Читать книгу На парозе раю - Зінаіда Дудзюк - Страница 2
Аповесці
Рэванш
Оглавление1
Яна нязручна сядзела за кухонным сталом, у дзверцы якога ўпіраліся калені, памешвала лыжачкай у кубку духмяны ўзвар з зёлак і напружана спрабавала ўспомніць сон, з якім абудзілася. Ёй гэта не адразу ўдалося, але раптам выплыў у памяці пяшчотны тварык немаўляці – і адразу згадалася, што прыснілася ёй, быццам яна нарадзіла дзяўчынку, цешылася ёю, загортваючы ў белыя пялюшкі. Дзіця аказалася вёрткае, вылузвалася з паркалю – ружовыя ладныя ножкі і ручкі прагнулі волі. Жанчына глядзела на немаўля і сілілася адказаць самой сабе на пытанне, ад каго ж яна нарадзіла дачку – ці ад Сіроціна, ці ад Кедрава, ці ад Гальмака. Чамусьці думка пра законнага мужа ў яе не ўзнікла. Падсвядома яна помніла, што яго ўжо няма не свеце. А гэтыя трое ці жывыя? Ім жа зараз усім дай Божа па колькі гадоў… Міжвольна падумала, ці не на хваробу гэты сон? Хаця некалі мама казала, што дзяўчынка сніцца на нейкае дзіва.
Яна адпіла трохі ўзвару. Па сібірскай звычцы любіла, каб вадкасць была гарачая, сагравала ўсё ў сярэдзіне, давала тое цяпло, з якім можна было б супрацьстаяць сцюжы, хоць зараз быў самы пачатак вясны. Лісточкі нясмела вызваляліся з пупышак на бярэзіне, якая калыхала голле на ўзроўні яе акна на другім паверсе шматпавярховага дома. Дзень быў сонечны, праўда, вокны яе аднапакаёўкі выходзілі на захад, так што сонца можна было чакаць толькі па абедзе. Яна горка падагульніла, што ўсё ў яе жыцці ідзе на захад ды на зыход, і зноў вярнулася думкаю да сну, але тут жа адмахнулася ад яе: спіцца, дык і сніцца розная лухта.
Раптам зазваніў тэлефон. Ад нечаканага рэзкага гуку яна нават уздрыгнула, падышла, падняла трубку, пачула незнаёмы дзявочы голас:
– Добры дзень! Запрасіце, калі ласка, Клаўдзію Міхайлаўну Мартынюк.
– Я вас слухаю, – адказала жанчына.
– Вас турбуе аглядальнік абласной газеты Юлія Яновіч. Я ведаю, што вы былі ахвяраю рэпрэсій, цяпер – рэабілітаваны. Ці не згадзіліся б сустрэцца са мною і расказаць пра перажытае?
Жанчына адчула, як на момант балюча сцялося ад страху сэрца і заспяшалася мітусліва, з перабоямі. Яна з цяжкасцю выціснула з сябе:
– Каму гэта цікава?
– Людзі павінны ведаць праўду, што вы пакутавалі нявінна. І мы не маем права забываць тое страшнае мінулае, якое перажылі вы, людзі старэйшага пакалення, каб яно не паўтарылася зноў, – хутка і з пафасам прамаўляў малады голас.
«Што і як раскажу ёй? – пранеслася ў галаве жанчыны, пакуль яна слухала журналістку. – Навошта варушыць мінулае? Яшчэ схопіць сардэчны прыступ, давядзецца выклікаць хуткую».
– Клаўдзія Міхайлаўна, вы слухаеце мяне?
– Так, так, я вас чую.
– Скажыце, калі ласка, калі і дзе мы маглі б з вамі сустрэцца?
– Вы ведаеце, я кепска пачуваюся, – паскардзілася жанчына, жадаючы адкласці сустрэчу.
– Клаўдзія Міхайлаўна, я ўмею падымаць настрой! Пабачыце! Усё будзе цудоўна! – запэўніла дзяўчына. – Давайце не будзем адкладваць. Прыходзьце да мяне ў рэдакцыю ў трыста трэці пакой. Сёння такі цудоўны дзень! Сонца проста асляпляльнае! А калі не можаце, дык я да вас забягу. Як вам лепш?
– Забягайце. Што ўжо з вамі зробіш, – нечакана для сябе самой згадзілася жанчына.
– А ў які час лепш? Каб не размінуцца.
– Заходзьце праз гадзінкі дзве, я буду чакаць.
– Дзякуй вялікі, да сустрэчы.
Жанчына паклала трубку, села на канапу, разгублена агледзела пакой, сказала сама сабе: «Вось табе, Клаўка, і сон у руку: дзяўчынка – дзіва, а пялюшкі – газета. Божачкі, ажно ў жар кінула! Гэта ў маладосці хацелася быць узорам для ўсіх, каб газеты пісалі, каб узнагароды звінелі на аксаміце сукенкі! Вядомасці хацелася. Ды выйшла наадварот: знявага, прыніжэнне, турма, Бадайбо. Схамянулася блудная слава і ўсё ж згадала пра мяне. Ну-ну, дзякуй і на гэтым. Аднак навошта майму стомленаму сэрцу мітусня? Гэта ж толькі пустая турбота. Што я раскажу пра сябе? Праўду? Якую праўду? Хто яе здатны зразумець? Усё жыццё маё паламалася з-за таго, што хацела кахаць і быць каханай, мець сям’ю і дзяцей. Ці ж гэта злачынства? Зрэшты, мяркуючы па тым, як гэтае дзяўчо спяшалася, сядзець у архіве і разбіраць маю справу яна не будзе. Не да таго ёй. Газета патрабуе аператыўнасці. Людзі гатовыя верыць у самыя неверагодныя міфы. А зрэбная праўда мала каго цікавіць. Нічога злачыннага я не зрабіла, а, між тым, сапраўды стала ахвяраю. Сёння ўжо не так важна, на што я ахвяравала маладосць, тым больш, што пра ўсё жыццё не раскажаш нейкай зялёнай і наіўнай журналістцы. Цяпер я пакутніца. Гэта горкая праўда, а калі мяне хочуць зразумець, паспачуваць, дык чаго баяцца? Раскажу сёе-тое. Няхай паслухае. Трэба ціск памераць, нешта ажно млосна зрабілася, і ў сэрца калючка коле. Ах, нервы, мае бедныя нервы…»
2
Ружовашчокая, бойкая Юля паставіла насупраць Клаўдзіі Міхайлаўны дыктафон, дастала нататнік, пазірала дапытліва, чакаючы, калі жанчына збярэцца з думкамі.
– Давайце абыдземся без гэтай тэхнікі, нешта яна мяне напружвае, – папрасіла жанчына.
– Калі ласка, – адказала журналістка і выключыла дыктафон. – Мне хацелася пакінуць на памяць ваш голас.
– Я чалавек іншага пакалення, вы, напэўна, маглі б быць маёй унучкай.
– Клаўдзія Міхайлаўна, выглядаеце вы проста выдатна. Я вам ніколі не дала б вашых гадоў.
– Ай, Юлечка, год туды, год сюды. Якая розніца? Было б здароўе. Давайце пагаворым па-чалавечы. Я адкажу на пытанні, задаволю вашу цікаўнасць. Але, ведаеце, мне не вельмі хочацца, каб пра мяне пісалі.
– Хіба пра такое можна маўчаць? Нейкія зламыснікі абылгалі вас, ні ў чым не вінаватага чалавека, назвалі ворагам народа, а вы будзеце трываць і насіць у сабе сваю крыўду?
– Я ўсім даравала, інакш не выжыла б… Гэта мой лёс. Які Бог даў, такі і прыняла.
– Разумею, але і нягоднікі павінны ведаць, што за хлусню трэба адказваць. Калі яны некага абмазалі брудам, дык няхай хоць праз шмат гадоў іхні бруд вернецца да іх. Усе злачынныя справы абавязкова будуць выкрыты.
– Мне не хацелася б згадваць іхнія прозвішчы па той простай прычыне, што, можа, некага з іх і жывога ўжо няма. Самі ведаеце, пра мёртвых дрэнна не кажуць. А калі ёсць у іх дзеці ці ўнукі, дык яны ж не павінны адказваць за грахі бацькоў і дзядоў.
– Мы не суддзі, Клаўдзія Міхайлаўна. Мой артыкул нікому не нашкодзіць. Проста раскажыце пра сябе ў той скрушны для вас час, – папрасіла журналістка.
– Безумоўна, тады мне было вельмі крыўдна і цяжка, што мяне, маладую, апантаную жаданнем працаваць, служыць радзіме, пасадзілі ў турму. Я ж прайшла вайну, была падпольшчыцай, сувязной, партызанкай, выжыла ў час акупацыі, а тут свае расправіліся ні за што. А як невыносна было пасля таго, як выйшла з турмы! Я аказалася выкрасленаю з жыцця, на працу нікуды не бралі, скрозь натыкалася на пагардлівыя позіркі.
На вочы жанчыны навярнуліся слёзы, яна выцерла іх, і, можа, толькі цяпер Юля заўважыла, зморшчаную сухую скуру на руках. Ды і твар раптам пакамечыўся, ці гэта знянацку сонца высвеціла дробныя маршчынкі, якія перакрэслілі шчокі, лоб, шыю старой.
– Клаўдзія Міхайлаўна, прашу вас, не хвалюйцеся. Усё ж мінула. Я думала, што вы зможаце паглядзець на той час нібы збоку і не засмучацца.
– Гэтая рана незагойная. Мінулае нікуды не знікае, яно заўсёды з намі. Ведаеце што, давайце я вам згатую гарбаткі. Прывыкла я там, у Сібіры, душу адаграваць гэтым напоем, відаць, інакш не атрымаецца ў нас гаворкі.
– Буду ўдзячная, – адказала журналістка са сваёю нязменнаю ўсмешкаю прыгожа акрэсленых вуснаў.
Гаспадыня затрымала на ёй позірк і сказала:
– А ў вас, напэўна, шмат прыхільнікаў.
– Няшмат, – сумелася Юля. – А калі і ёсць, дык далёка не тыя, хто мне можа спадабацца.
– І што ж вы робіце з тымі, хто асабліва назаляе?
– Пасылаю куды далей, – лёгка адказала дзяўчына.
– А калі гэта начальства?
– Раблю выгляд, што нічога не заўважаю.
– І не баіцеcя страціць працу?
– Журналіст – гэта ж не пасада, а толькі чорная будзённая праца. Гані радкі дзень пры дні!
– Шчаслівы ў вас характар. Пашанцавала вашаму мужу.
– Я не замужам.
– Колькі ж вам гадочкаў, калі не сакрэт?
– Пад трыццаць.
– Мне тады было амаль столькі ж, – усміхнулася жанчына і пайшла на кухню.
Журналістка акінула позіркам постаць гаспадыні, яшчэ даволі стройную, са спіны і не скажаш, што гэтай жанчыне пад восемдзесят. Ёсць такія людзі з нязломным духам. Як ні гне іх жыццё, як ні круціць, а яны працягваюць існаваць, знаходзіць нейкае адхланне і радавацца кожнаму дню. Нават гэты пакой паказваў, што чалавек тут жыве неабыякавы: вялізная на ўсю сцяну шафа, набітая кнігамі, пераважна класікай, ваза з шорсткімі сухацветамі, канапа, два крэслы і круглы столік – ніводнай лішняй рэчы, не так, як гэта бывае ў некаторых старых людзей, якія завальваюць кватэры розным непатрэбным начыннем. На адной з кніжных паліц Юля заўважыла фотаздымак гаспадыні, дзе яна была яшчэ даволі маладая. Прыгожы авал твару акаляла завітая кароткая стрыжка, вочы строгія і адчужаныя.
«Каб удалося яе разгаварыць, напэўна, атрымаўся б цікавы матэрыял, прынамсі, яшчэ ніхто з маіх калег не браўся за тэму рэпрэсій, – падумала Юля, адчуваючы няўпэўненасць у сабе, бо ведала, што нейкім выпадковым словам можна выбіць чалавека з раўнавагі, і тады ён замкнецца, нічога ад яго не даведаешся. – Трэба быць вельмі асцярожнай у падборы пытанняў. А мо наадварот пытацца канкрэтна пра тое, што мяне цікавіць? Чаго ж я сяджу як на імянінах? Можа, трэба памагчы старой?»
Журналістка зазірнула на кухню, спытала:
– Ці патрэбна рабочая сіла?
– Усё гатова, Юлечка, бярыце кубачкі, а я прынясу печыва.
Духмяная гарбата трохі развеяла напружанасць. Сонца ўсміхалася ў акне. Субяседніцы, прыхлёбваючы салодкую гарачую вадкасць з кубачкаў, размаляваных галінкамі хвоі, неўпрыкметку прыглядаліся адна да адной.
– У вас нават кубачкі нагадваюць пра Сібір, – заўважыла Юля.
– Так, гэты сервіз я прывезла адтуль.
– Гляджу я на ваш малады фотаздымак. Вы такая прыгожая!
– Маладыя ўсе прыгожыя, – паблажліва адказала гаспадыня.
– Скажыце, вас білі на допытах?
– Не, не білі, але спаць не давалі.
– Як гэта?
– Уначы дапытвалі, а ўдзень не дазвалялі класціся на ложак.
– Як жа вы гэта вытрымалі? – са спачуваннем спытала Юля.
Жанчына апусціла вочы, паўзіралася ў змесціва кубка і ціха прамовіла:
– Зрэшты, мне не было ў чым прызнавацца. Я прыняла ўмовы гульні, згадзілася з усімі абвінавачваннямі, падпісала нейкія паперы і мяне пакінулі ў спакоі да суда, на якім прызначылі дзесяць гадоў пакарання, а потым завезлі ў Сібір, у Бадайбо. Чулі пра такі горад, дзе здабываюць золата? Вось і ўся гісторыя.
Клаўдзія Міхайлаўна паглядзела Юлі ў вочы, нібы правяраючы, ці прыняла тая на веру сказанае, і супакоілася. Журналістка, не выяўляючы ніякага недаверу, пачала нешта запісваць у нататнік, а потым спытала:
– Як вам там было?
– Цяжка, – уздыхнула старая. – Спачатку пасылалі на лесапавал. Маразы ў сорак градусаў, або восеньская слота, або летняя спякота і гнюс – няма паратунку. Пакуты пякельныя! Жанчыны там больш за чатыры гады не вытрымлівалі. Мяне ўратавала тое, што я ўмела шыць. Праз год мне знайшлася праца ў швейнай майстэрні. Там таксама было не соладка, але ж я працавала ў памяшканні, а не на марозе. Калі жонкі ахоўнікаў даведаліся, што я некалі была мадысткаю, сталі шыць у мяне свае строі, часам частавалі чым-небудзь смачным. Так і выжыла.
– За што ж вас пасадзілі? – ціха прамовіла Юля сваё галоўнае пытанне.
– Вой, Юлечка, я і сама да гэтага часу не магу зразумець. Нейкі звышпільны нкусавец у маёй любоўнай запісцы, адрасаванай аднаму чалавеку, разгледзеў прыкметы нянавісці да савецкай улады і маю схільнасць да шпіёнства. Ніколі не думала, што мяне, сакратара падпольнага Антопальскага райкама камсамола, узнагароджаную двума медалямі і ордэнам, пасадзяць у турму.
Юля адсунула свой кубак з недапітаю гарбатай і пачала хуценька запісваць. Настаў той момант, калі, як здалося журналістцы, жанчына разгаварылася, цяпер заставалася толькі разумна ставіць пытанне за пытаннем.
– Вы ў некага закахаліся?
– Так. Але ён аказаўся жанатым. І што я ў ім знайшла? Проста ачмурэнне нейкае навалілася. Ці мо інстынкты мною кіравалі? Жонка ў яго была раўнівая. Мой ліст да яго перахапіла, напісала на мяне данос куды трэба. Карацей, за ўсё трэба плаціць, – развяла рукамі жанчына, на твары яе было напісана пакаянне, як у грэшніцы, якая шкадавала аб сваім учынку.
– Разумею. А дзе ж вы працавалі пасля турмы?
– Уладкавалася ў бібліятэку дзіцячага дома. Сваіх дзяцей у мяне не было, усю любоў я аддавала гэтым сіроткам. Яны мне пасля лісты пісалі з усіх канцоў краіны.
– Вы так і не выйшлі замуж?
– Замужам я была, але мой муж, таксама былы арыштант, не хацеў дзяцей, меў слабое здароўе. Яго жорстка білі на допытах, мо найперш за тое, што меў шляхетнае паходжанне. Ён быў перакананы, што два старыя лагернікі не могуць нарадзіць здаровае дзіця. Зрэшты, пэўна, адчуваў, што мала яму гадоў адмерана. Пражыў ён пасля турмы ўсяго дванаццаць гадоў і аднойчы ціха сканаў у сне. Спынілася сэрца. А я ўсё жыву. Нішто ў маёй душы не змянілася ў адносінах да радзімы. Вы ведаеце, Юлечка, зараз некаторыя выходзяць з камуністычнай партыі, спальваюць білеты, а я хачу вярнуць свой партыйны білет.
– Нашто вам гэта? – здзівілася журналістка.
– Напэўна, хачу яшчэ раз вярнуцца ў маладосць. Пачакайце, зараз я пакажу вам сібірскія фотаздымкі. У мяне іх шмат.
Юля незаўважна для сябе праседзела ў Клаўдзіі Міхайлаўны да прыцемкаў, разглядваючы фотаздымкі, слухаючы яе аповед пра жыццё ў лагеры, пра сібірскую прыроду і тамашніх людзей, схамянулася, калі гаспадыня паднялася і ўключыла святло.
– Вой, я ў вас столькі часу забрала! Даруйце, калі ласка! Як надрукуюць матэрыял, я абавязкова патэлефаную, – спахапілася Юля.
– Можа, не трэба пісаць пра мяне? – зноў выказала сумненне гаспадыня.
– Трэба! Яшчэ як трэба! Дзякую вам за ўсё, – дзяўчына нечакана для сябе самой нахілілася і пацалавала старую ў шчаку як блізкага чалавека.
3
Юля з асалодаю ўдыхнула вечаровае паветра, напоенае пахам першай маладой лістоты. Колькі разоў яна абяцала сабе, што наступнай вясной возьме адпачынак і будзе назіраць, як распускаюцца і цвітуць дрэвы, як наступае лета, весці дзённік, запісваць усё да драбніц, кожную змену ў прыродзе. Але гэтыя абяцанні так і заставаліся няздзейсненымі, бо заўсёды навальваліся нейкія праблемы і справы, а потым прыходзіла лета, калі хацелася з’ехаць куды-небудзь на мора ці хоць на возера, каб не сядзець у задушлівым горадзе.
«Ужо раскісла. Думай пра атыкул, – загадала яна сабе. – Што ж я напішу пра Клаўдзію Міхайлаўну? Бабулька вельмі прыязная, сімпатычная. Але, здалося мне, нешта недагаворвала. Зрэшты, хто з нас гатовы расказаць пра сябе ўсю праўду-матухну? Ніхто. У кожнага свае грахі і тайны! Што расказала, тое і напішу. Гэта ж не дакументальная аповесць, а звычайны газетны артыкул-аднадзёнка, каб пацешыць падпісчыка, што некаму было горш, чым яму. Кажуць, гэта некаторым падымае настрой.
Юля дацягнулася рукой да галінкі, сарвала некалькі клейкіх лісточкаў, расцерла ў пальцах, удыхнула жывы і гаючы пах першай зеляніны.
– Грамадзяначка, пакажыце, калі ласка, вашы дакументы.
Юля здзіўлена падняла вочы і ўбачыла перад сабою маладога міліцыянера, на пагонах ягоных красаваліся дзве зорачкі.
– У нас што, камендацкі час? – здівілася дзяўчына.
– Мой час, – засмяяўся міліцыянер. – Я шмат гадоў марыў з вамі сустрэцца. А сёння паўдня праседзеў каля гэтага дома, чакаючы, калі ж вы выйдзеце. І што вы там так доўга рабілі? Няўжо бралі інтэрв’ю?
– Брала. А што, хіба мы знаёмыя?
– Так.
– Прабачце, я не магу ўспомніць, дзе мы сустракаліся.
– Некалі ў нашай вёсцы Заброддзе вы бралі інтэрв’ю ў майго бацькі падчас жніва. Ён быў камбайнёрам, а я – ягоным памочнікам.
– Першае маё інтэрв’ю, калі была на практыцы! Няўжо вы той самы хлопчык? Ніколі б вас не пазнала, – сказала журналістка, акідваючы позіркам танклявую постаць міліцыянера.
– Вы таксама змяніліся, яшчэ больш папрыгажэлі. Я ўвесь час сачыў за вамі. Маю на ўвазе газетныя публікацыі…
– Сачыць – ваша прафесійнае захворванне? – засмяялася Юля.
– Вядома. Не без таго. Дазвольце правесці вас дадому.
– Правядзіце, калі так хочацца.
– Вы не ўяўляеце, як хочацца, – адказаў ён, беручы яе пад руку.
Яна здзіўлена паглядзела на яго кірпаты профіль пад казырком фуражкі, адчула нейкі дзіўны спакой і абароненасць. Яны ішлі поруч, маўчалі.
– Я не магу ўспомніць, як вас завуць, – схамянулася Юля.
– Барыс Бабровіч.
– А бацька ваш Міхаіл Канстанцінавіч?
– Не, Кандратавіч.
– Склероз пачынаецца, – засмяялася яна. – А вы ведаеце, што я жыву ў мікрараёне, вас чакаюць транспартныя выдаткі.
– Я гатовы ехаць з вамі хоць на край свету, – адказаў хлопец, спыняючы таксі.
Як толькі селі ў машыну, Барыс назваў яе адрас. Юля моўчкі здзіўлена паглядзела на хлопца. Ехалі яны ўсяго хвілін пятнаццаць і за гэты час не прамовілі ніводнага слова, саромеючыся таксіста, толькі паглядвалі адно на аднаго, ніба вывучаючы рысы твару.
Барыс меў тую непрыкметную знешнасць, якая не вылучаецца ў натоўпе. Шэрыя вочы, кірпаты нос, свежы твар, валасы коратка стрыжаныя. Хлопец як хлопец. Калі выйшлі з машыны, Юля падзякавала за якасную транспартную дастаўку каштоўнага грузу.
– Я гатовы гэты груз да смерці на руках насіць, – запэўніў яе хлопец.
– Каму патрэбны такія ахвяры? – засмяялася Юля.
– Ахвяраванне ў гонар багіні кахання, – ці жартам, ці ўсёр’ёз адказаў хлопец.
– Адкуль вы ведаеце мой адрас?
– Я ж у міліцыі працую.
– Зразумела. Што ж, мне пара ў маю вавілонскую вежу, – сказала дзяўчына, ківаючы ў бок дзевяціпавярховага інтэрната.
– Нічога, у мяне ёсць магчымасць атрымаць службовую кватэру, трэба толькі ажаніцца.
– Нявеста ўжо ёсць? – спытала Юля.
– Ёсць, з тае першай нашай сустрэчы…
– Не размею.
– Не ўсё адразу, – усміхнуўся Барыс. – Можа, пойдзем у кафэ пасядзім? Ці вас правесці дадому?
Юлі не спадабалася, што гэты хлапчук раптам уварваўся ў яе жыццё і спрабуе распараджацца паводле свайго меркавання.
– Мяне дома чакаюць муж і дзеці, – схлусіла Юля.
– Не трэба выдумляць алібі, Юлія Максімаўна. Я сабраў пра вас усю неабходную інфармацыю. Сустрэча наша зусім не выпадковая. Разумею, што для вас гэта нечакана. Але ж у мяне не было іншага выйсця. Усе гэтыя гады я думаў пра вас.
Яна адчула сябе ніякавата, бо не мела звычкі хлусіць, а яшчэ таму, што гэты хлопец быў маладзейшы за яе.
– Давайце сустрэнемся заўтра ўдзень, – прапанаваў ён.
– Чаму ўдзень?
– У мяне заўтра выхадны. І пашпарт вазьміце з сабою.
– Навошта?
– А што ж я буду правяраць, грамадзяначка?
– Вам абавязкова трэба нешта праверыць? – засмяялася Юля не столькі са свайго пытання, колькі з-за прыхаванага падтэксту.
– Абавязкова. Прафесійнае захворванне, як вы заўважылі.
– Добра, але рыхтуйцеся ў такім разе расказаць і пра вясковае жыццё вашых бацькоў, і пра вашу міліцэйскую службу. Не буду ж я дарма час марнаваць.
– Усё, усё раскажу.
Яны дамовілі аб месцы і часе спаткання. Барыс пацалаваў ёй руку на развітанне.
Ліфтам Юля паднялася на сёмы паверх. Тут было шумна, у некага гарлапаніў тэлевізар, гаманілі дзеці, якія звычна бавілі час пасля садка на калідоры. Юля прайшла ў свой пакойчык. Есці не хацелася, гарбата з пачастункамі ў Клаўдзіі Міхайлаўны, пэўна, перабіла апетыт. Яна павесіла куртку, села за стол, стала праглядаць запісы, збіралася накідаць артыкул і раптам злавіла сябе на тым, што думае пра Барыса і ўсміхаецца.
«Вось паскудны хлапчук, – падумала яна, – зусім натхненне выбіў, перашкаджае працаваць. Даўно са мною такога не здаралася. Што ж будзе далей?»
4
Пасля візіту журналісткі ноч у Клаўдзіі Міхайлаўны выдалася бяссонная. Нават рэладорм не дапамог. Яна то клалася ў ложак, то ўключала святло, пачынала чытаць, але не магла адбіцца ад навязлівых успамінаў. Постаці людзей з яе далёка мінулага акалялі яе, пра нешта пыталіся, нечага патрабавалі. Паступова яна выбілася з сіл і больш не працівілася, а пачала размаўляць з імі, перагортваючы дні сваёй маладосці. І сама здзівілася, што так яскрава ўсё помніць з мінулага, у той час як звычайна забывалася пра тое, што здарылася зусім нядаўна.
Ёй згадаўся Сяргей Кедраў. Толькі яго аднаго яна і кахала ў сваім жыцці. У партызанскі атрад ён прыляцеў з Масквы ў снежні 1943 года ў новенькім белым кажушку, у шапцы з чырвонай зорачкай, чарнавокі і жвавы, як цыганчук, з кабурой на поясе. Паколькі ён узначаліў камсамольскую арганізацыю партызанскай брыгады, дык яна, сувязная і сакратар падпольнай камсамольскай арганізацыі Антопальскага раёна, атрымлівала ад яго заданні раскідаць лістоўкі, разведаць колькасць тэхнікі ў нямецкім гарнізоне. Клава была гатовая на ўсялякую рызыку, толькі б спадабацца яму. Упершыню яна перажывала такое моцнае захапленне. Калі раней, накіроўваючыся ў лес, апранала на сябе розную старызну, і ледзь сажаю твар не пэцкала, каб не кідацца ў вочы акупантам, дык цяпер прыбіралася, як на свята, у квяцістую хустку і цёмную світку, аздобленую пушыстым цыгейкавым каўняром. Аднойчы, калі яна, расчырванелая з марозу, шчаслівая ад прадчування сустрэчы з каханым, з’явілася перад Сяргеем, ён здзіўлена прамовіў:
– А ты нішто сабе дзяўчына!
– Якая ўжо ўдалася. Вось, Сяргей Анатольевіч, я накрэсліла, як размяшчаюцца ў Кобрыне паліцэйскі ўчастак і ўправа, а тут – іхняя сталоўка, усё, як на далоні. Да таго ж і гэтага польскага нацыяналіста Збышака Смактуноўскага ўпекла. Забралі яго ў гестапа.
– Ну, ну раскажы, прыгажуня мая лясная! – Сяргей глядзеў на яе з непрыхаванай пажадлівасцю.
– Данос на яго напісала па-польску, што, маўляў, ён супрацоўнічае з савецкімі партызанамі, што разам яны збіраюцца знішчыць гарнізон акупантаў у Кобрыне. Мая сястра паслала гэты ліст па пошце, праз тры дні яго арыштавалі.
– Малайчына! Такія твае поспехі варта адзначыць.
Сяргей паставіў на стол пляшку самагонкі, паклаў паўбохана хлеба, нарэзаў сала.
– Сядай, чаго стаіш, як чужая? Мы ж з табою ўжо цэлы месяц знаёмыя! Можна сказаць: своеасаблівы юбілей! – сказаў Сяргей, наліваючы два металічныя кубкі, зробленыя з гільз, і спакусліва пазіраючы на Клаву з-пад ілба.
Яна маўчала. Ёй хацелася проста глядзець яму ў вочы і слухаць ягоны голас. Гэта была найвялікшая насалода.
– За цябе, – сказаў Сяргей, адной рукой уздымаючы чарку, а другой абдымаючы Клаву за плечы.
– За нас, – адказала яна і прыгубіла горкае пітво.
– Закусвай, не саромейся, ты ж з дарогі, стамілася, напэўна.
– Не. Я звыкла шмат хадзіць.
– Што, і ногі не баляць? – ён працягнуў руку пагладзіў яе калена.
– Пабаляць і перастануць. Не трэба, Сяргей Анатольевіч, я саромеюся.
– Колькі табе гадоў, сарамлівая?
– Колькі ні ёсць, усе мае, – пакрыўдзілася Клава ад намёку на яе ўзрост, бо па вясковых мерках яна заседзелася ў дзеўках.
– Я не ў тым сэнсе. Думаў, што ты ўжо даволі самастойная дзяўчына. Зрэшты, давай яшчэ па адной.
Сяргей наліў сабе новы кубак, зазірнуў у Клавін, расчаравана пакруціў галавою:
– Якая ж з цябе будзе партызанка, калі ты зусім не п’еш? Ну, давай да дна за Сталіна, за Радзіму!
Клава вымушаная была выпіць за такі тост увесь кубак, у процілеглым выпадку гэта азначала б здраду, і адразу адчула, як запякло пад грудзьмі, цёплая п’янкая хваля разлілася па ўсім целе.
– Вось гэта па-нашаму, па-партызанску! – пахваліў яе Сяргей.
– Я больш не буду піць, бо не дайду дадому, сп'яна заблуджуся ў лесе, і ваўкі мяне з’ядуць, або засну і замерзну.
– Я цябе сам з’ем, такую салодкую, – сказаў Сяргей, абхапіў яе за шыю і пачаў цалаваць.
Клава адказвала на ягоныя пацалункі пяшчотай і любасцю, няўцямна шаптала ласкавыя словы, і не было зараз на свеце шчаслівейшага чалавека, чым яна.
– Усё, дапіваем гарэлку і кладзёмся спаць, табе ж трэба адпачыць з дарогі, – п’янаватым голасам прамовіў Сяргей, выпрабавальна пазіраючы на сувязную.
Ён напоўніў кубкі, з хітравата-змоўніцкай усмешкай падміргнуў дзяўчыне і абвясціў тост:
– За ноч кахання!
– Чаму толькі ноч? Бываюць жа і дні, – заўважыла Клава.
– Ну, удзень гэтым няма калі займацца, – пасміхнуўся Сяргей. – Давай – за каханне.
– За каханне, – паўтарыла Клава.
Пакуль Сяргей закусваў, потым прыбіраў са стала, Клава сачыла за ягонымі рухамі і думала пра тое, што ён вельмі прыгожы. Кучаравы смаляны чуб спадаў на лоб, чорныя вочы хавалі ў сабе нейкую таямніцу ранейшага жыцця, якое было ёй невядомае. Як бы яна хацела даведацца пра яго мінулае хоць што-небудзь, пахадзіць па тых шляхах, да якіх дакраналіся яго ногі, пабыць сярод людзей родных і блізкіх яму, каб раздзяліць яго жыццё, усе мінулыя і наступныя радасці і надзеі. І гэта здавалася тым больш недасяжным, бо зараз яна мусіла збірацца і ісці дамоў, нягледзячы на тое, што на дварэ была глухая ноч. Зімовыя дні кароткія, усё роўна дамоў трапіш поначы. Лепш выйсці зараз, дык да таго, як развіднее, можна дайсці да сваёй вёскі.
– Ты будзеш маёю каралеваю на адну ноч, – урачыста абвясціў ён.
– Чаму на адну ноч? – зноў уражана спытала яна.
– А на колькі ты хочаш? На дзве, на тры?
– На ўсё жыццё. Я моцна кахаю вас, Сяргей Анатольевіч.
– У партызана век вельмі кароткі. Сёння ёсць, а заўтра – няма.
– З вамі нічога не здарыцца, вы не ходзіце на заданні, – спакойна адказала Клава.
– Што? Ты мяне папракаеш? Я па-твойму пры штабе аціраюся? А ты ведаеш, колькі ў мяне такіх сувязных, як ты? Усім трэба даць заданні, асэнсаваць вынікі зробленага, распрацаваць стратэгію і тактыку далейшых дзеянняў! Ты хоць уяўляеш, аб’ём работы, якую мне даводзіцца выконваць? Я па трое сутак не сплю!
– Прабачце, Сяргей Анатольевіч, я зусім не хацела вас пакрыўдзіць. Мяркуючы па зводках саўінфармбюро, хутка прыйдзе вызваленне. Вайна скончыцца. Не варта думаць пра смерць.
– Гэта для жанчын вайна скончыцца, а мужчыны пагоняць фашыстаў далей, на захад.
– Я заўсёды буду вас кахаць і чакаць, Сяргей Анатольевіч.
– Мне не трэба заўсёды, я хачу цябе зараз, – катэгарычна сказаў ён і памкнуўся абняць Клаву.
Яна адхіснулася і адказала:
– Я вясковая дзяўчына старасвецкага выхавання. У нас не прынята жаніцца па-сабачы без сватоў і шлюбу. Мне пара, бывайце.
Клава памкнулася да дзвярэй зямлянкі, але Сяргей абхапіў яе за плечы, затрымаў:
– Ну, куды ты, дурненькая? Я цябе не пакрыўджу. Нам будзе добра, пабачыш.
– Не хачу я вашага дабра, – адказала Клава, вырываючыся з ягоных абдымкаў.
– Я цябе нікуды не пушчу, – утрымліваў яе за рукаў Сяргей. – Ты будзеш мая, мая, уся, уся, – яго свавольныя рукі абмацвалі яе грудзі.
– А я заўтра ўсё камандзіру раскажу! Вы п’яны, і невядома што вырабляеце!
Клаве раптам здалося, што яна баіцца гэтых ачмурэлых вачэй і ўчэпістых рук. Яна бараніла сябе, сваю годнасць і пры гэтым кахала яго, такога жаданага і чужога.
– Ты не сувязная, ты даносчыца! Ты шпіёнка! – злосна прамармытаў Кедраў. – Заўтра ж напішу рапарт, каб цябе арыштавалі і расстаралялі за тое, што ты ў такі адказны час адмаўляеш савецкаму афіцэру ў самым неабходным!
Ён, няпэўна стоячы на нагах, раптам зарагатаў хрыпла і жорстка, быццам уявіў, як яе будуць расстрэльваць і зласліва радаваўся гэтаму.
– Пішыце зараз, калі ўтрымаеце аловак у пальцах, – з’едліва адказала Клава, вырвалася, адштурхнула Кедрава і памкнулася да выхаду.
– Змяя балотная! Тваю маць! – пачула яна ўслед і хуценька зачыніла за сабою дзверы, адбегла, схавалася за сасну, баялася, што Сяргей кінецца даганяць.
Зімовы лес насцярожана маўчаў, толькі зрэдчас патрэсквалі на марозе дрэвы. Неба завалакло хмарамі, там-сям праз іх дзіравы невад праглядвалі зоркі. Напэўна, на адлігу. Сувязная пастаяла ў нерашучасці, падумала, мо варта вярнуцца, я ж яму падабаюся. Ён так сябе паводзіць таму, бо напіўся. Але тут жа сама сабе сказала, што, калі кахае, дык будуць новыя сустрэчы. Ён яшчэ будзе прасіць прабачэння за сваё нахабства. Да чаго дадумаўся! Не трэба мне шчасця на адну ноч! Яна намацала рукою халоднае жалеза пісталета ў кішэні і рушыла ў зваротны шлях. З таго часу, як Алёша Здзітаўскі падараваў ёй гэтую цацку, яна звыкла хадзіць са зброяй. Прынамсі, сустрэчы з ваўком не баялася, больш асцерагалася звяроў двухногіх, якія палаюць лютай нянавісцю да партызанаў і ўсіх, хто ім дапамагае. Алёша жыў на ўскраіне Антопаля з бацькамі, трымаў гаспадарку. Ягоны агарод выходзіў на шырокі выган з рэдкім кустоўем, далей цягнуўся лес. Гэта дазваляла незаўважна сустракацца з партызанскімі сувязнымі. Клаве ён дапамагаў асабліва ахвотна. Разам яны аднойчы напаілі паліцая Сцяпана Дзеркача самагонкаю і пакралі ў яго патроны. Алёша для яе быў надзейным сябрам. У памяці выплыў гэты сціплы хлопец з прыязным позіркам зялёных вачэй, у картузе з прымятым казырком, невысокі з крываватымі нагамі. Дзе ж ён цяпер? Ці жывы?
Пазней пры сустрэчах Кедраў быў з Клаваю падкрэслена сухі, гаварыў толькі пра справы. У хуткім часе, ён заняў Клавіну «пасаду», стаў лічыцца сакратаром Антопальскага падпольнага райкама камсамола, хоць з тэрыторыі размяшчэння партызанскага атрада не высоўваўся і да вызвалення не ведаў, як той Антопаль выглядае. Клава па-ранейшаму выконвала неабходную работу, якую ёй даручалі як сувязной. Яна таксама ніяк не выяўляла сваіх пачуццяў, хоць шмат думала пра Сяргея, пакуль не ўпэўнілася канчаткова, што ён яе не кахае. Здарылася гэта Восьмага сакавіка. Камсамолкі вырашылі наладзіць невялікі канцэрт у партызанскім атрадзе. Клава таксама далучылася да гэтага гурту. Сцэнаю была невялічкая палянка, акружаная высокімі елкамі, за якімі дзяўчаты пераапраналіся і прыхарошваліся. Клава выйшла на сцэну, каб праспяваць «Кацюшу», і раптам убачыла Кедрава. Ён стаяў побач з Вандай Вышанскай, сувязной з Антопаля, пра нешта з ёю гутарыў, усміхаўся і, здавалася, зусім не звяртаў увагі на тое, што адбывалася на ўяўнай сцэне.
Клава не помніла, як даспявала песню, як схавалася за елкамі, ускінула на плечы світку і паспяшала дамоў з адзінаю думкаю ў галаве: «Чаму я ў гэты дзень не захварэла?! Не трэба было спяваць. Вышанская, бадай, аказалася больш згаворлівай. Няхай жывуць. Такі лёс. Заблудзілася маё шчасце недзе, ніяк мяне не знойдзе. А я ж на Сяргея гатовая была маліцца».
Цяпер Клаўдзія Міхайлаўна разумела, што няварты быў Кедраў яе светлага кахання. Але што зробіш са сваёю апантанаю душою? Як ні ўгаворвай яе, якія доказы ні прыводзь, а яна цягнецца, бы кветка да сонца, да адзіна каханай асобы.
Калі Антопаль быў вызвалены, адразу пачала ўсталёўвацца савецкая ўлада. Тады сакратаром райкама партыі быў прызначаны Іван Самуілавіч Сіроцін. Клаве Мартынюк прапанавалі пасаду сакратара па ідэалогіі, вядома, каму ж яшчэ, як не ёй, падпольшчыцы, партызанцы было заняць гэтае адказнае месца. Клаўдзія з сухім і строгім выглядам курыравала працу сакратара райкама камсамола таварыша Кедрава, і не прамінала, каб не паўшчуваць за недахопы і недастатковую працу сярод моладзі. Час той быў напружаны. Па лясах у зграі збіваліся ўзброеныя мужчыны з ліку тых, хто не прымаў савецкую ўладу ці баяўся яе, а найбольш было звычайных дэзерціраў, якія пазбягалі мабілізацыі, каб не трапіць на вайну. Трэба было ісці ў самую гушчу людзей, агітаваць за савецкую ўладу, абяцаць залатыя горы і ўтрымліваць хісткую раўнавагу ў раёне. Дарогу да дома Вышанскай Кедраў быў вымушаны забыць, бо ў хуткім часе прыехала з Масквы ягоная жонка. Пасля гэтага адносіны ў Кедрава з Мартынюк сталі амаль прыязныя. Камсамольскі правадыр з усяе сілы стараўся выслужыцца, але пры гэтым сам уважліва сачыў за ёю, часам мог і падкусіць пры нагодзе. Клава прапускала міва вушэй ягоныя кпіны, і, напэўна, усё было б добра, каб не Сіроцін. Ах, Сіроцін, Сіроцін… Іван Самуілавіч, яна так спадзявалася на падтрымку, мужнасць, разуменне.
Ад гэтых згадак разбалеліся сэрца і галава. Клаўдзія Міхайлаўна паднялася, яе моцна павяло ўбок. Жанчына села на ложак, дацягнулася рукой да ўключальніка, шчоўкнула – загарэлася святло, зірнула на гадзіннік, было каля трох гадзін ночы, пашукала на кухні таблетку нітрагліцэрына, паклала яе пад язык. Памерала сабе ціск нязручным танометрам і жахнулася. Стрэлка паказала 160 на 100.
«Гэта ж трэба, дурніца старая, расхвалявалася з-за леташняга снегу! Ды пайшлі яны ўсе! Даруй, Божа! – падумала яна, наліваючы з чайніка ў кубачак вады і запіваючы таблетку клафеліна. – Усё, ніякіх успамінаў і думак! Спаць! Спаць! Бо заўтра буду зялёная, як вадзянік».
Жанчына падышла да акна, паглядзела на пустую, цьмяна асветленую ліхтарамі вуліцу, узняла вочы ўгору, дзе ззялі зоркі. «Адзінае неба ніколі не губляе свайго хараства і не старэе, – падумала жанчына. – Можна бясконца глядзець у яго і не нагледзішся, але трэба хоць трохі паспаць». Яна лягла ў пасцель, уздыхнула і аціхла ў чаканні сну.
5
Юля спазнялася на спатканне, але не прыспешыла крок, ішла па набярэжнай, паглядвала на спакойную роўнядзь ракі, якая ўсё ж такі цякла незаўважна, не спыняючыся ні на хвіліну. Гэтак струменіць і жыццё, незаўважна і будзённа, у памкненнях і клопатах. Сёння яна паспела да абеду напісаць артыкул пра Клаўдзію Мартынюк пад назваю «Палеская кветка ў Сібіры». Цікава, як успрыме гэты матэрыял рэдактар? Ён з тых абачлівых людзей, што сем разоў саломку падсцеліць, перш чым не тое што ўпасці, а проста сесці. З другога боку, яго можна зразумець. Каб заснаваць новую газету трэба мець першапачатковы капітал, прыкласці вялікія намаганні, а ў дзяржаўным выданні, дзе яна працуе, дастаткова аднаго – кіруй сабе, мінаючы рыфы, мелі і штормы. Жыццё спакойна плыло да пенсіі. Праўда, у рэдактара таксама шмат праблем, часам ён цішком даставаў з сейфа пляшку з саракаградуснай вадкасцю і прыкладваўся да кілішка, каб зняць стрэс. Што ж, у кожнага – свой лёс і воля выбару ў межах магчымага.
Юля здалёку пабачыла Бырыса, які абапіраўся на бетонную агароджу набярэжнай, памахала яму рукою, маўляў, не злуйся, што спазняюся, я ўжо тут. Хлопец пайшоў ёй насустрач. Быў ён на гэты раз у цывільным: сінія джынсы, шэрая куртка, шматколерныя кітайскія красоўкі.
«Дзеля першага спаткання мог бы апрануцца элегантней, – падумала Юля. – Дзіця вёскі, што з яго возьмеш?»
Барыс радасна ўсміхаўся. Юля залюбавалася гэтаю галівудскаю ўсмешкаю і замест прывітання спытала.
– Чаму радуешся?
– Сустрэчы, Юлія Максімаўна! – адказаў ён, выцягнуў з-за спіны тры барвовыя ружы і падаў дзяўчыне.
– О, вы такі галантны! Не чакала.
– Каб кветкі дарыць, шмат розуму не трэба. Вы з пашпартам?
– Правяраць будзеце? – насмешліва спытала яна.
– Абавязкова. Давайце ваш пашпарт.
– Мне гэты прымітыўны жарт надакучыў, – расчаравана сказала Юля.
– Я не жартую.
– Вы хочаце даведацца пра мой узрост? – з’едліва спытала дзяўчына?
– Ваш узрост мне вядомы, і ён мяне зусім не цікавіць. Я прызначыў вам спатканне насупраць загса. Ці заўважылі?
– Толькі зараз убачыла.
Барыс зрабіў шырокі жэст рукою:
– Я запрашаю вас у гэты палац, каб вырашыць адно важнае пытанне.
Юля паморшчылася і сказала:
– Госпадзі, гэта ж толькі міліцыянеры могуць так засакрэціць справу. У вас там працуе нейкая сваячка, пра якую трэба напісаць у газеце?
– Не, я думаю, нам пара падаць заяву для рэгістрацыі шлюбу.
– Шлюбу? – Юля зарагатала. – Першае красавіка даўно мінула.
Барыс памаўчаў, чакаючы, пакуль яна супакоіцца, пасля ўсхвалявана сказаў:
– Юлія Максімаўна, прабачце, я не з таго пачаў. Прапаную вам сваю руку і сэрца. Ці, наадварот, прашу вашай рукі. Як там правільна, па-кніжнаму? Дакладна не помню.
Барыс выглядаў збянтэжаным. Ён чакаў яе адказу, вінавата зазіраючы ў вочы. Яна таксама разгубілася і не ведала, што яму адказаць. Нарэшце яна выціснула з сябе:
– Перш, чым рабіць такі крок, трэба добра падумаць.
– Я шмат гадоў пра гэта марыў, думаў, уяўляў. Нас адразу не распішуць, дадуць тэрмін для абдумвання. Так што і ў вас будзе час нешта вырашыць для сябе канчаткова. Пойдзем, я прашу вас.
– Пойдзем, – сказала яна рэзка, – але гэта першы і апошні раз я патураю вашым авантурам. Запомніце гэта!
Барыс узяў Юлю пад руку. Яны накіраваліся да будынка загса, узняліся па прыступках, увайшлі ў прасторны хол, потым – у маленькі кабінет, дзе іх прыняла ветлівая маладзіца, выдала нейкія анкеты, якія Юля не стала нават чытаць. Барыс сам падпісаў усе неабходныя паперы. Юля сачыла за ім. Ён усё рабіў няспешна, па-вясковаму грунтоўна і сур’ёзна. Зрэшты, ёй заўсёды падабалася назіраць за жыццём ці працаю іншых. Нават у маленстве, яна не брала ўдзел у гульнях, а назірала, як сяброўкі ўваходзяць у ролі бацькоў, выконваюць нейкія сцэнкі. Гэта часам здзіўляла, а найчасцей смяшыла яе. Ды і сама яна звычайна глядзела на сябе нібы збоку. Пасля кожнай сустрэчы ці гутаркі з людзьмі, згадвала, перабірала да драбніц усе сказаныя словы, пераасэнсоўвала, каб зразумець, дзе яна была недастаткова тактоўная ці ўважлівая. І дакарала, і вінаваціла сябе, калі нешта зрабіла не так. Гэтая рэфлексія часам псавала ёй настрой, але і надавала ўпэўненасці ў сваёй справядлівасці і сумленнасці. Наогул яна лічыла найвялікшым грахом хлусіць сабе.
– Юлія Максімаўна, справа зроблена. Я запрашаю вас адзначыць гэтую падзею.
– Дзе? – спытала яна абыякава.
– У кафэ. Ёсць тут адно паблізу.
Барыс узяў яе за руку, пацалаваў і павёў да выхаду.
– Мой генерал, ці не зашмат ты бярэш на сябе?
– Пакуль ніякае цяжкасці не адчуваю.
Кафэ іх сустрэла ціхаю музыкаю і напалову пустою залаю. Яны селі за маленькі круглы столік, накрыты белаю карункаваю сурвэткаю. Барыс пагартаў меню, спытаў:
– Будзем піць шампанскае? У нас жа свята.
– Будзем.
– Закуску прапаную выбраць вам?
– Не, – адказала Юля. – Сёння я давяраю твайму густу.
– Баюся вам не дагадзіць.
– Мой генерал збянтэжыўся?
– Мы вельмі мала знаёмыя, пакуль я не ведаю, якія стравы вам падабаюцца, але спадзяюся з часам выправіць гэты недахоп.
Юля раптам адчула, што яе раздражняе самаўпэўненасць Барыса, яго фальшывае выканне пры жаданні падпарадкаваць яе сваёй волі, і яна спытала:
– Я не вельмі зразумела, для чаго ўсё гэта?
– Мне здавалася, што… – сказаў ён і асекся, бо ў гэты час падышла афіцыянтка з нататнічкам і алоўкам у руках, запісала стравы, якія папрасіў згатаваць Барыс.
Юля запытальна зірнула на хлопца, жадаючы пачуць адказ на сваё пытанне.
– Няўжо вы яшчэ не зразумелі, што я кахаю вас з першай сустрэчы?
– А мае пачуцці цябе цікавяць?
– Пабачыце, я заслужу ваша каханне! – з гатоўнасцю прамовіў Барыс.
– А ты ведаеш, што каханне, калі яно ёсць, ніякіх заслуг не патрабуе? – яна пасміхнулася з позіркам дарослага чалавека, які глядзіць на неразумнае дзіця.
– Ведаю больш, чым вы сабе можаце ўявіць. Бо кахаю, зусім не ведаючы вас, – пакрыўджана адказаў ён.
– А для чаго вы хочаце ажаніцца?
– Хачу ніколі не разлучацца з вамі. Хачу, каб у нас былі дзеці! Хачу ўсё, што маюць звычайныя людзі! Ці гэта такія недазволеныя мары?
Афіцыянтка прыйшла з пляшкаю шампанскага, спрытна адкаркавала, наліла два фужэры, паставіла некалькі талерак з закускамі.
– Што ж, прызнаюся па шчырасці, мы марым па-рознаму, але, па сутнасці, пра адно і тое ж, – адказала Юля, як бы даючы згоду на тое, што прапаноўваў ёй Барыс.
6
Клаўдзія Міхайлаўна чакала званка ад Юлі, а дзяўчына не адгукалася цэлы тыдзень. «Напэўна, нічога ў журналісткі не атрымалася з таго, што я ёй напляла, – ці то суцяшала, ці то дакарала сябе яна. – Бадай, не трэба, каб маё імя зноў абрастала застарэлымі плёткамі? А з другога боку, калі б артыкул атрымаўся такі, як я сабе ўяўляю, дык няхай бы пачыталі тыя, хто паверыў, што я была ворагам свайму народу. Гэта ж трэба было прыдумаць такое азначэнне! Напэўна, ва ўсім свеце да такога абсурду не дадумаліся. А ўсё для таго, каб чалавек разумеў: судзіць яго не нейкі суддзя ці “тройка”, а цэлы народ. Таму і пакаранне адпаведна жорсткае. Ілжывы гэты свет! Немагчыма пражыць праведна, таму што кожны рэжым патрабуе слугаваць яму, маніпулюе людзьмі, прымушае пераступаць цераз свае прынцыпы дзеля агульнай далёка не гуманнай мэты. Разумныя людзі стараюцца трымацца як мага далей ад гэтых віроў, а мяне ўцягнула ў самы эпіцэнтр падзей, закружыла, перапляло асабістае з грамадскім і дзяржаўным. Нервы не вытрымалі такога напружання. Я была далёка не гераіня, а толькі слабая жанчына, якой хацелася абапірацца на надзейнае мужчынскае плячо, кахаць, гадаваць дзяцей. Пазней, чытаючы пра розных рэвалюцыянерак, даведалася, што яны заўсёды адмаўляліся ад асабістага жыцця на карысць ідэй. Калі ж у іх нараджаліся дзеці, дык яны аддавалі іх у прытулкі. Я не адважылася нават нарадзіць дзіця. Цяпер няма роднай душы побач. Не, не трэба пра гэта. Зрэшты, ёсць жа ў мяне сястра і пляменнікі. Дзеля маёй кватэры, якая ім застанецца ў спадчыну, можа, дагледзяць мяне, калі зусім занядужаю, і правядуць у апошні шлях…»
Зазваніў тэлефон. Жанчына падняла трубку і пачула голас сястры:
– Як ты там маешся?
– Памаленьку. Якраз цябе згадвала.
– Слухай, тут у газеце так пра цябе напісалі, што і гераіня, і пакутніца.
– Ці добра хоць напісана?
– Добра, аж занадта. Але чаму ты толькі пра сябе расказваеш? Я ж з табою разам лістоўкі раскідвала, спісы здраднікаў рыхтавала, эшалоны лічыла, данос на Збышака адправіла па пошце.
– Прабач, Надзя, у кароткім артыкуле ўсё не раскажаш і не распішаш.
– Не, ты гэта робіш знарок, каб прынізіць мяне. У цябе ж нікога няма. Перад кім табе красавацца? А ў мяне – дзеці і ўнукі. Ты ж сабе ўсе медалі пабрабала, а мне – нічога! Я нават не лічуся партызанкаю! А ты пабыла ў лесе два месяцы перад вызваленнем – і ўжо гераіня на ўсё астатняе жыццё.
– Ахвота табе згадваць леташні снег? – з дакукаю спытала Клаўдзія Міхайлаўна.
– Каб ты ведала, колькі мы страху натрываліся з-за цябе. Таму мама так рана памерла. Колькі яна нервавалася і плакала, калі ты сыходзіла на некалькі дзён да партызанаў! Мяне з-за цябе маглі вывезці ў Германію!
– Не маглі, я заплаціла солтысу.
– Нас жа маглі ўсіх расстраляць з-за таго, што ты пайшла ў партызаны! Тады ж паліцай Сцяпан Дзяркач прыходзіў і пытаўся, дзе ты? Добра, што Аляксей Здзітаўскі выручыў, сказаў, што ты з ім жывеш.
– Дзіўна, я і не ведала, што Аляксей мог такое сказаць. Навошта яму гэта? Мы ж проста сябравалі.
– Кахаў ён цябе.
– Вярзеш абы-што. Я пасля вызвалення яго толькі разы два бачыла. Куды ён падзеўся?
– Ён жа схаваўся ад мабілізацыі ў лес. Яго застрэлілі недзе, здаецца, у сорак дзявятым годзе, у балоце за Грушаўкай. Нават не пахавалі. Багна яго паглынула. Пасля, як у сямідзясятых рабілі меліярацыю, дык расказвалі, што адкапалі нейкія косці, але куды іх пасля падзелі, я не ведаю.
– Госпадзі, якая жахлівая смерць. Між іншым, ён ніколі не казаў мне пра каханне.
– Што ён мог табе сказаць, калі ўвесь раён ведаў, што ты гуляла спярша з Кедравым, потым – з Сіроціным?
– Не расказвай мне пра вашы калгасныя плёткі. З Кедравым у мяне нічога не было! Зразумела? Ён заляцаўся, а я яму адмовіла. А што датычыцца Сіроціна, дык і тут склаліся чыста дзелавыя адносіны. Ён быў маім непасрэдным начальнікам. Вам абы языкамі мянціць. Паўсотні гадоў мінула, а той-сёй яшчэ ўсё ад зайздрасці памірае! Калі Сіроцін мяне кахаў, дык навошта ахвяраваў мною? Чаму не збярог? Падумай!
– Падумала даўно. Прыехала ягоная жонка з дзецьмі, вось ён і пастараўся пазбыцца цябе. Спачатку накіраваў на курсы ў Брэст, а потым наогул перадаў нкусаўцам на расправу. Прынёс цябе ў ахвяру дзеля спакою сям’і і непарушнасці дзяржавы. Зрэшты, паскудны ён быў чалавек. Помніш, у Антопалі лавачнік Зыгмусь быў, яго з сям’ёю выслалі некуды на Поўнач, а ўсе рэчы забралі? Дык футрачка, у якім хадзіла лавачнікава дачка, я потым бачыла на дачцэ Сіроціна. Ты ўсё маўчыш. Ніколі нават не расказвала, як там у вас было.
– Годзе! Гэта не тэлефонная размова. Бывай, – Клаўдзія Міхайлаўна злосна пляснула трубку на апарат, села на канапу, задумалася.
«Ах, Алёшка, Алёшка, бадай, ты адзін не здрадзіў мне ў жыцці. Заўсёды падтрымліваў, стараўся правесці ды сустрэць з лесу, але не адважыўся нават абняць. Хаця, канешне, я і не заўважала цябе, аслепленая Кедравым, а потым Сіроцін свет засціў. Варта было мне хоць намякнуць табе пра якую-небудзь патрэбу, ты заўсёды стараўся аблегчыць маё становішча. Як толькі паскардзілася, што страшна хадзіць у лес без зброі, ты праз два тыдні недзе раздабыў пісталет».
Раптам выплыла ў памяці апошняя сустрэча з Алёшам ужо ў пасляваенны час. Яна тады затрымалася да цямна ў клубе, дзе быў прагляд мастацкай самадзейнасці. Алёша чакаў яе каля хаты гаспадыні, дзе Клава кватаравала. Аддзяліўся ад дрэва, што расло каля весніц. Яна ажно спалохалася. А ён супакоіў:
– Гэта я, Клава.
– Алёшка, куды ты прапаў?
– Гаспадарка ўвесь час забірае.
– Што ж, і гэта трэба.
– А ты ўсё ў начальстве ходзіш?
– Ай, Алёша, стамілася я ад усяго. Які з мяне начальнік? Праз два дні еду вучыцца на курсы ў Брэст, а пасля не ведаю, куды накіруюць.
– Хіба Сіроцін цябе крыўдзіць? Людзі кажуць, што ў цябе з ім шуры-муры.
– Хлусня гэта ўсё, Алёшка. Ты ж мяне ведаеш. Ад зайздрасці плятуць абы-што! Сіроцін па серадах у Вышанскай вечаруе!
– Дык жа з гэтаю Вышанскаю Кедраў сустракаўся.
– Да Кедрава жонка прыехала, ён і аціх. А гэтага ката памаўзлівага Сіроціна нішто не спыняе: ні сям’я, ні пасада. Яны Вышанскую з рук у рукі перадаюць, як рэч. Божа, як я яе ненавіджу гэтую самадайку! Раскажы лепш пра сябе, Алёшка. Ты яшчэ не ажаніўся?
– Пакуль не сустрэў такую, як ты.
– Дзякую за камплімент. Што ж мы тут стаім? Пайшлі да мяне, узварам якім напаю.
– Дзякую, я толькі на хвілінку, мяне сябры чакаюць, – раптам заспяшаўся Аляксей. – Яшчэ сустрэнемся… Ты доўга будзеш вучыцца?
– Прыкладна паўгода.
– Ну, бывай. Шчаслівага вяртання, – ён паціснуў яе руку на развітанне і знік у цемры.
Толькі цяпер жанчына звярнула ўвагу на словы, сказаныя Алёшам тады: «Не сустрэў такую, як ты». Выходзіла, што яна была ўзорам, якім ён кіраваўся ў пошуку сваёй палавіны. Дзіўна, яна ніколі нават не ўяўляла, што гэты хлопец мог быць яе мужам. Ён быў толькі добрым чалавекам, спагадлівым, надзейным, у лепшым выпадку – сябрам.
Праз два дні Клаўдзія з’ехала ў Брэст на курсы партыйных і савецкіх работнікаў. Спачатку там было цікава, новыя людзі, знаёмствы, а пасля яна адчула, што сумуе па Сіроціну, па ягонай мужчынскай сіле і пяшчоце, напісала яму доўгі і прачулы ліст. Адказу не атрымала, пакрыўдзілася і вырашыла больш не нагадваць пра сябе. Напэўна, Вышанская зусім яму галаву затлуміла, а жонка ягоная і не здагадваецца, што па серадах пасля вячэрніх сходаў, яе муж спяшае да палюбоўніцы.
Жонку Сіроціна Клаўдзія ціха ненавідзела да гэтага часу і ў нейкай ступені лічыла віноўніцай усіх сваіх нягод. Каб яна не з’явілася, усё было б добра. Усталяваліся трывалыя адносіны з Іванам Самуілавічам. Клава адчувала пры ім сябе абаронена і ўпэўнена. Варта было прыехаць жонцы, як пляткаркі адразу расказалі ёй пра каханне Сіроціна да Клавы, што раз’юшыла кабету. Яна прыслала палюбоўніцы ліст, у якім абвінавачвала Мартынюк ва ўсіх смяротных грахах і называла брыдкімі словамі. Тады Клаўдзія адчула, што вакол яе ўтварыўся вакуум, усе цураліся яе. А найбольш пакрыўдзіла тое, што і Сіроцін пачаў пазбягаць сустрэч з ёю, больш таго, паклапаціўся, каб выправіць яе на курсы. Дзе падзелася яго кахане, тыя словы, пяшчота і жарсць? А потым інструктар Дробкіна сказала, што ён сустракаецца з Вышанскай. Усё гэта трэба было перажыць, перадумаць і змірыцца з лёсам.
Калі Клава вярнулася ў Антопаль пасля заканчэння курсаў, дык даведалася, што Вышанскую нехта забіў. Ішло следства. Тэхнічны сакратар Таня Нічыпарук сказала, што ліст, які Мартынюк прысылала Сіроціну, знаходзіцца ў маёра дзяржбяспекі Войкава, які расследуе забойства Вышанскай.
Толькі цяпер, праз пяцьдзясят гадоў Клаўдзія Міхайлаўна міжвольна падумала: «Калі Аляксей у сорак шостым хаваўся ў лесе з рэшткамі ўкраінскай паўстанцкай арміі і ведаў, што сакратар райкама партыі Сіроцін бывае ў Вышанскай па серадах, можа, хацеў забіць яго там. Напэўна, тады Івану Самуілавічу пашчасціла, можа, у той вечар не наведаў палюбоўніцу.
За што забілі Вышанскую? Няўжо толькі за тое, што спала з раённым начальнікам? А мо таму, што я сказала пра сваю нянавісць да яе? Дык гэта ж я вінаватая. Я… – раптам падумала жанчына і заціснула сабе рот, каб не ўвасобіць у словах тую думку, што, як маланка, працяла яе сэрца. – Госпадзі, даруй і памілуй. Няўжо гэта праўда? У такі страшны час цяжка выжыць, выстаяць, не разгубіцца, не памыліцца, хто свой, хто чужы? Усе мы толькі кволыя стварэнні Божыя, няздатныя ні абараніцца, ні знайсці правільны шлях у поцемках беспрасветнага жыцця».
7
Пазванілі ў дзверы. Клаўдзія Міхайлаўна зазірнула ў вочка, убачыла Юлю, адчыніла.
– Добры дзень! Прабачце, што я без папярэджання, – сказала журналістка.
– Добры дзень. Заходзьце.
Юля, ледзь пераступіўшы парог кватэры, дастала з сумачкі газету і аддала гаспадыні.
– Вось артыкул пра вас. Рэдактар паставіўся вельмі прыхільна.
– Дзякую, Юлечка. Што ж мы тут стаім? Заходзьце, калі ласка, у пакой. Зараз я гарбатку завару, і мы пачытаем ды абмяркуем ваш артыкул.
Клаўдзія Міхайлаўна ўзяла газету, хаваючы хваляванне, але рука здрадліва дрыжала, і накіравалася на кухню. Юля прымасцілася на канапе, ёй не цярпелася пачуць думку гераіні нарыса. Яна паглядзела на шафу з кніжкамі і сустрэлася з позіркам маладой гаспадыні з фотаздымка. Вочы яе хітравата ўсміхаліся. Юля здзіўлена прыўстала, зрабіла некалькі крокаў, каб памяняць ракурс і зноў сустрэла той самы позірк. Тыдзень таму гэты фотаздымак вылучаў зусім іншую інфармацыю. Яна зазірнула на кухню, каб спытаць у Клаўдзіі Міхайлаўны, гэта той самы фотаздымак ці новы, але ўбачыла, што гаспадыня ўважліва чытае артыкул і не стала адрываць яе, вярнулася на канапу. Разглядваючы кветкі, вытканыя на дыване, якім была заслана падлога, Юля згадала пра Барыса: ніяк не магла вырашыць, ці выходзіць ёй замуж. Добрае ўражанне ад ягонай асобы пераважвалася нейкімі адмоўнымі дробнымі дэталямі. Дарослага чалавека не перавыхаваеш, яго трэба ўспрымаць такім, які ён ёсць. Яна была ў тым узросце, калі першае, другое і трэцяе каханне развеяліся, і ўспамінаць пра тое не хацелася. Цяпер яна перажывала такі перыяд, калі душа была вольная ад захаплення якою-небудзь асобаю мужчынскага полу. Так, адзін з супрацоўнікаў заляцаўся да яе, але ён жанаты чалавек, найхутчэй проста шукае сабе забаўку за межамі сям’і. Хоць даволі прыемны звонку, ды ў душы эгаістычны і чэрствы. Гэта бачна па тым, як ён ставіцца да супрацоўнікаў і да сваіх абавязкаў. Бырыс шчыры, адкрыты, але ўладны, і гэта пакуль яшчэ ён не муж, а толькі жаніх…
– Вось і гарбатка, – прамовіла Клаўдзія Міхайлаўна, паставіўшы на круглы столік кубачкі, цукар, хлебніцу з лустачкамі нарэзанага батона.
– Дзякую. Якая духмяная заварка! У вас ёсць нейкі сакрэт?
– Не, няма. Праўда, іншы раз дадаю чабор або душыцу. Частуйцеся, Юлечка.
Гаспадыня і сама села да стала, паглядзела на дзяўчыну, раздумваючы, як пачаць гаворку.
– Вы малайчына, Юля, выдатна напісалі, мне спадабалася.
– Дзякую. Я рада зрабіць хоць што-небудзь добрае для вас. Можа, варта было больш распісаць вашы пакуты там, у Сібіры.
– Скрозь людзі жывуць. І ў Сібіры – таксам. Былі там не толькі трагічныя, але і камічныя сітуацыі. Вось такая, напрыклад. Атрымалі золатаздабытчыкі разлік за сезон, купілі білеты на самалёт, каб вылецець на адпачынак ці да радні, а перад дарогай дзень балююць. Раніцай рынуліся да аэрадрома на таксі, а нехта дарогу перакапаў так, што машына не пройдзе. Самалёт чакае пасажыраў з загадзя набытымі білетамі, а яны, яшчэ непрацверазелыя, дарогу ладзяць. Вось табе смех і грэх!
– Клаўдзія Міхайлаўна, можа, яшчэ адзін артыкул напішам пра ваша жыццё ў Сібіры?
– Калі-небудзь потым, а цяпер дай Божа гэты перажыць.
– Што вас турбуе? – здзівілася Юля.
– Ды рознае. Ці мала як людзі гэта зразумеюць і ўспрымуць. Ды што мы ўсё пра мяне? Раскажыце лепш пра сябе.
– Мая мама таксама з-пад Антопаля была, з Пігановічаў. Так што мы з вамі амаль зямлячкі.
– Была? – перапытала гаспадыня.
– Так, яна памерла даўно, мне і дзесяці гадоў не было. Кволілася на сэрца, прастудзілася ў маленстве. Бацька адразу ажаніўся другі раз. Была ў яго даўняя сяброўка ў Кобрыне, куды мы пераехалі, там я дзесяцігодку скончыла, паступіла ў БДУ. З мачыхаю мы людзі чужыя.
– Юлечка, раскажыце пра што-небудзь весялейшае.
– Мяне замуж сватаюць, – нечакана для сябе сказала Юля пра тое, што яе найбольш хвалявала ў гэтую хвіліну, а параіцца не было з кім.
– Віншую і жадаю шчасця. З такой нагоды, можна і вінца выпіць? У мяне ёсць, – прапанавала гаспадыня.
– Не, калі ласка, не трэба. Сёння я дзяжуру па газеце. У такі дзень трэба мець абсалютна цвярозую галаву.
– Што ж, настойваць не буду. І хто ж жаніх? – лагодна спытала гаспадыня.
– Ды так, адзін хлоцец, трохі маладзейшы за мяне.
– Гэта не бяда. Абы чалавек быў добры.
– А вы свайго мужа моцна кахалі?
– Спачатку была закаханасць, а потым… Хто яго ведае? Ён быў такі неўраўнаважаны, проста камяк нерваў. Зразумела, перажыць прыніжэнні, голад, холад, страх смерці, хваробы. У такіх мітрэнгах мала каму ўдаецца выйсці пераможцам. Іншы раз мне здавалася, што ён ненавідзіць увесь свет. Таму і хваробу не адолеў.
– Як гэта страшна!
– Страшна – не тое слова. Жудасна! Ён жа быў з вайскоўцаў, людзей якіх з маладосці прывучваюць жыць па загадах. Такія людзі вельмі дрэнна арыентуюцца ў жыцці… А твой жаніх, дзе працуе?
Юля разгублена паглядзела на гаспадыню, не адважваючыся адкрыцца, пасля ўсё ж сказала:
– У міліцыі.
Клаўдзія Міхайлаўна скрушна паківала галавою і сказала:
– Што ж, міліцыянерам таксама трэба жаніцца. А які ён?
– З тых, што прыйшоў, пабачыў, перамог.
– Дай Божа вам шчасця. Сама я са шчасцем недзе размінулася. Але ж вось перажыла і каханых, і ворагаў.
– Канчаткова я яшчэ нічога не вырашыла. Магу і перадумаць.
– Жанчыны часам выходзяць замуж для таго, каб нарадзіць дзіця. Спрацоўвае магутны прыродны інстынкт. А каханне – толькі казачная жар-птушка. Ва ўсялякім разе я жадаю вам шчасця. І хачу зрабіць маленькі падарунак.
Клаўдзія Міхайлаўна выйшла на кухню і праз хвіліну вярнулася з маленькім чайнічкам, бакі якога былі распісаны ўзорам у выглядзе галінак хвоі.
– Вазьміце, Юля, гэты заварнічак на памяць. Я яго з Сібіры прывезла. Некалі памру, а вы будзеце на яго часам паглядваць і мяне ўспамінаць.
– Што вы, Клаўдзія Міхайлаўна, ён вам самой, можа, патрэбны, – запярэчыла Юля.
– Бярыце, бярыце, я хачу, каб вы помнілі мяне.
– Дзякую, Клаўдзія Міхайлаўна, я вас і так ніколі не забуду. Дарэчы, гэты мой жаніх таксама пэўным чынам звязаны з маёй працай. Некалі я брала ў ягонага бацькі інтэрв’ю, а ён мяне запомніў і знайшоў.
– Мэтанакіраваны хлопец. Дасць Бог, усё будзе добра.
Гэтыя словы Клаўдзіі Міхайлаўны супакоілі і абнадзеілі дзяўчыну. Юля паднялася з-за стала, падзякавала гаспадыні за пачастунак, накіравалася да выхаду, бо сапраўды трэба было спяшацца вычытваць газетныя палосы, каб своечасова выпусці выданне ў свет. Жанчына правяла яе да дзвярэй. І толькі цяпер Юля заўважыла нейкую нецярплівасць у вачах жанчыны, пэўна, яна хацела сам-насам яшчэ раз перачытаць артыкул.
8
Клаўдзія Міхайлаўна прагна ўпілася вачамі ў газетны тэкст. Спынілася, перачытала радкі: «Ведаеш, як страшна, горка і крыўдна, калі цябе, маладую, поўную сіл і жадання працаваць, цябе, што прайшла вайну, ні ў чым не вінаватую, на дзесяць гадоў пазбаўляюць волі! Але, можа, яшчэ пакутлівей перажывала я вызваленне, калі адчувала сябе адрынутай, выкінутай з жыцця і нікому непатрэбнай. На працу не бралі, сустракалі пагардлівымі позіркамі…»
Клаўдзія Міхайлаўна выцерла няпрошаныя слёзы, паглядзела ў акно, нібы там, за шклом, магла ўгледзець нешта важнае, што прынесла б спакой душы. Аднак даўнія крыўды ажылі, вярэдзілі душу. Яна паспрабавала сябе супакоіць, разумеючы, што лішнімі хваляваннямі толькі ціск падымеш, а таму зноў паглыбілася ў чытанне.
«За што павесілі на мяне кляймо ворага народа зразумець цяжка. Нейкі звышпільны нкусавец (напэўна, план выконваў) у маёй любоўнай цыдулцы, адрасаванай аднаму чалавеку, заўважыў прыкметы шпіёнскай дзейнасці. Да апошняга моманту не магла паверыць, што мяне, сакратара падпольнага Антопальскага райкама камсамола, узнагароджаную двума медалямі і ордэнам, на той час партыйнага работніка, на дзесяць гадоў кінуць у турму…» – прачытаўшы гэтыя радкі, Клаўдзія Міхайлаўна задаволена ўсміхнулася і падумала, што тут яна добра выкруцілася, не стала варушыць тыя даўнія свае сардэчныя мітрэнгі. Які сэнс вяртаць застарэлы боль, калі часам не хапае сілы на тое, каб проста жыць.
«Божа мой, на што я патраціла сваё жыццё? Да чаго імкнулася? Ці не лепш мне было б застацца на сялянскай працы, выйсці замуж за таго ж Алёшу Здзітаўскага, нарадзіць плойму дзяцей, дачакацца ўнукаў? – спытала яна ў сябе. – А ці можна было? Алёшу забілі, бо хаваўся ад мабілізацыі ў лесе. А калі б забралі на вайну, наўрад ці вярнуўся б. У нашу вёску з вайны вярнуліся толькі два сталыя чалавекі, якія недзе былі пры абозе, ды і то адзін з іх захварэў на сухоты. Маладыя мужчыны ўсе палеглі! Пэўна, такі ўжо лёс мой».
У дзверы доўга і патрабавальна пазванілі. Звычайна так званіла сястра. Клаўдзія Міхайлаўна згарнула газету, кінула на стол і пайшла адчыняць дзверы. Надзя стаяла на лесвічнай пляцоўцы, цяжка абапіраючыся на кульбаку.
– Божачкі, як жа ты даклыпала на трох нагах? – спытала Клаўдзія Міхайлаўна.
– Ты ж не збярэшся. І чым ты тут цэлы дзень займаешся адна?
– Мне з сабою сумна не бывае. Заходзь, Надзя.
Сястра, мажная і няўклюдная, асцярожна пераступіла парог, скінула атопкі, прайшла ў пакой і ўвалілася ў крэсла. Заўважыла газету на стале, сказала:
– Дарма я прысунулася. У цябе ўжо ёсць газета.
– Ты баялася, каб я ад цікаўнасці не сканала?
– Ай, Клаўка, нашы гады такія, што нам гора і радасць аднолькава шкодзяць. Думаю: пайду, падзіўлюся на цябе. Ад каляд не бачыліся.
– Прыйшла і добра зрабіла. Мо есці хочаш?
– Не, нічога не хачу. Дай толькі вады халоднай з чайніка. Смага сушыць, дыябет пракляты…
Гаспадыня прынесла з кухні кубак вады і талерку на якой ляжалі тры яблыкі. Надзя залпам апусташыла кубак, выцерла далонню вусны.
– Як твае дзеці ды ўнукі? – спытала Клава ў сястры.
– Халера іх не бярэ. Мы ім трэба, пакуль яны малыя, а як падрастуць, дык нашто тая маці?
– Не кажы так, Надзя.
– Паспытала б ты майго шчасця. Мужык п’яніца быў. Старэйшы сынок у яго ўдаўся. Унукі нейкія няўважлівыя ды абыякавыя. Адно што з табою словам і перакінуся. Аджылі мы сваё, толькі пад нагамі ў маладых блытаемся.
– Няўжо я каму замінаю? – спытала гаспадыня. – У маладых сваё жыццё, у нас – сваё. Хоць я і старэйшая за цябе на шэсць гадоў, але не лічу сябе лішняй на гэтай зямлі.
Надзя памаўчала, пакратала карункавую сурвэтачку на стале, падняла вочы на малады Клавін фотаздымак і ўздыхнула.
– Вядома, жывым у магілу не палезеш.
Гаспадыня ўважліва паглядзела на сястру і толькі зараз заўважыла, як пастарэла яна за паўгода: мяшкі пад вачамі набрынялі, валляк на шыі значна вырас, уся яна аплыла, налілася нездаровай паўнатой.
– Што з табою? Кажы, нешта здарылася.
Малодшая сястра скрушна паківала галавою і ціха прамовіла:
– Здарылася, паўсотні гадоў таму. Цяпер не паправіш.
– Давай паабедаем. У мяне булёнчык ёсць курыны, – прапанавала Клаўдзія Міхайлаўна.
– Дзякую. Не хочацца. Ты для мяне, Клава, заўсёды была ўзорам. Умела ты і апрануцца, і прычасацца. Мне далёка было да цябе. І грошы ў цябе вадзіліся, і палюбоўнікаў мела не абы-якіх, не тое, што я прагаравала век з п’яніцам. Адно што ён партызанам быў, дык на свята Перамогі медалямі брэнькаў. Знешне нябрыдкі ўдаўся, а душа паскудная.
– Не разумею, да чаго ты хіліш? – насцярожылася гаспадыня.
– Не ведаю, як табе і сказаць.
– Кажы ўжо, як ёсць.
Надзя зірнула на сястру насцярожана. Нешта ўтрымлівала яе ад адкрытай гаворкі, быццам яна сама сабе баялася ў нечым прызнацца.
– Зрэшты, не хочаш, не кажы. Якія ў нас, старых, могуць быць таямніцы? – сказала гаспадыня.
– Хачу я, Клава, пайсці да бацюшкі і пакаяцца за нашыя з табой агульныя грахі.
– Не зразумела, – здзіўлена сказала старэйшая сястра, – што ты маеш на ўвазе?
– Помніш, мы з табою складалі спісы здраднікаў і перадавалі партызанам?
– Ну і што? Яны ж і былі здраднікамі, служылі немцам. У цябе склероз? Забылася, колькі хлопцаў і дзяўчат вывезлі ў Германію, колькі людзей загінула? А пасля вайны колькі яшчэ забівалі! Каб ты глянула на твар мёртвага Шымава! Чалавек прыехаў з Мінска, з міністэрства дапамагаць нашым палешукам далучацца да сацыялістычнага будаўніцтва, мухі не пакрыўдзіў. А яго…
– Хто служыў, а хто не хацеў ехаць у Германію, таму і вымушаны быў наймацца на працу да немцаў. Мы ж і іх уносілі ў спісы здраднікаў. А потым… Сама ведаеш, што іх чакала..
Надзя неяк дзіўна ўсхліпнула, нібыта ёй перахапіла дыханне, выцерла потны твар і вочы, напоўненыя слязьмі.
– Тады была вайна. Людзі дзяліліся на сваіх і чужых. Ворагаў трэба было знішчаць, пакуль яны не знішчылі нас. Ніхто мяне не можа папракнуць за гэта.
– Могуць, яшчэ як могуць. Зрэшты, я сама сябе і дакараю. Усе мае хваробы і няшчасці праз гэтыя грахі!
– Хваробы твае ад старасці. А няшчасная ты толькі таму, што ўсё жыццё пражыла з п’яніцам. І дзеці ўдаліся ў яго. З каго ж ім прыклад браць?
– Чаму яны з мяне прыклад не бралі? Не, ты мяне не пераканаеш, – пахітала галавою Надзя. – Ці ты ведаеш, чыя ўнучка гэтая журналістка, што з цябе гераіню зрабіла?
– Якая розніца?
– Не, ты паслухай, – настойвала Надзя. – Гэта ўнучка таго Андрэя Кавальчука з Пігановічаў. Помніш?
– Не, не помню, – абыякава адказала Клава.
– Ён на чыгунцы пры немцах працаваў. Дзяцей меў чацвёра. Такі невялічкі чалавек, чорны, як жук.
– Паглядзі, яе прозвішча Яновіч, а не Кавальчук.
– Гэта яна па бацьку – Яновіч, а прозвішча яе маці – Кавальчук.
– Чаго ты ад мяне хочаш? – злосна спытала Клава. – Каб я пакаялася разам з табою за кампанію?
– Не. Ты паслухай. Ты помніш, што партызаны гэтага Кавальчука і ўсю яго сям’ю?..
– Давай лепш зменім тэму гаворкі, – абарвала яе гаспадыня. – У мяне, здаецца, ужо ціск падымаецца.
– Я нічога. Толькі хацела сказаць.
– Адкуль ты ведаеш?
– Мой мужык таксама быў з Пігановічаў. Дачка Кавальчука, як асірацела, жыла ў родзічаў па суседстве з маім мужыком. Яе выдалі замуж за першага, хто пасватаўся, такога ж горкага п’яніцу, як мой. Слабое ў яе было здароўе, рана памерла… Гэты артыкул – прывітанне табе ад тых Кавальчукоў.
Твар Клаўдзіі Міхайлаўны раптам пакрыўся чырвонымі плямамі, яна села на канапу і адчула, што губляе прытомнасць, нахілілася на бок і ўткнулася тварам у маленькую падушачку. Надзя кінулася да сястры, павярнула яе тварам дагары, пытаючы:
– Што з табою? Блага?
Дрыготкімі рукамі малодшая сястра дастала з сумачкі валідол, хацела пакласці сястры ў рот, але ўбачыла, што тая ніяк не рэагуе на яе голас, памкнулася да тэлефона, каб выклікаць хуткую дапамогу.
Пакуль прыехала брыгада кардыёлагаў, Надзя і пырскала на сястру халоднай вадой, і націрала нашатырным спіртам скроні, і клікала яе, і каялася, і праклінала сябе за тое, што распачала гаворку пра Кавальчука. Клава да памяці не прыходзіла.
Медыкі моўчкі памералі ціск, зрабілі кардыяграму, запісалі неабходныя дадзеныя хворай, спыталі, ад чаго здарыўся прыступ. Надзя схлусіла, што сястры стала блага раптам без усялякай прычыны. Медсястра зрабіла Клаве некалькі ўколаў, і хворая расплюшчыла вочы, няўцямна агледзела прысутных.
– Як вы сябе адчуваеце? – спытаў доктар.
– Добра, – па складах адказала яна.
– Госпадзі, як жа ты мяне напалохла! – узрадавалася малодшая сястра, бачачы, што Клава акрыяла.
– Памажы мне падняцца, Надзя, па мяне Аляксей прыйшоў.
– Які Аляксей? – здзіўлена спытала госця. – Гэта ж доктар.
– Здзітаўскі… Праходзь, Алёша, даўно мы з табою не бачыліся.
Надзя голасам, які зрываўся на плач, ціха папрасіла:
– Зрабіце, калі ласка, што-небудзь. Яна ж трызніць…
– Падобна на інсульт, – канстатаваў доктар. – Трэба везці хворую ў бальніцу.
– Мне можна з вамі? – спытала Надзя. – Я сястра ёй.
– А чаго вам ехаць? Хворую пакладуць у рэанімацыю. Туды наведвальнікаў не пускаюць. Як ёй палепшае, тады і прыходзьце наведаць.
Клаўдзію Міхайлаўну вынеслі на насілках. Надзя засталася ў пустой кватэры адна, вінавата падумала:
– Нездарма наш бацька казаў, што за грэх нябожчык і з таго свету адпомсціць. «Ніколі не скардзілася, каб што балела, і раптам – на табе! Напэўна, і запавет не склала. Зрэшты, я ды мае дзеці – адзіныя яе спадчыннікі».
9
Сваё замужжа Юля ўспрыняла з пэўнай доляй іроніі і з абсалютным спакоем. Цяпер стала модна выпрабоўваць сябе ў шлюбе. Як не атрымаецца сумеснае жыццё, дык можна развесціся. Не вялікая страта. Невядома, дзе шукаць тое каханне на свеце. Мо гэта яно і ёсць, толькі трэба лепш прыгледзецца. З Барысам ёй было лёгка і проста. Здавалася, што ён гатовы выканаць усялякае яе жаданне, хоць асаблівых капрызаў яна і не выказвала. Неставала часу. Паездкі ў раён і напісанне артыкулаў забіралі час, сілу і душу. Да таго ж у Барыса часта здараліся дзяжурствы ў святочныя дні, дык бачыліся яны рэдка. Часам Юля нават пачынала сумаваць па ім недзе ў дарозе. Барысу часцяком даводзілася самому гатаваць ежу, прыбіраць кватэру і нават мыць бялізну. Толькі калі пайшла ў дэкрэтны адпачынак, мімаволі занялася гаспадаркаю і заўважыла, што каханы муж часам па трое сутак не прыходзіць додому, усё праводзіць нейкія аперацыі і рэйды. Аднойчы, збіраючыся мыць ягоную міліцэйскую сарочку, праверыла кішэні, каб не сапсаваць якую патрэбную паперыну ці грошы, а знайшла фотаздымак, на якім Барыс трымаў на руках голую дзяўчыну. У Юлі ад нечаканасці ажно рукі затрэсліся і лоб пакрыўся кроплямі поту, быццам яна без дазволу дакранулася да брыдкай чужой таямніцы. Яна адкінула ад сябе фотаздымак, нібы змяю, а потым пачала таптаць яго нагамі. Хацела нават спаліць. Ды дзіцятка варухнулася пад сэрцам, і яна сцішыла свой гнеў, пайшла і легла на канапу, адчуваючы, як навальваецца на сэрца невыносны цяжар.
Так яна і праляжала, не ўстаючы, ажно да позняга вечара, пакуль не прыйшоў Барыс, ажыўлены, вясёлы.
– Што гэта? – спытала Юля, паказваючы рукою на фотаздымак, які ляжаў на падлозе сярод пакоя.
– А! Гэта! Я ж табе расказваў, як русалку злавіў, – Барыс нервова засмяяўся, хуценька падняў фотаздымак і схаваў у кішэню.
– Не хлусі. Ты мне нічога не казаў.
– Успомні. Пра русалку.
– У мяне добрая памяць. Такога не было.
– Не помніш? Тады слухай. Аднойчы ўвечары мы з сяржантам Міхальчуком ішлі па набярэжнай, чуем, нехта ў цемры плёхаецца. Думалі: тапелец. Я кінуўся ў ваду і дастаў голую дзяўчыну. Аказваецца, яна вырашыла пакупацца голенькая, бо не мела пры сабе купальніка. Сяржант мяне сфатаграфаваў на памяць.
– А цяпер ты ў гэтай русалкі па трое сутак дзяжурыш?
– Юлька, ну там няма нічога сур’ёзнага, – разгублена пачаў апраўдвацца Барыс. – Мы проста знаёмыя і ўсё.
– Для чаго табе гэтае знаёмства?
– Проста так.
– Ажаніўся ты таксама проста так? Дзе ж тваё каханне? На дне Мухаўца ўтапіў, як русалку ратаваў? А цяпер ходзіш да яе невад закідваць.
– А табе што да мяне? – абурыўся Барыс. – Я ж не магу цяпер з табою спаць. Мы нашага будучага сыночка аберагаем. А яна дзеўка вольная! Усе мужыкі так робяць!
– Прэч! Прэч з маіх вачэй! – закрычала Юля, адчуваючы, што падлога перакульваецца ў яе пад нагамі, а ўвесь свет рушыцца, ператвараецца ў хаос.
10
Юля нарадзіла мёртвае неданошанае дзіця. Барыс сам пахаваў сына, бо жонка была слабая і цэлы месяц праляжала ў бальніцы. Як толькі выпісалася, паехала на магілку да дзіцяці. Была ранняя вясна, недзе высока ў небе спяваў жаваранак, напэўна, першы сёлета. Юля доўга і ціха плакала, стоячы над маленечкім грудочкам зямлі пад невыносна шчаслівы спеў вольнай птушкі. Нават падумалася, што, магчыма, гэта душа яе сына ўвасобілася ў жаваранка і радуецца сустрэчы з мамаю, якая не паспела яго ні папесціць, ні накарміць малаком.
На драўляным крыжыку было напісана «Бабровіч Іван». Напэўна, Барыс не доўга думаў, даючы імя сыну, назваў першае, што прыйшло ў галаву. Яна марыла назваць сваё немаўлятка Святаславам. Дата нараджэння і смерці ў дзіцяці супадалі.
«Мёртванароджанае каханне прынесла мёртванароджанае дзіця, – горка падумала Юля, – сама я ва ўсім вінаватая. Калі б кахала Барыса па-сапраўднаму, напэўна, змагла б дараваць. Як нічога не мела, так і не маю. А сустракацца з ім не хачу. Ніколі! Сыночак мой, даруй мне. Я гатова аддаць табе сваё жыццё, але табе ўжо нічога не трэба. Ты не паспеў на гэтай зямлі нават паветра ўдыхнуць, выпіць глыток вады. Прыйшоў з неба і схаваўся ад мяне пад зямлю. Як жа страшна я пакарала сябе…»
Яна прысела, дакранулася да вільготнай глебы, якая замест пялюшак ахутвала зараз яе дзіця, і сэрца працяло вострым болем, нібы змяя пракусіла грудзі і высмоктвала сілу, жыццё, кроў з яе цела.
Няўпэўненаю, хісткаю хадою Юля доўга ішла да брамы, мінаючы мноства магіл, свежых і даўніх, тысячы нябожчыкаў пазіралі на яе з фотаздымкаў з нямым дакорам, што яна не ўратавала свайго сына, не вынасіла яго, не дала магчымасці пажыць на белым свеце, сказаць сваё першае ў жыцці слова: «Мама». Яе сын заставаўся сярод гэтых чужых магіл, сярод чужых душ.
«Як жа я не дадумалася пахаваць сыночка на вясковых могілках побач з яго бабуляй – маёй мамай? Яна б прыняла яго на тым свеце і даглядала б, а цяпер… – з жахам падумала яна. – Што ж, можа, я не надта зажывуся і прыйду да свайго сына, каб ніколі не разлучацца. Ніколі, ніколі…»
Знясіленая непамерным горам Юля увайшла ў свой пакой і са здзіўленнем убачыла Барыса.
– Прывітанне! Чаму ты мяне не дачакалася? – нездаволена спытаў ён. – Я прыехаў забраць цябе, а мне сказалі, што ты ўжо выпісалася і пайшла.
Юля моўчкі скінула паліто, села на канапу, заплюшчыла вочы.
– Не трэба мне дэманстраваць сваё гора! Я таксама пакутую, – злосна сказаў Барыс. – Гэта быў і мой сын!
Юля распюшчыла вочы, з нянавісцю паглядзела на Барыса і спытала:
– Што ты тут робіш?
– У якім сэнсе? – здзівіўся ён.
– У самым прамым.
– Я тут жыву на правах твайго мужа.
– Заўтра я падам на развод. А цябе прашу пакінуць мяне назаўсёды і не трапляць на вочы.
Барыс замітусіўся, збіраючы нейкія рэчы, потым выпрастаўся і сказаў:
– Калі я пайду, дык ужо назаўсёды.
– Я толькі гэтага ад цябе і чакаю.
– Я кахаў цябе.
– Я, здаецца, – таксама. Але ліміт выбраны. Усё скончылася. Можа, у цябе на русалку знойдзецца больш гэтага дэфіцытнага рэчыва.
Барыс раптам упаў на калені, схапіў Юлю за рукі, стаў іх цалаваць і казаць нешта бязладнае і бессэнсоўнае. Яна вызвалілася, з агідаю адштурхнуўшы яго, і закрычала:
– Пакінь мяне ў спакоі! Малю! Я не вытрымаю тваёй прысутнасці побач! Мне лепш легчы ў магілу з сынам, чым з табою ў адзін ложак! Ты можаш гэта зразумець?
– У цябе пасляродавы псіхоз!
– Затое ты разумны і цвярозы. Кіруйся далей сваім пачварным розумам!
– Я чалавек, а не рэч, якою ты хочаш распараджацца!
– Я? Табой? Эх, ты. Я хацела пакахаць у табе мужчыну, паважала як асобу, як чалавека. А ты толькі звычайны самец, гатовы сеяць сваё мярзотнае насенне куды заўгодна. Праходзь міма, сейбіт!
– Я табе гэтага не дарую!
Ён замахнуўся, гатовы выцяць яе. Юля выпрасталася перад ім, зрабілася быццам вышэйшаю ростам, і крыкнула.
– Забіў сына, цяпер забі і мяне, як сведку свайго паскудства!
Барыс выскачыў з пакоя, моцна грукнуўшы дзвярамі.
Юля няўпэўнена наблізілася да дзвярэй, замкнула іх, легла на канапу і апусцілася ў цяжкую дрымоту. Гэта было нешта сярэдняе паміж сном і смерцю, калі цела здатнае было пачуць кожны гук, але не магло варухнуцца, апанаванае здранцвеннем.
11
Некалькі месяцаў Юля праіснавала ў прыгнечаным стане, нішто не цікавіла яе. Калегі, спачуваючы яе бядзе, не надта даймалі прэтэнзіямі, ды і наўрад ці яна магда б зразумець і заўважыць іхнюю незадаволенасць ці прыязнасць. Душа апусцілася ў багну цяжкой дрымоты, каб не адчуваць востры боль ад страты дзіцяці. Скончылася лета, пачаўся верасень, а на дварэ ўсё яшчэ стаяла нязвыклая гарачыня, быццам і прырода запаволіла бег часу. Толькі калі аднойчы вераснёўскай раніцай Юля раптам узрушана заўважыла, што за акном зацвіла адна галіна каштана, нешта схамянулася ў яе душы, ажыло, прымусіла здзівіцца і ўзрадавацца. На дрэве віселі зялёныя калючыя шарыкі пладоў і цвілі кветкі! Гэта было неверагодна!
Юля доўна прыглядалася да кветак і потым прашаптала: «Каштан зацвіў другі раз. І я змагу. Я павінна. Трэба жыць. Душы вечныя. Я са сваім сыночкам сустрэнуся на тым свеце…»
Белыя кветкі з карычневымі тычынкамі ўсміхаліся, гарэлі побач з парыжэлаю высахлаю лістотаю, якая час ад часу асыпалася долу. Каштан цвіў і не думаў, што не паспее выспеліць новыя плады. Белая галіна красавала, абуджала радасць і надзею, як нечаканы і светлы цуд.
Гэтае здарэнне разбудзіла Юліну душу, уліло ў яе сілу. Яна ўзяла фотаапарат, зрабіла некалькі фотаздымкаў. Села і напісала проста ад рукі некалькі радкоў: «Самая сенсацыйная навіна. У Брэсце зноў, другі раз сёлета, зацвілі каштаны! Цнатлівыя белыя кветкі дораць людзям прыгажосць. Адкажам ім узаемнасцю!»
Рэдактар, чырвонатвары і паўнаваты, расплыўся ва ўсмешцы і ўзрадаўся не столькі нечаканаму матэрыялу, колькі таму, як ажыў і засвяціўся твар падначаленай. Загадаў пусціць сенсацыйную навіну ў нумар неадкладна. Юля падзякавала яму за тое, што ён здолеў раздзяліць яе ўзрушэнне, і сказала:
– Прабачце, напэўна, я дрэнна спраўлялася апошнім часам з абавязкамі.
– Усё выдатна, Юля! Я цалкам задаволены тваімі артыкуламі.
– Вы мяне песціце, Мікалай Ігнатавіч.
– Паважаю, – удакладніў рэдактар, – і чакаю новых матэрыялаў.
– Адпрацую, пабачыце, сёння да мяне вярнулася надзея.
Юля ўвайшла ў свой рэдакцыйны кабінет, узяла падшыўку газет за леташні год, разгарнула, убачыла нарыс пра Клаўдзію Міхайлаўну Мартынюк і спахапілася: «Столькі часу прайшло, я нават ні разу не патэлефанавала ёй. Як яна?»
Юля дастала з шуфляды нататнік, адшукала патрэбны нумар тэлефона, пазваніла, папрасіла паклікаць Клаўдзію Міхайлаўну. Незанаёмы жаночы голас адказаў, што тут такая не жыве. Журналістка звярнулася ў гарадское даведачнае бюро, дзе ёй паведамілі, што Мартынюк памерла. Гэта навіна растрывожыла, усхвалявала душу, пасеяла ў сэрцы адчуванне віны. Міжвольна ўявілася, што Клаўдзіі Міхайлаўне перад смерцю патрэбна была нечая дапамога, а яна, Юля, нават і не згадвала пра яе. Здараецца роднасць душ не толькі па крыві, але па перакананнях, захапленнях ці аднолькавых поглядах на жыццё. Чамусьці Юля адчувала роднасць з гэтаю немаладою жанчынаю. Што ж для яе можна зрабіць цяпер? Занесці на магілу кветкі? Гэта зрабіць лёгка: у бліжэйшую суботу наведаць дзве магілы: сынаву і Клаўдзіі Міхайлаўны. І ўсё?.. Кветкі хутка завянуць. Памяць пра чалавека не павінна вянуць і засыхаць. Рашэнне прыйшло імгненна: трэба знайсці следчую справу Мартынюк і расказаць яшчэ раз пра гэтую жанчыну.
Юля зноў пайшла да рэдактара і папрасіла напісаць заяву ў абласное ўпраўленне Камітэтата дзяржаўнай бяспекі з просьбою дазволіць ёй пазнаёміцца са справаю Клаўдзіі Міхайлаўны.
– Сёння не змагу, а заўтра падрыхтую гэты дакумент, – паабяцаў рэдактар. – Але ж для таго, каб працаваць у архіве, трэба шмат часу.
– Часу ў мяне дастаткова. Вы ж ведаеце, я зноў адна.
– Нічога, Юля, трымайся. Свет вялікі. Добрых людзей шмат, – спачувальна ўсміхнуўся рэдактар. Твар у яго быў чырвоны і лагодны, як пірог, які толькі што дасталі з печы.
Юля ўсміхнулася ў адказ, а сама падумала, што Мікалай Ігнатавіч, напэўна, ужо прычасціўся з самага ранку са свайго запаветнага сейфа рытуальнымі ста грамамі каньяку ці гарэлкі. На шчасце, на адносінах да калег, гэта адмоўна не адбіваецца.
– Клаўдзія Міхайлаўна для мяне была душэўна блізкім чалавекам. Я нават не ведаю што, але нешта звязвае яе са мною. У мяне ёсць патрэба вывучыць яе лёс, няхай па следчых і судовых матэрыялах. Гэта ж лёс цэлага пакалення людзей, якія перажылі жахі таталітарнага рэжыму.
– Добра, вывучайце, але не забывайце пра свае службовыя абавязкі.
– Газета для мяне – справа святая і першачарговая, – адрапартавала Юля.
– У такім разе выконвайце рэдакцыйнае заданне: сёння а дванаццатай гадзіне адчыняецца новая крама «Разумныя рэчы». Трымайце запрашальны білет, – рэдактар пасунуў да Юлі па стале паперыну.
– Дзякую за давер.
– Чакаю цікавы рэпартаж.
– Будзе зроблена. Да заўтра, – адказала Юля.
Яна вярнулася ў кабінет, узяла дыктафон, паглядзела на гадзіннік. Да адкрыцця крамы заставалася яшчэ цэлая гадзіна. Вырашыла не садзіцца на тралейбус, а прайсціся пешкі, хоць і разумела, што хадзіць па вуліцы з інтэнсіўным транспартным рухам – шкодзіць здароўю. Аднак хутка зразумела, чаму ёй захацелася прайсціся. На вуліцы Маскоўскай таксама зацвілі некалькі каштанаў. Ад летняй гарачыні і шкодных выкідаў лісце апала, тырчала голае вецце, але на асобных галіна распусціліся новыя, восеньскія, кветкі і светла-зялёная кволая лістота. Гэта не было буйнае квітненне, як вясной. Кветкі былі сціплыя, затоеныя, быццам разумелі, што робяць нешта недазволенае, але ўпарта цвілі ў акружэнні сухога лісця і калючых зялёных шарыкаў-пладоў. Гледзячы на гэтае хараство, Юля міжвольна падумала: «Прырода падказвае мне, што нават у самых неспрыяльных умовах трэба выжываць і выконваць сваё прызначэнне…»
Раптам на адной бязлістай галіне, якая навісала над праезджай часткай вуліцы, дзяўчына заўважыла маленькае гняздзечка. Нейкая безразважная птушачка адважылася звіць сабе ўтульную хатку пад рыканне тысяч машын, якія дзень і ноч праносіліся міма. Няўжо ёй удалося вывесці тут птушанят і паставіць іх на крылы? Пра гэта цяпер ніхто не даведаецца. Гняздо было пустое. Аднак можна павучыцца мэтанакіраванасці птушкі, якая закладзена ў інстынктах. На жаль, чалавек, які цалкам падпарадкуецца інстынктам, ператвараецца ў жывёлу, хоць яму дадзены душа, дух, пачуцці, эмоцыі, памяць, розум, якімі ён кіруецца ў жыцці. Варта здрадзіць сваёй сутнасці, і жыццё ператвараецца ў пекла, бо можна падмануць каго заўгодна, толькі не ўласную душу.
Каля крамы сабраўся натоўп цікаўных людзей, якія прагнулі першымі ўвайсці ў памяшканне. Папярэдне рэклама паведаміла, што наведвальнікаў чакаюць нейкія прыемныя сюрпрызы. Сярод некалькіх міліцыянераў, якіх прыслалі сачыць за парадкам, Юля ўбачыла Барыса. Нянавісць і агіда варухнуліся ў яе сэрцы. Не хацелася сустрэцца з ім твар у твар. Яна спынілася каля кіёска і, зводдаль назіраючы за крамаю, пачала чакаць пачатку цырымоніі адкрыцця. Калі на прыступкі выйшлі прадстаўнікі гарадской улады і гандлю, Юля, стараючыся не трапіць на вочы Барысу, улілася ў натоўп, уключыла дыктафон. Разам з людзьмі увайшла ў памяшканне, паназірала, як першаму наведвальніку ўручылі кававарку, прайшлася па гандлёвай зале, з задавальненнем агледзела бытавую тэхніку з выдатным дызайнам. Рэчы прываблівалі зрок, радавалі, здзіўлялі. Нечакана перад ёю ўзнікла постаць Барыса.
– Добры дзень, каханая, – сказаў ён ціха.
Яна нічога не адказала, рэзка павярнулася і пайшла да выхаду. Ён паспрабаваў затрымаць, яна вырвалася з ягоных абдымкаў і кінула пагрозліва:
– Адчапіся, бо ўчыню сварку!
– Паслухай, ты ж мая жонка!
– Ненавіджу цябе! А развод будзе! Не турбуйся. У мяне проста яшчэ рукі не дайшлі, – сказала яна і пабегла да дзвярэй.
Сэрца яе калацілася, усё ў сярэдзіне напялася і дрыжала, быццам гатовае абарвацца. Бадай, гэта не былі ўжо ні нянавісць, ні каханне, а парушаная раўнавага, здабытая ў выніку перажытага невыноснага душэўнага болю і самоты. Хацелася хутчэй даехаць дамоў, застацца адной. Яна спыніла маршрутнае таксі і праз дзесяць хвілін была ўжо дома. Узяла чайнічак, падораны Клаўдзіяй Міхайлаўнай, усыпала жменю заваркі, заліла кіпнем, пачакала пакуль настоіцца, наліла сабе гарбаты, панюхала, пакаштавала і падумала, што ў гаспадыні заварніка напой атрымліваўся больш духмяны.
12
Праз некалькі тыдняў Юлі патэлефанавалі з КДБ і сказалі, што яна атрымала дазвол на тое, каб вывучыць справу Мартынюк Клаўдзіі Міхайлаўны, але папярэдне трэба дамовіцца з супрацоўніцай архіва Антанінай Георгіеўнай Кашырынай пра канкрэтны дзень і час. Гэтая вестка вельмі ўзрадавала журналістку. Яна неадкладна пазваніла супрацоўніцы і ў той жа дзень па абедзе накіравалася ў архіў.
Малады чалавек, які сядзеў на вахце, сам выклікаў па тэлефоне служачую архіва і сказаў Юлі трохі пачакаць. Яна села ў адно з крэслаў, што стаялі каля сцяны, і пачала назіраць, як снуюць туды-сюды па калідоры маладыя мужчыны, падымаюцца і спускаюцца па лесвіцы, адны вітаюцца з вахцёрам за руку як з даўнім знаёмым, іншыя, мінаючы яго, паказваюць пасведчанні. Журналістцы ўсе яны ўяўляліся сакрэтнымі агентамі, якія незаўважна ходзяць па вуліцах, прыслухоўваюцца да гаворак людзей, а потым робяць нейкія высновы пра стан грамадства. Зрэшты, падумала яна, і журналісты займаюцца тым самым: сустракаюцца з людзьмі, робяць свае высновы і пішуць у газету, кожны працуе ў меру сваіх здольнасцей.
Да Юлі падышла невысокая худзенькая дзяўчына з тонкімі рысамі твару, якія бываюць у адухоўленых асоб, ці ў тых, хто перажыў у жыцці вялікую страту, ветліва ўсміхнулася і запрасіла ў пусты пракураны пакой, дзе стаялі стол і два крэслы. Юля агледзела гэта няўтульнае памяшканне і міжвольна падумала, што, напэўна, тут сакрэтныя супрацоўнікі сустракаюцца са сваімі апекунамі і расказваюць пра розныя таямніцы.
Дзяўчына паклала перад журналісткай не вельмі тоўстую папку і сказала:
– Калі ласка, чытайце, але гэтыя дакументы нельга выкарыстоўваць у публікацыях.
Такое папярэджанне трохі збянтэжыла Юлю, аднак, паколькі для яе было зараз самым важным дазнацца пра сапраўдныя факты з жыцця Клаўдзіі Міхайлаўны, яна пайшла на кампраміс:
– Добра, я выкарыстаю іх для напісання мастацкага твора.
Юля раскрыла папку і пачала чытаць следчую справу. Нейкі маёр Макавеяў паведамляў, што ён разгледзеў матэрыялы па антысавецкай дзейнасці Мартынюк Клаўдзіі Міхайлаўны, 1915 года нараджэння, з вёскі Зёльнава Антопальскага раёна, з сялян-сераднякоў, беларускі, адукацыя – чатыры класы, члена ВКП(б), былой сувязной партызанскага атрада імя Кірава, з верасня 1943 да студзеня 1944 – сакратара падпольнага Антопальскага РК ЛКСМБ, партработніка, і знайшоў, што ў ноч на 6 лістапада 1946 года ў райцэнтры, горадзе Антопалі, былі раскіданы і расклеены лістоўкі тэрарыстычнага зместу ў адрас кіраўніцтва партыйных і савецкіх устаноў. У здзяйсненні гэтага акта падазравалася вышэй згаданая Мартынюк і, маючы на ўвазе, што яна можа ўхіліцца ад суда і следства, кіруючыся артыкулам 145 і 158 КПК БССР прынята рашэнне ўзяць яе пад стражу. Ордэр на арышт № 2565 ад 10.10.1946 года выдадзены супрацоўніку таварышу Шубіну для правядзення арышту і вобыску.
Юля была здіўлена і ўражана прачытаным. Што гэта? Сфабрыкаваная справа? І навошта Клаўдзіі Міхайлаўне спатрэбілася пісаць нейкія лістоўкі, калі яна займала важную пасаду ў раёне. Лухта нейкая! Яна паглыбілася ў чытанне справы.
Далей прыводзіўся акт вобыску, дзе ў шаснаццаці пунктах пералічваліся асобныя рэчы арыштаванай, якія зацікавілі супрацоўнікаў органаў бяспекі, у тым ліку былі пашпарт, два медалі «Партызану Айчыннай вайны» і «За перамогу над Германіяй», ордэн Чырвонай зоркі, ордэнская кніжка і грашовыя купоны да яе, пасведчанне аб заканчэнні курсаў партыйных і савецкіх работнікаў, фотаздымкі і лісты, праўда, нічога з гэтых матэрыялаў да справы не было падшыта. Юля спытала ў служачай архіва, дзе могуць быць гэтыя рэчы. Тая ў адказ толькі паціснула худзенькі плячамі і схілілася над нейкай кніжкай. Відаць, ёй не дазваляецца шмат размаўляць з наведвальнікамі ці, можа, характар такі нелюдзімы?
– Як вам працуецца тут, сярод мужчын? – спытала Юля.
– Звычайна.
– Не чапляюцца?
– Яны наіўныя, як дзеці. Няварта іх успрымаць усур’ёз! – дзяўчына ўсміхнулася, махнула рукой. Відаць, яна прыстасавалася да працы тут і даражыла ёю.
– Работнікі такой установы не могуць быць наіўнымі, – заўважыла Юля.
– Усе мы развіваемся аднабакова. Нешта ў нас выдаецца, нешта западае, у нечым мы майстры, у нечым – няздары.
Юля паглыбілася ў чытанне пратаколу допыту, дзе рукою Клаўдзіі Міхайлаўны было напісана паведамленне пра той дзень пятага лістапада 1946 года, калі на яе звалілася вялікае гора: «Я прыйшла дамоў з клуба, куды заходзіла паслухаць радыё. На кватэры, дзе я здымала пакойчык, у гаспадыні былі госці: хлопец і дзяўчына. Я павіталася і пайшла ў свой пакой, дзе пачала чытаць матэрыялы для даклада па працы сярод жанчын. З-за дзвярэй чуўся смех і гаворка. Гэтая гамана мне замінала засяродзіцца на чытанні. Я прыслухалася і пачула наступнае: “Англія і Амерыка хутка заваююць Савецкі Саюз”. Здаецца, гэтыя словы прамовіла дзяўчына, якая гасцявала ў доме гаспадыні. Паколькі працаваць было немагчыма, я вырашыла скарыстаць вольны час для таго, каб памыць бялізну. Узяла вядро, пайшла да калодзежа і раптам убачыла, што на сцяне дома, дзе жыў суддзя таварыш Тараканаў, прылеплена лістоўка. З акна падала святло, я прачытала тэкст контрэвалюцыйнага зместу, сарвала і ўзяла з сабою. Зачарпнула вады, прыйшла дамоў, паказала лістоўку гаспадыні, спытала, хто гэта мог зрабіць, але адказу на гэтае пытанне не атрымала. Калі памыла бялізну, пайшла да таварыша Тараканава, расказала пра лістоўку. Ён узяў паперку і накіраваўся да маёра дзяржбяспекі Войкава, а я вярнулася дамоў. На другі дзень а дзясятай гадзіне я прыйшла на працу ў будынак насупраць РК КП(б). Пабыла 20 хвілін і вырашыла заявіць у органы дзяржбяспекі пра тых гасцей, што ўчора былі ў гаспадыні, зайшла ў райвыканкам да сваёй добрай прыяцелькі Косцікавай і прапанавала ёй прайсціся па горадзе. Гаварылі мы пра масавыя мерапрыемствы, якія рыхтаваліся да свята Кастрычніцкай рэвалюцыі. На зваротным шляху Косцікава падняла чатыры ці пяць лістовак, у якіх былі пагрозы партыйным работнікам у тым ліку і мне. Гэтыя паперкі мы занеслі маёру Войкову».
Далей было запісана пытанне, пастаўленае следчым: «Хто мог выказваць пагрозы ў ваш адрас?» На яго Мартынюк адказала так:
«Асабіста мне ніхто не пагражаў, але мая сястра Надзея, якая жыве ў вёсцы Зёльнава, перадавала выказванне Аліфярук Веры, быццам я стала зусім не нашай дзяўчынай, таму што скончыла савецкую вучэльню і цяпер буду на ўсіх пісаць даносы. Між тым, сама Аліфярук – дачка кулака, у 1942–1943 гадах яна вучылася кравецкай справе ў Антопалі, да яе часта наведваліся паліцаі, адзін з іх – Бортнік – з’ехаў з немцамі. Цяпер яна працуе тэлефаністкаю. Наогул, думаю, што гэтыя лістоўкі магла распаўсюдзіць тая дзяўчына, што прыходзіла да маёй гаспадыні. Ды і сама гаспадыня не раз выказвала сваю незадаволенасць пастаўкамі, якія абавязана была плаціць».
Да пратаколу допыту прыкладаліся лістоўкі, на якіх друкаванымі літарамі было напісана: «Смерць савецкім заправілам – прыгнятальнікам народу», «Смерць камуністам-фашыстам! Смерць здрадніцы Мартынюк».
Юля прачытала цыдулкі, ёй здалося, што гэта правакацыі і яна звярнула да работніцы архіва з абурэннем:
– Паглядзіце, ці ж гэта почырк Мартынюк?
– Следчым і суду відней, я толькі архіўны работнік, – адказала Антаніна.
Юля перагарнула старонку, убачыла пісьмо Клаўдзіі Мартынюк да Сіроціна, прабегла яго вачамі і сказала:
– Вось і Сіроціна яна пераконвае ў сваёй невінаватасці. Гэтыя падзеі ледзь не давялі яе да самагубства.
– Рэдка які злачынец гатовы адразу прызнацца ў здейсненым, – усміхнулася Антаніна. – Спрацоўвае інстынкт самазахавання.
13
Пісьмо Клаўдзіі Мартынюк да Сіроціна:
Іван Самуілавіч!
Вырашыла напісаць вам перадсмяротны ліст. Учора мяне выклікалі ў органы дзяржбяспекі і вельмі доўга дапытвалі. Мне здалося, што мяне падазраюць у распаўсюджванні лістовак. Іван Самуілавіч, якая згубная памылка, які жах! На допыце т. Лыжкін сказаў мне, што органы дзяржбяспекі не падманеш, а ў мяне валасы на галаве падняліся дыбам, значыць, лічаць, што падманваю, кажу няпраўду. Клянуся, Іван Самуілавіч, чысцінёй нашай партыі, нашых правадыроў, што я ў гэтай справе зусім не вінаватая. Я нічога не ведаю. Я вельмі ганарылася сваёй пасадаю, партыйнасцю і самааддана служыла Савецкай уладзе. У час нямецка-фашысцкай акупацыі я з вялікаю рызыкаю для ўласнага жыцця і жыцця маёй сям’і выконвала ўсе даручэнні партызанаў, узначаліла падпольны райкам камсамола, накіроўвала моладзь у партызанскія атрады і цяпер працую, наколькі хапае сілы. Займаюся самаадукацыяй, каб умець выступаць і весці гутаркі з людзьмі. Я даражыла гэтым жыццём. І раптам трапіць пад падазрэнне да сваіх. Інструктар Дробкіна мне сказала, што і ў Расіі было шмат такіх выпадкаў: пакуль знойдуць вінаватага, дык пасадзяць пяць нявінных. Калі мне сказалі, што органы не падманеш, я адразу згадала гэтыя словы, і мяне ахапіў жах за мой далейшы лёс. Я вырашыла скончыць жыццё самагубствам. А як хацелася жыць, працаваць на пяцігодку!
Жадаю Вам, Іван Самуілавіч, поспехаў у працы і жыцці. Асабліва жадаю поспехаў у выкананні Сталінскай пяцігодкі, як бы хацелася ўбачыць СССР у 1950 годзе.
Мне ўсяго трыццаць адзін год, і праз нейкую паскуду (прабачце) я так пакутую і паміраю! Родны Іван Самуілавіч, я ж зусім ні ў чым не вінаватая, нікога не ведаю з ворагаў, ні з кім не маю сувязі. Разумею, што напружанне ў нашым раёне вялікае, банды рабуюць крамы, забіваюць партыйных і савецкіх работнікаў, але ж няўжо Вы можаце ўявіць мяне ў іх шэрагах? Я ж так любіла сваю Радзіму і савецкую ўладу. Спытайце, як я працавала ў падполлі ў т. Хромавай, Шаша, Кедрава.
З глыбокаю павагаю і сардэчным прывітаннем – К. Мартынюк. Мне хочацца, каб вы помнілі мяне. Невінаватая адыходжу з жыцця.
14
З гэтага ліста Юля зразумела, што Клаўдзія Міхайлаўна сапраўды ў той момант стаяла на мяжы самазабойства. Крыўда на бессардэчных людзей за несправядлівае абвінавачванне патрабавала пратэсту. Адзінае, што яна магла зрабіць, знішчыць сябе, каб застацца нямым дакорам сваім катам.
Журналістка ўявіла маладую Клаўдзію, яе страх і сорам перад няпраўдаю, якая раптам абрынулася невыносным цяжарам на яе душу, зрабіла нямоглаю, гатоваю развітацца з жыццём. Ад шчырага спачування Юлі стала цяжка дыхаць, як тады, калі яна стаяла над магілаю сына, быццам яшчэ адну страту перажыла ў жыцці. Але яна перасіліла сябе і перагарнула яшчэ адну старонку, дзе прачытала яшчэ адзін ліст Клаўдзіі Міхайлаўны. Гэта быў адчайны і безнадзейны крык душы:
«Дарагія тата і сястрычка Надзя!
Хачу паведаміць наступнае: мне вінная 300 р. цётка Усціна і ў маёй радыёле схавана 460 р., на ложку ляжаць 2 прасціны і 2 коўдры, астатнія мае рэчы вы ведаеце. Дарагая, адзіная мая сястрычка, насі іх на здароўе. Адрэз на паліто завязі ў Кобрын да Станіславы, няхай пашые табе, будзеш насіць ды мяне згадваць. Туфлі мае табе будуць па назе. Я нікому нічога не вінаватая. Мяне спасцігла вялікае гора – падазраюць у распаўсюджванні антысавецкіх лістовак, таму канчаю жыццё самагубствам.
Родныя мае, гэтая падзея для мяне як гром сярод яснага неба. Я ніколі нікому не зрабіла нічога дрэннага. Толькі вы ведаеце мяне, як я за польскім часам хадзіла слухаць радыё з Масквы. А як мы сустракалі Чырвоную Армію! Я арганізавала дзяўчат нарваць кветак, а сама пашыла два чырвоныя сцягі. А ноччу прыйшлі палякі. Вось было страху!
Вы ж памятаеце, калі ўступіла на нашу зямлю Чырвоная Армія, я проста захварэла ад радасці. А потым з галавою пайшла ў грамадскую работу, працавала ў клубе, бібліятэцы-чытальні, стала камсамолкаю. Разам перажылі мы вайну. З 1941 г. я была партызанскаю сувязною, а ў 1943 г. было столькі працы, што ў мяне ногі пухлі ад таго, што даводзілася шмат хадзіць па раёне для збору разведдадзеных. Помню, зайшла ў в. Худлін. Паклікала да сваёй цёткі падпольшчыцу Марыю Хвясюк. Я ёй даверыла распаўсюдзіць лістоўкі сярод моладзі з першым загадам Сталіна. У гэты самы момант у дом увайшлі мадзяры. Марыя збялела і ледзь не выдала мяне. Пры мне быў пісталет. Калі б абшукалі – смерць. А як збірала звесткі і малявала нямецкія ўмацаванні ў Антопалі, як з Аляксеем Здзітаўскім укралі патроны ў паліцая…
Пасля курсаў мне асабліва добра працавалася, я навучылася выступаць, у верасні і кастрычніку мала была ў Антопалі, ездзіла па раёне, праводзіла сходы. Я была заўсёды пры грашах, задаволеная пасадаю, хораша апранутая, і ганарылася, што працую на адказнай партыйнай працы. Усё гэта адышло беззваротна. Больш мяне няма, вашай дачкі і сястры. Нагаварыў на мяне нейкі каварны вораг, ачарніў нявінную душу. Пагубіла мяне мая наіўнасць, маўчанне і асабліва асяроддзе, у якім я знаходзілася і не адпавядала яму.
Выбіраю смерць, каб не трываць недавер і пагарду. Як хочацца жыць і працаваць! Да курсаў я гэтак не ўмела.
Родныя мае, мілыя, ці адчуваеце вы, як мне зараз цяжка ў прадсмяротны час, балюча, жудасна? Ноч на 7 лістапада не спала, думала пра вас.
Перад смерцю пакідаю вам свой запавет: усімі сіламі падтрымлівайце савецкую ўладу, разлічвайцеся з усімі дзяржпастаўкамі і падаткамі своечасова. Калі будзе створаны калгас, адразу туды ўступайце. Савецкая ўлада моцная. Нікому не кажыце пра прычыну маёй смерці. Што яшчэ вам сказаць? Ужо нагаварылася з вамі досыць. Жадаю вам усяго найлепшага ў вашым жыцці, працы, абдымаю і цалую апошні раз. Шмат не плачце. Пахавайце побач з мамай. Надзеньце на мяне аксамітную сукенку, чорныя панчохі, пакладзіце ў труну шэрую вязаную кофтачку. З глыбокаю павагаю і сардэчнаю любоўю – ваша дачка і сястра Клаўдзія. Прывітанне ўсім родным і знаёмым.
7.11.1946 г.».
15
Юля чытала старонкі лістоў і ўяўляла, што перажыла маладая Клаўдзія Міхайлаўна паўсотні гадоў таму. Ад спачування да гэтай шчырай і светлай жанчыны яна так расхвалявалася, што, здавалася, уласныя няшчасці і страты адышлі ўбок, стаіліся і не нагадвалі пра сябе. Яна ўздыхнула, паглядзела на супрацоўніцу архіва і спытала.
– Колькі ж у вас такіх спраў захоўваецца?
– Шмат, – спакойна адказала Антаніна Георгіеўна.
– Гэта ж у кожнай папцы занатаваны лёс нейкага канкрэтнага чалавека, загублены лёс. Пра гэта трэба пісаць!
– Мала ахвотнікаў да такой працы. За апошнія пяць гадоў, пакуль я тут працую, вы першая.
– Я толькі журналістка. Ці хопіць маіх здольнасцей на тое, каб напісаць мастацкі твор? Дакументальную аповесць, можа, і выцягнула б, але ж гэта, як вы сказалі, забаронена.
– А вы задумваліся, колькі людзей жыло на свеце да нас? Пра кожнага не напішаш, а нейкі абагулены вобраз можна вывесці.
– Абагулены вобраз? Вы лічыце, што можна скласці маё жыццё і ваша? Але я ж нічога пра вас не ведаю.
– Не, пра мяне не трэба. Я нявартая вашага пяра.
– Вы замужам? – раптам спытала Юля.
– Не.
– Чаму?
– Не атрымалася.
– А мы сапраўды падобныя. Я таксама адна, бо і ў мяне не атрымалася, – сказала Юля. – У вас ёсць бацькі?
– Мама памерла пяць гадоў таму. Бацька жывы, пры мне.
– У мяне таксама мама памерла, але даўно. Бацька ажаніўся другі раз. Сапраўды, нешта ў нас ёсць агульнае, але і шмат рознага. Бадай, нас яднае час. Але ў адным і тым жа часе людзі жывуць па-рознаму. Напэўна, у напісанні гістарычага твора галоўнае – адчуць час, ягоны водар і смак.
Супрацоўніца архіва нічога не адказала, зноў схілілася над кніжкаю. Юля перагарнула яшчэ адну старонку, пачала чытаць і не паверыла ўласным вачам. У чарговым пратаколе допыту Клаўдзія Міхайлаўна прызнавалася, што гэта яна напісала лістоўкі.
«Яе прымусілі ўзяць на сябе віну? Чаму яна гэта зрабіла? Ці яна сапраўды напісала ўлёткі?» – пытанні станавіліся ў шэраг, Юля ўчытвалася ў тэкст і шукала на іх адказы. Ёй было неабходна гэта зразумець, каб напісаць праўду пра жанчыну, якая ўвайшла ў яе жыццё і нават пасля смерці працягвала суіснаваць побач, можа, таму, што на гэты час у дзяўчыны не было побач блізкага чалавека. Бацьку яна тэлефанавала гады ў рады, з мачыхаю наогул пазбягала гаворак. Універсітэцкія сяброўкі разляцеліся хто куды, а новых сардэчных таварышак пакуль не знаходзілася.
Хутка ёй трапіліся дакументы, дзе гаварылася, што Клаўдзіі Мартынюк прапанавалі напісаць нейкі тэкст, які пераканаў экспертаў, што лістоўкі напісаны яе рукою. І тады яна пачала прызнавацца, аднак прызнанні гэтыя не былі падобныя на праўду. І зноў у Юлінай галаве раіліся пытанні: «Навошта Клаўдзія Міхайлаўна гэта зрабіла? Чым выкліканы быў такі пратэст, які нікога ні ў чым не пераканаў, а прымусіў яе стаяць на жудаснай мяжы паміж жыццём і смерцю, а пасля пакутаваць доўгія гады, трываць прыніжэнні, пагарду, адчуваць сябе адрынутаю ад грамадства?»
Журналістка ўчытвалася ў сухія пратаколы і даведкі – адказаў не было. Яна страціла адчуванне часу, але супрацоўніца архіва нагадала ёй, што працоўны дзень заканчваецца.
– Зараз? – спытала Юля.
– Пажадана.
– Шкада. Можна я заўтра прыйду з самага ранку?
– Прыходзьце. Калі ласка.
Юля з жалем загарнула папку, не хацелася з ёю развітвацца. Недзе там, магчыма, у самым канцы ляжыць разгадка таямніцы жыцця Клаўдзіі Міхайлаўны, якую яна, верагодна, нікому не раскрывала. Знаёмства з гэтаю следчаю справаю стала карысным для журналісткі яшчэ і тым, што яна ўпершыню ўбачыла, наколькі далёкі можа быць аповед ад сапраўднага дакумента. Дарэчы, і дакумет можа быць сфальсіфікаваны, а сапраўдная сутнасць справы хавацца недзе між радкамі. Трэба ўмець зразумець яе, паспрабаваць ужыцца ў ролю чалавека, які знаходзіцца пад следствам, а потым прадстае перад суддзёй.
16
На другі дзень Юля прачнулася раней звычайнага і адразу адчула ў душы лёгкі неспакой і нецярплівасць, як здараецца перад пэўнаю важнаю і вельмі жаданаю сустрэчаю. Звычайна яна любіла паляжаць у ложку, абдумваючы, што ёй належыць зрабіць за новы дзень. Сёння ж падхапілася адразу і пачала збірацца ў архіў.
Служачую архіва Антаніну Георгіеўну не давялося доўга чакаць, яна прынесла папку з судовай справай Мартынюк хвілін праз пяць, затое пакойчык, дзе Юля магла працаваць, аказаўся заняты. Архівістка трымала папку ў руках, а Юлі не трывалася разгарнуць яе. Адчуваючы нецярплівасць журналісткі, дзяўчына супакоіла яе:
– Яны хутка выйдуць.
– Нічога, я не спяшаюся, – адказала Юля.
Трое мужчын сапраўды хвілін праз колькі вызвалілі пакой. Дзяўчаты ўвайшлі ў памяшканне, дзе вісела воблака цыгарэтнага дыму. Яны адчынілі дзверы, каб трохі праветрыць, бо акно тут не адчынялася. Юля скінула куртку, паклала яе на крэсла, села за стол, нецярпліва разгарнула папку і ў адным з пратаколаў допыту прачытала тлумачэнне Мартынюк наконт прычыны, якою была выклікана патрэба напісаць і расклеіць лістоўкі. Клаўдзія Міхайлаўна зрабіла гэта, каб прымусіць раённае начальства знізіць памеры хлебапаставак. Гэта было смешнае і наіўнае тлумачэнне. Паколькі Мартынюк сама была з ліку раённага начальства, добра ведала, што памеры падаткаў і паставак прыходзяць з рэспубліканскіх органаў улады. Зразумела, што следчыя не паверылі гэтым тлумачэнням, а таму працягвалі шукаць сярод знаёмых Мартынюк тых сведкаў, якія больш ведалі пра яе мінулае. Ці не звязана яна з бандамі, якія хаваюцца ў лясах і выношваюць планы ліквідацыі савецкай улады? Гэтымі сведкамі аказаліся былыя партызаны. З цікавасцю Юля прачытала ўспаміны партызана Кузьмы Буткевіча, які расказваў, што з прыходам немцаў пачаў хавацца ў лесе, бо быў кандыдатам у члены партыі камуністаў. У 1942 годзе ён далучыўся да партызанскага атрада. З Клаўдзіяй адносіны ў яго былі добрыя, аднак здарылася, што ў час акупацыі солтыс забраў у ягонага бацькі жорны і перадаў цётцы Мартынюк Усціне. Пасля вызвалення Буткевіч пайшоў да гэтай жанчыны і запатрабаваў вярнуць маёмасць, аднак у хуткім часе быў выкліканы на бюро райкама партыі, дзе атрымаў вымову.
Гэты выпадак яшчэ раз пацвердзіў Юлі, што Клаўдзія Міхайлаўна была далёка не наіўная дзяўчына, умела адстойваць свае правы і, магчыма, нават маніпуляваць людзьмі. Удалося ж ёй сабраць бюро райкама і схіліць прысутнае начальства на свой бок. Хаця яна і сама была не апошнім чалавекам у тым кагале, узначальвала ідэалагічны аддзел, стаяла на варце справядлівасці і законнасці. А якое дачыненне да яе меў солтыс? Чаму спрыяў яе цётцы? Зрэшты, у солтыса з цёткаю маглі быць свае добрыя адносіны…
Наступны сведка – камандзір партызанскага атрада Карп Шаш падрабязна апавядаў не столькі пра Мартынюк, колькі пра сутычкі з немцамі, пра партызанскія аперацыі. Толькі напрыканцы, быццам успомніў, для чаго яму прапанавалі напісаць гэтае сведчанне, пачаў апавядаць пра дзейнасць Мартынюк, што яна была партызанскай сувязной, пачынаючы з вясны 1942 года, часта наведвала атрад у Грушаўскім лесе, прыносіла звесткі пра акупантаў і спісы тых людзей, якія пайшлі на службу да немцаў. Дарэчы, падкрэсліў партызан, са сваёй вёскі Зёльнава ніводнага чалавека не выдала. Акрамя таго, Мартынюк стварыла падпольную камсамольскую арганізацыю, у 1943 годзе, калі немцы вывозілі моладзь, 50 чалавек хлопцаў прыйшло ў атрад. Аднак, калі паслалі яе дамовіцца з чэхаславакамі, што былі на службе ў немцаў, у яе нічога не атрымалася. Аповед камандзіра атрада абрываўся на незакончаным сказе, напэўна, працяг быў згублены.
Юля вельмі ўзрадавалася, калі знайшла паміж старонкамі папкі маленькі нататнічак, які належаў Клаўдзіі Міхайлаўне і прагна ўпілася вачамі ў радкі, накрэсленыя алоўкам.
«20.12.1943.
Я склала ліст па-польску, які кампраментуе кіраўніка польскай нацыяналістычнай арганізацыі. Сястра паслала пісьмо па пошце ў жандармерыю. Наша правакацыя ўдалася, гестапа арыштавала яго, больш ён кіраваць не будзе».
Юля некалькі разоў перачытала гэты запіс, на яе павеяла магільным холадам, але яна пастаралася апраўдаць Клаўдзію Міхайлаўну. Напэўна, гэта неабходна было зрабіць, каб нейтралізаваць варожа настроеных людзей, падумала яна і прадоўжыла чытанне. З наступных запісаў цяжка было нешта зразумець, хіба толькі настрой аўтаркі.
«9.03.1944.
Выступалі ў брыгадзе ім. Дзяржынскага. Чаму я на той момант не захварэла?
12. 03.1944.
Я ў страшэнным адчаі. Усё гэта прадчувала. Калі яшчэ раз гэта здарыцца, я не вытрымаю, сарвуся.
9.04.1944.
Гэта ўсё трэба выкінуць з галавы назаўсёды. Так і вырашана. Але колькі для сябе ні вырашай, а ўсё роўна…
9.05.1944.
Адбылося бюро ЛКСМБ. Цэлы дзень ішла ў атрад. Сама не разумею, як гэта магло здарыцца, што я заблудзілася ў лесе. 12 гадзін хадзіла па балоце. У атрад прыйшла толькі а першай гадзіне ночы.
13.05.1944.
Сувязных накіравалі ў падпольныя арганізацыі. Ва ўсіх настрой баявы – хутчэй дабіваць нямчуру. Іду ў Антопаль з лістоўкамі».
Прачытаўшы гэты запіс, Юля міжвольна падумала: «Няўжо Клаўдзія Міхайлаўна настолькі была ўпэўненая ў сабе, што занатоўвала такія звесткі? Хаця, магчыма, на той час немцам было ўжо не да падпольшчыкаў. Фронт каціўся на захад». Журналістка працягвала чытаць далей, адчуваючы сябе няёмка з-за таго, што без дазволу чытала чужыя дзённікавыя запісы. Але ўладальніца іх была ўжо ў іншым свеце, а на гэтым свеце заставаліся толькі асобныя звесткі пра яе, і Юля прагнула іх ведаць. Яна прадоўжыла чытанне:
«15.05.1944.
У Антопалі разам з Аляксеем Здзітаўскім раскідалі лістоўкі каля пастарунка. З ім жа накрэслілі план Антопальскага ўмацавання.
18.05.1944.
У падпольшчыкаў дрэнны настрой у сувязі з арыштамі, пагутарыла, пакінула зводкі саўінфармбюро для распаўсюджвання. Абяцалі да трэцяй гадавіны вайны разгарнуць дыверсійную работу.
9.07.1944.
Прайшла гадавіна, а ў маім жыцці ніякіх добрых змен.
Як цяжка мне на свеце жыць,
Калі няма каго любіць.
Няма сябра, няма з кім падзяліцца сваімі радасцямі і трывогамі».
На гэтым запісы абрываліся. Відавочна было, што для маладой Клаўдзіі асабісте жыццё было важней за падпольную працу і поспехі ў камсамольскай дзейнасці. Напэўна, прычынаю няшчасця і стала яе памкненне знайсці сваё каханне ў мужчынскім асяродку. Але яна была ўжо не дзяўчынка, каб закахацца ў першага сустрэчнага партызана, напэўна, выбірала лепшага з лепшых, відавочна, што на гэтым шляху і ўзніклі перашкоды, якія прынеслі тую жыццёвую катастрофу, якую перажыла Клаўдзія Міхайлаўна. Памкненне быць каханаю і самой кахаць пераважала ўсе іншыя жыццёвыя патрэбы, яно клікала і вяло, прымушала засмучацца, жыць надзеяй і чаканнем незвычайнай сустрэчы з тым адзіным, які пройдзе побач з ёю на працягу ўсяго жыцця. Так думала Юля і адчувала, што хутчэй за ўсё яна ніколі не даведаецца пра сапраўдную прычыну, якая штурхнула Мартынюк на адчайны крок – раскідаць і расклеіць лістоўкі, скіраваныя супраць існуючага рэжыму, бо ёсць варункі, пра якія немагчыма сказаць нават самаму блізкаму чалавеку.
«Чаму падчас першай нашай сустрэчы яна пацікавілася маімі адносінамі з начальствам? – спытала ў сябе Юля. – Нешта ж стаіць за гэтым пытаннем. Уласны вопыт ці нейкая няўдача. Шкада, што я тады не працягнула гэтую гаворку…»
17
Непрачытаных старонак у папцы станавілася ўсё меней. Следства рухалася да завяршэння. Па матэрыялах было зразумела, што следчым так і не ўдалося знайсці людзей, якія разам з Мартынюк складалі б нейкую антысавецкую групоўку, таму страцілі да яе цікавасць і перадалі справу ў суд. Толькі на судзе Клаўдзія расказала ўсё, што адбылося з ёю, пэўна, зразумела, калі тут не здолее абараніць сябе, дык ёй ніхто не дапаможа. Яна прагнула жыць, а турма палохала, пагражала нястачаю, голадам і смерцю. Прызнанне Мартынюк на судзе было занатавана, і Юля ўчытвалася ў яго з вялікай зацікаўленасцю, разумеючы, што не памылілася ў сваіх прадчуваннях. У душах жанчын спрадвечна жыве вялікая прага кахаць і быць каханай, якая даецца ад прыроды, для таго, каб не знікаў чалавечы род. Кожнае слова падсуднай сведчыла пра яе жаданне быць шчаслівай у шлюбе, мець побач чалавека, каханага, адзінага:
«Сакратар райкама партыі Іван Самуілавіч Сіроцін быў маім непасрэдным начальнікам. Я пасля вызвалення ад акупантаў ўзначальвала ідэалагічны аддзел. Неяк само сабою атрымалася, што ён пачаў да мяне заляцацца, аднойчы запрасіў да сябе на кватэру і прапанаваў уступіць з ім у сужыццё. Спачатку я не згаджалася, але мне падабалася мая праца, я баялася яе страціць, таму і згадзілася быць з ім у сужыцці пры ўмове, што пра гэта ніхто не будзе ведаць. Аднак раніцай на другі ж дзень, як гэта здарылася, да мяне падышоў Кедраў, сябар Сіроціна, і стаў дакараць, што з ім, маладым і прыгожым, я не згадзілася жыць, а цяпер буду каратаць ночы са стараватым і лысым Сіроціным. Мне нічога не заставалася, яе стрываць гэтую абразу і трымацца Івана Самуілавіча. Пазней да мяне дайшлі чуткі, што Сіроцін сустракаецца яшчэ і з Вандай Вышанскай. Гэта мне было вельмі непрыемна. Ды прывязаць яго да сябе я не магла. Між тым, ужо ўсе ў Антопалі і нават у маёй вёсцы ведалі, што я жыву з Сіроціным. Я была сакратаром райкама, хацела служыць прыкладам для ўсіх дзяўчат, але атрымлівалася наадварот. Распаўсюджваліся плёткі, што я зусім не ўмею працаваць, а мяне трымаюць у райкаме ў якасці палюбоўніцы Сіроціна.
У хуткім часе прыехала жонка Сіроціна, мне гэта было нялёгка перажыць. Выратавалі мяне курсы партыйных і савецкіх работнікаў у Брэсце, куды я атрымала накіраванне на вучобу. Але і там не мела спакою, хоць вучоба была цікавая. Я прывязалася душою да Сіроціна, сумавала па ім. Таму аднойчы напісала яму ліст. Не ведаю, якім чынам, але гэты ліст знайшлі ў Вышанскай. Напэўна, Сіроцін пакінуў яго там у час аднаго са сваіх візітаў, каб не несці дамоў. Калі я вярнулася ў Антопаль, дык тэхнічны сакратар мне сказала, што маё пісьмо, пасля таго, як нехта забіў Вышанскую, трапіла ў органы дзяржбяспекі. Мяне наогул падазравалі ў забойстве Вышанскай, але ж я ў гэты час вучылася ў Брэсце.
Па вяртанні з курсаў мяне прызначылі на новую пасаду: загадвала жаночым аддзелам. Я пазбягала сустрэч з Сіроціным, ды ў кастрычніку ён сам прыйшоў да мяне і стаў напрошвацца ў госці. Дваццаць шостага кастрычніка я атрымала ліст з маім фотаздымкам, які аднойчы ўзяў у мяне Сіроцін. Фотаздымак быў размаляваны, з выкалатымі вачамі. У лісце жонка Сіроціна мяне называла рознымі брыдкімі словамі, зневажала. Я з цяжкасцю перажывала ўсе гэтыя мітрэнгі. У пачатку лістапада да мяне падышоў капітан дзяржбяспекі Гальмак і прапанаваў уступіць у сужыццё з ім, інакш ён хутка са мной расправіцца, маўляў, быў бы чалавек, а артыкул знойдзецца. Ён таксама жанаты. Я не ведала, як сябе абараніць. Галава мая, здавалася, лопне ад напружаных думак. Мне не было дзе схавацца, не было ў каго шукаць абароны. Успомніла, як сувязною распаўсюджвала лістоўкі. І вырашыла выкарыстаць гэты ж спосаб у барацьбе супраць маіх залётнікаў-катаў. Якраз тады бандыты на хутары забілі прадстаўніка міністэрства Шымава. Усё гэта падштурхнула мяне на пэўныя дзеянні: я напісала сем лістовак, а потым расклеіла і раскідала іх у Антопалі.
На папярэднім следстве я дала ілжывыя паказанні, што мая гаспадыня і суседкі вялі антысавецкія размовы. Гэта я зрабіла ад страху перад караю, якая мяне чакала. Страх – самае пачварнае пачуццё, ён забівае асобу. Яшчэ я сказала следчаму, што пісала лістоўкі, каб абараніць тых людзей, якія не ў стане здаць дзяржпастаўкі і заплаціць падаткі. Гэта таксама няпраўда. Сапраўдную прычыну цяпер вы ведаеце».
Юля адсунула папку, утаропілася ў акно. Яна думала пра тое, якая вузкая і стромка сцежка вядзе да шчасця, як цяжка трапіць у свет, дзе людзі любяць адзін аднаго шчыра і адкрыта, не хлусяць, не падманваюць, не гвалцяць, не здзекуюцца з іншых. Ёй не стала лягчэй ад таго, што яна даведалася праўду, з-за якой Клаўдзія Міхайлаўна апынулася ў халодным Бадайбо, наадварот, зрабілася яшчэ цяжэй ад спачування і адчування няўмення супрацьстаяць мужчынскай агрэсіі і вераломству. З боку Мартынюк гэты адчайны ўчынак быў рэваншам за зняверанасць, хлусню і абразу яе годнасці. Зрэшты, невядомая Вышанская таксама загінула з-за кахання і з-за жадання выжыць у жорсткім і несправядлівым свеце.
Юлі прыгадаўся Барыс, які ўвайшоў у яе жыццё як пераможца, а сам… Каханне, як Бог, існуе толькі для тых, хто ў яго верыць. Крыж, пастаўлены на магіле мёртванароджанага сына, перакрэсліў усе тыя светлыя дні і пачуцці (а яны ж былі!), якія яны пражылі з Барысам. Пражылі і выжылі да рэшты.
Яна міжвольна падумала пра вобразы літаратурных гераінь, на якіх выхоўвалася: самотная Сольвейг, што ўсё жыццё чакала свайго каханага, а ён прывалокся да яе нямоглым старым; ці вар’ятка Асоль, што чакала жаніха на караблі з чырвонымі ветразямі. Так, яна дачакалася, але нічога не гаворыцца пра тое, як было Асолі пасля ў бурлівым моры жыцця. Ці не ператварыўся яе прынц у дзікага монстра? Хто напісаў гэтыя творы? Слабыя мужчыны, няўпэўненыя ў сабе, якія прагнулі, каб іх кахалі проста таму, што яны ёсць на гэтым свеце. А хто гэтага не прагне?
Юля зноў схілілася над папкаю. Чытаючы матэрыялы, ёй няцяжка было ўявіць закрыты суд, куды чамусьці не выклікалі ў якасці сведкаў Сіроціна, Кедрава, Гальмака, якія сваімі паводзінамі і стаўленнем да Мартынюк прывялі яе да гэтай жыццёвай і душэўнай катастрофы. У тым грамадстве не існавала такіх законаў, якія б абаранялі годнасць і правы жанчыны. Дзяржава парупілася толькі пра тое, каб пільна абараняць сябе.
Суд перайшоў да спрэчак бакоў. Пракурор прапанаваў вынесці падсуднай за контрэвалюцыйную дзейнасць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 10 гадоў. Адвакат са свайго боку папрасіў улічыць шчырае прызнанне падсуднай сваёй віны, першую судзімасць і прызначыць па магчымасці ніжэйшую меру пакарання.
Потым прагучала апошняе слова падсуднай Мартынюк, у якім яна папрасіла суд улічыць, што вырасла і выхоўвалася пры панскай Польшчы, не мела магчымасці атрымаць адукацыю, толькі з прыходам савецкай улады ўпершыню пабачыла кіно і тэатр. Яна падкрэсліла, што працавала сумленна, выконвала ўсе даручэнні, уступіла ў партыю з вялікім жаданнем працаваць на карысць народа і радзімы.
Пасля абмеркавання і нарады суддзя абвясціў прысуд: «Мартынюк Клаўдзію Міхайлаўну на падставе артыкула 72 п. “а” КК БССР пакараць пазбаўленнем волі тэрмінам на дзесяць гадоў з паражэннем выбарчых праў пасля адбыцця меры пакарання тэрмінам на тры гады. Тэрмін зняволення лічыць з 8 лістапада 1946 г.».