Паўночны вецер для спелых пладоў (зборнік)
Реклама. ООО «ЛитРес», ИНН: 7719571260.
Отрывок из книги
Надыходзіла ўжо лета, а разам з гэтым спрыяльным часам набягаў і не вельмі прыемны – апошняя перад дзяржэкзаменамі сесія. У скверах зелянелі дрэвы, на вуліцы сталіцы з раніцы прывозілі вялізныя бочкі з танным белым сухім віном, якое можна было ўжываць замест надакучлівага хлебнага квасу, у пракураных пакоях інтэрната ўрэшце адчынялі ўдзень вокны, а ў самым цэнтры горада к вечару аднойчы проста пад адкрытым небам усталявалі падмосткі і зацікаўленым мінакам і звычайным разявакам паставілі «Медэю».
Менавіта ў гэтыя неспакойныя дні студэнт на прозвішча Ігнат Мазур раптам адчуў у сабе непрадказальную трывожную стомленасць. Па звычцы іншым разам спыніцца і ўсё прааналізаваць ён пачаў дакопвацца да прычыны. Тая агульная прычына, як аказалася, складалася з некалькіх.
.....
І падумаў, што калі б хто-небудзь спытаў яго цяпер, ці кахае ён дзяўчыну, якая сядзіць за сталом насупраць, і якая патрабуе ад яго непасрэднага адказу на нялёгкае і для яго і для яе пытанне, то сказаў бы, што, вядома, кахае і хоча, каб яна заўсёды была побач з ім. Але тут жа ўсплыло ў памяці, што ён абяцаў зайсці да Святланы Конкінай і да Юлі Мараковай, і што таксама моцна жадаў бы, каб і тыя былі з ім побач, і што ўсё гэта становіцца для яго пакутлівым. І зноў у яго памяці зусім не да месца ўсплыў эпізод з вугорскай мастацкай стужкі, галоўны герой якой не можа выбраць паміж жанчынамі, не хоча губляць ніводную з іх і ў чарговым прыступе дэпрэсіі пазбаўляе сябе жыцця.
– Дык што ж мне рабіць, Ігнат? – спытала між тым студэнтка Аня Балтас. – Ты цяпер у сваім жыцці, а мяне там быццам ужо і няма. І я ж не плакацца прыйшла, праўда?
.....