Читать книгу Трыкутнік Караля - Яўген Аснарэўскі - Страница 4
Глава 3. Трыкутнік караля
ОглавлениеДарога ад Мінска да Гродна – дакладна не самая доўгая на свеце. Але калі яе прарабіць на старэнькім «карчы», то яна можа стаць доўгай і маляўнічай. Уладзімір і яго зялёны аўтамабільчык былі ўжо ў Шчучынскім раёне, дзе дарогу абступаюць, з двух бакоў, старыя, калматыя, іглічныя дрэвы.
Больш за месяц таму мiнчуку ў інтэрнэце напісала дзяўчына і, распавёўшы, што яго парэкамендаваў, як добрага гісторыка, прафесар Мiхаiлас Лiтвакас, прапанавала супрацоўніцтва. Жыць меркавалася ў Гродне, наведаць якое, Уладзімір заўсёды быў не супраць, тым больш, што паказаныя яму анлайн здымкі знойдзеных артэфактаў былі для яго сапраўды ашаламляльнымі.
Аказалася, што яны ўжо знаёмыя завочна з гэтай дзяўчынай бо знаходзяцца ў адной групе ў сацыяльнай сетцы. Акрамя таго, у даследаванні павінен быў удзельнічаць і іншы па чутках знаёмы Уладзіміру гісторык з Гродна.
«Гэта будзе выдатна…» – думаў Уладзімір, уціхамірвая малапакорны аўтамабільчык на павароце.
Выйшаўшы на прамую, ён трохі расслабіўся і нават падумваў уключыць магнітолу, такую ж старую, як і сама машына. Гэта быў рарытэт, які працуе на касетах, iх Уладзімір спецыяльна вышукваў, дзе толькі мог. Ён быў настроены пазітыўна і, пасвістваючы, падкінуў пальцамі вымпел хакейнага клуба з Маладзечна, якi боўтаўся на люстэрку задняга вiду…
Драм!!! Цяжкі ўдар у бок аўтамабіля скалануў легкавік. Ззаду нешта пакацілася, а Уладзіміра матнула ў бок. Рэзка націснуўшы на тармазы, ён даволі хутка спыніў машыну і выбег з яе. На дарозе цямнела нешта… Нешта якое нагадвала вялікага звера.
«Мядзведзь…» – чамусьці пранеслася ў галаве Уладзіміра.
Наблізіўшыся, ён адразу ж адчуў сябе па-дурному з-за гэтай здагадкі. Ляжачы на дарозе звер быў, вядома, значна менш мядзведзя, але ўсё ж на вока важыў не менш за сто кiлаграм. Вялікіх памераў кабан ляжаў на дарозе, і не падаваў ніякіх прыкмет жыцця. Вочы жывёлiны былі зачыненыя. Уладзімір застыў на месцы, пільна гледзячы на звера і не ведаючы, што рабіць. Нечакана яго ўвагу адцягнуў далёкі гук выбуху за лесам, вiдаць, гэты гук зыходзіў з прыхаванай там вёскі. Апусціўшы галаву і зноў пільна паглядзеўшы на ляснога госця, Уладзімір працягнуў да яго руку… У тую ж секунду кабан расплюшчыў вочы, зароў, і рэзка матнуў ікластай галавой, пры гэтым ледзь не ударыўшы чалавека ў калена. Адскочыўшы ад нечаканасці далёка ў бок, Уладзімір пачуў ліхаманкавы стук уласнага сэрца. Вяпрук між тым узняўся і пабрыў у лес.
Падышоўшы да машыны Уладзімір, да свайго здзіўлення, не знайшоў увагнутасць на крыле. Гэта палепшыла яго настрой. Вярнуцца ў салон, завесці матор, уключыць музыку: усё гэта стала справай адной хвіліны. І вось ужо зялёны аўтамабільчык зноў на шляху.
«У старажытнасці варажбіты выкарыстоўвалі жывёл для прадказанняў, цікава, што б на іх варажбiцкi погляд азначаў бы ўдар дзiком у стары корч…» – думаў Уладзімір. Ад гэтых думак ён развесяліўся яшчэ больш і ў выдатным настроі заехаў на вуліцы Гродна.
Шэрая смуга туману пакрывала старадаўні горад. Зіма, пазбаўленая пакладаў снегу і моцнага холаду, панавала ў ім. Адны людзі былі апранутыя ў зімовыя курткі, іншыя – ледзь не ў летнія ўборы. Тратуары здаваліся намаляванымі цёмнымі фарбамі па грубым палатне, а яшчэ далей, праз туман, праступалі абрысы храмаў, якія здаваліся нейкімі прывіднымі замкамі ў змрочных далінах.
Хлопец і дзяўчына стаялі ў скверы Фары Вітаўта. У тры гадзіны дня, яны ўбачылі, як з боку вуліцы Замкавай у сквер увайшоў цёмнавалосы чалавек з невялікай барадой, апрануты ў армейскага пакрою паліто. Ён прыпаркаваўся непадалёк і цяпер ішоў паспешлівым крокам да помніка, каля якога павольна хадзіла маладая пара. Падышоўшы да іх, чалавек сарамліва ўсміхнуўся і, працягнуўшы кожнаму з іх руку, два разы сказаў:
– Уладзімір. Рады пазнаёміцца.
– Віка, – адказала дзяўчына, – вельмі прыемна.
– Мечыслаў, – сказаў яе таварыш.
Знаёмства ў рэальным свеце людзей ведаючых адзін аднаго толькі праз iнэт – можа быць вельмі цікавым, як і пачатак iнэтавай перапіскі людзей, якія ведалі да гэтага адзін аднаго толькі ў жыцці.
Праз трыццаць хвілін усе трое сядзелі з ноўтбукам у адным з гарадскіх кафэ. Адарваўшыся ад кавы, Уладзімір сказаў:
– Пакуль я ехаў да вас мяне ледзь не пратараніў дзік. Гэта быў самы ўражальны кантакт з прыродай у маім жыцці.
Віка і Мечык змяніліся ў твары.
– А ў мяне… – выпалілi яны адначасова.
Мечык усміхнуўся і памаўчаў, даючы зразумець Віцы, што яна можа працягваць.
– А ў мяне, – працягнула Віка, – таксама быў, так бы мовіць, кантакт пакуль я сюды ішла. Матылёк, і, здаецца, гэта рэдкi матылёк – вачнiца. Велізарная проста! І яна ж начная, але прыляцела днём і кружылася ля майго твару вельмі доўга. І падумайце, матылёк зімой! Падаў лёгкі сняжок, калі ён зляцел да мяне.
Апошнія словы дзяўчына сказала трохі бянтэжачыся сваіх вялікіх ведаў аб матылях.
– У мяне была кніжка, ну… аб матылях, – патлумачыла яна, збянтэжыўшыся яшчэ больш.
Мечыслаў усміхнуўся і бразнуў лыжкай аб кубак з капучына. Яму таксама было што расказаць, і ён адсунуў сваю каву трошкi далей.
– Я ішоў сюды… – пачаў Мечык, – у гэты момант яго ўвагу прыцягнуў чалавек, які сядзеў за барнай стойкай, непадалёк ад іх століка. У яго была настолькі невыразная знешнасць, што Мечыслаў, будучы мастаком, не змог бы намаляваць яго партрэт нават з натуры. Гэты чалавек пільна назіраў за іх кампаніяй, але тут жа уткнуўся ў свой келіх з віном, калі гісторык затрымаў на ім погляд.
– Ну дык вось, я ішоў сюды, – працягнуў малады чалавек, выкінуўшы невыразнага наведвальніка бара з галавы, – міма бернардынскага касцёла. І тут да мяне зляцеў сокал, што жыве там, за статуяй святой Алены.
Віка заківала галавой у знак таго, што таксама ў курсе пражывання сокала ў самым цэнтры горада.
– Там парачка сокалаў, у іх нават ёсць імёны, – дадаў гісторык.
– Але самае дзіўнае, што ён проста пераследваў мяне гэты сокал. Вось гэтая драпежная птушка проста такі ледзь не кідалася мне пад ногі. Ён быў такі… ну… незвычайны. Мінакі на гэта глядзелі як на цуд нейкі. І не ведаю, хіба яны не ляцяць на зімоўку?
«Як бачна не мяне аднаго пераследвала жывёла. Можа быць, я і нездарма ўспомніў пра старажытных прадказальнікаў… Мда уж…» – пранеслася ў галаве Уладзіміра, і ён сербануў яшчэ кавы.
Троіца маўчала, абдумваючы тое, што з імі здарылася. Мiнчук вырашыў перайсцi да мэты свайго візіту, ды сказаў:
– І што ж у вас за археалогія цікавая, раскажыце, калі ласка.
Віка разгарнула да госця ноўтбук, на экране якога былі здымкі знаходак Мечыслава.
– Фоткi артэфактаў я ўжо і так бачыў, – сказаў малады чалавек. – Спадзяюся, я змагу ўбачыць гэтыя любаты і ў рэальнасці?
– Зразумела, – прамовіў Мечыслаў, жуючы круасан.
– Я так разумею, – сказаў Уладзімір, – што галоўная наша задача расшыфраваць гэты рукапіс з бутэлькі, то бок пасланне скрозь стагоддзі ад Панятоўскага.
Маладыя гарадзенцы кіўнулі.
– Пакажыце яго, – дадаў мінчанін.
Віка шчоўкнула па клавіятуры ноўтбука і перад гісторыкам паўстал фотаздымак пергамента з надпісам. Уладзімір ведаў яго на памяць, з таго часу, як ён атрымаў паведамленнем на сваю старонку ў сацыяльнай сетцы гэты тэкст, ён столькі разоў яго чытаў, што мог бы распавесці яго нават прачнуўшыся ад удару грому, але фота пергамента бачыў упершыню. І яно зрабіла на яго вялікае ўражанне. Прабягаючы тэкст вачамі, ён чытаў:
«Рыцар Salsinatus імёны свае ў трыкутнік склаў. Пастаў абраных па імёнах на месцы іх у дзень прыходу рыцара ў свет зорная карта яго сонцам на сонца пакажа ў імёнаў трыкутнік. Адказ у імёнах абраных складзеных разам атрымаеш ты. На Шуканым знойдзеш яго ў дзень прызначаны»
– Пергамент проста магічны, – сказаў Уладзімір услых.
– Імёны свае ў трыкутнік склаў… – прамармытаў Мечыслаў.
– Як можна скласці імёны ў трыкутнік? – спытаў Уладзімір.
– І дзе можа быць гэты трыкутнік? – дадала Віка.
– Гаворка пра трыкутнік, відавочна, нездарма, – сказаў Уладзімір, – гэта адзін з сымбаляў розэнкрэйцараў…
– А мы ведаем ужо, што на капсуле знак розэнкрэйцараў і што кароль Панятоўскі быў масонам, – сказала Віка.
– І акрамя таго цікавіўся і розэнкрэйцарамi, – дапоўніў Уладзімір.
– Можа быць, гаворка пра нейкую… мапу, – выказала здагадку Віка. – Дзе можа быць намаляваны трохкутнік? Гэта павінна быць нешта накшталт карты, карты на якой ёсць імёны.
– Тут гаворка пра імёны Панятоўскага, раз гэта ён рыцар Salsinatus, – прамовіў Уладзімір.
Ён пачухаў патыліцу, зрабіў глыток кавы і працягнуў:
– Але што гэта за імёны?
– Станіслаў і Аўгуст? – зноў выказала здагадку Віка.
– Цi гэта нейкія іншыя імёны. Якія яшчэ былі імёны ў Панятоўскага? – спытаў Уладзімір.
– Salsinatus – яго таемнае імя, – сказала Віка.
– У яго манаграме «S A R» апошняя літара R, – дадаў Уладзімір.
– Гэта Rex, на лацінскай значыць кароль, – сказаў Мечыслаў.
– Так-так, менавіта так, – пацвердзіў Уладзімір. – I мёнаў у караля, выходзіць, даволі шмат і гэта толькі тыя, што вядомыя нам, але дзе тая карта, ці нешта накшталт яе, на якой можна скласці яго імёны разам? Ну і, мабыць, гаворка аб трох яго імёнах.
– Так, бо ў трыкутніка тры бакі і тры кута, можа быць павінна быць роўна тры іменi, – сказаў Мечыслаў.
– Але як выбраць тры з усіх тых яго імёнаў, якія нам вядомыя? – спытала Віка.
Мечыслаў пагрузіўся ў роздумы. Кожны раз, калі ён чытаў тэкст з пергамента, яго не пакідала думка, што ён бачыў дзесьці, у нейкіх гродзенскіх гісторыкаў, нешта пра трохкутнік неяк звязаны з каралём Панятоўскім. Ён з усёй сілы зажмурыўся і рэзка раскрыўшы вочы, паглядзеў на Віку. На шыі ў яе вісела срэбнае ўпрыгожванне трохкутнай формы, з трыма чырвонымі каменьчыкамі па краях. Рашэнне прыйшло да яго ў адну секунду, кавалачкі мазаікі, якія ён ніяк не мог падабраць з цёмных закуткоў памяці, склаліся ў адно цэлае.
– Так, я зразумеў! – не вельмі гучна усклікнуў малады чалавек, прымусіўшы кінуць падазроны позірк на яго твар афіцыянтку, якая праходзіла міма.
Забраўшы ў здзіўленага Уладзіміра ноўтбук, Мечыслаў пачаў клыпаць клавішамі, і праз дзве хвіліны разгарнуў яго да таварышаў, якія сядзелі са здзіўленымi, але поўнымі надзеі тварамi. Перад імі зьявіўся спадарожнікавы здымак Гродна, з намаляваным на ім амаль правільным трыкутнікам. Па кутах гэтага трыкутніка былі размешчаны літары С А П.
– Вось гэты трыкутнік рыцара Salsinatus, – заявіў Мечык. – Калі злучыць на карце Гродна тры каралеўскія рэзідэнцыі, якія адпавядаюць імёнам караля, то атрымаецца вось такі трохвугольнік, як бачыце, ён яшчэ і з амаль роўнымі бакамі, значыць: усе тры рэзідэнцыі на амаль роўнай адлегласці адна ад адной – гэта не выпадковасць.
Мечыслаў паказаў на літару С у аднаго з кутоў трыкутніка.
– Гэта сядзіба Станіславова, адпаведная імені Станіслаў. Далей… – гісторык перасунуў палец, – A – сядзіба Аўгустова, адпаведна Аўгуст, далей… – Мечык пераклаў палец на апошні кут трыкутніка, – сядзіба Панямунь, першая літара П, як у прозвішчы Панятоўскі. Станіславова, Аўгустова, Панямунь – Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Эўрыка! – трыумфаваў гісторык.
– Вось гэта і ёсць імёны складзеныя рыцарам у трыкутнік, – дадаў Мечыслаў, трохі супакоіўшыся.
– Ты маеш рацыю, я ўпэўненая! – радасна сказала Віка.
– Так, гэта ўжо нешта, пачатак пакладзены, – усміхаючыся, прагаварыў Уладзімір.
У гэты момант Мечык зірнуў на невыразнага чалавека з куфлем віна. Той працягваў сядзець і піць, але ўжо, здавалася, не звяртаў на кампанію ніякай увагі.
– А давайце з’ездзім у гэтыя сядзібы і паглядзім, – прапанаваў Мечыслаў.
Маладыя людзі расплаціліся і адправіліся ў сядзібу Станіславова. Невялікі палац з манаграмай караля, старыя дрэвы, рэшткі брамы і два флігелі. Перад галоўным фасадам вытанчанай рэзідэнцыі, у вестыбюлі якой сябры агледзелі дзве шыкоўныя старадаўнія печы ў стылі неаготыкі. Далей яны наведалі Панямунь. У гэтай сядзібе гісторыкі бачылі знявечаную прыбудовамі неагатычную капліцу, невялікi будынак, які паходзіў на дом Міцкевіча ў Наваградку, і сам палац караля, ад якога мала што засталося. Сябры таксама не адмовілі сабе ў задавальненні спусціцца ў велізарны яр, які раскінуўся побач з былой рэзідэнцыяй. Напрыканцы яны адправіліся за Нёман, у сядзібу Аўгустова. Каралеўскі палац у ёй не захаваўся, але на месцы была капліца, пабудаваная арыстакратамі, якiя валодалі сядзібай пасля караля. Гэтая невялікая капліца з купалам, уяўляла з сябе рэдкі тып пабудовы – схаваная ратонда. Яна была прамавугольнай звонку, а яе зала – круглай.
Затым маладыя людзі зазбіралася дадому. Уладзімір павінен быў жыць у Мечыслава. А Віка адправілася ў дом, дзе жыла падчас рэдкіх прыездаў з вучобы, калі яна пакідала Вільню, ды вярталася да роднай Гародні.
Халодны вечар надыходзіў у горадзе, і запаленыя агеньчыкі быццам бы праціналі кожнага, хто праходзіў міма іх наскрозь. Густое, сырое паветра поўзала пад адзеннем, напаўняючы сабою лёгкія людзей, якія спяшалiся дадому з працы, ды шчыкала ім вочы. Туман згусцеў і гуляў са святлом, малюючы тысячы светлавых снапоў, якія ахіналi вуліцы як павуцінне гіганцкага павука, які стаіўся, недзе на дахах гмахаў, поўных людскіх постацяў, што мільгалі ў яркіх, святлівых вокнах.
Пару разоў, сярод туману, дзяўчыне здавалася, што за ёю ідзе нейкі чалавек і чамусцi ўспамінаўся прафесар Лiтвакас. Нарэшце, павольныя крокі Вiкi пачуў яе родны дом – вялікi чырвоная гмах, у элітным раёне.
Віка была з добрай і нябеднай сям’і, не пазбаўленай цягі да прыгожага. Бацька яе быў мастаком і, мабыць, таму сама Віка выдатна малявала. З дзяцінства дзяўчынка цягнулася да ўсяго прыгожага і была напорыстая ў вучобе.
Зайшоўшы дадому і распрануўшыся, дзяўчына адправілася ў душ. Праз паўгадзіны, ахінуўшы сваю вытанчаную фігурку ў белы пухнаты халат, яна зайшла ў спальню, дзе стаяў яе вялікi зручны ложак. Побач ляжала кніга Эдгара По, раскрытая на вершы «Сон у сне». Яна бачыла, што ўсё вакол як быццам расплывалася. Звычайна да яе не прыходзілі сны, але на гэты раз, як толькі яна закрыла вочы, яе свядомасць правалілася ў мутны вір…