Читать книгу Гісторыі ў прыцемках (зборнік) - Зміцер Дзядзенка - Страница 3
Голем з Малой Мар’ямпольскай
Оглавление* * *
Забойцу нічога не павінна было спыніць. Ён усё разлічыў, вывучыў дом як свае пяць пальцаў. Дзякаваць богу, часу на гэта было дастаткова. Вось тут трэба ступаць асцярожна: гэтая маснічына рыпіць. Пераступіў. Ён, вядома, зможа патлумачыць, чаму ходзіць тут у такі позні час. Але ўсё ж лепей не рызыкаваць. Іначай давядзецца адкладаць справу ды вынаходзіць новы спосаб: другі раз гэтак ісці ўжо не варта.
На вуліцы цяпер светла, амаль як удзень. Аднак зачыненыя аканіцы не дадуць прабіцца ў пакой нават месяцоваму святлу. Толькі вузенькі прамень пралез у шчыліну. Халодны спакойны прамень, што супакойваў думкі.
Ён лёгенька пастукаў пазногцем у дзверы. Яна адчыніла амаль адразу.
– Ты? – у голасе было непадробнае здзіўленне. – Чаму так позна прыйшоў? Справа якая важная, каб апоўначы хадзіць?
Ён моўчкі хітнуў галавой. Тузануў за сабой дзверы: яны нягучна стукнулі аб вушак. Клямка шчыльна і надзейна прычыніла дзверы. І гэтак жа хутка, шчыльна і надзейна сышліся рукі на дзявочым горле.
Яна не паспела закрычаць. Сіпела, спрабавала расціснуць мёртвае кола, што ўсё мацней сціскалася, не давала ёй дыхнуць.
Забойца апусціў мёртвае цела на падлогу. Падышоў да вакна, расчыніў. Халоднае свежае паветра рванулася ў пакой, нервова здрыгануліся фіялетавыя фіранкі. Яны кінуліся ў твар забойцу, ён прытрымаў іх.
Ціхенька закрываючы за сабой дзверы, ён выйшаў з пакоя.
* * *
Доктар Скарына адразу спадабаўся Вітушынскаму. Такім, як Сяргей Раманавіч, і павінен быць сапраўдны хірург – высокім, шумным, упэўненым у сабе. Кожны ягоны прыход у палату дадаваў пацыентам аптымізму. Што праўда, выгляд доктара цяпер многія назвалі б старарэжымным: акуратная дагледжаная бародка-эспаньёлка, залатое пенснэ, гарнітуртройка светла-пясочнага колеру. Аднак доктару гэта пасавала і выклікала да яго большы давер у хворых. Дый у жанчын гэты кучаравы прыгажун, відавочна, карыстаўся папулярнасцю. Правінцыйны донжуан…
Вітушынскі адклаў на прыложкавую тумбачку альманах. Старонку Антон закрываць не стаў, бо яшчэ не дачытаў: у тлуме абавязковага штодзённага агляду гэта ўсё адно не ўдасца.
– Ну, як пачуваецеся? Як настрой? – доктар зірнуў на адкрытую старонку. – Можна паглядзець? О, «Краязнаўчы альманах»! Цікавіцеся тутэйшым друкам?
Ён зірнуў на зеленкаватую вокладку, што колерам нагадвала недаспелы яблык. Спехам перагарнуў колькі старонак.
– Ведаеце, папрасіў сястрычку купіць што-небудзь пачытаць мне. Вось яна і прынесла, – нібы апраўдваючыся, сказаў Вітушынскі.
Скарына кінуў яшчэ адзін чэпкі позірк на адкрытую старонку. «Рукапісны траўнік XVІІІ ст.» – вялікія літары загалоўка здалёк кідаліся ў вочы.
– А цяпер чытаеце пра травы. І як? Падабаецца? Тут жа, відаць, пра цемрашальства якое-небудзь.
Доктар уважліва паглядзеў на пацыента. Вітушынскі адчуў сябе так, нібы яму пачынаюць ставіць дыягназ. «Як карась на патэльні», – недарэчна падумалася яму.
– Ды не тое каб вялікае ўжо там цемрашальства было – гэта ж навуковы артыкул. Пра знойдзены старадаўні рукапіс. Вось глядзіце, колькі нашыя продкі ўжывалі розных траваў для медычных мэтаў. Баркуном сцябалі па нагах, каб яны не балелі. Руту ўжывалі пры сардэчных, нервовых і жаночых хваробах. Трыпутнік – пры запаленнях ды пашкоджаннях скуры. Святаяннік – ад малакроўя, пры крывацёках, ад крывавай бягункі, для гаення ранаў, пры лекаванні апёкаў. Узвар ад яго, ад святаянніка, атрымліваецца чырвоны, «родны» з кроўю. Таму і карысталіся ім для «прыбаўлення крыві».
Скарына скептычна ўзяў альманах:
– І вы верыце гэтаму траўніку-страўніку? Асабліва калі ўлічыць, што пры карыстанні ўсімі гэтымі травамі абавязкова трэба прыгаворваць што-небудзь гэткае: «На моры, на лукамор’і стаіць вярба, на той вярбе сем сот галля, а ў том галлі звіта лапухова гняздо, а ў тым гняздзе ляжыць Евацарыца…» Гэта ж чорт ведае што такое! Вы ж адукаваны чалавек… Няўжо вы сапраўды верыце ў існаванне пералёттравы, якая выконвае ўсе жаданні? Ці ў разрыў-траву, якая адчыняе ўсе замкі ды засовы? Гэта ж усё казкі, прыдуманыя ад людской неадукаванасці. Вунь у вашым траўніку пішуць, што цыбуля ды часнык адганяюць ліхія чары ды нячыстую сілу… У дваццатым стагоддзі жывём! Эпоха тэхнічнага прагрэсу!
Антон на скептычную доктараву ўсмешку не зрэагаваў, запярэчыў сур’ёзна:
– Можна ж не браць пад увагу ўвесь гэты старэчы фальклор. А вось вам як доктару, пэўна, было б цікава пра ўсе гэтыя травы даведацца.
– Мне? Нецікава! Я ж хірург, а не тэрапеўт, – перавёў размову на жарт Скарына. – Давайце агледзім вашу нагу.
Сённяшні агляд быў нядоўгім.
– Ну вось, правая ў вас цяпер амаль такая ж, як і левая. Варта было б вас выпісаць, а то, лічы, здаровы чалавек ляжыць, займае месца.
– Дык я б не супраць, – Вітушынскі пажвавеў. – А што, можаце выпісаць?
Доктар задуменна агледзеў яшчэ раз нагу Вітушынскага:
– Выпісаць можна, але паназіраць за вашым станам я б яшчэ хацеў. Вы калі атрымалі гэтае раненне? На фронце? Франтавая разведка? Ах, яшчэ ў пятнаццатым годзе… Ведаеце, я вам вось што прапаную. Вы ж у нас праездам, так? У нас у горадзе, як ведаеце, ёсць гатэлі «Адэскія нумары», «Кіеўскія нумары». Але я вам не раю туды сяліцца: прусакі, ведаеце, клапы, рэдка мяняюць пасцельную бялізну, дый увогуле… Ёсць яшчэ гатэль «Брыстоль». Аднак, мне здаецца, чым больш гучную назву даюць гатэлю, тым менш дбаюць пра ўтульнасць і чысціню. Пажывіце тыдзень-другі ў мяне ў доме. Ён, праўда, амаль на самым краі горада. Але вялікай бяды тут няма: горад у нас невялікі, таму заўсёды зможаце дабрацца куды захочаце.
– Нават не ведаю. Неяк гэта няёмка, – пацыент сумеўся.
– Няма тут нічога няёмкага. Лічыце, я забіраю вас пад свой нагляд. Пагатоў, у мяне вы зможаце паглядзець яшчэ процьму такіх кніг, пра якія вы тут толькі чытаеце. Можа, знойдзеце што-небудзь цікавае для сябе і для іншых. А не толькі «На моры, на лукамор’і стаіць вярба»…
Прамовіўшы гэта, Скарына лёгка ўзняў сваю выносістую фігуру. І пераходзячы ўжо да суседняга ложка, кінуў цераз плячо Вітушынскаму:
– Збірайцеся, у абед паедзем да мяне.
* * *
Дом Скарыны стаяў на вуліцы, парослай старавечнымі ліпамі. Усе тутэйшыя дамы – невялікія. Доктарскі будынак хаваўся ад дарогі ў глыбіні, за невялічкім «паркам» – высаджанымі ў шахматным парадку ясенямі. Там-сям паміж дрэваў былі відаць невялікія кветнікі з наготкамі, касачамі.
Найманы экіпаж давёз іх вельмі хутка. Павятовая Ворша наогул выглядала горадам невялікім: з брукаванай Пецярбургскай, дзе стаяла амбулаторыя, да ўтравелай Малой Мар’ямпольскай вуліцы дабраліся менш чым за чвэрць гадзіны. Можна было б прайсціся пешшу, але доктар не хацеў пакуль празмерна перагружаць нагу Вітушынскага. Дарогай Антон звярнуў увагу на першыя знакі нядаўняга вяртання Воршы да Беларусі: раз-пораз ужо трапляліся шыльды па-беларуску. У моры расійскамоўных яны выглядалі рэдкімі экзатычнымі цікавосткамі.
На дарожку, што вяла да дома, сустрэць іх выбегла каротка стрыжаная невысокая брунетка ў попельна-шэрай сукенцы. Расцягваючы словы, нізкім голасам яна ўсклікнула:
– Ах, Серж, як цудоўна, што ты прыехаў! Я ўжо стала хвалявацца. Ведаеш, так страшна быць адной дома. Заходзіла Наталля Андрэеўна («Нашая суседка», – патлумачыў напаўголаса Скарына Вітушынскаму), расказвала такія страхоцці!
– Леначка, пазнаёмся: гэта Антон Валер’евіч Вітушынскі, ён пажыве ў нас крыху. Ён мой пацыент, я нейкі час буду даглядаць яго.
– Вельмі прыемна! – дзяўчына ўважліва паглядзела Вітушынскаму ў вочы. – Серж, што ж ты не папярэдзіў, што прыедзеш не адзін? І я зусім-зусім не падрыхтава-аная…
– Так атрымалася, даруй, – Скарына пацалаваў сястру ў шчаку. Скіраваўшыся ў дом, ён запытаўся: – Дык што ж табе расказвала гэтая старая пляткарка, якой не сядзіцца дома? Здаецца, у яе ў жыцці такі дэвіз: «Не пакінь без нагляду ні блізкага свайго, ані жонкі ягонай, ані каня ягонага, ані вала ягонага».
– Ах, Серж, ты несправядлівы да яе: жанчыне проста вельмі сумна. Вось яна і заходзіць да мяне пагаварыць, па-суседску… – Дзяўчына паспрабавала пакрыўдзіцца, але, відаць, доўга маўчаць і крыўдаваць папросту не ўмела: – Яна казала, што каля суседніх дамоў надоечы бачылі нейкага падазронага бадзягу. Нейкі ён страшны, казала, звыродлівы. І паводзіць сябе дзіўна: нібы нешта выглядае ўвесь час – можа, скрасці што хоча. А я тут акурат пераглядала старыя рэчы: вопратку, абутак – і ўбачыла, што некуды зніклі боты. Памятаеш, такія чорныя, старыя, гумовыя? Яны былі велікаватыя нават табе…
Доктар адказаў, што не памятае, дый нявартыя ўвагі старыя боты, якія некуды згубіліся:
– Займіся, калі ласка, абедам. А я пакуль пакажу нашаму госцю бібліятэку: ён цікавіцца ўсялякай старасветчынай.
– Ну вядома, жаночая справа – займацца кухняй. А мужчыны тым часам будуць гаварыць свае разумныя размовы пра высокія матэрыі, – Алена ўсур’ёз укрыўдавала.
* * *
Бібліятэка Скарыны сапраўды ўражвала. Вітушынскаму падалося, што ён трапіў у пячору Алі-Бабы. Толькі заміж перлінаў, золата, срэбра, смарагдаў і дыяментаў тут былі кнігі. Томікі, тамы, тамішчы… Здавалася, тут ёсць кнігі з усіх галінаў веды: фізіка, хімія, астраномія, гісторыя, багаслоўе, філасофія, біялогія, геаграфія. Найбольш выданняў, вядома, было па медыцыне. Некалькі паліцаў займалі мастацкія творы. Цёмныя карэньчыкі, пацёртыя вокладкі, месцамі бліскае нявыцвілае золата літараў… Асобная шафа адводзілася пад інкунабулы і старадрукі – захоўваліся ў Скарыны і такія цікавосткі.
Доктар пакінуў Вітушынскага сам-насам з кнігамі, спаслаўшыся на тое, што яму неабходна дапамагчы сястры. Антон з гэтай нагоды не пераймаўся: яму было дастаткова бібліятэкі. Спярша ён абышоў пакоі ўздоўж сценак, проста аглядаючы палічкі. Кнігі былі расстаўленыя па тэматыцы: геаграфія не блыталася з гісторыяй, філасофія – з хіміяй, медыцына – з фізікай. Суседзілі тут выданні расійскія з нямецкімі, ангельскія – з французскімі, лацінскія – з грэцкімі, польскія – з іспанскімі. У невялікай колькасці трапляліся кнігі беларускія ды літоўскія. Запомніўшы прыблізны парадак размяшчэння кніг, Вітушынскі падышоў да шафы з старадрукамі. Узяў адну наўгад, раскрыў – рукапісная. Старадаўні аўтар ці перапісчык старанна выводзіў літаркі ў кожным слове. Чытаць, аднак, усё ж было цяжкавата: шматлікія скарачэнні ды састарэлыя словы перашкаджалі лёгка ўспрымаць напісаны тэкст. Божае імя, як вялося ў такіх рукапісах, пісалася скарочана, пад значком-цітлам, аднак паўсюдна пазначалася чырвонай фарбай. На глосах там-сям сустракаліся тлумачэнні замежных словаў. А вось малюнкі адсутнічалі зусім.
«Заклінаем ця, стварэнне солі, у імя Айца Уседзяржыцеля, дабраславеннем Госпада нашага Ісуса Хрыста і сілаю святога Духа. Заклінаю ця Богам жывым, іжэ ця дзеля патрэбы чалавечае сатварыў ёсць: будзь усім верным, хто спавжываеця, на здароўе душы і цела, і хай пазбегне і адыдзе ад цябе ўсялякае зло і ліслівасць д’ябальская і ўсялякая шкодная ўлада, на цябе ад паслугачоў шатанскіх наведзеная. Дзеля таго молімся: Госпадзе, Божа наш, хай тое стварэнне солі ў імя Святое Тройцы сатворыцца выратавання душы тайна. Ты, Госпадзе, свенцячы – пасвенці, бласлаўляючы – блаславі, усім, хто прымае яе, спраўнае лекаванне ва ўтробе іхнай хай бу дзе. У імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, іжэ прыйдзе судзіці жывых, і мёртвых, і свет агнём. Амэн».
Ясна, тут замовы на ўсялякія выпадкі жыцця. Будзем лічыць гэты рукапіс умоўна «медычным».
Вітушынскі зірнуў на гадзіннік. Божачкі, ён тут ужо ладныя паўгадзіны гуляе вакол кніжных паліц, а там, мабыць, яго чакаюць на абед. Паспее яшчэ вярнуцца да кніг: доктар жа абяцаў яму колькі дзён гасцявання. Ён выйшаў з бібліятэкі, пайшоў у бок веранды, дзе абяцалі накрыць абедзенны стол.
Там было яшчэ пуста. Толькі доктар Скарына сядзеў каля акна ў крэсле-качалцы з газетай у руках.
– Ранавата вы вярнуліся, Антон Валер’евіч. Ах, не хацелі прымушаць, каб вас чакалі… Што ж, тады пачакаць давядзецца вам. Вось-вось павінен падысці яшчэ адзін наш кампаньён – мой асістэнт, Шумскі Уладзімір Уладзіміравіч. А я пакуль вось чытаю свежую газету. Нашу павятовую – «Камуністычны шлях». Пішуць, што неўзабаве нас чакае навіна: плануюць каля горада пабудаваць ільнозавод. Хоць будзе які занятак сённяшнім беспрацоўным.
У гэты момант на веранду ўвайшла Алена Скарына разам з маладым чалавекам. Валасы на яго галаве адсутнічалі: чэрап быў акуратна паголены, нібы маладзён усё яшчэ жыў у мінулай вайне з яе невыводнымі вошамі, тыфусам і іспанкай.
Доктар задаволена прагаварыў:
– А вось і наш Уладзімір Уладзіміравіч. Знаёмцеся, гэта мой персанальны госць Антон Валер’евіч Вітушынскі. Ён нейкі час будзе жыць у нас. Сядайце за стол, нешта мы і так прыпазніліся сёння.
– Ну што ты зноў мяне ганяеш? Нібыта я вінаватая ва ўсім… – Алена цяжка ўздыхнула і з немай мальбой паглядзела на Антона. Яму падалося, што ў дзявочых вачах бліснулі слёзы незаслужанай крыўды.
Тым часам Вітушынскі з Шумскім паціснулі адзін аднаму рукі і прадставіліся. Антон звярнуў увагу на дзіўнаваты акцэнт у гаворцы новапрыбылага: ён гаварыў, заўважна расцягваючы свісцячыя. З-з-з, с-с-с, ц-с-с – загулі ў паветры пагрозлівыя авадні.
– Паслухайце, тут такі артыкул ёсць. Магчыма, Аленачка, гэта якраз пра твайго падазронага бадзягу: «Учора каля рынку затрымалі падазронага чалавека. Пры спробе затрымання ён пачаў страляць. Паказаўшы ўзор мужнасці, супрацоўнікі Аршанскага акруговага аддзелу міліцыі В. і М. затрымалі злачынцу. Ім выявіўся вядомы палітычны бандыт Гозіюш, вядомы таксама як атаман Вецер. Апошнія месяцы менаві та яго банда ўчыніла дзёрзкі напад на валасное праўленне ў Пугляях, дзе скрала валасную касу. Мяркуецца, што Гозіюша бліжэйшым часам адправяць у Менск, дзе расследаваннем поўнага спісу яго чорных злачынстваў зоймуцца жалезныя рыцары АДПУ». Бачыш, Леначка, можаш цяпер не баяцца нічога. Будзем абедаць?
– Ой, не кажы! Жахі якія! – Алена зазірнула брату праз плячо. – А вось тут бачыш, што пішуць: «У вёсцы Браздзечына невядомыя бандыты напалі на мясцовага сялькора і актывіста Паўла Верасніцына. Яго моцна збілі на ва чах сям’і, прыгаворваючы, што цяпер сялькор павінен пісаць пра Саветы без камуністаў. Верасніцын патрапіў у больніцу. Супрацоўнікі акруговайміліцыі падазраюць, штона яго напала банда Моніча». А ты кажаш – не баяцца…
На абед падалі мяса па-французску, гарнірам да яго была фасоля, перамяшаная з смажанай цыбуляй ды маслам. Размова, аднак, не клеілася. Шумскі сказаў, што з самага ранку нядобра пачуваецца і зусім не мае апетыту. Ад прапанаванай Скарынам чаркі аперытыву для апетыту адмовіўся.
Неўпрыкмет за сталом размова пайшла пра старажытнасці. Завёў гаворку Скарына, спытаўшыся ў Вітушынскага, ці знайшоў той што-небудзь цікавае ў бібліятэцы.
– Вельмі багатая і разнастайная калекцыя кніг, – зазначыў Антон. – У мяне склалася ўражанне, што іх падбіралі не адно пакаленне. Верагодна, нават не два і не тры.
– Так, у нас у сям’і даўняя любоў да кнігі. Як юдэі называюць сябе народам Кнігі, так мы можам назваць сябе родам Кнігі.
Скарына крывавата пасміхнуўся. Вочы ягоныя, аднак, заставаліся сур’ёзнымі і засяроджанымі. Пацягнуўшы з сподка карнішон, ён казаў далей:
– Зрэшты, калі працягваць нашую ранішнюю гаворку, то варта зазначыць, што без Еўропы, без немцаў не было б не толькі нашага роду Кнігі. Не было б значна большага – славянскага кнігадруку.
– Гэта вы пра Гутэнбергава вынаходства? – да гаворкі з відочнай неахвотай і скепсісам далучыўся Шумскі.
– Не толькі. Можаце згадаць сюды ж, да кучы, яшчэ першага друкара, які пачаў выдаваць свае кнігі кірыліцай, – немца Швайпольта Фіёля. Калі не памыляюся, выходзілі тыя выданні ў Кракаве, недалёка ад нас. Адсюль і ўзнікае пытанне наконт вашае зацікаўленасці беларускім: ці магчыма вывучаць беларускую культуру (падкрэсліваю: усялякую культуру – хоць духоўную, хоць матэрыяльную) у адрыве ад Заходняй Еўропы? Нават кнігадрук – гэта найперш тэхналогія, а не духоўны прарыў. А тэхналогіі да нас спрадвеку прыходзілі з Захаду. Нездарма ў нашай бібліятэцы, як вы маглі заўважыць, так мірна суседзяць распоўзлы, круглы славянскі алфавіт з рэзкай, спічастай гатычнай лацінкай.
– Але ж нават з-пад напластавання заходніх цывілізацыйных набыткаў можна паспрабаваць вылучыць уласна беларускія карані, – паспрабаваў запярэчыць Вітушынскі.
– Ды кіньце вы дурное! – Скарына адмахнуўся, нібы ад надакучлівай мухі. – Гэта ўсё казачкі для прафанаў. Вось Ластоўскі, які сядзіць у Коўне, у сваім часопісе «Крывіч» таксама ўсё прапануе такія тэорыі – пра беларусаў як самую чыстую славянскую нацыю, якая не зазнала моцнага чужынскага ўплыву.
– Дык а хіба ён не мае рацыі? – Шумскага зачапіў безапеляцыйны тон Скарыны. Колішняй абыякавасці ў паглядзе ўжо не адчувалася.
– Гледзячы ў чым. Калі даследаваць чысціню крыві, то для гэтага пакуль мала звестак. Магчыма, што тут ён і не памыляецца: беларусы – самая чыстая з славянскіх нацыяў. Магчыма… Але што тычыцца культуры і цывілізацыі, дык тут я толькі паўтаруся: кім бы мы былі без уплываў як з Захаду, так і з Усходу? Вы згадайце хіба толькі тое, што грамату для славянаў прыдумалі грэкі – Кірыла і Мяфод. Нашыя продкі, можа, на той час і не былі абсалютнымі дзікунамі, але ўсё ж мала ад іх адрозніваліся.
Для Вітушынскага ягоныя словы гучалі калі не абсалютнай ерассю, то прынамсі досыць дзіўным цверджаннем. Але пакуль што ён не мог знайсці ў вычварнай логіцы Скарыны слабога месца. А так хацелася знайсці – і ўдарыць. З усяе моцы. Самымі забойчымі аргументамі.
– Ну вось, пра жанчыну ніхто і не думае: завялі сваю катрынку пра навуку ды вынаходствы, – Алена спрабавала ўвязацца ў размову. – Ясна, што ў нас шмат чужога, прывезенага. Нават мяса, і тое гатуецца па-французску!
Тым часам Скарына, не зважаючы на сестрыны словы, працягваў:
– Вось і атрымліваецца, што без замежных уплываў мы самі па сабе нічога не можам паказаць. Няма ў нас нічога свайго.
Вітушынскі, які спярша хацеў падтрымаць Алену якім-небудзь жартам, ад доктаравых словаў завёўся і адказваў ужо яму, абмінаючы ўвагай дзявочую рэпліку:
– Але ў такім разе мала хто можа паказаць нешта сваё: французы пазычалі ідэі ў італьянцаў, немцы – у ангельцаў. Чаго варты быў бы французскі Рэнесанс без італьянскага? Ці быў бы магчымы нямецкі пратэстантызм без таго выпадку, калі брытанскі кароль абвясціў сябе кіраўніком англіканскай царквы?
– Дык і я ж пра тое вяду гаворку, – Скарыну відавочна забаўляла тэма. – Мы не можам разглядаць нашую гісторыю ў адрыве ад еўрапейскай – ад яе ўплываў, ад яе падзеяў.
Антон набычыўся і прывёў аргумент, які падаваўся яму важкім і неаспрэчным:
– Аднак жа не варта механічна пераносіць на нас іх падзеі. Напрыклад, рэлігійныя войны, якія скаланалі Еўропу, нас не закранулі. Не было ж у нас такой Баўтрамеевай начы, падчас якой у Парыжы кроў залівала вуліцы!
– Ці дакладна вы гэта ведаеце? А калі я дакажу вам іншае? – з твару доктара не сыходзіла скептычная самаўпэўненая ўсмешка. – Гісторыю пра Язафата Кунцэвіча ведаеце? Яго ж проста не пускалі ў гарады: у Магілёве і Воршы з гарматаў стралялі, каб не заехаў уніяцкі казаннік у горад. І што гэта, на вашу думку, калі не рэлігійная вайна? А такіх прыкладаў безліч. Кунцэвіч – хіба што самы вядомы і самы вымоўны. Былі ж яшчэ і выгнанні з цэркваў, смяротныя бойкі паміж уніятамі й праваслаўнымі. Вы мне скажаце пра дыспуты. Канечне, было і такое. Але хіба не тое ж самае – з дыспутамі і адначаснымі крывавымі закалотамі – дзеялася ва ўсёй Еўропе? Магу вам нагадаць толькі, што забойства Кунцэвіча – гэта гадоў праз сорак пасля Баўтрамеевай начы і гадоў за дваццаць да аблогі Ля-Рашэлі. Немцы гэтым часам рэжуць адзін аднаго ў Трыццацігадовай вайне, у ангельцаў выспявае антыманархічная рэвалюцыя…
Задаволены сваімі аргументамі, Скарына адкінуўся на спінку крэсла.
– Але цяпер жа ў нас не так, як у Еўропе, – Вітушынскаму ўсё ж карцела настаяць на сваім.
– Чаму вы так упэўнены ў гэтым? – Скарыну, здаецца, нават здзівіў факт, што нехта імкнецца аспрэчыць ягоныя тэзісы. Ён выцер насоўкай лоб і працягваў: – Мы цяпер жывём паводле дактрыны Карла Маркса, народжанай у Нямеччыне. Канцэпцыі, на якіх спрабуюць збудаваць сваю дзяржаву тыя ж чэхі, палякі ці балгары, – таксама карэняцца ў Заходняй Еўропе: ідэя нацыянальнай дзяржавы прыйшла да нас адтуль, і досыць нядаўна. Зрэшты, і ў саміх французаў альбо ангельцаў яна выкрышталізавалася параўнальна не так даўно – гадоў трыццаць-сорак. Час пакажа, наколькі гэта жыццяздольная ідэя.
– Думаю, вельмі разумная, прадуктыўная і жыццяздольная. Гэта прызнала нават новая ўлада: нездарма ж яна правяла ўзбуйненне Беларусі! – выдыхнуў Шумскі з відавочным раздражненнем. Вітушынскаму зноў драпнула слых вымаўленне Шумскага.
Алена яўна ўстурбавалася тым, які кірунак атрымала гутарка. Было відаць, што яна сумнявалася, ці варта дазваляць мужчынам спрачацца далей. Спрабуючы перавесці размову на іншае, яна ціха заўважыла брату, што, магчыма, злоўлены бандыт усё ж не той бадзяга, пра якога распавядала суседка:
– Але я пабойваюся. Раптам ён не адзін такі тут хадзіў? Лепш за ўсё, відаць, будзе пільнавацца ўсякіх чужых…
Вітушынскі адчуваў сябе госцем, таму прыціх, як мыш пад венікам, і з падрабязнымі роспытамі наконт бібліятэкі не лез. Але ж карцела! Так карцела, што аж язык свярбеў. Толькі пры канцы абеду, калі перайшлі да кавы (сапраўднай!), ён запытаўся, адкуль у доктара такі скарб у бібліятэцы.
– Доўгая гісторыя. У нашай сям’і здавён кнігі збіраюць і перадаюць у спадчыну. Хадземце ў бібліятэку, я вам раскажу адну гісторыю.
Калі яны выходзілі, Антон краёчкам вока пабачыў: Алена задуменна глядзіць ім услед, злёгку пакусваючы вусны.
* * *
Ведаеце, маім далёкім продкам быў Францішак Скарына. Так-так, той самы Скарына, першадрукар. Як бачыце, род мой спрадвеку жыве ў гэтых краях. Хоць і вандруе пакрысе, але прынамсі, застаецца ў адной мясцовасці, не пакідае яе.
І нават можна сказаць, што ў нас склалася своеасаблівая сямейная традыцыя – быць дактарамі. Толькі продак мой спецыялізаваўся больш у сваіх сямі вольных навуках, а я… Наша эпоха патрабуе больш вузкай спецыялізацыі. Але я, зрэшты, не пра тое збіраўся расказваць…
Прапрапрадзед мой, як ведаеце, кнігі свае пачаў друкаваць у Празе. У нас, у Вільні, ён выдрукаваў толькі «Малую падарожную кніжку» – у гонар гэтага акурат пару гадоў таму адзначалі 400-годдзе беларускага друку. Мяне нікуды на святкаванні не запрашалі, але я не крыўдую. Напэўна, я б сам адмовіўся, нават калі б і запрасілі: не хачу быць недзе ў ролі вясельнага генерала. Маёй жа заслугі ў тым, што маю славутага продка, ніякай няма.
Як кажуць нашыя сямейныя паданні, доктар Скарына быў чалавекам шырокіх поглядаў. Папаездзіўшы па розных краях, убачыў ён безліч самых розных людзей. Проста здурэць можна, калі падумаеш, з якімі прайдзісветамі і мудрацамі ён сустракаўся. У Празе ён звёў знаёмства з тамтэйшым кабалістам рэбэ Аронам. Не прыкладу галавы, як яму ўдалося паразумецца з тым рабінам: габрэі тады жылі даволі адасоблена, самі па сабе, сваім кагалам – што ў нас, што там. Думаю, тут уся штука была якраз у перакладзе Бібліі на старабеларускую, які рабіў прашчур Францішак. Рабін Арон блізка сышоўся з ім. Яны сталі такімі сябрамі, што стары пражскі кабаліст дапамог полацкаму доктару пачаць сваю справу. Думаю, вялося тут не толькі пра грашовыя гешэфты, хаця, відаць, і без іх абысціся ніяк не магло: Францішак, хоць і меў бацьку-купца, наўрад ці здолеў бы пачаць друкарскую справу на чужыне з нуля. Як кажа легенда, рэбэ Арон дапамог нашаму продку больш істотна: ён зрабіў для яго голема.
Вы чулі гэтую старую пражскую легенду пра чалавекападобную істоту, злепленую з гліны на ўзор таго, як Госпад Бог зляпіў першага чалавека? Ніколі? Вы ж адукаваны чалавек! Хаця ў наш час у такія легенды ніхто не верыць, але вы ж, я бачыў, цікавіцеся старасветчынай… Ах, значыць, толькі сваім, беларускім… Ну нічога, гэта ў вас хутка праміне! Як толькі пачняце ўнурацца ў тэму, дык убачыце, што без шырокага агляду ўсё адно нічога вартага ў вас не атрымаецца. Давядзецца знаёміцца – ну хаця б павярхоўна! – з іншымі культурамі, з суседнімі народамі. Вы пабачыце, як багата ў нас падобнага, ды што там – аднолькавага, супольнага!
Але я зноў не пра тое… Рэбэ Арон зрабіў таго пражскага голема для майго продка. Вонкава гэтая істота, вылепленая з белай гліны, была – ну, зусім чалавек. Дзіўнага ў тым нічога няма: не так складана знайсці ў Празе скульптара. Думаю, не цяжэй, прынамсі, чым у сённяшняй Воршы – рамізніка. Каб вонкава той голем не дужа адрозніваўся колерам ад скуры чалавека, ён быў увесь злеплены з белае гліны, адмыслова прывезенай з ваколіцаў самога Іерусаліма, з дна Мёртвага мора – па меншай меры, менавіта так сказаў пражскі рабін свайму полацкаму хаўрусніку. Ляпілі яго Францішак і Арон удваіх – кожны сваю частку. Аднаму на долю дасталася галава і тулава, другому – уся частка ад пояса. Падрыхтаванай гліны, аднак, не хапіла на ўсю фігуру: змацаванне паміж абедзвюма часткамі давялося рабіць з гліны іншага колеру – чырвонага. Для таго каб голем ажыў, рэбэ Арон укладаў яму ў рот паперку з напісаным на старагабрэйскай мове заклёнам. Стары кабаліст вывеў на паперцы літары «нун», «гімэль», «гэй», «пэй». З іх пачынаюцца словы фразы «нэс гадоль гая по» – «цуд вялікі быў тут». Заклён той рабіў цуд: голем ажываў і выконваў работу, што яму задавалі. Каб знерухоміць істоту, трэ’ было толькі дастаць у яго з рота паперку. Механізм нескладаны – значна прасцейшы, чым цяперашнія аўтамабілі.
Доктар Скарына скарыстаў зробленую істоту для цяжкой дапаможнай працы пры друкаванні кніг. Стаяць цэлы дзень за варштатам – занятак не з самых лёгкіх. Тут і прыдаўся гліняны голем: стомы ён не адчуваў, бо не быў, як ні кажы, жывой істотай. Карміць-паіць яго – таксама без патрэбы. Словам, ідэальны работнік. Такога немагчыма знайсці ні на брукаваных вуліцах старога горада, ні пад мяшчанскімі стрэхамі, крытымі чырвонай дахоўкай, ні нават у магнацкіх палацах, крытых золатам.
Кампаньёны спадзяваліся на ўдалы гешэфт і вялікія барышы. І нездарма: друк Бібліі (а выдаваць пачалі менавіта яе) – занятак ці не самы прыбытковы. Справы і праўда пайшлі вой як добра! Неўзабаве мой прадзед цалкам разлічыўся з рэбэ Аронам і стаў паўнапраўным саўладальнікам друкарні – нездарма ж ён вырас не абы-дзе, а ў купецкай сям’і.
Вы глядзелі гэтую нядаўнюю фільму, прывезеную ў наш горад, – «Ночы Кабірыі»? Не глядзелі? Ну што ж вы так! Вельмі рэкамендую, вельмі. Схадзіце абавязкова – не пашкадуеце. Шыкоўная фільма, цудоўныя акцёры, усё так прыгожа, такая драма… Напэўна, будучыня ўжо мроілася кампаньёнам у такіх самых маляўнічых дэкарацыях, як у гэтай фільме, – прыгожая, поўная незямное асалоды, з гурыямі з блізкай Асманскай імперыі. Хто б мог падумаць, што такі бліскучы ўзлёт будзе перарваны такім гучным крахам? У далёкіх краях мой прашчур набыў не толькі вялікія веды, але і схільнасць да авантураў. Вы кажаце, што такая схільнасць магла ў яго быць і раней – а то б ён не пусціўся ў далёкія краі па веды, а спакойна жыў бы ў Полацку, пераняўшы бацькаву справу? Можа, і так. Цяжка з сённяшняй званіцы ўгледзець, як там было насамрэч.
Авантурызм і падвёў доктара Францішка. Мой продак, як выявілася, не марнаваў час, паліруючы азадкам лавы ў Кракаўскім ды Падуанскім універсітэтах. Ён творча скарыстаўся з словаў, сказаных Ісусам: «Не чалавек для суботы, а субота для чалавека». Па суботах, калі рэбэ Арон не працаваў, доктар Скарына прыходзіў у друкарню і даваў голему сваю працу. Друкаваць цэлую кнігу за дзень не выпадала, таму вынаходлівы палачанін даваў голему ў працу асобныя аркушы. На іх была… як бы гэта больш тактоўна абазначыць… аголеная натура. Не-не, ніякай непрыстойнасці, усё было досыць цнатліва. На наш, сучасны погляд адукаваных культурных людзей.
Аднак жа не ўсе ў той час падзялялі такія погляды. Што і казаць, у Празе пачатку шаснаццатага стагоддзя малавата было культурных людзей у сучасным разуменні гэтага слова. Магчыма, іх і зусім не было – калі не лічыць, вядома, майго продка. А на што можа разлічваць чалавек, які апярэдзіў свой час? Хіба яму выпадае прызнанне сучаснікаў? Не, не і яшчэ раз – не! Яму дастаецца хіба што слава сярод нашчадкаў.
Карацей, мой продак быў вымушаны ўцякаць. Традыцыйная гісторыя для генія: яго звінавацілі ў злачынстве. Што праўда, уцякаць яму было не ўпершыню, у гэтым ён быў спрактыкаваны. Каралявецкаму герцагу прымроіцца, што доктар яго не тым лечыць і круціць шашні з фройлінамі, – уцякай! Лютару падасца, што заезнага грамацея падаслалі езуіты, каб атруціць надзею ўсёй Рэфармацыі, – зноў уцякай!
Гэтым жа разам усё выглядала больш пагрозліва. Некаму падалося, што Скарына разбэшчвае моладзь гэтымі сваімі карцінкамі. Хтосьці нават засумняваўся, ці можна карыстацца Бібліяй, выдрукаванай на тым самым варштаце, з якога сышлі такія непрыстойнасці. Маўляў, яна страціць частку сваёй святасці. Дзікуны!
Крывыя брукаваныя вулкі Прагі яшчэ вельмі добра памяталі эпоху гусіцкіх войнаў. І такія падозранні папахвалі не дужа гасцінным дымком вогнішча. Яны даліся б у знакі нават карэннаму пражаніну, не тое што прыезнаму госцю.
Доктар Скарына ўцёк з Прагі, прыхапіўшы з сабой голема. Кампаньёна свайго ён папярэджваць не стаў. Не захацеў ці не паспеў – невядома. Мабыць, сам ён сказаў бы, што не паспеў. Рэбэ Арон, відаць, думаў іначай. Калі яго тапілі – як чараўніка, супроць якога ёсць засведчаныя ўлікі, – ён пракляў палачаніна. «Каб ні табе, ні тваім нашчадкам не было спакою ад голема!» – так занатаваў яго апошнія словы пісец у кнізе пражскага магістрата.
Тым часам доктар Скарына вярнуўся на радзіму, атайбаваўся ў Вільні. Там ён заняўся той справай, у якой так напрактыкаваўся за мяжой, – заснаваў друкарню. Для рынку ў яго было велічэзнае поле дзейнасці: канкурэнтаў няма, ніводнай іншай друкарні на ўсё Вялікае Княства!
Але справа пайшла не надта добра. Прычынай зноў стала людская цемната: неахвотна куплялі кнігі, што з’явіліся дзякуючы супрацы з нячыстай сілай. Ну, не станеш жа тлумачыць кожнаму неадукаванаму таўстамясаму бюргеру, што голем – гэта не пякельнае спараджэнне, а вынаходства перадавой навукі.
Словам, прашчур мой вырашыў пашукаць, як цяпер кажуць, рынак збыту за ўсходняй мяжой – у Маскоўскім Княстве. Аднак, паехаўшы туды, ён зрабіў вялікую памылку: прыхапіў з сабой голема. Тое, на што паблажліва глядзелі ў Літоўскім Княстве (тут і не такія дзівакі сустракаліся), не магло не выклікаць нараканняў у суседняй дзяржаве. Пражская гісторыя паўтарылася: доктара звінавацілі ў чарнакніжніцтве. Прысудзілі да спалення ўсе яго кнігі, а таксама яго самога ды ягонага «пякельнага памочніка». Палачанін уцякаў у вялікім спеху, кінуўшы ўвесь свой набытак, прывезеныя ў Маскву кнігі, а разам з імі – і голема.
Ёсць, праўда, нейкія цьмяныя згадкі, што ў гісторыю магла замяшацца вялікая маскоўская княгіня, маці будучага Івана Жахлівага, які нарадзіўся акурат праз дзевяць месяцаў пасля Скарынавага ад’езду з Масквы. Але гэткая версія выглядае так фантастычна, што я б не стаў асабліва давяраць тагачасным плеткарам… Усё гэта толькі намёкі ды чуткі.
А вось нашая сямейная легенда кажа, што акурат у Маскве продка нагнаў праклён пражскага рабіна. Таму і голем згубіўся. Дакладней, не згубіўся, а ўцёк у мітусні пры паспешлівым доктаравым ад’ездзе з Масквы.
Ён доўга хаваўся, ішоў па слядах палачаніна. Урэшце высачыў. Было гэта ўжо праз шмат-шмат гадоў, у Празе, дзе мой прашчур апекаваўся каралеўскім садам на Градчанах. Голем, як я ўжо казаў, не ведаў стомы, не адчуваў часу. Можа быць, ён знарок хаваўся тыя гады – чакаў, пакуль у доктара з’явяцца дзеці… Я часам думаю, што праклён быў не ў тым, каб вынішчыць наш род, а ў тым, каб над намі, Скарынавымі нашчадкамі, вечна вісеў страх. Боязь, што кожны дзень можа стаць апошнім. Боязь, што за табой вечна цікуе неўміручая істота, якая не ведае ніякіх эмоцыяў, не адчувае ніякай стомы. Палахлівасць – нашае наканаванне. Мы не можам разлічваць на заўтра, бо жывём без надзеі на яго.
У Францішкавым пакоі, дзе знайшлі мёртвае цела, усё выглядала натуральна. Адно толькі здзівіла прыдворнага пражскага летапісца, які занатаваў згадку пра ягоную смерць: след белай гліны на падлозе. Гліны, падобнай да якой не было зусім ані на Градчанах, ані ва ўсёй Празе, ані ў яе ваколіцах…
* * *
Спаць Вітушынскі пайшоў не ў самым лепшым гуморы. Гісторыя, расказаная доктарам Скарынам, бянтэжыла, вярэдзіла думкі. Нешта ў ёй падалося Антону дзіўным. Аднак ён ніяк не мог вырашыць, што менавіта перашкаджала паставіцца да яе абыякава. Хіба тое, што доктар, які дагэтуль выяўляў сябе такім прыхільнікам навукі і прагрэсу, раптам расказаў настолькі містычны, поўны загадак аповед? Відаць, так: не стасавалася гэтая гісторыя з тым уяўленнем, якое склалася ў Антона пра доктара Скарыну.
З гэтай думкай ён і заснуў.
Ён сніў першадрукара Скарыну, які некуды ляцеў на самалёце з чужой жонкай; коней, што блукалі ў цвілых калідорах нейкага замка; іхныя крокі рэхам адбіваліся ад высокай столі, якая гублялася недзе ў цемры. Следам за коньмі па тым самым калідоры, асветленым дрогкім святлом паходняў, ехала аўто, дзе ролю шафёра выконваў дзіўны чалавек у белай маскараднай масцы. Маска прыкрывала толькі верхнюю частку твару, на ніжняй, бліскаючы залатой фіксай, расплывалася здзеклівая ўсмешка. Кіроўца аўтамабіля зняў маску: пад ёй паказалася нечалавечае страхотнае аблічча ненатуральна белага колеру.
Вітушынскі адкрыў вочы, сэрца ненармальна хутка стукалася ў рэбры. Згадаўшы даўні забабон, чуты ў дзяцінстве, ён перавярнуў падушку на другі бок. Як ні дзіўна, гэты сродак барацьбы супраць кашмару дапамог: Антон праваліўся нарэшце ў сон.
І не чуў крокаў забойцы на калідоры. Бо забойца ішоў ціха. Ён вывучыў дом як свае пяць пальцаў. Дзякаваць богу, часу на гэта было дастаткова. Вось тут трэба ступаць асцярожна: гэтая маснічына рыпіць. Пераступіў. Ён, вядома, зможа патлумачыць, чаму ходзіць тут у такі позні час. Але ўсё ж лепей не рызыкаваць. Іначай давядзецца адкладаць справу ды вынаходзіць новы спосаб: другі раз так ісці ўжо не варта.
На вуліцы цяпер светла, амаль як удзень. Аднак зачыненыя аканіцы не дадуць прабіцца ў пакой нават месяцоваму святлу. Толькі вузенькі прамень пралез у шчыліну. Халодны спакойны прамень, што супакойваў думкі.
Ён лёгенька пастукаў пазногцем у дзверы. Яна адчыніла амаль адразу. Тузануў за сабой дзверы: яны нягучна стукну лі аб вушак. Клямка шчыльна і надзейна прычыніла дзверы. І гэтак жа хутка, шчыльна і надзейна сышліся рукі на дзявочым горле.
Яна не паспела закрычаць. Сіпела, спрабавала расціснуць мёртвае кола, што ўсё мацней сціскалася, не давала ёй дыхнуць.
Забойца апусціў мёртвае цела на падлогу. Падышоў да акна, расчыніў. Халоднае свежае паветра рванулася ў пакой, нервова здрыгануліся фіялетавыя фіранкі. Яны кінуліся ў твар забойцу, ён прытрымаў іх.
Ціхенька закрываючы за сабой дзверы, ён выйшаў з пакоя.
* * *
Ранак быў імжыстым і шэрым. Такімі безнадзейнымі мусілі б быць ранкі не ў першай у свеце краіне, якая будуе светлую будучыню ўсяго чалавецтва, а дзе-небудзь у капіталістычнай Брытаніі, дзе пануе прымус чалавека над чалавекам. Але чалавек пакуль яшчэ не знайшоў улады над капрызамі надвор’я, і таму даводзіцца трываць і такія непрыемныя дні. Калі-небудзь, так, калі-небудзь вызваленае чалавецтва возьме ў свае рукі лейцы нябеснага кіравання. Тады ўжо людзі не стануць чакаць падачак ад прыроды, а забяруць у яе сілай усё, што самі захочуць. Вось яно, будучае валадарства чалавечае!
Відаць, у такіх фарбах апісала б гэтую раніцу на сваіх шэрхлых старонках перадавіца газеты «Набат», калі б была ў тым патрэба. Аднак патрэбы такой не было: для перадавіцы ў акруговай газеце тэмаў не бракавала і без апісання надвор’я. Надыход светлай будучыні быў падзеяй настолькі зразумелай і вырашанай, што марнаваць каштоўны час на апісанне ніцых вольхаў – вартаўнікоў пустых вуліцаў, воглых туманоў, што спрабавалі зачапіцца за страху сінагогі, і ўсялякай іншай такой драбязы ніводзін нармальны будаўнік камунізму не стаў бы.
Аднак Вітушынскі не лічыў сябе будаўніком камунізму. Яму бліжэй была пазіцыя абываталя, удзячнага кожнаму дню. І таму кожны дзень ён (з пэўнага часу) сустракаў з удзячнасцю і праводзіў без асаблівага шкадавання. Не было па чым шкадаваць. І па кім – таксама.
Выбраўшыся на веранду, дзе ўсе насельнікі дома зноў мусілі сабрацца разам на сняданак, Вітушынскі заспеў нейкае ўзрушэнне. Доктар Скарына стаяў каля акна, нервова пастукваючы пальцамі левай рукі па шыбе. Мяркуючы па рытме, гаспадар дома мусіў найграваць марш.
Шумскі сядзеў, абыякава ўтаропіўшыся ў нейкую кропку на сцяне. Раз-пораз ён кідаў нецярплівыя позіркі на ўваходныя дзверы.
Прыход Вітушынскага вывеў іх са стану чакання. І расчараваў:
– А-а-а, гэта вы… А ці не бачылі там Алену? Нешта яна сёння кардынальна запазняецца.
Вітушынскі адказаў, што не бачыў. Рэзка крутнуўшыся на абцасах, Скарына рушыў у дзверы, каб прыспешыць сястру.
– Як спалі на новым месцы? Кажуць, у такіх выпадках чалавек бачыць прарочыя сны. Што снілі вы? – Шумскі быў сама далікатнасць. Нават відавочна думаючы пра нешта сваё, патаемнае, ён усё ж спрабаваў заняць госця свецкай размовай.
Антон збіраўся адказаць, аднак не паспеў: па барабанных перапонках ударыў дзікі мужчынскі крык з глыбіні дома.
Нібы толькі і чакаўшы гэтага сігналу, яны з Шумскім сарваліся з месца. Да пакоя, з якога даносіўся крык, асістэнт дабег першым. Вітушынскі са сваёй хворай нагой тут яму не мог стаць сапернікам. Шумскі зазірнуў – і вокамгненна адхіснуўся, не стрымаўшы ўскрыку. Антон глянуў па-над ягоным плячом: гэта быў жаночы пакой, калі меркаваць па шматлікіх невялічкіх падушачках, пакінутых там і сям, карункавых фіранках, процьме вязаных упрыгожанняў. Каля ложка стаяў Скарына, трымаючы на руках цела сястры.
– Выклікайце міліцыю, – скамандаваў цераз плячо Шумскі. – Я пабуду тут з ім.
Вітушынскі няўклюдна павярнуўся і, прыкульгваючы на правую нагу, пайшоў на выхад.
Міліцыянты прыбылі хутка: прыехалі на адным з пяці аўтамабіляў, якімі магла пахваліцца акруговая Ворша. Чорны студэбекер з лакавымі бакамі надаваў прыезду міліцыянтаў урачыстасць. Большай помпы іхнаму прыбыццю надаў бы хіба што духавы аркестр, які па нядзелях граў у гарадскім парку.
Невысокі кірпаты міліцыянт, галоўны ў групе, распараджаўся рашуча, без ценю сумневу ва ўласнай слушнасці. Ён уважліва агледзеў пакой, дзе адбылася смерць, падышоў да бюро, што стаяла ў куце, і пачаў перабіраць змесціва ўсіх шуфлядаў: лісты, нейкія цэтлікі, паперкі з запісамі для памяці, пару нататнікаў, тоўсты сшытак, пудраніцу, маленькія керамічныя фігуркі жывёлаў, яшчэ нейкую жаночую драбязу. Пад паперамі адной з шуфлядаў апынуўся альбом з эцюдамі пейзажаў, зробленымі алоўкам.
– Божа мой, – вохнуў Скарына, – я думаў, яна ўжо даўно выкінула гэты альбом.
Міліцыянт уважліва паглядзеў на яго:
– Чаму вы так думалі?
– Ну, бо яна шмат часу не малявала. Перастала пасля таго, як прысніла нейкі страшны сон, звязаны з маляваннем.
Міліцыянт пахітаў галавой і зноў вярнуўся да перагляду шуфлядаў. Ён вывучаў іх так, нібы спадзяваўся менавіта ў шуфлядзе знайсці невядомага злачынцу, які пазбавіў жыцця маладую жанчыну.
Ён ужо амаль закончыў пераглядаць бюро, калі да яго падышоў адзін з падначаленых і ціхенька нешта сказаў. Кірпаты адразу адсунуў ад сябе недагледжаную шуфляду і пайшоў следам за падначаленым. Разам яны наблізіліся да акна і сталі нешта вывучаць на прываконні. Нарэшце адарваліся ад свайго захапляльнага занятку і павярнуліся да астатніх прысутных. Твар кірпатага праменіўся шчасцем, нібы ён толькі што атрымаў ордэн.
– Па-апрашу ўсіх прад’явіць падэшвы абутку!
Агляд, відавочна, нічога кірпатаму не даў: ні на абутку Скарыны, ні Шумскага, ні Вітушынскага ён не знайшоў таго, чаго хацеў. Лёгкі цень азмрочыў яго твар. Праўда, ненадоўга – хутка ён папрасіў Скарыну паказаць яму ўвесь абутак, які ёсць у доме. Праз нейкі час яны вярнуліся з пустымі рукамі. Кірпаты выглядаў азадачаным, але яшчэ не разгубленым. А вось калі і агляд абутку Шумскага і Вітушынскага таксама не даў яму жаданых вынікаў, ён выяўна страціў раўнавагу.
– Ды што вы такое шукаеце, можна даведацца? – занерваваўся Скарына.
Заміж адказу кірпаты падвёў іх да акна. На прываконні добра адбіўся след рыфлёнае падэшвы. Памеры адбітку выдавалі, што нага, якая пакінула след, належала мужчыну. Вітушынскі заўважыў, як Скарына закусіў вусны і вырачыў вочы. След быў з засохлай белай гліны.
* * *
Спытаўшыся ў кірпатага дазволу, Вітушынскі сышоў бадзяцца па горадзе. Заставацца ў доме Скарыны не хацелася: надта ж пякучай была атмасфера гора. Антон адчуваў сябе лішнім у такой сітуацыі і таму вырашыў пашукаць жытло, куды можна было б з’ехаць.
Характарыстыку, якую доктар даў мясцовым гатэлям, Вітушынскі запомніў вельмі добра. Таму і на пошукі пакоя выбраўся ў раён прыватных дамоў.
Аднак знайсці жытло аказалася не так лёгка. Ці то аршанцы занадта падазрона ставіліся да незнаёмца і не спяшаліся пусціць яго ў падсуседзі нават на некалькі дзён, ці то Вітушынскаму не трапляліся гаспадары, якія маглі б пахваліцца лішкам жылплошчы.
Ён туляўся па пакручастых вулачках між драўляных дамоў, што патаналі ў зеляніне яблынь і грушаў, сліваў ды вішняў. Гэтыя вуліцы моцна розніліся ад цэнтральных, дзе дрэваў бадай і не было – не тое што яблыняў, але нават таполяў ці клёнаў.
Нечакана для сябе Антон выйшаў на пустку. Перад ім ляжалі вялізазныя равы, відавочна выкапаныя чалавечымі рукамі. Фантастычнае відовішча зачароўвала. Даўжэзныя глыбокія ямы нагадвалі магілы старажытных казачных асілкаў. Дый нават для тых легендарных волатаў выглядалі яны завялікімі: у такой велічэзнай яміне можна пахаваць не толькі аграмадзіну-асілка, але яшчэ і на кані. Ды нават і не аднаго: цэлае войска ў поўны рост спакойна здолее змясціцца тут.
З-за хмараў вызірнула сонца, асвятліўшы пейзаж і тым надаўшы яму яшчэ больш фантастычны выгляд. Цяжка было паверыць, што ўсе гэтыя стромыя сцены, на якіх там-сям прычапіліся няўпэўненыя ў сабе дрэўцы, насамрэч месцяцца на Зямлі. Ластаўчыны гняздоўі, якімі былі паточаныя адхоны равоў, нібы сцены старога дома – шашалем, падаваліся ці то дзіркамі ў сыры, ці то таямнічымі хадамі ў Невядомае.
Вітушынскі, які стаміўся бадзяцца па горадзе (адчуваў стому і непрыемнае паколванне ў параненай правай назе), моўчкі стаяў над ровам. Ён п’янеў ад асалоды, што адкрываў яму велічны краявід.
З-за спіны раздалося пакерхванне:
– Глядзіце? Так, тут у нас прыгожа. Мабыць, так выглядаюць каньёны ў Паўночна-Амерыканскіх Штатах.
Антон павярнуўся на голас і запытаўся ў маладога бландзіна з чорнымі бровамі, што стаяў непадалёк: