Читать книгу Паўночны вецер для спелых пладоў (зборнік) - Юры Станкевіч - Страница 2
Раман
Паўночны вецер для спелых пладоў
Оглавление…У глыбіні саляных капальняў пакідаюць галінку дрэва, якая акорылася за зіму; праз два ці тры месяцы яе вынімаюць адтуль, пакрытую бліскучымі крышталямі.
…Самы пакутлівы міг той, калі заўважаеш, што зроблены няправільныя высновы і даводзіцца разбураць цэлую гронку тых крышталяў.
Стэндаль, «Каханне»
Надыходзіла ўжо лета, а разам з гэтым спрыяльным часам набягаў і не вельмі прыемны – апошняя перад дзяржэкзаменамі сесія. У скверах зелянелі дрэвы, на вуліцы сталіцы з раніцы прывозілі вялізныя бочкі з танным белым сухім віном, якое можна было ўжываць замест надакучлівага хлебнага квасу, у пракураных пакоях інтэрната ўрэшце адчынялі ўдзень вокны, а ў самым цэнтры горада к вечару аднойчы проста пад адкрытым небам усталявалі падмосткі і зацікаўленым мінакам і звычайным разявакам паставілі «Медэю».
Менавіта ў гэтыя неспакойныя дні студэнт на прозвішча Ігнат Мазур раптам адчуў у сабе непрадказальную трывожную стомленасць. Па звычцы іншым разам спыніцца і ўсё прааналізаваць ён пачаў дакопвацца да прычыны. Тая агульная прычына, як аказалася, складалася з некалькіх.
Па-першае. Існавалі прадметы, якія ён з незразумелых заганаў розуму не ўспрымаў і не ў стане быў без цяжкасцяў здаць: гістарычны матэрыялізм, палітэканомія, гісторыя партыі і бальшавісцкага друку і некаторыя іншыя з гэтага ж мутнага шэрагу. Справа была не толькі ў тым, што ён быў да іх у лепшых выпадках ціха раўнадушны, а звычайна – ненавідзеў да ванітаў. Магчыма, тут усплывалі гены бацькі, закатаванага нкусаўцамі ў Карлазе, а можа, проста пачуццё нармальнага маладога студэнта гуманітарнага складу, які за ўсім гэтым адчуваў неасэнсаваную, падсвядомую да яго варожасць, мёртванароджанасць і пустату тых штучна выдуманых навук, хто ведае.
Па-другое. Ён заблытаўся ў жанчынах.
Трэцяя прычына, якая выцякала з другой, усплыла пазней і з усімі ад таго наступствамі.
Жанчын, а дакладней дзяўчат, спачатку было двое. З Аняй Балтас, даўняй сяброўкай, студэнт Ігнат Мазур сустракаўся больш як два гады. Яна вучылася ў педінстытуце, прыехала ў сталіцу з заходняй вобласці краіны і знешне ўяўляла з сябе тыповую ліцвінку, якую іншым разам выяўляюць на каляндарыках, – высокая, прыгожая бландзінка спартыўнага целаскладу, з тонкімі і пародзістымі рысамі твару. Студэнт Ігнат Мазур упершыню ўбачыў яе ў нейкай харчовай крамцы побач з інтэранатам, а потым выпадкова сустрэў зноў, і так усё пачалося. Яму быццам пашанцавала, бо ў дзяўчыны на той час нікога не было. Яе старэйшая сястра, якая заканчвала медінстытут і ўжо заручаная з трыццаціпяцігадовым забяспечаным чыноўнікам, не адабрала іх сустрэч. Яна лічыла студэнта Ігната Мазура няздольным сямейнікам з прычыны беднасці і таго, што да дыплома, і тым больш удалага размеркавання, яму яшчэ было далёка.
Між тым, дзякуючы дзядзьку Барысу, роднаму брату маці, які меў сяброў у сталіцы (разам ваявалі), ён перавёўся з філфака на факультэт журналістыкі, што палічыў неверагоднай удачай. Пэўна, гэта было апошняе, што зрабіў для яго дзядзька Барыс, бо нечакана былы франтавік памёр у свае шэсцьдзесят год ад сардэчнага прыступу.
Так Ігнат Мазур апынуўся на незнаёмым дасюль курсе факультэта. На ім вучыліліся скарочана – чатыры гады, і ён мусіў здаваць некаторыя дадатковыя залікі і экзамены самастойна. Апекаваць навічка ўзялася Юля Маракова, крымчанка, якая даволі дзіўным, на яго погляд, чынам паступіла ў беларускі ўніверсітэт, бо не ведала мовы. Урэшце, не адна яна. Былі студэнты з Расіі, Малдавіі, Украіны, нават з Грузіі – таксама рускамоўныя. У Юлі Мараковай аказалася, як яна яму пазней прызналася, падтрымка. Яе цётка працавала выкладчыцай на кафедры англійскай мовы. Невысокая, хударлявая, нягледзячы на ўмовы жыцця ў інтэрнаце, заўсёды з густам апранутая, з ледзь прыкметнай усмешкай у кутках вуснаў, яна выклікала ў яго сімпатыю, і калі хто-небудзь збоку спытаў бы студэнта Ігната Мазура, ці кахае ён цяпер гэтую дзяўчыну, то, пэўна, атрымаў бы станоўчы адказ. Хоць ён і не аб’явіў бы гэтага ўголас: быў даволі стрыманы ў выказванні сваіх пачуццяў і думак.
Юля Маракова шчыльна прынялася за абранніка. Нават, як ён даведаўся пазней, аб’явіла дзяўчатам з курса, што навічок Ігнат Мазур адгэтуль – яе хлопец. Дасціпная, разумная крымчанка з Севастопаля, з дамескам габрэйскай крыві, яна карысталася аўтарытэтам сярод аднакурсніц, і на Ігната Мазура ніхто з апошніх так і не спакусіўся. Урэшце ў заўсёды прагматычным свеце ён пакуль што аніякай асаблівай каштоўнасці не ўяўляў, пра што ведаў і сам.
Варта адразу адзначыць, што курс быў неаднародны, несяброўскі. Многія студэнты – слабападрыхтаваныя, з заніжаным інтэлектам, як кажуць, ад зямлі, але яны бралі хітрасцю, выкрутлівасцю і ўседлівасцю. Некаторыя адслужылі армію, былі сярод іх і партыйныя.
Высокі, пад сто дзевяноста, спартыўнага целаскладу, начытаны Ігнат Мазур, магчыма, неяк і вылучаўся сярод аднакурснікаў. Вось толькі калі мець на ўвазе класічны выраз «бедны студэнт» – то ён належаў якраз да такіх. Падтрымкі ад маці амаль не было, нават ложку ў інтэрнаце яму спачатку не знайшлося, і ён начаваў у выпадковых месцах: у асноўным у інтэрнаце, дзе пражывала Аня Балтас. Па вечарах іншым разам гуляў з ёй там у пінг-понг. Стол для малога тэнісу стаяў у нішы на адным з паверхаў. Часам стол прыбіралі і арганізоўваліся танцы. Потым абодва прасіліся ў каменданта пазычыць ключ ад пустога пакойчыка – такі пакойчык заўсёды знаходзіўся, як ён ведаў, у любым інтэрнаце. Каменданту, адносна маладому былому міліцыянту, ён раз-пораз ахвяраваў бутэльку гарэлкі. Неабходны хабар.
Так ішоў час. Урэшце студэнт Ігнат Мазур неяк здаў неабходныя прадметы на новым факультэце і нават атрымаў стыпендыю і месца ў старым інтэрнаце непадалёку ад цэнтра горада.
Непазбежна ішло да таго, каб застацца на ноч у падобным пустым пакойчыку (такі аказаўся і на новым месцы) і з Юляй Мараковай. Перадусім пілі з ёй таннае сухое віно, шмат палілі і размаўлялі. Тут, у больш-менш знаёмым яму інтэрнаце, таксама існаваў прытулак для нечаканых гасцей. Праўда, сакрэтна самі студэнты адчынялі яго раз-пораз падробленым ключом, які перадавалі па чарзе і сярод сваіх – пра тое абачліва маўчалі.
Юля Маракова паліла больш за яго, роблена ўсміхалася, змушана жартавала.
Усё астатняе ўрэшце адбылося, як абодва дапілі рэшткі ў фужэрах. Студэнт Ігнат Мазур выключыў святло і распрануў сяброўку. Тая заўважна нервавалася, цела яе ўздрыгвала пад ім, вусны нешта шапталі, зрываючыся на стогны. Было звычайна.
Пасля Юля Маракова запаліла і сказала яму, што на прасцірадле пэўна застануцца плямы крыві, бо ў яе гэта, лічы, магчыма, у першы раз, але Ігнат Мазур засмяяўся з «магчыма» і перавёў усё на жарт. Урэшце дасціпная сяброўка і сама пажартавала з сябе, бо сімуляваць дэфларацыю было даволі недарэчна.
Абодва раніцай рассталіся задаволенымі адно другім і быццам сапраўднымі сябрамі.
* * *
На думку студэнта Ігната Мазура, у сістэме навучання гуманітарыяў трывала пасялілася нешта сатанінскае. У прыватнасці, журналіста, на яго думку, можна было падрыхтаваць за паўгода, а не гнабіць амаль пяць гадоў грамадска-палітычнымі прадметамі – дурасцю, якая ў жыцці, вядома, толькі шкодная і зусім не патрэбная. Што з таго, калі ён нават і загрузіць голаў пра тое, у якім годзе і пра што напісаў калісьці сваю чарговую карэспандэнцыю іх абагоўлены правадыр, чытаць якога ён іншым разам проста не мог – цягнула на ваніты, быццам ад паху мерцвячыны.
Авалодаць новай тэхнікай афармлення газеты, працай з дыктафонам, фотаапаратам, разабрацца ў жанрах – астатняе залежыць ад асабістых здольнасцяў – хіба не так, думаў часам ён.
Хлусня – вось што ён бачыў за ўсёй іх хвалёнай публіцыстыкай. Але менавіта гэтая хлусня і патрэбна большасці людзей. Скажы якому азвярэламу пралетару, што ён далёка не соль зямлі, а відазменены раб – што адбудзецца? То-та і яно. А да хлусні ён, раб, прывык, і ў ёй яму ўтульна. І галоўную газету «Правда» лепш было б назваць «Хлусня». І ўвесь свет, хутчэй за ўсё, – таксама прыкрытая слоўным вэлюмам хлусня.
Гістарычны матэрыялізм студэнт Ігнат Мазур ледзь здаў на тры балы, і тое дзякуючы Ані Балтас. У пакойчыку, дзе яны па-ранейшаму, хоць і радзей, працягвалі сустракацца, Аня пасля гарачых абдымкаў брала ў рукі падручнік і ўголас зачытвала супакоенаму целам каханку самыя важныя, на яе погляд, адказы на экзаменацыйныя пытанні, не зважаючы на яго зласлівыя каментары. «Плюнь, што зробіш – так трэба», – казала яна.
Атрымаўшы ў заліковую кніжку свой выпакутаваны траяк і адзначыўшы гэту падзею бутэлькай сухога, студэнт Ігнат Мазур помсліва пашкамутаў на дробны мак канспекты, якія выкладчыкі прымушалі пісаць у ходзе лекцый, і выкінуў усё з акна аўдыторыі. Следам паляцеў і разадраны ўшчэнт падручнік.
Між тым, яму даволі пагрозліва не хапала часу. На асобных лекцыях варта было абавязкова прысутнічаць – некаторыя з выкладчыкаў былі даволі ўедлівыя і, калі-нікалі, па-садысцку завальвалі прагульшчыкаў на іспытах. Стыпендыі не хапала нават на тыдзень-два, каб нармальна паабедаць. Танна і добра кармілі хіба што ў сталоўцы партыйнай школы, але туды заўсёды няпроста было праскочыць: пільны вахцёр пускаў толькі сваіх слухачоў-партыйцаў. Увагі патрабавалі і дзяўчаты – іх раз-пораз варта было звадзіць на які канцэрт, у тэатр альбо на свежую замежную кінастужку. Таму, калі ўвечары ў інтэрнаце з’яўляліся вярбоўшчыкі з прывакзальных складоў і прапаноўвалі ахвотным папрацаваць ноччу на разгрузцы вагона альбо цяжарніка, студэнт Ігнат Мазур іншым разам даваў згоду. Раніцай і часткова днём тады спаў, рызыкоўна прапускаючы лекцыі.
Яму пашанцавала хіба што з іспытам па замежнай літаратуры. Неяк перад залікам ён набраўся смеласці і спытаў у холе вучэбнага корпуса выкладчыцу Ліцвінаву – сярэдняга веку жанчыну, стройную, добра апранутую, з дагледжанай постаццю і даволі мілавідным тварам.
– Нэла Маркаўна, – сказаў ён сарамяжліва і не зусім упэўнена, – у мяне да вас пытанне. Секунд трыццаць не пазычыце? Я – ваш студэнт з чацвёртага курса.
Выкладчыца Ліцвінава спынілася.
– Я вас не памятаю, – даволі суха заўважыла яна. – У чым, дарэчы, ваша пытанне?
Студэнт Ігнат Мазур глытнуў паветра і праз кароткую паўзу рашуча вымавіў:
– Калі гэта магчыма, вызваліце мяне ад наведвання лекцый.
Паўза.
– Вам што, не падабаюцца мае лекцыі? – з непрыхаваным здзіўленнем спытала выкладчыца, – альбо я? Дарэчы, я вас, паўтаруся, нешта не прыпомню. Па-мойму, вы і так мае лекцыі ігнаруеце.
– Наадварот, – раптам ужо спакойна і цвёрда адказаў студэнт Ігнат Мазур. Што будзе – тое і будзе, вырашыў ён пра сябе. – Вашыя лекцыі мне падабаюцца, я люблю замежную літаратуру і… вас таксама люблю.
– Нават так? Дзякуй. Асабліва за любоў. І ўсё-такі – у чым справа?
– Я ведаю ваш прадмет.
– У поўным аб’ёме?
– Так. Паўза.
– Як ваша прозвішча, дарэчы?
– Ігнат Мазур.
– А вы разумееце, што іспыт для вас будзе асаблівы? Даволі жорсткі, да слова.
– Разумею. Хоць зараз.
Выкладчыца ўжо зацікаўлена зірнула на яго. На твары жанчыны з’явіўся лёгкі румянец.
– Адолі, – усміхнулася раптам яна. – Заўтра а другой гадзіне знойдзеце мяне тут, магчыма, я буду ў дэканаце. Я праверу, ці адпавядаюць вашыя веды вашаму… ха-ха, скажам так, нахабству. Згода?
– Так, так. Вядома. Я вельмі вам удзячны.
– Што ж, рыхтуйцеся. А пра ўдзячнасць – потым.
– Да пабачэння. Да іспыту.
Іх кароткая размова не засталася па-за ўвагай. Непадалёк стаяла з цыгарэтай у руцэ аднакурсніца Святлана Конкіна – невысокая, даволі нядбайна апранутая дзяўчына з караткаватымі, на яго погляд, нагамі, але зграбнай постаццю, такімі ён бачыў маладых дзяўчат з японскіх стужак.
Заўважыўшы, што яна, пэўна, нешта пачула з яго размовы з выкладчыцай, студэнт Ігнат Мазур памкнуўся было да яе – высветліць, у чым справа, але дзяўчына раптам кінула непрыпаленую цыгарэту ў сметніцу і пайшла да выхаду. У яе была дзіўнаватая манера хадзіць крыху выкідваючы наперад ногі. Ён раптам падумаў пра тое, што за ўвесь час амаль ніколі не звяртаў на яе ўвагі. Так, нешта шэрае. І чаго «грэла вушы»? – падумаў Ігнат Мазур і выкінуў усё з галавы.
Размову чуў яшчэ адзін яго аднакурснік – былы завочнік Уладлен Анціпаў, які часта цёрся каля яго, падтакваў, ніколі не пярэчыў, па-змоўніцку падтрымліваў яго зласлівыя кпіны ў бок існуючых парадкаў і паводзіў сябе даволі прыхільна, за што атрымаў напаўжартоўнае паганяла «Бой». Цяпер ён відавочна зацікавіўся і здзіўлена спытаў:
– Ты што, сапраўды заўтра пойдзеш да гэтай цёткі? Яна ж цябе расцярушыць па сценцы. Ты вар’ят, Ігнаце?
– Ніколькі, Валодзя.
– Я – Уладзя, – незалюбіў Анціпаў.
– Уладлен. У скароце Уладзімір. А поўнасцю – Уладзімір Ленін – такое ў цябе імя. І нехрэн шыфравацца. Да сваіх бацькоў прад’яві прэтэнзіі.
– Мяне яны задавальняюць.
– Ну, не садзіся на крыўду, – саступіў Ігнат Мазур і дадаў:
– Не расцярушыць, бо я ў тэме, а па-другое, у нас з ёй атрымаўся спантанны біякантакт. Хоць ва ўзросце розніца. На ўзроўні падсвядомасці. Я гэта адчуў. Ды што табе тлумачыць. Ты сляпы, глухі. І аблысеў рана. Як Ільіч.
– Стаўлю бутэльку «Гамзы» ў заклад: будзеш хадзіць на лекцыі.
– «Гамзу» я паважаю. Дадамо яшчэ батон і паўкіло доктарскай на закус. Згода?
– Згода, – хіхікнуў Уладлен Анціпаў. На тым аднакурснікі развіталіся.
* * *
Назаўтра студэнт Ігнат Мазур апрануўся ў свой адзіны святочны касцюм, навязаў нават гальштук, старанна пагаліўся. Можа таму спазніўся на першую пару. Лекцыю па тэхніцы афармлення газеты чытаў выкладчык Анатоль Дземеш – кульгавы ад прыроды, недаверлівы і зласлівы чалавечак маленькага росту, з па-плябейску зачасанымі назад валасамі і бледным тварам. Чамусьці выкладчык Дземеш, як адчуваў Ігнат Мазур, быў для яго нават небяспечны. Некалькі яго лекцый ён неабдумана прапусціў, а той гэтага не выносіў. Да таго ж, як пераведзены з іншага факультэта, Ігнат Мазур не праслухаў курс яго лекцый у поўным аб’ёме, а рыхтаваўся да заліку паводле падручніка.
Каварны і помслівы Дземеш доўга не прымаў залік. Як толькі студэнт Мазур да яго падыходзіў, выгледзеўшы дзе-небудзь у вучэбным корпусе, той моўчкі сціскаў вузкагубы шырокі рот, зняважліва паварочваўся і кульгава ішоў прэч.
– Ты, пэўна, зусім «тормаз», – сказала тады Юля Маракова. – Ён жа можа не прыняць залік і на гэтай падставе не дапусціць да іспыту. Я сама пайду да яго. Ён ведае пра маю цётку і увогуле мае да мяне сантымент. Папрашу за цябе. Упэўнена, што ён сцішыцца.
– А горш не будзе? – спытаў тады Ігнат Мазур. – А што, калі гэты карузлік накінецца на цябе і абслінявіць пацалункамі і ўсё такое…
– Адаб’емся, – хіхікнула тады Юля Маракова.
Цяпер выкладчык Дземеш незадаволена ўтаропіўся ў яго.
Студэнт Ігнат Мазур папрасіў прабачэння.
– Дазвольце сесці? – спытаў ён.
Выкладчык Дземеш пакрывіўся нібы ад зубнога болю і мусіў сказаць нешта не вельмі прыемнае, але яго перапыніў гучны голас Язэпа Гарая, студэнта, які займаў месца проста перад сталом выкладчыка Дземеша і сядзеў адзін.
– А-а, Ігнат, – гучна сказаў ён. – Чаго спазніўся – мабыць, ад сценкі спаў? Можа, ты галодны? Паснедаць не паспеў? Дык сядай побач, зараз з’ядзімо што Бог паслаў. У мяне з сабой звараная курыца. Хочаш? – ён палез у сакваяж.
У аўдыторыі стала ціха. Ігнат Мазур з нямым здзіўленнем заўважыў, што на стале перад Язэпам Гараем сапраўды з’явілася звараная курыца, агурок і некалькі лустак хлеба.
Паўза.
Выкладчык Дземеш каўтнуў ротам паветра.
– Гарай, – пачаў ён пагрозліва, – вы што сабе дазваляеце? Я выдалю вас з заняткаў.
– Ды кінь ты, Толік, – адмахнуўся ад яго Язэп Гарай. – Я і табе ножку пакіну. Ці, можа, грудку. Хочаш?
І ён смачна захрустаў косткай.
Студэнт Ігнат Мазур падзякаваў Язэпу Гараю за прапанову, але абачліва мінуў таго і пайшоў у далёкі канец аўдыторыі. Ён ужо ведаў, што ў Язэпа Гарая быў вельмі ўплывовы сваяк, які займаў пасаду прарэктара, і менавіта таму Язэп Гарай быў цяпер такі разняволены ў паводзінах. Да таго ж, Юля Маракова давяла яму, што ў іх аднакурсніка ёсць праблемы з псіхікай, якія той старанна ад усіх хавае.
Урэшце выкладчык Дземеш, хоць і пакрыўся чырвонымі плямамі, працягнуў лекцыю. Студэнт Язэп Гарай ужо моўчкі даеў курыцу, а на перапынку ўвогуле знік.
* * *
На кароткім адрэзку часу паміж лекцыямі з аўдыторый выходзілі ў калідор амаль усе. Па кутках палілі, дзяліліся навінамі. Некаторыя студэнты, як адзначыў Ігнат Мазур, – дзеці прывілеяваных бацькоў – трымаліся больш ўпэўнена і незалежна. Рослая, хамаватая генеральская дачка Паліна Басаргіна з іх курса расказвала дзяўчатам чарговы анекдот. Тыя роблена хіхікалі. Але ні Мараковай, ні Конкінай сярод іх не было. Паважна хадзіў па калідоры яшчэ адзін генеральскі нашчадак – пачынаючы паэт, камсамольскі актывіст Дзяніс Някрасаў. Студэнт Ігнат Мазур ужо ведаў, што бацька таго ў вайну быў закінуты ў Беларусь з Расіі і камандаваў спачатку батальёнам так званых «ястрабкоў», а потым працягваў працаваць у «органах», дзе і дайшоў да генеральскага звання. Цяпер ён кіраваў саўгасам. Камсамольскі актывіст і паэт Дзяніс Някрасаў днямі надрукаваўся нават у маскоўскім маладзёжным часопісе «Юность», пра што ўжо ўсе ведалі. Расейцаў на іх курсе ўвогуле было шмат. Некаторыя зусім здалёк. Як яны праскоквалі праз іспыты па беларускай мове і літаратуры – здавалася на першы погляд загадкай, але нічога дзіўнага тут не было: нават размовы паміж сабой на роднай мове ўжо выклікалі навокал падазрэнне ў нацыяналізме.
Асабісты залік па беларускай мове студэнт Ігнат Мазур здаў, як кажуць, «на падваконні». Выкладчык Аркадзь Шаркевіч – шчыры і спагадлівы – толькі спытаў у яго, ці вучыў ён у школе мову. Так, вучыў, адказаў на тое Ігнат Мазур і дадаў, што ў дзяцінстве кожнае лета праводзіў на вёсцы, так што матрыца мовы, цалкам магчыма, была закладзена ў ім менавіта ў той час. Выкладчыка Шаркевіча такі адказ вельмі задаволіў. Яны размаўлялі ў фае ля акна. Выкладчык Шаркевіч палез у нейкі сшытак, у якім і праверыў, як аказалася, вынікі апошняй дыктоўкі: там у студэнта Ігната Мазура стаяла адзнака ў чатыры балы. І тут жа, сапраўды на падваконні, паставіў яму залік.
Адзін са студэнтаў – Гурам Хуцышвілі – быў нават з Грузіі, з Тбілісі. Ён вучыўся на першым курсе і, як пазней расказаў у інтэрнаце за бутэлькай віна Ігнату Мазуру, уладкаваў яго сюды бацька, начальнік аўтакалоны ў Тбілісі. «За інтарэс?» – вяла пацікавіўся тады студэнт Мазур, і Гурам Хуцышвілі красамоўна ўзняў бровы – ён не ўмеў хітраваць.
Увогуле студэнты, як ужо даўно ўпэўніўся Ігнат Мазур, былі пад пільным ідэалагічным, і не толькі, наглядам. Нечакана з’явіўся на даляглядзе, выскачыў, быццам чорцік з партабачкі, другі намеснік дэкана па ідэалагічнай працы Пушко – той прыслухоўваўся на перапынках, хто пра што гаворыць, прызначаў старастаў і таемна прымаў іх у сябе ў кабінеце, наведваў, калі раніцай, а калі і па вечарах, інтэрнат з нечаканымі адмысловымі праверкамі. Акрамя студэнтаў на кожным з курсаў, як ужо ведаў Ігнат Мазур, шыфравалася шмат ціхароў, вызначыць якіх было даволі няпроста. Курыраваў іх на факультэце ці то аспірант, ці то лабарант і адачасовы арганізатар кавээзаў Віктар Епіфанаў – тыповы самаўпэўнены русак, але з псеўдапрэтэнзіямі на інтэлектуальнасць і ледзь не дэсідэнцтва. Урэшце, як інтуітыўна разумеў студэнт Ігнат Мазур, такіх асобаў лепш за ўсё пазбягаць і ні ў якім разе не ісці з імі на шчырую размову – тое заўсёды было небяспечна. Яшчэ паўсюдна ішлі адгалоскі справы нацыяналістаў – групы студэнтаў з філалагічнага факультэта, якія суполкай запатрабавалі выкладаць усе прадметы на беларускай мове. Групу разагналі, многіх павыключалі з універсітэта, а стукачоў, наадварот, прыхільна размеркавалі ў Менску альбо нават пакінулі ў аспірантуры.
Роздум яго прадказальна перапыніла Юля Маракова, якая апошнім часам абазначана тулілася да яго. Як амаль заўсёды, яна, у адрозненне ад часам змрочнага Ігната Мазура, была ў добрым настроі. На вуснах дзяўчыны звыкла стаілася добразычлівая ўсмешка. Яна разумела гумар і любіла жарты.
– Дамоў, можа, разам пойдзем? – спытала яна. – Ты б хоць раз пару лекцый па палітэканоміі наведаў. Цябе адзначаюць кожны раз за прагулы і даносяць у дэканат. Мяркую, стараста.
– Чорт з ім, – вырвалася ў Ігната Мазура, – усё роўна гэты мутняк мне не здаць. Ён вышэй майго разумення. Але сёння папрысутнічаю. Бо пасля заняткаў затрымаюся. Ёсць справа.
– Сядзем разам.
– Ага, – паабяцаў сяброўцы Ігнат Мазур і вяла пажартаваў: – Як пракурор вырашыць.
– ?..
– Лепш казаць – прысядзем. Альбо – пабудзем разам. Юрфакаўцы могуць абсмяяць.
* * *
«Палітэканомію» чытаў новы выкладчык. Студэнт Ігнат Мазур бачыў яго ўпершыню. Выкладчыка звалі Пётр Мацкевіч. Гэта быў даволі мажны, цёмнавалосы, з сівымі скронямі, чалавек гадоў сарака васьмі – пяцідзесяці, з нечакана разумна-саркастычным выглядам на загарэлым твары і жывым, але стомленым позіркам шэрых неспакойных вачэй.
Урэшце Ігнат Мазур амаль не слухаў таго. Побач сядзела Юля Маракова, часам, незаўважна для іншых, ціснула цёплымі пальцамі ягоную далонь, а потым увогуле напісала на лісце паперы і пасунула ў яго бок. «Вечарам. Заўтра. Заходзь».
І прашаптала ў вуха:
– Даслалі з дому пасылку. Там сярод іншага і бутэлька нашага крымскага.
Студэнт Ігнат Мазур з цёплай удзячнасцю паабяцаў. Нейкі час ён думаў пра тое, ці будзе не заняты заўтра ўвечары вольны інтэрнацкі пакойчык, а потым прымусіў сябе слухаць выкладчыка.
Выкладчык Пётр Мацкевіч тым часам казаў:
– На падставе дадатковай вартасці Карл Маркс раскрыў катэгорыю «капітал» як самаўзроставую вартасць, якая выяўляе адносіны эксплуатацыі, і ўзнавіў падзел капіталу па прынцыпе ўдзелу ў стварэнні вартасці на пастаянны капітал, як сродкаў вытворчасці, і пераменны капітал, укладзены ў рабочую сілу.
У выніку вартасць створанага тавару выяўляецца праз формулу.
Тут выкладчык Мацкевіч узяў крэйду і накрэмзаў ёй на дошцы:
w = c + v + m,
дзе c – пастаянны капітал,
v – пераменны капітал,
m – дадатковая вартасць.
Пасля чаго агледзеў студэнтаў, усміхнуўся і працягваў гаварыць.
«Не, – думаў, слухаючы таго, Ігнат Мазур. – Гэтую ахінею мне ніколі не здаць. І ніхто не дапаможа. Цьфу ты, бля. Ненавіджу. Мудрэй за гістмат».
У канцы лекцыі выкладчык Мацкевіч між тым нечакана паведаміў, што іспыт асабіста ён, магчыма, прымаць адзін не будзе, а будуць прымаць удваіх з выкладчыкам Гавіным з Інстытута народнай гаспадаркі.
– Ну, трапілі, – прашаптала побач Юля Маракова. – Той Гавін зарэжа палавіну курса, анягож. Ён непрадказальны, самазадаволены індык.
У аўдыторыі сцішана загаварылі, захваляваліся. Выкладчыка Гавіна ведалі па яго лекцыях, некалькі з якіх ён раней прачытаў на іх курсе; таксама – па жорсткім патрабаванні канспектаў і няўхільным наведванні тых лекцый. Прысутных ён з насякомай уедлівасцю падымаў з месца і правяраў кожнага праз журнал.
Студэнт Ігнат Мазур адчуў непрыемны халадок у грудзях. Успомніўся іспыт па гістарычным матэрыялізме і атрыманы з той нагоды сапраўдны нервовы стрэс. «Нена-ві-джу…» – зноў усплыло ў свядомасці слова, якое б ён з задавальненнем запамятаваў. Але – пакуль не выпадала. Што ж, такое жыццё, меркаваў ён.
* * *
Пасля заканчэння апошняй пары аўдыторыя апусцела і студэнт Ігнат Мазур пайшоў шукаць выкладчыцу з кафедры замежнай літаратуры. Ён знайшоў яе ў дэканаце.
– Што ж, – сказала выкладчыца Нэла Ліцвінава, – калі ўжо самі напрасіліся, то хадземце на наш імправізаваны іспыт. Дзе ў нас тут пустая аўдыторыя?
– Якраз апошняя лекцыя скончылася, – паказаў ёй на расчыненыя дзверы сваёй аўдыторыі студэнт Ігнат Мазур.
Яны паселі, і выкладчыца сказала:
– Час у мяне абмежаваны, так што пачнём без лішніх уступаў. Вы сапраўды гатовы? Калі выцягнеце хоць бы на «здавальняюча», я, так і быць, выканаю вашу просьбу.
Паўза.
Далей пачалося сапраўднае выкручванне мазгоў. Пытанні ўсё больш ускладняліся: з ангельскай, іспанскай, нямецкай, французскай, маладой амерыканскай літаратуры як дзевятнаццатага, так і дваццатага стагоддзяў. Маючы добрую памяць, Ігнат Мазур лёгка ўспамінаў прачытанае і адказваў, коратка, але часам адхіляючыся ў бок, калі гаварыў пра аўтараў, што яму асабліва падабаліся: Альбэра Камю, Іва Андрыча, Кнута Гамсуна.
– Ну, а які тэкст, па-вашаму, варта прызнаць найлепшай кнігай усіх часоў і народаў? – раптам нечакана спытала яго напаследак выкладчыца Нэла Ліцвінава. – Вы ж, пэўна, ведаеце, што такія апытанні раз-пораз праводзяцца, і рэйтынг кожнага новага аўтара вылічваецца больш-менш дасканала?
Студэнт Ігнат Мазур падумаў і адказаў на гэта, што тут меркаванні вядомых крытыкаў разыходзяцца: некаторыя нават лічаць найлепшай сусветнай кнігай «Дон Кіхота» Сэрвантэса, але на яго, Ігната, думку больш вартыя такой высокай ацэнкі творы Шэкспіра, Дастаеўскага, Стэндаля, Ніцшэ, Фіцджэральда, Гамсуна, многіх іншых.
А што тычыцца «Дон Кіхота» Сэрвантэса, дадаў, то ён шчыра прызнаецца: кнігу да канца не дачытаў. Герой – псіхічна хворы чалавек і, нягледзячы на вялікую гуманістычную скіраванасць, двайную нагрузку і глыбіню тэксту, гэта аказвае негатыўны ўплыў на ўспрыманне. Хіба не так?
– Лічу, што не зусім так, – усміхнулася на гэты кароткі спіч выкладчыца Ліцвінава, – але думку вашу прыму на ўвагу.
– А вось Дастаеўскі і яго «Бесы», «Браты Карамазавы» – гэта сапраўды вышыня. Яшчэ Ніцшэ, Клейст, Гёльдэрлін – якіх Стэфан Цвейг аб’явіў найвялікшымі, – панесла Ігната Мазура, – увогуле нельга, на яго думку, выбіраць з доўгага спіса адзін тэкст. Ну, вызначыць які дзясятак імён. Можна нават і больш.
– Вы і да Ніцшэ дабраліся? – здзівілася выкладчыца Нэла Ліцвінава. – Цікава, што чыталі, дзе і як?
– Была нагода, – ухіліўся ад адказу Ігнат Мазур.
– Можа, вы ведаеце і прычыну яго ранняй смерці? – нечакана пацікавілася выкладчыца.
– Ведаю. Незалечаная хвароба на пранцы.
Выкладчыца Нэла Лцвінава падумала і спытала зусім іншае.
– Скажыце, Ігнат. Вы не хацелі б вучыцца далей па гэтым профілі? Вы, дарэчы, мой першы студэнт, які, небеспадстаўна падазраю, валодае тэмай напоўніцу. Распрацаваць кандыдацкую, а па кірунку ўрэшце параіліся б разам.
– Не, – адказаў Ігнат Мазур. – Дзякуй вам вялікі, але я хачу працаваць. Вучыцца далей, потым выкладаць – гэта не для мяне. Да таго ж, ёсць і сямейныя праблемы, якія не аб’едзеш. Я – сын палітвязня.
Выкладчыца Нэла Ліцвінава ўзнялася з крэсла, працягнула руку.
– Прыйдзеце на экзамены з заліковай кніжкай. На лекцыі можаце не хадзіць.
Студэнт Ігнат Мазур нечакана для сябе шляхетна пацалаваў ёй далонь.
– Вельмі вам удзячны.
На твары выкладчыцы Ліцвінавай зноў выступіў лёгкі румянец.
– Да пабачэння, Ігнат. Рада за вас. Цікава пагаварылі.
* * *
Увечары студэнт Ігнат Мазур запісаў сабе ў нататнік:
«Выкладчыца Ліцвінава цікавілася ў мяне, як я паспеў прачытаць столькі кніг. Але калі б пачула праўдзівы адказ, то, пэўна, здзівілася б.
Чытаць я навучыўся рана, але кнігі палюбіў пазней. Спачатку быў страх. Так, у дзяцінстве я баяўся цемнаты і ратаваўся ад гэтай фобіі чытанкай. Усё тлумачылася быццам і проста. Маці працавала на заводзе ў тры змены, і я часта заставаўся дома адзін. Па вечарах, як правіла, электрычнае святло ў горадзе адключалі на некалькі гадзін. Эканомілі. Я ліхаманкава запальваў газніцу, забіваўся ў кут і перад сабой раскрываў чарговую кнігу. Прымушаў паглыбляцца ў тэкст, інакш навальвалася сапраўдная паніка. Страх цемры. Пачаўся ён з выпадку, якому і дагэтуль не магу даць тлумачэння. Неяк узімку, пад вечар, я выйшаў на панадворак, а калі захацеў вярнуцца ў хату, то выявілася, што дзверы знутры зачынены. Дома я быў адзін. З гадзіну-другую я хадзіў па снезе, вяртаўся, зноў спрабаваў адчыніць дзверы, але дарэмна.
Урэшце сусед выпадкова пабачыў мяне. Я ўжо замярзаў. Паклікалі мужчын, дзверы ўзламалі. Дом абшукалі. Ніхто не мог зразумець, як яны зачыніліся самастойна. Гэта было проста немагчыма. Замка не было, а быў звычайны масіўны гак, які сам не мог узняцца ў паветра і зачыніць хату. Мяркую цяпер, што гэта мог быць і слаба выяўлены палтэргейст. Дарэчы, вядомыя і ціхія яго формы.
Але з той пары ў цемры мяне апаноўваў страх. Газніца мігала, па сценах варушыліся цені, а на стале ляжала чарговая раскрытая кніга, гарталіся старонкі, гвалтам праглынаўся тэкст.
З заплечнікам я наведваў бібліятэку і набіраў кніг. З часам я пачаў адрозніваць сапраўдную літаратуру ад літтрэшу. Я сталеў. Паступова мая фобія (боязь цемнаты) знікла, але звычка чытаць засталася».
* * *
Мінула некалькі дзён.
Пасля чарговых лекцый студэнт Ігнат Мазур вырашыў паехаць у інтэрнат да Ані Балтас. З сабой захапіў падручнік па палітэканоміі. У яго з’явілася прывідная надзея паўтарыць «гістматаўскі» метад: Аня будзе яму чытаць уголас адказы на білеты, а ён запамінаць.
Але ўсё нечакана памянялася. У Аляксандраўскім скверы, праз які праходзіў, ён убачыў аднакурснікаў Іосіфа Зялёнку і Ваню Гужына, якія сядзелі на лаўцы і толькі якраз адкаркавалі па бутэльцы чырвонага сухога віна.
– О, Ігнат, – сказаў Іосіф Зялёнка, – давай далучайся. – У сумцы што ў цябе? А мы тут, на лаўцы, з правадыром «косці кінулі».
– Кінь плявузгаць, які я правадыр, – сказаў, але з нейкай задаволенай усмешкай Ваня Гужын.
– Ну як, які? Па-першае, ты – камсамольскі важак, а, па-другое, з’язджаў бы ты ў Афрыку. У якую Анголу, прыкладам. Там усе ў трусах ходзяць, а большасць і без іх. Ну, і ты б зняў. Тут бы яны ўсе і прызналі цябе правадыром. Далажы, колькі ты крываротых камсамолак сапсаваў, га? Але ж ты ніколі таго не афішуеш, за што ў баб у аўтарытэце.
– А з тваім языком – у клуб вясёлых і знаходлівых. Схадзі да Епіфанава, запішыся.
– Дык што, Ігнат? Складзем кампанію? А то з правадыром сумна. А ты пацан дасціпны, разумны. Што ў цябе ў сумцы?
– Ёсць пляшка сухога. Але я іду ў госці, – сказаў праўду Ігнат Мазур.
Жвавы і рухавы як іртуць Іосіф Зялёнка прапанаваў:
– Сядай і з намі. У госці па вечарах ходзяць. Ты, што, Віні Пух? У нас віна багата. Учора на радыё ганарар атрымалі. Мне за дзве інфармашкі, а яму, – кіўнуў на Гужына, – за інтэрв’ю. Пяць пухіроў віна і на закусь хапіла.
– Умееце жыць. А мне вось пісаць часу з-за іспытаў не хапае. Што на практыцы зарабіў, дык даўно сплыло. Урэшце, згода, перакулю шклянку.
– Прыкрыемся газетай! – загадаў Зялёнку абачлівы Ваня Гужын. – А то мянты тут часам ганяюць.
– Слухаюся, правадыр, ха-ха!
Студэнт Ігнат Мазур сеў на лаўку, выпіў шклянку віна з разавага папяровага пакета і выцягнуў з пачка цыгарэту. Апошнім часам ён шмат паліў.
Выпілі па чарзе. Гаварылі пра сесію, залікі, пра апошнія падзеі ў далёкай Празе. Ваня Гужын больш маўчаў, але пытанні задаваў даволі часта. Гэта быў сярэдняга росту, чарнявы, з гожым, хоць даволі звычайным тварам маладзён. Студэнт Ігнат Мазур ведаў пра яго, што ён сын старшыні райвыканкама з правінцыі, сябра камсамольскага бюро факультэта, хоча застацца па размеркаванні ў Менску, не хавае гэтага і ўжо шукае сабе месца.
Вядома, размова не мінула і таго, што ў Чэхаславакію пасунуліся танкі і вайскоўцы, што аб’явілі частковую мабілізацыю сярод запаснікоў. Але гаварылі агульнымі нейтральнымі сказамі, хоць, як разумеў Ігнат Мазур, думкі многіх не супадалі з афіцыйнымі істэрычнымі каментарыямі і меркаваннямі з Крамля. Але ж выказваць іх было небяспечна не толькі з-за даносаў намесніку дэкана, які ўжо набыў мянушку «Кум», – усе яшчэ добра памяталі пра справу сваёй гадоўлі, «нацыяналістаў», якія рызыкоўна для сябе запатрабавалі выкладаць усе прадметы на роднай, а не на расейскай мове, і чым усё гэта скончылася. І зноў жа гэты камсамольскі актывіст Гужын побач. Цёмны ён нейкі.
Студэнт Ігнат Мазур ужо ведаў, што цяпер не варта давяраць нікому. З пятнаццаці гадоў ён пайшоў працаваць, і жыццё, якое зведаў усутык, навучыла хаваць свае думкі і асабліва – мэты.
Налілі яшчэ па шклянцы. Студэнт Ігнат Мазур раптам пашкадаваў, што дарэмна губляе час, і няйнакш пара ісці да Ані Балтас. Але нечакана Іосіф Зялёнка перасцерагальна зашыпеў і схаваў за спіну бутэльку. Па дарожцы, пэўна таксама з вучэбнага корпуса, рушыў у іх напрамку выкладчык палітэканоміі Пётра Мацкевіч.
Магчыма, ён так бы і прайшоў побач, не звярнуўшы на іх увагі, калі б напалавіну недапітая бутэлька не выслізнула з рукі Іосіфа Зялёнкі, гучна боўтнула паветрам і выкацілася на асфальтаваную сцежку. Студэнт Зялёнка спрытна нахіліўся і падхапіў яе.
Выкладчык Пётра Мацкевіч спыніўся.
– Добры дзень, Пётр Антонавіч, – з робленай ветлівасцю павітаўся з ім Ваня Гужын.
Запанавала непрацяглая паўза. Выкладчык Мацкевіч абудзіўся ад нейкіх сваіх думак і агледзеў хлопцаў.
– А-а, – сказаў ён, – дык вы мае студэнты? Успамінаю. Бачыліся. Адпачываеце? З віном? І што п’яце, цікава, у такім людным месцы?
– Сухое віно, – не стаў маніць Іосіф Зялёнка. – «Гамза». Можа, і не з найлепшых гатункаў, але піць можна.
– А вы прысядзьце з намі, Пётр Антонавіч, – раптам абраўся нахабства студэнт Ваня Гужын. – Мы тут крыху ганарару атрымалі, дык вось адзначаем. Мы вам шчыра праставімся і палічым за гонар, бо вас паважаем. Ды вось і сябры пацвердзяць.
– Так, так, – заківалі галовамі хлопцы.
Выкладчык Пётра Мацкевіч падумаў і прысеў на лаўку побач. Студэнт Ваня Гужын наліў таму ў разавую папяровую шклянку віна.
– Зваць вас як? – пацікавіўся выкладчык Мацкевіч, пажадаў здароўя і выпіў.
Хлопцы прадставіліся. Пачалі размову. Ні пра што. Спачатку даволі напружана і абачліва – прыглядаліся да нечаканага суразмоўцы. Але выкладчык Пётра Мацкевіч размову іх раз-пораз падтрымліваў, гаварыў далікатна, хоць калі-нікалі змаўкаў і думаў пра нешта сваё. Ніхто не звяртаў на іх увагі. Урэшце, у скверы часта выпівалі, і не толькі студэнты.
Неўзабаве выкладчык Мацкевіч падняўся з лаўкі, падзякаваў і сказаў, што яму варта дадому.
– А вам у які бок? – спытаў няўрымслівы і ўсюдыісны студэнт Іосіф Зялёнка.
– Уніз па Паркавай.
– Дык і нам туды ж.
– У інтэрнат? Я вас правільна зразумеў?
– Так.
– Хадземце. Разам і мне будзе весялей, – сказаў выкладчык Мацкевіч.
Каля ГУМа завярнулі направа і пайшлі ўніз. Студэнт Ігнат Мазур хацеў было развітацца і пакінуць кампанію, але Іосіф Зялёнка быццам здагадаўся і прашаптаў яму на вуха:
– Плюнь на «госці». У цябе яшчэ віно ў сумцы, і ў нас дзве пляшкі засталіся – дык, можа, працягнем. Бачыш, Антоныч – свой чалавек. А мы яшчэ і ў гастраном забяжым па дарозе.
Дарогай размаўлялі хіба што адны хлопцы. Выкладчык Пётра Мацкевіч зноў стаў задуменны і больш маўчаў.
Калі падышлі да інтэрната, студэнт Ваня Гужын нечакана звярнуўся да таго з прапановай.
– Можа, завітаеце да нас, Пётр Антонавіч? У нас на паверсе цяпер спакойна, большасць на занятках.
Выкладчык Пётр Мацкевіч выслухаў таго, падумаў і згодна кіўнуў.
– Толькі вы, хлопцы, асабліва наш пікнік не афішуйце, – папрасіў ён.
* * *
Размясціліся ў пакойчыку, дзе жылі студэнты Гужын і Зялёнка. Паставілі на столік віно, тое-сёе са сціплай закускі. Прыадчынілі акно, а дзверы, наадварот, зачынілі, каб ніхто лішні не заходзіў.
Выпівалі і гаманілі да цемнаты. Выкладчык Пётра Мацкевіч слухаў, зрэдку сам задаваў хлопцам пытанні. Пра сябе скупа расказаў, што калісьці вучыўся ў інстытуце, абараніў кандыдацкую, але пачаў пісаць п’есы, працаваў літаратурным агентам у тэатры, выступаў і на сцэне як акцёр.
– А вашы п’есы – ідуць? – зацікавіўся студэнт Ігнат Мазур.
– Адну прынялі, далі тры спектаклі, а потым знялі, – шчыра адказаў выкладчык Пётра Мацкевіч.
– Чаму? – прадказальна запытаўся студэнт Іосіф Зялёнка.
– Значыць, не зусім у масць трапіла, – не стаў паглыбляцца выкладчык Пётра Мацкевіч.
Ён падняўся і пачаў было развітвацца, але студэнт Ваня Гужын выцягнуў з кішэні ключ, патлумачыў, што гэта ключ ад пустога інтэрнацкага пакоя, і што лепш будзе, калі паважаны Пётр Антонавіч пераначуе ў тым пакойчыку, дзе яго ніхто не патурбуе да раніцы. Бо хадзіць у цемры небяспечна.
– Ну што ж, ёсць рацыя.
Выкладчык Мацкевіч спусціўся на першы паверх да вахты, дзе вісеў тэлефон-аўтамат, і пазваніў, а потым вярнуўся.
– Папярэдзіў жонку. Каб не хвалявалася, – сказаў ён.
Гаварылі яшчэ доўга. Пра Чэхаславакію, тэатр, акцёрскае майстэрства, дайшло і да палітэканоміі. Высвятлялі, хто больш дасведчаны: Маркс, Прудон, Сміт ці Рыкарда.
Выкладчык Пётра Мацкевіч у размову амаль не ўступаў, запаліў цыгарэту, зноў задумаўся. Але раптам нібы ачуняў і спытаў у Ігната Мазура:
– Ну, а вы, Ігнат, чаму маўчыце?
Студэнт Ігнат Мазур зморшчыўся нібы ад зубнога болю.
– Калі шчыра, то я амаль не ўспрымаю гэты навуковы спектр, – неяк з выклікам і каструбавата адказаў ён пасля паўзы. – Ну, вось што гэта за дадатковая вартасць, чаму яна тычыцца вартасці створанага тавару і ўсялякага там «капіталу», я не магу ўявіць. Пэўна, недахоп мыслення. Абстрагавання, аналітычнасці, аналізу мне бракуе. Дый нецікава мне гэта. Мутняк.
Паўза.
Выкладчык Пётра Мацкевіч усміхнуўся.
– Ды няма ніякай дадатковай вартасці, – у запанавалай цішыні раптам абвясціў ён. – Гэта ўсё – лухта. Ёсць энергія зоркі – нашага сонца, вось і ўся першапрычына.
Выкладчыка Пётру Мацкевіча адвялі ў пусты пакойчык і паклалі спаць. Прадбачлівы Іосіф Зялёнка выявіў апошнюю бутэльку віна, якую забараніў цяпер дапіваць, патлумачыўшы: варта гэта зрабіць раніцай, тым больш, што ў іх госць, якому неабходна будзе пахмяліцца, каб пайсці ад іх з лёгкім сэрцам.
* * *
Спаць яшчэ не выпадала, і студэнт Ігнат Мазур вырашыў пайсці да Юлі Мараковай. Але пакой паверхам вышэй, дзе жыла сяброўка, быў замкнёны, і ён, пасля роздуму, пагрукаў у суседнія дзверы, каб спытаць, дзе ўсе падзяваліся.
– Адчынена! – пачулася адтуль.
Студэнт Ігнат Мазур зайшоў у пакой. На ложку, падкурчыўшы смуглявыя ногі, сядзела Святлана Конкіна і паліла. Дзяўчына была ў паркалёвым нясвежым халаціку, цёмныя кароткія валасы яе неахайна тапырыліся, і ўвогуле галаву ёй не перашкодзіла б памыць, прамільгнула рызыкоўная думка ў Ігната Мазура, затое круглы твар з ледзь прыкметнымі прышчынкамі – набелены чымсьці з жаночай парфумы – нагадваў маску. Дзяўчына была адна ў пакоі, бо два суседнія, акуратна запраўленыя ложкі, пуставалі.
– Добры вечар, Святлана, – ветліва сказаў студэнт Ігнат Мазур і дадаў:
– Фортку б адчыніла. Паліць жанчынам – шкодна.
– Адчыні, – абыякава ўсміхнулася дзяўчына.
– Шукаў Маракову, але ў іх ціха. Святлана Конкіна паціснула плячыма.
– «Шел в комнату – попал в другую», – яна працытавала грыбаедаўскі радок са школьнай праграмы і патлумачыла: – Там, бывае, рана кладуцца спаць. А можа, куды сышлі.
– Я прысяду, – сказаў нечакана для сябе Ігнат Мазур.
– Прысядзь, – паморшчылася яна.
Студэнт Мазур пасунуў да яе ложка зэдлік і сеў. Твар яго аказаўся амаль на адным узроўні з аголенымі нагамі дзяўчыны. Жаданне пасунуцца ўсутыч і прыпасці тварам да гэтых ног раптам хваляй абрынулася на яго. Студэнт Ігнат Мазур праглынуў камяк у горле і заціснуў у перасохлыя вусны цыгарэту.
– Ты падслухоўвала, калі я дамаўляўся з выкладчыцай Ліцвінавай, – сказаў ён. – Навошта?
Дзяўчына пакрывіла невялікі рот з пульхнымі вуснамі, выдыхнула дым і патлумачыла:
– А я люблю падслухоўваць. І падглядваць.
Яна нахілілася, каб стрэсці попел. Халацік яе расхінуўся, і студэнт Ігнат Мазур убачыў, што станіка на ёй няма, а грудзі з цёмнымі смочкамі зусім маленькія. Скура і на іх была смуглаватая. Дзяўчына зноў выпрасталася і захінулася шчыльней.
– А кватаранткі дзе? – кіўнуў на пустыя ложкі Ігнат Мазур.
– Чарговага дурапляса пабеглі глядзець. На канцэрт. Кветачкі яму панеслі, ідыёткі. Хутка прыпруцца. «Як ён спяваў, як спяваў: ля-ля-ля! Ля-ля-ля! Першакурсніцы».
– Ну, а ты на першым курсе хіба не бегала на якога-небудзь Магамаева ці Бюль-Бюль-аглы? – рызыкоўна спытаў Ігнат Мазур.
– Дарэмна іранізуеш. Магамаеў, прыкладам, вельмі прыгожы мужчына.
– У большасці жанчын вычварэнскі густ. Гэта амаль усе літаратурныя класікі заўважылі.
– Значыць, і я з ліку тых жанчын. Табе што да гэтага?
– Дык усё-такі бегала? З вырачанымі вочкамі? – нямаведама чаму пачынаў злоснічаць і пераходзіў на чорны гумар Ігнат Мазур. – Ну, кветкі – гэта прыстойна, цалкам адэкватна і ўвогуле традыцыя. Але там-сям істэрычныя німфеткі ўжо пачынаюць у стане эфекту закідваць сцэну і сваімі майткамі.
– У цябе такое багатае ўяўленне?
– Бывае і багацейшым.
– Могуць і не зразумець.
– Ну, ты ж у тэме? У мяне, дарэчы, з’явілася пачуццё, што мы з табой шмат у чым аднолькавыя. Ты б на лекцыях менавіта ля мяне прысаджвалася. Вось бы і нашапталіся. Праўда, праўда, чаму ты ўсміхаешся?
Студэнтка Святлана Конкіна выдыхнула дым і патушыла цыгарэту. Твар яе набыў халодны выраз.
– Так, маеш рацыю. Прыкладна, канешне. І вочкі, і кветкі, і ўсё такое. Было. Славак адзін прыязджаў, я два разы на яго канцэрт схадзіла. Ён мне нават сваю кружэлку ахвяраваў. А цяпер пайшоў бы ты прэч. Язык у цябе нядобры. Лепш я ўжо захоплены віск першакурсніц паслухаю.
– Табе побач з імі, пэўна, сумна?
– Мне па-любому сумна. Асабліва адвячоркам, на захадзе сонца. Разумееш такое?
– Так, і мне знаёма, – пацвердзіў студэнт Ігнат Мазур, – «калі снег мокры падае, а праз яго ліхтары газай мігцяць»…
– Люблю Дастаеўскага, – усміхнулася Святлана Конкіна. – Асабліва «Падлетка».
– Табе б замуж, Святлана, – раптам зноў грубавата сказаў студэнт Ігнат Мазур.
Паўза.
– Што так?
– Ферамоны вылучаеш.
– А пайшоў бы ты ўсё-такі прэч.
– Не садзіся на крыўду. Прабач, Святлана.
– Замуж, ха-ха. Можа, і за каго – падкажаш?
– Табе вырашаць.
– Мне днямі адзін наш румын прапанаваў нешта накшталт таго.
– Віця Ганабец? Гэты – што з Малдавіі? – здагадаўся Ігнат Мазур. – Вось здзівіла. А што ты?
– Патлумачыла папулярна, што мне патрэбны самастойны, забяспечаны матэрыяльна мужчына, а не бедны студэнт. Хіба што пакахаю якога. Але гэта так, антрэ ну. Вельмі ты здагадлівы пра Ганабца і іншае – такія заўжды небяспечныя. І потым, Маракова на цябе вока закінула. Дый выкладчыцы Ліцвінавай ты спадабаўся. Я бачыла. А ўвогуле, сумна жыць на свеце, Ігнат.
Упершыню дзяўчына назвала яго проста па імені. Цёплая хваля прыязнасці ахапіла яго, і студэнт Ігнат Мазур падумаў раптам, што адчуў бы сябе шчаслівым, каб проста зараз прылегчы побач з ёй на гэтым ложку і пакласці далонь ёй на аголеную грудзь.
– Толькі ж пачынаеш жыць, Святлана.
– У тым-та і справа.
Дзяўчына запаліла новую цыгарэту, сказала рашуча:
– Хачу цяпер адна пабыць. А то зараз прыйдуць дзяўчаты. Цябе пабачаць, маладога, гожага. Мараковай данясуць, ха-ха.
Студэнт Ігнат Мазур узняўся з зэдліка, адчыніў акно, пайшоў да дзвярэй.
– Зачыніш сама. А то напалілі. Кідала б гэтую звычку.
– Пляваць. Хоць дзякуй за клопат.
* * *
У адзін з вечароў да яго ў інтэрнат прыйшла Аня Балтас. Стройная, у плісаванай спадніцы, адкрытай кашулі, валасы колеру саломы гожа абрамлялі яе мілавідны загарэлы твар. Адно плячо, левае, крыху ўзнята, што, як ён ведаў, было ў яе прыкметай хвалявання.
У пакойчыку студэнт Ігнат Мазур быў не адзін. Ляжаў на засланым ложку з падручнікам па палітэканоміі глухаваты аднакурснік Міхась Байкоў, а за сталом лістаў нейкія паперы і адначасова вячэраў рухавы і заўжды вясёлы кавэзэшнік Дзяніс Маркін – з невялікай галавой мікрацэфала і пастаянна расцягнутым ва ўсмешцы ротам.
– Можна да вас? – насцярожана спытала з парога Аня Балтас і дадала:
– Прывет, Ігнат. Я да цябе.
– Канешне, заходзь! – шчыра абрадаваўся Ігнат Мазур. – Прысядзь во на мой ложак, а я зараз збяруся. Хоць – пачакай. Ты, Дзяніс, схадзіў бы павучыў навуку ў «чырвоным» пакоі, а з Байковым я зараз улагоджу, – звярнуўся ён да Маркіна.
– Пайду на гадзіну, не больш, – ахвотна згадзіўся Маркін.
– Ды толькі яго, – кіўнуў на Байкова, – паспрабуй угаварыць. Для пейзана паляжаць без справы – асалода.
– Міхась! – не марудзячы пасунуўся да аднакурсніка студэнт Ігнат Мазур. – Ты б пайшоў прагуляўся. Бачыш, да мяне госці.
– Га? – з ідыёцкім выглядам спытаў той, касавурачы вокам на дзяўчыну.
Аня Балтас усміхнулася, села на ложак.
– Дзякуй, што не выгналі. Не турбуйцеся, хлопцы, я на хвіліну. Пайшлі, Ігнат, у кавярні пасядзім. Тут побач. Я ўбачыла, ёсць такая. Не супраць?
Паўза.
– Слушна кажаш, – згадзіўся ўрэшце Ігнат Мазур. – Калі там ціха, чыста і мёдам намазана.
У кавярні сапраўды было на гэты час даволі ціха, яны замовілі бутэльку таннага белага сухога віна і марозіва для дзяўчыны.
– Паслухай, Ігнат, – пачала студэнтка Аня Балтас, – я зайшла не проста так, а каб вырашыць адно пытанне. Вядома, ты прабач, бо мяне не запрашаў. Справа ў тым, што ў цябе практыка, дыплом, дзяржэкзамены, ну, урэшце, вайсковыя зборы. А ў мяне таксама іспыты, практыка і неўзабаве размеркаванне на працу. Мы сталі рэдка бачыцца, але не з гэтай нагоды. Ты змяніўся, Ігнат, я адчуваю. І не ведаю, калі шчыра, што рабіць.
Паўза.
– Я сам не ведаю, – урэшце адказаў студэнт Ігнат Мазур даволі разгублена.
– У цябе з’явіўся новы інтарэс? Калі так – нічога не зробіш. Я табе ніколі не навязвалася, ты сам мяне калісьці знайшоў – такую, якой я была. Так, далёка не нявінніца. Дык я гэтага і не хавала. Каб сустрэла цябе раней, усё было б інакш. Спадзявалася, што ты не будзеш успамінаць мне пра тэлегонію ці яшчэ пра нешта інфернальнае. Мужчыны ў большасці вялікія раўніўцы.
– Пра тэлегонію – ад сястры пачула?
– Угадаў. Дарэчы, пайшла пад вянец нявінніцай. Яна – разумніца, не тое, што я.
– Спадзяюся, у яе, маю на ўвазе тваю сястру, усё будзе добра, – сказаў Ігнат Мазур, – але такая разліковасць у жанчыны нават здзіўляе. Усё ў яе запланавана: замуж – нявінніцай і – за багатага, жыць – у сталіцы…
– Я таксама хацела б жыць у вялікім горадзе. – сарамяжліва заўважыла студэнтка Аня Балтас. – Ніхто навокал цябе не ведае, ты – вольная, сама за сябе. А багацце? Ды чорт з ім! Мы абодва з небагатых сем’яў. Ты вадзіў мяне ў сталоўку, як у мяне скралі стыпендыю, я дапамагала табе, калі ты хварэў. Сястра хоча, каб я сустракалася з сябрам яе мужа – ён мінчук, яму трыццаць гадоў, не жанаты. Запрасілі мяне днямі на нейкую вечарыну.
– Мудрасці ў тваёй сястры аж зашкальвае, – нявесела ўсміхнуўся Ігнат Мазур.
Ён раптам уявіў сабе карціну, як яго сяброўка і даўняя каханка Аня Балтас кладзецца ў ложак з незнаёмым яму мужчынам, як той пачынае лашчыць яе грудзі, ногі, як яна ў маладой палкасці рассоўвае іх… У горле ў яго перахапіла, кроў кінулася ў твар.
– Не, толькі не гэта, – выдыхнуў ён.
І падумаў, што калі б хто-небудзь спытаў яго цяпер, ці кахае ён дзяўчыну, якая сядзіць за сталом насупраць, і якая патрабуе ад яго непасрэднага адказу на нялёгкае і для яго і для яе пытанне, то сказаў бы, што, вядома, кахае і хоча, каб яна заўсёды была побач з ім. Але тут жа ўсплыло ў памяці, што ён абяцаў зайсці да Святланы Конкінай і да Юлі Мараковай, і што таксама моцна жадаў бы, каб і тыя былі з ім побач, і што ўсё гэта становіцца для яго пакутлівым. І зноў у яго памяці зусім не да месца ўсплыў эпізод з вугорскай мастацкай стужкі, галоўны герой якой не можа выбраць паміж жанчынамі, не хоча губляць ніводную з іх і ў чарговым прыступе дэпрэсіі пазбаўляе сябе жыцця.
– Дык што ж мне рабіць, Ігнат? – спытала між тым студэнтка Аня Балтас. – Ты цяпер у сваім жыцці, а мяне там быццам ужо і няма. І я ж не плакацца прыйшла, праўда?
У кавярні пабольшала наведвальнікаў. Адразу ўключылі магнітафон у кутку за стойкамі, адтуль загучэла расейская папса, потым Высоцкі, зноў нейкая прыблатнёная спявачка з рызыкоўным рэфрэнам: «Мама, я злодзея люблю». Некалькі дзяўчат паселі за суседні столік. Сярод іх, як заўважыў Ігнат Мазур, былі дзве аднапакаёўкі Юлі Мараковай. «Пляваць», – падумаў ён.
– Ты здольная крыху пацярпець, Аня? – спытаў ён. – Я шмат чаго даздаю, некаторым выкладчыкам гэта не спадабаецца, тут яшчэ патрэбныя залікі па практыцы, у нас вайсковая кафедра, а там без цырымоніі могуць загнобіць любога – проста, каб іх баяліся. Давай вырашым усё крыху пазней. Ты ж бачыш, як усё навалілася, – гаварыў ён, тым не менш, разумеючы, што не ўсё кажа шчыра, і раптам яму стала невымерна шкада і Ані Балтас, і чамусьці яе сястры, якая, напэўна, мела рацыю, і сябе.
Віно скончылася, студэнт Ігнат Мазур разлічыўся, і абодва выйшлі на вуліцу. Сцямнела. Запаліліся ліхтары.
Здаецца, яны шмат пра што паспелі пагаварыць. Студэнтка Аня Балтас, увогуле мягкая па характары, зноў была быццам усім задаволеная, яны заціснуліся ў будку тэлефона-аўтамата і там цалаваліся, а потым Ігнат Мазур сказаў:
– Тралейбусы пакуль ходзяць. Можа, да цябе, Аня?
– А я сёння якраз засталася адна ў пакоі. Раз’ехаліся дзеўкі. Ноч будзе наша? Як усё-такі добра, калі мы разам.
* * *
Назаўтра, седзячы на лекцыі ў аўдыторыі, студэнт Ігнат Мазур па новай звычцы, якая з’явілася ў яго параўнальна нядаўна, у другі раз запісаў у нататнік, які насіў пры сабе і нікому не паказваў:
«Пачытаў больш падрабязна пра тэлегонію, аб чым нагадвала сястра Ані Балтас, Ларыса, якая заканчвае медінстытут. Урэшце, шматлікія медыкі, генетыкі і навукоўцы ведаюць гэтую дзіўную, нават інфернальную з’яву, якая, тым не менш, не даводзіцца шырокаму колу людзей, разам з такімі калянавуковымі галінамі, як еўгеніка, гамеапатыя і г. д. Лічаць (хто менавіта?), што людзям пра такое лепш не ведаць. Шэкспір неяк напісаў: «Што чалавек? Жывёла і не болей». Ну, можа, разумная, але жывёла. Аказваецца, варта спытаць любога вопытнага сабачніка, галубятніка і іншага, які займаеца развядзеннем чыстых парод жывёл, і пачуеце адразу: пародзісты сабака, які выпадкова спароўваецца з беспародным і патомства якога вынішчаецца, усё роўна ўжо ніколі не будзе нараджаць чыстых жывёл сваёй пароды. Толькі мяшанцаў. Тое ж у коней, галубоў і іншых жывёлаў. Аказваецца – і ў людзей. Вось і меў рацыю Шэкспір. Тады, дарэчы, ведалі пра тэлегонію?
Кажуць, пасля міжнароднага моладзевага фестывалю ў Маскве, які адбыўся больш як дзесяцігоддзе таму, у шматлікіх выпадках назіралася дзіўная з’ява: некаторыя белыя дзяўчаты, якія ўступалі ў палавую (без наступстваў) сувязь з цёмнаскурымі хлопцамі і праз год, два, тры, як павыходзілі замуж за сваіх белых суайчыннікаў, раптоўна нараджалі цёмнаскурых дзяцей. Аказваецца, першы самец і палавы акт замацоўваецца нейкім чынам назаўсёды. Нават, калі кантакт быў праз кантрацэптывы. Праз тэлегонію могуць перадавацца розныя, у тым ліку і псіхічныя хваробы. Мяркую, што і рэўнасць – ад падсвядомага адчування гэтай з’явы. Але ж межы размываюцца, і нацыі паступова будуць змешвацца. І што тады? А вось што. Мяркую, нацыя, якая найбольш размножыцца, падамне пад сябе планетарнае мысленне і выведзе адзіную пароду людзей. Цалкам магчымая будучыня. Цікава было б пагаварыць пра гэта з навукоўцамі.
Але ж я адхіляюся. Урэшце, усё гэта думкі сваёй гадоўлі, не больш. Вось сястра Ані Балтас Ларыса лічыць, што сямейнае шчасце ў многім залежыць ад таго, ці была нявеста ў першую шлюбную ноч нявінніцай. А ў яе самой, якую не будзе раўнаваць муж, адбудзецца шчасце ў сям’і? Цікава б спытаць у яе гадоў праз дзесяць».
* * *
Намеснік дэкана па ідэалогіі і выхаваўчай працы Пушко, на мянушку «Кум», пэўна, быў «адтуль», хутчэй за ўсё свежаспечаны пенсіянер, які здолеў у патрэбны час зручна ўладкавацца на ўтульную цывільную пасаду. Ён часта знікаў у службовым пакойчыку лабаранта Епіфанава, а то выклікаў да сябе ў кабінет асобных студэнтаў і вёў з імі нейкія, зразумелыя толькі яму, гутаркі.
На другі дзень пасля таго, як выкладчыца замежнай літаратуры Нэла Ліцвінава, якая прымала іспыт, выставіла студэнту Ігнату Мазуру ў залікоўку і ў ведамасць адзнаку «выдатна», яго выклікалі да дэкана факультэта Парэцкага.
Дэкан сядзеў за сталом і незадаволена перакладаў на ім нейкія паперы. Брутальны твар яго з халоднымі шэрымі вачыма міжвольна выклікаў трывогу. Ігнат Мазур ведаў, што студэнты пабойваліся яго, але падсвядомае слабае пачуццё цяпер гаварыла яму, што дэкан, былы выйсковы баявы лётчык, на каварства і няпраўду не здольны. Так, ён чалавек сістэмы, але не болей. Але, чаму яго выклікалі? Запазыку ў заліках і іспытах ён здаў, ніякіх дысцыплінарных учынкаў не меў. Дык у чым справа? – губляўся ў пытаннях Ігнат Мазур.
Урэшце дэкан Парэцкі пакінуў у спакоі паперы, скоса кінуў позіркам у бок студэнта і сказаў:
– Сядайце.
Студэнт Ігнат Мазур нерашуча прысеў у крэсла.
– Скажыце, хто вам дазволіў не прысутнічаць на лекцыях і здаваць экзамены датэрмінова? – спытаў дэкан Парэцкі.
– Ніхто, – пасля паўзы неакрэслена адказаў Ігнат Мазур.
– Вынікае, што вы самі сабе дазволілі?
– Бадай што так.
– Вы так шмат ведаеце? Не жадаеце пачуць што-небудзь новае?
– Жадаю. Вашыя лекцыі я наведваю рэгулярна, – спакойна зманіў студэнт Ігнат Мазур.
Паўза.
– Гэта я яшчэ праверу, – відавочна памягчэў дэкан Парэцкі. – А з вас на экзамене спытаю напоўніцу. Дысцыпліна павінна быць адна для ўсіх, і парушаць яе я не дазволю. Вам зразумела?
– Так.
– Гэта адно. Па-другое, вы цяпер пойдзеце да майго намесніка Пушко, і там з вамі будуць размаўляць зусім пра іншую справу. І калі пацвердзіцца тое, пра што нам дакладвалі, то будзем ставіць пытанне сур’ёзна, усутыч да вашага выключэння. Там, за акном, – паказаў ён пальцам у шкло, – шмат усялякай работы. На любы густ. Цяпер ідзіце.
Другі намеснік дэкана Пушко быў не адзін. У крэсле збоку ад яго стала сядзела стараста курса, камсамольская актывістка Ксенія Уразава. У руках яна трымала разгорнуты сшытак. Як толькі студэнт Ігнат Мазур увайшоў у кабінет, яна імкліва падхапілася з крэсла і выслізнула за дзверы.
Нейкі час намеснік Пушко і студэнт Мазур моўчкі разглядвалі адзін другога. На дробным тварыку намесніка дэкана блукала ледзь прыкметная ўсмешка, якая павінна была выяўляць ветлівасць і спагаду, але Ігнат Мазур не меў на гэты кшталт аніякіх ілюзій. Ухілістыя няшчырыя вочы намесніка дэкана бегалі пад вузкім, збягаючым назад лобікам, над якім ваяўніча тырчэла грыўка густых сівых валасоў.
– А-а, вось і Мазур з’явіўся, – радасна сказаў ён і пацёр адна аб адну нечакана рукастыя далоні. – Я ж не памыліўся, так ці не?
Паўза.
– Дык вы прысядзьце, – з той жа робленай прыязнасцю дадаў ён у адказ на маўчанне студэнта.
– Мне дэкан загадаў, дык я і зайшоў, – адказаў урэшце Ігнат Мазур і сеў у крэсла, дзе раней сядзела Уразава. Яно яшчэ захоўвала цяпло. «Пэўна, доўга сядзела», – прамільгнула ў галаве ў студэнта Мазура.
– Вы, здаецца, перавяліся да нас з філфака? – пачаў здалёк намеснік Пушко, ён жа «Кум».
– Так, мне дазволілі.
– Скажыце, а вы ведалі такіх студэнтаў філфака: Хількевіча, Гаранава, Яроша? Сепаратыстаў, якія за незалежнасць ад Расіі выступілі? Яны нават свой будучы ўрад сфарміравалі. Нацыянальны, ха-ха.
– Гэта ў якім сэнсе: ведаў?
– Вы сябравалі, былі проста знаёмыя?
– Яны вучыліся курсам вышэй. Вядома, я чуў пра іх. Намеснік дэкана Пушко раптам сагнаў з твару лагодную ўсмешку.
– Хто і дзе вам даў на прачытку вайсковыя мемуары Францішака Кушаля? – нечакана спытаў ён.
Паўза.
– Ніхто нават не прапаноўваў.
– Так-так. А прамову Вацлава Іваноўскага з акупацыйнай «Беларускай газэты»? А кнігу – дакументальны нарыс Францішка Аляхновіча «У капцюрох ГПУ»?
Студэнт Ігнат Мазур паціснуў плячыма. Халадок прабег у яго па спіне. «Небяспека, – падумаў ён. – Дык вось, аказваецца, што яму інкрымінуюць. Гэты Пушко можа ўкусіць вельмі балюча. Але – адкуль? Чаму? Хто?»
– Не бачыў аніякіх прамоваў.
– Нам вядома іншае. Мінулым летам вы падрадзіліся працаваць у сябе ў родным сваім горадзе на рамонце былой уніяцкай царквы, памяшканне якой цяпер перадалі расейскім стараверам. Было такое?
– Было. І што?
– Знутры сцены былі паклеены акупацыйнымі газетамі, а зверху шпалерамі. Клей быў з жытняй мукі. Шпалеры лёгка адставалі, а газеты вы, якія здолелі, пааддзіралі і знеслі. Так ці не?
– Вядома, не. Паклёпнікаў багата.
– Так-так. Цяпер скажыце, як вы апынуліся тыдзень таму ў спецсховішчы Ленінскай бібліятэкі?
– Пісаў пакрысе дыпломную работу. Мяне дапусцілі прагледзець дарэвалюцыйны расійскі «Наш современник». Па маёй тэме. З-за чаго такі пажар?
– Нам вядома іншае. Разам з тым часопісам у вас на руках аказаліся мемуары камандзіра Беларускай самапомачы Францішка Кушаля – мужа здрадніцы Наталлі Арсенневай, а таксама рускамоўны двухтомнік фашыстоўскага ідэолага Фрыдрыха Ніцшэ выдання адна тысяча дзевяцьсот дванаццатага года. Хто вам гэта выдаў на рукі? Скажаце праўду – пойдзе вам на карысць. Не скажаце – паставім пытанне рубам. Якое – самі ведаеце.
Паўза.
– Зараз успомню, – сказаў студэнт Ігнат Мазур. – Дайце падумаць.
– Думайце хутчэй.
Сітуацыя стваралася сапраўды небяспечная, ліхаманкава меркаваў Ігнат Мазур. «Беларуская газэта» з прамовай Вацлава Іваноўскага і не толькі, захоўвалася дома ў надзейным месцы, і доказаў яе існавання няма і быць не можа. Адкуль ім вядома? Але… Што тычыцца спецсховішча, то адбылося наступнае: ён атрымаў пад распіску часопіс, сеў за стол і пачаў рабіць з яго выпіскі па тэме. Разам з ім, акрамя сябрука – студэнта Уладлена Анціпава, побач нікога не было. Той таксама замовіў нешта па сваёй тэме. Праз нейкі час бібліятэкарка, жанчына сталага веку, кудысьці сышла, потым вярнулася, а потым зноў сышла. Цікаўны да кніг, ён зайшоў за бар’ер, і ў яго разбегліся вочы: чаго там толькі не было… І ўсё забароненае. Не ўтрымаўся – узяў, што ляжала бліжэй на паліцы: Кушаля і Ніцшэ. Паклаў сабе на стол і сышоў апошнім, пакуль не толькі большую частку прачытаў, а і запісаў тое-сёе ў нататнік.
Назаўтра паўтарыў свой манеўр. Дачытаў ужо да канца. Была спакуса знесці нешта з сабой, але ўтрымаўся. Красці ніколі не мог. А каб знёс, то ўжо завялі б справу, бо ў інтэрнаце пакуль студэнты былі на занятках, ведаў – часта рабілі праверкі і сапраўдныя шмоны. З тым самым намеснікам Пушко, які цяпер дапытваў яго, нібы ўвязненага. «Анціпаў, – упэўнена ўспомніў ён, – той адзін бачыў, і толькі таму ён неяк за бутэлькай віна ляпнуў пра газеты з царквы. Вось дзе горача…»
– Скажу, як было. Ніхто мне кніг не выдаваў. Як бібліятэкарка выйшла, можа і па патрэбе, я з паліцы Ніцшэ двухтомнічак – невялікі такі, выдання нейкага Сойкіна з Пецярбурга – узяў з цікаўнасці. Вінаваты. Ну, і пачытаў. Ды там нічога такога – адны вульгарызмы.
– Вульгарызмы? – здзівіўся намеснік дэкана Пушко. – Як гэта?
– Ну, схадзіце самі, паглядзіце. Там на кожнай старонцы хімічным алоўкам нехта мацюкі панапісваў. Свае каментарыі, пэўна. Мяркую, рэвалюцыйныя рабочыя. Адчулі свайго класавага ворага – і пакрэмзалі.
– Так-так, – задуменна працягнуў намеснік дэкана Пушко.
– А газеты з царквы?
– Не было аніякіх газет. Паклёп. Паўза.
– Вы, як я мяркую, не такі просты, як сябе выстаўляеце, – сказаў ужо нават незадаволена намеснік дэкана. – Але ж будзем разбірацца. І калі што – пра наступствы вы ўжо, пэўна, ведаеце. Абстаноўка якая цяпер у свеце? Ворагі падымаюць галовы. То ў Вугоршчыне, то ў Польшчы, то цяпер у Чэхаславакіі.
– Дык я магу ісці? – спытаў Ігнат Мазур.
– Не. Вось вам папера, вось асадка. Пішыце тлумачальную.
* * *
У інтэрнаце праводзілі чарговую дэзынсекцыю, і студэнт Ігнат стаў часцей бываць на занятках.
Мінуў нейкі час, але пасля непрыемнай размовы з намеснікам дэкана Пушко аніякіх наступстваў у адносінах да яго не адбылося. Хіба што дэкан Парэцкі на лекцыі падняў аднойчы з месца, спытаў быццам неістотнае – пра канспект, а ў канцы кінуў загадкава: «Не Ніцшэ варта чытаць, а Пляханава», і ён зразумеў, што пагроза мінавала, дый «Кум» больш не падыходзіў і не выклікаў яго на гутарку. Заставалася падвесці вынік: у дэканаце яго «справу» прыглушылі, і верагодна тут не абышлося без дэкана Парэцкага – той не любіў капацца ў падобных дробязях, а па-другое, – меркаваў Ігнат Мазур, – не перашкодзіла б вырашыць адносіны з Уладленам Анціпавым, бо менавіта ён сядзеў з ім тады ў спецсховішчы бібліятэкі за адным сталом і ўсё бачыў. І менавіта таму аднаму было вядома пра «Беларускую газэту» і Кушаля.
Студэнт Ігнат Мазур пачаў пралічваць варыянты. Начысціць ужо цяпер пысу пацуку Анціпаву? Давядзецца, але не сёння. Варта выбраць зручны момант, інакш той падыме гвалт і пабяжыць да намесніка дэкана Пушко. «Кум», адпаведна, адразу заступіцца за свайго інфарматара. Навошта самому Анціпаву быў гэты гнюсны пасаж? Нават дзіўна. Чаго ён ім дабіваўся і якіх такіх прывілеяў дасягнуў? А сам? – падумалася пра сябе Ігнату Мазуру, – хіба нельга было трымаць рот на замку? Бо сведчыць жа старая ісціна: стукачом у абсалютнай большасці выпадкаў аказваецца той, на якога ніколі і ні ў якім разе нельга гэтага падумаць і ўявіць.
* * *
Адносна цёплае надвор’е нечакана перапыніў паўночна-ўсходні вецер, «маскаль», як яго называлі, і прынёс зацяжныя халодныя дажджы.
У інтэрнаце таксама пахаладала, ноччу на коўдру даводзілася зверху накідваць балоневы плашч, каб захоўваць цеплыню. Затое ажывіліся клапы і дробныя шэрыя мышы. Адна такая раніцай залезла студэнту Мазуру пад коўдру, і давялося выкінуць нахабную жывёліну ледзь не з-пад бока.
Была і яшчэ адна прычына, па якой студэнта Мазура пакінулі ў спакоі.
Якраз у адзін з такіх халодных дзён у сябе ў аднапакаёвай кватэры засіліўся аднакурснік Язэп Гарай. Апошнія месяцы ён амаль не паказваўся ў аўдыторыі, прапускаў заняткі, не здаваў залікі і ў выніку не быў дапушчаны да іспытаў. Казалі, што перадусім у яго адбылася сутычка з выкладчыцай гісторыі журналістыкі Алёнай Сініцынай. Ігнат Мазур на той лекцыі не прысутнічаў. Пачалося з-за нейкай дробязі: Язэп Гарай сядзеў на яе лекцыі, як звычайна, за першым сталом і быў неспакойны і ўзрушаны, шамацеў балоневым плашчом, які не здаў у гардэроб, і ў дадатак звыкла выцягнуў з сакваяжа бутэрброд і пачаў есці. «Зараз жа пакіньце аўдыторыю», – загадала яму выкладчыца Алёна Сініцына – даволі прыемная, мілавідная, інтэлектуальная, але з рашучым характарам жанчына. «Даем і пайду», – адказаў на тое Язэп Гарай. «Ну, тады я сыду раней», – сказала выкладчыца і пайшла з аўдыторыі. Яна не прыняла ў Язэпа Гарая заліку і, адпаведна, не дапусціла да экзамену.
Але, як яшчэ казалі, асноўнай прычынай суіцыду Гарая была не заваленая сесія, а праблемы з псіхікай, з-за якіх яго быццам бы падступна выкарыстала нейкая жанчына, якую ён, цяжарную ад іншага, прытуліў у сябе, і якая пачала цягаць яго па судах, каб адціснуць альбо кватэру, альбо нейкія грошы.
Разборкі ўсяго гэтага дасягнулі і факультэта, дзе вучыўся Язэп Гарай, вядома, дэканата, і ўсе іншыя праблемы і парушэнні былі адсунутыя і, як небеспадстаўна спадзяваўся Ігнат Мазур, назаўсёды.
Па звычцы, якая не пакінула яго, ён з гэтай нагоды запісаў у нататнік некалькі сваіх меркаванняў.
«Язэпа Гарая я ведаў параўнальна нядоўга, і ён рабіў уражанне ўпэўненага і самадастатковага, але вельмі нервовага чалавека. Выключна здаровы фізічна, займаўся, як аматар, цяжкай атлетыкай (выціскаў лежачы сто кілаграмаў, прысядаў са стапяцюдзесяццю), жыў у сваёй кватэры і не меў патрэбы ў грошах. Што падштурхнула яго да суіцыду, дакладна невядома нікому. Калі самае вялікае няшчасце ў жыцці – смерць, то чаму ён выбраў менавіта гэта? Ніхто на курсе не ведаў і той жанчыны, якую ён прывёў да сябе. Думаю, асноўная прычына ў ёй. Як я дзесьці вычытаў, псіхолагі сцвярджаюць, что чалавеку ўласцівыя тры асноўныя інстынкты: палавы, нянавісці да сябе падобных і імкненне да смерці. Ахвярай якога ці ўсіх разам стаў Язэп Гарай? Невядома. Дарэчы, засіліцца лічыцца ў свеце даволі ганебным. Засуджанаму на такі від смяротнага пакарання звычайна падкладаюць пад ногі таз ці які іншы посуд, бо ён немінуча ўрабляецца. Але гэта не ўсё. Перад тым, як урабіцца, пакутнік зведвае аргазм. Пра тое мне распавёў днямі Кастусь Жыбуль з юрфака, які практыкуецца ў пракуратуры. Ён ведае пра гэта ад замежнікаў з Польшчы. У іх ёсць такі від пакарання. Наўрад ці самазабойцы падазраюць пра ўсё гэта. Хоць, калі жыццё для іх губляе ўсялякі сэнс, то ім па-любому ўжо ўсё роўна».
* * *
Экзамен па палітэканоміі здавалі з раніцы. Студэнт Ігнат Мазур, які перадусім нават не раскрываў падручніка і ведаў, што гэта бяссэнсава, бо ўсё роўна ў галаве нічога не застанецца, ён толькі згубіць час на дарэмную вычытку – тым не менш прыйшоў у вучэбны корпус са слабым спадзяваннем, што выкладчык і галоўны экзаменатар Гавін захварэў альбо трапіў пад трамвай, увогуле атруціўся якім-небудзь нясвежым прадуктам ці падавіўся курынай косткай. Але яго спадзяванні аказаліся марнымі.
Хоць на прыёме прысутнічаў і Пётра Мацкевіч, які сядзеў у аўдыторыі за сталом убаку, апытваў усіх, як ужо стала вядома, чамусьці асабіста выключна Гавін.
Студэнт Ігнат Мазур убачыў Ваню Гужына і Іосіфа Зялёнку, якія двума слупамі стаялі ў кутку, і падышоў да іх.
Якраз у гэты момант дзверы аўдыторыі расчыніліся і адтуль, хістаючыся, літаральна выцек Віктар Ганабец. Ігнат Мазур ведаў, што таму, родам з няблізкай Малдавіі, вучыцца тут цяжка, і не толькі з-за экзамену па мове. Пасля выкрыцця так званых «нацыяналістаў» пытанне абавязковасці мовы ўвогуле абміналі. Затарможанаму на шляху да ведаў Віктару Ганабцу ўся навука давалася праз вялікае разумовае напружванне. Чарнавалосы, жукаваты, ён быў цяпер бледны з твару і нібы аглушаны.
– Заваліў. На пераздачу, – вымавіў ён і папрасіў цыгарэту.
Праз некалькі хвілін з дзвярэй уся ў слязах выслізнула выдатніца Яніна Смоліч.
– Тры балы, – абвясціла яна ў насоўку.
Гэта ўжо было ўвогуле нешта незразумелае, бо ўсе ведалі, што выкладчык Гавін меў прыхаваны сантымент да жаночага полу, і больш-менш гарныя дзяўчаты раз-пораз праскоквалі праз яго апытанку даволі ўдала.
– Чакаем, хлопцы, – давёў Ігнат Мазур занепакоеным Зялёнку і Гужыну. – Можа, яго, Гавіна, куды ў дэканат выклікаюць, ці ён есці захоча, ці ў прыбіральню. Вупыр.
Між тым іспыт працягваўся. Некалькі дзяўчат нечакана атрымалі добрыя адзнакі, а студэнтка Галіна Самаежка, даволі юрлівая і нахабная, якая змагалася з выкладчыкамі за кожны бал, – нават «выдатна». І нядзіва: у галаве ў яе было нешта кшталту камп’ютара, бо яна дакладна ведала, з кім сябраваць, з кім спаць, дзе будзе працаваць і за каго выйдзе замуж. Яна, тым не менш, умела хавала гэтыя свае якасці, і Ігнату Мазуру, які інтуітыўна разгадаў яе, рабілася нават не па сабе. «Вось будзе камусьці шчасце», – падумаў ён і цяпер.
Пасля яе Гавін заваліў яшчэ пару хлопцаў, а потым зноў даў слабіну – у асноўным да дзяўчат. Але час ішоў і чарговай яго ахвярай стаў рахманы і бяскрыўдны Міхась Байкоў – выхадзец з вёскі. Той да вучобы паспеў папрацаваць паляводам у калгасе і таму трымаўся за навуку зубамі.
На гэты раз – не дапамагло.
Як высветлілася, выкладчык Гавін спытаў у Міхася Байкова пра асноўнае ў вучэнні Рыкарда, але той не ведаў. Тады Гавін пацікавіўся, ці чытаў студэнт Байкоў хоць што з распрацовак Фрыдрыха Энгельса па тэме, а так як гэта ў праграму не ўваходзіла, Байкоў толькі лыпаў вачыма. Урэшце ён пачаў нешта гаварыць па пытанні ў білеце, але Гавін праз хвіліну перапыніў яго і спытаў, што еў студэнт Байкоў на сняданак. «Сала з хлебам», – шчыра адказаў той. «І часнаком?» – пацікавіўся Гавін. «Так», – кіўнуў Міхась Байкоў. «То, як будзеце пераздаваць, ужывайце ўжо без часнаку», – сказаў выкладчык Гавін і на тым скончыў апытанне.
– Ну, дык вупыры ж і не выносяць часнок, – заўважыў на тое Байкову Ігнат Мазур. – А ты, братка, натрамбаваўся ім з раніцы. Вось і атрымаў.
Але, урэшце, выкладчык Гавін пэўна прытаміўся, бо пасадзіў у куце насупраць свайго калегу Пётру Мацкевіча, каб і той дапамагаў. Усё гэта даносілі тыя, хто выходзіў з аўдыторыі пасля іспыту.
Трое змоўшчыкаў, між тым, адразу акрыялі. Цяпер трэба было пралічыць усё так, каб трапіць менавіта да выкладчыка Мацкевіча, што аказалася не так і проста. Першым спадобіўся трапіць да яго выкрутлівы як Уліс Іосіф Зялёнка. Праз хвілін пяць ён выскачыў з дзвярэй і адразу піхнуў туды Ваню Гужына.
– Ідзі, правадыр камсамольскі, ха-ха…
– Што? Як? – пачалі ў яго пытацца дзяўчаты.
– Ледзь выратаваўся, – хітрыў Іосіф Зялёнка. – Джаліць, як пчала. Пытанне за пытаннем.
Але адразу кінуўся да Ігната Мазура, зашаптаў таму ў вуха:
– Станавіся ля дзвярэй. Нікога, акрамя сябе, да Мацкевіча не прапускай. Толькі да таго, інакш табе гамон. Урэшце, сам ведаеш.
– Пакажы залікоўку.
– Ну то зірні на арыфметыку.
У графе за іспыт студэнт Ігнат Мазур убачыў лічбу «5» і подпіс Мацкевіча.
– Дык ты ж казаў…
– Мала што я каму казаў. Наперад, сябра. Пара.
Студэнт Ігнат Мазур з залікоўкай у руках стаў ля дзвярэй. Неўзабаве яны адчыніліся, але з аўдыторыі выйшла як самнамбула стараста курса Уразава. На яе заўсёды жыццярадасным камсамольскім твары чыталіся разгубленасць і яўнае незадавальненне. «Тры, тры балы», – загаманілі вакол яе дзяўчаты.
З велічнай млявасцю выплыла ўрэшце з аўдыторыі генеральская дачка Паліна Басаргіна.
– Пяць балаў, – абвясціла яна. – Гавін запаў на мяне, век Парыжа не бачыць.
Варта было заходзіць менавіта Ігнату Мазуру, але той рашуча адмовіўся:
– Пачакаю.
Замест яго, а значыць да выкладчыка Гавіна, пайшоў вядомы на курсе зубрыла і, як хадзілі чуткі, – чалавек «Кума», выдатнік Павел Слімакоў.
Ужо моцна нервуючыся, студэнт Ігнат Мазур чакаў выхаду Вані Гужына. І як толькі той паказаўся з дзвярэй, пасунуўся ў аўдыторыю.
«Да выкладчыка Мацкевіча, – круцілася думка. – І каб трапіць толькі да таго».
У аўдыторыі было чыста, светла і пахла сумессю таннай жаночай парфумы і кветак. На стале перад выкладчыкам Гавіным стаяла вазачка з букетам. Сам выкладчык – укормлены, самазадаволены, карыкатурна імпазантны – разглядваў, нібы нецікавае яму насякомае, узмакрэлага ад разумовай напругі студэнта Паўла Слімакова.
У супрацьлеглым куце за сталом адзінока сядзеў выкладчык Пётра Мацкевіч. Спакойны, крыху іранічны твар яго з жывымі, разумнымі вачыма быў павернуты да напаўрасчыненага акна, за якім квола зелянела некалькі таполяў.
Студэнт Ігнат Мазур павітаўся і нерашуча спыніўся. Як паставіцца да яго выкладчык Мацкевіч? Што ён за чалавек увогуле? Ці не запамятаваў ён яго пасля іх сумеснага «пікніка» з Зялёнкам і Гужыным? Дык у іх усё прайшло тады па-сяброўску.
– Гэта я, маё прозвішча Мазур, – урэшце выціснуў ён.
– Заходзьце, – запрасіў той і паказаў Ігнату Мазуру на крэсла перад сабой. – Цягніце білет. Які там нумар?
Студэнт Ігнат Мазур назваў нумар білета і пытання. Выкладчык Мацкевіч зірнуў у бок Гавіна, які ў супрацьлеглым куце аўдыторыі ляніва дапытваў Паўла Слімакова, і сказаў напаўголаса:
– Ну, гаварыце што-небудзь. Пра дадатковую вартасць, прыкладам. Не маўчыце.
Студэнт Ігнат Мазур зглынуў перасохлым горлам і, цвёрда гледзячы ў вочы экзаменатара, адказаў:
– Так званая дадатковая вартасць і многае іншае, пра што пісаў Маркс, – гэта ахінея. Няма аніякай дадатковай вартасці, ёсць энергія зоркі – гэта значыць, нашага Сонца.
Паўза.
– Так, так. Што яшчэ скажаце?
– Больш няма чаго, – панізіў голас студэнт Ігнат Мазур.
– Давайце пра футбол, – з ледзь прыкметнай усмешкай сатыра ў кутках вуснаў сказаў выкладчык Пётра Мацкевіч. – Любіце футбол? Я, прыкладам, і стадыён часам наведваю. Калі мінскае «Дынама» гуляе. А чэмпіянаты свету абажаю. Якая зборная каманда асабіста вам падабаецца?
– Зборная Нямеччыны. І яшчэ люблю глядзець гульню італьянцаў.
– І за што падабаюцца? Гаварыце, не маўчыце. Тым больш, што нашыя погляды тут поўнасцю супадаюць. Трэба ж такое…
Яшчэ хвіліны дзве-тры студэнт Ігнат Мазур называў прозвішчы вядомых гульцоў, коратка расказаў нават пра знакамітую «бітву пры Бёрне» – урэшце змоўк.
Паўза.
– Якую адзнаку вы хочаце? – нечакана спытаў яго выкладчык Пётра Мацкевіч.
– «Добра», калі можна. За чарговы траяк могуць пазбавіць стыпендыі, а «пяцёрка» выкліча падазрэнні.
– Давайце залікоўку.
Выкладчык Пётра Мацкевіч паставіў адзнаку «добра» ў ведамасць і ў залікоўку Ігната Мазура.
– Энергія зоркі, – па-змоўніцку ўсміхнуўся ён, – вось у чым першапрычына. Тут вы правільна заўважылі. Усё астатняе – лухта.
Юля Маракова яшчэ не здавала, і Ігнат Мазур адвёў яе ў бок і сказаў:
– Ідзі толькі да Мацкевіча. І ўсё будзе, як у мяне.
– А што ў цябе?
– Чатыры балы.
– Во як. Ды пачакай, раскажы падрабязна.
Але студэнт Ігнат Мазур ужо не слухаў яе. Ля акна ён убачыў адзінокую постаць Святланы Конкінай і заспяшаўся туды.
Студэнтка Конкіна, як заўсёды някідка, нават ледзь не нядбайна апранутая ў белую кашулю і чорную спадніцу, сустрэла яго звыклай іранічнай усмешкай на пульхных вуснах. У руцэ яна трымала прыпаленую цыгарэту. Зялёныя яе вочы нічога не выяўлялі: ні трывогі, ні заклапочанасці, ні якога ўзбуджэння перад іспытам.
Студэнт Ігнат Мазур запаліў і, свядома мінуючы залішнія падрабязнасці, параіў дзяўчыне здаваць іспыт толькі ў выкладчыка Мацкевіча.
– А мне Гавін падабаецца, – сказала нібы насуперак яму Святлана Конкіна і дадала з прыхаваным здзекам:
– Ён так глядзіць на мяне, бедны…
– Ён жорстка прымае. Ты можаш не вытрымаць іспыт. І чаго гэта ён на цябе глядзіць? Самазадаволены індык. Па-мойму і на галаве ў яго нешта кшталту завіўкі. Нават ты такую не зробіш.
– А я іспыту не баюся. Я і «Капітал» Маркса неяк пачытвала.
Студэнт Ігнат Мазур раптам адчуў цьмянае раздражненне. «Лепш бы галаву лішні раз памыла, чым пачытваць таго Маркса», – падумаў ён, але, вядома, не сказаў уголас: дзяўчына магла адразу і назаўсёды «сесці на крыўду», а ён гэтага не хацеў.
Зусім наадварот. Зноў нясцерпнае, неспадзяванае жаданне прыхінуцца да яе, удыхнуць пах яе вопраткі, цела, валасоў узнікла пажарам і цалкам ахапіла яго.
– Паслухай, Святлана, – сказаў ён, – можна, я да цябе як-небудзь зайду?
– Зайдзі, – са сваёй незразумелай, іранічнай усмешкай паціснула тая плячыма.
Прыбег з чытальнай залы, якая была непадалёк, заклапочаны, узнерваваны Уладлен Анціпаў. Ён да апошняга сядзеў за падручнікам і цяпер выведваў у іспытантаў: як і што? Ля Ігната Мазура ў такі момант яму няма чаго было рабіць – хіба выслухоўваць чарговыя кпіны, а вось выдатнікі маглі што і падказаць. Напрыклад, адказу на якое-небудзь асабліва небяспечнае пытанне, што часам ужываў за звычку прыцягнуты з інстытута народнай гаспадаркі выкладчык Гавін. Студэнт Ігнат Мазур паклікаў небараку-сябрука, каб папярэдзіць, увесці таго ў курс справы, але той толькі адмахнуўся. «Ну, тады на каго цябе бог пашле, калі так», – вырашыў Ігнат Мазур. Урэшце, як ён ведаў, Уладлен Анціпаў вучыў кожны прадмет да знямогі, і клапаціцца за яго было асабліва не варта.
* * *
Увечары з Іосіфам Зялёнкам і Ванем Гужыным адзначалі здадзены іспыт. Абодва зноў паказалі яму залікоўкі з выдатнымі адзнакамі. Як даведаўся Ігнат Мазур, «выдатна» атрымала на іспыце і Святлана Конкіна, і яшчэ некалькі хлопцаў і дзяўчат. Большасць з іх здавалі палітэканомію выкладчыку Пётру Мацкевічу.
Пілі, як звычайна, таннае сухое віно. Зноў успомнілі добрым словам і гаварылі пра выкладчыка, нагадалі, як сутыкнуліся з ім у Аляксандраўскім скверы, і як той спагадліва аднёсся да іх, нават зрабіў ласку – не пагрэбаваў з вышыні, а проста, па-мужчынску выпіў разам з імі. Гаварылі, што, адпаведна чуткам, ён выкладчыкам нядаўна, і, пэўна, яму яшчэ не зусім давяраюць, бо чаму тады запрасілі на іспыт Гавіна з інстытута народнай гаспадаркі? Ну і што, што той Гавін прачытаў ім раней некалькі лекцый? Казалі яшчэ, што, па тых самых чутках, Пётра Мацкевіч трапіў да іх на выкладанне выпадкова – проста дэкан Парэцкі разам з ім заўзеў на стадыёне за «Дынама», іх месцы аказаліся побач, дык там яны і «зрохкаліся».
– Чуткі, плёткі – усё гэта неістотнае, – падвёў урэшце вынік Ігнат Мазур, – а вось мужык ён варты. За яго і вып’ем.
Праз нейкі час яго адшукала Юля Маракова. Дзяўчына была пакрыўджаная, але не падавала выгляду і спытала, ці не запамятаваў ён, Ігнат Мазур, пра тое, што абяцаў прыйсці да яе?
Студэнт Ігнат Мазур супакоіў яе і запэўніў: ён толькі збіраўся, але давялося затрымацца на паўгадзіны з хлопцамі.
– А я на іспыце атрымала «добра», – пахвалілася Юля Маракова.
– У каго?
– У Гавіна.
– Ну, ты і трапіла да вупыра. Яшчэ пашанцавала. Гнілы дзядзька.
– Так, – хіхікнула Юля Маракова, – сапраўды самазадаволены індык.
– І Конкіна менавіта яму здавала? – быццам між іншым пацікавіўся Ігнат Мазур.
– Так. Атрымала «выдатна».
Абое стаялі ў інтэрнацкім калідоры ля акна і палілі. Са стадыёна насупраць грымеў духавы аркестр: рыхтаваліся да чарговага традыцыйнага параду вайскоўцы.
– Паслухай, Ігнат, – пачала Юля Маракова. – Маё «крымскае» з пасылкі пачакае, бо сёння нам няма дзе прытуліцца, але ў мяне да цябе ёсць адна, магчыма, не зусім звычайная для цябе прапанова. Справа ў тым, што хутка апошні іспыт, а потым вакацыі, пасля чаго практыка. Затым дзяржэкзамены, і ў нас курсы медсясцёр, а ў вас вайсковыя зборы.
– Што з таго, Юля?
– Паехалі на вакацыі да мяне. Да Сімферопаля на летаку, а там ужо побач. Ты, бачу, здзіўлены?
Паўза.
– Вядома, здзіўлены. Дзякуй табе за ўсё, але…
– Што так? – перапыніла дзяўчына.
– Трэба дапамагчы маці, а па-другое – у мяне няма лішніх грошай. У якасці каго я прыеду?
– Ну, вось твая беларускасць усплыла: як, чаму? Ды каб не назаляць… Мае старыя – гасцінныя: бацька – загадчык гандлёвага аддзела ў абырвалгу, а маці…
– Што за абырвалг?
– Ты ж у Булгакава памятаеш?
– А, – здагадаўся Ігнат Мазур, – гэта ж Шарыкаў усё наадварот чытаў.
– А маці – выкладчыца мовы і літаратуры ў школе. Ты з ёй адразу паразумеешся. Прычым тут грошы? Урэшце, я адзін раз прапанавала, а другі – не стану.
Ён не стаў тлумачыць Юлі Мараковай, што ў маці даўняя хвароба, якая носіць назву гіпатырэёз, і што ёй штодня трэба прымаць лекі, а яна, хоць і выйшла на пенсію, змушана працаваць, бо пенсія зусім малая, а як жонку «ворага народа» яе хіба што ўзялі калісьці з невядомай літасці на нейкі занядбаны заводзік, дзе і зарплаты па сутнасці не было. Так што вакацыі не для яго. Вядома, ён з задавальненнем пазагараў бы на марскім пляжы і ўсё такое, але… Ды і як бы ён стаў глядзець у вочы яе бацькам, штодня аб’ядаючы іх і не маючы ў кішэні лішняга рубля?
– Ды ты не крыўдуй, Юля, – расчуліўся ад нечаканай шчырасці дзяўчыны Ігнат Мазур. – Такі я ўжо чалавек, і іншым пакуль быць не магу, а вакацыі кароткія. Пабачымся. Ёсць і іншыя праблемы, але потым, потым…
Ноччу ён доўга не мог заснуць. Успомніў, што так і не пайшоў да Ані Балтас, а між тым абяцаў і даўно варта. Прыгадалася яе старэйшая сястра – у яе словах таксама прысутнічала, і даволі рэальна, жыццёвая жаночая мудрасць. Жанчыне варта выбіраць сабе мужчыну ў спрыяльным узросце, каб нарадзіць здаровых дзяцей, і менавіта такога, які здольны забяспечыць сям’ю. Два гады, як яны сустракаюцца з Аняй, праўда, апошнім часам зрэдку, а яна магла б знайсці сабе, як і старэйшая сястра, паспяховага мужчыну, мінчука, а не ехаць кудысьці ў свет па размеркаванні. Даўмеліся ж нашыя памяркоўныя кіраўнікі нават да таго, каб пасылаць дзяўчат аж у аддаленыя кішлакі Кіргізстана. Што іх там чакае – падумаць страшна. Чаму прыбалты пра такое нават слухаць не хочуць, чаму сваё паважаюць і берагуць? Чаму ў нас усё так гнюсна?
Вось і Юля Маракова свядома ці падсвядома шукае сабе спадарожніка па жыцці. І жыццё тое, як казаў ім раней выкладчык Мацкевіч, вельмі, нават нечакана – кароткае. Яму, Ігнату Мазуру, і яе шкада. Будзь ён якім забяспечаным мусульманінам, ён бы ўсіх траіх трымаў пры сабе. Хоць той жа заўзяты кавэзэшнік Ваня Гужын кажа: «Бабу пашкадуеш – сам бабай акажашся». Ды хто такі Гужын? А выбар, між іншым, ужо амаль зроблены. Калі з нядаўняй пары Света Конкіна побач з ім – ён ужо шчаслівы.
Раптам студэнт Ігнат Мазур чамусьці ўспомніў прагледжаную гады два таму вугорскую мастацкую стужку, дзе галоўны герой пакутуе ў выбары паміж дзвюма жанчынамі, і пачуццё кахання да іх абедзвюх настолькі моцнае, што ён псіхалагічна не вытрымлівае і даходзіць да суіцыду.
Ён узняўся з ложка, бо раптам яму нагадалася, што на яго напалі клапы. Ад наплыву гэтых небяспечных паразітаў у інтэрнаце часта праводзілі дэзынсекцыі, але гэта мала дапамагала, а вось пах у пакойчыках быў ад таго спецыфічны і ўядаўся нават у вопратку. Калі студэнтаў станавілася менш, бо яны паступова ад’язджалі на вакацыі, насякомыя перапаўзалі да тых пакояў, дзе было больш народу. Урэшце, з гэтым звыкаліся.
Толькі пад раніцу, калі ўжо світала, студэнт Ігнат Мазур раптоўна заснуў.
* * *
Ішоў час. Жаданне пабачыць Святлану Конкіну, якое нібы выбухнула ў ім апошнімі днямі, было настолькі моцным, што студэнт Ігнат Мазур штодня ледзь стрымліваў сябе. Але інтуітыўна ён адчуваў: варта вытрымаць нейкі адрэзак часу, каб усё адбылося па тым сэнары, які прыме дзяўчына. Апынуцца побач занадта рана ці занадта позна – і яна можа страціць да яго ўсялякі інтарэс, а падсвядомасць цьмяна гаварыла яму пра тое, што гэта так і ёсць. Як і ён, яна зрэдку з’яўлялася на лекцыях, але яму хацелася большага – застацца з ёй сам на сам.
Якраз дапамог выпадак. На прыпынку ля інтэрната ён убачыў аднапакаёўніц Святланы Конкінай з сумкамі ў руках. Дзяўчаты – зямлячкі з аднаго раёна – былі ўжо яму знаёмыя. І ён мімаходзь спытаў іх, куды гэта яны сабраліся. «Дадому, адпусцілі ў дэканаце на суткі», – адказалі першакурсніцы. «Пэўна, да бацькоў за прадуктамі і за грашыма, – з сарказмам вырашыў ён. – Грошы-та на дураплясаў пайшлі. Вядомая справа».
– А Святлана сышла куды ці сядзіць у пакоі? – быццам абыякава спытаў іх студэнт Ігнат Мазур.
– Так. Нешта чытае, – адказалі дзяўчаты.
Было даволі цёпла. Клёны, запакаваныя ў асфальт, даўно пакрыліся лісцем. Крама месцілася побач. Ігнат Мазур купіў там бутэльку «Тракіі», плітку шакаладу і ў бабулі, калі праходзіў скверык, букецік палявых кветак. «Поўны джэнтльменскі набор», – іранізаваў ён.
Калі шчыра, – думаў ён пра сябе, – то яму не хацелася б, каб яго сустрэў цяпер хто са знаёмых студэнтаў, асабліва Юля Маракова. І ўвогуле тое, што ён робіць, не вельмі правільна з боку маралі, але тут жа пачаў шукаць і знайшоў сабе апраўданне: ён не ў стане супрацьстаяць сваім пачуццям, і як будзе далей – няхай так і будзе.
Спачатку ён зайшоў у свой пакой. Там быў толькі Міхась Байкоў, які спаў у сваім ложку. Ён быў апрануты і ляжаў зверху на коўдры. Побач – раскрыты падручнік. У неспакойным сваім сне Байкоў часам нешта мармытаў і некалькі раз паскрыгатаў зубамі. «Паразіты ў яго завяліся, ці як?» – падумаў, збіраючыся, студэнт Ігнат Мазур. Схаваў у пакет тое, што купіў, нават кветкі, і рушыў да выхаду.
Ён падняўся паверхам вышэй, спыніўся перад знаёмым пакоем і некалькі разоў пагрукаў. Урэшце ключ у замке павярнуўся і дзверы расчыніліся. Студэнтка Святлана Конкіна моўчкі глядзела на яго з блізарукім прыжмурам.
– Варта і папярэджваць, – сказала яна быццам незадаволена. Але ён мог бы паклясца, што гэта не зусім так.
– Люблю знянацку.
– Не прыбрана. Ты надоўга?
Замест адказу ён дастаў з пакета віно, працягнуў дзяўчыне кветкі.
Паўза.
– Як гэта зразумець, Ігнат? – спытала студэнтка Святлана Конкіна. Нязменная, ледзь бачная таямнічая ўсмешка ўжо блукала ў кутках яе вуснаў. – Можа, ты зноў не ў той пакой зайшоў?
Дзяўчына стаяла ад яго так блізка, што ён адчуў слабы пах яе цела, парфумы і ледзь перамог імклівае жаданне абняць яе і моцна прыціснуць да сябе.
– Прысядзь, Ігнат. А тое ты як слуп нада мной. Кветкі пакуль у ваду пастаўлю. Ну, дзякуй. Не чакала. І Мараковай кветкі носіш?
– Ты якой нацыянальнасці, Святлана? – раптам спытаў студэнт Ігнат Мазур.
– Навошта табе?
– Нічога пра цябе не ведаю.
– Па бацьку ёсць угра-фінскія карані, я з Таліна, ён там быў капітанам сухагруза, а па маці… Якая табе, урэшце, розніца? Ты за гэтым прыйшоў?
– Прамінём, калі так, – сказаў Ігнат Мазур.
– Ты пакуль адвярніся, а я на сябе зірну ў люстэрка, – дзяўчына засланілася ад яго палавінкай шафы.
– У вас тут нават і прайгравальнік ёсць, – між тым заўважыў Ігнат Мазур, – ды такі кампактны, зручны. Танчыце з гасцямі?
– Гэта мне айчым прывёз. І адну кружэлку «Бітлз».
– Хіба ў цябе айчым? Прабач, што зноў пытаюся. А бацька?
Дзяўчына выслізнула з-за створкі, перасмыкнула плячыма, запаліла і села на ложак у сваёй улюбёнай позе – падкурчыўшы ногі.
– Бацькаў невялікі сухагруз трапіў у моцны шторм і перакуліўся. А ён, як капітан, павінен быў сыходзіць апошнім. Так і атрымалася. Шмат з экіпажу загінулі. Але пра гэта не пісалі і не паведамлялі, бо ў нас, сам разумееш, такога не можа быць. Ну, а айчым – так, прысмактаўся калісьці да маці. Я – на яго прозвішчы. Старэючая жанчына і… усё такое. А паразіты самыя хітрыя і, мяркую, трыумфуюць у гэтым жыцці. А «Бітлз»? Хоць я і вар’яцею часам ад іх песняў, а падарункі ад яго не цярплю. Ну, ды ты не звяртай увагі, што я раскапусцілася. Я даволі злая.
– І я люблю іх песні, – сказаў ужо без іроніі студэнт Ігнат Мазур. – Паслухаем што-небудзь? Такая кружэлка – усё-такі цудоўны падарунак. Уключым?
– Можа, так, а можа, і не.
– У цябе, пэўна. шмат кружэлак?
– Толькі тры, – усміхнулася Святлана Конкіна. – Тая, што айчым дастаў, другую славак ахвяраваў, а трэцюю – Чурлёніса, сама ў звычайнай краме купіла. Слухаю пад настрой.
– А цяпер які настрой? Каго б ты паставіла?
– Славака.
«Чорт бы пабраў таго славака, – падумаў Ігнат Мазур. – Урэшце, гэтая жаночая рыса ў характары не павінна здзіўляць: то ад Брамса млеюць, то ад чарговага пшута, альбо ўвогуле ад якога сучаснага Смердзякова з гітарай».
Але замест гэтай злоснай тырады, прадыктаванай не інакш як пачуццём нечаканай рэўнасці, студэнт Ігнат Мазур стрымаў сябе і памяркоўна пагадзіўся:
– Пастаў славака.
Святлана Конкіна паціснула плячыма, устала і выцягнула з палічкі кружэлку. Уключылі прайгравальнік.
Прыемны барытон загучаў у пакойчыку. Песня была даволі простая, мелодыя хітовая, словы, блізкія да яго роднай мовы, лёгка клаліся на слых.
Студэнтка Святлана Конкіна нечакана пачала ціха падпяваць. Цыгарэта дымілася ў яе пальцах, а ў цёмных зялёных вачах Ігнат Мазур заўважыў сум.
Урэшце голас спевака сціх. Кружэлка круцілася і раз за разам пстрыкала на паўторах.
– Век бы слухаў, – усё-такі не ўстрымаўся студэнт Ігнат Мазур. – Яшчэ разы два паставім?
– А вось ты зараз забярэш сваё бургундскае і пойдзеш, а я можа і тройчы паслухаю.
– Ну, бургундскім цябе, пэўна, той спявак частаваў, а я – бедны студэнт. Мяне асабіста і «Тракія» задавальняе.
– Чаго ты прыйшоў да мяне, Ігнат? Злоснічаць?
– Хіба ты не разумееш? Пабыць разам.
– Які ў гэтым сэнс?
– Але ж ты не супраць, што я зайшоў?
Студэнтка Святлана Конкіна выцягнула з тумбачкі шклянкі, разліла віно, паклала на стол пачак пячэння, нечакана ўсміхнулася:
– Не супраць.
– Яна выпіла са шклянкі, зноў перасела на ложак у сваёй ранейшай позе, сукенка амаль не хавала яе загарэлыя, чуць крываватыя ногі, вусны маленькага, натурыстага рота на гэты раз былі пафарбаваныя чырвоным, а ледзь бачныя прышчынкі – белым, так што твар дзяўчыны ў надыходзячым прыцемку нагадваў маску з японскага тэатра «Но».
Ігнат Мазур прагна выпіў са шклянкі, прыслухаўся да сябе, сказаў:
– Ага, люблю сухое віно, няблага ўставіла, – і дадаў: – У нас з табой, пэўна, аднолькавыя вірусы засяліліся. Так што ўсё непазбежна. Таму і прыйшоў.
Студэнтка Святлана Конкіна прыпаліла ад цыгарэты цыгарэту.
– Што яшчэ за хрэнь? Патлумач.
– Калі толькі коратка. Існуе небеспадстаўная тэорыя, што менавіта вірусы далі штуршок спачатку самому жыццю, а потым і эвалюцыі, і яны і цяпер яе асноўная сіла. Усё даволі празаічна. Наш мозг – смеццезборнік вірусаў. І нават каханне звязана з вірусамі. Базавая хімічная рэакцыя. Не мы ўтвараем пары, а падобныя вірусы скіравана прыцягваюць нас адно да другога.
– Лепш бы ты памаўчаў, Ігнат. Па-твойму намі кіруюць паразіты?
– А ты думала, што партыя і камсамол?
– Ну, я не ідыётка, каб у такое верыць.
– І ў светлую будучыню не верыш? А Гавіну – што на іспыце гаварыла? Атрымала ж «пяць балаў».
– Ты зачыніў бы дзверы, Ігнат. А то яшчэ хто-небудзь зазірне. Яны ўсе і так мяне за сцерву трымаюць.
– Хто гэта – усе?
– Першакурсніцы мае, яшчэ тыя-сія. Ды, няважна.
Студэнт Ігнат Мазур зачыніў знутры дзверы, – ключ тырчаў у замку, – пасунуў, як і ў мінулы раз, зэдлік да ложка і прысеў побач з дзяўчынай, адабраў у яе з рукі амаль дапаленую цыгарэту і кінуў у попельніцу, але рукі ад яе далоні не адняў і раптам адчуў, як яна сціснула ў адказ яго пальцы. І ўсё паплыло перад яго вачыма, бо ён ужо здымаў, ледзь не зрываў з яе сукенку, скінуў сваю тэніску, нагамі – чаравікі, выслізнуў з нагавіц і пад грукат уласнага сэрца абняў гэтае даўно жаданае цела.
Калі б хто-небудзь спытаў у студэнта Ігната Мазура ці нават ён сам пацікавіўся ў сябе, што адбылося з ім і дзяўчынай на імя Святлана Конкіна ў той вечар і ноч, – ён бы абсалютна шчыра адказаў, што нічога не памятае. Адрэзак часу ў некалькі гадзін быў амаль начыста выцерты з яго памяці, усплывалі хіба асобныя фрагменты: як таропка дапівалі віно, як нехта грукаў у дзверы, як абодва прагна палілі па цыгарэце, але так і не дапалілі, бо зноў кідаліся ў ложак.
Толькі раніцай студэнт Ігнат Мазур вярнуўся ў свой пакой, заваліўся ў пасцель і, не зважаючы на неспакойнага з досвітку Міхася Байкова, які з сялянскай уніклівасцю ўстаўляў жалезныя апоры свайго ложка ў запоўненыя вадой бляшанкі ад кансерваў – усё гэта ад клапоў – моцна заснуў.
* * *
Неяк атрымалася, што на практыку тэрмінам на два тыдні Ігнату Мазуру загадалі збірацца ў Брэст, на абласное тэлебачанне. Дзіўна было тое, што ён сам такога жадання быццам і не выказваў. Хоць ён ведаў, разумеў, што тэлежурналістыка набірае моц і стабільна выходзіць на першае месца ў сродках масавай інфармацыі, – усё-такі падсвядома адчуваў, што яго месца не на тэлеэкране, а ў рэдакцыі газеты ці якога часопіса. Публічнасць – гэта не яго. Да таго ж, кафедрай тэлебачання кіравала маладая, даволі істэрычная, на яго погляд, аспірантка Спіркіна, якая з патрэбай і без яе, заводзячы ўгору няшчырыя, шкадлівыя вочкі, ускліквала: «Блакітны агеньчык! Блакітны агеньчык!», за што і атрымала адпаведную мянушку.
Студэнт Ігнат Мазур яе не паважаў і засцерагаўся: яна часта завальвала на іспытах.
Ён, вядома, хацеў застацца на практыцы ў Мінску, нават не важна дзе, бо тут заставалася Святлана Конкіна. Але хадзіць у дэканат і прасіць не выпадала, бо за ім усё яшчэ цягнуўся статус пераведзенага, а гутарка і чарговая разборка з дэканам Парэцкім несла для яго новыя пагрозы і ўскладненні. Гэтага ён не жадаў.
У Брэст разам з ім паехалі практыкавацца Юля Маракова і яе сяброўка Надзея Гусакова. Дзяўчаты замацаваліся за «тэленавінамі», а Ігнат Мазур папрасіўся ў рэдакцыю літаратурна-драматычных перадач. Пасялілі практыкантаў у зале, дзе завяршаўся рамонт, спалі яны цераз шырму: дзяўчаты на раскладушках, а Ігнат Мазур на старой караткаватай для яго канапе. Урэшце, уладкавалі іх, як ён палічыў, няблага, выдалі нават коўдры і бялізну.
Загадчыкам рэдакцыі літаратурна-драматычных перадач аказаўся мужчына гадоў сарака з тварам трамвайнага шчыпача: чарнявы, смугласкуры, з бегаючымі чорнымі вочкамі і ўчэпістымі рукамі з даўгімі пальцамі. Назваўся ён Казімірам Маратавічам Шахто. Заняты сваімі справамі, упэўнены ў выключнай сваёй важнасці, ён амаль не звярнуў увагі на практыканта. Студэнт Ігнат Мазур пагаварыў з ім пра свае абавязкі – зрабіць адзін прахадны сюжэт – палістаў планы рэдакцыі, прагледзеў адну з іх – давалі запіс вечаровага спектакля мясцовага драмтэатра, яшчэ нешта неістотнае, і з трывогай адчуў, што тут яму няма чаго рабіць. Рэдактар Казімір Шахто быў, на яго погляд пасля некалькіх з ім гутарак, звычайны правінцыйны літёлуп, невядома з якой адукацыяй і які нямаведама як апынуўся на сваёй пасадзе. Плюс быў адзін: Казімір Шахто не заўважаў і не сачыў за ім: не прымушаў сядзець на лятучках і прыходзіць рана ў кабінет, дзе ў кутку для яго, як практыканта, часова прыстасавалі часопісны столік.
У сувязі з тым, што амерыканская проза якраз перажывала своеасаблівы бум, Ігнат Мазур вырашыў зрабіць у сваю практыковую перадачу эсэ пра «вялікую пяцёрку»: Фіцджэральда, Фолкнера, Хэмінгуэя, Стэйнбека, Дос Пасаса. Знайшоў нават некалькі каляровых здымкаў пісьменнікаў, прыдумаў кароткі сюжэт.
Але яго ідэю загадчык аддзела Казімір Шахто чамусьці і даволі нечакана ўспрыняў як асабістую знявагу. Высветлілася, што гэты, на думку студэнта Ігната Мазура, вяртлявы, правінцыйны тэлежучок не ведаў нават, хто такія Дос Пасас, Фолкнер, не чытаў ніводнага з вядомых пісьменнікаў і так усхваляваўся, што пабег раіцца да дырэктара.
– Гэта што – пісьменнік? – перадусім тыцкаў ён даўгім пальцам спешчанай рукі ў фотаздымак Уільяма Фолкнера, дзе нобелеўскі лаўрэат па літаратуры быў зняты за цяслярскай працай на сваёй ферме, у падраным пінжаку, выцвілых джынсах і з пляскатай бутэлькай віскі, якая па-здрадніцку выглядала ў яго з кішэні.
– Калгасны конюх гэта, а не пісьменнік! – вішчэў Казімір Шахто. – І ты прапануеш такія здымкі ў перадачу? А тэкст? Ты каго прапагандуеш? Для нас яны ўсе – буржуазныя, ідэалагічна няўстойлівыя прадстаўнікі замежнай культуры!
Дырэктар абласнога тэлебачання Кухарчук, па ўсёй бачнасці, не жадаў разбірацца з практыкантамі, якія недарэчна зваліліся на яго абжытую, утульную прастору. Але пасля не то скаргі, не то даносу абуранага Казіміра Шахто, змушаны быў прагледзець сюжэт і выказаць свае адносіны.
– Скажыце, – асцярожна звярнуўся ён спачатку да студэнта Ігната Мазура зусім з іншага боку, – сябра Вярхоўнага суда Мазур – не ваш сваяк?
– Так, – раптам зманіў раздражнёны ўсім гэтым Ігнат Мазур, – сваяк.
– Вы не хвалюйцеся, мы паставілі ў план ваш сюжэт. Ну, крыху дапрацуеце з рэдактарам, – нечакана лагодна паабяцаў дырэктар Кухарчук. – А ўвогуле, мы бачым, што вы праяўляеце ініцыятыву, паводзіце сябе прыстойна, спадзяюся, так і далей будзе, і практыку вам абавязкова залічым. Вы згодны, Казімір Маратавіч? – звярнуўся ён ужо да рэдактара Шахто.
– Так, так, – заківаў той з няшчырай, халопскай усмешкай.
Вольны з гэтага часу, студэнт Ігнат Мазур тым не менш вырашыў падпрацаваць на «Навінах», дзе ўжо абжылася Юля Маракова, і зрабіць які матэрыял для абласной газеты «Зорка», каб на ўсялякі выпадак падстрахавацца, бо ад «Блакітнага агеньчыка» можна было чакаць усяго заўгоднага.
Вечарам таго самага дня – а практыкаваліся ўжо ледзь не тыдзень – дзяўчаты сабралі тое-сёе на стол, а Ігнат Мазур схадзіў у бліжнюю краму за бутэлькай чырвонага сухога віна.
Як заўсёды, шмат палілі і гаманілі пра ўсё і… ні пра што.
– Уяўляеш, – пасмейвалася, звяртаючыся да сяброўкі Надзя Гусакова, – гэты пшут, Казік Шахто, запаў на мяне. Учора падваліў цішком і прапанаваў адвячоркам пасядзець з ім, ха-ха, за кубачкам кавы ў яго кабінеце.
– Працяг, спадзяюся, будзе? – пыталася Юля Маракова. Дзяўчына была ў добрым настроі.
– Магчыма. Праз тыдзень прыедзе на адведкі мой сужэнец, ну вы ж яго ведаеце. Ён працяг і арганізуе, калі наш юрлівец не супакоіцца.
Студэнт Ігнат Мазур бачыў раней у інтэрнаце жаніха рослай, прыгожай, але, на яго думку, праставатай Надзеі Гусаковай – той заканчваў політэхнічны інстытут і даволі паспяхова займаўся дзесяцібор’ем.
– А ты што ўсё маўчыш, Ігнат? – пацікавілася Юля Маракова. – Мо захварэў на радзімец?
Ігнат Мазур нявесела ўсміхнуўся, паціснуў плячыма. Ён раптам адчуў сябе нібы ў іншым вымярэнні.
– Выйду, запалю. А вы тут без мяне пасакрэтнічайце. На амаль бязлюднай вуліцы ўжо ўключыліся ліхтары. Толькі ля найбліжэйшай кавярні было даволі ажыўлена – там віравалі падлеткі.
Студэнт Ігнат Мазур адчуў, як самота холадам агорала яго знутры. Што ён тут робіць з гэтымі дзяўчатамі, адной з якіх быццам нечым абавязаны – толькі чым? Што яму з гэтага тэлебачання, дзе нельга прыбартаваць звычайны літаратурны сюжэт, дзе яго ва ўпор не хочуць бачыць нават цяпер, а не толькі ў будучыні? Там, у сталіцы, засталася Святлана Конкіна, з якой адной яму б хацелася аказацца зараз побач. Дзе яна ў гэтыя хвіліны, з кім праводзіць вечар, альбо сядзіць адна? Урэшце, раптам успомніў Ігнат Мазур, ён жа па-ранейшаму амаль нічога пра яе не ведае: хто яна, адкуль, хто яе айчым, маці, нават якой яна ўсётакі нацыянальнасці? Хоць што яму, акрамя цікаўнасці, да апошняга?
Ён выцягнуў з кішэні партманет і палічыў грошы. Заставалася не так і багата ад заробленага на мінулых, пазалеташніх вакацыях, але калі палічыць, колькі дзён яму тут пакутаваць, то можна… Так, выйсце ёсць. Можна вечарам ляцець самалётам у сталіцу, а праз суткі вяртацца назад. Наўрад ці нехта яго тут будзе пасвіць. Дырэктар Кухарчук? Рэдактар Шахто? Ды ім усё роўна – толькі каб было ціха і не адбылося ніякіх незбалансаваных сітуацый.