Читать книгу Голад (зборнік) - Кнут Гамсун, Кнут Гамсун - Страница 4

Голад
Раман
Сцэна трэцяя

Оглавление

Цэлы тыдзень прайшоў у мяне пад знакам выдатных адчуванняў і радасці.

Я выбраўся з бяды, абедаў штодня, мой настрой ішоў угару, і ў маёй галаве ўзнікалі ўсё новыя задумы. Я працаваў адразу над трыма ці чатырма артыкуламі, аддаючы ім увесь свой імпэт, усе думкі, што ўзнікалі ў маёй беднай галаве; пры гэтым мне здавалася, што ўсё ў мяне ідзе лепш, чым раней. Апошні артыкул, у які я ўклаў столькі сіл і на які ўскладаў столькі спадзяванняў, рэдактар ужо вярнуў назад, і я адразу ж знішчыў яго, раз’юшаны і абражаны: парваў, нават не перачытаўшы. Зараз я збіраюся ўладкавацца ў іншую газету, каб мець больш магчымасцяў для манеўру. У самым горшым выпадку, калі і гэта не дапаможа, наймуся ў матросы; каля прычала стаіць «Манашка», гатовая да адплыцця, і я, мабыць, змагу адправіцца з гэтым суднам у Архангельск ці куды там яно ідзе. Так што спадзеваў у мяне было не перабярэш колькі.

Апошняе ўзрушэнне не прайшло для мяне без следу: пачалі выпадаць валасы, пакутліва балела галава, даймалі нервы. Днём я пісаў, абгарнуўшы рукі анучамі, – проста таму, што не мог трываць адчування на іх свайго ўласнага подыху. Калі Енс Улай занадта моцна ляпаў пада мною дзвярыма стайні або на заднім двары пачынаў брахаць сабака, мяне ўсяго працінала холадам, і гэта адчуванне перадавалася ўсяму целу. Маё здароўе моцна падупала.

Праходзіў дзень за днём, я напружана працаваў, з цяжкасцю знаходзіў час паабедаць і зноў пачынаў пісаць. Не толькі мой хісткі пісьмовы столік, але і ўвесь ложак быў завалены нататкамі і спісанымі лістамі, якія я выпраўляў, перарабляў, тут жа ўстаўляў у новыя артыкулы, задуманыя ў той самы дзень, сёе-тое закрэсліваў, нязграбныя месцы ажыўляў маляўнічымі словамі, з вялікімі намаганнямі прасоўваючыся ад фразы да фразы. Неяк увечары адзін з артыкулаў быў нарэшце гатовы, і я, шчаслівы і радасны, запхнуўшы яго ў кішэню, адправіўся да Камандора. Даўно пара было зноў падумаць пра грошы, бо ў мяне ў кішэнях амаль нічога не заставалася.

Камандор папрасіў мяне пачакаць яшчэ якую хвілінку… Сам ён працягваў пісаць.

Я агледзеў цеснае памяшканне: бюсты, літаграфіі, газетныя выразкі, велізарны кошык, які, здавалася, мог праглынуць чалавека. Ад выгляду гэтай жахлівай зяпы, гэтай цмокавай пашчы, вечна разяўленай, вечна гатовай глытаць адкінутыя працы, разбіваць людскія спадзяванні, мне стала вельмі сумна.

– Якое ў нас сёння чысло? – раптам пытаецца Камандор, не падымаючы галавы ад стала.

– Дваццаць восьмага! – адказваю я, узрадаваўшыся, што магу зрабіць яму паслугу.

– Дваццаць восьмага… – І ён працягвае пісаць. Нарэшце ён запячатвае некалькі лістоў, выкідае ў кошык нейкія паперы і адкладае пяро. Потым паварочваецца ў фатэлі і глядзіць на мяне. Заўважыўшы, што я ўсё яшчэ стаю каля дзвярэй, ён напалову сур’ёзна, напалову жартам робіць знак рукою і паказвае на фатэль.

Я адварочваюся, каб ён не бачыў, што на мне няма камізэлькі, расшпільваю куртку і дастаю рукапіс з кішэні.

– Гэта невялікі нарыс пра Карэджа, – кажу я. – Але, на жаль, гэта напісана не зусім звычайным…

Камандор бярэ з маёй рукі лісткі і пачынае праглядаць іх. Ён паварочваецца да мяне тварам. Імя гэтага чалавека я чуў яшчэ падлеткам, і шмат гадоў яго газета мела на мяне вялікі ўплыў, а сам ён зблізку выявіўся вось якім. У яго кучаравыя валасы і крыху неспакойныя піўныя вочы; ён мае звычку час ад часу нягучна сапці. З выгляду ён лагодны, як пастар, гэты чалавек з хвосткім пяром, якім ён, калі што, умее мянташыць да крыві. Калі я гляджу на яго, страх і здзіўленне авалодваюць мною; я ледзьве не плачу, міжволі раблю крок да яго, хачу яму выказаць сваю павагу за ўсё, чаму я ў яго навучыўся, хачу папрасіць у яго ласкі  – бо я ўсяго толькі варты жалю бедны чалавек, якому і без таго цяжка… Ён глядзіць на мяне і павольна, у задуменні адкладае рукапіс. Каб яму было лягчэй мне адмовіць, я сам працягваю руку і кажу:

– Гэта, вядома, вам не падыходзіць?

І ўсміхаюся, робячы выгляд, быццам стаўлюся да гэтага зусім лёгка.

– Мы можам друкаваць толькі папулярныя артыкулы,  – адказвае ён. – Вы ж ведаеце нашых чытачоў. Ці нельга напісаць гэта прасцей? Або ўзяць іншую тэму, больш зразумелую?

Яго далікатнасць дзівіць мяне. Я разумею, што мой артыкул не прыняты, і ўсё-ткі я не мог бы атрымаць больш ветлівую адмову. Каб не затрымліваць яго, я паспешліва адказваю:

– Ну, вядома, вядома, можна.

Я рушу да дзвярэй. Кашлянуўшы, прашу прабачэння за тое, што патрывожыў яго… Кланяюся і бяруся за клямку.

– Калі хочаце, – кажа ён, – я магу заплаціць вам крыху наперад. Вы потым адпрацуеце.

Ён і сам зразумеў, што я не падыходжу ў пісьменнікі, таму яго прапанова гучыць крыху зняважліва для мяне, і я адказваю:

– Не, дзякую, я цяпер неяк яшчэ зводжу канцы з канцамі. Зрэшты, я вам вельмі ўдзячны. Усяго добрага!

– Усяго добрага! – адказвае Камандор і адразу ж адварочваецца да свайго пісьмовага стала.

Як бы тое ні было, я не заслужыў такога ветлівага стаўлення да сябе і быў удзячны яму за гэта; варта было як след ацаніць яго далікатнасць. Я вырашыў прыйсці да яго не раней, як напішу артыкул, якім я сам буду цалкам задаволены; тады гэта здзівіць Камандора, і ён, не вагаючыся, прапануе мне дзесяць крон. Я пайшоў дадому і зноў узяўся за пяро.

У наступныя дні, калі набліжалася восьмая вечара і на вуліцы запальваліся газавыя ліхтары, са мною шторазу здаралася вось што.

Як толькі я выходжу з брамы, каб пасля дзённых турбот і працы зрабіць шпацыр па вуліцах, то пад ліхтаром, каля самае брамы, я бачу даму ў чорным: яна стаіць, павярнуўшыся да мяне тварам, і, калі я праходжу паўз яе, праводзіць мяне поглядам. Я звяртаю ўвагу, што на ёй заўсёды адна і тая ж сукенка, адзін і той жа шчыльны вэлюм, які захінае яе твар і спадае на грудзі, а ў руцэ  – маленькі парасон з кольцам са слановай косці на ручцы.

Ужо трэці вечар я бачу яе тут, заўсёды на тым самым месцы; як толькі я праходжу побач, яна павольна паварочваецца і ідзе па вуліцы ў процілеглы бок.

З маёй галавы, як з рога дастатку, сыплюцца фантазіі, у мяне ўзнікае недарэчная думка, што яна прыходзіць дзеля мяне. Я амаль што гатовы загаварыць з ёю, спытаць у яе, ці не шукае яна каго-небудзь, ці не патрэбна ёй мая дапамога, ці нельга мне праводзіць яе дадому, хоць я, на жаль, так кепска апрануты, – раптам ёй спатрэбіцца абарона на цёмнай вуліцы? Але я адчуваю падсвядомы страх, што гэта пацягне за сабою выдаткі, – давядзецца частаваць яе віном, везці ў брычцы, а ў мяне зусім не засталося грошай; кішэні мае пустыя: гэта прыгнятае, і я не наважваюся хоць бы дапытліва зірнуць на яе, калі праходжу побач. Голад пачаў зноў даймаць мяне, я не еў з учорашняга дня; гэта, вядома, не так ужо шмат, бо мне не раз даводзілася трываць па некалькі дзён запар, але я пачаў падазрона слабець і ўжо не мог галадаць так, як раней: адзін-адзіны дзень без ежы дабіваў мяне, і варта было мне выпіць вады, як мяне раз за разам цягнула на ваніты. Акрамя таго, я вельмі мёрз начамі, клаўся, не распранаючыся, і ўсё адно мёрз, заходзіўся ад дрыжыкаў і пакутаваў ад холаду ў сне. Старая коўдра не магла ўратаваць ад скразнякоў, і ўранку я прачынаўся, адчуваючы, што нос мой ператварыўся ў лядзяш ад жахліва халоднага ветру, што ўрываўся ў мой пакой са двара.

І вось я іду па вуліцы і думаю, як бы мне не зваліцца з ног яшчэ да таго, як я закончу свой наступны артыкул. Калі б у мяне была свечка, я паспрабаваў бы працаваць ноччу; на гэта пайшло б гадзіны са дзве, калі б я быў сапраўды ў працоўным стане; назаўтра ж я зноў змог бы пайсці да Камандора.

Не доўга думаючы, я заходжу ў кавярню «Опланске» і чакаю свайго знаёмага з банка, каб узяць пазыку, дзесяць эрэ на свечку. Мне дазволілі абысці ўсе пакоі, усе сталы, за якімі елі, пілі і гутарылі госці, я дайшоў да самага канца кавярні, да «чырвонага пакоя», але так і не ўбачыў свайго знаёмага. Прыгнечаны і раззлаваны, я зноў выйшаў на вуліцу і накіраваўся да палаца.

Чорт пабірай, няўжо маім нягодам так і не будзе канца! Я шыбаваў шырокімі, раз’юшанымі крокамі, падняўшы каўнер курткі і сціскаючы кулакі ў кішэнях штаноў; ішоў і праклінаў сваю нешчаслівую зорку. Ніводнай бесклапотнай хвіліны за цэлыя восем месяцаў: што ні тыдзень, я галадаю, цярплю галечу і губляю сілы. І да таго ж пры ўсёй сваёй бядоце я сумленны, ага-ага, сумленны заўсёды і ва ўсім! Божухна, які я смешны! І я мармытаў пра тое, як мяне мучыла сумленне, бо аднойчы я занёс да ліхвяра коўдру Ханса Паўлі. Я рагатаў і кпіў са сваёй хваравітай прыстойнасці, грэбліва пляваў на зямлю і не знаходзіў адпаведных рэзкіх слоў, здзекуючыся са сваёй дурноты. Ах, калі б гэта здарылася цяпер! Калі б у гэты момант я знайшоў на вуліцы кашалёк, згублены школьніцаю, або апошнюю манетку беднай удавы, я ўсё адно падняў бы яе і запхнуў у кішэню, скраў бы са спакойным сумленнем і салодка спаў бы ўсю наступную ноч. Нездарма я так доўга пакутаваў: маё цярпенне скончылася, і я быў гатовы на ўсё.

Я некалькі разоў абышоў палац, потым вырашыў адправіцца дадому, забавіўся яшчэ крыху ў парку і нарэшце пайшоў вуліцаю Карла Юхана.

Было каля адзінаццаці гадзін. Навокал панаваў паўзмрок, усюды блукалі людзі, то па двое, то шумным натоўпам. Настала вялікая хвіля, прыйшоў час кахання, калі душы таемна зліваюцца і жыццё падобнае да шчаслівай казкі. Чулася шамаценне жаночых спадніц; даносіўся кароткі, гарачы смех; хваляваліся грудзі; адчувалася гарачае, сутаргавае дыханне. Удалечыні, каля «Гранда», нейкі голас гукнуў: «Эма!» Уся вуліца была падобная да балота, над якім уздымалася гарачая пара.

Я міжволі мацаю ў кішэнях: ці не знойдуцца там тыя дзве кроны. Запал, якая трымціць у кожным чалавечым руху, нават прыцьмелае святло газавых ліхтароў, ціхая, поўная хваляванняў ноч – усё гэта пачынае ўздзейнічаць на мяне, а паветра наўкола поўнае шэптаў, абдымкаў, трапяткіх прызнанняў, недагавораных слоў, кароткіх ускрыкаў; некалькі катоў з гучным мяўканнем спраўляюць вяселле пад брамаю Блумквіста. А ў мяне няма нават дзвюх крон! Якое ж гэта гора, якое жудаснае няшчасце, што я дайшоў да гэткага жабрацтва! Якое прыніжэнне, якая ганьба! І я зноў пачаў думаць пра апошнюю манетку беднай удавы, якую мог бы скрасці, пра шапку або насоўку школьніка, пра жабрацкую торбу, якую я без аніякіх ваганняў аднёс бы да анучніка і прагуляў бы атрыманыя грошы. Каб суцешыць і ўзнагародзіць сябе, я стаў вышукваць разнастайныя хібы ў гэтых шчаслівых людзях, што бегалі паўз мяне; я злосна паціскаў плячыма і пагардліва глядзеў на іх, калі яны праходзілі, пара за параю. Гэтыя самазадаволеныя, прагныя паласавацца студэнты, якія думаюць, што паводзяць сябе як сапраўдныя еўрапейскія распуснікі, калі ім удаецца дакрануцца да грудзей якой-небудзь дзяўчыны-швачкі! Гэтыя маладыя людзі, банкіры, камерсанты, бульварныя львы, якія не грэбуюць нават жонкамі матросаў, таўстухамі з Каровінага рынку, што аддаюцца ім за куфаль піва каля першай-лепшай брамы. Ну і сірэны! Іх ложак яшчэ не паспеў астыць пасля наведвання пажарніка або конюха… Трон заўсёды вольны, даступны кожнаму: калі ласка, спадарства, узыходзьце на яго!.. Я пляваў на ходнік што было моцы, не турбуючыся, што магу трапіць у каго-небудзь; я быў раззлаваны, поўны пагарды да гэтых людзей, што хінуліся адно да аднаго і спарваліся на маіх вачах. Я высока трымаў галаву і быў шчаслівы, што захаваў сябе ў чысціні.

Голад (зборнік)

Подняться наверх