Читать книгу Шалі (зборнік) - Зміцер Баяровіч - Страница 3
Шалі
Оглавлениешалі
Так атрымоўваецца, што нашае жыццё пабудавана на процілегласцях:
каб цябе пачулі – трэба гаварыць шэптам. Тое, што ты аддаеш, – вяртаецца. І робіцца тваім назаўжды. Тое, што ты думаеш пра іншых, не думаюць іншыя пра цябе. Самы блізкі чалавек – самы далёкі. Велькая дабрыня – гэта велькае зло. Велькая дабрыня – гэта велькая злосць (толькі для розных людзей па-рознаму).
Самы шчыры смех – да слёз.
Падлога – столь.
Не – так.
Я – ты.
А паміж усім – шалі.
* * *
2011–2012
пачатак
Тата ў дзяцінстве будзіць мяне пацалункам. Праз сон – пра парасон. Пра першы снег. І што трэба цёпла апрануцца, бо зябка. На шчацэ козыт ад яго вусоў. У кватэры млосная раніца.
Я яшчэ роўна-роўна ляжу пад коўдрай, баючыся варухнуцца і незнарок крануць паветра. А тата, пакінуўшы шчыльны слупок святла ў дзверах, выратавальна ідзе на кухню.
Так вецер перад навальніцай не выварочвае,а толькі крыху разгортвае старонкі кнігі на падваконні, быццам зазірае ў іх.
* * *
16 верасня 2011
цёплы швэдар
Цётка Вера купіла сабе цёплы швэдар.
У ліпені.
Быў распродаж. Было горача ў раздзявальнях таннай крамы. Ёй параілі. Проста бязлітасна параілі: «Вера, купі швэдар». Вера паверыла.
І купіла.
* * *
Цяпер цётка Вера ў цёплым швэдары.
Дзінь-дон.
25 жніўня 2011
яднанне
Такі дзень, калі вады столькі, што яна аж здаецца цвёрдай. Такі час, што з дахаў праз трубы выпаўзае і нізка-нізка сцелецца пара. Гэткія лужы, што лопаюцца люстэркі. Такі дождж, што, бывае, хвілінамі проста б’е ў грудзі і прабівае дзіркі (і душа макрээ). Такая вільгаць, што нават пустэльняй не выратаваць горад. І колераў – адзін. Такая прастора, што становіцца млосна. Настолькі моцны ціск, быццам пусціў хто з нацягнутай гумкі гэтыя стрэлы кропляў. І на вуліцы, абклееная шэрымі шпалерамі, – сцяна дажджу.
* * *
Толькі дзяўчына побач са мной на дыбачках нясе шчыльна напоўненую шклянку з гарбатай, баючыся праліць яе на асфальт.
І чамусьці здаецца, што ў гэтым свеце ўжо ніколі не будзе яднання.
14 кастрычніка 2011
вальс
Раніцай пад маім акном вальсаваў дворнік. Я цікаваў за віхурай лісця з-пад яго падэшваў.
Раз-два-тры, раз-два-тры…
Калі раптам яго заўважалі людзі (як дзіця, калі яму страшна ноччу, недарэчна адчыняе дзверы ў пакой бацькоў-мілаванцаў), слупянеў.
Хвіліну-другую мацюкаўся сам з сабою. А потым працягваў.
І брудная вуліца зноў патанала ў чысціні яго душы.
* * *
15 верасня 2011
рацыяналізм
Я знайду сабе тлустую кабету. Я вырашыў. Я буду спяваць стансы і пісаць вершы на балконе, а яна будзе гатаваць цудоўныя супы ўвесь дзень на кухне, абцірацца фартухам, глядзець «Дом-2», наведваць сваіх дзяцей ад трэцяга шлюбу (на яе словы, ён быў так падобны да Гранта). Я – смяяцца. Яна будзе класці тры лыжкі цукру ў гарбату, праць мае рэчы, пахнуць малаком і капустай.
Тлустай кабеце будуць патрэбны ад мяне сухія абяцанні. І раз на месяц пяціхвілінная зачэпка для пажыццёвага радыкуліту. Тлустая кабета будзе добрай, як я. Таму мы ніколі не будзем з ёй размаўляць.
Уласна, кабета проста фізічна будзе тлустая. Гэта не абраза. Я знайду сабе гэткую, якой не прыйдзе ў галаву крыўдзіцца на гэтае слова. Я ёй нават буду пакідаць грошы на аплату ЖКП, часам абдымаць. Затое мае камоды будуць яе любіць, шафы і нават моль. Яна будзе класці мне парасон у торбу, трымаць язык за зубамі, выносіць смецце і мяне. Я – толькі спяваць стансы і пісаць вершы на балконе.