою. Прыспешыў крок, а з-заду нехта як свiшча. Аглянуўся – не, нiкога не вiдаць. Зноў подбегам iду, i зноў свiшча. У мяне на галаве аж шапка пачала расцi. Пусцiўся з усiх чатырох, а ён яшчэ мацней свiшча. То бег я, бег – калаццё нагнаў, покуль упоцемку за нейкi корч не зачапiўся i не паляцеў потырч носам. Ляжу нi жывы нi мёртвы, стаiўшыся, слухаю, што ж будзе далей. I дасце вы веры цi не: у носе ў мяне свiшча.
– А хустачкi для носа вы i цяпер яшчэ не маеце, – падлавiў старога малацьбiта Iмполь.
У гумне зноў бухнуў рогат.
– Падцяў-такi, – смяяўся i сам малацьбiт, паказваючы чорны, дуплявы зуб i падтрасаючы на лоб чорную авечую шапку ў рудаватых стручках.
Засланяючы дзверы, у гумне мiльгануў поцемак. Усе азiрнулiся. На парозе стаяла Хрысця, апусцiўшы i склаўшы накрыж на жываце рукi. Твар у яе быў сцяты, белы ад перапалоху.
– Ты чаго, Хрысцечка? – Алеся высыпала ў шаснастку падсяваны авёс i выпусцiла рэшата – яно пакацiлася па таку да кадаўба з абмеццем.
– Вунь Мiцю нейкi чалавек прывёз!..
– Ах, божа, што там зрабiлася?
Усе глядзелi на Хрысцю, нават нямая паставiла рэшата i, падгладжваючы пад хустку сiвую пасму валасоў, зазiрала кожнаму ў твар, стрыгла вытрашчанымi, як у дзiцяцi, вачмi – хацела распазнаць, пра што гавораць.
– Хадзi ж да нас, Алеся, – Хрысця схавалася за палавiнку дзвярэй.
Пераступаючы цераз горбу яшчэ не прасеянага аўса i закручваючы кругом шыi хустку, Алеся няцвёрда, як п’яная, выйшла з гумна.
– Ды чаго ж ты ўжо так, не палохайся, – сказала Хрысця, адступаючы далей, на жоўтую, спярэшчаную слядамi сцежку. – Ён жывы ды здаровы.
З-пад ног у Алесi плюхаў сiняваты, як крухмал, набрынялы вадою снег.
Закурэлыя, нават на бровах сiвыя ад пылу, усе высунулiся з гумна. Iмполь подбегам дагнаў Хрысцю:
– Што там?
– Мiцю iхняга на пастарунку збiлi, – Хрысця бокам прасунулася праз незачыненыя веснiкi.
Iмполь спынiўся каля шчытнага яловага плота, глядзеў, як за Корсакавым, з мокраю цёмнаю сцяною, гумном хавалася Алеся. Туды за ёю спяшалася Хрысця – у плыткiм снезе радком слаўся прабiты да зеленаватай травы след. На чубку гумна матлялася прывязаная крылом да калка здохлая варона, каб салому не дралi iншыя. Са страхi лiлася, пляскала па цёмнай лужыне над вуглом вада. Браўся туманец, вiсеў над вёскаю. Учуўшы вiльгаць, адсырэў мох на стрэхах, зазелянелi камлi голых дрэў, сцены будынкаў, з таго боку, адкуль гнала снег. Цягнула прастуднай халоднай сырасцю. З-за гумна, дзе вiсела прывязаная да калка варона, паказалася падвода: буланы, з белай зоркай на лобе i сытымi персямi конь махаў мокраю злiплаю грывай. Суха скрыпелi гужы на аглоблях. Плюхаў з-пад капытоў раздражджалы ў кашу снег. З Корсакавага пляца конь завярнуў на вулiцу. Праз адчыненыя веснiкi туды мiльганулася i затрасла доўгiмi вушмi, заходзячыся ад брэху, жоўценькая сучачка.
У новых, на жалезным хаду, калёсах, прыхiлiўшыся да зялёнага лазовага палукашка, сядзеў Радзюж. З воза стырчма глядзела пуга з жоўтым стусiнавым пужальнам i чырвоным кутасiкам на сырамятным паску.
Iмноль знiякавеў, убачыўшы Радзюка, – не чакаў, што стрэне яго так знянацку ў Верасаве. Гэта, пэўна, ён прывёз дадому Мiцю Корсака.