Читать книгу Голад (зборнік) - Кнут Гамсун, Кнут Гамсун - Страница 3

Голад
Раман
Сцэна другая

Оглавление

Прайшло тыдні два, і аднойчы ўвечары я пайшоў з дому.

Я зноў сядзеў на могілках і пісаў артыкул у адну з газет. Я прапрацаваў да дзесяці, надышла цемень, неўзабаве вартаўнік павінен быў зачыніць браму. Мяне даймаў голад, моцны голад. Тых дзесяці крон, на жаль, хапіла ненадоўга: я ўжо не еў два, амаль што тры дні і адчуваў слабасць, мне нават цяжка было вадзіць алоўкам па паперы. У кішэні ў мяне быў зламаны сцізорык і ключы, але не было аніводнай манеткі.

Калі браму могілак зачынілі на замок, мне, вядома, варта было пайсці дадому, але праз неўсвядомлены страх перад сваім жытлом, дзе было цёмна і пуста, перад закінутай майстэрняю бляхара, дзе мне ўрэшце дазволілі мець часовы прытулак, я пацягнуўся куды папала, паўз ратушу, да набярэжнай, і далей, да вакзала, дзе я нарэшце сеў на лаўку.

Чорныя думкі ў гэтай хвілі выветрыліся ў мяне з галавы, я забыўся на ўсе свае нягоды, супакоены відовішчам марской гавані, гэткай ціхамірнай і цудоўнай у вячэрнім прыцемку. Паводле завядзёнкі я хацеў перачытаць тое, што нядаўна напісаў: майму хвораму ўяўленню гэта здавалася найлепшым з маіх твораў. Я дастаў рукапіс з кішэні, паднёс яго да самых вачэй, каб лепш бачыць, і пачаў перачытваць старонку за старонкаю. Урэшце я стаміўся і зноў сунуў паперы ў кішэню. Усё было ціха, мора адлівала перламутравай сінечай, наўкола з месца на месца пераляталі малюпасенькія птушкі. Крыху ўбаку хадзіў паліцыянт, апроч яго не было відаць аніводнае душы, і над усёю гаванню панавала маўчанне.

І вось я зноў перабіраю свае багацці: зламаны сцізорык, ключы, але не знаходжу ніводнага эрэ. Раптам я хапаюся за кішэню і зноў выцягваю паперы. Гэта было неяк машынальна, несвядомы нервовы жэст. Я знаходжу чысты, не спісаны аркушык і – Бог ведае, чаму мне ў галаву прыйшла гэтая думка, – раблю скрутачак, акуратна загінаю краі, каб здавалася, быццам у ім нешта ёсць, і кідаю яго далёка на брук. Апісаўшы паўкола ў паветры, скрутачак падае на зямлю і застаецца нерухома ляжаць.

Голад зрабіўся невыносным. Я глядзеў на белы скрутачак, раздзьмуты, нібы поўны срэбных манет, і мне самому пачынала здавацца, што ён зусім не пусты. Я цешыўся і спрабаваў адгадаць, колькі ж там грошай, – калі дакладна адгадаю, яны будуць мае! Я ўяўляў сабе маленькія, цудоўныя манеткі па дзесяць эрэ на самым дне скрутачка і самавітыя, чаканныя кроны зверху – цэлы скрутак, набіты грашыма! Я ўтаропіўся ў яго, і мне карцела падысці і падняць скрутак.

Раптам я чую кашаль паліцыянта, – і чаму гэта мне тут жа прыходзіць у галаву кашлянуць таксама? Я падымаюся з лаўкі і кашляю: раблю гэта тры разы, каб ён пачуў. Калі ж ён наблізіцца, ён абавязкова кінецца падымаць скрутачак! Я быў усцешаны гэтым прыдуманым жартам, паціраў рукі ад захаплення і лаяўся да самазабыцця. Як жа ён, сабака, ашалее ад здзіўлення! Няхай трапіць у самую апраметную праз сваю зладзейскую выхадку! Ад голаду я нібы захмялеў, нават ладна ап’янеў.

Праз колькі хвілін паліцыянт падыходзіць бліжэй, азіраючыся па баках; жалезныя падкоўкі на яго абцасах грукаюць па бруку. Ён не спяшаецца, у яго цэлая ноч наперадзе, ён заўважае скрутак, толькі падышоўшы зусім блізка. Але нарэшце ён спыняецца і глядзіць на паперку. А скрутак так панадліва бялее на бруку, мабыць, там кругленькая сума, га? Кругленькая сума срэбрам? І ён падымае папяровы скрутачак. Гм! Там нешта лёгкае, вельмі лёгкае. Можа быць, каштоўнае пяро для капелюша… Сваімі вялікімі рукамі ён асцярожна разгортвае скрутак і зазірае ў яго. А я рагачу, рагачу як вар’ят і пляскаю сабе па каленях. Але ніводнага гуку з майго горла не вырываецца: мой смех бязмоўны, ён падобны да прытоенага спазматычнага рыдання…

Зноў чуецца грукат абцасаў па бруку, і паліцыянт ідзе далей па набярэжнай. Я сяджу са слязьмі ўваччу і задыхаюся ад ліхаманкавай весялосці. Потым я пачынаю размаўляць уголас, расказваю самому сабе пра скрутачак, перакрыўляючы беднага паліцыянта, я зазіраю сабе ў пустую жменю, зноў і зноў паўтараю сам сабе: «Ён кашлянуў, калі кінуў скрутачак! Кашлянуў, калі кінуў!» Крыху пазней я дадаю да гэтай фразы яшчэ некалькі вострых слоўцаў, перарабляю яе, і цяпер яна гучыць куды больш дасціпна: «Ён кашлянуў разок – кха-ха!»

Гэтая слоўная гульня мяне знудзіла, яна доўжылася да позняга вечара, і ўрэшце мая весялосць сышла на нішто. Мною авалодаў санлівы спакой, надышла прыемная млосць, і я не супраціўляўся гэтаму. Змрок зрабіўся непраглядным, падзьмуў лёгкі ветрык, і перламутравая роўнядзь мора ўся пайшла рабізною; мачты караблёў выразна вымалёўваліся на фоне неба, а самі іх чорныя постаці былі падобныя на маўклівых натапыраных пачвараў, якія стаіліся і падпільноўвалі мяне. Скруха мая прайшла, яе заглушыў голад – цяпер я адчуваў у сабе прыемную пустэчу, нішто мяне не трывожыла, і я цешыўся са сваёй адзіноты. Я залез на лаўку з нагамі і прылёг – так мне зручней за ўсё было атрымліваць асалоду ад адзіноты. Аніводная хмарка не азмрочвала маю душу, у мяне не было цяжкіх прадчуванняў, і мне здавалася, што спраўдзіліся ўсе мае мары і жаданні. Я ляжаў з расплюшчанымі вачыма, нібы забыўшыся на самога сябе, у думках я знаходзіўся далёка-далёка, і тое было цудоўна.

Па-ранейшаму ніводзін гук не парушаў майго спакою, мяккі змрок хаваў ад маіх вачэй увесь свет, і я пагрузіўся ў глыбокую цішу – адно неспакойны шоргат штылю сваёй аднастайнасцю пачынаў ціснуць мне на вушы. Калі надыдзе ноч, гэтыя цёмныя пачвары паглынуць мяне і панясуць далёка, за мора, у чужыя краіны, дзе ніхто не жыве. Яны прынясуць мяне да замка прынцэсы Юлаялі, дзе мне падрыхтаванае такое хараство, якога яшчэ не бачыў свет. І сама яна будзе сядзець у зіхатлівай зале, дзе ўсё зроблена з аметысту, на троне з залацістых ружаў, і, калі я ўвайду, яна падасць мне руку і гучна вымавіць прывітальныя словы, як толькі я падыду блізка і ўкленчу перад ёю: «Вітаю цябе, рыцар, у маім палацы і ў маіх уладаннях! Я чакала цябе дваццаць гадоў, я клікала цябе ўсе гэтыя светлыя ночы, і калі ты пакутаваў, я плакала, а калі ты спаў, я сваім подыхам насылала на цябе цудоўныя сны!..» І вось прыгажуня бярэ мяне за руку, паказвае дарогу, вядзе доўгімі калідорамі, дзе велізарныя натоўпы крычаць «віват!», цераз светлыя сады, дзе гуляюць і смяюцца тры сотні маладзенькіх дзяўчат, у іншую залу, дзе ўсё зроблена з прамяністага смарагду. Тут усё залітае сонцам, у галерэях і калідорах чуюцца салодкія спевы, на мяне аднекуль павявае пахкімі водарамі. Я трымаю яе руку ў сваёй і адчуваю, як мая кроў запальваецца вар’яцкімі, вядзьмарскімі чарамі, я абдымаю яе, і яна шэпча: «Не тут, хадзем далей!» І мы ўваходзім у пунсовую залу, дзе ўсё выштукавана з рубіну, – я патанаю ў харастве, якое ахоплівае мяне ўсяго… І я адчуваю, як яе рука абдымае мяне, яе дыханне сагравае мяне, і я чую шэпт: «Вітаю цябе, мой каханы! Цалуй мяне! Яшчэ… яшчэ…»

З лаўкі мне відаць зоркі, што ззяюць перад маімі вачыма, і мая думка імкліва нясецца прэч разам з віхураю святла…

Я заснуў, лежачы на лаўцы; праз нейкі час прыйшоў паліцыянт і разбудзіў мяне. Мяне бязлітасна змусілі і далей гібець у жабрацкім жыцці. Першым маім пачуццём было тупаватае здзіўленне, што я апынуўся пад голым небам, але яно хутка змянілася горкай тугой: я гатовы быў плакаць ад прыкрасці, што я ўсё яшчэ жывы. Покуль я спаў, прайшоў дождж, вопратка мая прамокла да ніткі, і я адчуваў золкі холад ва ўсім целе. Змрок зрабіўся яшчэ гусцейшым, і мне з цяжкасцю ўдалося разгледзець твар паліцыянта.

– Та-а-ак! – прамовіў ён. – А цяпер падымайцеся!

Я адразу ўстаў; калі б ён загадаў мне зноў легчы, я таксама б падпарадкаваўся. Я быў прыгнечаны і дашчэнту знясілены, а да таго ж мяне адразу пачаў зноўку мучыць голад.

– Дурны чалавеча, пачакайце! – выгукнуў паліцыянт. – Вы забылі свой капялюш. Та-а-ак, цяпер ідзіце!

– Мне таксама здалося, што я… што я забыўся… – бязладна прашаптаў я. – Дзякуй, дабранач!

І я паклыпаў далей.

Ах, калі б цяпер у мяне быў хоць кавалачак хлеба! Цудоўны кавалачак чорнага хлеба, які можна грызці, блукаючы па вуліцах! І я думаў, што бывае гэткі асабліва смачны чорны хлеб, і добра было б ім пачаставацца. Голад мучыў мяне, мне хацелася памерці, і я проста плакаў ад лішку пачуццяў. Гора маё было бязмежнае. Раптам я спыніўся пасярод вуліцы, затупаў нагамі і пачаў выкрыкваць праклёны. Як ён мяне абазваў? Дурным чалавекам? Ну, то я пакажу гэтаму паліцыянту, як называць мяне дурным! Тут я кінуўся назад. Я ўвесь кіпеў ад злосці. На вуліцы я спатыкнуўся і ўпаў, але не звярнуў на гэта ўвагі, падхапіўся і пабег зноўку. Дабраўшыся да Вакзальнай плошчы, я так стаміўся, што ў мяне ўжо не было сілы бегчы яшчэ і да прыстані, акрамя таго, злосць мая, пакуль я ляцеў, сунялася. Нарэшце я спыніўся і перавёў дух. Хіба мне не ўсё роўна, што там сказаў нейкі паліцыянт? Так, але я ж не збіраўся трываць усё гэта! Ну, вядома, перапыніў я сам сябе. Але што з яго возьмеш!.. І гэта прабачэнне здалося мне дастатковым, я паўтараў пра сябе, што з яго няма чаго ўзяць. І я зноў павярнуў назад.

«Божухна, вось пакаранне, – з горыччу думаў я. – І прыйдзе ж у галаву такое – бегаць, высалапіўшы язык, па мокрых вуліцах у такую цёмную ноч!» Голад нясцерпна мучыў мяне, не даваў мне спакою. Я раз-пораз глытаў сліну, каб хоць трохі яго заглушыць, і гэта быццам дапамагала. Вось ужо шмат тыдняў я недаядаў, і цяпер мае сілы моцна падупалі – я гэта адчуваў. Калі мне так або іначай удавалася здабыць пяць крон, іх хапала ненадоўга, і таму я не паспяваў акрыяць да новага галадавання. Горш за ўсё мне падпарадкоўваліся спіна і плечы; боль у грудзях быў не надта моцны, і я мог суняць яго, як след пракашляўшыся або падаўшыся ўсім целам наперад, а вось спіна і плечы былі для мяне сапраўднай карай Боскаю. Чаму ж гэта лёс такі суровы? Хіба я не маю такога самага права жыць, як той гандляр кнігамі Паша ці параходны агент Хэнехен? Хіба ў мяне не магутныя плечы, хіба я не маю пары дужых рабочых рук, хіба я не гатовы задаволіцца хоць бы месцам дрывасека на Мёлергатэн, каб зарабляць на хлеб штодзённы? Хіба я лайдак? Хіба я не шукаў працы, не слухаў лекцый, не пісаў артыкулаў, не чытаў, не працаваў дзень і ноч як апантаны? Хіба я не ашчаджаў, не сілкаваўся аднымі хлебам і малаком, калі справы мае ішлі ўгару, адным толькі хлебам – калі яны ішлі горш, і не галадаў – калі я заставаўся зусім без сродкаў? Хіба я жыў у гатэлі або ў вялікай кватэры на першым паверсе? Не, я жыў на гарышчы, а потым – у майстэрні бляхара, якую тае зімы зусім закінулі, бо яе замятала снегам. І цяпер я папросту нічога не мог зразумець.

Я ішоў і думаў пра ўсё гэта, і ў душы маёй не было ані ценю крыўды ці нянавісці, зайздрасці або горычы.

Я спыніўся каля крамы, дзе гандлявалі фарбамі, і пачаў разглядаць вітрыну, паспрабаваў прачытаць забаўныя надпісы на зачыненых скрынках, але было занадта цёмна. Гэтае маё новае дзівацтва выклікала ўва мне пачуццё прыкрасці, я ўжо амаль узлаваўся, што не магу даведацца пра змесціва скрынак, стукнуў у вітрыну і пайшоў прэч. Далей на вуліцы я ўбачыў паліцыянта, паскорыў хаду, падышоў да яго блізка-блізка і сказаў ні з пушчы, ні з поля:

– Цяпер роўна дзесяць.

– Не, цяпер дзве гадзіны, – са здзіўленнем запярэчыў ён.

– Не, дзесяць, – настойваў я. – Цяпер роўна дзесяць.   – Я завыў ад злосці, зрабіў яшчэ некалькі крокаў наперад, сціснуў кулак і сказаў: – Паслухайце, я кажу вам, што цяпер   – дзесяць.

Некалькі імгненняў ён спрабаваў нешта ўцяміць, узіраўся ў мяне доўга і пільна. Потым сказаў ціха:

– У кожным выпадку, вам пара дадому. Можа быць, вас праводзіць?

– Не, дзякую. Я крыху заседзеўся ў кавярні. Шчыры вам дзякуй.

Калі я сыходзіў, ён дакрануўся да свайго шлема. Яго паслужлівасць мяне зусім абяззброіла, і я заплакаў ад крыўды, што ў мяне не знайшлося для яго пяці крон. Я спыніўся і доўга праводзіў яго вачыма, я лупіў сябе ў лоб і заліваўся слязьмі, гледзячы яму ўслед. Я праклінаў сябе і сваю беднасць, лаяў сябе апошнімі словамі, выдумляў крыўдныя мянушкі, высільваўся ў пошуках самых грубых лаянкавых слоў і абзываў сябе як толькі мог. Так яно доўжылася мала што не да самага дому. Дайшоўшы да брамы, я ўбачыў, што згубіў ключы.

«Ну вядома ж! – сказаў я сабе з горыччу. – Як мне было не згубіць тых ключоў? Я жыву на двары, дзе ёсць стайня, а наверсе – майстэрня бляхара, брама зачыняецца на ноч, і ніхто, ніхто не можа яе адамкнуць, – як жа мне было не згубіць ключоў? Я прамок, як сабака, згаладаўся, – крыху-крыху згаладаўся, я адчуваў дзіўную слабіну ў каленках – як жа мне было не згубіць ключоў? Чаму ж і напраўду ўсім жыхарам не павыязджаць у Акер, акурат калі мне трэба ўвайсці?..» І я смяяўся, здратаваны голадам і сваёю слабасцю.

Я чуў, як коні на стайні білі капытамі, і бачыў сваё акенца наверсе, але не мог адчыніць браму і ўвайсці. Стомлены і раззлаваны, я вырашыў вярнуцца на прыстань і пашукаць свае ключы.

Зноў пайшоў дождж, і я ўжо адчуваў, як вада сцякае ў мяне па спіне паміж лапаткамі. У ратушы мне раптам прыйшла ў галаву цудоўная думка: я вырашыў звярнуцца да паліцыі з просьбай адчыніць мне браму. Падышоўшы да паліцыянта, я пераканаўча папрасіў яго пайсці са мною і, калі гэта магчыма, адамкнуць замок.

Калі б гэта было магчыма, тады вядома! Але гэта немагчыма: у яго няма адмычак. Адмычкі ёсць адно ў агентаў аддзела крымінальнага вышуку.

– Як жа мне быць?

– Што ж, давядзецца вам заначаваць ў гасцініцы.

– Але я, папраўдзе, не магу начаваць у гасцініцы: у мяне няма грошай. Разумееце, я выйшаў з дому толькі ў кавярню…

Колькі хвілін мы пастаялі на прыступках каля ратушы. Ён думаў пра сітуацыю, разважаў, пазіраючы на мяне. Дождж ліў, як з вядра.

– Вам давядзецца пайсці ў дзяжурную частку і абвясціць, што ў вас няма прытулку, – сказаў ён.

Абвясціць, што ў мяне няма прытулку? Пра гэта я не падумаў. Далібог, выдатная думка! Я пачаў дзякаваць паліцыянту за параду. Значыцца, я магу проста ўвайсці і сказаць, што ў мяне няма прытулку?

– Вядома, можаце!..

– Ваша прозвішча? – запытаўся дзяжурны.

– Танген… Андрэас Танген.

Я сам не ведаў, навошта маню. Думкі бязладна мітусіліся ў мяне ў галаве і міжволі прымушалі ісці на ўсялякія хітрыкі: я імгненна прыдумаў гэтае чужое прозвішча і адразу яго назваў. Я хлусіў без усялякай патрэбы.

– Занятак?

Гэта было ўжо амаль што выкіданнем мяне на брук. Гм! Спачатку я думаў назвацца бляхаром, але не рызыкнуў – бо я назваў сябе прозвішчам, якое мала адпавядала прафесіі бляхара, і, апроч таго, у мяне былі акуляры на носе. Тады я набраўся нахабства, зрабіў крок наперад і сказаў урачыста, цвёрдым голасам:

– Я журналіст.

Дзяжурны здрыгануўся, але занатаваў мае словы, а я важна стаяў перад ім, нібы дзяржаўны радца, які аказаўся без прытулку. Тое, што я прамарудзіў з адказам, не выклікала ў дзяжурнага падазрэнняў. Бо гэта ні на што не падобна: журналіст, які стаіць каля ратушы, без даху над галавою!

– А ў якой газеце вы працуеце, спадар Танген?

– У «Моргенбладэ», – адказаў я. – На жаль, я выйшаў сёння ўвечары з дому…

– Гэта да справы не адносіцца! – перапыніў ён і дадаў з усмешкай: – Калі маладыя людзі адлучаюцца з дому… Гэта мы разумеем. – Ён падняўся і пачціва пакланіўся мне, а потым сказаў нейкаму паліцыянту: – Праводзьце спадара ў рэзервовую камеру. Дабранач.

Ад уласнай дзёрзкасці па спіне ў мяне пабеглі мурашкі, і, сціснуўшы кулакі, я паспрабаваў набрацца духу.

– Газоўка гарыць толькі дзесяць хвілін, – папярэдзіў паліцыянт яшчэ ў дзвярах.

– А потым гасне?

– Ну так, потым гасне.

Я сеў на ложак і чуў, як ключ павярнуўся ў замку. У камеры было светла, яна нават здавалася ўтульнаю; адчуваючы дах над галавою, я з задавальненнем прыслухоўваўся да шуму дажджу. Каб жа заўсёды мець гэткі ўтульны пакойчык   – лепшага я і не хацеў! На душы ў мяне зрабілася куды спакайней. Седзячы на ложку з капелюшом у руцэ і гледзячы на газоўку пры сцяне, я паўтараў сам сабе падрабязнасці гэтага першага свайго сутыкненні з паліцыяй. Напраўду, я ўпершыню сутыкнуўся з імі і да чаго ж спрытна іх абдурыў! Журналіст Танген, праўда ж? З «Моргенбладэ»! Згадаўшы «Моргенбладэ», я пацэліў гэтаму спадару ў самае сэрца! «Гэта да справы не адносіцца!» Ну і што такое? Заседзеўся ў гасцях на Саборнай плошчы да дзвюх ночы, забыў дома ключ і кашалёк з некалькімі тысячамі крон! «Праводзьце спадара ў рэзервовую камеру…»

Ды вось газоўка гасне, гасне адразу, без папярэджання, я сяджу ў поўнай цемры, не бачачы нават сваёй рукі, не бачачы белых муроў камеры, анічога. Застаецца адно – легчы спаць. І я распранаюся.

Але я не мог заснуць: сон не ішоў да мяне. Пэўны час я ляжаў, гледзячы ў цемру – густую, непранікальную, бяздонную і недасяжную. Мая думка не магла яе ахапіць. Змрок быў занадта густы, ён ціснуў на мяне. Я зажмурыўся і стаў напаўголаса напяваць, я круціўся на ложку, каб развеяць цяжкія пачуцці, але ўсё было марна. Змрок паглынаў усе мае думкі і ні на хвілю не адступаўся. А раптам сам я ўвесь растваруся ў гэтай цемры, зліюся з ёю ў адно? Я падскокваю з ложка і пачынаю размахваць рукамі.

Нервовае ўзбуджэнне цалкам авалодала мною, і як я ні намагаўся пазбавіцца ад яго, нічога не дапамагала. І вось я сядзеў, ахоплены вельмі дзіўнымі фантазіямі, заспакойваў сябе, напяваў калыханку, сіліўся сябе ўтаймаваць, увесь спацелы ад гэтых высілкаў. Я пільна ўзіраўся ў змрок, такі глыбокі, якога я ў жыцці не бачыў. У мяне не было аніякага сумневу, што гэта зусім асаблівая цемра, пагрозлівая стыхія, з якою яшчэ ніхто на свеце не сутыкаўся. Мне прыходзілі ў галаву самыя недарэчныя думкі, усё вакол пужала мяне. Вось у сцяне над ложкам невялікая адтуліна, яна забрала маю пільную ўвагу. Гэтая дзірка ад цвіка, думаю я, – знак, пакінуты на сцяне. Я абмацваю адтуліну, дзьму ў яе. Імкнуся вызначыць яе глыбіню. Не, гэта не простая адтуліна, куды там, гэта вельмі хітрая і таямнічая адтуліна – яе варта асцерагацца. Паглынуты гэтай думкаю, ахоплены пякучаю цікаўнасцю і страхам, я нарэшце ўстаў з ложка, знайшоў у кішэні сцізорык і вымераў глыбіню адтуліны, каб пераканацца, што яна не выходзіць у суседнюю камеру.

Потым я зноў прылёг і паспрабаваў заснуць, але замест гэтага зноўку пачаў змагацца з цемраю. Дождж на двары суняўся, і не было чуваць ані гуку. Я доўга прыслухоўваўся і не мог супакоіцца, аж пакуль не пачуў крокаў на вуліцы   – па ўсім відаць, гэта прайшоў паліцыянт. Пасля я пачаў пстрыкаць пальцамі і смяяцца. Ха-ха! Чорт пабірай! У галаву мне прыйшло новае, небывалае слова. Я прыўздымаюся на ложку і кажу: «кубоа», – такога слова няма ў мове, я сам яго прыдумаў. Як і кожнае слова, яно складаецца з літар… мілы Божа!.. ага, чалавеча, ты стварыў слова… «кубоа»… яно мае вялікае значэнне для граматыкі.

Гэтае слова выразна паўставала перад маімі вачыма ў змроку.

Цяпер я сяджу на ложку, шырока расплюшчыўшы вочы, дзіўлюся сваёй знаходцы і смяюся ад радасці. Я кажу шэптам: мяне ж могуць падслухаць, а я хачу захаваць сваё вынаходніцтва ў таямніцы. Ад голаду мною авалодала трыумфальнае вар’яцтва: боль ужо не меў улады нада мною, думкі зусім парасцугляліся. Я пачынаю разважаць над значэннем новага слова; думкі дзівосна паскакалі наперад.... Не, яно зусім не значыць «Бог» або «Тывалі», і з якой нагоды яно павінна абазначаць «звярынец»? Сашчапіўшы пальцы ў кулакі, я паўтараю: «З якой нагоды яно павінна абазначаць звярынец?» Калі ўдумацца, яно не можа значыць «вісячы замок» або «ўзыход сонца». Але сэнс яго выявіць не так ужо складана. Я пачакаю, гэта справа часу. А пакуль можна паспаць.

Я ляжу на ложку і ўсміхаюся моўчкі, нічога не кажучы ані «за», ані «супраць». Але праз некалькі хвілін я пачынаю хвалявацца: новае слова не дае мне спакою, яно раз-пораз вяртаецца і нарэшце цалкам авалодвае маімі думкамі, праз што я раблюся вельмі сур’ёзны. Я ўжо цвёрда вырашыў, чаго яно не павінна абазначаць, але не вызначыў, што ж яно ўсё-такі значыць. «Гэта неістотнае пытанне!»  – гучна кажу я сабе, ушчаперваюся сам сабе ў руку і паўтараю, што гэта  – неістотнае пытанне. Слова, з Божай дапамогаю, знойдзенае, і гэта – галоўнае. Але думка пра тое, што яно можа значыць, не пакідае мяне, перашкаджае заснуць: перад гэткім выключным словам я бяззбройны. Нарэшце я зноў сядаю на ложак, сціскаю абедзвюма рукамі галаву і кажу: «Не, напэўна ж немагчыма, каб яно значыла «эміграцыя» або «тытунёвая фабрыка»! Калі б яно магло значыць што-небудзь такога кшталту, я даўно б ужо спыніўся на гэтым і зрабіў бы адпаведныя высновы. Не, гэтае слова папраўдзе народжанае для абазначэння чагосьці духоўнага: пачуцця, душэўнага стану… як жа я да гэтага часу таго не зразумеў? Я капаюся ў памяці, шукаю якое-небудзь духоўнае паняцце, і раптам мне здаецца, быццам я чую нечы голас, быццам нехта ўмешваецца ў мае развагі, і я кажу злосна: «Гэта яшчэ што такое? Вось ідыёт, якіх свет не бачыў! Як жа яно можа значыць «прадзіва»? Да д’ябла!» З якой такой нагоды мне пагаджацца, што яно значыць «прадзіва», калі я з самага пачатку быў супраць гэтага? Бо слова прыдумаў я, і я маю поўнае права надаць яму той сэнс, які пажадаю. А я, здаецца, яшчэ не выказаў свайго меркавання…

Але думкі мае рабіліся ўсё больш бязладнымі. Нарэшце я саскочыў з ложка і стаў шукаць водаправодны кран. Піць мне не хацелася, але галава была гарачаю, і мяне цягнула да вады. Напіўшыся, я зноў лёг і вырашыў так ці гэтак, але заснуць. Заплюшчыўшы вочы, я прымусіў сябе супакоіцца. Пасля гэтага я праляжаў некалькі хвілін, не зварухнуўшыся. Я заліваўся потам і адчуваў у сваіх жылах шалёныя штуршкі крыві. Не, падумаць толькі, як выдатна гэта атрымалася, што ён стаў шукаць грошы ў тым папяровым скрутку! Ён кашлянуў разок. Пэўна, што ён да гэтага часу там блукае? Сядзіць на маёй лаўцы?.. Перламутравая сінеча… Караблі…

Я расплюшчыў вочы. Якая была карысць заплюшчваць іх, раз я не мог заснуць! Усё той жа змрок атачаў мяне, усё тая ж бяздонная чорная вечнасць, праз якую не магла прабіцца мая думка. З чым бы яго параўнаць? Я зрабіў адчайнае намаганне, каб вышукаць самае чорнае слова для абазначэння гэтага змроку, гэткае жахліва чорнае слова, каб мой рот пачарнеў, прамаўляючы яго. Божа мой, як жа цёмна! І я зноў пачынаю думаць пра гавані, пра караблі, пра чорных пачвар, што пільнуюць мяне. Яны хацелі прывабіць мяне, схапіць і звезці за моры і землі, у чорныя, нікім не бачаныя краіны. Мне здаецца, быццам я на караблі; вось я паплыў у моры, узняўся да аблокаў і падаю, падаю… Я выдаю роспачны крык і сціскаю рукамі край ложка: гэта быў небяспечны палёт, я са свістам ляцеў долу, не раўнуючы як той мех з камянямі. І калі рукі мае адчулі цвёрды бераг ложка, я зусім не адчуў, што я ўратаваны. «Вось яна, смерць, – сказаў я сам сабе. – Цяпер ты памрэш!» Пэўны час я разважаў пра сваю непазбежную смерць. Потым прыўзняўся на ложку і сурова спытаў: «А хто сказаў, што ты павінен памерці?» Раз я сам прыдумаў слова, то маю поўнае права вырашыць, што яно павінна значыць… Я чуў свой голас, чуў свае ўласныя фантазіі. Гэта было вар’яцтва, трызненне, спароджанае слабасцю і выпетранасцю, але я не страціў прытомнасці. І раптам мяне скаланула думка, што я звар’яцеў. Ахоплены страхам, я саскочыў з ложка. Хістаючыся, пайшоў да дзвярэй, паспрабаваў іх адчыніць, некалькі разоў стукнуўся аб іх усім целам, каб выбіць, потым уткнуўся лбом у сцяну, гучна застагнаў, кусаючы сабе пальцы; я плакаў, мармытаў праклёны…

Усё было ціха, адно мой голас кідаўся сюды-туды ў камеры, бяссільны пераадолець тоўстыя муры. Усё, ногі больш не трымаюць мяне, і я падаю на падлогу. Высока над сабою я ўжо цьмяна бачу ў сцяне шэры квадрат, ён набывае белаватае адценне, і ўва мне ўспыхвае прадчуванне: гэта ж дзённае святло. Ах, з якою палёгкаю я тады ўздыхнуў! Я распасцёрся на падлозе і плакаў, радуючыся пробліску святла, гэта былі слёзы ўдзячнасці, я пасылаў з акна паветраныя пацалункі і паводзіў сябе як вар’ят. Але і ў гэтай хвілі я разумеў, што раблю. Уся мая прыгнечанасць адразу знікла, роспач і боль прайшлі, мне нічога больш не было трэба, я не мог згадаць аніводнага няспраўджанага жадання. Я сеў на падлогу, скрыжаваўшы на грудзях рукі, і цярпліва чакаў надыходу дня.

«Якая жахлівая была ноч! Дзіўна, што ніхто не пачуў галасу», – са здзіўленнем думаў я. Але ж я быў у рэзервовай камеры, размешчанай нашмат вышэй за ўсе астатнія. Беспрытульны дзяржаўны радца, калі можна так сказаць. Цяпер у мяне быў выдатны, нічым не азмрочаны настрой, я пільна ўглядаўся ў акно, за якім усё мацней бралася на дзень, і забаўляўся, уяўляючы, нібыта я важная асоба, я называў сябе фон Тангенам і намагаўся выказвацца так, як належыць высокаму чыноўніку. Фантазія мая па-ранейшаму працавала, але я стаў нашмат спакайнейшым. Праклятая безуважлівасць: праз яе я забыўся дома мой кашалёк. Ці не зробіць мне спадар дзяржаўны радца вялікі гонар, ці не дазволіць ён прапанаваць яму ложак? З надзвычайнай важнасцю, вельмі цырымонна, я падышоў да ложка і лёг.

Зрабілася ўжо гэтак светла, што я мог выразна бачыць сцены камеры, а праз пэўны час разгледзеў на дзвярах цяжкую клямку. Гэта супакойвала мяне: аднастайны змрок, такі раздражняльна шчыльны, што я не бачыў самога сябе, рассыпаўся, кроў у маіх жылах цякла павольней, і неўзабаве я адчуў, як у мяне зліпаюцца павекі.

Мяне разбудзіў стук у дзверы. Я ўскочыў і хуценька апрануўся; мая вопратка яшчэ не высахла з учорашняга вечара.

– Калі ласка, уніз, да дзяжурнага, – сказаў паліцыянт.

«Значыць, мяне зноў чакаюць усякія фармальнасці!» – з жахам падумаў я.

Я спусціўся ўніз, у вялікі пакой, дзе сядзелі трыццаць або сорак бяздомных людзей. Паводле запісу ў пратаколе іх па чарзе выклікалі і давалі ім талоны на абед. Дзяжурны, які стаяў побач з паліцыянтам, раз-пораз пытаўся ў яго:

– Талон выдадзены? Не забывайце выдаваць талоны. Бо яны, як відаць, галодныя.

Я глядзеў на ўсе гэтыя талоны і марыў таксама займець адзін.

– Андрэас Танген, журналіст!

Я выйшаў наперад і пакланіўся.

– Паслухайце, а вы якім чынам сюды трапілі?

Я растлумачыў, як яно ўсё было, расказаў тую ж гісторыю, што і ўчора, я хлусіў, не павёўшы вокам, хлусіў цалкам шчыра: заседзеўся ў кавярні, згубіў ключ…

– Ах, так, – сказаў ён і ўсміхнуўся. – Вунь яно што! Ці добра вам удалося ў нас выспацца?

– Як дзяржаўнаму радцу, – адказаў я. – Як дзяржаўнаму радцу!

– Вельмі рады! – сказаў ён, устаючы. – Да пабачэння!

Я пайшоў.

Каб жа і мне, каб жа і мне талончык! Я не еў доўгія тры дні і тры ночы! Хоць бы адзін кавалачак хлеба! Але ніхто не прапанаваў мне талона, а папрасіць я не наважыўся. Гэта адразу выклікала б падазрэнне. Яны б пачалі капацца ў маіх асабістых справах і шукаць, хто я такі ў сапраўднасці, і арыштавалі б мяне за фальшывыя паказанні. Высока падняўшы галаву і засунуўшы рукі ў кішэні, я выйшаў з ратушы ганарліва, нібы мільянер.

Сонца ўжо ладна пачынала прыграваць, была дзясятая, плошчу запоўнілі экіпажы і пешаходы. Куды пайсці? Я пляскаю сабе па кішэнях, намацваю свой рукапіс:

– Аб адзінаццатай паспрабую зазірнуць да рэдактара.

Стоячы каля балюстрады, я назіраю, як пада мною віруе жыццё, а ад маёй вопраткі ідзе пара. Голад зноў прачнуўся ўва мне: ён болем сціскае грудзі, прабягае сутаргамі па целе, слаба, але адчувальна прабірае мяне. Няўжо мне не знайсці ніводнага прыяцеля ці знаёмага, – нікога, да каго б я мог звярнуцца? Я капаюся ў памяці, намагаюся прыдумаць, хто даў бы мне дзесяць эрэ, але такога чалавека не знаходжу. А дзень такі цудоўны! Вакол столькі цяпла і святла, неба пяшчотна расплылося над галавою, нібы тое мора над горнаю градою…

Незаўважна для сябе я пайшоў дахаты.

Я быў вельмі галодны і, падабраўшы з зямлі трэску, пачаў жаваць яе. Гэта дапамагло. Чаму я не падумаў пра гэта раней!

Брама была адчыненая, конюх, як звычайна, пажадаў мяне добрага дня.

– А і пагода ж сёння! – сказаў ён.

– І праўда, – адказаў я.

І больш я не знайшоўся, што сказаць. Ці папрасіць у яго якія пяць крон? Ён ахвотна дасць, калі толькі ў яго ёсць. Да таго ж я аднаго разу напісаў на яго просьбу ліст.

Ён стаяў, відавочна маючы намер нешта сказаць.

– Сёння і праўда пагодна. Гм… А мне таксама сёння плаціць гаспадыні, то не ці будзеце вы ласкавы пазычыць мне пяць крон? Толькі на некалькі дзён. Вы ж адзін раз ужо выручалі мяне.

– Напраўду, ніяк не магу, Енс Улай, – сказаў я. – Цяпер у мяне ў самога няма. Можа быць, пазней, увечары…

І я пацягнуўся сходамі да сябе.

Я кінуўся на ложак і рассмяяўся. Якое шчасце, што ён мяне апярэдзіў! Мой гонар уратаваны. Пяць крон – Бог з табою, шаноўны! З такім жа поспехам ты мог бы папрасіць у мяне пяць акцый грамадскай сталоўкі або загарадную вілу ў Акеры.

Думаючы пра гэтыя пяць крон, я смяяўся ўсё гучней і гучней. Ну хіба ж я не малайчына? Пяць крон! Знайшоў адпаведнага чалавека! Я не мог даць рады сваёй весялосці: яна захапіла мяне ўсяго. Цьху, чорт пабірай, як пахне ядою! Пах гарачага з самага абеду, цьху! Я адчыняю акно, каб выветрыўся гэты агідны пах. Пане кельнер, палову біфштэксу! Звяртаючыся да стала, да свайго стала, які я, пішучы, падтрымліваў каленямі, я кажу з нізкім паклонам:

– Ці не магу я ў вас спытацца наконт келіха віна? Не? Я Танген, дзяржаўны радца Танген. На жаль, я крыху заседзеўся… і згубіў ключ ад брамы…

І думкі мае, вырваўшыся на волю, зноў панесліся, як вар’яцкія. Я разумеў, што кажу абы-што, і ўважліва прыслухоўваўся да сваіх слоў. Я сказаў сабе: «Вось ты зноў вядзеш гаворку не ў склад і не ў лад!» І ўсё ж я нічога не мог з сабою зрабіць. Я не спаў і ўсё ж размаўляў, як у сне. Галава мая была лёгкая, я не адчуваў ані болю, ані цяжкасці, і ніводнае воблачка не азмрочвала мне душу. Я плыў па волі стыхіі.

Заходзьце! То заходзьце ж! Як бачыце, тут усё зроблена з рубіну. Юлаялі, Юлаялі! Прыгожая, дзівосная шаўковая тахта! Як бурна яна дыхае! Цалуй мяне, мой каханы! Яшчэ! Яшчэ! Твае рукі залацістыя, як бурштын, твае вусны палыхаюць… Кельнер, я замовіў біфштэкс…

Сонца свяціла ў акно, я чуў, як коні ўнізе жвякалі аўсом. А я грыз сваю трэску і цешыўся ад душы, як тое дзіця. Раз-пораз я абмацваў свой рукапіс, я ні разу не падумаў пра яго, але нешта падказвала мне, што ён тут: мая кроў нагадвала пра яго.

Ён сур’ёзна падмок, я разгарнуў яго і паклаў на сонца. Потым пачаў хадзіць узад-уперад па пакоі. Якое ж было гнятлівае відовішча вакол мяне! На падлозе і там, і тут дробныя растаптаныя абрэзкі бляхі, і няма ніводнага крэсла, ніводнага цвіка на голых сценах. Усе адпраўленае ў ламбард «да дзядзькі», усё праедзенае. Колькі аркушаў паперы на стале, пад тоўстым пластом пылу, складалі ўсю маю маёмасць, старую, зялёную коўдру на ложку мне пазычыў Ханс Паўлі шмат тыдняў таму. Ханс Паўлі! Я пстрыкаю пальцамі. Ханс Паўлі Петэрсэн дапаможа мне! І я намагаюся ўспомніць яго адрас. Як гэта я мог забыцца пра Ханса Паўлі! Ён, вядома, вельмі пакрыўдзіцца, што я не адразу звярнуўся да яго. Я хутка насоўваю капялюш, збіраю спісаныя аркушы паперы і збягаю ўніз па сходах.

– Паслухайце, Енс Улай, – крыкнуў я ў дзверы стайні. – Я цвёрда ўпэўнены, што ўвечары здолею вам дапамагчы!

Падышоўшы да ратушы, я бачу, што ўжо колькі хвілін на дванаццатую, і вырашаю тут жа адправіцца ў рэдакцыю. Перад рэдакцыйнымі дзвярыма я спыняюся, каб спраўдзіць, ці ў парадку складзеныя старонкі рукапісу. Я старанна разгладжваю іх, ізноў кладу ў кішэню і стукаюся ў дзверы. Увайшоўшы, я чую, як б’ецца маё сэрца.

Чалавек-нажніцы, як звычайна, быў заняты сваёю справай. Я нясмела спытаўся пра рэдактара. Ён не адказаў. Усё сядзеў ды вышукваў дробныя навіны ў іншагародніх газетах.

Я паўтарыў сваё пытанне, падышоўшы бліжэй.

– Рэдактар яшчэ не прыходзіў, – нарэшце адказваюць Нажніцы, нават не зірнуўшы на мяне.

– А калі ён прыйдзе?

– Я не магу сказаць, абсалютна не ведаю.

– Да якога часу адчыненая рэдакцыя?

Я не атрымаў аніякага адказу і вымушаны быў сысці. Чалавек-нажніцы падчас нашай размовы ні разу не паглядзеў мне ў твар: ён пазнаў мяне з голасу. «На якім жа ты тут кепскім рахунку, – падумаў я, – раз табе нават адказаць не хочуць. Няўжо гэтак распарадзіўся рэдактар?» Што праўда, пасля свайго знакамітага нарыса за дзесяць крон я засыпаў яго артыкуламі, бегаў да яго ледзьве не кожны дзень, прыносіў непрыдатную прадукцыю, якую яму даводзілася чытаць, а потым вяртаць назад. Мабыць, ён вырашыў пакласці гэтаму канец і зрабіў свае захады… Я пайшоў у бок цэнтра горада.

Ханс Паўлі Петэрсэн, студэнт з сялян, жыў на гарышчы пяціпавярховага дома – то значыць, Ханс Паўлі Петэрсэн быў бедным чалавекам. Але калі ў яго знойдзецца крона, ён не пашкадуе яе. Я магу быць упэўнены, што яна ўжо ў мяне ў руцэ. Ідучы да яго, я не пераставаў радавацца гэтай кроне і быў перакананы, што атрымаю яе. Дзверы ў пад’езд былі зачыненыя, давялося патэлефанаваць.

– Я хацеў бы бачыць студэнта Петэрсэна, – прамовіў я і паспрабаваў увайсці. – Я ведаю, дзе ён жыве.

– Студэнта Петэрсэна? – паўтарыла пакаёўка. – Таго, што жыў на гарышчы? Дык ён адсюль пераехаў.

Яна не ведала, куды менавіта, аднак ён прасіў перасылаць лісты да Хермансэна на Тульбудгатэн – яна назвала нумар дома.

Абнадзеены, я адпраўляюся на Тульбудгатэн на адрас Ханса Паўлі. Больш мне няма на што разлічваць, даводзіцца чапляцца за апошні шанец. Я прайшоў паўз новабудоўлю, дзе цесляры габлявалі дошкі. Я выбраў з кучы дзве чыстыя габлюшкі, запхнуў адну ў рот, а другую схаваў у кішэню, пра запас, і пайшоў далей. Я проста стагнаў ад голаду. У вітрыне пякарні я ўбачыў хлеб незвычайнай велічыні, коштам дзесяць эрэ, самы вялікі хлеб, які можна купіць за гэтыя грошы…

– Я хацеў бы даведацца наконт адраса студэнта Петэрсэна.

– Вуліца Бернта Анкера, дом дзесяць, на гарышчы… Вы ідзяце туды? У такім разе ці не прыхопіце для яго вось гэтыя лісты?

І я адпраўляюся ў горад той жа дарогаю, якою прыйшоў, зноў праходжу паўз цесляроў, якія цяпер сядзяць, паставіўшы кацялкі на калені, і ядуць смачны, гарачы абед, паўз пякарню, дзе ў вітрыне ўсё гэтак жа ляжыць хлеб, і калі нарэшце дабіраюся да вуліцы Бернта Анкера, то ледзьве не падаю ад знямогі. Дзверы не зачыненыя, і я доўгімі стромымі сходамі ўзбіраюся на гарышча. Я выцягваю лісты з кішэні, каб, увайшоўшы, адразу парадаваць Ханса Паўлі. Ён, вядома, не адмовіцца працягнуць мне руку дапамогі, калі я раскажу яму пра ўсе акалічнасці… вядома ж, не – у Ханса Паўлі спагадлівае сэрца, я заўсёды так меркаваў…

На дзвярах была прышпіленая цыдулка: «Х.-П. Петэрсэн, студ. багаслоўя, з’ехаў на радзіму».

Я сядаю, проста валюся на голую падлогу, не ў змозе паварушыцца ад стомы, дарэшты выпетраны. Я механічна паўтараю некалькі разоў: «Паехаў на радзіму! З’ехаў на радзіму!» Пасля я нейкі час проста маўчу. Вочы ў мяне сухія, ніякіх думак у галаве, ніякіх пачуццяў ува мне больш няма. Я са здзіўленнем разглядаю лісты і сяджу нерухома. Праходзіць дзесяць хвілін, а можа быць, усе дваццаць  – ці нават і болей,  – а я ўсё сяджу на месцы, ні разу нават не варухнуўшыся. Гэтае тупое здранцвенне падобнае да сну. Раптам я чую крокі на сходах, падымаюся з месца і кажу:

– Тут жыў студэнт Петэрсэн, я прынёс яму два лісты.

– Ён паехаў, – адказвае жанчына. – Але ён вернецца пасля вакацый. А лісты, калі хочаце, можаце аддаць мне.

– Дзякуй, вы вельмі ласкавыя, – сказаў я. – Тады ён возьме іх у вас, як толькі вернецца. Бо лісты, напэўна, вельмі важныя. Да пабачэння.

Выйшаўшы з дому, я спыніўся пасярод вуліцы і, сціснуўшы кулакі, вымавіў гучна:

– Вось што я табе скажу, міласэрны Божа: цяпер я ведаю, хто ты ёсць! – І ў шаленстве сціснуўшы зубы, я пагразіў небу кулаком. – Трасца мне ў бок, калі я гэтага не ведаю!

Прайшоўшы яшчэ колькі крокаў, я зноў спыняюся. Раптам, перамяніўшы тон, я пакорліва складаю рукі, схіляю галаву і лагодным, ялейным голасам пытаюся:

– А ці маліў ты Яго, сыне мой?

Гэта прагучала фальшыва.

– Яго – з вялікай літары, – працягваў я. – З літары «Я», велізарнай, як званіца. Я пытаюся зноў: ці прасіў ты Яго, сыне мой? – І, панурыўшы галаву, я адказваю з засмучэннем:   – Не!

І гэта таксама прагучала фальшыва.

Ты не ўмееш крывадушнічаць, дурань! Ты павінен быў сказаць: «Я і праўда благаў, звяртаючыся да Госпада майго!» І ты павінен бы вымавіць гэтыя словы жаласліва, як можна больш жаласліва. Ну-тка, яшчэ разок! Вось цяпер ужо лепей. Але пры гэтым трэба ўздыхаць, уздыхаць цяжка, як даведзены да канвульсіяў конь. Вось так!

Я іду і павучаю сябе, а калі гэта мне надакучвае, пачынаю злосна тупаць нагамі і абзываць сябе пнём, на здзіўленне прахожым, якія абарочваюцца і глядзяць на мяне.

Увесь гэты час я жаваў габлюшку і шыбаваў па вуліцы. Я нават не заўважыў, як апынуўся на Вакзальнай плошчы. Гадзіннік на царкве Збаўцы паказваў палову на другую. Я пастаяў трохі ў роздуме. На ілбе ў мяне выступіў пот – ён пачаў проста заліваць мне вочы.

– А ці не пайсці табе на прыстань? – сказаў я сам сабе. – Зразумела, калі ў цябе ёсць час.

Я пакланіўся самому сабе і пайшоў на прыстань.

Караблі стаялі на рэйдзе, мора крыху зыбілася, бліскаючы пад сонцам. Тут панавала ажыўленне, чуліся параходныя свісткі, гойсалі грузчыкі са скрынямі на спінах, з баржаў даносіліся вясёлыя песні. Непадалёк ад мяне нейкая жанчына гандлявала піражкамі: яна сядзела, схіліўшыся сваім загарэлым носам над таварам… столік перад ёю завалены прысмакамі, і я пагардліва адварочваюся. Праз яе ўся прыстань смярдзіць ежаю: цьху, выветрыце набярэжную! Я звяртаюся да мужчыны, які сядзіць побач са мною, і пераканаўча даводжу яму, як недарэчна гандляваць піражкамі дзе трэба і не трэба… Вы не згодны? Добра, аднак жа вы не будзеце спрачацца, што… Але мужчына адчуў нядобрае, ён не даў мне дагаварыць да канца, падняўся і пайшоў. Я таксама ўстаў і пайшоў за ім, цвёрда вырашыўшы даказаць яму, што ён памыляецца.

– Гэта недапушчальна таксама і з санітарнага гледзішча,  – сказаў я, паляпаўшы яго па плячы.

– Прабачце, я прыезджы і нічога не разумею ў санітарыі,   – сказаў ён, гледзячы на мяне са страхам.

– Ну, калі вы прыезджы, тады справа іншая… Ці не магу я быць вам карысным? Ці не паказаць вам горад? Не? Я з задавальненнем зрабіў бы гэта без усялякай узнагароды…

Але ён відавочна хацеў пазбавіцца ад мяне і хутка перайшоў на другі бок вуліцы.

Я вярнуўся да сваёй лаўкі і зноўку сеў. Я быў вельмі засмучаны, і катрынка, што гучна зайграла воддаль, яшчэ больш усхвалявала мяне. Раз-пораз парыпваючы, яна выдавала нейкія фрагменты з Вебера, і пад гэты акампанемент маленькая дзяўчынка спявала сумную песеньку… І вось надрыўна-пісклявыя гукі катрынкі праймаюць мяне, нервы мае дрыжаць, нібы струны, дакладна наследуючы гэтым гукам, і я ўжо ціхенька напяваю нешта жаласлівае, адкінуўшыся на спінку лаўкі. Якіх толькі адчуванняў не мае галодны чалавек! Я ўсведамляю, як гэтыя гукі авалодваюць мною, я раствараюся ў іх, расцякаюся патокам, выразна сабе ўяўляю, як я ўзношуся патокам увысь, вось ужо ўзнёсся высока над гарамі, нібы кружачыся ў танцы над прамяністымі далячынямі…

– Падайце эрэ! – кажа дзяўчынка, якая спявала пад катрынку, і працягвае металічную талерачку. – Толькі адзін эрэ!

– Зараз, – машынальна адказваю я і, ускочыўшы, абшукваю кішэні.

Але дзяўчынка думае, што я проста смяюся з яе, і сыходзіць, не сказаўшы больш ні слова. Гэтай бязмоўнай пакорлівасці я не ў змозе стрываць: калі б яна аблаяла мяне, мне было б нашмат лягчэй. Мне стала балюча, і я паклікаў яе:

– У мяне няма ніводнага эрэ, але я пра цябе хутка згадаю, быць можа, заўтра ж. Як цябе завуць? Якое прыгожае імя, я яго не забуду. Ну, то да заўтра…

Але я выдатна разумеў, што яна не паверыла мне, хоць і прамаўчала, і я плакаў ад роспачы, што гэтая маленькая дзяўчынка з вуліцы мне не верыць. Я яшчэ раз паклікаў яе, хутка расшпіліў куртку і хацеў аддаць ёй сваю камізэльку.

– Пачакай хвілінку, – сказаў я. – Вось табе ў заклад…

Але камізэлькі на мне не было.

З чаго гэта я падумаў пра камізэльку? Бо вось ужо які тыдзень я хаджу без яе. Што са мною? Спалоханае дзяўчо паспешліва падалося назад ад мяне. Я не мог яе больш трымаць. Вакол збіраўся народ, усе гучна смяяліся, паліцыянт, рассоўваючы натоўп, ішоў даведацца, што здарылася.

– Нічога, – кажу я. – Нічога не здарылася! Я проста хацеў аддаць сваю камізэльку вунь той дзяўчынцы… ці, дакладней, яе бацьку… Вы дарэмна смеяцеся. Дома ў мяне ёсць яшчэ адна.

– Няможна непрыстойна паводзіць сябе на вуліцы! – кажа паліцыянт. – Марш адсюль! – І ён штурхае мяне. А потым крычыць мне наўздагон: – Пачакайце, гэта вашыя паперы?

– Так, чорт пабірай, гэта мой артыкул у газету, надта важны рукапіс! Як я мог дапусціць такую нядбайнасць?..

Я бяру рукапіс, спраўджваю, ці ў парадку ён, і, не затрымліваючыся ні на хвіліну, нават не азіраючыся, іду ў рэдакцыю. Гадзіннік на царкве Збаўцы паказвае чацвёртую.

Рэдакцыя зачыненая. Я спускаюся па сходах, дрыжучы, як той злодзей, і ў нерашучасці спыняюся каля пад’езда. Што мне цяпер рабіць? Я прытульваюся да сцяны, гляджу сабе пад ногі, на камяні, і думаю. Каля маіх ног ляжыць бліскучая шпілька, я нахіляюся і падымаю яе. Што, калі зрэзаць гузікі з маёй курткі, ці шмат мне дадуць за іх? Але, можа, гэта марная справа? Ды ўсё-ткі гузікі застаюцца гузікамі: я ўважліва агледзеў іх і заўважыў, што яны амаль як новыя. У кожным выпадку, гэта шчаслівая думка: вазьму пазразаю іх сцізорыкам і занясу ў заклад. Спадзяванне атрымаць грошы за гэтыя пяць гузікаў адразу ажывіла мяне, і я сказаў: «Ну вось, усё наладжваецца!» Радасць ахапіла мяне, я адразу пачаў зразаць гузікі адзін за адным. Пры гэтым я сам сабе казаў:

«Што ж, бачыце, я крыху дайшоў да жабрацтва, у мяне часовыя цяжкасці… Вы кажаце, яны пацёртыя? Вы недакладна фармулюеце. Запэўніваю вас, ніхто на свеце гэтак не беражэ гузікі, як я. Куртка ў мяне заўсёды расшпіленая, хачу вам паведаміць, гэткія ўжо ў мяне правілы, я звыкся… Ну, калі вам не падыходзяць, што ж… Але мне трэба атрымаць за іх хоць бы дзесяць эрэ… Не, Божа, хто кажа пра вас? Адкасніцеся, зрабіце ласку, пакіньце мяне ў спакоі… Што ж, выдатна, клічце паліцыю. Я пачакаю, пакуль вы паклічаце паліцыянта. І нічога ў вас не скраду… Ну добра, да пабачэння, да пабачэння! Вось жа, маё прозвішча Танген, – я трохі заседзеўся…»

На сходах чуюцца крокі. Я адразу вяртаюся да рэчаіснасці: гэта чалавек-нажніцы, і, пазнаўшы яго, я хутка хаваю гузікі ў кішэню. Ён хоча прайсці паўз мяне, ён нават не адказвае на мой паклон і раптам пачынае дбайна разглядаць свае пазногці. Я спыняю яго і распытваю пра рэдактара.

– Ён не прыходзіў.

– Вы маніце! – кажу я. І з нахабствам, якое ўразіла мяне самога, працягваю: – Мне неабходна з ім перамовіцца. Неадкладная справа. Важныя звесткі наконт каралеўскай рэзідэнцыі Стыфсгордэн.

– А ці не маглі б вы расказаць мне?

– Не! – адрэзаў я і абвёў яго позіркам.

Гэта падзейнічала. Ён адразу запрасіў мяне наверх і адчыніў дзверы. Хваляванне душыла мяне. Каб сабрацца з духам, я моцна сціснуў зубы, пастукаўся і ўвайшоў у кабінет рэдактара.

– Добры дзень! Гэта вы? – прывітаў ён мяне. – Сядайце, калі ласка.

Калі б ён адразу паказаў мне на дзверы, мне было б нашмат лягчэй. Я адчуў, што слёзы засцілі мне вочы, і сказаў:

– Прашу прабачэння…

– Сядайце, – паўтарыў ён.

Я сеў і растлумачыў, што напісаў новы артыкул, які мне вельмі важна змясціць у ягонай газеце. Я шмат працаваў над ім, гэта каштавала мне вялікіх высілкаў.

– Я яго прачытаю, – сказаў ён і ўзяў артыкул. – Усё, што вы пішаце, патрабуе ад вас вялікіх намаганняў, але вы занадта імпэтны чалавек. Калі б вы маглі быць трохі спакайнейшым! У вас занадта шмат запалу. А артыкул я абавязкова прачытаю.

І ён зноў нахіліўся над сваім сталом. А я ўсё сядзеў. Ці нельга папрасіць у яго крону? Патлумачыць, адкуль гэты мой заўсёдны запал? Ён, вядома, дапаможа мне, бо гэта ж не першы раз.

Я ўстаў. Гм! Але калі я быў у яго апошні раз, ён скардзіўся на фінансавыя цяжкасці, нават пасылаў некуды касіра па дробязь для мяне. Мабыць, і зараз будзе тое самае. Не, гэта недапушчальна! І хіба ж я не бачыў, што ён заняты працаю?

– Вам будзе заўгодна яшчэ што-небудзь? – спытаў ён.

– Не! – сказаў я, імкнучыся надаць свайму голасу цвёрдасць. – Калі загадаеце зайсці?

– Ну, як-небудзь пры нагодзе, – адказаў ён. – Скажам, дні праз два.

Я не мог вымавіць сваю просьбу. Здавалася, ветлівасць гэтага чалавека бязмежная, і я не мог яе не аддаць ёй належнага. Лепш ужо няхай я памру з голаду. І я пайшоў.

Я не пашкадаваў, што сышоў з рэдакцыі, так і не папрасіўшы крону, нават за дзвярыма, калі голад зноў пачаў нішчыць мяне. Я выцягнуў з кішэні другую габлюшку і сунуў яе ў рот. Мне зноўку стала лягчэй. Чаму я не рабіў гэтага раней?

– Сорам і ганьба! – гучна сказаў я. – Няўжо табе магло прыйсці ў галаву прасіць у гэтага чалавека крону і ставіць яго ў няёмкае становішча? – І я стаў сурова дакараць сябе за сваю бессаромнасць. – Напраўду, я ў жыцці не чуў нічога больш гнюснага! – сказаў я. – Накідвацца на чалавека, ледзьве не выдрапаць яму вочы толькі таму, што табе, варты пагарды сабака, патрэбная нейкая там крона! Прэч адсюль. Жвавей! Жвавей, дурань! Вось я табе пакажу!

І каб пакараць сябе, я кінуўся бегма прэч: пралятаў вуліцу за вуліцаю, гнаў сябе наперад, у думках пакрыкваючы, шалёна пакрыкваючы на сябе, калі я запавольваў свой бег. Тым часам я апынуўся ўжо на Пілестрэдэт. Калі я нарэшце спыніўся, гатовы заплакаць ад лютасці, бо ўжо больш не мог бегчы, усё маё цела хадзіла ходырам, і я прысеў на нейкую прыступку.

– Не, пачакай! – сказаў я. І каб як след пакараць сябе, я зноў падняўся з месца і прымусіў сябе стаяць, і смяяўся з сябе, і цешыўся з уласнага бяссілля. Нарэшце праз некалькі хвілін я кіўнуў і дазволіў сабе прысесці, але пры гэтым абраў самае нязручнае месца на прыступцы.

Божа, які ж прыемны быў адпачынак! Я выцер пот з твару і глыбока ўдыхаў свежае паветра. Як я бег! Але жалю да сябе я зусім не адчуваў – так мне і трэба. Навошта я надумаўся прасіць крону? Цяпер вось, атрымлівай! Потым я памякчэў, загаварыў з сабою больш ласкава, угаворваў сябе, не раўнуючы як маці ўгаворвае дзіця. Мяне гэта кранула, бо я так стаміўся, быў знясілены і ўрэшце заплакаў. Гэта быў ціхі, прытоены плач, унутранае галашэнне без слёз…

Я праседзеў на адным месцы, можа, з чвэрць гадзіны ці нават болей. Людзі праходзілі побач, але ніхто не чапаў мяне. Вакол гулялі дзеці, на дрэве, на другім баку вуліцы, спяваў нейкі птах.

А потым да мяне падышоў паліцыянт.

– Чаго вы тут седзіце? – спытаў ён.

– Навошта сяджу? – паўтарыў я. – Проста так, дзеля ўласнага задавальнення.

– Я сачу за вамі цэлыя паўгадзіны, – сказаў ён. – Бо вы ж седзіце тут паўгадзіны, не менш?..

– Ну, недзе каля таго, – адказаў я. – Ну і што?

Я ўскочыў і пайшоў прэч.

Выйшаўшы на плошчу, я спыніўся і стаў глядзець уздоўж вуліцы. Дзеля ўласнага задавальнення! Хіба гэта адказ? Трэба было сказаць як мага жаласлівей: я сяджу, бо стаміўся. Дурань ты дурань, ніколі не навучышся некага ўдаваць з сябе. Бо я стаміўся! І дыхаць трэба было цяжка, як дыхае загнаны конь.

Падышоўшы да пажарнай варты, я зноў спыніўся, бо ў галаву мне прыйшла новая фантазія. Я пстрыкнуў пальцамі, на здзіўленне прахожым гучна зарагатаў і сказаў:

– Не, табе, відаць што, трэба схадзіць да пастара Левісана. Конча. Спроба не караецца. Губляць няма чаго. Ды і пагода стаіць.

Я зайшоў у кнігарню Пашы, даведаўся з адраснай кнігі, дзе жыве пастар Левісан, і пайшоў да яго.

– Ну, цяпер трэба ўзяць сябе ў рукі, – сказаў я. – Досыць тых жартаў! Сумленне, кажаш? Глупства, ты занадта бедны, каб насіцца са сваім сумленнем. Ты галодны, ты ідзеш па важнай справе, прасіць самае неабходнае. Ты павінен схіліць галаву да пляча і казаць пранікнёным голасам. Не хочаш? У такім выпадку я табе больш не таварыш, так і ведай. Вось што: ты пашкуматаны трывогаю, змагаешся па начах з сіламі цемры і з велізарнымі, нямымі пачварамі, ты гінеш ад голаду, прагнеш віна і малака, але ж не маеш нічога. Справы твае дрэнныя. Вось ты стаіш, і нічагуткі няма ў цябе за душою. Але ты, дзякуй Богу, верыш у міласэрнасць, ты ўсё ж такі не страціў веры! І каб верыць у міласэрнасць, ты павінен скласці рукі і верыць у Боскую ласку не горш за самога сатану. А мамону ты ненавідзіш у кожнай іпастасі, іншая рэч – атрымаць малітоўнік і дзве кроны на памяць…

Я спыніўся каля пастаравых дзвярэй і прачытаў абвестку: «Прыём ад 12-й да 4-й».

– А цяпер без глупстваў! – сказаў я. – Вазьмі сябе ў рукі! Такім чынам, схілі галаву да пляча, крыху яшчэ…

Я пазваніў.

– Ці можна мне бачыць пастара? – сказаў я пакаёўцы, але не мог дадаць – «у імя Госпада Бога нашага».

– Ён выйшаў, – адказала яна.

Выйшаў! Сышоў! Планы мае ў адно імгненне праваліліся, усе загадзя падрыхтаваныя словы аказаліся непатрэбнымі. Што была мне за карысць ісці гэтак далёка? Я не мог скрануцца з месца.

– У вас важная справа? – спыталася пакаёўка.

– Ды не! – адказаў я. – Зусім драбяза! Проста сёння такая пагода, таму я вырашыў прагуляцца і засведчыць сваю пашану спадару пастару.

Я не рухаўся, яна таксама. Я знарок выпнуў грудзі, каб звярнуць яе ўвагу на шпільку, якой была закладзеная мая куртка, я маліў яе позіркам зразумець, навошта я прыйшоў, але небарака нічога не зразумела.

– І праўда, пагода стаіць з ласкі Божае.

– А шаноўнай спадарыні таксама няма дома?

– Спадарыня дома, але ў яе рэўматызм: яна ляжыць на канапе і не можа падняцца…

Можа, я хацеў бы пакінуць цыдулку?

– Ах, не! Проста я часам выходжу прагуляцца, падыхаць свежым паветрам. А сёння такі цудоўны дзень.

І я пацягнуўся назад. Што было карысці балбатаць? Да таго ж у мяне пачало круціцца ў галаве – гэта быў не жарт, я мог упасці. Прыём ад 12-й да 4-й, я спазніўся на цэлую гадзіну, час міласэрнасці скончыўся!

Дайшоўшы да Вялікага рынку, я прысеў каля царквы на лаўку. Божа, якою змрочнаю ўяўлялася мне мая будучыня! Я не плакаў: у мяне не было на гэта сілы; дарэшты зняможаны, я сядзеў без ніякае мэты, нерухома – сядзеў, пакутуючы ад голаду. Усярэдзіне ў мяне нясцерпна пякло, можа, тое было нейкае запаленне. Я спрабаваў жаваць габлюшку, але гэта больш не дапамагала: сківіцы мае стаміліся ад марных намаганняў, і я ўжо не турбаваў іх. Я скарыўся лёсу. Да таго ж ад кавалка пачарнелай апельсінавай лупіны, які я падабраў на вуліцы і тут жа праглынуў, мяне цягнула на ваніты. Я быў хворы, на руках у мяне выпіналіся сінія жылы.

Чаго я, уласна кажучы, чакаў? Цэлы дзень я спрабаваў здабыць крону, якая магла б падтрымаць ува мне жыццё на некалькі лішніх гадзін. А ўрэшце, якая розніца, адбудзецца непазбежнае на дзень раней ці на дзень пазней? Прыстойны чалавек на маім месцы даўным-даўно пайшоў бы дадому, лёг і змірыўся. Мае думкі раптам праясніліся. Цяпер я павінен памерці. Стаяла восень, свет быў скаваны дрымотаю. Я паспрабаваў усе сродкі, звярнуўся да ўсіх крыніц, якія толькі ведаў. Я бегаў з гэтаю думкаю і шторазу, калі ўва мне яшчэ ажывала надзея, з сумам шаптаў: «Дурань, ты ўжо паміраеш!» Трэба было напісаць сякія-такія лісты, прывесці ўсё ў парадак, падрыхтавацца. Трэба было б добра вымыцца і прыбраць ложак. Пад галаву я пакладу два аркушы белай паперы – гэта самае чыстае, што ў мяне заставалася. А зялёнай коўдраю я мог бы…

Зялёная коўдра! Я раптам страпянуўся, кроў ударыла мне ў галаву, і сэрца маё моцна забілася. Я ўстаў з лаўкі і спяшаюся наперад, жыццё зноў прачнулася ўва мне, і я раз-пораз паўтараю адрывіста: «Зялёная коўдра! Зялёная коўдра!» Я іду ўсё хутчэй, дакладна імкнуся кагосьці дагнаць, і неўзабаве зноў апынаюся ў сваім жытле – майстэрні бляхара.

Не марудзячы і не вагаючыся ў сваім рашэнні, я падыходжу да ложка і згортваю коўдру Ханса Паўлі. Якая выдатная думка прыйшла мне ў галаву; цяпер я ўратаваны! Я пераадолеў сваю ганебную нерашучасць, я махнуў на ўсё рукою. Бо я не святы, не які-небудзь дабрадзейны ідыёт. У мяне нармальны клёк…

Узяўшы коўдру пад паху, я адпраўляюся на Стэнерсгатэн, у дом нумар пяць.

Я пастукаў і ўвайшоў у вялікі незнаёмы пакой. Дзвярны званок у мяне над галавою празвінеў гучна і трывожна. З суседняга пакоя выйшаў нейкі чалавек з напханым ротам і стаў за прылавак.

– Дайце мне паўкроны за гэтыя акуляры! – сказаў я. – Праз некалькі дзён я іх абавязкова выкуплю.

– Што? Аправа ж проста сталёвая?

– Сталёвая.

– Не, я не магу іх узяць.

– Зразумела. Бо я, папраўдзе, пажартаваў. Вось у мяне тут коўдра, якая, па сутнасці, мне больш не патрэбная, і я хацеў бы ад яе пазбавіцца.

– На жаль, у мяне цэлы склад коўдраў, – адказаў ён, а калі я разгарнуў коўдру, толькі зірнуў на яе і ўсклікнуў: – Прашу прабачэння, але гэта мне таксама без патрэбы.

– Я знарок адразу паказаў вам выварат, – з другога боку яна нашмат лепшая.

– Усё роўна я яе не вазьму, бо ніхто не дасць за яе нават дзесяці эрэ.

– Зразумелая справа, яна асабліва нічога не вартая,   – пагадзіўся я. – Але мне здавалася, што разам з іншымі старымі коўдрамі яе можна прадаць.

– Не, не, то марная справа.

– Можа быць, дасце хоць дваццаць пяць эрэ? – спытаў я.

– Не, напраўду, я не магу яе ўзяць, шаноўны, яна мне зусім ні да чаго.

Я зноў схапіў коўдру пад паху і пайшоў дадому.

Як нічога-ніякага, я разаслаў коўдру на ложку, старанна расправіў яе, быццам нікуды і не насіў. Наважыўшыся на гэтую авантуру, я, здаецца, быў не ў сабе, і чым больш я думаў пра гэта, тым больш недарэчным уяўляўся мне мой учынак. Відавочна, гэта быў прыступ слабасці, нейкае ўнутранае атупенне. Але я адчуў, што гэта пастка, зразумеў, што вар’яцею, і перш за ўсё прапанаваў ліхвяру акуляры. А цяпер я быў так рады, што не зрабіў злачынства, якое б атруціла апошнія гадзіны ў маім жыцці.

Я зноў пайшоў блукаць па горадзе.

Каля царквы Збаўцы я зноўку сеў на лаўку, апусціўшы галаву на грудзі, змардаваны нядаўнімі хваляваннямі, хворы і змучаны голадам. А час ішоў.

Я праседзеў гадзіну пад адкрытым небам; тут было святлей, чым дома, акрамя таго, мне здавалася, што на свежым паветры не так пакутліва ныла ў грудзях; я не спяшаўся вяртацца дадому.

Я драмаў, разважаў, і мне было вельмі цяжка. Я падабраў каменьчык, абцёр яго, сунуў у рот і пачаў смактаць; пры гэтым я амаль не варушыўся і нават не міргаў. Паўз мяне праходзілі людзі, чуўся грукат павозак, стук падкоў, галасы…

Чаму б усё ж не паспрабаваць шчасця з гузікамі? Вядома, з гэтага нічога не выйдзе, і, акрамя таго, я па-сапраўднаму хворы. Але калі добра ўсё ўзважыць, то ўсё адно па дарозе дадому я прайду каля крамы ліхвяра, таго самага, да якога я так часта заходзіў.

Нарэшце я ўстаў і павольна, ледзьве перастаўляючы ногі, паклыпаў па вуліцы, па адной, другой… Лоб у мяне гарэў, пачыналася ліхаманка, і я спяшаўся як мог. Я зноў прайшоў каля пякарні, дзе ў вітрыне быў выстаўлены хлеб.

– Ну вось, спынімся тут, – сказаў я з ненатуральнай рашучасцю. – А калі зайсці і папрасіць кавалак хлеба?  – Гэтая думка была мімалётная, яна ўспыхнула, як іскрынка; у сапраўднасці я пра гэта як бы і не думаў.  – Цьху!  – прашаптаў я, патрос галавою і пайшоў далей, смеючыся з самога сябе. Я выдатна ведаў, наколькі марна было заходзіць у краму з гэткай просьбаю.

У завулку закаханыя шапталіся каля брамы; трохі далей высунулася ў акно дзяўчына. Я ішоў так павольна і асцярожна, што магло здацца, быццам я чагосьці хачу, – і дзяўчына выйшла на вуліцу.

– Як жывеш, стары? Што такое, ты хворы? Божачкі, што ў цябе за твар!

І дзяўчына хуценька пабегла ў дом.

Я адразу ж спыніўся. Што гэта значыць – пра мой твар? Няўжо я паміраю? Я дакрануўся рукою да сваіх шчок: ну, вядома, я вельмі худы. Шчокі запалі, яны былі не раўнуючы як два сподачкі. Ах ты Божа! І я пасунуўся далей.

Потым я зноў спыніўся. Відаць, мая худзізна проста жахлівая. І вочы зусім запалі. Цікава, да каго я падобны? Няшчасная мая доля: жывы чалавек ператварыўся ад голаду ў гэткую разваліну! Мяне зноў ахапіла шаленства, гэта была нібы апошняя ўспышка, сутарга. Дык што, твар ніякі? У мяне добрая галава, іншай такой не знайсці ва ўсёй краіне; зрэшты, маю я і пару кулакоў, якімі – Божа барані! – я мог бы збіць якога службоўца на горкі яблык, а я тут гіну ад голаду ў самым цэнтры Хрысціяніі! Хіба гэта мажліва? Я жыў у свінарніку і высільваўся з раніцы да ночы, як чорны вол. Ад чытання ў мяне пагоршаў зрок, мозг высах ад голаду, – а што я атрымаў узамен? Нават вулічныя дзеўкі жахаюцца і крычаць «Божачкі!», убачыўшы мяне. Але цяпер гэтаму прыйдзе канец, – зразумела табе? – прыйдзе канец, чорт пабірай! …Я калаціўся ад шаленства і скрыгатаў зубамі праз тую слабасць, што ўзяла мяне; уваччу стаялі слёзы, з вуснаў зляталі праклёны; і гэтак вось я павольна рухаўся наперад, не звяртаючы ўвагі на прахожых. Я зноў пачаў мучыць сябе, наўмысна біўся лбом аб ліхтарныя слупы, глыбока ўцінаўся пазногцямі ў далоні; прыкусваў, як вар’ят, сабе язык, калі пачынаў казаць бязладна, і рагатаў кожнага разу, калі мне рабілася балюча.

– Ну, але што ж мне рабіць? – кажу я нарэшце самому сабе. І некалькі разоў тупаю нагой, паўтараючы: – Што ж рабіць?

Нейкі выпадковы прахожы кажа мне з усмешкаю:

– Папрасіце, каб вас арыштавалі.

Я паглядзеў яму ўслед. Гэта быў вядомы гінеколаг, які меў мянушку Герцаг. Нават ён не зразумеў майго стану, а мы ж былі знаёмыя і нават бывала, што рукаліся. Я прыціх. Папрасіць, каб мяне арыштавалі? Яго праўда: я звар’яцеў. Я адчуваў вар’яцтва ў сваёй крыві, адчуваў яго іскры ў мазгах. Дык вось які мне падрыхтаваны канец! Ну, ну! І я паклыпаў далей павольнымі, нібы на хаўтурах, крокамі. Значыць, вось які лёс чакае мяне!

Раптам я зноў спыняюся.

– Толькі не арышт! – кажу я. – Толькі не гэта!

Я страціў голас ад страху. Я прасіў, я маліў усіх святых, каб яны пазбавілі мяне ад арышту. Бо я зноў трапіў бы ў ратушу, мяне б зачынілі ў цёмнай камеры, дзе няма і пробліску святла. Толькі не арышт! Былі і іншыя магчымасці, якіх я яшчэ не спрабаваў. Але я іх паспрабую, я буду ўпарты, не пашкадую часу, пачну нястомна хадзіць з дома ў дом. Ёсць, напрыклад, нотная крама Сіслера: туды я пакуль што не зазіраў. Вось жа, было яшчэ выйсце са становішча… Ідучы, я мармытаў сабе пад нос, а потым зноў ціхенька заплакаў ад жалю да сябе. Толькі б мяне не арыштавалі!

Сіслер? Можа быць, гэта знак звыш? Яго імя прыйшло мне ў галаву само сабою; хоць жыве ён далекавата, я наведаюся да яго, я пайду павольна і час ад часу буду рабіць пярэдых. Я ведаю гэтую краму: часцяком бываў там у лепшыя часы, купляў ноты. Што, калі папрасіць у яго паўкроны? Але гэта можа яго збянтэжыць; спытаюся адразу пра адну крону.

Я ўвайшоў у краму і сказаў, што хачу бачыць гаспадара; мне паказалі, куды прайсці. У пакоі сядзеў чалавек, апрануты паводле апошняй моды, і праглядаў паперы.

Я прамармытаў словы прабачэння і расказаў яму пра сваю бяду. Бядотнае становішча вымусіла мяне звярнуцца да яго… Я вельмі хутка вярну грошы… як толькі атрымаю ганарар за артыкул… ён зробіць мне найвялікшую ласку…

Я яшчэ не скончыў гаварыць, як ён ужо зноў схіліўся над сталом і працягнуў рабіць сваю справу. Калі я змоўк, ён скоса зірнуў на мяне, кіўнуў сваёю прыгожай галавою і прамовіў:

– Не!

Проста «не». Без усялякіх тлумачэнняў. Ніводнага слова болей!

Калені ў мяне дрыжалі, і я прыхінуўся да маленькай паліраванай тумбачкі. Я вырашыў паспрабаваць яшчэ раз. Чаму менавіта яго прозвішча прыйшло мне ў галаву, калі я быў далёка адсюль, у Ватэрлане? У левым баку я раз-пораз адчуваў калаццё і абліваўся потам.

– Гм… Паверце, я вельмі аслаб, – сказаў я. – Цяжкая немач. Але не пазней як праз два дні ў мяне будзе магчымасць вярнуць пазыку. Ці не зрабілі б вы мне ласку?..

– Добры чалавек, а чаму вы прыйшлі менавіта да мяне? – спытаў ён. – Я вас ніколі ў вочы не бачыў, вы для мяне невядомы чалавек з вуліцы. Звярніцеся ў газету, дзе вас ведаюць.

– Але я прашу толькі на адзін вечар! – сказаў я. – Рэдакцыя ўжо зачыненая, а я вельмі галодны.

Ён пакруціў галавою, усё круціў ёй, нават калі я ўзяўся за клямку дзвярэй.

– Бывайце! – сказаў я.

«Гэта не было натхненне звыш, – падумаў я і горка ўсміхнуўся. – Ужо калі на тое пайшло, з такой вышыні я і сам мог бы абдорваць натхненнем». Я паклыпаў далей, праходзіў адзін квартал за адным, раз-пораз крыху спыняючыся перадыхнуць на прыступках перад пад’ездамі дамоў. Толькі б мяне не арыштавалі! Жах перад цёмнаю камерай пераследаваў мяне, не даваў мне ані хвіліны спакою; убачыўшы паліцыянта, я кожны раз зварочваў на бакавую вуліцу, каб пазбегнуць сустрэчы з ім.

– Ну, цяпер адлічым сто крокаў, – сказаў я, – і зноў паспрабуйма шчасця! Калі-небудзь нешта ды атрымаецца…

Гэта была маленькая крамка, у якую я раней ніколі не заходзіў. За прылаўкам стаяў просты на выгляд чалавек, за плячыма ў яго былі дзверы з парцалянавай шыльдай, тавар, раскладзены на доўгіх паліцах і стэлажах. Я дачакаўся, пакуль не адышла з крамы апошняя пакупніца – маладая дама з ямачкамі на шчоках. Які шчаслівы быў у яе выгляд! Я не хацеў звяртаць на сябе яе ўвагу і адвярнуўся.

– Што вам трэба? – спытаў аканом.

– Ці магу я бачыць гаспадара?

– Не, ён з’ехаў у горы, у Ютунхеймен, – адказаў ён. – А ў вас важная справа?

– Мне трэба некалькі эрэ на хлеб, – сказаў я з раптоўнай усмешкаю. – Я галодны, і ў кішэнях у мяне пуста.

– У такім выпадку, я не багацейшы за вас, – сказаў ён і пачаў раскладваць скруткі прадзіва.

– Ах, прашу вас, не ганіце мяне ў такую цяжкую хвіліну!   – сказаў я, пахаладзелы. – Паверце, я паміраю з голаду, – вось ужо колькі дзён у мяне аніякага драбочка ў роце не было.

Ён моўчкі, з самым сур’ёзным выглядам, пачаў выварочваць свае кішэні.

Як я не мог паверыць яму на слова?

– Я прашу толькі пяць эрэ, – сказаў я. – А праз два дні вы атрымаеце дзесяць.

– Дарагі, вы хочаце, каб я скраў грошы з касы? – злосна спытаў ён.

– Чаму не? – сказаў я. – Вазьміце пяць эрэ з касы.

– Гэта не ў маёй звычцы, – запярэчыў ён і дадаў: – Дарэчы, мне пара зачыняць краму.

Я пайшоў, змардаваны голадам, згараючы ад сораму. Не, даволі! Гэта ўжо занадта. Столькі гадоў я трымаўся, у такія цяжкія гадзіны захоўваў годнасць, а цяпер вось раптам апусціўся да самага прымітыўнага жабрацтва. За адзін дзень я сваёй бессаромнасцю пазбавіў палёту ўсе свае думкі, запэцкаў сваю душу. Гэтак вось, не чырванеючы, я плакаўся і выпрошваў грошы ў нікчэмнага крамніка. А да чаго гэта прывяло? Хіба я ўсё роўна не застаўся без кавалка хлеба? І цяпер я стаў агідны самому сабе. Трэба, трэба пакласці гэтаму канец! Якраз цяпер зачыняюцца дзверы гэтага дома, і мне варта паспяшацца, калі я не хачу правесці яшчэ адну ноч у ратушы…

Гэта надало мне сілы: начаваць у ратушы я не хацеў. Скурчыўшыся, трымаючыся за левы бок, каб хоць крыху суняць калаццё, я паклыпаў далей, не зводзячы вачэй з тратуара, каб знаёмым, калі яны трапяцца насустрач, не даводзілася мне кланяцца; я спяшаўся да пажарнай варты. Дзякуй Богу, гадзіннік на храме Збаўцы паказваў толькі сёмую, і ў мяне яшчэ заставалася тры гадзіны, перш чым зачыняць браму. Дарма я так спалохаўся!

Такім чынам, я ўсё выпрабаваў, зрабіў усё магчымае. «Але ж які нешчаслівы дзень, з раніцы да вечара мне ані разу не пашанцавала», – падумаў я. Калі расказаць гэта каму-небудзь, ніхто не паверыць, а калі апісаць, скажуць, што ўсё гэта я прыдумаў. Ніводнага разу! Значыцца, нічога не папішаш; толькі ні за што няможна ўпадаць больш у жаласны тон. Цьху, гэта так прыкра, павер, – ты выклікаў сам у сябе агіду! Раз няма надзеі, значыць, няма. Зрэшты, ці нельга скрасці на стайні якую жменю аўса? Гэтая думка прамільгнула, як праменьчык, як палоска святла, ды я ведаў, што стайня зачыненая.

Мяне гэта не засмуціла, і я павольна пацягнуўся да хаты. На шчасце, мне толькі цяпер захацелася піць, упершыню за цэлы дзень, і я шукаў, дзе б напіцца. Ад базару я быў занадта далёка, а ў прыватны дом мне заходзіць не хацелася; мабыць, я мог бы пацярпець да вяртання дадому: на гэта спатрэбіцца нейкая чвэрць гадзіны. Яшчэ невядома, як падзейнічае на мяне глыток вады; мой страўнік ужо нічога не прымаў, мяне ванітавала нават ад сліны, якую я глытаў.

А гузікі? Я яшчэ не паспрабаваў шчасця з гузікамі! Тут я ўсміхнуўся. Можа быць, усё ж знойдзецца выйсце! Яшчэ не ўсё страчана! Без сумневу, я атрымаю за іх дзесяць эрэ, а заўтра здабуду дзе-небудзь яшчэ дзесяць, у чацвер жа мне заплацяць за артыкул. Трэба толькі сабрацца з сіламі, і ўсё ўладкуецца! Як я, і праўда, мог забыць пра гузікі! Я дастаў іх з кішэні і разглядаў на хаду; у вачах у мяне рабілася цёмна ад радасці, я кепска бачыў вуліцу, па якой ішоў.

Як добра я ведаў вялікі склеп, дзе часта шукаў паратунку ў цёмныя вечары: ён быў мне сябрам і ў той жа час высмоктваў з мяне кроў! Уся мая маёмасць паступова перавандравала туды, усе гаспадарчыя хатнія драбніцы, усе кнігі да адзінай. У дні распродажу я хадзіў туды глядзець і цешыўся кожны раз, калі мне здавалася, што мае кнігі трапляюць у добрыя рукі. Мой гадзіннік купіў артыст Магельсэн, і я амаль што ганарыўся гэтым; каляндар з першым маім вершам набыў адзін знаёмы, а паліто дасталася фатографу, які даваў яго цяпер напракат у сваім атэлье. Так што ўсё ўладкавалася прыстойна.

Я ўвайшоў, трымаючы гузікі ў руцэ. Ліхвяр сядзеў за сваёй канторкаю і пісаў.

– Я магу пачакаць, мне няма куды спяшацца, – сказаў я, баючыся перашкодзіць яму і раззлаваць яго сваім прыходам. Мой голас гучаў так глуха, я сам не пазнаваў яго, а сэрца грукатала не раўнуючы як молат.

Ён падышоў да мяне са звычайнай сваёй усмешкаю, паклаў на прылавак абедзве рукі і паглядзеў мне ў твар, не кажучы ні слова.

– Я тут сёе-тое прынёс і хацеў бы паказаць: можа быць, яны спатрэбяцца… дома яны мне толькі перашкаджаюць, проста ратунку няма… вось гэтыя гузікі.

– Што ж гэта ў вас за гузікі такія? – І ён паглядзеў на маю далонь.

– Ці нельга мне атрымаць за іх некалькі эрэ? Колькі вы самі знойдзеце магчымым… Як вырашыце, так і будзе.

– За гузікі? – І ён здзіўлена паглядзеў на мяне. – За гэтыя гузікі?

– На цыгару або хоць колькі-небудзь. Я праходзіў побач, вось і зайшоў…

Стары ліхвяр засмяяўся і, не кажучы ні слова, вярнуўся да сваёй канторкі. Я стаяў на месцы. Папраўдзе, я не надта на яго разлічваў, але ўсё ж у мяне была слабая надзея. І гэты яго рогат прагучаў як смяротны прысуд… А што, калі я прапаную яму ў дадатак акуляры?

– Я гатовы аддаць таксама акуляры, гэта само сабою зразумела, – сказаў я і зняў акуляры. – Мне патрэбныя нейкія дзесяць эрэ ці хоць бы пяць.

– Вы самі ведаеце, што я не магу ўзяць вашыя акуляры,  – сказаў ліхвяр. – Я вам пра гэта ўжо казаў.

– Але мне патрэбная паштовая марка, – глуха сказаў я.   – Я не магу нават адаслаць ліст, а гэта неабходна. Дайце мне марку за дзесяць ці за пяць эрэ.

– Ідзіце адсюль з Богам! – азваўся ён і махнуў на мяне рукою.

«Ну, цяпер хай будзе што будзе!» – сказаў я сам сабе. Я машынальна надзеў акуляры, узяў гузікі і пайшоў, пажадаўшы яму добрай ночы і, як заўсёды, шчыльна зачыніўшы за сабою дзверы. Цяпер ужо нічога не зробіш! На пляцоўцы сходаў я спыніўся і яшчэ раз зірнуў на гузікі.

– Ён зусім не хоча іх браць! – сказаў я. – Хоць гузікі амаль як новыя. Гэта для мяне загадка.

Покуль я стаяў у роздуме, побач прайшоў нейкі чалавек і пачаў спускацца ўніз, у склеп. Спяшаючыся, ён злёгку штурхнуў мяне; мы абодва папрасілі прабачэння адзін у аднаго, я павярнуўся і паглядзеў яму ўслед.

– Паслухай, ці гэта ты? – сказаў ён раптам знізу.

Потым ён зноў падняўся наверх, і я пазнаў яго.

– Божа, які ў цябе выгляд! – сказаў ён. – Што ты тут робіш?

– Ды так, была адна невялікая справа. Але ты, я бачу, ідзеш туды сам.

– Вядома. А ты што яму насіў?

Калені ў мяне дрыжалі, я прыхінуўся да сцяны і паказаў гузікі, якія ляжалі ў мяне на далоні.

– Што за д’ябал! – усклікнуў ён. – Не, гэта ўжо занадта!

– Да пабачэння! – сказаў я і хацеў сысці, бо ўваччу ў мяне ўжо стаялі слёзы.

– Не, пачакай! – сказаў ён.

Але чаго мне чакаць? Бо ён сам прыйшоў да ліхвяра: мажліва, прынёс свой заручальны пярсцёнак, некалькі дзён галадаў, завінаваціўся гаспадыні.

– Добра, – сказаў я. – Калі ты нядоўга…

– Ну вядома ж, – сказаў ён, беручы мяне за руку. – Але папраўдзе я не надта табе веру, дурань ты гэтакі, так што пойдзем давай лепш разам.

Я зразумеў, пра што ён кажа, і адказаў, адчуваючы сябе крыху абражаным:

– Не магу! Я абяцаў а палове восьмай быць на вуліцы Бернта Анкера і…

– А палове восьмай, ага! Але ўжо ж усе восем гадзін. Бачыш, я трымаю гадзіннік у руцэ, і мне трэба толькі занесці яго ў заклад. Хадзем са мною, галодны валацуга! Я здабуду табе не менш за пяць крон.

І ён падштурхнуў мяне да дзвярэй.

Голад (зборнік)

Подняться наверх